Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Данута Бічэль 


Аўтар: Бічэль Данута,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Данута Бічэль (Загнетава), паэтка, празаік, перакладчыца. Нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Вучылася ў Лідскай педвучэльні, скончыла педвучэльню ў Наваградку (1957) і гісторыка-філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы (1962). Выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах. У горадзе над Нёманам стварыла Музей Максіма Багдановіча.

Друкуецца з 1958 года. Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1964 г. і сябрам Міжнароднага Пэн-клуба з 1995 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (кніга паэзіі "Дзе ходзяць басанож", 1984).

Аўтар кніг паэзіі "Дзявочае сэрца", 1960, "Нёман ідзе", 1964, "Запалянкі", 1967, "Браткі", 1979, "А на Палессі", 1990, "Снапок", 1999, "На белых аблоках сноў", 2002, "Іду сцяжынаю да Бога", 2012, "Дайсці да Каложы", 2017 і іншых.

Аўтар кніг прозы "Хадзі на мой голас", 2008, "Мост святога Францішка", 2010, "Правінцыя святога Францішка", 2013…

Выдавала кнігі для дзіцячага ўзросту… Увайшла ў кніжны праект "Беларускі кнігазбор. Выбраныя творы", 2016…

Перакладае з польскай

Цела душы маёй, рака мая Гаўя

Скончыцца ў Гаўі паводка,

знікне ў асоках зямля, нібы лодка,

рыбы асветляцца, кожная рыбка - нямко,

разалье Малая Мядзведзіца па рацэ малако.


Нёман, куды ты загнаў тыя зялёныя хвалі,

што срабрыста-нямыя рыбкі ў віры бунтавалі?

Час луску абадраў з занядбанага слова.

Маўчанне рыбы. Маўчанне песні.

Нёман - Цмок шматгаловы!


Агнеадпорная, падпальваю вуголле ночы,

перасаджваю словы на градкі - не спіцца ўсёроўна.

Як хмарку пасля дажджу, і крыўдзіць ніхто не хоча,

хіба паэтка-крэацыяністка варона.


Ты магла мяне прытуліць, рака мая Гаўя,

у серабрыстай начы, у хвіліну маўчання,

калі рыба луской з дзікіх прорваў адчаю

без паводкі, без глыбіні знемагае…


Цела душы маёй Гаўя, мая блакітная кроў!

Ты магла перанесці мяне - аблачынку нямую…

дзе на прывязі чоўнік гайдае цялятак і пастушкоў…

Ты пра мяне забыла. А я па табе сумую.

Па Гаўі на дзіравым чоўне…

Саветы, немцы, пажары, войны!

Жыццё кароткае - падзеяў шмат…

На горцы дар Гавейскае Мадонны -

у квеце салаўіны Райскі сад!


Цяпер мне сніцца сон, як мы калісьці

супроць цячэння ў Літву плылі…

дзе пад балотных птахаў перасвісты

прасочваецца Гаўя з-пад зямлі.


Літоўскі хохлік падмануў дзятву:

- Залазьце ў човен - пойдзем на Літву!

А човен плыў без вёсел, без стырна -

і нехта выцягнуў затычку з дна.


Вясёлы і наіўны Твой патруль,

пад кукаванне цёплае зязюль -

хто быў каля вады, у човен сеў,

ніхто з нас плаваць яшчэ не ўмеў…


Былі ўжо на сярэдзіне ракі:

малеча ўспомніў маму, напрасткі

ён з чоўна вылез, пачуўся ўсхліп…

Дзіравы карабель пайшоў углыб.


Касцы дайшлі пракосам да канца --

такім зігзагам, як Сузор Касца…

Адзін стары касец зрабіў нырца --

дзяцей, як рыбу, палавіў на дне…

І Гаўю доўга вытрасаў з мяне.


Блакітная ў затоках Гаўі кроў!

О, Маці Божая, маіх сяброў

у той гавейскі чоўнік пазбірай.

Ружанец з намі шчыра адмаўляй!

Памяці сябровак з вёскі Біскупцы

Рэні Язэпавай і Веркі Буйніцкавай

Гэткія служаначкі босыя -

душы сябровак

з галінкамі віленскіх вербаў,

з наіўнай у Езуса верай,

на крылцах стракозаў…

паляцелі за Гостыяй на нябёсы,

Богам пакліканыя,

удасканаленыя Вялікаднем …


Каб сустрэцца нам зноў

на зялёных градках, на хмарках,

у спелых трускалках -

з таго незваротнага свету,

не прыедзеце ў вёску на лета…

Натхненне - трускалак жменя.

Боль выходзіць праз пальцы

і спальваецца на хмарцы.

З Мялёгава, Мядзведзева-логава,

на Павалокі, у аблокі,

душы вашыя лёгенькія,

дзяцінства сябровачкі, Верка і Рэня…

Як летуценне, як цені…

Льецца натхненне

праз пякельны боль…

Мы не спаткаемся больш…

Хіба што на нашых могілках…


А я ў бяссонні вяртаюся

ў тое сонечнае зацьменне,

калі мы на поплаве каля грэблі

сена балотнае грэблі -

і раптам згубілася некуды сонейка.

А мы, як мышкі, у стажок забіліся,

схаваліся за рабацінкі Кіені Толіка…


Прывітанне любові перадавайце сябрам,

каго спаткаеце там,

на незваротнай дарозе.

Спакой вам у Бозе!

Калі я расплюшчвала вейкі

Калі я расплюшчвала вейкі,

да мяне адгукаліся салавейкі,

стракозкі, зялёныя конікі

музычку на сене гралі, -

я ж была тады ў раі!


Сон каціўся гарошкам

на сумежак з валошкаў,

з чыстых мрояў сумежак

паміж чыстых усмешак…

Усміхайцеся, мілыя цёткі!

Раскладу пажоўклыя фоткі -

уяўляю, як вяртае вас бусел,

над заспаным балотцам па крузе,

над замоленым вамі крыжам -

вышай, вышай і вышай…


Уяўляю,

як буслік нясе вас да раю

з працы, з болю,

споўніўшы Божую волю,

да найвышэйшай Божай любові.

Нябёсы Зямлю не пакінуць

Шчаслівыя лянівыя людзі

палятуць на канец сусвету.

Зробіцца шэрай зямля-маляванка,

попелам росы…

Але ўскочыць да Грому ў карэту

маладая Маланка,

пракоцяцца з грукатам па нябёсах

і разбудзяць нябёсы.


Магчыма, знікне балота

на Гаўі ў вытоках Дзякі,

змейка Жыжмы засохне

ад Пятрашкаў да Сонтак…

Затопіць паводка Бурносы…

Не змоўкне спеў шматгалосы,

буслы прылятуць на свае буслянкі,

разбудзяць нябёсы.


Сустрэнемся ў сутарэннях,

а можа, на Божым сходзе.

А можам і не сустрэцца -

кожны ў сваёй скарбонцы.

Святар учыніць маленне

па заснутым народзе…

Але ніколі не знікнуць нябёсы

над Каложай на ўсходзе сонца.

Нават калі не вытрывае сцяна Каложы,

паедуць нашчадкі яцвягаў

ваяваць за чужую краіну.…

Не будзе ні Гаўі, ні Нёмана,

ні паводкавай Неманіны.

Уздыхнуць і заплачуць нябёсы.

Нябёсы зямлю не пакінуць.


Аднойчы ноччу на зорцы

можам згубіцца ў норцы.

А здарыцца цуд - бяз ніякіх змоў,

у кашульках народзімся зноў…

Сустрэнемся досвіткам

каля Каложы на горцы!

Усё ў жыцці залежыць ад Створцы…

У нябёсах белых буслоў!

Перапахаванне Кастуся Каліноўскага

Зямлі незагойная рана

трашчыць ад нясцерпнага болю…

У Вільні, ад нас забранай,

хаваюць зноў нашу волю.


Нас там няма. Не заўважаць.

Не заўважалі…

Без прычытання, без жалю…

на скразнякі, на скрыжалі,

на шалі…

кідаюць пыхі сваёй жарало…

Нябёсы вачэй Кастуся,

у якіх не было адчаю,

пераліваюцца ў наша святло…


Пасівелі бровы тваёй Марысі,

якая не паднялася з калень,

моліцца ў Вострай Браме,

над нашай агульнай магілай,

на дамбе…

Дзецюкі! Людзі!

Нашаму Кастусю на грудзі,

на дамавіну, на белую гліну,

на несмяротнае наша сэрца,

якое 155 гадоў

у пятлі нашых ворагаў б'ецца…

кіньце адну слязіну…

няхай, нарэшце, ўзарвецца!


Кастусь Каліноўскі ізноў

у сваю Беларусь не дайшоў.


Літоўцы, як і палякі, цяпер, як даўней,

не лічаць нас за людзей.

І не вызваляць нам з пятлі Кастуся.

Вось вам праўда такая ўся.

22 лістапада 2019 г.

Закалыхвалі гусачку хвалі

Як лунатыкі на месяц адляталі…

Назаўжды развітваліся з Радзімай.

Сплаканыя, па зямлі хадзілі,

сэрцы ў тайнічках пакідалі…


З лесам развітваліся, з летам,

занядбаным, стомленым сусветам.

Бралі ў кайстры снапкі на прыкмету

з лугу, з дзікага першацвету.


Планетарны тытанік Ноя

непатрэбшчынай бітком набіты.

А дзе ж гэтыя, бяздомныя, двое -

дзяўчо і няўдалы палітык?


Гэтыя двое, закаханыя,

шчаслівыя ад кахання,

вольныя, захваляваныя,

кахаюцца з рання да рання.

Чыстыя, галодныя, двое…

Каласкі з пажатага поля…

Чоўнік папяровы на Гаўі…

Закалыхвалі гусачку хвалі…

Радкі любові

Пад збаўленчую музыку цішы

прачынаюся на гарышчы.

Праз шчылінку месячык з неба

цалуе вуснамі таты.

Праз стрэху ўзлятаць страшнавата…

Ды ўзляту, атрымаецца неяк…


Толькі б Ты, мая Ластаўка ў стрэсе,

соннае сунічнае ўзлессе,

Галубка мая, Свіцязянка,

аднаўлялася з ранку да ранку.


Каб Дняпра і Нёмана хвалі

з любоўю цябе цалавалі,

чыстыя хмаркі і росы

сукруху з сэрца змывалі.


Радзіма, на мапе нябёсаў

адбітак Божай далонькі.

Цень ад далонькі Божай

на мапе зямелькі босай…

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX