Вярнуцца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ЯК Я ЖАНІЎСЯ


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 06-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Ужо не адзін год служыў я юрыстам у Наваградку, і хаця не быў яшчэ заўважаны князем ваяводам, аднак жа меў неблагі кавалак хлеба, бо работы заўжды хапала; пра ўзнагароды я ніколі не думаў, але такія-сякія грошы траплялі ў кішэню i можна было ашчаджаць ix на будучае. Ды ўсё ж я жыў між людзей i прымаў кожнага ў сябе, як тое належыць, багацце ў мяне тым не менш было, як у звычайнага шляхціца: грош ішоў за грошам на розныя патрэбы, а прыхаваць штосьці я i не мог, i не хацеў. Аднойчы я нешта раздумаўся, што вось пакуль я малады, то жыву са сваёй працы, а што будзе, калі сілы пакінуць мяне i я не здолею працаваць? У такім задуменні я нават не пачуў, як у мой пакой увайшоў Фабіян Вайніловіч. Пакуль я ўсхапіўся, каб сустрэць яго, ён прывітаўся:

- Хай будзе пахвалёны Бог наш!

- На векі вякоў! - адказаў я, выходзячы з - за стала, каб прывітаць шаноўнага пана, у якога я служыў i якому быў удзячны за мой лёс, як i за тое, што ў мяне ёсць праца i надзея на лепшае.

- А над чым гэта васпан так задумаўся, што не заўважыў, як я зайшоў?

- Прабачце, пане рэгент, за маю няўважлівасць, яна ад думак; калі чалавек задумаецца пра нешта сваё, то яго агортвае смутак i ён нічога наўкола не заўважае.

- I па чым жа васпан сумуе?

- Пабойцеся Бога, пане рэгент! Хіба мне няма над чым задумацца? Зараз вось я ўспомніў усё сваё жыццё. Самі бачыце, як я працую. Не адну ноч прасядзеў над паперамі, ад ранку кожны раз у земстве, у гродскім судзе ўсю падлогу стаптаў, не магу паскардзіцца, што марна працую, а вось падлічу прыбыткі i бачу, што на наступны год мне i пяцьдзесят злотых не назапасіць. I прытым нічога лішняга сабе не дазваляю: ем па - шляхецку, п'ю тое, што п'юць усе людзі, па сценах дываны не вісяць. Самі бачыце, пане рэгент, што тут толькі чатыры куты, а сабака - пяты. Некаторым шанцуе больш. Вазьміце хаця б пана Ільяша Корбута, нашага калегу, ён нядаўна адкупіў у дзяржавы наваградскую эканомію, сыноў выхоўвае ў бурсе, жонка ні ў чым нястачы не ведае, i госці кожны раз у сваёй місцы знаходзяць кус мяса, i прытым ён кожны шэлег зарабіў сумленна. У мяне надобных выдаткаў няма, працую на аднаго сябе, а тым не менш не тое што не магу нават памысліць пра свой фальварак, а нават заплаціўшы за кватэру i то адчуваю, нібы зняў вялікі цяжар з душы. Як бы i няблага жыву, але гэта цяпер, а мяне трывожыць, што будзе далей.

- Я вельмі добра разумею, адкуль гэта ўсё ў цябе. Ты так i ўсё жыццё пражывеш, калі толькі не ажэнішся.

- Вы, пане рэгент, робіце, як наш князь: другім раздаяце жонак, а сабе не бераце.

- Затое я са свайго вопыту магу даць парады сябрам. Калі б ты Ў добрую пару ажаніўся, то выглядаў бы не так, як цяпер. Раз ужо ты ў мяне на службе, то я раскажу табе, як да мяне злотыя паплылі, i дай табе Бог хоць напалову мець такое шчасце, як маё. Праз мае рукі праходзілі судовыя справы самых вядомых у ваяводстве людзей. А даверанасць нясвіжскіх паненак бенедыкцінак (якую я перадаў пану Крыстафу Міцкевічу, калі стаў земскім рэгентам) хіба мала прыносіла мне? Мне тады хіба толькі птушынага малака не хапала. А тое, што даюць акты, хіба гэта мала? Ты ж памятаеш, як той жа пан Ільяш даваў мне штогод па дзесяць тысяч за канцылярыю. А што знойдзе пляменнік пасля маёй смерці? Дамок у Наваградку i крыху дабра, якое я збіраў усё жыццё: вось i ўвесь мой набытак! I хіба мне адно i тое ж не надакучыла? Даўно кінуў бы ўсё, каб было на што жыць. Так марнуюся ўсё жыццё. Сяджу за сталом у судзе i не ведаю, што робіцца дома. Той нешта ўрве, другі ўхопіць, іншы здабудзе, а я разумны толькі для некага, а для сябе дурны. Я піцую, а слугі гуляюць, здабуду злоты, а дома трат на два. Дзіва, як яшчэ слугі пільнуюцца майго маёнтка. Але як мне заняцца домам, калі ў мяне часу не хапае? I рады быў бы паспець зрабіць усё, але спачатку натупаешся, потым пішаш, аж пальцы пухнуць, потым насядзішся над справамі, а як выдасца воль­ная гадзінка, то цягне адпачыць, бо ўжо ж i здароўе не тое. Што тут цяпер казаць! А трэба ж i пра душу думаць! Сорамна, што пра Статут Літоўскі думаю цэлымі днямі, а аб промысле Божым забываюся думаць... I ўжо не толькі сорамна, але i страшна - як бы неспадзявана не развітацца 3 жыццём. Калі б у мяне была жонка, то я працаваў бы, а яна збірала грош да гроша, i прыбытак быў бы ў доме, i сам бы не заўважыў, як узбіўся б на маёнтак. Пане Севярыне, у нас у Польшчы толькі ксяндзу ды салдату можна ні пра што не думаць, а вось шляхціц або селянін, або суддзя, калі не жэніцца, то, значыць, у яго ў галаве не ха­пае нейкай клёпкі. Паслухай мяне, старога. Хоць не сабе, дык для іншых прыдасца мой розум. Ты ўжо досыць доўга тупаеш па зямлі, пане Севярыне, жаніся, пакуль малады.

- Ды я б i не супраць, але як да гэтага падступіцца? Я ж ні з адной белагаловай нават дзесяці хвілін не пагаварыў. Мне ідзе пяты дзесятак, ці самая гэта лепшая пара для таго, каб вучыцца падабацца паннам? Ужо сівець пачынаю, а людзі кажуць, што совацца да панны з сівым воласам тое самае, што да сабакі з вожыкам. А пачні я ездзіць у сваты, то можа ўдасца, можа не, але праз гэта магу страціць i той хлеб, які ем цяпер.

- Я высватаю васпана.

- Як гэта?

- Ёсць у мяне на прыкмеце дзяўчына. У жонкі наваградскага падкаморыя Рэйтана на выхаванні жыве ix рад­ня - Магдалена Багушэвіч. Дзяўчына яна бедная, але знатнай крыві, зграбная, i з твару нішто сабе, будзе добрай гаспадыняй. Ты ведаеш яе?

- Так, пару разоў бачыў у касцёле з яснавяльможнай пані Рэйтанавай. Добрая панна. Але ці пойдзе яна за мяне?

- За гэта можаш быць спакойны. Пані Рэйтанава - мая стрыечная сястра, мае слова нешта ды будзе значыць. Да Грушаўкі недалёка, я там закіну за цябе слоўца, мне яны не адмовяць, так i мы з табой станем раднёй. Я даўно цябе ведаю, пане Севярыне, i мне хочацца, каб мае сяброўства 3 такім добрым шляхціцам змацавалася шчаслівым шлюбам; а панна Магдалена настолькі знатная, што як толькі ты ажэнішся, то ўся, якая ёсць на Наваградчыне, кармазынавая шляхта будзе хадзіць у цябе ў прыяцелях.

- Раз ужо дабрадзей пан рэгент такі да мяне добры, то будзьце мне за бацьку. Згодзен. Але раней часу пра гэта не трэба нікому ўводзіць у вушы. Бо як не ўдасца, то мне ж усе костачкі перамыюць, а толку ніякага. Няхай усе даведаюцца, калі справа будзе зладжана.

- Са мной як з ксяндзом на споведзі. Толькі ж ты, пане Севярыне, мяне не падвядзі, бо як адступішся, то потым можаш i месца пазбавіцца, памятай, што маеш справу з шаноўным родам.

- Пане рэгент, дабрадзей мой, хіба ж я шэльма які? Я хутчэй памру, чым зраблю штосьці нядобрае.

- Так усе кажуць. А як юрыст я, прабач, павінен быць асабліва асцярожны. Ты даў слова, я спадзяюся, што i там ты яго пацвердзіш. Ты i азірнуцца не паспееш, як я цябе ажаню.

Тут ён i пакінуў мяне аднаго з маімі думкамі. Аднак думкі тыя павярнулі ўжо на лепшае. А якраз за некалькі дзён да гэтага ў дзень святога Яхіма было вялікае свята у наваградскіх айцоў дамініканцаў, на якім быў i я, няшчасны грэшнік. Я доўга маліўся гэтаму вялікаму святому i майму апекуну (ягонае імя я атрымаў, калі ўжо меў вусы, мяне мірапамазаў ксёндз Панцэржынскі, ладысейскі біскуп, наваградскі вікарый). Я старанна маліўся гэтаму святому, каб ён апекаваўся мной у маіх справах, ахвяруючы яму ўсё, што меў, i быў гатовы аддаць усё, абы толькі ён дапамог мне. На тым фэсце я спадобіўся i святога прычасця. Калі ж пан Фабіян, які ўжо столькі гадоў быў са мной знаёмы, зрабіў з мяне юрыста, але ніколі не заводзіў са мной падобных размоў, раптам пачаў падшукваць мне жонку, ды яшчэ са сваёй радні, прывыклую да раскошы (хоць сам я не быў багатым i некалі расказваў яму, што пачынаў бедным слугой, ды пра гэта ён ведаў i без маіх слоў), то я ўспрыняў гэта як знак Божы i не сумняваўся, што буду мець жонку, што буду шчаслівым з ёй. Але ж варта было падумаць i пра непазбежныя выдаткі на вяселле, бо трэба ж было i заплаціць за шлюб, i мець у чым вазіць жонку, i хоць нейкую хаціну замест гэтай, халасцяцкай, прыдбаць, каб прывесці ў яе жонку i прымаць там гасцей. I тут, адкуль ні вазьміся, пайшлі неспадзяваныя ўдачы! Наваградскі кагал вёў важную справу з яснавяльможным ваяводам Несялоўскім. Мне многае абяцалі за тое, што я з'езджу Ў Вільню прадставіць яе надворнаму суду; аднак я, хоць i мог бы гэта зрабіць, не адважваўся ўзяцца, бо служыў свайму Богу, а яўрэям ніколі не прапаноўваў сваіх паслуг, лічыў, што гэта супярэчыць маёй веры i майму становішчу. Але Бог распарадзіўся па - свойму. У гэты самы дзень, калі пан рэгент парашыў апекавацца маім лесам, вяльможны Яблонскі, наваградскі войскі, запрасіў мяне прыняць удзел у судовай справе айцоў дамініканцаў, яна вырашылася станоўча, я сам напісаў судовае заключэнне, на радасцях пан войскі падараваў мне павозку, якую ён прывёз годам раней з Варшавы, другой такой не было ва ўсім Наваградку, а ксёндз - правінцыял ахвяраваў мне ты­сячу злотых. I ўжо калі мой дабрадзей пан Фабіян Вайніловіч з'явіўся да мяне з добрай весткай, што ўсё зладжана i трэба толькі з'ездзіць у Грушаўку падзякаваць пані Рэйтанавай, я смела паехаў з ім, не баючыся, што мне не хопіць сродкаў на вяселле. Хаця i рады я тады быў таму, што рабілася, але пакуль ехалі, не тое што хваляваўся, а нават нацярпеўся страху. Так я сябе адчуваў раней хіба толькі перад боем на Свіслачы, калі першы раз ішоў на непрыяцеля, ды тут было нават страшней. Тады я быў не адзін, быў упэўнены, што не накажу сябе баязліўцам, а тут апасаўся, каб ад хвалявання не выставіць сябе дурнем. Чым бліжэй мы пад'язджалі да Грушаўкі, тым большы страх; калі мы нрыехалі на нанадворак, то мне надумалася: каб рантам перада мной у гэты момант расчынілася зямля, то я скочыў бы Ў прорву. Мяне, як мог, падвясельваў пан Фабіян. I вось мы ўжо стаім перад яснавяльможнай Рэйтанавай, вельмі паважанай i разумнай пані. Праўду кажучы, за мяне болей прамаўляў пан Фабіян, а я мармытаў немаведама што, памятаю толькі, што дзякаваў, упаў ёй у ногі, словам, заручыны адбыліся. I я, i мая нарачоная абое выглядалі нібыта злачынцы, асуджаныя на пакаранне смерцю. Так мне сказаў пан Фабіян, бо я не мог узняць вачэй на паненку. Памяняўшыся пярсцёнкамі, мы пакінулі Грушаўку да дня шлюбу. Было позна, i мы заначавалі ў карчме, толькі там я крыху ачомаўся. Неўзабаве разлеглася вестка пра маю жаніцьбу, пачалі мяне ў судах заўзята вітаць i суддзі, i сябры i шаноўныя кліенты, гэта была но­вая прыгода. Але тут я ўжо быў смялейшы, было сярод ix нямала такіх, хто прайшоў праз гэта. Можа, мне часам i надакучалі тыя віншаванні, дзе не абыходзілася без сакавітых жарцікаў, але, з другога боку, мне было прыемна бачыць гэтыя праявы польскай ветлівасці ад грамадзян, якім я служыу

Тут пачалі да майго дома пад'язджаць вазы, то з зернем, то з прыправамі, то з прысмакамі, каб я займеў сваю гаспадарку i каб маёй жонцы было чым падсілкавацца. Але толькі на ежным паднашэнні не скончыліся. Вяльможны стражнік Ленскі падараваў мне дзвюх кароў для новай гаспадаркі, жонка наваградскага падчашага Бярновічава дала два абрусы i два тузіны сурвэтак уласнай работы, яснавяльможны харунжы Рдултоўскі, якому я яшчэ не саслужыў ніякай службы, тым не менш падараваў бочку віна - так што было i на чым i чым прыняць тых, хто мяне праведае. А 25 лістапада, у дзень святой Кацярыны, пан­на Магдалена Багушэвічаўна стала пані Сапліцовай. Да вяселля я не перакінуўся з ёй i дзесяткам слоў; акрамя яе прыгажосці, якой мог палюбавацца, я нічога не ведаў ні пра яе звычкі, ні пра вартасці хрысціянкі i шляхцянкі, а ўсё ж адважыўся жаніцца, бо снадзяваўся i на шанцаванне, i на свайго добразычліўца i яе родзіча суддзю, якому мог даверыцца. Яшчэ ў час вянчання цэлую прамову сказаў пан Якуб Верашчака, у якой ён, як гэта было прызвычаена, пажадаўшы нам Божага блаславення, адзначыў, што на дабро звястуе i тое, што вяселле зладжана ў дзень свя­той Кацярыны, апякункі шчаслівых шлюбаў, а потым успомніў усю радаслоўную панны i яе параднёнасць з сем'ямі Рэйтанаў, Ваньковічаў, Кірсноўскіх, Есьманаў, Рдултоўскіх i іншых прадстаўнікоў старадаўніх i праслаўленых у нашай айчыне i ваяводстве родаў. А з майго боку слова сказаў нязменны ў прыязнасці да мяне шаноўны мой нядаўні сват, наваградскі земскі рэгент Фабіян Вайніловіч, ён растлумачыў, чаму я так удзячны Богу i Дзеве Марыі за тое, што яны падаравалі мне такую цудоўную жонку, выказаў спадзяванне, што яны i надалей будуць апекавацца намі, расказаў пра прыгоствы нарачонай i пра сувязі, якія ўтвараюцца паміж такімі знатнымі родамі, бо i пра мяне ён успомніў, што мой род не такі славуты, але я паходжу ад старадаўняй шляхты, продкі мае вядомы з часоў вялікага князя Вітаўта, шляхецтва роду было нададзена за тое, што мой продак узяў у баі пад Оршай татарскага мурзу Улан Мюрыдына, што шэсць чалавек з майго роду падпісалі акт аб каранацыі Штэфана. А ў канцы зарукай нашаго шчасця абвясціў маю шчырасць, якая была яму добра вядомай, бо ён ведаў мяне больш за пятнаццаць гадоў, i яшчэ ён пажадаў нам шчасця на доўгія гады. Пасля вянчання я ўпаў у ногі рэгенту, хоць такім чынам сапраўды, як бацьку, аддзячыўшы яму за яго дабрыню i за добрыя словы пра мяне. Мне было прыемна пачуць такую пахвалу майму характару з вуснаў настолькі паважанага чалавека, гэта было вялікім гонарам для мяне. Не менш удзячны я быў i за тое, што ён успомніў пра старажытнасць майго роду, бо з яго слоў вынікала, што, узяўшы радавітую жонку, я i сам, як кажуць, не з'явіўся ў сарокі з - пад хваста. Потым у Грушаўцы было вяселле, было шмат гасцей, келіхі ўзнімаліся раз за разам, пан Фабіян вёў рэй, павесяліліся як мае быць.

Вось так я жаніўся. Акрамя пары сукенак i срэбранай цукерніцы, ніякага пасагу за жонкай я не ўзяў; але найлепшы пасаг быў у яе добрай душы i ў тым шчасці, якое яна прынесла мне. Трыццаць гадоў мы пражылі разам, і ні разу не было ў нас ніякага непаразумення. Я быў старэйшым за яе на васемнаццаць гадоў, але перажыў яе. На тое была воля Божая. А цяпер ужо набліжаецца той час, калі я злучуся з маёй любай Магдусяй. Наша шчасце магло быць зусім кароткім, мы маглі спачатку толькі спадзявацца на лепшае, надзея была амаль што адзіным нашым набыткам. Але, як толькі я прывёў яе на свой панадворак, усё пацягнулася, як нітка з клубка. Не мінула i двух гадоў, як той дамок, што я наймаў, стаў нашым, пара тысяч ляжала ў банку над працэнты. А потым віленскі ваявода князь Радзівіл даверыў мне абараняць яго інтарэсы ў судзе, i я адкупіў у дзяржавы Доктаравічы. Я карпеў над справамі, а Магдуся даглядала гаспадарку. Правільна тады сказаў пан Фабіян, што з жонкай жыць добра. Набываеш злоты, а губляеш толькі сярэбраны грош, мне ўсё ж лепей жылося, чым нежанатаму; не бывала ніводнага дня без госця, а па святах Магдуся запрашала, нават калі ўжо ў вёсцы жылі, i суддзяў, i сяброў, i суседзяў, i цэлы дзень займала нас, а я глядзеў i радаваўся. 3 гэтага выйшаў хоць нейкі толк, i пасля маёй смерці ўнукам застанецца i фальварак i нейкая колькасць злотых. Колькі даводзілася папацець пры разборы спраў аб падзеле маёнткаў! Толькі Бог i людзі ведаюць гэта. Сёння я магу сказаць, што спадобіўся Божага блаславення: маю што есці з яго ласкі, маю дом, свіран. Гэта быў бы сапраўдны рай на зямлі, каб не адна рэч. Хацелася б, каб хоць пад старасць перастаў дзьмуць мне ў вушы гэты паўночны вецер! Каб хаця б унукі мае змаглі знайсці апошні спачын разам з жонкамі на сваёй зямлі, на сапраўды сваёй зямлі! А ўвогуле, хай будзе так, як таго жадае Бог, а не як мы хочам.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX