Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Міхась Мельнік 


Аўтар: Мельнік Міхась,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Міхась Іванавіч Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года на Магілёўшчыне (вёска Майсеевічы Асіповіцкага раёна), але вось ужо 45 гадоў яго жыццё, працоўная і грамадская дзейнасць, літаратурная творчасць цесна звязаны з Лідчынай. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, працаваў у школах, прафтэхвучылішчы, гістарычна-мастацкім музеі, шмат гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выдаў зборнікі вершаў "Скрыжаванне", "Лодка жыцця", "З табою".

Лідскі шлях Скарыны

Едучы з Полацка ў Кракаў

Веды ў навуках набыць,

Спыніўся ля Лідскага замка

Скарына душой адпачыць.


Гэтым жа шляхам вяртаўся

Ён з Прагі ў ліцвінскую Вільню,

Дзе справай

друкарскай заняўся,

Каб кнігай уславіць краіну.


Ягонае Слова лунае

Сёння ў вялікім Сусвеце,

Мудрым святлом яно ззяе

Дзедам, бацькам і дзецям.


Высіцца ў горадзе Лідзе

Помнік Скарыну выбітнаму.

Здаецца, што раптам сыдзе

Францыск

з пастамента гранітнага,


Выйдзе да люду з парадай

Кнігі чытаць пажыццёва,

Каб родная мова на радасць

Нам свет адкрывала новы.

Майсеевічы

О, дарагія Майсеевічы,

Мая вёсачка ненаглядная,

Па сваёй маляўнічай велічы

Для мяне ты надзвычай прывабная…


Каля Пцічы-ракі прытулілася,

Як дачушка да любай матулі,

Ды з лясамі навек параднілася,

Каб цябе ад нягод адхінулі.


У прысадах усё красуешся -

Хаты многія асірацелі…

Наваколлем так міла любуешся

І ўглядаешся ў задуменні…


Ты чакаеш дзяцей сваіх блудных,

Спадзяешся на іх пакаянне,

Што не толькі патрэбны ім вуды,

А ў любві да цябе прызнанне…


Не знікай жа, старэнькая вёска!

Хай цябе абнаўляе патомства…

Хоць твой лёс нелагодны і дзёрзкі,

Ды не згіне такое прыгоства!

Панямонцы

Прытаілася пад сонцам

Наша вёска Панямонцы.

Уздоўж Нёмана-ракі

Выглядае з-пад рукі.


У засені старых садоў,

Пад сховай ліп, бяроз, дубоў

Яна бабулькаю стаіць

І так задумліва маўчыць.


А клёны каля сядзібаў,

Бы волаты тыя на дзіва,


Вясковыя хаты вартуюць

Ды з небам аб нечым мяркуюць.


Тут некалі песні гучалі

І па-майстэрску ў кроснах ткалі,

Былі тут школа, сельскі ФАП

І крама, дзе тавараў шмат…


Цяпер тут ходзяць аўталаўкі,

Нашчадкі зрэдку прыязджаюць,

А гараджане для забаўкі

Пад дачы хаты ўсё купляюць.


Для мяне, як божы рай,

Панямонцы - цуда-казка…

Ды хоць раз ты пабывай

Ў гэтай вёсцы, калі ласка!

Любімай Лідзе

Шаноўная Ліда, тваім узростам

Я ў захапленні па праву…

Колісь жыла ты нялёгка, няпроста,

Зведала войнаў нямала.


Князь Гедымін узвёў дзіўны замак,

Каб ганарыліся слаўным мінулым,

Наканаваў нам да волі напрамак,

Каб пра наш горад у свеце пачулі.


Вяла барацьбу ты з татарскім нашэсцем,

З тэўтонаўскімі крыжакамі

І шведаў граміла, змагалася з немцам

І з прышлых французаў палкамі.


Мужна з фашыстамі ты ваявала -

Давала адпор сакрушальны…

Перамагла ўсе нягоды, навалы,

Стала на шлях уладарны.


Вялікі Скарына пакінуў свой след,

Як ехаў праз Ліду у Кракаў;

Адам Міцкевіч - наш слынны паэт -

Пасеяў тут мноства знакаў.


Янка Купала бываў тут таксама,

Як выбіраўся у дэпутаты…

Шмат каго яшчэ Ліда звязала

Лёсам навечна і славай крылатай.


Любімая Ліда, мяне ты натхняеш,

Прывабліваеш прыгажосцю,

З прыстойнай гасціннасцю ўсіх сустракаеш,

Песнямі цешыш і весялосцю.


І мы, лідзяне, заўжды не забудзем

Здзяйсненні продкаў далёкіх і блізкіх, -

За іх светлы розум, за талент і мудрасць

З падзякай схіляем галовы нізка.

Гонар

Праўнуку Герману

Жыву, не наракаючы на лёс,

хоць у жыцці было не ўсё так гладка,

у беднасці, без бацькі змалку рос,

ды ўсё ж трымала ў будучыню кладка.


Ішоў наперад з верай і надзеяй,

ішоў, не баючыся бездарожжаў,

перамагаючы нападкі ліхадзеяў,

каб шлях жыццёвы хоць на міг прадоўжыць.


Сваіх дзяцей аддана гадаваў,

унукаў песціў ды вучыў маліцца,

а зараз праўнука ўжо прычакаў,

якім, упэўнены, мы будзем ганарыцца.


Дай, Божа, міру ў гэтым свеце палкім,

дай, Божа, сонечнага існавання,

каб у вяках не зведалі нашчадкі

ні войнаў, ні галечы, ні рыданняў…

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX