Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ДАЎНЕЙШЫ ПОЛЬСКІ СУД 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 03-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Як мне здаецца, ніколі, колькі гэты свет стаіць, не было такіх змен ва ўсім, як на працягу майго жыцця. Усё чыста змянілася: становішча, звычаі, рэлігія, людзі; каб чалавек, які не трымаў у памяці таго, што было даўней, мог зазірнуць у мінулае, ён не пазнаў бы сваёй краіны, яшчэ менш пазнаў бы яе цяпер уваскрэслы стары, які перажыў панаванне двух Сасаў i развітаўся з белым светам у пачатку панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Калі было больш разумнага, тады або цяпер? Гэта вялікая загадка. А я разважыў бы так: даўней было больш разум­ных людзей, намнога больш, але тады не ўсякі славіўся разумным, а толькі той, хто лічыўся дасведчаным у тым, у чым яго прызнавалі разумным. Даўней не было разумных ва ўсім адразу. Адзін быў тэолагам, другі суддзёй, той складаў вершы, іншы вызначаўся красамоўствам. Ведаў свой занятак i разумеў яго. А большая частка народу не выхвалялася сваім розумам. Шляхціц мог, нікога не саромеючыся, сказаць: «Я просты чалавек, не разбіраюся ў гэтым, але мой сусед добра ведае i можа вам растлумачыць». А цяпер ёсць мноства людзей, пра якіх кажуць: «Вось разумны чалавек», але спытай, хто ён: суддзя - не, тэолаг - не, прамоўца - таксама не, нарэшце, можа, ён добры земляроб, зноў жа не. Дык хто ж ён такі? Ды вось проста разумны чалавек, i ўсё тут! Нейкі дзіўны розум, нешта накшталт тых адпалых ад дзяржавы ваяводстваў: пасады захаваліся, а чыноўнікі ўжо не маюць паўнамоцтваў. Сназнаўся я нядаўна з адным разумнікам, у яго быў патэнт на розум аж з Вільні. Ён быў вялікім хімікам. Разводзіў мне пра нейкія там кіслароды i вадароды, а ў нас броварнае майстэрства пакуль што ў калысцы, вось ён i збаламуціў мяне так, што я даверыў яму ладаваць свой бровар у Літаровічах. З бочкі жыта я выганяў 27 гарнцаў гарэлкі, ён паабяцаў мне падвоіць вынік i тым мяне спакусіў. I як пачаў псаваць i ламаць, перабудоўваць, навёў мяне на вялікі кошт, а з бочкі стала выходзіць усяго 15 гарнцаў. Я пачаў яму скардзіцца, а ён стаў мне так вучона тлумачыць, што i запярэчыць немагчыма, так складна распавядае. I давай ён зноў перарабляць i папраўляць, а выхад гарэлкі яшчэ паменшаў; мне патрэбна гарэлка, а ён мне сыпле аргументы i доказы. Нарэшце гэта мне надакучыла, пазбыўся я такога мудраца, а бровар мне па-старадаўняму наладзіў адзін майстра яўрэйчык, цяпер зноў выганяю гарэлкі столькі, колькі раней. Нямала страціўшы на гэтым, я толькі аб адным пашкадаваў: што мяне, старога чалавека, абвёў вакол пальца такі вось жулік, проста сорамна. А цяперашнія судовыя! Божа, даруй тым віленскім прафесарам, якія ix вучаць! Паспрабуй толькі скарыстацца паслугамі якога, дык ён пачне перабіраць не толькі ўсю польскую гісторыю, але нават у дапатопныя часы сягне ў сваім тлумачэнні законаў! А як напіша пастанову, то трэба клікаць другога юрыста, каб той вытлумачыў, што гэты накрэмзаў. А які тон у голасе, якая думка пра сябе, якіх выгод дамагаецца i якія ў яго легкадумныя адносіны да нас, даўнейшых судовых. Даўней было лягчэй пераканаць палову юрыстаў у судзе, чым сёння аднаго цяперашняга законніка. Даўней той юрыст, які на законах зубы з'еў i ўвесь ссівеў, меў вёсачку ў пажыццёвым карыстанні i некалькі тысяч над працэнты, i ён лічыў сябе шчаслівым, а цяпер папрацуе пару гадоў у земстве або трыбунале, а потым паедзе ў Пецярбург абараняць чые-небудзь інтарэсы, пасядзіць там якія гады два, вернецца, i вось ён ужо тут варочае тысячамі! Але ж, Бог сведка, нашых законаў ён не разумее, толькі i ўмее, што ціснуць на ўсіх сваёй гаманлівасцю. А мы, старыя, бачым, што нас маюць за нішто, ды не можам i слова ўтачыць. I, трэба прызнацца, цяпер праўда на ix баку, бо пры такой хадзе спраў, якая настала пасля падзелу Польшчы, ix розум лепшы, чым наш. Магу шчыра прызнацца, што не разумею ні цяперашняга судовага справаводства, ні самой працэдуры суда. Адзін i той жа суд, па адной i той жа справе можа павярнуць усё то чорным, то белым бокам, як ім зажадаецца. «Я ў гэтым упэўнены» - вось і ўвесь сказ такога суддзі. На яго могуць скардзіцца, крычаць, што ён махляр, што ў яго няма сумлення, што бярэ на лапу. I вось наступае дзень пачатку сейміка. Здаецца, што яму будзе сорамна паказацца на людзі. Але, дзіва дзіўнае, яго просіць уся шляхта весці рэй на наступным пасяджэнні. Ну як тут зразумець цяперашнія часы? Яснавяльможны Забэла, чыйго бацьку я некалі насіў на руках i які заўсёды добра ставіўся да мяне, спаткаў мяне гады са два назад на наваградскім кірмашы i сказаў мне:

- Шаноўны пан падчашы, вы сябравалі з маім бацькам, у мяне тут справа ў судзе, будзьце ласкавы, падтрымайце мяне на пасяджэнні.

А я яму адказваю:

- Навошта я пану з маім старым розумам, ці можа чым дапамагчы мая падтрымка, калі цяпер любая справа ў судзе i не настолькі добрая, каб яе нельга было не прайграць, i не настолькі дрэнная, каб нельга было яе не выйграць.Самае лепшае, гэта кінуць на стол дробную манету: калі цот, то выйграеш, калі лішка - прайграеш. Такі ўжо розум у цяперашніх законнікаў.

- Але ж i даўней здаралася, што магнат націскаў на суд, - любіць паўтараць цяперашняе сытае пакаленне.

- А я на гэта адказваю так: бываў часам націск, які перашкаджаў чыніць справядлівасць; але i ў тым злым, што ён нёс, было яшчэ сумленне. Слабы суддзя, дагаджаючы гаспадару, часам махляваў, як мог, даваўся ў знакі шляхце доўгай цяганінай, прымушаў пакутаваць, але не знішчаў зусім, як гэта робіцца цяпер. Exspecta cadaver («чакай труп» - іначай - працягвай справу, пакуль падсудны не памрэ) - многа было ўсялякага, але я не падпісаў ніводнага непраўдзівага выраку. А цяпер, я магу гэта сцвярджаць смела, калі б якому цяперашняму трыбуналу або земскаму суду давялося весці такую справу, ад якой Пілат памыў рукі, а яўрэі паклалі пачак - другі грашовых паперак, i вось губернатар, нядобразычліўца Хрыста, падаў суддзі надзею, што той можа заслужыць чвэрць локця чырвонай стужкі з чорнымі або залатымі краямі - колеры ордэна Святога Станіслава, то я перакананы, што наш Збавіцель прыняў бы пакуты яшчэ раз. Ды Яго i цяпер у нас не перастаюць распінаць на крыжы распустай, падманам, абыякавасцю да Яго справы, сябелюбствам, хаўрусам з ворагамі веры i айчыны, i гэтак далей. А вось жа нельга спадзявацца, што даволі паскардзіцца Богу на паганцаў, якія акрамя ўсіх несправядлівасцей губяць веру ў айчыну ў людскіх сэрцах, i ён сваёй усяўладнай воляй за адно імгненне спыніць усё гэта. Тых часоў ужо не вярнуць. Аднак хіба ж мы заслужылі такое? Паны-брацці, хто хоча выбудаваць гмах, павінен запасціся цэглай i вапнай. Радзіма i ёсць той гмах, а мы - цэгла. Калі цэгла да таго крохкая, што рассыпаецца ў руках, які з яе выбудуеш дом? Абпалім сябе ў цагельні веры i дабрачыннасці, а потым ужо возьмемся за будоўлю, i сцены нашага дома не абваляцца. Вядома, тое, што я кажу, некаму будзе не да смаку. Лягчэй быць пакутнікам, чым каяцца ў грахах, лягчэй змагацца за радзіму i гінуць за яе, чым трымацца строга, пазбягаць спакуслівых выгод, стрымліваць свае распусныя страсці, не прыгнятаць падданых, а ўсяляць у ix пачуццё чалавечай годнасці.Пакутніцтвам можна выратаваць сваю душу пасля распуснага жыцця, але адным пакутніцтвам не выратаваць радзіму. Дзеля яе трэба яшчэ i каяцца ў грахах, спавядацца, абмяжоўваць сябе ў жаданнях, захоўваць чысціню душы, толькі тады яе можна выратаваць. Такая дарагая рэч не можа акупіцца легка, а кожны грэшны ўчынак заўжды дасца ў знакі. Згадаем усе нашы шляхецкія i іншыя роды, калі нейкі з ix заняпаў, то гэтаму заўсёды знойдзецца прычына ў непрывабным учынку якогасьці продка. Калі хто спрабуе (паводле свайго ўяўлення) ратавацца ад зла грахом, то ад гэтага будзе яшчэ большае зло, чым тое, ад якога хацеў уратавацца. Быў адзін вялікі герой у нашай гісторыі, але настолькі горды, што не мог цярпець нікога над сабой. Пайшоў вайной супраць караля, які меў намер дамагчыся ўсталяваць у нас перадачу трона ў спадчыну. I вось ягоныя нашчадкі аціраюцца ў прыёмных губернатараў Расіі i Аўстрыі. Быў у Літве род, які пастаянна дамагаўся старастаўскіх пасад, увесь час бунтаваў, пакуль пры новым надзеле набыткаў Рэчы Паспалітай не быў улагоджаны каралямі i пакуль новыя спакусы не прывялі да новага незадавальнення, i вось ягоныя нашчадкі ўпалі ў нястачу. Быў адзін ваявода, які палічыў свой род абражаным, калі ягоны сын узяў жонку са старадаўняга роду, але на той час непараўнальнага з ягоным у сваім бляску. Загадаў захапіць яе, каб прымусіць развесціся, а слугі, жадаючы лепей паслужыць свайму гаспадару, утапілі няшчасную. I гэта рабілася ў хрысціянскім каралеўстве! I чым усё скончылася? Не змог ваявода перанесці таго, што сын ажаніўся з менш радавітай шляхцянкай, дык той пазней ажаніўся з распусніцай, якую знайшоў недзе ў цараградскіх лавачнікаў i якая прынесла ваяводу на схіле гадоў адну толькі ганьбу i прыкрасць. А колькі ў нас цяпер выпадкаў перад вачыма: некалі на сеймах дзяды галасавалі супраць павелічэння падаткаў i павелічэння арміі, каб супрацьстаяць Маскве; цяпер ужо Масква пазабірала ix усю маёмасць, а яны не хацелі аддаць яе часткі дзеля таго, каб больш падданых маглі некалькі гадоў паслужыць Рэчы Паспалітай; вось унукі праз тыя ix выбрыкі цяпер будуць служыць маскоўцам усё жыццё. Гэтак вось за грахі дзядоў i бацькоў пакутуюць ix нявінныя дзеці i ўнукі. Што тварылася паміж асобнымі родамі, тое сталася i з усёй айчынай. Бог, апякуючыся нашай айчынай, нездарма прывёў да нас столькі рускіх - мы самі не лепш абыходзіліся з імі! Сорам успамінаць! Не проста так Бог аддаў нас пад рускае ярмо, як яно на нас ні цісне, а некалі ж тое самае рабілі i мы, хаця мы ўрэшце апамяталіся i ў польскія часы да рускіх спачатку адносіліся няблага, але пачаліся захопы i ў сэрцах нашых насельнікаў разгарэліся новыя спакусы, i з рускімі падданымі пачалі вытвараць нешта такое нялюдскае, чаго нашы продкі нават не маглі сабе ўявіць. Бо тады не толькі плён ix працы поўнасцю забіралі сабе, але бессаромна i бязбожна набівалі свае кішэні, наталялі сваю сквапнасць. I гэтае зло ўсё пашыралася, дык што ж вы хочаце, каб Бог, апякуючыся справядлівасцю, дазволіў такое, што бязлітасныя крыўдзіцелі не засталіся без пакарання? У мае часы было многа добрага, i калі нам дадзена было плаціць за віну продкаў, то мы даўно ўжо ачысціліся б i вярнуліся да першароднай чысціні, але цяперашняе пакаленне новымі прыкрымі ўчынкамі павялічыла гнеў Божы. Ды i сама гісторыя вучыць, што вялікія злачынствы заўсёды прыводзяць да ўпадку народаў. Тыя ж грэкі не захацелі прызнаць верхавенства хрысціянскіх святых айцоў, праз сваю ганарыстасць разарвалі адзінства веры, i за гэта падпарадкаваліся не проста чужой уладзе, але i ўладзе чужой веры. А Рым! Пакуль была ў ім чысціня, дараваная яму лёсам, то, як пісаў адзін вялікі i разумны вучоны, яму Бог ва ўзнагароду аддаў права вяршынстваваць над светам. Самыя вялікія, самыя магутныя народы падпалі пад панаванне Рыма. У Гарацыя была вера ў тое, што ўвесь свет належыць Рыму, калі ён пісаў:

Horrenda late nomen in ultimas,
Extendat oras.

Страшны народам, усюды раскіне
Ўладу сваю.

Крыху далей ён піша пра тое, што рымлянін здолее ўбачыць:

Quicumque mundo terminus obstitit,
Hunc tangat armis, visere gestiens
Qua parte debacchentur ignes,
Qua nebulae, pluviique rores.
...мяжу сусвету, розныя краіны.
Рукой крануцца, паглядзець мясціны,
Дзе спёка залівае абшары,
Дзе дажджом праліваюцца хмары.

Але потым рымляне таксама пачалі забывацца на памяркоўнасць сваіх продкаў i сталі патураць усялякай распусце, i праз гэта спачатку страцілі сваю свабоду, а пазней падпалі пад уладу дзікіх варвараў, якімі калісь пагарджалі. Затое потым, калі яны прынялі хрысціянскую веру i пачалі выхоўваць у сабе яе духоўныя вартасці, яны зноў узвысіліся. Спачатку ix праславілі сенатары i салдаты, а пазней біскупы i святары, але пасля зноў прагнасць, ганарыстасць i распуста прынеслі ім шкоду, абмежавалі ix уладу, але поўнасцю страціць ix яны яшчэ не паспелі.

Я заўважыў звод старадаўніх звычаяў раней, чым пачаўся заняпад нашай краіны. Магнаты даўно ўжо сталі псавацца, паколькі былі бліжэй да каралеўскага двара, шляхта яшчэ так-сяк трымалася. Памятаю, што ў гарадах нашага ваяводства не было чутно пра дамы распусты; калі ж якая-небудзь зводніца спрабавала спекуляваць дзяўчатамі, яна не доўга радавалася: як толькі гарадскія ўлады даведваліся пра такое, то паводле раздзела XIV, артыкула 31 Літоўскага статута яна адразу ж падлягала суду. Яшчэ калі я вучыўся ў школе, памятаю, як пан Абуховіч, наваградскі падваявода, прысудзіў адсекчы нос i вусны адной старой шляхцянцы, якая адкрыла ў Наваградку карчму i пачала дзяўчатамі завабліваць у яе людзей. Якраз у той час праз Наваградак праязджаў каралевіч Караль, князь курляндскі, i ён прасіў пана Абуховіча злітавацца i не караць так сурова, але той не змякчыўся, плачучы, на каленях перапрашаў каралевіча, што не можа пайсці супраць уласнага сумлення; i прыгавор споўнілі на рынку.

Праз некалькі гадоў перад падзелам Польшчы князь Радзівіл, трокскі ваявода, судзіўся ў Наваградку з яснавяльможным панам Несялоўскім, наваградскім ваяводам, i тут якраз яму ўспала на вока дачка нейкай Ніклевічавай, удавы, якая не адзін год, як мне памятаецца, прадавала ў горадзе каўбасу i сыр. Але яна была шляхцянка, карысталася павагай, а дачка ў яе была прыгожая, нібы букет ружаў. Князь ваявода не быў педантычным чалавекам, таму скарыстаў у сваіх амурных справах свайго камердынера, ці то немца, ці то француза, а той быў спрактыкаваны ў падобных справах, добра налаўчыўся ў ix у Варшаве i Вільні. Але Наваградак не сталіца, франт аканфузіўся, бо старая, у якой былі патаемныя сведкі, зазвала спакусніка ў гродскі суд, а там на той час старшынстваваў пан Дамянік Вяржынскі, гродскі суддзя, родны брат якога быў рэгентам прыдворных судоў i адным з завадатараў альбанскай кампаніі, а сам ён быў чыноўнікам, які вызначыўся няўхільным выкананнем законаў, прыхільнікам справядлівасці i стараннасці. I хаця князь быў не простым панам, суддзя нагнаў на яго такога страху, што той мусіў даць удаве дваццаць тысяч на пасаг для дачкі, абы толькі яна не судзілася з ім. А яшчэ, акрамя прыстрашэння, пан Вяржынскі запраторыў камердынера на два тыдні ў турму, i я спадзяюся, той пасля такога вымушанага паста спазнаў, што ёсць сталіца i што ёсць правінцыя. А наша моладзь убачыла, што нават i важным панам не папускаюць распусты, паводзіла сябе вельмі прыстойна, бо не толькі Бога ўгнявіць баялася, але i асцерагалася суддзі. Але паступова зло пачало ад паноў пераходзіць да шляхты, не дужа хутка, але пачало. У мае часы былі ў Наваградку юрысты, старыя кавалеры з белым вусам, сціплыя i цнатлівыя, як паненкі. I мы, маладыя, не кажучы пра іншыя асцярогі, але нават пабойваючыся ix асуджэння, стараліся паводзіць сябе як належыць. Тады рэдка можна было сустрэць маладога, які не паважаў бы старэйшага, як сын паважае бацьку.

Быў такі пан Андрэй Ялец, сын роднай сястры яснавяльможнага Жабы, полацкага ваяводы, якога яснавяльможны дзядзька як апякун прызначыў у наваградскую адвакатуру, спадзеючыся, што ён засвоіць заканадаўчыя навукі i зможа некалі дасягнуць высокіх чыноў. I вось хлопец, малады, старанны, неўзабаве надзвычай спадабаўся (і небеспадстаўна) аднаму з першых законнікаў нашых i стаў служыць у яго, i так вызначыўся ў судовых справах, якія адразу пайшлі ў яго на лад, хаця ён i не стараўся выслужыцца, што стараннямі свайго дзядзькі, які папрасіў у віленскага князя ваяводы, майго гаспадара, каб ён здабыў для Андрэя ордэн Залатога льва, Ялец стаў шамбялянам яго княскай мосці, вядомым пры каралеўскім двары, ён быў адзін сярод усяго наваградскага судзейства, каго тытулавалі яснавяльможным, бо ён меў такую высокую ўзнагароду. Дзякуючы сваёй разумнай галаве i прыхільнасці сенатараў пасада прыносіла яму штогод больш за тысячу чырвоных злотых, акрамя таго, ён карыстаўся даверам, мог многае сабе дазволіць i хаця яшчэ малады, але быў нароўні са старэйшымі за яго. Ён мог крыху размаўляць i па-французску, быў сваім у вялікім сталічным свеце, некалькі разоў размаўляў з каралём, нахапаўся панскіх звычак, а яшчэ любіў строіць розныя жарцікі. Яму дужа хацелася апранацца на нямецкі лад, здавалася, толькі гэтага яму i не хапала. Але гэта было ў нас не ў пашане i, хочаш не хочаш, выфранціцца так ён не мог, хадзіў у нашым доўгім адзенні. Вось аднойчы ён заспеў мяне ў земскага рэгента Фабіяна Вайніловіча, сівога старога, але нежанатага, у якога я калісьці служыў памочнікам адваката i які мог бы лічыцца самым педантычным сярод педантаў, пачаў прасіць нас абодвух, каб мы яго выручылі, бо прыехала нейкая жанчына з дзвюма разумным! дочкамі, i яна хоча распачаць у Наваградку нейкую важную справу, просіць яго абараняць яе інтарэсы. А ён з-за вялікага наплыву спраў, якія цалкам леглі на ягоныя плечы, не можа ўзваліць на сябе яшчэ i гэты цяжар, таму што дапамагаць удовам i сіротам гэта вялікі клопат. I яшчэ дадаў:

- Хто ведае, можа, займаючыся справамі маці, дочкі знойдуць дарогу да вашых сэрцаў, вы ж абодва нежанатыя.

кавалеры. Я вас звяду з ёй i ахвотна дапамагу, калі будзе патрэбна.

Мы нібыта прадчувалі, што з таго выйдзе, доўга адмаўляліся, але ён пачаў нас угаворваць i ўпрошваць, i мы згадзіліся, бо, па-першае, мы былі з ім у дружбе, па-другое, сапраўды, не след адмаўляць у дапамозе ўдовам, ды i пан шамбялян вельмі ж прасіў. Быў ужо надвячорак, ён павёў нас, доўга вёў, аж некуды ў прадмесце. Там спачатку правёў нас у нейкі дамок i пазнаёміў з пані досыць паважнага веку i дзвюма дочкамі, сапраўды прыгожымі паннамі, кажучы, што мы тутэйшыя адвакаты, ягоныя сябры, i бярэмся дапамагчы ёй. Пані пачціва прывіталася з намі, падзякавала, што знайшлі час зайсці да яе. Мы чакаем, калі яна загаворыць пра сваю справу, а яна пачала ўгаворваць нас, каб мы дазволілі ёй пачаставаць нас пуншам, а пан Андрэй ад нашага імя засведчыў, што мы ахвотна вып'ем i што пасля шклянкі-другой лепей пойдзе размова. Пан Фабіян, вечны спачын яго душы, любіў кульнуць чарку, пан Ялец i я былі заўжды рады пабыць з ім у кампаніі. Што ж, хай нясе! I мы выпілі таго пуншу, а ў ім, як мы потым зразумелі, быў чысты спірытус, але такі падсалоджаны, што мы не разабраліся i выпілі па поўнай шклянцы ды неўзабаве страцілі ўсякую памяць, а пан Ялец, які прыдумаў гэты жарцік, уцёк, пакінуўшы нас адных. Пачало ўжо днець, калі мы ачомаліся i зразумелі, што мы, не болей, не меней, а правялі цэлую ноч у падазроным доме. У панурым i горкім маўчанні мы выбраліся з таго Садому, злуючыся на пана Яльца за ягоны непрывабны жарт. Пайшлі мы да пана рэгента, а там селі i ледзь не плачам. У самога Icyca зашчымела б сэрца, калі б ён гэта бачыў, асабліва гледзячы на збянтэжанага пана рэгента. Пан Фабіян доўга маўчаў, а потым прамовіў:

- Пане Севярыне, куды гэта нас завёў той латруга? Я жыву тут ужо больш за сем дзесяткаў гадоў, i да ўчарашняга дня мая нага не ступала ў такое месца, дзе нельга здабыць сабе гонару, а цяпер вось мая старасць апаганена. Хіба мы заслужылі такое?

А я яму адказваю:

- Там, дзе няма волі, няма i граху. Хай пану Андрэю будзе сорамна за такі злы жарт, а не нам, ні ў чым не вінаватым.

- Не, пане Севярыне! Мы вінаватыя. Як нас вучылі ў школе: Cum bonis bonus eris, cum malis perverteris (з добрым! будзеш добрым, а ca злымі i сам сапсуешся). Навошта мы мелі справу, нават сябравалі з гэтым фармазонам, які Бога не баіцца, такія жарцікі строіць? Нам трэба пакараць сябе, пакуль нас Бог не пакараў.

Ён загадаў мне легчы i адлічыў пяцьдзесят бізуноў; потым лёг сам, аддаў мне бізун, i я мусіў гэтак жа адлупцаваць яго, а ён прасіў старацца як след, ды i мяне ён пачаставаў, не шкадуючы маёй скуры. А потым ён пабег да суддзі Вярэйскага i расказаў яму, што ў прадмесці завяліся прайдзісветы. Ix хацелі злавіць, ды шукай ветру ў полі! Гэтыя шэльмы так хутка адтуль вымеліся, што i следу не засталося. А як зазлаваў пан рэгент на пана Яльца! Ледзь-ледзь адгаварылі яго не судзіцца з ім, а ўся адвакатура была так пакрыўджана за свайго рэгента, што пан Ялец жыва ўцёк з Наваградка i падаўся шукаць свайго шчасця ў Вільню, развітаўшыся ca старым з-за сваіх выбрыкаў. I меў там шчасце, што зусім не дзіўна, калі памятаць пра ягоныя сувязі i становішча, ён усюды ў Польшчы мог зарабіць сабе на кавалак хлеба. А потым ажаніўся, пасталеў, суняў свой нораў, i я не раз з ім з прыемнасцю сустракаўся. Толькі пан рэгент ніяк не мог дараваць яму i нават аднойчы, спаткаўшы яго на званым абедзе ў пана Вярэйскага, выслізнуў з пакоя, не жадаючы сядзець з Яльцом за адным сталом, а назаўтра прыходзіў да гаспадара i тлумачыў, чаму ён так зрабіў.

Вось так у нашы часы разумелі, што ёсць годнасць i навага хрысціянскага шляхецтва. Потым ужо сталі падсмейвацца са старасвецкіх звычаяў, кажучы, што гэта праявы фанатызму i цямноты. Вядома, лепш падсмейвацца i паклёпнічаць на дабрачыннасць, чым трымацца яе.

Каментар

Даўнейшы польскі суд (с. 186)

Гарацый - старажытнарымскі паэт. Сапліца цытуе ўрывак з оды Гарацыя, у якой услаўляецца Рым.

Фармазон - скажонае слова франкмасон, якое абазначала таго, хто адносіўся да ордэна масонаў. Пазней гэтае слова стала абразлівай мянушкай вальнадумцаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX