Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Віктар Дземеш 


Аўтар: Дземеш Віктар,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Віктар Дземеш (Вітаўт, Віцень, Дзервіш), эканаміст, журналіст. Працаваў эканамістам на заводах Менскай вобласці, знаходзіўся на адказных пасадах у сродках масавай інфармацыі.

Вершы змяшчаліся ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Першыя творы падтрымала і надрукавала Вольга Міхайлаўна Іпатава, якая потым стала старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Публікацыі прыязна сустрэлі Уладзімір Някляеў, Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў і, нарэшце, Ніл Гілевіч. Вершы паэта неаднаразова гучалі на рэспубліканскім радыё, чыталіся і чытаўцца са сцэн на розных мерапрыемствах і святах. Выйшлі кнігі паэзіі "Барысаўскі мерыдыян" і "Барысе ў экслібрысе".

З Лідскім раёнам паэта цесна звязвае тое, што ён у час летніх канікулаў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада працаваў у саўгасе "Лідскі" на рамонце МТФ, а затым замяняў бухгалтараў гэтай гаспадаркі, якія былі ў адпусках, налічваў заработную плату работнікам Белевіцкай і Гудскай брыгад. Жыў тады ў Будкевіч Алены, суседзямі былі Авідзэні - Ігнат і Вольга. Той незабыўны час часта ўсплывае ў памяці і зараз, таму, як і раней, калі-нікалі пішуцца вершы пра гэты мілы куток зямлі, як і ўвогуле пра ўсю Лідчыну.

З ЦЫКЛУ "ГУДЫ - ПЕРАГУДЫ"

Да донца

Сон лесам ахінуты,

Святы, як і спакон,

Салодкі, смачны ён.

Вось Гуды - перагуды,

Што з песняй ва ўнісон,

Адрасаванай зранку

Сяброўцы ці каханку,

Бо ёсць каму спяваць.

Заходзьма ж у альтанку,

Але не злоўжываць!


Вось - дрэва, неба постаць,

Крыжы дарог - і ростань;

Вось смелыя палі,

Што лезуць к сонцу проста:

- Энергіяй налі!

І поіць, поіць сонца

Заўсёдна, не праз раз

Расліны, нават нас,

Каб мы пілі да донца,

Не марнавалі час.

Не каханкам

У Гудах стрэну ля каплічкі

Твой позірк - хоць рукой бяры!

І слізгануць на дно крынічкі

Дзве-тры дапытлівыя знічкі.

Я для цябе - маёй сунічкі

Скачу вавёркай у бары.

Задзірыстым, здаровым ранкам

Цябе я з Гудаў падвязу

Да Ліды - хоць і не каханкам,

Халопам згорбленым,

падпанкам,

Каб на падворку, перад ганкам

Змахнуць нябачную слязу...

Стаць паэтам

Раздолле - і Гуды,

і ветрык разуты

Бяжыць, як хлапчук той

па колкай расе.

Я вершамі скуты,

няма ні мінуты,

Каб іх прачытаць,

каб падправіць усе.

Ару, як той трактар,

паправіць рэдактар,

Дазволіць над Лідай

нізенька ўзляцець.

Слоў тонкіх аматар,

знаў я альма-матар,

Каб стаць потым шчырым

паэтам і пець.

Гудуць працай Гуды

Яшчэ паварот - і праявяцца Гуды,

І сэрца напоўніцца радасцю ўраз,

Спадуць з думак путы, і памяць раскута,

І згінуць з душы непаладкі-пакуты,

І ўбачыш свой стан - малады, разагнуты -

Ад першых сустрэчнымі моўленых фраз.

Гудуць працай Гуды, у полі шчыруюць,

Камбайнамі лідскімі гладзяць прастор,

Спрасованы час да хвілін не марнуюць,

Пасля зыркай песняй, кастром вечаруюць,

Дзяўчаты задорным вяселлем чаруюць,

Усмешкі направа, налева даруюць,

Аж хваля пяшчоты кранаецца зор.

Бо я ж - вясковы чалавек

Я ў Лесніках і Ёдках трохі

Пажыў, сялян папрывячаў,

Касіў траву там да знямогі,

Там з перапуду птушкі глохлі,

Так рэху я ў бары крычаў.


Перакрычаць яго не можна.

Ты гучна, і яно - як ты,

Ляціць скрозь пудкі лес

трывожна,

Стражліва, велічна, абложна,

Гуляе аж да цемнаты.


Казуля выйшла на паляну,

Вавёркі скачуць, бы дзятва...

Я гэта бачыў без падману,

Цяпер, у сны калі загляну,

Душа ў тумане, як Дзітва.

Дзітва! О, колькі ёй хапіла!

Перажывае і цяпер,

Хоць на жыццё глядзець няміла,

Ёй спачувае нават звер,

Але знайшлася ў рэчкі сіла...

Трымайся, любая, і вер.


Настане дзень у лёсе чорным*,

Ты дасягнеш былых часоў,

І ў лузе, ад вясны прасторным,

Буслоў сустрэнеш, як паслоў.


... Я ў Лесніках,

у Ёдках крышку

Гасціў ды помню іх праз век,

Я ўражанняў у іх на кніжку

Набраў, а можа, чуць і лішку,

Бо я ж - вясковы чалавек.

У Парэччы

Годы спяшаюцца, крэкчуць,

Так сябе лёгка загнаць,

Толькі хіба што ў Парэччы

Ім мяне ў сілах дагнаць,

Дзе з кіламетр ці з мілю

Ног не змагу валачы,

Дзе спатыкнуся на хвілю

Днём альбо ў цёмнай начы,

Дзе я спынюся, каб людзям

Выціснуць крышку дабра,

Дзе распасцёртыя грудзі

Крыўды ўсе спаляць датла,

Дзе маладое паветра

Моцы ўвалье па вясне,

Дзе і нябёсы, і нетры

Любяць, шануюць мяне.

Каб у вершы задумныя, складныя...

Шлях палеткамі - нівамі сцелецца,

Сонна марыва ў небе дрыжыць,

На спідометры сотня - і Беліца

Прада мной на далоні ляжыць.


Хаты лезуць наперад, навыперадкі,

Каб на памяць сфатаграфаваў,

Бо былі і такія тут выпадкі:

Сеў і з'ехаў - і як не бываў.


Што ж, здыму вас, малыя і ладныя,

Каб заўсёды са мною былі,

Каб у вершы задумныя, складныя

Кожны раз, як убачу, плылі.

Перапіс насельніцтва

Ад самай шчодрае душы,

Каб знала ўся аселіца -

І Дворышча, і Беліца -

Хоць насмяшы на кірмашы,

Хоць награшы, а напішы

Пра перапіс насельніцтва.


Загад рэдактар сфармаваў,

З-пад акуляраў гаркнуўшы,

І ў гэты час не жартаваў.

З гадзіну лоб я дратаваў

Над белай гладдзю аркуша.


І закілзаў я горды верш,

Падбіўшы ногі кедамі,

А розум смелы - ведамі,

Ледзь паспяваю следам я.

Нас стала больш

ці ўсё-ткі менш?

Яшчэ ніхто не ведае.


Дзе маладосць -

там прыгажосць,

Там ты заўсёды - званы госць,

Як ёсць, і нават ягамосць,

Вунь - рыбанькі,

вунь - лапанькі...

У Лідзе ўпэўнены, што ёсць

Прырост, дый нават ладненькі.


Бярэ ад сёл, што навакол,

Таму і памнажаецца,

Пяе ад шчасця навасёл,

Ад многіх страў аж гнецца стол,

Ад танцаў аж трасецца дол,

Сусед на шум не жаліцца.


І ўздоўж па Крупаўскай шашы

Народу прыбаўляецца,

Хоць палічы, хоць так пішы,

Прырост тут назіраецца

Такі, што не змяшчаецца.


Таму не будзем мы гадаць,

А будзем вынікі чакаць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX