Папярэдняя старонка: ЭПАС

Суседчык гавейскі 


Аўтар: Пратасэвіч Вільгельм,
Дадана: 15-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Да гісторыі аднаго палявання

Юры Пацюпа

Тэма палявання ў літаратуры, як і ў мастацтве, займае асаблівае месца. Сустрэча чалавека з прыродаю сам-насам, вока на вока - гэта і чыстая паэзія, і незвычайная прыгода. Тут зліваюцца ў адно і спазіральнасць, і ўчыннасць. Праўда, сёння не кожны возьме ў рукі стрэльбу. Балазе, людзі ўсё часцей задумваюцца, што паляванне - гэта ўсё ж забойства. Пагатоў і жыццёвай патрэбы ў ім няма - ежа прадаецца ў крамах, а тым часам наша зброя - усё больш дасканалая, а жыхароў лесу - усё менш і менш. Але магія мастацтва ў тым, што чытаючы тую ж «Песню пра зубра» мы перажываем прыгоды герояў як спаборніцтва стыхіяў. Мы ў роўнай меры і з зубром і з чалавекам. Што ні кажы, а паляўнічыя гісторыі - гэта асобны сусвет. Можа, якраз яны і навучылі нас, як гэта ні парадаксальна, любіць прыроду.

1.

У беларускай літаратуры XIX ст. паляўнічых твораў няшмат. Першае, што ўспамінаецца - «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» Янкі Лучыны, хоць і з іх толькі адна акварэлька захавалася ў беларускамоўнай версіі [1]. Таму не можа не звярнуць на сябе ўвагі паляўнічы твор Вільгельма Пратасэвіча, вядомы пад назваю «Суседчык гавейскі». На жаль, ні самому твору, ні яго аўтару да гэтай пары не надавалася належнай увагі. Гісторыю публікацыі «Суседчыка гавейскага» апісаў Мікола Хаўстовіч [2], таму я перадам тут толькі асноўныя вехі. У 1969 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» Янка Саламевіч апублікаваў урывак з паэмы [3], у 1971 г. - крыху большы ўрывак ён жа змясціў у хрэстаматыі [4]. З тае пары і перадрукоўвалася гэтая публікацыя. Аднак, зазначае Хаўстовіч, Пратасэвіч як пісьменнік застаўся не заўважаным, ён не патрапіў ані ў шасцітамовы даведнік «Беларускія пісьменнікі», ані ў найноўшую акадэмічную «Гісторыю беларускай літаратуры» [5]. Нібыта і не было такога паэта. Звярталі на Пратасэвіча ўвагу толькі некалькі разоў: Аляксей Пяткевіч - сярод пісьменнікаў Гродзеншчыны [6], Кастусь Цвірка [7] і Лія Кісялёва - сярод інсітных паэтаў [8].

Праблема была і ў тым, што Саламевіч паводле тагачаснай заганнай традыцыі не змясціў дакладнага архіўнага адрасу апублікаванага ім урыўка, таму ўсю работу па выяўленні твора давялося рабіць ледзь не з нуля. Архіў М. Федароўскага, дзе паводле Саламевіча захоўваўся «Суседчык гавейскі», Мікола Хаўстовіч перавярнуў амаль цалкам, а знайшоў рукапіс «у фондзе 438 Кабінета рукапісаў Бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта» [9]. Ён і апублікаваў упершыню поўны тэкст рукапісу ў варшаўскім зборніку «Матэрыялы і даследаванні» [10]. Гэтая публікацыя, у адрозненне ад усіх ранейшых, дакладна, па літарах перадае рукапіс, у зносках далучаюцца праўкі Федароўскага, сцісла прэзентуецца твор і яго аўтар. Паводле Хаўстовічавай публікацыі можна вывучаць усё, што ёсць у рукапісе, хіба апрача почырку. Гэта і ёсць нулявая стадыя, пункт адліку, з якога мусіць пачацца паўнавартае жыццё твора. Але пакуль што перад намі аб'ект не эстэтычны, а лінгвістычны. Якая б ні была каштоўная для навукі Хаўстовічава публікацыя - не кожнаму яна даступная. Тэкст на «дзікай» лацінцы XIX ст. (пра якую Хаўстовіч піша: «складваецца ўражанне», што «перапісаў малапісьменны чалавек» [11]) ды яшчэ надрукаваны ў Варшаве мізэрным накладам - не нашмат больш даступны, чым рукапіс. Твор па-ранейшаму застаецца «рэччу ў сабе». А ўсё ж ён варты таго, каб стаў «рэччу для нас».

Бліжэйшае знаёмства з тэкстам Вільгельма Пратасэвіча паказала: у значнай меры ён застаўся «рэччу ў сабе» не толькі для нас, але і для яго публікатараў і інтэрпрэтатараў. Менавіта апошняя акалічнасць падштурхнула мяне больш пільна ўчытацца ў «Суседчыка...», адаптаваць да сучаснага правапісу, і нават больш - да сучаснага літаратурнага кантэксту. Мая публікацыя не адмаўляе каштоўнасці публікацыі Хаўстовіча і нават не прэтэндуе яе замяніць. Гэта лагічны працяг - ужо не нулявая, а першая стадыя жыцця твора, наданне яму больш папулярнага статусу. І ў той жа час гэта не проста папулярызацыя, а тым больш - не спрашчэнне. Урэшце, мэта навукі не толькі перапісаць тэкст літара ў літару, але і знайсці аптымальную форму яго існавання, што не робіцца за адзін прыём і вымагае дасканалага філалагічнага інструментарыю. Тут можна вылучыць два моманты. Першы (скарыстаем тэрмін Сакрата), - маеўтыка твора - выяўленне яго схаваных патэнцыяў. Другі (гаворачы мовай Арыстоцеля), - яго энтэлехія, наданне ўласнай завершанай формы твору, не толькі як тэксту, але і як эстэтычнай і нават гістарычнай падзеі.

Перш-наперш мяне прывабіла ў «Суседчыку...» мова, пра якую хацелася сказаць: «наша гаворка». Другое, на што я звярнуў увагу - назва Гаўя. Ёсць такая рэчка, прытока Нёмана, і тутэйшаму чалавеку найменне не можа не кінуцца ў вочы. Між іншым, Гаўя не раз была апетая Данутай Бічэль, якая і нарадзілася тут, на Лідчыне, дзе Гаўя ўліваецца ў Нёман. Але з кантэксту паэмы відаць - Пратасэвіч піша не пра рэчку. Ёсць і чыгуначная станцыя ды вёска Гаўя, у розныя часы вёска адносілася то да Ашмянскага, то да Валожынскага, то да Лідскага паветаў, цяпер - Івейскі раён, Ліпнішкаўскі сельсавет. Але і не пра гэтую Гаўю гаворка. А гаворка, відавочна, пра маёнтак Гаўя-Пяскі на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёну, Трацякоўскага сельсавету. А ўжо далей, ведаючы гэта, не цяжка выснаваць, што прыметнік гавейскі ў загалоўку (параўнайма з івейскі) - гэта не прозвішча, не антрапонім, а дэмонім, і мусіць пісацца з малой літары.

Гэтага даволі, каб засумнявацца ўва ўсім, што дагэтуль сцвярджалася пра Пратасэвіча і ягоны твор. Па-першае, падзеі адбываюцца не на Наваградчыне (сучаснай Дзятлаўшчыне), дзе жыў аўтар, а на сучаснай Лідчыне, на памежжы з Івейскім, Ашмянскім, Наваградскім і Воранаўскім раёнамі, куды Пратасэвіч ездзіў паляваць. Па-другое, аўтар хоць і піша ад імя селяніна, ніякі не селянін, як павялося ўважаць з лёгкай рукі Саламевіча. (Тут няма дзіва, і Багушэвіч пісаў ад імя селяніна.) І, нарэшце, «Суседчык...» укладзены дасканалым сілабічным вершам, гэта зусім не інсітны твор. Зрэшты, што тут спрачацца! Калі раскручваць факты па парадку, то нават аспрэчваць нічога не трэба, многае і так відавочна. А з іншага боку, твор да такой ступені інфармацыйна насычаны, што, мне пры ўсім жаданні не ўдасца паставіць да яго апошнюю кропку, я толькі паспрабую крыху прыадкрыць заслону над загадкаю Вільгельма Пратасэвіча і ягонай паэмы.

2.

Пры інтэрпрэтацыі беларускай літаратуры XIX ст., як паказвае досвед, айчыннае літаратуразнаўства рэгулярна спатыкаецца на дзвюх рэчах: на ролевых творах і на сілабічным вершы. Калі апошняе даравальна, бо вымагае дадатковай вершазнаўчай кваліфікацыі (зрэшты, і гэта не паможа, бо сілабіка ў нас забытая, а ключы да яе страцілі стагоддзе таму), то першае асабліва засмучае. Спынімся на гэтых агульных, на першы пагляд далёкіх ад асноўнай тэмы пытаннях, каб потым не пускацца ў лішнія тлумачэнні.

Занядбанне ролевасці гісторыкамі літаратуры (а яно выяўляецца і ў даследаваннях, і ў прыватных спрэчках) засмучае, бо без гэтага не варта і спрабаваць зразумець большую палову тэкстаў XIX ст. Хто-хто, а філолагі мусяць ведаць пра няпростыя дачыненні паміж аўтарам і героямі, аўтарам і апавядальнікам. Мусяць ведаць, што вобраз апавядальніка, нават калі біяграфічна супадае з аўтарам, не ёсць аўтарам. А пасля таго, як Ю. Тынянаў увёў катэгорыю лірычнага героя, стала ясна, што нават паміж гранічна шчырым, спавядальным паэтам і аўтарам нельга ставіць знак роўнасці. Пад уздзеяннем розных эстэтычных установак вобраз лірычнага героя можа мяняцца як у бок ідэалізацыі, так і ў бок дэманізацыі. У ролевых жа творах і лірычны герой, і апавядальнік канчаткова аддзяляюцца ад аўтара, гэта толькі маска, а ў адпаведнасці з маскай мяняецца і маўленне аповеду. І нават аксіялогія аўтара нібыта адступае на другі план пад напорам аксіялогіі героя. Пазіцыю аўтара мы можам выявіць толькі ўскосна, з дапамогаю аналізу ўдзельных сведамасцяў. Яна можа адкрываецца ў іроніі і розных іншых праявах.

З таго часу, як беларуская мова ў 1696 г. страціла дзяржаўны статус, яе выкарыстанне ў літаратуры лучылася толькі з пэўнымі сацыяльнымі ролямі, якія, у прынцыпе, зводзіліся да дзвюх функцыяў: забаўляльнай і павучальнай. Першая абумоўлівала камічны дыскурс і звязаныя з ім ролі, а з другая - дыдактычны дыскурс і звязаную з ім безасабовасць выказвання. І ў тым і ў другім выпадку для лірычных перажыванняў не заставалася месца. У XIX ст. гэтая сітуацыя ў значнай меры захоўвалася, але спакваля пачалі выспяваць новыя з'явы. Бліжэй да сярэдзіны стагоддзя ўжо з'яўляюцца псеўданімы (і не толькі ў паэзіі) як персаніфікацыі тых самых сацыяльных роляў: Навум Прыгаворка, Яська-гаспадар з-пад Вільні, Мацей Бурачок, Шымон Рэўка з-пад Барысава, Фэлька з Рукшэніц. Зазвычай усе зніжанага плану, што абумоўлівала і іх тыповую структуру: уласнае імя + дэмонім. Пад гэтымі імёнамі мы не сустрэнем чыстай лірыкі, самае большае - хіба віншаванне, але гэта ўжо шлях да асабовасці. Рэвалюцыю зрабілі Войслаў Савіч-Заблоцкі і Альгерд Абуховіч, Янка Лучына і Адам Гурыновіч, калі дазволілі сабе лірычныя (значыць - уласныя) выказванні па-беларуску і новыя псеўданімы кшталту Граф Бандынэлі. Сёння нават цяжка ўявіць маштаб той рэвалюцыі. Дарэчы, і ў Францішка Багушэвіча большасць вершаў ролевыя, у абодвух яго зборніках мы не сустрэнем лірычных вершаў, але яны былі ў рукапісах і, няйначай, патрапілі б у наступныя зборнікі, дзе ролевасць мусіла быць пераадоленая.

Што да сілабікі, то вірус яе неразумення айчынная літаратура падчапіла разам з рускімі правіламі вершавання. А. Квяткоўскі наракаў: «Ува ўсёй вершазнаўчай літаратуры нельга знайсці ніводнага мала-веле годнага азначэння сілабікі, няма і хоць трохі прыдатнага разумення гэтай сістэмы» [12]. «У гісторыі рускай паэзіі і стылістыцы на гэтым месцы ганебны правал» [13]. Руская літаратура страціла ключы да сілабікі ўжо ў пачатку XVIII ст., беларуская - толькі ў пачатку XX ст. Ці не першы сімптом - ганенне М. Багдановічам версіфікацыі В. Дуніна-Марцінкевіча: «Пісьменнік цяжкі і грувасткі, засяроджаны адно на эпасе, Марцінкевіч пісаў вершам грубым і няўклюдным, які штораз адступаў ад вымог беларускай прасодыі (уплыў польскіх узораў). Можна нават сумнявацца, ці быў ён наагул паэтам» [14]. Затое Багдановіч ухваліў версіфікацыю паэмы «Тарас на Парнасе»: «Напісаная бойка, добрай беларускай моваю і бездакорным вершам» [15]. Гэтак сучасныя літаратуразнаўцы вылучаюць Францішка Вуля як асабліва таленавітага сярод ягоных сучаснікаў. Насамрэч жа Вулеў верш, як і верш Тараса на Парнасе», усяго толькі лепш кладзецца на рускую традыцыю. Падобныя ацэны ў значнай меры вынікаюць з недастатковай абазнанасці ў законах сілабікі, нязвыкласці яе рытму для рускіх стэрэатыпаў.

Аднак яшчэ на пачатку XX ст. Стары Улас, Казімір Сваяк і іншыя паэты, выхаваныя на польскіх рытмавых стэрэатыпах пісалі віртуозныя сілабічныя вершы. Значыць, пытанне не ў мове, а ў культурнай традыцыі. Калі яшчэ не быў страчаны досвед сілабікі, Максім Гарэцкі вучыў: сілабічны верш «грунтуецца на роўным ліку складоў у радку, прычым у нашай мове і словы ў гэтым радку павінны быць такія, што націскі ў іх створаць пэўны рытм» [16]. Расстаноўка тых націскаў - рэч не складанейшая за «стапаванне» (тэрмін Д. Дубенскага). Галоўнае - пільнаваць канстанту (націск у канцы радка, на рыфме). А калі радок складаецца з дзесяці і болей складоў, то варта пільнаваць і цэзуру, а таксама канстанту на цэзуры. Астатняе усталюецца само - узнікнуць дзіўныя пералівы рытму, якіх з дапамогай стапавання ніколі не дабіцца. Так, да цэзуры трэба прывыкнуць, у нямецкай і рускай традыцыі пра яе існаванне часта забываюцца. Таму Рудольф Вестфаль і пісаў: «Немец можа чытаць вершы сваіх паэтаў без спецыяльнага вывучэння метрычнай дэкламацыі, а француз не мае на гэта мажлівасці: ён не разумее рытму сваіх паэтаў, калі ён яму не паказаны асобна» [17]. Аднак і ўспрыняцце стоп не даецца нам ад нараджэння. Спантанна (у выклічніках) нам даецца толькі харэічны рытм, які і складае, дарэчы, аснову сілабікі і народна-песеннага верша.

Наконт паэмы Вільгельма Пратасэвіча можна адразу сказаць: гэта паэт школы Дуніна-Марцінкевіча. Падабенства трывае на ўсіх роўнях тэксту: у вершаванні, у сістэме вобразаў, у маўленні і, урэшце, у ідэалогіі твора. «Суседчык гавейскі» напісаны сілабічным 12-складовікам, якому ў танічнай традыцыі [18] адпавядае шасцістопны харэй з цэзураю (толькі менш разняволены рытмічна). У беларускай літаратуры XIX ст. пасля 8-складовіка (4-стопнага харэя) гэта другі паводле папулярнасці памер. 12-складовікам часта пісаліся буйныя сюжэтныя вершы, паэмы. Да гэтага памеру звярталіся найбуйнейшыя паэты тае пары: Францішак Багушэвіч, Фелікс Тапчэўскі, а адзін з першых яго шырока практыкаваў Дунін-Марцінкевіч. Пратасэвічаў 12-складовік мае адну адметную рысу, характэрную і для Дуніна-Марцінкевіча: у абодвух канстанта пільнуецца толькі ў канцы радка - на пятым складзе колана. А на цэзуры яна час ад часу адхіляецца, часцей - на шосты склад колана, зрэдку - на чацверты.

Каб мець уяўленне пра гэтыя адхіленні, пакажам нарматыўныя левыя коланы, дзе канстанта (пазначым яе тоўстым шрыфтам) стаіць на пятым складзе:

Устыд вам паночкі…

Збірайцеся дружна…

То палюйце з Богам…

І вы, наязджачы…

Кладзеце суконкі…

Казаў варыць страву…

Калі я тут, куме…

І, для параўнання, коланы з перанясеннем канстанты на шосты склад - яны гучаць не так лёгка, як папярэднія:

Да настаўце вады

Бо трэба пакарміць…

Няхай сто лет жыве

Но там блізка хартоў…

І лісіцу забіў…

Но Мікульскі страляць…

Няхай сто лет жывуць…

Ёсць таксама коланы з перанясеннем канстанты на чацверты склад (іх зусім мала):

З пшэннай булачкай…

Ісці на панскае…

Урэшце, знайшоўся і адзін колан, дзе канстанта перамясцілася на трэці склад:

Адны новенькія…

У прынцыпе, усякае перамяшчэнне канстанты недапушчальнае, бо збівае з рытму - на тое ж і канстанта, каб заставацца на сваім месцы. Калі яна адхіляецца хоць на адзін склад, то, пры ўсім жаданні, мы ўжо не зможам аднолькава праскандаваць коланы. Усе нарматыўныя коланы з канстантай на пятым складзе скандуюцца як трохстопны харэй, а з націскам на шостым складзе - як трохстопны ямб, на чацвертым - як двухстопны дактыль, на трэцім - як двухстопны харэй. Такая стракатасць не спрыяе ўсталяванню адзінства рытму. Аднак цалкам можна дапусціць, што ваганні на цэзуры пры пэўных варунках маглі стаць нормаю, як сталі нормаю ваганні націску на цэзуры ў рускім шасцістопным ямбе. Хоць В. Традзіякоўскі і забараняў іх, але гэтую вольнасць засвоілі ўсе рускія паэты, нават М. Ламаносаў [19], асабліва пасля трактата А. Сумарокава [20]. Аналагічная вольнасць Дуніна-Марцінкевіча ў сілабіцы магла пашырыцца і на іншых беларускіх паэтаў. Праўда, гэта не здарылася, але ў Пратасэвіча мы назіраем такую асаблівасць. Каля 13% 12-складовіка (менш за 40 радкоў) маюць інверсію канстанты на цэзуры. Хоць дакладна вызначыць гэты лік немажліва, бо нельга даведацца, дзе інверсія канстанты, а дзе пераакцэнтуацыя слоў.

У цэлым Пратасэвічаў 12-складовік мае высокую ступень ізасілабізму. Усяго ў паэме налічваецца 310 радкоў, з іх 294 - у форме 12-складовіка, 4 радкі - цытата з невядомага 8-складовага тэксту, і яшчэ 8 радкоў, якія могуць трактавацца як 11-складовік [21]. Пасля верыфікацыі кан'ектур праграма падліку складоў выдала наступныя вынікі: усяго ў 294 радках 12-складовага тэксту 588 коланаў, з іх 578 - 6-складовыя, 2 - 5-складовыя, 7 - 7-складовыя, і 1 - 8-складовы. Такім парадкам, 12-складовік на 98% адпавядае свайму канону. Трэба ўдакладніць, правыя 5-складовыя коланы, якія маюць мужчынскую клаўзулу, умоўна лічыліся за 6-складовыя, бо цалкам адпавядаюць канону трохстопнага харэя (бо яны, як і 6-складовыя з жаночай клаўзулай, маюць 5-складовае ядро):

…пара уставаць

…выпіці чаёк!

…да счваці зайцы!

…бо ён добры пан.

Куме, галубок…

Да Дуніна-Марцінкевіча Пратасэвіч падобны і стылёва, і ідэалагічна. Абодва - майстры пабытовых падрабязнасцяў, досыць параўнаць паляванне ў «Суседчыку…» і блуканне беларускіх гасцей па Маскве ў «Халімоне на каранацыі». І ў тым і ў другім выпадку дзень за днём, гадзіна за гадзінай прасочваецца хроніка адной лакальнай падзеі. Праўда, трэба прызнаць, у Дуніна-Марцінкевіча гэта выходзіць больш ярка, вобразна. У Пратасэвіча - больш суха, але і яму ўдаецца перадаць працэс рэчыўна, навочна так, што ў чытача ствараецца адчуванне ўдзельніка падзей. У ідэйным плане абодва паэты - песняры патэрналізму ў дачыненнях паноў і сялян паводле схемы «добры і руплівы пан-бацька - шчаслівыя і ўдзячныя сяляне-дзеткі», абодва ідэолагі «класавага міру», як сказалі б у савецкія часы. Гэта асабліва выразна праявілася ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, і тое самае бачым у «Суседчыку…» [22]:

Мы пад ім шчаслівы, || бо ён добры пан.

Дай жа яму, Божа, || пражыць доўгі век!

Няхай сто лет жыве || і пан капітан,

Бо пры іх шчаслівы || кажан чалавек!

А нашая пані, || то, чуеце, дзеці -

Такой другой, пэўне, || да няма на свеце,

Яна над слугамі || і цэлай чалядкай,

Яна над усімі || бедненькімі маткай.

Калі ў Дуніна-Марцінкевіча ўсе гісторыі апавядаюцца ад імя войта Навума, то ў Пратасэвіча ад імя нейкага кума, удзельніка падзей. Аднак, што асабліва цікава і не мае аналагаў у тагачаснай беларускай літаратуры, аўтар тут таксама выведзены - у якасці аднаго з герояў, удзельнікаў палявання. Вобраз апавядальніка і вобраз героя як бы мяняюцца месцамі адносна аўтара, што дазваляе апошняму глядзець на сябе збоку, крыху ў іранічным ракурсе. Пратасэвіч, ці не адзіны з беларускіх пісьменнікаў XIX ст., якому ўдалося намаляваць слоўны аўтапартрэт:

З імі Пратасэвіч || лысы валачэцца -

Нябось ад кампані || ён не астанецца.

Ой рэдкі на свеце || чалавек такоў,

Ён пяе, хоць крышку || цяпер нездароў.

Які, чуеш, зоркі! || Які яго вочы!

Яму нет ніколі || ані дня, ні ночы!

А які ён злосны! || Часам нас і чубіць,

Но за тое, што́ ён || нашых паноў любіць,

То мы яго любім, || ўсё яму прабачым.

Радуемся шчыра, || як лысага бачым.

Бо ён разам з намі || спявае, галосіць,

Часта нам па чарцы || гарэлкі выпросіць.

Ён-то часам, браткі, || як бізунчык голы,

Для таго спявае, || для таго вясёлы.

Ніводнаму з герояў, нават «пану маршалку» з жонкай не надаецца гэтулькі ўвагі, як «лысаму шляхціцу» Пратасэвічу, ён усюды, ён у цэнтры ўвагі, ён выклікае найбольшыя эмоцыі апавядальніка. Пратасэвіч нібыта прафануецца, а насамрэч падкрэсліваюцца яго выдатныя якасці, уменне і страляць, і спяваць, і танцаваць. Не толькі інсітныя, нават выкшталцоныя прафесійныя літаратары не ўмелі так абстрагавацца ад уласнага вобраза і так дасціпна сябе падаць. Калі ж лічыць, што гэта нейкі селянін апісвае падзеі, то незразумела, навошта ён так канцэнтруе ўвагу на адным героі, ёсць жа і больш цікавыя, каларытныя персанажы. Дый не ведаю ніводнага выпадку з гісторыі літаратуры, каб селянін падпісваўся імем пана. Часам сяляне мелі прозвішчы сваіх паноў, але наўрад ці сярод сялян мела пашырэнне імя Вільгельм. Так яно ці гэтак, а ідэя паэта-селяніна абсалютна надуманая, не пацвярджаецца ніводным фактам і грунтуецца толькі на наіўным успрыняцці ролевага твора і кепскім разуменні сілабікі. Калі ўсе ролевыя творы разумець просталінейна, усё, што кажа апавядальнік, успрымаць за чыстую манету, то пара гаварыць не пра інсітнага аўтара, а пра інсітнага інтэрпрэтатара.

І ўражвае нейкае паблажлівае стаўленне да літаратуры XIX ст., нават сярод тых, хто «жывота не шкадуючы» рупіўся і стараўся дзеля яе. Мікола Хаўстовіч піша: «У мастацкіх адносінах тэксты В. Пратасэвіча аніяк нельга назваць "высокім пісьменствам"» [23]. Калі з гэтым і можна пагадзіцца, то тады ў праве быць высокім пісьменствам трэба адмовіць ці не ўсёй літаратуры XIX ст. Пратасэвіч не заслугоўвае абразлівага азначэння «вершавальнік», і ён не «паэт-селянін», а «Суседчык гавейскі» - хай сабе і «дробнамаёнткавая» літаратура, але не ў большай меры, чым паэзія Яна Баршчэўскага ці таго ж Дуніна-Марцінкевіча. Якія, урэшце, прыдворныя паэты ў XIX ст.? І двароў такіх не было, дзе б трымаліся прыдворныя паэты. Вершы пісаліся шляхтаю для шляхты, роўнымі для роўных. Сяляне, калі і пісалі, то зазвычай не для пана, паны ў гэтым не мелі патрэбы. А лірнікі, дудары - да літаратуры не мелі дачынення. Багдановіч слушна казаў, што літаратура XIX ст. «не мела ні чытачоў, ні пісьменнікаў - былі толькі аматары беларускага пісьменства» [24], але тое аматарства вымагала і пэўнага культурнага роўню. Калі ж добра ўчытацца ў Пратасэвічаву паэму, то ў выяўленні каларыту шляхецкага жыцця яна шмат у чым не папушчае лірычнаму шэдэўру Г. Дзяржавіна «Евгению. Жизнь Званская» (1807), дзе таксама паэтызуецца дваранскі побыт.

І яшчэ раз падкрэслю, сілабічныя вершы трэба навучыцца чытаць, каб адчуць іх хараство, іх рытмічныя пералівы. Між іншым, несправядлівая ацэна паэта пачынаецца з недакладнай інтэрпрэтацыі памеру верша. М. Хаўстовіч памер «Суседчыка…» паўсюль называе «нерэгулярным 11-складовікам» [25], а насамрэч гэта 12-складовік і, як вышэй было паказана, няблага ўрэгуляваны. Проста, у паэме вельмі шмат радкоў з мужчынскімі клаўзуламі, якія даюць сапраўды адзінаццаць складоў, але памер вызначаецца не агульным іх лікам у радку, а лікам ад канстанты да анакрузы, плюс жаночая клаўзула. А значыць, мена жаночай клаўзулы на мужчынскую (якая памяншае лік) ці дактылічную (якая павялічвае лік) на памер не ўплывае. Аднак, раз ужо было абвешчана нібыта памер «нерэгулярны», то эстэтычны прысуд ясны: «інсітнік», «паэт-селянін», не валодае формай і г.д. Нічога падобнага няма, валоданне формай адпавядае нормам свайго часу - абы толькі літаратуразнаўцы яе разумелі.

Ці зноў жа, у Пратасэвічавай паэме ёсць страфа, якая моцна выбіваецца з 12-складовіка, бо ўкладзеная 8-складовікам: Хто не глядзіць у дзве люркі… Хаўстовіч не толькі звяртае на яе ўвагу, але і знаходзіць пацверджанне, што гэта аплікацыя, бо раней тая цытавалася ў аповесці Міхала Паўлікоўскага [26]. Нельга тут не адзначыць дасведчанасці і назіральнасці гісторыка літаратуры. Але эстэтычная выснова ў яго больш чым спрэчная: «Чатырохстопны харэй "сентэнцыйнага беларускага верша" на ўзровень вышэй за нерэгулярны адзінаццаціскладовік В. Пратасэвіча» [27]. Па-першае, «харэй» тут адносны, гэта сілабічны 8-складовік, праўда, як і большасць сілабічных памераў, ён мае харэічную кадэнцыю. Па-другое, вызначыць «вышэйшасць» верша, ды яшчэ на цэлы «парадак», паводле чатырох нехацявых радкоў - гэта ўжо замоцна. Насамрэч кароткія памеры (гэта агульнавядомая рэч), зазвычай гучаць больш лёгка, чым памеры доўгія, да якіх адносіцца і 12-складовік. Не кажу ўжо пра тое, што лёгкасць гучання і эстэтычная вартасць - далёка не тоесныя рэчы.

Гэта такі самы выпадак, пра які я пісаў вышэй, калі паводле крытэру «складнасці», «лёгкасці» завышаецца талент аднаго паэта і прыніжаецца другога. Але я не магу тут упікнуць Хаўстовіча, ужо хаця б таму, што гэтая практыка пачалася не з яго, а даўно. З часоў Багдановіча, а то і раней. Нічога дзіўнага, калі Хаўстовіч называе 8-складовік харэем (шмат горш, калі ён 12-складовік называе 11-складовікам). Бо аналагічная карціна назіраецца і ў прафесійнага знаўцы верша В. Рагойшы, амаль усе сілабічныя 8-складовікі Багушэвіча ён запісаў у «сілаба-тоніку» як «чатырохстопныя харэі», а 12-складовікі - у сілабіку [28], хоць іх таксама можна інтэрпрэтаваць як харэі, толькі ўжо шасцістопныя. Тут адно з двух - або і той і другі «складовікі», або і той і другі «харэі», або ўсё разам - і «харэі», і «складовікі». У кожным разе, некарэктна памеры, якія ствараліся ў адной сістэме, разносіць па розных сістэмах толькі таму, што адзін памер лягчэйшы, а другі цяжэйшы. Яшчэ менш карэктна з розніцы ў памерах выводзіць эстэтычную вартасць твораў і памер таленту творцы.

Аналіз як верша, так і вобразнай сістэмы «Суседчыка…» паказвае, што гэта зграбны літаратурны твор. Калі спыніць увагу на ўступнай частцы, то нельга не заўважыць, як лагічна і паслядоўна яна разгортваецца: спачатку аўтар звяртаецца да паноў-паляўнічых, заклікае іх прачынацца, потым з дасціпнай матывацыяй звяртаецца да сялян, тых, якія ідуць у загонку - «наязджачых», і тых, якія падпільноўваюць звера, «стральцоў» (або, паводле сучаснай паляўнічай тэрміналогіі, стаяць «на нумары»), далей звяртаецца да прыдворных работнікаў, кухараў, а ўрэшце сканчае ўсхваленнем гаспадара і яго жонкі. Раздзелы ж, прысвечаныя розным этапам палявання, следуюць за рэальнымі падзеямі, і таксама наколькі падрабязныя, настолькі прадуманыя, паслядоўныя. Твор робіцца нашмат яснейшым, калі разбіць яго на строфы, якія становяць сабой не толькі зрыфмаваныя адзінкі рытму, але і кванты зместу. Зрэшты, у некаторых сегментах ёсць падставы для сумневаў, як квантыфікаваць тэкст - на двух- ці чатыпрохрадкоўі.

Цяпер, калі мы маем уяўленне пра змест і форму Пратасэвічавага твора, можна меркаваць і пра яго жанравую прыроду. М. Хаўстовіч бачыць тут нават не адзін твор, а некалькі: «Я. Саламевіч - невядома чаму - тытул першага тэксту палічыў за агульны для ўсіх трох» [29]. Сам ён сцвярджае, што «тут тры асобныя творы, аб'яднаныя, праўда, агульнасцю паляўнічай тэматыкі» [30]: тры паляўнічыя гутаркі, а ў канцы - адзін антыалкагольны верш. Аднак такая выснова, зробленая на падставе «графічнага падзелу» ў рукапісе супярэчыць відавочнаму. Не думаю, што з адной крайнасці варта кідацца ў адваротную, і ад тэксталагічнага валюнтарызму, неахайнай эдыцыі савецкай пары пускацца ў тэксталагічны фетышызм, кананізаваць кожную літару рукапісу насуперак здароваму розуму. Нават у сучасным тэксце вярстальнікі часта блытаюць назву падзагалоўка з назваю першага раздзелу, а што ўжо казаць пра тэкст, які, паводле Хаўстовіча, перапісваў непісьменны чалавек. Адзінства тэматыкі, адзінства памеру, логіка разгортвання падзей сведчаць, што гэта цэльны твор, і не абы-які, а прадуманы, кампазіцыйна завершаны. Праўда, хутчэй за ўсё няпоўны.

Больш праўдападобна, што перад намі рэшткі вялікага эпічнага твора. Тое, што змяшчаецца пад тытулам «Суседчык гавейскі» - гэта ўступная частка, якая проста не мае назвы, а тытул, як слушна змеркаваў Саламевіч, адносіцца да ўсяго твора. Далей - ідзе раздзел «Першы дзень палявання. У кнеі-дубіне». З гэтай назвы відавочна вынікае, што быў, мабыць, і «другі» дзень палявання, і «трэці», пра што сведчыць апавядальнік. Відавочна, паны палявалі з размахам, а твор укладаўся такім спосабам, што кожны раздзел складаў адзін дзень. Колькі ўсяго было тых дзён, меркаваць цяжка, мажліва, забавы доўжыліся і тыдзень. Трэці раздзел, пад назваю «Серада», мабыць, апісвае трэці дзень, а другі і чацверты страчаныя ці існавалі толькі ў задуме. Мажліва, іх было ўсяго тры, і серада - гэта апошні дзень, але ў кожным разе дзён - не менш як тры. Тады што такое становіць сабою апошні безназоўны раздзел? Якое ён мае дачыненне да паляўнічых гісторыяў? Адказ на гэтае пытанне мы знойдзем, калі выйдзем па-за межы іманентнага аналізу твора і звернемся да культурна-гістарычных акалічнасцяў. А пакуль што скажам так: гэта раздзел-эпілог. А што без назвы - не дзіва, ускосна гэта пацвярджае тое, што і ўступная частка магла не мець назвы.

Такім парадкам, перад намі паляўнічая паэма (ці ўрыўкі з паэмы), якая складаецца з некалькіх тэматычных аповедаў-раздзелаў, уступу і замкнення, і мае адзін цэльны сюжэт. Азначэнне яе як гутаркі хоць і не беспадстаўнае, але ў цэлым спрошчанае і нават прыніжае прыгожы шматпланавы твор. З аднаго боку, падзеі сапраўды падаюцца ў выглядзе гутаркі, прычым не дыялагічнага ўзору, як «Гутарка двух суседаў», а маналагічнага як «Гутарка Данілы да Сцяпана». Аднак гэта толькі вонкавы і не адзіны спосаб выкладу матэрыялу. «Суседчык…» сінтэзуе некалькі жанраў, апрача гутаркі як формы аповеду ён улучае яшчэ і элементы віншавальнага верша - беларускай прыватнай оды XIX ст. Віншаванні, як вядома, не заўжды станавілі сабою просты вершаваны маналог, маглі ўвасабляцца і ў сюжэтна-драматызаванай форме, як «У дзень імянін» Яна Чачота ці «Імяніннае віншаванне Ігната Сліўкі». Уплыў жанру віншавання асабліва заўважаецца ў пачатку і ў канцы паэмы. Нават першыя словы «Суседчыка…» нагадваюць пачатак віншавальнага верша Вінцэнта Каратынскага [31]:

Ўставайма, братцы, да дзела, да дзела!

З поўначы певень залопаў крылом.

Ну жа, каб жыва работа паспела, -

Выслаць гасцінец жоўценькім пяском!

І такі самы заклік-зачын бачым у Вільгельма Пратасэвіча:

Пара паночкі, пара уставаць,

З пшэннай булочкай выпіці чаёк!

Устыд вам паночкі аж да дня ляжаць,

Збірайцеся дружна едзьце у лясок.

Але ў цэлым «Суседчык гавейскі», незалежна ад прыёмаў аповеду, іншых жанравых момантаў, - адносіцца да шэрагу паляўнічых гісторыяў, як і «Паляўнічыя акварэлькі» Янкі Лучыны, як і «Палескі тыдзень» Артура Бартэльса [32]. Між іншым, «Суседчык…» нашмат больш цэльны твор, чым самадастатковыя Лучынавы абразкі, кожны з якіх складае асобны сюжэт. І, калі нішто не замінае, нягледзячы на самастойнасць і завершанасць кожнага абразка, лічыць іх адным творам, то тым больш нельга адмаўляць у такім праве паэме Пратасэвіча. Урэшце, і «Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага і шмат якія іншыя цыклізаваныя творы тае пары, злучаныя не сюжэтам, а толькі вобразам апавядальніка, мы ўсё ж лічым адным творам.

3.

Паэма «Суседчык гавейскі» Вільгельма Пратасэвіча каштоўная ўжо тым, што ад пачатку і да канца напісаная добрай беларускай мовай, тым самым ёсць падзеяй беларускага пісьменства, у адрозненне ад Бартэльсвай ці нават Лучынавай. Але, апрача ўсяго іншага, яна і ўнікальная, - гэта паэма-дакумент. Я не магу назваць ніводнага паэтычнага твора XIX ст. падобнага кшталту. Ні Янка Саламевіч, ні Мікола Хаўстовіч, заслугі якіх у публікацыі паэмы бясспрэчныя, не паставіліся ўсур'ёз да каталогу вёсак і асоб, што па некалькі разоў пералічаюцца ў тэксце. Мабыць, тут адыграла ролю інерцыя ўспрыняцця мастацкіх твораў, дзе зазвычай героі, нават тыя, якія маюць прататыпаў, умоўныя.

Гэтым разам - не так, усё вельмі канкрэтна: рэальныя вёскі, рэальныя людзі, рэальныя падзеі. Я нават не ведаю, ці ёсць тут хоць адзін умоўны персанаж. Мабыць, калі такі і ёсць, то гэта сам апавядальнік - вобраз аўтара і ягоны слухач - кум Мацей, ён жа Майсей [33]. Зрэшты, не дзіва, калі і да іх былі прататыпы. Думаю, з часам мы зможам даведацца пра кожнага ўдзельніка палявання персанальна: іх лёс, іх сем'і, іх маёнткі, нават знойдзем здымкі ці мастацкія партрэты. Даведаемся пра іх міжасабовыя дачыненні, мажліва, капаючы архівы, гартаючы ўспаміны, вызначым дакладную дату і тэрміны гэтага векапомнага палявання. Раскрываць розныя акалічнасці тых падзей можна бясконца. Навошта? Не надта ж вялікае здарэнне адно паляванне, калі іх было сотні. Але якраз гэтаму паляванню пашанцавала, яго апісаў паэт, даў зрэз прыватнага жыцця шляхты XIX ст. Яно стала падзеяй, і канкрэтнай і ў той жа час тыповай. Гэтак падзеяй робіцца стары здымак, і мы не шкадуем часу, каб ідэнтыфікаваць асоб на ім. Дый асобы, якія бралі ўдзел у паляванні - не простыя, некаторых мы нават збольшага ведаем, засталося толькі пільна ўгледзецца.

Эпіцэнтр дзеяння - панскі двор Гаўя, ці як цяпер называецца - Гаўя-Пяскі [34], менавіта сюды збіраюцца паны-суседзі і менавіта адсюль яны едуць паляваць у «кнеі» і «дубіны». Можна нават нарысаваць мапу і чырвонымі вектарамі абазначыць кірункі гасцей, а зялёнай крывой - траекторыю руху паляўнічых. Гаўя і большасць навакольных вёсак належалі роду Брахоцкіх. У паэме гэтае прозвішча ўспамінаецца не раз: Антось Брахоцкі - з Морыня (Морына) ды Станіслаў Брахоцкі. Але не Антон тут гаспадар - нездарма ж падкрэсліваецца, што ён з Морына. І тым больш не Станіслаў, які у паэме другарадны герой. Відавочна, што гаспадар тут - «пан маршалак». Ні імя, ні прозвішча «пана маршалка», як і «пані маршалковай», не называюцца, аднак не цяжка здагадацца, што гэта Уладзіслаў Брахоцкі і ягоная жонка Галена - гэта ім складаюцца панегірыкі, ім прысвячаецца паэма. «Суседчык гавейскі» - і ёсць Уладзіслаў Брахоцкі, а не кум Мацей, умоўны слухач. Самой назваю Пратасэвіч падкрэслівае, што ягоны маёнтак недзе побач, што ён госць.

Дарэчы, маршалкамі былі абодва Брахоцкія. Уладзіслаў (1810-1896) быў апошнім маршалкам Наваградскім [35], а ягоны малодшы брат Антон (1824-1885) - апошнім маршалкам Ашмянскім [36]. Абодва ўдзельнікі паўстання 1863 г. Уладзіслаў яшчэ юнаком браў удзел і ў паўстанні 1831 г., пазней скончыў Віленскі ўніверсітэт, быў заснавальнікам і куратарам бібліятэкі ў Наваградку (якую скасаваў генерал-губернатар Мураўёў у 1860 г.), эксперыментаваў у гаспадарцы, разводзіў вінаград [37]. Апрача таго Брахоцкі вёў сталае змаганне з п'янствам і на тэрыторыі сваіх маёнткаў пазакрываў усе шынкі. Гэты факт і тлумачыць, навошта сярод паляўнічых аповедаў з'яўляецца антыалкагольны пасаж - гэта элемент панегірыка «пану маршалку» і ягонай дзейнасці. Можа, і наадварот - далікатная палеміка. Пасля паўстання 1863 г. маёнтак Гаўя быў сканфіскаваны, братоў Брахоцкіх выслалі ў Пермь. Калі ў 1874 г. Уладзіслаў вярнуўся дадому, то жыў у Вераскове на Наваградчыне, якое раней належала ягонаму цесцю Тамашу Дыбоўскаму. Маёнтак быў запісаны на жонку і таму ўнік канфіскацыі [38]. Галена Брахоцкая (1823-1873) і яе муж любілі наладжваць свецкія прыёмы, і паляванне, апісанае Пратасэвічам, было ў шэрагу такіх імпрэз. Жонка разам з мужам адбывала ссылку, абое - неардынарныя асобы і справядліва заслугоўваюць пахвал, выказаных у паэме.

Усяго ў паэме ўспамінаецца больш за дваццаць асоб шляхты: Настаз Абламовіч, Анцута, Бялапятровіч, Уладзіслаў Брахоцкі, Антось Брахоцкі, Станіслаў Брахоцкі, Браноўскі, Вайніловіч (маёр), Кароль Дыбоўскі, Станіслаў Кярсноўскі, Лясковіч, Ляскоўскі, Маргялевіч, Мікульскі (капітан), Магнушэўскі, Нэйман (палкоўнік), Маўрыц Пратасовіч, Селісь Пратасовіч, Вільгельм Пратасэвіч, Пуслоўскі (стары), Пуслоўскі (малады), Юльян Сакалоўскі, Свяцкевіч, Альбін Чачот (Чэчат) [39]. Трапляюцца і імёны сялян: Якуб, той жа Мацей-Майсей, Свэд із Чарніхова, Эльяш верашкоўскі і Янка дакудоўскі - відавочна, з вёсак Вераскава і Дакудава. Цікава параўнаць гэты спосаб ідэнтыфікацыі з тым, які стасаваўся ў псеўданімах пісьменнікаў XIX ст.: Яська-гаспадар з-пад Вільні, Шымон Рэўка з-пад Барысава, Фэлька з Рукшэніц. А вобраз кума Мацея-Майсея з вобразам войта Навума ў Дуніна-Марцінкевіча. Проста ці ўскосна ў творы падаюцца дванаццаць найменняў вёсак, мястэчак і маёнткаў: Гаўя, Залейкі (Жалейкі), Вераскава - Уладзіслава Брахоцкага, Морына - Антона Брахоцкага, Кір'янаўцы - Альберта Лясковіча, Дакудава, Чэрнікі (Чарніхова), Палашкі (Палашова), Красная, Мядзвядка, Любча - Маргялевіча і Сенна (Сенная).

Маршалкаванне Брахоцкага доўжылася пяць гадоў з 1858 па 1863 гг., недзе якраз у гэтае пяцігоддзе і адбылося наша паляванне. Пацьверджаннем ніжняга года гэтага інтэрвалу выступае яшчэ адзін паляўнічы - Станіслаў Кярсноўскі [40]. Кярсноўскі - паўстанец старэйшага пакалення, арыштаваны ў 1832 г., адбываў пакаранне ў Броннікаўскай воласці, пасля амністыі з 1841 па 1857 гг. жыў у Табольску, пакуль не вярнуўся ў Менск [41]. Зразумела, што дагэтуль ён не мог быць удзельнікам падзей у Беларусі. Усё гэта дапамагае больш дакладна датаваць паэму. У рукапісе паэма датуецца 1870-мі гадамі: «Napisał przed laty około 1875 r.» [42]. М. Хаўстовіч сумняецца ў гэтай даце: «ці не былі ўсё ж напісаны яны раней?» [43] і прапаноўвае час напісання аднесці да 50-х гг.: «гутаркі напісаны не пазней, чым у 1850-я гг.» [44]. Мабыць, ён мае рацыю, што паэма была напісаная раней, але, як мы пераканаліся, не раней за 1858 г. Адкуль жа тады ўзялася дата 1875 г.? Нешта ж ведаў той, хто яе падаў. І чаму напісана ды закрэслена « przed laty»? Уладзіслаў Брахоцкі вярнуўся ў Беларусь у 1874 г. Дык можа, паэма створаная на яго прыезд як успамін пра шчаслівыя дзянькі? Але, як слушна заўважае Хаўстовіч, усё ж, мабыць, твор пісаўся «"па свежых слядах", адразу пасля здарэння» [45], Трэба мець вельмі добрую памяць, каб помніць усе дэталі праз пятнаццаць гадоў.

Аднак ёсць і трэці шлях: можна сінтэзаваць гэтыя даты. Так, хутчэй за ўсё паэма пісалася па свежых слядох у пяцігоддзе з 1858 па1862 гг., і ўсё ж дата 1875 г. невыпадковая. Відавочна, што свой твор Пратасэвіч прысвяціў сям'і Брахоцкіх і, мабыць, узычыў рукапіс «пану маршалку», іначай які сэнс у тых панегірыках. А раз так, то з вяртаннем Брахоцкага рукапіс і з'явіўся на свет, нехта яго ўспомніў. Мажліва, аўтар не паспеў перадаць прысвячэнне адрасату і толькі праз паўтара дзясятка гадоў змог пацешыць свайго суседа. А з'явіўшыся на вочы ў 1875 г., паэма магла ўспрымацца ўжо як свежы твор. Пасля вяртання з Сібіры Брахоцкія жылі на Наваградчыне, там якраз і збіраў фальклорныя матэрыялы Федараўскі. Інакш кажучы, тэкст меў два найбольш імаверныя каналы пашырэння: ад аўтара і ад адрасата. Абодва ў розныя часы жылі на Наваградчыне, але дзе быў Пратасэвіч ў 1870-я гг.? І што мы ведаем пра яго? Адно толькі можна казаць пэўна: шукаць селяніна Пратасэвіча ў якасці аўтара паэмы - марны занятак.

Апрача тых радкоў, дзе Пратасэвіч піша пра сябе самога, у рукапісе ёсць скупая інфармацыя пра лёс паэта і ягоны твор: 1) рукой аўтара рукапісу; 2) рукой невядомай асобы; 3) рукой Федароўскага. Так і падамо гэтыя звесткі, пазначыўшы нумарамі інфарматараў [46].

На пачатку рукапісу:

(1) Gawęda Protasewicza Wilhelma, umarł przed laty 20;

(3) Nowogródzkie, w. Boryszyn;

(1) Susiedczyk Gawiejski;

(2) Napisał przed laty około 1875 r. Wilhelm Protasewicz.

У канцы рукапісу:

(1) Wilhelm Protasewicz

(3) Boryszyn, dz. 15 Stycznia 1900 roku.

З гэтых запісаў робіцца выснова, нібыта Пратасэвіч нарадзіўся ў вёсцы Барышына [47] і нібыта памёр у 1880 г. Таксама ў Барышыне? Мабыць, усё так і ёсць, але, улічваючы тое, што інфармацыя падаецца рознымі асобамі і хутчэй за ўсё ў розны час, рабіць з яе адназначныя высновы небяспечна. Дата 1900 г. - гэта, мабыць, час, а Барышына - месца заспісвання тэксту паэмы. А адкуль Федароўскі ўзяў звесткі, калі зрабіў пазнакі - невядома, але вылічваць на падставе іх і паведамлення невядомай асобы час смерці Пратасэвіча як 1880 г. - спрэчна, прыпіска «памёр за 20 гадоў» унесеная невядома кім, невядома калі і невядома на якой падставе. Апрача таго, засумнявацца ў даце 1880 г. мяне змусілі запісы народных песень, зробленыя ў 1888 г. ў Старобінскай воласці Слуцкага павету ад Ірыны Русаковіч нейкім В. Пратасевічам [48], якія захоўваюцца ў фондзе П. Шэйна ў Пецярбургу пад тытулам «Белорусские народные песни, собранные в Слуцком уезде, Минской губернии» (1887; 27 листов) [49]. Ці не Вільгельм Пратасэвіч гэта? І як ён апынуўся на Случчыне?

Як выявілася, песні ў Слуцкім павеце збіраў не аўтар «Суседчыка…», а ягоны аднафамілец Васіль Кандратавіч Пратасевіч. А. Брыль, працуючы ў архіве Шэйна, спраўдзіў імя збіральніка. Таму далейшы ход маёй думкі быў тупіковы, зрэшты, прасачыць яго цікава, каб паказаць як лёгка ўхапіцца за падабенства, за аналогію і скласці фантастычны ланцужок дачыненняў. Калі Пратасэвіч жыў у Барышыне, то, здавалася б, яно і можа злучыць Наваградак з Слуцкам. Спасылаючыся на «Геаграфічны слоўнік польскага каралеўства», М. Хаўстовіч, зазначае: «фальваркам Барышын на Наваградчыне ў другой палове ХІХ ст. валодалі Вайніловічы» [50]. Але род Вайніловічаў, як вядома, меў землі не толькі ў Наваградскім, але і ў Слуцкім павеце. А ў «Суседчыку гавейскім» не раз успамінаецца «маёр Вайніловіч» - адзін з паляўнічых, праўда, не называецца ягонае імя. Апрача таго, Хаўстовіч выказвае здагадку, што паэт мог служыць аканомам. Сапраўды, у XIX ст. большасць шляхты не валодала ўласнымі абшарамі, а займала розныя пасады пры дварох буйных земляўласнікаў. Таму Пратасэвіч, як і Дунін-Марцінкевіч, мабыць, служыў арандатарам, аканомам, ляснічым ці быў на іншай пасадзе, як тады казалі, «афіцыялістым», і якраз у тым жа Барышыне. Арандатарства ці служба ў Вайніловічаў і маглі прывесці яго і на Случчыну.

А з Случчыны было ўжо рукою падаць да Дуніна-Марцінкевіча. Сярод вялікай колькасці прадстаўнікоў роду Вайніловічаў можна вылучыць дзве асобы, якія цікавіліся беларускай культурай ды народнай творчасцю. Блізкім сябрам і суседам Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага быў Леслаў Вайніловіч [51]. Праўдападобна, што ён, як і ягоны сусед, збіраў фальклор і, мажліва, быў карэспандэнтам Восіпа Бадзянскага, прынамсі, у архіве апошняга ёсць запісы песень ад нейкага Вайніловіча [52]. Суседам жа і добрым знаёмым Дуніна-Марцінкевіча быў польскі паэт Ксаверы Вайніловіч, які валодаў маёнткам у Карытне на Бабруйшчыне, вядомы як аматар беларушчыны. Ад яго і маглі б цягнуцца ніці знаёмства ад Дуніна-Марцінкевіча да Пратасэвіча… Паэт, які ў 50-60-я гг. спяваў разам з сялянамі, у 80-я гг. мог стаць карэспандэнтам П. Шэйна. Мог, але не стаў… Нават невядома, ці былі нейкія сваяцкія повязі паміж Вільгельмам Пратасэвічам і Васілём Пратасевічам, але для раскрыцця загадкі аўтара «Суседчыка…» нічога не прыдалося. Спадзяюся гэтыя звесткі спатрэбяцца ў нейкіх новых даследаваннях, а мы не без шкадавання з нябёсаў фантазіі апусцімся на грунт рэальнасці.

Як бы там ні было, усё гэта здагадкі, пункцірныя лініі, вектары, якія паказваюць кірункі даследавання біяграфіі Пратасэвіча і ягонага атачэння. Склад удзельнікаў палявання варты пільнай увагі, але пакуль што застаецца нерасшыфраваным. Апрача братоў Брахоцкіх і іх госця, паўстанца-ветэрана Станіслава Кярсноўскага, сярод паляўнічых быў, безумоўна, не адзін будучы паўстанец, прынамсі, тут мы пазнаём Анастаза Абламовіча (нарадзіўся ў 1817 г.), Юльяна Сакалоўскага. А старэйшы і малодшы графы Пуслоўскія - гэта, мажліва, не бацька і сын, а нейкія з братоў: Адам Цітус (1803-1854), Францішак Ксаверый (1806-1874) ці Вандалін (1814-1884). Сярод шляхты Лідскага і суседніх паветаў не раз сустракаюцца прозвішчы Бялапятровіч, Дыбоўскі, Лясковіч, Нэйман, Пратасэвіч ці Пратасовіч, Чачот і г.д. Гэта людзі, якія нарадзіліся ў прамежку паміж 1800 і 1825 гг. і на на той час мелі па трыццаць - пяцьдзясят гадоў, былі і маладзейшыя, як той з-пад Мядвядкі «дзяцючок харошы і гладкі». Мяркуючы з апісання, сам паэт таксама меў пад сорак і мог дажыць не толькі да 1880 г., але і да 1900 г., і нават далей.

4.

Пад канец варта колькі слоў сказаць пра мову твора і якасць абодвух спісаў, а таксама - пра іх перавод у сучасны правапіс і некаторыя мусовыя кан'ектуры. Як вучыў Б. Тамашэўскі, аўтарская воля не даецца беспасярэдне, а выяўляецца праз вывучэнне тэксту [53], і заданне тэкстолага - максімальна наблізіцца да аўтара, а не кананізаваць скажэнні і наслаенні хібаў. «Суседчык гавейскі» захаваўся ў двух спісах: першым - зробленым рукою невядомага перапісвальніка і другім - рукою М. Федароўскага. М. Хаўстовіч апублікаваў першы спіс і падаў у зносках кан'ектуры Федароўскага. З аднаго боку, ён характарызуе невядомага перапісвальніка як «малапісьменнага чалавека», а з іншага боку, лічыць, што першы спіс становіць значна большы інтарэс, «чым перайначаны і мадэрнізаваны» другі [54]. З апошнім меркаваннем нельга не пагадзіцца, дый першае небеспадстаўнае, але нельга сказаць, што паміж імі няма супярэчнасці. Калі тэкст «непісьменны», то яго, рана ці позна, трэба рыхтаваць для друку ўжо як «пісьменны».

Вывучыўшы кан'ектуры Федароўскага, я прыйшоў да высновы, што ў асноўным яны слушныя: дзе выпраўляюцца яўныя недарэчнасці, а дзе больш паслядоўна праводзіцца фанетычны прынцып пісьма - сучасны тэкстолаг мусіць рухацца ў тым жа кірунку. Хіба толькі некалькі правак Федароўскага, мадэрнізуюць тэкст і скажаюць аўтарскую волю, іх няшмат. Не варта было мяняць: Eljasz на Haljasz (ёсць нават просвішча Эльяшэвіч), plaskać на plaskaći, hnać на hnaći. З іншага боку, уніфікацыя скасоўвае шмат цікавай інфармацыі пра аўтара і твор, таму перад тым як рабіць кан'ектуры і мяняць правапіс, трэба тую інфармацыю зняць і зразумець. У першасным тэксце захаваліся некаторыя дыялектныя асаблівасці мовы, а таксама сляды, якія вядуць да пратографу. Аналіз супярэчнасцяў правапісу, наводзіць на думку: папярэдні тэкст быў кірылічны і засноўваўся пераважна на марфалагічным прынцыпе пісьма. Або, што менш імаверна, перапісвальнік сам меў навык кірылічнага пісьма. Характарыстыка ж тэксту як «непісьменнага» толькі спрашчае сітуацыю і падштурхоўвае да прымхі пра «паэта-селяніна». Хібы ў тэксце, - вынік паспешлівасці пры пераходзе з адной графікі на другую і механічнага перапісвання, мажліва, з кепскага прачытання почырку, неразумення аўтарскай мовы.

Мова «Суседчыка…» - гэта гаворкі паўночна-заходняй часткі Беларусі, знаёмыя мне з маленства, таму я пазнаю ў ёй шмат характэрных лексічных, і семантычных асаблівасцяў, якія нетутэйшы чалавек мог не заўважыць. Сярод характэрных слоў вылучаюцца накладаць 'адзяваць' (кладзеце суконкі), вярцець 'загортваць' (ніколі не ўжываецца ў значэнні 'круціць'), пяшком (не пехатой і не пешшу), толька (а не толькі [55]), пабіць на кусочкіна кавалкі - рэзаць, ламаць), учара́йшы (а не ўчарашні), гараць (а не араць), ледва (а не ледзве), здарове (а не здароўе), прылецеў (экспрэсіўны варыянт да прыляцеў), ажно (у значэнні 'аказваецца'), астанецца 'адстане' [56] па́льнуць і стралі́ць (паралельна з словам стрэліць). Таксама такія вядомыя формы як двох (а не двух) [57], каторы 'які', звязка ест (не ёсць і не есць) [58], пашыраныя ў гаворках рэгіёну паланізмы: велькі 'вялікі', водка 'гарэлка', прэньдзенька 'хуценька', чатэры. Хоць і не ўнікальныя, але характэрныя для данай гаворкі словы: барджэй, варача́ць 'вяртаць', дадзець 'надакучыць', джгнуць 'скокнуць', драць 'рваць', зачаць 'пачаць', кампаня, ужэ, нябось, па лесе, пшэнны 'пшанічны' [59], агоньчык (а не агеньчык), рурка 'трубка', такі-тут, тыл 'зад', устыд 'сорам'. Традыцыйнае каталіцкае вітанне: Езус пахвалёны! Не раз чутыя на Лідчыне выразы: узяць на вока 'запрымеціць'; узяцца ў бокі; дай Бог за рок дачакаць; голы як бізун; цэлая дружына (пра вялікую сям'ю), да дня 'пакуль не рассвітае'; От табе работа! (расчараванне вынікамі); адбыў пекла; у пару пасей і г.д.

З фанетычных і марфалагічных рысаў можна вылучыць «ніканне» і «ціканне» ў займенных словах: нідалёк, німа, цібе, ціпер [60], якое стварае пэўны кантраст на фоне падкрэсленага акання і якання: затоя, ма́я (асьмакі), зная, ведаяш [61]. Канчатак ў месным склоне: на дарозі, у стрэльбі, у хваробі, пры спасобі, на балоці, у лесі, на свеці [62]. Нястача [j] у прыстаўкавых дэрыватах: прышлі, пашоў, нашлі. Канчатак -ць у некаторых дзеясловах з асновай на зычны (дзе ў літаратурнай мове назіраецца -ці): несць, пад'есць, украсць [63], нават у форме загаднага ладу: пачысцьце (стрэльбы), а таксама форма іці 'ісці' [64]. Прыслоўі з мяккай асновай: марне, пэўне, шчасліве (як у польскай мове). І ўсё ж не варта забывацца, што Пратасэвіч з Наваградчыны (сучаснай Дзятлаўшчыны), дзе жылі і іншыя Пратасэвічы [65], на Лідчыне ён толькі гасцяваў. А адна з рысаў, якая адрознівае гаворкі па левы (паўднёвы) бераг Нёмана ад гаворак па правы (паўночны) бераг Нёмана, - «канцавое оканне» пасля цвёрдых зычных у адкрытым складзе [66]. Гэтая дыялектная асаблівасць тлумачыць амаль рэгулярнае [о] ў канцы прыслоўяў: брытко, гладко, далёко, добро, дружно, жыво, кепско, крыво, міло, скоро, трэбо, ціхо, шчыро, гэто, нібыто, што-то, блізенько, прэндзенько, хуценько, суджано і не толькі прыслоўяў [67]: воко, Янко, было, б'еццо, паненко. А таксама ў назоўным склоне адзіночнага ліку ніякага роду прыметніка: панскаё [68]. Для гэтага ж рэгіёну характэрная і форма з свае [69].

Адлюстраванне дыялектных асаблівасцяў у творы нельга азначаць як непісьменнасць, бо ні граматыкі, ні нават пісьмовай традыцыі на той момант не існавала. Між іншым, і канчатак ў месным склоне, і канцавае [о], пазней рэгулярна практыкаваліся ў «Нашай Ніве» [70]. Мажліва, некаторыя напісанні тут гіперкарэктныя: бычко, зайцо, цемняко. А частка з іх нават не аўтарскія, пра што сведчыць рыфма: панічо - із смыча. Не мог паэт рыфмаваць [а] з [о], мабыць, у пратографе «а» і «о» мала адрозніваліся і перапісвальнік іх блытаў. І ўсё ж, у Пратасэвіча цяжка назваць хоць адно адрозненне ад літаратурнай мовы або сучаснага правапісу, якое не тлумачылася б паўднёва-заходнім дыялектам ці гаворкамі паўночна-заходняй дыялектнай зоны, як слова вяселе (без падваення [л]) ці як множны лік чарты (а не чэрці) - тое і другое характэрнае і для Лідчыны. Напісанне ж канчатку множнага ліку лісэ 'лісы' з [э] ў слабой пазіцыі, мабыць, узнікла паводле аналогіі з [э] ў моцнай пазіцыі: сталэ, дубэ, характэрнай якраз для досыць вузкага рэгіёну, куды ўваходзіць і Наваградчына [71]. Брак прыстаўных зычных - усаты, па ушы, его очы (але на воко) - таксама досыць рэдкая з'ява, якая сягае радавішча Пратасэвіча [72]. І нават такія, здавалася б, дзіўныя формы, як азванчэнне канцавой зычнай у займенніку тут, якія могуць паставіць каментатара ў тупік: туд вырваўся, туд Брамоўскі - рацыянальна тлумачацца. У асноўным яны ўзнікаюць перад звонкай зычнай, мабыць, як вынік прагрэсіўнай асіміляцыі, і, калі не лічыць гіперкарэктнага туд сабакі, то у астатніх выпадках асіміляцыя не адбываецца і напісанне звыклае: я тут куме, тут і Пратасевіч, тут як только, вось тут шляхціц, тут наш капітан. Паўплываць на з'яўленне «д» магла і такая з'ява як захаванне звонкасці зычных у слабой пазіцыі, якое чапляе гэты рэгіён [73].

У кожным разе вуха паэта чуйна лавіла гукі роднай гаворкі, і не яго віна, што пазней пры перапісванні адбыліся некаторыя скажэнні. Прыкладам словы B adujemsia szczyra трэба чытаць як Радуемся шчыра - тут блытаюцца літары, якія маюць падабенства ў графіцы: R / B / Р. Захоўваць падобныя памылкі было б проста недарэчна, таму без паслядоўных кан'ектур нам не абысціся. Падзелім іх на некалькі груп: у першай - дыфузія галосных літар, у другой - зычных, у трэцяй - брак і лішак складоў (ці літараў).

Першая група - «вакалічная» ( y / u / j / і / ы): а) Pan Jezys → Пан Езус; dzietenki miłyje → дзетанькі, мілуе; б) Kуrjanouski → кір'яноўскі; Nazbyrauszy → Назбіраўшы; в) Jak zaczali potum → Як зачалі потым; Potum jak zaczali → Потым як зачалі (у тэксце 2 потум і 8 патом) [74]; Karol Dubouski → Кароль Дыбоўскі ; г) Tutku zaraz → Тутка зараз; д) Oto tylko kiepsko → Ото толька кепска; е) Z pszennej bułoczkoŭ → З пшэннай булочкай; I druhu panoczek → І другі паночак; ж) u kniej u dubinie у → кнеі ў дубіне.

Другая група - «кансанантная» ( l / ł / t / d / т / m / n / z ): а ) Bo taki l ut zaraz → Бо такі- тут зараз; Wos l ut mi ł y kumie → Вось тут, мілы куме; Sieli ś Pralasowicz → Селісь Пратасовіч; Jem у nie l nikoli → Яму не т ніколі; б) Adtu t bryczkaj u Gauju → Адтуль брычкай ў Гаўю; в) Tud sabaki honczy → Тут сабакі гончы; Tud wyrwausie zajac → Тут вырваўся заяц; Aszno lud Bramouski → Ажно тут Браноўскі; г) kali jom spudłuje → калі ён спудлуе; д) wializ aje ż dżaczy → вялі наязджачы; żywie na Mirom → жыве за Мірам; Żywo u Mory c wiosku → Жыва ў Морынь-вёску.

Трэцяя група - «прасадычная»: а) ni adna г o s ł ow → ні аднаго слова; б) siedzieu, za kustami → сядзеў, за кустом; в) praszu was usich → прашу вас усех; pierad Boгam ххххх → перад Богам грэх. г) Boze mnie pamoz → Божа мне паможа; ale mim bratka → але міма братка; D ktoż to byu z panou → Да хто ж то быў з паноў; д) u kampani ю prystau → у кампаню пры́стаў; na pieresmyku stau → на перасмыку стаў; da sczuwaci zajcy → да счуваць зайцы!; Da pahledzi psiajuchi → Да паглядзь, псяюхі; А таксама: Ancutawaj ruki → З Анцутавай руркі; Białopotrowicz → Бялапятровіч; Maguszeuski → Магнушэўскі; Brachwocki → Брахоцкі.

У першым спісе паэмы рэгулярна ўжываецца кірылічнае «г»: niecza гoskasać; To lis kała stoгa; nima czaгo nieść; Patom z karaгоdam; sieгodnia nosić; łysaгo baczym; jeszcze b ja mnoгo; pierad Boгam; ludźmi abilгa; da pana Boгa; i zapamoгa, часам нават побач з лацінскім «h»: mnoгo tabie hawaryu; kab jeгo licho. Гэтая дэталь, а таксама блытанне літар: у / y ( Езус → Jezys); и / u ( друг и → druh u); й / ŭ ( булочко й bułoczko ŭ); ы / u ( пот ым → pot um); ц / нь ( Моры нь Mory c), якія падобныя графічна, але не супадаюць фанетычна, і навялі на думку, што пратограф мог быць кірылічны. Зблытаць літары такім спосабам у адваротным кірунку - ад лацінкі да кірыліцы - проста немажліва. Спачатку трэба было «нь» прачытаць як «ц», а тады - перадаць лацінскім «c», тое самае і з астатнімі. Блытанне ж лацінскіх «l», «ł» і «t» - з'ява крыху іншага парадку і, мажліва, узнікла ў працэсе сучаснага расшыфроўвання тэксту. Вартае ўвагі абарачэнне Z / N ( за → na), што яно значыць, сказаць цяжка, але графічна «N» падобнае да «Z», пакладзенага на бок, значыць, невыпадковае. Можа, з усіх пералічаных з'яў можна зрабіць іншыя высновы, але я пакуль што не гатовы іх прапанаваць [75].

Некаторыя дэфармацыі тэксту ўдалося выявіць і выправіць з дапамогай вершавання. У трэцяй групе кан'ектуры (а), (б) і (в) - з дапамогай рыфмы, (г) і (д) - з улікам памеру, што лішні раз сведчыць: Пратасевічаў верш добра ўрэгуляваны. У некалькіх выпадках метрычныя кан'ектуры пацвярджаюцца аналагічнаю лексікай у тэксце: прасмык, кампаня. Што да прозвішчаў, то шляхта Лідскага і суседніх паветаў добра вядомая, таму скажэнні тут лёгка ўзнаўляюцца: Браноўскі, Бялапятровіч, Магнушэўскі, Дыбоўскі. Праўда, у першым выпадку можна разглядаць яшчэ і версію Абрамоўскі, а ў апошнім - Дубоўскі, што менш імаверна. Не варта забывацца, у Галены Брахоцкай было дзявочае прозвішча Дыбоўская.

Між іншым, усё, што мне тут удалося сказаць пра Пратасэвіча і ягоны твор - ляжыць на паверхні і здабываецца пры ўважлівым чытанні. А калі літаратуразнаўцы не згледзелі чаго - значыць, чыталі паспешліва, а можа, дзесьці і перадузята. Сапраўднае ж вывучэнне паэта - толькі пачынаецца. У гістарычных архівах і ў мемуарах шляхты трэба шукаць звесткі пра асобу і лёс Пратасэвіча, у архівах - новыя творы. Удзельнікі палявання ў большасці выпадкаў яшчэ не расшыфраваныя, іх лёс таксама цікавы, і дзеля ўзнаўлення гістарычных падзей, і для больш глыбокага зразумення тэксту.


Аўтар выказвае шчырую падзяку Антону Брылю, Лявону Лаўрэшу, Вячаславу Мартысюку, Сяргею Токцю, Уладзіміру Хільмановічу за карысныя парады і падказкі ў час напісання гэтага тэксту. Аўтар таксама ўдзячны Міколу Хаўстовічу за ўзычаныя копіі рукапісу паэмы, паводле якіх спраўджваецца гэтая публікацыя.


Суседчык гавейскі [76]

Вільгельм Пратасэвіч


Пара паночкі, пара уставаць,

З пшэннай [77] булачкай выпіці чаёк!

Устыд вам паночкі аж да дня ляжаць,

Збірайцеся дружна едзьце у лясок.


Ўшак [78] жа сабраліся, кабы паляваць,

То палюйце з Богам, паны-малайцы,

Не ужо ж [79] дзень з ноччу усё ў карты граць,

Трэба душыць лісы да счваці [80] зайцы!


І вы, наязджачы [81], жыва паскарэй

Дайце аўса коням, удзеньце кульбакі [82]

Да настаўце вады прэньдзенька [83], жывей,

Бо трэба пакарміць панскія сабакі!


І, стрэльчыкі мілы, жыва уставайце,

Да пачысцьце стрэльбы далей да ахвоты,

Адны новенькія лапці надзявайце,

Кладзеце [84] суконкі, пашмаруйце боты!


Паны, то у брычках, то едуць вярхом,

А вы паспяшайце, каб барджэй пад'есць,

Вам трэба, браточкі, дрыпаці пяшком,

А да лесу будзе болей вярстоў шэсць!


А вам пан маршалак, міласцівы пан

Казаў варыць страву зацеркі ці кашы.

Дасць гарэлкі гарчык, дасць і піва збан,

Бо ён добра знае ўсе патрэбы вашы.


Мы пад ім шчаслівы, бо ён добры пан.

Дай жа яму, Божа, пражыць доўгі век!

Няхай сто лет жыве і пан капітан,

Бо пры іх шчаслівы кажан чалавек!


А нашая пані, то, чуеце, дзеці -

Такой другой, пэўне, да няма на свеце,

Яна над слугамі і цэлай чалядкай [85],

Яна над усімі бедненькімі маткай,


Яна у здароўі, яна у хваробе,

Ці каторы бедны, да хоць пры спасобе [86],

Яна нас, як матка дзетанькі, мілуе,

Вучыць нашы дзеткі, яна іх цалуе.


Калі я тут, куме, хоць крышку салгаў,

Каб я марне згінуў, каб марне прапаў!

Божа мне паможа, што то шчыра мова,

Што тут няма хвальшу ні аднаго слова.

Першы дзень палявання

У кнеі-дубіне [87]


Пан Езус пахвалёны! Куме, галубок,

Ведаеш як ўчара́йшы прашоў нам дзянёк.

Но пастой жа крыху да паслухай міла,

Я раскажу шчыра ўсё так, як і была.


Мы, нябозе [88], вышлі па восьмай гадзіне

І цішком пасталі у кнеі ў дубіне [89].

А навакол сталі на коніках счвачы [90],

З-пад Жалеек [91] гончы вялі наязджачы.


Як даў Якуб крыку, сабакі пусцілі

І беднага бычка чуць не задушылі.

Но прылецеў жыва Эльяш верашкоўскі [92],

Да прыбяжаў скора Янка дакудоўскі [93],


І другіе стрэльцы хутка прыбяжалі,

Дружна таго бычка бараніці сталі.

А як даў з гарапа [94] Свэд із Чарніхова [95],

То збараніў бычка ад аднога слова.


Як зачалі потым з гарапаў пляска́ць,

То сталі сабакі зараз зайца гнаць.

А хоць Якуб жыва харты і замкнуў,

Але заяц хітры за горку швяркнуў [96].


Да прышоў пад ногі з Сеннай [97] паніча.

Той як толька харты пусціў із смыча [98].

Тутка зараз зайца сталі варача́ць,

І зараз паймалі - нечага сказаць.


Но там блізка хартоў адзін панок стаў,

І пакуль панічок вярхом прыскакаў,

Паночку патрэба да зайца прыпасць [99]

Да ці чуеш, куме, хацеў зайца ўкрасць!


А патом да ліса хібіў [100] палкаўні́к,

А Бялапятровіч зараз зрабіў «пстрык».

А хоць з другой руркі [101] моцна выстралі́ў,

Але крышку крыва - зайца не забіў.


А яшчэ, нябозе, гаварыў там хтось,

Спудлаваў [102] да ліса Брахоцкі Антось.

Тут вырваўся заяц, а каб яго чэрці!

З Анцутавай руркі дачакаўся смерці.


Станіслаў Кярсноўскі, як на вока ўзяў

І як толька па́льнуў, то і ліс упаў.

А Кароль Дыбоўскі, чуеш, далібог!

І лісіцу забіў да і зайцаў двох.


А трэці лісочак, як нос паказаў,

То зараз Антоні харты паспускаў.

А лісіца ў кнею, каб яе чарты!

Бо як там прыпала, то не нашлі харты.


Но, як прышлі гончы, сталі скавытаць,

То ліс кала стога джгнуў на сенажаць.

Ажно тут Браноўскі, кажуць, з-пад Ашмяны,

Тут і Пратасэвіч, ай, куме каханы!


Адзін з ніх і дру́гі харты як пусціў,

Сівы хорт ашмянскі ліса паваліў.

А ведаеш, куме, вось там бліз адрыны [103],

Што стаіць ў балоце недалёк дубіны,


Вось там Анастазы пад дубком ляжыць,

Да неяк праслепіў [104], што заяц бяжыць.

А Лясковіч стрэльбу ў твару прылажыў,

Но Мікульскі страляць яму збараніў.


І каб, бач, Мікульскі блізенька не стаў,

Лясковіч бы плечы шротам пахвастаў.

Няхай Абламовіч жыве доўгі век,

Бо то ён разумны, добры чалавек!


Вышлі мы з дубіны да у кнею нову

Ўсе цераз дарогу зараз к Палашову [105].

Тут як толька гончы зайца выганілі,

Неякіясь паны зараз і забілі.


Потым як зачалі паны пудлаваць,

То к аднаму зайцу болей разоў пяць.

А ведаеш, куме, чаму так страляюць?

Бо у адной стрэльбе па дзве люркі [106] маюць.


А наш браток бедны к адной як прывык,

Як возьмеш на вока, так звярына - брык.

Мы не любім, куме, на вецер страляць,

А што толька стрэлім - ест што паднімаць.


Хто не глядзіць у дзве люркі,

Хто пільнуе адной дзюркі,

Той ці ў шчасці, ці ў бядзе,

Што ні стрэліць - пападзе.

Да яшчэ панічок чырвоны, вусаты

Выпаліў два разы з стрэльбы, як з гарматы.

Выстраліў далёка, да зайца падбіў,

Хуценька звінуўся [107] сабак збараніў [108].


Ой, бо то дзяцючок харошы і гладкі,

Што жыве за Мірам недалёк Мядзвядкі [109].

Яго то ўсё адна паненка кахае,

Бо валасы пекны і асьмакі [110] мае.


Патом пан маршалак шарака забіў,

Да і пан Свяцкевіч зайца палажыў.

Маёр Вайніловіч стрэліў разоў з шэсць,

Но, дзякаваць Богу, няма чаго несць.


Да за сёмым, восьмым, шарака забіў,

Патом Сакалоўскі да зайца стралі́ў.

Нібыта ён трапіў, я хацеў страляць,

Да ён не пазволіў, да зачаў крычаць:


«Не страляй ты, хаме, набою не траць,

А пазволь сабачкам зайчыка паймаць!»

Ажно, бачыш, заяц далей уцёк жыва,

А паны страляюць, але нешта крыва.


І мусіць злякалі ці, можа, падбілі,

Бо такі-тут зараз ганчакі злавілі.

А патом Антоні зайца пацкаваў,

Але заяц хітры, бо ў яму упаў.


От, мой мілы куме, як дзянёк прайшоў.

А патом з нас кажан, як у двор прышоў,

То напіўся добра і крэпка пад'еў,

Крышку пабалакаў, крышку пасядзеў.


Да і на саломку у стаенку спаць,

А паны пад'еўшы селі ў карты граць.

Патом з карагодам мужычкі прышлі

Дай панскую кішэнь крышку надтраслі [111].


Вось тут шляхціц лысы годзе ў карты граць,

Бусі [112] з маладзіцай давай танцаваць.

Добра ён круціўся, tęgo [113] ён звіваўся,

Аж кажды паночак дай за бокі браўся.


Мы, дзякуем Богу, за нашы паны,

Няхай сто лет жывуць у шчасці яны!

Дай нам, Божа, за рок [114] усім дачакаць

Знову з нашым панам ў гаі паляваць.

Зноў павесяліцца, знову паскакаць,

Дай Божа, дай Божа, за рок дачакаць!

[Трэці дзень палявання]

Серада


Выбач, мілы куме, можа, я дадзеў [115],

Брэшучы дзень трэці аб нашай ахвоце,

Да і ты б дзівіўся, кабы паглядзеў,

Як чорт паноў носіць па лесе, балоце.


Ай штота нам ўчора не ішло у лад,

Бо хоць-то паночкі сталі ціха ў рад,

Па сто раз трубілі, сабакі пускаць,

Але наязджачым пад ветр не чуваць.


Но после пачулі, сабакі пусцілі,

Да паглядзі, псяюхі, што яны зрабілі.

Звалілась на каня цэлая дружына,

Што ледва у сяло уцякла скаціна.


Адкуль павярнуўшы, tęgo ліса гналі,

Tęgo па ўсём лесе, tęgo акладалі.

Не суджана лісу пражыць доўгі век,

Бо ўраз кір'яноўскі [116] забіў чалавек.


А тут наш капітан з прасмыку [117] зышоў

Да збіраці грыбкі у лясок пашоў.

Назбіраўшы рыжкаў агоньчык наклаў,

Да пры ём засеўшы, рыжкі падпякаў.


І другі паночак пры агню ляжыць,

Аж у кнеі лісок нішчачком [118] бяжыць.

А тут Маргялевіч у канцы балота

Крычыць: «Пільнуй ліса!» От табе работа!


Вось наш капітан на прасмыку стаў,

Жыва карабінак у ручанькі ўзяў,

Прыцэліўся рэзка дай спусціў курок,

Але не патрапіў, то назад лісок.


Тут сабакі гончы лісічку прагналі,

У тыл на дарогу і там дзесь прапалі.

Да і павярнулі зноў на сенажатку.

Стрэліў пан маршалак, але міма, братка.


І пагналі к чорту недзе аж за рэку

После нашлі зайца. Трэба ж чалавеку,

Кажуць, з Кір'яноўцаў [119], зайчыка спаткаць.

Як па́льнуў, так каток - брык на сенажаць.


А после паночкі на дарозе сталі

Да і да бутэлек парадкам стралялі.

Ажно, бач, Браноўскі, каб я здароў быў,

І бутэльку і дно ў паветры разбіў.


Азваўся Лясковіч: калі ён спудлуе,

За то капітану стрэльбу падаруе.

Але, бач, капітан пляшкі шкадаваў,

А Лясковіч ў чарапок два раз не папаў.


Няхай жа Лясковіч шчыра Бога просіць,

Што ён сваю стрэльбу сам сягодня носіць.

Бо каб наш капітан крышку не струсі́ў,

Далібог, Лясковіч без стрэльбачкі б быў.


Малады Пуслоўскі пабіў чарапок,

Слепаваты Чачот стрэліў у бачок,

Але рукавічкі ў кусочкі пабіў.

Але после, куме, які цуд там быў!


Лясковіч ў паперак ўвярцеў [120] чарапок:

«А ну, пане лысы, стрэль ты, галубок!»

Пратасэвіч, бачыш, - а каб яго Бог! -

Узяў сваю стрэльбу паміж сваіх ног.


І як смальне, куме, - ці дасі ты веры! -

Што нашлі ў паперы шрацінак з чатэры.

Вось тут, мілы куме, такі смех разнёсся,

Што паверыш, Мацей, цэлы лес затросся.


После нібы холад стаў паночкі браць,

То і драла ў ногі пашлі уцякаць.

Мікульскі, капітан, Настаз Абламовіч

Да і к нім прыдаўся Маўрыц Пратасовіч.


После Альбін Чачот, Брахоцкі Стані́слаў,

А з імі Магнушэўскі у кампаню пры́стаў.

Жыва ў Морынь-вёску [121] сталі пяшком драць,

Адтуль брычкай ў Гаўю [122] і цемняка граць [123].


А маршалак, падкаморы і стары Пуслоўскі,

Пан палкоўнік Нэйман, маёр Вайніловіч,

Ляскоўскі, Свяцкевіч, Юльян Сакалоўскі,

Брахоцкі з Морыня, Селісь Пратасовіч,


Малады Пуслоўскі, Анцута, Браноўскі,

Маргялевіч з Любчы [124], Станіслаў Кярсноўскі.

З імі Пратасэвіч лысы валачэцца -

Нябось ад кампані ён не астанецца [125].


Ой рэдкі на свеце чалавек такоў,

Ён пяе, хоць крышку цяпер нездароў.

Які, чуеш, зоркі! Які яго вочы!

Яму нет ніколі ані дня, ні ночы!


А які ён злосны! Часам нас і чубіць,

Но за тое, што́ ён нашых паноў любіць,

То мы яго любім, ўсё яму прабачым.

Радуемся шчыра, як лысага бачым.


Бо ён разам з намі спявае, галосіць,

Часта нам па чарцы гарэлкі выпросіць.

Ён-то часам, братку, як бізунчык голы,

Для таго спявае, для таго вясёлы.


Годзе брахаць, куме, трэба сошку браць,

Ісці на панскае полечка гараць.

Ты ўжэ адбыў пекла, табе не бяда,

А мне гатоў ў сраку трэснуць Каляда.


Жычу табе, куме, каб ты здароў быў,

Мне прабач, што многа табе гаварыў.

Да я б то і болей мог бы расказаць,

Я бы яшчэ многа мог бы напісаць.


Напрыклад, у Краснай [126], як псы ліса гналі,

Неякіясь паны у сабак стралялі.

Но кажан так гладка, нябожа, схаваўся,

Да хто ж то быў з паноў, я не давяда́ўся.


А я недалёка сядзеў за кустом,

І бачыў сабаку з кароткім хвастом,

Каторага паны за лісіцу бралі,

Да мусіць, нябожа, крышку падгулялі.


І яшчэ б я многа мог нагаманіць,

Но баюся паноў, каб не разбудзіць,

Бо хоць яны добры, ласкавы паны,

Да мужыком лепей, калі спяць яны.

* * *

Хоць нам вяляць ксендзы водачкі не піць,

Бо за гэта велькі перад Богам грэх,

Но як жа на свеце да без водкі жыць?

Я-то і аб раду прашу вас усіх.


Да думаю адна чарка не зашкодзіць,

А хто, бач, мажнейшы [127] - хоць бы чарак пяць.

Ото толька кепска, хто у карчму ходзіць,

Нап'ецца, што не можа на нагах стаяць.


А прышоўшы, дома і б'ецца і лае,

Дзярэ косы жонкі, дзеткі разганяе.

А после назаўтра з свае беднай хаткі

Валачэ у карчму худобы астаткі.


Гэта кепска, куме, то брыдка, Майсей,

Працуй шчыра пану, рабі, як патрэба,

Упраў добра землю, у пару пасей,

А будзеш па вушы мець для дзетак хлеба.


А дасць Бог вяселле, хрысціны, памінкі,

Як у пана прыдуць жытнія дажынкі,

У той час, то можна крышку падгуляць,

Патом цішком ў хатку, дай да жонкі спаць.


Такая гулянка, то не будзе грэх,

Не будзе у хаце калатні, разбою,

Ані перад людзьмі абэлга [128] і смех,

А усё шчасліве пойдзе вам рукою [129].


Трэба паноў любіць і паноў баяцца,

Трэба жонку выцяць, да не забіваць,

Гарэлкі можна піць і не упівацца,

У будні дзень рабіць, святам пагуляць.


Памаліся шчыра да Пана Бога,

А дзякуй пану за дабрадзейства,

Бо ад яго вяліка, і запамога,

Да плаці падаткі да казначэйства.


За панскае поле і сенажатку,

Адбывай паншчы́зну ці давай дзеньгі.

А што маеш поле і цёплу хатку

То, глядзі, пану не чынь mitręgi [130].


Цяпер к Табе, Божа, рукі нашы ўзносім,

Каб даў пану, пані доўгі век пражыць,

Цябе, моцны Божа, да ад сэрца просім,

Дай пры нашых панох і нам век пражыць.



[1] Лучына, Я. Творы: вершы, нарысы, пераклады, лісты. - Мінск, 1988. С. 40-42, 47-93.

[2] Хаўстовіч, М. Суседчык Гавейскі // Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII-XIX стагоддзяў: творы невядомых аўтараў. Вып. 2. - Warszawa, 2016. С. 161-162.

[3] Саламевіч, Я. Паэт-селянін Вільгельм Пратасевіч // Літаратура і мастацтва. - 1969. - 28 кастр.

[4] Беларуская літаратура XIX стагоддзя: хрэстаматыя. - Мінск, 1971.

[5] Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў. У 2 т. Т. 2: Новая літаратура: другая палова XVIII-XIX стагоддзе. - Мінск 2007.

[6] Пяткевіч, А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. - Мінск, 1996. С. 14.

[7] Цвірка, К. Камяні тых сядзібаў: Шляхі паэтаў XIX стагоддзя. - Мінск, 2004. С. 310.

[8] Кісялёва, Л. Маргіналіі: Беларуская гумарыстычная літаратура ХІХ - пачатку ХХ ст.

у святле сучасных літаратуразнаўчых канцэпцый - Мінск, 2007. С.

[9] Хаўстовіч. Тамсама. С. 162.

[10] Тамсама. С. 164-176.

[11] Тамсама. С. 162.

[12] Квятковский, А. П. Ритмология. - СПб., 2008. С. 391.

[13] Тамсама. С. 405.

[14] Багдановіч, М. Творы. - Мінск, 2014. С. 382.

[15] Тамсама.

[16] Гарэцкі, М. Гісторыя беларускае літаратуры. - Мінск, 1992. С. 399.

[17] Вестфаль, Р. О русской народной песне // Русский вестник. 1879. №9. С. 150.

[18] У XIX ст. тэрміна «сілаба-танічны» не існавала.

[19] Гаспаров, М. Очерк истории русского стиха: Метрика. Ритмика. Рифма. Строфика. - М., 2000. С. 84-85.

[20] Сумароков, А. О стопосложении // Критика XVIII века. - М., 2002. С. 305-306.

[21] Варта зазначыць, што гэта не тыповы для польскай традыцыі 11-складовік 5+6, а даволі рэдкі 6+5.

[22] Тут і далей ува ўсіх цытатах вертыкальнымі слэшамі пазначаецца цэзура, каб чытач меў мажлівасць зрабіць на гэтым месцы паўзу і такім спосабам прывыкаў да сілабічнага рытму, бо ў поўным тэксце паэмы цэзуры не пазначаюцца з эстэтычных меркаванняў, як у архітэктуры не патрэбныя рыштаванні, так і ў вершы будуць лішнімі слэшы.

[23] Хаўстовіч. С. 163.

[24] Багдановіч. Тамсама. С. 381.

[25] Хаўстовіч. С. 164, 169.

[26] Хаўстовіч. С. 169.

[27] Тамсама.

[28] Рагойша, В. Метрычны рэпертуар вершаваных твораў Францішка Багушэвіча // Роднае слова. 2010. № 10. С. 10.

[29] Хаўстовіч. С. 161.

[30] Хаўстовіч. С. 161.

[31] Haspadaru Imperataru Aleksandru Mikałajaviczu pieśnia z pakłonam ad litovsko-rusinskai mužyckai hramady. Рэжым доступу: http://www.epaveldas.lt/recordDescription/LNB/C1R0000049360

[32] Bartels, A. Tydzień poleski: Ustęp z życia mysliwskiego. - Lwów, 1878.

[33] Імя кума ўспамінаецца двойчы: адзін раз як Мацей, а другі раз - як Майсей. Падобныя выпадкі ў літаратуры вядомыя. Гэта здараецца, калі твор пішацца не за адзін раз. Зрэшты, варыянт Мацей мог узнікнуць і ў выніку няўважлівага перапісвання, бо другі варыянт - Майсей - пацвярджаецца рыфмаю.

[34] Гл.: Гаўя на старых фотаздымках.

Рэжым доступу: https://www.radzima.net/be/image_miejsce/gawja.html?id_galley=4084

[35] Уладзіслаў Брахоцкі. Рэжым доступу: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Уладзіслаў_Брахоцкі

[36] Брахоцкія. Рэжым доступу: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Брахоцкія

[37] Гл.: Вераскава (Гарадзенская вобласць). Рэжым доступу: https://azarkinm.livejournal.com/145399.html

[38] Тамсама.

[39] Гэтыя ж імёны ў польскай транскрыпцыі: Anastazy Abłamowicz, Ancuta, Białopiotrowicz, Władysław Brochocki, Antoni Brochocki, Stanisław Brochocki, Branowski, Woyniłłowicz, Karol Dybowski, Stanisław Kiersnowski, Laskowicz, Laskowski (Leskowski), Margielewicz, Mikulski, Magnuszewski, Nejman (Neyman), Maurycy Protassowicz, Seliwon Protassowicz, Wilgelm Protasewicz Protassewicz, Pusłowski, Julian Sokołowski, Свяцкевіч Swiackiewicz (Swieckiewicz), Albin Czeczot (Czeczott). (Укладзена паводле: Malewski, Cz. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wiku: Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. - Warszawa, 2016.

[40] Сярод карэспандэнтаў М. Федароўскага значылася і Паўліна Кярсноўская («беларуская Шахерэзада»), збірала фальклор к Ваўкавыскім павеце - між іншым, ці не была яна сваячкаю С. Кярсноўскага? (Гл.: Саламевіч, Я. Міхал Федароўскі. - Мінск, 1972. С. 26, 64, 175, 185, 187.)

[41] Гл.: Масяж, В. История костела и польской диаспоры в Тобольске. - М., 2013; Деятели революционного движения в России: био-библиографический словарь. Т. 1. Ч. 1. - М., 1927. С. 81.

[42] Хаўстовіч, М. С. 163.

[43] Тамсама.

[44] Тамсама.

[45] Тамсама.

[46] Гл.: Хаўстовіч. С. 162-163.

[47] Хаўстовіч. С. 161.

[48] Гл.: Паэзія земляробчага календара. - Мінск, 1992. С. 494.

[49] Санкт-Петербургский филиал Архива Российской Академии Наук, ф. 104, воп. 1, спр. 313.

[50] Хаўстовіч. С. 163.

[51] Гл.: Энциклопедический лексикон. Т. 17. - СПб., 1841. С. 101; Народознавчі дослідження З.Д.Ходаковського / Ю. Маслянка // Київські полоністичні студії. 2013. Т. 23. С. 26-90. Режым доступу: http://nbuv.gov.ua/UJRN/kps_2013_23_4

[52] Называецца маёнтак Цэхава Слуцкага павета Мінскай губерні (Российский государственный архив древних актов (РГАДА). Ф. 188 (Рукописное собрание Центрального государственного архива древних актов (коллекция)). Оп. 1. Ед. хр. 1394. Записи белорусского фольклора и материалы по языкознанию профессора Московского университета О. М. Бодянского.)

[53] Томашевский, Б. Писатель и книга: очерк текстологии. - М., 1959. С. 272-273. Гл. таксама: Основы текстологии. - М., 1962. С. 129-130.

[54] Хаўстовіч. С. 162.

[55] Слова толькі на Лідчыне ўжываецца таксама, але ў значэнні 'столькі' (Пар.: «"Сколькі" й "столькі" словы не беларускія (сваім пачатным с), іх часта няправільна ўжываюць пад уплывам аднаго выдатнага публіцыстага. Прыклады ўжывання гэтых прыслоўяў: Колькі пазычыў, толькі і аддаў». (Станкевіч, Я. Язык і языкаведа. - Вільня, 2007. С. 61; 1097.)

[56] Ян Станкевіч сцвярджаў менавіта такое значэнне гэтага слова: «Калі, прыкладам, ідуць, і адзін ці колькі не паспяваюць зыйсціся з іншымі, дык яны астаюцца, асталіся. <…> I па беларуску кажацца адстаць, але у накшым значанню: можа адстаць тынк, папера ад сцяны і пад.». (Станкевіч, Я. Язык і языкаведа. - Вільня, 2007. С. 965; 1201.)

[57] Гл.: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мінск, 1963. № 143.

[58] Тамсама. № 163.

[59] Калі больш дакладна, то на Лідчыне ўжываецца варыянт пшонны, а пшэнны - мабыць, паланізм. І менавіта пшонны падаваў Я. Саламевіч у сваёй расшыфроўцы (гл.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. - Мінск, 1988. С. 306.), на жаль, гэты варыянт не пацвярджаецца абодвума рукапісамі.

[60] Паслядоўнае «ніканне» і «ціканне» назіраецца ў зборніку Алеся Гаруна «Матчын дар», характэрнае яно і для мовы Зоські Верас. (Гл. мой каментар у кн.: Станкевіч, Я. Язык і языкаведа. - Вільня, 2007. С. 1082.)

[61] Гл.: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. № 19, 20.

[62] Тамсама. № 18.

[63] Тамсама. № 174, 175.

[64] Тамсама. № 176.

[65] Прыкладам, у в. Дварэц жыў Міхал Пратасевіч (гл.: Сядзібна-паркавы комплекс Дварэц Режым доступу: https://museum.dzyatlava.by/2010/09/02/100/ ).

[66] Гл.: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. № 14.

[67] Тамсама. № 91.

[68] Тамсама. № 115; пар. таксама: № 114 і № 17.

[69] Тамсама. № 140.

[70] Гл.: Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. У 2 т. Т. 2. - Мінск, 1968. С. 120, 122.

[71] Гл.: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. № 95.

[72] Тамсама. № 47.

[73] Тамсама. № 45, 46.

[74] Мажліва, тут этымалагічнае [о] ў складзе пасля націску было больш падобнае да [у], чым да [ы]. Гл. аналагічныя з'явы: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. № 118, 122, а таксама ў моцнай пазіцыі: № 35.

[75] Няма гістарычнага тлумачэння і для высновы аб кірылічным пратографе, сам Пратасэвіч, мабыць, быў чалавекам польскай культуры, але тагачасная шляхта часта сканчала расійскія навучальныя ўстановы і валодала кірылічным пісьмом. Можа, уплывам рускага правапісу і тлумачыцца марфалагічны прынцып пісьма, які назіраецца ў першым спісе.

[76] Гавейскі - прыметнік ад Гаўя; гл. далей.

[77] Пшэнны, пшонны - пшанічны.

[78] Ушак (пол. wszak) - аднак, усё ж.

[79] Не ужо ж - няўжо ж; тут слова дзеліцца на кампаненты дзеля захавання рытму.

[80] Счваці (пол. sczuwać) - цкаваць.

[81] Наязджачы - той, хто гоніць звера на «стральцоў», «загоншчык».

[82] Кульбака (пол. kulbaka) - вайсковае высокае сядло з драўляным каблуком.

[83] Прэндзенька, прэндка (пол. prędko) - хутка, скора.

[84] Класці, накладаць - тут: надзяваць; апранаць.

[85] Чалядка (пол., жарт. czeladka) - грамадка; дзеці, малеча.

[86] Пры спасобе - пры сродках, не бедны, спраўны.

[87] Кнея, княя - густы лес.

[88] Нябозе (ад нябога) - зычлівы зварот.

[89] Дубіна - тут: дуброва.

[90] Счвач (пол. szczwacz) - нагляднік за сабакамі ў час палявання; сабакар.

[91] Жалейкі - Залейкі, вёска ў Івейскім раёне (Ліпнішкаўскі с-т).

[92] Верашкоўскі - прыметнік ад Вераскава - вёска ў Наваградскім раёне (Любчанскі с-т).

[93] Дакудоўскі - прыметнік ад Дакудава - вёска ў Лідскім раёне (Трацякоўскі с-т).

[94] Гарап - арапнік, біч.

[95] Чарніхова - мабыць, вёска Чэрнікі ў Лідскім раёне (Крупскі с-т), менш імаверна - Чэрнішкі ў Астравецкім раёне (Варнянскі с-т).

[96] Швяркнуць - скокнуць, кінуцца.

[97] Сенная - вёска Сенна ў Наваградскім раёне (Любчанскі с-т).

[98] Смыч - (пол. smycz) рэмень, пас ці вяроўка для трымання сабакі.

[99] Прыпасць, прыпасці - дайсці, даступіцца.

[100] Хібіць - тут: паварочваць, скіроўвацца.

[101] Рурка - трубка, тут: руля стрэльбы.

[102] Спудлаваць - даць маху; тут: не папасці ў цэль.

[103] Адрына - пабудова для захоўвання сена.

[104] Праслепіць - не заўважыць, правароніць.

[105] Палашова - мабыць, вёска Палашкі ў Воранаўскім раёне (Гіркаўскі с-т).

[106] Люрка - тое самае, што рурка.

[107] Звінуцца - абярнуцца, пахіліцца; тут: зрабіць вельмі хутка, злаўчыцца.

[108] Збараніць - утаймаваць.

[109] Мядзвядка - вёска Вялікая Мядзвядка ў Карэліцкім раёне (Мірскі с-т).

[110] Асьмак - восем грошаў; тут: тут грошы наагул.

[111] Надтрасці - злёгку патрэсці; тут: крыху адняць.

[112] Бусі - пацалункі; тут гаворка пра флірт.

[113] T ęgo (пол.) - спрытна, умела.

[114] Рок - год.

[115] Дадзець - моцна надакучыць.

[116] Кір'яноўскі - прыметнік ад Кір'яноўцы; гл. далей.

[117] Прасмык (пол. przesmyk) - пярэсмык, вузкая паласа паміж двума абсягамі лесу, балота.

[118] Нішчачком - паціху, хаваючыся.

[119] Кір'яноўцы - вёска Кір'янаўцы ў Лідскім раёне (Бердаўскі с-т).

[120] Увярцець - загарнуць.

[121] Морынь - вёска Морына ў Івейскім раёне (Ліпнішкаўскі с-т).

[122] Гаўя - вёска Гаўя-Пяскі ў Лідскім раёне (Трацякоўскі с-т).

[123] Цемняка граць - граць у дурня ў карты (пар. пол. ciemniak 'дурань, ёлуп').

[124] Любча - мястэчка ў Наваградскім раёне (Любчанскі с-т).

[125] Астацца - не паспець, адстаць.

[126] Красная - вёска ў Лідскім раёне (Беліцкі с-т).

[127] Мажны - тут: моцны.

[128] Абэлга - абмова.

[129] Пойдзе рукою - будзе шанцаваць.

[130] Mitręga (пол.) - трата часу, цяганіна; тут: турбота.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX