Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Уладзімір Васько 


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




ВОДПАВЕДЗЬ

Апавяданне

Скрундзь, калі не лічыць ката, жыве на хутары адзін. Яму ўжо пяцьдзесят два гады і варта было б прыдбаць жонку, якая варыла б яму ўсялякія стравы, мыла б кашулі і бялізну і разам спала б на адным ложку. Але дзе яе ўзяць? У бліжэйшых вёсках прыдатнай для сябе адзінокай жанчыны ён не знайшоў. У горадзе іх, канешне, хапае. Ці не пахіліцца ў райцэнтр? У Лідзе ён некалі працаваў і многіх ведае, а нядаўна, знаходзячыся на рынку і сустрэўшыся там са сваім былым напарнікам па рабоце, дазнаўся ад яго, што ў былым кінатэатры "Кастрычнік" па суботах праходзяць вечары для тых, каму ўжо за трыццаць.

У адзін з выхадных Скрундзь і падаўся ў горад. Пакуль звечарэла пахадзіў па вуліцах, па крамах, а калі ў вокнах "Кастрычніка" засвяціліся агні, пакіраваў туды. Перад гэтым, для храбрасці, кульнуў стаграмовую бутэлечку бальзама, узбадзёрыўся, павесялеў. І як толькі ўвайшоў ў танцавальную залу, адразу як навічок звярнуў на сябе ўвагу жанчын. А былі тут усялякія: і тыя, каму ўжо каля сарака, і тыя, каму ўжо за семдзесят. Скрундзь пэўны час стаяў і аглядаў публіку, прыкідваючы каго запрасіць на танец. Яму кінулася ў вочы адна самая маладая і самая прыгожая брунетка са ўзбітай, як капа сена, прычоскай. Яна таксама шчодра залыпала ў яго бок іскрыстымі вачыма.

Зайграла музыка. Ён ляўшою расправіў вусы і цераз усю залу пакіраваў да яе. А чаго там губляцца? Няхай бачаць, што ён, Скрундзь, не з труслівага дзесятка. Пад час танцу ён без ўсялякай падрыхтоўкі і запытаў:

- Як вас зваць?

- Таня. А вас?

- Скрундзь. Ай, не. Скрундзь - гэта прозвішча. А зваць мяне Мацей.

Пасля танцу Мацей прывёў Таню на тое самае месца, дзе яна стаяла. І не адыходзіўся ад яе. Ды і яна сваімі далікатнымі цёплымі размовамі трымала яго каля сябе, як на прывязі. Старыя дзевы і ўдовы зайздросцілі Тані. Як яна з першага вечара заваявала такога элегантнага кавалера? Па заканчэнні вечара Таня і Скрундзь разам выйшлі на вуліцу.

- Я жыву на хутары, - прызнаўся ён. - Аўтобус у наш бок ужо не пойдзе. А мне няма дзе начаваць…

- Бедненькі… Не гаруй, пераначуеш у мяне. Толькі спаць будзем на розных ложках.

- Воля твая.

Падняліся на чацвёрты паверх дома, які стаяў не так і далёка ад "Кастрычніка". У кватэры не тое, што быў беспарадак, тут проста царыў вэрхал. Па ложках, па крэслах, на падлозе валяліся нейкія старыя лахманы, абутак.

- Гэта не мая кватэра, - паспяшыла апраўдацца Таня. - Тут жыла мая сяброўка, але яе пасадзілі нядаўна ў турму. Перад ад'ездам яна аддала мне ключы і папрасіла назіраць за яе дабром. Прабач, я зараз сёе-тое прыбяру.

Яна хутка пасхоплівала адусюль заношанае адзенне, абутак і перанесла ўсё ў суседні пакой.

- Як ты глядзіш на тое, калі мы па кілішку вып'ем чаго-небудзь мацнейшага за чай? - запытаў Мацей.

- Станоўча, - адказала Таня.

- Тады я збегаю ў "Ластаўку" і куплю бутэльку "чарніла". А закуска ёсць?

- Вазьмі і закускі. Хоць ліверкі.

У магазіне ён доўга не бавіўся і даволі хутка вярнуўся назад. І калі на стол паставіў бутэльку 0,7 "чарніла", Таня павесялела. А тут яшчэ поруч паклаў абадок ліверкі і паўбаханкі хлеба. Што яшчэ для пачатку трэба? Чокнуліся, прыгубілі смярдзючую атруту. Гамана ажывілася. Мацей у роспыты асабліва не лез: не хацеў быць назойлівым. Так, размаўлялі абы пра што ды ўсміхаліся адзін аднаму. Пасля ляглі спаць на розных ложках. Мацей, паварушыўшыся, не гучна кашлянуў у жменю, загаварыў:

- А можа перайсці ўсё-такі да цябе?

- Зараз. Толькі памкніся - адразу выстаўлю за дзверы, як міленькага.

Ён замаўчаў і неўзабаве заснуў. А раніцай прапанаваў ёй паехаць на хутар і там застацца жыць разам з ім. Гэта яе заінтрыгавала. Але сваю згоду яна выказала не адразу.

- А як жа гэтае дабро? - прамовіла Таня. - Яго могуць зладзеі раскрасці. Што я тады скажу сяброўцы?

- Каму гэтыя лахманы патрэбныя. Іх ні адзін чалавек задарам не возьме. Ды і мы калі-нікалі будзем наведвацца сюды.

Праходзячы каля "Еўраопта", ён папрасіў Таню пачакаць, а сам забег у магазін, каб купіць пяць буханак хлеба і кавалак сала.

- У мяне дома ёсць сушаныя грыбы, наварым супу, заскварым салам, - прымовіў ён, калі выйшаў на вуліцу. - Во будзе смаката!

Дома Мацей, сапраўды, не ўпаў тварам у гразь. Уключыў газавую плітку, паставіў на яе немалы чыгун з вадой, укінуў некалькі жменяў грыбоў…

- А цяпер ідзем, я пакажу табе свае ўладанні, - звярнуўся ён да Тані. - Грыбы няхай варацца.

Праз другія, супрацьлеглыя веснічкі яны выйшлі з двара на прастор.

- Вось, бачыш, возера. У ім рыба проста кішыць. А з трох бакоў яго акаймоўвае лес. У лесе водзяцца дзікія вепрукі, ласі, казулі, вавёркі, куніцы - усякая дзічына. Вось каб дзе ружжо раздабыць. Восенню я бы застрэліў вепрука. На ўсю зіму хапіла б сала і мяса.

- А дзе ты тое ружжо дастанеш? Яно ж не валяецца пад плотам.

- А ты ўкрадзі ў каго-небудзь.

- Зараз. Я ўжо тры гады сядзела за кражу. Хочаш, каб яшчэ на тры гады пасадзілі.

Ішла другая палавіна красавіка. Дзень быў цёплы і сонечны. Нераставала рыба. На вярбе распушыліся жаўтавата-белыя коцікі.

- Мы рыбу ловім разам з кошкаю, - пахваліўся Мацей. - Хочаш я табе пакажу, як яна ловіць?

- Давай.

- Хомця, Хомця, Хомця! Ідзі сюды, - паклікаў Мацей.

І кошка тут жа прыбегла. Каля берага, выціскаючы ікру, церліся аб мінулагоднюю азёрную траву і пясок плоткі.

- А ну, Хомця, цап-царап яе.

І кошка, як на мыш, накінулася на адну з плотак. Злавіла і ў зубах прынесла да Мацея, паклала каля яго ног. Дзесяць рыбін Мацей забірае сабе, астатнія дазваляе есці Хомці.

- Дык у цябе ж тут рай! - захаплялася наваколлем Таня.

- Лепш, чым рай,- задаволена адказаў Мацей.

Яна стаяла і любавалася лесам, возерам, удзячнымі вачыма глядзела на Мацея, пакуль той не прамовіў:

- Пайшлі, ужо нейдзе суп закіпеў. Хомця і адна справіцца з рыбай.

У чыгунку, і сапраўды, вуркатала. Мацей зрабіў меншы агеньчык, каб не перла варыва цераз край, і яны зноў выйшлі на двор. Гаспадар паказваў Тані хлявы, свіран, дрывотню, садок. Усё ёй тут было да спадобы. І, здавалася, Мацей неблагі характарам. Так здатна пра ўсё апавядае, усміхаецца, хоць да раны прыкладвай.

- А сабаку не трымаеш?

- Я не люблю сабак.

- Пры лесе не перашкодзіла б мець. Ад зладзеяў абарона.

- От, разумных сабак зараз няма, а трымаць якога дурня, каб усю ноч на месяц брахаў, не хачу.

Калі грыбны суп быў гатовы, Мацей заскварыў яго дробнымі кавалачкамі сала, падсмажанага разам з цыбуляй, даў крыху астыць і наліў у дзве міскі - адну падсунуў да Тані, другую да сябе. Духмяны пах стравы напоўніў веранду, залу, разліўся па двары. Як толькі Таня высербала суп, задаволеная, прамовіла:

- А ты падобны на Сталіна. Такія ж вусы, твар.

- Многія так кажуць. А ў Ваверцы і Рулевічах некаторыя пляткараць, што я сын Васіля Сталіна, бо той служыў у Лідзе палкоўнікам на аэрадроме. Але кажуць, што я падобны не на Васю, а на яго бацьку Іосіфа. Аднак, як я мог быць сынам Васіля, калі мяне падчас яго службы ў Лідзе на свеце яшчэ не было. Глупства. Не вер гэтаму.

- Але ты, сапраўды, падобны на старога Сталіна.

- Мала што.

Пасля абеду яны зноў прагуляліся вакол возера, пастаялі пад старым дубам.

… Таня засталася жыць у Мацея.

У цэлым гэты год і два наступныя склаліся для іх няблага. Яны за лета і восень на ягадах і грыбах зараблялі добрыя грошы, якіх хапіла да наступнага ўраджаю дароў лесу. Да таго ж было нямала садавіны, гародніны, рыба не зводзілася ні на дзень. А вось чацвёрты год выпаў для іх няўдачным. Ураджай на ягады і грыбы аказаўся слабым - і грошай у іх хапіла толькі да Новага года.

Мацей пайшоў у кантору СВК "Світанак", каб убачыць старшыню гаспадаркі ці заатэхніка і папрасіцца ў іх прыняць яго вартаўніком на ферму, бо цяжкай работы ён выконваць не мог: перашкаджала грыжа. Але заатэхнік, які трапіўся яму на вочы, сказаў, што месца вартаўніка занятае, а вось вакансія даяркі ёсць, і што калі твая Таня хоча працаваць даяркай, дык няхай хоць заўтра выходзіць на работу.

Мацей угаварыў Таню, і яна, хоць і буркаючы, пайшла на ферму. А назаўтра забіла ў хамут:

- Не пайду я больш туды. Там смярдзіць гноем, каровы мукаюць, быкі равуць. Я іх баюся.

- Нікуды не дзенешся. Калі хочаш жыць, трэба працаваць.

- Я сказала не пайду! І ўсё!

- Лайдачка! На маю шыю ўзабралася?! Хуценька збірайся - і ў дарогу.

- І не думаю!

- Ах, так?!

Ён расперазаў дзягу, ухапіў Таню леваю рукою за каўнер, а праваю з дзягай давай сцягаць па плячах, па мяккім месцы, па нагах. І пры кожным удары паўтараў:

- Ідзі на ферму! Ідзі на ферму! Ідзі на ферму!

А яна адказвала:

- Не пайду! Не пайду!

І так яны тузаліся з паўгадзіны.

Пасля Таня неяк выкруцілася з яго рук, адбеглася да парога і моцна выгукнула:

- Цьфу на цябе і на твой хутар, Мацюша ты недапечаны! Я паеду ў Ліду і больш сюды і носа не пакажу!...

ЗАВІТОК

Апавяданне

Жаўтавата-чырвонае кляновае лісце ў перамежку з ліпавым, зблытаннымі касякамі і ў адзіночку ападала з дрэў, якія растуць уздоўж вуліцы Ажэшкі. Не халодны яшчэ і не вельмі рэзкі вераснёўскі вецер разганяў яго ва ўсе бакі, даносячы да сцен педагагічнага ўніверсітэта.

Каля вялізнага акна ў прыгожай салатавай сукенцы, з кароткімі рукавамі, сядзіць студэнтка Ірына Дуліна. Яна не запісвае лекцыі па гісторыі старажытнай Грэцыі прафесара Чыжыка, а ўсё кідае позіркі то на мільгаючае лісце, то на аўдыторыю, у якой сцішана сядзяць яе аднакурснікі. Прычоска ў Дулінай, як перакаці-поле, і формай і колерам. Іншай да яе дробнага бялявага тварыка немагчыма і прыдумаць. Паводзіны Ірыны нагадваюць паводзіны вавёркі: такія ж хуткія рухі, так жа дапытліва стрыкае яна сваімі імгненнымі позіркамі. А вавёрка, паглядзіце, хіба не так: убачыць унізе пад дрэвам грыбніка, абстраляе, абстраляе яго сваімі маленькімі пільнымі вачанятамі і, скачучы з галінкі на галінку, аглядаючыся, уцякае прэч, хоць грыбнік і не збіраецца яе даганяць.

Ірына разам з маці, якая не ўжылася ў Барнавуле са сваім мужам, прыехалі ў Гродна. Яны абмяняліся кватэрамі. А тут як раз на трэцім курсе філфака знайшлося вольнае месца: выключылі аднаго студэнта за непаспяховасць, бясконцыя пропускі заняткаў, прыхільнасць да алкаголю. У групе (на рускім аддзяленні) яе добра прынялі хлопцы і дзяўчаты за шчыры характар, знешні выгляд, уменне падтрымліваць размову. А Дубок, лірычнага складу хлопец, умеру танклявы, адразу і паклаў на яе вока.

Аднойчы ў актавай зале ўніверсітэта выступала з канцэртам нейкая вядомая маскоўская "зорка". Памяшканне было запоўнена студэнтамі, выкладчыкамі. Некаторыя нават стаялі на лаўках, пастаўленых ззаду за крэсламі. Але і на іх не было месца. Толькі каля Паўла Дубка яшчэ можна было ўціснуцца. Ірына, праходзячы збоч, спынілася насупраць і папрасілася дапамагчы ёй узабрацца на лаўку. Дубок узяў яе за рахманую маленькую ручку і пацягнуў на сябе. Ірына спрытна ўскочыла на лаўку і павярнулася тварам да сцэны. Узрушаныя блізкасцю яны стаялі, шчыльна сціснутыя першакурснікамі, і не вельмі захапляліся канцэртам. Голас спявачкі, і праўда, быў слабаваты, глухаваты, не выразны, што цяжка ўдавалася разабраць і некаторыя словы песні. Яна брала публіку сваімі выкрунтасамі і аголенымі нагамі.

Пасля канцэрту ўсе хлынулі ў раздзявалку, і Дубок, які меў намер праводзіць Ірыну дадому, згубіў яе недзе ў натоўпе. Затое на наступны дзень ён прапанаваў ёй схадзіць разам у кіно. Яна пагадзілася. Дэманстраваўся індыйскі фільм, у якім даволі здатна танцавалі і спявалі кудлаты хлопец і прыгожая, з падведзенымі бровамі, дзяўчына. Артыст, напэўна, уразіў Ірыну, бо пераходзячы цераз мост над Нёманам, яна без усялякае на тое прычыны, паварушыла слых Дубка:

- Мне падабаюцца хлопцы, у якіх на лоб спадае пакручасты завіток, як у гэтага індыйскага артыста.

- Але ж у мяне завітка няма, - расчаравана сказаў Павел, - у мяне валасы прамыя…

Яна прамаўчала і толькі скупа ўсміхнулася. Размова міжвольна пераключылася на новую тэму.

- Бачыш, - прамовіў Дубок, - вунь Каложская царква, а за ёю новы парк. Мы туды з хлопцамі ходзім рыхтавацца да летняй сесіі, загараем.

- Я ні разу там не была, але адсюль мне падаецца, што нічога цікавага там няма.

- Для мяне вельмі прывабная мясціна. Ты проста не можаш яшчэ адыйсці ад свайго Барнавула.

Яна насмешліва глянула на хлопца і выцяла:

- Магчыма і так.

Ён узяў яе за руку і не адпускаў аж пакуль не дайшлі да самага яе дома. Каля пад'езда доўга не стаялі: чаго там, заўтра ўсё роўна ўдасца ўбачыцца.

Аднойчы на вялікім перапынку Дубок, ведаючы ў сабе задаткі мастака, узяў кавалачак крэйды і пачаў маляваць на дошцы партрэты сваіх аднакурснікаў. Першай намаляваў Ірыну.

- Хто? - пытае, павярнуўшыся да аудыторыі.

- Дуліна!!!

Падабенства было бяспрэчным.

Ірыну ўсцешыла, што Павел пачаў менавіта з яе, ды і на партрэце яна аказалася прыгажэйшай, чым наяве.

Яшчэ калі-нікалі яны хадзілі разам у кіно, гулялі па горадзе.

Аднойчы Дуліна прыйшла на танцы, якія былі арганізаваны суботнім вечарам ва ўніверсітэце, з незнаёмым хлопцам. Падвяла яго да групы аднакурснікаў і кажа:

- Няхай пабудзе з вамі. Ваня яго зваць. Я на хвілінку адлучуся.

- Няхай сабе…

Студэнты паглядзелі на яго, як на іншароднае цела, і не сталі ўступаць у размову. Ён таксама маўчаў. Дубок паспрабаваў загаварыць - усё ж такі сапернік:

- Ну, як падабаюцца табе нашы дзяўчаты?

- Так сабе…

- Але ж у Ірыну, мусіць, закахаўся?

- Не ведаю… Ходзім.

Выгляд у Вані быў пакамечаны. Аднак на плоскі лоб звісала вузкая, пакручастая пасма валасоў, завіток, які, напэўна, і прывабіў Дуліну.

Неўзабаве прыйшла і яна сама, спрытна ўзяла Ваньку пад руку і ганарліва адвяла ў супрацьлеглы бок залы.

- Ну што, павесіла бараду? - кпілі сябры над Дубком.

- Яшчэ якую! Вострым клінам, як у старога казаха.

- Нічога. Перажывеш…

Усё ж апошняя кропка ў іх адносінах яшчэ не была пастаўлена. І вось на чарговай лекцыі, калі пажылы выкладчык рускай літаратуры Васілік зачытваў доўгую цытату з Бялінскага, Ірына крадком цераз Кацю, якая сядзела на адным радзе з Дубком, перадала запіску. Дубок разгарнуў лісцік і прачытаў: "Павел, ты самы добры, самы разумны, самы мілы ў групе, але я ніколі не назаву цябе каханым. Іра".

Дубок паглядзеў на Дуліну, пакруціў пальцам каля правай скроні. Пасля ўзяў аўтаручку, унізе пад яе тэкстам напісаў "Дура" і перадаў паперку праз суседку…

Гады праляцелі, як журавы ў небе. Раз'ехаліся выпускнікі па месцах сваёй працы. Дубка накіравалі ў Ліду, Дуліна засталася ў Гродне: на пятым курсе яна выйшла замуж за Ваньку, гэта і сталася прычынай, каб не адпраўляць яе ў вёску, ці райцэнтр.

… Неяк на пачатку восені Дуліна прыехала ў Ліду, заглянула ў школу, у якой Дубок працаваў дырэктарам. Ціха пастукала ў дзверы, увайшла ў яго кабінет, сціпла прывіталася.

- А, Іра, - Павел Іванавіч падняўся са свайго месца. - Як даўно мы з табой не бачыліся!

- Больш за дзесяць гадоў…

- Змянілася ты, папаўнела. Стала дароднай жанчынай. Ну як жыццё, сямейнае шчасце?

- Я самы няшчасны чалавек у свеце.

- Чаго так?

- Не клеіцца ў мяне жыццё з Ванькам. Ён храпе па начах, ад яго пастаянна патыхае перагарам. У нас няма нічога агульнага.

- Вось як!.. Ну а завіток на яго лбе пакуль трымаецца?

- Дзе там!.. Ванька ўвесь аблысеў. І толькі на самым нізе патыліцы застаўся нейкі сівы жмук.

- Шкада… А такі быў хлопец!..

- Не смейся нада мною.

- Я не смяюся. Мне, сапраўды, шкада твайго мужа, што так перайначыўся.

- Бог адабраў у мяне на той час розум.

- Усе мы ў маладосці памыляемся. Не ты першая, не ты апошняя.

- Разводзься са сваёй жонкай, а я развядуся з Ванькам, і мы зноў злучым свае лёсы.

- Ну, гэта ўжо залішне. У мяне растуць дзеці - сын і дачка, я кахаю сваю жонку і вельмі задаволены ёю. Мы шчаслівыя, і ў ніякіх пераменах не маем патрэбы. А ці помніш, якую тлустую кропку ты паставіла на нашых адносінах ва ўніверсітэце? Я не забыў пра гэта…

- Прабач…

- Але яшчэ і да тае кропкі я закахаўся ў першакурсніцу Зіну Весялоўскую. Аднойчы мы пайшлі з ёю ў поле, прагульваліся каля жыта, у якім толькі-толькі з'явіліся першыя васількі. Яна нарвала іх, спляла вянок і надзела сабе на галаву. Стала яшчэ больш прыгажэйшай. А яе васільковыя вочы засвяціліся такімі добрымі, чыстымі агеньчыкамі, што я аж уздрыгануўся. Русавалосы цуд! Я тады падумаў: "Вось каб яна напісала такую запіску, як ты, то я, напэўна, не вытрымаў бы". Два гады чакаў я, пакуль яна не скончыць універсітэт. Ні да кога не заляцаўся. Пасля мы пажаніліся і сталі самымі шчаслівымі людзьмі. Яна зараз на ўроку ў гэтай школе. Хочаш, паклічу яе? Паглядзіш…

- Не трэба. Я не раз бачыла вас ва ўніверсітэце і ў горадзе. Раўнавала.

- Няпраўда. Я не прыкмячаў гэтага…

Дубок правёў Дуліну на вуліцу, пастаялі крыху, пагаманілі.

Дрэвы былі яшчэ зялёнымі, але асобныя лісцікі пажаўцелі і ціха ападалі долу, аздабляючы прышкольны двор. Яны напомнілі Паўлу тую студэнцкую восень, калі Ірына сядзела каля акна і люба-валася мільгаўшым у паветры лісцем.

- Няшчасная я, - у каторы раз паўтарыла Дуліна.

Дубок яе супакоіў:

- Я прачытаў у "Медыцынскай газеце" артыкул, у якім распавядалася пра шырокае апытванне псіхолагамі людзей адносна сямейнага жыцця, дык высветлілася, што з тысячы чалавек толькі адзін шчаслівы. Так што ты не адзінокая ў гэтым родзе…

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX