Вярнуцца: ПРОЗА

Святлана Герагозава


Аўтар: Герагозава Святлана,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




НЕ БЫЛО Б ШЧАСЦЯ...

Апавяданне

Саша ішла пад дажджом без парасона, хаця ён заўсёды знаходзіўся ў сумачцы. Яна ніколі не адчувала сябе такой стомленай, разгубленай і абыякавай да ўсяго, што яе акаляла: да дажджу - такога халоднага, хаця і доўгачаканага пасля засухі, да навальніцы, якая паласавала неба. Гэтая непагадзь як бы адлюстроўвала яе ўнутраны свет.

Слёзы разам з кроплямі дажджу сцякалі па твары, і яна адчувала іх салёны смак. Саша не ведала, куды патрэбна ісці. А калі апрытомнела, то ўбачыла, што стаіць перад сваім домам. Адкінула мокрыя валасы з твара, адчыніла дзверы і ўвайшла ў пад'езд. Падняўшыся на чацвёрты паверх, адчула, што дрыжыць ад холаду. Адубеўшыя рукі ніяк не маглі знайсці ключ ад кватэры.

Дома пераапранулася ў сухое адзенне. На пліту паставіла чайнік і заварыла каву. А ў галаве ўзніклі падзеі сённяшняга дня. Аднак яе думкі перарваў тэлефонны званок. Пачуўся голас сяброўкі:

- Саша, дзе ты была? Я ўжо дзве гадзіны спрабую датэлефанавацца да цябе. Як справы на рабоце?

- Мяне звольнілі, - з жалем адказала Саша.

- Што за лухту ты нясеш? Ты заўсёды гаварыла, што падабаешся свайму начальніку.

Крыўда разам з болем вырваліся з грудзей Сашы, і яна зноў залілася слязьмі.

Супакоіўшыся, Саша сказала:

- Справа вось у чым. Калі па запрашэнні начальніка я зайшла ў яго кабінет, ён цынічна прапанаваў мне правесці з ім ноч. Калі я адмовілася, ён з нахабствам схапіў мяне за плечы. Павярнуўшыся, я плюнула яму ў твар і яго звар'яцелыя ад перапою вочы. Так з-за гэтай разбэшчанай свінні я засталася без работы.

Саша ніяк не магла суняць слёзы, у горле застыў камяк.

- Перастань плакаць, ты ж ніколі не была плаксай. Паспрабую што-небудзь зрабіць для цябе. Трэба толькі падумаць.

Падбадзёранная сяброўкай, Саша заснула. Раніцай, прачнуўшыся, яна глянула ў акно. Сонейка ўсміхалася ёй, і ад гэтага стала лягчэй на сэрцы.

Саша спакойна разважала: "Нічога страшнага са мной не здарылася. Паспрабую знайсці новую работу, ды і сяброўка абяцала дапамагчы".

Зноў зазваніў тэлефон.

- Санька, я ўжо пагаварыла з начальнікам. Цябе могуць узяць да мяне на замену дэкрэтнага водпуску маёй напарніцы.

Праз гадзіну, узяўшы дакументы, Саша сустрэлася з сяброўкай. Хутка яны ўвайшлі ў вялікую залу, абстаўленую сучаснай тэхнікай, якая кідалася ў вочы і выклікала радасць.

Саша запыталася:

- Скажы, што я тут буду рабіць і якія будуць наведвальнікі? Напэўна, з багатых?

- Так, у нас вельмі дарагі салон, і ўсю змену трэба быць у добрым настроі і дагаджаць кліентам у шыншылавых футрах. А цяпер пойдзем да загадчыка.

Саша ў нерашучасці спынілася перад дзвярыма кабінета.

За сталом стаяў начальнік салона гадоў 50-ці, высокага росту. Вакол вачэй разыходзіліся маршчынкі: прыкмета весялосці і дабрыні.

- Дык гэта і ёсць Саша з залатымі рукамі, - усміхнуўшыся, сказаў ён.

- Гучна сказана, хутчэй усяго - са срэбнымі, - зусім спакойна прамовіла Саша.

- А ты яшчэ і жартаўніца. Мне падабаюцца такія людзі.

- Але вы не паглядзелі маю працоўную кніжку і пашпарт.

- Мая інтуіцыя мяне ніколі не падводзіла. Пазнаёмся з калектывам і працай. А ў канцы змены зойдзеш да мяне.

Пасля азнаямлення з калектывам Саша выйшла на вуліцу і з радасцю паглядзела на свой аўтамабіль "Пежо". Яна доўга збірала грошы, у многім сабе адмаўляла і купіла яго з дапамогай сваёй маці.

У дзяцінстве сям'я часта пераязджала з месца на месца, бо бацька быў вайскоўцам. Ён для Сашы быў увасабленнем мужнасці і дабрыні. Загінуў у аварыі, калі дачцы было адзінаццаць гадоў. Цяжка было гэта перажыць у сям'і.

Праз некаторы час маці выйшла замуж. Сашы падабаўся айчым, але яна ні разу не змагла назваць яго татам.

Успаміны засмуцілі, і яна апрытомнела толькі тады, калі пачула трэск пры паркоўцы. Выйшла з машыны і ўбачыла, што ў "Мазды", якая стаяла побач, разбіта задняя фара. З пад'езду насустрач выйшаў малады смуглявы хлопец, модна апрануты. Яго яна бачыла ўпершыню. Сэрца раптам ёкнула. А ён звярнуўся да яе са словамі.

- Дзяўчынка! Вы сапраўдная расцяпа. Мая машына так свеціцца на сонцы, што яе цяжка было не заўважыць. Ну і што мне з вамі рабіць?

- Я заплачу, - апусціўшы вочы, прамовіла Саша. А пра сябе падумала: "Дзе коратка, там і рвецца".

- Мне не патрэбны грошы, супакойцеся. Ёсць толькі адзін выхад: купіць мне новую фару. Ён прыветна ўсміхнуўся. Крыху падумаўшы, спытаў.

- Можа павячэраеце сёння са мной?

У Сашы як язык адняўся: яна маўчала.

А хлопец працягваў:

- У кафэ "Эдэм"", у 17 гадзін. Вы згодны?

Саша здзівілася яго ўпэўненасці ў тым, што яна згодзіцца.

Нечакана ён сеў за руль сваёй машыны і знік з вачэй.


Саша доўга думала і чамусьці пайшла на сустрэчу.

- Я ўжо падумаў, што ты не прыедзеш, - сказаў ён, сустрэўшы яе, і дадаў:

- Але ж мы яшчэ не пазнаёміліся. Мяне завуць Аляксандр, а цябе?

Саша нават і не прыкмеціла, як ён перайшоў на "ты". Яна засмяялася:

- А мяне - Аляксандра.

На твары хлопца спачатку з'явілася здзіўленне, а праз хвілінку яны разам дружна засмяяліся. Паміж імі ўзнікла ўзаемаразуменне і цёплыя адносіны адзін да аднаго, як быццам бы яны былі знаёмыя раней.

Саша раптам успомніла сваё першае каханне. Некалі яна атрымала ліст ад свайго любага са словамі, што ён пакідае яе і едзе жыць за мяжу. Доўга пакутвала ад крыўды, падману, але слёз не было.

Хутка хмурынка ад цяжкіх успамінаў знікла з твару, таму што Саша заўважыла на сабе ўважлівы позірк новага знаёмага.

Каб перарваць хвіліннае маўчанне, Аляксандр стаў расказваць аб тым, як ён жыве. З яго слоў яна даведалася, што ён жыве адзін у 3-х пакаёвай кватэры, бацькоў не памятае, бо вырас у дзіцячым прыюце. Дасягнуў многага ў жыцці сам. У шаснаццаць гадоў паступіў у тэхнічны каледж. Пасля заканчэння абслугоўваў і рамантаваў машыны. Цяпер мае сваю станцыю абслугоўвання.

Саша ў сваю чаргу, паведаміла аб некаторых фактах сваёй біяграфіі. Закончыўшы педагагічны каледж, па прафесіі не працавала: не знайшлося месца. Тады яна закончыла курсы цырульнікаў, палюбіла гэтую прафесію. Жыве адна. Пры развітанні Аляксандр папрасіў нумар яе тэлефона, паабяцаў патэлефанаваць праз тыдзень.

Наступны дзень выдаўся хмурным, з раніцы ішоў дождж. Але Сашу гэта ніколькі не турбавала. Яна жыла ў нейкім светлым чаканні жаданага званка. Непакоіла думка: патэлефануе, ці не? Мінуў цэлы тыдзень. У суботу яна цэлы дзень наводзіла ў кватэры парадак, каб адагнаць ад сябе трывожныя думкі.

У 17 гадзін раздаўся званок. Саша кінулася да тэлефона, схапіла слухаўку і пачула прыемны голас:

- Я падумаў…

Саша не дала яму магчымасці прадоўжыць сказ.

- І я падумала. Давай павячэраем у мяне на кватэры, а потым сходзім куды-небудзь? - смела на адным дыханні прамовіла Саша.

- У колькі прыехаць?

- У восем вечара.

Саша задумалася: ці правільна яна паступіла, ці не паспяшалася з запрашэннем? Мы ж знаёмыя "без года тыдзень".

Аднак патрэбна было рыхтавацца да прыёму госця. Неўзабаве стол быў накрыты, і роўна ў 20 гадзін Аляксандр пазваніў у дзверы. Увайшоў. У руках кветкі. Усміхнуўся.

- Добры вечар! А гэты букет руж самай цудоўнай дзяўчыне, - сказаў Аляксандр і зачаравана паглядзеў ёй у вочы.

- Дзякую. Я пастаўлю іх у вазу.

- Саша, у цябе ўтульная кватэра. Прабач, калі ласка, за недалікатнае пытанне. А чаму ты адна? Падзяліся са мною сваімі праблемамі.

- Давай не будзем аб гэтым, - прамовіла яна і накіравалася на кухню. Але Аляксандр затрымаў яе за руку.

- Паслухай, Саша, ты для мяне - загадка. Калі ты хочаш выказацца, я буду ўважліва слухаць.

Сашу кранулі яго словы, але каб адцягнуць яго ўвагу, яна сказала:\

- Вячэра на стале. Мая фірменная страва з крыветак, напэўна, запяклася.

- Выглядае апетытна, - зазначыў Аляксандр. - Відаць, што смаката: - пальчыкі абліжаш.

- Саша, прабач за маю настойлівасць, але мне хочацца больш аб табе даведацца і дапамагчы, калі гэта патрэбна. Павер мне, я хачу стаць для цябе сапраўдным і блізкім сябрам. Ты мне спадабалася пры першай сустрэчы, - некалькі сумеўшыся, прамовіў Аляксандр.

- Я рада, што сустрэла цябе і адчуваю, што табе можна даверыцца. Але давай лепш памаўчым аб тым, што мяне турбуе. Патрэбен час, каб усё непрыемнае забылася. Давай болей не будзем закранаць тэму маіх перажыванняў.


І неўзабаве маладыя людзі ўглыбіліся ва ўспаміны сваіх дзіцячых і школьных гадоў са сваімі радасцямі і нягодамі.

Непрыкметна прайшлі дзве гадзіны. Выйшлі на свежае паветра, схадзілі ў любімы Аляксандрам бар. Іх запаланіла не вельмі яркае асвятленне, ціхая музыка, пад якую яны танцавалі. У танцы Аляксандр аказаўся выдатным партнёрам. Пасля такой цікавай, прыемнай вечарыны, маладыя людзі развіталіся. Саша адчула, што ён хоча сказаць ёй нешта патаемнае, але не адважваецца. Яна сама вырашыла дапамагчы яму выйсці са стану лёгкай збянтэжаннасці і загаварыла першай:

- Якія сумненні цябе непакояць?

- Саша, мне патрэбна на нейкі час выехаць у іншы горад, каб дапамагчы свайму брату ўладкаваць вельмі важную справу. Ты можаш мяне зразумець?

- Чаму ты аб гэтым мяне пытаеш? Ты маеш права рабіць усё, што патрэбна, - з ноткай суму ў голасе адказала Саша.

- Мне вельмі не хочацца пакідаць цябе адну. Але дзякую, што ты мяне зразумела.

І раптам ён пацалаваў ёй руку, а затым сваімі пацалункамі пакрыў увесь твар дзяўчыны.

- Ты вельмі прыгожая і падабаешся мне. Але калі мяне тут не будзе і ты закахаешся ў іншага, я зразумею цябе, хаця даведацца аб гэтым будзе вельмі крыўдна.

- Ты памыляешся, Аляксандр. Да спадобы мне толькі ты. Паміж намі ўжо не сяброўства, а нешта большае.

- Я буду табе тэлефанаваць, абавязкова. Ты будзеш мяне чакаць?

- Буду чакаць! Я ўмею чакаць!..

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX