Вярнуцца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы

ПАЎЛІК


Аўтар: Генрык Жавускі,
Дадана: 10 - 12 - 2012,
Крыніца: Генрык Жавускі. Успаміны Сапліцы. Мінск Лімарыус, 2005.

Спампаваць




У нашы часы выхаванне моладзі не было так звязана навукай, як цяпер, але ж яно давала выдатных грамадзян. Паляк, які канчаў даўнейшую школу, быў сапраўдным палякам, сярод тысячы іншаземцаў можна было пазнаць, да якога народа ён адносіцца. Сёння ці то ў Шлёнску, ці то ў Літве, ці ў дальняй Нямеччыне школа падобна на школу: адны i тыя ж навукі, адны забавы, адно размеркаванне часу. З ix выходзяць нейкія жыхары сусвету, якім усё роўна дзе жыць: у Рыме ці ў Крыме. З гэтага можа быць вялікі прагрэс, калі будуць усё больш сцірацца нацыянальныя рысы i ўтворыцца нейкі агульны народ - асвечаны, разумны, без забабонаў. Прыгожая думка, але, слава Богу, з гэтага нічога не атрымаецца, i ўсе гэтыя велічныя намеры мудрацоў не зменяць прысуду, які аб'явіў Святы Дух у такіх словах: «Et separavit Deus gentes, secundum linguas earum» (I падзяліў Бог народы паводле ix моў). Як не ад людзей залежала, каб народаў стала многа, так не будзе залежаць i ix злучэнне ў адзін. Аслабленне народа, справа Боская, падпсуе, але не знішчыць яго. А з часам Бог паставіць на сваім, а пярэваратні самі згараць ад сораму за тое, пайшлі супраць Наканаванасці, што настолькі паддаліся нясталым розумам. Нашы школы былі добрыя, хаця, акрамя лацінскай, іншых моў у ix шляхціц не вучыў, i тады моладзь з вусамі ўмела менш, чым цяперашняя дзятва. Гэта так шырока распаўсюдзілася, што наша цямнота рабіла нас няздатнымі да стварэння моцнай улады, што грамадская мараль праяўлялася ў забабонах i манастырскіх дзівацтвах, што нястача асвечанасці так прыцьміла пачуццё сумленнасці, што лічыцца за гонар браць замежныя падачкі, што толькі тады народ наказаў сябе шляхетным, калі кароль Станіслаў правёў рэформы ў навучанні i іншыя падобныя думкі, якія патрывожылі прах продкаў i якія так часта паўтараюцца, ім ужо нават трэба давяраць. Я прызнаюся, што не з маім простым розумам усвядоміць, якія могуць быць сувязі паміж моцным урадам i тым, што называецца народнай асветай. Хіба Масква i Турэччына такія ўжо асвечаныя народы, таму што ў ix моцная ўлада? А што да замежных пенсіёнаў, то, Божа мой, гэта бачна, як чорнае на белым, а паверыць ніхто не хоча. Нямнога рублёў i талераў лягло ў кішэні тых, хто ўзяў свой розум з Альвара i пагаліў галовы. Мноства ix потым можна было знайсці сярод апранутых у фракі, паміж тымі, хто гаварыў толькі над прымусам ці ў бядзе, хто вечна цягаўся па заграніцах i прысыпаў пудрай чупрыны, а наўрад ці хто з ix стаяў каля стырна ўлады. Хіба кунтушовая шляхта прывяла да нас Маскву пры заняпадзе Аўгуста ІІІ? Ці кунтушовыя аддалі нас пад апякунства царыцы? Ці кунтушовыя ўзнялі канфедэрацыі - слуцкую, торуньскую, або заснавалі таргавіцкую? Ці кунтушовыя маршалкавалі на сеймах, калі дзялілі Польшчу? Усе дакументы на бацькаўшчыне грунтаваліся на французскай мове. Калі ж які неабачлівы кунтушовы шляхціц i ўблытваўся ў паскудства, то яго ўцягваў у гэта які - небудзь наглянцаваны прыдворны ў фраку, хоць i адукаваны. I ўсё ж нават i тыя жахлівыя выразы, якія былі ўлаштаваны ў нашу мову, якімі змацоўвалі падзел Польшчы i якія мы паўтаралі, не разумеючы ix сэнсу, - усё гэта пайшло не ca школ езуітаў, а прывезена з замежных акадэмій. Калі мы яшчэ не ведалі гэтага прыблуднага замежнага розуму, то барская канфедэрацыя пратрымалася шэсць гадоў. А ўсё таму, што, як толькі генеральны маршалак аб'яўляў паспалітае рушэнне, шляхціц не разважаў, удасца што ці не, але падпарадкоўваўся павіннасці, не думаў пра лёс маёнтка, жонкі i дзяцей: сядаў на каня i спяшаўся туды, дзе загадвала быць краёвае права. Калі ж настала пара Канстытуцыі 3 мая, за якую кожны з нас быў гатовы аддаць сябе на пакуты, то дужа адукаваныя людзі раіліся, яны адгаворвалі аб'яўляць паспалітае рушэнне. «Гэта стары закон, - казалі яны, - трэба вучыцца ў больш развітых краін i толькі арміі давяраць абарону айчыны». Вось таму ўсё яно i скончылася праз пару тыдняў. О, для нас Альвар быў лепшым, чым Таварыства элементарных кніг. У нашых даўнейшых школах усё было, як у Рэчы Паспалітай, служыць якой нас i рыхтавалі там. У нас у школах былі свае сеймікі, свае суды, мы біліся на дубінках, займаліся вайсковымі практыкаваннямі, нас навучалі веры, на якую апіралася польская нацыя. Калі ж мы выходзілі ca школ, то аднаму выпадала быць чыноўнікам, іншаму кіраваць войскам, чалавек не быў прыстаўлены да нечага чужога яму. А яшчэ нас вучылі самаму галоўнаму - не разважаць пра абавязкі, а выконваць ix.

Пан Амброжык Корсак, паручнік пяцігорскай харугвы, мой пастаянны добразычлівец, пражыў ужо больш за семдзесят гадоў, меў унукаў, аседлых жыхароў, але як толькі пачалася барская канфедэрацыя, не стаў адгаворвацца сваім паважным узростам, бо памятаў, што заставаўся таварышам харугвы, уступіўшы на вайсковую дарогу яшчэ пры полацкім ваяводу Дэнгофу, які памёр польным гетманам, што ён прысягаў па першым слове быць гатовым аддаць жыццё за айчыну. Як бы ён сябе ні бярог, усё роўна цяпер ЯГО б не было; калі загінуў над Чанстаховай, яму было семдзесят восем гадоў, а пасля таго ўжо мінула пяцьдзесят, а ўсё ж ён не быў чалавекам дапатопным. Што б з таго было, каб ён не споўніў свайго абавязку? А што займелі здраднікі айчыны, якія прадалі душы маскалям? Калі не сам скарыстаеш грошы, гэта зробіць нехта іншы, i не абавязкова гэта будзе нашчадак. «Маіе parta małe dilabuntur» (Набытае няправедна прападае марна) - вучылі мы ў школе лацінскае выслоўе, дзеля жарту перараблялі яго - «Маіе parta - ідзі к чорту». Кал i ж сур'ёзна, то i так можна сказаць, што ад крадзенага не растаўсцееш, ці зноў жа па - лацінску - tertius haeres non gaudebit! Нездарма ж Корсак, бывала, паўтараў: «Пра жыццё не думай, яно не тваё. Deus me custodiat» (Бог мяне абароніць). Гэта было яго любімае выслоўе. Калі ён стаў таварышам харугвы, то быў яшчэ падлеткам, бо ўцёк у войска з трэцяга класа школы, але яго вельмі любіў яснавяльможны Дэнгоф, полацкі ваявода, бацька нябожчыка гетмана, пры двары якога выхоўваўся мой бацька. Якраз тады, калі ён далучыўся да харугвы, яна выступіла ў карэліцкую пушчу лавіць разбойнікаў I быў у нас у атрадзе адзін слабадушны таварыш, звалі яго Шэліга. Калі мы ўзялі разбойнікаў у аблогу Ў нетрах пушчы, яны пачалі страляць па нас з гармат, i тады пан Шэліга не вытрымаў i ўцёк, паскакаў на кані, куды вочы глядзяць. Але што з таго выйшла? Нам ён не нашкодзіў, бо разбойнікі далі па нас пару залпаў i сталі разбягацца, мы нікога не страцілі ca сваіх, пералавілі нягоднікаў, звязалі, ды яшчэ нам дасталася i добрая здабыча. А ён не толькі зганьбіў сябе, але i жыцця не захаваў, таму што, заблудзіўшыся ў лесе, стомлены, наткнуўся на хаціну лесніка, а там хворая гаспадыня ляжала ў гарачцы, ён заразіўся ад яе i праз некалькі дзён памёр. А каб ён трымаўся свайго абавязку, быў бы жывы i здаровы. Гэтае здарэнне стала для мяне навукай на ўсё жыццё. Навошта ўцякаць ад смерці, якая, можа, у гэты момант пра цябе i не думае, калі яна падсцеражэ цябе ў іншым месцы? Лепей рабіць сваю справу i спадзявацца на Бога.

У пана Корсака, старога i вопытнага чалавека, было ў памяці мноства ўсялякіх гісторый, ён любіў ix расказваць; з таго, што ён бачыў i перажыў, можна было б скласці не адну кніжку. Пасля таго, як мы ўзялі Кракаў i спакойна зімавалі там, бо Масква адважылася ўзяцца за нас толькі ўвесну, сабраліся мы ў пана Корсака ў дзень святога Амброзія, каб павіншаваць яго з імянінамі. Было нас некалькі дзесяткаў чалавек з розных ваяводстваў. Гаспадар быў шчыра ўсім рады, адкрыў бочку віна. I мы заслухаліся тым, што ён нам расказваў Успамінаў, як яшчэ ў пачатку службы ў войску ў яснавяльможнага Пацея, вялікага літоўскага гетмана ў Вільні, конна суправаджаў яго каляску. Гэты пан быў вельмі набожны, загадваў спяваць разам з ім псалмы. Бывала, зацягне гетман антыфон:

О Марыя, ты дзявіца,

Нашае душы царыца,

На цябе не надзівіцца.

I якраз у гэты момант Корсак убачыў, што з супрацьлеглай вуліцы выехала каляска, у якой сядзела дама, да яе дачкі ён заляцаўся. I вось ён пад'язджае на кані, цалуе ручку даме, вяртаецца i якраз паспявае праспяваць канец антыфона:

Нарадзіла Бога сына,

Барані нашу айчыну.

Табе слава! Амінь.

Гэта настолькі спадабалася гетману, што ён перарваў спеў i пахваліў:

- Ну i зух ты, пан таварыш, ну i зух! Я запомню цябе.

I неўзабаве гетман прызначыў яго харунжым. З - за гэтага ён аж восем разоў выходзіў на двубой з тымі, хто дамагаўся той пасады.

Іншыя падобныя рэчы апавядаў ён нам за келіхам, усё гэта было вельмі цікава. А неяк іншым разам ён расказаў нам пра першыя дні нашай канфедэрацыі, бо ён далучыўся да яе Ў самым пачатку, хаця быў ліцвінам, а барская канфедэрацыя была ўтворана, як вядома, на Украіне.

- Дарагія брацці, а лепей сказаць, сынкі, бо я ўжо, дзякаваць Богу, не год i не два назад накрэсліў восьмы крыжык у сваёй метрыцы, пяцьдзесят восем гадоў служу ў народнай кавалерыі, не лічачы тых гадоў, калі быў студэнтам i ўдзельнічаў у баях на дубінках. I з гайдамакамі тузаўся, i вайны ca шведамі панюхаў пад Варкай i Калішам, i Сямігадовай вайны крыху прыхапіў, i ў час апошняга бескаралеўя за печчу не сядзеў i з віленскім князем ваяводам па Валахіі пацягаўся, а вось жа хапіла гадоў, каб i тут вам паслужыць. А мог жа вельмі проста памерці, i не раз. Смерць ужо неаднойчы кусала мяне, але, як бачыце, не з'ела, «Deus me custodiat», спадзяюся, што яшчэ паваюю, пакуль не настане час адысці самому. Неяк няць гадоў назад, Панове, калі ў Рэчы Паспалітай быў мір, мы спакойна стаялі з харугвай, якой кіраваў, у Крожах, i я адчуваў сябе няздатным да працы дзедам. Вучыў харугву ісці ланцужком, строіцца ў шахматным парадку, то ўладжваў непаразуменні з яўрэямі, то разбіраўся з данясеннямі, было вельмі брыдка, што сяджу без занятку. А што было рабіць? Маскалі ідуць сабе праз Крож, а ніяк нельга сказаць ім: «А вось мы вам зараз!», хаця харугва была ў поўным складзе: больш за пяцьдзесят таварышаў i ў два разы больш радавых. Тут раптам выклікае мяне літоўскі стражнік, яснавяльможны Гедройц, які пасля смерці гетмана стаў маім ротмістрам, i кажа мне:

- Пан Амброжык, я не магу ведаць, што будзе. Si vis pacem, para bellum (калі хочаш міру, то рыхтуйся да вайны). Я быў бы рады павялічыць харугву, на гэта ёсць ухвала гетмана. Едзь ты на Украіну i прывядзі адтуль некалькі дзесяткаў коней.

- Хоць зараз, яснавяльможны пане. Я на гэтым зубы з'еў!

Стражнік адлічыў мне шэсць соцень чырвоных злотых, адзін да аднаго, я ўласнай рукой зашыў ix у пояс, аперазаў ім кашулю, узяў двух з таварыства i столькі ж канаводаў, якіх ведаў, як свой пярсцёнак з гербам, што нашу на малым пальцы, усё гэта былі адважныя хлопцы, i мы, не чакаючы наступнага дня, рушылі ў дарогу, а харугву я пакінуў на пана харунжага Мікалая Станевіча. Мы шчасліва дабраліся да Чуднава, да маёнткаў, якія некалі належалі да ардынацыі Астрожскіх, а цяпер у спадчыне ў князя Марціна Любамірскага, што служыў у нас. Там я меў шчасце пазнаёміцца з панам Чайкоўскім, кіеўскім лоўчым, губернатарам чуднаўскага графства. То быў сумленны i добры, разумны чалавек, служыў князю больш па дружбе, чым па абавязку, у яго было некалькі вёсак, атрыманых у спадчыну, зарабляў ён i продажам коней. Пан лоўчы не толькі паабяцаў дапамагчы з пакупкай коней, але i аддаў мне ўсіх прыдворных казакаў, дазволіў асталявацца ў замку i збіраць коней аж да той пары, пакуль я не наеду назад, у Літву. I я то тут, то там па суседніх вёсках у першыя два тыдні назбіраў два дзесяткі вельмі добрых коней. Якраз тады мне i дастаўся мой сівы, якога вы ўсе ведалі, ён верна служыў мне пяць гадоў i я ледзь не плакаў, калі яго забілі над Апатавам. Парашыў дачакацца ў Чуднаве Бярдзічаўскага кірмаша, каб там дакупіць i астатніх. А тут якраз варэцкі стараста пан Пулаўскі абвясціў барскую канфедэрацыю i пачаў рассылаць універсалы, збіраючы шляхту на паспалітае рушэнне. А маскалі шастаюць па ваколіцах, як пацукі па склепе, лоўчы стаў баяцца, як бы ў яго не забралі скаціну, i ён парашыў адправіць коней i людзей у Чуднаўскую пушчу. Я кажу яму:

- Пан дабрадзей добра i слушна раіць, але мне лёг цяжарам на сэрца загад маршалка. Мне трэба ехаць, раз ён загадвае.

А той адказвае:

- Будзе лепей, калі пан паручнік збярэ коней у лесе, там больш бяспечна, а я дапамагу, зраблю, што здолею. Лепей вам служыць маршалку з двума дзесяткамі коней, чым вярнуцца назад без ix, калі яшчэ вам удасца праскочыць з такімі малымі сіламі.

Запярэчыць яму было нечага, падзякаваў яму за клопат, а ён, не спыніўшыся на тым, парашыў праводзіць мяне да Шыецкай Буды, дзе мы спадзяваліся пераначаваць. Выправілі спачатку маіх коней з дворскімі казакамі, а назаўтра вырашылі конна выехаць мы ўдвух, i яшчэ сын пана лоўчага, малады i прыгожы хлопец, а з намі некалькі прыдворных слуг. Як звычайна, па дарозе разгаварыліся, i пан лоўчы расказаў, што ў Чуднаўскай пушчы звіла сваё гняздо хеўра Паўліка, славутага разбойніка, які быў асабліва страшны для яўрэяў - гандляроў, не адзін раз ён рабаваў ix мястэчкі. Якраз за два тыдні да тых падзей ягоны намеснік Гантар з двума разбойнікамі паявіўся на чуднаўскім кірмашы, мабыць, каб нешта разведаць, прыехалі яны на двух падводах, як звычайныя сяляне. Але яго пазнаў адзін шынкар, які аднойчы трапляў у рукі Гантара i ўжо ледзь быў не развітаўся з жыццём, бо стаяў з пятлёй на шыі, як на ягонае шчасце нечакана пад'ехаў Паўлік i загадаў адпусціць яго, але абрабаваў дашчэнту Шынкар тут жа пабег у двор паведаміць мне пра ix.

- Як толькі я даведаўся пра гэта, - працягваў пан лоўчы, - то паспяшаўся на рынак з казакамі. Двух разбойнікаў мне ўдалося злавіць, а Гантар як скрозь зямлю праваліўся. Усё мястэчка перавярнулі дагары нагамі, але яго не знайшлі. Разбойнікаў я загадаў закаваць у кандалы i ўпрэгчы ў работу: удзень яны капаюць насып каля замка, а начуюць у вязніцы.

Я здзівіўся, чаму ён не адаслаў разбойнікаў у гродскі суд, а ён мне кажа:

- Мы не Ў Літве, у нас тут цяпер самы разгул гайдамаччыны. Каб я ix адаслаў у гродскі суд, то была б дрэнь справа. Ix бы там павесілі ў той жа дзень яшчэ да заходу сонца, а ў мяне пачаліся б нелады з Паўлікам, я не змог бы ніводнай начы паспаць спакойна. З нашымі гайдамакамі не трэба заядацца. Яны ведаюць, што двое ix людзей у маіх руках, i мне гэта на карысць: калі яны мне ўчыняць якую шкоду, я тут жа загадаю пасадзіць ix на кол без усялякага гродскага суда, а так я спакойны.

Я кажу яму:

- Нішто сабе мы задумалі: начаваць у лесе! Гэта ж з агню ды Ў полымя, мы хаваем коней ад маскалёў, а ix украдуць разбойнікі.

- Пан паручнік, ты не ведаеш ix звычаяў: у Шыецкай Будзе нам будзе спакайней, чым у Чуднаве. У гайдамакаў воўчая натура: яны ніколі не ўчыняюць шкоды недалёка ад свайго гнязда. У нас там ёсць карчма, у ёй кожную нядзелю поўна гайдамакаў. Часта бывае ў нашага ляснічага i сам Паўлік, я там аднаго разу спаткаўся з ім, пагутарыў, прытварыўшыся, што не ведаю, хто ён такі, хаця ляснічы мне пра гэта шапнуў. Няма чаго сказаць, хлопец спрытны, плячысты, нікому не раіў бы спатыкацца з ім, рады б не далі. Можа, яшчэ i вам давядзецца яго неаднойчы бачыць.

Размаўляючы гэтак, мы ішлі далей па лясных сцежках, дзе ніякая павозка не праехала б. Хаця i конна, а ўсё ж даводзілася ехаць ланцужком услед за праваднічымі, каб дабрацца да Шыецкай Буды як мага хутчэй. I тут мы пачулі ўперадзе свіст... нічога добрага нам гэта не прадказвала. Рантам выходзяць з кустоў двое разбойнікаў i крычаць: «Стой!» У кожнага ў руцэ зброя. Сын лоўчага пацягнуў з похваў пісталет, але я паспеў папярэдзіць яго:

- Схавай, зараз жа! У лесе нявыкрутка з агнястрэльнай зброяй: як толькі выстраліш, то ў нас пачнуь страляць з - за кожнага дрэва. Ці ты ведаеш, з кім мы маем справу?

Адзін з ix, гэта быў сам Паўлік, яго пазнаў пан лоўчы, падступіў да мяне i прамовіў:

- Адразу відаць бывалага чалавека. Калі б вы пачалі страляць, вам бы не ўцалець.

Тут ён падаў знак, i адразу з правага i левага боку ад сцежкі з лесу выступіла каля сотні разбойнікаў. Ніводзін з нас, напэўна, не выратаваўся б, каб сын лоўчага паспеў стрэліць.

Паўлік наблізіўся да лоўчага:

- Ну што, пан, ці магу я цяпер закаваць вас, як вы маіх людзей?

- Дарагі мой, - адказаў лоўчы, - ты ж ведаеш, што Чуднаў не мой, што я мушу пільнаваць панскае дабро. Калі ж нехта з разбойнікаў пакажацца на рынку, а мне пра гэта скажуць, ды яшчэ пры людзях, што б тады сказалі, каб я не пачаў лавіць ix? Ты не на мяне крыўдуй, а на майго начальніка, які выдаў загад, каб гайдамаччына была ліквідавана. Распраўся з ім у Варшаве ці ў іншым месцы, калі знойдзеш, а мяне назаўжды пакінь у спакоі i нават падзякуй, што я не лаўлю цябе ў лесе. Нядаўна пан выдаў указ, каб сабраць людзей са ўсёй акругі i зрабіць на вас аблаву ў лесе, а я ўсё адгаворваюся то тым, то гэтым, каб вы жылі спакойна. Ты не выканаў дамову з ляснічым: ты абяцаў, што не кранеш нас у лесе, а мы за тое будзем глядзець скрозь пальцы на вашы справы. Ды яшчэ на мяне нападаеш. Мы думалі, што ты сумленны гайдамак, а цяпер бачу, што ты падманшчык.

- А хіба я не ахоўваў шаноўнага пана i ўсю эканомію? Днямі сустрэлі пісара, які ехаў з Буды ў Чуднава, i гаварыў з ім па - боску; хай сам скажа. Яшчэ я папрасіў яго прывезці крамянёў, i я не абрабаваў яго, хаця пры ім была тысяча злотых. А ты, вяльможны пан, закаваў маіх людзей у ланцугі. Хіба яны нарабілі якой шкоды, не разлічыліся на рынку? Што, нам ужо нельга нават падводу на рынку прадаць? Як бачыш, цяпер мой верх. Я расплачуся за сваіх.

- Што ты выйграеш з таго, што адпомсціш мне? Калі хоць адзін волас упадзе з маёй галавы ці каго з нашых, а чуднаўскі аканом дазнаецца пра гэта i тут жа пасадзіць тваіх людзей на кол, а потым казакі i людзі з усёй Чуднаўскай акругі наладзяць на вас аблаву ў пушчы, я не ведаю, што вы на гэтым заробіце. Лепей адпусці нас i разлічвай на маю ўдзячнасць.

- Як жа! Хай толькі аканом паспрабуе замардаваць маіх хлопцаў, я назаўтра ж выкраду ягоную жонку i дзяцей, Чуднаў падпалю з чатырох бакоў, i ён выгарыць датла.

- Але, дарагі Паўлік, надумай сам, хіба сваёй помстай, нават каб яна i ўдалася, ты ўваскрасіш сваіх, калі ix пасадзяць на кол? Лепей адпусці нас, а я загадаю выпусціць тваіх людзей.

- Я табе не веру. Мы ўжо дамаўляліся не шкодзіць адзін аднаму. Чуднаўскай эканоміі мы ніякай шкоды не рабілі, нават пані Саноўскай, пасэсарцы з Турчынаўкі, па адным вашым слове аддалі яе коней. А ты захапіў маіх ні ў чым не вінаватых людзей i два тыдні трымаеш у кайданах, нібы нейкіх шкоднікаў. Цяпер ты дзьмеш у другую дудку, а як пушчу вас усіх на чэснае слова, ты вернешся ў замак i скажаш: «Чаму я павінен трымаць слова, дадзенае гэтаму хаму? Хіба ён шляхціц, каб ставіць мне ўмовы? Злавіць яго, i ўсё тут!» Хіба я вас не ведаю?

- Пане Паўлік, дагэтуль я жадаў вам толькі дабра. Прызнайся, хіба мала добрага я зрабіў для цябе? Щ я забараняў вам паліць ляшчыны? Ці не я дазволіў тром тваім хлопцам са скарбовымі падводамі ісці ў Крым па салёную рыбу? А на Піліпаўку хіба не я дазволіў выдаць па тваёй просьбе з магазіна вялікую бочку гарэлкі? Прызнайся, пане Паўлік, табе ў нашым лесе як у раі.

- Ara! Цяпер «пане Паўлік», бо ў страха вялікія вочы; цяпер цябе хоць да раны прыкладай. Я табе проста скажу, як мы зробім. Ты пакінеш мне заклад таго, што маіх людзей адпусцяць. Зразумела, у заклад вы пакінеце мне грошы, якія маеце пры сабе.

Уявіце сабе, паны - брацці, што тварылася са мной, у мяне ж было пры сабе некалькі соцень чырвоных злотых.

- Калі пан Паўлік такі недаверлівы, тады адпусці майго сына i госця, а я застануся заложнікам, - прапанаваў лоўчы.

- Зробім іначай. Я адпушчу цябе, а сына затрымаю; бацька хутчэй выкупіць сына, чым сын бацьку, нічога з панічом не станецца, калі ў нас пераначуе.

- Пане Паўлік, злітуйся над маёй жонкай. Хіба яна вінавата, што ты хочаш утапіць яе ў лыжцы вады? Калі яна ўбачыць мяне без сына, яна ж не вытрывае.

- Ты, вяльможны пан, ведаеш, што ў мяне добрае сэрца. Вяртайся сабе назад з сынам. Але без закладу нельга. Вось ваш госць, які не даў панічу выстраліць, ён пойдзе з намі ў Палац i там будзе чакаць, я не выпушчу яго, пакуль не ўбачу маіх людзей. Ён ваяка, яму з намі не будзе сумна.

Мне стала шкада сумленнага лоўчага, i я сказаў:

- Пане лоўчы, не бойцеся за мяне, едзьце з сынам i сваімі дваровымі ў Чуднаў, а я паеду з панам Паўлікам у ягоны Палац. Я ўдзячны яму, што ён лічыць мяне добрым закладам вашага слова, удзячны за добрыя словы пра мяне. Мне ў яго дрэнна не будзе, абодва мы салдаты, я - Рэчы Паспалітай, ён - сваёй справы, мы зразумеем адзін аднаго. Калі вы аддасцё палоннікаў, то, я спадзяюся, пан Паўлік сам правядзе мяне да Шыецкай Буды. Пакіньце мяне тут i перадайце мае паклоны пані лоўчай.

- Хай вам Бог заплаціць за вашу дабрыню, пане паручнік, за тое, што злітаваліся над маёй жонкай, я ручаюся, што вы не будзеце тут нудзіцца надта доўга. Я прашу пана Паўліка абыходзіцца з маім госцем па - людску.

- Хай вяльможны пан будзе спакойны: для мяне госць важней за роднага бацьку. Але пакуль што ён яшчэ не мой госць, а таму я паўтараю яшчэ раз: у каго з паноў ёсць пры сабе грошы, аддайце ix мне.

Пан лоўчы дастаў з шаравараў кашалёк, у якім было некалькі дзесяткаў елізавецінскіх рублёў, i аддаў яму, кажучы:

- Можаш распрануць мяне да кашулі, калі хочаш, але болей i талера не знойдзеш.

- А цяпер вы, пан паручнік!

Лоўчы паспешна перапыніў Паўліка:

- Што можна знайсці у салдата? Хіба пару тынфаў. Няўжо ты забярэш i такую драбязу?

- Ты за сябе ўжо сказаў, пану паручніку Бог таксама даў язык.

Ён звярнуўся да мяне.

- Ёсць грошы?

- Ёсць некалькі злотых i тыя чужыя.

- I больш нічога не маеш пры сабе?

- Больш нічога.

- Што ж, вы даяце мне шляхецкае i салдацкае слова, я веру. - I ён працягнуў мне руку.

- Задаў ты мне задачу, пан Паўлік! Але што ж, будзь што будзе, а гонару не заплямлю. - Я зняў з сябе пояс. - Вазьмі яго, васпан. Але ты мяне вельмі пакрыўдзіш. Гэта не мае грошы, а Рэчы Паспалітай. А тое, на што яны павінны был i пайсці, то трасца яго бяры!

- Выбачай, пане паручнік, - прамовіў Паўлік, - кожны жыве са свайго: шляхціц - з паншчыны, салдат - з платы, яўрэй - з локця i кватэркі, а разбойнік з таго, што знойдзе ў чужой кішэні. Не гаруй, пане, смутак шкоды не верне. А ты, вяльможны пан камісар, вяртайся назад i адпусці маіх людзей. Тут, на гэтым самым месцы, цябе будзе чакаць мой намеснік, i хай наша дружба застанецца такой, як была, калі толькі ты зноў яе не парушыш, а я першы не начну Пана паручніка я сам праводжу да Шыецкай Буды.

Пан лоўчы паехаў з сынам i ca сваімі слугамі назад, а я з разбойнікамі - далей; ехалі па такім гушчары, што мусілі злезці з коней i ісці пехатой. Паўлік ішоў побач i распытваў мяне, чым я засмучаны, спрабаваў мяне разгаварыць. Але мне было так шкада майго пояса, што хоць вешайся. А як жа, уся надзея на тое, што я прывяду коней, знікла. Нарэшце я не вытрымаў:

- Адстань ад мяне! Я ў тваёй уладзе. Як кажуць: «Многа злога, калі ўдвух на аднога», вас жа тут, мабыць, больш за сто. Не так ужо цяжка вам прымусіць мяне танцаваць над вашу дудку. А ўсё ж, прашу цябе - не лезь у душу Яшчэ i гадзіны не мінула, як я даведаўся, што вы ёсць на свеце, я трапіў да вас ні ў чым не вінаваты, вы забрал i грошы, якія мой ротмістр даў мне на тое, каб я купіў коней для харугвы. На гэтых коней мы пасадзілі б некалькі дзесяткаў ваяроў i адправілі б ix у Бар. Вось i усё, што я магу сказаць, а каб пацешыць цябе, дадам, што ты можаш расказаць пра гэта маскалям, i яны цябе пахваляць за тое, што так дагадзіў ім. Таму зрабі ласку, памаўчы. Я маніць не ўмею i скажу шчыра, што мне весела толькі з тымі, каму я рады. Мне шкада цябе, але я больш перажываю за радзіму

- Калі пан так расстроены, то я памаўчу. Але скажу, што я паважаю вас, i як толькі прыйдзем на маю стаянку, то вы пераканаецеся, што не такі страшны чорт, як яго ксяндзы малююць.

Як быццам усё было добра, грэх наракаць, Паўлік здзівіў мяне тым, што гаварыў ca мной ветліва, ды яшчэ на чысцейшай пальшчызне, быццам які шляхціц. Але ён настолькі сапсаваў мой настрой, абрабаваўшы мяне, што я не мог апамятацца i ішоў насуплены, нібы паляўнічы, які ўпусціў мядзведзя. Не буду расказваць пра наша падарожжа, бо няма чаго ўспомніць, Звычайны лес i бор, бор i лес, як у нас у Літве, я да яго прывык з дзяцінства. Зайшлі мы аж над Цецераў, у такі гушчар, што не было відаць сонца. Паўлік у самым цёмным месцы падаў мне руку, i мы пайшлі павольна, нага за нагу, i рантам над скалой я ўбачыў лаз, мы ледзь - ледзь у яго ўціснуліся. Але потым ён раздаўся ўшыркі. Разбойнікі запалілі лучыны, i стала відно, нібы ўдзень на панадворку. Я ўбачыў вялікую пячору, выдзеўбленую ў скале i выкапаную ў зямлі: гэта i было логава разбойнікаў. Логава было выдатнае, хоць туды не пранікалі промні сонца. Залы, пакоі, кладоўкі, кухня, склады, склепы - нібы цэлае падземнае мястэчка. Усе паразыходзіліся хто куды. Гаспадар быў такі ветлівы i так мяне прымаў, што каб не сам выгляд прыстанішча i не гнюсныя морды яго насельнікаў, то можна было б падумаць, што я не Ў разбойнікаў, а ў гасцях у заможнага памешчыка. Якраз настаў час абеду, усе развязалі мяхі i пачалі есці, хто на што натрапіў Паўлік запытаўся, чаго мне хочацца, i сабраўся сесці ca мной за стол. Я разумеў, што перабіраць не даводзіцца, тым болей таргавацца. Ён загадаў накрыць стол на двух i неўзабаве пачаставаў мяне смачным абедам на фаянсавых блюдах, а для завяршэння яго прынеслі гарнец вытрыманага салодкага венгерскага віна. Пасля адварнога мяса Паўлік выпіў за маё здароўе кубак віна, а потым па ягоным знаку некалькі самапалаў стрэлілі на віват, аж рэха разлеглася па ўсёй пячоры i некалькі разоў адбілася ад яе сцен. Не было нічога дзіўнага ў тым, што абед быў такі смачны: нейкая пападдзя з - пад Варшавы закахалася ў дзяка, дзеля яго кінула мужа, i яны ўдваіх прысталі да разбойнікаў. Дзяк дапамагаў разбойнікам, а пападдзя служыла Паўліку за кухарку. Усё было добра i прыстойна, але адна думка, што я п'ю нажытае кроўю i слязамі, атручвала весялосць, да таго ж на душы было нявесела з - за сваіх нягод, а яшчэ мучыў сорам за тое, што, парушаючы нашы законы i канстытуцыю, разбойнікі гаспадараць i балююць на Чырвонай Русі (адсюль было не больш дзвюх міль да Жытоміра), а ты не маеш сілы, каб пакласці канец такому беззаконню. А што паробіш, калі Рэч Паспалітая тады была перапоўнена чужынцамі i занятая толькі тым, каб застацца цэлай, яна не мела часу, каб хоць вольна дыхнуць, не тое што займацца ўнутранымі справамі. Таму, хто хворы i змагаецца са смерцю, не да таго, каб думаць, як прыбраць у хаце. Нам бы ўдалося зрабіць усё, каб суседзі накінулі нас у спакоі.

Вось так я, хоць i быў у не вельмі шаноўнай кампаніі, але тапіў смутак у віне, i, даруй мне, Божа, наша гутарка пачала мне падабацца.

- Пане Паўлік, - кажу я яму, - калі ўжо так здарылася, што хоць ты мяне i абабраў, як ліпку, а вось цяпер мы сядзім i п'ем за здароўе адзін аднаго, дазволь запытацца, няўжо i мой гняды конь, з якога я злез, таксама прадзіраўся, як вуж, праз зараснікі? Цяпер я яго ўжо не ўбачу, ён стаў via facti (на самай справе) вашым.

- Пан паручнік, ты знойдзеш яго ў Шыецкай Будзе, я яго адаслаў туды. Тое, што пан паручнік дазволіў мне сесці за адзін стол ca мной, вялікае шчасце для мяне, i я не дапушчу, каб у пана застаўся пра мяне дрэнны ўспамін. ]Мне было не па сабе ад таго, што мае людзі закаваны ў ланцугі; таму я i дазволіў сабе памучыць чуднаўскага камісара, Цяпер гэтага пана, няйначай, нішто не займае, акрамя таго, што я адабраў у вас пояс. Нічога, хай пахвалюецца. Мне трэба было пакараць яго за тое, што абышоўся ca мной несправядліва; ды i маім людзям трэба паказаць, што я пра ix дбаю. А той, хто есць са мной хлеб i соль, не будзе крыўдаваць на мяне. Я аддам вам нечапаны пояс, што вы ў яго паклалі, тое там i знойдзеце. Я аддаю яго тым больш ахвотна, што пан адкрыў мне, для чаго прызначаны грошы. Хоць я i не шляхціц, але нарадзіўся на той жа зямлі, што i вы, i не хачу служыць маскалям.

Прызнаюся вам, паны - брацці, гэта мяне так расчуліла, што я нават не здолеў як след падзякаваць, толькі моцна паціснуў яму руку. А яшчэ ў мяне дагэтуль мароз па скуры, як успомню аб тым, што было далей. Адзін з разбойнікаў, які швэндаўся каля нашага стала, убачыў, што Паўлік аддае мне пояс, у якім звіняць манеты, i сказаў:

- Мала таго, што ў яго не ўзялі каня, дык ты яшчэ аддаеш гэтаму ляху грошы.

Паўлік раззлаваўся, схапіў сякеру, закрычаў: «Як ты пасмеў, сабачы сын, лезці не ў сваю справу?» А потым як гакне сякерай, i раскроіў разбойніку чэрап на дзве часткі. I закрычаў астатнім:

- Прывязаць камень на шыю i ўтапіць труп у Цецераве! Зямлю адмыць ад крыві!

Пасля ён з лагодным тварам, як бы нічога не здарылася, сеў за стол i звярнуўся да мяне:

- Хай пан паручнік не зважае. Сам ты начальнік i добра ведаеш, што войска не можа быць без паслушэнства. Прабач, што перапыніў нашу гаворку.

Скажу вам, для мяне гэта была такая неспадзяванка, што я апаражніў тры кубкі, перш чым дапяў да прытомнасці, а потым падумаў: трасца вас бяры, што мне да вас! Самі пайшлі на гэта, а як хто сабе пасцеле, так i спаць будзе. Урэшце, па праўдзе кажучы, я няблага бавіў час з разбойнікам, таму што не злаваў на яго болей пасля таго, як ён аддаў мне пояс, ды i віно было смачнае, а гутарка прыемная. Ён мне, можна сказаць, паспавядаўся, расказаў пра ўсё сваё жыццё. Ён быў падданым кароннага абознага Вароніча, уладальніка маёнтка Траянаў, бо нарадзіўся ў ягоным замку у сям'і прыдворных, з дзяцінства быў адным з улюбёнцаў гаспадара: падаваў яму люльку, пазней суправаджаў на паляванні. Пан загадаў навучыць хлопца чытаць i пісаць i, напэўна, вывеў бы яго ў людзі, даў бы зарабіць на кавалак хлеба, але раптоўна арашыўся жыцця. I Паўлік аказаўся нібы плывец у лодцы без вёслаў. У абознага засталіся толькі малыя дзеці, ix апекуном быў прызначаны па праву роднасці ix дзядзька, пінскі падкаморы пан Шчыт, які ніколі ў Траянаве не жыў, усё там было ўскладзена на чыноўнікаў. Так у Паўліка прапалі надзеі на лепшае, служыў ён ужо не гаспадару, а камісару. Спачатку яму яшчэ сяк - так жылося там, але на сваю бяду ён закахаўся ў пляменніцу камісара, якая была пад апекай дзядзькі. Камісар неяк праведаў аб гэтым, а яны ўжо рыхтаваліся ісці пад вянец. Апекуну цяжка было абыякава адносіцца да сувязі пляменніцы з падданым, яе хуценька выдалі за нейкага чыноўніка, які падвярнуўся пад руку Няцяжка здагадацца, што стала з Паўлікам, хаця ён нічога не расказаў, толькі згадаў, што быў моцна пакрыўджаны. Я не цягнуў яго за язык, але можна зразумець, што гэта была за крыўда, па тым, што ён учыніў з камісарам. Ужо тады досыць вялікая хеўра гайдамакаў асела ў Чуднаўскіх лясах. Яе важаком быў Бурчак - самы наганы разбойнік, які толькі быў на Украіне. Не было начы, каб не аказаўся абрабаваным які - небудзь мясцовы жыхар. Сам чорт не здолеў бы схаваць ад яго нават тынфа. Бывала, як нападзе на чый дом, то звяжа гаспадара i сыпле яму на голы жывот гарачае вуголле, пакуль той не аддасць усё да апошняга шэлега. Іншы раз адпускаў, а часцей забіваў, i бясконца множыў розныя злачынствы, нечуваныя да таго. Раззлаваны Паўлік падаўся да яго ў хеўру, i яго першай справай стаў напад на замак у Траянаве, які падчыстую абрабавалі, а камісара павесілі дагары нагамі, ён памёр ад кровазліцця ў мозг. Кал i у Жытоміры злавілі Бурчака, які баляваў у каханкі (яна, казалі, сама паведаміла пра яго), то, зразумела, не сталі чакаць суда, адразу загадалі чацвертаваць. А Паўлік у той час ужо настолькі вызначыўся сярод разбойнікаў сваёй адвагай i спрытам, што яны ўсе, як адзін, прызналі яго сваім новым атаманам. Не менш смелы, чым папярэднік, але яшчэ больш шустры, ён не стаў пляміць сябе жорсткімі злачынствамі, перайшоў на рабункі, безабаронных адпускаў. Ён значна папоўніў шэрагі сваёй банды, бо да яго разбойнікі ішлі з усіх бакоў, i ён нарэшце стаў падбіраць ix, як ротмістр кавалерыі, навыбар. Былі ў ім нейкія рэшткі сумленнасці. Сын аднаго багатага местачкоўца, малады хлопец, які наведваў езуіцкую школу ў Жытоміры, быў адлупцаваны за нейкую правіннасць у школе, i так моцна перажываў праз гэта, што, палаючы помстай, спрабаваў прыстаць да яго. Аднак Паўлік не захацеў скарыстаць пачуццё адчаю, якое апанавала хлопца, i не ўзяў яго да сябе, прычым пераканаў у тым, што яму, будучаму шляхціцу, з вельмі паважанага ў гэтым краі роду, не да твару быць адшчапенцам, як яны, i нават каб яны i хацелі яго прыняць, добрага з таго не будзе. Прысаромлены хлопец вярнуўся да бацькоў.

Паўлік дайшоў да такой дзёрзкасці, што ставіў умовы аканомам, яны давалі яму грошы. Некаторыя штогод насылалі яму даніну, нібы крымскаму хану, баючыся яго гневу. Кагал плаціў яму кожны год пяцьдзесят злотых, якія збіраў мясцовы ганчар, ягоны кум, i яму за гэта нічога не было, бо яго баяліся зачапіць.

- Пане паручнік, - казаў мне Паўлік, - не думай, што я усяго толькі разбойнік, ты маеш у маёй асобе яшчэ i вялікага змагара за справядлівасць. З усёй Польшчы толькі ў мяне аднаго ёсць дамова паміж уладальнікам маёнтка i селянінам. Калі памешчык або аканом пакрыўдзяць селяніна, а той прыйдзе да мяне са скаргай, я зараз жа насылаю загадаць, каб зрабілі па справядлівасці, i пагражаю, што іначай не міне i тыдня, як я пушчу яму дымам так. I зрабіў так пару разоў, для постраху, а цяпер ужо ў гэгым няма патрэбы, бо ва ўсёй акрузе больш ніхто селяніна не крыўдзіць.

I што я вам скажу, паны - брацці! Тры дні я гасцяваў у Паўліка не па прымусу, а па ўласнай ахвоце, таму што яшчэ ў першую ноч з'явіліся тыя два разбойнікі з Чуднава з лістом да мяне ад пана лоўчага, у якім ён абяцаў перадаць мне тысячу чырвонцаў, каб вярнуць забранае па ягонай віне, а яшчэ прасіў перадаць мне дваццаць коней з усім рыштункалі, якіх ён адашле ў Буду. Я напісаў яму, што Паўлік аддаў мне забранае, але далікатны лоўчы не прыняў ахвяры i прыслаў дваццаць коней, якіх я потым даставіў у федэрацыю. Паўлік тварыў многа несправядлівага, але я бачыў яго як гасціннага i патрыятычна настроенага чалавека i тады падумаў: «Deus me custodiat. Чаго мне задумвацца над чужымі ўчынкамі? Як сказана ў Бібліі: не судзіце i не будуць судзіць вас».

Дык вось, праз тры дні Паўлік правёў мяне ў Шыецкую Буду, дзе паступова сабраўся мой атрад, i мы зноў схаваліся ў пячоры, а ён увесь час паведамляў, што i як, мне не было патрэбы нічога разведваць.

Але гэта яшчэ не ўся гісторыя. Перад самым развітаннем мы гутарылі з ім сам - насам, i раптам ён кажа:

- Пане паручнік, я распытаў усіх маіх трыста чалавек, яны думаюць так, як я: мы ўсе хочам далучыцца да пана i служыць айчыне.

- Сам Бог навёў вас на гэту думку! Няма нічога найлепшага!

- Але я прызнаюся пану, што на мяне ляжыць папера Ў Жытомірскім гродскім судзе. Прыстану я да вас, а нехта тамтэйшы пазнае мяне, i тады канфедэрацыя загадае павесіць.

- Плюнь на гэта! А я для чаго, хіба я дапушчу, каб пакрыўдзілі таго, хто ў мяне служыць? У цябе ўжо ёсць заслугі, пра ix я скажу. Там жа ляжыць папера на Паўліка, атамана разбойнікаў, а не на Паўлікоўскага, сапраўднага сына айчыны i прызнанага кіроўцы атрада добраахвотнікаў, які ваюе ў канфедэрацыі за свабоду i веру, бо ты цяпер для мяне Паўлікоўскі, іначай я цябе ніколі больш не назаву.

- А што, калі Бог дасць i я пакажу, што я на нешта здатны, можа быць, канфедэрацыя выдасць мне пацвярджэнне на гэта прозвішча i дасць шляхецтва?

- Не сумнявайся ў гэтым. Калі ў нас усё добра пойдзе, канфедэрацыя можа даць заслужаным людзям такое прадстаўленне на сейм. Падобныя прыклады бывалі ўжо не раз. Калі ж да гэтага дойдзе, хто там будзе ведаць, якога ты роду? Я прадстаўлю цябе перад старшымі як шляхціца з Палесся, маю правую руку, калі ж хто адважыцца ўчыніць мне якую подласць, я з тым хутка распраўлюся, паручнік пяцігорскай харугвы нечага ды варты!

Паўлік упаў мне ў ногі, а назаўтра ён i больш за трыста ягоных людзей прынеслі мне прысягу.

А гэта было якраз тады, калі пан Пулаўскі быў у аблозе ў Бярдзічаве. Да нас далучылася яшчэ каля сотні талковых хлопцаў на добрых конях. Мы хацелі ісці на дапамогу, але Паўлік пераканаў мяне, што супраць некалькі тысяч рэгулярнага войска, узброенага гарматамі, з нашай жменькай людзей мы нічога не ўчынім. Крыху пазней мы зрабілі іначай. Пан Пулаўскі, абараняючыся ў Бярдзічаве, спадзяваўся, што яго вызваліць паўстанне ў Кіеўскім павеце i на Валыні, але пан Стэмпкоўскі, генеральны рэгіментарый каралеўскіх войскаў, i пан Браніцкі, у той час каронны лоўчы, абодва прыхільнікі караля Станіслава Панятоўскага, мелі зносіны з Масквой i не дапусцілі паўстання ў Кіеўскім павеце, а што да Валыні, то мясцовая шляхта, задаволеная тым, што разабрала паміж сабой астрожскую ардынацыю, зусім не хацела, каб Рэч Паспалітая была настолькі магутнай, што змагла 6 клапаціцца пра сваю ўласнасць. Яна па сваёй звычцы хацела паказваць свой патрыятызм лепей за келіхам віна, а не сціпла прысвяціўшы сябе айчыне. Гэта быў вядомы ўсёй Польшчы Валынскі гонар!

Пан Пулаўскі сядзеў гэтак у крэпасці з войскам, нібы мыш у нары, ні ўперад, ні назад. Змагаўся, як мог, але ўбачыў, што няма рады, i папрасіў капітуляцыі. За гэта яны i паплаціліся. Паводле дамовы з маскалямі яны здавалі крэпасць i зброю, а самі свабодна ішлі ў Покуш, дзе канфедэрацыя трымалася моцна. Але маскалі, як звычайна, не стрымалі ні свайго слова, ні дагавору, падпісанага імі: раззброілі гарнізон крэпасці i ўсіх адправілі як палонных у Кіеў. Вось тут i паказаў сябе Паўлік. Хаця гэты ўчынак добрыя сябры прыпісваюць мне, але я саграшыў бы перад Богам, калі б прыпісаў сабе чужыя заслугі. Па ягонай парадзе мы пайшлі адбіваць палонных, хаця ix суправаджаў полк данцоў. Паўлік усюды меў сувязі з мясцовымі людзьмі, нам лёгка было прабірацца ўслед за непрыяцелем, кожны крок яго быў нам вядомы. Мы ішлі патаемна, каб перакрыць казакам дарогу да Кіеўскага гасцінца. Пад Прудком мы не маглі прайсці незаўважанымі каля моцнага атрада маскалёў, ix было каля дзвюх тысяч, чатыры гарматы. Я ўжо думаў, што нам канцы, але нас выручыла вытрымка Паўліка. Маскоўскі генерал загадаў запытацца, хто мы такія, куды ідзём, па чыім загадзе. Паўлік адказваў, што мы харугва, пасланая ў Пісанку рэгіментарыем украінскай партыі для ўтаймавання сялян, якія там узбунтаваліся. Сапраўды, там Жалязняк ужо распачынаў каляеўшчыну, i гэта добра нам паслужыла, мы ж былі так апрануты, што нас можна было палічыць за народную кавалерыю. А маскалі якраз падтрымлівалі таго рэгіментарыя, у ix быў нават загад ва ўсім дапамагаць яму, а таму генерал сардэчна развітаўся з намі, пажадаў шчаслівага шляху, а сам падаўся з войскам у іншы бок.

А мы назаўтра, калі ўжо добра сцямнела, за чвэрць мілі ад Хадаркова сустрэлі данцоў, якія суправаджалі нашых браццяў; убачылі многа вазоў, на якіх везлі з Бярдзічава ўзятую там зброю. I тут мы як ударым! Яны i падумаць не маглі, адкуль грымнуў гэты пярун. Аднак жа пачалі абараняцца, страляць з пісталетаў. Ды тут палонныя ўбачылі, што пачаўся бой, кінуліся да вазоў, пахапалі зброю, а сяляне, якіх наспех панабіралі па вёсках i паставілі ахоўваць вазы, вядома, не маглі спачуваць казакам i каламі пачалі біць ix, дапамагаючы нашым. Казакі, страціўшы некалькіх сваіх, здаліся нам, не доўга думаючы.

Так мы адбілі пана Пулаўскага i амаль увесь гарнізон Бярдзічаўскай крэпасці. Бог не дапусціў, каб маскалі радаваліся пасля сваёй здрады, узяўшы ў палон тых, каго абяцалі адпусціць на волю. Пан Пулаўскі быў шчаслівы, што нашым старанием ён вольны вернецца ў Рэч Паспалітую i зможа быць яшчэ карысным роднаму краю. Паводле майго прадстаўлення ён назначыў паручнікам у маім атрадзе пана Паўлікоўскага, пад такім прозвішчам ён i выступаў надалей. Я па справядлівасці аддаў яму другое месца ў атрадзе, бо ён многа зрабіў для яго стварэння.

Пан Пулаўскі аб'явіў сябе нашым камандзірам i кіраваў намі з уласцівай яму адвагай i вайсковым умельствам. Па дарозе мы расстараліся ў шляхты коней i пасадзілі на ix салдат, зноў зрабілі ix коннікамі, i ў Покушы шчасліва злучыліся з літоўскім падчашым, яснавяльможным Патоцкім. А наш новы сябра Паўлік скончыў сваё жыццё, нібы пацвердзіўшы вядомую прыказку: каму суджана быць павешаным, той не патоне. Яго не павесілі па прыгаворы жытомірскага суда, ён патануў. Калі мы ішлі на Покуш, нам давялося ўплаў пераадольваць Збруч. I трэба ж было здарыцца такому, што мы страцілі там толькі аднаго чалавека - ім быў Паўлік. Відаць, конь, якому ён даверыўся, не даплыў; калі мы аказаліся на другім беразе, то ні каня, ні Паўліка больш не ўбачылі, а я на ўласныя вочы бачыў, як ён кінуўся ў ваду. Мы вельмі гаравалі па ім, але што ж, на тое была Божая воля! Паверце мне, старому, паны - брацці, гэта быў прыроджаны салдат, да таго ж выдатны кавалерыст.

Каментар

Паўлік (с. 264)

Таварыства элементарных кніг - Towarzystwo Ksiąg Elementarnych - заснавана ў 1775 г., займалася падрыхтоўкай падручнікаў, апекавалася навучальным працэсам у школах.

Антыфон - кароткая малітва з дзвюх частак.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX