Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Ала Юшко


Аўтар: Юшко Ала,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Ала Вадзімаўна Юшко нарадзілася 19 траўня 1955 года ў вёсцы Кузьмічы Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1971 годзе скончыла будаўнічае вучылішча ў Гародні. Працавала ў Лідзе, у будаўніча-мантажным трэсце №19 (штукатурам), у будаўнічай групе ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты". Зараз працуе маляром у ААТ "Ліданафтапрадукт". Вершы піша з 2003 года. Друкавалася ў "Лідскай газеце", "Прынёманскіх вестках".


  
  МАМЕ

Я прыехала ў вёску дзяцінства свайго,
Пуста там, дзе бацькоўская хата стаяла,
Не пачуць мне і голас матулі маёй:
"Я ж цябе гэтак доўга чакала".
Цішыня, запусценне навокал ляжаць,
Ну а думкі плывуць, як вадзіца:
Дзе ж дарогу цяпер праз гады адшукаць,
Каб вярнуцца ў тое дзяцінства?
Мо, інакш у жыцці ўсё маім бы было,
І з матуляй часцей размаўлялі б.
Прабачэння прашу я ў матулі за ўсё
І надзею нясу на спатканне.


ЛЮБАЯ РАДЗІМА

Сэрцу любы куточак, дарагая радзіма!
Жаўруковыя спевы і клёкат буслоў.
Я ў сэрцы нясу твой прастор неабдымны,
І хаваю любоў паміж пацерак слоў.
Толькі б неба было нібы цвет васільковы
І бярозаў касіцы вецер ціха гайдаў,
Над абшарамі песень свабодныя словы
Каравай на абрусе часцей бы чакаў.


КУПАЛУ

Сто дваццаць пяць, як нарадзіўся,
А мне чуваць твой голас зноў:
"Нясі, дзяўчына, нашу мову,
З якой я ў вечнасць адышоў!
Яна, як кволая раслінка,
Трымціць і цягнецца к святлу,
І мову гэту святую
Я праз стагоддзі вам нясу.
Яе шануйце і люляйце,
Не дайце ў цемры затануць.
За мову гэтую і сёння
Нас беларусамі завуць!"


"ДАЖЫНКІ"

Свята  "Дажынкі" праводзіць Радзіма
У горадзе з назвай цудоўнаю - Ліда.
Быццам дзяўчына, красою чаруе,
Шчыра, як маці, усіх нас частуе.
Вам, хлебаробы, за сноп залаты
Дорыць яна незабыўныя дні,
Шчасця, здароўя за плённую працу.
Хлеб на стале - гэта наша багацце!
  
  
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX