Папярэдняя старонка: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

СТАНІСЛАЎ ЖАВУСКІ 


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 07-12-2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




Пpa нас усюды i ўсе гавораць, што мы легкадумныя, што нам нельга верыць, што сваёй гаварлівасцю мы дзівім нават нашых ворагаў i што ніводная таямніца паміж намі доўга не ўтрымаецца. У кожнай казцы ёсць палова праўды, але толькі палова, бо ўсяму верыць не трэба. Таварыскасць нашых звычаяў, напэўна, дае падставу пачасаць языкі, але, па праўдзе кажучы, усе гэтыя нашы гавэнды не што іншае, як забава ў вольную хвіліну пасля цяжкай працы. Шляхціц займаецца гаспадараннем, бо так яму Бог загадаў, каб ён памятаў пра дзяцей, стараўся, каб яны не хадзілі голыя - босыя. А як ён натупаецца, напіцуецца, намазоліць ногі - чым яму заняцца? У нас няма бібліятэк, а каб яны i былі, то чытанне - гэта i забава i праца, а чалавеку хочацца чыстай забавы. Сад? Гэта занятак вялікіх паноў, не шляхціцу ім бавіцца.

Неяк быў я ў Шлёнску. Якраз мяне ўзяла ахвота паспрабаваць, ці не ўдасца зарабіць на валах, i сапраўды, я апраўдаў выдаткі на падарожжа, ды яшчэ сякія - такія грошы прывёз, а жонцы - крыху нямецкай драбязы, але ўсё ж калі нават я аказаўся i ў выйгрышы, то ён быў нічога не варты ў параўнанні з тым, як я напакутаваўся. Хаця там i свету пабачыў, а ўсё ж у такое рызыкоўнае падарожжа я ехаць болей не захачу.

Па дарозе я аказаўся ў Намыслі i там пазнаёміўся з адным жыхаром тых мясцін, які ўбачыў мяне, апранутага ў кунтуш, i першы загаварыў са мной. Ён быў родам з Польшчы i хацеў даведацца пра сваіх родзічаў, якія там засталіся. I я, на маё шчасце, мог даць яму такія тлумачэнні, якія былі яму патрэбны. Ён паходзіў з роду Путкамераў, які некалі асеў у Наваградскім павеце. А я з многімі Путкамерамі яшчэ з таго часу, калі служыў у судзе, быў знаёмы. Ён умеў крыху гаварыць па - польску, як i ўсякі жыхар Шлёнска, i вельмі добра па - лацінску. Узрадаваўся, што ягоныя крэўныя ёсць у нас, запрасіў мяне ў свой замак, які стаяў за нейкую мілю ад Намысля. Ён быў багаты памешчык. Цэлы тыдзень я гасцяваў у яго. Ягоная гасціннасць была не такая, як у нас, калі гаспадар рады са скуры вылузнуцца, абы дагадзіць госцю, але я не магу паскардзіцца, бо у яго засталося нешта з нашых звычаяў. Я прабыў у яго так доўга не таму, што хацеў адпачыць - захварэлі коні.

Ён паказаў мне сваю гаспадарку Як для немцаў, то ён быў неблагім гаспадаром. Мне падабалася, што ён захаваў у сабе нешта з польскай натуры, што трымаецца зямлі, не тое што тутэйшыя немцы, якія свае землі аддаюць у арэнду, а самі сядзяць у камяніцах ды займаюцца гандлем.

Яшчэ тады, як убачыў мяне, святочна апранутага, з літым поясам, ён загарэўся думкай набыць у мяне польскае адзенне, бо ганарыўся сваім польскім паходжаннем. Таму ён з усёй далікатнасцю сказаў мне, што быў бы вельмі шчаслівы, калі б я прадаў яму мой кунтуш i пояс. Я не барахольшчык, каб гандляваць адзеннем, i годнасць не дазваляла мне такога, таму папрасіў яго прыняць гэтыя рэчы ад мяне ў падарунак, усё роўна мне болей не давядзецца спазнацца тут з кім - небудзь, калі i зачаплюся колам за які дом, то толькі за той, дзе мяне прымуць нават у капоце. Назаўтра зранку я зайшоў да яго якраз у капоце, папрасіўшы прабачэння за мой выгляд, i аддаў яму ўсё, што на мне было ўчора. Хаця слуцкі пояс i абышоўся мне ў тысячу злотых, я рады быў паказаць гаспадару, што калі трэба, то мы не рахуемся, i што не дарма ем ягоны хлеб. Мне было прыемна зрабіць яму падарунак, i быў рады ўбачыць яго такім шчаслівым, рады таму, што дагадзіў яму. Ён па сваёй фігуры быў такі ж, як я, таму мы з ягоным слугой з лёгкасцю апранулі яго ў мундзір Наваградскага ваяводства, i яшчэ я навучыў слугу, як заматваць слуцкі пояс. Ён цэлы дзень хадзіў у гэтым мундзіры, нібы жыхар нашых мясцін, хаця ў Нямеччыне ён быў баронам. I ў той самы дзень, паказваючы мне сваю гаспадарку, ён прывёў мяне Ў хлеў, які выглядаў нібыта нейкі палац, там выбраў дванаццаць самых лепшых кароў i аднаго быка, а потым папрасіў мяне прыняць ix у падарунак. Я пачаў даводзіць яму, што аддаў мае рызманы не дзеля таго, каб атрымаць у сваю чаргу падарунак ад яго, але ён сказаў, што як чалавек, блізкі па крыві, я магу прыняць ягоны падарунак ад усяго сэрца, як i ён без вагання прыняў мой. Я паддаўся на яго ўгаворы i прыняў падарунак, сардэчна падзякаваў гаспадару i адаслаў жывёлу ca сваімі людзьмі дадому, а там мая Магдуся вельмі ўзрадавалася, яна любіла жывёлу i добра разбіралася ў ёй. А я застаўся яшчэ на некалькі дзён i паехаў далей, калі мясцовы канавал падлячыў маіх коней.

За ўвесь той час, што прабыў у чужым замку, у заможнага мясцовага жыхара, я не бачыў там нікога, акрамя ягоных сямейнікаў, а суседзі яго не праведвалі, хаця ix у яго было многа, бо там ні ў аднаго магната няма такіх значных уладанняў, як у нас. Гэта мяне вельмі здзівіла: як можна весці такое жыццё, мець усё для таго, каб прымаць людзей у сябе, а не запрашаць ix? У нас такі мясцовы жыхар занудзіўся б адзін, пачаў бы ездзіць ад нуды па суседзях, а гэты не сумуе: у яго вялікая бібліятэка i рознага роду зборы. То нейкія кветкі, засушаныя сярод папер, то чарвячкі, праткнутыя іголкамі, то ракавіны розных відаў, то руды ўсе, якія толькі ёсць на свеце, а ix назвы гучаць, нібы малітва Дзеве Марыі. Ён ледзь не спяваў, калі мне ўсё паказваў i тлумачыў. Вось яны, напрацаваўшыся ў полі, i праглядаюць свае дробязі, перакладаюць, праціраюць - так час i прабавяць. Як мне сказалі, у ix там кожны гаспадар мае падобнае барахло i забаўляецца ім, вось яму гавэнды i непатрэбныя. У нас, шляхты, такога ў доме няма, мы не на тым знаемся, галоўная наша забава - сустракацца з людзьмі. Як толькі шляхціц паселіцца ў вёсцы, то найперш будуе фальварак (калі яго яшчэ там не было) на ўзвышаным месцы, каб быў добра відаць гасцінец i можна было пазіраць з акон, ці не едзе хто праведаць яго. Калі ўбачыць, што ўдалечыні курыцца пыл на дарозе, у яго сэрца гатова выскачыць ад радасці: можа, нехта нра яго ўспомніў! Калі ж надзея спраўдзілася - гэта шчасце. Госця ён пачастуе, вып'е з ім, зводзіць у стайню, пакажа гаспадарку, а нагаворыцца так, што пры расстанні ледзь не плача. Калі выліваеш душу, то часам цяжка не сказаць чагосьці лішняга, бо што Ў сэрцы, тое i на вуснах. Але ад такіх рэчаў было i лякарства. У даўнія часы, калі гаварылі пра важныя рэчы, то прасілі даць слова, што таямніца будзе захавана. Звязаны прысягай чалавек можа часам адчуць сверб на языку, але яму тут жа ўспомніцца Страшны суд Божы, тут ён i спыніцца; хаця i чэшацца i колецца, але язык хутка перастае свярбець. Некалі ў Чанстахове змовіліся, каб выгнаць караля з Польшчы, i хаця за гэта палкоўнік Лукаўскі паплаціўся жыццём, але больш як трыста ўдзельнікаў змовы, якія прысягнулі маўчаць, так нічога i не сказалі; гэтая гісторыя i цяпер пакрыта таямніцай. Удзельнікам змовы Лукаўскаму i Ставінскаму абяцалі захаваць жыццё, калі выдадуць каго - небудзь, хто належаў да яе: яны аддалі жыццё, але нікога за сабой не нацягнулі, бо прысяга - не гульня. I ўсё гэта даўно мінулася; мы ўжо i радзімы пазбыліся, а ўсё ж тое, як яно тады адбывалася, так i не растлумачана, тое, што пішуць, не болей чым домыслы. Маўчаў бы i я, але я апошні з жывых, хто меў да гэтага дачыненне i здольны хоць нешта напісаць, гэта раз, мне няма чаго саромецца, бо я ні ў чым не пераступіў абавязкаў грамадзяніна, гэта два, а яшчэ я хачу ачысціць Казіміра Пулаўскага ад крыўднага падазрэння ў тым, што ён нібыта хацеў караля пазбавіць жыцця. Я спачатку нагадаю, як нарадзілася такое падазрэнне, адкуль яно пайшло.

Мы туляліся, нібы разбойнікі, па Непаламецкай пушчы пасля прайгранай бітвы пад Аборнам, дзе пан Шыц адбіў пана Пулаўскага, які трапіў у рукі казакаў Мы зашыліся ў самыя нетры. Нас, недабіткаў, было каля тысячы, але гэта быў яшчэ не канец канфедэрацыі. Распалілі вогнішчы, стала відно, як удзень, хаця стаяла цёмная ноч; была позняя восень, i нас апанавала такая сырасць, што нават агонь не мог абсушыць. Мы былі змучаныя, хаця дух наш быў моцны, але ад стомленасці мы ледзьве рухаліся. Нам было не ў навіну цярпець, але, Божа ж мой, аж сэрца разрывалася, калі мы бачылі, што паны, якія прывыклі да раскошы, ляжаць на балоце.

Ксёндз Марэк сядзеў на калодзе i маліўся, на другой калодзе сядзеў пан Пулаўскі i задуменна варушыў кіем вогнішча, нібы забаўляючыся. Збоку ад ксяндза ляжаў на баку, абапёршыся локцем, літоўскі харунжы яснавяльможны Жавускі i стагнаў, бо ў яго балела рана, якую ён атрымаў пры ўзяцці Кракава, яна ніяк не загойвалася, i вось цяпер ад перажытых нягод разбалелася зноў. Кожны з нас быў бы рады аддаць яму частку свайго здароўя, бо гэта быў чалавек рэдкай сардэчнасці, вельмі сціплы i дасціпны. Ксёндз Марэк абгарнуў яму ногі апанчой, якую зняў з сябе, а сам сядзеў у адной расе. Але гэта не сунімала боль, ён усё стагнаў i стагнаў. I нарэшце не вытрываў:

- Ой, як баліць, як баліць! Хто ў Бога верыць, дабіце мяне, бо ўжо няма сіл цярпець! Ксёндз Марэк, я не раз бачыў твае цуды, зрабі так, каб мая нага не балела; ты больш заслужыш гэтым Божую ласку, чым сваімі модламі.

- Пане харунжы, я табе нічым не дапамагу. Бог цярпеў i нам загадаў.

- Ну ты ж мяне i суцешыў, ксенжа. Хіба я вінаваты, што мной, няшчасным, Бог не апякуецца.

- Не блюзнерствуй, пане харунжы, i не старайся пранікнуць у Божыя помыслы, а падумай, ці не справядліва гэта. О, каб вы толькі ведалі, якая сіла крыецца ў цярпенні, то ўсе былі б рады цярпець. Калі церпіць жывёліна, мне шкада яе, бо яна несправядліва пакрыўджана, калі ж Бог пасылае цярпенне чалавеку, то дае яму вялікі скарб, i ўся справа ў тым, ці зможа той яго скарыстаць. Прызнайся шчыра, пане харунжы, што хаця ты з такіх, якімі, дай Божа, каб i ўсе былі, але ты не зусім дагадзіў Госпаду. Зараз ты церпіш цялесна, а бывала, што ты даваў свайму целу параскашаваць; пра гэта твой спавядальнік ведае лепей, чым я, а што ты зараз не так сказаў, тое д'ябал напісаў на сваёй скрыжалі; калі ж церпіш, то ён нічога не запіша, i калі будзеш паміраць, то папера будзе чыстая, а больш ужо табе цярпець не давядзецца. Дабрадзей харунжы, калі б мы жылі самі па сабе, я ўсё зрабіў бы, каб падмануць цябе, але я ведаю, што мы заўсёды будзем недзе жыць, то я менш клапачуся, бо ведаю, што ты будзеш нядоўга помніць, як добра было, што ты крыху папакутаваў.

- Нішто сабе - крыху! Не дай табе Бог гэтага «крыху» паспрабаваць, цябе ні куля, ні ядро не бярэ, хаця я сам неаднойчы бачыў, што ты лезеш туды, дзе лёгка можна атрымаць па рэбрах. Я ведаю, што за грахі трэба пакутаваць, але ці так ужо абавязкова вось гэтак, што нібы распаленым шклом водзяць ад пяты да галёнкі? Хай бы лепей нага перастала балець, а я адбываў бы пакуты як святыя: маліўся б, пасціўся, урэшце, хвастаў бы сябе бізуном.

- Словам, ты вытрымаеш любую пакуту, але не тую, якую пашле Бог. Ці падумаў ты, перш чым гаварыць, пане харунжы? Калі ты сам выбіраеш пакуту, то яшчэ невядома, прыме Бог яе альбо не. А вось тая, якую Ён пасылае, напэўна табе залічыцца. Пане харунжы, дагэтуль я гаварыў з табой як з хрысціянінам, як з чалавекам; а цяпер дазволь пагаварыць з табой як з генеральным рэгіментарам нашай канфедэрацыі. Любіш айчыну, служыш ей з такой адданасцю, а цярпець дзеля яе не хочаш?

- Гэта ўжо занадта, ксёндз Марэк! Я не хачу цярпець за айчыну? А ці быў калі большы пакутнік за яе, чым я?

Бацька i брат гібеюць у Сібіры, жонка са мной рассталася, дзеці параскіданы па свеце, маёнтак мой абрабаваны. А якое жыццё ў мяне? Нясвіжская канфедэрацыя, я - ваюй, канфедэрацыя распалася, я туляюся ў Турэччыне. Вяртаюся на радзіму - i трапляю ў Сібір. Настае час барскай канфедэрацыі - я ваюю ўжо шосты год. А ты, ксёндз, усё ведаеш, ведаеш i тое, колькі я праліў слёз i крыві дзеля айчыны; мне яшчэ не споўнілася i сарака, а я пастарэў, так цярпеў за яе; толькі тым i жыву, каб яе вызваліць. Каб я ведаў, што гэта ёй дапаможа, то мне не шкада было б i пацярпець, не шкада мне цярпець i за мае грахі, ix многа, але дазволь мне крыху паплакаць, бо i я не жалезны. Скажу табе, ксенжа, няма ў мяне шчасця.

- Прабач мне, пане харунжы, калі я цябе пакрыўдзіў, але я ўзрадаваўся, што ты так абурыўся, калі я сказаў, нібы ты не хочаш цярпець дзеля айчыны. Сапраўдныя мужчыны рыхтуюць лепшыя часы для сваіх унукаў, хаця ні яны самі, ні ix дзеці яшчэ тых часоў не дачакаюцца. Але што за пакаленне будзе - тыя, для каш мы працуем! Волаты! Калі ж вы не верыце таму, што я вам тлумачыў, то не зразумееце, для якіх спраў рыхтуе ix Бог i чаму ўсё так звязана, чаму айчына павінна сканаць i зноў адрадзіцца, каб яны змаглі выканаць наканаванае ім. Яны будуць лепшыя, чым мы, але вы будзеце ўзорам для ix, i памяць пра вас будзе жыць. Бог абудзіць вешчуноў, якія выцягнуць вас з забыцця, i пакажуць вас такімі, якія вы ёсць. Тых вешчуноў адразу не зразумеюць, а яны апавясцяць пра другі, багаты час. Але ва ўсе будучыя часы ix будуць чытаць з натхненнем у адноўленай айчыне, бо старая, тая, якую мы бачым, будзе толькі ў тых творах - а ўсё ж памяць пра нас не загіне, застанецца ўдзячнасць. Пане харунжы, дабрадзей, не крыўдзіся на мяне, для маіх вачэй няма нікога мілейшага, чым ты. Паглядзі, вось у маім календары малітваў запісана імя Станіслава Фердынанда, я штодня малюся за цябе. Акрамя твайго імя i іншыя тут ёсць, усе жывыя, за ix я прашу Бога, прашу i за мёртвых, каб даў ім спачын, паглядзі, які тут вялікі спіс. А тут яшчэ знойдзеш неназваных, тых, якія народзяцца пра гадоў пятнаццаць, Бог звеставаў мне пра ix. Што гэта будуць за людзі, як яны пакажуць сябе! А я ўжо загадзя малюся за ix, бо хто больш значны сярод людзей, за таго трэба больш маліцца. А праўда, пане харунжы, што як я перавёў твае думкі на будучыя часы, то i твой боль сцішыўся, а потым...

Тут ксёндз Марэк застыў, нібы ў непрытомнасці, а мы толькі моўчкі пазіралі на яго, бо нешта было ў ім такое, што прымушала нас маўчаць, калі ён, святы чалавек, размаўляў з Богам. Мы забываліся пра нашы нягоды, калі ён гаварыў, i не толькі мы, крыху больш абчасаныя, але i простыя салдаты, якія падзялялі нашы клопаты, яны ляжалі на мокрай зямлі i паднімалі галовы, прыслухоўваючыся да ягоных слоў, i ў гэтых гутарках не спалі б аж да раніцы.

Мы неяк нават памацнелі, невядомая сіла ўлілася ў нас, мы зноў былі гатовы ісці ў бой, каб вярнуць страчанае, каб яшчэ больш мужна зносіць нягоды дзеля шчасця тых праўнукаў, дзеля якіх мы жылі, не ведаючы ix, бо гэта будуць помснікі за нас, кроў крыві i косць касцей нашых. Вось той дух i тое пачуццё трэба ажывіць цяпер. Грамадзянін жыве не асабістым жыццём, але агульным для ўсіх грамадзян, тых нават, якія яшчэ не нарадзіліся. Гэтага духу агульнасці ніводзін з нас не страціць нават паміраючы, замацаваўшы яго ахвярамі, працай, пралітай крывёй, цярпеннем, якое толькі цяпер усведамляецца на бацькаўшчыне, мы складзем яго ў скарбніцу, якая ўвесь час папаўняецца. Калі ж нехта з нас ганебна адступіць, звяжацца з забойцамі, цалкам прадасца ім, тым больш мы ўмацуем у сабе гэтае адчуванне, якое даверыў нам Бог, каб мы выпеставалі яго i былі ў адказе за яго.

Праз некалькі гадзін мы адпачылі i наш лагер зноў быў у руху i дзейнасці. Словы гімна Bogurodzicy (Багародзіцы) прывіталі ранішнюю зару, пачулася ржанне коней, мы накармілі ix, нашых верных сяброў, ведаючы, што як вершнік накорміць свайго каня, то i яму самому будзе весялей на душы.

- Завешся каралевай польскай, - спявалі панцырнікі.

- Абарані ты наша войска, - падхапілі гусары.

А кіраўнікі, седзячы на калодах, размаўлялі між сабой. Я сядзеў блізка ад ix, еў хлеб з салам, што даў мне паручнік пяцігорцаў пан Корсак, храбры ў баях стары, мой пастаянны дабрадзей. Я стараўся не прапусціць ні слова, з таго, што гаворыць начальства, таму i тую размову захаваў у памяці, а цяпер успамінаю.

- Пане Казімір, - прамовіў харунжы, ужо супакоены, але яшчэ нядужы, звяртаючыся да пана Пулаўскага. - Падумай толькі, якія пакуты павінны цярпець мы з ласкі гэтага чортава памазаніка, які не можа ўспомніць, хто быў у яго дзед, i якому пашчасціла кіраваць старасвецкай шляхтай. Мы ляжым у такім месцы, дзе добры паляўнічы сабаку свайго не паклаў бы, а гэты сын нахлебніка вылежваецца на пуховых падушках такіх жа, як i ён сам, паноў - рады, якія за хлеб Рэчы Паспалітай запрадаюць яму сваіх жонак. ЦІ не лепей выцягнуць гэтага бабніка ў нашы нетры?

- Не ўдасца, пане Станіславе! Ён там, у Варшаве, у такім акружэнні, як ікона ў час малітвы.

- Не верце гэтаму, пане Казімір! Я прыглядаўся ўласнымі вачыма. Не такі ўжо гэты ліс асцярожны, каб яго не выманіць з нары. Ты ж ведаеш, я нядаўна быў у Варшаве.

- Так, так! Добра, што ты напомніў мне пра гэта, пане, а то мы Ў пастаянных баях, некалі было спытаць пра тваё падарожжа. Як там усё было?

- Ты ж ведаеш, што мой старэйшы сын выхоўваецца ў езуітаў. Мы стаялі над Казяніцамі, якраз ты тады прыехаў кіраваць намі, баёў не было. Я рваўся ў бой, падгаворваў на выступленне пана Зарэмбу, але той мне паказаў строгі загад Генеральнай рады - не выступаць, пакуль не прыбудзе Дэмулье. Яго мы не дачакаліся, а часу змарнавалі многа. А тут якраз мне саснілася, што мой сын цяжка захварэў, i я так напалохаўся, што вырашыў праведаць яго. Пераапрануўся ў апанчу, нібы засцянковы шляхціц, які шукае службы, i падаўся сам - насам у Гроец. Там я зайшоў да чыншавага шляхціца i папрасіў яго дзеля ўсяго святога, каб ён мяне схаваў. Гаспадар быў мне рады, пачаставаў гарэлачкай, накарміў смажанай бульбай з салам i даў адаспацца на саломе ў сваёй хаце. Што ні кажы, я адмахаў за адзін дзень шэсць міль пехам, i ягоная гасціннасць была для мяне даражэйшай, чым былыя нясвіжскія баляванні. Пакуль мы забаўляліся гарэлачкай i гутарылі (а шляхціцу было пра што расказаць, бо ён i па манастырах служыў, i фурманам быў), ён мне сказаў, што заўтра разам з жонкай павязе на параконнай фурманцы ў Варшаву адкормленых гусей на продаж. Тут я перапыніў яго:

- Даражэнькі, родненькі, вазьмі мяне з сабой, а я табе некалі таксама саслужу службу.

- Пане - браце, - адказаў ён, - гэта не так проста. Мае клячы недалужныя, а тут я пастаўлю тры поўныя клеткі, ды яшчэ мая гаспадынька сядзе, а яна жанчына ў целе, як ты бачыў, то ўжо нават мне хоць ты пехатой ідзі, бо i без мяне завозна, ды яшчэ i коні пераступаюць нага за нагу. Куды ж я васпана пасаджу? Я i рад быў дагадзіць пану, але трэба падумаць, як гэта зрабіць.

- Яму нельга было не паверыць, i я падумаў ужо, ці не дастаць мне з - за пазухі пару чырвоных злотых i папрасіць яго наняць для мяне яўрэя, але потым адумаўся. Чорт не дрэмле, а гаспадыня якраз гаварыла, што праз Гроец праязджаў кароль, такі прыгожы, пагладзіў яе хлопца i яна не разумее, чаго хочуць ад яго гэтыя канфедэраты. Ты ж ведаеш, пане Казімір, што ўсе бабы аддалі б за яго душу. «Бадай цябе халера, ведзьма ты гэткая», - падумаў я i парашыў, што тут трэба быць асцярожным. Хаця гаспадар быў добры шляхціц i прыхільна адносіўся да нас (ён нават прыкрыкнуў на жонку: «Што ты разумееш, гэта табе не гусей пасвіць! Што б там ні было, а да ix належыць наш стараста, яснавяльможны Красінскі, з чыёй ласкі мы тут жывём»), але відаць было, што ён у жонкі пад пятой. Не хацелася трапляць пад падазрэнне, выглядаючы панам, трэба было працягваць прыкідвацца збяднелым шляхціцам. I я адказаў яму так: «Ведаеш, пане, можна зрабіць па - твойму, гаспадыня з гусямі на фурманцы, а я з васпанам пехатою пры конях».

- Гэта было б няблага, але мая гаспадыня ведае пра заставы, два тыдні назад яна ездзіла праз ix з птушынай i ca мной, а другі раз - з суседам. А як убачаць адразу двух пры конях, то могуць затрымаць i спытацца, адкуль, куды i дзеля чаго? Каб пан выглядаў багацейшым, то не было б падазроным, што ён можа пражыць пару дзён за грошы. А то ж бачу я, пане - браце, што ў цябе грошай у кішэні не многа, не крыўдзіся, але ты выглядаеш як той, хто шукае кавалка хлеба, i твая апанча выдае небагатага. Мы, як бачыш, не багацейшыя за васпана, кормім гусей пакупным аўсом, бо наша гаспадарка невялікая, а ўсё багацце - дзве клячы. Ужо старэем, жывучы з мазаля, а не можам выбіцца на лепшае, зажыць па - шляхецку, ямо на гліне драўлянымі лыжкамі, як сяляне. Калі што заробім, то тут жа ўсё трацім, бо трэба штогод i чынш плаціць i дарэктару, які вучыць сыноў, каб хоць яны выйшлі ў людзі. Бог сведка, я хацеў бы дапамагчы васпану.

Потым ён параіўся ca сваёй жонкай, якая хаця i стаяла за Панятоўскага, але была добрая душой, вярнуўся да мяне i кажа: «Пане браце, можа быць, зробім так: я хацеў бы з'ездзіць у Варшаву, але застануся дома, а заўтра, як толькі развіднее, жонка паедзе з клеткамі на фурманцы, а васпан пехатой з пугай. Толькі на коней крычы, але пугай не хвастай, бо жонка наробіць такога крыку, што адрачэшся ад падарожжа, i на фурманку не сядай, як пястун. Калі пану пашанцуе i ўдасца прыстаць да якога двара, то не забывайся пра Малюжэнскага, герба Ліс, які зрабіў табе паслугу. Так у нас ужо спакон вякоў вядзецца: сёння ты мне кланяешся, хоць i няма за што, а праз год - я васпану. Калі ж разбагацееш, бо ўсё можа быць, а нас не стане, дапамажы маім сынам. А зараз я давяраю табе сваю жонку, каб ты шчасліва давёз яе да Варшавы».

Вось так, пане Казімір, стаў служыць фурманам у пані Малюжэнскай вялікі літоўскі харунжы, рэгіментарый барскай канфедэрацыі, кавалер ордэна Белага арла. Шляхцянка, скажу табе, была выкшталцоная, дарма што небагатая, роўны роўнаму служыць можа. Мы шчасліва патрапілі туды, куды нам было патрэбна, на заставах нас не затрымалі. Я пакінуў гаспадыню каля Жалезнай Брамы, паабяцаўшы, што знайду ёй купца на гусей, а сам падаўся да маіх добрых знаёмых - капуцынаў, якія былі гатовы зрабіць для мяне што заўгодна, бо ix кляштар у Алеску быў нашай фундацыі, гэта па - першае, а па - другое, у нас, як ты ведаеш, кляштары заўжды падтрымліваюць добрую справу А па дарозе я думаў: «А што, як нейкі пёс з псярні Панятоўскага пазнае мяне, тады мая доля будзе горшая, чым у тых гусей, якіх я прывёз».

Я павітаўся з братчыкамі, пайшоў адразу да ix канафара, які пазнаў мяне, таму што бываў у Падгорцах у майго бацькі, калі збіраў ахвяраванні. Ён адправіў купца на плошчу перад Жалезнай Брамай, да пані Малюжэнскай. Брат канафар праводзіў яе з усімі гусямі да адбельшчыка, які быў набожным, займаўся кляштарнымі выдаткамі, праз яго рукі праходзілі грошы. Ён заплаціў за ўсё разам, колькі яна папрасіла (я аб гэтым паклапаціўся), перахрысціў яе i перадаў прывітанне яе мужу. Увесь дзень я прасядзеў у гвардыяна, а ўвечары схадзіў да езуітаў, якіх я не мог абмінуць, бо ix любоў да радзімы была не меншай, чым у капуцынаў. Я знайшоў там некалькі дзесяткаў ордэнскіх мніхаў, з якіх большая палова ведала, хто я такі, астатнія не здагадваліся.

Там я абняў майго Адася, ён сапраўды перахварэў, але ўжо быў здаровы, вельмі вырас. Што за прыгожы хлопчык, пане Казімір, а як добра вучыцца! За пяць дзён, якія мне давялося прабыць у капуцынаў i езуітаў, я пашвэндаўся па горадзе, мяне ніхто не пазнаў. Аднойчы позна ноччу я вяртаюся да капуцынаў, у якіх спыніўся на начлег, i рантам сутыкаюся з Панятоўскім, без варты, я мог бы стрэліць яму проста ў лоб, як сабаку, калі б меў зброю, i ніхто б не даведаўся, хто яму гэта падстроіў Прызнаюся табе, пане Казімір, i вам, Панове, што я так ненавіджу гэтага чалавека, што, як толькі яго спаткаю, кожны раз такая спакуса ахоплівае забіць яго, i той раз я пашкадаваў, што не насіў пад апанчой пісталета. Можа, каб яго не стала, быў бы мір у Рэчы Паспалітай.

- Deus avertatl (Хай Бог бароніць!) - усклікнуў пан Пулаўскі. - Гэтым мы толькі сабе нашкодзім. Каралі з усіх бакоў напіраюць на нас, не хапае толькі, каб некага з ix братоў замардавалі.

- Мы кажам гэта толькі ў запальчывасці, мы ж паны i шляхта, а не забойцы, што нам не падыходзіць, тое рабіць не варта.

Тут у размову ўмяшаўся пан Кірыяк Патоцкі, жыдачэўскі стараста, у якога былі з каралём асабістыя рахункі ў тую пару, калі ён яшчэ быў у рыцарскім становішчы i сарваў сейм, каб перашкодзіць сынам каралеўскага міністра Бруля, i якому быў вельмі абавязаны тым, што кароль даў яму добрае староства. I тым не менш ён аднойчы выклікаў караля на двубой, калі ж не дачакаўся супраціўніка, то выстраліў угору; ён быў вельмі адважны. Прыслухоўваючыся да размовы, як i мы, ён чысціў сваю зброю. Пры апошніх словах ён ускочыў з месца:

- Пан харунжы, не адракайся ад таго, што сказаў спачатку, гэта былі святыя словы. Як толькі мы пазбавімся ад гэтага тхара, гэтай бабы, то ў Польшчы будзе рай. Ён нам так патрэбны, як пятае кола ў брычцы. Я хацеў бы трапіць у Варшаву, цяпер я ведаю, як туды дастацца; я мог бы суправаджаць пана харунжага, калі ён зноў захоча праведаць сына, спынюся ў капуцынаў i як толькі спаткаю таго, каго аўгустоўскі стараста, шаноўны вож, называе братам каралёў i які нас праследуе, то заб'ю сваёй рукой i потым буду ганарыцца гэтым перад усім светам!

- Добра кажа пан жыдачэўскі, - адгукнуўся пан Корсак.

- I я так думаю! - усклікнуў Францішак Дзержаноўскі. - З яго ласкі загінулі Сава i Пстраконскі, i два родныя браты нашага вайскавода, а колькі яшчэ славутых мужоў, нельга злічыць, учора мы амаль цэлы полк страцілі, засталося якіх паўтараста коннікаў; i мы яшчэ будзем яго шкадаваць!

- Згода, згода! I Літва падтрымлівае Карону! - крыкнулі Кірсноўскі i Станевіч.

- Згода, згода! - начал i крычаць i іншыя. - Панятоўскага забіць, i ўсё туті

Калі крыкі сціхлі, зноў загаварыў пан Пулаўскі:

- Паны - брацці, вы па сваёй волі выбралі мяне кіраваць вамі i хаця, як кажуць, мы i пад возам бывалі, i часам сядзелі на возе, мне хочацца спадзявацца, што я яшчэ не выйшаў у вас з даверу Калі ж вы страцілі да мяне давер i хочаце рабіць па - свойму, то адбярыце ў мяне ўладу, i я пачну служыць з вамі як просты салдат. Але на такую справу, як забойства караля, я пайсці не магу. Хіба вы не разумееце, што з гэтага будзе? Сёння заб'ём Панятоўскага, а праз тыдзень тут акажуцца i прусакі i венгерская каралева, а ў нас яшчэ i з маскалямі не ўсё проста. А потым, як - ніяк, ганебная гэта справа. Дзе гэта было чутно, каб паляк запэцкаў свае рукі каралеўскай крывёй?

Пан Кірыяк запярэчыў:

- Што гэта за кароль, хто нам яго навязаў? Калі пан стараста разважае іначай i не хоча так рабіць, як мы прапануем, то хай пан нас не палохае тым, што адступіцца ад нас. Нам не страшна! Мы паважаем пана, дай Божа яму i надалей кіраваць намі, але калі пана не будзе, то знойдзецца такі, хто будзе кіраваць канфедэрацыяй як трэба i не будзе азірацца ні на караля, ні на нейкіх там ягоных братоў.

- Хопіць, хопіць! - устаў ксёндз Марэк. - Што за вецер надзьмуў табе ў галаву, пане Кірыяк? Ці ты хочаш пакіраваць замест пана Пулаўскага? Вось растлумач нам: што вы будзеце рабіць, калі скончыце з Панятоўскім? Можа, васпан зойме яго месца? I дзеля гэтага ты ўзнімаеш бунт у лагеры i паўстаеш супраць кіраўніка?

- Я супраць пана старасты не паўстаю i ўмею быць паслухмяным, калі трэба, але як дарадца канфедэрацыі хачу даць параду, а ваша воля, прыняць яе або не. Я не тэолаг i не міністр, усяго толькі звычайны шляхціц i салдат, але што думаю, тое i кажу шчыра перад вамі ўсімі, я не думаю пра староства, якое мне з ласкі гэтага байструка дасталося, зусім не. У мяне ёсць свой кавалак зямлі, i я не буду прыслужвацца ў немцаў, як ён, або дзеля здароўя займацца блудам. А потым, ксёндз Марэк, калі б я забіў яго, у гэтым быў бы толк хаця б для мяне: ён не з'явіўся, калі я запрасіў яго на двубой па - рыцарску, таму я маю права стрэліць яму Ў лоб. А потым... падсмейвайся з мяне, як хочаш, ксёндз Марэк, а ўсё ж хоць пан стараста i наш кіраўнік, але я думаю, што каб забілі Панятоўскага, то ніхто на нас не пайшоў бы, я думаю так, што як толькі маскалі ўбачаць, што ім няма за каго ваяваць, то вернуцца да сябе, а мы ўжо неяк паладзім самі.

- А ўсё ж цікава ведаць, як бы ты намі пакіраваў, пане Кірыяк?

- Лепей, чым ты ўяўляеш гэта, ксёндз Марэк. Я не за печчу рос i нагледзеўся, што дзеецца між людзьмі. Ca сваім дзядзькам, князем Серакоўскім, я быў у Рыме, бачыў там папу, размаўляў з ім, а ксёндз Марэк не быў, я ездзіў у Венецыю, дзе няма караля, там таксама шануюць нябеснага абаронцу нашай канфедэрацыі - святога Марка, i ўсім добра там жывецца. У нас магла б кіраваць Дзева Марыя, а яна б знайшла i нейкага караля - Саса ці Пяста!

Тут ужо мы не вытрывалі:

- Выбачай, пане, але мы не згодны: як няма дома без гаспадара, так i Рэчы Паспалітай без караля. Нам патрэбны кароль, але Сас.

Ксёндз Марэк дадаў:

- Цішэй, дзеці мае, i не ўдавайцеся не ў сваё. Ваш клопат - ваяваць, а старэйшыя разбяруцца без вас. I слухайцеся пана Пулаўскага, Бог хоча, каб ён быў нашым вайскаводам да канца. Ужо зусім светла, i ён загадае нам сесці на коней, мы лепей паслужым Рэчы Паспалітай, калі будзем паслухмянымі.

- На коней, паны - брацці, а пра пана Панятоўскага мы Ў свой час надумаем i вырашым, як з ім зладзіць. - прамовіў пан Пулаўскі i загадаў трубачам трубіць марш. Мы селі на коней i падаліся пад Чанстахову. Толькі князь харунжы i ксёндз Марэк адлучыліся ад нас адразу ж, як толькі мы пакінулі пушчу Паи харунжы паехаў у Прэшаў, i потым, як усё скончылася, я сустракаў яго ў Нясвіжы. А ксяндза я пазней ужо ніколі не бачыў.

Такая вось першая думка была ў пана літоўскага харунжага адносна Панятоўскага, вялікая думка, але пра яе забыліся, а пан палкоўнік Лукаўскі - дай яму, Божа, вечны спакой - склаў сваю галаву i ўжо нічога нікому не скажа.

Каментар

Станіслаў Жавускі (с. 240)

Жавускі Станіслаў Фердынанд (1737 - 1786) удзельнік барскай канфедэрацыі, брат Севярына Жавускага.

Шлёнск - польскі рэгіён, які ў апісаны час быў пад уладай Прусіі.

Канафар - братчык, які загадваў запасамі ежы i пітва.

Адбельшчык - рамеснік, які займаўся адбельваннем палатна. Ён быў пасрэднікам паміж братчыкамі i насельніцтвам у гандлёвых справах, бо мніхам забаранялася самім займацца імі.

Бруль - міністр караля Станіслава Аўгуста II Моцнага, які меў на свайго ўладара магутны ўплыў

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX