Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Уладзімір Бурак


Аўтар: Бурак Уладзімір,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Уладзімір Георгіевіч Бурак нарадзіўся 10 сакавіка 1957 года ў сям'і лідскіх настаўнікаў. Скончыў мясцовы індустрыяльны тэхнікум, дзе і працуе майстрам па тэхнічным навучанні. Аўтар кнігі твораў "Дарогі розныя бываюць".


   
   УСХВАЛЯЮ…

Рукі маці сваёй усхваляю,
Шчэ ў дзяцінстве яны акрылялі,
Спрытна жалі, вязалі і ткалі,
Трох сястрычак на ногі паднялі.

Рукі маці сваёй ухваляю,
Што ў нягодах жыцця зберагалі
Ўсё сямейства адзінага сына
І ў працы не зналі спачыну.

Усхваляю я рукі матулі,
Што з пяшчотай да сэрца гарнулі,
Аддавалі цяпло-ласку шчыра
І сяброў частавалі гасцінна.

Усхваляю матуліны рукі,
Бо тварылі дабро без прынукі
Так увішна, і спраўна, і спорна
Ва ўмельстве сваім бездакорным.


НАВУКА

Я вырашыў спячы пірог,
Каб пахваліцца ім я змог…
А тое цеста, што мясіў я,
Ад рук адтрэсці ўжо не змог:
Там розум трэба, а не сіла!
Так учапілася за рукі,
Што большай я не ведаў мукі,
Як збавіцца ад гэтай штукі.
Мне пальцы так яно зляпіла -
Жыццё зрабілася нямілым:
Ні лыжкі ўзяць, 
                     ні нос пачухаць,
Адно з-пад вусаў 
                     магу дзьмухаць
Ды пільна ў міску паглядаць…
Як цеста ў камяк скачаць?!
Не ведаў я, паверце, братцы,
Ад згубы той як ратавацца…
На шчасце, у хаце была маці,
Дапамагла яна дзіцяці -
Параду добрую дала:
Каб я не ведаў з цестам зла,
Мукі дабавіць ці вады -
Яно адчэпіцца тады.
Пірог я спёк…
Скажу вам, братцы:
Не знаеш як - не трэба брацца!


ПАКЛАДЗІСТЫ САБАКА
(З падгледжанага ў жыцці)

Жыў пакладзісты сабака,
Не кусаў людзей за пяты,
Порткі крыху падзярэ
Ды бадзяўся па дварэ.

Птушак не пускаў і блізка,
Бо была ў яго там міска,
Міску тую добра знаў,
Міску тую паважаў.
Ў місцы той былі прысмакі:
Косці (любяць іх сабакі!),
Бульба, хлеб, абрэзкі сала,
Словам, ежы там хапала.

Жыў, здаецца, без клапотаў...
І не меў бы ён турботы,
Не стаяла б тая міска
Каля хлева надта блізка.

А бяда была такой:
Ў хлеве быў курам пастой,
Куры ў міску заглядалі
І, бывала, ежу кралі.

І злаваў тады сабака,
Бо ганяць курэй праклятых
Дзед яму не дазваляў,
Самаго як след ганяў.

Так і жыў з курамі ў згодзе,
Покуль тыя ў агародзе
Шкоду дзеду не зрабілі -
Усе пасевы пагубілі.

На курэй дзед зазлаваў
І сабаку нацкаваў...
Ох і даў тады сабака,
Узгадаў курам праклятым

Непашану, непавагу,
Іх курыную адвагу,
Як у міскі заглядалі
І сабаку аб'ядалі.

На крыло ўзняліся птушкі,
Разляцеліся квахтушкі,
Пахаваліся ў кустах:
Вельмі моцным быў іх страх!

Тут паставіць трэба кропку
На сабачую заводку.
Ведаць сталі з той пары,
Гаспадар хто на двары.


ДЫПЛАМАВАНЫ БАРАН 

Мара ў барана была:
Кіраваць ды правіць,
Аднак пустая галава
Нікога не цікавіць.

Ён дыплом тады купіў,
Вывучыўся бэкаць,
Як пасаду атрымаць,
Ён пачаў кумекаць.

Усе другія бараны 
Ўжо яму не брацця,
Да мядзведзя ў сябрукі
Вырашыў падацца.

Так бывае, што баран,
Які мае "плечы",
Жыццё людзям навакол
Брудзіць і калечыць.


ВЫЛЕЧЫЛА

"Каб ты падох! Каб ты прапаў!
Каб ног і рук не адчуваў!
Ты - злыдзень, дурань, дармаед,
Каб ты не бачыў белы свет!
Каб у вадзе вады прасіў,
Каб лоб дурны сабе разбіў,
Ды так, каб аж да смерці
Ў вачах скакалі чэрці!" -
Так яна сказала
І ў дзверы - ды й прапала.
Разам з ёй, паверце,
Ураз прапалі чэрці.


КЛОПАТ

Я ноч не спаў,
Вам верш складаў,
І галава цяпер баліць:
З ганарарам што рабіць?


МАЯ МОВА

Слоў мудрагелістых не ведаю, не маю,
З усімі размаўляю зразумела
І свежавыдуманых слоў не прывячаю:
Ад навізны іх наша мова ўжо здранцвела.

Мая матуліная, песенная мова
Мне даражэй за моднае маўленне,
І беларускае прачуллівае слова
Са мною будзе жыць, як Боскае свячэнне.


НА ЎЗМОР’І

Самлелі травы, кветкі ад спякоты,
Пякельнае, нязнанае надвор'е
Загаспадарыла да восеньскае слоты.
Мы едзем зноўку к мору па здароўе.
І толькі там палёгка і спакой,
Вада і прахалода дасць нам сілы.
І стане кожны дзень пякельны той
Душы і целу, сэрцам нашым мілы.


ВОСЕНЬ ДЗВЕРЫ АДЧЫНЯЕ…

Наступае восень… Позна або рана?
Паржавела лісце на голлях каштанаў,
Пажаўцелі ліпы - замянілі ўборы,
Клёны ганарацца колерам барвовым.
На бярозе белай крона стала рэдкай,
Замаўкаюць птушкі, адлятае лета…
На вярбе вятрыска заплятае косы,
Пуста на палетках, не відаць пракосаў…
Сумна і маркотна, дождж слязу схавае:
Сёння восень дзверы ў дом мой адчыняе.


МАТУЛІ

Дарагая мая ты матуля,
Ты жывеш сярод вечных турбот,
Ты заўсёды да сэрца прытуліш,
Хоць мне зараз нямала ўжо год.
Так патрэбны твае мне парады,
Так патрэбна твая мне любоў,
Я цябе прывітаць вельмі рады
І заверыць цябе зноў і зноў,
Што люблю твае ўмелыя рукі,
Што люблю твой ласкавы пагляд.
Твае словы не неслі прынукі,
Вочы змалку праводзілі ў шлях -
Шлях жыццёвы, каб быў я шчаслівым,
Каб не зведаў ніякай бяды,
Каб быў добрым заўжды, незласлівым,
Каб сумленным я быў праз гады…
Часта клопат твой, шчырае сэрца
Крыўдзіў словам бяздумным сваім…
Мне б цяпер тваёй ласкай сагрэцца
І адчуць сябе зноў маладым.

   
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX