Вярнуцца: ПАЭЗІЯ

Станіслаў Суднік


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Станіслаў Суднік нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна. У Лідзе жыве з 1994 года. Аўтар кніг паэзіі "Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", "Літва". Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.


  
  ПЕСНІ

КЛЁНІКІ

Стаяць за вёскай клёнікі
І ціхенька маўчаць, 
А на сяле гармонікі
Штораз мацней гучаць.

Гармонікі, гармонікі,
Плыве мяхоў саф’ян,
Гармонікі, гармонікі,
А ў прыпражку баян.

Стары Татур на скрыпачцы
Урэжа незнарок,
І з лаў уміг пасыплюцца 
Дзяўчаты, як гарох.

Заляскаюць абцасікі,
І завіхрыцца дол,
Танцуюць Мані з Ясямі,
Ідзе ўпрысядку стол.

Гармонікі, гармонікі,
Плыве мяхоў саф’ян,
Гармонікі, гармонікі,
А ў прыпражку баян.

Галоўня Стась з прыладкаю
Акардэон кране,
А Чэсь услед качалкаю
Па барабане ўтне.

Заходзяць сенцы ходарам,
І закурыць пружмень...
Гуляйце, хлопцы, змоладу,
Гуляйце кожны дзень.

Гармонікі, гармонікі,
Плыве мяхоў саф’ян,
Гармонікі, гармонікі,
А ў прыпражку баян.

Язэпчык не ўтрымаецца,
Цымбалы загучаць,
Бягуць дзяўчаты з хлопцамі
Лявоніху скакаць.

І бубен тут, і звонікі,
Не будзе вёска спаць,
І толькі недзе клёнікі 
Самотненька стаяць.

Гармонікі, гармонікі,
Плыве мяхоў саф’ян,
Гармонікі, гармонікі,
А ў прыпражку баян.

		   
ШЛЯХЦЯНКА - ХУТАРАНКА
Музычная сцэнка

Усе:
Дрэмле хутар ля засценка,
Вокнамі міргае,
Маладзенькая паненка
Хлопцаў прывячае.

Дзяўчына:
- Я - шляхцянка-хутаранка,
Новыя снягоўцы,
Не спяшайце, пачакайце
За парогам, хлопцы. 

2 - 3 хлопцы:
- А мы, хлопцы-засцянкоўцы,
Мы чакаць не будзем,
Налівай ты нам гарэлкі,
А то ўсіх пабудзім.

Дзяўчына:
- Я - шляхцянка-хутаранка,
Тонкія абцасы,
Я гарэлкі вам не маю,
Пачастую квасам.

2 - 3 хлопцы:
- А мы, хлопцы-засцянкоўцы,
Квас не будзем піці,
Бо квасок твой надта кіслы,
Трэба саладзіці.

Дзяўчына:
- Я - шляхцянка-хутаранка,
Дзеўка ганарова,
У мяне дугою бровы
І ў пасаг карова.

2 - 3 хлопцы:
- А мы, хлопцы-засцянкоўцы,
Зладзім справу лоўка,
Нам да густу твае бровы
І твая кароўка.

Усе:
Ля засценка дрэмле хутар,
Вокнамі міргае,

Дзяўчына:
- Не хадзіце, хлопцы, гуртам,
Аднаго чакаю. 


ЕДУ Я НА РОВАРЫ 

Сонца ў неба паднялося, 
Зіхаціць расою луг,
Сэрца радасцю зайшлося,
Што ажно займае дух.

Прыпеў:
Ад карчмы да бровара
Еду я на ровары,
Ля шынка спынюся.
Хораша жывецца,
Весела пяецца
Ў нашай Беларусі.

Шынкароўна маладая 
Будзе міла сустракаць,
Пэўна, недзе выглядае,
Прытамілася чакаць.

Прыпеў:
Ад карчмы да бровара
Еду я на ровары,
Ля шынка спынюся.
Вецер грае ў спіцах,
Ровар сам імчыцца,
Я не прыпазнюся.

Вып’ю я гарэлкі чарку 
І вяндлінай прыкушу,
Маладзенькую шынкарку
На паўтанца запрашу.

Нам стары шынкар на скрыпцы
Рэзьне радуньскі вальсок,
Мы паспеем закружыцца
Ад парога ды ў куток.

Прыпеў:
Ад карчмы да бровара
Еду я на ровары,
Ля шынка спынюся.
Мусіць, давядзецца
Мне паслухаць сэрца,
Тут і застануся.

                             
ЛЮЦЫЯНАВА ТАПОЛЯ

Адшумелі стагоддзі над краем,
Твар змяніўся самое зямлі,
Рэдка сёння ўжо хто ўспамінае,
Як даўней нашы продкі жылі,

Як аралі тут, сеялі, жалі,
Як спявалі і танчылі тут,
Як у жорсткай вайне ваявалі
Вось за гэты, за бацькаўскі кут.

А цяпер нібы не трэба
Ні зямлі нам і ні хлеба,
Ды чамусьці сэрца ўсё баліць,
Бо дасюль над дальнім полем
Люцыянава таполя
Нібы помнік вечнасці стаіць.

Тут навокал жыццё віравала,
Тут стаялі паўсюль хутары,
Раніцою работа ўскіпала
І кіпела да позняй пары.

Разагнецца араты ад плуга,
Кіне вокам вакол проста так,
Нехта крочыць з касою ад луга,
Нехта дрэва вязе на тартак...

Сёння ж выйдзі, глянь навокал,
Ні за што не ўчэпіш вокам,
Нават нот забракла салаўю.
Толькі думае над полем
Люцыянава таполя
Думу векавечную сваю. 


ДЗЕДАВА СТУДНЯ

Я з краю свайго мо б нікуды, ніколі
Не ехаў, не пхаўся без пільнай патрэбы,
Мне дома ўсяго і заўсёды даволі,
Ёсць хлеба акрайчык і нешта да хлеба.

Не трэба замежных харостваў ніякіх,
Не трэба і самі мне межы-граніцы,
Не ў смак на чужыне мне ўсе іх прысмакі,
Мне іхнімі коламі ўвек не напіцца.

Ці сяду, ці лягу,
Спатоліць мне смагу
Заморскі не зможа напой,
А дзедава студня 
І ў свята, і ў будні
Напоіць жывою вадой.
Мне горад і той, як каменная клетка,
Тут воку няма, каб за што зачапіцца,
Тут дрэва - не дрэва, і кветка - не кветка,
Тут з крана булькоча без смаку вадзіца.

Ці сяду, ці лягу,
Спатоліць мне смагу
З бутэлькі не зможа напой,
А дзедава студня 
І ў свята, і ў будні
Напоіць жывою вадой. 

І хочацца выйсці ў прасторнае поле,
І хочацца ў лес, у харомы дубравы,
І хочацца рэчкі няспутанай волі,
І росных, пахучых, нятоптаных траваў.

Ці сяду, ці лягу,
Не страшна мне смага
Ў часіну спякоты любой,
Бо дзедава студня 
І ў свята, і ў будні
Напоіць святою вадой. 


ЛІДСКІ КРАЙ

Нёманам чыстым абмыты,
Небам блакітным накрыты,
Славай дзядоўскай спавіты,
Край наш красуе ў вяках.
Свецяцца ясныя зоры,
Чэзнуць нядолі разоры,
Ткуцца свабодаў узоры,
Сцелецца ў будучнасць шлях.

Прыпеў:
Ліда - гонар Дайнаўскае славы,
Руна шчасця на скрутку вякоў,
Светлы дзень нашай вольнай дзяржавы,
Ліда ў цэнтры зямлі, а вакол:
Сінь нябёсаў і зелень дубраваў,
Шум заводаў і пошапт жытоў,
У стагоддзях авеяны славай,
Лідскі край - гонар наш і любоў.

Цешацца працаю рукі,
Родзяцца дзеці і ўнукі,
Вольна жывём без прынукі
Мы на радзімай зямлі.
Тут нам усё Божым дарам,
Тут самі мы гаспадарым,
Тут па-сваему ўладарым,
Тут будзем жыць, як жылі.

Прыпеў:
Ліда - гонар Дайнаўскае славы,
Руна шчасця на скрутку вякоў,
Светлы дзень нашай вольнай дзяржавы,
Ліда ў цэнтры зямлі, а вакол: 
Сінь нябёсаў і зелень дубраваў,
Шум заводаў і пошапт жытоў,
У стагоддзях авеяны славай,
Лідскі край - гонар наш і любоў.

  
   
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX