Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Станіслаў Суднік 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Станіслаў Суднік нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна. У Лідзе жыве з 1994 года.

Аўтар кніг паэзіі "Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", "Літва", "Пілігрымка дадому".

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Звеставанне

З нагоды 100-годдзя БНР

Звеставаў Пан Бог Марыі

Весткай добрай са святых нябёс,

І арханёл ёй словы тыя

Аб Сыне Божым сам прынёс.


Праз плойму год зноў сакавіцкім раннем

Бог звеставаў гаротнаму народу,

Што шле яму з бяспамяцтва паўстанне,

Што шле яму дзяржаву і свабоду.

Калісь адзін Іосіф мусіў толькі

На веру Сына Божага прыняць,

Сто год назад імперыі асколак

Сказаў нам Бог дзяржаваю назваць.


Ён дыктаваў ад вечара да рання

За словам слова граматы святой,

Каб стаўся ўсенародным Звеставаннем

Нам сакавіцкі светлы ранак той.


А радасці навокал было мала.

Як Ірад быў вынішчваў немаўлят,

Так беларусаў у зародку вынішчалі,

Крывёй тут захлыналася зямля.


Дзялілі, рэзалі, палілі і тапталі,

Ламалі цела і ламалі дух,

Каб мы ніколі з цемры не паўсталі,

Каб нават думак заняволіць рух.

* * *

Мы на палях палеглі многіх бітваў

І турмаў ведалі мо ўсіх празванне,

Ды берагла ад скону нас малітва,

Бо ўжо ж было, было ўжо Звеставанне.


Было абвешчана і сказана народу,

Што мы - Краіна, Нацыя, Дзяржава,

Што маем права мы на волю і свабоду,

Што мы на долю, шчасце маем права.


Ой, цяжка ірадам усіх чыноў і званняў

І з імем нашым нават прымірыцца,

І свет трасуць зашморганым пытаннем:

- Як смеў тут нейкі беларус з'явіцца?


А ён з'явіўся, а ён ёсць і будзе

Насуперак усім ліхім літанням,

Бо некалі ў сусветным грозным гудзе

Сам Бог паслаў нам з неба Звеставанне.

П Е С Н І

Летняя ночка

Паклікаў вечар ночку

Ў хаванкі пагуляць,

Чакае маці дочку,

Не можа маці спаць.


Мо весніцы дзе рыпнуць,

Мо брамка заскрыпіць,

А маці не прывыкнуць,

А маці ўсё не спіць.


- Ці весніцы, ці брамка,

Мне розніцы няма,

Ты не турбуйся, мамка,

Дамоў прыду сама.


А дочанька гуляе,

Танцуе і пяе.

Хай заўтра паўшчувае

Матуля зноў яе.


А сёння каля рэчкі

Гулянка да відна.

Гуляе з ночкай вечар,

Дый дзеўка - не адна.


- Ці весніцы, ці брамка,

Мне розніцы няма,

Ты не турбуйся, мамка,

Дамоў прыду сама.


Вось раніца падходзіць,

Пара кароў даіць,

А дочка не выходзіць,

А дочка смачна спіць.


І маці зноў даёнку

Паціхеньку ўзяла:

- Паспі, мая ты донька,

Сама такой была.


- Ці весніцы, ці брамка,

Мне розніцы няма,

Ты не турбуйся, мамка,

Прачнуся я сама.

Чый муж лепшы?

Цераз тын, цераз плот

Бабы гаманілі,

Цэлы дзень напралёт

Мужыкоў хвалілі


- О, мой муж, ён - не ўсе,

Ладны і харошы,

Ён нясе і нясе

Ўсё дадому грошы.


- Ну, а мой, ну, а мой

Грае і спявае,

А ўжо польку са мной

Лепш за ўсіх згуляе.


- Ну, а мой, што таіць -

Спрытны да работы -

Што казу падаіць,

Што паправіць боты.


- Ну, а мой дык паэт

І мастак найпершы,

То малюе партрэт,

То складае вершы.


- Ну а мой, як ніхто,

Залаты характар,

Ён то едзе на аўто,

То заводзіць трактар...


Цераз тын, цераз плот

Бабы гаварылі,

Сваім любым на абед

Есці не зварылі.

Полька

У часы ранейшыя,

У часы даўнейшыя

Ўсё было не так -

Моладзь і старэйшыя,

Большыя і меншыя

Ўмелі кракавяк.


Потым забывалася,

Потым зачынялася

Ўсё ў цяжкі куфэрак,

Гінуў у цямрэчы,

Не выпростваў плечы

Спрытны наш абэрак.


Ды паміж нядолі,

Ды паміж няволі,

Паміж войнаў колькіх

Мы не забывалі,

Мы не пакідалі

Родненькае полькі.


Сёння ўсё вяртаецца,

Памяць абуджаецца,

Ты адно паглянь -

Хлопцы і паненкі

Ад гадоў маленькіх

Танчаць падыспань.


Новыя палацы,

Бляск ілюмінацый,

З модай уразрэз

Радасна вітаюць,

Весела прымаюць

Слаўны паланэз.

А ў любой хаціне

Пры любой хвіліне,

Каб гармонік толькі,

Лёгка завіхрыцца,

Пылам закурыцца

Просценькая полька.


Хай там паланэзы,

Ноты і дыезы,

А ў нас скрыпка толькі...

Рэзьне нам знянацку,

Мы закружым хвацка

Мілую нам польку.

Развітальная

Загуляліся ў вас,

Кліча родны ўжо дом,

А як здарыцца час,

Мы вам зноўку спяём.


Мы пасеем, пажнём

І збяром зноўку гурт,

Песень воз прывязём,

Пачакайце нас тут.


Дай вам, Божа, дабра,

Дай удачы ва ўсім,

Хай жа ясніць зара

Над кутком дарагім,


Хай жа песні гучаць,

Хай не чуецца слёз,

Будзе вам спагадаць

Ваш прасветлены лёс.


Будзе край наш квітнець,

Покуль Нёман цячэ,

А мы будзем вам пець,

Запрашайце яшчэ!

Сплаў у БНР

Лёгкія хвалі, ласкавыя хвалі

Плешчуцца мірна аб нашы плыты,

Нёману ціхенька мы абяцалі

Волю дагнаць між віхураў крутых.


Прыпеў:

Між Дайнавы абшараў,

За велічнаю марай

Па Нёмане, па Нёмане сягоння і цяпер,

Паміж жыццёвых бураў,

Насустрач авантурам,

Па Нёмане, па Нёмане плывём у БНР.


Лёгкія хвалі, ласкавыя хвалі,

Лашчыцца вецер у нашых сцягах,

Кожнай галінкай пяшчотна махаюць

Нашыя дрэвы на двух берагах.


Прыпеў.

Цвёрдыя словы, рашучыя словы,

Люд нас вітае ад плёсаў і ніў,

Цвёрдыя словы радзімае мовы,

Нёмана грозны, адвечны матыў.


Прыпеў.

Нёман былінны, легендамі слынны,

Ты нас у крыўду павек не дасі.

Бацька радзімы, надзейны адзіны,

Далей жа, далей, да волі нясі.


Прыпеў:

Між Дайнавы абшараў,

За велічнаю марай

Па Нёмане, па Нёмане сягоння і цяпер,

Паміж жыццёвых бураў,

Насустрач авантурам,

Па Нёмане, па Нёмане плывём у БНР.

Бацькава хата

Я многа па свеце бадзяўся,

І цвёрда стаяў, і хістаўся,

Бываў на гары і на дне,

Ды помніў зацята,

Што бацькава хата

Чакае без стомы мяне.


Я поўз праз густую завею,

Я траціў на поспех надзею,

Блукаў па бясконцай вайне,

Ды верыў заўзята,

Што мама і тата

Сустрэнуць з дарогі мяне.


І вось я дадому вярнуўся,

Ад пылу дарог страпянуўся,

Ды цёмна ў радзімым акне.

Самотная хата,

А мама і тата

З партрэтаў глядзяць на мяне.


Я печ прапалю, як сумею,

Не цела, а памяць сагрэю,

У згадках жыццё прамільгне.

Працепліцца хата,

А мама і тата

Прысняцца, як некалі, мне.

Клятва

Паводле Марыі Канапніцкай.

Перастварэнне з польскай.


Не кінем край, адкуль наш род,

На здзек не кінем мову.

Мы - беларусы, мы - народ,

Наш лёс цяжкі, суровы.

Знямечыць вораг нас не змог.

Няхай нам дапаможа Бог.

Мы да апошняй кроплі з жыл

Цярпець маглі трывала,

Пакуль не растрасецца ў пыл

Маскоўская навала.

Нам цвердзю кожны быў парог.

Няхай нам дапаможа Бог.


Ніхто не будзе ў твар пляваць

І нам дзяцей маскаліць,

З нябыту мы змаглі паўстаць,

Нас больш не закабаліць.

Нас кліча ў бой ліцвінскі рог.

Няхай нам дапаможа Бог.


Мы не дазволім нас стаптаць,

Труна хай пачакае,

Наш час за Беларусь стаяць,

Хай кожны памятае.

І верне ўнук, што дзед не змог.

Няхай нам дапаможа Бог.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX