Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Ірэна Сліўко


Аўтар: Сліўко Ірэна,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Ірэна Нікадзімаўна Сліўко нарадзілася ў 1941 годзе ў в. Залейкі Іўеўскага раёна. Пасля заканчэння Залейкаўскай пачатковай школы, Навасёлкаўскай сямігодкі і Морынскай сярэдняй школы скончыла Менскі фінансавы тэхнікум па спецыяльнасці "фінансіст" і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ім. В. В. Куйбышава па спецыяльнасці "эканаміст". Працавала ў Астравецкім райфінаддзеле 7 гадоў, а затым у Лідскім гарфінаддзеле на пасадах эканаміста, ст. эканаміста і нач. бюджэтнага аддзела. Друкавалася ў "Лідскай газеце", у газетах "Астравецкая праўда", "Іўеўскі край", "Прынёманскія весткі"; у калектыўным зборніку "Мой горад - гонар мой", у кнізе Анастасіі Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог".


  
  МУЗЫКА МЕДАЛЁЎ

Да 70-годдзя Перамогі

І зноў кліча нас пераможны парад.
Зямля загаіла акопныя ямы.
Не спіць ветэран - былы наш салдат:
Дасюль непакояць душэўныя раны.

Крочаць сягоння пад гукі аркестра
(За мужнасць звіняць на грудзях медалі)
На Курган Бяссмяроцця - свяшчэннае месца
На вольнай маёй беларускай зямлі.

Нясуць даўні боль і сваю сівізну:
Дачасна вайна пабяліла іх скроні.
У калоне ідуць - не хаваюць слязу
Па тых, хто загінуў, памёр у палоне.

У нябыт адышлі і баі, і трывогі,
Народ не забыў шматпакутны ваш шлях.
Хай будуць шчаслівымі вашы дарогі
І радасць іскрыцца слязой у вачах.


ПАЛЫМЯНАЕ СЭРЦА

Да 100-годдзя Валянціна Таўлая

Неба пакрылася шэрымі хмарамі,
Сэрца шчыміла і сціснула болем,
Не стала паэта са светлымі марамі,
З прагай свабоды, нязломнаю воляй.

Чуллівае сэрца заўчасна згарэла.
Нядоўга пражыў - усяго трыццаць тры.
З рук выбіць паперу, схіліць на калені
Этапы і турмы ніяк не змаглі.

Адважна змагаўся за волю народа,
За праўду і шчасце радзімай зямлі.
Гарэў, асвятляў беларусам дарогу,
Каб унукі і праўнукі шчасна жылі.

Шануем на Лідчыне воблік паэта
І помнім славутага сына свайго.
І вершы яго, быццам сонцам сагрэты,
Жывуць паміж нас, у іх - веліч яго.


СВЯТЫНІ ГОРАДА

На варце магутная постаць Скарыны,
Ён першы, славуты, славянскі друкар,
І гонар, і слава ўсёй роднай краіны,
За волю, пісьменнасць руплівы змагар.
Ля возера домік - ён помнік паэзіі,
Тут жыў і тварыў барацьбіт Валянцін.
Нядоўга пражыў і праславіў пры гэтым
Зямлю Беларусі яе годны сын.

Завецца той домік музеем Таўлая,
Збіраецца ў ім многа творчых людзей,
Асоб знакамітых, якіх у нас нямала,
Тут ладзіцца мноства цікавых падзей.

З рачулачкі вузкай з балотнай травой
Прывабнаю стала Лідзейка ракой,
Калыша на хвалях больш ста лебядзей,
Сюды запрашае дарослых, дзяцей.

Масточкі над рэчкай - як сімвалы шчасця.
На сонейку ярка замочкі зіхцяць:
Сяргей і Таццяна, Мікіта і Насця…
Памогуць каханым у жыцці ўстаяць.

Мара веку збылася - мост ля бальніцы
Прасторна праёмы свае расчыніў,
Нібы птушкі ў вырай,  машыны імкнуцца.
"Шчаслівай дарогі", - жадаю ўслед ім.


КАРАНІ

Іду я знаёмай сцяжынкай
І гляджу на туманны ўсход,
Адчуваю сябе я пушынкай,
Нібы мне ўсяго дваццаць год.

Я сустрэлася з роднай зямліцай,
Але ў сэрцы і смутак, і боль.
Не цурчаць тут жывыя крыніцы,
Цішыня, запусценне наўкол.

Але, пэўна, крыніцы жывыя,
Бо не гасне жыццё на зямлі.
З рэчкай Гаўяй навечна зліліся,
Не разняць, як і нас з караньмі.


КЛЁН

Я расла пад раскідзістым клёнам,
Што так высіўся ў нашым двары.
Нібы ён прамяністым анёлам
Нам цяпло, прахалоду дарыў.

Засланяў у гады ліхалецця
Нас ад чорных фашысцкіх крыжоў.
І малых, і дарослых на свеце
Прыкрываў ад дажджу і вятроў.

Быццам сонейка з яснага неба,
На зямлю падаў жоўты лісток,
І са смаку кляновага хлеба
Пачынаўся і мой тут выток.

Боль нязгасны па родных палетках
Адгукнецца ў вечнай журбе…
Любы клён у цудоўных Залейках,
Я заўжды пакланюся табе!


КАШТОЎНАСЦЬ СТАГОДДЗЯЎ

Мінулі стагоддзі з той даўняй пары,
Як сярод забалочаных рэчак, лясоў,
Крэпасці Лідскай узніклі муры -
Надзейны фарпост на шляху крыжакоў.

Тапталі яе Тахтамыш і Гірэй,
Штурмавалі яе з Перакопу татары,
Ды дух Гедыміна за іх быў мацней,
Даваў ён адпор і апошнім пачварам.

Прыйшла ты да нас з папялішчаў, руін,
Каменні ішлі на будоўлю падмуркаў.
Але патрыёты радзімых мясцін
Жадалі ўзнаўлення для рыцарскіх гульняў.

Амаль трыццаць год спачывалі каменні,
Ды ў горад мой свята - "Дажынкі" прыйшлі.
І вежы ўзняліся, узноўлены сцены,
У гладзі азёрнай абрыс свой знайшлі.
У адноўлены мур з той глыбокай даўніны
Лідзяне спяшаюцца, быццам у храм.
І вечна жыць будзе наш замак - святыня,
Каштоўнасць стагоддзяў, гігант, велікан.


ЭЛЕГІЯ

А мне яшчэ б разок
Прайсці ля роднай хаты,
Пабачыць рэчку, дрэвы і кусты,
Крутую сцежку,
Што вяла да рэчкі,
Магутны клён,
Што высіўся ў двары.

А мне яшчэ б разок
Убачыць постаць маці
Са шчыраю ўсмешкай, Дабрынёй у вачах,
Дыхнуць паветрам
З пахам сенажаці,
Пачуць бы на світанку
Спевы салаўя.

Яшчэ разок зірнуць бы
На касцёл-святыню,
Палеткі, бэз і бярозавы гай -
Ды толькі лес у роспачы
Глядзіць маўкліва,
Нібыта шле праклён нам
За здзічэлы рай.

А мне яшчэ б разок
Ступіць нагой у вадзіцу…
Цяпер жа там жыруе
Крапіва, лапух.
Не наталіць мне смагу
З чыстае крыніцы.
Запушчана ўсё. 
Агонь жыцця патух.


АДДАНАСЦЬ

Пацягнула да родных мясцін,
Хоць мяне там ніхто не чакае,
Хіба гронкі чырвоных рабін
Альбо кветкі 
                     ружовых шыпшын,
Чый водар заўжды ап'яняе…

Палячу, як на крылах, да іх,
Пакланюся 
                  дарогам-сцяжынкам,
Што ў краіну пазнання вялі,
І аблокі са мною плылі,
І радзіны былі, і памінкі…

Пастаю пад паніклай вярбой
Ды зірну на бацькоўскую хату.
Не ступіць у яе мне нагой,
Не сустрэнуць ні мама, ні тата:
Вырас лес ля магілы святой.

Пацягнула да родных мясцін,
Бо ўсё ж я тут госць пажаданы;
Клічуць продкі, і гай, і лугі,
Кліча шолах кашлатых ялін -
Усім сэрцам радзіме аддана.
  
   
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX