Вярнуцца: Ад Лідскіх муроў 8

ПЕРАКЛАДЫ


Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




ПЕСНІ ПАЎСТАННЯ 1863 ГОДА


  
З ДЫМАМ ПАЖАРАЎ
Музыка Юзафа Нікаровіча
Словы Карнеля Уейскага

З дымам пажараў, з кроўю ран братніх
Мы табе, Пане, б’ём наш паклон,
Скаргаю страшнай, енкам астатнім
Ад нашых модлаў сыходзіць стогн.
Мы ўжо без скаргі не знаем спеву,
З церну вянок уразаецца ў скронь,
Вечна як помнік Твайго, Пан, гневу
Цягнем к Табе мы просьбы далонь.

Колькі разоў Ты нас ні адсцёбваў,
Мы, не адмыўшыя свежых ран,
Зноўку гукаем: “А Ён жа добры,
Бо Ён наш Бацька, бо Ён наш Пан”.
І зноў да паўстання нас вера будзіць,
Каб Тваёй воляй нас вораг змог
І смеху кінуў камень на грудзі:
“А дзе ж той Бацька, а дзе ж той Бог?”

Гляньма ж у неба, ці там з зеніту
Сто сонц не ўпадзе на злыдняў знак,
Ціха і ціха сярод блакіту,
Як колісь, грае свабодны птах.
І мы ў сумнення злой паняверцы,
Перш, чым нам веру Ты вернеш зноў,
Блюзнім губамі, хоць плача сэрца:
“Суд чынь па справах, а не са слоў”.

О, Пане, Пане! З прадоння шатаў
Жудасці весткі прынёс нам час:
Сын забіў бацьку, брат забіў брата,
Каінаў мноства ёсць паміж нас.
Толькі ж, о, Пане, віна не іхня,
Хоць нашу прышласць цягнуць заплеч,
Іншыя д’яблы таму прычынай,
Вытні далонню, не рушай меч.
Глянь, мы ў няшчасці заўжды адзіны,
На Тваё лона, да тваіх зор,
Модлы плывуць, як клін жураўліны,
Да родных гнёздаў, сваіх азёр.
Крый жа нас, моцны, магутны Пане,
Дай  дачакацца Тваіх нам ласк,
Кветка пакуты вянком хай стане,
Хай нас нябесны асветліць бляск.

Мы з арханёлам Тваім на чэле
Пойдзем усе на смяртэльны бой
І на шайтана дрыгуткім целе
Мы ўздымем сцяг пераможны свой.
Змучаным браццям адчынім сэрцы,
Віны іх змые вольнасці дождж,
Вось тады ўчуе подлы блюзнерца
Водпаведзь нашу: “Бог быў і ёсць”. 

Пераклад з польскай  Станіслава Судніка.


ПЕСЕНЬКА ЖАЎНЕРА
Словы Мечыслава Раманоўскага

Мы, як птушкі з тых азёраў,
Сёння тут, а там за морам
Будзем недзе ўжо.

Што сніць сэрца, перасніцца,
Песні цвёрдыя, як жыцце,
Хай вядуць у бой.

Рукі ціснуць рукаяцці,
Шчыры ўціск, пакуль аб'явіць
З неба хвілю Бог.

Шчасце, доля - потым, можа, 
Толькі Ты знаць здольны, Божа.
Што спаткае нас.

Можа, шчасце ўсмешкі мілай,
Можа, кветку на магілу
Нам рыхтуе час.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.

Антоні Гарэцкі

Антоні Гарэцкі (польск.: Antoni Gorecki; 1787 - 18 верасня 1861) - беларускі польскамоўны паэт, сатырык і байкапісец; адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-31 гадоў. Бацька А. Гарэцкага валодаў маёнткам Біскупцы ў Лідскім павеце. Антоні вучыўся ў Віленскім універсітэце, рана пазначыўся як таленавіты паэт. У 1812 далучыўся да польска-ліцвінскіх частак, якія ваявалі на баку Напалеона. У час паўстання 1830-1831 гадоў быў адным з яго кіраўнікоў. Сват Адама Міцкевіча.


 
 ДА СЯБРОЎСТВА 

Лютню бяру ў свае рукі, 
Чую натхнення прылівы, 
Песні салодкія гукі
Шлю я сяброўству, шчаслівы. 

Днямі маімі ўладары, 
Ты, о сяброўства святое -   
Частка нябёснага дару, 
Склаўшая шчасце зямное! 

З чым параўнаць твае плёны? 
Хіба той вэрхал шалёны, 
Што ў сэрцы робіць каханне, 
Варты з табой параўнання? 

Рэдка каханне спрыяе
Чулым, да цноты імкнецца; 
За прыгажосцю ўпадае, 
Як прыгажосць, прамінецца. 
Толькі сяброўства не ў змане 
Шчырым адно застаецца, 
Гоіць і раны на сэрцы, 
Што спрычыняе каханне. 

Цемра заўсёды знікае 
З месцаў, асветленых сонцам, -  
Там, дзе сяброўства дух моцны, 
Смутак прытулку не мае, 

Не спакушаюць аздобы, 
Бляскі багаццяў пыхлівых;
Шчырам яно - ўзнагародай, 
Ды абмінае зласлівых.  

Бог наш ласкавы і строгі, 
Згледзеўшы цнотаў падзенне, 
Даў нам сяброўства ў падмогу, 
Каб весці нас да збаўлення. 

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.


ДА КАРАЛЁЎ 

Ці мала земляў даў Бог дабрачынны
Вам, каралі - уладцы над краямі, 
Што прыхапілі нашую Айчыну, 
Загналі люд наш у ярмо кіямі?  

Вам зручна з тронаў раіць нам зычліва: 
"Сядзець павінны ціха вы й цярпліва". 
Мы вам прабачым зробленыя раны, 
Але без Польшчы нам не жыць каханай! 

"Кангрэс прыняў рашэнне", - нам даводзяць. 
Ці можа ваш кангрэс Божыя справы 
Змяніць? Ці ён стрымае паўнаводдзе 
Ракі - цёк Віслы моцны і рухавы? 

Больш зухавата - моц спыняць народу, 
Бунтаўшчыком у вас пачаў ён звацца. 
А ён жа Край бароніць і свабоду! 
"Кроў не вадзіца", - помніце то, ўладцы! 

Ёсць справядлівасць, што светам кіруе, 
Хто іншых крыўдзіць, той сам загаруе. 
Вызвальце Польшчу, апошні вам шанец, 
Або смяротны свой станьчыце танец! 

Так сумна ўсюды, так сціхла ўсё ў свеце,
Ах, вы завеце ту цішу спакоем? 
Што гэта значыць? Што ў кожным павеце 
Ведаюць людзі - ціша перад боем.

Голас народу - то голас праўдзівы, 
Чуйце, тыраны, нявольнікаў стогны! 
Будзе суд Божы - страшны, справядлівы, 
І задрыжаць вашы й знішчацца троны! 

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.


РЭСПУБЛІКА
Байка 

Аднойчы ў лесе сабраліся з пэўнай мэтай 
Жукі, сляпні і матылі, гукаючы пры гэтым: 
"Тут закладзем Рэспубліку мы новую! 
О, так! Рэспубліку! Славутую, мядовую!" 
На тлум такі ў здзіўленні паглядалі мухі: 
Што за дзяржаву тут утвораць тыя зухі? 
Прайшло ўжо лета, і зіма вось-вось настане, 
А мёду ўсё няма ніякага ні звання! 
Адкуль жа возьмецца? Паўдня лісты чыталі, 
Пасля на сойміках прыгожа прамаўлялі, 
А час, які ад гэтых спраў застаўся, 
Уласным асалодам прысвячаўся: 
Жукі, як і раней, таўкліся ў кучы гною, 
Дурэлі матылі на кветках чарадою, 
А авадзень расы ўжо з раніцы напіўся 
І ў думках пра ўвесь свет ён шчыра клапаціўся. 
Адсюль выснова бачыцца адкрыта: 
Назваць не штука вулей Рэччу Паспалітай, 
Але там трэба пчолак шчыраванне, 
Сумленне і сабой ахвяраванне.

Пераклады з польскай мовы Ірыны Багдановіч. 


СОЙМІКІ
Байка  

Каго выбраць суддзёй, раіліся людзі: 
Андрэй - справядлівы, няхай Андрэй будзе! 
Не, няхай будзе Пётр - слушны розум мае! 
Не згадаў аніхто: Павел плён збірае! 
Павел стаўся суддзёй, а ў чым жа ён шпаркі? -  
Кланяецца нізка ды налівае чаркі. 

Пераклады з польскай мовы Ірыны Багдановіч.


БІТВА НА БЯРЭЗІНЕ 

Страшна бачыць месца, дзе Ты караеш, Божа! 
Але ж хто пярэчыць Тваёй волі можа? 
Міласцю Ты шчодры, але й перунамі, 
Што ж тут адбылося з франкаў жаўнярамі? 
Хіба гэта войска, рыцарства, што смела 
Перамогу ў бітвах пад Мажайскам мела? 
Зараз абадранцы, бледныя, без зброі 
Плывуць цераз Бярэзіну гэтыя героі. 
Ані брат, ні сябра ўжо тут не пазнаны, 
Прагныя кідаюць скарб нарабаваны, 
Той, хто мае зброю, уцячы спяшае, 
Праз натоўп штыкамі шлях свой пракладае. 
Ну дык уцякайце, хто куды з вас зможа, 
Ўсюды прычакае справядлівасць Божа. 
А ты, другі Марсе! Дзе ляціш збляднелы? 
Уцякаеш спрытна ад шыхтоў збалелых, 
Ад нявінных слёзаў на тваім сумленні. 
Абяцаў свабоду, абяцаў збаўленне. 
Наш народ няшчасны верыў табе марна, 
Заняпала справа пад рукой бяздарнай. 
Бог табе даверыў меч дзеля свабоды, 
Каб ты з гвалту й цемры вызваляў народы, 
А не хапаў троны дзеля пыхі-славы, 
Паглядзі ж на вынік страшны і крывавы! 
Але хто ж там б'ецца ўсё яшчэ ахвярна, 
Ў кім яшчэ не згаслы вольны дух змагарны? 
Паміж той мітрэнгі, дзе паразы знакі, 
У шыхтах са зброяй годныя палякі. 
Шаблі звон аб шаблю, штык аб штык грукоча, 
Чорны дым і смерць тут разгуляцца хоча. 
Кроў снягі растопіць, зіма агнём схлыне, 
Хто тут не загінуў, той яшчэ загіне. 
Бы ў зялёнай пушчы, у маёй айчыне, 
Два зубры сыйшліся у змагарным чыне.
Б'юцца між сабою горача й зацята, 
Хоць не пераможа ні адзін брат брата, 
Ні адзін не ўступіць, кроў зямліцу поіць, 
Хіба толькі ночка змагароў раздвоіць.

Так сыйшліся ў бітве разам на паляне 
Сярод бору чорнага ваяры-славяне. 
Рускіх смелы Чычагоў вядзе ў бой крывавы, 
Нашых мужны Зайчык - улюбёнец славы: 
У пясках Егіпта ў бой ён пераможна 
Вёў свае атрады, і ў снягах ён зможа.
"Гіньма (кажа да сваіх), так айчына кліча!" 
Ляцяць дружна, ўсіх ахвяр і смерць не палічыць. 
Падаюць з усіх бакоў… Моваю славянскай 
Енкі, стогны ўвысь ідуць да гасподы Панскай,
Ад сваіх забітых цел адлятаюць душы, 
Ўміг анёлы іх бяруць і ў нябёсы рушаць. 
Марна кліч таго гучыць, каму рэзь няміла, 
Каб спыніліся, не йшлі сілаю на сілу.
"Стойце, мужныя вы ўсе, кроў дарма ліецца, 
Той, бароніце каго, ўжо даўно ў бяспецы! 
Хоць вы моцныя, бы львы, ў бітвах, расіяне, 
З вас ніхто праз польскі шыхт яго не дастане!" 
Ды не чуюць, бой кіпіць, на ўсю моц палае, 
Аж пакуль Пан Бог з нябёс ноч не насылае. 

Так Аякс і Траянін не саступілі й кроку, 
Пакуль маглі біцца і ў суцэльным змроку. 

Дык што ж бачым: смерці ўсё ахвяраў замала! 
На каго шле перуны? Каго ўпадабала? 
Бліскавіца! Правадыр Польшчы мужна гіне, 
Аддае сваё жыццё волі і Айчыне.
Вы ж, зайздросныя яго годнага  ўзнясення, 
Гляньце, як яго крыві пырскае струменне. 
Зайчык не з багацця ўзрос, што сямейства мела, 
А з таго ён, брацця, ўзрос, што яму балела. 
І ўзначаліў годна шыхт мужнасці і славы.
На Бярэзіне-рацэ меч тырчыць іржавы…  
  
Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч.

 

Ежы Путрамант

Ежы Путрамант нарадзіўся ў 1910 годзе ў Менску. З 1925 і да 1940 года сям'я іх жыла спачатку ў горадзе Лідзе, а потым на хутары Банева (недалёка ад вёскі Дакудава Лідскага раёна). Пасля заканчэння Лідскай гімназіі Путрамант паступіў на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У гэты час і пачалася яго літаратурная творчасць. Пісьменнік зблізіўся з маладымі рэвалюцыйна настроенымі пісьменнікамі, што адыграла важную ролю ў яго далейшым жыцці.


  
  ВАЕННЫ ПАРАД

Ішлі, закутыя ў сталь, за палкамі палкі, 
Сцены вуліц апрануты былі ў гэбан, 
I трохгранныя гузікі, быццам клыкі, 
З гулам танулі ў гразі, бы ў адкрытым небе.

Ішлі наперад. Дрыжалі камяніц заломы, 
У шыбы мокрыя біў бесперастанна гімн, 
I, як п'яныя, званіцы ападалі з громам, 
Разрываліся з громам набоі і дым.

Аж раптам змоўклі з гэтай віхурай шалёнай 
I запалі ў зямлю разам з громам і стукам, 
А на трыбуне дзесь паршывая варона 
Скакала ды пела і ўздымала рукі.

Пераклад з польскай Максіма Танка.


КАРАБІН

Каго, хлопча, ты, заснуўшы пад дрэвам пахілым, 
Пабачыў у сне, да каго ўсміхаешся міла?

Золак у гліну ўтаптаны паўзе па іржышчах, прысадні 
За палямі, лясамі далёка яшчэ твая радасць.

З карабінам пад пахай, з набоямі пад галавой 
Ты спіш, і ў сне ты сустрэўся з краінай сваёй.

Зямля выступае з імглы, і колер яе рыжаваты, 
За дальнім пагоркам не моўкнуць цяжкія гарматы.

I сніцца табе, што ты ў родны свой дом уваходзіш, 
Цвітуць там вяргіні, як сонца, ў тваім агародзе.

Ты бачыш знаёмую школу у засені лісця 
I тую дзяўчыну, якую кахаў ты калісьці,

І друга, які даражэй быў за роднага брата, 
Юнацтва сваё, што памерла пад грукат гарматаў.

Твая незнішчальная памяць навек гэта ўсё захавае. 
Былое вяртаецца зноў і ўсмешкай вітае.

А ты з захапленнем хацеў бы рукамі да сэрца
Хутчэй прытуліць ўсё, чаго ўжо няма больш на свеце.

Прачніся! Няма твайго горада, роднай хаціны, 
Няма, хлопча, друга твайго і каханай дзяўчыны.

Пасечаны дрэвы, знаёмая вуліца тая, 
Дзе некалі жыў ты, густою травой зарастае.

Дзе школа была, там стаяць абгарэлыя сцены. 
Табе засталася з мінуўшчыны попелу жменя.

І родных сваіх не шукай, іх зямля пахавала. 
Таго, што было твайму дорага сэрцу, не стала.

Нічога няма. Ты запомні ўсё гэта. Ёсцьтолькі 
У цябе карабін, што трымаеш ты сёння на золку.

Ён твой праваднік і найлепшы таварыш на свеце. 
Рыхтуй жа да помсты сваё набалеўшае сэрца!
Да помсты рыхтуй сваё сэрца, да новага бою. 
Кустамі бліжэй падкрадаецца сонца цяжкое.

З месца крануліся хмары, на захад плывуць, як лавіна. 
Старанна з расы вытры, хлопча, замок карабіна.

Пераклад з польскай Максіма Танка.


ПРАЛОГ
(да кнігі “Лясная дарога”)

Летнім ранкам, што зацвіў на вялізным небе,
покуль жар лісце асушыць і з траў сатрэ росы,
пойдзеш дарогай, як па ручніку з-пад хлеба,
пад гарызонт, закрыты карагодам сосен.

І не знаць, не падумаць, колькі дзіваў няўрочных
за цёмным краем бору, у нязнаным бязмоўі,
выпаўзае насустрач з расстаўшай ночы,
спадзяецца і чакае, каб ажыць нанова.

Распрамляюцца плечы соснаў і бярозаў,
чэрвень не астылы, адкрые след у дрыгве,
перад табой узнікаюць рэчы, якіх пагрозай
захліснуты, дарэмна голас на крык сарвеш.

Звыш хутка адчуеш цяжар і горычы лішак,
перад цёмным стыгматам яе дарэмна шукаеш заслону,
кожны дзень свае сілы нанова палічыш
і нанова адкінеш намашчонай далонню.

Перш, чым узыдзе пасеў з’яваў яшчэ недаспелых,
вучыся вочы хаваць і не пагарджай адчаем,
наймацнейшым пачуццем дзядоў нашых смелых,
словам чыім стала ўсё, што нас атачае.

Вось чаму скурчана перад распусным светам
марна шукаем мы ў сабе гармоніі і дабра,
хілімся да высокай сіметрыі кветак
і любім дасвецця дзвюхфарбны абраз.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.


ЛЯСНАЯ ДАРОГА

Ці сонца спаўзе на адхоны выдм?
Ці пясок неба і сонца дыханнем спапеліць?
Дрыжыць пры дарозе паветра гарачы рытм,
сівеюць сасонкі, і жыве тут жук ціціндэла.

Ад купкі ядлоўцу, праз бель абрыва і далей,
да павароту, дзе вытыркае блакітны палын, 
абягае па кругу краіну ў тысячу цаляў
святла і пяску ён хуткі і чуйны адзін.

А як сонца ўпячэ, што кара на пяньку
лопаць пачне, і жывіца ўскіпае,
смуглае цела хавае ў сыпучым пяску,
выцягне тонкія ногі, расцягнецца і спачывае.

Віруе трымценне ліній, як агні на свечках кадзіл,
каб змякчыць сасны сукаваты профіль.
Глянь, расталі ядлоўцы праз пару хвіль,
і плыве зелень хмар праз іголак кроплі.

Пастой, то ўбачыш, як з барваў у хісткай траве,
з плоскіх наносных лагчын між ссохлых соснаў,
з агню і пылу расце, расцвітае, жыве
царства спрытнюгі жука, незнаёмы космас.

Пастой, дарога адыдзе сама а шостай,
хмара, як губка, мокрымі пальцамі пасцірае
малюнкі на пяску, і застануцца проста
ўспаміны, што найдаўжэй зямля захавае.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.


МЯСТЭЧКА

Яну Пачынскаму

Коні выйдуць за лес, за пясчаную ростань,
верас сцежку аточыць і згіне недзе,
вечарам па пейзажы плоскім
пошта едзе.
Дзень растане, як цень, голы профіль ціхне,
дым вячэрні з-за плоту пад могілкі вее,
Ці памяць тлее? Вочы нікнуць,
ці памяць тлее?

Гэта ўчора было, ці надысь, ці ніколі,
ці як кветкі вецер здуў з-пад вокнаў,
ціхі шэпт каштаноў і таполяў,
рад сланечнікаў ля гумнаў цёмных.

Дзверы ўжо замкнёны, хаты сціхлі,
цемра ўнутры яшчэ большая,
ноч, як ноч, як вёрсты - хвілі,
сны ў варажбу сышоўшыя.

Столькі часу, а першы ўсё-ткі рынак,
брамы насцеж рыпяць, коні рушаць да студні,
толькі словы пра заўтра колераў іншых,
і вецер нябесны звоніць аб будні.

Толькі мхі разрасліся па стрэхах, як пластыр,
як захад у воблаках чырвань пеніць,
хлыне дождж, і па кроквах з дахаў грывастых
сочных кропель сцякае зелень. 

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.


КУЦЯ

Выцінанкі, барочныя ўзоры,
павыпальваў мароз на шкле нашых шыб,
як жа расчуць паміж вечару зораў
зямлі замарожанай крык?

Дзень укладаецца ў беласць прасцін,
лес набухае ад фіялету,
нас адратуе толькі адзін
дальні агенчык у змроку свету.

Жоўты праём квадрата акна,
                брыль навісае гнілой саломы,
ззаду чорная пашча адна
стомы.

Дзякуй Табе, добры Пан Божа,
бедным заступнік праз тысячу год,
нас Ты добра стрыножыў.

Ты нас адзяваў, ад ліхога бярог,
голад даймаў - Ты падкормліваў нас
ясным небам і крошкамі зор,
холадна нам - пярынаю слаў
мяккі белы пух, што завецца снег,
падалі мы - Ты кулак стрымаў
і ўцяшаў, што надыдзе час,
і нам будзе добра, багатым - не,
бо цярпенне ў нас цнота, а сытасць грэх,
перад табою мы ў вечнай віне,
ды выбраць пара нешта кожнаму з нас.

Думкі ў нас пра барочныя ўзоры,
як цвёрда набіты жывот,
і па куцейных страў пераборы
цяжка верыцца, што нарадзіўся Бог.

Марна каўнер 
расшпіляем ля шыі
па пітонах, гладкіх, слізкіх бестыях,
звон сабакам рве цішу хвілі,
шыбы: лопнулы маладзік,
соннага твару лік
вытне за парогам
агонь па стадолах,
чырвоны місіянер.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.


ВІЛЬНЯ

Тут сорак касцёлаў з вежачак тонкіх,
дахі з дугаў і выпуклых ліній
тонуць ціха над вуліцай соннай
у ажурнай кармінавай сіні.
Вежы лясоў паўколам зубчатаю сенню,
шапка хмар паркалёвых у пеннасці роснай.
Над горадам жменя шчарбатых каменняў,
шэрагі пнёў і косці згарэлых соснаў.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.

*   *   *

Як ноч уздужае пад поўнач цемнатою,
а змучаныя песняй манатоннай жабы пойдуць спаць,
самотныя зоркі ва ўласную маласць глядзяць
і не бачныя нікім знікаюць за лесу сцяною.

Спадае час на часы звекаваныя,
на змрок гладкай вады, на кветкі для нікога,
тады я іду пабялелай дарогай
насустрач зоркам, што зніклі лясамі схаваныя.

Пераклад з польскай Станіслава Судніка.
  
  

Алег Лазоўскі

Алег Лазоўскі нарадзіўся 29 сакавіка 1975 года. Карэнны лідзянін. Скончыў Гарадзенскі каледж мастацтваў, зараз - студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Працуе мастаком-пастаноўшчыкам народнага аматарскага калектыву "Драматычны тэатр Палаца культуры горада Ліды". Аўтар перакладаў на беларускую мову асобных вершаў Уладзіміра Маякоўскага, Жака Прэвера, Назыма Хікмэта. Яго лірычная кампазіцыя "Гэта каханне" на вершы Маякоўскага і Прэвера ўганаравана 2-ім месцам на абласным конкурсе чытальнікаў (2014 г.).


  
  ПЕРАСТВАРЭННІ

З НАЗЫМА ХІКМЭТА (1902-1963 гг.)

ВОЛАТ З ВАЧЫМА КОЛЕРУ НЯБЁС

З вачыма колеру нябёс
быў волат, што кахаў аддана
спадарыню адну,
меншую намнога ростам.
Ды ў марах бачыла яна
маленькую хацінку,
дзе пад акном сабе расце
квітнеючы бружмель.
Каханне волата, як волаты ў каханні,
ён да вялікай працы
сунуўся рукамі
і збудаваць ніяк не змог
ёй церамок - 
маленькую хацінку,
дзе пад акном сабе расце
квітнеючы бружмель.
З вачыма колеру нябёс
быў волат, што кахаў аддана
спадарыню адну,
меншую намнога ростам.
Але яна
стамілася ісці з ім побач
даўжэннай волата пуцінай,
і захацелася ёй адпачыць
ва ўтульным доміку, што з садам.
- Бывай! - яна ў блакіт яму сказала.
І ад вачэй адвёў яе
заможны карлік
у маленькую хацінку,
дзе пад акном сабе расце
квітнеючы бружмель.
І волат зразумеў цяпер,
што волата каханне
няздольнае схавацца там,
у маленькае хацінцы,
дзе пад акном сабе расце
квітнеючы бружмель.


ДА ВЕРЫ

Расце ў нутры маім дрэва - вы ўбачыць яго змаглі б, - 
паходжанне мае ад сонца і да яго імкнецца,
хістаецца яго лісце, нібыта рыбіны ў агні,
і ціўкаюць плёны, нібыта гуллівыя птахі.

А на зорку, якая плыве ўва мне,
даўно сышлі вандроўнікі з ракет,
яны ўжываюць мову, што бачыцца ў сне,
дзе пахвальба з загадам не існуюць.

Ёсць белая дарога ўва мне,
валочаць мурашкі па ёй трысціны і зерне,
тут шмат машынаў і святочны спеў,
на ёй не стрэнеш  катафалкаў.

Час ува мне спыніўся, як вада, 
нібы ружа чырвоная пахне,
ды пляваць я хацеў, сёння - пятніца ці серада, 
што і пройдзена шмат, і ўжо болей яго не будзе. 

***

Адзінае лепшае мора:
                 Тое, у якім ты не плаваў.
Адзінае лепшая рыбка:
                 Тая, якая шчэ ў моры.
Адзіныя лепшыя дні ў жыцці:
                 Тыя, што мы не пражылі.
І адзіна-прыгожыя словы табе:   
                  Тыя, што шчэ я прамоўлю...

***

Палова яблыка - ёсць мы,
            Палова - гэты Свет вялізны.
Палова яблыка - ёсць мы,
            Палова - люд наш існы. 
Палова яблыка - ёсць ты,
            Палова - я.
Мы - з табою разам не адны...

Пераклад Алега Лазоўскага. 


З ЖАКА ПРЭВЕРА (1900-1977 гг.)

ГЭТА КАХАННЕ

Гэта каханне,
Яно апантана, 
Яно далікатна
І вельмі пяшчотна…
Гэта каханне
Добрае надта,
Вельмі бязмежнае, 
Як небасхіл,
І такое благое,
Як быццам надвор'е,
Як дрэнным бывае яно…
Гэта каханне такое адданае,
Вельмі прыгожае радасным днём,
Гэта каханне такое няшчаснае,
Як заблукалае ў глуш малянё,
І стрыманае,
Быццам воін, 
Якога нішто не страшыць…
Гэта каханне, 
Што страх выклікала 
І раптам змушала ўраз гаварыць 
І таксама таміцца ад смутку.
Каханне не мае адказу
За тое, што мы прамаўчалі…
Каханне такое, як ёсць.
І ў рэшце, і на пачатку,
Вечна жывое,
Заўсёды наноў,
Тваё яно цалкам,
Маё, без астатку, 
І таго, каго нават не ведае свет,
І ўсіх тых, што былі намнога раней.
Як быццам расліна, праўдзівае,
Як птушка, трапеча яно,
Пылае, як лета спякотнае,
І разам мы можам ісці
І вярнуцца,
Заснуць і прачнуцца, 
Забыцца і ўраз пастарэць, 
Вочы заплюшчыць, забыцца пра сонца…
І зноўку заснуць,
І марыць пра смерць,
І прачнуцца ізноў,
І смяяцца наноў,
І толькі каханне!
Упартае, быццам асліца,
І палкае, быццам жаданне,
І жорсткае, роўна як памяць,
І путавумнае, як пакаянне,
Халоднае, быццам мармур,
Прыгожае, ранку падобнае,
Цудам, пяшчотаю,
Хісткае, крохкае
З намі бязмоўна гаворыць яно 
І ў нашыя вочы з усмешкай глядзіць,
І, у трымценні захоплены,
Я адчуваю,
Я моцна крычу,
Я крычу пра цябе,
Пра сябе,
Я малю ў кахання!
За цябе, за сябе і за тых, хто кахаў,
За астатніх усіх.
Я крычу:
Ты застанься!
Будзь там, дзе ты ёсць,
І там, дзе раней ты было.
Я малю: ты застанься,
Не рухайся, не адыходзь!
Мы тыя, хто ведаў цябе,
І ўсе тыя, хто здолеў забыцца,
Але ты ў пустэчы нас не пакінь!
Адно ты на гэтай зямлі, што мы маем!
Не дай нам у сцюжы агеньчык згубіць,
З кожным днём адыходзячы ў далеч,
Знак падай нам, 
Усмешкай зірні,
Усё роўна адкуль,
І потым
Сярод зарасляў памяці,
У цёмнай гушчэчы яе
Раптам з'явіся,
Схіліся над намі,
Нам руку сваю працягні,
Мы свае!

Пераклад Алега Лазоўскага.


З УЛАДЗІМІРА МАЯКОЎСКАГА (1893-1930 гг.)
 
НЯСКОНЧАНАЕ 
(адрывак)

I

Кахае? Не кахае? Я рукі ламаю
і пальцы раскідваю прэч, разламаўшы,
так рвуць, загадаўшы, пускаючы ў траўні, 
венцы сустрэчных рамонкаў.

IІ

Няхай сівізну адну стрыжка шукае,
Хай срэбра гадоў павызвоньвае цьма,
Спадзеў даю, веру: давеку не прыйдзе
Да мяне пустазелле ганебных разваг.

III

Вось і другая,
І мусіць, ты ў ложку, 
А можа, й з табою
такое. 
Але не рвуся
і праз тэлеграфы
не бачу ў тым сэнсу
будзіць,
непакоіць.

IV

Мора сыходзіць назад,
Мора ідзе на спачын,
Вынік, як кажуць, "исперчен".
Човен кахання разбіўся аб побыт.
З табою мы квітыя,
Спіс не дарэчы
Ліха ўзаемнага,
Боляў ды крыўд.

Пераклад Алега Лазоўскага.
  
  

Смарагд Сліўко

Смарагд Сліўко нарадзіўся ў 1931 г. у г. Яраслаўлі ў сям'і акцёра і паэта. З 1946 г. жыў у Беларусі. Пасля заканчэння Гарадзенскага педагагічнага інстытута з 1961 па 1966 г. працаваў настаўнікам гісторыі, рускай мовы і літаратуры ў Астравецкай СШ, куды прыехаў па запрашэнні першага сакратара Астравецкага РК КПБ С.Ц. Кабяка.Затым лёс звязаў яго з Лідчынай. З 23 гадоў займаўся рэжысурай. Вершы пачаў пісаць з 7 гадоў. Друкаваўся ў многіх часопісах, газетах. Член літаратурнага аб'яднання "Суквецце" з 1969 г. Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі, прозы і гумару. Памёр у 2006 годзе.


  
  ДА ЧЫТАЧОЎ

Калі сумуем, ці рагочам,
Ці пад душэўны гармідар
Раптоўна нехта ўсё ж захоча
Спазнаць мой паэтычны дар.

Ён не балота, не крыніца -
Зусім звычайны ручаёк,
Магчыма, хтосьці наталіцца,
Гаючым назаве глыток.

(Пераклад Алеся Хітруна.)


КАЛІ ЛАСКА, ДАЙ

Дай мне хоць пару глыткоў
Паветра крынічнае плыні,
Я стану адным з багоў,
Каб дыхаць табой без спыну.
Нешта ў небе не так, 
                        бо з пагрозай
Сам Пярун 
                 усё маланкаю блішча,
Дзе так пахне цыбуля мімозай,
Я цябе падыму… на гарышча.

Ты мне толькі скажы, паглядзі
Ў мае закаханыя вочы,
Са мной ты адна на адзін -
Бачыць іншых мы не захочам.

Дай водару пару глыткоў
Ад цела твайго прамяністага,
Замест сваіх вершаў гатоў
Чытаць яго, Дзева Прачыстая.

Глянь толькі навокал і ўверх,
Няма тут ні кропелькі лішняга!
Гэта ж самы высокі паверх,
Мы бліжэй да яго, Усявышняга.

Толькі дай, калі ласка, мне, дай
Хоць часцінку, 
             што быццам з марозу…
Я сагрэю… Ну хіба ж не рай -
Дзе пахне цыбуля мімозай!

(Пераклад Алеся Хітруна.)


САБАЧАЯ ЎДЗЯЧНАСЦЬ

У цёплых руках ён прыгрэўся
І носікам тыкаўся ў пояс,
Не ведаў, што кінуць на рэйкі
Яго пад ідучы поезд.

Вагоны, бы выгнуўшы спіны,
Гатовы падняць усе колы.
Ён падаў, як лісцік з асіны,
Траву фарбаваў на адхоне.

А сілы ў сабакі столькі!
Усё залізаў… А вось пах?
Мазутаю боль пахне толькі
На ранах адрэзаных лап.

На поезд 
        смяртэльна пакрыўджаны,
Брахаць на яго гатоў суткі…
Цяпер ён з удзячнасцю ліжа
Другому, прыгрэўшаму, рукі.

(Пераклад Алесі Бурак.)


У ВЯНОК ВІКТАРУ БАЧАРОВУ

Зноў зазвінела світанне
Вясёлкай лістоты і кветак…
Як адказаць на пытанне:
Хто ж ён, паэт наш адметны?

Смелага пэндзля мазок
На палатне ўпартым,
Каб зазвінеў каласок, --
Уздых для журбы і жартаў.

А можа, спявак-гітарыст
Мацае нервы рукою,
Каб міліцэйскі свіст
Пеў салаўём над ракою?

Ён у песні, слязе і ў сяўбе
Веснюю музыку ладзіць,
Ідзе ад сябе й да сябе,
Жыве ў неспакойным суладдзі.

Дык хто ён такі, наш паэт?
Шукаю патрэбнае слова,
Каб мой зрыфмаваны шкілет
Моцаю быў з Бачарова!

(Пераклад Міхася Мельніка.)


ГІМН ЖАНЧЫНЕ

Калі нас хвалюе прыроды краса,
Пачуцці не знаюць спачыну,
Калі ў паэзію рвецца душа -
Прычыну шукайце ў жанчыне.

Нялёгкай бывае дарога жыцця,
І сілы здаюць без прычыны,
Высот дасягае надзея твая -
Падмогаю стане жанчына.

Калі ж ад зямлі табе аж да нябёс
Паставілі помнік-вяршыню,
Не будзе ў цябе ні маршчын і ні слёз -
Маршчыністай стане жанчына.

Магчыма, сам Бог запаветы нам шле.
Штодзень помніць іх мы павінны!
Мужчыны ў Сусвеце - адзін светлы цень.
Сузор'і Сусвету - жанчыны.

(Пераклад Алесі Бурак.)


ГРАНІЦА

Стаіць на прыгорку, як вежа, сасна,
Уся зрубцавана, бы Брэсцкая крэпасць.
І плёскае ў корань ёй хваля рачная,
І правярае на моц і на смеласць.
Граніца, граніца - не толькі слупы,
Дзе герб абрамляе калоссе пшаніцы.
Яна для таго, хто не хоча стральбы,
Каб дзеці не плакалі і маладзіцы.

Граніца, граніца, адсюль я клянуся
Сэрца тваё берагчы, Беларусь!
А сэрца тваё - гэта сэрца маё,
І памяць, і кроў, як дыханне тваё.

Мы на варце стаім, сцеражом ваш спакой,
І каб над Радзімаю сонца зіхцела…
Мы ў маскхалатах ляжым пад сасной,
Забыўшы сваё паслухмянае цела.
Сціскаюцца суткі ў пакутлівы міг,
І пад рукою абойма ў запасе,
Каб з лютаю злосцю ніхто не пранік
Ні на зямлі, ні ў завоблачнай трасе.
І Гродна, і Ліда ў абдымку стаяць
У братэрстве вялікім славутага Брэста,
Сюды адпускаюць любімых рабят:
Застава для іх - гэта мужнасці месца.
Стаіць на прыгорку, як вежа, сасна,
Уся зрубцавана, як Брэсцкая крэпасць,
Няхай тут пануе спакой, цішыня.
Бо наша трываласць - зямлі роднай вернасць.

(Пераклад Ірэны Сліўко.)

***

Бровы твае - нібы крылы ў ластаўкі,
Вейкі твае - што вячэрнія цені…
Прыгалуб мяне так, як ніхто і не ласкавіў,
А я прыдрамлю на мілых каленях.

Ты раскажы пра любоў сваю ціхую.
Ускудлач валасы мне пяшчотнай рукою.
Вочы прыплюшчу… Ты чуеш, як цікае
Гадзіннік, які мы купілі з табою?

У нас няма многага… Будуць і крызісы.
Ды будзем здаволены заўтрашнім раннем.
Багаты з табою ўзаемнаю блізкасцю,
Багаты з табою ўзаемным каханнем.

(Пераклад Ірэны Сліўко.)


ДУМЫ НАСТАЎНІКА

Апошні званок празвінеў заціхаючы.
Апошнія словы і полымны баль.
Пайшлі хто куды і сябры, і таварышы.
І невядомасцю вабіць вакзал.

Настаўнік стары нахіліўся над кнігай.
Ужо не над сшыткам… Ён піша радкі.
І бачыць хлапцоў, развітаўшыхся з Лідай,
Забыўшы зусім іх грахі і грашкі.

І шэпча ў далеч, камусьці наўдзіва:
"Удачы ў жыцці! Не шкадуйце мазгоў!
Не злуйце сябе, калі хтосьці пакрыўдзіў,
І не жадайце чужых пірагоў.

Бывайце здаровымі, любыя голубы!
(Слёзы свае я схаваю ўпотай.)
Усё добра ў вас, калі вы як волаты,
Калі шчэ не знаеце тое, што потым".

(Пераклад Ірэны Сліўко.)


НЕ ХОЧА НІХТО ПАМІРАЦЬ

Няўжо толькі там, у нябёсах, нам рай?
Царкоўныя казкі, не болей!
Нікому не хочацца з нас паміраць,
Хоць мы і ў смяротным звышболі.

Вясёлкаю дні адляцелі ў зеніт,
І шчэрыцца пашча прадоння,
Сплялася з касы прыдарожных ракіт
Мне пуга з "учора" і "сёння",

Каб ёю лупіць не багоў, а сябе
За розум наш рабскі, бязволле,
Каб ворагаў нам зразумець пакрысе,
Узважыць сяброўскія ролі.

А часу няма, і не трэба ілгаць,
Што там, у ЯГО, - распрывольна…
Не хоча ніхто на зямлі паміраць,
Хоць рэжа нас боль неадольны.

(Пераклад Пятра Макарэвіча.)


СУМУЕ СКРЫПКА

Сумуе скрыпка і ціхенька плача,
Кранаю зноў гітарную струну.
А птушка за акном пяе і скача,
Яна вітае раннюю вясну.
Магчыма, так павінна быць, няйначай:
Пазнаць прыроды цяжка тайны сэнс.
А ўсё жыццё, то ўдача, то няўдача,
Не могуць зліцца ў камерны аркестр.

А скрыпачка пяе і горка плача,
Настрою зноў гітарную струну.
Няма надзеі дачакацца ўдачы,
Мо лепей захаваць ў душы вясну?

(Пераклад Яўгена Петрашэвіча.)


ЧАГОСЬЦІ НЕ ХАПАЕ

Я рад заўжды таму,
Арэ хто і лунае.
Але нутру майму
Чагосьці не хапае.

Улюбёны любы й мне,
Вітаю мора кветак,
Калі вакол свае,
Калі вясна і лета.

І ўсё-такі, чаму
Гвалтуе ўлада слова,
На шкоду усяму,
Часцей жа - бесталкова?

За што нам любы птах?
Вядома, за свабоду:
У яго нябесны шлях
На зайздрасць нам, народу.

Мне хораша й таму,
Што зло ў дабры згарае…
Ды сэрцу ўсё ж майму
Чагосьці не хапае.

(Пераклад Пятра Макарэвіча.)


БЫВАЙЦЕ

Мілыя, бывайце,
Не пацалую вас.
Я адлятаю чайкай.
Куды? Ў іканастас.

А можа быць, наверх,
Туды, дзе побач Бог,
Дзе з-пад нябесных стрэх
Спазнаю, што не змог.

Любімыя, жывіце.
Душа ў вас толькі рвецца
Для радасных адкрыццяў,
Для радасці на сэрцы.

Я воблакі ў нябессі
Паварушу ўрачыста.
Заўсёды з вамі, верце,
І з сонцам прамяністым.

(Пераклад Алеся Хітруна.)
  
  

Таццяна Сямёнава

Таццяна Іванаўна Сямёнава нарадзілася 17 сакавіка 1935 года. Скончыла сярэднюю школу ў сяле Грачоўка Арэнбургскай вобласці. У 1952-1955 гг. вучылася ў педагагічным вучылішчы ў горадзе Бузулук Арэнбургскай вобласці. Восенню 1955 года пераехала ў горад Ліду, па месцы жыхарства мужа. Працавала ў дашкольных установах выхавальніцай, затым загадчыцай. Аўтар кнігі паэзіі "Осенний вальс".


  
  МУДРАСЦЬ

Мудрасць - не прафесія людская
І не сівізна на галаве.
Нават доўгае жыццё таксама
Мудрасці амаль не прыдае.

Мудрасць - гэта любячае сэрца,
Розум і пяшчотнасць у вачах,
Рукі міласэрныя, як сонца,
Добрая, спагадная душа.

Мудрасць у суладнасці з сусветам,
Цёплыя адносіны, лагоднасць,
Дапамога ў свой час і пры гэтым
Беражлівая ў парадах годнасць.

У мудрасці - духоўнае багацце,
Не імкнецца пры раскошы жыць.
Дружалюбнае мацуе брацтва,
Усенародным скарбам даражыць.

(Пераклад Алесі Бурак.)


ГІМН ДАБРУ

Жывуць на свеце зло з дабром,
Ды не сябруюць між сабой.
Узнагародай нам дабро,
А зло нясе разлад і боль.

Дабро нам шчодра памагае,
А зло, як на жалезе ржа,
Шчасце-долю разбурае
Яго нікчэмная душа.

Дабро выгоды не шукае:
Яно патрэбна нам усім…
Хай уладарна працвітае
Ў людскіх учынках і ў душы!

Дабро ратуе чалавека
Ад злыбяды і ад нягод.
Няхай жыве ад веку ў векі
На сушы і прасторы вод!

(Пераклад Алесі Бурак.)


ЛЮБІМАЯ ЛІДА

Па гораду квяцістаму, святочнаму і чыстаму
З асобай асалодаю іду ад краю ў край.
Тут тратуары новыя, палатачкі гандлёвыя
Таварамі запоўнены, што хочаш - выбірай!

Фігурачкі скульптурныя, не ўсе мініяцюрныя
Мой горад упрыгожылі, удзячны мы тварцу,
А я схіляю голаву ля абеліска новага
І воінам праслаўленым, і кожнаму байцу.

Лідзянамі любімыя рака, азёры сінія,
У ізумруднай зелені схаваны берагі.
Сюды суботу кожную картэжы едуць важныя,
Вязуць нявест, спяшаюцца ў часе дарагім.

Ля берага высокага клянуцца хлопцы-сокалы,
Што на руках любімую насіць будуць, кахаць.
Замочак замыкаецца, ключ у ваду кідаецца,
Каб сям'ю шчаслівую не змог ніхто разняць.

Завуць фантаны модныя сваёю прахалодаю,
Струменьчыкі крыштальныя на сонейку гараць.
Усё, што намі створана, лідзянам дорым з гонарам,
А ім той дар з удзячнасцю цаніць і прымнажаць.

(Пераклад Алесі Бурак.)


БЕЛАРУСІ

Беларусь - ты дабрыня святая,
Стала ты радзімай для мяне,
Мудрая, надзейная такая,
Абаронца і браня ўдвайне.

Нізка табе ў пояс пакланюся:
Ты - мой лёс, мой свет, мая радня.
Шчасце сярод браццяў-беларусаў,
Радасць працы, долю я знайшла.

(Пераклад Алесі Бурак.)
 
  
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX