Вярнуцца: Прус Баляслаў. Лялька

Раздзел першы


Аўтар: Прус Баляслаў,
Дадана: 12-07-2011,
Крыніца: pawet.net.



ЯК ВЫГЛЯДАЕ ФІРМА "Я. МІНЦЭЛЬ І С. ВАКУЛЬСКІ" ПРАЗ ШКЛО БУТЭЛЕК?

Напачатку 1878 году, калі палітычны свет быў заняты сан-стэфанскім замірэннем [1], выбарамі новага папы [2] альбо мажлівасцю еўрапейскае вайны [3], варшаўскія купцы, а разам і інтэлігенцыя аднае з ваколіц Кракаўскага прадмесця [4] не менш горача абмяркоўвалі будучыню галантарэйнае крамы фірмы "Я. Мінцэль і С. Вакульскі".

У прэстыжнай харчэўні, дзе збіраліся на вячэру гаспадары складаў бялізны і вінных склепаў, фабрыканты калясак і капелюшоў, шаноўныя бацькі сямействаў, што жылі з уласных капіталаў, і ўладальнікі камяніц без занятку, аднолькава шмат гаварылі як пра ўзбраенне Англіі, гэтак і пра фірму "Я. Мінцэль і С. Вакульскі". У густых хмарах цыгарнага дыму, навісаючы над бутэлькамі з цёмнага шкла, грамадзяне гэтага кварталу ішлі ў заклад: адны спрачаліся пра перамогу або паразу Англіі, іншыя - пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка [5], іншыя - авантурнікам Вакульскага; адны крытыкавалі дзеянні прэзідэнта Мак-Магона [6], іншыя сцвярджалі, што Вакульскі кончаны вар'ят, калі ні што горшае…

Пан Дэклеўскі, фабрыкант калясак, які за сваю заможнасць і становішча дзякаваў адно высілкам у нязменнай галіне, а таксама радца Венгровіч, які ўжо дваццаць гадоў запар быў чальцом-апекуном аднаго і таго ж дабрачыннага таварыства, ведалі С. Вакульскага здаўна і найгучней прарочылі яму разарэнне.

- Бо жабраком і банкрутам, - казаў пан Дэклеўскі, - скончыць урэшце чалавек, які не пільнуецца сваёй справы і не здолеў шанаваць дарункаў ласкавае фартуны.

А радца Венгровіч пасля кожнай гэткай жа глыбакадумнай сентэнцыі свайго прыяцеля дадаваў:

- Вар'ят! Вар'ят!.. Авантурнік!.. Юзік, нясі яшчэ піва. Каторая гэта бутэлька?

- Шостая, пане радца. Служу маланкаю!.. -- адказваў Юзік.

- Ужо шостая?.. Як час ляціць!.. Вар'ят! Вар'ят! - мармытаў радца Венгровіч.

Для ўсіх, хто хадзіў падмацавацца ў тую ж, што і радца, харчэўню - для яе гаспадара, кельнераў і лёкаяў - прычыны бедстваў, якія мусілі абрынуцца на Вакульскага і ягоную галантарэйную краму, былі гэткія ж ясныя, як полымя газовак, што асвятлялі залу. Прычыны гэтыя былі ў неспакойным характары, у авантурным жыцці, зрэшты, у апошнім учынку чалавека, які, маючы гарантаваны кавалак хлеба і магчымасць рэгулярна наведвацца ў такую вось прыстойную рэстарацыю, добраахвотна адрокся ад рэстарацыі, краму пакінуў на волю лёсу, а сам з усёю гатоўкаю, якую атрымаў у спадчыну пасля смерці жонкі, падаўся на турэцкую вайну [7] зарабляць маёнтак.

- А можа і заробіць… Вайсковыя пастаўкі - справа прыбытковая, - умяшаўся пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.

- Нічога ён не заробіць, - запярэчыў пан Дэклеўскі. - А салідная крама тым часам пойдзе да д'ябла. На пастаўках багацеюць адно жыды ды немцы; нашым на гэта розуму не хапае.

- А можа Вакульскаму хапае розуму?

- Вар'ят! Вар'ят!.. - прамармытаў радца. - Падай жа, Юзік, піва. Якая гэта?..

- Сёмая бутэлечка, пане радца. Служу маланкаю.

- Ужо сёмая?.. Як час ляціць, як час ляціць…

Гандлёвы агент, якому паводле службовых абавязкаў патрабавалася ўсебаковая і поўная інфармацыя пра купцоў, перанёс сваю бутэльку са шклянкаю на стол да радцы і, соладка зазіраючы яму ў слязлівыя вочы, запытаўся прыцішаным голасам:

- Перапрашаю, але… Чаму пане радца называе Вакульскага вар'ятам?.. Ці магу ўслужыць пану цыгаркаю?... Я крыху ведаю Вакульскага. Ён мне заўсёды здаваўся чалавекам скрытным і ганарыстым. Скрытнасць для купца - вялікая вартасць, ганарыстасць - загана, але каб у Вакульскага была схільнасць да вар'яцтва, гэтага я не прыкмеціў.

Радца прыняў цыгару без асаблівых адзнак удзячнасці. Яго чырвоны твар у абрамленні сівых касмылёў над ілбом, на барадзе і на шчоках нагадваў у тую хвіліну чырвоны сердалік апраўлены ў срэбра.

- Называю яго, - адказаў ён, павольна адгрызаючы і запальваючы цыгару, - называю яго вар'ятам, бо ведаю яго гадоў… Чакай, пан… Пятнаццаць… семнаццаць… васемнаццаць… Было гэта ў 1860 годзе… Абедаць мы хадзілі тады да Гопфера [8]. Ведаў пан Гопфера?..

- Пфі…

- Дык вось, Вакульскі быў тады ў Гопфера кельнерам і было яму ўжо больш за дваццаць гадоў.

- У гандлі вінамі і далікатэсамі?

- Так. І як цяпер Юзік, гэтак ён тады падаваў мне піва, нэльсанаўскія зразы…

- І з гэтае галіны перакінуўся ў галантарэю? - перабіў агент.

- Пачакай, пан, - спыніў яго радца. - Перакінуўся, але не ў галантарэю, а ў Падрыхтоўчую школу, а потым у Галоўную школу [9], разумее пан?.. У вучоныя яму захацелася!..

Агент заківаў галавою, паказваючы, як ён уражаны.

- Вось дык нумар! - сказаў ён. - Што гэта яму стрэліла?

- Дзіва што! Звязаўся з Медыцынскай акадэміяй [10], з Мастацкай школай [11]… Тады ўсе загарэліся, а ён не хацеў быць горшы за іншых. Удзень абслугоўваў гасцей у буфеце і займаўся рахункамі, а ўночы вучыўся…

- Паганае, відаць, было тое абслугоўванне.

- Такое, як і ў іншых, - адказаў радца і незадаволена махнуў рукою. - Адно што, не быў ён, шэльма, дагодлівы ва ўслугоўванні, ад самага нявіннага слоўца касавурыўся як разбойнік… Вядома, кпілі мы з яго, колькі хацелі, а ён больш за ўсё гневаўся, калі называлі яго "панам кансільяжам" [12]. Аднаго разу так вызверыўся на госця, што ледзь да бойкі не дайшло.

- Гандаль, вядома, траціў на гэтым.

- Нічога не траціў! Бо калі па Варшаве разышлася чутка, што кельнер Гопфера хоча паступіць у Падрыхтоўчую школу, дык натоўпамі пачалі хадзіць туды снедаць. Асабліва студэнты. Аж раілася ад іх.

- Дык пайшоў ён у Падрыхтоўчую школу?

- Пайшоў. І нават здаў экзамен у Галоўную школу. Ну, але… што тут, пан, скажаш, - пляснуў радца агента па калене, - замест таго, каб дацягнуць навуку да канца, менш чым праз год кінуў ён школу…

- Што ж ён рабіў?

- Вось! Што рабіў… Варыў разам з іншымі піва, якое мы да сённяшняга дня каўтаем, і сам у рэшце апынуўся дзесьці ля Іркуцку [13].

- Нумар, пане! - уздыхнуў гандлёвы агент.

- Гэта яшчэ не ўсё… У 1870 годзе, маючы крыху грошай, вярнуўся ён у Варшаву. Паўгода шукаў сабе занятак, далёка абмінаючы бакалею, якую па сённяшні дзень на дух не выносіць, аж нарэшце, з дапамогаю свайго цяперашняга дыспанента [14] Жэцкага ўплішчыўся ён у краму да Мінцлёвай, якая акурат аўдавела тады, а праз год і ажаніўся з бабаю ўдвая за сябе старэйшаю.

- Гэта было разумна, - уставіў агент.

- Пэўна. Адным махам і ўладкаваўся, і справу займеў, якою да скону дзён мог ціха сабе займацца. Але ж і пакутаў крыжовых нацярпеўся ён з бабаю!

- Яны гэта ўмеюць…

- Яшчэ як! - правіў далей радца. - Але ж, бач, пан, як бывае часам шанцуе! Паўтары гады таму баба нечым абжэрлася і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовае катаргі зрабіўся вольны, як птах, маючы багатую краму і трыццаць тысяч рублікаў гатоўкі, на якія папрацавала два пакаленні Мінцляў.

- Шанцуе.

- Шанцавала, - удакладніў радца, - трэба было шанаваць сваё шчасце. Іншы б на яго месцы ажаніўся з якою пачціваю паненкаю ды жыў бы сабе багатыром, бо што тут, пане, казаць, на сённяшні дзень крама з такой рэпутацыяй ды ў такім месцы!.. А гэты вар'ят усё кінуў-рынуў і паехаў зарабляць капіталы на вайне. Мільёнаў яму захацелася, ці яшчэ якога д'ябла.

- Мо і заробіць, - азваўся агент.

- Уга! - абурыўся радца. - Давай жа, Юзік, піва. Думаеш, пан, што ён у Турцыі знойдзе яшчэ багацейшую бабу, чым нябожчыца Мінцлёва?.. Юзік!..

- Служу маланкаю!.. Едзе восьмая…

- Восьмая? - перапытаў радца. Не можа быць. Зараз… Да гэтага была шостая, потым сёмая... - мармытаў ён засланяючы твар рукою. - Можа і восьмая. Як час ляціць!..

Нягледзячы на змрочныя прароцтвы людзей, што цвяроза глядзяць на жыццё, галантарэйная крама "Я. Мінцэль і С. Вакульскі" не толькі не збанкрутавала, але нават цешылася з прыбыткаў. Чуткі пра банкруцтва толькі падагравалі цікаўнасць публікі, дык у краму хадзілі ахвотна, а пасля таго, як Вакульскі выехаў з Варшавы, па тавары пачалі звяртацца і расійскія купцы. Колькасць замоваў павялічвалася, быў замежны крэдыт, па вэксалях плацілася рэгулярна, і ў краме было поўна гасцей, якім ледзьве маглі дагадзіць трое экспедэнтаў [15]: адзін з іх быў дробны бландзін, які выглядаў, як гатовы сканаць сухотнік, другі - шатэн з бародкаю філосафа і рухамі прынца, і трэці - фарсун, які насіў забойчыя для прыгожага полу вусікі і ад якога разыходзіліся пахі, як ад хімічнай лабараторыі.

Аднак ні агульная цікаўнасць, ні фізічныя і духоўныя вартасці ўсіх трох экспедэнтаў, ні нават рэпутацыя саліднай крамы не здолелі б яе ўратаваць ад банкруцтва, каб не быў там загадчыкам працаўнік гэтае фірмы з саракагадовым стажам, прыяцель і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.



[1] Сан-Стэфанскі трактат быў заключаны паміж Расіяю і Турцыяю 3 сакавіка 1878 г. у Сан-Стэфана (пад Канстанцінопалем).

[2] 20 лютага 1878 г. папам быў абраны Леон ХІІІ.

[3] Перамога Расіі ў вайне з Турцыяй выклікала моцнае незадавальненне Англіі. Існавала верагоднасць вайны паміж Англіяй і Расіяй.

[4] Кракаўскае прадмесце - адна з галоўных варшаўскіх вуліц. Б. Прус размясціў краму "Мінцэль і Вакульскі" на Кракаўскім прадмесці, 9 (Камяніца Бейера).

[5] Отта Бісмарк (1815-1898) - нямецкі канцлер, які аб'яднаў Германію (1871).

[6] Патрык Мак-Магон (1808-1893) - французскі маршал, які кіраваў войскам версальцаў у барацьбе з Парыжскай камунай. Прэзідэнт Францыі ў 1873-1879 гг.

[7] Гаворка пра расійска-турэцкую вайну 1877-1878 гг.

[8] Сёння на Кракаўскім прадмесці, 54 існуе кавярня "U Hopfera". Яна знаходзіцца замест даўняй рэстарацыі Караля Лэсіша, якую, відавочна, меў на ўвазе Б. Прус.

[9] Заснаваная ў 1862 г. як вышэйшая навучальная ўстанова ў Варшаве. У 1869 г. ператворана ў Варшаўскі універсітэт.

[10] Вышэйшая навучальная ўстанова, заснаваная ў 1838 г. у Варшаве. З 1862 г. - факультэт Галоўнай школы.

[11] Навучальная ўстанова, што існавала ў Варшаве ў 1844-1866 гг.

[12] Так называлі ў той час лекара.

[13] Гаворка пра ўдзел Вакульскага ў паўстанні 1863-1864 гг. і яго высылку ў Сібір.

[14] Намеснік кіраўніка.

[15] Прадавец у краме, прыказчык.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX