Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Людміла Шот


Аўтар: Шот Людміла,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Людміла Шот нарадзілася 1 ліпеня 1951 г. у вёсцы Копанькі Гарадзенскага раёна. У Лідзе з 1988 года. Закончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала загадчыцай дзіцячага сада № 25 ст. Ліда.


  
  РОДНАЯ МОВА

Мая родная мова -
Дзіўны скарб чалавечы.
Памяць продкаў маіх,
Што калісьці жылі.
Слова дадзена Богам,
Будзе жыць яно вечна.
Яно вучыць, карае
На гэтай зямлі.


МАЯ МОВА

Як сонейка свеціць яскрава,
Той чысты струменьчык,
Што кожны знойдзе!
З ёй у сэрцы існуе
Каханне і мара,
Мае думкі
І веру маю беражэ.

***

Я буду з табою
Ля нашай рачушкі
Паніклай вярбою,
У шчэбеце птушкі.
На небе зоранькай,
Неадступным ценем,
Салодкай ночанькай,
Зімовай мяцеліцай.
Бялёсым рамонкам
І ранкам ласкавым,
Рабінавай гронкай,
Накінутым шалем.
І полымем жарсным,
Раптоўнай слязою,
Лісцём скрозь апаўшым,
Заўсёды з табою.


МОЙ ГОРАД

Мой горад як песня ў сэрцы маім.
Яго я штодзённа сардэчна вітаю.
Усё так знаёма і цешыць у ім
У розных кутках майго любага краю.

З бязмежнага неба і дождж чысты лье,
Ветрык нястомны блукае,
А Бог менавіта мне сілы дае,
Ніколі не пакідае.

Тут продкі жылі калісьці мае,
Спяшаю да матчынай хаты,
Таполі шумяць лісцём па вясне
І чуюцца смех альбо жарты.

Блішчаць купалы пазалотай на сонцы
Маленькай паблізу знаёмай царквы.
І стужкі дарог жывуць рухам бясконцым,
І сняцца ўночы цудоўныя сны.

Застыўшы Курган - тая памяць людская,
І хвалі Лідзейка нястомна нясе,
Тут сэрца спакою маё не жадае
На гэтай зямельцы ў адвечнай красе.

На мой погляд жаночы ўсё толькі вабіць
Да цябе, і любоў час ад часу мацней.
Лядовы палац, аб якім маглі марыць!
Пераназваны вуліцы, новы музей…

У славутых людзях тваіх ёсць тая сіла.
Безумоўна, павінны ведаць усіх.
З іх Клімовіч, Таўлай і Краеўскі, Бірыла…
Ды прозвішчы побач тых з намі жывых.

На тыя падзеі ён вельмі багаты.
Дажынкі прайшлі вось на гэтай зямлі.
Хачу, каб у сэрцы сваім захаваці
Той скарб сваіх продкаў і дзеці змаглі.

***

Зараз клічу цябе ў знаёмы мне гай.
Карагод там бярозак так вабіць!
Завушніцы якія надзець мне, парай,
Перад імі сябе неяк скрасіць.

Там сустрэцца з табою я вельмі хачу
На мяжы ля жытнёвага поля,
Дзе валошкі, рамонкі цвітуць на шляху.
Мо, сустрэнецца некалі доля.

Паспяшай на зялёны квітнеючы луг
На каленях зямлі пакланіцца.
Пах увесь яе той адчуваецца тут,
Так хачу за яе памаліцца.

І да рэчкі таксама цябе павяду,
Дзе ад смутку так сэрца збаўляю.
Усё тое навокал табе пакажу,
Ты прыходзь, бо я, ведай, чакаю.

***

Зазіхацелі зоркі ў вышыні,
Побач іх прыгожы, відны месяц.
І адразу пасвятлела на зямлі,
Як ліхтарыкі запаленыя свецяць.

Адсюль я бачу зорачку маю,
Душу сабой якая зараз цешыць.
Асушыць ні адну яна слязу
І боль, што сцярпець я мушу, сцішыць.

Тут разам з ёй малюся я ўначы,
Яна бліжэй да Бога, я далёка.
Агеньчык той гарыць, каб зберагчы
Маю надзею над зямлёй высока.

***

Зноў раніца дорыць натхненне само;
Усіх зорак святло затушыла,
На сцежцы знаёмай стаяла, прайшло,
Нібы побач, дзяцінства шумліва.

Тое, што засталося, - святое яно.
І нікому адняць не па сіле
Маёй вочы матулі і нават цяпло
Яе рук, што дзяцей, нас, расцілі.

Тую радасць маю, як яскравы прамень
Таго сонейка, што засталося,
Ад таполяў высокіх знаёмы мне цень,
Птушак дзіўнае многагалоссе.

Там шчаслівай, напэўна, была кожны дзень,
Ды ніколі туды не вярнуцца.
Там мой брат, ды на небе ўжо ён цяпер.
Успаміны адны застаюцца.

Не было там хлусні і не ведала здрад,
Як чаромха вясной зацвітала.
Тое, што засталося, сапраўдны мой скарб,
Бо ў сэрцы сваім захавала.

***

Цячэ рэчанька мая родная,
Побач вербачка - стаць чароўная.
Берагі маўчаць нерухомыя,
Ночы летнія зараз зорныя.

Хвалі хуткія бягуць весела.
Тут на раніцы сэрца цешыла.
- А за рэчкаю каліна зацвіла! -
Даляцела пагалоска да сяла.
За хатаю клён меладычна шуміць,
І бусліны знаёмы чуецца кліч,
Лесу шум і палёў, галасістых вятроў,
Той птушыны скрозь спеў - дзіўны казачны хор.

Усё гэта навокал - старонка мая,
Тая родная сэрцу святая зямля.
Тут матуля жыла і дзяцінства прайшло,
Усё сэрца з тых пор захавала маё.

***

У мовы роднай смак журавіны,
Вясёлкі ззянне, клёкат бусліны,
Рэчанькі спевы, ночы вяртанне,
З сонейкам ясным ранкам спатканне.

У мовы маёй голас матулі,
Хмаркі на небе вобраз пануры,
Азёр блакіт, меладычнасць поля,
Смутак хвалі, спакою раздолле.

Лясоў настрой, вятроў пазяханне,
Горыч палыну, зорнасць кахання.
Водар вясновы, сціпласць рамонка,
Мной жыцця пражытага старонка.

***

Зямлю ноч пакідае, і раніца
Зорак тых пагасіла святло.
Новы дзень на зямлі пачынаецца
Чыстым пробліскам промня свайго.

І вятры-свістуны неказістыя
Неслі нейкую там драбядзень.
Таполі ўверсе галлістыя
Засланялі ад сонца глухмень.

Зноў птушыныя спевы вяртаюцца,
Буду слухаць ужо цэлы дзень.
Усё толькі яшчэ пачынаецца
Для якіхсьці сапраўдных падзей.

Маё сэрца хвалюе і цешыць вясна,
І жыццё на зямлі прадаўжаецца.
Новы дзень, нібы храм, у які ўвайшла,
Несла свежасць сабой тая раніца.

***

Як ніколі, радасна ў хаце,
Вось і дзеткі побач каля маці.
Нібы птушкі тыя па вясне,
Пазбіраліся разам усе.

Зараз цешыцца сэрца матчына,
Пад ім насіла кожнае дзіцятка.
Усё было - ад гора да радасці,
Ні ў чым не паказвала слабасці.

Дапамагчы і цяпер стараецца,
Яшчэ ад працы не адмаўляецца.
А ёй кажуць:
- Матуля, прысядзь!
Хопіць табе ўжо працаваць!

Камандуй на радасць усімі ты намі:
Зяцьмі, нявесткамі, дочкамі, сынамі! -
Унукі і тыя бабульку шануюць:
Бульбу для аладак на цёрцы шаруюць.

З пяшчотай усе тут на маці глядзелі
І нешта зрабіць для яе так хацелі.
Усюды паклеілі ў хаце шпалеры,
Печ пабялілі, ды і яе прыадзелі.

Сядзіць, паглядае ля хаты на лаўцы,
Вялікая радасць на сэрцы ў маці.

***

Жыву, пакуль б'ецца
Ў грудзях маё сэрца
І вясна на зямлі,
Як дзяўчына, смяецца.
Клёкат чую буслоў,
Грозны шум навальніцы,
Бачу ўсходы
Маладыя пшаніцы.
Блакітнае неба,
Рэчкі шумлівыя хвалі,
За вёскай у лесе
Бярозкі ў гаі.

І прабачу ўсіх,
Хто калісьці мне здрадзіў.
Памалюся за душы,
Каб Бог не заўважыў.
І кахаю, цярплю тут,
Пакуль я жывая.
Вочы закрыўшы,
Стану сляпая, глухая.
Усё роўна мне будзе тады
Ўжо, напэўна.
Бо толькі тут, на зямлі,
Я на штосьці спадзеўна.

***

"Абдымаю, цалую цябе!"…
Зараз зорнае неба над намі,
Нейкі подых свой холад нясе.
У паветры застыўшыя хвалі.

Завірухі той націск заціх,
Толькі белыя гурбы ляжалі,
Як той чысты няспісаны ліст,
На якім і паведаю мары.
"Я жадаю ўбачыць цябе!"
Напісаў SМS, пасылаю.
Нібы птах даляціць і знойдзе.
Дзе б ні быў ты, я знаю.

Прачытаўшы, напэўна, сатрэш.
Без патрэбы пакутуе сэрца.
З чорных літараў створаны сэнс
На экране тым меў сваё месца.

Мне б сказаць нешта 
                     проста ў вочы,
Адчуваць тое побач цяпло
І капрыз той загадкавай ночы,
Ліхтароў цыганскае святло.

***

Чалавечае кожнае сэрца
У грудзях нібы птах,
Якога злапалі, і ў клетцы
Трапеча ўсё так!

Цеплыні яму хочацца, волі
І тых звыклых сапраўдных слоў.
Усё тое было, каб паволі
Ды парой закіпала кроў,

Радасці той, што бывае,
Смутак так мала кранае,
І побач б'ецца другое.
Шчасце там, калі побач двое.


РАБІНА

Чырванела ўвосень рабіна,
У каралях стаяла яна.
Зелянелі тут побач яліна
Ды з іглістаю кронай сасна.

Ля дарогі стаяла красуня,
Так і клікала да сябе.
Побач з ёй не бывала 
                    мне сумна,
І цягнула мяне да яе.

З новай сілай каралі гарэлі.
Зачарована імі была.
Мае думкі паволі дабрэлі,
І лагода па жылах цякла.

***

Не трывож рабінку -
Не ламай галінку.
Не тапчы сцяжынку,
Не марнуй хвілінку.

Не чакай да золку,
Не пільнуй без толку,
Не цябе кахае,
Бачыць не жадае.

Месяц ночку песціць,
Маці дочку цешыць.
Яшчэ маладая,
Павер, так бывае.


БАЦЬКАЎШЧЫНА

Бацькаўшчына мілая мая -
Скарб, які душу гартуе.
Родная пяшчотная зямля,
Дзе зязюлька ласкава кукуе.

Шыр палёў, азёраў глыбіня,
Стужкі рэк і замкаў таямніцы,
Неба сінь, і ночы цішыня,
І бяроз чароўных завушніцы.

Музыка званоў, бацькоўскі кут
І буслоў святое клекатанне,
Я спазнала некалі вось тут
Першае нясмелае каханне.

Шум лясоў, маўчанне валуноў,
І крыніцы, дзе вады нап'юся,
Каля вёсак могілкі дзядоў,
Ля якіх я ціха памалюся.

***

Мяне зразумей і прабач,
Душа быць вольнаю хацела.
Спяшала на лужок-багач,
Дзе водар кветак лашчыў цела.

На ўпадабаны свой дыван
Салодка разнатраўе маніць,
Бярозанькі чароўны стан
Паблізу кучарамі вабіць.

Турботай ветрык акружыў,
Умела надзяляў пяшчотай,
Станоўчы на настрой уплыў
Зрабіў з вялікаю ахвотай.

Крынічкі спевы данясло,
На небе сонейка асела.
Ішло сапраўднае цяпло,
Што сэрцу не хапала, мела.

***

Дождж барабаніць
Капрызна па даху.
Трывожыць памяць
Ён, мабыць, для страху.

Шэрыя хмары,
Зноў смутак блукае,
Знікла і мара,
Панікшы чакае.
Ветрык шалее
І хмары скрозь гоніць.
Сонца не грэе,
На неба не ўсходзіць.

Слых варушыла,
Зрок прыгнятае.
Толькі шыпшына
Свой гонар трымае.

***

За акенцам белізна
Прасціною сцелецца.
Слепіць вочы дацямна
І мяце мяцеліца.

Не дае мне сумаваць,
Мой настрой палепшыла.
Усе зоркі зараз спяць,
А яна ўсё цешыла.

Баюном маім была,
Халадком скрозь дыхала,
З таямніцаю жыла,
Чула, нават клікала.

Снегу гурбы намяла,
Відаць, задаволена.
Ля майго стаяць акна
Ёй не забаронена.

***

Стаяць высокія таполі,
І кружыць бусел над гняздом,
Рамонкі белыя на полі
І бэз пахучы пад акном.

Скрыпіць ад ветру ціха брамка,
Так заклікае да сябе.
Матуліна за ёю хатка.
Даўно ніхто ў ёй не жыве.
Навокал родныя мясціны,
Шумлівы гай непадалёк,
Гучаць знаёмыя матывы.
Шчаслівым быў любы дзянёк.

І песціў сэрца асалодай -
Мядовы водар плыў наскрозь.
Ішла знаёмаю дарогай,
Успамінала маладосць!

***

Ісці цяжэй, калі ты не побач,
І на душы цяжар, а не слодыч.
Наогул, мяне ўсё раздражняе,
Непатрэбная думка спяшае.

Дзень у свеце і фарбы змяняе,
Уночы зоркі неба губляе,
Смутак нязносны ідзе па пятах,
Часам нават пераважае страх.

Шэры колер усё набывае,
Вочы пеляной зацяняе.
З разгубленасцю, нібы сляпая.
Нішто не лечыць, сэнсу не мае.

***

Здзіўляе наогул неба,
Астатне ўсё тое пад ім,
І цалкам залежнасць мела,
Безупыннасць працэсу ў тым,

Сваё ад пачатку месца,
Ды патрэбу сваю ў нечым,
Як у грудзях тое сэрца,
Якое так часта калечым.

І цуда само не прыходзіць,
Яго ствараюць рукамі.
Толькі чагосьці ўжо хопіць,
Чагосьці так мала з намі.

***

Вядзі мяне, сцяжыначка, туды,
У родныя, знаёмыя куткі,
Дзе Бацькаўшчынай веяла кругом,
Бялёсы бусел кружыць над гняздом.

Ад неба зорнага ярчэй святло,
Не параўнаць матуліна цяпло,
Дзе рэчка Гаўя лашчыць берагі,
Таполі сон глыбокі сцераглі.

Каб па дарозе ўсё лягчэй пазнаць,
Дала рабінка горыч спрабаваць.
І ад рамонкаў сціпласць набыла,
Душа, як птушка, вольнаю была.

Шумяць, як мора, жыта каласы,
Варушыць ветрык ціхі валасы.
Я не баюся працы на зямлі.
Пайшлі са мной, сцяжыначка, пайшлі.

***

Ляпнуўшы брамкай, восень адышла,
Адыграла галоўную ролю,
Каля рэчанькі ціхай прайшла,
Па апусцелым падвор'і.

Смутак патрывожыла яна,
Прыгажосць патрачана былая.
У лістах пакручаных зямля
Аб вялікім балі ўспамінала.

З вечара мацнелі халады,
Даўно ў вырай птушкі адляцелі,
Гаспадарыў ветрык угары,
І хмары кроплямі дажджу блішчэлі.

***

Кліча прытулак, бацькоўскі дом
У сцены родныя вярнуцца,
Дзе вее колішнім цяплом,
І гэтак хочацца дзіцём прачнуцца.

Для душы спакой падараваць,
З бярозкай-прыгажуняй марыць,
З летнім звонкім рэхам размаўляць
І з лёсам спрабаваць паладзіць.

Зноў буслоў убачыць па вясне,
Любавацца рэчанькаю Гаўя.
Раніцай прайсціся па расе,
Дыхаць водарам разнатраўя.

За блакітным небам назіраць,
Слухаць птушак шматгалоссе,
З дабрынёй у сэрцы шанаваць,
Што пазнаць з дзяцінства давялося.

***

Хто верне мне дзень учарашні,
Як малую прыступку ў былое,
Для мяне па-сапраўднаму важны,
Як для хворага значыць здароўе!

Так другія знайшла б тады словы,
Інакш і на рэчы б глядзела,
Не вяла бы ў нетры размова,
Не спазнала пакуту, што мела.

Нагаворы, сляпая раўнівасць
Вочы засцілі пеляною,
А не зменіцца гнеў твой на міласць,
Нас аддзеліць бязмоўнасць сцяною.

Стане ноч беспрасветнай у свеце,
Усё, што здарыцца не з табою,
Не народзяцца нашы дзеці…
Не дачакаецца сэрца спакою?
  
  
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX