Вярнуцца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

Нязручны класік


Аўтар: Фядута Аляксандр,
Дадана: 28-11-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Імя Генрыка Жавускага не адразу згадваюць тыя, хто спрабуе ўспомніць кагосьці з польскіх пісьменнікаў. Хаця, ва ўсякім разе, адзін яго твор па праву лічыцца класічным. Гэта «Успаміны Сапліцы», поўны пераклад якіх беларускі чытач нарэшце трымае ў руках.

Справа зусім не ў ступені таленавітасці Жавускага - якраз яго талент ні ў кога з сучасных яму літаратараў i (31KB) Генрык Жавускі. чытачоў не выклікаў сумненняў. «Успаміны Сапліцы» таксама лічацца адной з найбольш выдатных кніг у польскай славеснасці, з якімі павінен пазнаёміцца кожны паляк, які паважае сябе. Справа хутчэй за ўсё ў яго характары i пазіцыі, якія дагэтуль робяць яго надзвычай нязручным класікам у вачах суайчыннікаў.

Ix вытокі - у выхаванні Жавускага. Ён нарадзіўся ў валынскім маёнтку Жавускіх 3 мая 1791 года, у сімвалічны дзень для Рэчы Паспалітай, калі ў Варшаве была прынята Канстытуцыя, закліканая рэфармаваць грувасткі механізм прыняцця дзяржаўных рашэнняў, ліквідаваць славутае liberum veto - права любога прадстаўніка шляхты адзінкавым волевыяўленнем паралізаваць рашэнне вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання - сейма. Аднак адначасова Канстытуцыя 3 мая ліквідавала i федэратыўную дзяржаву Рэчы Паспалітай, прывёўшы тым самым да цэнтралізацыі ўсёй улады ў руках караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Нараджэнне нашчадка ў такі знамянальны дзень ягоны бацька Адам Ваўжынец Жавускі мог бы лічыць знакам лёсу. Ix род быў цесна звязаны з гісторыяй польска-літоўскай дзяржавы. За адданую службу Крыстаф Жавускі атрымаў ад Жыгімонта III маёнткі пад Камянцом. Ягоны сын Станіслаў, які даслужыўся да пасады любельскага старасты, набыў вядомасць як адзін з польскіх камендантаў маскоўскага Крамля ў час польска-рускай вайны 1609 - 1612 гадоў Наступны галава роду Міхал Фларыян быў актыўным удзельнікам польска-шведскай вайны, палкоўнікам каралеўскіх войскаў i надворным каронным падскарбіем. Яго сын Станіслаў Мацвей дайшоў па службовай лесвіцы да самай высокай пасады - у 1726 годзе атрымаў булаву вялікага кароннага гетмана (галоўнакамандуючага ўсімі польскімі войскамі).

Старэйшы сын гетмана, Севярын Жавускі, быў не асабліва яскравай асобай, як i яго сярэдні брат, дзед Генрыка Жавускага, Станіслаў Фердынанд. Аднак гэтым двум бравым ваякам дадала яскравасці іранічная Фартуна, ператварыўшы ix у палітычных праціўнікаў (гэтую калізію Генрык Жавускі пазней апіша ў сваім другім бліскучым рамане «Лістапад» - «Listopad»). Затое асабістымі вартасцямі лёс шчодра надарыў ix малодшага брата, дваюраднага дзеда пісьменніка - Вацлава. Бясспрэчна, Вацлаў Жавускі быў адным з найвыдатных палітычных дзеячаў Рэчы Паспалітай перыяду яе заняпаду. Ён стаў адным з лідэраў вядомай радамскай канфедэрацыі - легітымнага выступлення шляхты, нязгоднай з рашэннем караля зраўняць у правах прадстаўнікоў іншых веравызнанняў (ix тады называлі дысідэнтамі) з католікамі i тым самым паслабіць уплыў Расіі на Рэч Паспалітую. Напачатку радамская канфедэрацыя была інспіравана расійскім паслом у Варшаве Мікалаем Рапніным, аднак Расія мела намер усяго толькі выкарыстаць яе для таго, каб напалохаць караля Станіслава Аўгуста перспектывай пазбаўлення трона. Як толькі ў гэтым адпала неабходнасць (кароль быў вымушаны згадзіцца на некаторыя ўступкі Расіі), лідэры радамцаў былі схоплены i сасланы ў глыб Расіі. Там, у цішыні ссылкі, удалечыні ад радзімы, Вацлаў Жавускі займаўся прыгожым пісьменствам - перакладаў Гарацыя i Мантэск'ё, пісаў вершы. Яшчэ да ссылкі ён захапляўся літаратурнай творчасцю, у прыватнасці, пісаў драмы для хатняга тэатра (захапленне, агульнае для ўсёй польска-літоўскай арыстакратыі).

Літаратурных здольнасцей не быў пазбаўлены i ягоны пляменнік, бацька аўтара «Успамінаў Сапліцы» - віцебскі кашталян граф Адам Ваўжынец Жавускі. Граф Адам таксама спрабаваў пісаць вершы, аднак жыццёвых уражанняў, які прымушалі б яго ганарыцца ўласным лёсам, на ягоную долю выпала значка меней. Вельмі хутка Рэч Паспалітая падверглася прымусоваму падзелу з боку тагачасных вялікіх дзяржаў - Расіі, Аўстрыі i Прусіі. Натуральна, што ўласна палітычную кар'еру Адам Ваўжынец ужо не мог здзейсніць. Заставалася толькі тугаваць на залатых часах шляхецкай вольнасці, адным з апошніх тэарэтыкаў якой яму давялося стаць: у 1790 годзе з-над яго пяра выйшла праца «Думкі аб рэформе рэспубліканскага праўлення» (да прыняцця Канстытуцыі 3 мая Рэч Паспалітая была рэспублікай, на чале якой стаяў выбарны кароль).

Праз дынастычныя шлюбы Жавускія былі ў роднасных сувязях з многімі вядомымі польскімі родамі. Жонка Адама Ваўжынца, маці Генрыка, была роднай пляменніцай славутага Тадэвуша Рэйтана, які сваім жыццём пацвердзіў адданасць ідэалам польска-літоўскай дзяржаўнасці.

Сям'я Жавускіх добра знаёмая чытачам за межамі Польшчы. Праўда, знаёмая з іншага боку. Яе праславілі амурныя справы дзвюх сясцёр Генрыка Жавускага, дочак Адама Ваўжынца. Старэйшая, Караліна, у першым шлюбе Сабаньская, якая была агенткай рускага разведчыка, генерала Яна Вітта, стала прадметам страсці адразу двух геніяў - Адама Міцкевіча i Аляксандра Пушкіна. Як сведчаць сучаснікі, Міцкевіч быў больш удачлівым у сваіх залётах, чым яго расійскі сабрат па літаратуры, аднак i руская паэзія ўзбагацілася дзякуючы пані Сабаньскай некалькімі бясспрэчнымі лірычнымі шэдэўрамі.

Яшчэ больш паспяховымі можна лічыць залёты другога вялікага пісьменніка да сястры Караліны i Генрыка: Эвеліна Жавуская, у першым шлюбе Ганская, стала апошнім каханнем Анарэ Бальзака, які ўрэшце, незадоўга да смерці, узяў з ёю шлюб i пакінуў ёй сваё імя i належнае месца ў гісторыі сусветнай культуры.

Аднак уласна літаратурная вядомасць выпала толькі на долю графа Генрыка Жавускага. Узгадаваны з усведамленнем былой велічы свайго роду, граф Генрык, здавалася, быў прызначаны лёсам для таго, каб зрабіць кар'еру ваеннага. Тым болей, што станаўленне яго як асобы супала з апошняй адносна паспяховай спробай адраджэння польскай дзяржаўнасці ў XIX стагоддзі: Напалеон Банапарт паводле Тыльзіцкага міру стварыў Герцагства Варшаўскае, у арміі якога малады граф Жавускі ў 1808 годзе ваяваў супраць аўстрыйцаў. Гэтае баявое хрышчэнне прынесла яму чын паручніка, аднак далей вайсковая кар'ера графа спынілася: Генрык вярнуўся ў бацькоўскі маёнтак, а потым выправіўся падарожнічаць, фамільная маёмасць пакуль што дазваляла яму гэта.

У 1825 годзе, у час падарожжа па Крыме, Генрык Жавускі знаёміцца з маладым выпускніком Віленскага універсітэта, пачынаючым паэтам Адамам Міцкевічам, высланым з роднага краю за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве філаматаў Цікавасць да гісторыі ix агульнай радзімы, несумненна, павінна была зблізіць двух літаратурна адораных людзей. Так i сталася. Нягледзячы на ўсю супярэчлівасць сваёй натуры, Генрык Жавускі застанецца адным з адданых сяброў i нязменным прыхільнікам творчасці вялікага паэта-прарока.

Ix другая сустрэча адбылася ў Рыме, у 1830 годзе, калі прызнаны на той час паэт Міцкевіч, які стаў своеасаблівым сімвалам польскага рамантызму, пачуе ад свайго суразмоўцы Жавускага некалькі бліскучых празаічных імправізацый на тэмы нацыянальнай гісторыі. Сам ён, як найвыдатны імправізатар (літаратуразнаўцы справядліва лічаць, што менавіта Міцкевіча апісаў Аляксандр Пушкін у «Егіпецкіх начах»), як належыць ацаніў гэтую здольнасць сябра i нараіў запісаць тыя імправізацыі, выкананыя як бы ад імя старога літоўскага шляхціца Севярына Сапліцы. Калі збянтэжаны нечаканымі кампліментамі апавядальнік запярэчыць, што ён не ўмее пісаць вершы, Міцкевіч усклікне: «Пакінь вершы мне! Пішы прозу!» - i паабяцае, што ўвекавечыць імя Сапліцы ва ўласным паэтычным творы.

Так, паводле падання, якое старанна культываваў сам Жавускі, верагодна, Міцкевічу прыйшла ў галаву назва маёнтка, у якім адбываецца дзеянне «Пана Тадэвуша» - Сапліцова. А вялікая літаратура польскага рамантызму, шчодрая на бліскучую паэзію, узбагацілася першым бясспрэчным празаічным шэдэўрам. Гісторыя выклікае ў памяці ўспамін Гогаля аб тым, як Пушкін падараваў яму сюжэты «Мёртвых душ» i «Рэвізора». Аднак яе рэальнасць, са спасылкай на абодвух удзельнікаў, засведчыў сын паэта, Уладзіслаў Міцкевіч.

Хто ж такі Севярын Сапліца? Гэта прыдуманая асоба, ад імя якой вядзецца апавяданне ў кнізе Генрыка Жавускага. Аднак у гэтага прыдуманага персанажа ёсць свая біяграфія, якую можна лёгка прасачыць па ягоных аповедах. Сам пра сябе пан Севярын апавядае ў гавэндзе «Пан Чапскі»: «Якраз у той год, калі я нарадзіўся, Масква дапамагала Аўгусту III у барацьбе супраць Ляшчынскага», а гэта азначае, што нарадзіўся ён у 1733 або ў 1735 годзе. Далей жыццёвы шлях яго супадаў з біяграфіямі мноства дробных шляхціцаў XVIII стагоддзя. У пяцігадовым узросце ён застаўся без бацькі, быў нелюбімым сынам у доме айчыма, знайшоў прытулак у сям'і дзядзькі, судовага вознага ў Наваградку. Вучыўся ў езуіцкай школе, ды яшчэ дзядзюхна паспяхова навучаў яго асновам судовай казуістыкі, што пазней дапамагло юнаму Севярыну выклікаць сімпатыю ў магната Багуслава Агінскага (такой персоны на рэальным генеалагічным дрэве Агінскіх мы не знаходзім, але чытачы кнігі Жавускага, відаць, i не шукалі яе, задавальняючыся падабенствам сітуацыі i рэальным славутым прозвішчам). Такое было сапраўдным шацункам: у цяні магутнага магната дробны шляхціц меў магчымасць узбагаціцца, атрымаць за службу невялікі маёнтак, а пазней стаць i палітычнай фігурай у час сеймаў i сеймікаў, калі кожны голас цікавіў буйных магнатаў, якія лабіравалі ўласныя інтарэсы. Магнаты, якія рэдка адчувалі недахоп грошай, умелі цаніць адданасць i шчодра аплочвалі верных слуг.

Адсюль i вынікае фанатычная вера Сапліцы ў прэзумпцыю невінаватасці ягонага яснавяльможнага патрона, непрыхільнасць да караля Станіслава Аўгуста, які імкнуўся абмежаваць магнацкае своеўладства ў Рэчы Паспалітай (караля-няўдачніка Сапліца пагардліва абзывае «Цяля» - гэтая жывёліна была на родавым гербе Панятоўскіх). Адсюль вынікае i ягонае шчырае захапленне авантурыстам Каралем Радзівілам Пане Каханку, пад апеку якога Севярын перайшоў пасля смерці свайго заступніка i няўдалага ўдзелу ў барскай канфедэрацыі. За адданасць Радзівілу Сапліцу давялося разлічвацца апалай. Але, як гэта i ўласціва шляхціцу, ад пагарды Сапліца імгненна пяройдзе да захаплення каралём пасля таго, як той памірыўся з Пане Каханку: супрацьстаянне мела не столькі прынцыповы, колькі асобасны характар.

Гэгая тыповая біяграфія ў нейкі момант рантам перасякаецца з гісторыяй роду самога пісьменніка. Севярын Сапліца жэніцца з Магдаленай Багушэвічавай, беднай родзічкай пані Рэйтан, жонкі наваградскага падкаморыя Рэйтана; згадаем, што з Рэйганамі парадніліся i Жавускія. I ад гэтага фіктыўная біяграфія фіктыўнага апавядальніка здаецца не проста ўплеценай у гісторыю дзяржавы i народа: чытач верыць у яе як у рэальнасць, як верыць i ў тое, што ў час свайго візіту ў Нясвіж кароль Станіслаў Панятоўскі даруе яму, як i іншым прыхільнікам Радзівілаў, а пасля надасць чын парнаўскага падчашага - але ў чытачоў не будзе ўжо ні часу, ні жадання шукаць па даведніках, ці існуе яно, гэтае самае мястэчка Парнавы, ці яно цалкам, разам з яго падчашым, выдумана Генрыкам Жавускім.

А верыць чытач усяму гэтаму з тае прычыны, што ён не столькі перагортвае старонкі кнігі, але i нібыта чуе голас старога Сапліцы, які расказвае ўнукам шляхецкія гавэнды, у якіх праўда цесна пераплецена з выдумкай, гісторыя - з фантазіяй, асабісты лёс шараговага шляхціца - з лёсам Рэчы Паспалітай. Гавэнда - вуснае апавяданне, дакладней, стылізацыя пад яго, гэткая псеўдагістарычная байка, у якой сапраўдны аўтар (пісьменнік) хаваецца за маскай прыдуманага ім персанажа, што ў думках вяртаецца ў гістарычнае - i ўласнае - мінулае, i таму ягоны аповед выдае злёгку збіўлівым i блытаным. Але вымысел усё роўна здаецца чытачу праўдай, таму што апавядальнік гаворыць толькі аб тым, што магло i павінна было здарыцца з ім паводле адвечнага закону неабходнасці i заканамернасці, які з'яўляецца рухавіком любога гістарычнага аповеду (а менавіта так вызначаў адрозненне паэта ад гісторыка - гісторык расказваў усяго толькі пра тое, што было ў сапраўднасці, - вялікі Арыстоцель, якога, напэўна, чытаў у езуіцкім вучылішчы Севярын Сапліца i абсалютна дакладна, што чытаў выхаванец езуітаў Генрык Жавускі). У форме гавэндаў напісаны многія мемуары польска-літоўскіх шляхціцаў XVIII стагоддзя, надзвычай папулярныя ў часы стварэння «Успамінаў Сапліцы» (і адкрытыя беларускаму чытачу Адамам Мальдзісам у яго выдатнай кнізе пра жыццё беларусаў у XVIII стагоддзі). Увогуле, для пісьменнікаўрамантыкаў цікавасць да нацыянальнай гісторыі была надзвычай характэрнай; што ж тады казаць пра польскіх рамантыкаў, якія сумавалі па былой велічы падзеленай на часткі краіны, расколатага народа! Велізарнай папулярнасцю далёка за межамі польскіх земляў карысталіся, да прыкладу, «Песні гістарычныя» Юльяна Урсына Нямцовіча, выкарыстаныя рускім паэтам Кандраціем Рылеевым у якасці ўзору падчас стварэння ягоных «Дум» i «Вайнароўскага». Згадаем, што i слава Адама Міцкевіча ў многім грунтуецца на яго гістарычных паэмах «Конрад Валенрод», «Гражына», шматлікіх баладах, напісаных на гістарычныя сюжэты. Ды ў аснове «Пана Тадэвуша» ляжыць хай сабе i параўнаўча нядаўняя (1812 год), але ўсё ж гераічная нацыянальная гісторыя.

Але Генрык Жавускі, узнаўляючы героіку мінулага, глядзіць на яе так, як Генрых Шліман глядзеў, напэўна, на траянскія вазы i мікенскае золата. Ён нібыта ставіць сабе мэту пераканаць чытача i самога сябе ў тым, што гэта была бліскучая краіна, што былі i гэтыя гераічныя натуры, былі подзвігі i страсці, пра якія варта ўспамінаць да сённяшніх дзён. Але пры гэтым сам аўтар абсалютна цвяроза глядзіць на ўсё, пра што піша, ён добра разумеў, што шляхецкая Рэч Паспалітая - нібы тая Атлантыда, што патанула ў бязмежным акіяне: падняць на паверхню можна толькі яе рэшткі, каб па ix аднавіць карціну колішняга свету. Але вярнуць яе - ах, нельга! Ідэалізацыя мінулага адгукаецца ў ім гістарычным песімізмам.

Гэта бачна i па тым, як супярэчліва паводзіць сябе Жавускі пасля выхаду «Успамінаў Сапліцы» «Успаміны» бы л i выдадзены ананімна ў Парыжы ў 1839 годзе, 165 гадоў таму назад. А ўжо праз тры гады, пад псеўданімам Яраш Бейла, Жавускі выпускае ў свет двухтомнік «Жыццёвыя дробязі», у якім у жанры эсэ i гавэнды якраз i гаворыць пра немагчымасць вярнуць страчаную веліч Рэчы Паспалітай. Калі ўжо яе нельга вярнуць, то, значыць, патрэбна супрацоўнічаць з той дзяржавай, у якой жывеш. Жыў Жавускі ў Расіі, а таму выходзіла, што ён заклікаў сваіх супляменнікаў супрацоўнічаць менавіта з расійскай дзяржавай. Што i пацвердзіў уласным прыкладам, стаўшы чыноўнікам па асобных даручэннях пры расійскім намесніку Польшчы фельдмаршале Іване Паскевічу, які пры імператары Мікалаі I быў дэманстратыўна ўганараваны за разгром Варшаўскага паўстання 1830 - 1831 гадоў тытулам святлейшага князя Варшаўскага.

Калі б у біяграфіі Жавускага не было гэтай досыць супярэчлівай старонкі, то i месца на Алімпе айчыннай славеснасці ўдзячная Польшча яму забяспечыла б. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць гавэнду, прысвечаную легендарнаму ксяндзу Марэку, прамоўцу, чые пропаведзі запальвалі іскры патрыятызму ў сэрцах слухачоў. Ксяндзу Марэку, персанажу поўнасцю гістарычнаму, прыпісваецца натхнёнае прароцтва аб тых будучых часах, калі Польшча зноў стане незалежнай i свабоднай ад Расіі, i ксёндз-прарок стаў героем не толькі кнігі Жавускага, але i твораў многіх іншых польскіх рамантыкаў, уключаючы Юльюша Славацкага. Прыгадаем, што i адзін з галоўных герояў-патрыётаў «Пана Тадэвуша», Яцак Сапліца, будзе хавацца пад маскай ксяндза Робака; гавэнда «Ксёндз Марэк» была створана Жавускім адной з першых у санліцаўскім цыкле, а таму яе якраз i мог чуць у Рыме Адам Міцкевіч.

Кожная старонка аповедаў пана Севярына Сапліцы - Генрыка Жавускага - прасякнута непрыхаваным захапленнем бессмяротным сармацкім духам старой польскай шляхты; гэта як у гімне легіёнаў Дамброўскага, што стаў гімнам вольнай i адроджанай Польшчы: «Яшчэ Польшча не памерла, пакуль мы жывыя...»

Аднак «Жыццёвыя дробязі» Яраша Бейлы былi ўспрыняты як маніфест адступніцтва. Ад Жавускага чакалі зусім іншага. Пісьменнік, які апеў героіку барацьбы за шляхецкія вольнасці, стаў адкрытым калабарантам, што i засведчыў пісьмова. Ягоная любоў да гераічнага мінулага свайго народа змянілася горкім скепсісам у адносінах да зусім не гераічнай сучаснасці. Генрык Жавускі добра разумеў, што вытокі будучыні заўжды хаваюцца ў мінулым, што без разумення мінулага немагчыма прадухіліць памылкі ў наступным. Менавіта празмерная любоў да Рэчы Паспалітай, апетая ў трактаце Адама Ваўжынца Жавускага, бацькі пісьменніка, прывяла ў выніку да яе надзення. I гэта не дзіўна: урэшце, абараняючы liberum veto i іншыя шляхецкія вольнасці, змагаючыся супраць цэнтралізацыі дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай, супраць падаткаў на ўтрыманне рэгулярнай каралеўскай арміі, продкі Жавускага, якія ненавідзелі Расію шчыра, якраз i набліжалі яе перамогу, ствараючы для свайго нашчадка сітуацыю, калі іншага выбару, акрамя працы на пераможцу, здавалася, не было. Так лічыў хаця б сам Генрык Жавускі, які заўсёды цвяроза ацэньваў не толькі гісторыю свайго роду, але i гісторыю Радзімы.

Можна было далучыцца да паўстанцаў, як гэта зрабіў Міцкевіч, але ў Жавускага падобнага жадання не ўзнікла. Яго лёсам у жыцці i палітыцы стаў непрыхаваны канфармізм. Уласна кажучы, Жавускі дэманстраваў гэта ледзь не штотыднёва ў сваёй практычнай журналісцкай дзейнасці - спачатку ў «Тыгодніку Пецярбургскім», выдаўнік i рэдактар якога, ураджэнец Слонімшчыны Юзаф-Эмануэль Пшацлаўскі, быў завочна прыгавораны да смяротнага пакарання паўстанцамі-варшавянамі, а затым i ў «Дзённіку Варшаўскім», які Жавускі заснаваў з бласлаўлення расійскіх улад у 1851 годзе. (Нагадаем, што крыху раней Адаму-Ганорыю Кіркору заснаваць газету на польскай мове не дапамагло нават хадайніцтва зусім добранадзейнага Фадзея Булгарына.) Канфармізм адштурхнуў ад Жавускага i другога вядомага гістарычнага пісьменніка, Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, «польскага Вальтэра Скота», які ў той час рэдагаваў віленскі часопіс «Атэнеум». Вядома, што ix цеснае супрацоўніцтва з Жавускім вельмі хутка закончылася разрывам па прынцыповых прычынах.

Далейшая творчасць Жавускага несла на сабе адбітак палемікі вакол «Жыццёвых дробязяў». Нават у сваім другім бясспрэчным шэдэўры - рамане «Лістапад», прысвечаным няўдалай спробе прыхільнікаў Радзівіла Пане Каханку ўкрасці Станіслава Аўгуста, аўтар зрываецца i ў заўвагах да рамана уступае ў спрэчку з завочнымі апанентамі. Што да іншых твораў Жавускага - «Рыцар Ліздзейка», «Кракаўскі замак», «Тэафраст Польскі» - яны, без сумневу, значна слабейшыя нават за «Лістапад», не кажучы ўжо аб «Успамінах Сапліцы».

Калі б гэтых дзвюх кніг не было, то імя Генрыка Жавускага, бясспрэчна, было б цікавым толькі даследчыкам гісторыі грамадскай думкі ў самой Польшчы. Але «Успаміны Сапліцы» назаўжды заваявалі яму пачэснае месца першага рамантычнага празаіка Польшчы, увайшоўшы - ледзьве не насуперак яго ўласным пераконанням - у залаты фонд польскай літаратуры. Прычым уплыў гэтага твора Жавускага будзе настолькі значным, што мы легка заўважым сляды яго на лепшых старонках трылогіі яго вялікага цёзкі i паслядоўніка Генрыка Сянкевіча, чый геній, несумненна, намнога пераўзыходзіў талент Жавускага, але чые гістарычныя раманы былі б немагчымымі без гавэндаў старога Сапліцы, Услухайцеся ў байкі пана Заглобы - вы пачуеце водгалас аповедаў парнаўскага падчашага.

Аднак калі б справа была толькі ў гэтым, Генрык Жавускі, напэўна, стаў бы для беларускага чытача толькі адным з многіх класікаў суседняга, хаця i братняга народа. Але «Успаміны Сапліцы» заслужылі ганаровае месца на кніжнай паліцы любога беларуса, які цікавіцца нацыянальнай гісторыяй. Гэта звязана з тым, што Жавускі апавядае не толькі аб гісторыі Польшчы, але ў першую чаргу аб гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў уніі Кароннай Польшчы з Вялікім Княствам бачыў пісьменнік гарантыю захавання велічнага сармацкага духу. I на старонках «Успамінаў Сапліцы», а пазней «Лістапада» адзін за адным з'яўляюцца продкі сучасных беларусаў, ад Радзівілаў да Рэйтана, ад Агінскіх да Сангушак i Сапегаў. Чытачы разам з імі пройдуць па знаёмых дарогах, сустракаючы ў гавэндах Жавускага найменні родных гарадоў i мястэчкаў Ды i сам герой-апавядальнік гэтай кнігі, Севярын Сапліца, не столькі паляк, колькі ліцвін, наш зямляк з Наваградчыны, гатовы ўслед за Міцкевічам паўтараць: «Літва, мая айчына, ты як здароўе...» А можа, i гэта

Міцкевіч паўтарыў услед за Сапліцам? Хто ведае, у жыцці, як у гавэндзе, гісторыя пераплятаецца з выдумкай, прымушаючы чытача верыць у тое, чаго не было...

Памёр Генрык Жавускі 28 лютага 1866 года ў сваім маёнтку Цуднове. Тут гісторыя яшчэ раз звяла яго з Беларуссю, хаця сам пісьменнік пра гэта, магчыма, нават i не падазраваў. Менавіта ў Цуднове, у старым графскім доме на пятнаццаць год раней, у сакавіку 1851 года, памёр першы ісласік польскамоўнай літаратуры на Беларусі, які ўсведамляў сябе не ліцвінам, а беларусам, стваральнік «Шляхціца Завальні» Ян Баршчэўскі. Прытулак вымушанаму пакінуць Пецярбург Баршчэўскаму дала жонка Генрыка Жавускага, графіня Юлія, па нараджэнні Грахоўская. Не выключана, што пісьменнікі маглі сустракацца яшчэ ў Пецярбургу: успомнім, што «Тыгоднік Пецярбургскі», адным з бясспрэчных ідэолагаў якога быў Жавускі, вельмі добразычліва адносіўся да выдавецкіх праектаў Баршчэўскага, у прыватнасці, да альманаха «Незабудка». Сам жа Баршчэўскі хутчэй за ўсё быў знаёмы з творчасцю свайго гасціннага гаспадара i, на наш погляд, у пэўнай ступені зведаў яго ўплыў: ва ўсякім разе, у стылістыцы «Шляхціца Завальні» чуецца водгалас «Успамінаў Сапліцы».

Выдаючы першы поўны пераклад «Успамінаў Сапліцы» на беларускую мову, выкананы стваральнікам беларускай версіі «Крыжакоў» Генрыка Сянкевіча Міхасём Кенькам, выдавецтва «Лімарыус» тым самым аднаўляе гістарычную справядлівасць, уводзячы шэдэўр Генрыка Жавускага ў кола чытання ўсіх прыхільнікаў беларускай нацыянальнай гісторыі. Кніга, напісаная палякам i для палякаў, робіцца адначасова i кнігай для беларусаў, даючы i сучаснаму нашаму чытачу ўрокі рамантычнага патрыятызму, той бязмежнай любові да Радзімы, якая адчуваецца ў кожным слове парнаўскага падчашага, звернутым да нас, нашчадкаў.

Каментар

«Успаміны пана Севярына Сапліцы» - твор гістарычны, ды i напісаны ён ужо даўно, у дзевятнаццатым стагоддзі. У ім сустракаецца досыць многа слоў, якія сучаснаму чытачу могуць аказацца незразумелымі. Галоўны герой твора, ад 'шя якога вядзецца апавяданне, быў адукаваным чалавекам, займаў пасады ў судовых установах Вялікага Княства Літоўскага. Яго мова насычана юрыдычнымі тэрмінамі, а таксама лацінскімi словамі i выразамі, якімі ў тыя часы перасыпалі сваю гаворку адукаваныя людзі ў Польшчы, а юрысты i с вятары асабліва. Ён расказвае пра гістарычныя падзеі, аб якіх мы часам нічога не ведаем, згадвае невядомыя нам прозвішчы, яісія нічога нам не гавораць, згадвае пра факты, з'явы, назвы паселішчаў i г. д. Усё гэта патрабуе тлумачэнняў.

Лацінскія словы i выразы дзеля зручнасці чытання перакладзены у дужках у самім тэксце. Іншае тлумачыцца ў каментары да кож нага раздзела.

Свецкія i духоўныя званні, тытулы, службовыя i прыдворныя пасады ў Польшчы i Вялікім Княстве Літоўскім тлумачацца асобна:

Абат - настаяцель каталіцкага мужчынскага манастыра, каталіцкі святар.

Аканом - упраўляючы маёнтка.

Асэсар - судовы засядацель.

Атаман - ваенна-адмінісхрацыйная пасада ў казацкіх войсках. Разнавіднасці - вайсковы, станічны, кашавы атаман. Акрамя таго, атаманамі называлі кіраўнікоў груповак разбойнікаў.

Афіцыял - судовы чыноўнік.

Баніцыя - выгнанне за межы дзяржавы.

Баярын - прадстаўнік асабіста вольнага сялянста у Вялікім Княстве Літоўскім, які валодаў зямельным надзелам на ўмовах нясення каралю або буйнаму феадалу адміністрацыйных абавязкаў (путныя баяры), або ваеннай службы (панцырныя баяры).

Біскуп - асоба вышэйшага святарскага сану, духоўны чын, які стаіць на чале парафіі (епархіі).

Брыгадзір - званне ў царскім войску ў XVIII ст., прамежкавае паміж званнем палкоўніка i генерал-маёра.

Бурмістр - вышэйшая па пасадзе асоба ў гарадскім самакіраванні.

Ваявода - службовая асоба, кіраўнік ваяводства.

Возны - ніжэйшы судовы чыноўнік.

Войскі - службовая асоба, наглядаў за парадкам у наветах.

Войт - галава магістрата на вёсцы, нрадстаўнік феадальнай адміністрацыі.

Гараднічы - галава горада, нрызначаўся з ліку мясцовай шляхты.

Гвардыян - кіроўца кляштара ў францысканскіх мніхаў, абіраўся на тры гады.

Гетман, гетман Вялікага Княства Літоўскага - вышэйшая вайсковая асоба ў Рэчы Паспалітай i ВКЛ.

Дэпутат - так называўся шляхціц, абраны на сейміку для засядання ў якасці суддзі на трыбуналах.

Есаул - вайсковае званне ў казацкім войску.

Ігумен - настаяцель праваслаўнага мужчынскага манастыра.

Каморнічы - прыдворная насада пры двары караля або князя, загадваў прыслугай i маёмасцю.

Канонік - каталіцкі святар, адміністрацыйная асоба ў каталіцтве.

Канцлер - канцлер Вялікага Княства Літоўскага, начальнік канцылярыі, член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі. Лічыўся другім міністрам пасля маршалка. Падканцлер - намеснік канцлера. Падканцлер быў хавальнікам дзяржаўных архіўных актаў.

Канюшы - пасада, прыдворнае званне. Наглядаў за прыдворнымі стайнямі.

Капелан - вайсковы святар у арміі, святар нры капеле.

Кардынал - другі пасля паны рымскага тытул у іерархіі каталіцкай царквы. Кардыналы прызначаюцца папам.

Кашталян - прыдворная пасада. Загадваў замкам, выконваў пэўныя судовыя абавязкі.

Крайчы (каронны ці літоўскі) - прыдворны чын, ганаровая пасада.

Лаўнік - службовая асоба ў магістраце.

Лоўчы - службовая асоба пры двары, займаўся арганізацыяй паляванняў.

Маршалах - вышэйшае прыдворнае званне, кіраваў дваром вялікага князя, загадваў прыдворнай вартай i каралеўскай гвардыяй, прызначаў дваран. Былі таксама маршалкі гаспадарскія, павятовыя, дворныя, сеймавыя, дворскія, трыбунальскія. Маршалкамі называлі, як апісана ў аповесці, нават старэйшых у класах езуіцкіх вучылішчаў. Выбіралі маршалкаў i канфедэраты.

Мечнік - прыдворная пасада ў Польшчы i ВКЛ, у час урачыстасцей нёс перад манархам аголены меч як сімвал вайсковай улады.

Нунцый - пастаянны дыпламатычны прадстаўнік папы рымскага ў іншых краінах.

Падкаморы - суддзя па разгляду скаргаў i спрэчак аб межах зямельных уладанняў паміж феадаламі, прыдворная пасада, адказваў за парадак у пакоях вялікага князя.

Падскарбі - службовая асоба ў Польшчы i ВКЛ, дзяржаўны казначей.

Падстолі - прыдворная пасада ў Польшчы i ВКЛ.

Падчашы - прыдворная пасада ў Польшчы i ВКЛ пры каралеўскіх i княскіх дварах, намеснік стольніка. У XIX ст. ганаровае званне.

Пробашч - кіраўнік парафіі, настаяцель парафіяльнага касцёла.

Прымас - тытул у каталіцтве, першы сярод біскупаў.

Прэлат - тытул архібіскупа, біскупа i канонікаў у каталіцтве.

Прэфект - вышэйшая ўрадавая пасада ў правінцыі, акрузе.

Радца - службовая асоба ў гарадскім самакіраванні.

Сенатар - прадстаўнік неабранай часткі сейма.

Сіндзік - член сінода. Сіндзікам называлі таксама мніха з кляштара, які загадваў яго фінансавымі i юрыдычнымі дачыненнямі са свецкімі ўладамі.

Скарбнік - службовая асоба ў ВКЛ, памочнік падскарбія.

Солтыс - вясковы стараста, намеснік феадала ў вёсцы або памесці, займаўся зборам падаткаў.

Стольнік - прыдворная пасада ў ВКЛ. Загадваў сервіроўкай велікакняскага стала, кіраваў падстоліямі.

Стражнік (польны, вялікі, павятовы) - прыдворная пасада, прызначаўся гетманам, зацвярджаўся каралём.

Суддзя земскі ці гродскі - службовая асоба, уваходзіў у склад судовых органаў, выконваў функцыі правасуддзя.

Суфраган - памочнік біскупа.

Харунжы (надворны, павятовы) - ніжэйшы афіцэрскі чын у ВКЛ, шляхецкая прыдворная пасада.

Цівун - наглядчык у маёнтку.

Чарнец - тое самае, што i мніх.

Чашнік - прыдворная пасада. Павінен быў наліваць вялікаму князю пітво, якое падносіў падчашы.

Шамбялян - прыдворнае званне, службовая асоба пры двары караля.

Шатны - прыдворны або слуга, які апекаваўся адзеннем i ўзбраеннем свайго гаспадара.

Шляхціц - прадстаўнік прывілеяванага саслоўя ў Польшчы, ВКЛ у XIII - пачатку XX ст., дваранін. Кармазынавы шляхціц - выхадзец з найбольш старадаўніх магнацкіх родаў. Кармазынавыя (чырвоныя) жупаны насіла старая польская шляхта.


Эпіграф: Polonius sum. Poloni nihil a me alienum puto (Я паляк. Нішто польскае мне не чужое). - Перайначаны крылаты выраз з камедыі старажытнарымскага драматурга Тэрэнцыя: Homo sum, humani nihil а me alienum puto (Я чалавек, i нішто чалавечае мне не чужое).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX