Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Віктар Праўдзін 


Аўтар: Праўдзін Віктар,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Віктар Праўдзін нарадзіўся ў 1955 годзе ў г. Лідзе. Скончыў Менскую вышэйшую школу МУС СССР. Працаваў у праваахоўных органах, у часопісе "Нёман", першым намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Аўтар кніг прозы "Візіцёр з Поўначы" (1991), "Боль (Споведзь міліцыянера)" (1996), "Эксгумацыя" (1997), "Вяртанне з апраметнай" (1999), "Шлях да Галгофы" (2002), "Нелюбімыя гінуць" і інш. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Д З В Е Р Ы

Фантасмагарычная аповесць

Ужо і марозы скавалі Свіслач, і снегу намяло вышэй калена, і, галоўнае, да Новага года засталося менш тыдня, а мне ўсё некалі пашыць новую шапку. І спраў, як кажуць, кот наплакаў, але толькі сягоння ўвечары запіхнуў у рукзак два футры, якія год таму выйграў у шахматы ў п'янага суседа-паляўнічага, дзве пляшкі віна "Добры кум" і пацёгся да майстра.

На завулку, куды прывяла газетная рэкламная абвестка, не было прывычнай людской мітусні, не было ліхтароў, не стаялі абапал дарогі ўснежаныя машыны, без якіх зімовую вуліцу сучаснага шумлівага Мінска і ўявіць цяжка.

Няспешна шкрэбаю абцасамі, знаходжу патрэбны дом, з цяжкасцю адчыняю прысыпаныя рыхлым снегам дзверы і праціскаюся ў вузкі, сыры, прапахлы цвіллю пад'езд. На другім паверсе адразу пстрыкнуў выключальнік, быццам мяне тут чакалі, і скупое іржавае святло выхапіла з цемры драўляныя лесвічныя прыступкі. Зрабіў крок, другі, - дошкі пад нагамі зарыпелі. Гэтае жалобнае скавытанне імгненна падхапіла глухое рэха і шумна панеслася па калідорах, каб праз хвіліну-другую спалоханым шоргатам растварыцца ў самых цёмных закутках.

- Ты хто такі? -- Раптам над самай галавой прабасіў хрыпаты голас. - Каго шукаеш?

Мяне, быццам, токам ударыла... Спалохана, сілячыся ўбачыць хрыпатага, заікаючыся гукнуў:

- Я да шаўца... п-па аб'яве... ш-шапку хачу пашыць...

На стромкай абшарпанай лесвіцы нікога не было і адразу густая магільная цішыня доўгімі ліпучымі шчупальцамі памацала сэрца, халоднымі колкімі мурашамі захаладзіла спіну, сцяла дыхалку.

Давячыся даўкім саленаватым камяком я прастагнаў:

- Шавец у гэтым доме?

- Мяне што?!. Зноў прадзінамілі?!. - Зацята крыкнуў нябачны і выключыў святло.

Ад цемры веяла лютым холадам. Я не мог варухнуцца, быццам, прырос да прыступак.

- Шаноўны, запаліце святло..., - вырваўся з грудзей умольны стогн.

- Табе да кушнера... знойдзеш па шыльдзе на дзвярах... - азваўся злы голас, - а што тычыцца святла, яно з семнаццатага ліпеня тысяча дзевяцьсот васемнаццатага года для цябе ў вялікім дэфіцыце... ганьба не памятаць гэтага...

- Шызафрэнік!.. - істэрычна закрычаў я. - Як можна памятаць тое, што адбылося задоўга да народзінаў?!.

Хрыпаты не адказаў. Шукаючы ў кішэнях газнічку, пальцы нервова ўздрыгвалі. У цёмных, сырых калідорах набатам гуло істэрычнае рэха:

... гань-ба... шыза... фрэ-нікам...

Намацаў газнічку, нягнуткімі пальцамі пстрыкнуў колцам і як толькі святло мільганула ў далоні, рэха імгненна знікла.

- Раз, два, тры,.. - лічыў я прыступкі, - сямнаццаць, васемнаццаць, дваццаць дзве...

З кожнай прыступкай дыхалася лягчэй і лягчэй, быццам выходзіў з нейкага склепа. Нечакана павеяла халодам, газнічка патухла і адразу над галавой загарэлася лямпачка. Я стаяў каля дзвярэй з чорнай шыльдай, на якой золатам зіхацела гравіроўка:

"Якаў

(кушнер)

стукаць сем разоў!"

Лёгкія перасцярожлівыя дотыкі да шыльды адгукнуліся стрэламі ў глыбіні пакояў. Пасля сёмага шчоўкнуў замок, дзверы пружыніста расчыніліся, зайграў Гімн СССР, і нейкая нябачная сіла ўсмактала мяне спярша ў вузкі калідор, а потым выштурханула ў вялікі, без адзінага акна прыцемнены пакой з масіўным сталом пасярэдзіне.

За сталом сядзеў сівы, як лунь, барадаты чалавек у выцвілай вайсковай гімнасцёрцы, на якой красаваліся бліскучыя гузікі з зорачкамі. На тоўстым, чырвоным носе - круглыя акуляры ў чорнай аправе з трэснутым левым шкельцам.

- Добры дзень, - павітаўся я, агледзеўся і засумняваўся, што трапіў да шаўца, бо нішто тут не нагадвала майстэрню. Акрамя стала і крэсла аніякай мэблі не было, нават швейнай машынкі. Дзед на прывітанне не адказаў, толькі шкельцы акуляраў паблісквалі іржавым, нежывым святлом.

- Вы шыеце шапкі? - запытаўся я.

- Магу і шапку, - пасля доўгай паўзы, цяжка быццам выціснуў з сябе гаспадар і нечакана падабрэлым голасам дадаў: - А ты, міл чалавек, мяшэчак сымі, футры дастань і не хвалюйся, што інструмент не на вачах.

Ён трохі памаўчаў, выцягнуў з шуфляды стала вялікі алюміневы кубак, дзьмухнуў у сярэдзіну і паблажліва зазначыў:

- "Добры кум" - тое, што трэба... паважаю...

- Дзевятнаццаць градусаў, - задаволены тым, што з'явілася агульная тэма для размовы, з напускной бравадай ускрыкнуў я і мітусліва зашарыў рукамі ў рукзаку. Шкло дзынькнула, гаспадар груба крыкнуў:

- Асцярожна, асталоп, не разбі...

"Чарніла" не дэфіцыт, - падумаў я, - а порахам усё ж смярдзіць!.."

- Гэта я страляў, - спакойна сказаў луняваты і паклаў на стол побач з кубкам маўзер, які да гэтага мне даводзілася бачыць толькі ў старых фільмах.

Пісталет быццам загіпнатызаваў, я не мог адвесці позірку ад чорнага дула з якога яшчэ курыўся кволы ланцужок дыму. І зноў страх удушлівым кірхатым камяком перахапіў дыхалку.

- Не бойся, я сваё, відаць, адстраляў, - прыглушаным голасам сказаў стары і з непрыхаваным сумам дадаў:

- Маладосць не вернеш, але я чакаю... Чакаю, што прыйдзе час і мяне паклічуць...

Ён некалькі разоў стукнуў кулаком сябе ў грудзі, істэрычна крыкнуў:

- У старой печы агонь добра гарыць... Не, ён не гарыць, агонь палыхае ў маім сэрцы... І мяне паклічуць, як піць даць, паклічуць!.. Нехта ж павінен маладых навучыць!?..

- Не хачу быць шаўцом..., - катэгарычна заявіў я і імгненна пашкадаваў, што перапыніў майстра.

Шавец, упёршыся рукамі ў стальніцу, паволі ўстаў, бяскроўны здзервянелы твар скрывіла зневажальная, гідлівая ўсмешка, іржавыя шкельцы акуляраў цяпер прамяніліся трывожным ружовым святлом. Сінія тонкія губы злосна працадзілі:

- Якраз гэткіх, як ты і трэба вучыць!..

Лунявы грукнуў кулаком па стальніцы, ды так, што алюмініевы кубак падскокнуў, крутнуўся, і я ўбачыў у метале скразную круглую дзірачку, у якой золатам зіхацела зорачка на гузіку ад гімнасцёркі.

- Хто ты ёсць?.. Дзеля чаго жывеш і каму ў гэтым жыцці патрэбны? - пырскаючы слінай, роў стары.

- Вася я, Вася... З мамай жыву... - адчуваючы сябе бяспраўным нікчэмным чалавекам, пакаянна мармытаў я. - Кепскага не рабіў... на апазіцыйныя мітынгі не хадзіў... у ладкі пляскаў толькі на канцэртах...

- Ведаю, што не рабіў, бо ў прынцыпе нічога зрабіць не можаш! Мяне ў маладыя гады ў мяшку не злавілі б, а ты ў трыццаць - ніхто, пустое месца. І, думаю, прыцёгся сюды не шапку шыць, а жыццю вучыцца... А ты ведаеш, Вася, чым давядзецца плаціць за маю навуку?

Ад панічнага страху я быццам праглынуў словы і цяпер толькі і змог, што адмоўна матлянуць галавой.

- Каштарыс абмяркуем потым... А цяпер урок першы...

Стары выструніўся, вялікія пальцы заклаў за шырокі салдацкі рэмень - расправіў гімнасцёрку і ўрачыста выдыхнуў:

- Нас вёў у бой "ІНТЭРНАЦЫЯНАЛ", і перамагаць дапамагаў "таварыш "Маўзер". А ты, Вася, нічога не зрабіў, але адразу марыш быць "ВСЕМ!" Не-е, даражэнькі, гэтак не бывае...

- Не хачу быць "ВСЕМ"!.. У войску не служыў і зброю ў рукі не вазьму!..

- Маўчы, неданосак, - пагрозліва рыкнуў стары, - твае думкі і жаданні, нават самыя патаемныя, даўно не сакрэт.

Ён паправіў акуляры і асцярожна, як самую каштоўную рэч, узяў у рукі пісталет, панюхаў дула:

- Час няўмольны, і цяпер вернаму сябру патрэбен новы гаспадар, толькі не прыблудная авечка і не п'яніца, абцяжараны думкай пра шапку з футра зайца, якая, быццам, прынясе шчасце. На авечку ваўкі знойдуцца, а ў алкаша і курачка здохне, што нясе залатыя яйкі...

Лунявы пагрозліва ўскінуў руку з пісталетам угору, шкельцы акуляраў успыхнулі пурпуровым колерам:

- Эх, хлопец, хлопец, каб ты толькі ведаў, хто апошнім стаяў перад "таварышам "Маўзерам"?!. - Шавец апусціў руку і ласкава, як нешта жывое прыгладжваючы пісталет сумна ўздыхнуў: - Пасля нашай працы мы сталі сапраўднымі кавалямі шчасця... Мы верылі ў светлую будучыню і дзеля яе дзесяцігоддзямі кавалі, кавалі, а калі трэба было, то і закоўвалі... А цяпер што? "Вера" ў пазыкі пайшла, і адразу чэрці апанавалі святое месца, дзяржаву на анучы разадралі... Я шапкі шыю і не магу дачакацца, калі "таварыш "Маўзер" выпусціць апошнюю кулю... Тысячы, мільёны шапак, а куль - сем, толькі сем, колькі не страляю... І кожная куля сваё імя мае: Мікалай, Аляксандра, Вольга, Таццяна, Марыя, Анастасія і Аляксей. А далей - асечкі... Маўзер - пісталет без хібаў, значыцца, той хто наверсе, - лунявы шматзначна тыцнуў пальцам угору, - хоча мяне замяніць... "Ён" хоча, каб наша мара не засталася нязбытнай фантазіяй... Ведаю, што як толькі апошняя куля знойдзе ахвяру - для нас настане рай зямны. Ты, хлопча, хочаш разгульна, весела жыць?.. Даўно за табой назіраю і ведаю, што хочаш быць ваўком, а не авечкай... А калі так, трошкі падвучышся - і будзеш новым гаспадаром "таварыша "Маўзера"... У маёй навуцы не сумнявайся... Імёны напішу... Гарантую: асечак не будзе... А цяпер ідзі на кухню, на стол збяры. Перш, чым вучобу пачаць, каўтанём па чарачцы...

Шавец змоўк, шкельцы акуляраў зноў змянілі колер і цяпер праглыналі мяне чорным халодным бяздоннем. Ад гэтага пранізлівага холаду ў мяне нечакана, закружылася галава, і зноў трубы ігралі Гімн, а гаспадар дырыжыраваў нябачным аркестрам... Нечакана і стол, і крэсла з шаўцом адарваліся ад падлогі, і праз секунду лунявы ўжо хістаўся ў такт музыцы пад самай столлю.

- Што з табой, вучань? - Па-блазенску рагатаў шавец. - Не піўшы ахмялеў?

Гэты д'ябальскі смех мяне імгненна ацверазіў. Музыка знікла, стол стаў на месца.

"Уцякаць ад гэтага шызафрэніка, уцякаць пакуль не позна,.." - падумаў я, падхапіў рукзак і пасунуўся спіной да адзінай дзверыны.

Стары наставіў на мяне пісталет, кляцнуў затворам:

- Выкінь дурноцце з галавы. Што, калі я пажартаваў наконт асечак, і зараз "таварыш "Маўзер" скажа сваё слова?..

- Вучыцца буду..., - нечакана для сябе прашаптаў я і раптам адчуў, што сапраўды вельмі хачу жыць... і жыць у раі зямным.

- Цяпер ты гаворыш праўду, - зарагатаў стары. - Інакш і быць не можа... Таварышу "Маўзеру" небяспечна хлусіць... А рукзачок з футрамі пакінь, так і быць, шапку скраю...

З дзвюмя бутэлькамі ў руках я вужакай выслізнуў з пакоя, асцярожна зачыніў дубовыя дзверы і тыцнуўся ілбом у халодную клямку.

- Во ўліп дык уліп, ледзь пазбавіўся ад шызафрэніка, - з палёгкай уздыхнуў я, - каму расказаць - не паверыць...

За спінай хтосьці кашлянуў. Хацеў азірнуцца і не змог, баяўся зноў убачыць шаўца, які, бліскаючы сваімі страшнымі акулярамі, наставіў маўзер і цэліць мне ў патыліцу. Па-здрадніцку дзынкнулі бутэлькі, і гэты звон спаралізаваў цела.

"Усё... канец, - гучна тахкала ў скронях, - чорт бы пабраў гэтую шапку... цяпер згіну не за нюх табакі..."

Секунды расцягнуліся ў вечнасць, але ніхто ў мяне не страляў.

Нечакана аднекуль здалёк даляцелі прыглушаныя галасы:

- Тут нехта ёсць, - ці то запытаўся, ці то канстатаваў хуткі малады голас.

- Акрамя нас - нікога, - упэўнена адказаў прыглушаны агрубелы бас. - Напэўна, мой верны ваўкадаў ланцугом бразнуў.

- Так, ваўкадаў мухі не праспіць, не тое, што якога лазутчыка, - пагадзіўся малады. - Але ж ты не пра сабаку хацеў расказаць...

Відавочна, што бас належаў чалавеку ўладарнаму, бо далей ён гаварыў адрывіста і жорстка, быццам, аддаваў загады.

- Я, князь Міндоўг, вымушаны пайсці на змову з папам Рымскім Інакенціем шаснаццатым... Ён хоча ўручыць мне каралеўскую карону, але пры ўмове, што я з праваслаўнай веры перайду ў каталіцкую... Няхай будзе так... Няхай увесь свет думае, што мы заадно з Ватыканам, што мы ў іх пад пятой, што я стаўленік папы Рымскага... Гэта нам на руку, галоўнае займець княства, узяць лейцы ў рукі... Сяброўства з Ватыканам прыструніць ворагаў, і ў нас будзе час для ўмацавання Новагародскай дзяржавы. А потым мы станем ў поўны рост, вернем страчанае і заваюем незалежнасць. Мне нават прыснілася, што княства наша будзе вялікім, ад Варажскага мора да Цёмнага... І табе, Войшалк, мой старэйшы сын, выпала быць мне паплечнікам, а потым і прадаўжальнікам роду, і наследным гаспадаром...

- Дзякую, князь, за давер, - пасля невялікай паўзы адказаў малады. - Толькі...

- Што толькі? - загарачыўся хрыпаты, - хочаш сказаць, што я прыстасаванец і веру мяняю, як наложніц? Калі згодзен - кляніся на мячы, што не здрадзіш святой справе, а калі ты не са мной, значыцца, ворагаў у мяне пабольшала...

Пагрозліва дзынкнула жалеза, і малады голас узрушана прамовіў:

- Я не магу быць ворагам свайму бацьку... У нас, князь, мэта адна, а шляхі розныя... І я, Войшалк, сын Міндоўга, клянуся, што малітвай і мячом, не шкадуючы жывата свайго, буду ствараць, мацаваць і бараніць новую незалежную дзяржаву.

"Тэатр, як піць даць, тэатр", - падумаў я і не тоячыся азірнуўся.

Тое, што ўбачыў, і сапраўды было падобна на тэатральную сцэну. Прыцемненая вялікая зала, на сценах некалькі дымлівых паходняў, масіўны стол, на падлозе мядзведжая кудлатая шкура з агромністай галавой і ашчэранай пашчай, а замест вачэй нешта бліскучае, ці то шкло, ці то каменчыкі. Каля стала стаялі артысты апранутыя па-зімоваму ў доўгія да пят футры з лісіцы, у руках - выцягнутыя з похваў мячы, на галовах (чаму я імгненна пазайздросціў) шапкі з футра бабра.

"І навошта на сцэнічны гарнітур артыстаў траціць гэтулькі грошай?.. З кажухоў сто шапак пашыць можна... Сто чалавек ашчаслівілі б..." - чамусьці падумаў я і толькі раскрыў рот, каб запытацца, як выйсці на вуліцу, артыст, што стаяў да мяне спіной, крыкнуў:

- Гэй, чалавек, піва нам...

- Навошта піва, калі віно ёсць! - яшчэ не зусім аддыхаўшыся, з напускной бравадай адазваўся я і памкнуўся да артыстаў. Але не паспеў і двух крокаў зрабіць як у гарляк балюча ўпёрлася бліскучае лязо шыракаватага мяча. Дзве пары немігатлівых вачэй, аднолькава халодных у сваёй рашучасці, свідравалі мяне з непрыхаванай злосцю.

- Т-таварышы артысты, калі не хочаце віна - крутнуся ў краму па піва...

Толькі паспеў выдыхнуць я і запнуўся. Колкае лязо пад сківіцай паволі прыўздымала мяне, выцягвала, пакуль не выпрастала ў струнку.

"Усё, прапаў, - віхрам закруціліся думкі, - ніякія гэта не артысты... Божа мой, няўжо..."

- Князь, галаву адсячы паспеем, - заступіўся за мяне малады, - трэба даведацца, чыё і якое заданне выконвае лазутчык...

- Тут сакрэту няма, - ускіпеў стары, але меч трошкі апусціў, - Даніла Галіцкі з хаўруснікамі смерці маёй шукае...

- А рыжскі біскуп Андрэй чыю волю выконвае?.. Няўжо, княжа, ты думаеш, што рымскі папа апякуе цябе толькі за багатую навагародскую казну?

- Твая праўда, лазутчыка трэба дапытаць на дыбе і ...

Міндоўг змоўк на паўслове і доўгім, пранізлівым позіркам утаропіўся ў мяне. Потым зняў са сцяны паходню і некалькі разоў абышоў вакол, памацаў далонню балоневую куртку, джынсы, пацёр у пальцах каўнер кашулі, здзіўлена зірнуў на Войшалка:

- Лазутчык юродзівы?..

- Першы раз бачу гэткія споднікі, - перасмыкнуў плячыма Войшалк, - бабы ўбачаць - засмяюць, ці каменнем закідаюць. Ён і сапраўды падобны на вар'ята.

- А мо гэтая апратка - падманка? Што ўзяць з прыдурка? Полаўцы, Даніла Галіцкі ды і пляменнікі мае Таўцівіл, Едзівіт і Вікінт на ўсё пойдуць, каб наш род са свету звесці. Памятаеш блажэннага Рэўбу, які будучыню прадказваў, а ў рукаве кінжал хаваў, падарунак палавецкага хана Цягака? Уцёрся, сабака, у давер да жонкі, а праз яе, дурніцу, і да мяне. Крумкач паганы каркаў пра смерць пад Твірымеццю, а мяне толькі лёгка параніла. Схапілі лазутчыка, кінжал знайшлі... А на дыбе, сабачы хвост, ва ўсіх грахах і прызнаўся... Гэй, сабака, - Міндоўг балюча садануў кулаком у грудзі, - хто ты, чый будзеш?..

Я глядзеў у вочы артыста і бачыў вочы драпежнага рыся. Апошнія сумненні зніклі. Кожным валаском на сваёй скуры, кожнай кропелькай крыві я адчуў, што меч на шыі трымае той самы жахлівы князь Міндоўг. Сэрца імгненна ахутаў невыносны адчай і пякельная, смяротная туга па кароткім жыцці, па маці, якая і не здагадваецца, што хутка яе сына раздзярэ на часткі дыба. Раптоўныя, пякучыя слёзы жалю пакаціліся па шчоках, я гатовы быў укленчыць і прасіць літасці, у гэтыя хвіліны хацелася прызнавацца ва ўсіх грахах сваіх і чужых, каб толькі застацца жывым. Але ў вачах Міндоўга - ні кропелькі спагады: "рысь" не ведае жалю...

- Што і каму я дрэннага зрабіў?.. - давячыся слязьмі ледзь чутна скуголіў я, - Чым угнявіў Бога, чаму цярплю гэткія напасці?.. Спярша лунявы дзед з маўзерам, цяпер - Міндоўг... Няхай гарыць сінім полымем тая шапка... Нашто яна, калі вось-вось галаву адсякуць... Тут жа, на гэтай сцэне і адсякуць...

- Чый будзеш, хвост сабачы? - пагрозліва рыкнуў Міндоўг і лязо мяча зноў апякло шыю.

- В-в-ася... Васіль я, - вырваўся з грудзей адчайны стогн.

- Хлус! - пырскаючы слінай закрычаў раз'юшаны князь, -- Васілька, брата Данілы Галіцкага, мы добра ведаем... На дыбу юродзівага ... агнём пытаць...

Пасля гэтых слоў у вачах пацямнела, захісталіся падлога, няведама адкуль наляцеў сцюдзёны хлёсткі вецер, падхапіў, закружыў, і быццам пушынку кінуў мяне ў агромністую чорную пашчу дзвярнога праёма. Цемра, бяздонная і ліпучая, імгненна ўсмактала налітае свінцовым цяжарам непаслухмянае цела.

Востры боль працяў скроні, грудзі, і я ўспомніў, што гэткае самной ужо некалі было, калі дзесяцігадовым хлапчуком пераплываў Мнюту. Тады стромкае цячэнне ракі знесла ў вір, і ў адно імгненне вада, неба, блізкі, абрывісты бераг закружылі мяне ў нейкім варожым нямым танцы. Я нават спалохацца не паспеў, як апынуўся вад вадой. Здавалася, хтосьці ўхапіў за ногі, стрыножыў і пацягнуў у глыбіню. Страху не было, толькі трывожыла, што цяпер і маці, і татка, і цётачка Вера, у якой гасцявалі, знойдуць на беразе ракі малодшага брата Алеся прывязаным за нагу да маладога дубка і зразумеюць, што я за нянька...

Сілы супраціўляцца не было... я здаўся... І ў гэты момант нейкая магутная сіла выхапіла мяне з вады, лёгкія напоўніліся чыстым летнім паветрам, і боль у скронях адступіў, аціх. Я паволі расплюшчыў вочы і ўбачыў татку, які на мяне не сварыўся за прывязанага да дрэва брата, а нечакана падміргнуў, жартаўліва раскудлаціў чубрыну і весела сказаў: "Яшчэ пажывём, сынок..."

"Эх, Васіль, бедны Васіль... Уліп ты па самую макаўку, - лагодна прашаптаў хтосьці ў самае вуха. - Бацька твой памёр, і ніхто не прыйдзе на дапамогу... Цяпер сам кумекай, як з вады выйсці сухім..."

- Ты хто? - прастагнаў я, і ахрыплае крохкае рэха дробным россыпам пакацілася кудысьці ў вышыню, у самае неба.

Доўга ляжаў нерухома, напружана прыслухоўваўся да кожнага шораху, але шаптун больш не адазваўся. Нечаканы сутаргаваты боль у левай назе прымусіў устаць, зрабіць некалікі крокоў. Пад нагамі нешта дзынкнула, я нахіліўся і адразу намацаў бутэлькі.

- Не разбіў - і то добра, - рассоўваючы бутэлькі па кішэнях, сказаў я, і адразу за некалькі метраў прыветлівым залатым святлом заружавеў дзвярны праём.

"Не-е, цяпер я - стрэляны верабей, ад дзвярэй трэба ўцякаць...", - падумаў я, крутнуўся і адразу натыкнуўся на сцяну. Пашарыў рукамі з правага боку, з левага - і зазумеў, што выхад толькі за спіной. "Як бы там не было, а пекла абміну", - вырашыў я і паціху, трымаючыся сцяны, пасунуўся на святло.

Падыходзіў, і з кожным крокам меньшала маё супраціўленне. Святло, здавалася, прыдушвала волю, яно вабіла, прыцягвала, заклікала.

Пачуліся галасы. Я сцішыўся, далоньмі прыкрыў вушы. Галасы зніклі, і ў душы зацепліўся радасны агеньчык: "Я не хворы, не шызафрэнік, галава ў поўным парадку". Апусціў далоні і зноў: "бу-бу-бу-бу...".

Цікаўнасць перасіліла, але цяпер, каб сябе нічым не выдаць, вырашыў толькі паслухаць і прачыніў дзверы трошкі шырэй.

"... Пишы, пан Война, артыкул трэти..."

Чалавек гаварыў упэўнена, але я чуў не ўсё, а толькі тое, што гучала неяк па-асабліваму ўрачыста, а месцамі, нават, пагрозліва.

"... Коли бы хто змову або спикненье, або бунт учинил на здоровье наше господарское, хотя бы пан бог уховал, ижбы оная змова не была учинком пополнена, таковый за слушным доводом... честь, горло и именья тратить... теж маестат наш ображон бываеть... хто бунтовал покой взрушаючи... хто осести и опановати ... Великое князство и госпадарём на нём быти, и войско, люд служебный збирал, выводил... хто бы теж з неприятельми нашими порозуменье мел, листы до них або послы радечи против нам ... остерегаючи слал, тым неприятелем якую помоч давал... хто бы теж замок наш неприятелю здрадою подал... хто бы теж люди неприятельские... здрадливе привел... таковый... честь и горло тратить..."

Да дзвярэй не датыкаўся, але яны самі па сабе зарыпелі, расчыніліся і гамана сціхла. Я адхіснуўся, хацеў даць лататы, але каменны мех надзейна трымаў у халодных абдымках. Аднекуль зверху даляцеў раскацісты рогат лунявага шаўца:

"Зразумей, нарэшце, сваёй дурной галавой, што выбрацца з майстэрні можна толькі праз дзверы, а яны адны... Ад іх не ўцякаць, іх трэба прайсці... Гэта і ёсць этапы тваёй вучобы."

У чаканні горшага я прытуліўся да шурпатай сцяны, але праз хвіліну да слыху зноў данеслася манатонная гамана. Выбару не было.

"Няхай будзе, што будзе", - падумаў я і толькі хацеў увайсці ў пакой, як звонкі голас, зусім не той, што чуў да гэтага, істэрычна крыкнуў:

- ...Кажаш, што тутэйшыя мяне, генерал-губернатара, клічуць Мураўёвым - вешальнікам, што шляхта мной грэбуе, а просты люд баіцца?.. Што ж, няхай будзе так!.. Толькі ад свайго не адступлюся і дадзеныя імператарам надзвычайныя паўнамоцтвы скарыстаю напоўніцу... Вольніцы больш не будзе... Што не зрабіў рускі штык, зробіць руская школа... Цяпер на геаграфічных картах з'явіцца Паўночна-Заходні край... Хто хацеў рэформ - іх атрымае... Сібір вялікая!.."

- Ну ўсё.. Хопіць з мяне князёў, генералаў, імператараў!.. - адчайна крыкнуў я, абхапіў галаву рукамі і кінуўся праз вялікі ўцемнены пакой да прачыненых дзвярэй, за якімі курыўся крывавы непраглядны туман.

Убачыў генерала, які стаяў каля акна са шчэпленымі за спіной рукамі. Ён не змяніў гордай паставы, не спалохаўся і не здзівіўся, быццам, маё з'яўленне было нечым будзёным, а вось другі, па ўсім і сакратар, і памочнік, і целаахоўнік у адной асобе, не разгубіўся, імгненна кінуўся напярэймы. Віно ў кішэнях замінала і, каб хутчэй дабегчы да выратавальнай дзверыны, я выцягнуў бутэлькі. Служка, па ўсім, прыняў бутэлькі за бомбы. Ад страху яго вочы ледзь не вылузнуліся з вачніц. Але свае абавязкі ён ведаў добра. Не паспеў я і двух крокаў зрабіць, як генеральскі памочнік вокамгненна крутнуўся да Мураўёва, раскінуў рукі ўшыркі і закрыў генерала сваім целам.

- Брава... маладзец... задаў жару... цябе баяцца... яшчэ трошкі і маўзер твой... - у самае вуха зарагатаў шавец.

У гэты момант у маёй душы і сапраўды варухнулася няведамае дагэтуль пачуццё, пачуццё сілы і перавагі, і не над кім-небудзь, а над чалавекам, які сотні людзей пакараў смерцю, тысячы адправіў на катаргу. Але, пачуўшы пра маўзер, зноў жывёльны панічны страх кіпцюрамі ўпіўся ў сэрца. Я кінуўся да прачыненай дзверыны цалкам перакананы ў тым, што цяпер абавязкова вырвуся на волю.

- Дурань... Воля, як і гарэлка, галаву толькі захмеліць, а праспішся - тут цябе жыццё і апахмеліць, садане пад самы дых... Каб адчуць сапраўдную асалоду ад свабоды - вазьмі маўзер і вярніся..., - закрычаў шавец і паспрабаваў упіхнуць мне ў руку пісталет.

Я сігануў ад лунявага, як чорт ад ладана і ўсё ж наўздагон атрымаў удар у спіну, ды гэткі моцны, што, як у тумане, праляцеў адны дзверы, другія, трэція ...

Калі плюхнуўся на зямлю - болю не адчуў. Ды што той боль, калі я, нарэшце, вырваўся на волю. Густы цёплы туман не адступаў, ён п'яніў духмяным пахам чабору, мяты і чамусьці табакі. Доўга ляжаў слухаючы нязвыклую і жаданую цішыню. У гэтыя хвіліны мая змучаная душа поўнілася радасцю і жаданай ціхамірнасцю.

Толькі гэтая ап'яняльная радасць была заўчаснай. Як толькі туман развееўся, я імгненна зразумеў, што хітры настаўнік украў у мяне і радасць і апошнюю надзею вырвацца з ягоных ліпучых лап.

- Ты ў святая святых!.. - узнёсла шаптаў недзе над галавой шавец. - "Таварыша " Маўзера" я тут атрымаў з рук самога...

- Я больш не жадаю цябе чуць... - Стогн адчаю і болю вырваўся з маіх грудзей. - Ты мне больш не настаўнік... Прападзі ты пропадам, чорт старарэжымны... Без тваёй навукі ведаю, як жыць...

Я падхапіўся на ногі і, сілячыся ўбачыць шаўца, каб запусціць у яго бутэлькай, крутнуўся ў адзін бок, другі і аслупянеў... На мяне, быццам, вядро кіпню вылілі...

Памешваючы серабрыстай мудрагелістай лыжачкай духмяную гарбату ў кубачку (вось адкуль пах чабару і мяты), на мяне вывучальна глядзеў чалавек якога я ведаў з дзяцінства. З маіх грудзей, разам з даўкім камяком вырваўся амаль бязгучны сутаргаваты шэпт:

- Л-е-е-нін?!.. Уладзімір Ільіч?!..

- Пра чорта старарэжымнага вы, баценька, трапілі ў самую кропачку... - прыязна ўсміхаючыся сказаў Уладзімір Ільіч і падаў мне руку.

- Вася... Васілій, - памятаючы шаўцову навуку, выструніўся я і паспешліва дадаў: - Жыву з мамай у Мінску, працую...

- Дзе і кім вы, Васілій, працавалі, для нас не мае аніякага значэння, - паблажліва паляпаўшы мяне па плячы, перапыніў Ленін. - Ведаеце словы з нашага гімна: "... кто был ничем, тот станет всем"... Гэта пра вас, Вася... - Ён гучна сербануў з кубачка і, не зводзячы з мяне пранізлівых вачэй, дадаў: - Вы, толькі, што сказалі галоўнае - старарэжымная навука не патрэбна, і, вы, пасылаеце яе к чорту!..

Ленін рэзка крутнуўся і ўзнёсла прамовіў:

- А што, таварыш Троцкі, прыслухаемся да голасу народа?

Толькі цяпер я ўбачыў яшчэ аднаго чалавека, мне добра вядомага па гістарычных кнігах. Троцкі ляжаў на падлозе на вялізнай карце свету і цыркулем нешта вымяраў. Ён, не перапыняючы сваёй, па ўсім, вельмі важнай справы, кінуў на мяне мімалётны позірк і незадаволена буркнуў:

- Вам, Уладзімір Ільіч, трэба вызначыцца з днямі прыёму грамадзян. Мы тут думаем... Сусветную рэвалюцыю плануем, а людзі ідуць і ідуць... Гістарычнага моманту не разумеюць... Паўгадзіны таму ўваліўся нейкі бязродны прайдзісвет Якаў, і вы ўзнагародзілі яго маўзерам, гэты...

- У мяне зброі няма... толькі віно, - сілячыся пераканаць Троцкага ў сваіх добрых намерах, паспешліва сказаў я і прыціснуў бутэлькі да грудзей.

- Што за віно? Якой маркі? - пацікавіўся гаспадар кабінета і, не чакаючы адказу, хутка загаварыў пра нешта сваё, відаць, узгадаў нейкую даўнюю спрэчку:

- Вось вам, Леў Давыдавіч, адказы на пытанні і аб царскім "сухім законе", і пра нашу рэвалюцыю. Чалавек прыехаў, а хутчэй за ўсё яго дэлегіравалі ад Паўночна-Заходняга краю, амаль за тысячу кіламетраў, і, заўважце, не са зброяй, хаця рэвалюцыя павінна ўмець абараняцца, а з віном!.. Ён хоча сказаць нам дзякуй ад імя мільёнаў працоўных і падняць тост за лепшую будучыню!.. Значыцца, шлях у нас правільны і царскія законы трэба адмяняць... "Сухі закон" у першую чаргу... Памятаеце, што ў старажытным Рыме ад Цэзара патрабаваў просты люд?.. Ён патрабаваў хлеба і відовішч!.. Гэта і сёння актуальна... Хлеб для народа мы экспрапрыіруем у буржуяў і памешчыкаў, а для народа відовішчы прыдумаем свае, рэвалюцыйныя!..

Ленін хутка падышоў да стала, нахіліўся і пачаў нешта запісваць у тоўсты занатоўнік. Троцкі дыскусіі не падтрымаў. Ён моўчкі перасмыкнуў плячыма, узяў у рукі цыркуль і схіліўся над картай. У пакоі запанавала маўклівая, бязрадасная цішыня. У гэты момант мне да няўсцерпку карцела глынуць з гарляка "Добрага кума", а яшчэ я не мог пагадзіцца з тым, што маю дзяржаву называе, няхай сабе і Ленін, нейкім там краем. Я наважыўся, набраў поўныя гудзі паветра і адным духам выпаліў:

- Мінск - не Паўночна-Заходні край! Мінск - сталіца Рэспублікі Беларусь! А віно, хоць і "чарніла," але сваё... выраблена на дзяржаўным заводзе...

Ленін адарваўся ад нататніка, уважліва паглядзеў на мяне і нечакана гучна, залівіста рассмяяўся:

- Леў Давыдавіч, таварыш Троцкі, вы чуеце?.. У іх там што, вінаграднікі?..

- Чую, Уладзімір Ільіч, чую... З вінаграднікамі будзе каму разабрацца... Мяне ж турбуе іншае... Гатовы біцца аб заклад, што Васілій - нацыяналіст, "Права нацый на самавызначэнне" не чытаў і, галоўнае, наш непарушны Саюз не прызнае.

"Ну ты і дурань, - злосна прасіпеў нябачны шавец. - Цяпер сам выблытвайся з лабірынту, вучоба закончана... Выгадную справу магла заваліць толькі тупагаловая авечка..."

- А што мы робім з нацыяналістамі? - устаючы з падлогі, ці то запытаўся, ці то канстатаваў факт маёй трагічнай будучыні Троцкі.

- Леў Давыдавіч, вы, як заўсёды, правы... Паклапаціцеся аб выкананні Дэкрэта аб абароне рэвалюцыі, а мне працаваць трэба, - страціўшы да маёй персоны ўсялякую цікаўнасць, махнуў рукой Ільіч і, трошкі памаўчаўшы, незадаволена буркнуў: - Хоць бы хто піва прынёс, баварскага ці мюнхенскага... А то з нейкім беларускім "чарнілам" ды ў кумаўі... Вось Якаў - чэсны рэвалюцыянер... Думае, гаворыць і, галоўнае, робіць усё правільна... Яго дэвіз "Апошняе слова за таварышам "Маўзерам" пераважвае разглагольстванні аб дэмакратыі ўсіх інтэлегентаў свету, разам узятых.

На твары Троцкага быццам, прыклеілася самаўпэўненая пагардлівая ўсмешка, калі ён, шарока расчыніўшы дзверы, скрозь зубы здзекліва працадзіў:

- Пр-р-рашу...

У гэтую хвіліну, нават, шкельцы акуляраў не маглі схаваць ягоныя вочы, помслівыя і халодныя ў сваёй рашучасці.

"За што выспятка атрымаў, быццам, шчанюк шалудзівы? - Пакрыўджана думаў я, няспешна пераступаючы высакаваты парожак. - Няўжо на самай справе я безнадзейны няўдачнік?.. Чым угнявіў Троцкага?.."(бязмежная вера ў Леніна адкідвала сумненні наконт Троцкага: гэта ён, Леў Бранштэйн, пераканаў Уладзіміра Ільіча ў маёй нікчэмнасці).

Калі дзверы за спіной зачыніліся, успомніў пра шаўца і адчайна, на ўсю моц крыкнуў:

- Дзядзька шавец, скажы праўду... рай зямны не для мяне?..

Свайго голасу не пачуў. І адчайны крык, і, як здалося, мяне самога праглынуў надрыўны гул матораў і злоснае скрыгатанне жалеза. Агледзеўся і зразумеў, што метамарфозы не скончыліся. Я стаяў пасярод шырокага, пагорыстага поля, у руках не бутэлькі з віном, а супрацьтанкавыя гранаты. Паўсюль, як кінуць вокам, гарыць няскошаная збажына. Атрутны, удушлівы дым даўкім смогам ахутаў вогненную зямлю, праз попельна-сівае неба ледзь прабіваецца шэрае святло. Д'ябальскі роў нарастаў, і раптам з гэтага чорнага смярдзючага туману паволі выпаўз вялікі танк з белымі крыжамі на баках. Ён скрыгатнуў гусеніцамі, тузануўся і стаў. Шукаючы цэль, вежа крутнулася ў адзін бок, другі, і праз хвіліну доўгае дула застыла насупраць. Чорнае сталёвае вока, здавалася, наскрозь працяла мяне вострым смертаносным холадам.

Толькі холад гэты зусім не ад страху. Прага помсты перапаўняла сэрца. Я з нянавісцю гляджу на вычварнае, смярдзючае жалеза, якое растраляла, спаліла, скурожыла маю зямлю і, прыціскаючы гранаты да грудзей, раблю некалькі крокаў. Д'ябальская машына гыркнула, выпусціла з вантроб клуб чорнага дыму і пагрозліва заскавытала насустрач.

Танк не страляе, яму падабаецца гульня ў кошкі-мышкі, падабаецца гэтая няроўная схватка, а я не магу кінуць гранаты, бо вораг хітры і блізка не падпускае. Раптам з паднябесся да мяне даляцеў ужо некалі чуты голас: "Праз пяць крокаў кідай гранаты і хавайся ў акопе".

- Тут і выспы няма, за якой можна было б схавацца, не тое што акопа..., - прымаючы голас за мроі прашаптаў я ў адказ.

"Пяць крокаў - і кідай!.." - пагрозліва праракатала неба, і адразу бліснула кароткая, агністая маланка. Яна разарвала хмары, і ў той жа міг зыркае сонца секанула промнямі па танку.

Гэта быў шанец: вораг аслеплены, і я кінуўся ўперад. Адзін, два, тры, чатыры, пяць - міжвольна лічу крокі... Пад нагамі і сапраўды глыбокі акоп... Не раздумваючы, шпурляю адну гранату, за ёй другую, але ў акоп не скачу, не хаваюся... У мяне ёсць выбар: я хачу бачыць, як гранаты трапяць у цэль...

Два выбухі зліліся ў адзін, і д'ябальская машына загарэлася, запалыхала чорным злавесным полымем, вужакай закруціўся павук на брані. Я глядзеў на перадсмяротныя сударагі некалі магутнай машыны і ў першыню ў жыцці адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым.

Раптам языкатае полымя вырвалася з доўгай рулі палыхаючага танка, і ў тое ж імгненне маё цела, здалося, разляцелася на тысячы, мільёны дробных кавалачкаў... Але ні болю, ні страху не адчуў... Радасць, толькі радасць перамогі над нікчэмнай пачварай перапаўняла змораную душу, і нават нервовы смех лунявага шаўца здаўся вымучаным і нікчэмным. Я быў перакананы, што цяпер назаўсёды пазбавіўся ад яго вар'яцкай улады, што больш не будзе ні змрочных калідораў, ні д'ябальскіх дзвярэй. Цяпер нада мной толькі бясконцае, вольнае неба і мне незвычайна хораша... Хораша і ўтульна ляжаць на цёплай зямлі.

Спакой парушылі крокі. Нада мной схіліўся чалавек у шынялі і вайсковай фуражцы. На хваравітым васпаватым твары рыжаватыя вусы, у заціснутай далоні люлька, з якой цягнецца кволы сінявы дымок. Пахучая табака казыча ў носе, хачацца чыхнуць, але чамусьці не магу гэтага зрабіць.

- С такими людьми ми бистро коммунизм построим? - з каўказскім акцэнтам пытаецца вусаты, і я яго пазнаю. - Как ви считаете, товарищ Хрущёв?

- Предполагаю, товарищ Сталин, что построим к тысяча девятьсот восьмидесятому году…

- А что думают члены Политбюро?

- Они согласны.

- Никита, с кем они согласны: со мной или с тобой?

- Конечно, с вами, товарищ, Сталин.

- А что конкретно Политбюро предлагает? - пасля невялікай паўзы дапытваўся Сталін. - Ведь плох герой-победитель, ох как плох... изранен, истощён…

- Ничего, выдюжит… Подлечим, и пусть строит... Наш народ от природы могуч и тягуч… Главное, людей зажечь на великое дело, воодушевить… А вы, товарищ Сталин - вождь, народ за вами в огонь и в воду…

- Почему всё делать должен товарищ Сталин? - пыхкае люлькай Сталін і, хітравата пазіраючы на Хрушчова, пытаецца: - А ты, Никита, что принесешь в копилку коммунизма?

- Подготовлю доклад к двадцатому съезду нашей партии, - імгненна рапартуе Хрушчоў і, трошкі памаўчаўшы, узнёсла дадае: -- Иосиф Виссарионович, можете не сомневаться, за Сталина жизнь отдам!

- В последнее время многие так говорят… А ты сможешь с гранатой да под танк, как вот этот израненный солдат?

- Только прикажите…

- А без приказа? И не за Сталина, а за Родину?

- Я привык выполнять приказы, ваши и партии…

- А я заметил, что у тебя, Никита, на конкретные вопросы всегда какие-то неточные, расплывчатые ответы... Подозрительно это… Ты или очень хитрый, или, впрямь, по приказу не только гопака спляшешь, но и с самолёта без парашюта спрыгнешь. - Сталін некалькі разоў пыхнуў люлькай, разгладзіў вусы і ціха прамармытаў: - Думаю об этих подозрениях нужно посоветоваться с нашим другом, товарищем Берия.

Хрушчоў не пачуў апошніх слоў правадыра, а перапытаць баяўся, ведаў, што недачуць Сталіна - бяду наклікаць на сваю галаву. Таму ён па-ваеннаму пстрыкнуў абцасамі і гучна, але з трывогай у голасе прамовіў:

- Разрешите исполнять, товарищ Сталин!..

- Что исполнять? - не зразумеў паплечніка Сталін, але праз хвіліну паблажліва махнуў рукой: - Иди, Никита, работай... а ми за тобой присмотрим...

На нейкі час я страціў прытомнасць, а калі зноў расплюшчыў вейкі, не ўбачыў ні сіняга неба, ні ласкавага сонца. Наўкол было цёмна, слотна, і толькі адзінокі рыпучы ліхтар цьмяна асвятляў невялікі лапік асфальту і вузкую лаўку, на якой я туліўся. Дзесьці зусім блізка куранты адбілі адзінаццаць, і ў маёй галаве яшчэ гуло і пераклікалася гэтае "бо-о-ом бу-у-ум, бо-о-ом бу-у-бум...", як нехта скінуў ногі з лаўкі і пачаў церці вушы, ды гэтак прафесійна, што я імгненна падхапіўся, зразумеў, з кім маю справу...

Двое хлопцаў нейкі час мяне моўчкі разглядвалі, потым разам, як па камандзе, ухапілі за рукі і паставілі на ногі. Маўчуны былі ў аднолькавых чорных скураных паліто, на нагах лакіраваныя чаравікі і, галоўнае, шапкі... Убачыў - і дыхалку перахапіла... На галовах незнаёмцаў красаваліся шапкі з футра пясца. Адным словам - начальства.

У мяне нешта як абарвалася ў сярэдзіне. "Няўжо шавец не адступіўся?" - падумаў я і запалым голасам замармытаў:

- Шаноўныя, прабачце..., толькі прысеў і не заўважыў як прыснуў...

- Падыдзе?.. - не зважаючы на маё ныццё, прабасіў адзін з незнаёмцаў і ціха дадаў: - Кудлаты..., худы..., трасецца, як у трасцы..., па вачах відаць, што тупы, як абух, а гаспадар прасіў знайсці чалавека, хоць і з перыферыі, але прыстойнага... Каб нам з ім у лужыну не сесці..

- Памыем, паголім, апранём - і будзе што трэба, - па-начальніцку расцягваючы словы, прыняў рашэнне другі.

- Людзі, даражэнькія, і праўда, навошта вам сталічны "чарнільшчык"? - адчуўшы, што ёсць шанец вылузнуць, пазбавіцца чарговых непрыемнасцей, ледзь не галасіў я.

- Змоўкні, - пагрозліва прасіпеў незнаёмец, які меўся мяне мыць, галіць, апранаць, і балюча тыцнуў у бок кулаком. - Табе выпаў вялікі гонар, будзеш прадстаўляць народ... І глядзі ў мяне, не то...

Што значыць ягонае "не то..." я ведаў добра, ужо даводзілася мець справу, і не аднойчы, з гэткімі служкамі, таму думкі пра тое, каб збегчы ці аказаць хоць нейкае супраціўленне, адразу выкінуў з галавы. Незаўважна памацаў кішэні, у якіх чакалі свайго часу две пляшкі з віном, і пакорліва, не задаючы аніякіх пытанняў, сеў у машыну. Ехалі мінут пяць, не болей, а вось куды, як не сіліўся, убачыць не змог. Вокны былі зацемненыя ды яшчэ і занавешаныя.

У тое, што адбылося потым, і паверыць цяжка. Мяне, і сапраўды, спярша завялі ў лазню і добра, з веданнем гэтай няпростай справы, адпарылі, потым услужлівы кручканосы цырульнік падстрыг і пагаліў. Замест маёй апраткі незнаёмцы прымусілі апрануць чорны ў палоску гарнітур (гэткіх ніколі не насіў), новыя чаравікі, белую кашулю і гальштук. Цырульнік спырснуў адэкалонам, і я не пазнаў сябе, калі зірнуў у люстэрка. Але гэта былі толькі кветачкі...

Калі падвялі да агромністай, пад самую столь, дзверыны, адчуў нядобрае і заўпарціўся:

- Не пайду... хоць глыток віна дайце... для смеласці...

Два ўдары пад самыя рэбры ацверазілі імгненна. Трымаючы мяне пад рукі, каб не паваліўся, старшы здзекліва прашаптаў:

- Віно дачакаецца, можаш не сумнявацца... Зробіш усё, як трэба, і чарніла тваё...

Мяне сілком упіхнулі ў пакой. Зыркае святло балюча рэзанула па вачах, і я міжвольна прыжмурыўся. Сцены, столь і асабліва велізарная люстра зіхацелі золатам. Пасярод пакоя як укапаны стаяў невысокі брывасты чалавек у маршальскім мундзіры. На кіцелі, ад пагон да самага крысся, красавалася мноства зорак, ордэнаў і медалёў. Яны зіхацелі залатымі блёскамі і брыльянтамі.

- Кх - кх -кх... - хваравіта крахтануў брывасты, цяжка падняў руку, хістануўся, і яго тут жа абступілі, падтрымалі гэткія ж дзяды, як і ён. - С-с-пасибо… д-д-рузья... -з цяжкасцю выціснуў з сябе брывасты.

Толькі цяпер я ўбачыў на далоні маршала залатую зорку. Ён, каб трывала стаяць на нагах, вольнай рукой ухапіўся за спінку крэсла і прычмокваючы губамі, з неймаверна доўгімі перапынкамі пасля кожнага слова, працягваў:

- Я... верный ленинец... тоже Ильич... только Брежнев...хочу, чтобы эту..., так сказать..., высокую..., заслуженную награду... мне вручил...

Брывасты змоўк (па ўсім відаць, забыўся тэкст) і да яго хуценька наблізіўся хударлявы сівы дзядок у вялізных акулярах і нешта прашаптаў на вуха. Брэжнеў гучна прычмокнуў, згодна кіўнуў:

- С-спасибо, т-товарищ Суслов…, я это и хотел сказать..., но вы меня опередили... Так вот..., эту заслуженную награду... от всего..., так сказать..., народа... мне вручит... товарищ Василий...

Брэжнеў ускінуў галаву і, задаволены сабой, агледзеў прысутных, маўляў, ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Гром апладысментаў грымнуў у зале, і я не адразу ўцяміў, што гэта гукавы запіс, бо старыя дзяды, паплечнікі генеральнага сакратара, толькі і змаглі, што скласці рукі...

Мяне падвялі да Брэжнева, і пад нясконцы гром апладысментаў я прышпіліў да зараней пазначанага месца на кіцелі зорку героя.

- С-спасибо, - са слязьмі на вачах прахрыпеў Леанід Ільіч і тры разы моцна пацалаваў мяне ў губы.

"Ці пан ці прапаў..." - падумаў я і, сілячыся перакрычаць гул апладысментаў, амаль у самае вуха крыкнуў Брэжневу:

- Віншую... А каб не апошняя, па традыцыі трэба было б замачыць...

У выцвілых вачах Леаніда Ільіча бліснуў радасны агеньчык. Ён махнуў рукой, апладысменты імгненна сціхлі, і Брэжнеў гучным памаладзелым голасам загадаў:

- Коньяка нам... не каждый день героев чевствуем... Василию самый большой фужер… Он тоже… Не так что бы… Но тоже молодец… Кое-что заслужил…

Убачыў я той фужэр, і радасна скаланулася сэрца: вось пашэнціла, дык пашэнціла!.. Гэта ж не фужэр, а што ні на ёсць - ваза... У яе хоць з галавой... І ваза не простая, па ўсім, падарунак, на гарляку - амерыканскі сцяг і гравіроўка на ангельскай мове. Прыгледзеўся: і сапраўды - падарунак. Напісанае прачытаць не змог, а вось, "Рэйган", подпіс прэзідэнта, угледзеў...

Трошкі сербануў і хацеў паставіць пасудзіну на стол, але прысутныя разам закрычалі: " За здароўе дарагога Леаніда Ільіча пі да дна, пі да дна, пі да дна!.." І я пажадліва засмактаў халяву...

Піў доўга, не смакуючы, і ўвесь час пераможна пазіраў на Брэжнева, на ягоных састарэлых паплечнікаў. У гэты момант я і сапраўды адчуваў сябе "народам", і мне вельмі хацелася крыкнуць: "Дзяды, дзівіцеся на нас, на вашу змену!.."

Нейкі час яны і сапраўды дзівіліся, але раптам нешта пайшло не так. Пра маё існаванне нечакана забыліся, быццам мяне і не было. Але ж як не было, калі быў, і я ўбачыў Брэжнева, толькі цяпер у труне, і паплечнікі, якія толькі што крычалі заздароўную, неслі тую труну на плячах і не ўтрымалі, грукнулася яна ў магільную яму на Чырвонай плошчы. Я і паловы вазы не апусташыў, а дзяды ўжо выносілі з Крамлёўскіх варот генсека Чарненку... Потым хуценька пахавалі Андропава. А я, народ, усё яшчэ выконваў раней дадзены загад і цяпер ужо хлябтаў з той невычэрпнай хмяльной амерыканскай пасудзіны.

А потым прыйшоў "ён", пазначаны чорнай плямінай, і адразу ўхапіўся за вазу, хацеў адабраць... Толькі са мной гэткія нумары не праходзяць... Патузаліся мы патузаліся - ды і адступіўся плямісты, але напаскудзіць паспеў, разбавіў пітво смярдзючым пойлам. Можа, я і змаўчаў бы, каб новаспечаны генсек рабіў усё ціха, без мітусні, хто-хто, а мы даўно звыкліся жыць у пастаянным крызісе... Крызіс без пачатку і канца...

Але ж мечанаму гэтага было мала, яму трэба было мяне, народ, мордай у дзярмо... Ён да крывавай помсты перасварыў людзей і, чамусьці, (як прадбачыў Троцкі), павысякаў вінаграднікі... Адным словам, насваволіў, шмат чаго нарабіў незразумелага, а з трыбуны на ўвесь свет гаманіў, што гэта "перабудова", што цяпер мы будзем жыць у нейкім там плюралізме і амерыканскай дэмакратыі... Але чаму незразумелага?.. Нават добра зразумела, на чыю мельніцу ён ліў ваду...

Цяжка, да тлуму ў галаве і колікаў у пузе, прывыкаў я да "гарбачоўскага пойла". А як прывык - адразу ў загіпнатызаваным п'янкім тумане ўбачыў Белавежскую Пушчу... Убачыў Ельцына, Шушкевіча, Краўчука... Хаўруснікі дружна краілі карту СССР... Потым Ельцын пранёсся на танку па Маскве, пастраляў па "Белым доме" і праз нейкі час назваў Новае тысячагоддзе "линолиумам" і перадаў уладу...

Вопытны, спрактыкаваны Пуцін адразу ўгледзеў чужога і хуценька справадзіў, выпхнуў мяне ў народ, а сам, што вышкалены кухар, імгненна вызначыў прыярытэты паміж "катлетамі і мухамі..."

... І ляжу я цяпер на лесвічнай пляцоўцы каля цеплаватай батарэі. Пад галавой у рукзаку мяккія футры пабітыя моллю. Спіну, шыю грэю, а вушы мёрзнуць... Дужа мёрзнуць... Цяпла хочацца... А яшчэ хочацца пагаварыць... Няважна з кім, абы чалавек быў... І не проста перакінуцца нязначнымі, пустымі слоўкамі пра здароўе і на гады разбегчыся, а душэўна пагаварыць...

Са мной гэткае некалі было, сэрца памятае душэўнасць... У Мінску, на беразе Свіслачы сустракаўся з непрызнаным паэтам і ўсю ноч гаманілі, гаманілі... Родныя душы... От, былі часы!.. Пасля тых сустрэч жыць хацелася, кожнаму ўсміхацца, братам называць...

З добрым чалавекам пагаворыш - кушнера з "Маўзерам" не ўспомніш...

Праўда, лунявы калі-нікалі прымроіцца, зыркне крывавымі акулярамі, руку ўскіне...

Пустую!?.

Думаю, кушнер-Якаў "Маўзер" згубіў...

Друкуецца ў аўтарскім скарачэнні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX