Вярнуцца: Прус Баляслаў. Лялька

Раздзел трэці


Аўтар: Прус Баляслаў,
Дадана: 22-09-2011,
Крыніца: pawet.net.



ДЗЁННІК СТАРОГА ЭКСПЕДЭНТА

…Са смуткам назіраю я ў апошнія гады, што на свеце становіцца ўсё менш добрых экспедэнтаў ды разважных палітыкаў, бо ўсе стараюцца адпавядаць модзе. Сціплы экспедэнт кожны сезон апранае сподні новага фасону, капялюш у яго з кожным разам усё больш дзіўны і штораз іначай выкладзены каўнерык. Гэтак і цяперашнія палітыкі, кожны сезон мяняюць яны свае перакананні: некалі верылі ў Бісмарка, учора - у Гамбэта, а сёння - у Бікансфільда [1], які нядаўна яшчэ быў жыдком.

Ужо, відаць, забыліся, што ў краме не можна прыбірацца ў модныя каўнерыкі, а трэба іх прадаваць, бо іначай гасцям не будзе хапаць тавару, а краме - гасцей. У палітыцы ж не варта разлічваць на шчасліўцаў, а толькі на вялікія дынастыі. Метэрніх [2] быў гэтакі ж славуты, як і Бісмарк, а Пальмерстон [3] яшчэ больш слаўны за Бікансфільда, і хто сёння пра іх памятае? Тым часам род Банапартаў трос Еўропу пры Напалеоне І, потым пры Напалеоне ІІІ, і сёння, хоць некаторыя кажуць, што ён збанкрутаваў, род гэты ўплывае на лёс Францыі праз сваіх верных слуг Мак-Магона і Дзюкро.

Пабачыце яшчэ, што зробіць Напалеонак ІV [4], які паціху вучыцца вайсковаму майстэрству ў ангельцаў! Але я не пра тое. Бо ўся гэта пісаніна не пра Банапарта, а я хачу расказаць пра сябе, каб ведалі, як гадаваліся добрыя экспедэнты і, хоць невучоныя, але разумныя палітыкі. Для гэтага не трэба акадэмій, дастаткова прыкладу - дома і ў краме.

Бацька мой быў у маладосці жаўнерам, а пад старасць - кур'ерам у Камісіі ўнутраных спраў [5]. Трымаўся ён заўсёды проста, як жэрдка, меў невялікія бакенбарды і вус угору, шыю абкручваў чорнаю хусткаю і насіў срэбную завушніцу ў вуху.

Жылі мы ў Старым Горадзе разам з цёткаю, якая мыла і цыравала чыноўнікам бялізну. Было ў нас на пятым паверсе два пакойчыкі, дзе няшмат было дастатку, але шмат было радасці, прынамсі, для мяне. На нашай палавіне ганаровае месца займаў стол, на якім бацька, калі вяртаўся з канторы, клеіў канверты, у цётчынай жа - галоўнае месца належала балеі. Памятаю, што ў пагодныя дні я запускаў на вуліцы лятаўцаў, а ў слоту выдзьмухваў у хаце мыльныя бурбалкі.

Сцены ў цёткі скрозь былі завешаныя абразамі, але як бы шмат іх там не было, зраўняцца па ліку з партрэтамі Напалеона, якімі бацька аздобіў свой пакой, яны не маглі. Быў там адзін Напалеон у Егіпце, другі - пад Ваграмам, трэці - пад Аўстэрліцам, чацверты - пад Масквою, пяты - у дзень каранацыі, шосты - у бляску славы. Калі ж цётка, абураная гэткай колькасцю свецкіх карцін, павесіла на сцяну меднае распяцце, дык бацька, як ён казаў, каб не абразіць Напалеона, купіў сабе ягоны бронзавы бюст і таксама ўсталяваў над ложкам.

- Пабачыш, недаверак, - лямантавала цётка, - за гэткія фіглі кіпець табе ў смале.

- Э!.. Не дасць мяне імператар у крыўду, - адказваў бацька.

Часта прыходзілі да нас старыя бацькавы прыяцелі: пан Даманьскі, таксама кур'ер, але ў Камісіі скарбу [6], і пан Рачэк, у якога на Дунаі была ятка з гароднінай. Гэта былі людзі простыя (пан Даманьскі нават трохі любіў анісаўку), але разважныя палітыкі. Усе яны, і цётка з імі разам, самым катэгарычным чынам сцвярджалі, што хоць Напалеон І памёр у няволі, але род Банапартаў яшчэ пакажа сябе. Пасля першага Напалеона з'явіцца другі, а каб нават і той кепска скончыў, прыйдзе наступны, пакуль адзін за адным не ўпарадкуюць яны свет.

- Трэба быць заўсёды гатовым на першы покліч! - казаў мой бацька.

- Бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, - дадаваў пан Даманьскі.

А пан Рачэк з люлькаю ў зуба пацвярджаў сваю згоду пляўком ажно да цётчынага пакою.

- Наплюй мне, васпан, у балею, дык я табе дам!.. - крычала цётка.

- Можа еймосць і дасі, але я не вазьму, - прамармытаў пан Рачэк, цыркаючы слінаю ў бок печы.

- У… што за хамы гэтыя грэнадзёры! - гневалася цётка.

- Еймосці заўсёды ўланы былі даспадобы. Ведаю, ведаю…

Пазней пан Рачэк ажаніўся з маёй цёткаю…

…Жадаючы, каб я цалкам быў гатовы, калі праб'е час справядлівасці, бацька сам займаўся маёй адукацыяй.

Ён навучыў мяне чытаць, пісаць, клеіць канверты, але на першым месцы была муштроўка. Муштраваў ён мяне ўжо ў самым раннім дзяцінстве, калі ў мяне яшчэ кашуля з штаноў вылазіла. Я гэта добра памятаю, бо бацька, камандуючы: "Паўабароту на права!" альбо "Левае плячо наперад - марш!", цягнуў мяне ў адпаведным кірунку за хвост гэтай адзежыны.

Навука была па ўсіх правілах.

Не раз сярод ночы ён будзіў мяне воклічам: "Да зброі!" і муштраваў без увагі на цётчыну сварку і слёзы, а на завяршэнне казаў:

- Ігнась! Заўсёды будзь гатовы, вісус, бо не ведаем мы ані дня, ані гадзіны… Памятай што Банапартаў Бог паслаў, каб яны зрабілі на свеце парадак, і да таго часу не будзе ані парадку, ані справядлівасці, пакуль не споўніцца запавет імператара.

Не скажу, каб гэткая ж непахісная вера ў Банапартаў і ў справядлівасць, як у майго бацькі, была і ў абодвух ягоных сяброў. Не раз пан Рачэк, калі яму дапякаў боль у назе, паміж лаянкаю і войканнем казаў:

- Э, стары! Ведаеш, нешта занадта доўга чакаем мы новага Напалеона. Я сівы амаль стаў і здароўем падупаў, а яго як не было, гэтак і няма. Хутка пастанем мы дзядамі касцельнымі, а Напалеон ужо прыйдзе, хіба, паспяваць з намі на цвінтары.

- Знойдзе маладых.

- Што з тых маладых! Лепшыя яшчэ перад намі сышлі ў магілу, а малодшыя ніякага д'ябла не вартыя. Ужо ёсць сярод іх такія, што пра Напалеона і чуць не чулі.

- Мой і чуў, і будзе памятаць, - адказваў бацька, падміргваючы мне.

Пан Даманьскі яшчэ больш падаў духам.

- Паскудна робіцца на свеце, - казаў ён і ківаў галавою. - Харчы даражэюць, за кватэру ўвесь заробак садраць гатовы, нават што да анісаўкі - дык і там круцельства. Даўней вып'еш кілішак і ўжо вясёлы, а цяпер і пасля шклянкі цвярозы, нібы вады напіўся. Сам Напалеон не дачакаўся б справядлівасці.

На гэта бацька адказаў так:

- Будзе справядлівасць, нават каб і Напалеона не стала. Але і Напалеон з'явіцца.

- Не верыцца, - прабубніў пан Рачэк.

- А як з'явіцца, тады што? - спытаў бацька.

- Не дачакаемся мы гэтага.

- Я дачакаюся, - адказаў бацька. - А Ігнась пэўна ўжо дачакаецца.

Ужо тады бацькавы словы глыбока западалі мне ў душу, а пазнейшыя падзеі надалі ім цудоўны, амаль прарочы сэнс.

Блізка 1840 году бацька занядужаў. Здаралася, што па некалькі дзён не хадзіў ён на працу і, нарэшце, зусім злёг.

Пан Рачэк адведваў яго кожны дзень і аднаго разу, пазіраючы на яго ссохлыя рукі і пажоўклы твар, ціха прамовіў:

- Гэй, стары, ужо не дачакаемся мы, хіба, Напалеона.

На што бацька спакойна адказаў:

- Пакуль я пра яго не пачую, не памру.

Пан Рачэк пахітаў галавою, а цётка заплакала, мяркуючы, што бацька трызніць. Як тут было думаць што іншае, калі смерць ужо грукалася ў дзверы, а бацька яшчэ выглядваў Напалеона.

Было ўжо яму зусім блага, нават прыняў ён апошні сакрамэнт, калі праз пару дзён пан Рачэк прыбег да нас дзіўна ўзбуджаны і з сярэдзіны хаты загукаў:

- А ці ведаеш, стары, што з'явіўся Напалеон?.. [7]

- Дзе? - крыкнула цётка.

- Ды ў Францыі ж.

Бацька падхапіўся было, але зноў апаў на падушкі. Адно толькі працягнуў ён да мяне руку і з позіркам, якога мне век не забыць, прашаптаў:

- Помні!.. Усё помні…

І памёр.

Пазней у сваім жыцці я пераканаўся, якімі прарочымі былі бацькавы словы. Усе мы бачылі ўзыход другой напалеонаўскай зоркі, якая абудзіла Італію і Венгрыю [8], і хоць закацілася яна над Седанам [9], я не веру, што згасла назаўсёды. Што мне той Бісмарк, Гамбета ці Бікансфільд! Несправядлівасць да тае пары будзе ўладарыць на свеце, пакуль не вырасце новы Напалеон.

Праз колькі месяцаў пасля смерці бацькі пан Рачэк і пан Даманьскі разам з цёткаю Зузанаю сабраліся на нараду, што рабіць са мною. Пан Даманьскі хацеў забраць мяне ў сваю кантору і паволі вывесці ў чыноўнікі, паводле цёткі, найлепш было навучыцца рамяству, а пан Рачэк радзіў гандаль гароднінаю. Але калі яны запыталіся ў мяне, куды б я хацеў, дык я адказаў: "У краму".

- Хто ведае, можа гэта лепш за ўсё, - заўважыў пан Рачэк. - А да якога б купца ты хацеў?

- Да таго на Падвалю [10], у якога ў акне - палаш, а ў дзвярах - казак.

- Я ведаю, - здагадалася цётка. - Ён хоча да Мінцля [11].

- Можна паспрабаваць, - згадзіўся пан Даманьскі. - З Мінцлем мы ўсе знаёмыя.

А пан Рачэк на знак згоды цыркнуў слінаю аж да печы.

- Божа міласэрны, - заенчыла цётка, - цяпер гэты дрывалом, на мяне ўжо, хіба, пачне пляваць, як брата не стала… Вой, горкая я сірата!..

- Тае бяды! - сказаў пан Рачэк. - Выходзь еймосць замуж, дык і не будзеш ты сіратою.

- Дзе ж я знайду гэтакага дурня, каб мяне ўзяў?

- Э! Можа б я і сам ажаніўся з еймосцю, бо няма мне каму бакі шмараваць, - прамармытаў пан Рачэк, цяжка нахіляючыся да самай падлогі, каб выбіць попел з люлькі.

Цётка заплакала, і тады азваўся пан Даманьскі:

- Нашто тут доўгія цырымоніі. Еймосць засталася без апекі, у яго няма гаспадыні… Пабярыцеся і прыгарніце Ігнася, будзе ў вас нават дзіця. Ды і таннае дзіця, бо жыць і харчавацца будзе ў Мінцля, а з вас - толькі апратка.

- Га?.. - запытаў пан Рачэк, пазіраючы на цётку.

- Ну... аддайце спачатку хлопца ў навуку, а тады… можа, і асмелюся, - адказала цётка. - Я заўсёды адчувала, што марна скончу...

- Дык да Мінцля! - гукнуў пан Рачэк, падымаючыся з зэдліка. - Але глядзі, еймосць, каб не падманула мяне! - дадаў ён і пагразіў цётцы кулаком.

Яны пайшлі з панам Даманьскім і дзесьці гадзіны праз паўтары вярнуліся, абодва моцна зачырванелыя. Пан Рачэк засопся, а пан Даманьскі ледзь трымаўся на нагах, відаць таму, што сходы ў нас былі вельмі нязручныя.

- Ну што?.. - спытала цётка.

- Новага Напалеона пасадзілі ў Прахоўню [12], - адказаў пан Даманьскі.

- Не ў прахоўню, а ў крэпасць. А-у... А-у... - удакладніў пан Рачэк і шпурнуў шапку на стол.

- Але з хлопцам як?

- Заўтра хай ідзе да Мінцля з адзеннем і бялізнаю, - адказаў пан Даманьскі. - Не ў тую крэпасць А-у... А-у... а ў… Гам-Гам… або Хам… я нават не ведаю…

- Звар'яцелі, п'янюгі! - крыкнула цётка, хапаючы пана Рачка за плячо.

- Толькі без фамільярнасці! - абурыўся пан Рачэк. - Пасля шлюбу будзе і фамільярнасць, а цяпер… Павінны заўтра прыйсці да Мінцля з адзеннем і бялізнаю… Няшчасны Напалеон!..

Цётка выпхнула за дзверы пана Рачка, потым - пана Даманьскага і выкінула следам шапку.

- Прэч пайшлі, п'яніцы!

- Віват, Напалеон! - загарлаў пан Рачэк, а пан Даманьскі заспяваў:

Вандроўнік, калі ў наш бок сваё звернеш вока,

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Ягоны голас паступова цішэў на сходах, нібы ён спускаўся ў студню, потым замоўк, але зноўку даляцеў да нас ужо з вуліцы. Праз момант нарабілася там нейкага шуму, а калі я зірнуў у вакно, дык убачыў, што пана Рачка паліцыянт вядзе ў ратушу [13].

Гэткія вось прыгоды папярэднічалі майму ўступленню ў купецкі стан.

Краму Мінцля я ведаў даўно, бо бацька пасылаў мяне туды па паперу, а цётка - па мыла. Я заўсёды бег з радаснай цікаўнасцю, каб паглядзець на цацкі, што віселі за шыбамі. Памятаю, што быў там у вакне дужы казак, які куляўся праз галаву і махаў рукамі, а пры дзвярах - барабан, палаш і скураны конь з сапраўдным хвастом.

У сярэдзіне крама нагадвала доўгі склеп, канца якога я не мог разгледзець, бо ён губляўся у цемры. Але я ведаў, што па перац, каву і лаўровы ліст трэба ісці налева - да прылаўка, за якім стаялі вялізныя, ад падлогі да столі, шафы з шуфлядамі. Папера, атрамант, талеркі і шклянкі прадаваліся справа, дзе за прылаўкам былі шафы з шыбамі, а па мыла і крухмал трэба кіравацца проста ў глыб крамы, дзе бачны быў склад драўляных бочак і скрынак.

Нават скляпенне было занятае. Віселі там доўгімі шэрагамі капшукі з гарчыцай і фарбамі, вялізная лямпа з дашкам, якая зімою гарэла цэлы дзень, сетка з коркамі да пляшак, нарэшце, чучала кракадзілка, даўжынёю, можа, з паўтара локця [14].

Гаспадаром крамы быў Ян Мінцэль, ружовашчокі стары з сівым касмылём на падбароддзі. З раніцы да вечара ён сядзеў пры вакне на абабітым скураю фатэлі, апрануты ў блакітны мультановы кафтан і такі самы каўпак ды белы хвартух. Перад ім на стале ляжала вялізная кніга, у якую ён запісваў прыбытак, а над галавою ў яго вісела вязка дысцыплінаў [15], прызначаных, у асноўным, на продаж. Стары прымаў грошы, даваў гасцям рэшту, занатоўваў у кнігу, часам драмаў, але, нягледзячы на такую колькасць заняткаў ён невядома якім чынам пільна сачыў за гандлем ва ўсёй краме. А яшчэ на забаву вулічным мінакам ён час ад часу торгаў за шнурок казака, каб той скакаў у акне, і, нарэшце, што мне падабалася менш за ўсё, за розныя правіны караў нас адной з дысцыплінаў з тае вязкі.

Я кажу нас, бо кандыдатаў на цялеснае пакаранне было трох: я і двое пляменнікаў старога - Франц і Ян Мінцлі.

Гаспадарскую пільнасць і спрыт, з якім ён ужываў нагу сарны [16], я спазнаў ужо на трэці дзень свайго побыту ў краме.

Франц узважыў нейкай кабеціне на дзесяць грошаў разынак. Я ўбачыў, што адно каліва ўпала на прылавак (вочы ў старога якраз былі заплюшчаныя), ціхенька падняў яго і з'еў. І толькі пачаў было выкалупваць костачку, якая залезла ў зубы, як адчуў на плячах нібы дотык гарачага жалеза.

- А, шэльма! - крыкнуў стары Мінцэль і, не паспеў я зразумець, што адбываецца, як ён яшчэ некалькі раз перацягнуў мяне дысцыплінаю з галавы да ног.

Ад болю я звіўся ў клубок, але з таго часу ўжо ніколі не падымалася ў мяне рука ўзяць нешта ў краме і пакласці сабе ў рот. Міндаль, разынкі, нават ражкі набылі для мяне смак перцу.

Управіўшыся са мною гэткім чынам, стары павесіў дысцыпліну назад у вязку, запісаў разынкі і з самай добразычлівай мінай пачаў тузаць за шнурок казака. Я глядзеў на ягоны лагодны твар з прыжмуранымі вачыма і не мог паверыць, што ў гэтага зычлівага старога гэткая цяжкая рука. І толькі тады я заўважыў, што казак з боку крамы выглядае не так забаўна, як з вуліцы.

Крама наша была бакалейна-галантарэйна-мыльная. Бакалейныя тавары адпускаў гасцям Франц Мінцэль, трыццацігадовы маладзён з рудою галавой і заспанаю фізіяноміяй. Ён часцей за ўсіх атрымліваў ад дзядзькі дысцыплінаю, бо курыў люльку, позна станавіўся за прылавак, часцяком не начаваў дома, а горш за ўсё - нядбайна важыў тавар. І малодшы, Ян Мінцэль, які загадваў галантарэйным аддзелам і рухаўся не надта нязграбна, але ж быў такі далікатны, бываў таксама біты, але ўжо за тое, што краў каляровую паперу і пісаў на ёй лісты паненкам.

Толькі Аўгусту Кацу, працоўнае месца якога было пры мыле, нічога не трэба было нагадваць рэменем. Мізэрны гэты чалавеча вызначаўся надзвычайнай пунктуальнасцю. Ён раней за ўсіх прыходзіў на працу, як аўтамат, кроіў мыла і важыў крухмал, у самым цёмным кутку крамы еў, што давалі, нібы саромеўся, што мае людскія патрэбы. Вечарам а дзевятай ён некуды знікаў.

У гэтым атачэнні прайшлі восем гадоў майго жыцця, з якіх кожны дзень быў падобны на ўсе іншыя дні, як кропля восеньскага дажджу - на іншыя кроплі восеньскага дажджу. Уставаў я рана, а пятай, мыўся і падмятаў краму. А шостай адчыняў галоўныя дзверы разам з аканіцамі. У гэты момант аднекуль з вуліцы з'яўляўся Аўгуст Кац, ён здымаў сурдут, накладаў фартух і моўчкі станавіўся паміж бочкаю мыла шэрага і калонаю, выкладзенаю з брускоў мыла жоўтага. Потым праз дзверы з падворка з мармытаннем: Morgen! убягаў стары Мінцэль, ён папраўляў каўпак, даставаў з шуфляды кнігу, уціскаўся ў фатэль і пару раз шморгаў за шнурок казака. Толькі пасля яго прыходзіў Ян Мінцэль і, пацалаваўшы дзядзьку ў руку, станавіўся за свой прылавак, на якім летам біў мух, а зімою круціў пальцам ці кулаком нейкія фігуры.

Франца ў краму звычайна даводзілася клікаць. Ён уваходзіў з заспанымі вачыма, пазяхаючы, абыякава цалаваў дзядзьку ў плячо і потым цэлы дзень чухаў патыліцу, што магло азначаць дужую санлівасць або дужыя клопаты. Амаль не было ранка, каб дзядзька не крывіўся, гледзячы на яго манеўры, і не пытаўся:

- Ну… дзе гэта ты, шэльма, лётала?

Тым часам вуліца абуджалася, і за шыбамі крамы ўсё больш снавала прахожых. То служанка, то дрывасек, то еймосць у каптуры, то рассыльны ад шаўца, то ягамосць у канфедэратцы ішлі ў адзін і ў другі бок, як фігуры ў рухомай панараме. Па сярэдзіне вуліцы цягнуліся павозкі, бочкі, брычкі - туды і назад… Штораз больш людзей, штораз больш павозак, аж нарэшце ўтвараўся адзін вулічны паток, з якога кожную хвіліну нехта збочваў да нас па справунак.

- Перцу на тры грошы…

- Фунт [17] кавы, калі ласка…

- Папрашу ў пана рысу…

- Паўфунта мыла…

- На грош лаўровага лісту…

Паступова крама напаўнялася, у большасці прыслугаю ды бедна апранутымі гаспадынямі. Тады Франц Мінцэль моршчыўся вельмі моцна. Ён адчыняў і зачыняў шуфляды, закручваў тавар у шэрую паперу, узбягаў па драбінцы, ізноў закручваў - і ўсё гэта са скрушліваю мінай чалавека, якому не даюць прадыхнуць. Нарэшце, збіралася такая колькасць пакупнікоў, што і Ян Мінцэль, і я мусілі дапамагаць Францу.

Стары ўвесь час запісваў і даваў рэшту, раз-пораз прыстаўляючы палец да свайго белага каўпака, блакітны кутасік якога матляўся ў яго над вокам. Часам ён тузаў казака, а бывала з шыбкасцю бліскавіцы хапаў дысцыпліну і апярэзваў каторага з пляменнікаў. Вельмі рэдка я мог зразумець за што, а самі пляменнікі надта неахвотна тлумачылі мне выбухі ягонага гневу.

Каля восьмай наплыў пакупнікоў меншаў. Тады з глыбіні крамы з'яўлялася тоўстая служанка з кошыкам булак і кубкамі (Франц паварочваўся да яе спіною), а за ёю - маці нашага гаспадара, дробная бабуля ў жоўтай сукенцы, у вялізным чапцы на галаве і са збанком кавы ў руках. Яна ставіла на стол сваю пасудзіну, казала старэчым голасам:

- Gut Morgen, meine Kinder! Der Kaffe ist schon fertig… [18]

І пачынала разліваць каву ў белыя фаянсавыя кубкі.

Да яе падыходзіў стары Мінцэль і цалаваў у руку са словамі: "Gut Morgen, meine Mutter!" [19]

Пасля гэтага ён атрымліваў кубак кавы і тры булкі.

Потым падыходзілі Франц Мінцэль, Ян Мінцэль, Аўгуст Кац і апошні - я. Кожны цалаваў старой сухую руку, пакрэсленую блакітнымі жылкамі, кожны казаў:

- Gut Morgen, Grossmuter! [20]

І атрымліваў свой кубак кавы і таксама тры булкі.

Пасля таго, як мы спехам выпівалі каву, служанка забірала пусты кош ды брудныя кубкі, старая - свой збанок, і абедзве знікалі.

За вакном па-ранейшаму цягнуліся павозкі і рухаўся ў два бакі людскі паток, ад якога што хвіліну нехта адрываўся і заходзіў у нашу краму.

- Калі ласка, крухмалу…

- Папрашу міндалю на дзесяць грошаў…

- Лукрэцыі на грош…

- Шэрага мыла…

Бліжэй да поўдня запавольваўся рух ля бакалейнага прылаўка, затое ўсё часцей пачыналі ісці пакупнікі на правы бок крамы, да Яна. Тут куплялі талеркі, шклянкі, прасы, млынкі, лялькі, а часам вялікія парасоны, блакітныя або пунсовыя. Пакупнікі, кабеты і мужчыны, былі прыгожа апранутыя, яны рассаджваліся на крэслах, загадвалі паказваць ім шмат розных рэчаў, спрачаліся пра кошт і патрабавалі паказваць іншае.

Мне засталося ў памяці, што калі на левым боку крамы даводзілася папацець ад беганіны і запакоўвання тавараў, дык на правым - найбольшым клопатам было даўмецца: чаго той ці іншы госць сапраўды жадае, і ці купіць ён гэта? Аднак і тут шмат прадавалася, дзённы даход ад галантарэі быў нават у некалькі раз большы, чым ад бакалеі ды мыла.

Стары Мінцэль і ў нядзелю прыходзіў у краму. Раніцаю ён маліўся, а апоўдні загадваў мне ісці да яго на своеасаблівы ўрок.

- Sag mir - скажы мне: was ist das? - што гэта ёсць? [21] Das ist Schublade - гэта ёсць шуфляда. Паглядзі, што ляжыць у шуфлядзе. Es ist Zimmt - гэта цынамон. Для чаго патрабуецца цынамон? Для супу, для дэсерту патрабуецца цынамон. Чым ёсць цынамон? Гэта такі кара з аднаго дрэва. Дзе жыве такі дрэва - цынамон? У Індыі жыве такі дрэва. Глядзі на глобус - тут знаходзіцца Індыі. Дай мне на дзесяць грошаў цынамону… O, du Spitzbub!.. Я табе дам дзесяць раз дысцыпліна, дык будзеш ведаць, колькі прадаць на дзесяць грошай цынамон…

Такім чынам праходзілі мы кожную шуфляду ў краме і гісторыю кожнага тавару. А калі Мінцэль не надта стамляўся, дык ён яшчэ загадваў мне рашаць арыфметычныя задачкі, вучыў бухгалтэрыі або пісаць лісты ў інтарэсах крамы.

Мінцэль быў надзвычай акуратны, ён не трываў пылу, і сам сціраў яго з кожнае дробнае рэчы. Адных толькі дысцыплінаў ніколі не трэба было праціраць, дзякуючы нашым нядзельным урокам бухгалтэрыі, геаграфіі ды таваразнаўства.

Памалу, за некалькі гадоў мы так з ім зжыліся, што стары Мінцэль не мог ужо без мяне абысціся, а я нават ягоныя дысцыпліны стаў лічыць нечым неабходным у сямейных адносінах. Памятаю, як я не знаходзіў сабе месца ад роспачы, калі аднойчы папсаваў дарагі самавар, а стары Мінцэль, замест таго, каб схапіцца за дысцыпліну, прагаварыў толькі:

- Што ты зрабіла, Ігнац?.. Што ты зрабіла!..

Лепш бы я атрымаў лупцоўкі ўсімі ягонымі дысцыплінамі разам, абы не чуць мне той дрыготкі голас і не бачыць спалоханага позірку гаспадара.

Абедалі мы звычайна ў краме, спачатку абодва маладыя Мінцлі і Аўгуст Кац, а пазней - я і гаспадар. На святы ўсе мы збіраліся наверсе і садзіліся за адным сталом. На кожныя Каляды Мінцэль даваў нам падарункі, а яго маці ў вялікай таямніцы ўпрыгожвала для нас (і для свайго сына) ялінку. Нарэшце, у першы дзень кожнага месяца мы ўсе атрымлівалі заробак (мне належала 10 злотых). З гэтай нагоды кожны - я, Кац, абодва пляменнікі і прыслуга - павінны быў адчытацца, колькі яму ўдалося зэканоміць. Тое, што нехта не ашчаджае, то бок, не адкладае кожны дзень хаця б па некалькі грошай, было ў вачах Мінцля гэткім жа злачынствам, як і крадзеж. Я памятаю, як праз нашу краму без затрымкі прамільгнулі некалькі экспедэнтаў і некалькі вучняў, якіх гаспадар вытурыў толькі за тое, што яны не ашчаджалі грошай. Дзень, калі гэта высвятлялася, быў апошнім днём іх знаходжання ў краме. Не дапамаглі ані абяцанкі, ані просьбы, ані цалаванне рук з паданнем яму ў ногі. Стары нерухома сядзеў у фатэлі, не слухаў іхныя жальбы, а толькі паказваў пальцам на дзверы і паўтараў адно слова: fort! fort!.. [22] Прынцып гэты - ашчаджання грошай - зрабіўся у яго ўжо хваравітым дзівацтвам.

У гэтага добрага чалавека была адна загана і вось якая - ён ненавідзеў Напалеона. Сам яго ніколі не згадваў, але варта было яму пачуць прозвішча Банапарта, як ён рабіўся нібы шалёны - сінеў з твару, пляваўся і крычаў: шэльма! szpitzbub! разбойнік!..

Калі я ўпершыню пачуў тую брыдкую лаянку, дык ледзь не самлеў. Хацеў ужо сказаць старому нейкую дзёрзкасць і ўцячы да пана Рачка, які ажаніўся з маёй цёткаю, ды раптам прыкмеціў, як Ян Мінцэль з пад рукі шэпча штось Кацу і строіць яму міны. Я прыслухаўся і… вось што казаў Ян:

- Вярзе стары, вярзе! Напалеон быў хват, хоць бы таму, што гіцляў швабаў прагнаў. Праўда ж, Кац?

Аўгуст Кац толькі прымружыў вочы і кроіў мыла далей.

Ад здзіўлення я аслупянеў, але з гэтай хвіліны моцна палюбіў Яна Мінцля і Аўгуста Каца. З часам я пераканаўся, што ў нашай малой краме існуюць ажно дзве вялікія групоўкі, з якіх адна, што складалася са старога Мінцля і ягонай маці, вельмі любіла немцаў, а другая - з маладых Мінцляў і Каца - ненавідзела іх. Наколькі памятаю, адзін я заставаўся нейтральны.

У 1846 годзе дайшлі да нас весткі пра тое, што Людвік Напалеон уцёк з вязніцы [23]. Гэта быў адметны для мяне год, бо я стаў экспедэнтам, а наш гаспадар, стары Ян Мінцэль, скончыў жыццё пры досыць дзіўных акалічнасцях.

У той год гандаль у нашай краме крыху аслаб, ці то з прычыны агульнага неспакою [24], ці таму, што наш гаспадар занадта часта і занадта гучна лаяў Людвіка Напалеона, але людзі пачалі нас абмінаць, і нават нехта (можа Кац?) аднойчы разбіў нам шыбу ў акне.

Але гэты выпадак, замест таго, каб зусім адвярнуць ад нас публіку, наадварот, прывабіў яе ў краму, і цэлы тыдзень абароты ў нас былі дужыя, як ніколі, аж нам зайздросцілі суседзі. Праз тыдзень, аднак, штучнае ажыўленне спала, і крама зноў амаль апусцела.

Раз увечары, калі гаспадара не было ў краме, што ўжо само па сабе было фактам незвычайным, уляцеў нам праз шыбу другі камень. Спалоханыя Мінцлі пабеглі наверх шукаць дзядзьку, Кац выскачыў на вуліцу лавіць злачынцу, а потым з'явіліся два паліцыянты, якія цяглі за сабою… Прасіў бы я вас адгадаць каго... Нікога іншага, як нашага гаспадара, з абвінавачваннем, што гэта ён разбіў шыбу зараз, ды, напэўна, і раней…

Дарэмна стары ад усяго адракаўся, бо бачылі, як ён замахваўся, і, апроч таго, яшчэ адзін камень знайшлі ў яго… Пайшоў небарак у ратушу.

Справу пасля доўгіх апраўданняў і тлумачэнняў, вядома, спынілі, але стары з таго часу моцна затужыў і пачаў занепадаць. А пэўнага дня ён сеў у свой фатэль пад вакном, каб ужо не падняцца з яго. Так ён і памёр з барадою на гандлёвай кнізе ды са шнурком у руцэ, якім прыводзіў у рух казака.

Некалькі гадоў па смерці дзядзькі пляменнікі разам гаспадарылі ў краме на Падвалю і толькі дзесьці ў 1850 годзе яны падзяліліся: Франц застаўся на месцы з бакалейнымі таварамі, а Ян - з галантарэяй ды мылам - перабраўся на Кракаўскае прадмесце, туды, дзе мы зараз. Праз колькі гадоў Ян ажаніўся з прыгожаю Малгажатай Пфайфер, а яна (няхай спачывае ў спакоі), калі аўдавела, аддала сваю руку Стасю Вакульскаму, які атрымаў такім чынам у спадчыну ўсё напрацаванае двума пакаленнямі Мінцляў.

Маці нашага гаспадара жыла яшчэ доўга, калі ў 1853 годзе я вярнуўся з-за мяжы і пабачыў яе, дык пачувалася яна досыць добра. Як і раней, яна сходзіла раніцаю ў краму, як і раней, казала:

- Gut Morgen, meine Kinder! Der Kaffe ist schon fertig…

Толькі голас яе з году на год рабіўся ўсё больш ціхі, пакуль, нарэшце, не сціх навек.

У мой час гаспадар быў бацька і настаўнік сваім практыкантам і дбайны слуга краме, яго маці або жонка былі гаспадынямі, а ўсе сямейнікі - працаўнікамі. Цяпер гаспадар адно толькі хоча атрымліваць прыбытак з гандлю, рэдка калі ім цікавіцца і найбольш клапоціцца пра тое, каб ягоныя дзеці не парабіліся купцамі. Я тут не кажу пра Стася Вакульскага, у яго шчырыя намеры, а толькі наагул разважаю, што купец павінны сядзець у краме і сам гадаваць сабе працаўнікоў, калі хоча мець прыстойных.

Ходзяць чуткі, што Андрашы [25] запатрабавалі шэсцьдзесят мільёнаў гульдэнаў на непрадбачаныя выдаткі. Дык і Аўстрыя ўзбройваецца, а Стась тым часам піша мне, што вайны не будзе. Але ж ён ніколі не быў фанфаронам, дык, відаць, надта заангажваны ў палітыку, таму і сядзіць у Балгарыі, а не з любові да гандлю…

Цікава мне ведаць, што ён зробіць! Цікава!..



[1] Гаворка пра Беніяміна Дызраэля (1804-1881) - ангельскі палітык і прэмер-міністр.

[2] Клеменс Метэрніх (1773-1859) - аўстрыйскі палітык, ініцыятар рэакцыйнай палітычнай плыні ў Еўропе.

[3] Генры Пальмерстон (1784-1865) - ангельскі палітычны дзеяч ліберальнае плыні.

[4] Эўгеній Людвік (1856-1879) - сын Напалеона III. Пасля смерці бацькі ў 1874 г. назваўся Напалеонам IV, прэтэндуючы на французскі трон.

[5] Адміністрацыйны орган на тэрыторыі Польшчы пад уладаю Расіі. Існаваў у 1815-1868 гг.

[6] Своеасаблівае міністэрства фінансаў, якое існавала ў 1815-1867 гг.

[7] Гаворка пра спробу Напалеона ІІІ ў 1840 г. захапіць французскі трон.

[8] Жэцкі памылкова лічыць, што дзейнасць Напалеона ІІІ прывяла да Вясны народаў.

[9] У часе нямецка-французскай вайны Напалеон ІІІ трапіў у палон.

[10] Вуліца ў Старым Горадзе.

[11] У ХІХ ст. купцы нямецкага паходжання Мінцлі жылі ў Любліне.

[12] Гаворка пра няўдалы дзяржаўны пераварот Напалеона ІІІ у 1840 г., якога заключылі ў крэпасць. Прахоўняю ў Варшаве называлі турму, бо яна знаходзілася ў былым парахавым складзе.

[13] Размяшчалася на Тэатральным пляцы. У ратушы была паліцыя.

[14] Даўняя мера даўжыні, варшаўскі локаць - блізу 58 см.

[15] Кароткі бізун з некалькімі рамянямі.

[16] Ручку дысцыпліны рабілі з нагі сарны.

[17] Варшаўскі фунт раўняўся 405 г.

[18] Добрай раніцы, мае дзеці! Кава гатовая…

[19] Добрай раніцы, мая матуля!

[20] Добрай раніцы, бабуля!

[21] Ян Мінцэль сам перакладае з нямецкае на скажоную польскую мову.

[22] Прэч, прэч.

[23] 25 мая 1846 г. Людвіку Напалеону ўдалося ўцячы з турмы і трапіць у Англію.

[24] Гаворка пра дзейнасць у Польшчы таемных нацыянальна-вызваленчых арганізацый.

[25] Юліюш Андрашы (1823-1890) - венгерскі палітычны дзеяч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX