Папярэдняя старонка: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis

XV-XXXV 


Аўтар: Сянкевiч Генрык,
Дадана: 23-07-2012,
Крыніца: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis, 'Сафiя', 2002.



ХVI

Хiлон, аднак, не вяртаўся даволi доўга, так што Вiнiць не ведаў, што аб гэтым урэшце думаць. Добра ўцееў сабе, што каб напэўна яе знайсцi, дык трэба шукаць паволi. Кроў ягоная ды гвалтоўная натура бурылiся супраць рассудку. Сядзець, згарнуўшы рукi й нiчога не робячы, не мог нi за што. А зноў жа абяганне гарадскiх завулкаў у цёмным нявольнiцкiм плашчы, выглядаўшае на дарэмны самападман, не магло яго таксама задаволiць. Вызвольнiкi ягоныя, людзi даволi спрытныя, якiм на ўласную руку загадаў пошукi, аказалiся ў сто разоў менш зручнымi ад Хiлона. Тым часам, апрача кахання, якое чуў да Лiгii, радзiлася яшчэ ў iм заўзятасць iграча, якi конча хоча выйграць. Вiнiць такiм ужо быў заўсёды. Ён не здольны быў зразумець, што можа якаянебудзь справа не ўдацца, што трэба адрачыся намераў. Вайсковая дысцыплiна, праўда, на нейкi час зацугляла ягоную самаволю, але адначасна ўшчапiла ў яго перакананне, шго кожны выданы падуладным загад мусiць быць выкананы, а даўжэйшы побыт на ўсходзе, сярод людзей гнуткiх i да нявольнiцкага послугу прывыклых, умацаваў толькi ягоную веру, што для ягонага жадання няма межаў. Стагнала цяпер у iм самалюбства. Было пры тым у гэных няўдачах i ў самай згубе Лiгii штось незразумелае, нейкая загадка, над разгадваннем якое мучыў сабе голаў... Адчуваў, што Актэ праўду казала: Лiгiя не была да яго халоднай. Але калi так, дык чаго было ўцякаць ад ягонага раскошнага дому, ад ягонага кахання ды салодкiх пястошчаў, уцякаць на тулянне й нэндзу? На гэнае пытанне не ўмеў ён знайсцi адказу, да сведамасцi ягонай ледзь даходзiла пэўнае няяснае адчуццё, што мiж iм i Лiгiяй ды мiж iхнiмi светаглядамi, мiж светам ягоным, Пятронiевым, а Лiгii й Пампонii iснуе нейкая рознiца i непаразуменне глыбокае, моў пропасць, якое нельга выраўняць. Тады здавалася яму, што мусiць развiтацца з Лiгiяй, дык яшчэ горш трацiў раўнавагу, якую спрабаваў утрымоўваць у iм Пятронi. Былi хвiлiны, у якiх i сам ужо не ведаў, цi кахае Лiгiю, цi ненавiдзiць, ведаў толькi, што мусiць яе знайсцi, хай зямля яго глыне, калi яе не ўбачыць ды не прысвоiць. Сiлай уявы часта аглядаў яе, як жывую й прысутную, прыгадваў сабе кожнае высказанае да яе або ёю слова. Чуў яе блiзка, адчуваў на грудзях i руках, i тады гарачка жады парывала яго неймаверна. Кахаў яе, да сябе заклiкаў. А на ўспамiн, што i яна яго кахала й гатова была дабравольна споўнiць ягоныя жаданнi, душыў яго няўтульны жаль, а сэрца залiвала хваля салодкае песлiвасцi. Iншы раз падыходзiла такая злосць, што аж бялеў з закатнасцi й пагражаў Лiгii пакутамi. Жадаў яе не толькi мець, але мець стаптанаю нявольнiцаю, а адначасна адчуваў, што каб прыйшлося яму выбiраць, цi быць ейным нявольнiкам, цi не бачыць яе болей у жыццi, дык згадзiўся б быць нявольнiкам. Бывалi днi, у якiх нат думаў i аб розгах, але гатовы быў адначасна сляды розаг тых на ейным ружовым целе цалаваць. Дакучала нат яму думка, што быццам шчаслiўшым быў бы, каб яе забiў.

Ад гэных роспачных думак, сумнiваў i згрызотаў цярпела здароўе, а нат i краса. Стаўся мсцiвым ды абрызглым для ўсiх. Нявольнiкi, а нат вызвольнiкi зблiжалiся да яго з дрыготным страхам, а як пачаў штораз часцей катаваць iх без дай прычыны, пачалi яго ўпотайкi ненавiдзець.

А ён, бачачы гэта, мсцiўся яшчэ горш у прыпадку горкае свае самоты. Шчадзiў цяпер аднаго толькi Хiлона, баяўся бо, каб не пакiнуў шукаць, а той, спанатрыўшы гэта, пачаў з яго тым больш цягнуць ды вадзiць за нос. Спачатку пры кожных адведзiнах завяраў Вiнiцiя, што справа пойдзе хутка й лёгка, цяпер жа пачаў самахоць выдумоўваць перашкоды i, запэўнiваючы аб добрым канчатку, не хаваў, што яшчэ канчатак той далёка.

Прыйшоў урэшце пасля доўгiх чакальных дзён так нахмураны, што закаханы юнак наш збялеў, гэта бачачы, i адразу накiнуўся з градам пытанняў:

- Няма яе мiж хрысцiянамi?

- Чаму няма,- адказвае Хiлон,- але знайшоўся мiж iмi Глаўк, лекар.

- Дык што, што за Глаўк?

- Цi ж забыўся, спадару, аб старым, з якiм я падарожыў з Неапалю ў Рым i якога баронячы страцiў гэтыя вось два пальцы, нельга цяперака ўтрымаць пяра ў руцэ. Разбойнiкi парэзалi яго нажом, адабраўшы жонку й дзецi. Пакiнуў яго ў гасподзе пад Мiнтурнай канаючага, доўга плач мяне браў. На жаль, пераканаўся, жыве й дасюль i належыць да гмiны хрысцiянскае ў Рыме. Вiнiць адразу не мог даўмецца, аб чым гутарка, здагадваўся толькi, што той Глаўк нейк мусi ўтрудняе адшукаць Лiгiю, дык, прытлумiўшы гнеў, кажа:

- Калi ты яго баранiў, дык павiнен быць табе ўдзячны i дапамагаць.

- Ах, дастойны трыбуне! Нават багi не заўсёды бываюць удзячныя, а што ж казаць аб людзях. Так! Павiнен мне быць удзячны. Але бяда, гэты стары слабога розуму, прыцемненага векам ды старасцяй, дык не толькi не ўдзячны мне, але, як дайшло да майго ведама ад ягоных аднаверцаў, вiнавацiць мяне, што я быў у змове з разбойнiкамi ды што я навёў на яго злыбяду. Вось мне заплата за два пальцы!

- Я перакананы, што так i было, шэльма, як ён кажа,- прыгваздзiў Вiнiць.

- Цi ж больш ведаеш за яго, спадару,- адказаў важна Xiлон,- ён бо толькi здагадваецца аб гэтым, хоць, аднак, мог бы пры помачы хрысцiян горка мне адпомсцiць. Напэўна, зрабiў бы гэта, а iншыя напэўна памаглi б. На шчасце, не ведае, як завуся, а ў доме малiтвы, дзе спаткалiся, не спанатрыў мяне. Я, аднак, пазнаў яго адразу ды як жа хацеў яму кiнуцца на шыю. Развага мяне толькi ўстрымала. Пасля, як выйшлi, пачаў я пра яго выпытваць, i тыя, што ведаюць яго, сказалi мне: гэтага чалавека здрадзiў нейкi злыбеднiк падчас падарожжа з Неапалю... Iначай бо не ведаў бы аб ягоным вайцяннi.

- Што мне за справа да гэтага! Кажы, што бачыў у доме малiтвы?

- Табе не справа, спадару, але мне справа, i то скурная справа. Бо хачу, каб навука мая мяне перажыла, дык лепш адракуся абяцанае праз цябе заплаты, чым жыццё змарную дзеля марнае мамоны, без якое, як боскi фiлязоф, i так патраплю жыць ды шукаць божай праўды. Вiнiць, злосны й нахмураны, зблiжыўся да яго i кiнуў панурае пытанне:

- А хто цябе запэўнiў, што з Глаўкавых рук смерць хутчэй цябе спаткае, чым з маiх? Скуль, сабача, ведаеш, што не загорнуць цябе зараз зямлёю ў маiм агародзе?

Хiлон, труслiва глянуўшы на Вiнiцiя, адразу скемiў, што тут яшчэ адно лiшняе слова можа давесцi да гiбелi.

- Буду шукаць яе, спадару, i знайду! - адманваецца паспешна.

Замоўклi, у цiшы чутны толькi зяханне ўзбуранага Вiнiцiя ды далёкiя песнi працуючых у агародзе нявольнiкаў. Цераз момант грэк, бачачы ўжо на твары маладога патрыцыя супакаенне, пачаў гаварыць:

- Смерць прайшла ля мяне, але я так смела глядзеў ёй у вочы, бы Сакрат. Не, спадару, я не кажу, што не шукацiму дзяўчыны, я жадаў толькi звярнуць увагу, што пошукi яе надта ж для мяне небяспечныя. Сумняваўся, вашэць, у сваiм часе, што iснуе на свеце нейкi Эўрыцы, а хоць на ўласныя вочы пераканаўся, што сын бацькi майго казаў табе праўду; думаеш вось, што лгу аб Глаўку. На жаль, ня ёсць ён выдумкай; каб я мог зусiм бяспечна ацiрацца ля хрысцiян так, як даўней, аддаў бы за тое старую бедную маю нявольнiцу, якую анагдай купiў дзеля апекi над маiм старэчым калецтвам. Але бо Глаўк жывы, i каб мяне хоць раз убачыў, дык не ўбачыў ужо мяне больш ты, спадару, а тады хто б табе знайшоў красуню? Тут замоўк ды пачаў выцiраць слёзы, пасля гаворыць далей:

- А пакуль Глаўк жыве, як жа мне яе шукаць, магу знячэўку нарвацца на таго злыдня i згiну, а разам са мною скончацца й пошукi.

- Да чаго ты дагаворваешся? Дай раду! Што думаеш пачаць?

- Арыстотэлес нас вучыць, спадару, што меншыя рэчы трэ пасвячаць дзеля большых, а кiр Прыам казаў часта: старасць не радасць. Вось жа ярмо старасцi й гора гныбiць Глаўка так даўно ўжо i цяжка, што смерць была б для яго вызваленнем. Так кажа i Сэнэка...

- Блазнуй з Пятронiем, не са мною, кажы, чаго хочаш?

- Калi цнота ёсць блазнотай, хай дазволяць багi назаўсёды застацца мне блазнам. Манюся, спадару, спратаць Глаўка, бо пакуль ён жыве, i жыццё маё i пошукi заўсёды будуць у небяспецы.

- Дык наймi людзей, якiя кiямi затаўкуць яго, я iм заплачу.

- Здзяруць з цябе, спадару, дый магчымуць парушыць сакрэт. Абармотаў у Рыме ёсць столькi, колькi пяску на арэне; каб ты ведаў, аднак, як даражацца, калi сумленны чалавек патрабуе iхняга разбойнiцтва. Не, дастойны трыбуне! Ануж бы вiгiлы спаймалi? Дый прызналiся, хто iх наняў? А мяне не выявяць, iмя бо маё не ведацiмуць. Чаму б не даверыць мне, бо, не кажучы ўжо аб маёй сумленнасцi, памятай, расходзiцца тут пра дзве iншыя рэчы: пра маю ўласную скуру ды пра абяцаную мне заплату.

- Колькi ж хочаш?

- Патрэбна мне тысяча сэстэрцыяў, падумай бо, спадару, сам: мушу знайсцi сумленных абармотаў, такiх, якiя б, узяўшы задатак, не прапалi б з iм разам без вестак. За добрую работу - добрая заплата! Прыдалося б таксама i мне што-небудзь на абмыццё слёз па Глаўку... Перад багамi клянуся, як мне дораг ён! Калi сяння дастану тысячу сэстэрцыяў, за два днi душа яго будзе ў Гадэсе, i там толькi (калi душы наагул маюць памяць i дар мыслi) пазнае, як спагадаў я яму. Людзi знайдуцца хоць бы й сяння, загадаю iм, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка здымаю iм па сто сэстэрцыяў. Маю таксама адзiн помысел, якi выдаецца мне беспахiбным.

Вiнiць яшчэ раз прыабяцаў яму жаданую суму, але забаранiў далей гаварыць аб Глаўку, а замест таго спытаў, якiя больш прыносiць навiны, дзе праз апошнi час быў, што бачыў ды што выследзiў. Але Хiлон не шмат новага мог яму сказаць. Быў яшчэ ў двух дамох малiтвы i зважаў рупна на ўсiх, асаблiва на жанчынаў, але не прыкмецiў нiводнай падобнай да Лiгii. Хрысцiяне, аднак, быццам уважаюць яго за свайго, а пасля выкуплення Эўрыцыя ганаруюць яго, як наслядоўнiка Хрыста. Даведаўся таксама ад iх, што адзiн iхнi вялiкi заканадаўца, нейкi Павал з Тарсу, ёсць у Рыме, у вязнiцы, з прычыны жыдоўскага на яго даносу, дык задумаў пазнаёмiцца з iм. Але найбольш усцешыла яго iншая вестка, менавiта: найвышэйшы святар цэлае сэкты, вучань i намеснiк Хрыстовы, якому Хрыстус паверыў кiравецтва хрысцiянства, маецца таксама хутка прыехаць у Рым. Усе хрысцiяне, ведама, старацiмуцца пабачыць яго ды паслухаць навучання. Маюцца быць вялiкiя зборышчы, дзе i ён, Хiлон, зразумела, будзе прысутны, а нат магчыма ўвесцi туды i Вiнiцiя. Тады знойдуць Лiгiю напэўна. А як не будзе Глаўка, не будзе й небяспекi. Помсцiцца, пэўна, можа i помсцiлiся б, але наагул гэта спакойныя людзi.

Тут Хiлон пачаў расказваць з пэўным подзiвам, што нiколi не бачыў мiж iмi распусты, атручвання студняў i вадалiваў, не даследзiў, каб былi непрыяцелямi роду людскога, каб аддавалi шанаванне аслу цi елi мяса дзяцей. Не, гэтага не бачыў. Пэўне знайдзе мiж iмi й такiх, якiя за грошы спратаюць Глаўка, але iхняя навука, наколькi яму вядома, не заахвочвае да нiякага злачынства, наадварот, наказвае дараваць вiнаватаму.

Вiнiць прыгадаў сабе, што казала яму ў Актэ Пампонiя Грэцына, i наагул гутаркi Хiлона слухаў з радасцяй. Хаця пачуццё яго да Лiгii выглядала бы нянавiсць, рабiлася яму, аднак, лягчэй, як пачуў, што навука, якую i яна i Пампонiя вызнавалi, не была анi злачыннаю, анi плюгаваю. Радзiлася, аднак, у iм нейкае пачуцце, што менавiта яна - тая таемная нязнаная чэсць для Хрыстуса - стварыла пропасць мiж iм i Лiгiяй, дык пачаў адначасна i баяцца тае навукi, i ненавiдзець яе.

XVII

Хiлон сапраўды манiўся з свету звесцi Глаўка, чалавека хоць ужо ў гадох, але яшчэ цепяткога. У тым, што казаў Вiнiцiю, была крошка праўды. Ведаў ён у сваiм часе Глаўка, здрадзiў яго, прадаў разбойнiкам, пазбавiў сям'i, маёмасцi i выдаў на морд. Згадваў, аднак, пра гэта з лёгкаю душою, бо кiнуў яго канаючага не ў гасподзе, але ў полi пад Мiнтурнэ, не спадзеючыся таго, што Глаўк вылiжацца з ран i прыйдзе ў Рым. Дык сапраўды, спаткаўшы яго ў доме малiтвы, спалохаўся i ў першай хвiлiне хацеў зрачыся ўсякiх пошукаў Лiгii. Але з другога боку, баяўся шчэ больш Вiнiцiя ды Пятронiя. Дык хутка на ўспамiн аб гэтых магутных патрыцыях паканаў у сабе хiслiвасць. Думаў: лепш мець малых ворагаў, як вялiкiх, i, хоць труслiвая натура ягоная ўздрыгалася перад крывавымi спосабамi, пастанавiў замардаваць Глаўка пры дапамозе трэцiх рук.

Цяпер расходзiлася толькi пра падбор людзей, аб iх iменна i талкаваў перад хвiлiнай Вiнiцiю. Начуючы часта ў вiнярнях мiж людзьмi без даху, без сумлення й веры, лёгка мог знайсцi спадручнiкаў, гатовых на ўсё, але йшчэ лягчэй такiх, каторыя, знюхаўшы ў яго грошы, пачалi б работу ад яго самога або ўзяўшы з яго ўсю суму пагрозаю выдачы вiгiлам. Дый ад пэўнага часу чуў нейкую ў сабе абрыду да галiты, да плюгавых страхотных тыпаў, якiя гняздзiлiся ў спелюнках на Субуры цi Затыбры. Мераючы ўсё сваёю меркай дый не ведаючы дастаткова хрысцiян, анi iхняе навукi, думаў, што i мiж iмi знойдзе паслухмянае знадоб'е, маючыся выкрывiць у свой бок iхнюю безiнтэрасоўную шчырасць.

Вось жа таго самага вечара пайшоў з тою мэтай да Эўрыцыя, якi быццам адданы яму быў цэлаю душою i не адкажа нiякае помачы. Будучы, аднак, з натуры асцярожным, анi думаў яму адкрываць сапраўдных сваiх намераў, бо ж працiвiлiся яны веры й багабойнасцi старца. Iстыя замыслы свае меўся адкрыць толькi сапраўдным завушнiкам i выканаўцам, якiя з увагi на сваю бяспечнасць мусiцiмуць датрымаць тайнiцу.

Стары Эўрыцы, выкупiўшы сына, наняў адну з такiх малых крамак, ад якiх раiлася пры Цыркус Максiмус, прадаваў у ёй боб, алiўкi, пернiкi, мядовую ваду цыркавым глядзельнiкам. Хiлон застаў яго дома, ладзiў крамку, i, прывiтаўшы па-хрысцiянску, адразу прызнаўся, з чым прыйшоў. Аддаўшы моў iм прыслугу, спадзяецца ўдзячнае помачы ад iх. Трэба яму двух або трох людзей, дужых i адважных, дзеля адхiлення небяспекi, пагражаючай не толькi яму, але i ўсiм хрысцiянам. Праўда, ён бедны, бадай бо ўсё, што меў, аддаў Эўрыцыю, а ўсё ж людзям тым заплацiў бы за iхнюю паслугу, калi будуць яму вернымi й паслухмянымi. Пачцiвы Эўрыцы з сынам сваiм Квартусам слухалi свайго дабрадзея амаль на каленях. Абодва самi былi гатовы споўнiць жаданнi ягоныя, верачы, што так святы муж, як ён, не жадацiме ад iх прыслугi, нязгоднае з Хрыстоваю навукаю. Хiлон запэўнiў iх аб гэтым i, падняўшы вочы ўгару, нiбыта малiўся, а сапраўды надумоўваўся, цi б не прыняць ад iх паслугi, ашчадзiўшы тысячу сэстэрцыяў. Але па хвiлiне адкiнуў гэную думку. Эўрыцы быў усё ж такi слабым ужо старцам, прыгнобленым горам i хваробай. Кварт меў усяго шаснаццаць год, а Хiлону трэ было людзей спраўных, дужых. Тысячу сэстэрцыяў спадзяваўся сваiм спосабам i так заашчадзiць. Яны намагалiся, але, спаткаўшыся з станоўкасцяй, саступiлi. Квартус тады кажа:

- Ведаю пекара Дэмаса, у якога пры жорнах многа ўсякiх людзей. Адзiн з тых наймiтаў так дужы, што стаў бы не за двух, а за чатырох, бо ён сам бачыў, як падымаў каменне, якое чатырох людзей не давала рады.

- Калi гэта багабойны чалавек i гатовы пасвяцiцца за братоў, пакажы мне яго,- просiць крывадушны Хiлон.

- Гэна хрысцiянiн, спадару,- адказвае Кварт,- у Дэмаса бо амаль усе хрысцiяне. Ёсць там i работнiкi начныя, i дзённыя, той менавiта - начны. Цяпер нат маглi б мы з iм свабодна разгаварыцца, бо акурат у iх вячэра. Дэмас жыве каля Эмпорыюма [1].

Хiлон згадзiўся ахвотна. Эмпорыюм знаходзiўся пад узгор'ем Авентынскiм, дык не надта далёка ад Вялiкага Цырку. Льго было, не абходзячы ўзгор'я, iсцi ўздоўж ракi праз Портык Эмiлiя, скарачаючы дарогу.

- Стары я ўжо,- кажа Хiлон, затрымаўшыся пад калюмнаю,- дык часам маю зацьменне памяцi. Так, здаецца, Хрыста нашага здрадзiў вучань ягоны! Толькi iмя здраднiка не магу ось сабе прыгадаць.

- Юдаш, спадару, што павесiўся,- нагадаў Кварт, дзiвячыся адначасна ў душы, як можна было такое iмя забыцца.

- Во так! Юдаш! Дзякуй табе,- адказвае Хiлон. Праз хвiлiну йшлi моўчкi. Дайшоўшы да Эмпорыюма, якi ўжо быў замкнёны, мiнулi яго i, абыйшоўшы свернi, з якiх выдавалася народу збожжа, сыйшлi налева, уздоўж дамоў на Астыенскай дарозе аж да ўзгорку Тэстацыюс i Форум Пiсторыюм [2]. Там затрымалiся перад драўляным будынкам, з якога даходзiў гук жарон. Кварт увайшоў туды; Хiлон, баючыся спаткацца сiлаю фатум з Глаўкам, лекарам, ды не хочучы наагул паказвацца ў талацэ людзей, застаўся на двары.

- Цiкавасць бярэ, што за Геркулес у наймiтах пры жорнах,- гадаў сабе, пазiраючы на ясны месяц,- калi гэта хiтры злыдзень, крышку мусi мне каштавацiме, а калi сумленны целяпень, усё зробiць задарма. Далейшыя думкi перарваў яму Кварт, якi выйшаў з будынку з другiм чалавекам, апранутым толькi ў тунiку, так званую «эксомiс», так скроеную, што правая рука i частка грудзей была голай. Такую адзежу, выгодную пры рабоце, насiлi пераважна работнiкi. Хiлон, акiнуўшы вокам незнаёмага, усцешыўся, нiдзе бо дагэтуль не спатыкаў такога пляча i грудзей.

- Вось, дабрадзею,- паказвае Кварт,- брат, якога жадаў бачыць.

- Вiтанне табе Хрыстовае! - азваўся Хiлон.- Скажы ж, Квартуська, гэтаму брату, цi я годзен веры й даверу, ды йдзi сабе з Богам, нельга бо старога бацькi пакiдаць самога.

- Гэта святы чалавек,- заручае Кварт,- якi аддаў усю сваю маёмасць на выкупленне мяне, незнаёмага, з няволi. Хай Госпад, Збаўца наш, дасць яму заплату вечную.

Асiлак-работнiк, пачуўшы гэта, схiлiўся ды пацалаваў у руку Хiлона.

- Як жа завешся, браток? - пытае грэк.

- На хросце святым далi мне, ойча, iмя Урбан.

- Браток мой, Урбанка, цi маеш хвiлiнку часу пагутарыць са мною?

- Работу нашу пачынаем каля поўначы, а цяперака вараць ось нам вячэру.

- Дык часу маеш даволi; пойдзем жа пад рэчку, паслухаеш, што я табе там скажу.

Пайшлi, селi на каменным беразе ў цiшы, парушанай толькi далёкiм гукам жарон ды булькатаннем рачное хвалi. Там Хiлон прыгледзеўся добра жарнамолу, якi, памiма грознай барбарскай панурыстасцi, выдаваўся яму, аднак, даволi шчырым i рахманым.

- Так,- думае сабе,- гэта чалавек добры i наiўны, ён дарма заб'е Глаўка.

Пасля пытае:

- Любiш, Урбан, Хрыста?

- Люблю ўсёй душою й сэрцам,- адказаў жарнамол.

- А братоў i сясцёр сваiх, а тых, што навучылi цябе праўды й веры Хрыстовай?

- I iх таксама люблю, ойча.

- Тады - рах табе!

- I табе, ойча!

Настала зноў цiшыня, толькi жорны гучэлi ўдалечынi, а ўнiзе бульбацела рака. Хiлон заглядзеўся ў ясны месяц ды спавагу пачаў расказваць пра Хрыстову смерць. Гаварыў быццам не Урбану, а як бы сам сабе разважаў тую смерць, як бы тайнiцу яе хацеў пераказаць заспанаму гораду. Выглядала гэта ўрачыста i ўзрушаюча. Жарнамол плакаў, а як Хiлон пачаў енчыць i бедаваць, што падчас смерцi Збаўцы не было нiкога, хто б яго баранiў калi не ад укрыжавання, дык прынамсi ад знявагi салдатаў ды жыдоў, магутныя кулакi барбара пачалi сцiскацца ад жалю й злосцi. Расчуляла яго смерць, а злосць i дзiкая ахвота агартала яго на ўспамiн аб здзеках i кпiнах раз'юшанага зброду з укрыжаванага Баранка.

А Хiлон нагла сулiць пытанне:

- Ведаеш, Урбан, хто быў Юдаш?

- Чаму ж не ведаю. Але ён павесiўся,- адказвае работнiк.

I ў гутарцы ягонай вычувалася быццам незадавальненне з таго, што здраднiк укараў сам сябе i не можа патрапiцца яму ў рукi.

Хiлон жа падсябрываўся далей:

- Ну а каб не быў павесiўся ды каб каторы з хрысцiян сустрэў яго на моры цi на сухазем'i, няўжо не павiнен быў бы помсцiць пакуту, кроў i смерць Хрыстову?

- Хто ж бы не адпомсцiўся, ойча!

- Рах табе, слуга верны Баранка! Так, можна дараваць сваю крыўду, але Богавае нiхто не мае права дараваць! Але як вуж плодзiць вужа, як злосць родзiць злосць, а здрада здраду, так з яду Юдашавага нарадзiўся другi здраднiк, i як той выдаў жыдом i рымскiм воям Збаўцу, так гэты, што жыве мiж намi, манiцца выдаць авечкi ваўком, i калi нiхто не адверне здрады, калi не скруцiць упору вужацы галавы, нiкога з нас не мiне згуба, а з намi разам загiне i чэсць Баранка.

Жарнамол уставiў у яго трывожныя вочы, як бы не кемiў, што гаворыцца, а грэк, накiнуўшы на голаў рог адзежыны, прыдушаным голасам цягнуў абармоцтва далей:

- Гора вам, праведныя слугi Божыя, хрысцiяне й хрысцiянкi!

Ды зноў замоўк, зноў чуцён быў толькi гук жарон, шум ракi ды глухое пяянне жарнамолаў.

- Ойча! - пытае ўрэшце работнiк.- Што гэта за здраднiк?

Хiлон схiлiў голаў.

- Што за здраднiк? Юдавы сын, сын яду ягонага, што быццам прыкiдваецца хрысцiянiнам i ходзiць у дом малiтвы па тое толькi, каб ачарняць братоў перад цэзарам, што цэзара моў не хочуць прызнаваць за Бога, што затручваюць вадалiвы, душаць дзяцей ды намагаюцца знiшчыць гэты горад так, каб на каменнi камення нат не засталося. За некалькi дзён вось будзе выданы прэторыянам загад арыштаваць старцаў, жанчын, дзяцей ды паслаць на смерць так, як нявольнiкаў Пэданiя Сэкунда. I ўсё гэта спрычынiў той Юдаш. Але калi першага Юды нiхто не скараў, не помсцiў, баронячы Хрыста падчас мукаў, дык хто захоча ўкараць гэтага, хто разатрэ вужаку перш, чым судзiцiме цэзар, хто згладзiць, хто абаронiць ад загубы веру ў Хрыста?

Урбан устаў нагла й кажа:

- Я даканаю гэтага, войча!

Хiлон таксама ўстаў, праз момант глядзеў у твар жарнамолу, асветлены месяцам, пасля, кладучы важна далонь на ягонай галаве, гавора:

- Iдзi да хрысцiян,- загадаў важна,- iдзi ў дамы малiтвы й пытай братоў пра Глаўка, лекара, i як толькi табе яго пакажуць, у iмя Хрыста, забi!

- Пра Глаўка? - паўтарыў жарнамол, як бы жадаў уцвярдзiць сабе ў памяцi тое iмя.

- Ведаеш яго?

- Не, не ведаю. У Рыме ёсць тысячы хрысцiян, дык не ўсе з сабою знаюцца. Але заўтра ў Острыянуме збяруцца браты i сёстры ноччу ўсе да аднае душы, бо прыехаў вялiкi Апостал Хрыстовы, якi будзе тамака навучаць, там брацця пакажуць мне Глаўка.

- У Острыянуме? - спытаў Хiлон.- Гэта ж за горадам. Усе брацця i сёстры? Уначы? За брамамi Острыянума?

- Так, ойча. Гэта наш магiльнiк, мiж дарогамi Салярыя i Намэнтана. Цi ж ты не ведаеш нiчога пра навучанне там Вялiкага Апостала?

- Не быў праз два днi дома, дык не атрымаў ад яго весткi, дый не ведаю, дзе той Острыянум, нядаўна бо ж прыехаў з Карынту, дзе апякуюся хрысцiянскаю гмiнаю... Але так ёсць! Калi Хрыстус даў табе такое натхненне, пойдзеш, сынку, уначы да Острыянума, там знойдзеш мiж братамi Глаўка i заб'еш яго, вяртаючыся назад у горад, за гэта будуць адпушчаны табе ўсе твае грахi. А цяпер pах з табою!..

- Ойча...

- Ну што, слуга Баранка? На твары работнiка села цяжкая задума. Нядаўна вось забiў чалавека, а можа й двух, а навука Хрыстова забараняе забойства. Не забiў iх, праўда, дзеля ўласнае абароны, бо i гэта не можна! Не забiў, баранi Божа, дзеля нажывы... Бiскуп сам даў яму на помач братву, але забiваць не дазволiў, ён жа забiў нехаця, бо пакараў яго Бог сiлаю вялiкаю... I цяпер вось цяжка пакутуе... Iншыя пяюць пры жорнах, а ён, небарака, усё думае пра свой грэх, пра абразу Баранка... Колькi ён ужо вымалiўся, колькi выплакаў слёз! Колькi разоў перапрашаў Баранка! I дагэтуль пачуваецца грэшным. А цяпер зноў вось абяцаў забiць здраднiка... Яно мо й добра! Уласную бо крыўду толькi можна прабачаць, дык заб'е яго хоць бы на вачах усiх братоў i сёстраў, якiя ўзаўтра будуць у Острыянуме. Але хай Глаўка перш асудзяць старшыны гмiны, бiскуп цi Апостал. Забiць не цяжка, а забiць здраднiка нават i мiла, бы воўка цi мядзведзя, але што, калi заб'ю невiнаватага? Як жа браць на сумленне новы грэх, новую абразу Баранка?

-- На суд няма часу, мой сыне,- вырашыў Хiлон,- бо здраднiк проста з Острыянума пойдзе да цэзара ў Анцыюм або схаваецца ў таго патрыцыя, якому служыць; даю вось табе знак, па забойстве Глаўка пакажаш яго цi бiскупу, цi Вялiкаму Апосталу, а яны багаславiцiмуць твой учынак. Сказаўшы гэта, дастаў грашавiк, выскраб нажом на сэстэрцыi знак крыжа i аддаў яго работнiку.

- Во прысуд на Глаўка i знак табе. Пакажы толькi, зрабiўшы сваё, бiскупу, дык адпусцiць табе i гэтае i тамтыя забойствы. Работнiк выцягнуў руку, але, успомнiўшы надта яшчэ свежае папярэдняе забойства, жахнуўся, небарака.

- Ойча,- адазваўся, быццам молячы,- няўжо бярэш на сваё сумленне гэты ўчынак, няўжо сам ты чуў Глаўка, як прадаваў братоў?

Хiлон скемiў, што трэ даць нейкiя доказы, выказаць якiя-небудзь прозвiшчы, iнакш бо ў душу асiлка залезе сумнiў. I нараз прыдатная думка мiгнула ў галаве.

- Слухай, Урбан,- кажа,- я жыву ў Карынце, але родам я з Кос, i тут, у Рыме, вучу Хрыстоваю навукаю адну служнiцу з маiх старон, якая завецца Эўнiка. Служыць яна як вестыплiка ў аднаго цэзаравага прыяцеля, нейкага Пятронiя. Вось жа ў адным доме чуў я, як Глаўк падручаўся выдаць усiх хрысцiян дый апрача таго абяцаў iншаму цэзараваму завушнiку, Вiнiцiю, знайсцi яму мiж хрысцiянамi дзяўчыну...

Тут замоўк i глянуў, здзiўлены, на жарнамола, у якога вочы загарэлiся раптам бы ў звера, а твар нахмурыўся дзiкiм гневам i злосцю.

- Што табе? - спытаў сопалаху.

- Нiчога, ойча. Заб'ю Глаўка ўзаўтра!.. Грэк змоўк, пасля, узяўшы за плячо рабачая, адвярнуў яго на бляск месяца ды пачаў уважна прыглядацца. Вiдавочна сумняваўся ў душы, цi выцягваць ад яго болей, цi задаволiцца тым, што выдабыў. У канцы свомая асцярожлiвасць перамагла. Уздыхнуў глыбока раз i другi ды, палажыўшы зноў далонь на галаве асiлка, спытаў важным дабiтным голасам:

- Табе на хросце далi iмя Урбан?

- Так, ойча.

- Ну дык рах табе, Урбанка!

ХVIII

Пятронi да Вiнiцiя:

«Дрэнна з табою, carissime! Венус, мабыць, скаламуцiла ў табе почувы, адабрала розум, памяць i дар думкi аб усiм, што ня ёсць каханнем. Прачытаеш калiсь свой адказ на мой лiст, а дзiвiцiмешся, як твой розум ахаладзеў цяперака да ўсяго, што ня ёсць Лiгiяй, як ён повен яе, ля яе безустанку снуе, моў той каршун над здабычаю. На Палукса! Шукай яе хутчэй, бо iнакш, калi агонь цябе не стравiць на попел, зменiшся ў егiпскага сфiнкса, што, закахаўшыся, як кажуць, у блядую Iзiс, аглох на ўсё сабе, спрыкрыў i чакае толькi ночы, каб углядацца ў каханку каменнымi вачыма.

Абягай сабе вечарамi горад, пераапрануўшыся, учашчай нат разам з сваiм фiлёзафам да хрысцiянскiх малельняў. Усё, што родзiць надзею ды запаўняе час, годнае пахвалы. Але, у iмя мае прыязнi, зрабi адну рэч: той Урсус, нявольнiк Лiгii, мабыць, незвычайнае сiлы чалавек, дык наймi Кратона ды шукайце ўтрох. Так будзе беспячней ды разумней. Хрысцiяне, калi да iх належаць Пампонiя Грэцына ды Лiгiя, не такiя хiба разбойнiкi, як гэта ўсiм здаецца, паказалi аднак, адбiраючы Лiгiю, што ў абароне авечак свайго статку не жартуюць. Як знойдзеш Лiгiю, то ж напэўна захочаш яе забраць з сабою, а цi ж даканаеш гэта з самым толькi Хiланiдам? А Кратон дасць рады, хоць бы яе баранiла дзесяцёх такiх Урсусаў. Не дайся Хiлону смактаць, але Кратону грошай не шкадуй. Ад усiх радаў, якiя магу табе пераслаць, гэта найлепшая.

Тут пакiнулi ўжо гаварыць аб малой аўгусце ды аб чарах, ад якiх быццам яна памерла. Прыгадвае йшчэ часамi аб iх Папея, але думка цэзара занята цяпер чым iншым; а калi праўда, што аўгусцейшая дзiва пры новай надзеi, дык i ў ёй хутка сумныя ўспамiны пагаснуць бясследна. Мы ўжо колькiнаццаць дзён у Неаполiсе, а вярней у Байя. Калi б ты здольны быў аб чым-небудзь думаць, дык рэха нашага тут побыту мусiла б дайсцi й да цябе, у цэлым Рыме хiба ж аб чым iншым нiхто й не гаворыць. Дык вось, прыехалi мы проста да Байя, дзе апанавалi нас перш-наперш згрызоты сумлення. I цi ведаеш, да чаго Агенабарбус ужо дайшоў? З агiднага забойства мацi робiць сабе тэмы для сваiх вершаў ды блазноцка-трагiчных сцэнаў. Даўней баязлiвасць выклiкала сапраўдныя згрызоты, цяпер жа, калi пераканаўся, што свет i па-даўнаму застаўся пад яго нагамi, а нiводзiн бог не даканаў над iм помсты, крывiць з сябе пакутнiка, каб расчулiць, бач, да сябе людзей. Часам зрываецца ноччу ды крычыць, быццам яго мучыць Фурыя, будзiць нас, палахлiва аглядаецца, робiць позу камедыянта, гуляючага ролю Орэста, i то марнага камедыянта, дэкламуе грэцкiя вершы i цiкуе, цi з яго дзiвiмся. А мы, ведама, дзiвiмся! I замест крыкнуць яму: «Пайшоў спаць, блазне!» - настройваемся на тон трагедыi ды ратуем вялiкага мастака ад Фурыi.

На Кастора! Дайшла да цябе, можа, хоць вестка аб выступленнi ў Неапалiсе? Сагналi ўсiх грэцкiх валындаў з Неапалiсу i ваколiцаў, яны так засмуродзiлi арэну потам i часныкам, што нельга было вытрымаць у першых радох з аўгустыянамi, я дзякаваў багом, што быў з Рудабародым за сцэнай. I цi паверыш, ён баяўся, сапраўды баяўся! Хапаў маю руку i прыкладаў сабе да ўстрывожанага сэрца. Ледзьве зяхаў, а перад выступам быў белы, моў пергамiн, на лбе вiдаць былi кроплi поту. Адыж ведаў, што па ўсiх радох сядзяць напагатове прэторыяне з кiямi, якiмi мелi «красаць» зацiкаўленне. Але патрэбы не было. Нiводзiн хiба статак малпаў з ваколiцаў Картагiны не патрапiць так выць, як выла тая галiта. Кажу табе, смурод часныку даходзiў аж да сцэны. А Нэрон кланяўся, хапаўся за сэрца, пасылаў цалункi i плакаў. Пасля прыбег да нас, чакаючых за сцэнай, як ап'янелы, самахвалячыся: «Што ж значаць усе мае трыўмфы ў параўнаннi з гэтым?!» А там голь усцяж выла i плакала, ведаючы, што выплясквае сабе ласку, дарункi, бяседу, латарэйныя бiлеты ды новыя вiдовiшчы цэзара-блазна. Я iм нат i не дзiўлюся, што пляскалi, бо таго дагэтуль не бачылi. А ён захапляўся: «Вось што значаць грэкi!» I здаецца мне, што ад гэтае пары нянавiсць яго да Рыму яшчэ паглыбiлася. Сваiм парадкам у Рым выслалi адмысловых рассыльных з дакладам аб трыўмфе, дык спадзяемся ў гэтых днях гратуляцыi сенату. Зараз пасля першага выступлення Нэрона здарылася тутака дзiўнае здарэнне. Нагла завалiўся тэатр, на шчасце як выйшлi ўжо людзi. Быў я на мейсцы здарэння i не бачыў, каб каго даставалi з-пад румовiшчаў. Многiя нат з грэкаў талкуюць гэта як гнеў багоў, якiя быццам маюць у вiдавочнай апецы ягоны спеў i аўдыторыю. З тае прычыны ахвяры па ўсiх святынях падзячаныя, а яму заахвота адведаць Ахайю. Анагдай казаў мне, аднак, што баiцца, бо што на гэта скажа рымская публiка ды цi не ўзбурыцца адсутнасцяй ягонай, адсутнасцяй збожжа й iгрышчаў.

Едзем таксама i да Бэнэвэнту падзiўляць шавецкiя раскошы Ватынiя, адтуль пад апекай боскiх братоў Алены - у Грэцыю. У сабе самым зацемiў я адну рэч: мiж шалёнымi становiшся шалёным, а прынамсь пачынае смакаваць шалы-балы. Грэцыя i падарожжа з тысячамi цытраў, нейкi трыўмфальны карагод Бакха сярод увенчаных мiртовай зеленню, вiнаградавым лiсцем нiмфаў i бахантак, вазы з запрэжанымi тыгрысамi, краскi, тырсы, вянкi, воклiчы «эвоэ!», музыка, паэзiя й воплескi Гэлады, усё гэта добрае, але мы тут гадуем яшчэ смялейшыя замыслы. Нам заманiлася стварыць нейкую байковую дзяржаву пальмаў, сонца, паэзii ды ператворанае рэчаiснасцi, ператворанага ў раскошу жыцця. Нам хочацца забыць пра Рым, а цэнтр свету ўфундаваць недзе мiж Грэцыяй, Азiяй i Егiптам, жыць жыццём не людскiм, але жыццём багоў, не ведаць будзёншчыны, блукацца ў залатых галярэях у цянi пурпуровых вятругаў па Архiпелагу, быць Апалонам, Озырысам i Баалем у аднэй асобе, ружавець моў заранiца, сонцам залацiцца, месяцам серабрыцца, валадарыць, пяяць i снiць... I цi паверыш, я, што маю яшчэ на сэстэрцыю рассудку, а на аса толку, паддаюся гэным фантазiям-мроям. Паддаюся таму, што, калi гэта ўсё немагчымае, дык прынамсi велiзарнае й незвычайнае... Такая байковая iмперыя сном калiсь патомкам нашым выдавалася б. Паколькi Венус не прыбярэцца ў постаць Лiгii або хоць такое нявольнiцы, як Эўнiка, ды паколькi не прыхарошыць яго мастацтва, дык жыццё само ёсць нiкчэмным, пустым i часта мае аблiчча малпы. Але Рудабароды не ажыццёвiць сваiх помыслаў хоць бы й дзеля таго, што ў той байковай дзяржаве паэзii i Ўсходу не павiнна быць мейсца на здраду, подласць i смерць, а ў iм пад вiдам паэта сядзiць марны камедыянт, дурнаваты фурман i нiкчэмны тыран. Душым людзей, калi нам чым-небудзь заваджаюць. Бедны Таркват Сыланус ёсць ужо ценем. Падрэзаў сабе жылы перад некалькiмi днямi. Лекан i Лiцынiй прымаюць кансулат са страхам, стары Тразэй не пазбегне смерцi, бо смее быць чэсным. Тыгэлiн i дагэтуль не можа выстарацца для мяне загаду, каб падрэзаў сабе жылы. Я, бач, патрэбны яшчэ не толькi як арбiтр элеганцыi, але як чалавек, без якога рады i густу магла б няўдацца экспедыцыя ў Ахайю. Часта, аднак, думаю, што раней цi пазней мусiцiме на гэтым скончыцца, i цi ведаеш, пра што тады расходзiцца: каб Рудабародаму не дасталася тая мiрэнская чара, якую ты знаеш ды любуеш. Калi падчас смерцi мае будзеш пры мне, дык аддам яе табе, а калi будзеш далёка, дык паб'ю яе. Бывай здароў i наймi Кратона, бо iнакш другi раз табе выдзяруць Лiгiю. Як перастане табе быць патрэбны Хiланiд, прыйшлi яго мне, дзе буду. Можа, зраблю з яго другога Ватынiя, i мо мужы консульства ды сенатары будуць яшчэ дрыжаць перад iм, як дрыжаць перад тамтым рыцарам-дратаўкаю. Як знойдзеш Лiгiю, дай мне знаць, ахвярую за вас пару лебедзяў i галубоў у тутэйшай круглай святынi Венеры. Бачыў я раз у сне Лiгiю на тваiх каленях, шукаючую тваiх цалункаў. Пастарайся, каб гэны сон спраўдзiўся. Хай жа неба твайго не засноўваюць хмары, а калi й заснуюць, дык хай маюць колер i пах ружаў. Бывай здароў!»

XIX

Толькi што скончыў Вiнiць чытаць, як у бiблiятэку ўсоўваецца цiха неспадзяваны Хiлон, бо служба мела загад пушчаць яго ў кожную пару дня й ночы.

- Хай боская мацi твайго крывiчэснага продка Энэя будзе мiласцiва табе так, як мне быў мiласцiвы боскi сын Майi.

- Гэта знача?..- спытаў Вiнiць, зрываючыся ад стала, пры якiм сядзеў. Хiлон падняў голаў i кажа:

- Эўрыка!

Малады патрыцый узгарэўся так, што праз даўжэйшую хвiлiну не мог слова прамовiць.

- Бачыў яе? - спытаў нарэшце.

- Бачыў Урсуса, спадару, i гутарыў з iм.

- I ведаеш, дзе схавалiся?

- Не, домiне. Хто iншы мо праз самае сябелюбства даў бы вiд лiгу, што згадаў, хто ён такi, або пачаў бы выпытваць, дзе жыве, i дастаў бы куксача, ад якога ўсе зямныя стравы сталiся б нямiлымi, або ўзбудзiў бы недавер вялiгура i спрычынiў бы тое, што тае ж самае ночы пашукалi б iншага сховiшча. Гэтага я не зрабiў. Даволi мне ведаць, што Урсус працуе ў млынара каля Эмпорыюма, якi завецца Дэмас, так, як твой вызвольнiк, а даволi мне гэтага таму, што цяпер кожны твой надзейны чалавек магчыме пайсцi ягоным следам i выследзiць iхняе сховiшча. Я прыношу табе толькi пэўнасць, спадару, што калi Урсус тут, дык i боская Лiгiя ёсць у Рыме, i другую вестку: сянняшняе ночы напэўна яна будзе ў Острыянуме...

- У Острыянуме? Дзе гэта? - перапытаў Вiнiць, жадаючы мабыць зараз бегчы на тое мейсца.

- Стары магiльнiк мiж дарогамi Салярыя i Намэнтана. Той хрысцiянскi pontifex maximus [3], аб якiм табе, спадару, я згадваў ды прыезду якога спадзявалiся многа пазней, ужо прыехаў i сянняшняе ночы хрысцiцiме й навучацiме на гэным магiльнiку. Яны хаваюцца з сваёю навукаю, бо хоць няма дагэтуль нiякiх забараняючых эдыктаў, народ iх ненавiдзiць, дык мусяць асцерагацца. Сам Урсус казаў мне, што ўсе як адна душа сыйдуцца ў Острыянуме, кожны бо хоча пабачыць ды паслухаць таго першага вучня Хрыстовага, якога яны завуць Высланцом. Жанчыны ў iх нароўнi з мужчынамi слухаюць навукi, дык адна мо з iх толькi Пампонiя, баючыся Аўлюса за начныя пабягушкi, не будзе прысутнай. Лiгiя, аднак, будучая пад апекай Урсуса i старшынаў гмiны, прыйдзе, думаю, разам з iншымi жанчынамi.

Вiнiць, якi дагэтуль жыў як бы ў гарачцы, падтрымоўваны надзеяй, цяпер, калi тая надзея здавалася спаўняцца, пачуў нагла такое стамленне, як падарожнiк пасля непасiльнай падарожы. Хiлон гэта скемiў, дык пастанавiў выкарыстаць.

- Брамы, праўда, вартуюць твае, спадару, людзi, хрысцiяне павiнны аб гэтым ведаць. Але яны не патрабуюць брамаў. Тыбр таксама iх не патрабуе, i хоць ад тамтых дарог далёка, варта й дарогу адолець, каб пабачыць Вялiкага Апостала. Але яны маюць тысячы спосабаў выхаду з гораду. У Острыянуме, вашэць, знойдзеш Лiгiю, а калi б нават - чаго не прадбачваю - не было яе тамака, дык будзе Урсус, прырок бо мне задушыць Глаўка. Сам казаў мне, што будзе, i там яго замардуе, чуеце, крывiчэсны трыбуне? Дык або пойдзеш следам за iм i даведаешся, дзе жыве Лiгiя, або загадаеш сваiм людзям схапiць яго як забойцу i, маючы ў сваiх руках, выдабудзеш з яго вестку, дзе схаваў Лiгiю. Я сваё зрабiў! Iншы, спадару, круцiў бы, што выпiў з Урсусам дзесяць кантараў першараднага вiна, пакуль выкучыў з яго тайнiцу; другi кляўся б, што мусiў прайграць яму ў scriptae duodecim [4] тысячу сэстэрцыяў, або папросту за дзве тысячы купiў сакрэт... Ведаю, што ты заплацiў бы мне за гэта з вярхом, але няма таго, раз у жыццi... то знача хацеў сказаць: як заўсёды ў жыццi, буду чэсным, бо спадзяюся, згодна з словамi вялiкадушнага Пятронiя, усе патрэбы мае й надзеi твая шчодрасць перавышыць.

Вiнiць, якi ўмеў сабе па-ваяцку даваць раду ў цяжкiх здарэннях, хутка апанаваў слабасць i сказаў:

- Не ашахнешся на маёй шчодрасцi, перш, аднак, пойдзеш са мною да Острыянума.

- Я да Острыянума? - пытаў збянтэжаны Хiлон.- Я, сумленны трыбуне, абяцаў табе знайсцi Лiгiю, але не прыракаў яе адбiраць... Падумай, спадару, што сталася б са мною, калi б той лiгiйскi мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся адначасна, што не зусiм слушна яго разадраў? Цi не ўважаў бы мяне - бяспраўдна - за iставетнага выканаўцу забойства? Памятай, спадару, чым большы хто фiлязоф, тым цяжэй яму адказваць на глупыя запыты прасцюгi, бо й што ж яму адказаў бы, каб спытаў мяне, чаму абвiнавачваў Глаўка? Калi, аднак, падазраеш мяне ў круцельстве, скажу табе: заплацiш тады толькi, як пакажу табе дом, у якiм жыве Лiгiя, сяння акажы мне частку толькi твае шчодрасцi, каб, калi з табою, спадару,- хай багi бароняць - што благое здарылася, не застаўся я цалкам без заплаты. Сэрца тваё хiба таго не перажыло б.

Вiнiць падыйшоў да куфра, што стаяў на падмуроўцы, называнай «арка», дастаў капшук, шпурнуў яго Хiлону.

- Гэта скрупулы [5],- растлумачыў.- Будзе Лiгiя - дастанеш такi самы, напоўнены аўрэўсамi.

- О, Ёвiш! - закрычаў Хiлон.

Вiнiць прыхмурыў бровы.

- Есцi дадуць тутака, можаш тут i адпачыць. Да вечара анi кроку згэтуль, настане ноч - пойдзем да Острыянума.

На твары грэка асеў страх i хiстанне, хутка супакоiўся, аднак, i сказаў:

- Хто ж табе, спадару, пярэчыцiме! Словы гэныя ўважай за памысную варажбу так, як падобныя ўважаў вялiкi наш герой у святынi Амнона. Скрупулы гэныя,- патрасаючы капшук,- пераважылi маё скрупулёзнае сумленне, аб шчасцi й раскошы твайго таварыства ўжо й не кажу... Вiнiць нецярплiва перапынiў яго ды пачаў выпытваць аб падрабязнасцях гутаркi з Урсусам. Адно было ясным: сховiшча Лiгii шчэ гэтае ночы будзе выкрыта, або яе самую льго будзе схапiць падчас вяртання з Острыянума. Гэтая думка напаўняла Вiнiцiя радасцяй. Цяпер, калi зрадзiлася пэўнасць здабыцця Лiгii, адыйшла i злосць на яе, i гнеў. За гэтую менавiта радасць дараваў ёй усю вiну. Уяўляў толькi яе, сваю дарагую i пажаданую iстоту, чаканую з далёкага падарожжа. Брала яго ахвота склiкаць зараз нявольнiкаў, каб прыхарошвалi ўжо дом у вянкi. Гатовы быў дараваць усiм усё. Хiлон, да якога дагэтуль, мiма ягоных паслугаў, чуў агiду, першы раз выдаўся яму чалавекам забаўным ды не абы-якiм. Раз'яснiўся яму дом, раз'яснiлiся вочы й цэлае аблiчча. Адчуваў нанава роскаш жыцця маладога. Даўнейшая маркотная туга не дала яму яшчэ дастатковай меры, як моцна пакахаў Лiгiю. Цяпер толькi гэта зразумеў, калi спадзяваўся мець яе. Пажаданне яе будзiлася ў iм, моў навесну будзiцца зямля, прыгрэтая сонцам, але ягоная жада была цяперака як бы менш сляпая i дзiкая, а больш радасная й далiкатная. Адчуваў у сабе безгранiчную энергiю i быў перакананы: як толькi ўгледзiць Лiгiю собскiмi вачыма, не адбяруць тады ўжо яе ўсе хрысцiяне цэлага свету, а нат сам цэзар.

Хiлон аднак жа, асмелены ягонай радасцю, падняў зноў гутарку i пачаў даваць рады. На ягоную думку, справы не трэба яшчэ лiчыць выйгранай i датрымваць як найбольшую асцярожнасць, без якое ўсе намаганнi могуць спракудзiцца. Заклiнаў таксама Вiнiцiя, каб не адбiраў Лiгii ў Острыянуме. Мусяцiмуць туды йсцi ў каптурох, з заслоненымi тварамi ды абмежавацца да самае толькi асцярожнае абсэрвацыi з якога-небудзь цёмнага кутка. А як прыкмецяць Лiгiю, найбеспячней будзе пайсцi за ёю назiркам, зацемiць, у якi ўваходзiць дом, а назаўтра досвiткам абставiць яго вялiкаю сiлаю нявольнiкаў i забраць яе сярод белага дня. Бо яна ж закладнiчка i фактычна належыцца цэзару, дык можна гэта зрабiць без парушэння права. А калi б яе не знайшлi ў Острыянуме, пойдуць за Урсусам, i вынiк будзе той самы. На магiльнiк у вялiкай талацэ людзей iсцi нельга, бо лёгка звярнулi б на сябе ўвагу, а тады хрысцiяне патушаць усе светачы так, як было пры першым адбiраннi яе, i разбягуцца ды пахаваюцца ў сховiшчах, iм толькi ведамых. Дый трэба ўзброiцца, цi лепш- узяць з сабою двух асiлкаў пэўных, каб на ўсялякi выпадак мець абарону.

Вiнiць прызнаў яму пэўную праўду i, прыгадаўшы адначасна рады Пятронiя, выдаў нявольнiкам загад, каб прывялi яму Кратона. Хiлон, пачуўшы прозвiшча слаўнага атлеты Кратона, сiлу якога бачыў не раз на сцэне, супакоiўся i згадзiўся iсцi да Острыянума. Здабыццё капшука, напоўненага залатымi аўрэўсамi, выдавалася яму лягчэйшым пры помачы Кратона.

Рассеўся з пагоднаю думкаю пры стале, да якога паклiкаў яго, крыху пачакаўшы, загадчык атрыюма, i падчас яды мантачыў нявольнiкам, як дастаўляў iхняму гаспадару цудоўную масць, якою даволi памазаць капыты найздахлейшым коням перагонак, каб усiх iншых выперадзiць. Навучыў яго рабiць гэту масць адзiн хрысцiянiн, бо старшыны хрысцiянскiя шмат болей знаюць на чарах i цудах, чым нат тэсалiйцы, слаўныя чараўнiкi. Хрысцiяне маюць да яго вялiкi давер, а чаму яго маюць, кажны лёгка дадумаецца, хто ведае, што абазначае рыба. Так прастарэкуючы, старанна вывучаў вочы нявольнiкаў, спадзеючыся знайсцi мiж iмi хрысцiян i далажыць аб гэтым Вiнiцiю. Калi ж свайго не дапяў, пачаў пражорлiва есцi й пiць, не шкадуючы кухару хвальбы ды абяцанак, што адкупiць яго ў Вiнiцiя. Весялосць ягоную муцiла толькi думка, што ноччу трэ будзе йсцi да Острыянума, але пацяшаўся гадкаю, што пойдзе поцемку пераапрануты ды ў таварыстве двух не абы-якiх чалавек, з якiх адзiн ёсць бажышчам сiлы ў цэлым Рыме, а другi патрыцыем i высокiм вайсковым урадаўцам. «Хоць бы Вiнiцiя й адкрылi,- казаў сабе,- дык не асмеляцца налажыць на яго рукi, а мяне - хай будуць мудрымi ўбачыць кончык майго носа».

Пасля пачаў прыгадваць сабе гутарку з работнiкам, i разважаннi гэныя напоўнiлi яго новаю льгою. Не меў найменшага сумнiву, што той жарнамол быў адыстар Урсус. Чуў ад Вiнiцiя ды ад тых, што адводзiлi Лiгiю з цэзаравага палацу, аб незвычайнай сiле таго чалавека. I ў Эўрыцыя выпытваў пра людзей выняткава моцных, дык нiчога дзiўнага, што паказалi яму Урсуса. Апрача таго ўстрывожанасць i абурэнне вялiгура на ўспамiн аб Вiнiцiю i Лiгii не дазваляе сумнявацца, што асобы гэныя цiкавяць яго асаблiва; жарнамол згадваў таксама аб пакуце за забойства чалавека, а Урсус забiў Атацына; урэшце рысапiс рабачая згаджаўся з апiсаннем Вiнiцiя. Адно толькi змененае iмя магло будзiць сумнiў, але Хiлону было ўжо ведама, што хрысцiяне змяняюць на хросце iмёны.

- Калi Урсус заб'е Глаўка,- думаў сабе Хiлон,- дык будзе яшчэ лепей, а калi й не заб'е, дык таксама будзе добры знак, бо акажацца, як цяжка адважваюцца хрысцiяне на забойства. Я ж распiсаў таго Глаўка як юдашына здраднiка ўсiх хрысцiян; быў я так вымоўны, што камень бы ўзрушыўся й абяцаў бы спасцi на голаў Глаўка, а памiма гэтага ледзь схiлiў таго лiгiйскага мядзведзя да налажэння на яго лапы... Надумоўваўся, не хацеў, згадваў пра свой жаль i пакуту. Вiдаць, iм гэта не ўходзiць... Сваю крыўду трэба дараваць, за чужую не надта можна памставаць, еrgo, падумай, Хiлонка, што ж табе можа пагражаць? Глаўку не можна над табою мсцiцца... Урсус, калi не заб'е Глаўка за так вялiкую вiну, як здрада ўсiх хрысцiян, дык тым больш не заб'е цябе за так малую, як здрада аднаго хрысцiянiна. Ну, хай толькi пакажу таму яраму грывачу гняздо гэнае туркалкi, тады рукi ўмываю ад усяго i пераношуся назад у Неапаль. Хрысцiяне таксама гавораць пра нейкае ўмыванне рук, вiдаць, гэта ў iх спосаб, якiм канчаюцца з iмi справы. Нейкiя добрыя людзi тыя хрысцiяне, а так дрэнна пра iх гавораць! О богi! Гэткая ўжо справядлiвасць на свеце. Люблю, сапраўды, гэтую навуку за тое, што не дазваляе рабiць забойства. Але калi не дазваляе забiваць, дык не дазваляе хiба й красцi, i ашукваць, i лжыва сведчыць, дык не скажу, каб надта была выгаднаю. Яна, вiдаць, вучыць не толькi сумленна памiраць, але й сумленна жыць. Як калiсь разбагацею ды мецiму такi дом, як гэты, i столькi нявольнiкаў, дык, можа, стануся хрысцiянiнам на так доўга, як гэта будзе мне зручна. Багаты бо можа сабе на ўсё дазволiць, нат на цноту... Так, гэтая рэлiгiя толькi для багатых, i дзеля таго не цямлю, якiм спосабам ёсць мiж iмi столькi ўбогiх, што iм з таго за карысць, чаму дазваляюць цноце звязваць сабе рукi? Мушу калiсь над гэтым падумаць. Тым часам хвала табе, Гермес, што дапамог знайсцi гэнага барсука... Але калi ты гэта спрычынiў, спадзяючыся дзвёх ялавiц белых, аднагодак, з пазалочанымi рагамi, дык не пазнаю цябе. Устыдзься, Аргабойца! Такi мудры бог, i каб загадзя не прадбачыць, што атрымаеш шыш! Ахвярую табе маю ўдзячнасць, а калi жадаеш лепш пару быдлят, тады сам ты трэцяе быдла i павiнен быць пастухом, а не богам. Ой, сцеражыся, каб не ўфiлязафаваў я людзям, што цябе нямашака, тады бо ўсе табе перастануць несцi ахвяры. З фiлязофамi трэба ласкаю.

Так прастарэкуючы з сабою ды з Гермесам, выцягнуўся на лаве, палажыў сабе адзежыну пад голаў i, як нявольнiкi скончылi збiраць са стала, заснуў. Прачнуўся, а хутчэй збудзiлi яго, як прыйшоў Кратон. Выйшаў у атрыюм i з уцехаю прыглядаўся магутнай постацi экс-гладыятара, якi сваёй велiзарнасцю ледзь не ўвесь атрыюм запаўняў. Кратон ужо дамовiўся аб цане i гутарыў з Вiнiцiем.

- Бадай цябе Геркулес! Добра, спадару, што сяння па мяне прыслалi, бо ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт на загад Ватынiя, там у прысутнасцi цэзара барукацiмуся з нейкiм Сыфаксам, найдужэйшым афрыканскiм неграм. Цi ўяўляеш сабе, вашэць, як ягоныя косцi трашчацiмуць у маiх руках, расквашу кулаком яму i чорную скiвiцу.

- На Палукса! - адказвае Вiнiць.- Не сумняваюся, што даканаеш гэтага, Кратоне.

- I добра зробiш,- дадаў Хiлон.- Але!.. I губу яму расквась! Гэта ўдалая думка й дастойная цябе справа. Гатовы я пайсцi ў заклад, што гэта зробiш. Памаж толькi тым часам цела алiваю, мой Геркулесе, ды падперажыся, бо трэба ведаць, што з iсным Какусам прыйдзецца мець справу: чалавек, што пiльнуе дзяўчыну, пра якую дастойнаму Вiнiцiю расходзiцца, мае быццам неймаверную сiлу.

Хiлон такiмi словамi пампаваў амбiцыю Кратона, але Вiнiць перасцерагаў:

- Так ёсць, не бачыў я яго, але чуў, што, быка схапiўшы за рогi, можа вадзiць куды хоча.

- Ай-ай-ай! - дзiвiўся Хiлон, якi не ўяўляў сабе аж такое сiлы ў Урсуса. Кратон лёгка ўхмыльнуўся.

- Падручаюся, дастойны спадару,- запэўнiваў,- гэтаю вось рукою абаранiцца ад сямi такiх лiгаў i прынесцi табе дзяўчыну ў дом, хоць бы ўсе хрысцiяне мяне даганялi, моў калабрыйскiя ваўкi. Калi не дакажу гэтага, абдзелiш мяне дзягаю ў гэтым iмплювiюме.

- Не давай яму рабiць гэтага, спадару! - спахапiўся Хiлон.- Пачнуць па нас шпурляць каменнямi, а тады хiба дапаможа ягоная сiла? Цi ж не лепш забраць дзяўчыну з дому i не выстаўляць анi яе, анi сябе на згубу?

- Так маецца быць, Кратоне,- прыцвярдзiў загадна Вiнiць.

- Твае грошы - твая воля! Не забудзь толькi, спадару, што ўзаўтра еду ў Бэнэвэнт.

- Маю пяць сотак нявольнiкаў у самым горадзе,- адказаў Вiнiць i, паказаўшы iм рукою дзверы, пайшоў у бiблiятэку, сеў i так пiсаў Пятронiю: «Хiлон знайшоў Лiгiю. Сяння ўвечар iду з iм i з Кратонам да Острыянума ды забяру яе адразу або ўзаўтра з дому. Хай багi абдораць цябе шчасцем! Будзь здароў, carissime, радасць не дазваляе мне болей пiсаць».

I, палажыўшы трасцiну, пачаў борздым крокам хадзiць, радасць залiвала яму душу, i палiла гарачка. Прысягаў сабе, што назаўтра Лiгiя будзе ў гэтым доме. Гадаў сабе, як з ёю паступiць, а ў душы пачуваў, што будзе ейнай слугою, калi захоча яго кахаць. Прыпамiнаў сабе словы Актэ, што быў каханы, i хваляваўся да глыбiнi. Дык, значыць, расходзiцiмецца толькi пра пакананне нейкага дзявочага сораму ды нейкiх прырачэнняў, якiя вiдавочна хрысцiянская навука накладала. А калi так, дык хай толькi раз Лiгiя, папаўшы ў ягоны дом, паддасца нагавору або прымусу, тады мусiцiме сказаць сабе:

«Сталася!» - i будзе слухаць i кахаць.

Уваходзiць Хiлон i перарывае гэныя думкi.

- Домiне, - адазваўся грэк,- вось што яшчэ прыйшло мне ў голаў: ануж хрысцiяне маюць якiя знакi, «тэсэры», без якiх не дапушчаюць да Острыянума? Памятаю, у дамох малiтвы так бывае, i такую тэсэру атрымаў я ад Эўрыцыя. Дык дазволь пайсцi да яго, распытаць i прызапасiць тыя знакi, калi акажуцца патрэбнымi.

- Добра, чэсны мудрагелю,- адказаў весела Вiнiць.- Гаворыш як чалавек празорлiвы, i трэба цябе за гэта пахвалiць. Iдзi да Эўрыцыя цi куды хочаш, але дзеля пэўнасцi пакiнь на гэтым вось стале капшук, якi атрымаў.

Хiлон, якому надта ж не даспадобы было расставацца з грашмi, скрывiўся, але выканаў загад i выйшаў. З Карынаў да Цырку, ля якога была крамка Эўрыцыя, не надта было далёка, дык вярнуўся Хiлон яшчэ задоўга перад змярканнем.

- Вось знакi, спадару. Без iх нас не ўпусцiлi б. Распытваўся я таксама добра, кудою йсцi, ды сказаў Эўрыцыю, што патрабую iх толькi для маiх знаёмых, сам бо не пайду, задалёка для мяне старога, што ўзаўтра буду бачыцца з Вялiкiм Апосталам, якi мне перакажа найпрыгажэйшыя ўступы сваёй прамовы.

- Як гэта: не будзеш? Мусiш быць! - паставiўся Вiнiць.

- Ведаю, што мушу, але пайду добра закаптураны i вам тое самае раю, iнакш можам спалохаць птушку.

I неўзабаве пачалi збiрацца, пачынала бо ўжо змяркацца. Узялi галiйскiя вопраткi з каптурамi, узялi лятарнi. Вiнiць апрача таго ўзброiў сябе й таварышаў у кароткiя крукаватыя нажы, Хiлон жа ўздзеў маску, якую здабыў, варочаючыся ад Эўрыцыя, i выйшлi спешна, каб да адлеглае Намэнтанскае брамы паспець перад яе замкненнем.

XX

Iшлi праз вулiцу Патрыцыяў, уздоўж Вiмiналу, да даўнейшае Вiмiнальскае брамы, каля пляцу, на якiм пазней Дыаклецыян пабудаваў раскошныя лазнi. Мiнулi астанкi муру Сэрвiя Тулiя i праз больш адлюдныя ўжо ходы дайшлi да Намэнтанскае дарогi, а там збочылi да Салярыяў улева, на прыгоркi ды капальнi пяску, а таксама магiльнiкi. Сцямнела ўжо зусiм, але месяца яшчэ не было, дык дарогу iм было б знайсцi цяжка, каб не дапамагалi хрысцiяне, як гэта раней прадбачыў Хiлон. Направа, налева i спераду паказвалiся кудзебныя iстоты, iдучыя да пяскавых сухадолаў. Некаторыя з iх неслi лятарнi, акрывалi, аднак, iх вопраткаю, iншыя йшлi поцемку. Трапныя ваяцкiя вочы Вiнiцiя адрознiвалi па паходцы малодшых ад старцаў, дыбаючых з кiёчкам, ды ад жанчын, закутаных у доўгiя столы. Рэдка спатыканыя тутака прахожыя i сяляне, выязджаючыя з гораду, уважалi, мабыць, тых начных вандроўнiкаў за рабочых, спяшаючых да арэнарыяў, або за хаўтурныя брацтвы, сябры якiх ладзiлi сабе часамi ўначы абрадавыя агапы. Чым далей малады патрыцый з таварышамi йшлi, тым часцей мiгалi лятаранькi ды больш спатыкалi асоб. Некаторыя з iх пяялi прыцiшным голасам песнi, якiя выдавалiся Вiнiцiю вельмi тужлiвымi. Час ад часу вушы ягоныя лавiлi словы або сказы песнi, як, напрыклад, «Устань сонны» або «Згробуўстань!», часамi зноў iмя Хрыстовае выходзiла з вуснаў мужчын i жанок. Але Вiнiць не надта зважаў на словы, бо ў галаве таўклася думка: можа, каторая з тых асобаў ёсць Лiгiя. Некаторыя, праходзячы мiма, гаварылi: «Рах vobis!» або «Пахвалёны Езус!» - i падыходзiла да яго трывога, трапятала сэрца, бо выдавалася яму, што чуе голас Лiгii. Хутка, аднак, пераканаўся, што рухi i галасы гэныя зводзiлi яго, дык перастаў верыць вачам.

Дарога вельмi яму доўжылася. Ваколiцы ведаў добра, але поцемку не мог арыентавацца. На кожным амаль кроку спатыкаў то нейкiя вузкiя затулкi, то румовiшчы, то нейкiя нябачаныя будынкi. Урэшце з-за хмар паказаўся беражок месяца, якi лепш асвятляў ваколiцу, чым жухлыя лятарнi. I вось нешта паказалася ўдалечынi, цi то вогнiшча, цi то полымя светача. Вiнiць нахiлiўся да Хiлона i спытаў, цi гэта Острыянум?

Хiлон, на якога ноч, адлегласць ад гораду й гэныя ведзьмаватыя постацi, вiдаць, рабiлi ўражанне, адказаў крыху няпэўным голасам:

- Не ведаю, спадару, не быў нi разу ў Острыянуме. Але маглi б славiць

Хрыста дзе-небудзь блiжэй.

А потым, чуючы патрэбу гутаркi i падмацавання адвагi, дадаў:

- Сходзяцца бы разбойнiкi, адыж не можна iм забiваць, хiба мяне той лiг звёў.

Вiнiцiя, думаючага аб Лiгii, таксама задзiўляла тая асцярожнасць i таемнасць, з якою сувернiкi ейныя збiралiся на слуханне найвышэйшага духоўнiка, дык адазваўся:

- Як усе рэлiгii, так i гэта мае мiж намi сваiх адгерэнтаў, але хрысцiяне таксама сэкта жыдоўская. Чаму ж збiраюцца тутака, калi на Затыбры стаяць жыдоўскiя святынi, у якiх жыды публiчна складаюць ахвяры?

- Не, спадару, жыды менавiта найзацятшыя iхнiя непрыяцелi. Расказвалi мне, што ўжо перад сянняшнiм цэзарам даходзiла амаль да вайны мiж iмi й жыдамi. Цззару Клаўдыю так абрыдлi гэныя закалоты, што выгнаў усiх жыдоў; сяння, аднак, той эдыкт скасаваны. Але хрысцiяне хаваюцца ад жыдоў ды ад народу, якi, як табе ведама, называе iх злыднямi й ненавiдзiць.

Хвiлiн некалькi йшлi моўчкi, пасля Хiлон, страх якога магутнеў у меру аддалення ад брамаў, адазваўся:

- Вяртаючыся ад Эўрыцыя, пазычыў я ад аднаго бальмайстра парык i ў ноздры ўсадзiў сабе дзве калiвы бобу. Не павiнны мяне пазнаць. А каб i пазналi, дык не заб'юць. Людзi гэта не благiя, люблю iх i цаню.

- Не хвалi iх перадчасна,- адказвае Вiнiць.

Увайшлi цяпер у вузкi роў, замкнуты з абодвух бакоў як бы акопамi, цераз якiя перакiнуты быў у адным мейсцы аквадукт. Месяц тым часам выглядаў з-за хмар, i ў канцы перавалу ўбачылi мур, густа аплецены зеллем. Гэта быў Острыянум.

Заскакала сэрца Вiнiцiева.

Пры браме два фосары правяралi меты. Неўзабаўкi Вiнiць i ягоныя спадручнiкi знайшлiся ў месцы даволi прасторным, зачыненым з усiх бакоў мурам. Дзе-нiдзе стаялi тут асобныя помнiкi, а на сярэдзiне бачны быў гiпагеўм або крыпта, нiжэйшая частка якое ўваходзiла пад зямлю, дзе былi гробы; перад уваходам у крыпту шумеў вадалiў. Вiдаць было, што сам гiпагеўм няшмат мог змясцiць людзей, дык Вiнiць здагадаўся, што абрад адбывацiмецца пад адкрытым небам на двары, дзе ўжо многа сабралося народу. Як вокам згледзець, лятарня мiгацела пры лятарнi, а многiя з прыйшоўшых не мелi нiякага святла. Толькi некалькi галоў было раскаптураных, усе, баючыся здраднiкаў цi холаду, заставалiся ўкрытымi, i малады патрыцый маркоцiўся, каб не засталiся так да канца, нельга бо будзе ў такой суталоцы пры слабым асвятленнi распазнаць Лiгiю.

Але вось пры крыпце запалiлi некалькi смаловых светачаў, уложаных у малы касцёр. Сталася вiдней. Грамада пачала пяяць, спачатку прыцiшна, пасля мацней, нейкi дзiўны гiмн. Вiнiць нiколi ў жыццi не чуў такое песнi. Тая самая туга, якую чуў ад паўгалосна пяючых, iдучы на магiльнiк, адазвалася i ў гэным гiмне, толькi мацней i выразней, а ў канцы сталася так праймаючай i магутнай, што, здавалася, разам з людзьмi пачаў тужыць i ўвесь гэты магiльнiк, i акалiчныя прыгоркi й далiны. Магло здавацца, бы што ўночы галосiць, прызывае ратунку заплаканы ў цемры. Галовы, паднятыя ўгару, быццам бачылi некага там у высi, а рукi малiлi, каб сыйшоў. Але песня ўцiхала, наставала хвiлiна быццам чакання, так праймаючая, што Вiнiць i ягоныя таварышы мiмаволi падымалi жахлiвыя вочы да зораў, як бы сапраўды нехта адтуль мог зыйсцi. Вiнiць бачыў шмат розных святынь i ў Малой Азii, i ў Егiпце, i ў самым Рыме, пазнаў шмат вер i чуў шмат песень, тут, аднак, упершыню спаткаў людзей, узываючых песняй боства не дзеля рытуальнае фармальнасцi, але з-пад сэрца, з такое праўдзiвае да яго тугi, якую могуць мець толькi дзецi да мацi. Сляпы толькi хiба не мог дагледзець, што гэтыя людзi не толькi аддавалi Богу шанаванне, але з цэлае душы яго мiлавалi, таго Вiнiць не бачыў дагэтуль у нiякiм краi, у нiякiх абрадах, у нiякай святынi, бо ў Рыме ды Грэцыi тыя, хто аддаваў яшчэ багом шанаванне, рабiлi гэта дзеля вымалення помачы або з боязi, але нiкому ў голаў не прыходзiла, каб iх мiлаваць, любiць.

Хоць меў думкi занятыя Лiгiяй, выглядаў яе мiж грамадою, не мог не бачыць тых дзiўных i незвычайных рэчаў, якiя дзеялiся навакол яго. Падкiнулi тым часам смалякоў у вогнiшча, якое аблiло чырвоным святлом магiльнiк, прыцьмяваючы бляск лятарняў, i ў той жа хвiлiне з гiпагеўма выйшаў старац, апрануты ў доўгую сярмягу з каптуром, але з адслоненаю галавою, i стаў на каленi тут жа, ля вогнiшча.

Грамада захвалявалася. Вобак Вiнiцiя пачалi адзывацца галасы: «Петрусь! Петрусь!»... Адны кленчылi, другiя выцягалi да яго рукi. Настала так глыбокая цiшыня, што чуцён быў кожны ападаючы ў агнi вугалёк, барашчанне колаў на далёкай Намэнтанскай дарозе ды шорах ветру ў суседнiх пiнiях.

Хiлон нахiлiўся да Вiнiцiя й шапнуў:

- Гэта ён! Той першы вучань Хрыста, рыбак!

Старац падняў руку ўгару i крыжам перажагнаў кленчачых прысутных. Вiнiцiевы таварышы ды ён сам, каб не здрадзiцца, укленчылi таксама. Наш юнак спершку не мог валодаць сваiмi ўражаннямi, выдавалася бо яму, што тая постаць, якую бачыў перад сабою, ёсць i прастачай адначасна i незвычайнай, а тым дзiўнейшай, што незвычайнасць выплывала iменна з ягонай прастачай шчырасцi. Старац не меў анi мiтры на галаве, анi дубовага вянка, анi пальмы ў руцэ, анi залатое таблiцы на грудзях, анi шатаў зарыстых цi белых, адным словам - нiякiх такiх адзнакаў, якiя насiлi ўсходнiя святары, егiпскiя, грэцкiя або рымскiя фламiны. I зноў ударыла Вiнiцiя тая самая адметнасць, якую адчуваў ужо ў песнях хрысцiянскiх, бо i гэты вось рыбак выдаваўся яму не архiсвятаром нейкiм, арбiтрам цэрэмонiяў, але простым i вельмi дастойным сведкам, прыйшоўшым здалёк, прыносячы з сабою нейкую праўду, якую сам аглядаў, дасягаў рукою, у якую ўверыў так, як у рэчаiснасць, i мiлаваў iменна дзеля таго, што ўверыў. З ягонага воблiку бiла такая сiла пераканання, якую можа мець толькi сама праўда. Адыж Вiнiць, хоць скептык, а ўсё ж такi загарэўся цiкавасцяй: што скажа гэны таварыш таемнага Хрыста, i што там за навука, у якую верыць Лiгiя i Пампонiя Грэцына.

Тым часам Пётр пачаў мову, гаварыў спачатку, як бацька, што вучыць i дакладае, як павiнны жыць. Нагадваў iм, каб выраклiся збыткаў, раскошы ды каб мiлавалi ўбогасць, нявiннасць абычаяў, праўду, каб цярплiва зносiлi крыўду й праслед, каб слухалi старшых i ўлады, каб высцерагалiся здрады, крывадушнасцi й абгавору, а ў канцы - каб давалi добры прыклад i самi мiж сабою, i паганам. Вiнiцiя, якому добрым выдавалася толькi тое, што дапамагала здабыць Лiгiю, а благiм - што перашкаджала гэтаму, раздражнялi i гневалi некаторыя з тых радаў, здавалася бо яму, што старац, заляцаючы нявiннасць i змаганне з похацямi, не толькi грамiць ягонае каханне, але й Лiгiю знеахвочвае да яго ды наганяе ёй упорства. Калi яна, думаў, ёсць тут i слухае гэных слоў шчыра, дык у гэнай хвiлiне прымушана думаць аб iм як аб ворагу тае навукi i нягоднiку. Думка гэта ўзбудзiла ў iм злосць: «Ну i што ж за навiну пачуў я,- вайцяў сабе.- I гэта маецца быць тая нязнаная навука? Кажны гэта ведае й не раз ужо аб гэтым чуў. Або ж не заляцаюць убоства i абмежавання патрэб цынiкi, або ж не паляцаў цноты Сакрат як рэч старую, але карысную? Першы-лепшы стоiк, нат такi Сэнэка, што мае пяцьсот цытрыновых сталоў, славiў сцiплую памяркоўнасць, заляцаў праўду, цярплiвасць у горы, сталасць у нядолi- усё гэта старое ўжо, моў прылеглае збожжа, што мышы цярэбяць, бо людзi яго есцi не хочуць за тое, што ад старасцi пратухла»... I разам з гневам закрадаўся ў душу знявер, спадзяваўся бо адкрыць новыя чароўныя тайнiцы, а прынамсь манiўся пачуць якога парываючага вымоваю рэтора, тым часам чуў толькi дужа простыя, без нiякае прыкрасы словы. Дзiўнай яму толькi здавалася тая загадкавая цiшыня i ўважлiвасць слухачоў. Старац гаварыў далей да тых заслуханых людзей аб тым, як маюць быць добрымi, цiхiмi, справядлiвымi, убогiмi й чыстымi не таму, каб у гэным жыццi толькi мець супакой, але каб па смерцi жыць вечна з Хрыстом у такiм вяселлi, у такой славе, росквiце i радасцi, якiх нiхто нiколi на зямлi не асягне. Вось тут Вiнiць, памiма ўпярэджання й знеахвоты, не мог не даследзiць рознiцы мiж навукаю старца i навукаю цынiкаў, стоiкаў цi iншых фiлязофаў, тамтыя бо заляцалi цноты толькi як рэч разумную i практычную ў жыццi, а ён прыракаў за яе несмяротнасць, i то не абы-якую марную несмяротнасць падземную ў нудзе, нiкчомнасцi, процьме, але светазарную, роўную амаль несмяротнасцi багоў. Пры тым гаварыў ён аб ёй, як аб рэчы зусiм пэўнай, дык пры такой веры цнота набiрала папросту безгранiчнай цаны, а жыццёвая бяда-гора выглядала чымсь надта маленькiм, сцiплым, бо цярпець да часу для пазнейшага шчасця- зусiм iншая рэч, чым цярпець толькi для кадука натуры. Старац талкаваў далей, што цноту i праўду трэба любiць не для iх самiх, бо найвышэйшым прадвечным дабром i цнотай ёсць сам Бог, вось жа хто мiлуе iх, той мiлуе Бога i праз тое сам становiцца ягоным мiлым дзiцем. Вiнiць не цямiў гэтага добра, але ведаў ужо з гутаркi Пампонii Грэцыны з Пятронiем, што Бог той, на думку хрысцiян, ёсць адзiны i ўсёмагутны, а пачуў цяпер, што ёсць ён таксама i найвышэйшым дабром ды ўсёпраўдай, мiмаволi здавалася яму, што перад такiм Дэмiюргам Ёвiш, Сатурн, Апалон, Юно, Веста i Венус выглядалi б моў якая разгуканая кучка, у якой буяняць усе разам i кажны на сваю руку. Але найбольш малады чалавек сумеўся, як старац пачаў навучаць аб тым, што Бог ёсць таксама i ўсёмiласцяй, вось жа хто любiць людзей, той спаўняе найвышэйшае ягонае прыказанне. Але мала любiць людзей свайго народу, Бог-Чалавек за ўсiх бо пралiў кроў i мiж паганаў знайшоў сабе выбранцаў, як, напрыклад, цэнтурыён Карнэлi, ды мала любiць тых, хто нам робiць дабро, Хрыстус бо дараваў i жыдом, што выдалi яго на смерць, i ваякам рымскiм, што прыбiвалi яго да крыжа, дык трэба тым, што робяць нам крыўду, не толькi прабачаць, але любiць iх i плацiць iм дабром за зло; мала любiць добрых, трэба любiць i благiх, любоўю толькi льго злосць з iх выкаранiць. Хiлону зараз у думках звiўся каўтун, што быццам работа ягоная дарэмная: Урсус нi за што не адважыцца забiць Глаўка анi сёе ночы, анi якое iншае. Але пацяшаўся зараз другiм выснавам з навукi старца, менавiта: што i Глаўк не заб'е яго, хоць бы яго напаткаў ды пазнаў. Вiнiць ужо перастаў думаць, што ў навуцы старца няма нiчога новага, толькi пытаў сябе: што гэта за бог? што за навука? ды што за людзi? Усё, што чуў, не мог судумаць у сваёй галаве. Выдавалася гэта яму нечуванаю навiною. Усведамiў сабе, што калi б, напрыклад, захацеў пайсцi за гэнай навукай, дык мусiў бы адрачыся сваiх думак, звычаяў, характару, цэлай дацяперашняй натуры i ўсё гэта спалiць да попелу, а выэкiпавацца зусiм новым жыццём, натхнiцца зусiм новай душою. Навука, якая наказвала яму любiць партаў, сiрыйцаў, грэкаў, егiпцян, галаў i брытанаў, выбачаць ворагаў, плацiць iм за зло дабром ды любiць iх, паказалася яму шалёнаю, адначасна, аднак, меў прачуццё, што ўсё ж у самай той адчайнасцi ёсць нешта магутнейшае, чым ува ўсiх дагэтуляшнiх фiлязофiях. Думаў: з прычыны адчайнасцi ёсць яна невыканальнай, а з прычыны невыканальнасцi- боскай. Ягоная душа адпiхвала яе, а почувы падказвалi яму, што расходзiцца ад яе, бы ад нiвы квяцiстае, нейкi ўпаяючы пах, якога даволi пакаштаваць раз, каб забыць пра ўсё ў жыццi, моў у тым краi лётафагаў, а толькi аб iм лятуцець. Здавалася яму, што няма ў ёй нiчога рэчаiснага, i адначасна не менш здавалася, што рэчаiснасць без яе ёсць нечым такiм кволым, што не варта нат аб ёй думаць. Разгарнулiся перад iм нейкiя прасторы, аб якiх i не гадаў, нейкiя хмары. Той магiльнiк пачаў выдавацца яму збяговiшчам адчайдухаў, але таксама i мейсцам таёмным, страхотным, дзе, моў на мiстычным логве, родзiцца штось дасюль небывалае. Упрытамняў сабе ўсё, што ад першае хвiлiны казаў старац аб жыццi, праўдзе, любовi, аб Богу, i думкi ягоныя асляпляў бляск, падобна як маланка асляпляе вочы. Як усе людзi, жыццё якiх ператварылася ў адно полымя похацi, глядзеў на гэта ўсё праз спектр кахання да Лiгii, пры блiсках гэнай маланкi ўбачыў ясна адну рэч: калi Лiгiя ёсць на магiльнiку, калi прызнае гэтую навуку, слухае i бярэ ў сэрца, дык нiколi не станецца ягонай каханкай.

Першы раз ад тае хвiлiны, калi спаткаў яе ў Аўлаў, Вiнiцiю прыйшла гадка, што калi б i ўдалося яе адсюль вырваць, дык i так не здабудзе ейнае душы. Нiчога падобнага раней не прыходзiла яму ў голаў, дык цяперака не мог сабе ўявiць, бо гэта была думка падсведамая або хутчэй нейкае мутнае прачуццё няўдачы. Прачнулася ў iм трывога, якая вомiг змянiлася ў буру гневу на хрысцiян агулам, а на старца ў асобнасцi. Той рыбак, якога на першы пагляд лiчыў прастаком, напаўняў яго цяпер жахам i прадстаўляўся яму цяпер бы якi таемны фатум, рашаючы ягоную долю сурова i трагiчна.

Фосар зноў падкiнуў смалякоў у агонь, у пiнiях вецер прыцiх, полымя падымалася роўным танклявым вастрыём да зорнага неба, а старац, нагадаўшы аб смерцi Хрыста, пачаў далей толькi аб iм гаварыць. Прысутныя сунялi дыханне, настала яшчэ большая цiшыня, чым надоечы, такая, што, здаецца, бiццё сэрцаў было чуваць. Чалавек гэны вiдавочыў! Расказваў так, што каб i вочы закрыў, дык кожны момант жывы ў памяцi бачыў бы далей. Расказваў, як, вярнуўшыся з-пад крыжа, праседзелi з Янам два днi й дзве ночы ў вячэрнiку без ежы i без сну ледзь жывыя, поўныя журбы, трывогi й сумнiваў, з балючымi галавамi ад думак, што ён памёр. О, цяжка было, цяжка! Настаў ужо дзень трэцi, i святло абялiла муры, а яны ўсё абодва з Янам сядзелi пад сцяною без рады i надзеi. То зморыць iх сон (бо i ноч перад пакутаю таксама была бяссонная), то будзяцца зноў ды пачынаюць бедаваць нанава. Аж вось паказалася сонца, прыбягае Марыя з Магдалi - з замёршым зяханнем, з развеенымi косамi ды з крыкам: «Забралi Вучыцеля!» Яны гэта, сарваўшыся, давай бегчы на тое мейсца. Ян, як малодшы, дабег першы, убачыў гроб парожны i не смеў увайсцi. Ажно як стоўпiлiся ўсе трое пры ўваходзе, ён, што расказвае iм гэта, увайшоў i бачыць на камянi посцiлку й абвiвачы, а цела няма.

Дык апанаваў iх страх, бо думалi, што ўзялi Хрыста фарызэi, i вярнулiся дамоў з большым яшчэ сумам. Пасля прыйшлi iншыя вучнi i нарабiлi ляманту, то ўсе разам, каб лепей учуў iх Госпад, то па чарзе. Замёр у iх дух, спадзявалiся бо, што ён адкупiць Iзраэля, а тут вось трэцi ўжо дзень, як памёр, дык не разумелi, чаму Айцец пакiнуў Сына, аж горкiм жыццё рабiлася, так цяжкай была тая маркота.

Успамiн тамтых страшных хвiлiн яшчэ й цяпер выцiснуў дзве слязiны з вачэй старца, якiя льго было выразна бачыць пры бляску агню, сцякаючыя з белай барады. Старая безвалосая галава пачала трасцiся, i голас замiраў яму ў грудзях. Вiнiць сказаў у душы: «Гэты чалавек праўду кажа i плача над ёю», а простых слухачоў таксама хапiў жаль за скiвiцы. Не раз чулi ўжо пра пакуту Хрыстову i ведалi, што радасць прыйдзе пасля слёз, адыж тое расказваў сам Апостал, навочны сведак, дык аж заломлiвалi рукi, плачучы i б'ючыся ў грудзi.

Але паволi супакойвалiся, бо ахвота далейшага слухання перамагала.

Старац прымкнуў вочы, як бы манiўся лепей бачыць у душы адлеглыя рэчы, i мовiў далей:

- Калi так вось мы галасiлi, прыбягае зноў Марыя з Магдалi, лямантуючы, што бачыла Госпада. Не могучы распазнаць яго з прычыны ззяння, што сыходзiла ад Яго, думала агароднiк, але Ён адазваўся: «Марыя!» Тады крыкнула: «Рабонi!» i прыпала да ног ягоных. Ён жа сказаў ёй iсцi да вучняў i знiк. Але вучнi не паверылi ёй i, гледзячы на ейны плач радасцi, адны вайцялi ёй, а другiя думалi, жаль збiў яе з глузду, бо i аб анёлах згадвала ў агародзе; пабеглi другi раз да гробу, i зноў быў парожны. Потым увечары прыйшоў Клеофас, што хадзiў з iншымi да Эмаўс, i хутка вярнулiся з галоснаю весткаю: «Сапраўды Хрыстус уваскрос». I, замкнуўшыся ад жыдоў, пачалi спрачацца. Нараз з'яўляецца мiж iмi Ён праз зачыненыя дзверы i кажа iм, патрухлеўшым ад пераляку: «Pax vоbis!» ❇ «I бачыў Яго я, так як i ўсе, а быў Ён моў сонца, моў шчасце сэрцаў нашых, бо мы ўверылi, што ўваскрос, што мора высахне, горы ў пыл рассыплюцца, а слава ягоная не прамiне!» ❇ А пасля васьмёх дзён Тамаш Дыдымус укладаў пальцы ў раны, у бок Ягоны ды ўпаў да ног ягоных, вызнаючы: «Госпад мой i Бог мой!» А Ён адказаў яму: «Ты бачыў мяне i ўверыў. Багаслаўлёныя тыя, што не бачыўшы ўверылi». I гэныя словы чулi мы, а вочы нашыя глядзелi на Яго, бо ж быў мiж намi. Вiнiць слухаў, i дзеялася з iм нешта дзiўнае. Забыў на момант, дзе ён, пачаў губляць адчуванне рэчаiснасцi, губляць меру, толк, Дзве неставетнасцi стаялi перад iм. Не мог уверыць у тое, што казаў старац, а чуў, што трэ хiба быць сляпым i адмовiцца ад уласнага розуму, каб дапусцiць, што чалавек той хлусiў, кажучы: «Я бачыў». Было штось у ягонай постацi ды ў дакладнасцi апавядання, што адганяла ўсялякi сумнiў. Вiнiцiю выдавалася часамi ўсё гэта як бы снiшчам, але ж навакол сябе бачыў усцiшаную масу людзей; воддаль палала вогнiшча, копаць лятарняў казытала ноздры, а вобак на камянi стары чалавек, згрыбелы, з дрыжачай галавою, якi з вiдам сведкi цвердзiў: «Я бачыў!»

I расказаў iм усё далей аж да ўнебаўшэсця. Час ад часу адпачываў, бо гаварыў падрабязна, але вiдаць было, што кожная дробязь адкрэслена была ў ягонай памяцi, як на камянi. Слухачоў пачало ахапляць упаенне. Пасцягалi з галоваў каптуры, каб лепей слухаць, каб не ўпусцiць анiводнага слоўца бясцэннага. Здавалася iм, што нейкая надлюдская моц пераносiць iх у Галiлею, што вандруюць разам з вучнямi ў тамтэйшых гаёх, узбярэжжах, што магiльнiк гэты змяняецца ў Тыберыядскае возера, а на беразе ў ранiшнiм тумане стаiць Хрыстус так, як стаяў тады, калi Ян, згледзеўшы з лодкi, крыкнуў: «Ёсць гэта Госпад!» - ды Пётр рынуўся плысцi, каб хутчэй кiнуцца Яму да ног. На тварах малявалася захапленне й забыццё, малявалася шчасце й бязмерная любоў. Значна было, што на працягу доўгага апавядання Пятра некаторыя мелi вiзыi, а калi пачаў казаць, як падчас унебаўшэсця пачалi аблокi засоўвацца пад стопамi Збаўцы ды засланяць Яго i закрываць перад вачыма апосталаў, галовы ўсiх чыста мiмахоць падымалiся ўгару, i вычувалася як бы хвiлiна чакання, як бы тыя людзi спадзявалiся яшчэ Яго дагледзець або чакалi, быццам вернецца з нябесных прастораў, каб паглядзець, як стары Апостал пасе авечкi, яму павераныя, ды багаславiць iх.

Для людзей не было ў тым моманце нi Рыму, нi шалёнага цэзара, нi багоў i святынь паганскiх, быў толькi Хрыстус, напаўняючы сабою зямлю, мора, неба й свет.

У далёкiх дамох, параскiданых уздоўж Намэнтанскае дарогi, пачалi пяяць ужо пеўнi, звяшчаючы поўнач. У той хвiлiне Хiлон тузануў Вiнiцiя за рог адзежыны i шапнуў:

- Спадару, там, вунь дзе, недалёка старца, бачу Урбана, а пры iм нейкую дзяўчыну.

Вiнiць схамянуўся, бы са сну, i, абярнуўшыся ў кiрунку, намечаным праз грэка, убачыў Лiгiю.

ХХI

Кожная кропля крывi зайграла ў маладым патрыцыю, як убачыў яе. Забыў аб натоўпе, аб старцу, аб уласным здумленнi з навукi, перад сабою бачыў толькi яе адну. Ну вось урэшце, пасля ўсiх натугаў, трывогаў, знайшоў яе! Першы раз у жыццi адчуў на сабе, што радасць можа звалiцца на грудзi, моў люты звер, i прыгнясцi iх аж да занiку дыхання. Ён, катораму дагэтуль здавалася, быццам Фартуна лёгка яму падпарадкоўваецца, цяпер ледзь верыў уласным вачам i ўласнаму шчасцю. I каб не гэтае недаверанне, гвалтоўная ўдача ягоная гатова была б папхнуць да якога неразважнага кроку, але хацеў перш пераканацца, цi гэта не сон, цi гэта не далейшы ланцуг тых цудаў, якiмi была перапоўнена галава. Ды ж не было сумнiву: бачыў Лiгiю ў адлегласцi мо якiх колькiнаццацi крокаў. Стаяла ў поўным святле, дык мог упаяцца ёю, колькi сам жадаў. Каптур асунуўся ёй з галавы i разгарнуў валасы, вусны былi крышачку расхiлены, вочы ўзнесены да Апостала, а твар заслуханы i захоплены. Апранута была ў плашч з цёмнае воўны, як звычайна з простага роду дзяўчына. Вiнiць, аднак, нiколi не бачыў яе прыгажэйшай, i, мiма перажыванага нутранога закалоту, ударыў яго кантраст цуднае шляхотнае патрыцыянскае галованькi ў адметку да простае, казаў бы нявольнiцкае, вопраткi. Каханне перабягала па iм, бы магутнае полымя, прасочанае нейкiм дзiўным пачуццём тугi, адданасцi, замiлавання, жады. Чуў раскошу, гледзячы на яе, насычаўся як бы крынiчнаю вадою пасля доўгае прагi. Пры вялiгурным лiгу выдавалася меншай, чым падалося спачатку, моў дзяцiнай. Здэцца, паблажала. Аблiчча ейнае было быццам празрыстае, бы кветка цi душа. I тым больш жадаў мець гэну iстотку, так адметную ад iншых жанчын, спатыканых на Ўсходзе i ў Рыме. Гатовы быў аддаць за яе тыя ўсе, а да iх яшчэ Рым i цэлы свет у прыдатку.

Быў бы загледзеўся i ўтануў зусiм, каб не Хiлон, якi цягнуў яго за край адзежы, баючыся, каб чаго не накуралесiў, што б магло навесцi небяспеку. Хрысцiяне тым часам пачалi малiцца й пяяць. Цераз хвiлiну загрымела «Маран-ата», пасля вялiкi Апостал пачаў вадою з вадалiву хрысцiць тых, што прэзбiтары рэкамендавалi як прыгатаваных да хросту. Вiнiцiю здавалася, ноч гэта нiколi не скончыцца. Хацеў зараз iсцi за Лiгiяй ды забраць яе ў дарозе або ў памяшканнi.

Урэшце некаторыя пачалi расходзiцца. Хiлон тады шапнуў:

- Выйдзьма пад браму, бо мы не знялi каптуроў, i людзi глядзяць на нас.

I так сапраўды было. Калi ўсе пад час мовы Апостала паадхiлялi каптуры, каб лепей чуць, яны не зрабiлi гэтага. Рада Хiлона была слушная. Стоячы пры браме, маглi цiкаваць на ўсiх выходзячых, а Урсуса не цяжка было распазнаць па росту i паставе.

- Пойдзем за iмi,- сказаў Хiлон,- паглядзiмо, да якога дому ўваходзiцiмуць, а заўтра або й сяння абставiш усе сходы ў доме нявольнiкамi ды забярэш яе.

- Не! - запярэчыў Вiнiць.

- А што рабiцiмеш, спадару?

- Увойдзем за ёю ў дом i схопiм яе вомiг цяпер; ты ж падручыўся, Кратон?

- Так ёсць,- адказаў волат,- i аддаюся табе, спадару, у нявольнiкi, калi не зламлю хрыбта гэтаму буйвалу, што пiльнуе яе.

Хiлон пачаў адрайваць i заклiкаць iх на ўсе багi, каб не рабiлi гэтага. Адыж Кратон меў быць узятым толькi дзеля абароны на выпадак, калi б iх пазналi, не для хапунства дзяўчыны. Калi брацiмуць толькi самi ўдвух, налезуць на смерць i, чаго лепшага, могуць яе ўпусцiць з рук, а тады яна схаваецца ў iншым мейсцы або ўцячэ з Рыму. I што тады рабiцiмуць? Чаму не йсцi дарогаю больш пэўнаю? Пашто выстаўляць сябе на згубу i ўсю справу на лiхую долю?

Вiнiць, хоць устрымоўваў сябе, каб тут жа на магiльнiку зараз не хапiць у абдымкi Лiгii, прызнаваў, што грэк меў рацыю, i быў бы мо паддаўся ягонай радзе, каб не Кратон, ласы на зыск.

- Замкнi, спадару, гэтаму старому маркачу губу,- зiкнуў,- або дазволь мне спусцiць кулак на голаў яму. Раз у Буксэнтуме, куды запрашаў мяне на йгрьшча Луцый Сатурнiн, напала на мяне ў гасподзе сямёх п'яных гладыятараў, i анiводзiн не выйшаў з цэлымi рэбрамi. Не кажу цяпер хапаць дзяўчыну, з грамады, бо маглi б нам пад ногi кiдаць каменне, але як пераступiць парог дому, схаплю табе яе i занясу, куды хочаш. Вiнiць усцешыўся, слухаючы гэта, i адазваўся:

- Так i будзе, на Геркулеса! Узаўтра маглi б не знайсцi яе прыпадкам дома, i, як спалохалi б дом, адвялi б яе далей.

- Гэны лiг выдаецца мне надта моцным! - заскiглiў Хiлон.

Мусiлi яшчэ доўга чакаць, i куры пачалi пяяць на свiтаннi, пакуль угледзелi выходзячага з брамы Урсуса, а з iм Лiгiю. Iшло з iмi некалькi iншых асоб. Хiлону здавалася, быццам пазнае Вялiкага Апостала, вобак яго йшоў другi старац, шмат меншы ростам, дзве пажылыя жанчыны i падлетак, якi свяцiў лятарняю. За гэнаю грамадою йшла маса верных, можа, са дзвесце асоб. Вiнiць, Хiлон i Кратон патанулi ў гэнай масе.

- Так, спадару, твая малодухна знаходзiцца пад дастойнаю апекай. Гэта ён з ёю, Вялiкi Апостал. Бач бо як людзi кленчаць перад iм. Людзi сапраўды кленчылi, але Вiнiць не глядзеў на iх. Не спускаючы анi на хвiлiну з вачэй Лiгiю, думаў толькi аб здабычы i, напрактыкаваны ў войнах, снаваў сабе ў галаве з цэлаю ваяцкаю прэцызыяй падступны план хопу. Усведамляў, што крок, на якi важыўся, быў адчайны, але ведаў, што такiя крокi найчасцей удаюцца.

Дарога даволi доўжылася, дык у мiжчасе думаў таксама пра тую прорву, якую выкапала мiж iм Лiгiя й тая дзiўная навука, што яна вызнавала. Разумеў цяперака ўсё, што дагэтуль сталася. Быў на гэта даволi ўнiклiвы. Ён Лiгii не ведаў. Адкрыў у ёй цуднейшую над усiмi дзяўчынамi, да якой загарэлiся ягоныя похацi, але цяпер пераканаўся, што гэная навука рабiла з яе нейкую адметную ад iншых жанчын iстоту, якое нельга будзе здабыць песлiвасцю, жадою, багаццем, раскошамi. Зразумеў урэшце, чаго абодва з Пятронiем не маглi зразумець, што тая новая рэлiгiя ўшчапляла ў душу штось нязнанае свету, дзе жыў, i што Лiгiя, хоць бы нат яго й кахала, ад нiводнае хрысцiянскае праўды дзеля яго не адступiць; што калi iснуе для яе раскоша, дык цалкам iншая, чым раскошы ягоныя й Пятронiевы, i цэзаравы, i цэлага Рыму. Кажная iншая жанчына, яму знаная, магла б стацца ягонай каханкай, гэтая ж хрысцiянка магла б быць толькi ахвярай.

I балючы гнеў палiў яго пры такiх думках, але адначасна ўсведамляў, што гнеў той быў бяссiльны. Адабраць Лiгiю было магчыма, быў пэўны, што гэта ўдасца, але адначасна быў пэўны, што мужнасць i магутнасць ягоная супраць гэнае навукi нiчога не здолеюць. Ён, вайсковы рымскi трыбун, перакананы дасяння, што сiла мяча, заваладаўшая светам, павек iм валадацiме, першы раз у жыццi дагледзеў, што па-за ёю можа быць яшчэ нешта iншае, дык, сумеўшыся, задаваў сабе пытанне: што гэта?

I не ўмеў сабе ясна адказаць, у галаве стаялi вобразы магiльнiка, грамады i Лiгii, заслуханай усёю душою ў словы старца, расказваючага пра пакуту, смерць i згробуўстанне Бога-Чалавека, што адкупiў свет ды абяцаў яму шчасце на iншым баку Стыксу.

Падчас гэных думак у галаве ягонай рабiўся хаос. Але з гэтае блытанiны вырваў яго Хiлон, якi пачаў наракаць на сваю долю: ён бо згадзiўся знайсцi Лiгiю, якую вось пад небяспекаю жыцця знайшоў ды паказаў. Дык чаго ж больш ад яго хочуць? Цi ж падручаўся ён яе забiраць? Дый хто мог бы нат вымагаць чагось падобнага ад бяспальцага калекi, ад старога чалавека, адданага навуцы, думцы i цноце? Што будзе, калi так дастойны вашэць, як Вiнiць, нарвецца на якую пракуду пры здабываннi красунi? Ну, яно праўда, што багi павiнны мець вока над сваiмi пупiламi, але цi ж не трапляюцца часамi такiя рэчы, як бы багi ў жмуркi гулялi, забыўшыся, што на свеце робiцца? Фартуна мае завязаныя вочы, як ведама, дык не бачыць нат днём, не тое што ноччу! Хай жа адно што станецца, хай гэты лiгiйскi мядзведзь шпурне ў крывiчэснага Вiнiцiя каменем ад жарон, бочкаю вiна або горай - вады. Хто ж заручыць, што на Хiлона-небараку не спадзе кара замест узнагароды? Ён, гаротны мудрэц, прыручыўся так да шляхотнага Вiнiцiя, як Арыстотэль да Аляксандра Македонскага, i каб жа прынамсь хоць чэсны Вiнiць аддаў яму той капшук, якi на ягоных вачах заткнуў за папругу, выходзячы з дому, было б за што пры благой прыгодзе неяк прызваць ратунак або размякчыць сэрцы хрысцiянам. Ох! Чаму ж не хочуць слухаць рады старога, падыктаванае досведам i растаропнасцю?

Вiнiць, пачуўшы гэта, дастаў капшук з-за папругi i кiнуў яго ў лапы Хiлону.

- Бяры, толькi замоўкнi!

Грэк, абмацаўшы ягоную цяжкасць, набраў адвагi.

- Уся мая надзея на тое,- кажа,- што Геркулес або Тэзэй даконвалi яшчэ цяжэйшыя рэчы, а чым жа ёсць мой найблiжэйшы асабiсты прыяцель Кратон, калi не Геркулесам? Цябе ўжо, дастойны спадару, не назаву паўбогам, бо ты сапраўды бог i надалей памятацiмеш аб сваiм верным слузе, патрэбы якога час ад часу трэба заспакойваць, бо сам ён як усадзiць нос у кнiгi, свету божага не бачыць... Каб хоць некалькi стайкаў гародзiк ды дамок хоць бы з малюсенькiм ганачкам для халадку летам, годзен быў бы такога дарыцеля. Тым часам здалёк велiчацiму вашыя геройскiя справы, заклiкацiму Ёвiша, каб вам спагадаў, а калi б што, нараблю такога крыку, што палова Рыму са сну схопiцца i прыбяжыць вам на ратунак. А бадай яе, што за дрэнная й няроўная дарога! Набяду й алiва выгарала ў маiм светачы, каб Кратон, якi не менш хiба ёсць чэсны, як дужы, схацеў мяне ўзяць на рукi й паднесцi аж да брамы, перш-наперш даведаўся б, цi лёгка падыме красуню, падругое - узяў бы прыклад з Энэя, у канцы - падсябраваў бы сабе ўсiх спагаднейшых багоў, так што пра добры вынiк вашае справы я б не клапацiўся.

- Хутчэй бы згадзiўся я несцi здохлую ад скулачак прасмярдзелую авечку,- адгукнуўся волат,- але як аддасi мне той капшук, занясу аж да брамы.

- Каб ты сабе ногi паабiваў,- адсекся грэк,- так ты гэта скарыстаў з навукi таго чэсцiгоднага старца, якi нядаўна заляцаў убоства i лiтасць як дзве найважнейшыя цноты?.. Або ж табе ён не наказваў мiлаваць мяне? Не зраблю з цябе, бачу, нiколi нат абы-якога хрысцiянiна, лягчэй сонцу пранiкнуць праз мур Мамэртынскай вязнiцы, як праўдзе праз твой бегемотавы чэрап. Кратон, чалавек з сiлаю, але зусiм без людскасцi, адказаў:

- Не бойся! Хрысцiянiнам не стануся! Не думаю трацiць кавалка хлеба!

- Так, але каб меў ты хоць пачатковую навуку фiлязофii, дык ведаў бы, што золата - гэта марнасць!

- Ну, хадзi сюды з сваёю фiлязофiяй, дам табе толькi адзiн букiш у трыбух, i паглядзiмо, хто выйграў.

- Тое самае мог сказаць i бык Арыстотэлю,- адрэзаў Хiлон.

На свеце шарэла. Дзень паволi бялiў мураваныя сцены. Прыдарожныя дрэвы, будынкi й раскiданыя сям-там нагробкi пачалi выхiляцца з цемры. Дарога паволi ажыўлялася. Гандляры варыва спяшалiся да брамаў, паганяючы аслоў i мулаў, нагружаных агароднiнай. Сям-там рыпелi вазы з дзiчыною. На дарозе й наабапал дарогi ляжала йшчэ лёгкая ймгла, прадвеснiца пагоды. Людзi ў гэтай мгле выглядалi здалёк, моў зданi. Вiнiць углядаўся ў танклявую постаць Лiгii - сiвы золак штораз больш яе серабрыў.

- Спадару,- звярнуўся Хiлон,- абразiў бы цябе, каб прадбачваў, што твая шчодрасць калi-небудзь мецiме канец, ты ўжо мне заплацiў, дык не думай, што казацiму дзеля далейшае нажывы. Атжа, раю табе яшчэ раз, каб, намецiўшы, у якiм доме жыве боская Лiгiя, вярнуўся дадому па нявольнiкаў i лектыку, а не слухаў гэнага боўдзiлы Кратона, якi таму толькi падручаецца сам адзiн выхапiць красуню, каб выцiснуць тваю кабзу, бы клiнок з тварагом.

- Дам кулаком памiж лапатак, i развiтвайся з светам,- адгражаўся Кратон.

- Вазьму дыету кафалонскага вiна i гуляцiму здароў,- баронiцца грэк. Вiнiць не адказваў анi слова, бо падыйшлi да брамы, ля якое дзiўнае вiдовiшча кiнулася iм у вочы. Двух ваякаў укленчыла перад Апосталам, а ён трымаў праз момант над iмi рукi, пасля перажагнаў. Маладому патрыцыю дагэтуль нiколi i ў думку не прыходзiла, каб то ўжо й мiж ваякамi былi хрысцiяне, i поўны подзiву гадаў сабе: як падчас пажару агонь ахапляе штораз новыя будынкi, так, мабыць, i гэная навука абыймае штораз новыя душы i шырыцца з неймавернай хуткасцяй. Агарнуў яго подзiў i з увагi на Лiгiю, дадумаўся бо, што калi б хацела ўцячы з места, знайшлiся б вартаўнiкi, якiя самi ўмагчымiлi б ёй выхад. Дзякаваў у гэнай часiне ўсiм багом, што так не сталася.

Перайшоўшы незабудаваную прагалiну за парканам, натаўп хрысцiян пачаў разыходзiцца. Трэ было цяпер iсцi за Лiгiяй асцеражней, каб не звярнуць на сябе ўвагi. Хiлон пачаў зноў мантачыцца, наракаць на ламату ў нагах i прыаставаўся штораз болей ззаду. Вiнiць гэтаму ўжо й не супрацiўляўся, думаючы: палахлiвы й недалужны грэк не будзе ўжо яму патрэбны. Быў бы нат пазволiў яму пайсцi да лiхой долi; аднакаваж мудраца ўстрымоўвала празорлiвасць, а больш мо цiкавасць, бо йшоў назiркам за iмi, а нат часамi падблiжаўся, паўтараючы сваю раду ды выказваючы здагадку, што стары спадарожнiк Апостала, каб крыху вышэйшы, мог бы быць Глаўкам.

Iшлi даволi яшчэ доўга аж да Затыбра, сонца незабаўна ўжо мела паказацца, як грамадка, у якой была Лiгiя, раздзялiлася. Апостал, старуха i хлапчанё лучылi ўздоўж ракi, а стары нiзкага росту, Урсус i Лiгiя ўсунулiся ў вузкую вулачку i, падыйшоўшы за сто крокаў, увайшлi ў сенцы дому, у якiм было дзве крамы, адна з алiваю, а другая - птушнiка.

Хiлон, каторы йшоў за Вiнiцiем на якiх сягняў пяцьдзесят ззаду, стаў адразу як урыты i, прытулiўшыся да муру, пачаў сыкаць на iх, каб вярнулiся да яго.

Яны паслухалi, бо трэба ж было параiцца.

- Iдзi,- загадаў яму Вiнiць,- i даведайся, цi гэты дом не выходзiць другою палавiнаю на iншую вулiцу.

Хiлон, дарма наракаў нядаўна на раны ў нагах, чмыхануў так хутка, як бы крылле Мэркурага з'явiлася пры ягоных костках, i праз хвiлiну вярнуўся.

- Не, - звясцiў,- выхад ёсць толькi адзiн.

I заламаў рукi:

- На Ёвiша, Апалона, Весту, Кiбелу i Озырыса, на Мiтру, Бааля ды ўсе багi Ўсходу й Захаду! Малю цябе, спадару, заняхай свайго намеру... Паслухай мяне!.. Але нагла замоўк, сумеўся бо, гледзячы на белы, моў палатно, твар Вiнiцiя, вочы якога iскрылiся, бы воўчыя зэкры. Даволi было глянуць на яго, каб зразумець, што нiчога не паўстрымае ўжо яго ад задуманага намеру. Кратон надымаў свае Геркулесавыя грудзi i цяляпаў на абодва бакi малпаватым лбом, як мядзведзь у клетцы. Трывогi на твары нельга было даследзiць.

- Я ўвайду першы! - прапанаваў.

- Пойдзеш за мною! - цвёрда вырашыў Вiнiць.

I па хвiлiне знiклi абодва ў цёмных сенях.

Хiлон даў чосу да рову найблiжэйшае вулiцы i давай вызiраць з-за вугла, чакаючы, што будзе.

ХХII

Вiнiць толькi ў сенях зразумеў усю цяжкасць справы. Дом быў абшырны, колькiпаверхавы, адзiн з такiх, якiх тысячы будавана ў Рыме дзеля даходнасцi з памешканняў, i звычайна будавана з такiм поспехам i неакуратнасцю, што не было амаль году, каб некалькi з iх не завалiлiся на галовы кватарантам. Гэта былi сапраўдныя вуллi, надта высокiя i надта вузкiя, поўныя каморак i закамаркаў, у якiх гняздзiлася ўбогая маса. У горадзе, у якiм шмат якiя вулiцы не мелi назову, дамы такiя не мелi нумароў; собснiкi паборы належнасцi павяралi нявольнiкам, каторыя, не маючы ад гарадскiх уладаў загаду падаваць прозвiшчы лакатараў, часта не ведалi iх самi. Дапытацца каго ў такiм доме было не раз вельмi цяжка, асаблiва калi пры браме не было стоража.

Вiнiць з Кратонам праз доўгiя, падобныя да калiдору, сенцы ўвайшлi на вузкi, забудаваны з чатырох бакоў, панадворак, моў супольны для ўсяго дому атрыюм з вадалiвам пасярэдзiне, струмень якога спадаў у каменную мiсу, умураваную ў зямлю. Пры ўсiх сценах беглi ўгару вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, вядучыя на галярэю, з якое ўваходзiлася ў памяшканнi. Унiзе былi таксама кватэры, некаторыя зачынялiся драўлянымi дзвярыма, iншыя толькi ваўнянымi, па большай частцы павытрапанымi, падзёртымi цi палапленымi занавесямi.

Было заранне, i на панадворку анi жывое душы. Вiдаць, у цэлым доме йшчэ ўсе спалi, з выключэннем тых, што нядаўна вярнулiся з Острыянума.

- Што рабiцiмем, спадару? - спытаў, затрымоўваючыся, Кратон.

- Чакайма тут: можа, хто з'явiцца,- адказаў Вiнiць.- Не трэ, каб нас бачылi на надворку.

Тут здагадаўся, што рада Хiлона была практычная. Каб меў з сабою колькiдзесят нявольнiкаў, можна было б абсадзiць браму, якая, здэцца, была адзiным выхадам, i ператрэсцi ўсе кватэры, а так трэба адразу трапiць у памешканне Лiгii, бо iнакш хрысцiяне, якiх напэўна ў гэтым доме было шмат, магчымуць упярэдзiць, што яе шукаюць. Дзеля таго было таксама небяспечным i распытвацца незнаёмых асоб. Вiнiць праз хвiлiну надумоўваўся, цi не вярнуцца па нявольнiкаў, ажно вомiг з-за аднае занавесi выходзiць чалавек з сiтам у руцэ ды йдзе да вадалiву.

Юнак на першы пагляд пазнаў Урсуса.

- Гэта лiг,- шапнуў Вiнiць.

- Цi зараз паламаць яму косцi?

- Чакай.

Урсус не дагледзеў iх, бо стаялi ў змроку сеняў, i пачаў спакойна паласкаць у вадзе агароднiну, што была ў сiце. Пасля доўгае, бач, ночы, збаўленае на магiльнiку, манiўся прыгатаваць з яе снеданне. Па хвiлiне, скончыўшы работу, узяў мокрае сiта й знiк за заслонаю. Кратон i Вiнiць лучылi за iм, думаючы, што патрапяць проста ў памешканне Лiгii.

Але, надзiва, заслона зачыняла ад надворку не памяшканне, а другi цёмны калiдор, на канцы якога вiдзён быў агародчык з некалькiмi цыпрысамi i мiртавымi кустамi, за iм дамок, прылеплены да глухое задняе сцяны суседняе камянiцы. Абодва скемiлi нараз, што гэтая абставiна для iх памысная. На двары бо магло зрабiцца збяговiшча ўсiх жыхароў, а наўзбочча дамку аблягчала сiтуацыю. Хутка ўвiнуцца з абаронцамi, а злашча з Урсусам, ды з ухопленай Лiгiяй таксама хутка выдабыцца на вулiцу, а там ужо дадуць сабе рады. А можа, нiхто iх i не зачэпiць; калi зачэпяць, скажуць, што расходзiцца пра цэзараву закладнiчку; а ў незвычайным выпадку Вiнiць звернецца да вiгiлаў.

Урсус ужо бадай уваходзiў у дамок, ажно шорах нечых крокаў закрануў ягоную ўвагу, затрымаўся i, угледзеўшы двух чалавек, палажыў сiта на балюстрадзе ды завярнуўся да iх.

- А чаго тут шукаеце? - спытаў.

- Цябе! - адсек Вiнiць.

Па чым, кiўнуўшы Кратону, загадаў рэзкiм прыцiшным голасам:

- Бi!

Кратон кiнуўся бы тыгрыс i ў адной хвiлiне, перш, чым лiг змеркаваўся, хапiў яго ў свае сталёвыя рукi.

Вiнiць надта быў пэўны ягонай надлюдскае сiлы, дык не чакаў вынiку барацьбы, а, мiнуўшы iх, падскочыў да дзвярэй дамка, пiхнуў iх i ўвайшоў у цёмную камору, рассветленую, аднак, распаленым камiнкам. Бляск гэтага камiнку падаў проcта на твар Лiгii. Другою асобай, што сядзела пры камiнку, быў той старац, спадарожнiк Лiгii i Урсуса з Острыянума.

Вiнiць ускочыў так раптоўна неспадзявана, што Лiгiя й не паспела агледзецца, як схапiў яе ўполкi i, падняўшы ўгару, кiнуўся назад да дзвярэй. Старац паспеў, праўда, яму заступiць дзверы, але ён, прыцiснуўшы дзяўчыну адною рукою, другою адапхнуў яго. Каптур асунуўся з ягонай галавы, i тады ў аблiччы гэнага знаёмага а страшнага твару сэрца Лiгii замерла ад жаху i спаралiзавала голас. Хацела крычаць ратунку й не магла. Таксама надарэмна спрабавала ўхапiць за раму дзвярэй, упiрацца. Пальцы ейныя слiзганулi па камянi, i была б згубiла прытомнасць, каб не ўдарыла ейных вачэй жахлiвае вiдовiшча, калi выскачыў з ёю Вiнiць у вагарод.

Урсус трымаў у руках нейкага чалавека, цалкам перагнутага ўзад, з абвiсшаю галавою ды акрываўленымi вуснамi. Угледзеўшы iх, яшчэ ўдарыў кулаком па той галаве i вокамгненна прыскочыў, бы раз'юшаны звер, да Вiнiцiя.

- Смерць! - падумаў малады патрыцый.

Нараз чуе, бы праз сон, крык Лiгii: «Не бi!» Пасля адчуў, як, моў пярун, развязала яму нешта рукi, якiмi яе абнiмаў, урэшце зямля пад iм закружылася, i дзённае святло згасла ўваччу... ❇ Хiлон, схаваны за вуглом нарожнага дому, чакаў, што станецца, цiкавасць змагалася ў iм са страхам. Гадаў сабе: калi ўдасца iм схапiць Лiгiю, дык добра будзе быць пры Вiнiцiю. Урбана не баяўся ўжо, бо быў таксама пэўны, што Кратон адолее яго. Затое ўважаў, што калi б на пустых дагэтуль вулiцах пачалася суталака, калi б хрысцiяне цi iншыя людзi жадалi ставiць супрацiў Вiнiцiю, тады ён кiнецца да iх як прадстаўнiк улады, як выканаўца волi цэзара, а ў скрайнiм выпадку паклiча вiгiлаў на помач маладому патрыцыю процi вулiчнай галайстры i тым прыдбае сабе новыя ласкi. У душы думаў, што ўчынак Вiнiцiя ёсць неразважны, аднак, зважаючы на страшэнную моц Кратона, можа ўдасца. «Калi б прыйшло крута, сам трыбун нясцiме дзяўчыну, а Кратон расчышчацiме дарогу». Час, аднак жа, яму надта доўжыўся: карцiла яму тая цiшыня ў сенях, на якiя здалёк зорыў вокам. «Калi не трапяць у ейную крыёўку, а наробяць галасу, дык спалохаюць яе».

Думка гэтая не надта яго й засмуцiла, бо разумеў, што ў такiм выпадку зноў будзе патрэбен Вiнiцiю ды зноў патрапiць з яго выцiснуць значную колькасць сэстэрцыяў.

- Што б нi зрабiлi,- гадаў сабе,- для мяне зробяць, хоць нiводзiн з iх да гэтага не дадумоўваецца... Багi, багi, дазвольце мне толькi...

I нагла абарваўся, здавалася бо яму, быццам нешта выхiлiлася з сяней, дык, прыцiснуўшыся да сцяны, цiкаваў, стрымлiваючы оддых у грудзях.

I не памылiўся, бо з сяней высунулася паўгалавы нейкае i пачала разглядацца навокал.

Па хвiлiне, аднак, знiкла.

- Гэта няйначай Вiнiць або Кратон,- падумаў Хiлон,- але калi схапiлi дзеўку, чаму яна не крычыць ды чаго выглядаюць на вулiцу? Людзей i так напаткаюць, пакуль бо да Карынаў дойдуць, рух зробiцца на горадзе. Што гэта? На ўсенькiя багi несмяротныя!..

I нагла астанкi валасоў вожыкам сталi яму на галаве. У дзвярах паказаўся Урсус з абвiсаючым на плечуку целам Кратона i, з'арыентаваўшыся яшчэ раз, пачаў з iм бегчы пустою вулiцаю да рэчкi.

Хiлон пры сцяне зрабiўся так пласкi, як кавалак тынку.

- Згiну, калi мяне ззорыць,- падумаў.

Але Урсус борзда прабег каля нарожнага дому i знiк за наступным будынкам, а Хiлон, доўга не чакаючы, сунуў у глыб папярэчнае вулачкi, звонячы сопалаху зубамi i з вёрткасцю, якою, бадай, i юнак не задзiвiў бы.

- Як спанатрыць мяне здалёк, варочаючыся, дык дагонiць i заб'е,- талкаваў сабе.- Ратуй мяне, Зэўсе, ратуй, Апола, ратуй, Гермесе, ратуй, Божа хрысцiян!

Уцяку з Рыму, вярнуся ў Мэзамбрыю, выбаўце мяне толькi з рук гэтага дэмана!

I той лiг, што задушыў Кратона, выдаваўся ў гэнай хвiлiне сапраўды нейкаю надлюдскаю iстотаю. Бегучы, думаў, мо гэта якi бог у постацi барбара. У той хвiлiне верыў ува ўсiх багоў цэлага свету, ува ўсе нiмфы, з якiх звычайна кпiў. Марочылася яму таксама ў галаве, што Кратона мог забiць хрысцiянскi Бог, i валасы зноў дубам сталi на галаве, як падумаў: нашто заводзiўся з такою магутнасцю.

Аж, прабегшы некалькi завулкаў i спаткаўшы нейкiх работнiкаў, воддаль насупраць iдучых, крыху супакоiўся. У грудзях не хапала ўжо й паветра, дык сеў на парозе дому i пачаў рогам сярмягi выцiраць на лбе пот.

- Стары я ўжо i патрабую супакою,- кажа сабе.

Людзi, што йшлi насупраць, збочылi ў нейкую вулiчку, i зноў агарнула яго чорная думка. Горад яшчэ спаў. Ранiцаю рух падымаўся ўпярод у багатых кварталах места, дзе нявольнiкi багатых дамоў мусiлi ўставаць дадня, а ў тых, дзе жыла люднасць вольная, утрымоўваная коштам гаспадарства, дармаедская, уставалi - злашча зiмою - даволi позна. Хiлона, праседзеўшага крыху на парозе, пачаў праймаць холад, дык устаў i, пераканаўшыся, што не згубiў капшука, Вiнiцiевага дарунку, пацягнуўся паволi да рэчкi.

- Мо дзе агледжу цела Кратона,- казаў сабе.- О, багi! Гэны ж лiг, калi ёсць чалавекам, мог бы за год зарабiць мiльёны сэстэрцыяў, калi бо ўдушыў

Кратона, як шчанё, дык хто ж яго падолее?

За кожны выступ на арэне далi б яму столькi золата, колькi важыць сам. Лепей ён сцеражэ гэнае дзеўкi, чым Цэрбер пекла. Дык хай яго тое пекла глыне! Не хачу з iм заводзiцца. Занадта касцiсты. Але што ж тут рабiць? Сталася рэч страшэнная. Калi ён таму Кратону паламаў косцi, дык i душа Вiнiцiева скiглiць ужо там недзе над гэным домам, чакаючы хаўтураў. На Кастара! Адыж гэта патрыцый, прыяцель цэзара, Пятронiеў сваяк, уладар ведамы ў цэлым Рыме ды вайсковы трыбун. Смерць ягоная не ўвойдзе iм насуха...

От каб, напрыклад, данесцi ў абоз прэтарыянам або вiгiлам?..

Тут замоўк i пачаў надумоўвацца, а па хвiлiне кажа:

- Гора мне! Хто ўвёў яго ў гэны дом, калi не я?.. Ягоныя нявольнiкi i вызвольнiкi ведаюць, што я да яго прыходзiў, а некаторыя нат ведаюць, з якою мэтай. Што будзе, як западозраць мяне, быццам я наўмысна паказаў яму той дом, дзе спаткала яго смерць? Хоць бы паказалася потым у судзе, што яе не хацеў, усё роўна скажуць, што я яе спрычынiў... Адыж гэта патрыцый, не, не выкручуся ад кары. Ну а каб моўчкi ўцёк з Рыму недзе далёка - будзе шчэ большае падазрэнне.

I так i гэтак было дрэнна. Расходзiлася ўжо толькi пра тое, каб выбраць меншае лiха. Рым быў вялiкiм горадам, аднак Хiлон кемiў, што можа быць яму ў iм цесна. Кожны бо iншы мог бы проста пайсцi да прэфекту вiгiлаў, расказаць, што сталася, i, хоць бы пала на яго падазрэнне, чакаць спакойна следства. Але цэлая мiнуўшчына Хiлона была такая, што ўсякае блiжэйшае знаёмства будзь з прэфектам гарадскiм, будзь з прэфектам вiгiлаў мусiла б ублытаць яго ў паважныя турботы ды адначасна апраўдаць усялякiя падазрэннi, якiя маглi б толькi ўлезцi ў голаў урадаўцам.

З другога боку, уцячы - гэта значыць уцвярдзiць Пятронiя ў перакананнi, што Вiнiцiя здрадзiлi й замардавалi патайною змоваю. Адыж Пятронi быў чалавек магутны, на загад якога гатова была палiцыя цэлай дзяржавы i якi бессумнiўна пастараўся б знайсцi вiнаватых хоць бы на краi свету. Аднак жа прыйшло ў голаў, цi не паспяшацца проста да яго ды цi б не звясцiць яму, што сталася. Так! Гэта быў найлепшы спосаб. Пятронi быў чалавекам апанованым, i Хiлон прынамсь мог мець надзею, што хоць выслухае яго да канца. Пятронi, якi ведаў справу ад пачатку, хутчэй уверыў бы ў нявiннасць Хiлона, чым прэфекты.

Але перш чым iсцi да яго, трэба было б даведацца напэўна, што сталася з Вiнiцiем. Хiлон жа гэтага не ведаў. Бачыў, праўда, лiга, скрадаючагася да рэчкi з целам Кратона, але i ўсяго толькi. Вiнiць мог быць забiтым, але мог быць i раненым або схопленым. Цяпер вось толькi прыйшло ў голаў Хiлону, мо хрысцiяне пэўна не адважылiся б забiць так дастойнага чалавека, аўгустыянiна i высокага ўрадаўца вайсковага, бо такi праступак мог бы выклiкаць на iх пераслед. Было праўдападобнейшым, што яны затрымалi яго гвалтам, каб даць час Лiгii зноў схавацца ў новым мейсцы.

Думка гэта крыху ўлiла Хiлону ў душу льгi.

- Калi той лiгiйскi смок не раздзёр яго ў першым парыве, тады жыве, а калi жыве, тады сам пасведчыць, што не было нiякае здрады, а тады нiчагусенька мне не пагражае, толькi - о, Гермесе, спадзявайся зноў дзвёх ялавiц! - адкрываецца перада мною новае поле... Магу даць знаць аднаму з вызвольнiкаў, дзе мае шукаць гаспадара, а цi ён пойдзе да прэфекту, цi не, гэта ўжо ягоная справа, каб толькi мне не трэ было да яго йсцi... Магу таксама пайсцi да Пятронiя i спадзявацца ўзнагароды... Шукаў Лiгiю, цяпер шукацiму Вiнiцiя, а пасля зноў Лiгiю. Трэба, аднак, спярша даведацца, цi жыве, цi забiты.

Тут прыйшло яму ў голаў, што ён жа ўначы мог бы пайсцi да Дэмаса, пекара, i спытаць пра гэта Урсуса. Але думку гэту як бач адагнаў. Лепей быць далей ад Урсуса. Мог слушна думаць, калi Урсус не забiў Глаўка, дык, вiдаць, перасцераглi яго хрысцiянскiя старшыны, якiм выявiў свой намер, што гэна справа нячыстая i што манiўся яго набухторыць да гэтага якi-небудзь здраднiк. Дый самы ўспамiн аб Урсусе выклiкаў дрыготы ў Хiлона. Пастанавiў вечарам падаслаць туды Эўрыцыя, дзе здарыўся гэны выпадак. Тым часам трэ было пажывiцца, выкупацца й адпачыць. Бяссонная ноч, дарога да Острыянума i ўцёкi з Затыбра стурбавалi яго сапраўды.

Адна рэч пацяшала яго ўвесь час: менавiта, два тыя капшукi ад Вiнiцiя, што дастаў у ягоным доме i ў дарозе з магiльнiка. Дык з увагi на гэную пацяшаючую акалiчнасць ды на нядаўнiя перажываннi пастанавiў болей пад'есцi i выпiць лепшага вiна, чым заўсёды.

I дачакаўшыся ўрэшце пары адчынення вiнярняў, выканаў пастанову так акуратна, што забыўся й пра ванну. Больш за ўсё хацелася яму спаць, i сон змарыў яго да таго, што ледзь валокся да свайго памешкання на Субуры, дзе чакала яго купленая на Вiнiцiевы грошы нявольнiца. Там, увайшоўшы да цёмнага, бы лiсава нара, кубiкулюма, рынуўся на пасцель i заснуў адразу як камень. Прачнуўся аж толькi вечарам, а вярней, збудзiла яго нявольнiца, клiчучы, каб уставаў, нехта бо яго шукае i хоча з iм бачыцца ў неадкладнай справе. Чуйны Хiлон апрытамнеў у адной хвiлiне, накiнуў хутка сярмягу з каптуром i, загадаўшы нявольнiцы ўстаранiцца, вызiрнуў перш асцярожна навонкi. I аслупянеў! Бо праз дзверы кубiкулюма ўгледзеў вялiгура Урсуса. На гэта гледзячы, чуе, ногi й галава ягоныя робяцца як лёд, сэрца млее ў грудзях, а за скураю бегае рой мурашак... Праз момант не мог слова вымавiць, пачакаўшы, аднак, выенчыў, звонячы зубамi:

- Сыра! Няма мяне... не ведаю таго... добрага чалавека...

- Я сказала яму, што ты дома, спадару, што спiш,- патлумачыла дзяўчына,- а ён прасiў цябе збудзiць...

- О, богi!.. Бадай цябе!..

А Урсус, як бы не могучы чакаць, падыйшоў да дзвярэй кубiкулюма i, нагнуўшыся, усадзiў усярэдзiну голаў.

- Хiлон Хiланiд! - адазваўся.- Рах tecum! Рах, рах! [6] - адказвае Хiлон.- О, найлепшы мой хрысцiянiне! Так, я Хiлон, але гэта абмылка... Не ведаю цябе!

- Хiлон Хiланiдзе! - паўтарыў Урсус.- Твой спадар, Вiнiць, клiча цябе, каб iшоў да яго разам са мною.

ХХIII

Вiнiцiя разбудзiў дакучны боль. У першай хвiлiне не мог зразумець, дзе ён ды што з iм дзеецца. У галаве шум, уваччу туман. Паволi, аднак, вярталася прытомнасць, i ўрэшце праз той туман бачыць над сабою трое людзей. Двух пазнаў: Урсуса i таго старца, якога павалiў, выносячы Лiгiю. Трэцi, незнаёмы, трымаў ягоную левую руку i, абмацваючы яе ўздоўж локця аж да плечука, выклiкаў такi страшны боль, што Вiнiцiю здалося, быццам робяць над iм якую мсту, дык выцадзiў праз зацiснутыя зубы:

- Даб'еце мяне? А яны не звярталi на гэта ўвагi, так, як бы не чулi цi не ўважалi за незвычайнасць. Урсус з сваёй барбарскай заклапочанай мiнай трымаў жмут стужак з белых падзёртых хусцiн, а стары гаварыў незнаёмаму:

- Цi ты, Глаўк, пэўны, што гэная рана ў галаве ня ёсць смяротнай?

- О так, дастойны Крыспе,- супакойваў Глаўк.- Служачы ў нявольнiках на мараплаўстве ды жывучы ў Неапалi, прыходзiлася мне аглядаць шмат ран, за тую працу ўдалося мне якраз i выкупiцца з сям'ёю. Не, рана ў галаве лёгкая. Як ён, вiдаць,- тут паказаў на Урсуса,- адбiраў дзяўчыну i пiхануў гэтага на мур, дык ён, падаючы, засланiўся рукою, каторую вывiхнуў i зламаў, але праз тое ўсцярог голаў - i жыццё.

- Не адным з братоў ты ўжо апекаваўся,- адказаў Крысп,- i слывеш як добры лекар... Таму ж i паслаў я Урсуса па цябе.

- Каторы ў дарозе прызнаўся мне, што ўчора йшчэ манiўся мяне забiць.

- Але перш гэты намер выявiў мне; а я, ведаючы цябе й тваю вернасць да Хрыста, выталкаваў яму, што не ты здраднiк, але той незнаёмец, якi да забойства яго падбухторваў.

- Гэна быў нячысты дух, але мне здалося, што анёл,- апраўдваўся, уздыхаючы, Урсус.

- Другiм разам раскажаш мне аб гэтым,- перарваў Глаўк,- а цяпер мусiмы думаць аб раненым.

Гэта сказаўшы, пачаў настаўляць плячо Вiнiцiю, якi раз-пораз млеў з болю, не дапамагала й Крыспава ахалоджванне вадою галавы. Але можа й лепш было, што млеў, бо хоць тады не чуў настаўляння нагi ды перавязкi зламанае рукi, якую Глаўк управiў у дзве жалабкаватыя дошчачкi, хутка й моцна абвязаўшы, каб знерухомiць. Па дакананай аперацыi апрытомеў зноў i ўбачыў над сабою Лiгiю. Стаяла тут жа пры ягоным ложку, трымаючы перад сабою медзяное вядзерца з вадою, у якой Глаўк час ад часу мачаў губку й змываў яму голаў. Вiнiць глядзеў i вачам не верыў. Яму здавалася, гэта сон або гарачка марочыць, ставячы перад iм гэную мiлую здань, i аж пасля доўгае хвiлiны здолеў вышаптаць:

- Лiгiя...

Ад голасу ягонага задрыжала вядзерца ў руках, i звярнулiся да яго сумныя вочы.

- Рах табе! - адказала цiха.

I стаяла з выцягнутымi перад сабою рукамi, поўная лiтасцi i жалю. Ён жа паглядаў на яе, моў жадаў напоўнiць ёю вочы так, каб, як заплюшчыць, воблiк ейны стаяў яму над павекамi. Прыглядаўся на ейны твар, бялейшы i блажэйшы, чым даўней, на лёкi цёмных валасоў, на ўбогую вопратку работнiцы; глядзеў так упорыста, што аж ад сiлы ягоных вачэй пачало ружавець ейнае снежнае чало - i перш-наперш падумаў, што ён жа кахае яе, а па-другое, што гэную нiкчомнасць ды ўбогасць ён спрычынiў, бо ён выплашыў яе з дому, дзе плывала яна ў дастатках i выгодзе, i ўправiў у гэтую мiзэрную хату ды апрануў у гэтую вось нэндзную вопратку з цёмнае воўны.

I так хацеў яе ўхарашыць у найдаражэйшыя залатыя каштоўнасцi, што апанавала iм здумленне, трывога, лiтасць i жаль так магутны, што - здэцца - кiнуўся б ёй да ног, каб мог крануцца з мейсца.

- Лiгiя,- кажа,- ты не дазволiла забiць мяне...

А яна салодка адказвае:

- Хай Бог дасць табе здароўе.

Для Вiнiцiя, сведамага даўнейшых i апошняй крыўд, што манiўся зрабiць ёй, словы гэныя былi сапраўдным бальзамам. Забыўся ў гэнай хвiлiне, што ейнымi вуснамi можа гаварыць хрысцiянская навука, а чуў толькi, быццам гаворыць каханая жынчына, у адказе якое ёсць нейкая асабiстая песлiвасць ды надлюдская дабрыня, да глыбiнi яго праймаючая. Як упярод аслаб ад болю, так цяпер аслаб з расчулення. Авалодала iм нейкая немач, адначасна i магутная i салодкая. Меў такое ўражанне, як бы ляцеў недзе ў процьму, але пры тым адчуваў, што яму добра, што ён - шчаслiвы. У моманце тае салодкае немачы думаў таксама - стаiць над iм боства.

Тым часам Глаўк скончыў прамываць рану ў ягонай галаве i прылажыў да яе гаючую масць. Урсус забраў з рук Лiгii мяднiк, а яна, узяўшы са стала чарку з вадою i вiном, прыставiла яму да вуснаў. Вiнiць выпiў прагавiта й пачуў льгу. Пасля перавязкi боль супакоiўся. Раны пачалi тужэць. Вярнулася прытомнасць.

- Дай мне яшчэ,- просiць,- напiцца.

Лiгiя пайшла ў бакоўку; зблiжаецца да яго пасля кароткае гутаркi з Глаўкам Крысп i кажа:

- Вiнiць, Бог не дазволiў табе выканаць благi намер, але дараваў табе жыццё, бо ты апамятаўся. Той, перад каторым чалавек ёсць пылiнкай, аддаў цябе безабароннага ў нашыя рукi, але Хрыстус, у якога мы верым, загадвае нам мiлаваць нат непрыяцеляў. Дык агледзелi мы табе раны i, як казала Лiгiя, малiцiмемся, каб Бог вярнуў табе здароўе, але даўжэй цябе даглядаць не можам. Дык заставайся з Богам i падумай сам, цi гадзiцца табе далей пераследваць Лiгiю, якую пазбавiў апякуноў, дому,- i нас, што за зло дабром табе адплацiлi?

- Хочаце пакiнуць мяне? - спытаў Вiнiць.

- Хочам выйсцi з гэтага дому, у якiм можа дасягнуць нас рука прэфекта.

Твой спадручнiк забiты, а ты, спадару, мiж сваiмi ляжыш ранены. Не з нашае вiны гэта сталася, але на каго ж, як не на нас, спадзе помста права...

- Пераследу не бойцеся,- заручыў Вiнiць.- Я вас засланю.

Крысп не хацеў далей талкаваць, што не толькi пра палiцыю тут расходзiцца, але й Лiгiю хочуць забяспечыць ад яго.

- Спадару,- кажа,- правая рука твая здаровая, дык вазьмi ось таблiчкi i стыль ды напiшы слугам сваiм, каб прыйшлi па цябе ўвечар з лектыкай ды аднеслi дадому, там табе будзе выгадней, як тут у нашай беднаце. Мы тут кватаруем у беднай удавы, яна зараз прыйдзе з сваiм сынам, i тое хлапчанё аднясе твой лiст, бо ўсе мусiмы шукаць iншага прытулiшча.

Вiнiць збялеў, бо сцямiў, што хочуць яго разлучыць з Лiгiяй, i як зноў страцiць яе, дык нiколi ў жыццi можа не аглядаць... Уяўляў сабе, праўда, што памiж iм i ёю ляглi вялiкiя перапоны, таму, каб асягнуць яе, трэ шукаць нейкiх новых дарог, аб якiх не меў калi яшчэ думаць. Разумеў таксама, што словам ягоным, хоць бы прысягнуў аддаць Лiгiю назад Пампонii Грэцыне, маюць права не верыць дый не павераць. Бо мог даўно ўжо зрабiць гэта; мог замест тропiць Лiгiю пайсцi да Пампонii i прысягнуць ёй, што выракаецца посцiгу, хай сама, калi хоча, шукае дзяўчыны. Не, нiякiя запэўнiваннi не здолеюць iх затрымаць, нiякая прысяга не будзе прынята, тым больш, што i прысягаць не было на каго, бо багоў паганскiх, у якiх ён i сам не верыў, уважалi яны за нячыстыя сiлы.

Аднак моцна жадаў прыхiлiць i Лiгiю i тых ейных апякуноў якiм толькi ўдасца спосабам, але на гэта патрабаваў часу. Ну хоць бы дзянькоў пару яшчэ так соладка паглядзець на яе. Як тапельцу адламак дошкi цi хоць бы якая шчэпка выдаецца ратункам, так i яму выдавалася, што праз гэных пару дзён здалее мо што ёй вымавiць такое, што б яго да яе зблiжыла, нешта можа абдумае, нешта памыснае здарыцца.

Дык, сабраўшы думкi, кажа:

- Паслухайце мяне, хрысцiяне. Учора быў я разам з вамi ў Острыянуме i слухаў вашу навуку, але хоць бы й не ведаў яе, учынкi вашыя пераканалi мяне, што вы людзi сумленныя й добрыя. Скажэце той удаве, што займае гэты дом, хай застаецца ў iм, вы заставайцеся таксама, i мне дазвольце застацца. Хай гэты чалавек,- тут кiнуў вокам на Глаўка,- лекар, якi знаецца на перавязках ран, скажа, цi можна мяне сяння пераносiць. Я ж хворы, маю зламаную руку, яе хоць праз пару дзён не можна варушыць; i таму кажу вам, нiкуды не крануся згэтуль, хiба выцягнеце мяне сiлком.

Тут зарвала яму, бо ў разбiтых ягоных грудзях не хапiла духу, а Крысп сказаў:

- Нiхто, спадару, над табою не рабiцiме гвалту, мы толькi вынесем адгэтуль нашы галовы.

На гэта непрызвычаены да пярэчанняў юнак нахмурыў бровы i сказаў:

- Дай мне зяхнуць.

Цераз момант пачаў гаварыць далей:

- Пра Кратона, якога задушыў Урсус, нiхто не пытацiме: меўся ён ехаць сяння ў Бэнэвэнт, куды выклiкаў яго Ватынiй, дык усе думацiмуць, што выехаў. Як уваходзiлi мы з Кратонам у гэты дом, нiхто нас не бачыў, апрача аднаго грэка, якi быў з намi ў Острыянуме. Скажу вам, дзе жыве, паклiчаце яго - я загадаю яму маўчаць, бо гэта чалавек мною наняты. Да дому майго напiшу пiсульку, што я таксама выехаў у Бэнэвэнт. Калi б грэк данёс ужо прэфекту аб здарэннi, расталкую яму, што я сам забiў Кратона, i што менавiта ён зламаў мне руку. Так зраблю, бажуся айцом i мацi роднаю! Дык можаце тутака заставацца, волас нiкому з галавы не спадзе. Паклiчце хутка грэка, якi завецца Хiлон Хiланiд.

- Застанецца, спадару, пры табе Глаўк,- кажа станоўча Крысп,- i разам з удавой апякавацiмуцца табою.

Вiнiць насупiў бровы яшчэ мацней.

- Слухай, стары чалавеча. Я табе ўдзячны, i выглядаеш на сумленнага й добрага чалавека; чаму не кажаш мне, што на дне душы тоiш? Ты баiшся, каб я не паклiкаў маiх нявольнiкаў ды не забраў Лiгii? Цi ж не так?

- Так! - адказаў суровы Крысп.

- Дык уцям жа: з Хiлонам гаварыцiму пры вас i пры вас напiшу вестку дадому аб маiм выездзе,- i што iншых пасланцоў, як вы, пасля не мецiму...

Раздумай гэта й не дражнi мяне больш.

Тут узбурыўся, зморшчыўся ад гневу i з гарачкай талкаваў далей:

- Няўжо табе здавалася - я не прызнаюся, што хочу тут застацца, каб бачыць яе?.. Дурань бы адгадаў, хоць бы я не сазнаўся. Але сiламоц не буду яе болей здабываць... А табе скажу нешта iншае. Калi яна тут не застанецца, дык гэтаю вось здароваю рукою пазрываю бандажы, не вазьму ў рот нi вады, нi ежы, i хай смерць мая спадзе на цябе й на тваю браць. Нашто было мяне ратаваць? Чаму не затоўк мяне?

Аж пабялеў з гневу й аслаблення. Лiгiя, чуючы гэта з бакоўкi i будучы пэўнай, што ён гатовы гэта зрабiць, спалохалася. Не жадала нi за што ягонай смерцi. Безабаронны ранены выклiкаў толькi лiтасцi яе пра ахвяры, пасвяту й мiласэрнасць без межаў, сама ўпаiлася тым новым духам да таго, што забылася й аб доме, i аб бацькох, i аб згубленым шчасцi, зрабiлася з яе адна з такiх маладых хрысцiянак, якiя пазней змянiлi старую душу свету. Вiнiць так ужо ўрэзаўся ў ейную долю, так накiнуўся, што нельга ўжо было пра яго забыць. Думала пра яго цэлымi днямi й не раз малiла Бога, каб спаслаў такую хвiлiну, у якой, iдучы за подыхам навукi, магла б яму выплацiцца дабром за зло, мiласэрнасцю за пераслед, зламаць яго, здабыць для Хрыста, збавiць. I цяпер вось, здавалася ёй, такая хвiлiна прыйшла, малiтвы, знача, Бог выслухаў.

Падыйшла да Крыспа з аблiччам як бы натхнёным ды пачала гаварыць так, як бы праз яе гаварыў нейкi iншы голас:

- Крысп, хай ён застаецца мiж намi, i мы застанемся з iм, пакуль Хрыстус яго не аздаровiць.

Стары прэзбiтэр, прывыклы бачыць ува ўсiм волю Божую, бачачы ейную экзальтацыю, падумаў зараз, а можа, гаворыць праз яе моц вышэйшая, i, затрывожыўшыся ў сэрцы, схiлiў свой голаў.

- Хай так станецца, як кажаш,- прыцвярдзiў.

На Вiнiцiя, якi праз увесь час не спушчаў з яе вачэй, гэная борздая паслухмянасць Крыспа зрабiла дзiўнае й моцнае ўражанне. Здалося яму, што Лiгiя ёсць мiж хрысцiянамi нейкаю Сыбiлаю цi капланкаю ў арэоле сумлення й паважання. I мiмахоць сам праняўся тою сумленнасцю. Да адчуванага кахання дамяшалася цяперака як бы нейкая трывожлiвасць, пры якой само каханне выглядала на зухвальства. Не мог пры тым асвойтацца з думкай, што адносiны мiж iмi змянiлiся, што цяпер не яна ад яго, але ён ад яе залежны, ляжыць вось хворы, зламаны, што перастаў быць напаснiкам, здабыўцам, i што стаўся моў безабароннае дзiця на ейнай апецы. Для ягонай гордай удачы i самаволi такiя адносiны павiнны былi быць панiжаючымi, аднак у гэным выпадку не толькi не адчуваў панiжэння, але быў ёй удзячны, як мацi. Былi гэта пачуццi ў iм нечуваныя, яны перад нядаўнiм часам не памесцiлiся б яму ў галаве, сумiлi б яны й цяпер яго, каб мог ясна парахункавацца з iмi. Ды ён i не пытаў сябе, чаму гэта так ёсць, быццам гэта была рэч натуральная, цешыўся толькi, што застаецца.

I манiўся ёй дзякаваць - з глыбокай пяшчотай ды йшчэ з нейкiм пачуццём, так далёка яму няведамым, што й не мог вымыслiць, як яго назваць, бо гэта была папросту пакора. Але нядаўняе ўзбурэнне змучыла яго так, што не мог гаварыць, i дзякаваў ёй толькi вачыма, у якiх гарэла радасць, што застаецца пры ёй, што магчыме ёю любавацца ўзаўтра i пазаўтра, можа й доўга. Радасць тую муцiла толькi трывога, каб не страцiць таго, што здабыў, так вялiкая, што, калi Лiгiя падала яму зноў вады i калi хапiла яго пры тым ахвота ўзяць яе за руку, баяўся гэтага зрабiць, баяўся - ён, той самы Вiнiць, якi на банкеце ў цэзара цалаваў сiламоц ейныя вусны, а пасля ейных уцёкаў бажыўся, што за валасы цягацiме яе ў кубiкулюм або загадае высцябаць.

ХХIV

Але пачаў таксама трывожыцца, каб якая няпрошаная дапамога звонку не знiшчыла яму радасцi. Хiлон мог паведамiць прэфекта гораду аб ягонай загубе або вызвольнiкаў дому, дык iнтэрвенцыя вiгiлаў была магчымай. Праз голаў, праўда, прабегла яму думка, што ў такiм выпадку мог бы загадаць схапiць Лiгiю й замкнуць у сваiм доме, але пачуваў, што рабiць ён гэтага не павiнен - дый не здолее. Быў ён чалавекам самавольным, адчайным i даволi папсаваным, а пад прычыну й закатным, але аднак жа не быў нi Тыгэлiнам, нi Нэронам. Ваяцкае жыццё выгадавала ў iм пэўнае пачуццё справядлiвасцi, веры й столькi сумлення, каб зразумець, што такi ўчынак быў бы страшэнна подлым. Быў бы, можа, здольным пусцiцца на яго ў нападзе злосцi пры поўным здароўi, але ў гэнай хвiлiне быў расчулены й хворы, дык расходзiлася яму толькi пра тое, каб нiхто не стаў памiж iм i Лiгiяй.

Сцямiў таксама надзiва, што ад тае хвiлiны, калi выказалася Лiгiя па ягоным баку, анi яна сама, анi Крысп не жадаюць ад яго нiякiх запэўнiванняў, так, як бы былi перакананыя, што пры благой нагодзе абаронiць iх нейкая надпрыродная моц. Вiнiць, у галаве якога пасля выслухання навукi Апостала ў Острыянуме пачала блытацца й зацiрацца рознiца мiж рэчамi магчымымi й немагчымымi, не быў таксама далёка ад думкi, што так быць магло б. Аднак жа, дзякуючы цверазейшай думцы, сам прыгадаў iм гутарку пра грэка ды зноў зажадаў, каб прывялi яму Хiлона.

Крысп згадзiўся на гэта, i пастанавiлi выслаць Урсуса. Вiнiць добра ведаў ужо Хiлона й ягоную зыгзакаватасць, дык дакладна расталкаваў лiгу, як да яго дабрацца й злавiць, i, напiсаўшы некалькi слоў на таблiчцы, звярнуўся да Крыспа:

- Даю таблiчкi, Хiлон бо чалавек аглядны й хiтры, якi часта, мною паклiканы, загадваў адказваць маiм людзям, што няма яго дома, рабiў гэта злашча тагды, калi не меў для мяне добрых навiн i баяўся майго гневу.

- Абы яго толькi я знайшоў, дык прывяду, цi хацецiме, цi не,- запэўнiваў Урсус.

Пасля чаго, узяўшы накiдку, борзда выйшаў. Знайсцi яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такiх выпадках дапамагаў iнстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканнi Хiлона.

Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькi раз у жыццi, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, якi набухторваў яго забiць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былi адной асобай. Хiлон таксама, скемiўшы, што Урсус глядзiць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысцiяне не забiлi Вiнiцiя, мабыць, дзеля таго, што не асмелiлiся падняць рукi на паважаную асобу.

- Гэта знача й мяне Вiнiць заслонiць у патрэбе,- падумаў,- бо ж не выклiкае мяне на тое, каб забiць.

Дык, каўтнуўшы крыху духу, спытаў:

- Мiлы чалавеча, цi не прыслаў часам мой прыяцель Вiнiць па мяне лектыку?.. Ногi бо вось мае папухлi, не магу далёка йсцi.

- Не,- адказаў Урсус,- пойдзем пехатою.

- А як не пайду?

- Не рабi гэтага, бо мусiш iсцi.

- I пайду, але з уласнае ахвоты. Нiхто мяне не прымусiць, бо я чалавек вольны й прыяцель прэфекта. Як мудрэц, маю раду й на гвалт - бо ўмею ператвараць людзей у дрэвы й звяроў. Але пайду, пайду! Апрану толькi накiдку крыху цяплейшую й каптур, каб не пазналi мяне, бач, нявольнiкi таго кварталу, iнакш бо затрымоўвалi б нас бесперастанку, каб цалаваць мне ў руку. Сказаўшы гэта, уздзеў iншую хламiду, на голаў напусцiў вялiкi каптур, каб Урсус не прыпомнiў, бач, сабе ягонага выгляду, як выйдуць на святло.

- Куды ж мяне вядзеш?..- спытаў у дарозе Урсуса.

- На Затыбра.

- Я нядаўна ў Рыме й нiколi там не быў, але й там, думаю, жывуць дастойныя людзi.

Але наiўны Урсус, якi нядаўна чуў ад Вiнiцiя, што грэк быў з iм на магiльнiку ў Острыянуме, дый бачыў, як уваходзiў з Кратонам у дом Лiгii, затрымаўся на момант i кажа:

- Не махлюй, стары чалавеча, ты ж сяння быў з Вiнiцiем у Острыянуме ды пад нашаю брамай.

- Ах! - спахапiўся Хiлон.- Дык гэта ваш дом стаiць на Затыбры? Я нядаўна, бач, у Рыме, дык i не ведаю добра, як завуцца розныя кварталы. Так, мiлы дружа! Быў я пад вашаю брамаю i заклiнаў у iмя гонару Вiнiцiя, каб не ўваходзiў. Быў i ў Острыянуме, а ведаеш чаго? Жадаю навярнуць

Вiнiцiя, дык хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага Апостала. Асвець Божа ягоную й тваю душу! Ты ж, здэцца, хрысцiянiн i хiба ж прагнеш, каб праўда запанавала над зямлёю?

- Так,- адказаў пакорна Урсус.

Хiлон з'адважнеў.

- Вiнiць вяльможны пан,- талкуе,- ды прыяцель цэзара. Часта ён яшчэ настаўляе вушы на падшэпты злога духа, але хай толькi ўпадзе волас з ягонай галавы, цэзар помсту згонiць на ўсiх хрысцiянах.

- Нас сцеражэ большая моц.

- Праўда! Праўда! Але што ж манiцеся рабiць з Вiнiцiем? - спытаў з новаю трывогаю Хiлон.

- Не ведаю. Хрыстус наказвае мiласэрнасць.

- Во, добра сказаў. Памятай аб гэтым заўсёды, бо йнакш будзеш сквярцiся ў пекле, як вантрабянка на патэльнi.

Урсус бедны ўздыхнуў, а Хiлон думае сабе: з гэным страшэнным чалавечынай можна заўсёды зрабiць штохаця.

Дык, хочучы даведацца, як адбывалася тое няўдалае адбiранне Лiгii, пытаў далей важным судзейскiм голасам:

- Што зрабiлi з Кратонам? Кажы, не круцi.

Урсус iзноў уздыхнуў.

- Вiнiць скажа.

- Гэта знача ўсунуў яму нажа або калом абязвечыў?

- Я быў з голымi рукамi.

Грэк, аднак, не мог устрымацца ад подзiву надлюдскае сiлы барбара.

- Бадай цябе Плутон!.. Гэта значыць, хацеў сказаць: даруй табе Божа!

Iшлi моўчкi, пасля Хiлон кажа:

- Не я цябе здраджу, але сцеражыся вiгiлаў.

- Я баюся Хрыста, не вiгiлаў.

- I тое праўда. Няма цяжэйшае вiны над забойства. Буду за цябе малiцца, але не ведаю, цi нат i мая малiтва што дапаможа - хiба ж рабiў прысягу, што нiколi нiкога ў жыццi не кранеш пальцам.

- Я i так не забiваў з розмыслам i самахоць,- тлумачыцца Урсус.

Хiлон аднак, хочучы на ўсялякi выпадак забяспечыцца, не пераставаў далей абрыджаць Урсусу забойства ды заахвочваць яго да прысягi. Выпытваў таксама й пра Вiнiцiя, але лiг адказваў на ягоныя пытаннi неахвотна, адмахваючыся, што ад самога Вiнiцiя даведаецца ўсё, што трэба. Гутарачы так, прабрылi ўрэшце далёкую дарогу, што дзялiла кватэру грэка ад Затыбра, i апынулiся перад домам. Зноў устрывожылася сэрца Хiлона. Ад страху выдавалася яму, што Урсус лыпае на яго нейкiм людаедскiм вокам. «Малая мне з таго пацеха,- думаў сабе,- што заб'е мяне нехаця, лепей бы, каб хапiў яго самога паралiч, а разам з iм усiх лiгаў, што дай, Зэўсе, калi патрапiш!» Так размысляючы, штораз больш затульваўся ў сваю галiйскую гонку, нiбыта, бач, ад холаду. Урэшце, як толькi, прайшоўшы праз сенi й першы надворак, апынулiся ў калiдоры, што выходзiў у агародзец дамку, нагла затрымаўся й кажа:

- Дай мне адсапцiся, бо не магчыму гаварыць з Вiнiцiем i ўдзяляць яму мудрых радаў.

Вымавiўшы гэта, затрымаўся, бо хоць угаворваў сябе, што нiякая небяспека яму не пагражае, аднакава ж на ўспамiн, што знайдзецца сярод гэтых таемных людзей, якiх аглядаў у Острыянуме, ногi дрыжалi.

Тым часам з дамку данеслася пяянне.

- Што гэта? - спытаў.

- Кажаш, быццам хрысцiянiн, а не ведаеш пра наш звычай пасля кожнае яды вяльбiць Збаўцу пяяннем,- адказаў Урсус.- Мырыям з сынам мусi ўжо вярнулася, а можа, i Апостал ёсць з iмi, ён штодзень адведвае Крыспа.

- Вядзi мяне проста да Вiнiцiя.

- Вiнiць у той самай каморы, дзе i ўсе, бо адна толькi гэтая большая й ёсць, астатнiя самыя цёмныя кубiкулы, у якiх толькi спiмо. Хадзем ужо, там аддыхнеш.

Увайшлi. У хаце было цемнавата; быў хмарны зiмовы вечар, а агеньчыкi некалькiх газовачак не зусiм разганялi змрок. Вiнiць хутчэй здагадаўся, чым пазнаў закаптуранага Хiлона, а той, ззорыўшы ложа ў рагу хаты i на iм Вiнiцiя, рушыў, не гледзячы на нiкога, проста да яго - як бы ў перакананнi, быццам пры iм будзе яму беспячней.

- О домiне! Чаму ж не слухаў маiх радаў! - азваўся, згарнуўшы рукi.

- Маўчы,- адгукнуўся Вiнiць,- i слухай!

Глядзеў пiльна ў вочы Хiлону i гаварыў спавагу, дабiтна, моў жадаў, каб кожнае слова ягонае зразумеў як загад i раз назаўсёды затрымаў сабе ў памяцi.

- Кратон кiнуўся на мяне, каб замардаваць - разумееш! Дык я забiў яго, а гэныя вось людзi агледзелi мне раны, атрыманыя ў барацьбе з iм. Хiлон скемiў адразу, што калi Вiнiць так гаворыць, дык, мабыць, умовiўся з хрысцiянамi, а тады - знача - хоча, каб яму верыў. Здагадаўся пра гэта i з ягонай мiны, дык як бач, не аказаўшы нi сумнiву, нi здзiўлення, падняў вочы ўгару i адазваўся:

- Гэна быў iсны злыдзень, спадару! Цi ж я цябе не перасцерагаў, каб не давяраў яму? Усе мае дакоры адбiвалiся ад ягонай галавы, бы гарох ад сцяны. Ува ўсiм

Гадэсе няма для яго дастатковых пакутаў, бо хто не можа быць сумленным чалавекам, той станецца злыднем, а каму ж цяжэй стацца сумленным, як не злыдню? Гэта ж трэба: нападаць на свайго дабрадзея, чалавека. так вялiкадушнага!.. О, божанькi!..

Тут, аднак, спахапiўся, што нядаўна прыкiдваўся перад Урсусам за хрысцiянiна - i змоўк.

- Каб не «sica» [7], якую меў з сабою, ён забiў бы мяне.

- Багаслаўлю тую хвiлiну, у якую параiў я табе ўзяць хоць гэты нож.

Вiнiць ускiнуў на грэка пытальны пагляд i пачаў экзаменаваць:

- Што рабiў сяння?

- Як гэта? Цi ж я табе, спадару, яшчэ не казаў, што рабiў абеткi за тваё здароўе?

- I больш нiчога?

- I выбiраўся ось адведаць цябе, ажно ж прыходзiць той добры чалавечына й кажа, што клiчаш мяне.

- Вось таблiчка, пойдзеш з ёю да мяне дадому, знойдзеш майго вызвольнiка й аддасi яму. Напiсана тут, што я выехаў у Бэнэвэнт. Скажаш Дэмасу ад сябе, што гэта сталася сяння рана, было тэрмiновае пiсьмо ад Пятронiя. Тут паўтарыў з нацiскам:

- Выехаў у Бэнэвэнт - зразумеў?

- Выехаў, спадару, выехаў! Адыж рана развiтаў я цябе пры Порта Капэна [8], i ад часу твайго выезду агарнула мяне такая туга, што калi твая ласкавасць яе не ўтулiць, зажуруся насмерць, як небарака жонка Зэтоса [9] з жалю па Iтылю. Вiнiць, хоць хворы й звыклы да падступнае гнуткасцi грэка, не мог, аднак, устрымацца ад смеху. Да таго ж i рад быў, што Хiлон вомiг яго зразумеў, i пацяшае:

- Ну дапiшу, дапiшу ўжо, каб табе слёзы абцерлi. Дай святлiка. Хiлон, супакоены, устаў, ступiў некалькi сягняў у бок комiна, зняў адзiн з гаручых на прыморку святлiкоў.

I трэба ж - з галавы падчас гэнай паслугi асунуўся каптур, i бляск хлынуў проста яму ў твар. Глаўк тады, сарваўшыся з лавы ды падбегшы, тыц яму ў вочы.

- Не пазнаеш мяне, Цэфас? - пытае.

У ягоным голасе было штось так злавеснае, што па ўсiх прысутных прабегла дрыгата.

Хiлон мыкнуў светача i вомiг упусцiў яго на зямлю, па чым сагнуўся ў дугу й пачаў енчыць:

- Я не... я не!.. Злiтуйцеся!

Глаўк зварочваецца ў бок вячэраючых i крычыць:

- Во гэты чалавек прадаў i згубiў мяне з сям'ёю.

Ягоная гiсторыя была ведамай усiм хрысцiянам i Вiнiцiю, якi таму толькi не здагадаўся, кiм ёсць Глаўк, што, млеючы з болю падчас перавязкi, прозвiшча ягонае не дачуў. Але для Урсуса гэная кароткая хвiлiна разам з крыкам Глаўка была як бы блiскаўкай у цемры. Распазнаўшы Хiлона, адным скокам падбег да яго, схапiў за плечукi i, згiбаючы ўзад, загаманiў:

- Гэта ён мяне намаўляў, каб забiў Глаўка!

- Злiтуйцеся,- енчыў Хiлон,- аддам вам... Спадару,- звярнуўся да Вiнiцiя,- ратуй! На цябе я здаўся, заступiся за мяне... Тваё пiсьмо... занясу, спадару! Спадарыку!

Але Вiнiць менш за ўсiх праймаўся гэтым разам таму, што ўсе справы грэка былi яму ведамыя, а па-другое - сэрцу ягонаму лiтасць была нясвомай. - Закапайце яго,- кажа,- у агародзе, пiсьмо занясе хто iншы.- Хiлону паказалiся словы гэныя пяруновым прысудам. Косцi ягоныя трашчалi ў руках Урсуса, вочы з болю заплывалi слязьмi.

- У iмя Бога вашага! Зжальцеся,- крычаў,- я ж хрысцiянiн!.. Рах vоbiscum! Я хрысцiянiн, калi не верыце, ахрысцiце мяне яшчэ раз, яшчэ два!

Дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дайце слова сказаць! Зрабеце нявольнiкам... Не беце мяне! Пашкадуйце!

Ягоны голас ад болю штораз слабеў, аж вось за сталом падымаецца апостал Пётр; праз момант хiнаў сваёю белаю галавою, апускаючы яе на грудзi, вочы меў заплюшчаныя, але адкрыў iх i сярод агульнага маўчання прамовiў:

- А от сказаў нам Збаўца: «Калi б твой брат зграшыў супраць цябе, карай яго; калi каяцiмецца, даруй яму. А калi б сем разоў на дзень зграшыў супраць цябе i сем разоў каяўся, кажучы: шкада мне! - даруй яму!»

Настала яшчэ большая цiшыня.

Глаўк доўга стаяў, закрыўшы твар далонямi, урэшце адкрыў i кажа:

- Цэфас, хай Бог так даруе табе крыўду маю, як я табе ў iмя Хрыста адпушчаю.

I Урсус, пусцiўшы грэка, дадае таксама:

- Хай так будзе мiласцiвы Збаўца, як я табе адпушчаю. А той упаў на зямлю i, падпiраючыся рукамi, матляў галавой, бы звер у клетцы, разглядаючыся навокал ды чакаючы, адкуль прыйдзе смерць. Вачам i вушам яшчэ не верыў i не смеў спадзявацца прабачэння.

Але паволi ажывала прытомнасць, толькi ссiнелыя вусны дрыжалi йшчэ з пераляку. Апостал тым часам кажа:

- Iдзi з Богам!

Хiлон устаў, але гаварыць не мог. Мiмахоць падыйшоў да ложа Вiнiцiя, быццам спадзяваўся йшчэ ад яго ратунку, не меў мо часу падумаць, што той Вiнiць, забыўшы пра ягоныя паслугi, асудзiў яго, тады як тыя, супраць якiх служыў, даравалi яму. Думка гэная спазнiлася. Цяпер у вачах ягоных вiдаць было толькi здумленне й недавер. Хоць змеркаваў ужо, што яму дарована, жадаў, аднак, чым хутчэй вынесцi голаў ад гэтых таемных людзей, дабрыня якiх не менш яго страшыла, чым страшыла б суровасць. Марочылася яму, што калi даўжэй тут заставацiмецца, дык гатова йшчэ неспадзяванае здарыцца, дык, налягаючы на Вiнiцiя, наглiў:

- Давай, спадару, пiсьмо! Давай пiсьмо!

I, вырваўшы таблiчку з рук Вiнiцiевых, адбiў паклон адзiн хрысцiянам, другi хвораму i хiлком, паўз самую сцяну, вылецеў за дзверы.

У вагародчыку, як агарнула яго цемра, зноў падступiў страх, бо быў пэўны, што Урсус выбяжыць за iм ды заб'е сярод ночы. Даў бы драла з усiх сiл, ды, на жаль, ногi не слухалi, а цераз момант i зусiм папрутнелi, бо Урсус сапраўды стаяў пры iм.

Хiлон кiнуўся тварам на зямлю й пачаў скамлiць:

- Урбанка... У iмя Хрыста...

А той адзываецца:

- Не бойся. Апостал казаў мне вывесцi цябе за браму, каб не зблудзiў у цемры, а калi зняможаны, дык адвяду цябе дадому.

Хiлон падняў голаў.

- Што кажаш? Што?.. Не бiцiмеш мяне?

- Не, не заб'ю! А калi замоцна цябе хапiў i нарушыў косцi, дык выбачай.

- Дапамажы ўстаць,- скiглiў грэк.- Не заб'еш мяне? Га? Выведзi мяне на вулiцу, далей сам пайду.

Урсус падняў яго бы пярынку i паставiў на нагах, пасля правёў праз цёмны праход на другi надворак, з якога выходзiлася ў сенцы й на вулiцу. У калiдоры Хiлону зноў марочылася: «Прапаў я!», i аж толькi на вулiцы супакоiўся.

- Далей сам пайду.

- З Богам! Рах табе!

- I табе, i табе!.. Дай мне аддыхнуць.

I па адыходзе Урсуса адатхнуў цэлымi грудзьмi. Мацнуўся рукамi ля папругi й паяснiцы, як бы манiўся спраўдзiць, цi жыве, i рушыў борздым крокам наперад. Падыйшоўшы сягнёў колькiдзесят, затрымаўся i давай разважаць:

- Чаму яны, аднак, мяне не забiлi?

I памiма павучальнае гутаркi з Эўрыцыем аб хрысцiянскай навуцы, памiма iндагацыi Урбана над ракою ды ўсяго, што чуў у Острыянуме, не ўмеў знайсцi на гэтае пытанне адказу.

ХХV

Вiнiць таксама не мог сцямiць таго, што сталася, i на дне душы, бадай, не менш быў здзiўлены, чым Хiлон. Бо што з iм так абыйшлiся гэныя людзi, што, замест помсцiцца за напасць, лячылi руплiва ягоныя раны, то йшчэ льго было выталкаваць часткова навукаю вызнаванаю, часткова ўплывам Лiгii, а крыху i ягоным высокiм значэннем. Але ўчынак iхнi з Хiлонам перавышаў ягоныя паняццi аб людской здольнасцi прабачання. Мiмахоць лезла i яму ў голаў пытанне: чаму яны не забiлi грэка? Урсус бы ў агародзе яго закапаў або ноччу занёс у Тыбр, якi ў тых часах начнога цэзаравага буянства так часта выкiдаў ранiцамi трупы людзей, што нiхто нат не даследваў, адкуль бралiся. Па думцы Вiнiцiя, хрысцiяне не толькi маглi, але павiнны былi з свету звясцi Хiлона. Лiтасць, праўда, не зусiм ужо была нязнанай таму колу, да якога належаў малады патрыцый. Адыж Афiны збудавалi ёй алтар i праз доўгi час не дапушчалi ў горад гладыятарскiх бойняў. Здаралася, што i ў Рыме пакананыя даставалi ўласкаўленне, як, напрыклад, Калiкрат, брытанскi кароль, якога ўзяў у няволю Клаўдыюс i, шчодра абдарыўшы, пусцiў у горад на свабоду. Але помста за асабiстую крыўду выдавалася Вiнiцiю, так як i ўсiм, слушнаю i справядлiваю. Абняханне яе было не па душы яму. Чуў, праўда, i ён у Острыянуме, што трэ мiлаваць нат непрыяцеляў, уважаў, аднак, гэта за нежыццёвую тэорыю. Праходзiла яму таксама праз голаў, што мо не забiлi Хiлона таму толькi, што перашкаджала якаясь пара святаў цi якаясь квадра месяца, падчас якое хрысцiянам не выпадае рабiць забойства.Чуў ад людзей, што бываюць такiя тэрмiны, у якiх розным народам не можна нават вайны пачынаць. Але чаму тады не аддалi грэка ў рукi справядлiвасцi, чаму Апостал казаў, калi б хто сямiкротна правiнiўся, дык сямiкроць трэ яму й дараваць, ды чаму Глаўк сказаў Хiлону: «Хай табе так Бог даруе, як я табе адпушчаю»? Дык жа Хiлон зрабiў яму найчарнейшую крыўду, якую чалавек чалавеку можа зрабiць, i ў Вiнiцiя на ўспамiн аб тым, як бы ён, напрыклад, паступiў з такiм, хто б забiў Лiгiю, закiпела сэрца, бы кiпень: не было б такiх пакутаў, якiмi б не мсцiўся! А той дараваў! I Урсус адпусцiўся таксама, ён, што па сутнасцi мог бы забiць у Рыме каго б хацеў зусiм бяскарна, бо чаргова патрабаваў бы задушыць толькi Немарэнскага караля i заняць ягонае мейсца. Цi ж чалавека, якога не адолеў Кратон, перамог бы носьбiт гэтай годнасцi - гладыятар, да якога даходзiлася толькi праз пакананне папярэдняга «караля»? Адзiн быў толькi на гэтыя ўсе пытаннi адказ: яны няйначай не забiвалi праз нейкую добрасць так вялiкую, што падобнае не было дагэтуль на свеце, ды праз бязмежную мiласць да людзей, якая змушала забываць аб сабе, аб сваiх крыўдах, шчасцi й горы- i жыць для iншых. Якую заплату мелi тыя людзi за такую дабрыню, Вiнiць чуў у Острыянуме, але не месцiлася яму гэта ў галаве. Уяўляў, што жыццё гэтае зямное, поўнае абавязкаў ды рэзыгнацыi з усяго добрага й раскошнага на карысць iншых, быць мусiла б нудным. Гэныя думкi навеялi яму не толькi здзiўленне, але i лiтасць, i як бы пэўную пагарду. Здавалася яму, што гэта авечкi, якiя раней цi пазней мусяцiмуць быць з'едзеныя ваўкамi, а ягоная рымская ўдача не магла прызнаць тых, якiя дазваляюць сябе з'ядаць. Ударыла яго ўсё ж такi адна рэч, iменна: як выйшаў Хiлон, нейкая глыбокая радасць распрамяняла ўсiх. Апостал падыйшоў да Глаўка i, палажыўшы на галаве ягонай далонь, сказаў:

- Хрыстус у табе перамог!

А той падняў угару вочы, так даверлiвыя й поўныя радасцi, як бы аблiло яго вялiкае й неспадзяванае шчасце. Вiнiць, якi здольны быў бы зразумець толькi радасць з дакананае помсты, глядзеў на яго вытрашчанымi з гарачкi вачыма, маўляў на бязглузднiка. Бачыў не без нутранога абурэння, як пасля Лiгiя прылажыла свае губкi каралеўны да рукi таго чалавека, якi выглядаў на першы пагляд на нявольнiка, i здавалася яму, што лад гэтага свету пераварочваецца зусiм. Пасля вярнуўся Урсус i пачаў расказваць, як вывеў Хiлона на вулiцу ды як перапрасiў яго за крыўду; за гэта Апостал пабагаславiў i яго, а Крысп агалосiў, што гэта дзень вялiкае перамогi. Пачуўшы аб гэтай перамозе, Вiнiць зусiм згубiў толк.

I, як Лiгiя зноў давала яму напiцца, затрымаў на хвiлiну ейную руку i спытаў:

- Дык i ты мне даравала?

- Мы хрысцiяне, нам не можна насiць у сэрцы гневу.

- Лiгiя,- сказаў тады,- кiм бы нi быў твой Бог, сто валоў у ягоны гонар ахвярую для таго толькi, што Ён твой.

А яна паправiла яго:

- Аддасi яму гонар у сэрцы, калi яго палюбiш.

- Дзеля таго толькi, што Ён твой...- паўтарыў слабейшым голасам Вiнiць. I прымкнуў павекi, бо зноў апанавала яго аслабленне. Лiгiя адыйшлася, але праз момант вярнулася i, прыступiўшыся блiзка, нахiлiлася над iм, каб пераканацца, цi спiць. Вiнiць адчуў ейную блiзкасць i, расплюшчыўшы вочы, усмiхнуўся, а яна палажыла лягенька на iх руку, як бы манiлася схiлiць яго да сну. Тады агарнула яго большая раскоша, але адначасна пачуўся больш хворым. I так было сапраўды. Ноч ужо была ўпоўнi, а разам з ёю прыйшла й мацнейшая гарачка.

З гэнай прычыны не мог заснуць i вадзiў за Лiгiяю вачыма, дзе толькi яна павярнулася. Час ад часу западаў у нейкую немарасць, у каторай чуў i бачыў усё навокал, але мяшалася ў ёй рэчаiснасць з соннымi марамi. Мроiлася яму, напрыклад, быццам стаiць на нейкiм апусцелым магiльнiку святыня, бы вежа, якой Лiгiя ёсць святаркай. Ён не спушчаў з яе вачэй, бачыў яе з лютняю ў руцэ, усю ў святле, падобную да тых усходнiх святарак, што пяялi начны гiмн на славу месяца. Ён сам падымаўся з вялiкаю натугаю па крутых сходах, каб злавiць яе, за iм поўз Хiлон, звонячы зубамi сопалаху i дакараючы: «Не рабi гэтага, спадару, бо гэта святарка, за якую Ён помсцiцца...» Вiнiць не ведаў, хто быў той Ён, не разумеў, што йдзе рабiць святакрадства, дык страшэнна баяўся, але як дайшоў да балюстрады на шчыце вежы, пры Лiгii нагла з'явiўся Апостал срэбнабароды й сказаў: «Не падымай на яе рукi, бо яна мая». Як гэта сказаў, пайшлi разам з ёю месячным святазарным шляхам, бы дарогаю да неба, а ён пачаў прасiць, каб i яго ўзялi з сабою. Гэтта прачнуўся, ацверазеў i пачаў глядзець. Вогнiшча на высокiм чаране тлiлася слабей, але крыху яшчэ асвятляла прысутных, якiя сядзелi пры агнi, грэючыся, бо ноч была сядравая, а хата даволi халодная. Вiнiць бачыў, як зяхалi параю. Усярэдзiне сядзеў Апостал, пры каленях ягоных на нiзкiм услончыку Лiгiя, далей Глаўк, Мырыям, Крысп, а з краю - з аднаго боку Урсус, з другога Назарка, Мырыямiн сын, прыгожы падлетак з даўгiмi чорнымi валасамi, спадаючымi яму аж на плечы.

Лiгiя слухала, гледзячы на Апостала, дый усе былi нахiлены да яго, а ён нешта гаварыў. Вiнiць трывожна ўглядаўся. Прыйшло на думку, што ў гарачцы адчуваў праўду, што той стары прыбыш з далёкiх старон сапраўды забiрае яму Лiгiю i вядзе ў нязнаную дарогу. Быў пэўны, што старац талкуе аб iм, можа дараджвае, як яго з ёю разлучыць, бо здавалася Вiнiцiю непраўдападобнаю рэччу, каб хто ў гэнай хвiлiне аб чым iншым мог гаварыць, дык, натужыўшы ўсю прытомнасць, пачаў прыслухоўвацца гутарцы Пятра. Але абмылiўся, бо Апостал гаварыў зноў аб Хрысце.

- Яны толькi гэтым iмем жывуць! - падумаў сабе Вiнiць.

Стары муж расказваў аб пайманнi Хрыста:

- Прыйшла рота й Кайфашавы слугi, каб Яго спаймацi. Збаўца спытаў iх, каго шукаюць, адказалi: «Езуса Назарэнскага!» А як сказаў iм: «Я Езус!»пападалi на зямлю, не смеючы падняць на Яго рукi, i аж толькi пасля паўторнага пытання схапiлi Яго.

Тут Апостал перапынiўся i, выцягнуўшы да агню рукi, сказаў:

- Была сядравая ноч, як сяння, але закiпела ўва мне кроў, выхапiў я меч на абарону i адсек вуха слузе архiсвятара. I быў бы я баранiў яго больш, чым жыццё сваё, каб не суняў мяне:

«Улажы,- кажа,- меч твой у похву. Як жа чары, якую даў мне Айцец, не пiцiму?..» Тады спаймалi й звязалi Яго...

Гэта сказаўшы, закрыў далонямi твар i змоўк, хацеў, бач, перад далейшым апавяданнем паканаць натаўп успамiнаў. Урсус, не могучы вытрымаць, сарваўся, паправiў на прыпяку качаргою агонь, аж iскры сыпнулi залатым дажджом, i полымя стрэлiла жывей, па чым, сеўшы, адазваўся:

- Што было б ужо, тое было б - эх!..

Але нагла хапiўся за язык, бо Лiгiя паказала палец на вуснах. Соп толькi, бы кавалёў мех, вiдаць было буру ў ягонай душы, бо хоць заўсёды гатовы быў цалаваць стопы Апостала, адыж таго аднаго праступку ў душы не мог стравiць: ну хай бы хто так от пры iм падняў руку на Спаса, хай бы ён быў з iм тае ночы, ой паляцела б пер'е i з ваяроў, i з Кайфашавых паслушнiкаў! I аж слёзы накацiлiся на вачах i з жалю, i з душэўнае каламесiцы, бо з аднаго боку,- думае,- не толькi сам баранiў бы Збаўцу, але шчэ склiкаў бы лiгаў яму на помач, хватаў, малайцоў; а з другога - што, калi б гэта зрабiў, аказаў бы непаслухмянасць Збаўцы i перашкодзiў бы адкупленню свету. Таму не мог ад слёз паўстрымацца.

Па хвiлiне Пётр, адкрыўшы твар, пачаў расказваць далей, але Вiнiцiя зноў апанаваў гарачкавы вобмарак. Усё, што цяпер чуў, памяшалася яму з тым, што гаварыў Апостал папярэдняе ночы ў Острыянуме, як Хрыстус з'явiўся на беразе Тыбэрыйскага возера. Вось жа бачыў быццам шырока разлiтую вадзяную роўню, на ёй рыбацкую лодку, а ў лодцы Пятра й Лiгiю. Ён сам плыў за iмi з усiх сiл, але боль у зламанай руцэ перашкаджаў яму iх дасягнуць. Бура пачала бiць яму хваляю ў вочы, i пачаў тануць, клiчучы ратунку. Тады Лiгiя ўкленчыла перад Апосталам, а ён завярнуў лодку й выцягнуў да яго вясло, пры дапамозе якога выдабыўся ў лодку i ўпаў на ейнае дно. Пасля яму здалося, быццам, падняўшыся, бачыць многа людзей плывучых за лодкаю. Хвалi накрывалi пенаю iхнiя галовы; некаторых адно ўжо толькi рукi былi вiдаць з вады, але Пётр раз за разам ратаваў тонучых i забiраў iх у сваю лодку, якая пашыралася, большала, як бы цудам. Хутка напаўняла яе вялiкая талака людзей, падобная як у Острыянуме, а пасля яшчэ большая. Вiнiць дзiвiўся, як яна магла ў ёй стоўпiцца, i браў яго страх, што пойдуць на дно. Але Лiгiя супакойвала яго, паказваючы нейкае святло на далёкiм беразе, да каторага плылi. Тут Вiнiцiевы мары зноў памяшалiся з тым, што казаў Апостал у Острыянуме аб з'яве Хрыста над возерам. Цяпер ось выразна бачыў у тым узбярэжным святле нейкую постаць, да якое Пётр скiроўваў лодку. I чым болей да яе наблiжаўся, тым надвор'е рабiлася цiшэйшым, водная паверхня гладзейшай, а святло яснейшым. Грамада пачала пяяць мiлагучны гiмн, паветра залунала пахам нарду, вада йграла вясёлкаю, казаў бы з дна праглядалi ружы ды лiлеi, а ўрэшце лодка цiха носам шурхнула ў берагавы пясок. Тагды Лiгiя ўзяла яго за руку i прагаварыла: «Хадзi, завяду цябе!» I павяла яго ў яснагляд. ❇ Вiнiць зноў прачнуўся, але мары не адразу разыйшлiся, i не адразу прыйшло пачуццё рэальнасцi. Праз хвiлiну мроiлася яму яшчэ, што ён над возерам сярод натаўпу, дзе, сам не ведае чаму, шукае Пятронiя й дзiвiцца, што не можа яго знайсцi. Жывы водблiск ад камiнку, пры якiм нiкога ўжо не было, ацвярэзiў яго, аднак, зусiм. Алiўныя карчы лянiва тлiлiся пад ружовым прыскам, але затое шчэпы пiнii, няйначай свежападкiнутыя, стралялi ясным полымем, i ў гэтым бляску Вiнiць дагледзеў Лiгiю, сядзячую ля ложка. Прысутнасць ейная расчулiла яго да глыбiнi душы. То ж мiнулую ноч была ў Острыянуме, а цэлы дзень увiхалася каля перавязкi, i цяпер, бачыш, калi ўсе пайшлi спаць, яна адна не адступала ад ложа. Лёгка было здагадацца, што была зняможанай, бо сядзела без руху з заплюшчанымi вачыма. Вiнiць не ведаў, цi спiць, цi задумалася. Вывучаў ейны профiль, спушчаныя вейкi, рукi, зложаныя на каленях, i ў ягонай паганскай уяве з цяжкасцю пачало высноўвацца паняцце, што вобак нагае, самапэўнае й самагордае грэцкае й рымскае красы ёсць на свеце iншая, новая, беззаганна чыстая, у якой жыве душа.

Немагчыма яму было назваць яе хрысцiянскаю, думаючы, аднак, аб Лiгii, не мог яе ўявiць апрычона ад навукi, якую вызнавала. Разумеў нават, што калi ўсе iншыя паляглi спаць, а Лiгiя адна, яна, каторую крыўдзiў, сядзела над iм, дык менавiта таму, што гэтая навука так вучыць. Думка гэная, хоць праймаючая яго подзiвам да навукi, была, праўду сказаць, яму i прыкрай. Хацеў бы, каб Лiгiя рабiла гэта больш з любовi да яго, да ягонай урадлiвасцi, твару, вачэй, статнай фiгуры, адным словам - з тых усiх прычын, з якiх не раз абнiмалi яго снежныя ручанькi грэчанак i рымлянак.

Нагла, аднак, уявiў, што каб яна была такою, як iншыя жанчыны, дык яму б ужо чагось у ёй не хапала. Тады сумеўся i сам не ведаў, што з iм дзеецца, бо скемiў, што i ў iм родзяцца нейкiя новыя пачуццi ды новыя ўпадобы, нясвомыя свету, у якiм дагэтуль жыў.

Тым часам яна расплюшчыла вочы i, бачачы, што Вiнiць на яе глядзiць, зблiжылася да яго з словамi:

- Я пры табе.

А ён ёй:

- Бачыў я ў сне тваю душу.

ХХVI

Назаўтра прачнуўся аслабленым, але з галавою халоднаю i без гарачкi. Здавалася яму, быццам прабудзiў яго шэпт гутаркi, але як расплюшчыў вочы, нiкога не бачыў перад сабою, Лiгii не было пры iм, толькi Урсус, нагнуўшыся над камiнкам, разграбаў попел, шукаў жару i, знайшоўшы, пачаў раздзьмухваць яго так, як бы рабiў гэта не вуснамi, а кавалёвым мяхом. Вiнiць, прыпомнiўшы сабе, што чалавек гэны задавiў учора Кратона, з цiкавасцю цырковага смакуна прыглядаўся магутным плячам, моў цыклопавым, i падобным да калюмнаў сцёгнам.

- Дзякую Мэркураму, што не скруцiў карку,- падумаў у душы.- На Палукса! Калi ўсе лiгi да яго падобныя, дунайскiя легiёны мецiмуць з iмi калiсь цяжкую работу!

А ўголас адазваўся:

- Эй, нявольнiк!

Урсус выхiлiў голаў з комiна i, ухмыльнуўшыся прыязна, сказаў:

- Дай Бог добры дзень, спадару, ды добрае здароўечка, але я чалавеквольны, а ня ёсць нявольнiк.

Вiнiцiю, якi меў ахвоту распытаць Урсуса пра родны край лiгаў, словы гэныя зрабiлi пэўную прыемнасць, бо гутарка з чалавекам вольным, хоць бы i простым, больш дагаджала ягонай рымскай патрыцыянскай самагоднасцi, чым гутарка з нявольнiкам, якога анi права, анi звычай не прызнавалi за чалавека.

- Дык ты не Аўлюсаў? - спытаў.

- Не, спадару, я служу Калiне, як мацi ейнай служыў, але па сваёй ахвоце.

Ды зноў схаваў голаў у пелюсцi, каб падзьмухаць вуглi, да якiх падкiнуў дравец, пасля выхiлiўся й кажа:

- У нас няма нявольнiкаў.

Але Вiнiць спытаў:

- Дзе Лiгiя?

- Толькi што адыйшла, але я варыцiму табе снеданне, спадару. Сядзела над табою ўсю ноч.

- Чаму ж ты яе не выручыў?

- Калi ж сама хацела, мая справа слухаць.

Тут вочы ягоныя нахмурылiся, i праз момант дадаў:

- Каб яе не слухаў, дык ты, спадару, ужо не жыў бы.

- Няўжо каешся, што не забiў мяне?

- Не, спадару! Хрыстус забараняе забойства.

- А Атацын? А Кратон?

- Нельга было йнакш,- мармытнуў Урсус. I пачаў прыглядацца сваiм рукам як бы з жалем, бо яны, вiдаць, засталiся паганскiмi, хоць душа прыняла хрост. Потым паставiў на чаране гарнушак i, прыкулiўшыся перад комiнам, уставiў задуменныя вочы ў агонь.

- Гэта твая вiна, спадару,- кажа ўрэшце.- Нашто было падымаць руку на каралеўскую дачку?

У Вiнiцiю спершку закiпела годнасць, бо як прастак i барбар смее не толькi так звяртацца да яго, але йшчэ й дакараць яму. Да тых усiх апошнiх незвычайнасцяў i непраўдападобнасцяў маеш табе яшчэ й гэта. Але, будучы слабым i не маючы пад рукою сваiх нявольнiкаў, устрымаўся, бо ахвота выдабыць весткi з жыцця Лiгii перамагла.

Дык, супакоiўшыся, пачаў выпытваць пра вайну лiгаў з Ванiем i свэвамi. Урсус ахвотна расказваў, але мала больш ведаў аб гэтым, як Аўл Плаўт, ад якога ўжо пра гэную вайну Вiнiць чуў. Урсус не быў у бiтве, бо мусiў iсцi з закладнiцамi ў няволю Атэлiя Гiстэра. Ведаў толькi, што лiгi збiлi свэваў i языгаў, але ваявода, iхнi князь, быў забiты. Незабаўна пасля таго сэмноны падпалiлi iм лясы на гранiцы. Лiгi лётам вярнулiся, каб помсцiць крыўду, а закладнiцы засталiся ў Атэлiя, якi спачатку загадаў ганараваць iх як княгiнi. Пазней мацi Лiгii памерла. Рымскi ваявода не ведаў, што рабiць з ейнай дачкою. Урсус манiўся вяртацца з ёю на бацькаўшчыну, але баяўся ў дарозе дзiкiх звяроў i плямёнаў; таму, як толькi прыйшла вестка, што нейкае пасольства ёсць у Пампонiя, якое сулiць дапамогу супраць маркоманаў, Гiстэр адаслаў iх да Пампонii. Прыбыўшы да яго, даведалiся аднак, што нiякага пасольства не было, i такiм чынам дасталiся з Пампонiем у Рым, дзе пасля трыўмфальных цэрэмонiяў аддаў ён дзяўчынку Пампонii Грэцыне.

Вiнiць, хоць не было нiчога новага ў гэтым апавяданнi, слухаў з прыемнасцю, нязмерную бо ягоную гордасць пляменную гладзiла тое, што навочны сведак сцвярджаў каралеўскае паходжанне Лiгii. Як дачка князёўская, яна ж магла б у свеце цэзара заняць становiшча, роўнае дочкам найпершых родаў, тым больш, што народ ейны нiколi не ваяваў з Рымам, а хоць барбарскi, мог аказацца грозным, бо, як сведчыў Атэлiй Гiстэр, меў вялiкi лiк ваякоў. Урсус цалкам пацвярджаў тое сведчанне, на пытанне бо Вiнiцiева пра лiгаў адказаў:

- Мы седзiмо ў лясох, але зямлi ў нас столькi, што нiхто не ведае, дзе канец пушчы, i народу ў ёй шмат. Ёсць таксама i гарады драўляныя ў лясох, у якiх ёсць поўны дастатак, бо што сэмны, маркоманы, вандалы i квады нарабуюць па свеце, дык мы iм адбiраем. Яны не смеюць супраць нас выступаць, толькi як бываюць вятры, паляць нам лясы. I не баiмося нi iх, нi рымскага цэзара.

- Багi далi рымлянам верхаводства над усёй зямлёю,- адазваўся сурова Вiнiць.

- Багi - гэта нячыстыя сiлы,- адказаў сцiпла Урсус,- а дзе няма рымлян, там няма i верхаводства.

Тут паправiў агонь i гаварыў далей як бы да самога сябе:

- Як Калiну цэзар забраў i прыйшла мне думка, што можа там яе спаткаць крыўда, дык я хацеў iсцi далёка туды ў родныя пушчы i прывесцi лiгаў на дапамогу князёўне. I лiгi рушылi б да Дунаю, бо гэта народ добры, хоць паганскi. От! Занёс бы iм «Добрую Навiну». Але я i так, як Калiна вернецца да Пампонii, пакланюся ёй, каб дазволiла мне йсцi да iх, бо Хрыстус на свет нарадзiўся, а яны, небаракi, аб Iм нат не чулi... Ведаў Ён лепш за мяне, дзе нарадзiцца, але, каб у нас у пушчы прыйшоў на свет, напэўна б Яго не замучылi, толькi гадавалi б Дзiцятка i дбалi б, каб заўсёды меў дастатак i звярыны, i грыбоў, i бурштыну. А што адабралi б ад свэваў цi маркоманаў, тое аддалi б Яму.

Гэта гаворачы, прыставiў на агонь пасудзiну з полiўкаю для Вiнiцiя i замоўк. Ягоная думка блукалася, мабыць, праз нейкi час па лiгiйскiх пушчах, аж як пачало кiпець у гаршку, вылiў з яго страву ў мiску i, астудзiўшы, звярнуўся:

- Глаўк раiць, спадару, каб як найменш варушыў нават здароваю рукою, дык Калiна загадала мне кармiць цябе.

Лiгiя загадала! На гэта не было адказу. Вiнiцiю не прыйшло нат у голаў супрацiўляцца ейнай волi, бы дачцэ цэзара цi багiнi, дык не адказаў анi слова. Урсус, сеўшы ля ложка, пачаў чэрпаць полiўку з мiскi малым кубкам i падносiць яму да вуснаў. Рабiў гэта так рупясна, з такою добраю ўсмешкаю ў вачах, што Вiнiць i сам сабе не верыў, каб гэта мог быць той самы страшэнны тытан, якi ўчора, здушыўшы Кратона, кiнуўся на яго самога, як бура, i растармашыў бы яго, каб не лiтасць Лiгii. Маладому патрыцыю першы раз у жыццi прыйшла ў голаў думка, што можа дзеецца ў сэрцы прастака, слугi i барбара. Урсус аказаўся нянькаю вельмi нязручнаю. Кубак зусiм гiнуў у ягоных геркулесавых пальцах, так што нельга было Вiнiцiю да яго даткнуцца вуснамi. Пасля некалькiх няўдалых спробаў вялiгур надта заклапацiўся дый кажа:

- Эй, лягчэй зубра вывесцi з оступу...

Вiнiцiя рассмяшыла няўдача лiга, але больш зацiкавiла гадка пра зубра. Бачыў ён у цырках страшэнныя «уры», дастаўляныя з паўночных пушчаў, на якiх найадважнейшыя бестыярыi палявалi з трывогай i якiя адным сланам саступалi па велiчынi й моцы.

- Няўжо спрабаваў ты браць такiя бестыi за рогi? - спытаў з выглядам здзiўлення.

- Пакуль не мiнула мне дваццацi зiмаў, дык баяўся,- адказаў Урсус,але потым бывала!

I зачаў зноў кармiць Вiнiцiя яшчэ больш нязручна, як перад тым.

- Мушу папрасiць Мырыям або Назаркi,- сказаў.

Але на шчасце белая галованька Лiгii выхiлiлася з-за заслоны.

- Зараз дапамагу,- кажа.

I выйшла з кубiкулюма, дзе, вiдаць, рыхтавалася да сну, бо была апранута толькi ў абцiснутую тунiку, званую ў старадаўнасцi «капiтыюм», закрываючую шчыльна грудзi, i валасы мела распушчаныя. Вiнiцiй, у якiм жывей заскакала сэрца, пачаў ёй дакараць, што дагэтуль не спiць, а яна весела адказвае:

- Я хацела ўжо класцiся, але перш выручу Урсуса.

I, узяўшы кубак, села на краi ложка ды пачала кармiць Вiнiцiя, супакоранага адначасна й шчаслiвага, калi нахiлялася да яго, бiла на яго цяпло ейнага цела, i разгорненыя косынькi сплывалi яму на грудзi, аж ён збялеў ад уражання, але ў мутнi i парыве жады адчуваў адначасна, што гэта надусё яму даражэйшая i вяльбейшая галованька, перад якою ўвесь свет - нiчым. Даўней пажадаў яе, цяпер пачынаў кахаць поўнымi грудзьмi. Даўней як наагул у жыццi, так i ў пачуццях быў, як усе тагачасныя людзi, сляпым няўступным эгаiстам, якому толькi пра сябе расходзiлася, цяпер жа пачало яму расходзiцца i пра яе.

Па хвiлiне адмовiўся далей есцi i, хоць прысутнасць ейная ўпаяла яго раскошай, сказаў:

- Годзе, iдзi спаць, багiнька мая.

- Не называй мяне так,- адказала,- мне гэтага не гадзiцца слухаць.

I ўсмiхалася да яго, кажучы, што сон ад яе ўцёк, што не чуе знямогi, што не пойдзе спаць, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ён слухаў ейных слоў, бы музыкi, i сэрца набрыняла штораз большым расчуленнем, штораз большым захапленнем, штораз большаю ўдзячнасцю, а думка непакоiлася, як бы ёй тую ўдзячнасць аказаць.

- Лiгiйка,- адазваўся пасля кароткага маўчання,- я ўпярод цябе не ведаў. Але цяперака ведаю, што манiўся дайсцi да цябе блуднаю дарогаю, вось жа кажу табе: вярнiся да Пампонii Грэцыны i будзь пэўнай, што адцяпер нiхто на цябе рукi не падыме.

Твар ейны нагла пасмутнеў.

- Была б я шчаслiваю,- адказала,- каб хоць здалёк з ёю магла пабачыцца, але вярнуцца да яе ўжо не магу.

- Чаму? - спытаў здзiўлены Вiнiць.

- Мы, хрысцiяне, ведаем праз Актэ, што дзеецца на Палатыне. Няўжо ты не чуў: цэзар хутка пасля маiх уцёкаў, а перад выездам у Неапаль, заклiкаў Аўла i Пампонiю- i, думаючы, што яны мне дапамаглi, пагражаў iм гневам. На шчасце, Аўл мог яму адказаць: «Ведаеш, домiне, што нiколi лгарства не выходзiла з маiх вуснаў; вось жа клянуся перад табою, што мы ўцякаць ёй не дапамагалi i што так роўна, як ты, не ведаем, што з ёю сталася». I цэзар паверыў, а пасля забыўся - а я нiколi не пiсала, не прасiла радаў старэйшых, дзе я, каб яны заўсёды смела маглi прысягнуць, што нiчога пра мяне не ведаюць. Ты, можа, гэтага не зразумееш, Вiнiцiйка, але нам лгаць не можна, нат хоць бы расходзiлася нам пра абарону жыцця. Такая наша навука, да якой жадаем прынаравiць нашае сэрца. Дык не бачыла я Пампонii ад таго часу, калi развiталася з ейным домам, а да яе час ад часу даходзiла слабенькае рэха, што я жыву пад добрай апекай. Тут узмаглася ў ёй туга, бо на вачах з'явiлiся слёзы, але хутка супакоiлася i сказала:

- Ведаю, што i Пампонiя тужыць па мне, ды, аднак, маем пацехi, якiх не маюць iншыя.

- Так,- адказаў Вiнiць,- вашаю пацехай- Хрыстус, але я гэтага не цямлю.

- Глядзi на нас: няма для нас разлукi, няма болю й цярпенняў, а калi й прыйдуць, дык змяняюцца ў радасць. I смерць самая, якая для вас ёсць чорным канцом жыцця, для нас ёсць толькi пачаткам ягоным i пераменай горшага шчасця на лепшае, менш спакойнага на спакайнейшае i вечнае. Падумай, што гэта мусiць быць за навука, калi наказвае нам мiласэрнасць нат i адносна непрыяцеляў, забараняе махлярства, ачышчае нашы душы ад злосцi i абяцае па смерцi шчасце бязмежнае.

- Чуў я гэта ў Острыянуме i бачыў, як вы паступалi са мною ды з Хiлонам, i калi прыгадаў пра гэта, дык здаецца ўсё мне, што гэта сон, што нi вачам, нi вушам быццам не павiнен я верыць. Але ты мне адкажы на iншае пытанне: цi ты шчаслiвая?

- Так!- адказала Лiгiя.- Вызнаючы Хрыста, я не магу быць нешчаслiвай. Вiнiць глянуў на яе так, як бы тое, што казала, цалкам перавышала меру людскога толку.

- I не хацела б вярнуцца да Пампонii?

- Хацела б цэлаю душою i вярнуся, калi такая будзе Боская воля.

- Дык яшчэ раз кажу табе: вярнiся, а я прысягну табе на мае ляры, што не падыму на цябе рукi. Лiгiя задумалася на хвiлiну, пасля адказала:

- Не. Не магу маiх блiзкiх выстаўляць на небяспеку. Цэзар не любiць роду Плаўтаў. Калi б вярнулася - дык ты ж ведаеш, як праз нявольнiкаў разыходзiцца кожная вестка па ўсiм Рыме - дык i маё вяртанне сталася б ведамым у горадзе, i Нэрон даведаўся б аб iм ад сваiх нявольнiкаў напэўна. Тагды скараў бы Аўлаў або адабраў бы мяне зноў.

- Так,- пацвердзiў, хмурачы бровы, Вiнiць,- гэта магло б стацца. Зрабiў бы гэта хоць бы й дзеля таго толькi, каб паказаць, што ягоная воля мусiць быць заспакоена. Праўда, хiба толькi забыў пра цябе або не хацеў памятаць, думаючы, што не яму, але мне сталася крыўда. Але можа... забраўшы цябе ў Аўлаў... аддаў бы мне, а я аддаў бы цябе Пампонii.

На гэта ставiць яна наступнае сумнае пытанне:

- Вiнiць, цi ты хацеў бы зноў мяне бачыць на Палатыне?

Ён зацiснуў зубы й адказаў:

- Не. Праўду кажаш. Гаварыў, як дурны! Не!

I нагла ўбачыў перад сабою як бы бяздонне. Быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў чалавекам магутным, але над усiмi гэтага свету стаяў аднак жа шаленец, лiхiх прымхаў якога нiколi не можна было прадбачыць. Не аглядацца ды не баяцца яго маглi толькi такiя людзi, як хрысцiяне, для якiх цэлы гэты свет, ягоныя разлукi, цярпеннi ды смерць самая была нiчым. Усе iншыя мусiлi дрыжаць перад iм. Жудасць часiнаў, у якiх жылi, уявiлася Вiнiцiю ў цэлай сваёй агiдзе. Не мог ось аддаць Лiгii Аўлам з трывогi, каб злыдзень-агiднiк не прыпомнiў сабе яе ды не абярнуў на яе свайго гневу. З тае ж прычыны, каб за жонку ўзяў яе сабе, мог бы натравiць яго на яе, на сябе i на Аўлаў. Хвiлiны лютага гумару было даволi, каб згубiць. Вiнiць першы раз у жыццi ўявiў, што або свет мусiць перайначыцца, або жыццё станецца немагчымым. Зразумеў таксама тое, што ў такiх часiнах адны толькi хрысцiяне маглi быць шчаслiвымi.

Але перадусiм разабраў яго жаль, бо зразумеў тое, што ён сам так паблытаў жыццё i сабе i Лiгii, што з гэнае блытанiны нельга было выйсцi. I пад уражаннем таго жалю пачаў гаварыць:

- Цi ведаеш, што ты шчаслiвейшая за мяне? Ты ў беднаце i ў гэнай адной хаце сярод простых людзей маеш сваю навуку й свайго Хрыста, а я маю толькi цябе, i як ты аддалiлася, я быў як жабрак, што не мае нi хаты, нi хлеба. Ты даражэйшая мне за ўвесь свет. Я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Не хацеў нi банкетаў, нi сну. Каб не надзея, што цябе знайду, кiнуўся б на меч. Але баюся смерцi, бо не мог бы на цябе глядзець. Кажу табе шчырую праўду, што не здалею без цябе жыць i дагэтуль жыў я толькi надзеяй, што цябе знайду i ўгледжу. Цi памятаеш ты нашыя гутаркi ў Аўлаў? Раз накрэслiла ты мне на пяску рыбу, а я не цямiў, што гэта значыць. Памятаеш, як гулялi мы ў шпурляка? Ужо тады для мяне ты была мiлей, чым жыццё, дый ты пачынала здагадвацца, што кахаў цябе. Надыйшоў Аўл, настрашыў нас Лiбiтынай i перарваў нам гутарку. Пампонiя сказала Пятронiю пры развiтаннi, што Бог ёсць адзiн усёмагутны й мiласэрны, але нам i ў голаў не прыйшло, што вашым Богам ёсць Хрыстус. Хай Ён аддаець мне цябе, а палюблю Яго, хоць ён мне выдаецца Богам нявольнiкаў, чужынцаў i бяздольных. Ты сядзiш пры мне й думаеш толькi аб iм. Думай i пра мяне, бо iнакш зненавiджу Яго. Для мяне боствам толькi адна ты. Багаслаўлёны бацька твой i мацi, багаслаўлёная зямлiца, што зрадзiла цябе! От, абняў бы, здэцца, твае ногi й малiўся б да цябе, табе шанаванне аддаваў бы, табе ахвяры, табе паклоны - ты тройчы боская!!! Ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я кахаю цябе...

Так гаворачы, правёў рукою па збялелым твары i прымкнуў вочы. Натура ягоная не ведала перапоны нiколi як у гневе, гэтак i ў каханнi. Гаварыў з уздымам духа, як чалавек, якi перастаў ды не жадае аглядацца на меру нi ў словах, нi ў вялiчаннi. Гаварыў з глыбiнi душы й сэрца. Значна было, што боль, захапленне, жада i шанаванне, награмадзiўшыся ў ягоных грудзях, бухнулi ўрэшце непаўстрыманаю ракою слоў. Словы ягоныя выдавалiся Лiгii блюзнерствам, а аднак сэрца ейнае заскакала так моцна, як бы манiлася разарваць сцiскаючую грудзi тунiку. Не ў змозе была перамагчы лiтасць над ягонымi пакутамi. Расчуляла яе пашанота, з якою да яе звяртаўся. Пачувалася каханаю ды абажанаю бязмежна, чула, што гэты няўступлiвы ды небяспечны чалавек адданы цяпер ёй душой i целам, як нявольнiк, i гэнае пачуццё ягонай пакоры, а ўласнае магаты напоўнiла яе шчасцем.

Ажылi ў ёй успамiны ў адной хвiлiне. Гэта быў для яе зноў той раскошны й прыгожы, як бажок паганскi, Вiнiць, якi ў Аўлаў абяцаў ёй каханне й будзiў, бы ад сну, ейнае паўдзiцячае тады сэрца; той самы, якога цалункi чула яшчэ на вуснах i з абдымкаў якога вырваў яе на Палатыне Урсус, нiбыта з вогнiшча выхапiў. Але цяпер ён, гэткi мужны, захоплены, з болем на сваiм арлiным бледным твары, з размоленымi вачыма, паранены, зламаны каханнем, поўны абагаўляння й пакоры, выдаваўся ёй такiм, якiм жадала яго мець тагды i якога магла б у той час пакахаць усёю душою,- ён быў для яе даражэйшым, чым калi-небудзь дагэтуль.

I нараз сцямiла, што можа надыйсцi часiна, у якой ягонае каханне агорне й яе, бы вiхар, а пачуўшы гэта, перажывала такое самае ўражанне, якое перад хвiлiнай перажываў ён: менавiта, што стаiць над бяздоннаю пропасцю. Цi ж на гэта яна кiнула дом Аўлаў? Цi ж на тое ўцякала з банкету? Хавалася столькi часу па гарадскiх норах? Кiм быў той Вiнiцiй? Аўгустыянiн, рыцар i дваранiн Нэрона! Адыж удзельнiчаў у ягоным распусным буянстве й шаленстве, сведчыць аб гэтым той банкет, аб якiм Лiгiя не магла забыцца; адыж учашчаў з iншымi да святыняў i складаў ахвяры нячыстым багом, якiм мо й не верыў, але аддаваў шанаванне афiцыйна. То ж лавiў яе на тое, каб зрабiць з яе сваю нявольнiцу й каханку, ды ўправiць яе ў той страшны свет збыткаў, раскошы, блуду й бессаромнасцi, клiчучых Божае помсты. Выглядаў, праўда, iншым, але ж нядаўна прызнаваўся з пагрозай: калi далей больш будзе думаць аб Хрысце, чым аб iм, дык зненавiдзiць Яго. Лiгii здалося, што самая думка толькi аб iншай любовi, чым да Хрыста, ужо ёсць грахом супраць Яго i супраць навукi, дык сцямiўшы, што на дне душы ейнае могуць абудзiцца iншыя пачуццi й жаданнi, пачала трывожыцца аб сваёй будучынi ды сэрцы.

На гэтую часiну нутранога змагання акурат падаспеў Глаўк, якi прыйшоў агледзець хворага. На твары Вiнiцiя зайграла незадавальненне. Злы быў, што перарваў яму гутарку з Лiгiяй, i, як Глаўк пачаў пытацца, адказваў ледзь не з пагардай. Праўда, крыху сунiмаў сябе, але Лiгiя пераканалася, што навука з Острыянума не дзейнiчала на ягоную няўжытую натуру. Змянiўся толькi для яе, а ў астатнiм засталося ў грудзях тое ж даўняе, суровае i сябелюбнае, сапраўды рымскае, воўчае сэрца, не здольнае не толькi да адчуцця салодкае хрысцiянскае навукi, але нат i ўдзячнасцi.

Адыйшла неспакойная i поўная думак. Калiсь у малiтве ахвяравала Хрысту пагоднае, галубiнае сэрца, чыстае, бы слязу. Цяпер ось пагоднасць тая пахмурнела. Нутро кветкi пачаў падточваць чарвяк. Нават сон па дзвёх недаспаных ночах не прынёс ёй утулення. Снiлася ёй, што ў Острыянуме Нэрон на чале карагоду аўгустыянаў, танцорак, баянаў i гладыятараў талочыць увенчаным ружамi возам грамады хрысцiян, а Вiнiць хапае яе ўполкi, уцягвае на квадрыгу i, тулячы да грудзей, шэпча: «Хадзi да нас!»

ХХVII

Ад тае пары рэдка паказвалася ў супольнай каморы i рэдка зблiжалася. Бачыла, як Вiнiць пасвiў яе благальным вокам, як на кожнае ейнае слова, бы на ласку, чакаў, як церпiць i не смее скардзiцца, каб не знеахвоцiць яе да сябе, як яна адна ёсць для яго здароўем i радасцю, i тады ейнае сэрца ўздымала лiтасць. Хутка змеркавалася таксама, што чым больш ад яго старонiць, тым больш робiцца ёй шкада яго, а праз тое самае родзяцца ў ёй да яго чулейшыя пачуццi. Сталася неспакойнай. Часамi талкавала сабе, што iменна павiнна быць заўсёды пры iм, раз для таго, што боская навука загадвае плацiць дабром за зло, а па-другое, што, гутарачы з iм, магла б яго да гэнае навукi схiлiць. Але зараз жа сумленне паказвала ёй, што сама сябе ашуквае, i што цягне яе да яго не што iншае, толькi каханне й краса ягоная. I так жыла ў заўсёдным нутраным змаганнi, якое магутнела з кожным днём. Быццам яе аплятае сець нейкая, а яна, хочучы з яе выдабыцца, умотваецца ў яе штораз горш. Мусiла ўрэшце прызнацца сама перад сабою, што аблiчча ягонае становiцца для яе штораз патрабнейшым, голас мiлейшым, i што трэба ёй усiмi сiламi змагацца з хаццёю праседжвання з iм. Калi зблiжалася да яго, а ён распрамяняўся, радасць залiвала i ейнае сэрца. Раз нейк зацемiла сляды слёз на ягоных вачах, i першы раз у жыццi прыйшла ёй думка: можа б iх асушыць цалункамi. Перапалоханая гэнай думкай, праплакала, дакараючы сябе, цэлую наступную ноч.

А ён быў цярплiвы так, як бы сабе прысягнуў цярпець. Калi бывала зайграла ўваччу нецярплiвасць, самаволя або гнеў, вомiг змагаў яе, а потым глядзеў неспакойна на любую, казаў бы, перапрашаў вачыма, а яе гэта да яго цягнула яшчэ больш. Нiколi не мела пачуцця, што ёсць так моцна каханай, i на ўспамiн аб гэтым чулася надта шчаслiвай, але й вiнаватай. Вiнiць сапраўды перайначваўся. У гутарцы ягонай з Глаўкам менш было ўжо гонару. Часта прыходзiла яму ў голаў, што i гэны бедны лекар-нявольнiк, i чужаземка, старая Мырыям, што аб iм рупiлася, i пабожны Крысп, гэта ўсё ж такi людзi. Сам дзiвiўся сваiм думкам - аднак жа iх меў. Урсуса палюбiў i гутарыў з iм цяпер цэлымi днямi, бо мог з iм гаварыць аб Лiгii, а вялiзман зрабiўся гаваркi i, спаўняючы пры хворым простыя паслугi, пачаў яму таксама аказваць пэўную прывязанасць. Лiгiя была заўсёды для Вiнiцiя iстотай iншага гатунку, вышэйшай у сто разоў за тыя, што яе акружалi, а ўсё ж пачаў прыглядацца i людзям убогiм, чаго нiколi дагэтуль не рабiў, i пачаў знаходзiць у iх розныя годныя ўвагi свомасцi, iснаванне якiх нiколi яму перад гэтым не прыходзiла ў голаў.

Назаркi толькi не мог сцярпець, бо здавалася яму, што малады хлапчук смее кахацца ў Лiгii. Доўгi час устрымоўваўся, праўда, ад выяўлення яму нехацi, але раз, калi хлапец прынёс дзяўчыне дзве перапёлкi, якiя купiў за собскiя заробленыя грошы, у Вiнiцiю загарэўся нашчадак квiрытаў, для якога прыблуда з чужога краю менш значыў, чым сцiплы чарвяк. Чуючы падзяку Лiгii, страшэнна збялеў i, калi Назар выйшаў па ваду для птушак, адазваўся:

- Лiгiя, як ты можаш сцярпець, каб ён табе даваў падарункi? Няўжо ты не ведаеш, што народ ягоны грэкi абзываюць жыдоўскiмi псамi?

- Не ведаю, як iх грэкi абзываюць,- адказала,- ведаю толькi, што Назарка ёсць хрысцiянiнам i братам маiм.

Сказаўшы гэта, зiрнула на яго з здзiўленнем i жалем, бо ўжо крыху была адвыкла ад падобных выбухаў, а ён зацiснуў зубы, каб не сказаць ёй, што такога брата загадаў бы насмерць засекчы дзягамi або саслаў бы яго на вёску, каб як кампедытус капаў зямлю ў ягоных сiцылiйскiх вiнаграднiках. Устрымаўся аднак, здушыў у сабе гнеў i аж па хвiлiне сказаў:

- Выбачай, Лiгiйка. Ты ж у мяне князёўна i прыбранае дзiця Плаўтаў! I перамогся да таго, што, калi зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламiнгаў, якiх меў повен агарод.

Лiгiя зразумела, колькi яму каштавала падобная перамога сябе. I чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае лiпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркi была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вiнiць мог перад хвiлiнай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям iставетна мала больш значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзiцём, якое калi й любiла Лiгiю, дык нясведама i хутчэй з прывязанасцi. Большую барацьбу з сабою мусiў весцi малады трыбун, калi прыходзiлася паддацца, хоць моўчкi, той пачэснасцi, з якою ставiлiся прысутныя да Хрыста й ягонай навукi. У гэнай справе дзеялiся ў Вiнiцiю рэчы дзiўныя. Гэта была, як бы сабе нi здавалася, навука, якую ўверыла Лiгiя, дык дзеля гэтага самага гатовы быў яе прызнаць. Акрамя таго - чым больш ачуньваў, чым лепш прыгадваў сабе цэлы шэраг здарэнняў, якiя збылiся ад тае начы ў Острыянуме, ды цэлую нiзку паняццяў, якiя наплылi ад таго часу ў ягоную галаву, тым больш задзiўляла яго надлюдская сiла тае навукi, якая перараджала так грунтоўна людскiя душы. Разумеў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае, нешта небывалае да гэтых пор на свеце, i ўяўляў сабе, што каб яна апанавала ўвесь свет ды каб ушчапiла ў яго сваю мiласць i мiласэрнасць, дык хiба настала б нейкая эпоха, прыпамiнаючая тую, калi не Ёвiш, а Сатурн кiраваў светам, не смеў таксама сумнявацца аб надпрыродным паходжаннi Хрыста, анi аб ягоным уваскрэсеннi, анi аб iншых цудах. Навочныя сведкi занадта былi верагодныя i занадта гiдзiлiся лгарствам, каб можна было дапусцiць, што гавораць небылiцы. Дый рымскi скептыцызм, хоць дазваляў сабе не верыць у багоў, дык усё ж такi не адвяргаў цуды. Перад Вiнiцiем стала нейкая дзiўная загадка, якое не мог разблытаць. З другога боку, аднак, уся тая навука выдавалася як супярэчнаю iснуючаму жыццяпарадку, так i немагчымаю ў практыцы ды так адчайнаю, як нiякая iншая. Паводле ягонай думкi, людзi на свеце i ў Рыме маглi быць сабе злымi, але жыццяпарадак быў добры. Каб цэзар, напрыклад, быў сумленным чалавекам, каб сенат складаўся не з агiдных распуснiкаў, але з такiх людзей, якiм быў Трэзэй, чаго ж больш трэ было б жадаць? Але ж рах romana i рымская ўлада была добрая, растасоўка людзей была слушная й справядлiвая. А тым часам навука гэтая, на думку Вiнiцiя, мусiла збурыць увесь дагэтуляшнi лад, усякую ўладу i ступянi мiж людзьмi. I што ж тады б сталася хоць бы й з уладствам Рыму? Цi ж рымляне могуць перастаць панаваць над цэлым светам або прызнаць цэлы статак заваяваных народаў роўнымi сабе? Гэта ўжо не магло змясцiцца ў галаве патрыцыя. А да таго навука гэтая супярэчыла ўсялякiм асабiстым ягоным уявам, звычцы, удачы i жыццягляду. Не мог сабе ўявiць, як бы гэта ён выглядаў, каб ейным стаўся адгерэнтам. Баяўся яе, падзiўляў яе, але прыняць яе папросту ўздрыгалася ягоная натура. А ў канцы разумеў, што нiшто ж iншае, толькi яна разлучала яго з Лiгiяй, i на ўспамiн аб гэтым ненавiдзеў яе ўсiмi сiламi душы. Аднак жа было вiдавочным адначасна, што гэта менавiта яна ўпрыгажала Лiгiю ў нейкую выняткавую, нявыказаную прыгажосць, якая зрадзiла ў ягоным сэрцы апрача кахання - шанаванне, апрача жады - адданасць, вяльбенне, i з самае Лiгii зрабiла яму найдаражэйшую ў свеце iстоту. А тады зноў хацелася яму любiць Хрыста. I ўяўляў ясна, што або мусiцiме Яго палюбiць, або зненавiдзець, абыякавым быць не можа. Налягалi на яго як бы супярэчныя хвалi, хiстаўся ў думках, хiстаўся ў пачуццёх, не мог выбраць, схiляў, аднак, голаў i моўчкi аказваў шанаванне таму таемнаму Богу дзеля таго толькi, што быў ён Богам Лiгii.

А Лiгiя бачыла, што ў iм дзеецца, як ён змагаўся, як натура ў iм адпiхвала гэтую навуку, i як з аднаго боку гэта яе маркоцiла, так з другога - жаль, лiтасць, удзячнасць за тую цiхую пашану, аказваную для Хрыста, нахiляла да яго непераможнай сiлай ейнае сэрца. Прыгадала сабе Пампонiю Грэцыну i Аўла. Для Пампонii крынiцай нiколi не высыхаючых сумных слёз была думка, што за гробам не знойдзе Аўлюса. Лiгiя пачала цяпер лепей разумець тую горыч i той боль. Бо i яна ведала дарагую iстоту, з якою пагражала ёй вечная разлука. Часамi пацяшалася надзеяй, што мо ягоная душа яшчэ адчынiцца калiсь для Хрыстовай праўды, але спадзеўкi гэныя былi вельмi слабыя. Ведала i разумела яго ўжо занадта добра. Вiнiць - хрысцiянiн? Два гэныя паняццi нат у ейнай недазнанай галованьцы не маглi вобак сябе мясцiцца. Калi разважны i поўны сталасцi Аўл не стаўся iм пад уплывам дасканальнае i мудрае Пампонii, дык як жа магчыме стацца iм Вiнiць? На гэта не было адказу, а дакладней, iснаваў толькi адзiн: няма для яго нi надзеi, нi ратунку. Але Лiгiя спахапiлася з трывогай, што гэты асуд загубы, якi быццам вiсiць над iм, праз самую жаласць робiць яго яшчэ даражэйшым. Часамi брала яе ахвота гаварыць з iм шчыра пра ягоную цёмную будучыню, але як адзiн раз, сеўшы пры iм, сказала яму, што па-за хрысцiянскаю навукай няма жыцця, ён, будучы ўжо крыху падмацаваным, падняўся на здаровым узлокатку i вомiг палажыў ёй голаў на каленях, кажучы: «Ты - жыццё!» Замерла ёй дыханне ў грудзёх, уцякла прытомнасць, нейкая раскошная дрыгата прабегла ад ног да галавы. Хапiўшы ў далонi ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахiлiлася над iм так, што аж вуснамi даткнулася да ягонай чупрыны, i праз хвiлiну змагалiся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога.

Лiгiя ўсхапiлася ды ўцякла, чуючы полымя ў жылах i заварот у галаве. Гэта была ўжо кропля, якая канчаткова перапоўнiла чару. Вiнiць не дадумаўся, колькi каштавацiме яму тая шчасная хвiлiна, але Лiгiя зразумела, што цяпер яна сама патрабуе ратунку. Наступная ноч прайшла бяссонна, у слязах i малiтве, у пачуццi нягоднасцi, што малiтва ейная не будзе выслухана. Назаўтра раненька выйшла з кубiкулюма ў агародзец i, заклiкаўшы Крыспа, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго адначасна, каб дазволiў ёй пакiнуць дом Мырыям, бо не давярае сабе i не можа перамагчы ў сабе кахання да Вiнiцiя.

Крысп- стары, суровы чалавек- згадзiўся, каб выйшла з дому Мырыям, але не знайшоў слоў прабачэння грэшнага, на ягоную думку, кахання. Сэрца ягонае зардзелася абурэннем на ўспамiн, што тая Лiгiя, якою рупна апекаваўся, якую палюбiў, уцвярдзiў у веры i на якую ўглядаўся цяперака бы на беленькую лiлею, што вырасла на грунце хрысцiянскае навукi, не заражаную нiякаю прыземнасцю, магла знайсцi ў душы мейсца на iншую, апрача нябеснае, любоў. Ведаў дагэтуль, што нiдзе на свеце не бiла сэрца чысцейшае на славу Хрыста. Жадаў яе ахвяраваць Яму, як перлу, як дарагую каштоўнасць рук сваiх, дык неспадзяванка гэтая напоўнiла яго i здзiўленнем, i горыччу.

- Iдзi малi Бога, каб дараваў табе вiну,- прагаварыў да яе хмурна.Уцякай, пакуль дух нячысты не аблытаў яшчэ цябе цалкам ды не давёў да канчатковага ўпадку, пакуль не здрадзiла Збаўцы. Ён памёр для цябе на крыжы, каб уласнай крывёю адкупiць тваю душу, а ты пажадала пакахаць таго, хто манiўся зрабiць з цябе сваю нявольнiцу. Бог цудам выратаваў цябе з рук ягоных, а ты адкрыла сэрца нячыстай жадзе i пакахала сына цемры. Хто ж бо ён? Прыхвасцень i слуга Антыхрыста, супольнiк блуду й распусты. Куды ж ён цябе завядзе, калi не ў тую атхлань i Садому, у якой жыве сам, а якую Бог счысцiць агнём свайго гневу? Бадай табе не жыць, бадай бы гэтыя сцены былi завалiлiся на тваю галаву перш, чым той вуж упоўз у тваё сэрца й аслiнiў яго ядам сваiм.

I сердаваў штораз больш, бо вiна Лiгii напаўняла яго не толькi гневам, але абрыджэннем i пагардай да натуры людское наагул, а ў канкрэтнасцi да жаночай, якое нат i хрысцiянская навука не асцерагла ад слабасцi Евiнай. Не звяртаў на тое ўвагi, што дзяўчына фактычна была яшчэ чыстай, што манiлася ўцякаць ад гэнага кахання ды спавядалася з яго, каючыся. Крысп хацеў быў зрабiць з яе анёла й падняць на вышыню чыстае любовi толькi для Хрыста, а яна вось пакахала аўгустыянiна! Самая толькi думка пра гэта жуддзю i расчараваннем напаўняла ягонае сэрца. Не! Не мог ёй гэнага дараваць! Злоснае дакаранне палiла яму вусны бы разжараныя вуглi; змагаўся з сабою, каб не вымавiць яго, i трос над беднаю дзяўчынай сухiмi сваiмi рукамi. Лiгiя пачувалася да вiны, але не ў такой меры. Гадала сабе: уцёкi яе з гэнага дому будуць перамогаю над жадою i згладзяць вiну. Але Крысп знiшчыў яе ў пыл: выказаў усё благоцце й нiкчэмнасць ейнае душы, да якое не пачувалася. Яна спадзявалася нат, што стары прэзбiтэр, якi ад часу ўцёкаў з Палатыну быў для яе моў бацькам, акажа ёй крыху лiтасцi, пацешыць, льгi дадасць, умацуе.

- Богу аднаму ахвярую маю няўдачу i боль,- дакараў далей,- але ж ты зняверылася й перад Збаўцам, бо сыйшла ў балота i атруцiлася ягонай смораддзю. Магла б ахвяраваць сэрца Хрысту моў каштоўную судзiну i сказаць яму: «Выпаўнi яго, Збавiцелю, ласкай!», а ты пажадала ахвяраваць яго слузе злога духа. Хай Бог табе даруе, хай злiтуецца над табою, бо я, пакуль не выкiнеш вужа... я, што ўважаў цябе за выбранку...

I зацiх, бо агледзеўся, што нехта йдзе.

Праз павяўшую зелянiну, праз бярвенец, зелянеючы летам i зiмою, угледзеў двух чалавек, адзiн з якiх быў Апостал Пётр. Другога не мог адразу распазнаць, бо адзежына з грубое ваўнянае тканiны, званая «цылiцыюм», захiляла яму частку твару. Крыспу на першы пагляд здалося, што гэта Хiлон.

А яны, пачуўшы галосную гутарку Крыспа, увайшлi ў агародзец i селi на каменнай лаўцы. Таварыш Пятровы адхiлiў тады худы твар з лысеючай чашкаю, пакрытаю па бакох купчастым воласам, з зачырванеўшымi павекамi ды крывым носам - брыдкi, але натхнёны твар, у якiм Крысп пазнаў Паўла з Тарсу.

Лiгiя, укленчыўшы, абняла рукамi, як бы з роспачы, ногi Пятра i, прытулiўшы сваю зняможаную галованьку да хвалдаў ягонай адзежыны, трымала iх моўчкi. Пётр адазваўся:

- Рах душам вашым!

I, гледзячы на дзяўчо ля сваiх ног, пытае: што сталася? Тады Крысп пачаў расказваць усё, што вызнала яму Лiгiя, ейнае грэшнае каханне, ейны намер уцякання ад Мырыям ды свой жаль, што вось душа, якую жадаў ахвяраваць Хрысту чыстаю, як сляза, заплямiлася зямным пачуццём да судзейнiка ўсiх блудаў, у якiх патанаў паганскi свет i якiя клiкалi помсты Божае.

Лiгiя падчас ягонай скаргi абыймала штораз мацней ногi Апостала, казаў бы хацела пры iх шукаць патолi i выжабраваць хоць кропельку лiтасцi. Апостал, выслухаўшы да канца, нахiлiўся й палажыў згрыбелую руку на ейнай галаве, пасля падняў вочы на старога прэзбiтэра й кажа:

- Крыспе, няўжо ты не чуў, што Збаўца наш быў у Кане на вяселлi й багаславiў каханне мiж нявестаю й мужам, сужэнцамi!

Крыспу апалi рукi, глядзеў, сумеўшыся, на мовячага, не могучы вымавiць слова. А той памаўчаў хвiлiнку, спытаў зноў:

- Крыспе, няўжо думаеш, што Хрыстус, якi дазволiў Марыi з Магдалi ляжаць пры нагах сваiх i якi дараваў яўнагрэшнiцы, адвярнуўся б ад гэнага дзiцяцi, чыстага, як лiлея ў полi?

Лiгiя, расслязiўшыся, прытулiлася яшчэ мацней да ног Пятровых, зразумеўшы, што не дарма шукала пры iх патолi. Апостал, падняўшы ёй залiты слязьмi твар, гаварыў далей:

- Пакуль вочы таго, што кахаеш, не адкрыюцца на святло праўды, патуль старанi ад яго, каб не давёў цябе да граху, але малiся за яго i ведай, што няма граху ў каханнi тваiм. А калi баронiшся ад спакусы, мецiмеш заслугу. Не маркоцься i не плач, бо ласка Збаўцы ад цябе не аднята, твае малiтвы будуць выслуханы, тваё сумаванне мецiме вясёлы канец.

Сказаўшы гэта, палажыў далонi на ейнай галаве i, узнёсшы ўгару вочы, багаславiў яе. З аблiчча ягонага свяцiла надземная дабрыня.

Супакораны Крысп пачаў апраўдвацца:

- Зграшыў я супраць мiласэрнасцi,- гаварыў,- але я думаў: дапушчаючы да сэрца зямную любоў, здрадзiла Хрыста...

А Пётр патлумачыў:

- Я выракся Яго тройчы, аднак дараваў мне i загадаў пасвiць баранкi свае.

- ...I таму,- канчаў Крысп,- што Вiнiць ёсць аўгустыянiнам...

- Хрыстус яшчэ цвярдзейшыя сэрцы паконваў,- адказаў Пётр.

На гэта Павал з Тарсу, якi дагэтуль маўчаў, паказваючы на сябе, сказаў:

- Я той, хто праследаваў i лавiў на смерць слугi Хрыстовыя; я падчас каменавання Сцяпана пiльнаваў адзежы тых, што каменавалi; я манiўся выкаранiць Праўду па ўсёй зямлi, дзе толькi жывуць людзi, аднак бач - мне прызначыў Госпад, каб шырыў яе на ўсёй зямлi. I я аглашаў яе ў Юдэi, у Грэцыi, на атоках i ў гэтым бязбожным горадзе, калi першы раз як вязень тут прабываў. А цяпер на паклiканне Пятра, майго загадчыка, увайду ў гэны дом, каб схiлiць тую гордую галаву да Хрыстовых ног i кiнуць зерне ў гэную камянiстую раллю, якую ажыццяплодзiць Госпад, каб дала добры ўраджай.

I ўстаў. Крыспу гэны малы гарбаты чалавек паказаўся ў гэтай хвiлiне тым, чым быў iставетна - волатам, якi зрушыць свет i загорне землi й народы.

ХХVIII

Пятронi - Вiнiцiю:

«Будзь ласкавы, carissime, не наследуй у пiсьмах анi лакадэмонаў, анi Юлiя Цэзара. Каб жа хоць так, як ён, мог напiсаць: veni, vidi, vici! [10]- разумеў бы йшчэ лаканiзм. Але тваё пiсьмо канчаткова азначае: veni, vidi, fugi [11]; а што такi канец справы нясвомы тваёй натуры, што быў паранены ды што ўрэшце дзеелiся з табою рэчы незвычайныя, дык пiсьмо вымагае тлумачэння. Я вачам сваiм не верыў, як прачытаў, што той лiг так лёгка задушыў Кратона, бы каледонскi сабака воўка ў гарах Гiбернii. Той чалавек варты столькi золата, колькi сам важыць, i ад яго толькi залежала б стацца ўлюбенцам цэзара. Як вярнуся дамоў, мушу з iм пазнаёмiцца i загадаю вылiць яго сабе з бронзы. Рудабароды лопне з цiкавасцi, як скажу яму, што гэта з натуры. I сапраўды атлетычныя людзi здараюцца i ў Iталii, i ў Грэцыi штораз радзей; пра Ўсход няма чаго й казаць, а германы хоць рослыя, ды салам налiтыя, i больш вялiзныя, чым дужыя. Даведайся ад лiга, цi гэта ён адзiн толькi такi ў сваiм краi, цi ёсць шмат яму падобных. Ануж табе або мне прыйдзецца калiсь ех officio [12] рабiць iгрышчы, добра было б ведаць, дзе шукаць асiлкаў.

Але хвала багом усходнiм i заходнiм, што ты застаўся з душою, выйшаўшы з падобных рук. Ацалеў ты напэўна дзеля таго, што ты патрыцый i сын консула, але ўсё, што спаткала цябе, здзiўляе мяне вельмi: i той магiльнiк, дзе ты прабываў мiж хрысцiян, i яны самi, дый учынак iхнi з табою, i пасля ўцёкi Лiгii, i ўрэшце той нейкi сум i трывожнасць, якiя веюць з твайго кароткага лiста. Растлумач мне, бо шмат рэчаў не цямлю, а калi праўду любiш, скажу табе адкрыта: не разумею анi хрысцiян, анi цябе, анi Лiгii. I не дзiвiся, што я, якога па-за ўласнаю асобаю мала што больш на свеце цiкавiць, дапытваюся пра ўсё гэта так сквапна. Бо я ж прычынiўся да ўсяго таго, што сталася, дык гэта вось жа й мая справа. Пiшы безадкладна, бо не магу прадбачыць, калi ўбачымся. У галаве Рудабародага змяняюцца намеры, бы вясеннiя вятры. Цяпер, седзячы ў Бэнэвэнце, мае ахвоту ехаць проста ў Грэцыю i вяртацца ў Рым. Тыгэлiн, аднак, раiў яму, каб вярнуўся хоць на кароткi час, бо народ вельмi тужыць па iм (чытай: па хлебе ды йгрышчах) i можа ўзбурыцца. Вось жа, немаведама як будзе. Калi Ахайя пераважыць, дык мо пасля захочацца нам Егiпту. Раiў бы прыехаць сюды, бо для цяперашняга стану твае душы падарожжа i нашыя забавы былi б лекам, але мог бы нас не застаць. Падумай, аднак, можа, лепш было б супачыць у сваiм маёнтку на Сiцылii, чым сядзець у Рыме. Пiшы мне падрабязна аб сабе i - бывай! Нiякiх жаданняў, апрача здароўя, гэтым разам табе не залучаю, на Палукса! Не ведаю, чаго табе пажадаць!»

Вiнiць, атрымаўшы гэны лiст, не меў спачатку ахвоты адпiсваць. Меў нейкае пачуццё, што не варта адказваць, гэта на нiвошта нiкому не прыдасца, нiчога не вытлумачыць i нiчога не вырашыць. Авалодала iм знеахвота, пустальга i пачуццё марнасцi жыцця. Пры тым здавалася яму, што Пятронi нi за што яго не зразумее, ды што iх быццам нешта пачало ад сябе аддаляць. Не мог прыйсцi да ладу нат i сам з сабою. Вярнуўшыся з Затыбра ў сваю раскошную iнсулю на Карынах, быў яшчэ слабы, зняможаны i ў першых днях быў задаволены з адпачынку, выгоды й дастатку, якi акружаў яго. Але хутка пачуў, што ён у паражнечы, а ўсё тое, што да гэтых пор станавiла для яго iнтарэс жыцця, або зусiм не iснуе, або змалела да ледзь прыкметных памераў. Меў такое самапачуццё, быццам у ягонай душы падцятыя тыя струны, якiя дасюль злучалi яго з жыццём, а новыя не навязаны. Думка аб Бэнэвэнце i Ахайi ды аб жыццёвых раскошах i шалёных выбрыках не выклiкала нiякага смаку. «Пашто? Якi мне з таго прыбытак?» - вось былi першыя пытаннi, што прасунулiся яму праз голаў. Гэтаксама першы раз у жыццi падумаў: ну а каб паехаў, дык гутарка Пятронiя, ягоны досцiп, блiскотнасць, яго вымудраваныя сказы, думкi й падбор трапных слоў для кажнае iдэi маглi б яму цяпер быць нуднымi.

З другога боку, пачала таксама дакучаць яму й самота. Усе ягоныя знаёмыя прабывалi з цэзарам у Бэнэвэнце, дык мусiў дома сядзець сам, з галавою, поўнаю думак, i сэрцам, поўным пачуццяў, з якiх не мог сабе здаць толку. Прыходзiлi, аднак, iншы раз часiны, у якiх думалася яму, што калi б мог з кiмколечы пагутарыць аб усiм тым, што з iм дзеецца, дык, можа, сам здолеў бы гэта ўсё судумаць, упарадкаваць ды распазнаць лепш. Пад уплывам тае надзеi па некалькiх днях раздумы пастанавiў, аднак, адпiсаць Пятронiю i, хоць не быў пэўны, цi пiсулю вышле, улажыў яе наступна:

«Хочаш, каб пiсаў абшырней, дык добра; цi патраплю ясней, не ведаю, бо i сам не ўмею многiх вузлоў развязаць. Даносiў я табе аб маiм побыце сярод хрысцiян, аб iх абыходжаннi з ворагамi, да якiх мелi права залiчыць i мяне i Хiлона, урэшце аб спагаднасцi, з якою мяне даглядалi, i аб знiкненнi Лiгii. Не, дарагi, не таму мяне ашчадзiлi, што я сын консулаў. Такiя рацыi для iх не iснуюць, адыж бо даравалi й Хiлону, хоць я сам заахвочваў iх, каб закапалi яго ў агародзе. Гэта людзi, якiх дагэтуль не бачыў свет, гэта навука, якое дасюль не чуў свет. Нiчога больш табе аб iх не магу сказаць, i хто б жадаў iх мераць нашаю меркаю - прамахнецца. Скажу табе замест таго, што, каб прыйшлося мне ляжаць з зламанаю рукою дома i каб мяне дагэтуль даглядалi мае людзi або нат мая радня, меў бы, пэўна, большыя выгады, але не меў бы анi паловы такое рупнае спагады, як мiж iмi. Ведай таксама й тое, што Лiгiя ёсць такою, як усе яны. Каб была маёю сястрою цi жонкаю, не магла б клапацiцца пра мяне чулей. Радасць не раз залiвала мне сэрца, бо думаў, што толькi каханне можа натхнiць падобнаю чуласцю. Не раз я вывучаў ейны пагляд, выраз твару i, цi паверыш, сярод тых прасцякоў, у сцiплай хаце, дзе была разам i кухня, i трыклiнiюм, пачуваўся я шчаслiвейшым, чым дзе йнакш. Не, не была яна да мяне сухадушнай, i сяння йшчэ, здэцца мне, iначай нельга думаць. А аднак тая самая Лiгiя збегла ад мяне з памешкання Мырыям. Сяджу вось цяпер цэлымi днямi з галавою ў жменi i разважаю, чаму яна гэтак зрабiла? Цi я табе пiсаў, што сам прапанаваў ёй вярнуць яе Аўлюсам? Праўда, адказала мне, што гэта ўжо немагчыма i з увагi на тое, што Аўлы выехалi на Сiцылiю, i з увагi на небяспеку розгаласу на Палатыне праз нявольнiкаў. Цэзар мог бы яе зноў адабраць у Аўлаў! Яна, аднак, ведала, што больш нахабства над ёю рабiць не буду, што выракаюся прымусу, а не могучы нi перастаць яе кахаць, нi жыць без яе, увяду яе ў дом праз увенчаныя дзверы ды пасаджу на абрадавай скуры пры вогнiшчы... Аднак, бач, збегла! Чаму? Нiчога ж ужо ёй не пагражала. Калi мяне не кахала, магла адапхнуць.

Напярэдаднi нашае апошняе разлукi пазнаў я дзiўнага чалавека, нейкага Паўла з Тарсу, якi гутарыў са мною аб Хрысце i ягонай навуцы, гаварыў так магутна, што здавалася, кожнае слова мiма волi прамоўцы ў пыл крышыць усе падставы нашага свету. Той самы чалавек адведваў мяне i дома i казаў мне: «Як Бог адкрые табе вочы на святло i здыме з iх бяльмо так, як зняў бяльмо з маiх, тагды адчуеш, што паступiла слушна, i тады, можа, яе знайдзеш». I вось ламлю голаў над гэнымi словамi, як бы iх чуў ад пытыi ў Дэльфах. Часамi здаецца мне, як бы штось ужо зразумеў. Яны любяць людзей, але ненавiдзяць нашага жыцця, нашых багоў i... нашых праступкаў, дык яна, знача, збегла ад мяне, як ад чалавека, жывучага ў гэным свеце, з якiм мусiла б дзялiць жыццё, уважанае праз хрысцiян за нягоднае. Скажаш мо: калi магла мяне адапхнуць, дык не патрабавала ўцякаць. А калi яна мяне кахае? Тады, знача, уцекла ад кахання. На ўспамiн аб гэтым хочацца выслаць нявольнiкаў ува ўсе завулкi Рыму i загадаць iм, каб гукалi па хатах: «Вярнiся, Лiгiя!» Але не ў змозе я ўцямiць, чаму яна гэта зрабiла. Я ж бы ёй не забараняў верыць у ейнага Хрыстуса, i сам паставiў бы Яму алтар у атрыюме. Што мне шкодзiў бы адзiн новы Бог болей? I чаму б не верыць у яго мне, што не надта веру ў старых? Ведаю напэўна, што хрысцiяне нiколi не лгуць, а цвердзяць, што ўваскрос! Чалавек жа гэтага не мог бы зрабiць. Той Павал з Тарсу, якi ёсць рымскiм грамадзянiнам i якi, як жыд, ведае старыя гебрайскiя кнiгi, казаў мне, што прыйсце Хрыста было запавешчана прарокамi перад тысячамi гадоў. Усё гэта рэчы незвычайныя, але цi ж незвычайнасць не акружае нас з усiх бакоў? Адыж не перасталi яшчэ расказваць i аб Апалонiю з Тыяны. Цверджанне Паўла, што няма цэлае грамады багоў, а ёсць толькi адзiн, выдаецца мне талковым. Дык жа й Сэнэка тае самае думкi ды многiя ягоныя папярэднiкi. Хрыстус жыў, даў сябе ўкрыжаваць дзеля збаўлення ўсяго свету i ўваскрос. Усё гэта зусiм магчыма, дык чаму б не паставiць Яму алтара так, як, напрыклад, Сэрапiсу? Не цяжка мне было адрачыся й iншых багоў, бо кожны разумнейшы чалавек i так у iх не верыць. Але здаецца, што гэтага ўсяго яшчэ для хрысцiян мала. Мала аддаць шанаванне Хрысту, трэ яшчэ жыць паводле ягонай навукi; i тут вось затрымоўваемся, бы над берагам шырокага мора, якое прапануюць табе перайсцi пехатою. Каб i абяцаў iм гэта, самi б чулi, што гэта пустаслоўе. Павал сказаў мне гэта адкрыта. Табе ж ведама, як я кахаю Лiгiю, i ведама, што ўсё гатовы для яе зрабiць. Адыж не мог бы нат на жаданне ейнае падняць на руках Сорактэ цi Везувiй, анi змясцiць у прыгаршчах Тразымэнскага возера, анi змянiць вачэй маiх з чорных на блакiтныя, як вочы лiгаў. Калi б дамагалася гэтага, хацеў бы, але ж гэта неўмагату мне. Я не фiлязоф, але ж i не такi ўжо дурны, як табе мо не раз здаецца. Вось жа скажу табе: не ведаю, як хрысцiяне даюць сабе раду ў жыццi, але ведаю, што там кончыцца Рым i ягонае ўладства, дзе зачынаецца iхняя навука, канчаецца рознiца мiж пераможнiкамi й пераможанымi, багатымi й беднымi, панамi й нявольнiкамi, канчаецца цэзар, права i цэлы парадак свету, а замест гэнага ўсяго прыходзiць Хрыстус i нейкая мiласэрнасць, дагэтуль нязнаная, i нейкая дабрыня, нясвомая людскiм i нашым рымскiм iнстынктам. Мяне, праўду кажучы, Лiгiя больш цiкавiць, чым цэлы Рым з ягоным панаваннем, i хай бы хоць свет завалiўся, абы толькi магчыма было мець яе ў сваiм доме. Але гэта iншая рэч. Для iх, для хрысцiян, мала слоўнае згоды, трэба яшчэ пачуваць, што так ёсць добра, а не iнакш. А я - багi мне сведкамi! - не магу. Цi кемiш, што гэта значыць? Нешта ў душы маёй уздрыгаецца на гэтую навуку, i хоць бы вусны мае яе славiлi, хоць бы прынаравiўся да яе ды ейных прынцыпаў, розум i душа падказвацiмуць мне, што гэта раблю толькi дзеля кахання, для Лiгii, каб не яна, дык усё гэта было б мне агiдным. I надзiва, такi Павал з Тарсу гэта разумее. Разумее мiма цэлае свае прастаты i нiзкага паходжання таксама i той стары тэўрг, старшыня iхнi, Пётр, вучань Хрыстовы. I ведаеш, што робяць? Моляцца за мяне, просяць для мяне нечага, што называецца ласкай, а на мяне выходзiць толькi неспакой i штораз большая туга па Лiгii.

Здэцца ж я пiсаў табе, што яна адыйшла ўкрадкам, але, адыходзячы, пакiнула мне крыж, якi сама звязала з галiнак букшпану. Я, прачнуўшыся, знайшоў яго пры ложы. Маю цяпер яго ў лярарыюме, i сам не магу ўцямiць, што мяне так да яго цягне, як бы ў iм было штось боскае, пачуваю да яго i страх i павагу. Цаню яго, бо ейныя рукi яго вязалi, але ненавiджу, бо ён нас разлучае. Часамi здаецца, як бы ў гэтым усiм былi нейкiя чары, што тэўрг Пётр, хоць называе сябе простым рыбаком, ёсць важнейшы i ад Апалонiя, i ад усiх ягоных папярэднiкаў, i гэта ж ён аблытаў iх усiх, Лiгiю, Пампонiю ды мяне.

Ты пiшаш, што ў маiм папярэднiм лiсце вiдаць нервы i сум. Мусiць быць сум, бо зноў згубiў яе, мусiць быць i неспакой, бо нешта, аднак, ува мне змянiлася. Шчыра кажу табе, няма для натуры нiчога агiднейшага, як гэта навука, аднакава ж ад тае пары, калi з ёю сустрэўся, не магу сябе самога пазнаць. Чары цi каханне?.. Кiрка [13] змяняла дотыкам цела людское, а мне змянiлi душу. Адна хiба Лiгiя магла гэта зрабiць, або дакладней, Лiгiя праз тую дзiўную навуку сваю. Нiхто вяртання майго дома не спадзяваўся. Думалi, што я ў Бэнэвэнце, i што не хутка вярнуся, дык застаў дома нялад, п'яных нявольнiкаў, гулянкi, спраўляныя ў маiм трыклiнiюме. Смерцi больш спадзявалiся, чым мяне, яе менш бы жахалiся. Ты ж ведаеш, у якiх цуглях трымаю мой дом, дык усё жывое кiнулася на каленi, а некаторыя памлелi са страху. А я ведаеш як паступiў? У першай хвiлiне хацеў крычаць: розаг! жалеза! агню! Але хутка пасля ахапiў мяне нейкi сорам i - цi дасi веры? - нейкi жаль бядоты; ёсць мiж iмi старыя нявольнiкi, якiх яшчэ дзед мой М. Вiнiць прывёў за часаў Аўгуста з-над Рэйну. Замкнуўся сам у бiблiятэцы, i там прыйшлi ў голаў яшчэ дзiўнейшыя думкi: пасля ўсяго таго, што чуў i бачыў сярод хрысцiян, няслед мне паступаць з нявольнiкамi так, як дагэтуль, яны ж таксама людзi. Яны праз некалькi дзён дрыжалi ад трывогi, гадаючы сабе, што адкладаю кару, каб выбраць больш страшнейшую, а я не караў, бо не мог. Склiкаўшы iх на другi дзень, кажу: «Дарую вам, толькi старайцеся вернаю службаю направiць вiну!» Пачуўшы гэта, пападалi на каленi, залiваючыся слязьмi, выцягаючы з плачам рукi ды завучы мяне панам i бацькам, а я - сорамна табе сказаць - раскулешыўся. Здалося мне, што ў той часiне бачу салодкае аблiчча Лiгii i ейныя чароўныя слёзныя вочы, дзякуючыя за такi ўчынак. А - pro pudor! [14] - чую, i мне набеглi слёзы... Ведаеш, што я табе скажу: от не магу сабе даць рады без яе, дрэнна мне самому, я папросту няшчасны, мой сум большы, чым табе здаецца... А нявольнiкi, дзiўная рэч, не толькi не распусцiлiся горай, але сталiся шмат вярнейшымi; прабачэнне, знача, абудзiла ў iх удзячнасць i лепш падзейнiчала на iх, чым кара. Не то служаць, але наўзаперадкi адгадваюць мае жаданнi. Прыгадваю табе аб гэтым таму, што калi на дзень перад адыходам ад хрысцiян я сказаў Паўлу, што свет распырхнецца ад ягонай навукi, моў бочка без абручоў, ён адказаў: «Мiласць ёсць мацнейшым абручом, чым пагроза». I вось паказалася, што часамi гэта ёсць праўдай. Аб гэтым я пераканаўся таксама i з маiх адносiнаў да клiентаў, якiя, даведаўшыся аб маiм вяртаннi, збеглiся з прывiтаннямi. Ведаеш жа, нiколi я не быў для iх сквапным, але яшчэ бацька мой дзеля звычаю паступаў з iмi па-панску i мяне так вучыў. Вось жа цяпер, бачачы гэныя вышмуляныя свiткi й галодны выгляд, зноў пачуў у сабе як бы лiтасць. Загадаў даць iм есцi, а нат гутарыў з iмi; назваў некаторых па iменю, некаторых пытаў пра жонак i дзяцей, ды зноў бачыў слёзы ўваччу, iзноў стаяла перад вачыма ўявы задаволеная Лiгiя... цi мой розум пачынае блытацца, цi каханне муцiць мне почувы - не ведаю, перакананы толькi, што яна цiкуе на мяне здалёк, дык баюся зрабiць што-небудзь такое, што магло б яе абразiць або засмуцiць. Так, Каю! Перайнакшылi мне душу, i часам добра мне так, а часам пакутна, баюся бо, што аднялi ад мяне тую мужнасць, даўнюю энергiю i што мо няздатны я ўжо не толькi да рады, суду, банкетаў, але нат i да вайны. Няйначай, гэта чары! I так моцна мяне пераiншылi, што скажу табе й тое, аб чым думалася мне яшчэ тады, як ляжаў у iх хворы: калi б Лiгiя была падобнай да Нiгiдыi, да Папеi, да Крыспiнiлы ды да iншых нашых разлучнiц, калi б была так плюгаваю, немiласэрнаю ды папускною, як яны, дык я б не кахаў яе так, як кахаю яе за тое, што нас дзелiць. Дадумаешся, якi хаос родзiцца ў маёй душы, у якiм блукаюся раздарожжы, не ведаючы, што з сабою рабiць? Калi жыццё льго прыраўняць да крынiцы, дык у маёй крынiцы замест вады- немарасць. Жыву надзеяй, што мо яшчэ ўгледжу яе, i часам здаецца мне, што мусiць быць... Ды што будзе са мною за год, за два - цяжка згадаць. З Рыму не выеду. Не мог бы стрываць таварыства аўгустыянаў, а пры тым адна думка прыносiць мне польгу ў маiм горы, што тут блiзка Лiгiя, што праз лекара Глаўка, якi абяцаў мяне адведаць, або праз Паўла з Тарсу, можа, часамi што-небудзь аб ёй даведаюся. Не! Не кiнуў бы Рыму, хоць бы мне ахвяравалi ўладства над Егiптам. Ведай таксама, што я загадаў рэзьбяру абрабiць камень на магiлу Гула, якога забiў у прыпадку гневу. Запозна я абдумаўся, што ён жа мяне на руках насiў i першы вучыў, як закладаць у лук стралу. Не ведаю, чаму цяпер абудзiўся ўва мне жаль па iх... Калi дзiвiцiме цябе тое, што пiшу, адкажу табе, што мяне гэта дзiвiць не менш, але пiшу табе шчырую праўду. Бывай!»

ХХIХ

На гэтае пiсьмо Вiнiць не меў адказу, бо Пятронi не адпiсваў, спадзеючыся, мабыць, хуткага павароту з цэзарам у Рым. I праўда, незабаўна разыйшлася па горадзе вестка, уздымаючая радасць затужанае па йгрышчах ды харчовых дапамогах вулiчнае талакi. Гелiюс, вызвольнiк Нэрона, абвясцiў урэшце ягоны паварот у сенаце. Нэрон, сеўшы разам з дваранамi на караблi ў атоцы Мiзэнум, паволi вяртаўся, вiзытуючы надбярэжныя гарады дзеля адпачынку цi выступленняў у тэатрах. У Мiнтурнэ, дзе зноў пяяў публiчна, затрымаўся на дзён колькiнаццаць, а нат надумоўваўся, цi не вярнуцца ў Неапаль ды не чакаць надыходу вясны, якая запавяшчалася ранняю i цёплаю. Праз цэлы той час Вiнiць жыў сам-насам дома з думкаю аб Лiгii ды аб тых усiх рэчах, якiя напаўнялi яму душу i ўносiлi чужыя новыя пачуццi i паняццi. Час ад часу толькi спатыкаўся з Глаўкам, адведзiны якога напаўнялi яго заўсёды радасцю, бо мог з iм пагутарыць аб Лiгii. Глаўк, праўду сказаць, не ведаў, дзе яна знайшла сабе прыстанiшча, але запэўнiваў, што старшыны апякуюцца ёю добра. А раз, спачуваючы сумнаму Вiнiцiю, сказаў, што Апостал Пётр зганiў Крыспа за тое, што страшыў Лiгiю суровымi дакорамi за зямную любоў. Малады патрыцый збялеў, як пачуў гэта. I яму не аднойчы здавалася, што Лiгiя кахае яго, але часта таксама сумняваўся, а цяпер вось першы раз пачуў пацвярджэнне сваiх жаданняў i надзеi з чужых вуснаў, а да таго - хрысцiянскiх. У першым парыве ўдзячнасцi манiўся бегчы да Пятра, але, даведаўшыся, што няма яго ў Рыме, бо навучае ў ваколiцы, заклiнаў Глаўка, каб завёў яго да Пятра, абяцаючы за тое шчодра абдарыць убогiх гмiны. Здавалася яму цяпер, калi Лiгiя кахае яго, дык тым часам няма перашкодаў мiж iмi, бо аддаць павагу Хрысту гатовы быў у кожнай хвiлiне. Але Глаўк, памiма моцнага нагавору да хросту, не смеў заручаць яму, цi праз тое заваюе сабе Лiгiю, бо хросту трэ пажадаць для самога хросту i для любовi Хрыста, не для iншых мэтаў. «Трэба мець i душу хрысцiянскую»,- казаў яму. А Вiнiць, дарма кожная перашкода ўзбурала яго, пачынаў ужо разумець, што Глаўк, як хрысцiянiн, гаворыць тое, што павiнен гаварыць. Сам сабе ён яшчэ не ўяўляў аднае з найглыбейшых перамен у ягонай натуры, менавiта: даўней мераў людзей толькi меркаю собскага эгаiзму, цяпер жа паволi асвойваўся з думкай, што iншыя вочы могуць глядзець iначай, iншыя сэрцы iнакш пачуваць, i што слушнасць не заўсёды адназначная з асабiстаю карысцяй.

Брала яго ахвота пабачыцца таксама з Паўлам, словы якога зацiкавiлi яго, не даючы супакою. Укладаў сабе ў душу доказы, якiмi збiвацiме ягоную навуку, упiраўся яму ў думках, а хацеў аднак жа пабачыцца з iм ды паслухаць. Але Павал выехаў у Арыцыю i, калi Глаўк стаў прыходзiць штораз радзей, Вiнiцiя пачала мучыць самота. Тады зноў пачаў абягаць завулкi на Субуры i вузкiя вулачкi Затыбра, спадзеючыся хоць здалёк угледзець Лiгiю, але як i гэта не дапамагло, агарнула яго нуда i нецярплiвасць. Дзякуючы гэтаму адазвалася ў iм яшчэ раз даўнейшая натура з такою сiлай, з якою хваля пасля адплыву вяртаецца на бераг, з якiм нядаўна развiталася. Цi не дурны ж, думаў сабе, нашто непатрэбнымi рэчамi, давёўшымi мяне да нуды, турбую сабе голаў, цi не павiнен браць ад жыцця, што дасца? Вырашыў забыць пра Лiгiю, а прынамсi шукаць раскошы забыцця па-за ёю. Адчуваў, аднак, што гэта была апошняя спроба, дык кiнуўся ў вiр жыцця з усёю сляпою, яму свомаю, энергiяй i палкасцю. Жыццё само быццам заахвочвала яго да гэтага. Замёршы i вылюднены праз зiму горад пачаў ажыўляцца надзеяй хуткага прыезду цэзара. Рыхтавалi яму вялiкае спатканне. Iшла вясна: снягi пад цёплым ейным подыхам хутка знiкалi з Альбанскiх гор. Гарадскiя траўнiкi пакрылiся кветкамi. Марсавае поле i рынкi зараiлiся народам, шукаючым сонца. На дарозе Апiя, якая была заўсёды месцам шпацыру, запанаваў рух багата ўпрыгожаных каляснiц. Былi ўжо экскурсii ў Альбанскiя горы. Малодухны пад прэтэкстам складання пашаны Юноне ў Лянавiюме або Дыяне ў Арыцыi вымыкалiся з дому, каб за горадам шукаць уражанняў, таварыства, спатканняў i раскошы. Тут Вiнiць сярод важных рыдваноў прыкмецiў аднойчы пышную, папераджаную двума малосамi, каруку Пятронiевай Хрызатэмiс, акружаную вянком моладзi i старых сенатараў, якiх абавязак затрымаў у горадзе. Хрызатэмiс сама кiравала чатырма карсiканскiмi куцамi, раздаючы навакол усмехi i злёгку ляскаючы залатою пугай, злавiўшы вачыма Вiнiцiя, затрымала конi, забрала яго ў карэту, а пасля дадому на банкет, якi трываў праз цэлую ноч. Вiнiць так спiўся на гэным банкеце, што не памятаў нат, калi даставiлi яго дамоў, прыпомнiў сабе аднак, што калi Хрызатэмiс спытала была яго пра Лiгiю, абразiўся i, будучы ўжо п'яны, вылiў ёй на голаў коўш фалерну. Прыгадваючы гэта на цвярозую галаву, адчуваў яшчэ гнеў. Але днём пазней Хрызатэмiс, вiдаць забыўшыся аб знявазе, адведала яго дома i забрала зноў на вiя-Апiя дзеля шпацыру, потым была ў яго на вячэры, падчас якое прызналася, што не толькi Пятронi, але й лютнiст ягоны знудзялi ўжо ёй даўно i што сэрца ейнае вольнае. Праз тыдзень хадзiлi разам, але зносiны не абяцалi трываласцi. Хоць ад здарэння з фалернам iмя Лiгii не было анi разу прыгадвана, Вiнiць усё ж такi не мог абаранiцца ад думак пра яе. Меў заўсёды ўражанне, быццам вочы ейныя глядзяць на яго, i ўражанне гэтае праймала яго трывогай. Крывiўся сам на сябе, не мог, аднак, збыць жаласнае думкi: быццам крыўдзiць яе. Па першай сцэне зайздрасцi, якую Хрызатэмiс паказала з прычыны дзвёх купленых сiрыйскiх дзяўчат, прагнаў яе грубiянскiм спосабам. Не перастаў, праўда, адразу нурацца ў распуснай раскошы, рабiў гэта быццам на злосць Лiгii, але ў канцы агледзеўся, што думка аб ёй не адступае ад яго анi на хвiлiну, што гэта яна выклiкае так благiя, як i добрыя ўчынкi ды што сапраўды апрача яе нiчога на свеце яго не цiкавiць. Апанавалi яго гiдлiвасць i знямога. Раскоша яму абрыдла, пакiдаючы па сабе копаць згрызотаў. Называў сябе ў думцы нягоднiкам, дзiвячыся, чаму даўней прымаў за добрае ўсё, што яму дагаджала. Урэшце, згубiў пачуццё свабоды, самапэўнасцi, паддаўся немарасцi, з якое не магла яго абудзiць нат думка аб прыездзе цэзара. Нiчога ўжо яго цяпер не цiкавiла, а нат да Пятронiя не выбраўся аж датуль, пакуль той сам не прыслаў па яго сваёй лектыкi.

Пры спатканнi, нягледзячы на радаснае прывiтанне, адказваў на пытаннi з нехаццю, аж пакуль доўга хаваныя пачуццi i думкi не выбухнулi ды не паплылi з вуснаў разлiўною ракою слоў. Яшчэ раз расказаў падрабязна гiсторыю сваiх пошукаў Лiгii ды побыту мiж хрысцiянамi, усё, што там бачыў i чуў, усё, што яму праходзiла праз голаў i сэрца, i ўрэшце пачаў наракаць, што патануў у хаосе, якi глынуў ягоную спакойнасць, здольнасцi ўсякага разумнага дазнання. Вось жа нiшто яго не цiкавiць, нiшто не смакуе, не ведае, чаго пiльнавацца i як паступаць. Гатовы аддаваць пашану Хрысту i пераследваць Яго. Разумее высокую вартасць навукi Ягонай i чуе адначасна непакананую гiдзь. Упрытамняе сабе, што хоць бы й асягнуў Лiгiю, дык не здабудзе яе цэлае, бо мусiцьме дзялiцца ёю з Хрыстом. Жыццё ягонае не ёсць жыццём, бо без надзеi, без заўтра, без веры ў шчасце, а навакол атуляе яго цемра, выхаду з якое шукае вобмацкам ды не можа знайсцi.

Пятронi задуменна глядзеў падчас спавядання на зменены твар Вiнiцiя, на рукi, якiя, гаворачы, выцягаў перад сабою, казаў бы сапраўды шукаў дарогi перад сабою ў цемры. Нараз устаў i, падыйшоўшы да Вiнiцiя, пачаў разгортваць пальцамi яму валасы над вухам.

- Цi ведаеш,- спытаў,- што маеш сiвыя валасы над вухам?

- Можа быць,- адказаў Вiнiць,- не дзiвiцiмуся, калi незабаўна i ўсе мне збялеюць.

Замоўклi. Пятронi быў чалавек разумны i не раз задумоўваўся над людскою душою ды жыццём. Наагул жыццё ў гэным свеце, у якiм абодва жылi, магло звонку выглядаць шчаслiвым або нешчаслiвым, але ўнутры бывала спакойнае. Як пярун цi землятрус маглi збурыць святыню, так няшчасце магло збурыць жыццё, само ў сабе, аднак, складалася яно з простых i гарманiйных лiнiяў, вольных ад усялякае блытанiны. Тым часам што iншае было ў словах Вiнiцiя, i Пятронi першы раз убачыў нiзку духовых вузлоў, якiх нiхто да гэтых пор не разблытваў. Быў настолькi разумным, што адчуваў iх важнасць, але пры цэлай сваёй хуткасцi не ўмеў нiчога на дадзеныя пытаннi адказаць i ўрэшце пасля доўгага маўчання адазваўся:

- Гэта хiба чараўство.

- I я так думаў,- адказаў Вiнiць.- Не раз выдавалася мне, што ачараваў нас нехта абаiх.

- Ну а каб ты,- кажа Пятронi,- звярнуўся, напрыклад, да святароў Сэрапiса. Бессумнiўна, ёсць мiж iмi, як наагул мiж святарамi, многа мантачоў, але ёсць, аднак, такiя, што зглыбiлi дзiўныя тайнiцы. Але гаварыў гэта з тонам няпэўнасцi i несувернасцi, сам адчуваў, як ягоная рада можа выдавацца марнай i нат смешнай. Вiнiць пацiраў сабе лоб i гаварыў:

- Чары!.. Бачыў я чараўнiкоў, якiя заклiкалi падземных нязнаных моцаў для зыску або для помсты над ворагамi. Але хрысцiяне жывуць убога, прабачаюць ворагам, навучаюць пакоры, сумленнасцi й мiласэрнасцi, што iм тады за карысць з чараўства, нашто яно iм?..

Пятронiя ўздымала гнеўнасць, што розум ягоны не можа знайсцi адказу, не хочучы, аднак, да таго сазнавацца, адказаў абы адказаць:

- Гэта новая сэкта...

I цераз момант дадаў:

- На боскую валадарку пафiйскiх гаёў, як гэта ўсё псуе жыццё! Ты выказваеш подзiў да iхняй дабрынi i цноты, а я табе кажу, што гэта дрэнныя людзi, гэта непрыяцелi жыцця, як хвароба, як смерць самая. Даволi маем iх i так! Не хапала нам яшчэ хрысцiян! Злiчы толькi: хваробы, цэзар, Тыгэлiн, цэзарава паэзiя, шаўцы, правячыя патомкамi даўных квiрытаў, вызвольнiкi, што засядаюць у сенаце. На Кастара! Даволi гэнага! Гэна пагубная й абрыдлая сэкта! Цi ты спрабаваў крыху атрахнуцца ад гэных цёмных мараў i засмакаваць жыцця?

- Спрабаваў,- адказвае Вiнiць.

Пятронi разрагатаўся й кажа:

- Ах ты, здраднiк! Нявольнiкi хутка разносяць весткi: адбiў ад мяне

Хрызатэмiс!

Вiнiць махнуў з нясмакам рукою.

- А ўсё ж дзякую табе,- гаварыў далей Пятронi.- Пашлю ёй пару чаравiкаў, нашываных перламi; у маiм любоўным лексiконе азначацiме гэта: «Адыйдзi». Маю перад табою доўг падвойнае ўдзячнасцi: раз за тое, што не прыняў Эўнiку, а другi - што выбавiў мяне ад Хрызатэмiс. Паслухай мяне: бачыш перад сабою чалавека, якi ўставаў рана, купаўся, банкетаваў, цешыўся з Хрызатэмiс, пiсаў сатыры, а нат часамi прозу пераплятаў вершамi, але каторы нудзiўся, як цэзар, i часта не ўмеў абараняцца ад пасумных думак. А цi ведаеш, чаму так было? Таму што я шукаў далёка тое, што было блiзка... Жанчына-красуня заўсёды варта столькi, колькi сама важыць, але жанчына, якая пры тым кахае, папросту не мае цаны. Таго не купiш за ўсе скарбы Вярэса. А цяпер вось заўсёды кажу сабе так: напаўняю жыццё шчасцем, як чару найлепшым вiном, якiм абдарыла нас зямля, i п'ю, пакуль не змярцвее рука ды не збялеюць вусны. Што будзе далей, не дбаю. Вось мая найнавейшая фiлязофiя.

- Ты ж прызнаваў яе заўсёды, нiчога тут новага!

- Ёсць у ёй змест, якога не было раней.

Сказаўшы гэта, заклiкаў Эўнiку, якая ўвайшла ў белых строях, залатавалосая, не нявольнiца ўжо даўняя, але моў багiня кахання i шчасця. Ён разняў перад ёю рукi i клiча:

- Хадзi!

Прыбегла да яго i, сеўшы на каленях, апляла рукамi яму шыю, злажыла галованьку на грудзях. Вiнiць бачыў, як паволi ружавелi ейныя шчокi, як кунежылiся вочы. Разам у такой позе тварылi чароўную любоўную групу шчаслiвых. Пятронi сягнуў рукою да плыткае вазы, стаяўшае на стале вобак, i, загарнуўшы цэлую жменю фiялак, пачаў абсыпаць iмi голаў, грудзi й столу Эўнiкi, пасля абсунуў тунiку з ейных плечукоў i кажа:

- Шчаслiвы той, хто так, як я, знайшоў каханне, заварожанае ў такiя формы... Часамi здаецца мне, што з нас двое багоў... Ну глянь ты сам: цi Праксытэлес, цi Мiрон, цi Скопас або Лiзыпас стварылi калi цудаўнейшыя лiнii? Цi на Паросе або Пантэлiконе iснуе падобны мармур, цёплы, ружовы, закаханы? Ёсць людзi, што выцалоўваюць берагi вазаў, але я лепш буду шукаць раскошы там, дзе яе сапраўды можна знайсцi. Вымавiўшы гэта, пачаў вадзiць вуснамi па ейных плечукох i шыi, аж дрыготы яе спанавалi, то зачыняла, то адчыняла вочы, поўныя нявыказанае раскошы. Пятронi па хвiлiне падняў стройную галаву i, звярнуўшыся да Вiнiцiя, сказаў:

- А цяпер падумай, чым ёсць у параўнаннi з гэтым твае хрысцiяне? I, калi не ўяўляеш рознiцы, iдзi сабе да iх... Думаю, гэтае вiдовiшча цябе вылечыць.

Пах кветак, напаўняючы залю, казытаў ноздры Вiнiцiя; ён збялеў; каб мог вадзiць так вуснамi па целе Лiгii, была б гэта хiба нейкая святакрадская раскоша, так магутная, што пасля хай бы сабе правалiўся ўвесь свет. Але, прызвычаены ўжо да самааналiзу, змеркаваўся, што ў iм дзеецца: i ў гэнай хвiлiне думае пра Лiгiю, толькi пра яе.

- Эўнiка,- звяртаецца далiкатна Пятронi,- загадай нам, боская мая, прыгатаваць вянкi на галовы ды снеданне.

Як яна пайшла, адзываецца да Вiнiцiя:

- Манiўся яе вызвалiць, а яна ведаеш, што адказала? «Лепей быць тваёй нявольнiцай, чым жонкаю цэзара». I не згадзiлася. Тады я даў ёй волю мiма ведама. Прэтор зрабiў гэта мне так, што непатрэбная была ейная прысутнасць. Яна не ведае аб гэтым, як i не ведае аб тым, што ўсе мае каштоўнасцi, за вынiкам гэм, ёй належацiмуць па маёй смерцi.

Тое сказаўшы, устаў, прашпацыраваўся па залi i цягнуў далей:

- Каханне пераiншвае адных больш, другiх менш, але пераiншыла й мяне. Калiсь раскашаваўся я пахам вервены, а цяпер, калi Эўнiка жадае фiялкi, i я палюбiў iх, i вось цэлую вясну дыхаем толькi фiялкамi.

Тут затрымаўся перад Вiнiцiем i выгаворвае яму:

- А ты заўсёды гонiшся за нардам?

- Адкаснiся! - баронiцца юнак.

- Я хацеў, каб ты прыгледзеўся Эўнiкi, i кажу табе аб ёй таму, што мо i ты шукаеш далёка таго, што ёсць блiзка. Можа, i да цябе рвецца дзе ў тваiх нявольнiцкiх кубiкулах сэрца вернае i шчырае. Прылажы гэткi бальзам да сваiх ран. Кажаш, Лiгiя кахае цябе? Быць можа! Але што ж гэта за каханне, якое цябе выракаецца? Цi гэта не абазначае, што ня ёсць моцнае? Не, мiлы, Лiгiя - гэта не Эўнiка.

На гэта Вiнiць:

- Усё гэта адна толькi пакута. Бачыў цябе, цалуючага Эўнiку, i думалася тады мне: от каб мне так Лiгiя адкрыла сваю фiгуру, дык правалiся ты пасля гэтага ўсё на свеце скрозь зямлю! Але сам толькi ўспамiн пра гэта ўзняў жах ува мне так, як бы нераўнуючы памыкнуўся на вясталку або намагаўся зняславiць боства... Так, Лiгiя - гэта не Эўнiка, толькi я йначай разумею гэтую рознiцу, чым ты. Табе каханне змянiла ноздры, i прагнеш фiялкаў, не вервену, а мне змянiла душу, дык, мiма майго гора, кахаю Лiгiю такою, як ёсць, не хачу такое, як iншыя.

Пятронi пацiснуў здзiўлена плячыма.

- Як так, дык чаго ж крыўдуеш? Не разумею цябе.

На гэта Вiнiць з гарачкаю:

- Так! Так!.. Мы ўжо не можам разумецца!

Ды зноў замоўклi на хвiлiну, пасля Пятронi адзываецца:

- А бадай тваiх хрысцiян глынуў Гадэс! Атруцiлi цябе немарасцю i зруйнавалi почувы жыцця. Бадай iх Гадэс! Дрэнна табе здаецца, што iхняя навука ёсць дабрадзейнай, бо дабрадзейным ёсць тое, што дае людзям шчасце, гэта знача: красу, каханне i моц, а яны завуць гэта марнасцяй. Нельга назваць iх i справядлiвымi, бо калi за зло плацiцiмем дабром, дык чым жа будзем плацiць за дабро?

А пры тым, калi за тое i за гэта адна будзе заплата, дык нашто быць добрым?

- Не, адплата ня ёсць аднолькавая, толькi яна зачынаецца ў жыццi будучым, не дачасным, так вучаць.

- Я пра тое не талкую: аб тым, цi штось там можна будзе бачыць... без вачэй, дык яшчэ паглядзiмо. Прымеж таго, гэта ж недарэкi! Урсус задушыў Кратона, бо мае сталёвыя мускулы, але ж наагул яны хныкалы й вароны, будучыня да такiх не належацiме.

- Жыццё iхняе зачынаецца падчас смерцi.

- Гэта як бы хто сказаў: дзень пачынаецца разам з ноччу. Цi маеш намер спаймаць Лiгiю?

- Не, не магу ёй злом за дабро плацiць, прысягнуў, што гэтага не рабiцiму.

- Цi манiшся прыняць Хрыстову навуку?

- Хачу, але натура хiба не сцерпiць яе.

- А цi здолеў бы забыцца пра Лiгiю?

- Не.

- Дык спрабуй турыстыкi.

Нявольнiкi далажылi, што гатова снеданне, але Пятронi, якому здалося, што натрапiў на добрую думку, гаварыў далей, iдучы ў трыклiнiюм:

- Аб'ездзiў ты кавалак свету, але толькi як ваяк, якi заўсёды спяшае на загаданы пункт, не затрымоўваючыся ў дарозе. Едзем з намi ў Ахайю. Цэзар пакуль не развiтаўся йшчэ з намерам туды паехаць. Будзе затрымоўвацца ўсюды па дарозе, пяяцiме, вянкi збiрацiме, святынi рабавацiме i ўрэшце вернецца, як трыўмфатар, у Iталiю. Будзе гэта нешта падобнае да карагоду Бахуса i Апалона ў адной асобе. Аўгустыяне, аўгустыянкi, тысячы цытраў - на Кастара! Варта гэта пабачыць, бо свет нiчога падобнага не бачыў. I разлакацiўся на лаве вобак Эўнiкi за сталом, а як нявольнiк на голаў клаў яму вянок, гаварыў далей:

- Што ты бачыў на службе ў Карбулона? Нiчога! Цi зведаў святынi грэцкiя так, як я, каторы блiзу праз два гады не развiтваўся з праваднiкамi? Цi быў на атоцы Радоскай, цi аглядаў мейсца, дзе стаяў калос? Цi бачыў у Панопе, у Факiдзе, глiну, з якое Праметэй ляпiў людзей, або ў Спарце яйкi, што знесла Леда, або ў Афiнах слаўны панцыр сармацкi, зроблены з конскiх капытоў, або карабель Агамемнана на Эўбеi, або чару, зробленую на манер цыцкi Гэлены? Цi бачыў Александрыю, Мэмфiс, пiрамiды, волас Iзыды, якi вырвала сабе з журбы па Азырысе? Цi чуў енк Мемнона? Свет шырокi, не ўсё кончыцца на Затыбры! Я еду з цэзарам, але не варочацiмуся з iм, а паеду на Цыпр, бо гэная мая залатавалосая багiнька хоча, каб мы разам ахвяравалi ў Пафосе Цыпрыдзе галубкi, а трэ табе ведаць, чаго ёй заманiцца, гэта мусiць быць.

- Я твая нявольнiца,- адазвалася Эўнiка.

А ён прытулiў да яе голаў i кажа з усмехам:

- Дык я, знача, нявольнiк нявольнiцы. Ты годная подзiву ад ног да галавы.

Пасля да Вiнiцiя:

- Едзь з намi на Цыпр. Але памятай, мусiш перад тым бачыцца з цэзарам, дрэнна, што дагэтуль ты ў яго не быў. Тыгэлiн гатовы гэта супраць цябе выкарыстаць. Не мае, праўда, ён да цябе асабiстае нянавiсцi, аднак жа не можа цябе любiць хоць бы дзеля таго, што ты мой сястрынец... Адманёмся, што ты быў хворы. Мусiш надумацца, што адкажаш яму, калi спытае пра Лiгiю. Найлепш махнi рукою i скажы, што была, пакуль не знудзiла. Ён гэта разумее. Скажы яму таксама, што хвароба затрымала цябе дома, а гарачку пабольшвала маркота, што не мог быць у Неапалi й слухаць ягоных песняў, ды аздаравiла цябе надзея, што ўрэшце магчымеш яго слухаць. Перасолу не бойся. Тыгэлiн запавяшчае, што выдумае для цэзара нешта не толькi светазарнае, але й буйнае... Баюся, аднак, каб не падкапаўся пад мяне. Пабойваюся таксама i твайго настрою...

- Цi ты ведаеш,- запэўнiваў Вiнiць,- што ёсць людзi, якiя не баяцца цэзара i жывуць так спакойна, як бы яго не было на свеце?

- Ведаю, аб кiм гутарка: аб хрысцiянах.

- Так. Яны толькi адны!.. А нашае жыццё чым жа ёсць, калi не бесперастанным страхам?

- Годзе ж ужо пра гэтых сваiх хрысцiян! Не баяцца цэзара, бо ён мо аб iх не чуў дый не ведае, i столькi яны яго цiкавiлi б, колькi пажоўклае лiсце. Кажу табе, гэта недарэкi, няўжо ты гэтага не цямiш? Калi твая натура баронiцца ад iхняе навукi, дык яўна дзеля таго, што вычувае iх недалужнасць. Ты ж чалавек з iншае глiны, дык нашто мне й сабе голаў iмi марочыш. Патрапiм жыць i памiраць, а што яны пакажуць - гэта няведама.

Вiнiцiя ўдарылi гэныя словы i, вярнуўшыся дадому, пачаў разважаць: можа, iставетна дабрыня й мiласэрнасць хрысцiян ёсць паказнiкам недалужнасцi iхнiх душ. Выдавалася яму, што людзi, маючыя сiлу й гарт, не ўмелi б так прабачаць. Лезла ў галаву думка, што гэта менавiта, можа, i ёсць прычынай, што адпiхвае ягоную рымскую душу ад тае навукi. «Патрапiм жыць i памiраць»,- кажа Пятронi. А яны? Яны ўмеюць толькi прабачаць, не разумеючы хiба нi сапраўднае любовi, нi сапраўднае нянавiсцi.

ХХХ

Цэзар, вярнуўшыся ў Рым, лютаваў, што вярнуўся, i па некалькiх днях запалаў наноў ахвотай выезду ў Ахайю. Выдаў нат эдыкт, у якiм абяцаў, што адсутнасць яго не патрывае доўга, а справы публiчныя з тае прычыны не ўцерпяць нiякае шкоды. Вось жа ў таварыстве аўгустыянаў, мiж якiмi быў i Вiнiць, iдзе на Капiтоль, каб за памыснасць новага падарожжа злажыць багом ахвяры. Але на другi дзень, калi адбывалiся чарговыя адведзiны святынi Весты, сталася здарэнне, якое спрычынiла змену ўсiх намераў. Нэрон не верыў у багоў, але баяўся iх, злашча таёмная Веста праймала яго такiм жахам, што перад аблiччам боства i святога агню дыба сталi валасы, шчамiлiся зубы, прабеглi дрыготы па ўсiм целе i асунуўся на рукi Вiнiцiю, якi прыпадкам стаяў тут жа ззаду. Вынеслi хутка яго з святынi i адправадзiлi на Палатын, дзе, хоць хутка апрытамнеў, пралежаў у пасцелi цэлы дзень. Агалосiў зараз жа здзiўленым прысутным, што намер выезду адкладае на пасля, боства бо перасцерагло яго таёмна, каб не спяшаўся. Цераз гадзiну iшла ўжо вестка публiчна па ўсiм Рыме: бачачы сумных мiлых грамадзян, цэзар застаецца з iмi, моў бацька з дзецьмi, каб дзялiць з iмi ўцехi i долю. Народ, абрадаваны блiзкiмi iгрышчамi i дзяльбою збожжа, стоўпiўся грамадна перад Палатынскаю брамаю, вiватуючы на гонар боскага цэзара, а той, перарваўшы гульнi ў косцi з аўгустыянамi, адазваўся:

- Так! Трэ было адкласцi. Егiпет i ўладства на Ўсходзе, суджанае мне, не мiне мяне, дык не прападзе й Ахайя. Загадаю пракапаць Карынфскi iстм, а ў Егiпце паставiм такiя помнiкi, пры велiчы якiх пiрамiды змалеюць да памераў дзiцячых цацак. Загадаю збудаваць Сфiнкса большага ў сем разоў ад таго, што ля Мэмфiсу глядзiць у пустыню, але мецiме ён аблiчча маё. Вякi наступныя ўспамiнацiмуць толькi аб iм ды аба мне.

- Збудаваў ты сабе ўжо помнiк сваiмi вершамi, большы не ў сем, а тройчы па сем разоў ад пiрамiды Хеопса,- падхапiў Пятронi.

- А песняй? - чакаў Нэрон.

- На жаль, каб жа было магчымым збудаваць табе такую статую, як статуя Мемнона, якая б адзывалася тваiм голасам пры ранняй зарнiцы! Моры, амываючыя Егiпет, былi б пакрыты павек вякоў роем караблёў, з якiх грамады трох частак свету раскашавалiся б тваёй песняй.

- На жаль, хто ж гэта патрапiць? - адказвае Нэрон.

- Але можаш загадаць вырэзьбiць з базальту сябе на квадрызе.

- А праўда! Зраблю гэта!

- Зробiш дар чалавецтву. - У Егiпце звянчаюся з Лунаю, што аўдавела, i буду сапраўды богам.

- А нам аддасi ў жоны зоры, мы ўтворым новае сузор'е, якое звацiмецца сузор'ем Нэрона. Вiтэлiя, аднак, ажанi з Нiлам, хай плодзiць бегемотаў.

Тыгэлiну падаруй пустыню, будзе тады валадаром шакалаў.

- А мне што? - пытае Ватынiй.

- Хай багаславiць цябе Апiс! Справiў нам такiя iгрышчы ў Бэнэвэнце, што нельга табе абы-чаго жадаць: зрабi пару ботаў Сфiнксу, якому дранцвеюць лапы падчас сядравых расiстых ночаў, а пасля плясцiмеш лапцi калосам, старажуючым алеi перад святынямi. Кожны там знойдзе сабе занятак. Дамiцый Афер, напрыклад, будзе скарбнiкам, ведамы з сумленнасцi. Цэзар, люблю твае летуценнi пра Егiпет, i адклад выезду выклiкае ў мяне сум.

Нэрон кажа:

- Вашы смяротныя вочы нiчога не бачылi, боства бо робiцца невiдушчым для каго захоча. Бачыце, калi быў я ў святынi Весты, яна сама стала ля мяне й кажа мне ў самае вуха: «Адкладзi выезд». Сталася гэта так раптоўна, што я аж жахнуўся, хоць за такую вiдавочную апеку багоў нада мною павiнен быў бы я быць удзячным.

- Усе мы жахнулiся,- адазваўся Тыгэлiн,- а вясталка Рубрыя аж абамлела.

- Рубрыя! - дзiвiцца Нэрон.- Як жа снежную яна мае шыю!

- Але чырванiцца, на цябе гледзячы, боскi цэзару...

- Так! Скемiў гэта i я. Гэта дзiва! Вясталка! Ёсць нешта боскае ў кожнай вясталцы, а Рубрыя надта ж прыгожая.

Ды задумаўся на хвiлiну, пасля пытае:

- Скажэце вы мне, чаму людзi больш баяцца Весты, чым iншых багоў?

У чым тут справа? От мяне самога жах пераняў, хоць я i найвышэйшы святар. Памятаю толькi, што ўпаў нiцма i быў бы рынуў на зямлю, каб хтось не падтрымаў мяне. Хто мяне падхапiў?

- Я,- адказаў Вiнiць.

- Ах! Ты, «строгi Арэсе»? Чаму не быў у Бэнэвэнце? Казалi мне, што хворы, i сапраўды твар маеш зменены. Ага! Чуў я, што Кратон хацеў цябе замардаваць? Цi то праўда?

- Праўда - i зламаў мне руку, але я абаранiўся.

- Зламанаю рукою?

- Дапамог мне адзiн барбар, якi быў дужэйшы за Кратона.

Нэрон уставiў у яго здзiўленыя вочы.

- Мацнейшы за Кратона? Шкелi строiш? Кратон быў наймацнейшы чалавек на свеце, а цяпер ёсць Сыфакс з Этыёпii.

- Кажу тое, што бачыў собскiмi вачыма.

- Кажы, дзе тая перла? Мо стаўся каралём Немарэнскiм?

- Не ведаю дзе, згубiў з вачэй.

- Не ведаеш нат, з чыйго народу?

- Я ж меў зламаную руку, дык нельга было яго распытаць.

- Пашукай ты мне яго.

На гэта Тыгэлiн:

- Я за гэта вазьмуся.

Але Нэрон далей гаварыў Вiнiцiю:

- Дзякую табе, што падтрымаў мяне. Мог, падаючы, разбiць голаў. Калiсь добры з цябе быў кумпан, але ад часаў вайны й службы пад Карбулонам здзiчэў ты нейк, i рэдка цябе спатыкаю.

I, памаўчаўшы крыху, гаварыў зноў:

- А як жа маецца твая... танклявая малодухна... у якую ты быў закахаўся? Я ж адабраў яе ў Аўлаў для цябе...

Вiнiць здэтынаваўся, але Пятронi ў тым жа моманце падаспеў яму на помач:

- Iду ў заклад, домiне, што забыў. Цi не бачыш, як спудлаваўся? Пытай у яго пра тое, колькi iх было ад тае пары, а не ручаю, цi i на гэта патрапiць адказаць. З Вiнiцiяў добрыя ваякi, але ўдалейшыя йшчэ пеўнi. Iм трэ цэлыя статкi. Укарай яго за тое, домiне, не запрасi на банкет, якi Тыгэлiн абяцае зладзiць на твой гонар над сажалкай Агрыпы.

- Не, не зраблю гэтага, спадзяюся на Тыгэлiна, што там якраз статкаў будзе ўдоваль.

- А цi ж дазволю, каб быў недахоп харытак там, дзе будзе Амур? - запэўнiвае Тыгэлiн.

Нэрон пачаў жалiцца:

- Нуда мне дакучае! Застаўся я з волi багiнi ў Рыме, але не магу яго цярпець. Выеду да Анцыюма. Цесна мне ў гэных вузкiх вулiцах, сярод гэтых старых дамiшчаў ды занеахаеных завулкаў. Смуродам цягне аж сюды, пад мой дом i сады. Ах, каб землятрус зруйнаваў Рым, каб якi загневаны бог зраўнаваў яго з зямлёй, вось тады паказаў бы я вам, як трэ будаваць горад - сталiцу свету i маю.

- Цэзар,- адзываецца Тыгэлiн,- кажаш, каб якi разгневаны бог знiштожыў горад, цi так?

- Так, дык што?

- Або ж ты не бог?

Нэрон махнуў нядбала рукою й дадаў:

- Пагледзiмо, што нам уладзiш на ставах Агрыпы. Потым выеду да Анцыюма. Вы ўсе замалыя, каб зразумець, што мне трэба рэчаў вялiкiх,- гэта сказаўшы, прыжмурыў вочы, даючы праз гэта знаць, што патрабуе супачынку. I аўгустыяне пачалi разыходзiцца. Пятронi выйшаў разам з Вiнiцiем i кажа яму:

- Дык, знача, ты запрошаны на забаву. Рудабароды выракся падарожжа; але затое будзе шалець больш, чым калi, i буянiць па горадзе, бы ў собскiм доме. Старайся й ты знайсцi ў шаленстве забыццё. Бо й ну яго! Мы ж пакарылi свет, дык i можам гуляць! Удалы з цябе, Марк, малойца, дзеля таго, у прыватнасцi, я i люблю цябе так. На Дыяну Эфескую! Каб ты мог палюбавацца сваiмi зрослымi бровамi ды сваiм воблiкам, у якiм значна старая кроў квiрытаў! Тыя ўсе выглядаюць пры табе, бы вызвольнiкi. Так! Каб не тая дзiкая навука, Лiгiя была б сяння ў тваiм доме. I што ж, мо яшчэ мне даказвацiмеш, што гэта ня ёсць ворагi жыцця i людзей?.. Абыйшлiся з табою па-людску, за гэта можаш быць iм удзячны, але я на тваiм мейсцы зненавiдзеў бы тую навуку, а шукаў бы раскошы там, дзе льго яе знайсцi. Ты прыгожы хлапец, кажу зноў табе, а Рым роiцца ад разлучнiц...

- Бярэ мяне дзiва, што табе ўсё гэта яшчэ не абрыдла,- адказаў Вiнiць.

- Хто табе гэта казаў? Мне дык даўно гэта збрыдла, але ж я не ў тваiх гадох. Дый я маю iншую жылку, якое табе недахоп: люблю кнiжкi, якiх ты не любiш, люблю паэзiю, якая цябе нудзiць, люблю мастацтва, гэмаў ды шмат рэчаў, на якiя ты й глядзець нат не хочаш, маю боль у крыжы, якога ты не маеш, i ўрэшце, я знайшоў Эўнiку, а ты нiчога падобнага не знайшоў... Я раскашуюся дома архiтворамi, але з цябе нiколi не зраблю эстэты. А ведаю, што ў жыццi нiчога больш не знайду апрача таго, што знайшоў, ты сам не ведаеш, што заўсёды яшчэ чагось спадзяешся й шукаеш. Каб табе прыдарылася смерць, ты б пры цэлай сваёй адвазе й летуценнях памiраў бы з жахлiвым здзiўленнем, што трэба развiтвацца з светам, а я прыняў бы яе, як чаканую, будучы пэўным, што няма на ўсiм свеце такiх ягадак, якiх бы я ўжо не каштаваў. Не спяшаюся, але не буду таксама й ацягацца, пастараюся толькi, каб было весела да астатку. Ёсць на свеце вясёлыя скептыкi. Стоiкi дык мне выдаюцца глупымi, але стоiцызм прынамсi гартуе, а от твае хрысцiяне ўводзяць на свет сум, якi ёсць тым у жыццi, чым дождж у прыродзе. Цi ты ведаеш, аб чым я даведаўся? На забавах Тыгэлiнавых з'явяцца люпанарыi, а ў iх будуць жанчыны з найпершых дамоў у Рыме. Няўжо не знойдзецца хоць адна красуня, якая б здолела цябе пацешыць? Будуць i такiя дзяўчаты, што першы раз выступяць на свет як... нiмфы. Такое нашае рымскае цэзарства... Цёпла ўжо. Паўдзённы вецер сагрэе воды i не спрышчыць цела нагiх балаўнiц. А ты, Нарцысе, ведай, што не знойдзецца нi адна, якая б ад цябе баранiлася. Нi адна, хоць бы гэта была вясталка.

Вiнiць удараўся даланёю па лбе, як чалавек, не могучы адвязацца ад аднае назойлiвае думкi.

- I трэба ж шчасце на такую мне было натрапiць!

- А хто ж гэта спрычынiў, як не хрысцiяне! Але людзi, якiх сымболем ёсць крыж, не могуць быць iншымi. Слухай. Грэцыя была прыгожай i стварыла мудрасць свету, мы стварылi сiлу, ну а што створыць гэная навука? Калi ведаеш, дык расталкуй мне, бо - на Палукса! - не магу дадумацца.

Вiнiць пацiснуў плячыма:

- Ты, вiдаць, баiшся, каб я не стаўся хрысцiянiнам.

- Баюся, каб сабе жыццё не завязаў. Калi не патрапiш быць Грэцыяй, будзь Рымам: ўладай i гуляй! Шалы нашыя маюць свой сэнс, што ў iх менавiта змяшчаецца такая думка. Рудабародага не люблю, бо ёсць грэкам-блазнам. Каб пачуваў сябе рымлянiнам, меў бы толк, дазваляючы сабе на буянства й шалы. Пабажыся, што калi, вярнуўшыся цяпер, застанеш каго з хрысцiян, высалапiш яму язык. Калi гэта будзе лекар Глаўк, дык ён нат i не здзiвiцца. Да пабачэння на ставе Агрыпы.

ХХХI

Прэторыяне акружалi берагавы гай над ставам Агрыпы, каб натоўп не перашкаджаў цэзару i гасцям ягоным, усё бо, што толькi было ў Рыме багацейшае, культурнейшае цi прыгажэйшае, пагалоска прыцягнула на той банкет, якому роўнага йшчэ не было ў дзеях гораду... Тыгэлiн намагаўся цэзару адудзячыцца за адложанае падарожжа ў Ахайю i адначасна перавышыць усiх гасцiннасцю перад Нэронам ды даказаць яму, што нiхто так яго не патрапiць весялiць. Дзеля гэнай мэты, будучы яшчэ з цэзарам у Неапалi, а пасля ў Бэнэвэнце, рабiў падрыхтоўку, высылаў загады, каб з найдальшых краёў свету дастаўлялi звяры, птаства, рэдкiя рыбы й раслiны, не забываючы пра дарагi посуд i тканiны, якiя мелiся ўпрыгожыць баль. Даходы з цэлых правiнцыяў iшлi на аплату шалёных помыслаў, але магутны фаварыт на гэта не патрабаваў аглядацца. Уплывы ягоныя раслi з кожным днём. Тыгэлiн, можа, i не быў яшчэ мiлейшым Нэрону за iншых, але рабiўся штораз неабходнейшым. Пятронi далёка перавышаў яго элеганцыяй, розумам, досцiпам i ў гутарках лепш умеў весялiць цэзара, але, на сваё няшчасце, перавышаў у гэтым i цэзара, дык разбуджаў у iм зайздрасць. Не ўмеў таксама быць ува ўсiм знадобным, i цэзар баяўся ягонага суду, дзе расходзiлася пра густ, а з Тыгэлiнам чуўся свабадней. Самае прымавiска - arbiter elegantiarum, якiм адзначалi Пятронiя, дражнiла Нэронава самалюбства, бо i каму ж, калi не яму самому, яно павiнна належацца? Тыгэлiн меў, аднак, настолькi толку, што ўсведамляў сабе свае недахопы i, не могучы канкураваць анi з Пятронiем, анi з Люканам, анi з iншымi паходжаннем, талентамi, навукай - пастанавiў закасаваць iх прадажнасцю сваiх слуг, а найбольш збыткоўнасцю, каб i ўява Нэрона была тым ачаравана.

Банкет загадаў урыхтаваць на прасторным плаваючым пароме. Берагi яго былi прыбраныя ў маляўнiчыя перлiста-радульныя слiзянiцы. Па бакох групкi пальмаў, гайкi лотасу й расцвiўшых ружаў, з-пад якiх б'юць пахнiдлавыя вадалiвы, статуi бостваў ды залатыя або срэбныя клеткi, поўныя рознаколернага птаства. Пасярэдзiне высiцца велiзарны з сiрыйскае пурпуры на высокiх (каб не захiляць, бач, вiду) срэбных слупох балдахiн, а пад iм блiшчаць, моў сонца, сталы, прыгатаваныя для бяседнiкаў, яны аж угiнаюцца ад александрыйскага шкла, крышталяў i сталовага проста бясцэннага знадоб'я, нарабаванага ў Iталii, Грэцыi й Малой Азii. Паром, выглядаючы з сваiмi зараснiкамi на нейкi востраў цi плаваючы парк, звязаны быў залатымi i пурпуровымi шнурамi з лодкамi на манер рыбаў, лебядзяў, фламiнгаў i чаек, у якiх пры каляровых вёслах сядзелi нагiя весляры i вясляркi чароўнай красы, з валасамi, укарбаванымi на ўсходнi манер або аплеценымi залатымi сеткамi. Прыбывае Нэрон з Папеяй i аўгустыянамi, падплывае да галоўнага плыта i садзiцца пад пурпуровым навесам, лодкi ўзварушаюцца, вёслы ўдараюць па вадзе, напружыньваюцца залатыя шнуры, i паром з банкетнiкамi пачынае паволi плаваць кругом па сажалцы. Акружаюць яго i iншыя плыты, поўныя цытрыстак i гарфiстак, ружовае цела якiх на блакiтнай асноведзi неба й вады з залатымi водблескамi iнструментаў, казаў бы, усмоктвае ў сябе тыя блакiты й водблiскi, лiлавее, цвiце, бы кветкi. З прыбярэжных гаяў i дзiвосных буданоў, папрыбудоўваных знарок у гушчарах, адазвалiся таксама водгукi музыкi i песнi. Зайграла ваколiца, зашумелi гаi, рэха разнесла тоны труб i рагоў. Сам цэзар, седзячы мiж Папеяй i Пiфагорам, дзiвячыся ўцешлiва, злашча з маладых нявольнiчак, паўбiраных за сырэны ў зялёнай, сеткавай лушцы, не шкадаваў пахвалы Тыгэлiну. Паводле звычкi паглядаў, аднак, на Пятронiя, каб пачуць ацэну «арбiтра», але той не надта захапляўся, а запытаны, адказаў сухадушна:

- Я думаю, домiне, што дзесяць тысяч нагiх дзявiц робiць меншае ўражанне, чым адна.

Цэзару ўсё ж такi падабаўся «плаваючы банкет», бо ён быў навiною. I стравы былi так збыткоўна-вынайдаваныя, што i мудронасць Апiцыя самлела б, на iх гледзячы; а вiна столькi гатункаў, што Атон, якi падаваў яго ў васьмiдзесяцi гатунках, ад сораму пад ваду схаваўся б, каб угледзеў такую пышнату. За стол апрача жанчын заселi самi аўгустыяне, сярод iх Вiнiць, зацьмяваючы ўсiх сваёю красою. Калiсь постаць i твар ягоны занадта выглядалi па-ваяцку, памундуроваму, цяпер жа перажываннi душы ды фiзiчны боль настолькi надавалi выразнасцi ягоным рысам, як бы прайшла па iх далiкатная рука рэзьбяра. Скура ягонага твару згубiла даўнейшую цьмянасць, але засталiся ейныя залатыя полыскi нумiдыйскага мармуру. Вочы пабольшалi ды пасумнелi. Толькi торс застаўся той жа самы, статны, магутны, як бы створаны пад панцыр, а над гэным торсам легiянiстага вiднела галава грэцкага бога або прынамсi вырафiнаванага патрыцыя з адухоўленым i распрыгожым тварам. Пятронi, кажучы яму, што нiякая з аўгустыянак i не патрапiць i не захоча ад яго баранiцца, гаварыў як знаўца. Пажыралi яго цяпер вачыма ўсе, не вылучаючы анi Папеi, анi вясталкi Рубрыi, якую цэзар жадаў мець на банкеце.

Марожанае ў горскiх снягох вiно хутка разагравала сэрцы й галовы бяседнiкаў. З прыбярэжнай гушчары высоўвалiся штораз новыя лодкi ў форме палявых конiкаў i бабак. Блакiтная шыба ставу выглядала як бы яе хто ўсыпаў пялюсткамi кветак або як бы яе абселi матылькi. Над лодкамi тут i там папрывязваны былi на срэбных i сiнiх нiцях цi шнуркох галубкi ды iншыя птушкi з Афрыкi й Iндыi. Сонца прабегла ўжо большую частку небасхiлу, але дзень, хоць банкет адбываўся ў пачатку маю, быў цёплы, а нат гарачы. Вадзяная гладзь хвалявала ад рытмiчных пад музыку веславых удараў, у паветры анi лягонькага подыху ветру, гаi стаялi непарушна, бы заслуханыя й загледжаныя ў тое, што дзеелася на вадзе. Плытва кружыла ўсцяж па сажалцы, несучы штораз больш п'яных i разгамоненых бяседнiкаў. Яшчэ не адбылося й паловы банкету, а ўжо госцi не пiльнавалi парадку, у якiм заселi пры стале. Сам цэзар паказаў прыклад, бо, устаўшы, загадаў Вiнiцiю аддалiцца ад Рубрыi, з якой ён сядзеў, i, заняўшы ягоны трыклiнiюм, пачаў ёй штось нашэптваць на вуха. Вiнiць апынуўся ля Папеi, якая зараз выцягнула да яго руку, просячы, каб запяў ёй адхiленую накiдку, а калi выканаў гэта крыху дрыжачымi рукамi, здарыла яго з-пад сваiх доўгiх век як бы сарамяжлiвым зiрком i страпянула сваёй залатой галованькай, моў пярэчачы нечаму. Тым часам сонца станавiлася штораз большым, чырванейшым i паволi кацiлася за вяршалiны гаяў; госцi па большай частцы былi зусiм п'яныя. Паром кружыў ужо ля самых берагоў, на якiх сярод зараснiкаў i кветак вiдаць былi грамады людзей, паўбiраных за фаўнаў цi сатыраў, граючых на флейтах, мультанках i бубянцох, а таксама гурткi красуняў, прадстаўляючых нiмфы, дрыяды i гамадрыяды. Сутунела. Паднялiся воклiчы на гонар Луны. Гаi азарылiся тысячамi лямпаў. З прыбярэжных люпанарыяў бухнулi касулi святла, на тэрасах паказалiся новыя грамады гэтаксама паўнагiх жон i донек першарадных рымскiх родаў, прыманьваючыя любоснымi кiвомiгамi бяседнiкаў. Плытва прыстала ўрэшце да берагу. Цэзар i аўгустыяне разбеглiся па гаёх, люпанарыях, альтанах, акрытых гушчарою, утуленых у пячурах, крынiцах i вадалiвах. Апанаваў усiх шал; нiхто не ведаў, дзе дзеўся цэзар, хто сенатар, хто рыцар, хто танцор або музыкант. Сатыры i фаўны пачалi ганяць распешчаных нiмфаў. Ламацiлi тырсамi лямпы, каб загаслi. Некаторыя закуткi гаю агарнула ўжо цемра. Усюды крыкi, рогат, шэпт, стогн ззяханых людскiх грудзей. Рым iставетна падобных рэчаў яшчэ не бачыў.

Вiнiць не быў так п'яны, як калiсь на банкеце цэзара, дзе была Лiгiя, але i яго зачаравала i ўпаiла ўсё, што тут чаўплося, авалодала iм жада раскошы. Выбегшы ў лес, iмчаўся разам з iншымi, цiкуючы-любуючы, каторая з дрыядаў пакажацца яму прыгажэйшай. Iмчалiся перад iм з песнямi й крыкам штораз новыя iхнiя статкi, ганяныя фаўнамi, сатырамi, сенатарамi, рыцарамi ды адгалоссем музыкi. Згледзеўшы ўрэшце карагод любак на чале з адною, прыбранаю за Дыяну, скочыў да iх, каб блiжэй прыгледзецца багiнi. I нагла сэрца яму замерла ў грудзёх - здалося яму, быццам стаiць перад iм з месяцам на галаве ў арэоле багiнькi Лiгiя.

Малодухны акружылi яго карагодам, а цераз момант, жадаючы, мабыць, заманiць яго ўдагонкi за iмi, пусцiлiся наўцёкi, бы статак сарнаў. Але ён анi дрыгнуў з мейсца, стаяў, сэрца ў iм iграла, замёр оддых, бо хоць пазнаў, што Дыяна не была Лiгiяй i зблiзку не была нат да яе падобнай, моцнае ўражанне спаралiзавала яму сiлы. Нараз агарнула яго туга па Лiгii так магутная, якой нiколi яшчэ ў жыццi не меў, i каханне хлынула яму новай хваляй у сэрца. Нiколi яму не выдавалася Лiгiя больш даражэйшай, нявiннай i так каханай, як у гэным лесе дзiкае распусты. Нядаўна сам жадаў пiць з гэнае чары i занурыцца ў разнузданасцi й бессаромнасцi, а цяпер вось напоўнiла яго брыдасць i загiджанне. Чуе, як душу ягоную цiсне агiда, грудзi шукаюць паветра, а вочы- зорак, не зацененых гушчарою таго страшнага гаю, i вырашыў уцякаць. Але ледзь крануўся з мейсца, забягае дарогу нейкая постаць з захiленаю галавою, хапае даланямi за плечукi яго й пачынае аблiваць гарачым шэптам яму твар:

- Люблю цябе!.. Хадзi!.. Нiхто нас не ўгледзiць, хутчэй!

Вiнiць схамянуўся:

- Хто ты?

Прытулiлася да яго грудзьмi i налягае далей:

- Хутчэй! Глядзi, нiкога няма, а я цябе люблю! Хадзi!

- Хто ж ты? - паўтараў Вiнiць.

- Згадай!..

Гэта кажучы, прыцiснула праз заслону вусны да ягоных вуснаў, цягнучы адначасна да сябе ягоную галаву, аж урэшце з недахопу паветра адарвала вусны ад яго.

- Ноч кахання!.. Ноч забыцця!..- гаварыла, ловячы паветра.- Сяння - можна!.. Бяры мяне!..

Вiнiцiя той цалунак апёк i напоўнiў яго новай абрыдай. Душа i сэрца ягоныя былi не тут, нiчога на цалюсенькiм свеце для яго не iснавала, апрача Лiгii. Дык, адсунуўшы рукою замаскаваную постаць, кажа:

- Хто б ты нi была, я кахаю iншую, не хачу цябе.

А яна нахiлiла да яго голаў:

- Адхiлi заслону...

Нараз зашапацела лiсце недалёкiх мiртаў; постаць знiкла, як сонная мара, здалёк толькi дакацiлася рэха смеху дзiўнага, злавеснага. Перад Вiнiцiем стаяў Пятронi.

- Чуў, чуў i бачыў,- адазваўся.

На гэта Вiнiць:

- Хадзем адгэтуль!..

I пайшлi. Мiнулi зiяючыя святлом люпанарыi, гай, ланцуг конных прэторыянаў i знайшлi лектыкi.

- Зайду да цябе,- кажа Пятронi.

Селi разам у лектыку. Усю дарогу маўчалi. Аж толькi ў атрыюме Вiнiцiевага дому Пятронi адазваўся:

- Цi ведаеш, хто гэта быў?

- Рубрыя? - спытаў, сцяпянуўшыся на ўспамiн, што Рубрыя была вясталкай.

- Не.

- Дык хто?

Пятронi знiжыў голас:

- Агонь Весты зняслаўлены, бо Рубрыя была з цэзарам. А з табою гаварыла...

Тут дакончыў яшчэ нiжэй:

- Дзiва аўгуста.

Настала маўчанне.

- Цэзар,- кажа далей Пятронi,- не ўмеў перад ёю ўтоiць сваёй жады да Рубрыi, дык няйначай хацела адпомсцiцца, а я перашкодзiў вам таму, што калi б, пазнаўшы аўгусту, адвярнуўся ад яе, дык згiнуў бы без ратунку. Ты, Лiгiя, а можа, i я.

Вiнiць ускiпеў:

- Агорклi мне вашы банкеты, Рым, цэзар, Тыгэлiн, аўгусты ды вы ўсе! Я душуся! Не магу тут жыць! Не магу! Разумееш мяне?

- Трацiш голаў, меру, толк!.. Вiнiць!

- Кахаю яе адну ў свеце!

- Ну дык што?

- Дык не хачу iншага кахання, не хачу вашага жыцця, вашых баляў, вашае бессаромнасцi й вашых злачынстваў!..

- Што з табою? Цi не хрысцiянiн ты?

А юнак ашлапiў даланямi голаў i паўтараў, як бы з роспачы:

- Яшчэ не! Яшчэ не!

ХХХII

Пятронi iшоў дадому, пацiскаючы плячыма i моцна незадаволены. Сцямiў цяпер i ён, што перасталi з Вiнiцiем разумецца, што душы iхнiя разыйшлiся зусiм. Калiсь Пятронi меў на маладога ваяка вялiкi ўплыў. Ува ўсiм быў для яго iдэалам, i часта некалькiх iранiчных слоў ягоных даволi было, каб ад чаго-небудзь Вiнiцiя паўстрымаць або да чаго заахвоцiць. Сяння з таго не засталося й заваду так далёка, што Пятронi не спрабаваў нат даўнiх спосабаў, чуючы, што ягоная дасцiпнасць ды iронiя саслiзнуцца без вынiку з новых наслаенняў, якiя на душу Вiнiцiя налажыла каханне й сутычнасць з таёмным хрысцiянскiм светам. Дазнаны скептык зразумеў, што згубiў ключ да гэнай душы. Вось гэта выклiкала ў iм незадавальненне, а нат i трывогу, уздвоеную шчэ здарэннямi апошняе ночы. «Калi прымха аўгусты ёсць трывалай жадою,- разважаў Пятронi,- дык будзе адно з двух: або Вiнiць спакусiцца i можа, папаўшыся, згiнуць, або (i гэта больш верагодна) упрэцца, i ў такiм выпадку згуба ягоная немiнучая, а з ягонай, можа быць, i мая, хоць бы й дзеля таго, што ён мой сваяк, ды што аўгуста, зненавiдзеўшы ўсю нашу радню, перакiне вагу свайго ўплыву на бок Тыгэлiна...» I так i гэтак было дрэнна. Пятронi быў чалавекам адважным i смерцi не баяўся, але, нiчога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклiкаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш i найбеспячней будзе выслаць Вiнiцiя з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лiгiю ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовiць. Тады распусцiў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вiнiцiя i аддалiў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хiба ж не ведала, цi Вiнiць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Iнакш, аднак, магло быць у будучынi, i трэба было б забяспечыцца. Пятронi перадусiм манiўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калi цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлiн, прафан мастацтва, сыйдзе на другi план i страцiць уплыў... У Грэцыi Пятронi не меў сабе канкурэнтаў.

Прымеж таго пастанавiў мець вока над Вiнiцiем i заахвочваць яго ў дарогу. Праз колькiнаццаць дзён разважаў нат аб тым, што, калi б выстараўся ў цэзара эдыкт i выгналi хрысцiян з Рыму, дык Лiгiя пойдзе разам з iншымi вызнаннiкамi Хрыста, а за ёю i Вiнiць. Тады ўжо непатрэбна будзе й намаўленне. А сама справа была магчымай. Гэта ж не так яшчэ даўно, калi жыды паднялi забурэнне з нянавiсцi да хрысцiян, цэзар Клаўдый, не ўмеючы адрознiць адных ад другiх, выгнаў жыдоў. Дык чаму б Нэрон не выгнаў хрысцiян? У Рыме было б вальней. Пятронi пасля таго «плаваючага банкету» часта спатыкаўся з Нэронам i на Палатыне, i ў iншых дамох. Падсулiць яму падобную думку было лёгка, бо цэзар не ўпiраўся нiколi злыбедным цi шкодным на каго нагаворам. Раздумаўшы добра, Пятронi ўлажыў сабе цэлы план. Вось жа, запросiць цэзара на прыгатаваны ў сябе банкет i на iм схiлiць яго, каб выдаў эдыкт. Спадзяваўся нат, што цэзар даручыць яму выкананне. Тады б выправiў Лiгiю з належным каханцы Вiнiцiевай гонарам i спагадай, напрыклад, у Байэ, i хай бы там сабе кахалiся й гулялi ў хрысцiянства колькi заўгодна.

Тым часам часта адведваў Вiнiцiя, раз дзеля таго, што пры цэлым сваiм рымскiм эгаiзме не мог адвыкнуць ад яго, а па-другое - каб набухторваць яго ў дарогу. Вiнiць прыкiдваўся хворым i не паказваўся на Палатыне, дзе штодня радзiлiся iншыя намеры. Некаторага дня Пятронi чуе ўрэшце ад самога цэзара станоўкi загад, што цераз тры днi выбiраецца ў Анцыюм, i зараз назаўтра пайшоў паведамiць аб гэтым Вiнiцiя.

А той паказвае яму спiс асобаў, запрошаных да Анцыюма, якi рана прынёс яму цэзараў вызвольнiк.

- Ёсць тут i маё прозвiшча,- кажа,- ёсць i тваё. Вярнуўшыся, застанеш такi самы й дома.

- Каб мяне не было мiж запрошанымi,- адказаў Пятронi,- дык значыла б, што трэба памерцi, але не спадзяюся гэтага перад выездам у Ахайю.

Буду Нэрону занадта патрэбны.

Пасля, перагледзеўшы спiс, адзываецца:

- Нядаўна вярнулiся ў Рым, ды вось зноў трэба развiтацца з iм i цягнуцца да Анцыюма. Але трэба! Бо гэта не толькi запросiны, гэта адначасна й загад.

- Ну а каб хто не паслухаў?

- Атрымаў бы iншага роду позву: каб выбiраўся ў значна далейшую дарогу, у такую, з якое ўжо не вернецца. Ой, шкада, што не паслухаў ты мае рады й не выехаў, пакуль было льго! Цяпер мусiш ехаць да Анцыюма.

- Цяпер мушу да Анцыюма... Бач, во ў якiх мы часах жывем i якiя мы нявольнiкi!

- Гэта аж толькi сяння ты скемiў?

- Не. Але, бач, ты ж мяне пераконваў, што хрысцiянская навука ёсць непрыяцелькай жыцця, бо яго быццам звязвае. А цi ж могуць быць путы цвярдзейшыя, чым тыя, што мы носiм? Кажаш, Грэцыя дала мудрасць i красу, а Рым - сiлу. Дзе ж наша сiла?

- Заклiч сабе Хiлона, не маю сяння ахвоты фiлязафаваць. На Геркулеса! Не я спрычынiў гэтыя часы, i не я за iх буду адказным. Гаворам пра Анцыюм. Ведай, што чакае цябе там вялiкая небяспека, лепш бы мо было табе здужацца з тым Урсусам, што задушыў Кратона, чым туды ехаць, а аднак не можаш не ехаць.

Вiнiць махнуў рукою й кажа:

- Небяспека! Мы ўсе блукаемся ў поцьме смерцi, i кожны момант чыянебудзь галава занураецца ў той цьме.

- Вылiчацiму табе ўсiх, што мелi крыху розуму, i дзеля таго няма часаў Тыбэрыя, Калiгулы, Клаўдыя, якiя дажылi васьмiдзесятых або дзевяцьдзесятых гадоў. Вазьмi, напрыклад, такога Дамiцыя Афра. Ён жа спакойна састарэўся, хоць цэлае жыццё быў злодзеем i злыднем.

- Можа, дзеля таго! Можа, менавiта дзеля таго! - адзначыў Вiнiць.

Потым узяў спiс i пачаў вылiчаць:

- Тыгэлiн, Ватынiй, Афрыканскi Сэкст, Рэгул Аквiлiн, Сулiй Нэрулiн, Эпр Марцэл i iм падобныя! Банда злыдняў i канярэзаў!.. I сказаць, што яна валадарыць светам!.. Цi не лепш iм было б абвозiць якое егiпскае цi сiрыйскае боства па мястэчках, бандурыць у сiнiстры i зарабляць на хлеб варажбою цi скокамi, галабокам?..

- Або вадзiць малпы на матузе, сабак, што ведаюць лiк, цi асла з дудою,дадаў Пятронi.- Усё гэта праўда, але гаворам аб важнейшых рэчах. Вазьмi лоб у жменю i слухай: сказаў я на Палатыне, што ты хворы й не можаш выходзiць з дому, прымеж таго, прозвiшча тваё ў спiсе стаiць, гэта значыць, хтосьцi не паверыў маёй iнфармацыi i пастараўся цябе ўпiсаць знарок. Нэрону ты не патрэбны, бо аб цыркавым гайсаннi з табою, вайсковым, гаварыць не будзе, а аб музыцы й паэзii ты не маеш паняцця. Вось жа, упiсала цябе няйначай Папея, а гэта значыць, ейная похаць не была пералётным аганьком, яна жадае цябе здабыць.

- Адважная з яе аўгуста!

- Адважная iставетна, бо можа цябе згубiць без ратунку. А бадай бы Венус натхнiла яе iншым каханнем, але пакуль ёй хочацца цябе, мусiш быць вельмi асцярожным. Рудабародаму яна ўжо забрыднела, жадае сяння ўжо Рубрыю або Пiфагора, але праз уласнае сабетнiцтва спагнаў бы мсту на вас.

- У гаю я не ведаў, што гэта яна да мяне прыставала, але ж ты падслухоўваў i ведаеш, што я адказаў ёй - кахаю iншую, не хочу яе.

- Заклiнаю цябе на ўсе багi, не губi тае крошкi толку, якую табе йшчэ хрысцiяне пакiнулi. Як можна сумнявацца, маючы выбар мiж згубаю праўдападобнаю i пэўнаю? Цi ж я табе ўжо не казаў: калi зранiш самагоднасць аўгусты, няма ратунку? На Гадэс! Калi табе жыццё згоркла, дык лепш падрэж сабе зараз жылы або кiнься на меч, бо як абразiш Папею, спаткае цябе смерць менш лёгкая. Калiсь прыемна было з табою гутарыць! Пра што табе фактычна расходзiцца? Цi цябе кавалак адбудзе? Цi табе гэта перашкодзiць кахаць тваю Лiгiю? Памятай пры тым, што Папея бачыла яе ў Палатыне, i не цяжка будзе ёй здагадацца, для каго адпiхаеш так высокiя ласкi. А тагды выцягне яе хоць з-пад зямлi. Згубiш не толькi сябе, але й Лiгiю! Зразумеў? Вiнiць слухаў, як бы думаючы аб чым iншым, урэшце кажа:

- Я мушу бачыцца з ёю.

- З кiм? З Лiгiяй?

- З Лiгiяй.

- А ведаеш жа, дзе яна?

- Не.

- Дык пачнеш зноў шукаць яе па старых магiльнiках ды на Затыбры?

- Не ведаю, але мушу яе бачыць.

- Добра. Хоць яна хрысцiянка, але можа аказацца разважнейшай за цябе, а акажацца напэўна, калi не хоча твае гiбелi.

Вiнiць пацiснуў плячыма.

- Выратавала мяне з Урсусавых рук.

- Дык спяшайся, Рудабароды бо выезду адкладаць не будзе. Прысуды смерцi можа выдаваць i з Анцыюма.

Але Вiнiць не слухаў. Напаўняла яго толькi адна думка - пабачыцца з Лiгiяй, дык пачаў разважаць аб спосабах. Тым часам здарылася нагода, якая магла адхiлiць усе цяжкасцi. Назаўтра прыходзiць неспадзявана Хiлон. Прыйшоў замораны i абдзёрты, з воўчым голадам уваччу. Служба аднак, маючы даўнейшы загад пускаць яго ў дом кажнай парою дня i ночы, не смела яго затрымоўваць, так што ўвайшоў проста ў атрыюм i, затрымаўшыся перад Вiнiцiем, вiтае:

- Хай багi дораць цябе несмяротнасцю i дзеляцца з табою ўладаю над светам!

Вiнiць спершку меў ахвоту выкiнуць яго за дзверы, але падаспела думка, што грэк мае звесткi пра Лiгiю, i цiкавасць змагла абрыду.

- Гэта ты? - спытаў.- Што з табою дзеецца?

- Дрэнна, сынку Ёвiша,- адказвае Хiлон.- Сапраўдная цнота - гэта сяння тавар без попыту, i сапраўдны мудрэц мусiць быць рад i з таго, калi мае за што раз на пяць дзён абгладаць баранюю лабацiну на паддашшы, запiваючы слязьмi. Ах, спадару! Усё, чым ты мяне абдарыў, выдаў на кнiжкi ў Атракта, а потым абакралi мяне, знiшчылi: нявольнiца, што мелася спiсваць маю навуку, уцякла, забраўшы астанкi. Жабрак я, але падумаў сабе: да каго ж пайду, калi не да цябе, Сэрапiсе, якога люблю, абагаўляю i за якога жыццём стаю!

- Чаго ж прыйшоў ды што прынёс новага?

- Па ўспамогу, Баалю, а прыношу табе маю нэндзу, мае слёзы, маю прывязанасць i ўрэшце весткi, якiх з любасцi да цябе назбiраў. Памятаеш, спадару, што я табе калiсь казаў, як адступiў нявольнiцы боскага Пятронiя адну нiтку з пояса Венеры з Пафоса?.. Даведваўся цяпер, цi ёй дапамагло, i ты, сыну сонца, блiзкi тамтэйшаму дому, ведаеш, кiм ёсць Эўнiка. Маю яшчэ адну такую нiтку. Захаваў яе табе, спадару.

Тут замоўк, спанатрыўшы гнеў у нахмураных бровах Вiнiцiя, i, хочучы ўпярэдзiць гром, пачаў хутка з другое бочкi:

- Ведаю, дзе жыве боская Лiгiя, пакажу табе дом i завулак.

Вiнiць паўстрымлiва пытае:

- Дзе ж яна?

- У Лiна, старшага святара хрысцiян. Яна там разам з Урсусам, а той па-ранейшаму ходзiць на працу да млынара, якi завецца так, як твой вызвольнiк, спадару, Дэмас... Так, Дэмас!.. Урсус працуе начамi, дык на тую прыгоду можа яго не быць... Лiн стары... а ў доме, апрача яго, ёсць толькi яшчэ дзве пажылыя жанчыны.

- Скуль гэта ўсё ведаеш?

- Памятаеш, спадару, як хрысцiяне мелi мяне ў руках i ашчадзiлi. Глаўк памылкова думае, быццам я спрычынiў яму няшчасце, але, кажу, ашчадзiлi мяне! Дык няма дзiва, што ўдзячнасцю напоўнiлася маё сэрца. Я чалавек з даўных лепшых часаў. Вось жа, падумаў сабе: не гадзiцца заняхаць сваiх прыяцеляў i дабрадзеяў. Цi ж не было б грубасцю з майго боку, каб нiколi не папытаў пра iх, не праведаў, што дзеецца з iмi, дзе жывуць ды як здаровыя? На Пасiнунцкую Цыбулу! Не я да гэтага здольны. Устрымоўвала мяне спачатку гадка, каб не зразумелi пахiбна маiх намераў. Але мiласць, якую я меў да iх, аказалася большай за сумнiвы, а злашча дадала мне льгi iхняе лёгкае сэрца, з якiм прабачаюць усе крыўды. Перад усiм, аднак, думаў аб табе, спадару. Апошняя нашая выправа скончылася няўдачаю, а цi ж толькi сын Фартуны можа пагадзiцца з гэнай думкай? Дом стаiць наўзбоччы. Магчымеш яго акружыць нявольнiкамi, што i мыш не выслiзнецца. Эй, спадару, спадару! Захацi толькi, а йшчэ сянняшняй ночы тая вялiкадушная князёўна будзе ў тваiм доме. Але, калi гэтак станецца, не забудзь, што прычынiўся да таго бяздольны галодны сын майго бацькi.

Кроў хлынула Вiнiцiю ў голаў. Спакуcа раз яшчэ ўздрыганула ягонай iстотай. Так! Гэта быў спосаб, i гэтым разам спосаб пэўны. Хай раз урэшце здабудзе Лiгiю, хто ж яе ў яго здолее адняць? Хай раз урэшце Лiгiя станецца ягонай каханкай, нiчога iншага ёй не застанецца, як быць ёю назаўсёды! Паляндра бяры тады ўсе навукi! Што яму тады значыцiмуць хрысцiяне разам з iхняй мiласэрнасцю i пасумнаю верай! Цi ж не пара атрахнуцца ўжо ад гэтага ўсяго?

Цi ж не пара пачаць жыць, як усе жывуць? Што рабiцiме Лiгiя, як узгоднiць сваю долю з сваёю навукай, дык таксама няважна. Гэта ўсё дрэнь! Важней за ўсё тое, што яна будзе ягонай ды яшчэ сяння. А гэта йшчэ пытанне, цi ў ейнай душы астоiцца тая навука, як пакаштуе новага жыцця, новае раскошы й настрояў, якiм мусiцiме паддацца? А стацца гэта можа яшчэ сяння. Даволi затрымаць Хiлона i выдаць на змярканнi загады. I потым - раскоша бясконцая! «Бо чым было маё жыццё? - гадаў Вiнiць.- Ныдзеннем, няўгашанай жадою, безадказным пытаннем». Такiм спосабам ператне гэта i - канец усяму. Прыгадаў сабе, праўда, што даў ёй слова не падымаць на яе рукi. Але на што ж прысягаў? Не на багоў, бо ў iх ужо не верыў, не на Хрыста, бо ў Яго яшчэ не верыў. А калi б пачувалася пакрыўджанай, звянчаецца з ёю i такiм чынам аплацiць ёй крыўду. Так! Мусiцiме гэта зрабiць, бо яна ж уратавала яму жыццё. Тут у памяцi той дзень, калi з Кратонам зрабiў на яе напад; вачамi ўявы ўгледзеў над сабою гiганцкi кулак Урсуса ды ўсё, што было потым. Уявiў яе над сваёю пасцеллю, у нявольнiцкай вопратцы, прыгожую, моў боства, песлiвую, раздобраную. Вочы ягоныя мiмахоць пабеглi ў лярарыюм, дзе той крыжык-памятка. Няўжо за ўсё гэта адплацiць ёй новым нахабствам? Няўжо цягацiме яе за косы ў кубiкулюме, бы нявольнiцу? Ён патрапiць гэта зрабiць, ён, што не толькi пажадае, але й кахае яе, а кахае за тое менавiта, што яна такая, а не iнакшая? I нагла зразумеў, што мала яе мець дома ды моцна прытуляць, ягонае каханне хоча нечага болей, хоча ейнае згоды, ейнае душы, ейнага кахання. Шчаслiвы гэны дах, калi яна ўвойдзе пад яго дабраахвотна, шчаслiвы дзень той, шчаслiвае жыццё! Тады шчасце абаiх будзе як мора безбярэжнае, як сонца. Узяць яе сiламоц - гэта значыла б навекi забiць такое шчасце, сплюгавiць, загiдзiць тое, што найдаражэйшае ў жыццi, наймiлейшае.

Жудзь праняла яго на ўспамiн аб гэтым. Зiрнуў на Хiлона, якi, вытрашчыўшы на яго вочы, чухаўся пад лахманом неспакойна. Парвала яго страшэнная абрыда й жада растаптаць нагою такога дарадчыка, як гада. Маланкай блiснула вомiг у гарачай суровай рымскай галаве думка:

- Не зраблю гэтага, што мне сулiш, а каб не адыйшоў ты без адплаты, на якую заслужыў, загадаю зараз дамавым эргастулам даць табе трыста розаг. Хiлон збялеў. У прыгожым аблiччы Вiнiцiя было столькi халоднае заўзятасцi, што анi крошанькi нельга было сумнявацца ў сур'ёзнасцi ягоных слоў. Дык у тым жа моманце ўпаў Хiлон на каленi i, сагнуўшыся ў клубок, пачаў енчыць:

- Як гэта, перскi валадару? За што?.. Пiрамiда ласкi! Калосе мiласэрнасцi! За што?.. Мне, старому, галоднаму, бяздольнаму... Я ж служыў табе... Так адудзячваешся?..

- Як ты хрысцiянам,- адказаў Вiнiць i заклiкаў вызвольнiка. Хiлон кiнуўся да ягоных ног i, канвульсыйна абняўшы iх, малiў, смяротна бледны.

- Домiне, домiне!.. Я стары! Пяцьдзесят, не трыста... Даволi пяцьдзесят!.. Сто, не трыста!.. Злiтуйся! Злiтуйся!

Вiнiць адкапынуў яго нагою i выдаў загад. У адно iмгненне ўбегла за вызвольнiкам двух дужых квадаў, якiя, схапiўшы Хiлона за астанкi валосся, акруцiлi яму голаў ягоным жа лахманом i патарабанiлi ў эргастул.

- У iмя Хрыста!..- крычаў грэк у дзвярах.

Вiнiць застаўся сам. Выданы загад ажывiў яго й запалiў. Тым часам стараўся сканцэнтраваць i ўпарадкаваць думкi. Адчуваў польгу, перамога сябе самога задавальняла яго. Яму здавалася, што праз гэта зблiзiўся да Лiгii, што павiнна за гэта спаткаць яго заплата. У першым моманце не прыйшло яму ў голаў, як цяжка скрыўдзiў Хiлона, што загадаў яго секчы за тое самае, за што калiсь узнагароджваў. Да таго, быў яшчэ рымлянiнам, не балеў яму чужы боль, не марочыў сабе галавы адным грэцкiм абарванцам. А каб i быў згадаў пра гэта, дык i так думаў бы, што зрабiў добра, караючы круцяля. Але ён думаў пра Лiгiю i гаварыў ёй: не адплачу табе злом за дабро, а даведаўшыся калiсь, як паступiў я з тым, хто падвучаў мяне рабiць табе гвалт, будзеш мне за гэта ўдзячна. Тут, аднак, задумаўся: цi Лiгiя пахвалiла б ягоны ўчынак з Хiлонам? Адыж навука ейная кажа дараваць, адыж хрысцiяне даравалi яму, хоць мелi большую рацыю да помсты. Тады адазваўся ў ягонай душы крык: «У iмя Хрыста!» Прыгадаў сабе, што падобным воклiкам Хiлон выкупiўся з рук лiга, i пастанавiў дараваць яму рэшту кары. З тым намерам хацеў заклiкаць дыспэнсатара [15], а той сам паказаўся ў дзвярах i далажыў:

- Той старац абамлеў, а можа, i памёр. Што з iм рабiць далей?

- Ачуцiць яго й прывесцi сюды.

Загадчык атрыюма знiк за заслонаю, але ачуцьванне не йшло, мусiць, лёгка, бо Вiнiцiю прыйшлося чакаць, i пачаў гарачыцца, аж урэшце нявольнiкi ўцягнулi Хiлона i на пададзены знак самi аддалiлiся. Хiлон быў белы, як палатно, а ўздоўж ног сплывалi на мазаiку атрыюма нiткi крывi. Быў, аднак, прытомны i, упаўшы на каленi, пачаў гаварыць, выцягаючы рукi:

- Дзякуй табе, спадару! Мiласэрны ты й вялiкi.

- Ведай, сабача,- кажа Вiнiць,- што дараваў я табе дзеля таго Хрыста, якому i я жыццё заўдзячваю.

- Буду служыць Яму i табе, спадару!

- Маўчы i слухай! Устань! Пойдзеш са мною i пакажаш дом, дзе жыве Лiгiя. Хiлон сарваўся, але ледзь стаў на нагах, збялеў яшчэ горш i адазваўся млеючым голасам:

- Домiне, я сапраўды галодны... Пайду, пайду! Але не маю моцы... Загадай мне даць хоць недаедкi з лаханкi твайго сабакi, а тагды пайду!.. Вiнiць загадаў яму даць есцi, залатнiк i плашч. Хiлон, якога аслабiлi розгi й голад, не мог iсцi, нат пад'еўшы, хоць жах падымаў яму валасы на галаве, баяўся бо, каб Вiнiць не падумаў, што яму не хочацца, ды не загадаў яго нанава аддубасiць. - Вось мо вiно мяне разагрэе,- паўтараў, цапаючы зубамi,- магчыму йсцi зараз хоць бы й у Вялiкую Грэцыю.

Сiлы, пачакаўшы, нейк прыплылi крыху, i тады Вiнiць з Хiлонам выйшлi з хаты. Дарога была далёкая, бо Лiнус жыў, як i большасць хрысцiян, на Затыбры, недалёка ад дому Мырыям. Хiлон урэшце паказаў Вiнiцiю асабнячок, абнесены зазялененым мурам, i сказаў:

- Вось тут, спадару.

- Добра,- сказаў Вiнiць.- Iдзi цяпер адгэтуль, але запамятай, што табе скажу: забудзь пра службу ў мяне; забудзь, дзе жыве Мырыям, Пётр i Глаўк; забудзь таксама пра гэны дом ды пра ўсiх хрысцiян. Прыходзь кожны месяц да мяне, вызвольнiк Дэмас выплачвацiме табе па дзве штукi золата. А калi не перастанеш шпiёнiць хрысцiян, зноў загадаю цябе адсцёбаць або аддам у рукi прэфекту.

Хiлон пакланiўся i прысягнуў:

- Забуду!

А як толькi Вiнiць знiк на закруце вулiцы, выцягнуў за iм кулак i крычма гразiў:

- На Атэ ды на Фурыi! Не забуду!

Дый зноў абамлеў.

ХХХIII

Вiнiць пайшоў проста ў дом, дзе жыла Мырыям. Перад брамаю спаткаў Назарку з выглядам крыху збянтэжаным, прывiтаў яго i загадаў весцi сябе ў памешканне маткi.

У кватэры, апрача Мырыям, застаў Пятра, Глаўка, Крыспа i Паўла з Тарсу, якi нядаўна вярнуўся быў з Фрэгеле. Убачыўшы маладога трыбуна, усе здзiвiлiся, а ён адазваўся:

- Вiтаю вас у iмя Хрыста, Якому аддаяце шанаванне!

- Будзь слава iменю Ягонаму навекi!

- Бачыў я вашу сумленнасць i дазнаў дабрынi, дык прыходжу як прыяцель.

- I паздраўляем цябе як прыяцеля,- адказаў Пётр.- Сядай i падзялi з намi хлеб-соль, як госць.

- Сяду i падзялю з вамi хлеб-соль, анно перш выслухайце мяне ты, Пётра, i ты, Паўле з Тарсу, каб пазналi шчырасць маю. Ведаю, дзе знаходзiцца Лiгiя, iду з-пад дома Лiнуса, суседняга тут. Маю права ад цэзара забраць Лiгiю, маю ў горадзе каля пяцiсот нявольнiкаў; мог бы акружыць ейнае прытулiшча ды схаваць яе, аднак, бачыце, не зрабiў я гэнага й не зраблю.

- Хай Бог багаславiць цябе за гэта й ачысцiць тваё сэрца,- сказаў Пётр.

- Дзякую табе, але паслухайце мяне далей: не даканаў я таго, хоць жыву з пакутаю страшэннаю i тугою. Упярод, як яшчэ не ведаў я вас, быў бы напэўна забраў яе i затрымаў сiламоц, але вашая цнота й навука, хоць яе не прызнаю, змянiла мне душу так, што не адважваюся ўжо на гвалтоўнасць.

Сам не ведаю, чаму так сталася, але так ёсць! Вось жа прыходжу да вас: дайце мне яе за жонку, а я прысягну вам, што не толькi ёй не забараню вызнаваць Хрыста, але i сам вучыцiмуся Ягонай навукi.

Гаварыў, трымаючы высока голаў, голасам станоўкiм, але быў, аднак, расчулены, i ногi пад паласатаю накiдкаю дрыжалi, а як па словах ягоных настала маўчанне, пачаў гаварыць далей, як бы манiўся ўпярэдзiць непамысны адказ:

- Ведамы мне перашкоды, але кахаю яе, даражэй мне яна за ўласныя вочы, i хоць я яшчэ не хрысцiянiн, непрыяцелем не буду нi вашым, нi Хрыстовым. Хачу перад вамi быць у праўдзе, каб маглi мне верыць. Гавару вам праўду, хоць магу гэта прыплацiць жыццём. Iншы сказаў бы мо: «Ахрысцеце мяне!» - я кажу: «Асвяцеце мяне!» Веру, што Хрыстус уваскрос, бо аб гэтым сведчаць людзi, якiя жывуць праўдай, якiя бачылi Яго па смерцi. Веру, бо сам бачыў, як вашая навука плодзiць цноту, справядлiвасць i мiласэрнасць, а не злачынства, за якое вас чэрняць. Мала яе дагэтуль пазнаў. Балазе ад вас, з вашых учынкаў, балазе ад Лiгii ды з гутарак з вамi. Адыж, кажу вам: i ўва мне штосьцi яна ўжо змянiла. Трымаў я даўней у жалезнай руцэ маю службу - цяпер не магу. Не ведаў лiтасцi- цяпер ведаю. Раскашаваўся распустаю- цяпер уцякаю з ставу Агрыпы, бо ўва мне сэрца бурылася ад абрыды. Даўней верыў у нахабства - сяння яго выракаюся. Паверце, сам сябе не пазнаю, абрыдлi мне банкеты, абрыдла вiно, песнi, вянкi й цытры, абрыдзеў двор цэзара, i нагасць балаўнiц, i ўсе буянствы. А як уяўлю сабе, што Лiгiя бы снег у гарах, дык тым больш яе кахаю; а як падумаю, што навука ваша робiць яе такою, дык мiлую i гэну навуку i жадаю яе! Але ж не разумею яе, не ведаю, цi магчыму ёю жыць, цi стрывае яе мая ўдача, дык i жыву ў няпэўнасцi й пакутах, не раўнуючы як у цямнiцы.

Тут бровы яму насупiлiся болем, зачырванеўся твар, гаварыў далей нервова, з большым уздымам:

- Бачыце! Пакутую з кахання i змуроку. Казалi мне, што ў вашай навуцы не астоiцца нi жыццё, нi людская радасць, нi шчасце, нi права, нi парадак, нi ўлада, нi рымскае валадарства, няўжо гэта так? Казалi мне, што вы шалёныя людзi; скажэце, што прыносiце нам? Цi каханне ёсць грахом? Цi адчуванне радасцi ёсць грахом? Цi жаданне шчасця ёсць грахом? Цi вы - непрыяцелi жыцця? Цi хрысцiянiн мусiць быць абавязкова жабраком? Цi канчаткова мушу выракацца Лiгii? Якая ваша праўда? Учынкi вашы i словы празрыстыя, бы крынiчная вада, але якое ж дно тае вады? Бачыце хiба маю шчырасць. Разжанеце туман! Бо мне казалi яшчэ й тое: «Грэцыя стварыла мудрасць i красу, Рым - моц, а яны што прыносяць?» Дык скажэце, што прыносiце? Калi за дзвярыма вашымi ёсць яснасць, дык адчынеце мне.

- Прыносiм любоў,- адказаў Пётр.

А Павал з Тарсу дадаў:

- Калi б гаварыў мовамi людскiмi й анёльскiмi, а любовi б не меў, быў бы як медзь бразготная...

Расчулiлася сэрца старога Апостала над душою ў пакутах, якая, моў птушына, замкнёная ў клетцы, рвалася на паветра й сонца, дык выцягнуў да Вiнiцiя рукi й сказаў:

- Хто стукае, адчынiцца яму, i ласка Госпадава ёсць над табою, дык багаслаўляю цябе, тваю душу ды тваё каханне ў iмя Збавiцеля свету. Вiнiць, якi й без таго быў пад уражаннем, пачуўшы багаславенства, падскочыў да Пятра, i вось сталася рэч нявiданая: нашчадак гордых квiрытаў, якi нядаўна не прызнаваў чужынца за чалавека, хапiў рукi старога галiлейчыка й пачаў з удзячнасцю цалаваць.

Уцешыўся й Пётр, бо зразумеў, што ягонае зерне зноў упала на адзiн загон больш, што ягоная рыбацкая сець загарнула зноў адною душою больш. Прысутныя, не менш уцешаныя гэным яўным знакам пашаны для Божага Апостала, адазвалiся ў адзiн голас:

- Хвала Табе, Божа, на небе!

Вiнiць устаў з распрамененым аблiччам i гавора:

- Шчасце, бачу, жыць можа мiж вамi, бо чуюся шчаслiвы i думаю таксама, пераканаеце мяне i ў iншых справах. Але мушу сказаць вам, што станецца гэта не ў Рыме; цэзар едзе да Анцыюма, а я мушу з iм, бо маю загад. Ведаеце ж: не паслухаць - гэта смерць. Але, калi ласка, едзьце са мною i будзеце вучыць мяне вашай праўды. Беспячней там будзе вам, як мне, у тым вялiкiм натаўпе людзей магчымеце навучаць пры самым двары цэзара. Актэ, кажуць, ёсць хрысцiянкай, а мiж прэторыянамi ёсць хрысцiяне, я сам бачыў, як ваяк станавiўся перад табою, Пётра, на каленi ля Намэнтанскае брамы. У Анцыюме маю вiллу, у якой будзем збiрацца, i пад бокам Нэрона слухацiмем вашае навукi. Казаў мне Глаўк, што вы для аднэй душы гатовы йсцi на канец свету, дык зрабеце гэта для мяне, як для тых, для якiх прыйшлi сюды з Юдэi, зрабеце, не пакiдайце душы мае.

Яны, чуючы гэта, пачалi нарайвацца, з радасцю згадваючы пра трыумф свае навукi ды значэнне, якое мецiме для паганскага свету вера аўгустыянiна й нашчадка аднаго з найстарэйшых рымскiх родаў. Гатовы былi сапраўды йсцi для аднае людское душы на край свету, дый ад смерцi Вучыцеля больш нiчога й не рабiлi, дык адмоўны адказ нат i праз думку iм не прайшоў. Але Пётр быў пад гэну пару пастырам усяе масы, дык ехаць не мог, а вось Павал, якi нядаўна быў у Арыцыi i ў Фрэгеле, а выбiраўся зноў у далёкую дарогу на ўсход, каб адведаць тамтэйшыя касцёлы ды ажывiць iх новым духам веры, згадзiўся ехаць з маладым трыбунам да Анцыюма, бо адтуль лягчэй было пусцiцца ў Грэцыю.

Вiнiць хоць быў сумны, што Пётр, да якога чуў такую ўдзячнасць, не магчыме таварышыць, падзякаваў, аднак, ветлiва i звярнуўся да старога Апостала з просьбай.

- Ведаючы кватэру Лiгii,- кажа,- мог бы я сам пайсцi да яе i спытаць, як прыстоiць, цi захоча быць маёй сужанiцай, калi я стану хрысцiянiнам, але лепей прасiць цябе, Апостале: дазволь мне пабачыцца з ёю або ўвядзi мяне да яе. Не ведаю, як доўга мне прыйдзецца быць у Анцыюме, i памятайце, што пры цэзары нiхто ня ёсць пэўны заўтрашняга дня. Ужо й Пятронi мне казаў, што не мецiму тамака бяспечнасцi. Дык хай хоць перад тым пабачуся з ёю, хай нацешу ёю вочы й папытаю: цi мне зло даруе i цi дабро са мною падзелiць. Апостал Пётр ласкава ўсмiхнуўся й сказаў:

- А хто ж бы табе належнае радасцi забараняў, мой сыне!

Вiнiць зноў нахiлiўся да ягоных рук, не мог ужо цалкам расчуленага сэрца ўстрымаць, а Апостал, песлiва дакрануўшыся да ягонага твару, кажа:

- Ды ты цэзара не бойся, бо запэўнiваю цябе: волас з галавы тваёй не спадзе. Пасля выслаў Мырыям па Лiгiю, загадваючы ёй, каб не казала, каго мiж iмi застане, каб i красунi тым большую зрабiць радасць. Было недалёка, дык цераз нядоўгую часiну прысутныя ў каморы ўгледзелi мiж мiртамi агароду Мырыям, што вяла пад руку Лiгiю.

Вiнiць хацеў выскачыць на спатканне, але шчасце адняло яму сiлы, i стаяў са скачучым сэрцам, без дыху, ледзь трымаючыся на нагах, сто разоў болып праняты, чым тагды, як першы раз пачуў над сабою свiст ваенных стрэлаў. Яна ўбегла, нiчога не спадзеючыся, i, згледзеўшы яго, затрымалася таксама як укопаная. То чырванела, то бялела, пазiраючы трывожлiвымi вачыма на прысутных. Але наўкола сябе бачыла пагодныя, поўныя дабрынi, мiны, а Апостал Пётр падыйшоў да яе ды кажа:

- Лiгiя, цi кахаеш ты яго заўсёды? Маўчанне. Губкi дрыжаць, як у дзiцяцi, якому пад сэрца падступае жаль, бо пачуваецца да вiны й бачыць, што трэба прызнацца.

- Кажы,- асмяляе Апостал.

Тады пакорна-баязлiва вышаптала, асоўваючыся да Пятровых ног:

- Так...

Вiнiць у той жа хвiлiне становiцца на каленi пры ёй, а Пётр кладзе рукi на iхнiя галовы й гавора:

- Кахайцеся з Богам i на славу Яму, няма граху ў каханнi вашым.

ХXХIV

Шпацыруючы ў садочку, Вiнiць расказваў ёй кароткiмi, вырванымi з сэрца словамi тое, што нядаўна вызнаў Апосталам: неспакой у душы, перамены ў ягонай удачы i, урэшце, тую няўтульную тугу, якая пасля побыту ў Мырыям амарочыла яму жыццё. Прызнаўся Лiгii, што спрабаваў забыць пра яе, але не мог. Думаў аб ёй цэлымi днямi й начамi. Прыгадаў той крыжык, якi звязала яму з галузак, як хавае яго ў лярарыюме, як мiмаволi аддаваў яму пашану боскую. I тужыў штораз мацней, бо каханне было сiльнейшае за яго i ўжо ў Аўлаў цалкам авалодала ягонай душою... Iншым прадуць нiткi жыцця Паркi, а яму снавала ейнае каханне, туга i сум. Нядобрыя былi ягоныя ўчынкi, але пабуджала iх каханне. Кахаў яе ў Аўлаў i на Палатыне, i як глядзеў на яе ў Острыянуме, слухаючы слоў Пятровых, i як iшоў на поймы яе з Кратонам, i як даглядала яго ў хваробе, i як збегла ад яго. I вось прыйшоў Хiлон, якi выследзiў ейную кватэру i раiў адабраць, але ён палiчыў за лепшае ўкараць Хiлона ды пайсцi да Апосталаў прасiць праўды й яе... I багаславiў хвiлiну, якая прыслала яму такую думку, бо дзякуючы гэтаму ён вось пры ёй, а хiба ж яна не будзе ўжо больш уцякаць ад яго так, як апошнi раз уцякла з дому Мырыям...

- Я не ад цябе ўцякла,- адазвалася Лiгiя.

- Дык чаму ж так зрабiла?

А яна падняла на яго iрысавыя вочанькi, потым спусцiла сарамяжлiва голаў i кажа:

- Ты ведаеш...

Вiнiць змоўк на момант, перапоўнены шчасцем, а пасля гаварыў далей: як паволi пераконваўся, што яна цалкам адметная ад рымлянак, хiба да аднае Пампонii падобная. Не ўмеў ёй добра расталкаваць, бо й сам не цямiў сваiх адчуванняў, бачачы, што ў асобе ейнай прыходзiць на свет зусiм iншая краса, якое да гэтых пор зусiм не бывала, i якая не толькi ёсць мармуравым архiтворам, але й душою. Сказаў прымеж таго i тое, як ён кахаў яе нат за ейныя ўцёкi ад яго, ды што будзе святою яму пры вогнiшчы. Хапiў пасля яе за руку i, не могучы далей гаварыць, толькi любаваўся ёю з захапленнем, як знойдзеным шчасцем, ды паўтараў ейнае iмя, казаў бы жадаў упэўнiцца, цi знайшоў яе, цi ёсць яна пры iм:

- Ах, Лiгiя! Лiгiя!..

У канцы пачаў яе распытваць пра ейныя перажываннi, а яна прызналася яму, што яго пакахала яшчэ ў Аўлаў, што была б сазналася ў каханнi, калi б адвёў назад яе з Палатыну, i памагла б яму iх перапрасiць.

- Я прысягаў табе,- кажа Вiнiць,- што мне i ў голаў нат не прыходзiла адбiраць цябе ў Аўлюсаў. Пятронi некалi скажа табе, тады ж яшчэ прызнаваўся яму я, што кахаю цябе i хачу звянчацца. Сказаў яму гэтак: «Хай намасцiць мае дзверы воўчым тукам i засядзе пры маiм вогнiшчы!» Але ён выкпiў мяне i падсунуў цэзару думку, каб зажадаў цябе як заложнiцы ды аддаў мне. Колькi ж разоў я праклiнаў яго падчас журбы, але, можа, гэта памысны трап, бо iнакш не пазнаёмiўся б я з хрысцiянамi ды не зразумеў бы цябе.

- Вер мне, Марк,- адказала Лiгiя,- гэта Хрыстус вёў цябе да сябе гэтаю дарогаю.

Вiнiць зрабiў галавою жэст здзiўлення.

- Праўда! - жыва прытакiваў.- Усё так дзiўна сплялося, што я, гукаючы цябе, знайшоў хрысцiянства... У Острыянуме з подзiвам слухаў Апостала, бо такiх рэчаў нiколi не чуў. Ты малiлася за мяне?

- Так! - цвердзiла Лiгiя.

Прайшлi мiма абзелянелага летнiка i падыйшлi да мейсца, дзе Урсус, задавiўшы Кратона, кiнуўся на Вiнiцiя.

- Тут,- кажа юнак,- каб не ты, быў бы мне канец.

- Не згадвай i не дакарай яму за гэта.

- Цi ж я мсцiўся б яму за тое, што цябе баранiў? Вызвалiў бы зараз, калi б ён быў нявольнiкам.

- I Аўлюсы яго даўно вызвалiлi б.

- Памятаеш,- прыгадваў Вiнiць,- як я манiўся цябе аддаць Аўлам?

Але ты не хацела, бо мог бы даведацца аб гэтым цэзар i мсцiцца над iмi. Ну а цяпер магчымеш з iмi спатыкацца даўспадобы.

- Як гэта, Марк?

- Кажу «цяпер», а маю на думцы тую хвiлiну бяспечную, калi будзеш ужо маёю. Так!.. Бо калi б цэзар, даведаўшыся, спытаў, што я зрабiў з закладнiцай, якую мне паверыў, адкажу: «Звянчаўся з ёю, i да Аўлаў ходзiць з мае волi». Ён доўга не будзе ў Анцыюме, бо яму хочацца ў Ахайю, а хоць бы й забавiўся, не патрабую спатыкацца з iм штодзень. Як Павал навучыць мяне вашае веры, зараз прыйму хрост i вярнуся сюды, адсвяжу прыязнь з Аўламi, якiя на днях вернуцца ў горад, i не будзе ўжо перашкод, а тады забяру цябе i пасаджу ля майго вогнiшча. О carissima, carissima!

Сказаўшы гэта, выцягнуў рукi, казаў бы неба заклiкаў у сведкi свайго кахання, а Лiгiя, падняўшы на яго палаючыя вочы, дасказала:

- I тагды прысягну: «Дзе ты, Кай, там i я, Кая».

- Не, Лiгiя! - адазваўся Вiнiць.- Прыракаю табе, што нiколi нiводная жанчына не была, можа, так паважана ў доме, як ты будзеш у мяне. Праз хвiлiну йшлi моўчкi, не могучы змясцiць у грудзях шчасця, раскаханыя ў сабе, падобныя да пары бостваў, так прыгожыя, як бы iх разам з кветкамi вычаравала вясна.

Затрымалiся ўрэшце пад цыпрысам недалёка ўваходу ў дом. Лiгiя абаперлася ля дрэва, а Вiнiць пачаў прасiць дрыжачым голасам:

- Загадай Урсусу прынесцi ад Аўлаў да мяне твае манаткi й забаўкi. А яна, зачырванеўшыся, бы ружа цi зарнiца, перасцерагла:

- Звычай дыктуе йнакш...

- Я ведаю. Заносiць звычайна пронуба [16] за сужэнкаю, але ты зрабi для мяне вынятак. Я забяру iх з сабою ў маю вiллу да Анцыюма, i будуць мне прыгадваць цябе.

Згарнуў рукi, бы дзiцянё, i налягаў далей:

- Пампонiя на днях вернецца, дык зрабi мне прыемнасць, дзiва, зрабi, carissima мая!

- Хай Пампонiя зробiць, як захоча,- адказала Лiгiя, румянячыся на ўспамiн «пронубы».

Ды зноў замоўклi, каханне прыпыняла iм дух у грудзях. Лiгiя апiралася плячыма аб цыпрыс, з белым, як кветка, аблiччам, з вачыма апушчанымi i жыва хвалюючымi грудкамi, а Вiнiць мяняўся на твары, бляднеў. У паўднёвай цiшынi чулi бiццё сваiх сэрцаў, упоеныя, раскашуючыся ўсiм, што iх акружала. У дзвярах з'явiлася Мырыям i запрасiла iх на полудзень. Заселi разам з Апосталамi, якiя глядзелi на iх з уцехаю, як на новае пакаленне, што па iхняй смерцi прахоўвацiме i засявацiме зерне новае навукi. Пётр ламаў i багаславiў хлеб; на ўсiх аблiччах была пагода, нейкае вялiкае шчасце напаўняла гэту хату.

- Ну дык бачыш,- адазваўся ўрэшце Павал, звяртаючыся да Вiнiцiя,якiя мы непрыяцелi жыцця й радасцi.

А той адказаў:

- Ведаю ўжо, як ёсць, нiколi я не быў так шчаслiвы, як мiж вамi.

ХХХV

Вечарам таго ж дня Вiнiць, iдучы праз Форум дамоў, убачыў пры ўваходзе на Вiкус Тускус залочаную лектыку Пятронiя, якую несла васьмёх бiтынцаў, i, затрымаўшы iх кiвом рукi, падыйшоў да фiранак.

- Прыемнага й салодкага сну!- адазваўся, смеючыся, да соннага Пятронiя.

- Ах, гэта ты! - кажа, схамянуўшыся, Пятронi.- Так! Крыху прыдрамаў, бо пагуляў ноч на Палатыне. Выбраўся вось купiць што для лектуры да Анцыюма... Што чуваць?

- Ходзiш па кнiгарнях? - спытаў Вiнiць.

- Але. Не хочацца разварочваць бiблiятэкi, дык прызапашваюся на дарогу. Цi праўда, выйшлi новыя творы Музонiя й Сэнэкi? Шукаю таксама Пэрсыя i аднаго выдання эклогаў Вiргiлiя, якога не маю. Ох, як я змучаны! Як баляць рукi ад здымання навояў з пруткоў!.. Бо за адным заходам хочацца й тое й сёе пабачыць. Быў у Авiруна, у Атракта, на Аргiлетум, а перад тым шчэ ў Созывушаў на Вiкус Сандалярыюс. На Кастара! Як мяне сон марыць!..

- Ты быў на Палатыне, дык я цябе павiнен пытаць, што чуваць? Або ведаеш што? Адашлi лектыку i кнiжкi ды хадзем да мяне. Пагутарым пра Анцыюм ды йшчэ аб нечым.

- Ладна,- адказаў Пятронi, выхiляючыся з лектыкi.- Адыж мусiш ведаць, што пазаўтра выбiраемся да Анцыюма.

- Скуль бы я меў ведаць?

- На якiм ты свеце жывеш? Дык, знача, я першы табе звяшчаю навiну? Так! Будзь гатовы на пазаўтра на ранiцу. Гарох на алею не дапамог, хустка на грубым карку не дапамагла, i Рудабароды ахрып. Дык няма чаго й гутарыць пра адклад. Праклiнае Рым i ягонае паветра на чым свет стаiць, рад бы яго з зямлёю змяшаць, агнём спалiць, прагне як найхутчэй мора. Смурод гэты, кажа, што нясе вецер з вузкiх вулiц, у труну яго загонiць. Сяння зложаны па ўсiх святынях ахвяры, каб голас ягоны аздаравеў - i гора ўсяму Рыму i сенату, калi хутка не аздаравее!

- Не было б чаго ехаць тады ў Ахайю.

- Або ж наш боскi цэзар толькi адзiн гэты талент мае? - адказаў, смеючыся, Пятронi.- Выступiў бы на алiмпiйскiх iгрышчах як паэт з сваiм «Пажарам Троi», як квадрыгiст, як музыка, як атлет, а нат як танцор i пабраў бы напэўна ўсе кароны рэкордантаў. А цi ведаеш, ад чаго тая малпа ахрыпла? Учора захацелася яму дараўняцца ў танцы да нашага Парыса i танцаваў нам «Прыгоды Леды», пры гэтым спацеў i прастудзiўся. Увесь быў мокры й клейкi, як уюн, свежа выняты з вады. Змяняў маскi адна за другою, круцiўся, як верацяно, махаў рукамi, бы п'яны матрос, аж гiдасць брала, гледзячы на той трыбух на саламяных ножках. Парыс вучыў яго нешта са два тыднi, ну але ж уявi сабе Агенабарба як Леду або як бога-лебедзя! Добры лебедзь! Няма чаго казаць! А шчэ ж манiцца публiчна выступаць з гэнай пантамiмай, наўперад у Анцыюме, а пасля ў Рыме.

- Людзi горшылiся ўжо з публiчнага пяюнства, але прыдумаць сабе, каб цэзар рымскi выступаў як мiм... Не! Гэтага хiба ўжо Рым не стрывае!

- Мой мiлы! Рым усё ператрывае, а сенат ухвалiць гратуляцыю «айцу бацькаўшчыны».

Цераз хвiлiну дадаў:

- А галайстра яшчэ пышнiцца тым, што цэзар ёсць ейным блазнам.

- Скажы сам, цi льго ўжо больш знiкчамнець?

Пятронi рушыў плячыма.

- Ты сабе жывеш дома, заняты думкай то пра Лiгiю, то пра хрысцiян, дык хiба не ведаеш, што сталася анадай. Адыж Нэрон звянчаўся публiчна з Пiфагорам. Выступiў у ролi маладое сужэнкi. Здавалася б, ужо мерка перабрана, праўда? I што скажаш? Прыйшлi заклiканыя фламiны i ўрачыста звянчалi яго. Я быў пры гэтым! Я ўжо, здэцца, цярплiвы, аднак не абаранiўся ад думкi: калi багi iснуюць, дык павiнны ўрэшце даць нейкi знак...

Але ж цэзар не верыць у багоў i мае рацыю.

- Ёсць ён, знача, у адной асобе богам, найвышэйшым святаром i атэiстам,- сказаў Вiнiць.

Пятронi давай смяяцца:

- Праўда! Не прыйшло мне ў голаў, а то ўдала, такое мiкстуры яшчэ свет не бачыў.

Пасля, затрымаўшыся, кажа:

- Трэба яшчэ толькi дадаць, што гэны найвышэйшы святар, што не верыць у багоў, ды той бог, што з iх кпiць, баiцца iх, як атэiст.

- Доказам - тое, што здарылася ў святынi Весты.

- Што за свет!

- Якi свет, такi й цэзар!.. Гэта доўга не патрывае.

Так сабе гутарачы, увайшлi ў дом Вiнiцiя, якi весела загадаў вячэру, пасля звярнуўся да Пятронiя й кажа:

- Не, мой мiлы, свет павiнен адрадзiцца.

- Мы яго не адродзiм,- адказаў Пятронi,- хоць бы й таму, што ў часах Нэрона чалавек ёсць як матыль: жыве ў сонцы ласкi, а пры першым халаднейшым павеве - гiне... хоць нехаця! На сына Майi! Не раз пытаў сябе, якiм цудам такi Пiцый Сатурнiн мог дажыць дзевяноста трох гадоў, перажыць Тыбэрыя, Калiгулу, Клаўдыя?.. Але хрэн з iм! Цi дазволiш мне паслаць тваю лектыку па Эўнiку? Уцякла нейк соннасць, i хочацца весялiцца. Заклiч на вячэру цытрыстаў, а пасля пагутарым пра Анцыюм. Трэ аб гэтым добра надумацца, асабiста табе. Вiнiць паслаў па Эўнiку, а над побытам у Анцыюме не меў ахвоты ламаць сабе голаў. Хай ломяць яе тыя, хто не ўмее жыць без праменняў цэзаравай ласкi. Свет не кончыцца на Палатыне, злашча для тых, хто нешта iншае ў сэрцы й душы мае.

I гаварыў гэта так бестурботна, з такiм ажыўленнем i весялосцю, што ўсё гэта зацiкавiла Пятронiя, якi, паглядзеўшы на юнака, сказаў:

- Што табе зрабiлася? Ты сяння такi, як быў тагды, калi насiў яшчэ залатую буллу на шыi.

- Я сяння шчаслiвы,- адказаў Вiнiць,- запрасiў я цябе наўмысна, каб табе аб гэтым пахвалiцца.

- Што ў цябе сталася?

- Штось такое, чаго б не памяняў на рымскую iмперыю. Гэта сказаўшы, сеў, абапёрся на поруччы крэсла i пачаў гаварыць з рассонечаным аблiччам:

- Цi памятаеш, як мы былi ў Аўла Плаўцыя, i там першы раз ты бачыў боскую дзяўчыну, якую ты сам назваў заранкай i вясною? Памятаеш тую Псыхэ, тую незраўняную, тую найпрыгажэйшую з красуняў i з вашых багiнь?

Пятронi глядзеў на яго з такiм здзiўленнем, як бы хацеў спраўдзiць, цi ў галаве ягонай усё ў парадку.

- Па-якому ты гаворыш?- перарваў урэшце.- Ясна, што памятаю Лiгiю.

А Вiнiць далей:

- Я ўжо з ёю заручаны.

- Што?..

Вiнiць усхапiўся i заклiкаў вызвольнiка:

- Хай усе нявольнiкi да аднаго прыйдуць сюды, жыва!

- Ты ўжо з ёю заручаны? - паўтарыў Пятронi.

Але не паспеў ён супакоiць здзiўлення, як прасторны Вiнiцiеў атрыюм зараiўся людзьмi. Беглi зазяханыя старыя, мужчыны сярэднiх гадоў, жанчыны, хлапчукi й дзяўчаты. Штомомант атрыюм напаўняўся шчыльней; на калiдорах, званых «фаўцэс», чуваць было заклiканнi ў розных мовах. Урэшце ўстанавiлiся ўсе пад сценамi й мiж калюмнамi. Вiнiць стаў ля iмплювiюма, звярнуўшыся да Дэмаса-вызвольнiка, i сказаў:

- Хто выслужыў у маiм доме дваццаць гадоў, узаўтра павiнен з'явiцца да прэтора, атрымае вольнасць; хто не выслужыў, атрымоўвае па тры залатнiкi i праз тыдзень падвойную порцыю емiны. Да эргастулаў на вёску паслаць загад, каб даравана кары, знята путы з ног i кормлена ўдосталь. Ведайце, што настаў мой шчаслiвы дзень, i хачу, каб радасць была ўва ўсiм доме.

Яны праз момант стаялi моўчкi, як бы вушам не верылi, потым усе рукi ўзнялiся ўгару, i ўсе паднялi голас:

- Аа! Спадару! Ааа!..

Вiнiць адправiў iх жэстам рукi, дык, не паспеўшы аддзякаваць, спешна разыйшлiся, напаўняючы дом шчасцем ад даху да падзямелля.

- Заўтра,- адазваўся Вiнiць,- яшчэ раз заклiчу iх у вагарод i загадаю перад сабою маляваць меты, якiя хто хоча. Тых, што намалююць рыбу, вызвалiць Лiгiя.

Пятронi, якi нiколi нiчаму доўга не дзiвiўся, супакоiўся ўжо i спытаў:

- Рыбу? Ага! Памятаю, што казаў Хiлон: гэта мета хрысцiян.

Пасля выцягнуў руку Вiнiцiю й гавора:

- Шчасце заўсёды там, дзе яго чалавек бачыць. Хай Флора сыпле кветкi вам пад ногi на многiя леты! Жадаю табе ўсяго таго, чаго сам сабе жадаеш.

- Дык дзякую табе, бо я думаў, што адрайвацiмеш i трацiцьмеш па-пустому час.

- Я адрайваць? Нашто? Наадварот, кажу табе, што робiш добра.

- Га, зменлiвы! - адказаў весела Вiнiць.- Хiба забыўся, што калiсь раiў мне, як выходзiлi з дому Грэцыны?

А Пятронi сухадушна:

- Не! Толькi змянiў погляд.

I цераз хвiлiну дадаў:

- Мой мiлы, у Рыме ўсё змяняецца. Мужыкi змяняюць жонак, жоны змяняюць мужыкоў, а чаму ж мне не змянiць погляду? Недалёка ўжо было таго, каб Нэрон узяў вянец з Актэ, якую адмыслова для яго вывелi з каралеўскага роду. I што ж! Меў бы паважную жонку, а мы - паважную аўгусту. На Пратэя i ягоную марскую шыр! Я заўсёды змяняцiму думку, калi прыйдзе патрэба i калi мне будзе выгадна. Што да Лiгii, дык ейнае каралеўскае паходжанне больш пэўнае, чым пергамскiя продкi Актэ. Але ты сцеражыся ў Анцыюме мсцiвае Папеi.

- Анi думаю! I волас не спадзе мне з галавы!

- Калi думаеш яшчэ раз мяне здзiвiць, дык дарэмная натуга, але скуль маеш такую пэўнасць?

- Заручыў мне гэта Апостал Пётр.

- А! Казаў табе гэта Апостал Пётр! На гэта няма аргументу; дазволь мне, аднак, дарадзiць табе пэўную асцярожнасць хоць бы й дзеля таго, каб Апостал Пётр не аказаўся хвальшывым прарокам, бо калi б Апостал Пётр прыпадкам памылiўся, страцiў бы ў цябе давер, якi яшчэ напэўна Апосталу Пятру прыдасца.

- Гавары, што хочаш - я яму веру! I калi манiшся мяне да яго знеахвоцiць, iранiчна паўтараючы ягонае iмя, дык памыляешся.

- Дык яшчэ адно пытанне: цi ты ўжо стаўся хрысцiянiнам?

- Дагэтуль - не, але Павал з Тарсу едзе са мною i выкладацiме мне навуку Хрыстову, а пасля прыйму хрост, бо тое, што ты казаў, быццам яны непрыяцелi жыцця, ёсць няпраўдай.

- Дык тым лепш для цябе й для Лiгii,- адказаў Пятронi, па чым, даючы знак здзiўлення, гаварыў як бы сам сабе: - Дзiвосная рэч, як тыя людзi ўмеюць здабываць вызнавальнiкаў, i як тая сэкта шырыцца!

Вiнiць падхоплiвае з запалам, годным сапраўднага хрысцiянiна:

- Так! Тысячы, дзесяткi тысяч ёсць у Рыме, у гарадох Iталii, Грэцыi й Азii. Ёсць хрысцiяне ў легiях, сярод прэторыянаў, ёсць i ў самым палацы цэзара. Вызнаюць гэтую навуку нявольнiкi й грамадзяне, бедныя й багатыя, плебс i патрыцыят. Няўжо не ведаеш, што й некаторыя Карнэлiюсы таксама хрысцiяне, што хрысцiянкай ёсць Пампонiя Грэцына, што была ёю, падобна, Актавiя, а ёсць Актэ? Так, гэта навука авалодвае свет, i яна адна можа яго адрадзiць. Не пацiскай плячыма, бо хто ведае, цi за месяц або за год сам яе не прыймеш.

- Я? - наставiўся Пятронi.- Не, на сына Леты! Я не прыйму яе, хоць бы ў ёй была мудрасць людская й боская... Гэта вымагала б працы, а я не люблю натугi... Гэта вымагала б самаадрачэння, а я не люблю ў жыццi чагонебудзь зракацца. З тваёй натурай, падобнай да агню й вару, заўсёды магло штось падобнае прыдарыцца, але я? Я маю свае гэмы, свае камэi, свае вазы i сваю Эўнiку. У Алiмп не веру, але яго сабе ўладжваю на зямлi, i буду цвiсцi, пакуль не пранiжуць мяне стрэлы боскага лучнiка або пакуль цэзар не загадае падрэзаць сабе жылы. Да таго люблю яшчэ пах фiялкаў i выгодны трыклiнiюм, люблю нат нашых багоў як рытарычныя фiгуры i Ахайю, куды выбiраюся з нашым трыбухатым, танканогiм, незраўняным, боскiм цэзарам, аўгустам, Перыяданiцэсам, Геркулесам, Нэронам!

Гэта выгаварыўшы, падгумарыўся на сам толькi ўспамiн, што мог бы прыняць навуку галiлейскiх рыбакоў, i пачаў паўголасам падспёўваць:

Ухарашу я ў мiртовую зелень мой меч

Ў Гармадыёса й Арыстагiтана след...

Але перарваў, бо дакладчык звясцiў прыход Эўнiкi. Незабаўна падалi й вячэру, падчас якое пасля некалькiх песень, адпяяных цытрыстам, Вiнiць расказваў Пятронiю пра адведзiны Хiлона, пра крывавую расправу з iм, пра зроджаны падчас тае расправы намер iсцi проста да Апостала. На гэта Пятронi, зноў сонны, ударыўшы сябе ў лоб, сказаў:

- Думка была добрая, калi вынiк добры. А што да Хiлона, дык я даў бы яму залатнiкоў з пяць, а калi жадаў бы адсцёбаць, дык трэ было i ўвогуле засцёбаць, бо хто ведае, цi не будуць яму яшчэ кланяцца сенатары, як сяння кланяюцца нашаму рыцару-шаўцу Ватынiю. Дабранач!

I, паздымаўшы вянкi, пачалi разам з Эўнiкай збiрацца дамоў, а як выйшлi, Вiнiць засеў у бiблiятэцы i так пiсаў да Лiгii:

«Хачу, каб пiсьмо гэта, як толькi адкрыеш твае цудоўныя вочы - о боская! - сказала табе: добры дзень! Таму сяння пiшу, хоць узаўтра бачыцiмемся. Цэзар да Анцыюма выязджае пазаўтра, i я - эгэў! - мушу з iм ехаць. Я ж ужо тлумачыў табе, што не паслухаць - гэта смерць, а я цяперака не меў бы адвагi памерцi. Але, калi ты не хочаш, напiшы слоўца, дык застануся, а Пятронi старацiмецца адвярнуць як-небудзь небяспеку. Сяння ў радасным дню я раздаў падарункi ўсiм нявольнiкам, а тых, што праслужылi ў маiм доме дваццаць гадоў, завяду ўзаўтра да прэфекта i вызвалю. Ты, любка, павiнна гэта пахвалiць, бо гэтага вымагае твая салодкая навука, а па-другое, зрабiў гэта для цябе. Скажу заўтра, што ты iм дала вольнасць, хай табе дзякуюць i славяць iмя тваё. Сам затое аддаюся ў няволю шчасцю й табе, i бадай бы нiколi не дачакаўся вызвалення! Пракляты той Анцыюм i Агенабарбава выправа! У тры-чатыры столкi шчаслiвейшы я, што не такi эрудыт, як Пятронi, бо, можа, мусiў бы ехаць у Ахайю. Тым часам часiны гэнае разлукi саладзiцiму сабе ўспамiнамi аб табе. Калi магчыму вырвацца, асядлаю каня i прыскочу ў Рым, каб вочы нацешыць тваiм воблiкам, а вушы напаiць тваiм салодкiм галаском. Калi не магчыму - прысылацiму нявольнiка з пiсьмамi. Здароўлю цябе, боская, абыймаючы твае ногi. Не гневайся, што заву цябе боскай. Калi забаронiш - паслухаю, але сяння яшчэ не ўмею iнакш. Здароўлю цябе з будучага твайго дому - усёй душой!»

КАМЕНТАРЫ

С. 110: Цыркус Максiмус - так званы Вялiкi Цырк, пабудаваны, як сведчыць легенда, яшчэ Тарквiнам Ганарлiвым, быў размешчаны мiж Палатынам i Авентынам.

С. 114: ...мiж дарогамi Салярыя i Намэнтана...-Першая, назва якой перакладаецца як Саляная дарога, вяла на паўночны ўсход, да берагу Адрыятычнага мора; другая йшла паралельна ёй i, праходзячы праз невялiкi горад Намэнтан у 30 км ад Рыма (чаму i звалася Намэнтанскай), лучылася неўзабаве з Салянай дарогай.

С. 116: ...яго мучыць Фурыя... ролю Орэста...- У грэцкай мiфалогii Орэст - сын ахейскага караля Агамемнона i Клiтэмнэстры; даведаўшыся ад аракула, што мацi забiла ягонага бацьку, а сыну наканавана адпомсцiць, Орэст забiвае мацi, за што i пераследуюць яго Эрынii, якiя атоесамлiваюцца з рымскiмi Фурыямi, багiнямi помсты.

С. 117: Бэнэвэнт - горад у вобласцi Самнiй, 40 км на ўсход ад Капуi. ...пад апекай боскiх братоў Алены...- г. зн. Кастара i Палукса. Озырыс - егiпскi бог вытворных сiлаў прыроды, уладар таго свету. Бааль - боства семiцкага паходжання; часцей за ўсё шанаваўся як бог урадлiвасцi i бог сонца. Лекан i Лiцынiй - консулы 64 г. Кай Лекан Бас i Марк Лiцынiй Крас. Мiрэнская чара - белая чара з плавiковага шпату з тых, што завозiлiся ў Рым з Усходу i лiчылiся надзвычайнай рэдкасцю.

С. 118: ...мацi твайго крывiчэснага продка Энэя...- Сын Венеры Энэй уважаўся за радаводцу рымскага народу i заснавальнiка роду Юлiяў, да якога павiнен быў належаць Вiнiць па жаночай лiнii. ...боскi сын Майi...- г. зн. Гэрмес (Мэркуры), якi нарадзiўся ад саюза Зэўса i нiмфы гор Майi.

С. 121: Тэсалiйцы - жыхары Тэсалii, вобласцi на ўсходзе паўночнае Грэцыi.

С. 122: Аргабойца - забойца Аргуса, г. зн. Гэрмес. У грэцкiм мiфе Гера паставiла шматвокага вялiгура Аргуса вартаваць Зэўсаву каханку Iё, а Гэрмес, граючы на жалейцы, нагнаў сон на Аргуса i забiў яго.

С. 123: Какус - у рымскай мiфалогii вялiгур, сын вулкана. ...моў калабрыйскiя ваўкi...- Калабрыя - крайняя паўднёва-ўсходняя вобласць Iталii.

С. 124: Вiмiнал - адзiн з сямi ўзгоркаў Рыма, размешчаны на паўночным усходзе гораду, памiж Эсквiлiнам i Квiрыналам. Дыаклецыян (284305 гг.) - адзiн з рымскiх цэзараў, якi праславiўся грандыёзнымi тэрмамi, пабудаванымi пры iм i захаванымi да нашага часу. Сэрвiй Тулiй (каля 573534 гг. перад н. э.) - перадапошнi рымскi кароль; рэшткi мура, пра якi iдзе гаворка, захавалiся да нашых дзён, але iхнi час паходжання вызначаецца тут памылкова: мур вакол Рыма быў узведзены гадоў праз 300 пасля Тулiя.

С. 128: Дэмiюрг (грэц.) - вытанчаны майстар, стваральнiк (у тым лiку i свету); гэты тэрмiн ужываўся у грэцкай фiлязофскай лiтаратуры.

С. 129: Марыя з Магдалi - паводле хрысцiянскага падання, жанчына з прыбярэжнай вобласцi паўночнай Палестыны - Галiлеi; стала паслядоўнiцай Хрыста пасля таго, як Ён засцярог яе ад апанавання злымi духамi.

С. 130: Клеофас - адзiн з вучняў Хрыста. Эмаўс - мястэчка блiзу Ерузалiма. Тамаш Дыдымус - адзiн з 12 апосталаў Хрыста; ён адмаўляўся верыць ва ўваскрэсенне Хрыста, пакуль сам не пабачыў ягоных ран ды не памацаў iх уласнымi пальцамi.

С. 132: «Маран-ата!» - «Госпад iдзе!» (сiрыйск.).

С. 133; Буксэнтум - прыморскi горад на заходнiм узбярэжжы Паўночнай Iталii. Луцый Сатурнiн Гета - камандзiр прэторыянаў у часы Клаўдыя.

С. 134: Стыкс - рака забыцця ў краiне мёртвых. ...як Арыстотэль да Аляксандра Македонскага...- Арыстотэль, старажытнагрэцкi фiлёзаф i навуковец-энцыклапедыст, з 343 г. перад н. э. быў выхавальнiкам Аляксандра i карыстаўся ў ягоных вачох вялiкiм аўтарытэтам. Тэзэй - у грэцкай мiфалогii герой, сын караля Эгэя; сярод шматлiкiх ягоных подзвiгаў - забойства жахлiвага чалавека-быка Мiнатаўра; Тэзэя ўважалi за заснавальнiка Афiнскай дзяржавы.

С. 135: ...узяў бы прыклад з Энэя...- Паданне сцвярджае, што ў ноч знiшчэння Троi Энэй на плячох вынес свайго бацьку Анхiза з палаючага места. Мамэртынская вязнiца - пабудавана на ўсходнiм схiле Капiталiнскага ўзгор'я, бадай, яшчэ ў перадцэзарскую эпоху; пад ёй месцiлася круглая падземная камора, так званы Тулiянум, нiбыта ў гонар iнiцыятара будаўнiцтва Сэрвiя Тулiя, але спярша яна служыла як ёмiстасць для вады. ...дыету кафалонскага вiна...- Назву Кафалонiя мела група астравоў ля заходнiх берагоў Грэцыi каля в. Iтакi, сярод якiх Зам, Закiнф, Дулiхiй.

С. 136: Мiтра - старажытнаiранскi бог сонца.

С. 140: Цэрбер - у грэцкай мiфалогii жудасны шматгаловы сабака, што ахоўвае ўваход у Аiд.

С. 146: ...ёсць мiж хрысцiянамi нейкаю Сыбiлаю...- Сыбiламi называлi богамнатхнёных прадказальнiц усiх часоў i народаў; скажам, найбольш вядомаю была так званая Сыбiла Кумская, што прадказвала яшчэ Энэю.

С. 151: ...як небарака жонка Зэтаса з жалю па Iтылю...- Як гаворыцца ў мiфе, Аэдонна, жонка фiванскага героя Зэтаса, ад зайздрасцi спрабавала забiць старэйшага сына сваёй нявесткi Нiобы, але памылкова забiла ўласнага сына Iтыля; з лiтасцi над жалем Аэдонны багi ператварылi яе ў салаўя.

С. 154: Калiкрат, брытанскi кароль - тут недакладнасць: брытанскага ўладара, якога ўзяў у палон ў 52 г. Клаўдый, а потым злiтаваўся з яго, звалi Каратак.

С. 159: Сэмноны i маркоманы - адгалiнаваннi германскага племенi свеваў.

С. 160: Вандалы - германскае племя, што спярша жыло на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Квады - племя, што жыло на паўднёвым усходзе Германii.

С. 161: Бестыярый - удзельнiк цырковых баруканняў, якi выступаў супраць звяроў (наёмнiк - са зброяй, асуджаны - без зброi).

С. 166: Кампедытус - нявольнiк, закаваны па нагах.

С. 167: ...эпоха... калi не Ёвiш, а Сатурн кiраваў светам...- Сатурн, атоесамлiваны з грэцкiм Кронасам,- бацька Ёвiша (Зэўса); калi яго паканаў уласны сын, як сведчыць паданне, Сатурн узяў лейцы кiравання Лацыяй, распачаўшы перыяд, якi потым назвалi «залатым».

С. 170: Кана - паселiшча ў Галiлеi. ...падчас каменавання Сцяпана...паводле падання, у маладосцi Павал удзельнiчаў у збiццi каменнямi дыякана Сцяпана.

С. 171: «Veni, vidi, vici» - гэтая фраза складала пасланне Юлiя Цэзара сенату, дзе ён паведамляў аб перамозе (увесну 47 г. перад н. э.) над басфорскiм уладаром Фарнакам; Басфорская дзяржава з сталiцай у г. Пантыкапэй (цяпер Керч) займала тэрыторыю Керчанскага i Таманскага паўвостраваў. ...бы каледонскi сабака... ў гарах Гiбернii...- Каледонiяй называлася паўночна-заходняя частка Шатландыi, а Гiбернiяй - Iрландыя.

С. 173: ...як бы iх чуў ад пытыi ў Дэльфах...- Пытыямi называлiся жрыцы-прадказальнiцы з святынi Апалона ў Дэльфах, горадзе блiзу паўночнага ўзбярэжжа Карынфскай затокi; аракула зазвычай пыталiся ў найважнейшых выпадках, а адказы пытыi, якую нiбыта натхняў сам Апалон, вызначалiся туманнасцю i двухсэнсоўнасцю.

С. 174: Тразымэнскае возера - вялiкае, больш за 15 км даўжынёю, возера ў 150 км на поўнач ад Рыма.

С. 175: Цырцэя - легендарная чараўнiца, дачка бога сонца Гелiёса, што жыла на востраве Эя; Цырцэя ператварала ў разнастайных жывёлаў усiх, хто трапляў на востраў, але Адысей апынуўся адзiным, хто здолеў не паддацца ейным чарам.

С. 176: Мiзэнум - мыс i горад у Кампаньi блiзу Байя.

С. 177: Арыцыя - горад у 30км на паўднёвы захад ад Рыма. Марсавае поле - плошча на беразе Тыбру ў паўночна-заходняй частцы Рыма, месца сходаў, шпацыраў i забаў. Лянавiюм - старажытны горад няўздалеч Альбанскiх гораў.

С. 178: ...вылiў ёй на голаў коўш фалерну...-маецца на ўвазе адзiн з лепшых гатункаў iтальянскага вiна, выраблянага ў калябярэжнай вобласцi Фалерн на поўначы Кампаньi.

С. 179: ...на боскую валадарку пафiйскiх гаёў...- г. зн. на Афрадыту, бо сярод пафiйскiх гаёў на востраве Крыт знаходзiлася найзнакамiтшая святыня Афрадыты.

С. 180: Кай Вярэс (памёр у 43 г. перад н. э.) славiўся вялiкiм скарбам, прыдбаным, аднак, шляхам бессаромнага рабавання Сiцылii, якою кiраваў у 73-71 гг. перад н. э. Праксытэлес, Мiрон, Скопас, Лiзыпас - знакамiтыя грэцкiя скульптары; напрыклад, Мiрон (V ст. перад н. э.), славуты сваiмi дасканалымi выявамi чалавечага цела ў руху. ...цi на Паросе, Пантэлiконе iснуе падобны мармур...- Востраў Парос у Эгейскiм моры i гара Пантэлiкон у Атыцы (на паўночны захад ад Афiн) славiлiся радовiшчамi мармуру.

С. 182: Радос - вялiкi востраў ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азii з аднайменным галоўным горадам, дзе знаходзiўся так званы Калос Радоскi, якога старажытныя людзi ўважалi за адно з сямi цудаў свету, бо гэта была гiганцкая бронзавая статуя бога Гелiёса вышынёй звыш 30 м, узведзеная ў пачатку III ст. перад н. э. ля ўваходу ў гарадскую гавань. Панопа - горад у Факiдзе, вобласцi на паўночным узбярэжжы Карынфскай затокi, дзе яшчэ ў II ст. н. э. паказвалi астаткi глiны, з якой Праметэй нiбыта выляпiў першых людзей. Леда - згодна мiфу, жонка спартанскага караля Тындарэя, якую пакахаў Зэўс i з'яўляўся да яе ў выглядзе лебедзя, пасля чаго Леда знесла яйка (а ў некаторых версiях мiфа гаворыцца аб некалькiх яйках), адкуль вылупiлася Гэлена-Прыгажуня; шкарлупiнне таго яйка паказвалi ў Спарце яшчэ ў II ст. н. э. Панцыр сармацкi - племя сарматаў, або саўраматаў, жыло у наваколлi Мэатыйскага возера (цяпер - Азоўскае мора), а вышэйназваны панцыр захоўваўся ў святынi Асклепiёса ў Афiнах i сапраўды быў зроблены з конскiх капытоў шляхам наразання тонкiх пластак i змацоўвання iх памiжсобку. Эўбея - вялiкi востраў ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыi. Александрыя - маецца на ўвазе горад на востраве Фарос, ля якога знаходзiўся знакамiты маяк (больш за 100 м вышынёю), пабудаваны ў пачатку III ст. перад н. э., адно з сямi цудаў свету. Мэмфiс - сталiца Старажытнага Егiпту (на поўдзень ад сучаснага Каiра), знакамiтая праз свае святынi. Волас Iзыды - калi мужа Iзыды, Озырыса, забiў ягоны брат Сэт, жанчына сабрала кавалкi парэзанага цела i пахавала iх; пазней Озырыс уваскрос з ейнай дапамогаю ды заўладарыў у падземным свеце. Мемнон - у грэцкай мiфалогii валадар Этыёпii, хаўруснiк траянцаў; лiчылася, што велiзарная фiгура, узведзеная ў Егiпце за часамi фараона Аменхатэпа III (2-я палова ХV ст. перад н. э.), увасабляла менавiта Мемнона; пашкоджаная землятрусам, статуя вывяргала на досвiтку гук, пра якi казалi, што гэта Мемнон вiтае сваю матку, багiню Эос; статуя Мемнона была таксама адным з цудаў свету.

С. 184: Апiс - егiпскi бог урадлiвасцi.

С. 185: Арэс - бог вайны ў грэкаў, атоесамлiваны з рымскiм Марсам.

С. 186: Сажалка Агрыпы - мяркуюць, што яна размяшчалася на так званым Полi Агрыпы, крыху на ўсход ад Марсавага поля. Дыяна Эфеская - горад Эфес славiўся сваёю святыняю Артэмiды (Дыяны).

С. 194: Афрыканскi Сэкст - неправамоцна дапушчаны пераклад iмя аўтарам беларускага тэксту; маецца на ўвазе Сэкстый Афрыкан, знакамiты сенатар, консул 59г. Рэгул Аквiлiн- вядомы даказчык i абвiнаваўца. Сулiй Нэрулiн- тут недакладнасць: гаворка павiнна весцiся не пра консула 50г. Сулiя Нэрулiна, а пра зводнага брата Карбулона, вядомага даказчыка Публiя Сулiя Руфа.

С. 196: На Пасiнунцкую Цыбулу! - Горад Пасiнунт у цэнтральнай частцы Малое Азii блiзу Дындымэнскае гары быў цэнтрам культу Кiбулы.

С. 199: Атэ - у грэцкай мiфалогii ўвасабленне неўтаймоўнага гневу, раз'юшанасцi. Фрэгеле - горад у Лацыi, 90 км на паўднёвы ўсход ад Рыма.

С. 203: Паркi - у рымскай мiфалогii багiнi лёсу, атоесамлiваюцца з грэцкiмi Мойрамi.

С. 205: Пэрсый Флак Аўл (34-62) - рымскi паэт-сатырык. ...выданне эклогаў Вiргiлiя...- «Эклогi», або «Буколiкi» - зборнiк твораў рымскага паэта Публiя Вiргiлiя Марона (70-19 гг. перад н. э.).

С. 208: Флора - рымская багiня раслiн, кветак i садоў. Пратэй - у грэцкай мiфалогii сын Пасейдона, марское боства, здольнае пераўвасабляцца ў разнастайныя iстоты.

С. 209: Карнэлiюсы - старадаўнi i знакамiты патрыцыянскi род. ...На сына Леты - г. зн. на Апалона. Перыяданiцэс - заўсёдны пераможца ў спаборнiцтвах. ...ў Гармадыёса й Арыстагiтана след...- Гармадыёс i Арыстагiтан у 514 г. перад н. э. забiлi Гiпарха, брата афiнскага тырана Гiпiюса; iхнiя iмёны сталi мяноўнымi для ўсiх змагароў супраць тыранii.


[1] Гандлёвая плошча (лац.).

[2] Хлебны Форум (лац.).

[3] Найвялiкшы святар (лац.).

[4] Дванаццаць рысак (гульня) (лац.).

[5] Scripulum, або scrupulum - малая залатая манета, 1/3 частка залатога дэнара, або аўрэўса (заўвага аўтара).

[6] Мiр з табою! (лац.).

[7] Кiнжал, сцiзорык (лац.).

[8] Капэнская брама (лац.).

[9] Аэдонна, пераўтвораная ў салаўя (заўвага аўтара).

[10] Прыйшоў, убачыў, перамог! (лац.).

[11] Прыйшоў, убачыў, збег (лац.).

[12] Паводле афiцыйнага абавязку (лац.).

[13] Кiрка (Цырцэя) - персанаж старажытнагрэцкай мiфалогii (гл. каментарыi).

[14] На сорам! (лац.).

[15] Вызвольнiк, iнтэндант (лац.).

[16] Матрона, павучаючая аб абавязках жонкi (заўвага аўтара).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX