Вярнуцца: Прус Баляслаў. Лялька

Раздзел другі


Аўтар: Прус Баляслаў,
Дадана: 12-07-2011,
Крыніца: pawet.net.



КІРАВАННЕ СТАРОГА ЭКСПЕДЭНТА

Пан Ігнацы ўжо дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры краме. За гэты час крама змяняла гаспадароў і падлогу, шафы і шыбы ў вокнах, размах дзейнасці і экспедэнтаў, але пакой пана Жэцкага заставаўся нязменны. На той самы падворак выходзіла тое ж смутнае акенца, на тых жа кратах якога вісела павуцінне, хіба таксама дваццаціпяцігадовае даўніны, і дакладна налічвала чвэрць стагоддзя фіранка, некалі зялёная, а цяпер палінялая ад тугі па сонцу.

Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном, некалі таксама зялёным, а цяпер ужо проста брудным. На ім - вялізная чорная чарніліца побач з вялізнай чорнай пясочніцай, на гэтай жа падстаўцы - пара медных падсвечнікаў для лоевых свечак, якімі ўжо ніхто не карыстаўся, і сталёвыя шчыпцы, якімі ўжо ніхто не абцінаў кнаты. Жалезны ложак з пляскатым матрацам, над ім - ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім - футарал з гітараю, які нагадваў дзіцячую труну; абабітая скураю вузкая канапка, два крэслы, таксама абабітыя скураю, вялікі бляшаны таз і малая шафка цёмна-вішнёвага колеру - гэткая была мэбліроўка пакою, які з-за сваёй даўжыні і пануючага тут змроку больш здаваўся падобны на магілу, чым на жытло.

Гэтак жа, як і пакой, не змяніліся за чвэрць стагоддзя і звычкі пана Ігнацыя.

Ранкам прачынаўся ён заўсёды а шостай; хвіліну прыслухоўваўся, ці ходзіць гадзіннік, які ляжаў побач на крэсле, і глядзеў на стрэлкі, якія стваралі простую лінію. Яму хацелася ўстаць спакойна, без мітусні, але застылыя ногі і закарчанелыя рукі не надта яго слухаліся, дык ён зрываўся з ложка і ўжо з сярэдзіны пакоя шпурляў на яго свой начны каўпак, а сам бег да печы, дзе стаяў вялікі таз, у якім ён мыўся з галавы да ног, і пры гэтым іржаў ды фыркаў, як стары конь чыстае крыві, якому прымроіліся скачкі.

Падчас абраду расцірання калматымі ручнікамі ён з прыемнасцю пазіраў на свае худыя лыткі ды зарослыя грудзі і мармытаў: "Ну, але ж таўсцею".

У гэты час звычайна саскокваў з канапкі стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атросшыся, пэўна, з рэшты сну, скробся ў дзверы, за якімі чуваць было стараннае раздзьмухванне самавару. Пан Жэцкі, працягваючы спехам апранацца, выпускаў сабаку, вітаўся са слугою, даставаў з шафы імбрычак, блытаўся ў петлях, зашпільваючы манжэты, выбегаў на падворак зірнуць, якое надвор'е, апарваўся гарачаю гарбатаю, расчэсваўся, не гледзячыся ў люстэрка, і а палове на сёмую быў гатовы.

Абмацаўшыся, ці ёсць у яго на шыі гальштук, а ў кішэні гадзіннік і партманетка, пан Ігнацы даставаў з шуфлядкі вялікі ключ і, крыху прыгорблены, урачыста адчыняў тыльныя дзверы крамы, абабітыя жалезнай бляхай. Разам са слугою яны ўваходзілі, запальвалі некалькі газовак і, пакуль слуга падмятаў падлогу, пан Ігнацы, начапіўшы на нос пенснэ, праглядаў у нататніку спіс спраў на сённяшні дзень.

"Занесці ў банк васемсот рублёў, ага… Выслаць у Люблін тры альбомы і тузін партманетаў… Так, так!.. Перавод у Вену на тысячу дзвесце гульдэнаў… Потым прыняць транспарт… насварыцца на рымара, што не адправіў валізкі… Драбяза!.. Напісаць Стасю ліст … Драбяза…"

Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі газовак і пры такім асвятленні аглядаў тавары ў вітрынах і шафах.

"Запінкі, шпількі, партманеты… добра… Пальчаткі, вееры, гальштукі… на месцы… Кійкі, парасоны, сакваяжы… Тут альбомы, нэсэсэры… сапфіравага колеру ўчора прадалі, а як жа!.. Падсвечнікі, чарніліцы, прэс-пап'е… Парцэляна… Цікава, навошта павярнулі гэты вазон?.. Пэўна… Не, не пабіты… Лялькі з косамі, тэатр, карусель… Трэба заўтра паставіць у акне карусель, бо фантан ужо надакучыў. Драбяза!.. Амаль восьмая… Гатовы паспрачацца: Клейн прыйдзе першы, а Мрачэўскі - апошні. Чаго дзівіцца? Пазнаўся з нейкаю гувернанткаю і ўжо ўзяў ёй нэсэсэр у крэдыт і па зніжаным кошце… Вядома… Абы не пачаў купляць і без зніжак, і без рахункаў…"

Гэтак ён бубніў нешта сабе пад нос і крыху прыгорблены, з рукамі, закладзенымі ў кішэні, хадзіў па краме, а следам за ім - яго пудзель. Гаспадар сям там затрымліваўся і прыглядаўся да нейкіх рэчаў, сабака тады садзіўся на падлогу і драпаўся задняю лапаю ў густых кудлах, а шэрагамі выстаўленыя ў шафе лялькі - малыя, сярэднія і вялікія, чарнявыя і бялявыя - прыглядаліся да іх мёртвымі вачыма.

Рыпнулі дзверы з сянец і з'явіўся пан Клейн, дробны экспедэнт з маркотнаю ўсмешкаю на пасінелых вуснах.

- Ну вось! Я ведаў, што прыйдзеш, пан, першы. Добры дзень, - сказаў пан Ігнацы. - Павел, тушы святло і адчыняй краму.

Слуга выбег цяжкаю рыссю і закруціў газ. Праз хвіліну заскрыгаталі завалы, застукалі засаўкі і ў краму ўвайшоў дзень, адзіны госць, якому заўсёды давярае купец. Жэцкі сеў за канторку пад вакном. Клейн стаў на звыклае месца ля парцэляны.

- Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не было пану ліста? - запытаўся Клейн.

- Чакаю яго ў сярэдзіне сакавіка, самае позняе - праз месяц.

- Калі яго не затрымае новая вайна.

- Стась… Пан Вакульскі, - паправіў сябе Жэцкі, - напісаў мне, што вайны не будзе.

- Курс, аднак, падае, а сёння я чытаў, што ангельскі флот увайшоў у Дарданэлы.

- Нічога. Вайны не будзе. Хаця, - уздыхнуў пан Ігнацы, - што нам тая вайна без Банапарта.

- Кар'ера Банапартаў ужо скончылася.

- Праўда?.. - іранічна ўсміхнуўся пан Ігнацы. - А дзеля каго Мак-Магон з Дзюкро рыхтавалі ў студзені дзяржаўны пераварот?.. Вер мне, пане Клейн, банапартызм - гэта сіла!..

- Ёсць мацнейшая за яе.

- Якая? - абурыўся пан Ігнацы. - Можа рэспубліка Гамбэта [1]?.. Можа Бісмарк?..

- Сацыялізм… - шапнуў дробны экспедэнт, хаваючыся за парцэляну.

Пан Ігнацы паправіў, каб лепш трымалася, пенснэ і прыўзняўся ў сваім фатэлі, нібы жадаючы адным махам разбурыць новую тэорыю, якая не адпавядала ягоным поглядам, але намер сапсавала з'яўленне другога экспедэнта, з бародкаю.

- А, маё шанаванне пану Лісецкаму! - звярнуўся ён да таго. - Халодны сёння дзень, праўда? Якая ж гэта гадзіна ў горадзе, бо мой гадзіннік, мусіць, спяшаецца. Яшчэ, хіба, няма чвэрці на дзевятую?..

- Як дасціпна!.. Панскі гадзіннік век спяшаецца раніцаю і спазняецца ўвечары, - пахмурна азваўся Лісецкі, выціраючы вусы, пакрытыя шэранню.

- Гатовы паспрачацца, пан учора быў на прэферансе.

- Вядома. Ці пан мяркуе, што мяне і ў дзень, і ў ночы перад вачыма адно ваша галантарэя ды панская сівізна?

- Ну, мой пане, па мне лепш быць крыху ссівелым, абы не лысым, - абурыўся пан Ігнацы.

- Дасціпна!.. - засычэў пан Лісецкі. - Мая лысіна, калі яе хто і заўважыць, дык гэта толькі сумная спадчыннасць, а панская сівізна і бурклівы характар - гэта ўжо адзнакі старасці, якую… хацеў бы я шанаваць.

У краму ўвайшоў першы госць: кабеціна ў салопе і ў хустцы на галаве, якая пажадала медную плявальніцу… Пан Ігнацы пакланіўся ёй вельмі нізка і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі знік за шафамі і, вярнуўшыся праз хвіліну, уручыў пакупніцы жэстам поўным годнасці жаданы прадмет. Потым ён напісаў кошт плявальніцы на квітку, падаў яго праз плячо Жэцкаму і пайшоў за вітрыну з выглядам банкіра, які ахвяраваў на дабрачыннасць некалькі тысяч рублёў.

Спрэчка пра сівізну і лысіну была скончаная.

Ажно каля дзевятай увайшоў, а дакладней, уляцеў у краму пан Мрачэўскі, бялявы прыгажун дваццаці з нечым гадоў з вачыма, як зоркі, вуснамі, як каралі, вусікамі, як атручаныя штылеты. Ён убег, цягнучы за сабою ад парогу духмяную хвалю, і гучна пачаў казаць:

- Слова гонару, ужо, мусіць, палова на дзесятую. Я ветрагон, я абібок, ну, нягоднік я, але што рабіць, калі маці ў мяне захварэла, і мусіў я шукаць лекара. Быў у шасцярых…

- Ці не ў тых, якім носіш, пан, нэсэсэры? - запытаўся Лісецкі.

- Нэсэсэры?.. Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Шляхетны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова на дзесятую? Спыніўся мой гадзіннік.

- Зараз будзе дзе-вя-та-я... - адказаў з асаблівым націскам пан Ігнацы.

- Толькі дзевятая?.. Ну, хто б падумаў! А я ж планаваў, што прыйду сёння ў краму першы, раней за пана Клейна…

- Каб сысці раней за восьмую, - заўважыў пан Лісецкі.

Мрачэўскі ўтаропіўся ў яго блакітнымі вачыма, у якіх малявалася невымоўнае здзіўленне.

- Адкуль пан ведае?.. - прамовіў ён. - Ну, слова гонару, гэты чалавек валодае прарочымі здольнасцямі! Якраз сёння, слова гонару… мушу быць у горадзе яшчэ да пачатку сёмай, хоць памры, хоць звальняйся…

- Няхай пан з гэтага і пачне, - выбухнуў Жэцкі, - і будзе пан вольны яшчэ да адзінаццатай, нават у гэтую ж хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінны быць графам, а не экспедэнтам, і я дзіўлюся, чаму пан адразу не выбраў сабе такой прафесіі, тады б заўсёды хапала часу, пане Мрачэўскі. Вядома!

- Ну, але ж і пан у ягоныя гады лётаў за спаднічкамі, - азваўся Лісецкі. - Нашто ўжо тут мараль чытаць.

- Ніколі не лётаў! - крыкнуў Жэцкі і грукнуў кулаком па канторцы.

- Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё быў недарэкам, - прамармытаў Лісецкі ў бок Клейна, які ўсміхнуўся, надта высока падымаючы бровы.

У краму ўвайшоў другі госць і пажадаў галёшы. Да яго падскочыў Мрачэўскі.

- Галёшыкі жадае шаноўны пане? Які памер, можна запытацца? Ага, шаноўны пан, відаць, не памятае! Не ў кожнага хапае часу думаць пра памер сваіх галёшаў, гэта ўжо наш клопат. Шаноўны пане дазволіць памераць?.. Няхай шаноўны пан зробіць ласку прысесці на зэдлік. Павел! Прынясі ручнік, здымі пану галёшы і вытры абутак…

Убег Павел з анучаю і кінуўся пакупніку ў ногі.

- Але ж, пане, але ж перапрашаю!.. - апраўдваўся ачмурэлы госць.

- Калі ласка, - сакатаў Мрачэўскі, - гэта наш абавязак. Здаецца, гэтыя будуць якраз, - казаў ён, падаючы пару счэпленых ніткаю галёшаў. - Дасканала. Выглядаюць цудоўна. У шаноўнага пана такая нармальная нага, што з памерам не памылішся. Шаноўны пан жадае, пэўна, літаркі. Якія мусяць быць літаркі?..

- L. P., - прабубніў госць, адчуваючы, што топіцца ў бурным патоку красамоўства ветлівага экспедэнта.

- Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, зрабіце ласку, літаркі. Шаноўны пан загадае спакаваць старыя галёшы? Павел! Паабцірай галёшы і пазакручвай у абгортачную паперу. А можа шаноўны пан не жадае цягаць за сабою непатрэбшчыну? Павел, кінь галёшы ў скрыню… Плаціць два рублі пяцьдзесят капеек [2]… Галёшы з літаркамі ніхто шаноўнаму пану не падменіць, бо прыкра было б знайсці замест новага тавару дзіравыя зноскі… Два рублі пяцьдзесят капеек у касу з гэтым квітком. Пане касір, пяцьдзесят капеек рэшты шаноўнаму пану.

Перш чым госць ачомаўся, ён быў абуты ў галёшы, атрымаў рэшту і з нізкімі паклонамі выпраўлены за дзверы. Пакупнік пастаяў з хвіліну на вуліцы, няўцямна пазіраючы ў шыбу, з-за якой Мрачэўскі адорваў яго салодкаю ўсмешкаю і гарачымі позіркамі. Нарэшце махнуў рукою і пайшоў далей, разважаючы, відаць, што ў іншай краме за галёшы без літарак заплаціў бы дзесяць злотых [3].

Пан Ігнацы павярнуўся да Лісецкага і пахітаў галавою, паказваючы сваё здзіўленне і захапленне. Мрачэўскі, краем вока заўважыўшы гэта, падбег да Лісецкага і гучным шэптам пачаў казаць яму:

- Няхай бы пан толькі зірнуў, ці ж наш стары не падобны ў профіль на Напалеона ІІІ? [4] Нос... вус... гішпанка…

- На Напалеона, калі той пакутаваў ад каменя ў нырках, - адказаў Лісецкі.

На гэты досціп пан Ігнацы закапыліў губу. Мрачэўскі ўвечары быў адпушчаны раней за сёмую, а праз дзень у асабістым дзённіку Жэцкага з'явілася прысвечаная яму нататка: "Быў на "Гугенотах" [5] у восьмым радзе партэра з нейкаю Матыльдаю…???"

На суцяшэнне сабе той мог бы сказаць, што ў тым самым каталогу маюць свае нататкі і двое ягоных калегаў, апроч таго, інкасатар, пасыльны і нават слуга Павел. Адкуль Жэцкі ведаў такія падрабязнасці жыцця сваіх працаўнікоў? Гэта была таямніца, якую ён нікому не адкрываў.

Апоўдні, а першай, здаўшы касу Лісецкаму, якому, нягледзячы на бясконцыя спрэчкі, ён найбольш давяраў, пан Ігнацы хаваўся у сваім пакойчыку, каб з'есці абед, прынесены з рэстарацыі. У той самы час сыходзіў і Клейн, а вяртаўся ў краму а другой; потым яны разам з Жэцкім заставаліся ў краме, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй ізноў усе былі на месцы.

А восьмай вечара краму зачынялі; экспедэнты разыходзіліся, і Жэцкі заставаўся адзін. Ён падбіваў рахункі за дзень, спраўджваў касу, рабіў спіс спраў на заўтра і прыгадваў: ці ўсё было зроблена з запланаванага на сёння. За кожную занядбаную справу ён плаціў доўгім бяссоннем і тужлівымі разважаннямі: пра банкруцтва крамы, пра канчатковы заняпад дынастыі Напалеонаў і пра тое, што ўсе надзеі, якія ён меў у жыцці, нічога не былі вартыя.

"Пішы прапала! Гінем без ратунку," - уздыхаў ён, круцячыся на цвёрдым ложку.

Калі дзень быў удалы, пан Ігнацы быў задаволены. Тады перад сном ён чытаў гісторыю консульства і імперыі [6], газетныя выразкі з апісаннем італьянскай вайны 1859 года [7], або, што здаралася радзей, выцягваў з-пад ложка гітару ды граў на ёй "Марш Ракачы" [8], падпяваючы сумнеўным тэнарам.

Потым сніў ён шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска ў хмарах дыму… Назаўтра бываў ён змрочны і скардзіўся, што баліць галава.

Прыемным днём была ў яго нядзеля, калі ён планаваў, як будуць выглядаць на наступным тыдні вітрыны, і займаўся іх аздабленнем.

На ягоную думку, вокны служылі не толькі, каб дэманстраваць, чым гандлюе крама, але яшчэ яны мусілі прыцягваць увагу мінакоў: або найбольш моднымі рэчамі, або прыгожай іх выкладкай, або нейкаю цікавосткаю. Правая вітрына вабіла раскошаю; тут ставілася звычайна нейкая бронзавая статуэтка, парцалянавая ваза, поўная сервіроўка будуарнага століка, навакол - альбомы, падсвечнікі, партманеты, вееры разам з кійкамі, парасонамі і безліччу іншай элегантнай драбязы. А сярэдзіну левай вітрыны - з узорамі гальштукаў, пальчатак, галёшаў і парфумы, - займалі цацкі, часцей за ўсё рухомыя.

Здаралася, што падчас гэтага самотнага занятку, у старым экспедэнту абуджалася дзіця. Тады ён даставаў і расстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які караскаўся на слуп, быў певень, які кукарэкаў, і мыш, якая бегала; цягнік рухаўся па рэйках, цыркавы клоун скакаў на кані, падымаючы над сабою другога клоуна, і некалькі пар кружылася ў вальсе пад гукі невыразнай музыкі. Пан Ігнацы накручваў усе гэтыя фігуры і адначасова пускаў іх у рух. А калі певень пачынаў спяваць, лапочучы жалезнымі крыламі, нежывыя пары - кружыцца, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавяныя пасажыры цягніка, што ехаў без мэты, пачыналі здзіўлена прыглядацца да яго, і ўвесь гэты лялечны свет у дрыготкім газавым асвятленні фантастычна ажываў, стары экспедэнт, абапёршыся на локці, ціха смяяўся і мармытаў:

- Хе! хе! хе! Куды гэта вы едзеце, вандроўнікі?.. Нашто ты вярэдзіш сабе карак, акрабаце?.. Чаго вам абдымацца, танцоры?.. Скончыцца завод і пойдзеце вы ўсе назад у шафу. Глупства, усё глупства!.. А вам, каб вы здольныя былі думаць, здавалася б гэта нечым важным!..

Пасля такога ці падобнага маналогу ён хутка збіраў цацкі і пачынаў нервова хадзіць па пустой краме, а за ім - яго брудны сабака.

"Глупства гандаль… глупства палітыка… глупства выправа ў Турцыю… глупства ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… Дзе ж праўда?.."

А з-за таго, што падобныя меркаванні ён выказваў часам у голас і на людзях, яго лічылі дзіваком, і шаноўныя пані, якія мелі дачок на выданні, не раз казалі:

- Вось што робіцца з мужчынам, калі ён застаецца старым кавалерам!

З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга ды звычайна абмяжоўваўся тымі вуліцамі, на якіх жылі ягоныя калегі або афіцыялісты крамы. Тады яго цёмна-зялёная альгерка [9] або табачнага колеру сурдут, шэрыя штаны з чорнымі лампасамі і выцвілы цыліндр, а перадусім, ягоная збянтэжанасць прыцягвалі агульную ўвагу. Пан Ігнацы гэта ведаў і на шпацыры выходзіў усё больш неахвотна. Ён лічыў за лепшае запаліць свечку, пакласціся на ложак і цэлымі гадзінамі ўглядацца ў сваё закратаванае вакно, за якім была відаць шэрая сцяна суседняга дому, упрыгожаная адзіным, таксама закратаваным, акенцам, а на ім бывала стаяў гарнушак з маслам або вісела заечая тушка.

Але чым менш ён выходзіў з дому, тым часцей марыў пра нейкае далёкае падарожжа - у вёску альбо за мяжу. Усё часцей ён сніў зялёныя палі і цёмныя лясы, па якіх блукаў бы, прыгадваючы маладосць. Паволі абудзілася ў ім глухая туга па тых краявідах, і ён пастанавіў: адразу пасля вяртання Вакульскага з'ехаць куды-небудзь на цэлае лета.

- Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў, - казаў ён калегам, якія невядома чаго ўсміхаліся з гэтых праектаў.

Па ўласнай волі адасобіўшыся ад людзей і ад прыроды, занураны ў імклівы, але вузкі вір гандлёвых інтарэсаў, ён адчуваў моцную патрэбу пагутарыць з некім. А з-за таго, што адным ён не давяраў, іншыя самі яго не хацелі слухаць, а Вакульскага не было, дык гаварыў сам з сабою і - у найвялікшым сакрэце - папісаў дзённік.



[1] Леон Гамбэт (1838-1882) - французскі палітык, які ў 1870 г. аб'явіў Францыю рэспублікай.

[2] У Польшчы ў ХІХ ст. была ўведзена расійская валюта, хоць на манетным двары білі польскія злотыя.

[3] Адзін польскі злоты раўняўся 15 капейкам.

[4] Гаворка пра Людвіка Напалеона Банапрата (1808-1873) - французскага палітычнага дзеяча, прэзідэнта Францыі (1848-1852), які пазней аб'явіў сябе імператарам (да 1870). Памёр на выгнанні ў Англіі.

[5] Опера Г. Мейербера, напісаная ў 1838 г.

[6] Жэцкі чытае шматтомнае выданне французскага палітыка і гісторыка Адольфа Луі Т'ера "Гісторыя консульства і імперыі", якая друкавалася ў 1845-1862 гг.

[7] Вайна супраць Аўстрыі за аб'яднанне Італіі.

[8] Венгерскі нацыянальны марш, напісаны ў XVII ст. для князя Францішка Ракачы.

[9] Мужчынскае футра.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX