Папярэдняя старонка: Пясецкі Сяргей

Аўтадэнунцыяцыя 


Аўтар: Пясецкі Сяргей,
Дадана: 21-11-2012,
Крыніца: 'Паміж' № 2-2002.



Па загадзе майго шаноўнага выдаўца я мушу неадкладна напісаць гэты жыцьцяпіс. Але мне хранічна не падабаюцца выдаўцы й кракадзілы - яны розьняцца толькі колькасьцю, памерамі ды чысьцінёй зубоў, але толькі не апэтытам - таму напішу ўсё так, каб ён не атрымаў з гэтага сабе вялікага прыбытку. Зрэшты, я настолькі матэрыяліст, што нават міргаць за так ня хочацца. Стоп.

Нарадзіўся я даволі даўно. Як гэта ўсё было, ўжо ня памятаю, таму ня буду выдумляць. А што тычыцца розных там дакумантаў, дык пасьля таго, як я навучыўся па-мастацку падрабляць іх, я перастаў ім давяраць. Мажліва, што адбылося гэта 1 чэрвеня 1899 года (насамрэч у 1901). Прынамсі, так цьвердзілі судзьдзі й пракуроры, калі падрабязна разьбіралі мае вартасьці й недахопы падчас даволі шматлікіх судовых паседжаньняў, чым вельмі засмучалі мяне, бо ад прыроды я надзвычай сьціплы чалавек і не люблю сябе рэклямаваць. Калі гэта праўда, дык зараз мне 48 гадоў, выглядаю я на 38, пачуваюся на 28, а паводжу сябе так, як бы мне было 8. Стоп.

Вучыўся я вельмі дрэнна. Хутчэй, зусім не вучыўся. Паводзіў сябе яшчэ горш. Татусь заўсёды казаў, што я скончу вельмі дрэнна. А паколькі татусь і старыя цёткі не маглі ня мець рацыі, дык усё склалася так, як яны й прадказвалі: я зрабіўся пісьменьнікам. А гэта, падобна, ужо невылечна. Адсюль такая мараль: за тое, што ў школе я не зьвяртаў увагі на кнігі, цяпер, як пакараньне, мушу пісаць іх. Адзінаю рэччу, якая ратуе мяне ад ганьбаваньня з боку старых маіх таварышаў, зьяўляецца тое, што раблю я гэта выключна дзеля карысьці. Стоп.

Характар маю надзвычай зьменлівы. Зь неахвотаю й з сорамам прызнаю гэты недахоп. Напрыклад, у дзяцінстве я вельмі ж не любіў гарэлкі й дзяўчынак. Гарэлка была для мяне нясмачнаю, а дзяўчынкі раздражнялі мяне сваім інакшым целаскладам - як каты ці сабакі. Потым мне прыйшлося да густу як адно, так і другое, хаця ж абедзьве гэтыя схільнасьці ня раз прыносілі мне багата клопату. Стоп.

У майго татуся была надзвычай дзіўная прафэсія: як загадчык паштовага аддзяленьня, ён высылаў чужыя лісты й тэлеграмы. Гэта быў страшэнна нудны занятак, і я, як добры сыночак, каб зраўнаважыць гэта, ладзіў розныя авантуры. Калі яны рабіліся асабліва цікавымі, дык судовыя ўлады й паліцыя накіроўвалі мяне да вязьніцы, дзе я мог бесклапотна адпачываць. Забава гэтая так падабалася судзьдзям, што яны ў 1926 годзе засадзілі мяне ў вязьніцу на 15 гадоў, што, як на мяне, было выдатнай ідэяй. Таму я шматкроць сьціпла спрабаваў ухіліцца ад такога клопату й вызваліць вязьніцу ад цяжару майго ўтрыманьня. Урэшце мяне дзеля разнастайнасьці пераслалі ў надзвычай цікавае месца на Сьвятым Крыжы, што стаіць на Лысае Гары й плавае ў хмарах. Там, каб яшчэ больш надакучыць сабе, я напісаў раман, які невядома чаму меў вялізны посьпех, так што быў перакладзены на шмат моваў. Гэта было ўжо залішне, і 2 жніўня 1937 году, начальнік вязьніцы загадаў мне ісьці прэч, хаця ж - каб я не напісаў таго раману - дык мог бы бесклапотна пражыць там яшчэ 4 гады. Здарылася гэта пасьля 11 гадоў знаходжаньня ў тых месцах, калі я толькі пасьпеў да ўсяго прызвычаіцца. Так, для даведкі, дадам, што цяжэй за ўсё адбываць у зьняволеньні толькі першыя 10 гадоў. Я мусіў пакінуць вязьніцу й зноў клапаціцца пра сваё ўтрыманьне. Стоп.

Калісьці мае палітычныя погляды былі наступнымі: біць белых, пакуль не пачырванеюць, а чырвоных, пакуль не зьбялеюць. Але атрымалася, што чырвоныя заўсёды былі чорнымі, а белыя - ружовымі. Таму лічу, што трэба чырвоных адбяліць. Я рабіў гэта заўсёды даволі дбайна, бо не выношу чыіхсьці заганаў, мне хапае й сваіх. Стоп.

Я ўмею рабіць шмат карысных рэчаў: жангляваць, хадзіць на рукох, варушыць вушамі, даставаць языком носа - чым сапраўды ганаруся. Зь менш цікавых: шпегаваць, займацца кантрабандаю й багата чаго яшчэ, пра што не хачу ад прыроджанае сьціпласьці згадваць. Але зараз я не займаюся ўсім гэтым, бо судовыя ўлады паказалі недахоп пачуцьця гумару ў адносінах да мяне. У адказ я пазбавіў іх добрага кліента. Раней маёй асобаю цікавіліся: паліцыя, сьледчыя, судзьдзі, пракуроры, памежнікі. А цяпер - толькі выдаўцы й рэпартэры. Выдаўцы існуюць на тое, каб стрыгчы аўтара й чытача. Яны робяць гэта беспакарана - калі толькі не чытаюць таго, што выдаюць. А рэпартэры існуюць на тое, каб задаваць неразумныя пытаньні. Адзін, напрыклад, спытаўся ў мяне падчас інтэрвію: "Што б вы зрабілі, калі б вас пакінулі на ноч у банку, дзе была б адамкнутая агнястойкая шафа, поўная грошаў?" Я яго ўважліва так агледзеў ды адказаў абсалютна сур'ёзна: "Я б ня спаў усю ноч ды прыклаў бы ўсе намаганьні, каб пан не патрапіў да банку". Стоп.

Я пішу раманы з агідаю да гэтае нуднае працэдуры. Дасюль яшчэ не прачытаў ніводнага зь іх - папросту лянуюся. Крытыкі аднагалосна называюць мае кнігі "амаральнымі". Таму лічу, што створанае мною могуць чытаць толькі асобы маральна ўстойлівыя, або тыя, хто ня мае аніякай падобнай устойлівасьці. Пісаць лісты я таксама не люблю, за выняткам "палюбоўных". Гэтыя я пішу пад капірку ў дзесяці асобніках, а потым - па патрэбе - стаўлю дату й адсылаю. Таму пасьля маёй сьмерці біёграфы ня будуць мець вялікае пацехі з маёй "інтымнае" творчасьці. Стоп.

Я - паляк. Гэта значыць я - грамадзянін краіны, якая шмат стагодзьдзяў змагалася за вольнасьць багата якіх народаў, і таму праз усе гэтыя стагодзьдзі была разьдзіраная, распрадаваная, здраджаная й нішчаная. Цяпер яна знаходзіцца пад уладаю дзяржавы, якую яшчэ Ленін назваў "турмою народаў", якая й дасюль намагаецца, каб увесь сьвет апынуўся за мурамі яе турмы. Стоп.

Зараз я жыву ў месьце, дзе жыве столькі людзей, як на Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Нарвэгіі разам. Таму тут так цесна ды нудна. Гэта места завецца Лёндан. Тут жывуць ангельцы, паліцыянты ды я. Падобна, што ангельцы размаўляюць па-ангельску, бо я іх зусім не разумею й падазраю, што яны й самі сябе не разумеюць. Напрыклад, з адным зь іх я "размаўляў" дзьве гадзіны, пры дапамозе гэтых адзіна вядомых мне выразаў - 'так', 'не' й 'вох!' Гэтага мне хапіла. Насамрэч, адбывалася ўсё ў "публічным доме" - папрашу не сьмяяцца: гэтак на паспалітай мове завецца БАР. На разьвітаньне мы абмяняліся поціскамі рук - ангельцы выключна ўмеюць рабіць гэта - і адрасамі. Праз два дні я атрымаў ліст, дзе сьцьвярджалася, што я зьяўляюся надзвычай мілым кампаньёнам, і што расказваў вельмі цікавую story. Лічу гэта за найбольшы камплімент, які калі-небудзь атрымліваў. Паліцыя тут замест таго, каб канкураваць ці супрацоўнічаць са злачынцамі й атручваць жыцьцё грамадзянам - як гэта адбываецца ва ўсіх іншых мейсцах - клапоціцца аб іх, сьцеражэ дзяцей ад нядобрых выпадкаў і вельмі далікатна, дакладна і з ахвотаю інфармуе ўсіх аб сваёй дзейнасьці. А я пішу раманы, узбагачаю выдаўцоў і чакаю, калі д'ябал - усё роўна якога колеру - задушыць нашэсьце бальшавікоў, каб я мог вярнуцца ў Польшчу, якую люблю перад усім. Стоп.

Выдадзена шэсьць маіх раманаў. Адзін з жыцьця прафэсійных кантрабандыстых. Два з жыцьця прафэсійных шпегаў. Тры з жыцьця прафэсійных злодзеяў. Я яшчэ шмат напішу. Скончу ўсё цыклям "Крывавыя дзеі прафэсійных выдаўцоў". Стоп! Стоп! Стоп!

Да пабачэньня, Чытачы: падрабязнасьці ў кнігах!

Да пабачэньня, Выдавец: загад выкананы!

17 ліпеня 1947 г., Лёндан.

Пераклад з польскай Тацяны КРЭМЕНЬ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX