Вярнуцца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ПАН ЛЕШЧЫЦ


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 04-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Хацеў бы я сустрэць такога дзівака, якому мог бы выказаць свае думкі пра тое, што ўжо нідзе між людзьмі няма сапраўднай законнасці, права. Ёсць загады, распараджэнні, статуты, разумныя i справядлівыя, але няма пра­ва. Для таго, каб права было правам, трэба, каб яно ўяўляла сабой нешта большае, чым розум i справядлівасць: трэба мець веру i літасць, а як справа дойдзе да выканання прысуду, нават калі ён будзе для некага нясмачны, ён павінен зыходзіць не ад стражнікаў ці нейкай іншай знешняй сілы, а ад унутранага пераканання i голасу сумлення. А таму заканадаўца павінен быць не толькі разумным, ён павінен быць праведным, бо сапраўднае права адносіцца не толькі да чалавечага, але i да Боскага, i без якогасьці Боскага натхнення яно не можа абыходзіцца. Некалі прававая ўлада была не рамяством, як цяпер, а пакліканнем, нібы жыццём у законе, а справаводства было не навукай, а нейкім своеасаблівым звычаем. Вось чаму не ведалі мы такіх прафесараў права, якіх бачым цяпер у Вільні, якія за штогадовую аплату, кватэру i ацяпленне навучаюць краёваму праву «ад дошкі да дошкі» i вытлумачваюць яго. Нашы прафесары: дасведчанасць, стасункі з людзьмі, нагляд за судом, штодзённае кола спраў, гісторыя нашых родаў i нарэшце гаспадаранне. Без усяго гэтага можна хоць дзесяць гадоў прасядзець у Вільні з прафесарамі, можна вывучыць на памяць усе законы, а ўсё роўна не стаць суддзёй. Каб быць суддзёй, трэба быць грамадзянінам. А вось у нас кожны грамадзянін сапраўды быў суддзёй, калі, бывала, хто падаваў скаргу на якогасьці гаспадара, то яна выглядала як гатовы прысуд, хаця ён ніколі не бываў у судзе. Калі хто быў сапраўдным грамадзянінам, то ў яго справа не канчалася на тым, што ў яго была вёска, у яго была вера, грамадзянская думка, абавязкі, таму ён быў i суддзёй, а ча­сам i заканадаўцам, бо яго Бог надарыў такім пачуццём справядлівасці.

Вось чаму калі мы цяпер чытаем старадаўні статут або канстытуцыю, то чытаем як малітву, такая там святасць, такі дух Божы. Праўдзіць сказанае нашым Збавіцелем: «Колькі дзе ні збярэцца вас з імем Маім, буду з вамі». А нашы законнікі заўсёды збіраліся з імем Збавіцеля, таму ix права было часткай нашай рэлігіі, бо i яны кіраваліся воляй Божай. Я ўважліва прачытаў кодэкс Напалеона. Гэта рэч вельмі разумная; ахоплена ўсё, усё прадбачана; але тыя, хто яго пісаў, ішлі ад розуму, ад неабходнасці, але не ад Бога. А таму для выканання ix законаў трэба збіраць мноства суддзяў i катаў, варты, турмаў, сродкаў, на якія можна было б трымаць цэлае войска. Кожны разумее так, што ўсё гэта справы чалавечыя, кожны надае прынамсі самому сабе столькі розуму i праведнасці, колькі i іншым, а таму даводзіцца ўжываць сілу. Цяпер ужо не права, а сіла правіць баль. А ў нас было не так.

У Наваградку, у гродскім судзе, былі двое слуг, якія падмяталі памяшканне, вось i ўся сіла, а тыя, каго гродскі суд асуджаў на зняволенне, самі ішлі ў турму; гэтак жа, як i ксёндз, які на споведзі прызначае грэшніку пакаянне, не прыстаўляе да яго варты, i гродскі суд толькі абвяшчаў прысуд, а выконваў яго сам асуджаны. Ён з'яўляўся ў суд, згаджаўся з яго прысудам, сам ішоў у турму, а потым, адбыўшы тэрмін, зноў паўставаў перад судом, звястуючы, што адседзеў вызначаны тэрмін, i з чыстым сумленнем ехаў дадому, бо, хто адбыў пакаранне, меў упэўненасць у тым, што грамадства забудзецца на яго правіннасць, яму вярталіся ўсе правы i ён мог спаць спакойна. У нас да законнасці была вялікая пашана. Не падпарадкавацца зако­ну лічылася ганьбай. Калі здаралася так, што нехта асуджаўся на зняволенне, але не падпарадкоўваўся прысуду або пастанове суда, то ён не мог болей паказвацца на людзях. Таму, калі шляхціца нехта абражаў, напрыклад, збіваў, то ён больш выйграваў, калі звяртаўся ў суд, чым шукаючы справядлівасці ў двубоі, быццам бы пагарджаючы судом грамадства i не спадзеючыся на справядлівасць. I нават тыя грошы, якія па прысуду атрымліваў скаржнік, не ганьбвавалі яго, а часам прыносілі яму славу. Вось, напрыклад, яснавяльможны Каліноўскі, вінніцкі гродскі стараста, быў абражаны на гасцінцы па­нам Патоцкім, канеўскім старастам, які загадаў выцягнуць таго з карэты i адупцаваць бізунамі. Каліноўскі быў дужы i здатны да шаблі, але ён не выклікаў Патоцкага на паядынак, а шукаў справядлівасці ў судзе, i знайшоў яе: пасадзіў яго ў турму на дванаццаць тыдняў i атрымаў нема­лую грашовую кампенсацыю, але не ўзбагаціўся за яе кошт, а ахвяраваў яе на Божую карысць: пабудаваў касцёл i прыгожы вялікі кляштар, у якім пасяліліся капуцыны, яны i цяпер там жывуць. Гэтак жа як чалавек, не будучы анёлам, у нечым саграшыць перад Богам, а потым паспавядаецца, адбудзе пакаянне i тым суцешыцца, так i грамадзянін, які пайшоў супраць закона, у тым жа законе знаходзіў апраўданне, пакорліва церпячы пакуты. У турме сядзелі i не простыя людзі, якія нешта дрэннае ўчынілі, i прытым ix ніхто туды сілай не цягнуў і не толькі сядзелі ў турме, бывалі i горшыя рэчы: калі асуджалі некага да пакарання смерцю, то сям'я асуджанага, бывала, сама дапамагала таму, каб прысуд быў споўнены, бо грамадзянін не мог пайсці супраць волі сваёй сям'і. Калі Самуэлю Збароўскаму адсеклі галаву ў Кракаве, сям'я Збароўскіх была на баку закона i ніхто з ix праз гэта не пацярпеў. Былі, праўда, некалькі братоў пана Самуэля пазней прысуджаны да баніцыі, толькі яны самі былі вінаваты ў гэтым, бо нарабілі многа зла, прэтэндуючы на ўладу, але вось Ян Збароўскі, гнезненскі кашталян, родны брат пана Самуэ­ля, то ж быў паважаны грамадзянін, сенатар, памёр ён вельмі старым, у павазе i ўсеагульнай пашане, i ніхто не ўспамінаў, што ў яго былі нікуды не вартыя браты.

Бывалі i такія прыклады, калі нават без дапамогі сям'і сам вінаваты добраахвотна падстаўляў галаву пад меч, жадаючы лепей памерці грамадзянінам, не шкадуючы свайго жыцця, якое i так не можа быць вечным, чым жыць зняслаўленым. У часы барскай канфедэрацыі пан Бавароўскі, трамбавельскі падстараста, адзін з канфедэрацкіх дактароў, чалавек з заслугамі перад радзімай, які абараняў разам з намі Чанстахову, дзе мы змаглі ўбачыць яго мужнасць, аднойчы на абедзе ў пана Пулаўскага, варэцкага старасты, на якім i я недзе сядзеў ззаду (там мы елі кон­скую печань, бо не было з чаго выбіраць), расказваў, што ягоны бацька таксама быў у свой час трамбавельскім падстарастам аж да самай смерці, i што, спраўляючы сваю пасаду, мусіў падпісваць смяротны прысуд вядомаму чалавеку, пану Лешчыцу, з якім некалі вучыўся разам i доўгі час сябраваў. Гэты пан Лешчыц закахаўся ў сваю родную пляменніцу i хацеў ажаніцца з ёй, яна таксама не была супраць. Калі на свеце яшчэ было няшмат людзей, то браты бралі ў жонкі родных сясцёр, i гэта не лічылася грахом, бо іначай не магло быць; калі ж людзі распладзіліся i ўжо можна стала знайсці жонку ў іншым месцы, братам не дазвалялася болей жаніцца з сёстрамі, а Майсей паводле дадзеных Богам законаў тлумачыў, што людзі павінны шукаць сямейных сувязяў далей ад дому, каб ад тых залётаў братоў да сясцёр не было распусты. А потым, калі ўжо людзі пачалі хінуцца да веры, якую прынёс нам Збавіцель, які нашы грахі акупіў сваёй крывёй, то папы рымскія пастанавілі, што да чацвёртага калена радня не павінна ўступаць у шлюб, гэтага касцёл трымаецца i цяпер, i я не ведаю, як там будзе далей, бо няма такога папы, які з прычыны крайняй неабходнасці дазволіў бы такое, хіба толькі людзі самі будуць вырашаць па-звярынаму, калі ім спатрэбіцца ўступіць у такі шлюб.

У нас ужо даўно каралі пазбягалі шлюбаў паміж сваякамі, таму што за такое кровазмяшэнне папа праклінаў ix, жадаючы, каб яны i сваім падданым давалі прыклад паслухмянасці рэлігійным законам, а не парушалі ix. Але потым неяк стала прынята, слушна або не, каб манарх браў сабе жонку толькі з іншай манаршай сям'і, i нарэшце атрымалася так, што некаторыя з ix сталі жыць у шлюбе з кровазмяшэннем, бо ўсіх манархаў можна было пералічыць на пальцах, i ўжо нельга было падшукаць каралевічу такую каралеўну, каб яна не даводзілася яму нейкай сваячкай, тым болей, што, акрамя нас i венграў, болей ніхто каралёў не выбіраў, усюды ўлада пераходзіла па спадчыне. Тады пачалі звяртацца да папы, каб парадзіў, як такому спадчыннаму каралю знайсці сабе жонку, а хто cuius est condere, eius est tollere (мае права пастанаўляць, той мае права i скасоўваць), i ў асобных выпадках папа стаў даваць дазвол на такія шлюбы, i каралі пачалі так радніцца між сабой, што жонка караля ўжо не двойчы i не тройчы, а шмат разоў была ў сваяцтве з ім, вось так i пайшлі на звод каралеўскія роды. Замест колішніх рослых, прыгожых i мужных манархаў, якіх мы бачым на карцінах i аб славутых дзеях якіх чытаем у кніжках, пайшлі нейкія прыгорбленыя, хваравітыя, баязлівыя, больш падобныя на шаўцоў, чым на каралёў, ужо i людзі пачынаюць саромецца сваёй пакоры - адзін народ за другім пазбаўляецца ад брыдкіх апрыклых родаў. I чым усё гэта скончыцца, я таго не ведаю; ды i што нам да таго: хай кожны думае пра сябе. Дрэнна тое, што i магнаты па прыкладу каралёў пачалі жаніцца ca сваячкамі, надакучаць папе просьбамі аб дазволе, а таму i яны зводзяць свой род, праўда, не толькі праз гэта. Калі яшчэ целам яны больш-менш зграбныя, можа таму, што маці давалі ім больш разумныя парады, чым каралеўскім жонкам, то вось розумам вельмі падупалі. За мяжой ужо толькі мяшчане пішуць кніжкі i вучаць наро­ды разумнаму. Яны ўжо сталі разбірацца i ў законах, ды што там, яны ix самі пішуць, i народ верыць ім, а шляхта дайшла ўжо да такога заняпаду, што ледзьве ў стане чытаць. Не дзіва, што як толькі французская шляхта пачала наплываць да нас, а чужое заўжды падабаецца, то яна здолела ўцерціся паміж нашых наноў i наняў i была прызнана вельмі разумнай. А я сам многіх з ix ведаў, ды не знайшоў ніводнага, які разумеўся б у лаціне. Я прашу прабачыць за грубасць, але я зразумеў, што гэта былі дурні, i не здзівіўся таму, што яны неўзабаве звяліся; суддзя павінен быць разумнейшым, чым судзімы, калі ж у яго мала розуму, то ён павінен адступіцца ад сваёй пасады, а ўпарціцца, значыць, дачакаецца бяды. У нас магнаты не складалі асобнага саслоўя, яны былі шляхтай, былі i народам, жонак для сыноў выбіралі з шырокага кола, бо ў ix хапала на гэта розуму. А які французскі ці нямецкі магнат можа пахваліцца тым, што стварыў заканадаўства або напісаў прыстойную кніжку? Пакажыце мне такога! У ix колішнія гандляры становяцца знаўцамі права, статыстыкі, вершавання, гісторыі. Не тое што ў нас: Леў Сапега, Пётр Гербурт, Максімілян Фрэдра, Вацлаў Жавускі, Ігнацы Красіцкі, Ігнацы Патоцкі, Тадэвуш Чацкі, Рэй з Нагловіц - усе яны былі яснавяльможнымі i былі на сваіх пасадах спадчыннікамі продкаў.

Бывала i ў нас такое, што магнат жаніўся ca сваячкай; гэта нават часам рабілася падзеяй у нашых краях, бо nulla reguła sine exceptione (няма правілаў без выключэнняў), але падобнае становіцца злом, калі бывае часта, як па заграніцах. Затое у нас, слава Богу, дамагчыся дазволу на такі шлюб было не проста нават магнату, а шляхціцу так цяжка, што пра гэта ніхто не мог i марыць.

Дык вось, пан Лешчыц, які моцна закахаўся ў пляменніцу, рабіў усё што мог, звяртаўся да папскага нунцыя, выдаткаваў нямала сродкаў, а дазволу ўсё ж не атрымаў. Яму трэба было даказаць, што на панне канчаецца род, што маёнтак адыходзіць ад роду i многае іншае, звязанае з духоўнымі законамі. У тыя часы кансісторыя яшчэ не ўмела падаваць фальшывыя сведчанні, заснаваныя на нібыта дадзеных над прысягай звестках, таму пан Лешчыц i вярнуўся без патрэбнай паперы. Але ён ужо забыўся пра ўсё, апантаны сваім каханнем, завабіў пляменніцу ў свой дом, сам сабе даў дазвол i пачаў жыць з ёй паводле жывёльных законаў, чым зняважыў усю трамбавецкую зямлю. Радня спрабавала абразуміць яго, але ён быў глухі да ўсяго, нарэшце яго за такую распусту паклікалі ў суд, справа разглядалася ў гродскім судзе, там пан Бавароўскі быў падстарастам. Пасля праведзенага следства, допыту сведкаў, пасля разгляду ўсіх доказаў за i супраць справа аказалася такой яснай, што не было ніякіх падстаў пазбегнуць суровага прысуду Пан Бавароўскі асудзіў пана Лешчыца на смерць. Але пасля абвяшчэння прысуду пан Лешчыц уцёк, як потым аказалася, у Венгрыю, i следу па сабе не пакінуў. Суд споўніў свае абавязкі i болей не клапаціўся пра лёс пана Лешчыца, ніхто не шукаў яго. Мінула шмат гадоў, ніхто пра яго ўжо i не ўспамінаў, i нікому не заступала ў голаў, што нявыкананы прысуд ляжыць у судзе, а вінаватага ўжо, быць можа, i няма сярод жывых. Хапіла i таго, што маёнтак пана Лешчыца забралі ягоныя спадчыннікі, сам пан стараста расказваў пра тую справу свайму сыну як пра даўнейшае. Потым памёр пан падстараста, на яго месца паставілі некага іншага, i ён быў суддзёй нядоўга. А пан Бавароўскі, які быў у нас доктарам, атрымаў пасаду падстарасты ў судзе, якую некалі займаў ягоны бацька. Неўзабаве пасля таго ў судзе з'явіўся чалавек паважнага веку i прызнаўся, што ён i ёсць той самы Лешчыц, якога ягоны бацька асудзіў на смерць, i што яго ўвесь час мучыла сумленне за тое, што ён пагарджаў законам! сваёй радзімы i ўцёк ад прысуду, але далей ужо не мог цярпець пакут i з'явіўся для таго, каб панесці пакаранне. А прасіў ён аб адным толькі, каб не забыліся пра ягоную душу Потым ён некалькі дзён спавядаўся, а за мяжой яго ніхто на смерць не асуджаў, прыняў прычасце i цэлы тыдзень маліўся пад наглядам каплана ў касцёле, адкуль мог у любы час пайсці, бо ніякай варты да яго не прыстаўлялі. А затым з'явіўся у суд, сказаў, што гатовы да пакарання, у суправаджэнні ксяндза пайшоў на рыначную плоілчу, дзе яго ўжо чакаў кат. Там ксёндз даў яму апошняе блаславенне. Пан Лешчыц звярнуўся да народа, заклікаўшы ўсіх падпарадкавацца Богу i закону. Якраз быў судны дзень, i плач стаяў па ўсёй Трамбовіі. Потым Лешчыц укленчыў перад катам, пацалаваў яму руку, папрасіў, каб зрабіў сваю справу як належыць у той час, калі ён будзе маліцца. I якраз тады, калі ён у малітве звяртаўся да Ісуса i Марыі, ягоная галава ўпала на памост.

Каментар

Пан Лешчыц (с. 169)

Наполеона кодэкс - збор законаў, прынятых у Францыі ў часы Напалеона Банапарта.

Леў Сапега, Пётр Гербурт, Максімілян Фрэдра, Вацлаў Жавускі, Ігнацы Красіцкі, Ігнацы Патоцкі, Тадэвуш Чацкі, Рэй з Нагловіц - усе яны сапраўды былі прадстаўнікамі шляхты, вядомыя аўтары літаратурных, філасофскіх i заканадаўчых прац. Леў Санега (1557-1633) - канцлер Вялікага Княства Літоўскага, аўтар Літоўскага статута; Ян (а не Пётр) Гербурт ( 1508- 1576) - аўтар «Прыказак моў звычайных i іншых твораў польскіх i лацінскіх»; Максімілян Фрэдра (1784-1846) - дра­матург, паэт; Вацлаў Жавускі (1706-1779) - драматург i паэт; Ігнацы Красіцкі (1735-1801) - адзін з вядомых польскіх пісьменнікаў, пісаў вершы, камедыі, фельетоны, аповесці; Ігнацы Патоцкі (1750-1809) - адзін са стваральнікаў Канстытуцыі 3 мая; Тадэвуш Чацкі (1765-1813) - гісторык, дзеяч асветы, адзін з заснавальнікаў Таварыства сяброў навукі ў Варшаве; Рэй Мікалай (1505-1569) - першы польскі пісьменнік, аўтар вершаў i паэм.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX