Вярнуцца: Нехвядовіч Казімір

Фэст у Тракелях. 2003г. Odpust w Trokielach 2003


Аўтар: Казімір Нехвядовіч, пераклад з польскага - Віталь Луба,
Дадана: 21-07-2004,
Крыніца: 2004 by Выдавецтва "ГАЎЯ", 2004. ISBN 83-920882-1-2.



Песня аб Маці Божай Тракельскай


Найпрыгажэйшая Панна і Маці Бога Адзіна,
Якая лагодзіць і няньчыць на руцэ Сына.
Ты ж у тракельскай выяўлена Іконе,
Жадаем мы сабе, як ніколі,
Помачы Тваёй.
Святы Казімір Табе хвалу ў падарунку дае,
Бо праз яго Гаштольд з войскам цуд пазнае.
Услаўляем, бо Ты ж - Каралевай завешся,
Дапамагчы нам заўсёды імкнешся -
Паважаем Цябе.
Швед з маскалём праходзячы ўсё разбурыў,
Калі Тракелі спустошыў і касцёл спаліў.
Ты - у попеле знойдзена была,
Ды не знікла, а - жыла
У абразе Сваім.
Пасля пажару пілігрым чужы ў Хмельнік нясе,
Каб ад ворага бязбожнага схаваць абраз у лясной красе.
Ты - ручнікамі заслонена,
І ад расы абаронена -
Тракельская Маці.
Калі з нас кожны ў горы сваім і журбе,
Паратунку просіць заўсёды ў Цябе.
І атрымліваюць тое, чаго просяць,
Без зацяжкі гэта адносяць,
Чаго хто жадае.
І хворыя - сілу, зрок - сляпыя, а слых - глухія,
Атрымліваюць шчыра свае і чужыя,
Ад болю - збавенне,
У прыкрасці - суцяшэнне
Даеш ласкава.
Пакалечаных і слабых лечыш цела,
Учыняючы іх здаровымі, аб чым сведчаць Тракелі.
Ласкі цудаў Тваіх зазнаюць,
І палёгку з неба маюць -
З Тваёй ласкі.
Хто ж калі цуды Твае палічыць зможа,
Аб якіх Ты сама ведаеш найлепш, Маці Божа.
Штодзённа і штогадзінна
Аб'яўляецца тут навіна
Аб ласках тваіх.
Дапамажы нам Святая Панна з попелу падняцца,
Будзем за Цябе, святую, усім сэрцам трымацца.
Сэрцам чыстых херувімаў,
Палаючых серафімаў
Славіць па ўсім свеце.
Дазволь нам, Маці наша, просіць Цябе молячы
На небе і на зямлі ўкленчыўшы і стоячы.
Апякуй, не пакідай нас
Сёння і ўвесь час,
Найсвяцейшая Панна.
Амэн

Абраз

Беларусь, Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, вёска Тракелі, 17 км на паўночны-ўсход ад Ліды. У гэтай невялікай вёсцы, якая належыць да Радуньскага дэканату, знаходзіцца парафіяльны касцёл у гонар Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У святыні знаходзіцца абраз Маці Божай Тракельскай, якога гісторыю і цудоўныя ласкі прадстаўляе вышэйппрыведзеная малітва. Абраз налічвае каля 500 гадоў і праўдапаодбна быў у касцёле ў час яго асвячэння ў 1500 годзе. Паводле другой версіі, абраз быў намаляваны пад канец ХVI стагоддзя невядомым аўтарам і ў 1595 годзе прывезены з Вільні.

Абраз прадстаўляе Маці Божую з Дзіцяткам Езусам і св. Казіміра на каленях, які вельмі шанаваў Маці Божую. Яго партрэт быў намаляваны на асобным палатне і даклеены да асноўнага падчас першай рэстаўрацыі абраза ў другой палове XVII стагоддзя. Праўдападобна было гэта звязана з выдачай у 1602 годзе папам Клеменсам VIIІ кананізацыйнай булы (вельмі важнага папскага афіцыйнага дакумента) і кананізацыяй каралевіча ў віленскай катэдры ў 1604 годзе.

Тракельскі абраз стагоддзямі карыстаўся вялікай пашанай і заўсёды прыцягваў тысячы вернікаў. Таксама і ў наш час, асабліва з моманту, калі палітычныя змены, якія здзейсніліся ў свеце, дазволілі людзям свабодна спавядаць сваю веру і падтрымоўваць традыцыю. У 1994 годзе касцёл у Тракелях быў павышаны да рангу галоўнага санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі. Самым вялікім урачыстым днём для парафіі з'яўляецца першая субота ліпеня.

Тракелянка

Я ўжо тут трэці раз у водпуску ў родных Суботніках. Упершыяню давялося мне прыехаць сюды ў 1995 годзе і, як помню, тое, што я бачыў і чуў, выклікала ўва мне вельмі вялікае ўражанне. Да гэтай пары я ў Беларусі сустракаўся з людзьмі наведваючымі касцёл у сваёй парафіі, якія ў большай або меншай меры запаўнялі святыню ў час святой імшы. У Тракелях я пабачыў пілігрымаў, якіх магло быць некалькі тысяч. Сярод іх вельмі многа было моладзі, якая ў сваіх групах спявала рэлігійныя песні пад акампанемент гітары. У гэтых спевах, а таксама падчас усёй урачыстасці гучала выключна польская мова. Іншы сюжэт, які мне запомніўся і які паўтараўся таксама на наступных "Тракелянках", гэта шматлікая колькасць вернікаў розных узростаў, якія падыходзілі да споведзі і прымалі святую камунію.

(29KB) Ішлі праз лясы і палі, мястэчкі і вёскі.(28KB) Цяжка падняцца пасля ўсяночнага чування.

Для мяне гэта было незвычайнае перажыванне ў краіне, дзе яшчэ нядаўна публічнае спавяданне веры, прытым па-за храмам, успрымалася варожа. Другі раз у Тракелях быў я ў 1998 годзе, а астатні - у 2003 годзе і гэтаму візіту прысвячую маю працу.

Ад некалькіх гадоў моладзь Іўеўскага дэканату, да якога належаць Суботнікі, адпраўляецца ў пілігрымку ў Тракелі на тыдзень раней. Устаноўлены маршрут вядзе ад Сурвілішак цераз Трабы, Эгерды, Юрацішкі, Лаздуны, Дуды, Іўе, Ліпнішкі, Суботнікі, Геранёны ў Тракелі. Гэта каля 124 км, якія пілігрымы пераадольваюць са спевамі і малітвай, у сонца і дождж, пад вецер і пры добрым надвор'і. Ідуць цераз палі і лясы, ручаі і рэкі, вёскі і мястэчкі, па прыгожай нашай зямлі.

У назначаных мясцовасцях чакаюць іх людзі з начлегам і цёплай стравай, абедам. У іншых вёсках, праз якія праходзяць пілігрымы, стаяць столікі з вадой са студні, бутэлькі з напоямі, яблыкі, прыкрытыя ад дажджу фольгай. Пры гэтым сціплым пачастунку чакаюць старэйшыя стомленыя людзі, для якіх моладзь, што ідзе да Маці Божай, з'яўляецца праменнем саграваючым іх сэрцы і напамінам аб іх уласных пілігрымках.

Нашу пілігрымку спаткаў я сонечным днём у чацвер, 3 ліпеня. Паехаў я з Суботнікаў у Ліду. Першапачаткова на мікрааўтобусе ў Іўе, а адтуль далей на аўтобусе ў Ліпнішкі. З левага боку мінулі мы чыгуначаную станцыю Гаўя і перад намі адкрылася простая дарога ў Ліпнішкі. Пасля некалькіх мінут убачыў я здалёк нейкую каляровую групу. Калі мы наблізіліся да яе, выглянуў я цераз акенца аўтобуса і пабачыў маладых, з усмешкай на тварах людзей з жоўтымі хусткамі на шыях, якія неслі крыж, транспаранты і спявалі. Падыходзілі яны да мястэчка, дзе ўжо чакаў іх пастыр мясцовай парафіі св. Казіміра, айцец Кшыштаф Грошык.

Мы іх абагналі, вітаючыся ўзаемна, і наш аўтобус у Ліпнішках павярнуў налева ў напрамку Ліды. Другі раз мы сустрэліся ў нашым мястэчку ў пятніцу, 4 ліпеня. У чацвер вечарам пілігрымка ўваходзіла ў Суботнікі на начлег пры сонечным надвор'і. Ранішні збор ля касцёла прывітаў пілігрымаў дажджом. Былі яны на гэта падрыхтаваныя і, пасля збору ўсіх удзельнікаў, адправіліся ў напрамку Геранёнаў, у апошні этап у Тракелі.

Субота, 5 ліпеня - першая субота месяца. Пасля правядзення ранішніх, неабходных прац на гаспадарцы, мы са сваяком і яго сям'ёй паехалі на машыне ў Тракелі. Непадалёк вёскі нашу ўвагу прыцягнуў большы чым звычайна рух на дарозе. Паабапал яе стаялі бярозавыя крыжы - памяткі ад папярэдніх пілігрымак. Знаходзяцца яны таксама пры іншых галоўных дарогах у Тракелі са стараны Ліды, Воранава, Ліпнішак і Бастун. Паставілі мы машыну на акраіне вёскі і пайшлі ў напрамку касцёла.

Непадалёк яго стаялі ўжо крамкі з рознымі харчовымі прадуктамі, вопраткай, абуткам і прадметамі рэлігійнага культу, ларок каталіцкага выдавецтва "Pro Christo" з Мінска. Увайшлі ма на агароджаную мурам тэрыторыю касцёла. А гадзіне 8.00 адбылася прыміцыйная імша маладых ксяндзоў з Гродзенскай семінарыі, а ў 10.00 пачнецца сума з выпадку одпусту. Усюды навокал на траве была моладзь. Адны яшчэ спалі прыкрытыя пледамі пасля начнога чування, іншыя, прачнуўшыся, абмяркоўвалі начныя ўражанні.

Малітоўнае чуванне моладзі пачалося а гадз. 24.00 са святой імшы. У яе ходзе ананімны алкаголік у форме асаблівай публічнай споведзі расказаў аб сваёй дарозе да Бога, якая дазволіла яму весці цвярозае жыццё. Адным з лозунгаў сёлетняй пілігрымкі, якія віднеліся на транспарантах, было Марыя, упрошваем аб цвярозасці. Пасля імшы моладзь малілася, чытаючы Вяночак да Божай Міласэрансці, ружанец, свяваючы рэлігійныя песні на польскай і беларускай мовах пад акампанемент гітараў і музычнага калектыву, які спадарожнічаў усім урачыстасцям.

Так як кожны пілігрым, які перайшоў браму муру, так і мы спачатку накіравалі свае крокі ў святыню, каб памаліцца. Унутры людзі кленчылі амаль ад самых дзвярэй да алтара, у якім змешчаны цудоўны абраз Маці Божай Тракельскай. Перасоўваліся яны на каленях уперад і такім чынам, адаруючы, абыходзілі алтар навокал. Якой пастаяннай і прысутнай у іх жыцці мусіць быць вера. Выйшлі мы на вуліцу, каб прыгледзецца непасрэднаму атачэнню касцёла. Ёсць там некалькі старых магіл, з ліку якіх маю ўвагу прыцягнула адна, прысвечаная сям'і Каліноўскіх. Надпіс па мадмагільнай пліце паведамляе: Анне Каліноўскай памерлай 18 студзеня 1842 г., яе сыну а свайму мужу Вінцэнту ганароваму радцу пам. 23 лістапада 1848 г. ды дзеткам Ежы і Віцэнце. Гэтую апошнюю паслугу з чуллівасцю і смуткуючым сэрцам прысвячае Фларантына, народжаная Гразмані, Каліноўская.

У 1957 годзе, пасля вяртання з лагераў, выехаў у Польшчу пробашч Тракельскай парафіі кс. Міхал Шалкевіч. З 1968 да жніўня 1988 года касцёл быў закрыты. Нягледзячы на гэта, у кожнае свята, так як гэта было да вайны, людзі прыходзілі пакланіцца Маці Божай. Прыходзілі з іншых, нават аддаленых вёсак, адзіночна, па некалькі чалавек. Адбывалася працэсія вакол касцёла, у якой прымалі ўдзел ганаровыя варты са сцягамі, ружанцовыя брацтвы, члены трэцяга тэрцыярскага ордэна. Заўсёды прысутны быў Найсвяцейшы Сакрамэнт, за якім ездзілі ў дзейсныя касцёлы ў Ліпішках і Лідзе і прывозілі яго схаванага на сэрцы.

Вернікі ўвесь час стараліся аднавіць дзейнасць сваёй святыні, якая мела таксама вялікае звышлакальнае значэнне. Людзі былі так дэтэрмінаванымі, што пад канец 90-х гадоў забаставалі і не выйшлі на працу ў калгасе. Стала гэта адной з прычын вяртання святыні. Мабыць, нейкі ўплыў на адкрыццё касцёла мела таксама бэатыфікацыя ў 1983 годзе Юзэфа Каліноўскага (айца Рафала) і магчыма сямейныя сувязі з Каліноўскімі, пахаванымі ў Тракелях. Вядомы яшчэ адзін Каліноўскі, сын гэтай зямлі. Гэта Канстанцін, званы "Кастусём". Так як айцец Рафал, актыўна дзейнічаў ён супраць царскага панавання падчас паўстання 1863 г.

18 чэрвеня 1992 года ў Тракелях адбылася першая ад многіх гадоў працэсія Божага Цела. Увесь яе маршрут, які налічваў 15 км, упрыгожаны быў галінкамі кветак і кустоў. Цудоўна былі аздоблены кветкамі, капамі і кілімамі алтары і дамы. У гэтым жа годзе пачаліся арганізаваныя пешаходныя пілігрымкі ў санктуарый. Гэтая форма ўдзелу ў рэлігійным свяце пачала карыстацца папулярнасцю, асабліва сярод моладзі.

Да вайны вядомая ва ўсім Лідскім павеце і далёка па-за ім Тракелянка і спадарожнічаючы ёй кірмаш адзначаліся 2 ліпеня. Але калі Будслаў, што на Міншчыне, 2 ліпеня 1998 года быў аб'яўлены нацыянальным сактуарыем католікаў Беларусі, а Маці Божая Будслаўская - каранаваная папскімі каронамі, тракельскае свята было перасунута на першую суботу ліпеня. Адзначаецца яшчэ адзін меншы одпуст у Тракелях, які прыпадае 7 жніўня. Прысвечаны ён св. Каетану, апекуну школьнай і студэнцкай моладзі, якога алтар напамінае аб прыналежнасці Тракеляў да славутай акадэміі езуітаў.

Заставалася яшчэ крыху часу да пачатку ўрачыстай сумы з нагоды одпусту. Іду па галоўнай вуліцы вёскі ў напрамку Ліды. Па дарозе мінаю апошнія драўляныя дамы, упрыгожаныя саматканымі дыванамі, на якіх вісяць святыя абразы. На платах прымацаваныя бела-чырвоныя сцяжкі, стаяць табурэткі з кубкамі і вёдрамі са сцюдзёнай вадою. Спыняюся ля ўказальніка з надпісам "Тракелі", які абазнааче пачатак і канец вёскі. Мінаюць мяне чарговыя пілігрымы. Адны ідуць пешшу па некалькі чалавек, некаторыя едуць на роварах, на сялянскіх вазах запрэжаных у коней, на аўтамашынах, апранутыя па-святочнаму, радасныя, з усмешкамі на тварах. Вяртаюся ў касцёл, бо ўжо час. Цэнтр вёскі напоўнены людзьмі. Прыбыло аўтамабіляў і аўтобусаў.

Уваходзяць апошнія пешаходныя пілігрымкі з непадалёкіх гарадоў і мястэчак, а на чале кожнай з іх нясуць крыж. На пляцы каля касцёла прысутныя Воранава, Ашмяны, Смаргонь, Гродна з Азёрамі і Астрыной, наш Іўеўскі дэканат, Ваўкавыск, Вялікая Бераставіца, Слонім, Германішкі, Геранёны, лідскія парафіі, Жырмуны, Беняконі, Канвалішкі, з літоўскага боку Дзевянішкі і шмат пілігрымаў з іншых мясцовасцей. Памятаю, што ў 1995 годзе прысутнічала групка французаў, а на адным з апошніх святкаванняў - прадстаўніцтва амерыканскіх біскупаў.

Ксёндз, які вядзе ўсю ўрачыстасць, трэніруе з модаддзю спевы. Затым просіць усіх суцішыцца і падрыхтавацца да святой споведзі. У многіх месцах стаяць канфесіяналы, перад якімі выстаріліся чэргі вернікаў. Споведзі чакаюць людзі розных узростаў. Дзяды і ўнукі, бацькі і маладыя сужонствы, маладыя людзі. Пачынаецца ўрачыстая святая імша. Узначальвае яе апостальскі нунцый у Беларусі, ураджэнец Славеніі, архібіскуп Іван Юркавіч у саслужэнні архібіскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча і ягонага дапаможнага біскупа Антона Дзямянкі ды іншых ксяндзоў.

Апрача душпастыраў, якія прыбылі са сваімі парафіяльнымі пілігрымкамі, вельмі відочныя ордэнскія браты і сёстры. Імша адбываеццы пры палявым алтары, размешчаным на дзядзінцы касцёла. Ягоным донарам з'яўлецца Станіслаў Пашуль, які выводзіцца з наваколля Тракеляў, а цяпер жыве ў ЗША. Пры алтары знаходзіцца копія цудоўнага абраза Маці Божай Тракельскай і другі лозунг сёлетняй пілігрымкі: Дзеткі мае, чытайце ружанец.

У перапынках паміж малітвамі моладзь спявае рэлігйныя песні, між іншым, Барку, Многа ёсць сэрцаў, набожныя песні на беларускай мове. Гэта выклікае ўва мне вялікае ўражанне, адчуваю ўзнёсласць ад цудоўнай атмасферы. Распачынаецца святая камунія і сапраўды гэта тут, у Тракелях у Беларусі цудоўны вобраз. Засяроджаныя людзі прыступаюць да сакрамэнту, большасць жанчын і дзяўчат прымаюць камунію з рукамі скрыжаванымі на грудзях. Іх так многа, што не стаяць у прамой лініі, але ўтвараюць спіралі, вакол якіх кружаць душпастыры з камунікантамі. Урачыстасць паволі канчаецца. Выказваюцца падзякі за адслужаную імшу, за шматлікі ўдзел пілігрымаў. Архібіскуп Юркавіч блаславіць усіх, а затым наступае ўнясенне святога сакрамэнту ў касцёл.

Пілігрымы паволі пакідаюць тэрыторыю святыні і яе атачэнне. Найдаўжэй спыняецца моладзь, якая яшчэ спявае пад акампанемент гурту, абменьваецца адрасамі, пілігрымкавымі хусткамі, жадае сабе сустрэчы ў гэтым месцы праз год. Людзі робяць пакупкі на кірмашы, пануе свабодная, але святочная атмасфера. Хаця ўчора ішоў дождж, сёння стаяла прыгожае надвор'е, як звычайна бывае на Тракелянку.

(24KB) Адарацыя цудоўнага абраза.(26KB) Урачыстая святая імша і казанне.(32KB) Парасон - даслоўна, засцярога ад сонца.













(32KB) Лідзяне.(19KB) Моладзь з Жырмунаў думае ўжо аб пілігрымцы ў Будслаў.(22KB) Кароткі адпачынак.













(27KB) Узнеслы момант для ўсіх.(26KB) Узнеслы момант для ўсіх.












Яшчэ жывая гісторыя

Насельніцтва Тракеляў, так як і іншых крэсавых мясцовасцей, прайшло цяжкія выпрабаванні ХХ стагоддзя. Асабліва цяжкімі былі гады апошняй вайны і пасляваеннага перыяду. У якасці харктэрнага прыкладу прывяду ў гэтым месцы лёсы двух асоб. У час вайны ў Тракелях узнікла група АК, да якой належала мясцовая і навакольная моладзь. Яе камендантам быў падпаручнік Уладыслаў Міцкевіч, псеўданім Внім, ураджэнец непадалёкага засценка Міцкевічы. Сувязной і санітаркай у падраздзяленні была тракелянка Браніслава Хорынь.

Пад канец 1944 года саветы злавілі і забілі яе нарачонага, паручніка АК. Пакінутае ў Дворышчы ягонае цела рвалі сабакі. Бронку арыштавалі ў студзені 1945 года. Яе падвяргалі жудасным тартурам з мэтай выяўлення тайных сховішчаў для раненых жаўнераў АК. Урэшце дзяўчына сказала, што выявіць тайнікі, калі завязуць яе ў Дворышча. Канвой з энкавэдзістамі прыпыніўся на мосце на рацэ Жыжме, перад самым гарадком. Быццам для жарту Бронцы было сказана, што калі яна хоча ўцячы, дык цяпер для гэтага добрая нагода. Дзяўчына, нядоўга думаючы, скочыла ў мелкую раку і забілася на тырчачых у вадзе палях. Жыхары Тракеляў склалі аб сваёй Бронцы песню, фрагмент якой прыводжу:

Бедная дзяўчына санітаркай была,
Раненых акаўцаў перавязвала.
Не хочучы здрадзіць сяброў,
З моста кінулася стрымгалоў,
Гераіня Тракеляў юная.

Уладка Міцкевіча злавілі восенню 1944 года ў Лідзе ў час зачысткі. Яго распазналі як Вніма, узбудзілі следства, у час якога падвяргаўся ён цяжкім тартурам. Прыгаварылі яго да кары смерці цераз павешанне. 2 лютага 1945 года падчас свята Маці Божай Грамнічнай Яанна Янушчак, якая тады працавала настаўніцай у Эйстунах, а таксама па адной асобе з гаспадаркі атрымалі павестку явіцца ў Тракелях. Першыя гаспадары ўжо вярнуліся, пакуль за спадарыняй Яаннай заехалі сані. Адзін з сялян сказаў: "Добра, што паненка не паспела паехаць, бо вешалі Ўладыслава Міцкевіча. Калі ён у апошні момант выгукнуў: "Ешчэ Польска не згінэла!", людзі плакалі і цалавалі сляды яго ступняў на снезе".

Былое

Упершыню Тракелі ў пісанай гісторыі з'явіліся ў 1433 годзе ў лісце вялікага князя літоўскага Зыгмунта Кейстутавіча да Яна Гаштольда. У ім пацвярджалася ўласнасць шматлікіх двароў і вёсак, у тым ліку Тракеляў, якія тады называліся таксама Новым Дваром. Пазней інфармацыя адсутнічае аж да канца ХVІ стагоддзя, калі Тракелі былі заменены на Шырвінты аселымі ў Дворышчы езуітамі. Такім чынам Тракелі і Дворышча стварылі адзін гаспадарчы комплекс, які служыў езуітам для ўтрымання Віленскай акадэміі. На аснове гэтай вучэльні шмат гадоў пазней узнік Віленскі ўніверсітэт. Агульная плошча гэтых двух маёмасцей складала каля 1 000 гектараў. На зломе ХVІ і ХVІІ стгоддзяў межавлі яны ад поўначы і ўсходу з Геранёнамі і Ліпнішкамі - землямі артылерыі Вялікага Княства Літоўскага; ад поўдня - з Дубровнай, сталовай маёмасцю Віленскага біскупства; ад захаду - з радзівілаўскімі Жырмунамі і дробнымі шляхецкіиі маёнткамі.

Амаль 200 гадоў Тракелі разам з Дворышчамі былі ўласнасцю езуітаў і падначалены былі рэктарам Віленскай акадэміі, пачынаючы з кс. Пятра Скаргі. Войны з Масквой (1655-1659) і шведамі (1700-1721) сталі прычынай значнага спусташэння і збяднення гэтых зямель. Падчас першага падзелу Польшчы (1772) ордэн езуітаў на землях, якія адышлі да Расіі, быў ліквідаваны ў 1773 годзе. Згаданыя маёмасці пераняла Раздатачная камісія і прадала іх троцкаму суддзі Міхалу Ромеру.

Паасобныя часткі маёмасці з бегам часу расцярушыліся паміж ішых уладальнікаў і арандатараў. У 1796 годзе Дворышча з фальваркамі Ўладыславова, Тракелі і Гурава былі ўласнасцю земскага пісара са Слоніма Ігнацыя Шукевіча. Маёнтак састаўлялі 23 вёскі (224 дамы, 1265 чалавек). У яго тры першыя фальваркі арандавала Пузыніна, а Гурава - Станіслаў Волк. На пачатку ХІХ стагоддзя частку гэтай маёмасці трымалі Валадкевічы, пасля навагрудскі падкаморы Стэфан Незабытоўскі, затым радца стану і ўладальнік Геранёнаў Войех Пуслоўскі. 4 жніўня 1811 года прадаў ён Тракелі і Дворышча капітану польскіх войскаў (праўдападобна спадарожнічаючых Напалеону ў паходзе на Маскву) Антонію Наркевічу.

У 1921 годзе маёнткі зноў сталі ўласнасцю Пуслоўскіх, а дванаццаць гадоў пазней былі яны прададзены Аляксандру Вольскаму. 8 чэрвеня 1865 года ўвесь комплекс пасляезуіцкіх маёнткаў быў расійскім урадам пераняты на казённую ўласнасць. 25 ліпеня 1865 года ўступіла ў сілу інструкцыя, якая забараняла асобам польскага паходжання мець якое-небудзь дачыненне да гэтай маёмасці. Пасля зямельнай рэформу на аснове акта ад 27 мая 1866 года сялянам Тракеляў і Дворышчаў была прадстаўлена для выкупу зямля паасобных вёсак. Агулам 2 911 га для 124 гаспадарак.

23 ліпеня 1865 года Тракелі былі на стала адключаны ад Дворышча і як участак плошчай 3 168 дзесяцін (3 456 га) прызначаны для продажу. Купіў яго ў 1870 годзе ген. Нікіцін за 25 804 тадышнія рублі. Пяць гадоў пазней прадаў ён Тракелі (праўдападобна прагуляў у карты) інжынеру Канстанціну Міхайлоўскаму. Той у сваю чаргу прадаў яго ў 1877 годзе Марыі Языкавай. Пасля яе смерці Тракелі перайшлі на мужа Мікалая Языкава, які ажаніўся з сястрой сваёй жонкі Юліяй Варанец і запісаў ёй маёнтак у тастаменце. Яго жонка паўторна выйшла замуж за грузіна Ўрадзіміра Пурцэладзе, які памёр у 1896 годзе. Тракелі знаходзіліся ва ўладанні Юліі да яе смерці ў 1923 годзе.

Не вырашана дакладна калі і хто пабудаваў тракельскі касцёл. Паводле традыцыі, яго донарам у 1500 годзе быў віленскі ваявода Марцін Гаштольд. Аднак быў ён троцкім ваяводам і памёр каля 1483 года. Віленскім ваяодам у 1522-1539 гадах быў ягоны сын Альбрэхт. Як бачна, існуе тут пэўнае разыходжанне, якое не мае большага значэння. Падчас маскоўскага наступу касцёл падвяргнуўся разбурэнню. Аднавілі яго езуіты каля 1674 года, а ў 1687 годзе яго асвячэнне здзейсніў віленскі біскуп кс. Уладыслаў Сільніцкі. Пасля пажару святыня была зноў адноўлена езуітамі ў 1758 годзе і пасвячана ў гонар Наведзінаў Нацсвяцейшай Марыі Панны.

Касцёл, які можам сёння аглядаць, паставіў Стэфан Незабытоўскі ў 1809 годзе, а грунтоўна адрамантаваў кс. Юзэф Сідорскі ў 1866 годзе. Гэта невялікая драўляная будоўля доўгая на 22 метры, шырокая на амаль 10 метраў. Тракельскі касцёл меў філію ў Дворышчы ды капліцу ў маёнтку Гімбуты, пабудаваную яго ўладальнікам Адамам Бажымоўскім. Капліца была закрыта расійскім урадам у 1870 годзе і з цягам часу падверглася поўнаму разбурэнню. Касцёльны архіў змяшчаў у сабе метрычныя кнігі хрышчэнняў ад 1680 года, шлюбаў - ад 1678 года і сконаў - ад 1776 года.

Пры касцёле традыцыйна, так як і ў іншых парафіях, існаваў прытулак для састарэлых, якія ўтрымоўваўся на ахвяраванні багатых вернікаў. Працавала школка для дзяцей, у якой арганіст вучыў чытаць і пісаць. Вядома, што ў 1777 годзе вучылася ў ёй чацвёра сялянскіх дзяцей, у 1782 - двое шляхецкіх і чацвёра сялянскіх, у 1797 годзе было трое вуняў, а ў гадах 1798, 1804 і 1805 - па адным. Гэтае нетыпічнае навучанне пратрывала да 1865 года, а пасля працягвалася як тайнае.

Да 1842 года Тракельская парафія межавала з парафіямі ў Германішках, Геранёнах і Ліпнішках Ашмянскага павета. Праз раку Жыжму суседзямі былі парафіі ў Лідзе і Жырмунах Лідскага павета. Пасля згаданага года да парафіі далучана была зажыжамская частка Лідскага павета. У 1669 годзе Тракелі і Дворышча належалі да Радуньскага дэканату, а ў 1842 годзе былі яны далучаны да Лідскага дэканату. Тракельская парафія ў 1781 годзе налічвала 2814 душ. У выніку шматлікіх пераўтварэнняў і камасацый з вялікага касцёльнага маёнтка засталося нямнога. Даваенныя Тракелі складалі больш за дзесяць дамоў, пастаўленых на былых касцёльных грунтах вёсак Мейлуны і Эйтуны ды маёнтка Тракелі.

Побач касцёла здавён-даўна стаяла карчма, якая пад канец ХVІІІ стагоддзя папала ў руіну. Стэфан Незабытоўскі пачаў будаваць новую на грунце, на які прэтэндаваў тракельскі пробашч кс. Ян Даўкша. Падпісалі яны дамову, на аснове якой пробашч адступіў грунт пад карчму, а Незабытоўскі абавязаўся адрэстаўраваць касцёл, штогод плаціць пробашчу 700 злотых, а таксама перадаваць яму з маёнтка Тракелі штогадова 2 бочкі (271,36 літра) жыта, 2 гарнцы (3,77 літра) віна, 2 гарнцы гарэлкі і фаску (15,08 літра) масла. Забавязаўся таксама аплачваць 10 сторажаў на кірмашы ў час одпусту. Дамова была падпісана 17 мая 1810 года. Калі Тракелі на нейкі час вярнуліся ва ўладанне Валадкевічаў, Незабытоўскі 11 красавіка 1811 года адмяніў свае абавязацельствы, а карчму перадаў пробашчу.

Пад канец ХІХ стагоддзя Тракелі налічвалі 77 жыхароў, а ўся парафія - якая належала Лідскаму дэканату - 3 093 чалавек. Апрача святыні ў Тракелях была цагельня, вінакурня і згаданая карчма. Да 1915 года існаваў казённы магазін спіртной манаполіі. Дзеці маглі наведваць народныя вучылішчы ў Піраганцах, Ліпнішках, Жырмунах і Лідзе.

Да маладых

Тракелі стагоддзямі былі звязаны з Дворышчамі. Таксама і цяпер у іх многа супольнага. Належаць яны да адной Тракельскай парафіі, якой вернікі супольна ўдзельнічалі ў аднаўленні знішчанай каплічкі ў Дворышчы. Можа знойдуцца ахвотныя з ліку моладзі дварышчанскай школы, якія напішуць гісторыю сваёй мясцовасці? Сардэчна іх да гэтага заахвочваю.

Дарога іўеўскай пілігрымкі 2002 года

Панядзелак, 1 ліпеня, Сурвілішкі - Эгерды (26,5 км)

  • 9.00 - святая імша ў касцёле ў Сурвілішках
  • 10.00 - выхад 6,5 км - Трабы (адпачынак)
  • 5,0 км - Брагі (абед)
  • 4,0 км - станцыя Яхімоўшчына (адпачынак)
  • 6,0 км - Дабавічы (адпачынак)
  • 5,0 км - Эгерды (начлег)
  • Аўторак, 2 ліпеня, Эгерды - Пятровічы (27 км)

  • 9.00 - святая імша
  • 10.00 - выхад 4,5 км - Такарышкі (адпачынак) 7,5 км - Юрацішкі (абед)
  • 5,0 км - Більмоны (адпачынак)
  • 3,0 км - Лаздуны (адпачынак)
  • 2,0 км - Вікшняны
  • 5,0 км - Пятровічы (начлег)
  • Серада, 3 ліпеня, Пятровічы - Гаўя (20 км)

  • 9.00 - святая імша
  • 10.00 - выхад
  • 4,0 км - Дуды (адпачынак)
  • 6,0 км - Іўе (абед)
  • 7,0 км - Красоўшчына (адпачынак)
  • 3,0 км - Гаўя (начлег)
  • Чацвер, 4 ліпеня, Гаўя - Суботнікі (23 км)

  • 9.00 - святая імша
  • 10.00 - выхад
  • 4,0 км - Ліпнішкі (адпачынак)
  • 8,0 км - Цэнтральная - абед
  • 6,0 км - Лясок (адпачынак)
  • 5,0 км - Суботнікі (начлег)
  • Пятніца, 5 ліпеня, Суботнікі - Тракелі (27 км)

  • 9.00 - святая імша ў касцёле ў Суботніках
  • 10.00 - выхад
  • 7,0 км - Кудэйшы (адпачынак)
  • 5,0 км - Геранёны - абед
  • 4,0 км - Трышокі (адпачынак)
  • 5,0 км - Петрыкаўцы (адпачынак)
  • Крыжовая дарога

  • 3,5 км - Шнуровічы (Выбачальная горка)
  • 2,5 км - Тракелі
  • Рамачная праграма малітоўнага чування ў санктуарыі Маці Божай у Тракелях у днях 5-6 ліпеня 2002 года

    Пятніца, 5 ліпеня

  • 21.30 - увядзенне, "О, Марыя, вітаю Цябе", марыйная клічка
  • 22.00 - вынас Найсвяцейшага Сакрамэнту, адарацыя
  • 23.30 - "Перад гэтак вялікім Сакрамэнтам", блаславенства, перанос Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёл, падрыхтоўка да святой імшы
  • Субота, 6 ліпеня

  • 00.30 - святая імша, працэсія са свечкамі
  • 01.30 - мантаж пад загалоўкам "Я - дарога, праўда і жыццё"
  • 02.15 - святы ружанец з разважаннямі
  • 03.00 - Вяночак да Божай Міласэрнасці
  • 03.45 - святы ружанец з разважаннямі
  • 04.30 - Марыйныя і рэлігійныя песні
  • 05.30 - "Калі ранішнія ўзыходзяцьь зоры", пацеры і Гадзінкі
  • 06.30 - малітва старэйшага пакалення вернікаў
  • 07.30 - падрыхтоўка да літургіі святой імшы
  • 08.00 - святая імша канцэлебраваная (неапрэзбітэры)
  • 09.30 - падрыхтоўка да літургіі святой імшы
  • 10.00 - урачыстая святая імша з атрыманнем цалкавітага адпушчэння

  • (14KB) Начныя чуванні.(15KB) Начныя чуванні.

















    (12KB) Начныя чуванні.(24KB) Начныя чуванні.
















    Zdjęcia: Kazimierz Niechwiadowicz i Leon Lauresh
     
    Top
    [Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
    Web-master: Leon
    © Pawet 1999-2009
    PaWetCMS® by NOX