Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Уладзімір Янцэвіч 


Аўтар: Янцэвіч Уладзімір,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Уладзімір Янцэвіч, 1948 года нараджэння, карэнны лідзянін, фотамастак. З 1976 года прымае ўдзел у замежных фотавыставах. Неаднаразова адзначаўся дыпломамі і граматамі. У 1987 годзе ўзнагароджаны медалём ВЦСПС "За дасягненні ў самадзейным мастацтве". Скончыў кінафакультэт Маскоўскага завочнага ўніверсітэта мастацтваў у 1980 г.

За гады творчай дзейнасці стварыў болей за 300 фотакарцін, якія ўпрыгожылі інтэр'еры дзяржаўных устаноў, офісаў, бальніц і г.д. Болей за 50 прац фотамастака ўпрыгожваюць замежныя пасольствы ў Рэспубліцы Беларусь і знаходзяцца ў прыватных калекцыях Аўстрыі, Польшчы, Германіі і ЗША. Ён - аўтар каляровых паштовак, прысвечаных роднаму гораду. Захапляецца паэзіяй.

Патаемнае...

Люблю па лесе пабадзяцца,

сам-насам з ім, як ёсць, пабыць.

Яшчэ люблю, хачу прызнацца,

па лузе ранкам пахадзіць.


Разуўшыся, нагою босай

ступіць у росную траву, -

жаўрук спявае мне ў нябёсах,

схіляюць кветкі галаву.


Свой родны кут

люблю бязмерна,

хоць бачыў шмат якіх краёў -

яму навек я буду верны,

заўжды спяшаюся дамоў!

Цёплая рачулка

Дзесьці ўжо на адыходзе,

схамянуўся год Стары:

"Пост здаю зусім без снегу,

а ўжо снежань на двары".

Свіснуў, клікнуў памагатых:

"Гэй, збірайцеся хутчэй,

хай наўкола будзе казка,

ды чысцей і прыгажэй!"

Прыляцела завіруха -

закруціла, замяла.

На лугі, палі, на дрэвы

белым покрывам лягла.

Толькі ціхая рачулка

ёй спакою не дае -

На ваду, як мне ў далоні,

снег кладзецца, растае…

Люты

…Памятаю з дзяцінства - прачнуўся ноччу ад моцных гукаў - нібы стрэліў хтось.

"Не палохайся, - кажа бацька. - Гэта платы ад моцнага марозу трашчаць."

Ладзіць свой ліхтар рагаты

Месяц узімку ўначы.

Снег блішчыць.

Стагі, што хаты,

сталі ў лузе ўдалячы.

Цішыня лунае ў полі,

брэх сабачы не чуваць,

толькі зрэдку, у наваколлі,

чутна, як платы трашчаць.

Разгуляўся не на жарты

моцны лютаўскі мароз:

Гэтым годам ён упарты -

цісне, цісне аж да слёз!

Зімовае...

Змоўк даўно ручай вясёлы,

Летніх птушак не чуваць.

Час настаў, той час зімовы,

Калі ўсцяж снягі ляжаць.


Рады дзеці - толькі ранак -

Гучны смех ва ўсім двары:

Хто на лыжах, хто на санках -

Так і коцяцца з гары.


Бавяць хвілі хлапчаняты -

У зімы кароткі век.

Ім не хочацца дахаты,

Знаю - так было спрадвек!

* * *

Да чырвоных гронак рабіны

Птушкі розныя ўжо прыляцелі:

Тут сінічкі, снягір, свірысцелі -

Шчэбет зліўся ў гоман адзіны…

Вясна ідзе

Яшчэ сярдуе часам Поўнач,

Зіма не хоча адступаць,

Але ўжо чутны першы покліч,

Бо сакавік пачаў гукаць.


Няма ўжо птушак - адляцелі,

Што любяць сцюжу, холад, снег.

Другі матыў у свірысцелі -

Вясна свой пачынае бег.


Вось не паспееш азірнуцца -

Гаі лістотай зашумяць.

Гарачыя дзянькі пачнуцца -

Усе на поле - працаваць!

Тут часу марна я не страчу...

З дзяцінства хоць і гарадскі,

Не быў ніколі я вяскоўцам,-

Завуць мяне лугі, ляскі,

Завуць яны мяне бясконца.


Люблю я ў вольную хвіліну,

Па лесе, лузе пабадзяцца,

Паслухаць гоман,

спеў птушыны,

Сам-насам хоць крыху застацца,


Ніхто мне тут не надакучыць,

Не будзе прыставаць

з пытаннем.

Тут часу марна я не страчу,

Тут адпачну з замілаваннем.

Рэчка майго дзяцінства

Вось рачулка, з дзяцінства знаёмая,

Бавіў час тут свой колькі я мог.

Ты здаўна ўсім лідзянам вядомая -

Ля тваіх берагоў горад лёг.


Я люблю твае воды ласкавыя,

Ціхі бег іх амаль што не чуць.

Час ідзе - мае скроні бялявыя,

Ты ўсё тая ж, гады не бяруць.


Невялічкая - дзе й пераскочыш,

Неглыбочкая - не патануць.

Ты са мной па жыцці разам крочыш -

Зноў іду да цябе адпачнуць.

Дзякуй табе, лесу…

Там, дзе стрэмяць у неба елкі-векавухі,

Дзе ручай празрысты паміж іх бяжыць,

Не растуць дзе травы, травы-баравухі,

Там люблю ў спёку крыху адпачыць.


Бо сюды ніколі, у самы дзень гарачы,

Скрозь гушчар хваіны свет не зіхаціць.

Сонца не праб'ецца, промня не пабачыш,

Тут не чутна спеваў - птушка не ляціць.


Лягу я пад елкай, на дыван хваіны -

Цішыня, бязмоўе - у вушах звініць.

Адпачну хвілінку, лепш чым на пярыне.

Эх, шкада, што хутка, хутка час бяжыць.


Хутка ўжо дадому, вось і кошык важкі -

Шмат грыбочкаў розных я паспеў сабраць.

Дзякуй за шыкоўны, слаўны падарунак -

Без цябе я, лесу, буду сумаваць.

На дачы

Люблю, устаўшы цёплым ранкам,

Калі ўсе наўкола спяць,

Накрыць скацёрку-самабранку,-

Гарбаткі з мятай паганяць.


Кіпіць старэнькі самавар -

Яго дымок мне нос казыча.

А вугалькоў затухне жар -

Ён піць чаёк мяне пакліча.


Спяваюць птушкі, а навокал,

Чмялі ды пчолкі ўсяк гудуць.

Куды ні глянеш, толькі вокам -

Сады, сады, сады цвітуць!


Паветра тут - ну, асалода!

На сонцы росы зіхацяць.

Што значыць - родная прырода,

Вось так бы жыць - не паміраць!

Я іду да лесу ...

Я іду да лесу, я іду да гаю,

дзе дубок з бярозкай ціха шапацяць,


дзе салоўка-пташка песеньку спявае,

дзе імхі шаўковым дываном ляжаць.


Тут мяне ласкава родны кут прымае:

запрашае, маніць, просіць завітаць,


водар кветак летніх тут заўжды лунае,

сонца промні зранку на расе блішчаць.


Абдыму асінку, быццам бы дзяўчынку,

буду доўга-доўга з ёю так стаяць,


быццам бы юнацтва набяжыць хвілінка,

успамін надыдзе - буду сумаваць…

Восеньскія фарбы

Раскідала восень на лугі, палі,

Раскідала восень фарбы па зямлі.

Мне да густу ўвосень неўпрыкмет гуляць,

Мне да смаку ўвосень фарбы субіраць.

Мне так люба ўвосень ранак сустракаць,

Бачыць, як на травах кроплі рос блішчаць.

Я іду па лузе, я іду па лесе

І налюбавацца доўга не магу.

Хутка ж ужо прыйдзе снегу занавеса,

Прынясе марозы, доўгую тугу.

І заснуць палеткі, рэчкі і лясочкі,

І не будуць лашчыць сонейкам дзянёчкі.

Будзе наша сэрца зноў вясны чакаць,

А душа па фарбах будзе сумаваць.

Рыжая восень

Рыжая восень, мы цябе просім:

Ты не спяшайся прыходзіць да нас.

Мы яшчэ ў сэрцы лецейка носім -

Лецейка цёплага промень не згас.


Рыжая восень,ты не спяшайся,

Золатам лісця зямельку накрыць.

Дзе-небудзь яшчэ пагуляй, пабадзяйся,

З лецейкам дай нам тут крыху пабыць.


Рыжая восень, ведаю, скажаш:

Кожнай пары свой прызначаны час.

Як не згадзіцца, што тут адкажаш, -

Ды цяжка аб добрым забыцца падчас.

Людзям беларускай вёскі

Зямля, зямелька, родная зямліца,

Табой з дзяцінства я зачараваны.

Ты корміш нас, даеш вады напіцца,

Ды шчыра так, самааддана.

Людзей ты любіш простых і звычайных,

Якіх завуць сялянамі ў народзе.

Яны шчыруюць з пеўняў да заходу

І на палетках, і ў сваім гародзе.


Зямля, зямелька, родная зямліца,

Цябе мы будзем і любіць, і славіць.

А тых людзей, хто працы не баіцца -

Заўсёды ў прыклад нашым дзеткам ставіць.


Што б мы, прастыя гараджане,

Каб не яны - працаўнікі сяла?

І хоць заўжды вяскоўцы ў загане,

Але вось маем нешта да стала…


І хоць даўно не маладзее вёска,

Адно старыя дажываюць век.

Мы будзем Богу спадзявацца, лёсу,

Што вернецца к зямельцы чалавек.

Зямля, зямелька, родная зямліца,

Паклон табе, сялянам, іх рукам.

Табой, ВЯСКОВЕЦ, буду ганарыцца,

Што працу робіш добрую людзям!

Смак дзяцінства

Выйду раніцай гаем бярозавым,

Ні адзіным слядочкам не змераным,

А паветра - такое марознае,

Аж бярозы ўбраліся шэранню!


Усе галінкі ў пушыстую, крохкую,

Што ад сонца іскрыцца каралямі.

Страсяну, і пасыплецца лёгкая,

Ды закруціцца белымі хвалямі.


Буду доўга лавіць яе тварам я,

У далоні лавіць ды па кропельцы,

Смакаваць, ласавацца ёй, талаю, -

Гэты смак мне з дзяцінства шчэ помніцца…

Чарнобыльскае…

Яловы лес стаіць у чаканні -

Стаў рэдкім госцем чалавек,

А быў жа час - з замілаваннем

Сюды спяшаўся ён спрадвек.


Прайшла Чарнобыля навала,

Паўсюль пакінула свой след -

Прыродзе роднай сумна стала -

Хто вызваліць яе ад бед?

***

Зямелька, родная зямліца,

За што ты здзекі прыняла?

Замест таго, каб клапаціцца,

Сябе ў пакуту аддала…


Дзе некалі гулялі хвалі,

У жыце, аж пад небасхіл,

Даўно ўжо людцы не аралі ,

Бо лёг Чарнобыля тут пыл.

Я ганаруся, што карэнны...

Тут нарадзіўся бацька, маці,

А потым нарадзіўся я.

Жыў дзед спрадвеку

ў гэтай хаце,

Цяпер жыве мая сям я.


Я ганаруся, што карэнны -

Няшмат такіх тут засталося.

Няшмат каму пабачыць змены,

За ўсе часы тут давялося.


Дзе некалі былі пустэчы,

Каменні шэрыя ляглі -

Тут рукі, розум чалавечы

Дамоў шмат соцень паднялі.

Стаяць тут школы і заводы,

Вакол іх - дрэваў карагод,

А ім люстэркам служаць воды

Азёр, ужо каторы год.


Расце мой горад, прыгажэе -

Тых змен ужо і не злічыць.

А я нашу ў сабе надзею,

Каб тут і ўнукі маглі жыць!

Усім матулям прысвячаю…

Мама, мамачка, матуля -

Колькі ласкі ў словах тых:

Ці ад дочкі, ад сынулі -

Кожнай маці лашчыць слых.


Нам заўжды матуля рада,

Мы імкнёмся да яе.

Прыгалубіць, дасць параду,

З ёй нам добра, спакайней.


Ёсць матуля - ёсць парадак

У кожнай хаце, на падворку.

Раніцой спячэ аладак,

Прынясе прысмак з каморкі.


А працуе - усе зайздросцяць,

Дзе б матуля ні была:

Ці ў дзяржаўнай установе,

На будоўлі, ля стала.

Мамы, мамачкі, матулі -

Дай Гасподзь вам добрых дзён.

Каб вас беды ўсе мінулі,

Да зямлі вам, мой паклон!

"Аграном"

Чырвоныя абуўшы боты,

(не дай Бог ногі замачыць),

Ён прыступае да работы -

Ці добра скошана, глядзіць.

Ідзе паважна, ды цікуе,

Ківае дзюбай з боку ў бок,

І думае, што пашанцуе -

Мо знойдзе раптам каласок.


Ды селянін наш працавіты,

Так чыста ў полі ўсё прыбраў,

Што нават і зярнятка жыта,

Той аграном тут не падняў.


Такое бачу я нярэдка,

Калі бываю на сяле,

Як ходзіць бусел па палетках

Услед за камбайнам на жніве.

Старыя вольхі

Любіў я часам выйсці з дому,

Калі пачне ледзь-ледзь світаць.

Прыйсці сюды, пабыць адному,

Дзе вольхі-волаты стаяць.


Стаяць яны ў задуменні,

Шапочуць штось адна адной.

Ствалы іх мые і карэнні,

Лідзейка кожнаю вясной.


Старыя вольхі - веку сведкі,

Даўно да вас ніхто не йдзе.

Ужо і я стаў госцем рэдкім,

Даруйце - час сваё кладзе…

Нарэшце восень завітала

Нарэшце восень завітала,

Туманы, вільгаць прынясла.

Пайшлі грыбы, я іх нямала

Збіраю ўсякіх да стала.


Люблю я ўвосень пабадзяцца

Па родным лесе ў вольны дзень,

Калінай спелай частавацца,

Пачуць знаёмае: "Пень-пень".


Няма тых птушак - адляцелі,

Чый спеў

так лашчыў слых вясной.

Адно сініцы, свірысцелі,

Ды дзятла чуцен стук парой.


Іду праз лес з задавальненнем,

Лістоты ўжо амаль няма -

Уся пад нагамі. Шамаценнем

Душу мне радуе яна.

Стаю на беразе рачулкі...

Стаю на беразе рачулкі,

Ласкава хваля ногі мые.

Не чуцен птушак гоман гулкі,

Туман вячэрні вольхі крые.

А побач вогнішча шугае -

Там юшку вараць сябрукі.

Пах ад яе вакол лунае,

Плыве ўздоўж усёй ракі.

З нябёс цікуе месяц новы,

Што нарадзіўся дзесь на днях.

Падобны на маю падкову,

Вісіць што ў сенцах на дзвярах.

"Э - гэй"! -

Хлапцы мяне пазвалі. -

"Ідзі ды лыжку даставай.

Мы юшку ўжо пакаштавалі,

А смак - за вушы аддзірай!"

Пайду.

А ты, чытач, гартай старонку,

Няма тут больш чаму дзівіцца

(бо ў нас да юшкі - самагонка,

ты ж можаш слінай падавіцца).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX