Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 9

МЕМАРЫЯЛ 


Дадана: 29-03-2020,
Крыніца: Ліда, 2020.

Спампаваць




Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся...

Светлай памяці А. В. Жалкоўскага

Каштоўнае выданне

Ірына Бараздзіна (1955-2019)

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся...

Лідская паэтэса Алеся Бурак памерла на 87 годзе жыцця

Алеся Аляксандраўна Бурак, да замужжа Рудчанка, нарадзілася 17 снежня 1930 г. у вёсцы Варацец Хойніцкага раёна ў сялянскай сям'і. Закончыла Дукорскую СШ Пухавіцкага раёна і Менскі педінстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці выкладчыка псіхалогіі, логікі і педагогікі ў педвучэльні з правам выкладання беларускай мовы і літаратуры ў школе. Выйшла замуж на 4-м курсе інстытута і першы год працавала на Лідчыне ў Красноўскай СШ Лідскага раёна, куды быў накіраваны муж Бурак Георгій Фёдаравіч. З 1955 года жыве ў Лідзе. Працавала ў асноўным у 8-й і 11-й гарадскіх школах. Першыя тры гады пасля інстытута выкладала псіхалогію ў 9-х класах і логіку ў 10-х класах. На працягу працоўнай дзейнасці была піянерважатай і бібліятэкарам, выкладчыкам анатоміі і беларускай літаратуры, этыкі і эстэтыкі ў музвучэльні, вяла ўрокі працы.

Была беспартыйнай. З-за халоднага і галоднага ваеннага дзяцінства і цяжкага пасляваеннага юнацтва (у сям'і былі чатыры дачкі, бацька загінуў на фронце ў 1941 годзе), часта хварэла і таму была ў няміласці ў партыйнай наменклатуры. Фізічныя і маральныя пакуты прывялі ў 1978 годзе да іваліднасці ІІ групы, з 2002 года - інвалід І групы.

Захаплялася ручной працай. Яе рэчы, зробленыя шыдэлкам, маюць многія лідзяне. Вершы пачала пісаць у школе. Друкавалася ў газетах "Уперад" ("Лідскай газеце"), "Гродзенскай праўдзе", "Вечернем Минске", "ЛіМе", "Вместе", "Нашым слове", энцыклапедыі "Женщины Беларуси" (Том І, 2001) і ў часопісах "Лідскім Летапісцы", "Ад лідскіх муроў".

Аўтар зборніка вершаў "Прастора дабрыні" (2008). З'яўлялася сябрам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" з самага пачатку яго ўзнікнення. Рэдагавала вершы, давала парады як сталым так і маладым паэтам. Яна была знаёма з вядомымі творцамі Беларусі, у свой час перапіску вяла з паэтам-песеннікам Адамам Русаком, знаёмай была з Авяр'янам Дзеружынскім, Іванам Мележам, прафесарам Марыяй Андрэеўнай Жыдовіч, Васілём Савічам Гарбацэвічам, Васілём Быкавым, нават пашанцавала і з Якубам Коласам, мела сяброўскія зямляцкія адносіны і з Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам (міністрам інфармацыі) і з іншымі. Пагэтаму лічылася самай старэйшай паэтэсай Лідчыны. Алеся Аляксандраўна была ў курсе ўсіх спраў, якія датычыліся літаратурнай дзейнасці Лідскага краю. Яна прымала ўдзел у шматлікіх літаратурных конкурсах, у якіх атрымлівала пераможныя месцы, выступала і на Лідскім радыё.

Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, Алеся Аляксандраўна не страціла сваёй каляіны, была вернай сваёй прафесіі, захавала свае найлепшыя рысы характару, такія як шчырасць, шчодрасць, дабрыня, спагада, аптымізм, няўрымслівасць, якія можна замяніць трыма словамі: Чалавек, Настаўнік, Творца.

У літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея размяшчаецца стэнд і захоўваюцца матэрыялы Алесі Бурак пра яе жыццёвы і творчы лёс. Да апошняй хвіліны займалася творчай справай, дапамагала рэдагаваць успаміны сведкаў ваенных падзей, сярод якіх з'яўлялася і яна сама. Дзякуючы яе старанням, кніга "Память - главный свидетель" выйшла ў друк, але, нажаль, А. Бурак не змагла яе ўжо пабачыць…

Яе не забывалі лідскія літаратары. Яе яны і не забудуць… Была. Ёсць. Будзе.

24 жніўня 2017 года на 87 годзе жыцця Алесі Аляксандраўны Бурак не стала.

Ніжэй змяшчаецца адзін з апошніх вершаў Алесі Бурак, які яна даслала яшчэ пры жыцці ў газету "Наша слова" і для музейна-адукацыйнай праграмы "У школу да Цёткі" у рамках раённага культурна-асветніцкага праекта "Беларусь - мая мова і песня".

Алеся БУРАК

Урок беларускай мовы

"Гэты верш без перакладу

Абмяркуем мы з табой…"

Марыя Масла.

Крочыць, лунае родная мова

У гутарках, жартах шматлікіх людзей,


У спевах, прамовах, на ўлонні гаёвым,

На хвалях надвор'я, на плынях падзей.


Прастора, палеткі, прысады, краіна.

Улада, грамадства, дзяржаўнасць, Айчына.


Узгорачак, сажалка, вёска, сядзіба,

Бяспека, адданасць, ахоўнасць, радзіма.


Сумленне, прыстойнасць, дасведчанасць, воля.

Квяцістасць, пялёсткі, хваінка, таполя.


Вяргіня, пралеска, язмін, канюшына,

Гарлачык, валошка, рамонак, шыпшына.


Узлесак, абабак, дрыгва, журавіны,

Цыбуля, кавун, гарбузы, садавіна,


Ажына, сланечнік, парэчкі, суніцы,

Крышталь, дыяменты, бурштын, завушніцы.


Апратка, спаднічка, сукенка, хусцінка.

Вандроўка, прыгоды, чыгунка, сцяжынка.

Альтанка, арэлі, буслянка, шпакоўня,

Паветра, блакітнасць, прасветленасць, поўня.


Вясёлка, сузор'е, прамень, бліскавіца,

Хмурынка, завея, сумёт, аканіцы.


Будынак, цаглінка, тынкоўка, фарбоўка,

Каморка, цабэрак, сякера, рыдлёўка.


Далонь, працаздольнасць, свядомасць, развага,

Агляд, перамога, удзячнасць, павага.


Кватэра, утульнасць, сурвэтка, скарынка.

Цырульня, парфума, гадзіннік, хвілінка.


Паштоўка, чытальня, натхненне, дасціпнасць,

Цнатлівасць, удзельніцтва, кемлівасць, сціпласць.


Папера, аловак, аркуш, маляванне,

Падручнік, пытанне, адказ, хваляванне,


Выдатнік, адзнака, хвала, ўзнагарода,

Увага, цікавасць, падзяка, лагода.


Асвета, адказнасць, давер, выхаванне.

Світанак, жаўрук, калыханка, змярканне,


Спатканне, пачуцці, каханы, адзіны,

Пяшчота, вяселле, калыска, радзіны.


Вяндліна, цырата, відэлец, патэльня,

Нагода, частунак, сябры, прабачэнне.


Прыпеўкі, усмешкі, цукеркі, дарунак,

Спагада, надзея, абраз, паратунак.


Тусуюцца словы годнае мовы,

Патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок,


І кожнае з іх у нягоду, знямогу

Быццам з гаючай крыніцы глыток.

Далей змяшчаем шэраг матэрыялаў, напісаных Алесяй Бурак пра лідскіх творцаў. Пра іх друк у зборніку "Ад лідскіх муроў" яна прасіла яшчэ пры жыцці. Памяці таленавітай паэтэсы рэдкалегія выконвае просьбу.

Светлай памяці А. В. Жалкоўскага

14 красавіка 2011 года не стала сярод нас таленавітага журналіста, шчырага і светлага чалавека, магічная сіла якога вабіла да сябе кожнага, хто яго ведаў. Смерць Аляксандра Васільевіча Жалкоўскага адгукнулася невыносным болем у сэрцах яго даўніх сяброў, да якіх, асмелюся сказаць, належала і я.

Працуючы настаўніцай у СШ № 11, я пачала супрацоўнічаць з раённай газетай "Уперад" з 1966 года. А калі праз год пры рэдакцыі ўзнікла літаб'яднанне, прымала ў яго рабоце актыўны ўдзел. З таго часу прайшло больш 45 гадоў. Асабліва плённым у рабоце лідскіх літаратараў былі 1969-1986 гады, калі рэдактарам газеты стаў А.В. Жалкоўскі. Цэлыя старонкі раёнкі займалі падборкі твораў пачынаючых аўтараў. Гэтаму садзейнічалі шчырыя і дабразычлівыя адносіны Аляксандра Васільевіча не толькі да сваіх супрацоўнікаў, але і да кожнага з нас. Прыстойны, сціплы, ашчадны і паважлівы да іншых, ён ніколі не ўзвышаў сваёй асобы. Размовы з ім былі цёплымі і вяліся на жывой народнай гутарковай мове. Ён дасканала ведаў і адмыслова валодаў роднай мовай і на працягу ўсяго свайго жыцця не толькі не здрадзіў ёй, але непадобна клапаціўся аб яе захаванні, быў яе няўтаймаваным абаронцам.

У 1988-1991 гадах улады краіны рабілі ўсілкі адраджэння беларускасці ў родным краі. А.В. Жалкоўскі, адданы сын сваёй зямлі, вопытны журналіст і гарачы патрыёт усяго беларускага, быў у ліку сямі маладых членаў суполкі "Рунь", якая многае рабіла дзеля адраджэння беларускай мовы, культуры і народных традыцый. (Удзячна лёсу, што побач з Жалкоўскім былі і двое маіх вучняў). Шматпланавыя і разнастайныя па сваёй тэматыцы публікацыі А.В. Жалкоўскага адрозніваліся ад іншых сваёй цікавасцю і глыбінёй, мудрасцю і прафесійным уменнем даступна данесці да чытача філасофскую сутнасць таго, аб чым ён пісаў.

Даследчык роднага краю, А.В. Жалкоўскі адкрыў не адно новае імя, звязанае з лёсам роднай зямлі. Для гэтага варта толькі разгарнуць кнігу "Памяць", суаўтарам якой ён з'яўляецца.

Будучы ўжо на пенсіі, былы рэдактар супрацоўнічаў з многімі газетамі Гарадзеншчыны, і рэдка ў якім нумары "Принеманских вестей" не было яго допісаў. Я заўсёды шукала іх пад подпісамі "А. Жалкоўскі" або "А. Васілевіч" (псеўданім). Шчымлівае шкадаванне ахоплівае душу з-за адсутнасці на старонках гэтай папулярнай газеты радасна-светлых публікацый аб культурным жыцці горада, аб міжнацыянальных адносінах, аб чалавечай годнасці і духоўнасці і аб іншых праявах нашага жыцця.

Вялікую ўвагу ўдзяляў Аляксандр Васільевіч лідскім літаратарам, падтрымліваў іх цікавасць да прыгожага пісьменства, цаніў іх творчыя здабыткі, ганарыўся тым, што яны праслаўляюць яго родны горад. Будучы цяжка хворым, ён не губляў сваёй творчай актыўнасці, мала думаў аб сабе, заўсёды цікавіўся здароўем іншых і падбадзёрваў сваім аптымізмам. Калі не было ў яго магчымасці прыйсці да мяне, аднаму або з людзьмі творчага складу, ён часта тэлефанаваў мне, цікавіўся жыццём і здароўем і напаследак гаварыў словы падтрымкі. За тыдзень да сваёй смерці ён сказаў: "Трымайся, Алеська!". Я ўтрымалася, а ён - не… і па-гэтаму:

Халадзее душа

Плед на плечы накінула: дождж

Страшнай весткаю стукнуў у акенца,

Да мяне ты не прыйдзеш ужо,

Каб хоць трошкі сагрэлася сэрца.


З беларускіх узраслі каранёў,

Мацавала нас мудрая згода,

Лёс сцяжынкамі светлымі вёў -

Нам пад сілу была непагода.


Дык чаму ж халадзее душа?

Адзіноцтва нейк стала трывожыць…

Мне б твайго разумення, цяпла!

Плед сагрэць мяне, пэўна, не зможа…


Заблукаў паміж зорак ты раптам.

Не сустрэнемся - сэрца баліць.

Авалодала горыч ад страты…

Дождж і слёзы туманяць блакіт.

Слова пра лідскіх творцаў

Выдатнейшаму сучаснаму паэту Лідчыны Уладзіміру Васько ўжо больш за 75 гадоў.

Дасканалыя ў мастацкім плане, бездакорныя па сваёй сутнасці, пазбаўленыя ўсялякай дэкларатыўнасці вершы У. Васько, змешчаныя ў трох яго паэтычных зборніках, кранаюць душу сваёй шчырасцю і эмацыянальнай узрушанасцю.

Відаць, сам Бог вадзіў яго рукою пры напісанні твораў, якія глыбока пранікаюць у душу чытача, нясуць прасветленасць і дабрыню, абачлівасць і прадбачлівасць, сціпласць і цнатлівасць у праяўленні асабістых пачуццяў. У адным з вершаў ён піша: "А мой радок? / Ён душу ўскалыхне / І адгукнецца ў бескарысных сэрцах". Так яно і ёсць.

Адданы сын сваёй зямлі Уладзімір Васько ўслаўляе сваю радзіму - маці, якая "годна ідзе па зямлі" і свой найдабрэйшы народ, да якога навечна далучаецца сваёй адкрытай і шчырай душой.

А колькі ў яго творах сыноўняй любові да роднага прынямоння, да Ліпічанскай пушчы, дзе сэрца чаруе кожная галінка і чуюцца мелодыі вершаў! Менавіта, вечная прырода з'яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення, яна яго "настаўнік і суддзя". У.Васько піша аб тым, што яго хвалюе. Напісаныя цудоўнай мовай Я.Купалы, яго паэтычныя і празаічныя творы заклікаюць нас "тушыць крыўды" і злосць, несці ў свет цеплыню, лагоднасць і прыгажосць найкаштоўнейшага ў свеце пачуцця - кахання, без якога чалавек становіцца духоўна бедным. Паэт выплёсквае радасць і ўтойвае крыўду, бо жыццё шматграннае, "то таркаю дзярэ, то зоркі з неба падае".

Так, жыццёвая дарога Уладзіміра Васько не была гладкай. Але ён сумеў зберагчы сваю светлую душу і чыстае сумленне, якія ён годна нясе па жыцці.

Яго чарговая кніга "Лясная рапсодыя" ўключае ў сябе ўспаміны і апавяданні, якія дыхаюць цеплынёй і жыццёвай праўдай.

Рана паэту і празаіку складаць крылы свайго натхнення. Спадзяемся, што ён яшчэ не адзін раз парадуе аматараў прыгожага пісьменства не толькі сваімі вершамі, але і празаічнымі творамі, бо ён вельмі патрэбны і для чытачоў, і для пачынаючых творцаў.

Наш найлепшы,

Самы добры,

Суразмоўца і дружбак.

У паэзіі і ў прозе

Непраўзыдзены мастак.

У парадах не адмовіць,

Не абразіць ані чым.

Аб сабе два словы мовіць -

Прыклад сціпласці ва ўсім.

Мае членства ў Саюзе

Беларускіх творцаў.

А па Гродзенскай акрузе

Шчыры абаронца

Беларускай мовы роднай,

Бацькавай зямліцы.

Сваім сынам верным, годным

Край наш ганарыцца.

* * *

У 2014 годзе 7 лістапада адзначыў свой юбілей вядомы грамадскасці нашага горада і раёна, выдатны паэт і творца сярод літаратараў Лідчыны Міхась Іванавіч Мельнік. Ды і не толькі ён вядомы грамадскасці нашага рэгіёна, бо, калі праўдзівей сказаць, дык усяе Гродзеншчыны. Ён аўтар двух зборнікаў вершаў "Скрыжаванне" (у сааўтарстве з Пятром Чаборам) і "Лодка жыцця". Міхась Мельнік шмат гадоў паспяхова кіраваў літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Шмат намаганняў ён прыклаў для падняцця аўтарытэта не толькі вядомых паэтаў роднага горада, але змог адшукаць і папоўніць сучасную мясцовую паэтычную скарбонку новымі імёнамі з асяродку моладзі, такіх, як напрыклад, Іна Міхалюк, Яўген Пац, Аляксей Сымановіч, браты Алесь і Валера Мацулевічы, Алесь Хітрун. Апошні з іх стаў пераемнікам Міхася Мельніка ў кіраванні "Суквецем".

Хочацца адзначыць і тое, што Міхась Іванавіч шмат гадоў працаваў у былым Лідскім педкаледжы, выкладаючы сваю любімую родную мову, выхоўваючы будучае пакаленне маладых педагогаў у вялікай пашане да ўсяго беларускага. Міхась Мельнік - выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, не аднойчы абіраўся дэпутатам гарадскога і абласнога саветаў. Як чалавек неспакойнага сэрца і дапытлівай думкі, ён, з'яўляючыся ініцыятарам стварэння ў Лідзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, выносіць на абмеркаванне гарадскіх і рэспубліканскіх уладаў ідэю ўстанаўлення ў цэнтры горада помніка першаму беларускаму друкару Францішку Скарыну. І ўжо больш 20 гадоў помнік Скарыну з'яўляецца каштоўнасцю горада Ліды.

Разам з пажаданнем шаноўнаму юбіляру моцнага здароўя і творчага даўгалецця прысвячаю такія радкі:


65… здаецца, нямала…

Хаця і зусім дык нямнога!

Жыццё не пяшчотнай матуляй бывала,

А ты ж стаў для многіх падмогай.

Любімай Айчыне і роднаму слову

Не здрадзіў, не схібіў ніколі.

Абраў у жыцці найсвятую дарогу:

Вучыў шанаваць, любіць мову.

І лёсам адзначан тваёй працы плён,

Настаўнік выдатны і творца.

Прымай ад сяброў і ад вучняў паклон

За чулае, шчодрае сэрца!

* * *

Нельга абысці ўвагаю і яшчэ аднаго юбіляра 2014 года - жанчыну вонкавай абаяльнасці, душэўнай прыгажосці, таленавітую паэтку і ўлюблёную ў сваю справу - настаўніцу Ганну Леанардаўну Рэлікоўскую. Самааддана працуючы завучам школы № 11, яна знаходзіць месца і час для напісання вершаў, якія друкуюцца не толькі ў нашай раённай газеце. Яе творы не пакідаюць абыякавым нікога. Аб чым бы яна ні пісала: аб сваёй роднай вёсцы Кянці, аб роднай матулі, аб сваіх вучнях, аб прыродзе - усё, што выходзіць з-пад яе пяра, выдае духоўнае багацце аўтаркі. Яе вершы дыхаюць не толькі сардэчнай цеплынёй, але і вялікай заклапочанасцю аб чалавечым лёсе, аб той дабрыні, якой перапоўнена яе душа. Аддаючы шмат часу сваёй педагагічнай рабоце, яна знаходзіць магчымасць наведаць сваіх сяброў, дапамагчы ім у вырашэнні узнікшых праблем, а таксама паклапаціцца і аб сваіх родных. І вельмі шкада, што яна, выкладчыца гістарычных навук, улюблёная ў беларускасць, не знаходзіць часу для падрыхтоўкі свайго паэтычнага зборніка. Ад імя лідскіх творцаў, ад імя калег, сяброў і вучняў прашу яе падрыхтаваць да выпуску сваю кнігу і гэтым самым даставіць асалоду ад самабытнай паэтычнай думкі не толькі чытачам "Лідскай газеты", "Настаўніцкай газеты", "ЛіМа" і альманаха "Ад лідскіх муроў", але і больш шырокаму колу прыхільнікаў яе творчасці, пакінуўшы свой зборнік у фонды літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея і выставіўшы на стэлажы Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Паколькі Ганна Леанардаўна вельмі блізкі мне чалавек не толькі па прафесіі, але і па жыцці, і па душэўнаму складу, шчыра зычу ёй не траціць тых даброт, якімі багата яе вялікае сэрца і чулая душа. Асноўная сутнасць яе ўнутранага свету ў наступных маіх радках:

Ты - гэта мора дабра.

Ты - гэта сонечны свет.

Ты - гэта хваля цяпла.

Ты - думак светлых букет.

Ты - гэта радасны дзень.

Ты - водар лекавых траў.

Ты - майго шчасця прамень.

Ты - безліч годных праяў.

Ты - гоман чыстых крыніц.

Ты - бездань ясных нябёс.

Ты - шмат якіх таямніц.

Ты - непаўторны мой лёс.

* * *

І зусім нядаўна, а менавіта 17 сакавіка 2015 года, сябры па паэтычнаму цэху віншавалі з 80-гадовым юбілеем Таццяну Іванаўну Сямёнаву, аўтара зборніка "Восеньскі вальс". Вершы ў гэтай кнізе рускамоўныя, аднак тыя пачуцці і думкі, укладзеныя ў іх змест, абуджаюць у чытача шмат светлых пачуццяў, прысвечаных нашаму гораду, яго жыхарам і беларускай прыродзе. Творы Таццяны Іванаўны напісаны ад шчырага сэрца, шчодрага на дабрыню, яны выпраменьваюць яе здольнасць убачыць у акаляючым жыцці цікавыя тэмы, блізкія кожнаму, для асэнсавання іх у вершаванай форме. Душа паэткі адкрыта для ўсяго светлага, прыгожага, ды і сама яна выпраменьвае святло і дабрыню. Шмат гадоў Таццяна Сямёнава працавала загадчыцай у дзіцячым садку, стала вядомым і шаноўным чалавекам і сярод былых сваіх калег, з якімі не губляе сяброўскіх сувязей, і сярод сучасных работнікаў дзіцячага садка, дзе ёсць яе былыя, ужо дарослыя, выхаванцы.

Добра ведаюць і паважаюць Таццяну Іванаўну не толькі ў літаб'яднанні "Суквецце", яна пажаданы і патрэбны чалавек у клубе "Актыўнае даўгалецце", членам якога і з'яўляецца. Здольная ў паэтычнай творчасці, працалюбівая і міласэрная, Таццяна Сямёнава шыдэлкам і пруткамі стварае ўнікальныя рэчы і ад шчырай душы дорыць іх сваім сябрам, родным і знаёмым. Сціплая і багатая на дабрыню, яна клапоціцца не толькі аб сваіх родных, але і аб тых, каму неабходна яе дапамога ў цяжкую хвіліну. Яе актыўная пазіцыя ў жыцці выклікае захапленне і вялікую павагу. Яна вельмі мала думае пра сябе, стойка пераносіць асабістае гора, баючыся выклікаць слязлівае спачуванне ў суразмоўца.

Я радуюся кожнай сустрэчы з гэтай мілавіднай жанчынай, цудоўным чалавекам, які ўмее тактоўна падтрымаць цёплым словам, добрай справай тых, каму неабходна такая дапамога.

Адчуваючы сваю роднасць з аўтарам "Восеньскага вальса", дазволю сабе сказаць наступнае:

У маё жыццё ўварвалася раптоўна,

Душою параднілася навек,

Прывабная, як на Русі князёўна,

Тым больш, вялікадушны чалавек.

Удзячна лёсу: творчая сцяжына

Аднойчы к майму дому прывяла

Паэтку, абаяльную жанчыну

І носьбіта духоўнага дабра.

Душэўны боль свой ад сяброў хавае,

Падорыць кожнаму ласкавае слаўцо…

Няхай жа яе сэрца бед не знае

І дом яе мінае немач, зло.

* * *

Станіслаў Суднік… Гэтае імя і вядомае, і паважанае сярод творцаў беларускай культуры. У манументальнай кнізе "Памяць" (стар. 473) чытаем яго кароткую біяграфію. Але мне хочацца адзначыць яго творчую няўрымслівую працаздольнасць, вынікі якой абуджаюць думкі і не пакідаюць абыякавым.

У "Лідскім летапісцы" засяроджваю ўвагу на яго аўтарскіх гістарычных і пошукава-краязнаўчых публікацыях, напісаных цікава і даступна відавочна адукаваным чалавекам. На старонках гэтага часопіса радуюць звесткі аб мясцовых паэтах і іншых творчых людзях лідскага наваколля.

З сардэчным хваляваннем і бязмежнай удзячнасцю выдаўцу С. Судніку і аўтарам матэрыялаў чытаю ў "Лідскім летапісцы" допісы аб дарагіх для мяне людзях: пра Трафіма Сямёнавіча Радзюка, чыім іменем названа адна з вуліц Ліды і які быў сябрам і паплечнікам майго загінуўшага ў вайну бацькі, пра майго роднага дзядзьку Сідарка Рыгора Аляксандравічу, кіраўніка падпольнага і партызанскага руху на Гарадзеншчыне і першага сакратара гаркама вызваленай Ліды, якому давялося рэанімаваць жыццядзейнасць Лідчыны пасля акупацыйнага ліхалецця.

У прадмове С. Судніка да анталогіі твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова!" адчуваецца балючая шчырая заклапочанасць абаронцы беларускага маўлення, вернасць запаветам паэта-дэмакрата 19-га стагоддзя Францішка Багушэвіча аб бессмяротнасці чалавека - аб нацыянальнай мове. Руплівец на ніве каштоўнасці беларускай мовы, рэдактар газеты "Наша слова" побач з артыкуламі вядомых у свеце беларускіх вучоных і пісьменнікаў знаходзіць месца і для друкавання матэрыялаў тутэйшых творцаў.

Пры немалаважных высілках сённяшняга юбіляра выдаюцца кнігі мясцовых аўтараў. Гэта "Вясёлкавае ззянне" Смарагда Сліўко, "Струны душы" Валерыя Мацулевіча, "Ідзі і вяртайся" Івана Гушчынскага, "На крылах белай вароны" Святланы Цішук, "Прастора дабрыні" Алесі Бурак, "Дарогі розныя бываюць" Уладзіміра Бурака, "Лодка жыцця" Міхася Мельніка і многія іншыя, якія з аўтарскімі подпісамі знаходзяцца на маёй кніжнай паліцы побач з паэтычным зборнікам Станіслава Судніка "Лідскія скрыжалі", дзе на тытульным лісце я напісала 27.08.2008 г.:

Скрыжалі, лідскія скрыжалі…

Як многа Вы мне расказалі

Пра край любімы і гаротны,

Пра веліч спраў, пра дух народны,

Пра тое, што гады хаваюць…

Пра Судніка, што так спрыяе

Гісторыі краіны слаўнай

І служыць Беларусі спраўна.

Станіславу Вацлававічу Судніку, цікаваму суразмоўцу, надзеленаму здаровым пачуццём гумару і іранічнымі адносінамі да чалавечых слабасцяў, споўнілася 60 гадоў. Пажадаем яму здароўя і поспехаў у яго шматграннай дзейнасці на карысць роднаму краю. Як дадатак да гэтага пажадання мой, з ноткамі гумару і душэўнай цеплыні, верш, які быў напісаны з нагоды яго юбілейнай даты:

Удзячнасць

Мясцовыя паэты - верныя сябры,

Кранае ваша мудрая прысутнасць,

Размовы, спрэчкі аж да позняе пары

І злых намераў поўная адсутнасць.

Нялёгка вашы падлічыць тварэнні,

Што на "Скрыжалях Лідчыны" сышліся:

Тут "Водгук ісціны", "Вясёлкавае ззянне",

"Прастора дабрыні", у "Паэмах" шмат прызнання,

І "Злітак" роздуму, і "Розныя дарогі"…

На "Лодачцы жыцця" плыву к дабру ў цішы,

Імкнуся ў свет з "Варонай белай" разам,

Жыву ў сугучнасці са "Струнамі душы",

"На схілах берагоў" бываю час ад часу,

"Іду і вяртаюся" у "Восеньскі вальсок",

"Лясной рапсодыяй" адаграваю душу…

Падборкай паэтычных галасоў

У "Суквецці" нашым ганарыцца мушу.

Удзячна вам, сябры, за творчыя здабыткі,

За хваляванне і нераўнадушнасць,

За кнігі - найкаштоўны мой набытак,

У якім няма варожасці і бяздушша.

Так атрымалася, што матэрыял, які надрукаваны ніжэй, быў змешчаны ў зялёным сшытку і знойдзены ў стосе папер, перададзеных у Лідскі гістарычна-мастацкі музей Станіславам Суднікам з рэдакцыі газеты "Наша слова". Як казаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч: "На Беларусі Бог жыве". Сапраўды, нейкая боская сіла падштырхнула пераглядзець перададзеныя паперы, і як вынік… Матэрыял напісаны паводле выдадзенага літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" за № 8 за 2012-2015 гг.

Каштоўнае выданне

Асабістае ўражанне Алесі Бурак ад кнігі "Ад лідскіх муроў"

Выдатны падарунак атрымаў кожны кнігалюб "Ад лідскіх муроў". Менавіта так называецца літаратурна-мастацкі зборнік, які толькі што ўбачыў свет дзякуючы ўсілкам выдаўца Станіслава Судніка. Не варта пералічваць усе раздзелы кнігі, але кожны з іх цікавы па-свойму, бо ў іх "цэлы букет пачуццяў, усмешак і слоў", а таксама і думак.

Перш за ўсё аб паэзіі і яе аўтарах. Сярод іх шмат знакамітых імёнаў, з творамі якіх з радасцю і сустракаешся, і знаёмішся. Але найбольш радуюць імёны новых творцаў, якія спраўна прынялі эстафету прыгожага пісьменства. І няхай некаторыя з іх паэтычных твораў не вызначаюцца тэхнічнай дасканаласцю, аднак напісаны яны ад шчырай душы і выклікаюць асалоду пры азнаямленні з імі.

Хіба ж можна не адчуць задавальнення ад цёплых слоў многіх аўтараў, сказаных у адрас роднай матулі, чые вечныя клопаты і трывогі за дзяцей не толькі дабаўляюць ёй сілы, але і дапамагаюць ёй жыць. Сыноўняя ўдзячнасць за чулллівае мацярынскае сэрца, добры і ласкавы свет у дарагіх сэрцу вачах і за ўмелыя і ласкавыя рукі адчуваецца ў кожнага аўтара, які прысвяціў свой верш самому блізкаму і роднаму чалавеку на зямлі. Бо маці - гэта мудры настаўнік і дарадца па жыцці.

Добры знак бачыцца ў тым, што аўтары з настальгіяй і дабрынёю ў сэрцы выказваюцца аб сваіх вытоках, аб сваёй малой бацькаўшчыне, да якіх прыраслі душою. Яны замілавана гавораць аб тых каранях, з якіх прараслі іх думкі і пачуцці і ад якіх праляглі сцяжынкі да жыццёвых дарог.

Пачуцці суму і радасці пераплятаюцца ў грудзях, калі ім даводзіцца наведаць свой родны кут, да якога заўжды рвецца душа, каб наталіць яе блізкасцю і адчуваннем цёплых перамоў не толькі з родным, але і са знаёмымі.

Палоніць нашы пачуцці і цудоўны свет беларускай прыроды, на апісане якой аўтары знаходзяць самыя патаемныя словы. Тут не толькі захапленне роднымі краявідамі, але і клопат за захаванне экалагічнай чысціні, і ўдзячнасць за бескарысныя дары лясоў і палёў, за гаючыя воды крыніц і азёраў.

Аднак самай гаючай для чалавечай душы, на думку аўтараў, з'яўляецца родная мова, вялікі скарб, пакінуты продкамі і знаёмы з малалецтва сваёй песеннай мілагучнасцю і прыгажосцю. Турбуе аўтараў боль за нядбаласць і безуважлівасць у адносінах да яе. У вершах выпраменьваецца не толькі любоў да нацыянальнай мовы, але жыве і надзея на яе бессмяротнасць.

Шмат вершаў мы знаходзім аб родным горадзе, аб яго святынях: аб "вечнай памяці" - Кургане Бессмяроцця, аб гістарычным помніку - Лідскім замку, якім ганарымся і з якім звязана рыцарскае брацтва, ды і не толькі рыцарскае.

Ушаноўваюць аўтары імёны славутых людзей Беларусі: Скарыны, Таўлая, Караткевіча, Купалы, якія сваім прачулліва-мастацкім словам заклікалі да свабоды і зычылі шчасця беларусам.

Прысутнічаюць у кнізе і вечныя тэмы чалавечых узаемаадносінаў - кахання, бо чалавек бывае шчаслівы тады, калі "побач двое".

Карацелькі, змешчаныя на старонках выдання, выяўляюць не толькі назіральнасць, але і светаадчуванне іх аўтараў, выклікаючы ў чытача павагу да такіх якасцей характару.

Проза зборніка захапляе разам са сваёй прастадушнасцю яшчэ і філасофскімі развагамі. Яна цёплая, лагодная, шчырая. Нельга без хвалявання чытаць сардэчныя ўспаміны аб недалёкім мінулым нашага горада і аб тых людзях, якія пакінулі ў сваім жыцці добры след, словам, аб тым, што хвалюе, цікавіць і непакоіць нас сёння.

Чытаеш адну публікацыю і адчуваеш непазбежнае хваляванне, быццам разам з аўтарам крочыш знаёмымі сцяжынкамі. А другая публікацыя, якую можна назваць прытчай, заклікае кожную маці і грамадства даць дзецям не толькі спажывецкую ежу, але і запоўніць іх душы духоўным багаццем.

Ухваляецца і заслугоўвае ўдзячнасці тое, што выдавецтва кнігі падае на яе старонках інфармацыю аб культурна-мастацкіх выданнях, аб літаратурных чытаннях, дае магчымасць друкавацца рускамоўным аўтарам у перакладзе сябрамі па пяру на беларускую мову. Ды яшчэ шмат чаго цікавага і карыснага знойдзе чытач у гэтым каштоўным выданні.

Аднак нельга абысці ўвагай і такую акалічнасць, што некаторыя аўтары сваімі творамі выклікаюць у душы негатыўныя пачуцці непрыстойнасцю сюжэтаў. Больш таго, сваёй неашчаднасцю да чысціні і багацця роднай мовы.

Недаравальныя хібы ў веданні граматы і лексічнага значэння слова і неправільнага яго ўжывання ў тэксце засмечваюць бездакорную вялікую мову Купалы, Коласа, Багдановіча, Караткевіча. Але не варта чытачу звяртаць сваю ўвагу на гэтыя нязначныя брудныя плямы твораў, пакінем іх на сумленні аўтараў.

Няхай усё будзе добра з нашым настроем і вялікім задавальненнем ад таго, што маем магчымасць трымаць у руках гэтае выданне. А яшчэ, што надзвычай важна, можам, чытаючы допісы, заставацца неабыякавымі і разам з аўтарамі не толькі радавацца, а і суперажываць хвалюючыя моманты адносін да акаляючага свету і да сваіх землякоў, адчуваючы непарыўную еднасць з іх турботамі і марамі на лепшае.

16 сакавіка 2016 г.

Скампанаваў матэрыялы рэдактар аддзела прозы, прыхільнік творчай спадчыны Алесі Бурак Алесь Хітрун.

Ірына Бараздзіна (1955-2019)

31 ліпеня 2019 года нечакана для ўсіх пайшла з жыцця лідская паэтэса, актыўны сябар літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Ірына Сямёнаўна Бараздзіна. Вестка аб яе заўчаснай смерці адазвалася вялікім болем і смуткам і ў сэрцах яе калег па паэтычным пяры. Мы ведалі, што Ірына Сямёнаўна была поўная творчых задумак…

Ірына Сямёнаўна Бараздзіна нарадзілася 19 лютага 1955 года. Скончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе атрымала прафесію настаўніка пачатковых класаў. Працавала на Далёкім Усходзе (у Хабараўскім краі), а затым у Лідзе: у Лідскім педвучылішчы (выкладчыкам педагогікі і псіхалогіі), у СШ № 11 (настаўнікам пачатковых класаў, паралельна кіравала тэатральным гуртком).

З 2015 года з'яўлялася актыўным сябрам літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Выйшлі два зборнікі яе вершаў: "Из соли, сахара и перца" (2015) і "Живу по чувствам" (2018). У яе вершах - і з'явы прыроды, і філасофскія разважанні, і ўнутраныя перажыванні, і тонка заўважаныя і паэтычна асэнсаваныя карціны і сцэны з жыцця. Пісала таксама празаічныя творы. Творчасць Ірыны Бараздзіной атрымала станоўчыя водгукі, у тым ліку ад аднаго з найбольш вопытных лідскіх паэтаў Уладзіміра Васько.

Ірына Сямёнаўна была добрым, мудрым, шчодрым, адкрытым чалавекам, заўсёды маладым душой. Такой яна застанецца ў нашай памяці.

Алесь МАЦУЛЕВІЧ

ад імя калектыву літаб'яднання "Суквецце"

пры рэдакцыі "Лідскай газеты".

Ірына БАРАЗДЗІНА

Пахі дажджу

Яна стала адчуваць набліжэнне дажджу. Ён нагадваў ёй пах то скошанай травы, то веснавога поля, то роснай раніцы, то квітнеючага саду, то чарнічнага лесу. Аднак узгадваўся і цяжкі пах затухаючага кастра, пах апалай, мокрай, прыбітай да зямлі зацяжнымі восеньскімі дажджамі лістоты.

Пры ветры ўсё перамешвалася.

Зялёная лаўка таксама мяняла свае адценні: ад смарагдава-яркага на сонцы да зялёна-карычневага пры непагодзе. Гэту лаўку паставілі каля аднаго з пад'ездаў. Старое разгалінастае дрэва стала для яе дахам. Лаўка, на якой заўсёды сядзела адзінокая жанчына, пані Стася, як яе з павагай называлі суседкі, была для яе любімым месцам адпачынку.

Дождж пахне слязамі зямлі…

Нядаўна, здаецца, пайшла з жыцця трыццацігадовая дачка Мілачка. Слава Богу, яна паспела ўдачарыць дзяўчынку. Узяла пяцігадовае дзіця з дзіцячага дома. Зараз Верачцы дваццаць адзін год. Яна для пані Стасі і яе мужа была і выратаваннем, і заспакаеннем, і ўміленнем. Але нядаўна не стала і мужа: адарваўся тромб і перакрыў сардэчны сасуд. Усе было як у страшным сне. Як сумавалі яны тады з Верачкай!

Іх сям'я жыла заўсёды ў дастатку. Часта ездзілі ў Польшчу. Набылі дачу, машыну, гараж. Адзінокая сяброўка па тастаманце пакінула ім кватэру. Зараз усё толькі для Верачкі.

Дзяўчына скончыла медвучылішча. Працаваць медсястрой захацелася ёй у абласным цэнтры. Усё, што нажывалі, хутка, не гандлюючыся, прадалі. Таксама, не марудзячы, купілі новую кватэру ў Гародні. Прасторныя два пакоі, кухня, санвузел. Заказалі еўрарамонт - і ўсё для годнага жыцця прыёмнай унучкі.

Дождж з пахам прэлай лістоты…

Вось ужо тры гады прайшло. Рэдка прыязджае ўнучачка. То хварэе, то працуе, то па начах дзяжурыць. Казала, што кавалер у яе з'явіўся. Прыязджала з ім адзін раз. Не спадабаўся ён Стасі: нейкі нелюдзімы, непрыгожы.

Не пуставала і лавачка. Ці то ад доўгага сядзення на ёй, ці то ад дажджоў і вятроў, фарба на ёй патрэскалася і аблезла. Здарылася аднойчы, што на цэлых паўгода прапала яе ўнучачка. Абанент быў недаступны. Пані Стася начамі не спала, днямі месца сабе не знаходзіла. Толькі лавачка і выратоўвала. З самай раніцы да позняга вечара.

Паступова пачалі адмаўляць ногі. Суседзі - хто ў магазін, хто на рынак, хто ў аптэку. А хто і нарыхтоўкі на зіму дапамагаў рабіць. Унучачка ж любіць слоікі адкрываць ды пробу здымаць. Прайшло месяцаў сем - з'явілася яе сонейка. Паведаміла, што жыла ва Украіне. Знайшла сваю біялагічную маму і родную бабулю. Зараз у яе ёсць два зводныя браты. Падарылі на развітанне некалькі тысяч долараў. Ці так адкупіліся? Стася тут жа аддала ўнучцы ўсе пенсійныя.

Дождж нёс пах падгарэлых каранёў…

Яна ўжо даўно не памятала імёны знаёмых, не арыентавалася ў часе і датах. Забывалася пра яду і гігіену. Звычайна за тыдзень да пенсіі званіў тэлефон. Верачка прыязджала раніцай, вечарам з'язджала. Вось і сёння пані Стася перадарыла ёй залаты гадзіннік - апошнюю памяць пра мужа.

Стася цэлы год ляжала ў бальніцы. Зараз яна ў доме для састарэлых. Кожны дзень усім кажа, што хоча дамоў. Ёй там абавязкова патрэбна пафарбаваць лаўку. У дзень сямідзесяцігоддзя Станіславы Іосіфаўны добрыя суседзі наведалі яе. Распавядалі, што не ўсіх яна пазнала. Пачастункам была рада. Запэўнівала, што яе лечаць добрыя дактары. І, канешне, яна тут не назаўсёды. І часта-часта цалавала свой мабільны тэлефон.

А лаўку пры пад'ездзе занава пафарбавалі. Яна пахне зараз слязьмі дажджу.

(Пераклад з рускай мовы Уладзіміра Васько.)

Гэтага не можа быць

Уменне дамаўляцца з людзьмі - гэта мастацтва. Уменне сябраваць з акалічнасцямі - гэта навука.

Гэтыя два выразы былі законамі жыцця Таццяны.

Нарадзілася гераіня майго аповеда ў невялікім раённым цэнтры, у простай працоўнай сям'і. Маці яе працавала медсястрой, бацька быў машыністам.

Таня, калі навучылася чытаць, моцна пасябравала з літаратурай. На ёй і сталела. Ёй заўсёды хацелася іншага жыцця, не такога эканомнага і нуднага, як у яе бацькоў. Шукала і прыдумляла для сябе блакітную кроў. Выпрацоўвала манеры паводзін, этыку гутаркі. Трэніравалася і дома, і на людзях. Манерна адтапырвала ўбок пальчык - мезенчык, - калі карысталася сталовымі прыладамі. З часам гэта рыса стала рысай яе характару. Абноўкі ёй шылі краўчыхі дома. Усе фасоны бралі з рыжскіх часопісаў мод. Усё разам узятае запрацавала. Людзі прымалі яе за атожылка багатых, далёкіх продкаў.

У класе дзясятым Таня пасябравала з Сашам Гаўрыленкам. Хлопец ён быў спакойны, разумны, з інтэлігентнай сям'і. Адным словам, народжаны для дакладных навук. Ён у першы ж год пасля сканчэння школы паступіў у сталіцу на факультэт радыёэлектронікі адпаведнай ВНУ. А Таня ў педінстытут не прайшла па конкурсе. Вярнуўшыся дахаты, уладкавалася працаваць на завод. Бацька казаў, што кожны павінен есці свой хлеб - такі, на які вучыўся. Праз год Таццяна паступіла ў ВНУ на завочнае аддзяленне факультэта, дзе быў самы маленькі конкурс. Ёй ужо, як кандыдату ў члены партыі, напісалі рэкамендацыйную характарыстыку. Бываючы на сесіях, Таццяна сустракалася ў вольны час з Сашкам Гаўрыленкам. Яны разам вячэралі ў кафэ-сталовых, глядзелі фільмы ў кінатэатрах і наведвалі бібліятэкі. Не знайшоўшы для сябе іншых кандыдатур, па сканчэнні ВНУ пажаніліся. Абодва атрымалі працу ў родным горадзе. Жыць адразу пачалі з Танінымі бацькамі. У сям'і раслі дзве дачкі з розніцай ва ўзросце ў тры гады. Калі стары дом падлягаў зносу, для забудовы новага мікрараёна, не захацелі раз'язджацца, і ўсе пераехалі ва ўпарадкаваную, навюткую кватэру маскоўскага праекту....

Таццяна паступова станавілася Таццянай Іванаўнай. Сябравала з акалічнасцямі, дамаўлялася з людзьмі. Неўзабаве і пасада аднаго з кіраўнікоў пры заводзе не прымусіла сябе чакаць. Як той казаў, "жыві ў задавальненні і пашане".

Але… Ах, гэты маленькі злучнік "але"…

Наступілі навальнічныя, баявыя 90-я. У краіне - талонная сістэма, пустыя паліцы крам, звальненні, безграшоўе і ўсеагульная дэпрэсія… Людзі рваліся за мяжу, перапрадавалі прывезенае. Шпекуляваць у тыя часы стала ганарова і нават прэстыжна. Шмат хто з членаў вялікай партыі Леніна адмаўляўся ад партыйных білетаў. Таццяна таксама паклала свой партбілет "на стол".

Калі сур'ёзна захварэла мама, Таццяна па старых сувязях паўсюль шукала патрэбныя лекі. Аднойчы ёй падказалі, што з Амерыкі прыедзе пастаўшчык. У яго можна будзе заказаць патрэбнае. Хутка сцяміўшы, Таня сама прапанавала стаць распаўсюджвальнікам тавару. Медыцынскія прэпараты і "касметыка Галівуда" разыходзіліся, як сяледчык пад гарэліцу. Праз пэўны час, дзякуючы гэтым сувязям, на працу ў Нью-Ёрк з'ехаў муж.

Хутка бяжыць час. Сашка ўжо пяць гадоў, як у Амерыцы. Дочкі ўжо выраслі. Добрыя грошы дасылае сям'і. Усе зайздросцяць. Трэба сябраваць з акалічнасцямі… Таццяна чакала, калі старэйшая дачка скончыць школу і паступіць у прэстыжную ВНУ. Грошай на рэпетытарства па прадметах не шкадавала. А малодшую яна забярэ з сабой у Штаты.

Маму сваю Таня пахавала годна, побач з бацькам. Помнікі ім з чорнага граніту паставіла. Прадала кватэру. Крыху пажыла ў сяброўкі з малодшай дачкой. За старэйшую яна была спакойная. Дачка-студэнтка будзе жыць у інтэрнаце адной са сталічных ВНУ.

Увосень яны з малодшай дачкой паляцелі ў Амерыку, у Нью-Ёрк. Муж жыў у доме для імігрантаў. Кватэра складалася з невялікага па памерах пакоя, маленькай кухні і маленечкага душа. Трэба дамаў-ляцца з акалічнасцямі. Паўгода Таццяна знаходзілася ў эйфарыі. Дачка вучылася ў школе для рускіх дзяцей, старанна вывучала англійскую мову. Раён таксама быў населены рускамоўнымі латышамі, эстонцамі, літоўцамі, украінцамі, яўрэямі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў былога СССР.

Дыпломы аб вышэйшай адукацыі, атрыманыя ў вялікай і непераможнай краіне, нават не разглядаліся пры ўладкаванні на працу. Давялося Таццяне наведваць курсы па авалоданні англійскай мовай. Заробку Сашы ледзь хапала. Усё ўсюды было дарагое. Кім толькі яна не працавала! У рускай бліннай мыла посуд, на заправачнай станцыі - падлогі, у дамах багатых прыбіралася, нават чалавечыя органы памерлых на вуліцы бяздомных прэпаравала. Аднойчы раніцай, па дарозе на працу, мужа збіла машына. Частку лячэння аплаціла фірма, дзе Саша працаваў. Рэабілітацыя выцягвала амаль усе грошы, але муж застаўся інвалідам. Атрымліваў па законах краіны дапамогу і вельмі моцна піў. Таня пакутавала, прасіла, маліла, плакала, кляла, шкадавала і разумела. Але ён ужо ўключыў для сябе праграму самазнішчэння. Салодкія мроі ператварылі жыццё маёй гераіні ў горкія слёзы.

Знайшла бацьку мёртвым дачка, якая раней за маці вярнулася дахаты. Як хаваць у чужой краіне, Таня паняцця не мела. Пахавальныя паслугі каштавалі касмічных грошай, якіх у яе, вядома ж, не было. Суседзі падвучылі звярнуцца ў праваслаўную царкву, якая знаходзілася за сто кіламетраў ад Нью-Ёрка. Па адрасе яна яе і знайшла. Настаяцеля царквы звалі Андрэй, прозвішча яго было Крыштальны. Упаўшы ў ногі бацюшку, заліваючыся слязьмі, Таццяна, як змагла, патлумачыла яму сітуацыю. Праз дзень айцец Андрэй прыехаў на машыне па цела, прывёз адзенне, труну. У сваёй царкве адпеў Сашу. Пахаваць прапанаваў побач з адным дзядком, жонка якога пакінула гэта месца для сябе. Здарылася так, што яна з'ехала ў Італію да дзяцей, дзе даўно сканала.

Калі Сашку падвезлі да месца спачыну, Таня заўважыла невялікі гранітны крыж. Фатаграфія на ім адсутнічала. Таццяна дагэтуль помніць, як яна плакала і крычала. Увесь час шаптала: "Не можа такога быць! Не можа быць такога!" На крыжы, на мармуровай дошцы, было высечана: "Гаўрыленка Пётр Аляксандравіч". Айцец Андрэй маліўся і ціха казаў: "Бог усюды. Ён наш празорлівец, падавец і лекар!"

Прайшло амаль дваццаць гадоў. Пажылая жанчына часта наведвае старыя праваслаўныя могілкі паблізу штата Нью-Ёрк. У царкве заказвае службу, ставіць свечкі, прамаўляе малітвы. За мужа - Гаўрыленку Аляксандра Пятровіча, - за айца духоўнага - Андрэя Крыштальнага - і за незнаёмага, які падзяліўся сваёй зямлёй-прыстанішчам, - Гаўрыленку Пятра Аляксандравіча.

Таццяна адзін раз у два гады ў крэдыт купляе білет на самалёт і ляціць на малую радзіму, каб убачыцца з унукамі ад старэйшай дачкі, пакланіцца светлай памяці сваіх бацькоў і сваякоў. А потым вяртаецца ў Амерыку, дзе яе любяць і чакаюць малодшая дачка, добры зяць і ўнук Сашанька, які вельмі падобны на свайго дзеда.

Таццяне зараз зусім няважна, што з'яўляецца галоўным у жыцці: мастацтва ці навука.

(Пераклад з рускай мовы Алеся Мацулевіча.)

Больш, мацней

Амаль што кожны тыдзень яна наведвала царкву ў Лiдзе. Гаварыла з небам. Прасіла дзецям, унукам, праўнучку лепшай долi. Каб не было холаду, голаду і вайны. А потым iшла да сям'і сына. Хацелася ёй пабачыць унучку i асаблiва двухгадовага праўнучка. Чамусьцi называла яго Ягорка, хаця iмя ў хлопчыка было іншае.

У хаце сына абавязкова здымала абутак, у горадзе не тое, што на вёсцы. Падыходзiла блiзка да твару дарослай унучкi, углядалася. Потым хвiлiнку трымала на руках малога, уважлiва ўгледжвалася ў дзiвосны твар праўнука. Шукала падабенства з сынам. I калi хлопчык ужо гуляўся на падлозе, як бы суцяшаючы сябе, гаварыла: "Рукi слабыя. Вочы слабыя".

Iх сям'ю называлi "грэкамi". Нашчадкаў - "грэчыхiнымi". Чаму? Яна не ведала. Нiхто не помнiў. Стэфаніда мела шчырае сэрца, любiла людзей, свой край, кветкi. Цяжкае жыцце пражыла, як i ўсе. Памёр маладым яе гаспадар. Трое дзетак засталіся без бацькі. Нядоля. Але каранi Стэфкі разраслiся. Радавалася сэрца.

Аднаго разу, узяўшы маленькiя, цёпленькiя ручкi Ягоркi ў далонi, яна спыталася ў яго: "А каго больш любiш, унучок: маму цi тату?" На першы раз малы не адказаў. Але не ў характары Стэфкi было адступацца. На трэцi раз хлопчык сам падышоў да яе, і, гледзячы ў слязлiвыя вочы, раптам сказаў: "Маму - больш. Тату - мацней".

Неўзабаве трэба было паспець на вясковы аўтобус. Яна збiралася, думаючы пра цiкавы адказ дзiцяцi. А потым, ужо iдучы па дарозе, на вёску, зняўшы абутак, бо было лягчэй нагам, усе думала: "А можа, праўда? Каго больш, таго i мацней, а каго мацней, таго i больш".

Хай яшчэ пажывуць і паслужаць

Рана было яшчэ, гадзiн шэсць. Панавала восень. Вулiцы маўчалі. Каля майго дома, якi знаходзiцца ў цэнтры Лiды, кудысьцi спяшаўся негарадскi чалавек. Таму позiрк мой спынiўся на iм.

Дзядок быў апрануты неяк незвычайна. На галаве "пеўнiк - шапка", на нагах гумовыя боты, а замест палiто стары шынель, падпаясаны тоўстай вяроўкай. Iшоў ён, гледзячы сабе пад ногi, так, як ходзяць старыя людзi.

Штосьцi невядомае і знаёмае было ў яго аблiччы.

Не помню, як я панеслася да шафы, дзе вiсеў "рарытэт" - першы афiцерскi шынель мужа. Пагоны з яго даўно былi зрэзаны, але сукно засталося дабротнае і гузiкі былi на месцы.

Я з хуткасцю выбегла на вулiцу i ў спiну незнаёмцу крыкнула, каб ён спынiўся. Падышоўшы да яго, я працягнула лепшую вопратку са словамi: "Насiце на здароўе. Гэты шынель вiсiць у нас без патрэбы".

На мяне глядзеў стары салдат. Вочы - добрыя, позiрк смелы, твар пакрывалi зоркi-бароздкi. Чалавек не адмовiўся ад абновы, запэўнiўшы пры гэтым, што будзе насiць на свята. I, пагладзiўшы свой "шынялёк", дадаў: "А гэта мой сябра - ветэран".

Праз пару дзён прыйшлося расказаць усё мужу пра тое, дзе падзеўся яго першы шынель. "Хай яшчэ паслужыць", уздыхнуўшы сказаў ён.

Не прайшло i тыдня, як той жа дзядок узнiк на дарозе. На iм быў той жа сябра - салдацкi шынель, без гузiкаў, а замест рамяня - вяроўка. Хто ведае, мабыць, свае ўспамiны носiць чалавек на плячах?

Вось так сустрэлiся два пакаленнi шынялёў. I верыцца мне, што расказваюць яны адзiн аднаму свае геройскiя вайсковыя гiсторыi.

Хай яшчэ пажывуць і паслужаць.

Сямён

Прысвячаю майму бацьку

Сямён па жыцці - чалавек спакойны. Аднойчы, чамусьцi раздаваў пустому полю "салёныя словы" з адпаведнымi фарбамi i адценнямi мiмiкi і жэстаў. Нават напалохаў суседзяў, якiя гэта бачылi цi чулi. Аблажыўшы ўсiх і ўсё, кульгаючы на левую нагу, падышоў да хаты, сеў на лаўку. А здарылася гэта так, ды адбылося вось як.

Сенька часта ездзiў адзiн, бывала, з жонкай, калi выпадала, бралi і ўнука. Цягнулi да сябе Сямёна, нiбыта магнiтам, бацькоўскiя мясцiны. Так было заўсёды. I на гэты раз.

Восень выдалася добрая, цёплая. Працы такой вялiкай ужо не было. Бульба выкапана. У гародзе нешта яшчэ расце. Трава на падворку скошана. Да зiмы яшчэ далёка, усе зробiцца.

Смачна павячэраўшы і выпiўшы сваю "баявую сотачку" са словамi: "Хто ваяваў, той мае права ля цiхай рэчкi адпачыць" - ён не бачыў, калi i як пяцiгадовы ўнучак на полi выкапаў "добрую ямку". Трэба ж i дзiцяцi чымсьцi займацца.

Пасля вячэры заўсёды iшоў праз поле, да суседа, пагаварыць "пра жыццё". I трэба ж было яму ўступiць нагою ў тую самую "палявую дзiрку". Не адразу зразумеў, што ляжыць на зямлi. Пацiхеньку ўстаў, прыгаворваючы: "Гэта рыюць "краты - тэрарысты". Другi раз, як я прыеду, паглядзiм, хто каго!"

Баяўся дзедавай злосцi ўнук, бо ведаў, ад каго бяда. Як набраўшы вады ў рот, маўчала жонка. I шкада iм было старога, і пацешна.

Зорнай ноччу iм спалася салодка. Нават Сямёнаў храп не гуляў па сценах. Добра дыхаецца ў бацькоўскай драўлянай хаце! На ранку Сямён устаў першы, хадзiў па полi, шукаў кратовыя лазы. Узяўшы рыдлёўку, засыпаў зямлёю "тэрарыстычную нару". Потым завёў матор матацыкла. Бабуля з унукам былi нагатове. А самага галоўнага "крата" дзедавы рукi пасадзiлi ў люльку матацыкла.

Сямён развiтаўся з тымi, з кiм i вiтаўся. "Не сумуйце, дасць Бог, праз шэсць дзён сустрэнемся".

Недалёка ад вёскi, едучы па дарозе на Лiду, знаходзяцца старадаўнiя могiлкi. Сямён, праязджаючы iх, заўсёды прыцiшвае рух і тры разы сiгналiць. Так ён выказвае павагу сваiм землякам, кланяецца мацi, якая прасiла пахаваць яе недалёка ад шашы, дзеля таго каб ёй бачыць лес, людзей, машыны, чуць галасы птушак. Каб ёй не было "там" сумна. Так і зрабiлі!

Чырвоная сняжынка

Раннiя дзiцячыя ўспамiны цi хвалюючыя моманты застаюцца з намi на ўсе жыццё.

Чулася дыханне зiмы i Новага года. Зачароўваў пах прыгажунi ёлкi, жаночага адэкалону, розных цукерак і нечага духмяна-смачнага. Усё напаўнялася рамантычнасцю. Хвалявалiся бацькi і дзеткi.

Хлопчыкаў не пазнаць. Яны сёння выконваюць ролi лясных звяроў.

Маленькая Ганначка ведае, што яна сёння будзе сняжынкай-сапраўднай сяброўкай Снягуркi. Аб гэтым iм казала выхавальнiца дзіцячага садка. Вакол яе былi дзяўчынкi. На iх красавалiся белыя адзеннi i цудоўныя кароны. Багацце гэта было створана сямейнымi прыдумкамi. У ход iшло ўсё: вата, марля, шкло ад ёлачных цацак….

Пра нешта думаючы, яе мацi дастала з загорнутай паперы новую прыгожую сукеначку. Апранула дачушку гаворачы, што яна будзе незвычайнай сняжынкай, лепшай за ўсiх. Толькі цяпер Ганначка ўбачыла, што яе сукенка чырвонага колеру. У карагодзе "лепшая чырвоная" спявала гучней за ўсiх. Нават верш невялiкi прачытала Дзеду Марозу.

Ракой жыцця цёк час.

Ганна атрымала вышэйшую адукацыю. Працавала дзiцячым доктарам. Да яе часта наведвалася адна і тая ж "пацыентка". Гэта была дзiвосная сукенка. Яна несла ў далонях зорную карону, у сярэдзiне якой ззяў вялiзны рубiн. І ён кожны раз нібы хацеў з ёю размаўляць. Але на гэтым месцы Ганна заўсёды прачыналася.

Гады ляцелi, а з iмi i яе жыццё.

Ганна Сяргееўна кожны Новы год, калi выпадае снег, падыходзiць да акна. У гэты момант яе вочы запальваюцца колерамi шчасця. Гэта незвычайная сталая жанчына шукае вачыма сярод мiльёнаў сваю адзiную, лепшую, чырвоную сняжынку.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX