Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ларыса Кавалеўская 


Аўтар: Кавалеўская Ларыса,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Ларыса Пятроўна Кавалеўская нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Каўшары Іўеўскага раёна. Скончыла 10 класаў Трабскай сярэдняй школы. Працавала ў Іўі старшай піянерважатай, у гэты перыяд і пачала пісаць вершы. Пасля пераезду ў Ліду служыла ў вайсковай часці ў Паўднёвым гарадку, працавала на розных работах. Зараз на пенсіі. Вершы піша на беларускай і рускай мовах. Друкавалася ў "Лідскай газеце".

Бацькаўшчына

Дзірваны, дзірваны, дзірваны…

Увайшлі ў вёску маю, абступілі…

Ды вятры, як пустыя званы,

Грукацяць цяжка ў скроні хаціны.


Цішыня не дае мне дзвярэй адчыніць,

Запрасіць ветла ў хату, як маці.

І няма ўжо каму так пяшчотна любіць

Завітаўшага ў госці дзіцяці.

Мая малая радзіма

О, край мой родны, як мне любы

Твае крутыя берагі,

І клічуць моцна так дадому

Яшчэ шматтраўныя лугі.


Рамонкі вочкамі мігаюць,

Нібы іскрынкамі расы,

І так сардэчна запрашаюць

У лесу засень верасы.


Непадалёку дуб кашлаты

Бярозе голле працягнуў

І, нібы хлопец зухаваты,

Ёй пра каханне штось шапнуў.


Усё тут міла так і люба:

І закаханы пошум дуба,

І плёск блакітнае ракі.

Ды ў паднябессі трапятліва

Чаруюць песняй жаўрукі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX