Вярнуцца: ПРОЗА

Мікола Шаўчэнка


Аўтар: Шаўчэнка Мікола,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Мікола Шаўчэнка нарадзіўся у Лідзе, у 1965 годзе, у лепшых з бацькоў: Барыса Міколіна з Шаўчэнкаў і Людмілы Осіпавай з Хітруноў.

Вучыўся у першай школе, ГрДУ на гістфаку.

Працуе на дзвюх працах, займаецца гістарычнымі баямі, праводзіў рыцарскія фэсты у на-шым кастэле.

Заснавальнік клюба гістарычнай рэканструкцыі Dies Magna (Дзень Велічы). Адшукаў і літаратурна апрацаваў паданне аб пакінутых латніках.

Творы свае прысвячае каханай, сястрычцы сваёй, дзецям сваім.

ПРА ВОЛАТАЎ І СКАМАНТА

Было гэта ў часы, калі сярод людзей жылі волаты, якія баранілі край наш, разам са слугамі збройнымі з суліцамі, на хуткіх конях.

Баранілі асілкі дубы святыя, ды звычаі Рода. І ніхто не прыбягаў сюды рабаваць. Ні ледзяне, ні ўрмане, бо ведалі моц волатаў.

І быў князем тады Скамант, сквапны і жорсткі. Прамовіў ён да людзей:

- Няма ворагаў, няма вайны, а колькі ежы на волатаў выдаткуеце??!!.. А колькі скуры на абутак, на адзенне??!!…А піва-та, піва колькі выпіваюць?! Калі я вас бараніць буду - у тры разы меней браць буду. За абарону, каб войска карміць…

Падумалі людзі…. і пагадзілісь. Дурныя, бо.

Пайшлі да волатаў і кажуць:

- Не патрэбны - ідзіце прэч.

Цяжка ўздыхнулі асілкі, абразіліся… Але любілі Край і людзей, болей за ўсё. І вырашылі: сыходзіць - не будуць. А зробяць - хто ў дубы перакінецца, хто, віпіўшы сонных зёлак, паляжа спаць… І наказалі, калі патрэба якая будзе, то будзіць словамі моцнымі і травой-кветачкай роснай. Словы князю Скаманту і ваярам яго пакінулі.

І паснулі. Вецер пылам-зямлёй прысыпае, лісцем - хвояй засыпае. Курганы ўтварылісь, некаторыя мо ў 40 крокаў. Спяць волаты, чакаюць, што паклічуць Край бараніць.

А словы і зёлкі Скамант схаваў у нетрах возера патаемнага.

Прайшоў час, пачаў збіраць з сахі сам-тры, болей за волатаў. Сквапны. Бессаромны.

А маці Скаманта плакала, гледзячы на брыдоты сына, шкада-вала; ад слёз утварылася рэчка, што пабегла да горада, які на плёсе быў. А на сэрцы камень вялікі стварыўся ў яе…

Плакала маці, аж да скону сына свайго, а як той сканаў, сама ў вырай адышла, а камень з душы пляснуўся, пабіўся, аскепкі аж да Лідзейкі, на бераг перад горадам вынесла. І назвалі людзі рэчку Скаманкай, а з часам, калі забыліся пра Скаманта, па вялікіх камянях (якое дзіва на дрыгве!! камяні вялікія!!) - Каменкай.

А камяні тыя адны кажуць: дрыгвой засмактала, другія: Лідзейка, крэўны Гедзіміна, на замак аднёс.

ПРА ДАЙНАВУ І ЛІТВУ

Прыйшла на Дайнаву, якая жыла вакол Радуньскай пушчы, дзе патаемныя брамы ў вырай - Літва. Прыйшла жыць. Было гэта ў часы, калі адны абіралі сабе святароў, а другія Роду вядуноў прысвячалі і ў дуброве святой вывучалі. Прыйшла Літва, бо ціснулі іх на радзіме, дзе на востраве храм іх галоўны, як і Дайнавы. Ціснулі з ўсіх бакоў і свеі з урманамі, ляхі з багемамі, а найболей - швабы з саксамі, ды і паміж самой лютвы не было ладу, каб адбіцца. То яны, лютва, і пайшлі жыць на ўсход, дзе кроўныя жылі - дэйвы, роду аднога, але звычаяў розных. Дэйвы - гандлявалі, багацця ў іх было - не выказаць. А лютва - ваўкі-перавертні, дзёрзкія і жорсткія, на вайне народжанныя, у бойцы спавітыя, крывёю ўскормленыя. Славілі яны болей за ўсіх Святавіта і каня яго. А дэйвы-дайнавы змею каранаванаму, Азу, галовы схілялі, пошт яго, свістуноў-жывойтаў малаком частавалі. А коні змей не паважаюць. Баяцца і забіць таму іх спрабуюць. Вось і тут, конь на свістуна наскочыў, дайнава на каня, лютва на дайнаву. Вайна ў хаце!!! Гвалт!! Зачынілася дайнава ў сваім горадзе на высокім беразе, а люты, ваўкі-перавертні ў аблогу іх ўзялі. Кажуць: "Многа вас, а месца - малое. Ежа скончыцца, вы нам паклоніцеся, долю для сябе кленчачы". Тыдзень прайшоў. Сядзіць дайнава сабе за забралам, песні пяюць, і відавочна тлусцеюць. Бо па гандлёвай справе не бегаюць, сядзяць. Другі тыдзень прайшоў. Літва на прыступ не ідзе, няма дурных, б'ецца дайнаўскае адроддзе моцна, сілы ў іх паболела, бо сядзяць, адпачываючы. І выхваляюцца перад Літвой, штодня па сорак кашоў выстаўляючы, прапануючы: "Сілкуйцеся!!" Здзек і сорам лютам! І вырашылі люты даведацца адкуль столькі ежы. Быў у іх, Літвы, князеў сын, ад маці-дайнаўкі народжаны. Ён і перабег да Дайнавы, кажучы: "Бачу, багі з вамі і матуліны песні ў вушах маіх". Перабег, падмануў і наглядае і бачыць: штодня, падвячоркам, з'яўляецца побач з калодежамі ВУЖ у княскай шапцы і свістуны вакол яго. Людзі свае галовы схіляюць, свістуноў лашчаць, рыбай частуюць, малако ў глякі ліюць. А Вуж на гэта глядзіць, усміхаючыся, а пасля, вакол калодзежаў у чатыры колы па сонцу абягае. І знікае. А старэйшыя з Дайнавы падыходзяць да калодзежаў і пачынаюць чэрпаць: з аднога малако, а з другога - рыбу ўсялякую, але вугроў - найболей. А людзі ядуць гэта аж да няхочу. А здзіўленаму княжычу тлумачаць: "Дамова ў нас, мы іх паважаем, частуем, а яны нас - кормяць, зерне, жыта на раллі - сам дзесяць родзіць, быдла па трое прыносіць, а кабылы, шкада, толькі па два жарабяці. Мы Змею дзякуем і павагу яму складаем і будзе так!" Княжы сын прыдумаў нядобрае: Змей абразіцца, калі яго кроўных пакрыўдзяць. Задумаў і зрабіў! Як свістуны выпаўзлі, абвяшчаючы надыход Вужа-Князя, то на хвост іх і наступіў. Заплакалі жывойты і пайшлі да свайго Князя скардзіцца: "Дайнавы пакрыўдзілі нас!" Абразіўся Аз - Змей каранаваны, да людзей не з'яўляецца, у калодзежах - таксама нічога, толькі вада, а ёю - не наясіся! Дзень, другі, трэці - няма нічога! Пачала Дайнава пасы сцягваць, нязвыкла не есці. "Як жыць надалей?" - самі ў сябе пытаюць. А тут яшчэ Літва за гародняй зубы кажа, здзекі складае: "Ці пад'елі вы сёння? Давайце недаедкі, бо нашым свінням есці няма чаго! Недаедкі давай, па звычаю!" Вырашыла Дайнава кленчыць да Вужа. Але ж і лютва - укленчыла! Бо княжы сын ім употай усё распавёў. І з'явіўся Аз, Князь вужыны каранаваны. Перад брамай места і з'явіўся, звярнуўся да дайнавы з лютвою:

- Каторыя з вас маіх малых кроўных пакрыўдзілі? Кажыце без хлусні, бо бачу яе, а як убачу - пакараю!

- Яны! - на Літву дэйвы кажуць!

- Яны! - на Дайнаву - Літва.

І бачыць Аз, Вуж каранаваны - не хлусяць! Як так можна? Прыглядзеўся і пачуў пах крыві княжыча, які да абодвух радоў належаў. І кажа Вуж:

- Злыя вы! Кроўных ледзь не пазабівалі! Род пакрыўдзілі, не будзе вам ад яго ежы, як раней, самі надалей здабывайце! Але пакуль вы разам - багатыя будзеце, ежу - набудзеце. Як сказаў, так і зрабіў. Пачалі дэйвы і лютва разам жыць, моцныя і заможныя былі, толькі праз нейкі час перасварыліся людзі на нашай зямлі. І блага ў Краі стала. Так заўсёды, калі няма ладу ў хаце - хата занядбае і, нават, зруйнавацца ці згарэць можа. І не стане ў народа свайго кута, і знікне народ. А ў хаце сваёй - і звычаі свае, і цёпла ў хаце ад любові ўзаемнай. Адна ў нас хата, даражэнькія!

ПРА ШАЙБАКА

Было гэта ў часы, калі Лiта - Лiда была драўляным местам на высокiм беразе.

Прыйшлі на зямлю нашу ворагi - татары, якія ўжо абрабавалi ўвесь поўдзень.

Iшлi яны, татары, да горада галоўнага крыжакаў на поўнач, цягнулi за сабой нарабаванае: тры вазы золата, тры срэбра, тры скарбаў, каменняў, тры павалок. У крыжакаў спадзявалiся яшчэ па возу ўзяць усяго.

На шляху да войска, што было ўжо за два пераходы ад Ліды, у бары-дубраве старажытнай выпаўз насустрач Змей незвычайны, крокаў мо ў дзесяць даўжынёй, з чалавека таўшчынёй, i вочы ў яго - чалавечыя, на галаве ў яго - княжая шапка з каронай.

Выпаўз, iсцi наперад замiнае, глядзiць кожнаму ў вочы - бо чароўны погляд у яго.

Вецер у твары ваярам дзьмухнуў, ажно некаторыя пападалi.

Хан татараў - Шайбак крычыць, наперад гонiць, а конi не iдуць. Загадаў з лукаў забiць пачвару, стрэлаў гару насыпалi - нiводная не патрапiла.

Змей засмяяўся і знiк, войска - наперад, а тут з лесу, з травы змеi з'явiлiся, конi скачуць, падаюць, людзi шалеюць, конi ад людзей пабеглі, людзi за iмi, а з лесу - ваўкi зграямi, аднаго-другога схопяць, пацягнуць, трох-чатырох пашматкаюць i знiкаюць. I так увесь дзень. I вечар. I ноч да ранiцы. А ранiцай на ўсходзе пад крыжом Ярылы-Святавiта людзi з лесу выйшлi і пачалi забiваць. З крывавага кола адзiн з дзесяцi татарынаў выскачыў, у каго конi лепшыя, разам з Шайбак-ханам. Па сцежкам ратуюцца.

А людзi-люты, перакінуліся ў ваўкоў i за iмi, але чамусьці не кранаюць. Зразумеў хан Шайбак: "У пастку гоняць." Але што рабіць, смерць - вось яна на хвасце, а што наперадзе - невядома.

Але ж сталі тут коні татарскія, бо Вуж - Аз з'явіўся ў атачэнні пошта свістуноў.

Хан вішчыць: "Забіце!" А людзі - як і коні, у слупы пера-тва-рыліся. Нацэліўся Шайбак, стрэліў з лука, але страла вакол Вужа абляцела і ў вока Шайбаку пацэліла. І памёр хан, сканаў, як звер, бо як звер па зямлі скакаў, гарады і народ рэзаў.

І ціха ў лесе.

Заварушыліся, агледзеліся, а цела Шайбакова не пахаваць - знікла, і скарбы зніклі.

Пакінулі на месцы, дзе загінуў хан, камень са знакамі і рушылі на поўдзень. А пад Лідай ізноў Вужа Аза сустрэлі, ды забітага хана перад ім. І голас пачулі: "Пахавайце і заставайцесь, будзеце шкоду адрабляць, хто не застанецца - пашкадуе".

Пахавалі і засталіся.

І баранілі зямлю, на якой працавалі, Літву - айчыну. Добрыя, чыстыя, працавітыя людзі. А ваяры, якія мужныя, пашукаць такіх, амаль не знойдзеш.

А скарбы - і золата, і срэбра, і камяні зніклі.

Кажуць, вуж схаваў, каб кроў з іх спарахнела.

А калі не будзе крыві на іх, то ліцвіны іх і знойдуць, калі для Краю спатрэбіцца.

А калі сабе шукаць - не знойдзеш. Калі пашанцуе. А калі не - з Азам сустрэнешся.

ЯК ЛЮДЗІ ЗАМАК БУДАВАЛІ

Загадаў Князь замак будаваць, каб было дзе бараніцца, бо злы час быў. Альбо крыжакі з поўначы, альбо крымчакі з поўдня, альбо маскалі надыдуць з усходу, а на захадзе - вочы галодныя ляхаў, братоў нашых заклятых.

Пазбіралісь людзі і вырашылі, выхваляючыся, асобнымі талакамі - грамадамі будаваць.

Сяляне - асобна, паны - асобна, папы з ксяндзамі, клірыкамі-асобна.

Папы ды ксяндзы выхваляліся: мы да Бога бліжэйшыя, Бог іх паслухае, як памоляцца - будзе заслона, якой і не бачылі, а наогул - яны першыя, без іх - нічога.

Пачалі прасіць Бога, модлы складаючы.

"Дай, Госпадзе, дай, зрабі!!!..."

Кленчаць, енчаць. А нічога не робіцца, яны яшчэ гучней, ужо паваліліся ад стомы асобныя - нічога не робіцца.

І тут… Як лясне пярун з неба, і чуюць яны: "Кажа Бог, каб ты памог!".

Усе аж на зады свае шырачэзныя, тлустыя, і пападалі, зяпы параззяўлялі….

Але ж, супраць слова Бога нічога не зробіш, пайшлі пуза трэсці, камяні да будоўлі несці.

А паны, у аксаміце, з мячамі, ды самапаламі, пазбіраліся, выхваляючыся: "Куды чорнай костцы да паноў, мы ўсе асілкі-волаты, нацягнем самых вялікіх камянёў, збудуем гмах, ворагі ад жаху нават і не падыдуць.

Знайшлі вялічэзны камень, што зіма пакінула ў нашым краі (ці то асілкі калісьці ў неба кідалі). І вырашылі яго цягнуць.

За гэта і выпілі, пасля пабіліся, каму загады аддаваць, кіраваць усімі, але ж усе на камень узбеглі з шаблямі ў руках - кіраваць, а цягнуць - няма нікога!

Як пабіліся, пасля мір складалі, за гэта і выпілі, ізноў пабіліся, пасля тастамант склалі аб замірэнні, гэта і адзначылі, колькі ўсё цягнулася - не вядома, але ж і пітво, і ежа ў іх скончыліся.

Вырашылі разысціся, назапасіць усяго і вяртацца, бо яны, панства, разам сіла і моц, кроў старажытная і косткі асаблівыя.

Разышліся, знайшлі, дзе яшчэ быдла ды збажына не з'едзеныя, нарабавалі, мячамі махаючы на ўсіх. І засталіся кожны ў асобным месцы, бо з іншымі панамі падзяліцца - абраза гонару, ды і шкада.

А камень той там і застаўся, вялікі такі, з гумно памерамі, побач з Віленскім шляхам.

А людзі звычайныя: сяляне, майстры цягнуць хто камень з галаву - сам двое, хто на колах - з вяпрука галаву камень вязе, а хто кіямі штурхае - памерамі з чалавека.

Бабы яйкі прынясуць, майстрам у пачастунак і ў вапну, каб мацней была.

Сабе жа будуюць. Усе працуюць.

Жанчыны ежу гатуюць, малыя жвір сеюць, гліну месяць, так грамадой, з клірыкамі і збудавалі.

А тут Князь з выправы вяртаецца, паглядзеў, як людзі з святарамі заслону сабе збудавалі, запытаў: "А дзе паны?" Спахмурнеў, адказ атрымаўшы - няма іх…

І загадаў прывілей выдаць.

У гародні царкву збудаваць, людзям у час набегу за агароджай хавацца, а панам, якія не працавалі, бараніць усіх, бо ўзялі зброю ў рукі. А каторыя бараніць не будуць - у цвердзь не нагой.

Вось так і сталася, паны павінны людзей і Царкву бараніць, а калі яны (паны) гэтага не робяць - у шыю, прэч іх.

ПРА СЕНА І САЛА

Пляснуўся з неба цмок. Не звычайны цмок, з тых, якія жывуць, альбо ў дрыгве, альбо ў мала-мальскі прыстойным возеры.

Не… Блакітны цмок. З жоўтымі плямамі на пысе. Відаць, моцна пляснуўся, з галавой нешта здарылася, усе цмокі жывуць сваім жыццём, на людзей увагі не звяртаюць. А гэты да людзей - выхваляцца памерамі і моцаю, дурань-дурнем. Кажу, на галаву пляснуўся!

Усё б нічога, грамадой-навалай не такіх білі, але ж гэты - смярдзеў! Здохлы кот, лайно зялёнае, рот у піякі, разам меней смярдзяць, так - звычайны і прыстойны водар маюць.

Ну і як такога біць?

А яшчэ, прыгледзеліся - баба яна!

Ці ён! Ну, гэты цмок. Ці цмокіня…Халера яе ведае, назваць як яго, дакладней яе…Цьфу, ледзь сам дурны на галаву не стаў.

І што рабіць з цмокам? Ну…з бабай яго?! Разумней, кажучы, рабіць трэба нешта, бо тая ўжо пачала і дамы рушыць.

Падумалі… і вырашылі скарыцца….

З далёк крычаць: "Ты наш князь!! Не - наша князёўна…не…". З ёю і самыя ледзь дурнымі не сталі. "Будзеш намі кіраваць!" - прапануюць. А той, дакладней - тая: "Гонар жа які", пыха авалодала, пагаджаецца. А людзі і кажуць: "Вось толькі з поўдня людзі злыя прыходзяць, і не ведаюць мяжы нашай, мо што зрабіць можна?!" А цмок: "Насыплю граду доўгую, усю зямлю з поўдня абвалую".

А там кіраваць вамі буду, загады аддаваць.

Ну і нарабіла, Змеевы валы да гэтага часу бачныя. Уздыхнулі людзі з палёгкай: "Кіруй!"

А тая і загадала: "Есці і адпачываць, і, каб хвост хрумпалі", бо хрумпаны яе хвост цудоўны.

Падумалі людзі ізноў і прынеслі сала і гароху, а каб адпачыць-сена натрушылі. Тая з'ела тры вазы сала і два гароху, півам заліла, мала не возерам. І ў салому павалілася адпачываць.

А праз нейкі час, пачаў у жываце цмокавым вецер смуродны завіхаць, волі шукаць. А, як выйшаў на волю, тут людзі паходні і пакідалі здалёк, сена ўмомант ўзялося, цмок і засмажыўся.

А як засмажыўся, то яго, смажанага і з'елі; не свінням жа выкідаць, магчыма, тыя есці не будуць. А людзі, пад піва з'елі! І выхваляліся. Недзе і ў мяне кавалак застаўся, пачаставаць?

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX