Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

САВА 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 04-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Магу вам смела сказаць, што ніякі жыццёвы вопыт і дасведчанасць не дапамогуць выказаць, што такое гонар польскага шляхецтва. Бо шляхціц, нават самы бедны, быў раўнёй магнату, ён мог з Божай дапамогай сам стаць магнатам (колькі было таму прыкладаў!), ён не пазбаўляўся гэтай роўнасці з магнатам, нават калі служыў у яго. Старадубскі харунжы Радзішэўскі служыў у віленскага князя ваяводы, быў у яго пажам, потым прыдворным, потым кіраўніком ягонай міліцыі і нарэшце стаў чыноўнікам у Рэчы Паспалітай, быў паслом на сеймах і стаў сапраўдным панам, ажаніўся з пляменніцай князя, паннай Бжастоўскай, высакароднай асобай, і ніхто з таго не дзівіўся, што сам князь ладзіў вяселле, бо мы ўсе роўныя між сабой. У нас пан быў багатым шляхціцам, а шляхціц быў панам бедным; паколькі пан гаспадар быў высокім слугой Рэчы Паспалітай, то і шляхціц, які служыў у яго, у той жа час служыў і айчыне. Ужо няма цяпер паноў ні ў Польшчы, ні ў Літве, затое распладзіліся падпанкі, якія не служаць айчыне; не з таго, што заслужылі, а часта нават не знай не ведай за што, праз падман, хітрыкі, гандаль, ліхвярства і іншыя падобныя круцельствы прыдбалі сабе значную маёмасць; але не могуць прыпомніць сваіх продкаў, хіба што падробяцца пад чужое шляхецтва, або выдумаюць такое, пра што ні Папроцкі, ні Акольскі, ні нават Нясецкі не ведалі - а самі толькі і могуць, што асуджаць прадстаўнікоў старадаўніх родаў, да якіх ніводзін у нашы часы не мог бы і носа паткнуць, спрабуюць дараўняцца да спраў даўнейшых часоў. Не ведаю, каму карысць ад іx спраў. Нас папракалі, што не было мяшчан, але іx і цяпер я не бачу, гандлююць, як і раней яўрэі, або прыблудзіцца які-небудзь немец, а хлебаробу ўсё роўна не лепей. У Літве баяраў прымусілі працаваць, а на Русі селянін замест толькі летніх дзён, як даўней, працуе на паншчыне ад Новага года аж да дня святога Сільвестра. Паначытваліся з замежных кніжак і плятуць нешта аб правах чалавека, а самі не ведаюць, што напісанае там было ў нас на самай справе, бо нашы продкі разбіраліся ў іx лепей, чым загранічныя пісакі. Але хіба толькі на роўнасці засноўваліся гонар і шчасце шляхецтва? Шляхціца нельга было судзіць нікому, акрамя тых, каго ён 'выбіраў сам; а ён па сваім паходжанні мог сесці і на пасольскай лаўцы, і ў сенатарскім крэсле, і нават - на троне! Таму што нашы продкі сваёй крывёй здабылі гэты гонар для нашчадкаў. Гетманы прадстаўлялі да шляхецкага звання салдат, якія праславіліся ў бітвах, а сеймы прызнавалі за імі шляхецкія правы, і такіх называлі ex charta bellі (з кагорты ваенных). Затое апошнім часам, калі кароль Панятоўскі атрымаў дазвол кожны год даваць правы шляхецтва некалькім чалавекам за год, дазвол, з якога вельмі скарыстаўся, былі нават скаргі на сеймах і спробы, праўда, без поспеху, некаторых паслоў атрымаць шляхецтва. А кароль замест некалькіх дзесяткаў надаваў гэтыя правы некалькім сотням, і заўсёды пры гэтым ужываўся такі выраз: praecіso scartabellatu (паўнапраўная шляхта), хаця тут ужо гаварыць пра ваенныя заслугі не было падстаў. Нейкі час дзейнічала нават канстытуцыя, якая забяспечвала шляхецтва любому яўрэю, які прымаў каталіцтва, права ханжаскае, супраць яго нельга было паўставаць, бо яно было створана дзеля чалавечай гардыні, звязана са спробамі любой цаной усталяваць Царства Божае на зямлі. Але такое шляхецтва ў нас ніколі не паважалася, бо мы лічылі, што рыцарскі стан павінен набывацца толькі праз рыцарскія заслугі. А шляхецтва ex charta bellі, хоць і свежанабытае, паважалася намі нароўні ca старадаўнім. Калі гетман Жалкеўскі надаў шляхецтва сарака салдатам з сялян, якія выдатна праявілі сябе ў баі над Клушынам, сейм даў ім усім прозвішча Жалкеўскіх, але герб у іx быў не Любічаў Жалкеўскіх, а нейкі іншы, каб не было мешаніны ў радаводах. Гэтак жа і Рэвера Патоцкі зрабіў шляхціцамі многіх украінскіх сялян, якія не толькі не далучыліся да бунту Хмяльніцкага, але і разам з Патоцкім пралівалі кроў за айчыну, і сейм пацвердзіў яго снравядлівую просьбу: з таго часу пайшлі на Русі Сабатыны, Улашыны, Ярашынцы, Сантаманы і іншыя, якія без перашкод сталі шляхціцамі і пасля аддана служылі айчыне. А таму нам было вельмі не па сабе, калі нейкая набрыдзь, прыдбаўшы сабе шляхецтва, прыпадабнялася да нас, не маючы ніякіх заслуг, толькі грошы. У такіх заўсёды знаходзіўся нейкі славуты продак, і вось ужо які-небудзь мешчанін, а то і беглы селянін, мог стаць суддзёй або чыноўнікам, а можа, нават і каралём. Кароль мог imparitatem (знянацку) праверыць яго правы на шляхецтва, калі ж самазванец не змог іx пацвердзіць, то ён страчваў маёнтак, які часцей за ўсё іure caduco (па закону) даставаўся таму, хто паведаміў пра незаконнае прысваенне сабе шляхецтва і тым самым пазбавіў грамадзян свайго ваяводства ад вялікай пагразы; калі ж яму не ўдалося гэта давесці, падпадаў пад роеnа talіonіs (пакаранне за нагавор). Вось цяпер расказваеш маладым пра такія рэчы, і ім здаецца, нібы тое дзеелася ў жалезным веку, дзе ўжо ім зразумець, чым было некалі наша шляхецтва. Яны ведаюць з гісторыі, што Ян Замайскі напісаў: Nobіlіs Polonus omnіbus par (польскі дваранін роўны ўсім). Але яны могуць і не ведаць, што ў Літве есць дзесятка паўтара шляхецкіх родаў, якія не хочуць атрымліваць княскіх тытулаў, хаця і маюць на іx правы. Не толькі Агінскія, але і Пузыні, Міцкевічы, Свірскія, Ваньковічы, Мірскія маюць на гербах кароны і могуць лічыцца сапраўднымі князямі, але ў гэтым яны ніколі не хацелі прызнавацца дзеля сваёй адданасці шляхецкай роўнасці, а потым - што магло дадаць гэтае тытулаванне сапраўднаму шляхціцу? Яшчэ на памяці выпадак, калі князь дэ Лінь, жыхар Нямеччыны, ажаніў свайго сына з нашай князёўнай Масальскай і дамагаўся для яго шляхецкіх правоў на сейме 1786года; ён займеў гэты гонар, але з вялікімі цяжкасцямі, а пазней гаварыў: «Лягчэй у Германіі стаць удзельным князем, чым шляхціцам у Польшчы». Вось моладзь і здзіўляецца таму, што тыя, хто доўга разважае, лічыць ці не шляхціцам якогасьці славутага чалавека, гетмана рымскага караля або ўдзельнага князя, абураюцца нейкім былым рэзнікам ці бандурыстам, які сам сябе абвясціў шляхціцам і тым самым топча найкардынальнейшае права народа! А потым, вопыт паказвае, што ад людзей такога вось падазронага шляхецтва мала толку Пан Саковіч апісваў у сваіх нататках з падарожжа па Украіне, што ў ваколіцах Махноўкі памешчыкі такія паганыя, што сярод белага дня крадуць адзін у аднаго сабак і коней. Даўней сярод шляхты такое было нечуваным, і я вельмі здзівіўся, нават не даваў веры, ды і зараз думаю, што Саковіч крыху перабраў меру. І цяпер вось разважаю, адкуль магла ўзяцца такая пошасць. Я даведаўся, што яснавяльможны Патоцкі, кіеўскі ваявода, зрабіўся вялікім гандляром і завабіў да сябе ў Махноўку для розных рахубаў, да якіх шляхта няздатная, усялякіх пярэваратняў, паповічаў і мяшчан: каго пасадзіў за пяро, каго прыставіў да касы, каго да стайні. А яны, падназапасіўшы грошай, парабіліся шляхціцамі, а потым разабралі паміж сабой частку ваяводавай спадчыны, а паколькі цяпер усе хапаюць, хто як дуж, то гэта прайшло незаўважана і яны атрымалі vіa factі (вольны шлях) і ўтрымаліся пры шляхецтве, а цяпер яны пры ўладзе, а іx сыны задзіраюць насы. Што з такіх можа выйсці добрага? Ці не лепей было ў нашы часы пазбыцца ад такога смецця хоць бы і незаконным шляхам, чым цяпер быць абсыпаным ім? Яшчэ слава Богу, што хаця б у Літве шляхта трымаецца і ідзе шляхам дзядоў і прадзедаў. Таму такога паскудства пра нас і не пішуць. Хачу як найлепей патлумачыць, чаму мы так цанілі наша шляхецтва. Гэта было не ад пыхі, а ад духу нашых законаў, ад нашай Рэчы Паспалітай, а ў каго былі перад ёй заслугі, той быў у нашых вачах не толькі шляхціцам, але і магнатам, нават калі ён нарадзіўся селянінам. І як доказ таго прывяду прыклад Савы, які нарадзіўся простым казакам, не выслужыў шляхецтва, але ў час барскай канфедэрацыі быў закрачымскім маршалкам.

Я добра ведаў яго, ён і памёр, можна сказаць, на маіх руках. Хаця я, скажу не. хвалячыся, паходжу са старога шляхецкага роду (кожны можа вычытаць у каронных архівах, што шасцёра Сапліцаў падпісалі акт аб каранацыі караля Штэфана), але я слухаўся яго. І не толькі я, але і іншыя такія, як я, і Патоцкія, сыны валынскага ваяводы, якія камандавалі ў яго атрадамі, і хаця былі яшчэ якімі магнатамі, а трымцелі перад ім. Аднойчы, за тое, што адзін з іх не зусім дакладна выканаў ягоны загад, з-за чаго Дрэвічу ўдалося амаль што выслізнуць з нашых рук, ён пачаў моцна лаяцца, пагражаць, што няхай толькі яшчэ раз дапусціць падобнае разявацтва, то загадае застрэліць яго. І гэта было сказана ў прысутнасці высокіх асоб, некаторыя былі нават у радні з сынам ваяводы, але ніхто з іx не сказаў: «А чаго гэта казак лаецца на сына сенатара?» А ўсё таму, што мы ўсе лічылі Саву за роўнага сабе, таму што ён сваімі заслугам! перад радзімай дараўняўся да тых, якія сталі магнатам! дзякуючы сваім продкам.

Сава нарадзіўся ў чыгірынскім старостве, адкуль быў і той пракляты злачынца Хмяльніцкі (гэтак жа, як з аднаго дрэва можна зрабіць і матыку, і крыж), і з-за таго, што з дзяцінства умеў добра спяваць думкі і іграць на бандуры, пан Вароніч, у той час ён быў чыгірынскім старастам, прывёз малога ў Варшаву, калі ж ён памёр, а Сава надрос, служыў пры дварах казачком; ён забыўся пра бандуру, прывык да іншых забавак, да дзіды і шаблі, на паляванні забіваў зайцоў з пісталета, навучыўся гаварыць па-нашаму, прыняў нашу веру, хаця і раней быў хрысціянінам, але рускага абраду, у яго было сэрца шляхціца і ён хацеў ва ўсім быць падобным да шляхты. У часы сямігадовай вайны ён служыў Фрыдрыху прускаму ў палку Шыбільскага, такога самага, як ён, простага селяніна, заслужыў там сабе вялікую славу, мог бы і застацца там, але засумаваў па радзіме і вярнуўся, але, не будучы шляхціцам, ён не мог служыць у рэгулярным войску і мусіў зноў служыць у розных гаспадароў Калі пачалася барская канфедэрацыя, у Пятркове быў вялікі з'езд, на якім абмяркоўвалі пытанне аб аднаўленні дзейнасці трыбунала, туды з'ехалася нямала гаспадароў ca сваімі дварамі, і як багатыя гаспадары, яны ледзь не ўсе мелі ўладанні на Русі, трымалі конных казакаў, іx там было некалькі сотняў.

А Сава якраз таксама аказаўся ў Пятркове, ён быў пры двары маршалка трыбунала Дзялынскага, які сам быў некалі казакам. Сава хутка зблізіўся з ім і мог разлічваць на ЯГО як на чатыры тузы ў картах. І якраз тады, калі касцянскі стараста Квілецкі аказаўся бліз Пятркова пасля таго, як разбіў князя Салтыкова над Разражовам, Сава, сабраўшы каля дзвюх соцень казакаў на добрых конях, сярод белага дня выступіў з Пятркова, напаткаў войска князя Салтыкова, якое адступала, знянацку напаў на яго, разбіў канчаткова, захапіў гарматы, узяў у палон самога Салтыкова, злучыўся з Квілецкім і разам з ім уступіў у Пятркоў. Гэты выпадак даў магчымасць канфедэрацыі разрасціся па ўсёй Велікапольшчы. Пан Квілецкі аддаў Саве кіраўніцтва сваім авангардам і пачаў наступаць на Варшаву, бо Сава запэўніў яго, што сталіца лёгка трапіць у іx рукі, што каронная гвардыя злучыцца з імі, і таму няма чаго баяцца рускіх, якія там стаяць. Калі б Саву паслухаліся, то ўсё магло б пайсці ў іншым кірунку. Але толькі яны паспелі дайсці да Балімава, як пан Квілецкі атрымаў вестку, што Куявы і Плоцк далучацца да паўстання, як толькі хоць адзін узброены канфедэрат акажацца паблізу. І гэта прымусіла яго занядбаць Варшавай, да якой ён ужо наблізіўся, дзеля таго, каб перайсці на правы бераг Віслы. «Ну, цяпер нам не захапіць Варшаву, - сказаў тады Сава, - бо гэты тхор Панятоўскі сабраў ужо ўсё, што мог, для яе абароны. Калі нас разаб'юць, то прападзе ўся велікапольская канфедэрацыя, а яшчэ ж і трэцяя частка яе не паўстала. Нам трэба ўмацавацца ў Плоцку, распачаць сувязі з Літвой, але спачатку варта пайсці на Варшаву». Дарэмна Сава абяцаў яму разам ca сваім авангардам самому напасці на сталіцу, настолькі ён быў упэўнены ў перамозе, дарэмна цэлы атрад з Міроўскага палка, якім кіраваў паручнік Францішак Дзержаноўскі, перайшоў на наш бок над самым Балімавам і пацвердзіў тое, што казаў Сава, нішто не магло пераканаць Квілецкага, які сам быў у маладосці добрым салдатам, калі служыў у французскім войску, але, як на тое, больш верыў у замежную вайсковую навуку, чым у настроі палякаў, тым болей, што пры ім быў французскі інжынер, якому ён верыў і які падтрымліваў ягонае рашэнне. Француз не разумеў, хаця і быў сведкам перамогі над Разражовам, як гэта можна з трыма тысячамі войска браць вялікі горад, які абараняюць восем тысяч салдат. З болем у сэрцы Сава мусіў давесці свой авангард да Вышгарада і там паспяхова пераправіўся цераз Віслу.

Па праўдзе кажучы, пан Квілецкі таксама не памыліуся Ў сваіх разліках, бо, як толькі разлеглася чутка, што нашы занялі Вышгарад, усе Куявы і Плоцк падтрымалі канфедэрацыю. Там Квілецкі і Сава разлучыліся, сам ён падауся Ў бок Плоцка, каб падтрымаць тамтэйшых канфедэратаў, а Саве даў трыста коннікаў і паслаў іx да Закрачымава, каб пашырыць паўстанне ў Мазовіі. Пан Францішак Дзержаноўскі з часткай Міроўскага палка, якую яму пакінулі па распараджэнні Квілецкага, увайшоў у склад атрада Савы. Спачатку Дзержаноўскі спрабаваў задзіраць нос перад ім, бо быў шляхціцам і афіцэрам гвардыі, але пан Сава хутка паставіў яго на месца, і той хаця і быў храбрым і нават задзірыстым, але слухаўся, як дзіця матку. У Закрачымаве стаяў батальён рускіх і соцень пятнаццаць данцоў, але многія з мясцовай шляхецкай моладзі ўцяклі адтуль і далучыліся да Савы. Маскалі ўбачылі, што яны мацнейшыя, тым болей, што да іx далучыўся атрад карабінераў з Варшавы, і выступілі насустрач. Пад Закрачымавам яны выстраіліся і здалёку, убачыўшы нашых, пачалі страляць з гармат, хаця яшчэ і нельга было пацэліць. Пан Сава загадаў пану Дзержаноўскаму гарцаваць перад маскоўскай кавалерыяй, а сам за ягонай спіной павярнуў налева, каб напасці на пяхоту, як толькі ўласныя коннікі пакінуць яе. І ўсё атрымалася як найлепш. Пан Дзержаноўскі, уцякаючы ад карабінераў і данцоў, так завабіў іx за сабой, што Сава як гром з яснага неба абрынуўся на пяхоту. Яна стала Ў карэ і адкрыла страляніну, але Сава разбурыў карэ, захапіў чатыры гарматы і знішчыў цэлы батальён. Маскоўская кавалерыя апамяталася, павярнула назад. Тут на яе наваліўся пан Дзержаноўскі, але яна адступала ў парадку, думаючы, што вяртаецца да сваёй пяхоты. Пан Сава прывітаў кавалерыю стрэламі з толькі што захопленых гармат, і тут жа ўсё рассыпалася, як у вядомай польскай прымаўцы: «Хто да Ляса, хто да Саса», і пан Дзержаноўскі многіх пабраў у палон.

Тут пан Сава ўступіў у Закрачымаў, дзе было шмат жыхароў, якія аказаліся вязнямі ў касцёлах, іx дзверы былі тут жа адчынены. У рукі Савы трапілі шматлікія склады. Усё, што не спатрэбілася войску, ён раздаў жыхарам, а сам, не трацячы часу, сабраў усю гарадскую шляхту, каб заахвоціць яе да паўстання. Так канфедэрацыя і распаўсюдзілася і ў Закрачымаўшчыне, маршалкам яе быў аднагалосна абраны пан Сава. А кіраўнікамі атрадаў - Лелявель і Кіцінскі.

- Пабойцеся Бога, панове! Я просты казак, хіба я магу маршалкаваць над вамі? - спрабаваў пратэставаць Сава.

- Не хочам ніякага другога маршалка! - закрычала шляхта. - Бог і твае заслугі зрабілі цябе польскім шляхціцам, сейм пацвердзіць гэта.

Я пры гэтым не быў, але ведаю пра ўсё так добра, нібы сам прысутнічаў там, бо чуў і ад самога Савы, і ад пана Дзержаноўскага, і ад пана Лелявеля, і ад многіх іншых, з кім пазней служыў, і ўсе гавораць адно і тое ж. Гэта ж трэба: тая самая шляхта, якая не толькі ўлады, але і вёсачкі не дасць трымаць не шляхціцу, абвясціла сваім маршалкам казака! А ўсё таму, што нашы думкі былі накіраваны ad destruendum, sed ad aedіfіcandum patrіae (не на знішчэнне, а на ўзвышэнне айчыны). Сам я не раз бачыў, як іншыя маршалкі і сам яснавяльможны Пац, які быў над усімі, трымаліся з ім як з роўным сабе і цанілі яго. Думаю, што, каб яго вылучылі на кракаўскага кашталяна, ніхто не запярэчыў бы, такі ён быў выдатны ваяр і прыстойны грамадзянін. Але ён праславіўся як закрачымскі маршалак. Можна было ісці ў заклад, што ён акажацца там, дзе небяспека найбольшая. А што каля яго з усіх бакоў падалі людзі, што кулі сапраўды рабілі дзіркі ў ягоным мундзіры, так што ён заўсёды хадзіў з латкамі, і што сам ён ні разу не быў паранены, гэта праўда, а русіны дагэтуль вераць (у гэтым былі неракананы і ягоныя казакі), што ён быў характарнікам, як кажуць на Украіне, гэта значыць, ён умеў загаворваць кулі, і ніводная не магла траніць у яго. Ад іx гэтая пагалоска дайшла і да нас; прызнаюся, што я і сам таму верыў, але яго гэтыя забабоны вельмі крыўдзілі: па-першае, ён быў добрым католікам, па-другое, ён лічыў бы сябе нікуды не вартым рыцарам, калі б пра яго думалі, што ён з гэтай прычыны лезе ў небяснечныя месцы. Я неаднойчы быў сведкам таго, як ён праклінаў сваё шанцаванне, што ні разу не быў паранены. Але на бяду і мне і ўсёй айчыне аказалася, што ён не быў загавораным ад куль. Потым ужо, калі мы пачалі развіваць наш поспех, пан Сава пачаў спрабаваць усё ж узяць Варшаву, сабраў па тысячы кавалерыстаў ад кожнага атрада. Сярод іx аказауся і я; і мы пайшлі па лясах радамскага павета. Нам часта ўдавалася паграміць атрады маскоўцаў, над Ядлінскам мы нават разбілі Дрэвіча і, можа, узялі б у палон яго самога, каб Патоцкі не спазніўся на гадзіну; але мы захапілі больш за пяцьдзесят ягоных гусараў, якіх маршалак загадаў забіць, і гэта было зроблена. Пан Сава быў чалавек лагодны і з маскоўскімі палоннымі звычайна абыходзіўся ласкава, але

Дрэвіч быў дужа жорсткім, ён адразаў грудзі жонкам канфедэратаў, здзіраў з плячэй у палонных скуру, а таму маршалак плаціў жорсткасцю палонным з варожага войска. Пасля той перамогі мы падаліся наперад, да Варшавы. Сувораў, які ў той час быў брыгадзірам, з чатырма тысячамі войска аддзяліўся ад асноўных сіл, каб злавіць нас, і заступіў нам шлях над Мшчонавам. Сава адважыўся ўступіць у сустрэчны бой, хаця сілы былі няроўныя. Мшчонаў быў у руках рускіх, ад іx нас аддзяляў вялікі стаў, доўгая грэбля вяла да мястэчка. Маскоўская кавалерыя амаль што перайшла цераз яе, а пяхота толькі ўступала. Пан маршалак хацеў напасці на кавалерыю раней, чым падыдзе пяхота, і потым, атакуючы яе крылом, адагнаць ад дарогі. Дзеля гэтага ён кінуў у бой ледзь не цэлы корпус, а сына валынскага ваяводы пакінуў у рэзерве, з ім было паўтары сотні коннікаў. І нам бы ўсё ўдалося, бо тут жа маскоўцы кінуліся ўцякаць, як толькі мы наваліліся на іx, і мы амаль перамаглі, але над самай грэбляй, на пагорку, былі пастаўлены гарматы, і яны паддалі такога агню, што з першага стрэлу пан Сава быў паранены асколкам ядра ў сцягно і зваліўся з каня. Гэта была ягоная першая і апошняя рана. Казакі, якія любілі Саву як роднага бацьку, убачылі, што ён паранены, і проста ашалелі ад злосці (яны ж думалі, што ён загавораны), падхапілі яго, а ён у поўнай прытомнасці аддаў загад закрачымскаму атраду Лелявеля, каб ён даганяў маскоўскую кавалерыю, а потым загадаў аднесці яго да карчмы, каля якой стаяў сын валынскага ваяводы з рэзервам, там быў і я.

Мы пачалі перавязваць, як умелі, рану пана Савы. Ён з усіх сіл цярпеў, што было відаць па твары, але ні разу не застагнаў, толькі ўсё глядзеў услед атраду, які ён аддаў Лелявелю. Але той з ім справіцца не змог, бо, як толькі ўбачылі, што іx вядзе не Сава, аслабілі націск, і маскалі, што ўжо ўцякалі, апамяталіся, пачалі строіцца. Пан Сава ўбачыў, што нашы добраахвотна ідуць на пагібель, і загадаў, нягледзячы на сваю рану, вынесці з карчмы калыску і прывязаць яе да двух сваіх самых лепшых коней, на якіх пасадзіў двух казакаў, самога сябе папрасіў пасадзіць у калыску так, што ён вісеў у паветры паміж двума казакамі, і яшчэ загадаў падаць сабе невялікі сцяг, Седзячы гэтак, ён узначаліў наш рэзерв і загадаў рушыць уперад, каб прымусіць вярнуцца нашых салдат. Яны ўбачылі свайго вайскавода, апамяталіся, некаторыя бачылі, чкён вісіць у паветры паміж коньмі і вядзе нас у атаку нягледзячы на страшны боль у ране. Варожы строй быў зламаны, атрад маскоўцаў рассеяны. Але было позна. Ужо і маскоўская пяхота, і гарматы паспелі пераправіцца цераз грэблю. Па нас адкрылі такі агонь, што сам пан Сава зразумеў: перамагчы не ўдасца, застаецца або ўцякаць, або чакаць, пакуль нас аднаго за адным пераб'юць. А боль усё падступаў, ён пачаў траціць прытомнасць, паспеў яшчэ адвесці корпус за Мшчонаўскую Волю, убачыў, што маскоўская кавалерыя, якую мы двойчы рассейвалі, на трэці раз уссела нам на карак, і загадаў падпаліць вёску. Якраз дзьмуў такі моцны вецер, што неўзабаве ўся вёска была ахоплена полымем, гэта на некаторы час затрымала рускіх. Тут пан Сава падзяліў свой корпус на дзве часткі. Адной ён даручыў кіраваць сыну валынскага ваяводы, другой - Лелявелю, загадаў, каб абедзве ішлі ў бок кракаўскага ваяводства і пры гэтым не злучаліся, а сам з двума казакамі і ca мной, бо я не хацеў яго пакідаць, застаўся, развітаўшыся ca сваімі салдатамі, якіх суцешыў, сказаўшы, што як толькі падлечыцца, то абавязкова знойдзе іx. Нам давялося пакінуць усіх коней у атрадзе, а яго мы занеслі ў лес на руках і першую ноч правялі пад небам, ратуючы, як маглі, пана маршалка, які ўсё болей слабеў, нават часам траціў прытомнасць. Назаўтра мы, блукаючы па лесе, набрылі на халупу памочніка ляснічага з Мшчонаўскай пушчы, зайшлі ў яе наўдачу, аддаўшыся на волю Бога. Нам трэба было нарэшце пакласці пана Саву ў спакойным месцы, іначай ён мог бы памерці ў нас на руках. Але памочнік ляснічага аказаўся сапраўдным шляхціцам і адданым айчыне чалавекам; хаця быў ён небагаты і меў многа дзяцей, але падзяліўся з намі ўсім, што меў. Пакінуў мяне і казакаў у хаце, заслаў у асобным пакоі ложак, там мы паклалі пана маршалка. Памочнік ляснічага папрасіў жонку наглядаць за параненым, а сам падаўся ў Мшчонаў, неўзабаве прывёз адтуль яўрэя цырульніка. Той агледзеў нагу пана Савы, якая так распухла, што трэба было разразаць калашыну. Пры першым дотыку боль так узмацніўся, што ён не змог трываць і разы два застагнаў, а потым самлеў. Мы зрабілі ўсё, што маглі, каб ён ачуняў Ён апрытомнеў, сказаў нам:

- Ну што? Нарэшце пераканаліся, што я не загавораны.

Цырульнік папрасіў, каб па яго прыязджалі кожную ноч, а ўдзень наша шаноўная гаспадыня, пані Клячкоўская, якой мы даверыліся, як і яе мужу, ведаючы, што ЯНЫ прымаюць у сваім доме вялікага чалавека, апекавалася ім, як родным бацькам. Праз тыдзень мы ўжо радаваліся, бо пан маршалак пачаў пакрысе папраўляцца. Нават скакаў на адной пазе, каб перабрацца з ложка на куфар пані Клячкоўскай, на якім сядзеў, каб не вылежвацца ўвесь час. А цырульнік падаваў нам надзею, што Сава праз тыдзень ужо зможа сесці на каня. Але якраз у Мшчонаве спыніўся атрад маскавітаў. Сын валынскага ваяводы не ўцёк ад Суворава, гадзін праз пятнаццаць пасля расстання з намі ён быў разбіты і разам з многімі з нашых трапіў у палон. З трохсот чалавек, якія былі з ім, выратавалася крыху больш за пяцьдзесят, астатніх або забілі, або забралі Ў палон. Якраз ад палонных Сувораў і даведаўся, што Сава быў паранены і разлучыўся з атрадам адразу пасля сутычкі. Ён разважыў, што Сава, вядома ж, павінен хавацца недзе Ў ваколіцах мястэчка. А яму вельмі хацелася захапіць яго, бо то быў адзін з найбольш таленавітых вайскаводаў канфедэрацыі, а потым ён яшчэ хацеў і адпомсціць яму за гусараў Дрэвіча, якім Сава загадаў павырываць рукі і насы за іx жорсткасць. Сувораў загадаў аднаму атраду на чале з генералам спыніцца ў Мшчонаве і пастарацца знайсці Саву.

Там, дзе робіцца нячыстая справа, сам нячысцік прыходзіць на дапамогу А ў маскоўскім войску былі розныя людзі: адны афіцэры былі сапраўднымі ваярамі, другія - віжамі, і якраз сярод такіх (а гэтае майстэрства ў іx дасягнула высокай ступені дасканаласці) нехта прасачыў, што мясцовы цырульнік кожную ноч некуды крадком выязджае. Злавілі яго, дапыталі, той прызнаўся. Пасадзілі яго на каня, каб быў праваднічым, і сорак узброеных коннікаў падаліся за ім да той халупы. Акружылі яе, некалькі чалавек зайшлі. Гаспадыня ветліва сустрэла іx, прапанавала пачастунак, але яны, агледзеўшы пакоі, убачылі адзін з іx замкнуты, высадзілі дзверы і засталі пана Саву, які сядзеў з пісталетам у руцэ.

-Першаму з вас, хто наблізіцца да мяне, страляю прама ў лоб.

Афіцэр спалохаўся, але тут жа загадаў падпаліць халупу. Мы з казакамі прыбеглі і вынеслі пана маршалка. Афіцэр убачыў яго за хатай і сказаў:

- Ну што, капітулюеш, васпан?

- Вось вам мая капітуляцыя! - адказаў маршалак і стрэліў у грудзі афіцэру. Другі афіцэр крыкнуў:

-Заколи его!

Мы былі без зброі, але кінуліся закрыць яго сваімі целамі. Адзін маскаль ударыў мяне шабляй па лбе, я быў аглушаны, заліўся крывёй, а на мяне навалілася некалькі чалавек з пастронкамі, звязалі так, што я не мог паварушыцца. А пана маршалка пачаў біць па лбе дрэўцам пікі нейкі афіцэр, мне падалося, што гэта быў паляк на рускай службе. Абодва нашы казакі ўбачылі гэта і голымі рукамі адапхнулі таго афіцэра, але ён загадаў закалоць іx, і яны на маіх вачах сканалі, кінуўшы апошні позірк на пана маршалка. Афіцэр з данцоў, незадаволены ўчынкам паляка, сам пачаў абараняць нашага маршалка, кажучы: «Лежачего не бьют!» - і, пакуль паляк ачомаўся, загадаў прывезці Саву жывога да генерала, пакуль не памёр, каб потым атрымаць за гэта крыж як узнагароду.

Нас абодвух прывезлі ў Мшчонаў: мяне з перавязанай галавой і звязанага так, што я не мог варухнуцца, а пана Саву зусім не падобнага на чалавека: праколатага ў некалькіх месцах, з апухлай галавой і адарванай ад раны павязкай. Кожны рух цеснага воза, які ледзь цягнулі коні, быў для мяне пакутай, а пан маршалак усё паўтараў псалом пакутніка: Mіserere meі, Domіne, secundum magnam mіserіcordіam tuam (даруй мне, Госпадзі, спадзяюся на тваю міласэрнасць), і ягоны голас зрабіў на мяне такое ўражанне, хто хаця прайшло ўжо болей чым пяцьдзесят гадоў, а я чую яго як сёння, і тут жа перад вачыма паўстае закрачымскі маршалак, а я пачынаю плакаць. Я і зараз плачу, калі пішу пра тэта.

Прывезлі нас у Мшчонаў, там стаяў атрад генерала Патапава. Гэта быў радавіты маскаль, чалавек прыстойны і далікатны. Ён абышоўся з намі пачціва: з павагай і лагодна пагутарыу з палонным, даў яму пакой у сваёй кватэры, дзе ён і жыў супраць сваёй волі. Генерал, можна сказаць, змяшаў з граззю таго афіцэра, які па-варварску абыходзіўся з намі, а асабліва з маршалкам, загадаў свайму цырульніку агледзець нашы раны, запытаўся ў пана Савы, чаго ён хоча, паабяцаў выканаць усе ягоныя просьбы.

- Я ўжо нядоўга буду надакучаць пану генералу, - адказваў гэты адважны чалавек, - я адчуваю, што для мяне ўсё хутка скончыцца, але хачу, каб запрасілі ксяндза.

Да маршалка прывялі пробашча, які паспавядаў і прычасціў яго, потым ксёндз пачаў прамаўляць малітвы, якія Сава паўтараў пры поўнай памяці, я нават не мог уявіць, што ён ужо так блізка да смерці. Потым ён ненадоўга заснуў, прачнуўся і сказаў мне:

- У мяне надзета ладанка, у якой зашыта часцінка мошчаў святога Войцеха. Як я сканаю, ты знімеш яе, і я заклінаю васпана аддаць яе пану Казіміру Пулаўскаму, варэцкаму старасту. Калі табе ўдасца сустрэцца з ім, раскажы, што я да самай смерці быў яму сябрам, і папрасі яго, каб насіў гэгую ладанку як апошнюю памяць пра мяне.

Потым яму захацелася папіць, але піць ён ужо не мог, прамовіў нешта невыразнае, я толькі і змог разабраць: «Jezus, Marіa, Józef» і памёр. Я не памятаю, што са мной было, але ягоны загад я выканаў, бо ладанку зняў і доўга насіў яе, аж пакуль не ўбачыўся з панам старастам, а гэта здарылася не хутка. Мяне разам з іншымі палоннымі, сярод якіх быў і сын ваяводы Патоцкага, адправілі ў Казань, і Бог сведка: я менш шкадаваў пра страту волі, чым пра тое, што айчына страціла такога адданага і разумнага сына, якім быў пан Сава.

Каментар

Сава (с. 154)

Папроцкі, Акольскі, Нясецкі - Сапліца згадвае тут прозвішчы аўтараў гербоўнікаў - апісанняў гербаў славутых магнацкіх родаў.

Сава Юзаф (Калінскі) - (пам. у 1771 г.) - барскі канфедэрат, сын казака і шляхцянкі, быў вельмі папулярны ў шляхты, абраны вышаградскім (а не закрачымскім, як у кнізе) маршалкам. У 1771 г. атрад Савы быў разбіты А. В. Суворавым, сам ён, цяжка паранены, хаваўся ў лесе. Выдадзены рускім, неўзабаве памёр. Згадваецца ў мастацкай літаратуры, у прыватнасці ў творах Ю. Славацкага.

Штэфан, кароль - Сапліца ўспамінае тут пра польскага караля Стэфана Баторыя, які правіў у 1575-1632 гг., тым самым ён хоча засведчыць даўняе паходжанне свайго роду.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX