Вярнуцца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ПАН РАВІНСКІ


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 29-11-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Учора быў у мяне пан Вольскі, унук нашага земскага суддзі (цяпер нябожчыка), які спрыяў мне як ніхто іншы. Гэты ўнук з выгляду быў вельмі прыгожы i прыстойны кавалер, ён заканчваў сваё выхаванне ў нямецкіх школах, але захаваў высакароднасць думак i даверлівасць, вельмі любіць радзіму. Я часам не разумею яго, бо ён разважае надта мудрагеліста, але шчыра паважаю яго i ўдзячны яму за тое, што як толькі ён паўгода назад асеў у вёсцы, то вось ужо некалькі разоў прыязджаў праведаць мяне як добрага прыяцеля ягонага бацькі i дзеда, а таксама за тое, што або з цікавасці або з пачцівасці, але цярпліва слухае, што я з імпэтам пляту пра старыя часы. Аднаго разу мне надарылася распавядаць яму пра Ігнацыя Равінскага, які пры ягоным дзеду i сваім цесцю атрымаў пасаду суддзі, што было ўхвалена ўсёй шляхтай. Ён быў узорам добрага чыноўніка, ашчадлівым i гаспадарлівым, а жыў амаль што па-панску. Яму шанцавала ў жыцці, пазык ён не пакінуў, хаця ягоны дом быў адчынены для любога госця. Да яго часта з'язджаліся суседзі, і колькі б ні прыязджала народу, кожнага кармілі, паілі, прымалі як належыць.

Я ў той час быў сакратаром у канцылярыі земскага суда, i вось аднойчы суддзя пасля сканчэння судовай сесіі кажа мне:

- Пане Севярыне, я запрашаю вас на запусты да сябе у Амневічы, але абавязкова з жонкай.

Я пакланіўся суддзі i падзякаваў яму за тое, што ён памятае пра мяне. Тады былі суддзі не такія, як цяпер! I вось мы разам з маёй Магдусяй едзем у Амневічы ў закрытай брычцы, якую мне падараваў войскі Яблонскі ў якасці deservita merces ( узнагароды за службу) за тое, што я дапамог яму ў ягоных справах з наваградскімі айцамі базыльянамі. Трэба сказаць, што закрыты вазок быў у тыя часы рэдкасцю, i далека не ўсе нашы судовыя ў ix ездзілі, большасць тых, хто паходзіў з небагатых сямей, задавальняліся звычайнымі вазкамі, ну, а як у мяне ёсць брычка, то чаму я з жонкай не магу ў ёй пакатацца?

Дом суддзі не быў палацам, але колькі там месцілася гасцей! А колькі далікатнасці, колькі шчырасці, колькі весялосці! Цяпер так прыняць ужо ніхто не зможа. Мы з жонкай спыніліся на кватэры ўпраўляючага, які быў паводле тагачасных звычаяў не столькі слугой, колькі добрым прыяцелем свайго гаспадара i нават нейкім далёкім сваяком. Акрамя нас яшчэ тры сям'і змясціліся ў гэтай самай хаце, а дзве ў каморцы з аканомам. А што рабілася ў доме суддзі! У сталовай пасялілася пяць сямей, маладыя месціліся ў сялянскіх хатах. Кожную раніцу суддзя абыходзіў усіх, вітаў з новым днём, перапрашаў за нязручнасці, хаця за што там было перапрашаць. Гэта нам было сорамна, што гаспадар устаў раней за гасцей. I жонка ягоная разам з дочкамі абыходзіла госцяў, таксама не адну з ix заспела ў ложку, хаця мінуў ужо нават час малітвы, частавала кавай i блінамі ca смятанай. I толькі недзе а дзесятай мы прыходзілі да суддзі, а там ужо i жонка з дзецьмі сядзела прыбраная, гатовая займаць гасцей, а суддзя прымаў усіх, незалежна ад звання, у сенцах i вёў у пакой. Хаця мы, ніжэйшыя рангам, i ўмелі паважаць пасаду i ўзрост гаспадара, але ведалі, што адносімся да шляхты, i ў тым роўныя з ім. Вось i я, хоць быў у той час судовым сакратаром, але ж калі мяне гаспадар сустракаў у сенцах, нізка кланяўся, вітаючыся, праводзіў у пакой, то я быў задаволены ягонай пачцівасцю, сам кланяўся яму i дзякаваў; а каб было іначай, то я нават пакрыўдзіўся б.

I вось мы сабраліся ўсе ў адным пакоі, пацалавалі рукі жонцы i дзеткам, а тут ужо слугі нясуць гарэлку i закускі. Суддзя звярнуўся да нас: «Панове дабрадзеі, трымайцеся вальней». Ён першы адперазаў шаблю, што i мы зрабілі ўслед за ім, паставілі зброю па кутках, але так, каб хуценька ўзяць яе, калі прыедзе які-небудзь сенатар ці важны чыноўнік, i ўслед за гаспадаром бегчы ў сенцы сустракаць яго i суправаджаць у пакой; зноў здымаць шаблі мы маглі толькі тады, калі гэта зробіць важны госць. Але падобная пачцівасць у нас была толькі да міністраў, сенатараў, саноўнікаў i падкаморыя, а ад нас, судовых, патрабавалася выказваць пачцівасць да судовых чыноўнікаў, якія былі вышэйшыя за нас.

Пан суддзя азіраў усіх, хто сабраўся, наліваў кілішак гарэлкі, выпіваў, зноў напаўняў i падаваў госцю, якога лічыў самым значным у нашай камнаніі, а той - наступнаму, i гэтак кожны з нас выпіваў з аднаго кілішка, апошні наліваў кілішак для слугі, той выпіваў i адносіў посуд у пасудную шафу, а госці закусвалі вяндлінай. А яшчэ, скажу я вам, калі ў гасцях быў ксёндз, то заўжды пачыналася з яго, нават калі гэта быў просты прыхадскі ксёндз, калі ў гэты дзень быў у гасцях i сенатар, то i ён саступаў духоўнай асобе. Што ні кажы, а ўсё ж не хто іншы як ксёндз уводзіць нас у гэты свет, i дай Божа, каб i праводзіў на той свет; а потым, Панове чытачы мае, вы не разумееце цяпер, кім быў для нас ксёндз у нашы часы! Хачу ўспомніць тут пра віленскага ваяводу Караля Радзівіла, якога я часта бачыў, вельмі любіў, як i ўсе, i зусім не баяўся. У яго было тысяч дзесяць толькі ў міліцыі, а які двор! Але не кожны мог спакойна паглядзець яму ў вочы. Ды толькі хто з нас не без граху, так i ён, мог моцна ўгневацца на кагосьці, часта з-за плётак, як гэта часам бывае пры дварах, а то нейкі паскуднік пусціць нагавор. Тады ніводзін шляхціц не мог унікнуць ягонага гневу. I як было даць таму рады? Паспрабуй нехта заступіцца - абодвум не мінуць бяды. Тады ішлі да ксяндза Кантэмбрынка, нясвіжскага пробашча, i прасілі:

Злыя людзі нагаварылі пра мяне благога князю. Выратуйце мяне!

Ксёндз ішоў да князя i звяртаўся да яго:

Ваша княская мосцъ, ці варта вам пэцкацца з-за ўсякіх дробязяў? Вы ўжо не першы нясвіжскі ардынат, i не апошні, пойдзеце туды, куды пайшлі астатнія, i хто тады заступіцца перад Богам, калі яму нехта напляце абы-чаго пра вас? Таму, ваша мосць, стрымайце сябе, а я ў сваю чаргу заступлюся перад Збавіцелем за таго перапалоханага небараку, які выклікаў ваш гнеў i не ведае, куды падзецца.

Тут ужо князь, хацеў ці не хацеў, а мусіў адпусціцца, часам мог нават падараваць нешта няшчаснаму, каб той забыўся пра страх, словам, усё канчалася добра.

Пасля гарэлкі i закускі да самага абеду ладзіліся розныя забавы. Яснавяльможны пан Яленскі, наваградскі кашталян, які ў той час быў самым ганаровым госцем сярод нас, сядаў гуляць у мар'яж з гаспадаром i яснавяльможным панам Pдyлтoўcкiм наваградскім харунжым, жонка якога была пляменніцай князя Караля Радзівіла. Усе яны былі багатымі людзьмі, але стаўкі былі невялікія, не больш за злоты, таму што ў наш час іграць у карты саромеліся, не тое што цяпер: нават безгаспадарчы шляхціц гатовы прасадзіць у карты ўсё да гроша. Не буду маніць, скажу, што i ў нашы часы некаторыя паны навучыліся ў Варшаве картачнаму махлярству, але ніхто гэтага не ўхваляў. Біскуп Масальскі, бывала, дзень i ноч гуляў у французскія карты, дык жа i дагуляўся. У Нясвіжы картаў было не знайсці, князь забараняў яўрэям прадаваць ix i неміласэрна караў, калі яны пападаліся на гэтым. Тыя паны забаўляліся картамі, а мы размовамі. Старэйшыя гутарылі, а мы, маладзейшыя, былі рады паслухаць ix развагі; размаўлялі звычайна пра сеймы, пра нашы свабоды, пра барскую канфедэрацыю, пра няшчасных браццяў, якія з-за нашых грахоў аказаліся за межамі айчыны, пра ганебны сейм, які пацвердзіў такое становішча i на якім наша наваградскае пасольства пакрыла сябе такой славай, што само па сабе i не дзіўна, бо наваградская шляхта ніколі не ганьбавала сябе. Рэйтан i Корсак былі нашымі землякамі, а таксама Богуш - сакратар i душа канфедэрацыі. Ды i пазней з усяго нашага ўзбуранага грамадства не знайшлося нікога, хто дачыніўся б да агіднай Таргавіцы. У тыл незайздросныя часы цяжка было захаваць сваю годнасць без вялікіх ахвяр; паколькі ж тыя людзі прыносілі ахвяры ў імя айчыны, то я ўпэўнены (не будзь я католікам), што ix заслугі i цярпенне Бог помніць, яны не будуць забытымі i дапамогуць нам збудаваць велічны гмах, калі гэта будзе, ведае толькі Той, хто ні пра што не забываецца i прапаведаваў, што праз несправядлівась народы занепадаюць i гінуць. Таму я, дзякаваць Богу, i дажыў да глыбокай старасці, хаця i зранены ўвесь, i двойчы быў дачыста абрабаваны. Айчыне служыў аддана, як тады было ў звычаі, не за ўзнагароду, не так, як цяпер, калі свае заслугі выстаўляюць напаказ, нібы старыя рызманы. Я быў i ў Сібір забраны ад жонкі i дзяцей, два гады адпакутаваў там; я, народжаны шляхціцам у вольнай краіне, быў не раз да страты прытомнасці збіваны ў Смаленску ў час ix несправядлівых інквізіцый, але ніводная мая сляза не ўпала на зямлю, кожная з ix пала на ўлонне Божае, а я маліўся, каб мае пакуты пайшлі на карысць роднага краю. Я ўпэўнены, што мае малітвы былі пачуты, i гэта ўпэўненасць гоніць ад мяне страх смерці, якая ўжо неўзабаве забярэ мяне, старога.

Але нашы важныя размовы пра палітыку не дужа цікавілі дам, яны хацелі пачуць пра нешта больш цікавае. Памятаю, як умеў ix забавіць стольнік Семірадскі, які быў надзіва гаваркі, калі яго не было, то ў кампаніі як бы нечага не хапала. Ён расказваў нам пра немца фокусніка, якога калісь бачыў у Крулеўцы. Штукар мог наводзіць на гледачоў дзівосныя галюцынацыі, i стольнік кляўся, што аднойчы i яго i многіх іншых так задурыў, што ўсім здалося, нібыта памяшканне напаўняецца вадой. Усе кінуліся ўжо ўцякаць, а тут чары спалі, i аказалася, што ніякай вады няма. Ды яшчэ той штукар мог гаварыць так, што голас ішоў з жывата. I пра іншыя падобныя рэчы ён расказваў нам да таго дасціпна, што ад смеху ўсе клаліся покатам. А потым ён пачынаў пераймаць яўрэя, які спявае сваю малітву - маюфес, i так смешна, што харунжы Рдултоўскі аж прапусціў свой ход у картах, але не крыўдаваў, бо дужа ж было пацешнае відовішча. Стольнік мог падрабляць галасы катоў, дзядоў, якія сварацца з бабамі каля касцёла; усіх ягоных жарцікаў успомніць проста немагчыма. Вясёлы нораў саслужыў яму добрую службу: паводле нараджэння ён быў радавіты, але з небагатай сям'і, доўга туляўся пры дварах як бедны слуга, але выпадкова патрапіў да князя Радзівіла, i той дужа ўпадабаў яго за жарты, добра ажаніў, падараваў пажыццёвае ўладанне, словам, зрабіў з яго чалавека, але ніхто яму не зайздросціў, таму што ён быў добрым i не ганарыстым, не саромеўся сваіх бедных родзічаў, чым мог дапамагаў ім, калі быў ужо стольнікам, не забываўся пра сваю праведзеную ў нястачах маладосць, праз што набыў сабе нямала прыхільнікаў на сейміках.

Потым усчыналася гаворка пра гаспадарку, тут ужо i жанчыны маглі ўставіць слова. Жонка суддзі ўмешвалася ў размову, кажучы, што i яна хоча пахваліцца сваёй работай, i загадвала прынесці клубочкі пражы i вытканыя ёю палотны. Усе хвалілі яе вырабы, а адзін ксёндз, настаяцель манастыра бернардзінцаў у Івянцы, які быў сярод нас i ўвесь час сядзеў, трымаючы на каленях сына пана суддзі i паказваючы яму абразкі, сказаў:

Laus Tibi, Christe (Хвала Табе, Хрысце), што ты прывёў мяне Ў Амневічы. Наша рызніца ў запусценні, мы ў палапленых рызах молімся Богу за дабрадзеяў, а тут бачу такое прыгожае льняное палатно, якое проста смуткуе па касцёле i просіцца ўзяць яго ў Івянец.

А гаспадыня адказвае:

Выберыце сабе, ойча, адзін скрутак, я ў даўгу перад вамі за цюльпаны, якія вы прывезлі мне ўвосень, я ix пасадзіла ўжо.

Пан суддзя дадае:

Выбірайце, ксенджа, самы лепшы скрутак, а то я паскарджуся капітулу, што ён прысылае нам такіх ксяндзоў, якія не разбіраюцца ў тканінах.

Тут уваходзіць пакаёвы слуга Ваўжынец, падыходзіць да пана суддзі i нешта шэпча яму на вуха, суддзя ўстае i звяртаецца да жонкі:

Даражэнькая, запрашай яснавяльможнага пана кашталяна да стала.

Мы ўсе кланяемся, бяром жонак пад руку i ідзём у залу, дзе ўжо засланы стол, каля яго крэслы i лаўкі. Мы сядаем за стол, адзін толькі пан суддзя як гаспадар ходзіць ад аднаго госця да другога i пазірае, каму трэба ўслужыць.

Я тут згадаў пра Ваўжынца, старога пакаёвага слугу, яго ведалі мы ўсе, наваградскія судовыя. Ён нашага суддзю яшчэ на руках насіў, а раней служыў даездчыкам у нябожчыка войскага Кавенскага, які быў славутым паляўнічым, потым быў у яго фурманам. Аднойчы вазіў яго ў Варшаву. Гэта быў жывы летапісец дому Кавенскіх, ён памятаў, як некалі цыганка наваражыла цяжарнай маці пана суддзі, што Ў яе народзіцца сын, які пераўзыдзе бацьку, i часта напамінаў пра гэта. I вось, калі суддзя быў абраны земскім, першае, што ён зрабіў, то вызваліў усю сям'ю Ваўжынца ад прыгону, а яго самога ўзяў у дом слугой. Часамі ён прыязджаў ca сваім гаспадаром у Наваградак на сесіі. I мы, бывала, штодня зранку ідзём да суддзі, якога часам i дома не было, але Ваўжынец пачастуе нас гарэлкай, смаку якой ён сам не ведаў, бо зусім не піў. Затое любіў успамінаць пра старыя часы, асабліва пра паляўнічыя прыгоды свайго нябожчыка пана. Стаіць, бывала, каля стала i далучыцца да гутаркі, скажа нешта пра свайго гаспадара; суддзя яго вельмі цаніў, i Ваўжынец быў надзвычай прывязаны да гаспадароў, добра правіў сваю службу. Часам аж некалькі дзесяткаў гасцей бывала ў суддзі, а, напэўна ж, ніводная бутэлька набок не пайшла. А яшчэ ён умеў лячыць сабак ад сапу i коней ад глістоў, ведаў нейкі сакрэт не раз вылечваў, я сам таму сведкам.

За абедам перад першай стравай нас зноў частавалі кілішкам. Кілішак пачынаў абыходзіць гасцей па чарзе Адны пілі віно, іншыя мёд. Першым гаспадар піў за здароўе кашталяна Яленскага, потым за здароўе харунжага Рдултоўскага, кашталян, у сваю чаргу, піў за здароўе гаспадара, пан Рдултоўскі - за гаспадыню, а далей гаспадар абыходзіў з кілішкам найбольш знатных i пашанотных гасцей: кілішак пераходзіў з рук у рукі, кожны госць выпіваў да дна, не было такога, каб нехта не дапіў i выліў рэшткі на падлогу, разбавіў вадой ці зрабіў яшчэ якое глупства, накшталт тых, што распаўсюдзіліся пазней, i дайшло ўжо да таго, што любога госця, нават самага пачэснага, частуюць без таго, каб выпіць за яго здароўе. Гэта яшчэ раз сведчыць, што ў нашы часы была сапраўдная гасціннасць!

Пасля абеду пачыналіся танцы, полькі чаргаваліся з мазуркамі. I моладзь i чыноўнікі не забываліся піць i есці, келіхі ўзнімаліся адзін за адным. Нашы забавы былі нявінныя, шчырыя; кожны гаварыў, што думаў, ніхто не баяўся, што нехта пакрыўдзіцца, ніхто не бянтэжыўся. Калі мы ў нашым цесным коле пачыналі над чарку спяваць патрыятычныя песні, ды яшчэ, бывала, гукнем у канцы «Кахаймося!», то нельга было не паверыць, што кожны з нас гатовы хоць у агонь адзін за аднаго! Вось так мы бавілі час у Амневічах. Уладары дзяржаў усяго свету зайздросцілі б палякам, калі б хоць раз убачылі, як яны ўмеюць весяліць сябе i гасцей на ўлонні роўнасці.

Раніцой у аўторак, калі мы ўжо сабраліся ў пакоі суддзі, гаспадар увайшоў з радасным тварам i сказаў:

- Жонка, забаўляй гасцей, а я павінен зараз жа ехаць на кані сустракаць вельмі шаноўнага госця, які хоча праведаць нас у нашым убогім жытле. Яго мосць віленскі ваявода, князь Радзівіл будзе тут у дванаццаць гадзін. Еду сустрэць яго на мяжы маіх сціплых уладанняў.

Толькі ён гэта прамовіў, як большасць гасцей пажадалі суправаджаць пана суддзю, дома засталіся толькі кашталян i некалькі старых. Некаторыя селі на коней суддзі, іншыя параспрагалі сваіх, пазнаходзілі для ix сёдлы, некаторыя рушылі нават без сёдлаў, i чалавек пяцьдзесят выехала насустрач князю. Дарога была заснежанай, таму ехалі адзін за адным, шнурам; мне гэта нагадвала барскую канфедэрацыю, калі мы спяшаліся прывітаць самага дастойнага яе кіроўцу. Непадалёк ад Накі, каля карчмы ва ўрочышчы Чарнашчэнне ( казалі, быццам лно названа так таму, што тут, дзе цяпер стаіць фігура святога Яна, некалі ашчанілася чартоўка), мы напаткалі першыя сані з абозу князя, а ўсіх астатніх згледзелі таксама. Мы саступілі з дарогі, сталі чакаць, пакуль пад'едуць сані самога князя. Снегу якраз тады нападала па чэрава коням, суддзя з чыноўнікамі сталі ўперадзе, мы ў купцы ззаду. I толькі наблізіліся сані князя, мы як гукнем хорам: «Няхай жыве наш князь, слава літоўскай правінцыі!» i ўсе пазлазілі з коней, каб прывітаць князя. Суддзя выступіў уперад i цёпла вітаў яго, князь расчуліўся да слёз, адно толькі паўтараў: «Пане каханку, ці варты я таго, каб мяне так прымаць?» i выйшаў з саней, не зважаючы на тое, што суддзя працівіўся таму, на снег i павітаўся з намі, амаль што кожнага назваў па імю, зразумела, толькі тых, хто быў сярод яго набліжаных, а мы, не жадаючы забіраць час у суддзі i тым больш у князя, стаялі воддаль. А ўсё ж тыя вітанні доўжыліся каля дзвюх гадзін, i ўсё ў снезе, i ўрэшце, нацалаваўшыся i наабдымаўшыся са шляхтай, князь загадаў свайму канюшаму падаць яму каня. I як ні настойваў суддзя, каб князь ехаў у санях, той стаяў на сваім: «Дзіўны ты чалавек, пане Ігнацы! Калі ўся шляхта едзе конна, то не можа Радзівіл ехаць у санях, як жыд».

I ён лёгка ўскочыў на каня, як у былыя часы; хаця быў ужо тоўстым, усеўся на ім так хвацка, як не кожны з нас змог бы. Так i ехаў усю дарогу да Амневіч конна i ўвесь час пра нешта расказваў суддзі i тым, хто ехаў побач. Мне было прыкра, што я ехаў воддаль, бо i мне хацелася б паслухаць: усё, што гаварыў князь, можна было высякаць на камені. Князь быў тады ўжо ў паважным узросце, дужа тоўсты, у яго была вельмі вялікая галава, i да таго злыселая, што засталося ўсяго некалькі валасін, вусы доўгія, звіслыя, ён закручваў ix у верх, кал i быў невясёлы, i пагладжваў, калі быў у добрым гуморы, твар белы, як у жанчыны, нос доўгі, вочы блакітныя, вялікія, часта поўныя весялосці. Вельмі акуратны, ён любіў чысціню, заўжды не меней чым два разы на дзень мяняў бялізну. У гэты дзень на ім быў любімы мундзір віленскага ваяводства: кароткі цёмна-сіні кунтуш, жупан з чырвонымі адваротамі, сярэбраны пас у малінавых кветках, шабля ў похвах, боты жоўтыя з сярэбранымі падкоўкамі, зверху стары суконны плашч i бурка, змацаваная ніжэй шыі сярэбраным Радзівілаўскім арлом. Яшчэ ўспамінаю, што на ім былі вялікія палатняныя шаравары, схопленыя пасам так, каб не пэцкаць у дарозе кунтуш. На галаве белая шапка, аблямаваная чорным каракулем, з кітайкі, падшытая без ваты, ён насіў яе набакір, ссунуўшы на самую макаўку, хоць было i марозна. На нагах суконныя боты, рукавіц ён не насіў, хаця ўзімку многа часу праводзіў на адкрытым паветры, заняты ловамі. У яго была выдатная памяць, ён добра ведаў усё, што звязана з гісторыяй свайго народа, разбіраўся ў радаводзе i сваяцкіх сувязях свайго роду, гэтак жа як i ў геніялогіі іншых шляхецкіх родаў. Нават самага беднага шляхціца ён лічыў роўным сабе, калі той быў са старадаўняга роду Да людзей падазронага паходжання, шляхціцаў неафітаў, «немцаў» i паповічаў ставіўся непрыхільна i ніколі не набліжаў ix да сябе. Ён добра ведаў заканадаўства нашага краю, двойчы ўзначальваў Літоўскі трыбунал, i на гэтай пасадзе паказаў сябе спрактыкаваным, памяркоўным i цвёрдым у прыняцці рашэнняў. Часта выступаў на публіцы, заўсёды без падрыхтоўкі, але пераканаўча. У абыходжанні быў просты, вясёлы, любіў жартаваць з іншых, ніколі не злаваў, калі хто яму пярэчыў Ён быў добрым гаспадаром, слуг любіў як дзяцей, не дзіва, што i яны гатовы былі памерці за яго. У яго было добрае сэрца, хоць часам ён узгараўся, але адыходзіў, не тое што ягоны дзядзька, князь харунжы, які па некалькі гадоў трымаў сваіх слуг у ланцугах. Калі які-небудзь шляхціц паступаў на службу да князя ваяводы, то ён мог быць спакойны за лес сваіх дзяцей. Быў ён настолькі абызодлівы з жанчынамі, што кожнай з пашанай цалаваў руку, нават жонцы ўпраўляючага, абы толькі была шляхцянка. Строга трымаўся веры, спаўняў усе абрады, штодня разам з шатным спяваў у касцёле малітвы, нічога не рабіў у суботу i нават у Вялікую пятніцу бічаваў сябе плёткай, за што таксама быў адзначаны Богам. Піў многа, не ўсякі мог дараўняцца да яго ў гэтым занятку. Аднаго толькі Леана Бароўскага ён не змог перапіць, той заўжды яго перамагаў.

Калі кавалькада была ўжо блізка да Амневіч, суддзя пусціў свайго каня ў галоп, каб сустрэць князя перад домам. Мы пад'ехалі, а ён i ягоныя госці ўжо стаялі каля ганку. Жонка суддзі, усе дамы таксама выйшлі прывітаць госця. Князь злез з каня, зноў расцалаваў гаспадара, пацалаваў рукі дамам, пачынаючы з гаспадыні, маёй Магдусі таксама. Потым зайшоў у пакой, убачыў Ваўжынца i спытаўся ў яго: «Як маешся, куме?» Сапраўды, за тры гады перад тым князь хрысціў ягонага хлопца. Ваўжынец упаў князю ў ногі i расплакаўся. Радзівіл падняў яго, пачаў ласкава распытваць пра жонку i дзяцей, загадаў свайму сакратару Мікуцю выпісаць квіт на дзве фуры збожжа для Ваўжынца, аддаў яго i сказаў: «Занясеш гэта ад мяне сваей жонцы». Ваўжынец ледзьве не звар'яцеў ад радасці, потым ужо хадзіў надзьмуты, як індык, ад важнасці. Назаўтра, калі ён прыйшоў у фальварак i сказаў упраўляючаму пра авёс для коней, той яму i кажа:

Можа, ты нешта наблытаў?

Ваўжынец абурыўся:

Не блытаю, не блытаю, хіба я ўжо разрахаваць не магу, такі ўжо дурны? Хай ягамосць сходзіць да князя i запытаецца ў яго, ці дурны Ваўжынец. Бог i людзі засведчаць, што князь мяне ведае, учора ён адразу пазнаў мяне i так прывітаў, нібы я знатнага роду, таму, як мне здаецца, за дурня мяне ніхто палічыць не можа.

Я ўсё гэта чуў з каморкі i трымаўся за бакі ад смеху.

Тры дні мы балявалі. Князь быў нязменна ў добрым гуморы i так часта ўзнімаў кілішак, што аж плакаў, расчулены суддзёй. Ён сам пачаў віншаваць гасцей, кожнаму з нас, судовых, сказаў штосьці прыемнае. Калі я ў сваю чаргу наблізіўся да яго, ён сказаў мне:

Севярыне, дружа мой, ты ж некалі быў ваяром, а цяпер ты юрыст; некалі мы трушчылі варожыя чарапы, а цяпер толькі пустыя бутэлькі.

Я упаў яму ў ногі i сказаў толькі:

Хай князь толькі слова скажа, добрыя часы вернуцца, мы прагонім з двара пана стольніка Панятоўскага.

Князь падкруціў вусы, ён ужо даў абяцанне каралю, што ніколі болей не зладзіць супраць яго канфедэрацыю, а таму сказаў:

Мы рабілі, што маглі, але цяпер усе, хто любіць айчыну, павінны быць адданымі каралю. Пане каханку, занадта многа развялося капелюшоў, мы ix шапкамі не закідаем.

На весялосць насунулася хмурынка. Пан Яленскі як нясвіжскі кашталян некалькі тыдняў таму назад ездзіў у ліку іншых членаў надворнага суда у Нясвіж на разбор судовай справы князя з нясвіжскім яўрэйскім кагалам i вырашыў яе ўвогуле справядліва, паводле свайго разумення. Князь не любіў яго, бо той у часы бескаралеўя быў сярод тых нешматлікіх ліцвінаў, хто падтрымліваў Чартарыйскіх, а таму з ix ласкі атрымаў высокую пасаду. Князь быў ужо нападпітку, якраз згадаў нядаўнюю судовую справу i сказаў кашталяну нібыта жартам:

Скажы праўду, пане каханку, многа хабару табе далі жыды?

Ад гэтых слоў кашталян аж узарваўся ад злосці:

Гэта жахліва! - усклікнуў ён. Такое ў яго было улюбёнае прыслоўе. - Гэта жахліва! Мне, сенатару, уганараванаму кавалеру ордэна Белага Арла, гаварыць «хабар»! Я пратэстую Ў вашай прысутнасці, шаноўныя госці, бо князь абразіў у маёй асобе ўсю наваградскую шляхту! Яму запярэчыў наш харунжы, пан Рдултоўскі, адзін з выдатных прадстаўнікоў рыцарства, памяркоўны i спакойны, ён быў пляменнікам князя па жончынай лініі:

Пане кашталяне, ці не занадта многа вы бераце на сябе, ці ёсць увогуле такі грамадзянін, абраза якога можа быць крыўднай для ўсяго ваяводства?

Кашталян у адказ:

Калі ўсе тут дазваляюць мяне крыўдзіць, то я, не адчуваючы сябе спакойна ў доме суддзі, пакідаю яго.

Суддзя быў у роспачы, ён укленчыў перад кашталянам у дзвярах, упрошваў, каб той не крыўдзіў яго, не ўцякаў з дому. Але тут князь, убачыўшы, як перапужаўся суддзя, падышоў да кашталяна i сказаў:

Пане, прабач мне тое, што было сказана жартам.

Кашталян супакоіўся на гэтым i добра зрабіў, бо каб ён

завагаўся, то мы ўсе адчулі б сябе ніякавата. I што яму ўступіла Ў голаў, нібы жарт князя мог абразіць усіх? Бач ты, пакрыўдзіўся гданьскі войт на польскага караля! Мы добра зразумелі i тое, што князь прабачаўся дзеля суддзі, а не дзеля кашталяна.

А праз некаторы час з-за гэтага я пабіўся з Адамовічам, ягоным прыхільнікам, які па-свойму расказваў нра тое здарэнне як пра пачутае, бо яго з намі ў Амневічах не было. Пасля гэтага нас чалавек пятнаццаць юрыстаў звольнілі з пасад. Сярод ix i мяне, бо стала вядома, як я вырваў у Адамовіча касмыль з ягонай чупрыны, аж валасы засталіся ў мяне Ў кулаку, я ўсяго добра i не памятаю, бо надта ж раззлаваўся. За тое мяне пасадзілі на чатыры тыдні за краты i прысудзілі выплаціць тысячу грыўнаў штрафу. Грыўны за мяне ўнёс харунжы Рдултоўскі, але сесці ў вязніцу ўсё ж давялося. Аднак я не шкадаваў аб тым, бо князь, які памятаў, што я пацярпеў дзеля яго славы, прасіў Дактаровіча выпусціць мяне.

Так вось з ласкі князя (няхай Бог блаславіць яго i ўвесь ягоны род) гэтая справа скончылася добра. Што да кашталяна, то дабрыня князя далася яму ў знакі: каб яшчэ раз папрасіць прабачэння, ён з усім сваім дваром паехаў у Дунайчыцы, дзе жыў кашталян, які быў скупаватым, а таму ён нямала нацярпеўся, прымаючы некалькі дзён запар гэтых шматлікіх важных гасцей, але мусіў выглядаць вясёлым. Я выпадкова пачуў, што гэты візіт каштаваў яму каля сарака тысяч, бо князя трэба было прыняць шыкоўна, не столькі па-шляхецку, колькі па-гаспадарску. Вось так ён заплаціў за сваю крыўдлівасць, i не было каму скардзіцца, бо ён быў бяздзетным, меў акрамя пасагу некалькі прыбытковых маёнткаў.

Такім чынам хмурынка неўзабаве развеялася i болей не шкодзіла нашым забаўкам, больш таго - на радасцях пасля замірэння келіх кружляў яшчэ часцей, над канец мы пілі нават з кіёў. З даўніх часоў гэта лічылася найвышэйшым шыкам у бяседнай кампаніі. Кій быў шкляны, пусты ўнутры. У яго налівалі віно, i трэба было піць, не адрываючы вуснаў, іначай віно пралівалася, ды яшчэ ў якасці пакарання вылівалі за каўнер кубак вады. Перапіліся мы тады моцна, а гаспадара вынеслі непрытомнага. Адзін толькі князь застаўся пры памяці, яму ўжо не было з кім піць, i ён у знак перамогі выпіў да Ваўжынца цэлы кубак, напоўніў зноў сваёй рукой i надаў яму; на сваіх нагах найшоў да жонкі суддзі, разам з ёй памаліўся Прачыстай Дзеве, потым з'еў вялізную місу квашанай капусты i лёг спаць, здаровы, як бы i не піў.

Назаўтра, у апошні аўторак, чакаўся з самай раніцы ўрачысты абрад, адметны для гаспадароў i ix сябрыны: заручыны Сімяона Магельніцкага, сына наваградскага стольніка, з паннай Агнешкай Гаціскай, роднай пляменніцай суддзі, ягонай апякункай. Бацька яе, панцырны харунжы, некалі паважаны ўсімі памешчык, меў досыць багатыя ўладанні, але ў часы барскай канфедэрацыі яны былі аддадзены ў заклад, бо харунжы на свой кошт утрымліваў харугву, на чале якой i загінуў над Сахачавам. Ягоны спустошаны маёнтак дастаўся Маскве, без сродкаў да жыцця засталіся жонка з чатырма малымі дзецьмі, а неўзабаве i яна, нядоўга паплакаўшы, далучылася да свайго добрага мужа, усклаўшы клопат пра бедных сіротак на плечы свайго брата, які хаця i быў малады, але атрымаў ужо высокую судовую пасаду. Не так часта здараецца, што чалавек больш апякуецца прыёмным: дзецьмі, чым сваімі, але суддзя быў якраз з такіх людзей. Ён збярог пасаг ix маці, калі бацькаў маёнтак быў аддадзены непрыяцелю, нават заплаціў больш за дзесятак старых даўгоў, абы толькі душа швагра ачысцілася i набыла вечны супакой, а ягоным дзецям даў добры накірунак у жыцці. Старэйшы сын вывучыўся i стаў наваградскім гарадскім рэгентам, малодшы служыў пакаёвым пры двары князя ваяводы. Старэйшая дачка, Катажына, была дужа пераборлівай, хаця да яе сваталіся многія добрыя кавалеры, але яна парашыла прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу. Я быў у Нясвіжы ў касцёле святых бенедыкцінак у дзень яе пастрыжэння ў манашкі. I судзя быў там як дзядзька, але не мог вытрымаць абрад да канца: хоць ён i не быў супраць выбару Катажыны, але ўсё ж сэрца сціснула так, што не ўтрываў i выйшаў з касцёла. Малодшая, Агнешка, якой тады было семнаццаць гадоў, ішла замуж за сына стольніка. Раніцой, калі госці сабраліся ў пакоі, пан стольнік Магельніцкі ўстаў i загаварыў аб тым, што ён бачыць прыязнасць свайго сына да панны харунжанкі i перакананы, што, ідучы з ёй разам па жыцці, сын будзе шчаслівым, задаволены не толькі тым, што сын выбраў такую прыгожую i добра выхаваную дзяўчыну, але i тым, што ён парадніцца з адным з самых знатных родаў у ваяводстве, а таму ласкава просіць у пана суддзі, другога бацькі яе, для свайго сына рукі панны Агнешкі, а яшчэ просіць яго мосць князя ваяводу падтрымаць просьбу свайго пакорлівага слугі добрым словам. А ўсе ведалі, што князя нічым нельга было больш узрадаваць, чым просьбай быць сватам. Князь устаў, абняў суддзю i сказаў:

- Што ж, пане Ігнацы, цудоўны выбар зрабіла Ягуся. У Магельніцкіх добрая кроў. Хай большае сяброў у Радзівілаў. Дай свой дазвол, ды хутчэй, бо неўзабаве пачнецца вялікі пост, i вяселле давядзецца адкласці дзён на сорак.

Бацька i сын падзякавалі князю за ягоныя словы, калі ж i пан суддзя сказаў, што i ён сам, i ягоная жонка думаюць, што раз ужо стольнік шукае шчасця для свайго сына ў ix сям'і, i сама Ягуся згодна з тым, што было абвешчана (ён таксама на гэта спадзяецца), то i ён як дзядзька i апякун ахвотна дае дазвол на шлюб сваё блаславенне. Князь узяў за руку панну Агнешку, якая дрыжала, як асенні літ, i спытаўся ў яе:

Ці згодная ты з воляй свайго апекуна i ці пойдзеш замуж за сына стольніка?

Панна Агнешка нешта ціха прамовіла непаслухмянымі вуснамі, але яе ніхто не пачуў.

Гучней, Ягуся! - падбадзёрыў князь, а тая яшчэ больш зніякавела. - Ну, раз ужо ты такая сарамлівая, то шапні мне на вушка, чаго ты хочаш, а я перакажу твае словы ўголас.

Князь нахіліўся да Агнешкі, але тая маўчала так доўга, што можна было два разы прамовіць малітву Дзеве Мары!, нарэшце прашаптала нешта на вуха князю, i той абвясціў:

Згодная!

Яна зноў ледзьве не самлела, калі сын харунжага ўкленчыў перад ёю. Але тут пачалі абмяркоўваць, як забяспечыць жыццё маладых, пра яе забыліся, i яна ціхенька выслізнула з пакоя. Стольнік абвясціў:

Я аддаю сыну фальварак Казарку, там сто хат, а пасля маёй смерці яму будзе чым падзяліцца з братамі, я даю яму вёску, будзе ў яго i хата, i свіран для збожжа, i ўсё, што патрэбна для гаспадарання.

А я скажу пра пасаг маёй пляменніцы, - дадаў суддзя. - Ён увесь запісаны ў судовых актах. У яе ёсць шаснаццаць тысяч пяцьсот злотых, якія былі ў спадчыне пана стольніка, а яшчэ тры тысячы я дадаю ад сябе.

Тут у размову ўступіў князь:

Я спадзяюся, што пан стольнік аддасць ёй i свой маёнтак. Гэта ў будучым таксама павялічыць ix дабрабыт.

Стольнік нахіліўся да князя i сказаў яму:

Калі ўжо ваша княская мосць выказвае такую пашану да нашых дзяцей i абяцае ix як сваіх будучых слуг карміць сваім хлебам, то i я дадам тры тысячы ў якасці пасагу, а ўвесь пасаг, які будзе складаць дзевятнаццаць тысяч пяцьсот злотых, будзе ляжаць у касе вашай княскай мосці.

Князь сказаў пану Магельніцкаму, што з усіх вёсак, якія ён дае панне Агнешцы, адна аддаецца над заклад, яе пасаг ён прымае, але добра, калі ўвесь пералік маёмасці ён будзе мець у сябе. У пана стольніка якраз аказаўся пры сабе ўвесь рэестр маёмасці, i ён выбраў для жыцця маладым фальварак на Случчыне, дзе мелася трыста сялян. Князь сказаў:

з усяго прыбытку, які будзе належаць да майго скарбу, я аддаю палову Ягусі да той пары, калі яна выкупіць Баровічы.

Суддзя ад усёй душы падзякаваў усім i нарэшце прамовіў:

Ваша княская мосць, i вы, шаноўныя госці! Дазвольце мне Ў вашай прысутнасці усё сказанае запісаць. Буду рады пакінуць гэтыя запісы для панны Агнешкі.

Ён узяў пяро i паперу i напісаў дакумент, у якім вызначыў межы ўладанняў маладых. Суддзя па-майстэрску валодаў словам: колькі дакументаў падрыхтаваў ён на сваім вяку, а ні разу не схібіў. Усё, што было сказана, ён апісаў па памяці, i гэты досыць вялікі рэестр скончыў за паўгадзіны, пасля чаго складзены дакумент быў прачытаны i падпісаны ўсімі. I тут у маладой пачаліся новыя клопаты. Трэба было выбраць прыстойныя строі з гардэробу, падабраць пярсцёнкі, выслухаць бласлаўленні родзічаў i яшчэ, ужо ca шлюбным кантрактам у руках, дзякаваць за бласлаўленне князю i прасіць яго быць сведкам, на што князь згадзіўся з вялікай ахвотай, дадаўшы да ўсяго колькі жартаўлівых пажаданняў маладой. Дакументы падпісалі таксама кашталян i пан Рдултоўскі. Такія дакументы пішуцца ці не штодня, у ix гарантуецца i кавал хлеба, i пасада, i дабрабыт. Заручьшы адбыліся, а дзень шлюбу быў прызначаны на Увазнясенне паводле жадання суддзі i просьбаў многіх з прысутных, i якраз у гэты дзень маладыя павінны пажаніцца. Жонка суддзі дадала пры гэтым:

- Гэта вельмі шчаслівы дзень, мой Ігнасю, мы жывём ужо вось трынаццаць гадоў, а не было ў нас большай радасці.

Суддзя абняў яе i расплакаўся, мы ўсе таксама расчуліліся, бо кожны з нас згадаў сваю жонку, кожны мог расцалаваць яе, кожны мог аднесці тыя словы да сябе, i хаця на нас глядзелі высокія госці, але i мы пусцілі салодкую слязу; плакаў, трэба сказаць, i сам князь. I не паспелі мы нарадавацца гэтай падзеі, як настала пара садзіцца за стол, i вось ужо там запанавала весялосць. Першыя тосты былі за шчасце маладых. Пілі таксама за параднёныя сем'і. Калі ж дайшла чарга да танцаў, якія распачаў сам князь, то першай парай выступалі маладыя, а мы пілі за здароўе панны Агнешкі з яе туфелькі, пілі нават з бота князя ваяводы, i бесперапынку грымелі танцы, кракавякі, мазуркі, i ўсё пад звон кілішкаў. Аж да самай поўначы, якая прыйшлася якраз на сканчэнне запустаў, танцавалі i пілі, нарэшце князь западруку з жонкай суддзі i кожны з нас ca сваёй дамай станцавалі драбанта, пасля гэтага музыкі разышліся, а ксёндз гвардыян з бернардзінаў прамовіў Казань, у якой нагадаў, што пра забавы трэба на пэўны час забыцца, бо наступіў час устрымання i малітваў. Паводле тагачаснага звычаю мы праспявалі хорам гімн «Gorzkie żale» так узнёсла, што аж задрыжалі сцены. Высокія галасы ксяндза i князя вылучаліся з усяго хору. Потым мы чатыры гадзіны маліліся, пасля пайшлі ўслед за ксяндзом ва ўніяцкую царкву, якая была недалёка ад сядзібы суддзі, i там айцец гвардыян правёў імшу, якраз у чатыры гадзіны ночы. Суддзя прыслужваў яму Калі малітва дайшла да слоў «Cum jejuniatis, nolite fieri sicut Pharisaei» (y час паста не паводзьце сябе як фарысеі), мы ўсе напалову выцягнулі з похваў нашы шаблі ў знак таго, што гатовы змагацца са зброяй у руках за святое слова нашага Збавіцеля. Як толькі імша скончылася, князь ваявода, а за ім усё грамадства, чыноўнікі найперш, потым мы, шляхта, па чарзе падыходзілі да прычасця, пасля нас - жанчыны, калі мы вярнуліся, то ішла ўжо шостая гадзіна; а гэта ужо быў першы дзень паста, пайшлі спачыць хоць на некалькі гадзін. Калі ж сабраліся зноў, то задаволіліся посным сняданкам, усё было на алеі; але большасць гасцей i самі гаспадары прывыклі пасціцца, таму задаволіліся тым, што было на сталах. Калі ж мы ўбачылі, што i сам князь ваявода пачаў пасціцца, то мала хто адважыўся парушыць пост. У гэты дзень віна на сталах не было, толькі мёд i піва, а неўзабаве ўсе раз'ехаліся. I я з маёй Магдусяй позна ноччу вярнуўся ў Наваградак у наша сціплае жытло.

Каментар

Пан Равінскі (с. 40)

Запусты - пярэдадзень каляднага паста.

Ксёндз Юзаф Кантэмбрынк (1730-1805) - езуіт, адзін з набліжаных да Караля Радзівіла, вядомы сваім спакойным характарам i смеласцю ў супрацьстаянні несправядлівым учынкам Радзівіла.

Мар'яж - старадаўняя польская гульня ў карты, у ёй маглі быць два, тры, чатыры або некалькі пар удзельнікаў.

Рдултоўскі Хрызастом - дзядзька аўтара кнігі.

Масальскі Юзаф (1729-1794) - віленскі біскуп, адзін з ворагаў канфедэратаў i Караля Радзівіла.

Ганебны сейм - сейм 1773 года, на якім было прынята рашэнне аб падзеле Польшчы. Падрабязней аб ім гаворыцца ў раздзеле «Тадэвуш Рэйтан».

Неафіт - чалавек, які перамяніў сваё выравызнанне.

Літоўскі трыбунал - трыбунал Вялікага Княства Літоўскага - вышэйшы суд на землях ВКЛ.

Бічаванне - каталіцкі рытуал, сімвалічнае біццё сябе бізуном, які называўся «дысцыпліна», за грахі.

Драбант - польскі танец, спалучае элементы паланеза i мазуркі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX