Вярнуцца: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis

XXXVI-LVII


Аўтар: Сянкевiч Генрык,
Дадана: 24-07-2012,
Крыніца: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis, "Сафiя", 2002.



ХХХVI

Было ведама ў Рыме, што цэзар па дарозе манiцца адведаць Остыю, а больш за ўсё найвялiкшы мараплаў на свеце, якi нядаўна быў прывёз збожжа з Александрыi, ды адтуль надбярэжнаю дарогаю лучыць да Анцыюма. Загады ўжо былi выданы перад некалькiмi днямi, дзеля таго ад самага рання пры Порта Остыенсiс тоўпiлiся грамады мясцовага зброду й чужаземцы з усiх краёў свету, каб паразяўляцца на цэзарскi паход, з якога рымскi плебс нiколi не мог надзiвiцца. Да Анцыюма дарога была не цяжкая дый не далёкая, а ў самым курорце, якi складаўся з камфортавых палацаў i вiллаў, льго было знайсцi ўсякiя выгоды, а нат i вынайдаваны тагдышнi збытак. Цэзар, аднак, меў звычай браць у дарогу з сабою ўсё, што дыктавала ўспадоба, пачаўшы ад музыкальных iнструментаў i дамавога знадоб'я ды канчаючы на статуях i мазаiках, якiя былi ўкладаныя нат i падчас кароткiх папасаў. З тае прычыны ехалi з iм цэлыя грамады слугаў, не кажучы ўжо аб прэторыянскiх кампанiях ды аўгустыянах, з якiх кожны таксама меў сваю свiту нявольнiкаў.

Таго ж дня на свiтаннi пастухi з Кампаньi, загарэлыя на твары, з казлячымi скурамi на нагах, перагналi праз браму пяць сотак аслiц, каб Папея назаўтра па прыездзе да Анцыюма магла сваiм штодзённым звычаем выкупацца ў iхнiм малацэ. Суталака з уцешлiвым смехам прыглядалася ў хмарах пылу расцяляпаным доўгiм вушам табуна ды весела прыслухоўвалася лясканню пастуховых бiзуноў i галёканню. Як вулiца апаражнiлася ад стада, рынуўся на дарогу рой замятальнiкаў i, ачысцiўшы яе добра, пачаў пасыпаць пiнiевым зялёным шпiллём ды кветкамi. Натоўп талкаваў сабе, што ўся дарога да Анцыюма так будзе прытрэсена квяццём, назбiраным з прыватных навакольных агародаў, а нат i дорага закупленым пры Порта Мугiёнiс ад кветачнiц-гандлярак. З кожнай гадзiнай рунда збольшвалася. Некаторыя папрыводзiлi цэлыя сем'i, а каб не доўжылася, прыладжвалiся на каменнях, прыгатаваных пад новую святыню Цэрэры, i спажывалi сабе прандыюм пад голым небам. Дзе-нiдзе збiралiся гурткi на чале з бывальцамi, якiя расказвалi аб цэзарскiм выездзе ды наагул аб падарожжах i дзiвах-дзiвосах свету, найбольшымi знаўцамi тут аказвалiся маракi й старыя, маючыя выслугу гадоў, ваякi з далёкiх паходаў. Гарадскiя дамаседы, што нiколi ў жыццi далей не бывалi, як на вiя-Апiя, слухалi з подзiвам аб iндыйскiх i арабскiх дзiвосах, аб Брытанскiх архiпелагах, дзе на нейкай атоцы Брыяр мучыў соннага Сатурна, дзе жылi духi, аб краёх гiпербарэйскiх ды марох замерзлых, як шумелi й раўлi воды акiяну падчас занурання ў ягоную пучыну заходзячага сонца. Падобным роспаведам рымская галайстра лёгка верыла, бо таму верылi нават такiя людзi, як Плiнiй i Тацыт. Талкавалi i аб тым мараплаве, што быццам на два гады вёз пшанiцы, не лiчучы чатырохсот падарожных i столькi ж абслугi ды многа дзiкiх звяроў для летнiх iгрышчаў. Выклiкала гэта ў народзе агульную прыхiльнасць да цэзара, якi не толькi кармiў, але й весялiў народ. Усе рыхтавалiся да гарачага прывiтання.

I вось паказаўся аддзел нумiдыйскiх конных прэторыян. Былi яны апранутыя ў жоўтыя ўнiформы з чырвонымi падпяразкамi ды з вялiкiмi завушнiцамi, кiдаючымi залаты водблiск на iхнi чорны твар. Вастрыё iхнiх бамбукавых пiкаў полымем гарэла на сонцы. Прайшлi яны, зачалiся провады, падобныя да працэсii. Натаўпы цiснулiся, каб прыгледзецца блiжэй хараству, але падаспелi аддзелы пешых прэторыянаў i, устанавiўшыся ўздоўж з аднаго i з другога боку брамы, пiльнавалi доступу да дарогi. Наўпярод iшлi фургоны з пурпуровым, фiялетавым, снежна-белым матар'ялам ды iншым прыладдзем для палаткаў ад сонца, усходнiя дываны, цыпрысавыя сталы, кавалкi мазаiк, кухоннае знадоб'е, клеткi з птаствам з Усходу, Поўдня й Захаду, якiх мазгi або языкi йшлi на цэзарскi стол, i амфары з вiном, i кашы з садавiнаю. Далiкатнейшыя рэчы, каб не згiнулi цi не пабiлiся, былi несены пешымi нявольнiкамi. Цэлыя сотнi людзей неслi мастацкiя вазы, статуэткi з карынскае медзi, асобна неслi вазы этрускiя, асобна грэцкiя, асобна залатое суддзё, срэбнае або з александрыйскага шкла. Памiж iх iшлi невялiкiя групкi прэторыянаў пешых i конных, а над кожным нявольнiцкiм гуртком цiкаваў даглядчык з бiзуном з жалезнымi й алавянымi канчурамi замест ляскаючага ўчкура. Паход людзей, нясучых кемна i ўважна цэзарскае знадоб'е, падобны быў на рэлiгiйную працэсiю, а падабенства станавiлася выразнейшым, калi пачалi несцi музычнае прыладдзе цэзара й дваран. Вiдаць былi гарфы, грэцкiя лютнi, гебрайскiя лютнi й егiпецкiя лiры, формiнгi, цытры, пiшчалкi, даўгiя павыгiнаныя буцыны й цымбалы. Гледзячы на гэнае мора iнструментаў, палыскуючых на сонцы золатам, бронзам, дарагiм каменнем i перламутрам, можна было падумаць, што сам Апалон цi Бахус выбралiся ў падарожжа па свеце. Затым з'яўляюцца важныя карукi, поўныя штукароў, танцораў, танцорак, прыгожа згрупаваных, з тырсамi ў руках. За iмi ехалi нявольнiкi не для абслугi, але для збытку: дзяўчаткi й хлапчаняты, выбраныя з цэлае Грэцыi й Малое Азii, даўгавалосыя або кучаравенькiя ў залатых сетках, падобныя да амуркаў, чароўнага выгляду, але пакрытыя грубым слоем касметыкi, каб вецер, бач, не апалiў далiкатнае iхняе скуры.

I зноў ступаў прэторыянскi аддзел велiзарных сыкамбраў, барадатых, ясна- i рудавалосых, блакiтнавокiх. Перад iмi iмагiнарыi неслi рымскiя арлы, таблiцы з надпiсамi, статуэткi багоў рымскiх i германскiх, а ўрэшце - статуэткi цэзара. З-пад вопраткi i ваяцкiх панцыраў вiдаць былi моцныя, загарэлыя, здольныя валадаць цяжкою зброяй рукi. Зямля стагнала пад iхнiм роўным цяжкiм ходам, а яны, казаў бы сведамыя сваёй сiлы, якую маглi паказаць нат i супраць самога цэзара, важна пазiралi на вулiчную чэрнь, вiдаць забылiся, што многiя з iх прыйшлi сюды ў ланцугох. Але была iх невялiкая толькi жменя, бо галоўныя прэторыянскiя сiлы заставалiся ў кватэрах на мейсцы дзеля старажавання гораду й трымання яго ў дысцыплiне. За iмi вялi ездавых львоў i тыгрысаў Нэрона, каб было што запрэгчы на выпадак, калi б Нэрону заманiлася наследваць Дыонiзаса. Вялi iх гiндусы й арабы на сталёвых ланцугох з петлямi, але так упрыгожаныя кветкамi, як бы з самых кветак сплеценыя. Асвоеныя дазнанымi бестыярамi звяры пазiралi на масы народу сваiмi соннымi зялёнымi зекрамi, часамi падыймалi вялiкiя галовы, уцягаючы храплiва ноздрамi людскi пот ды аблiзваючы шурпаватым языком пашчу.

Далей iшлi цэзарскiя каляснiцы й лектыкi, большыя й меншыя, залатыя й пурпуровыя, выкладаныя слановай косцю, перламi, красуючы полыскам каштоўнасцяў; за iмi шчэ адзiн аддзел прэторыянаў у рымскай зброi, самых iтальскiх ваякоў-ахвотнiкаў [1] ды зноў грамады стройнае службы нявольнiцкае й хлапчат, а ўрэшце ехаў сам цэзар, прыблiжэнне якога звяшчалi здалёк воклiчы вiватуючых народных масаў.

У тлуме народу стаяў i Апостал Пётр, якi хацеў хоць раз у жыццi пабачыць цэзара. Пры iм была Лiгiя з атуленым тварам i Урсус, сiла якога была найпэўнейшаю апекаю сярод гэнай расхваляванай ды разбуянай хмары людское стыхii. Лiг узяў адзiн камень з будаўляных матар'ялаў святынi i прынёс яго пад ногi Апосталу, каб, стаўшы на iм, лепш было паглядаць. Цiжба спачатку бочылася, бо Урсус бесцэрэмонна распiхаў яе магутнымi рукамi, моў карабель - воды, а як убачыла яго, падымаючага камень, якога не магло чатырох асiлкаў-работнiкаў скрануць з мейсца, крычма дзiвiлася: «Macte!» [2] - чутно было навокал. Аж вось над'ехаў цэзар. Сядзеў на возе, падобным да балдахiну, цягнула яго шэсць белых iдумыйскiх, золатам каваных, вогiраў. Воз меў знарок бакi адкрытыя, каб глядзельнiкi добра бачылi цэзара. Магло на iм змясцiцца некалькi асоб, але, жадаючы ўвагу сцягнуць толькi на сябе, Нэрон ехаў праз горад сам, меў толькi ў нагах двух маленькiх вырадкаў-карлаў. Быў убраны ў белую тунiку i аметыставую тогу, ад якое падаў сiняваты водблеск на ягонае аблiчча. На галаве меў лаўровы вянок. Ад часу выезду ў Неапаль значна патлусцеў. Разлiўся твар, падвоiўся й адвiс падбародак, а асаджаныя пад самым носам вусны цяпер зусiм выдавалiся выкраенымi пад самымi ноздрамi. Грубая шыя была, як заўсёды, акручана шаўковай хусткай, сюдтут папраўляў яе пукатаю белаю рукою, аброслаю на перагiбе рудавым валоссем, якога эпiлятарам не даваў вырываць, каб не спрычынiць праз гэта, як яму талкавалi, дрыготы ў пальцах ды не ўтруднiць iгры на лютнi. Бяздоннае пустагонства малявалася на ягоным твары, нясiлле й нудаснасць. Наагул быў гэта твар страхотны й блазноцкi. Едучы, кiдаў галавою на абодва бакi, жмурачы вочы й наслухоўваючы, бачна, як яго вiтаюць. Вiтала яго бура воплескаў: «Жыве боскi цэзар, iмператар! Вiтай, пераможнiк! Вiтай, Апалоне, незраўняны сыне Апалона!» Слухаючы гэных слоў, усмiхаўся, але час ад часу прабягала яму па твары як бы хмара, бо рымская вулiца была з'ядлiвая, куслiвая i ў пачуццi стыхiйнае сiлы дазваляла сабе на кпiны й дацiнкi нават вялiкiм трыумфатарам, такiм, якiх iставетна любiла й шанавала. То ж калiсь нат самому Юлiю Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым: «Грамадзяне, хавайце жоны, едзе лысы распуст!» Страшэннае сябелюбства Нэрона не зносiла прыганаў i наругi, а прымеж таго з разбуянае грамады неслася: «Рудабароды! Рудабароды!.. Куды вязеш сваю вагнiстую бараду? Баiшся, мусi, каб Рым ад яе не загарэўся?» I тыя, што крычалi, не ўцеялi таго, што жарт iхнi крые ў сабе злавеснае прароцтва. Цэзара не надта гневалi падобныя прытычкi, тым больш, што барады не насiў, бо даўно ўжо ахвяраваў яе ў залатым куфэрку капiталiнскаму Ёвiшу. Iншыя з-за кучаў каменняў i зрубу святынi крычалi: «Маtricidа! [3] Нэрон! Орэстэс! Алкмеон!», а iншыя: «Дзе Актавiя?!», «Аддай пурпуру!» А на едучую тут жа за iм Папею крычалi: «Flava coma!» [4] - назовам гэтым бэсцiлi вулiчнiц. Музыкальнае вуха Нэрона хапала й такiя воклiчы, тады прыкладаў да вока свой палiраваны шмарагд, як бы хочучы злавiць позiркам ды запамятаць тых, што так крычалi. Такiм чынам зор ягоны затрымаўся на Апостале, стаячым на камянi. Праз момант двух тых чалавек глядзела самадруг на сябе, а нiкому нi з таго важнага паходу, нi з тае хмары глядзельнiкаў не прыйшло ў голаў, што пазiраюць на сябе ў гэнай хвiлiне два валадары зямлi, з якiх адзiн хутка мiне, бы сон крывавы, а другi, той старац, адзягнуты прастачаю ляцэрнаю, абыйме на вечнае валаданне свет i горад.

Праехаў цэзар, а тут жа за iм васьмёх афраў пранесла пышную лектыку, у якой сядзела зненавiджаная народам Папея. Прыбрана была, як i Нэрон, у аметыставае акрыццё, з грубым слаём касметыкi на твары, непарушная, задуманая, сухадушная, выглядала моў якое боства, адначасна прыгожае й злое, несенае, як у працэсii. У сляды за ёй цягнула цэлая сустань мужчынскае й жаночае службы ды цэлы абоз з прыборамi да выгодаў i строяў. Сонца добра ўжо схiлiла з паўдня, як зачаўся праезд аўгустыянаў - светазарны, мiгатлiвы, палыскаючы, бы вуж, бясконцы провад. Лянiвы Пятронi, спагадна вiтаны народам, загадаў несцiся ў лектыцы разам з сваёю, падобнаю да багiнi, нявольнiцай; Тыгэлiн ехаў у карэце, цягнулi яе малыя конiкi, прыстроеныя ў белыя й чырвоныя перыны. Бачылi яго, як сюд-тут падымаўся на возе i, выцягаючы шыю, цiкаваў, цi хутка цэзар загадае яму перасесцi да сябе. Спамiж iншых народ вiтаў воплескамi Лiцынiяна Пiзона, смехам - Вiтэлiя, свiстам - Ватынiя. Лiцынiя й Лекана, консулаў, прапусцiў абыякава, але Тулiя Сэнэцыя, якi падабаўся народу няведама чаму, i Вестына публiка праводзiла воплескамi. Цэзарава свiта была бязлiкая. Здавалася, усё багацейшае й важнейшае цi знатнейшае ў Рыме эмiгруе да Анцыюма. Нэрон iначай не выбiраўся ў дарогу, як тысячай вазоў i штонайменш з адною легiяй прэторыян [5]. Паказвана з грамады i Дамiцыя Афра, i згрыбелага Люцыя Сатурнiна; бачылi Веспасыяна, якi шчэ не выбраўся ў паход на Юдэю, з якога вярнуўся па цэзарскую карону; бачылi сыноў ягоных, i Нэрву маладога, i Люкана, i Аннiя Галлёна, i Квiнтыяна ды мноства матронаў, слаўных багаццем, красою, збыткоўнасцю й распустай. Вочы грамадаў пераносiлiся з знаёмых аблiччаў на вупраж, вазы, конi, дзiвосныя строi службы, сабранае з усiх народаў свету. У гэным моры пышнаты й вялiкасцi няведама на што было глядзець. I не толькi вочы, але й думка асляплялася залатым бляскам, пурпурай i фiялетам, мiгаценнем дарагiх каменняў, полыскам бiсёраў, перламутру, слановае косцi. Здавалася, i само сонца растаплялася ў гэным светазарным тапелiшчы. I хоць сярод натаўпу нямала было злыдняў з падцягненым жыватом i голадам уваччу, гэтае вiдовiшча ўсё ж такi не толькi будзiла ў iх ахвоту збыткаваць, зайздрасць, але напаўняла раскошай i гонарам, давала пачуццё магутнасцi i жывучасцi Рыму, якую падпiраў i перад якою стаяў на каленях увесь свет. Маўляў, не было нiкога ў цэлым свеце, хто смеў бы думаць, што гэная магутнасць не перажыве ўсiх вякоў i народаў, што няма сiлы на зямлi супраць яе.

Вiнiць ехаў на самым канцы свiты, убачыўшы Апостала й Лiгiю неспадзявана, выскачыў з воза i, чула прывiтаўшыся, гаварыў у спешцы: - Прыйшла ты! Не ведаю, як табе ўжо й дзякаваць, Лiгiя!.. Бог лепшае варажбы мне саслаць не мог. Дык здароўлю цябе, развiтваючыся, хоць не надоўга. Па дарозе расстаўлю конi i ў кожны дзень вольны буду пры табе, пакуль павароту сабе не выпрашу. Будзь здарова!

- Бывай здароў, Марк! - адказала Лiгiя й пасля дадала цiшэй: - Хай цябе вядзе Хрыстус ды адкрые табе душу на словы Паўла.

Ён уцешыўся, што расходзiцца ёй пра тое, каб хутчэй стаўся хрысцiянiнам, дык сказаў:

- Осеlle mi! [6] Хай станецца па-твойму! Павал захацеў ехаць з маiмi людзьмi, але ёсць тут i будзе мне праваднiком i таварышам... Адхiлi заслону, весялюшка мая, хай хоць раз яшчэ на цябе гляну перад дарогай. Чаму ты так закрылася? Яна падняла рукою заслону i паказала сваё яснае аблiчча ды чароўныя рассмяяныя вочы, пытаючы:

- Гэта дрэнна? Вiнiць, гледзячы на яе з усмехам, кажа:

- Дрэнна для маiх вачэй, якiя жадаюць да смерцi глядзець на цябе адну!

Пасля звярнуўся да Урсуса i сказаў:

- Урсус, пiльнуй яе, як вока, бо гэта не толькi твая, але й мая домiна!

Гэта сказаўшы, хапiў ейную руку i прыцiснуў да яе вусны на подзiў цiкаўнай галайстры, якая не магла ўцеяць такое пачэснасцi аўгустыянiна да дзяўчыны, апранутай па-просту, ледзь не па-нявольнiцку.

- Бывай здарова...

Ды спешна аддалiўся, бо паход цэзарскi значна пасунуўся ўперад. Апостал Пётр перажагнаў яго ледзь прыкметным знакам крыжа, а добры Урсус пачаў зара яго выхваляць, радуючыся, што маладая спадарычна ахвотна слухае й глядзiць на яго з удзячнасцю.

Паход аддаляўся й знiкаў паволi ў аблакох пылу, а яны яшчэ доўга глядзелi ўслед за iм, пакуль не падыйшоў да iх Дэмас, той самы, у якога працаваў начамi Урсус.

Дэмас, пацалаваўшы ў руку Апостала, пачаў прасiць яго, каб зайшоў перакусiць, падмацоўваючы гэнае запрашэнне тым, што дом ягоны недалёка Эмпорыюма, а яны хiба галодныя й змучаныя ад прастойвання большае часткi дня пры браме.

Пайшлi i, адпачыўшы ды перакусiўшы ў ягоным доме, пад вечар вярталiся на Затыбра. Манючыся перайсцi раку мостам Эмiлiя, йшлi праз Клiвус Публiкус [7], сярэдзiнай Авэнтынскага ўзгор'я, мiж святынямi Дыяны i Мэркура. Апостал

Пётр глядзеў з вышынi на блiжэйшыя й далейшыя, знiкаючыя ўдалечынi, будоўлi, заглыбiўшыся ў думках, разважаў над велiччу й волатнасцю гэнага гораду, куды прыйшоў агалошваць слова Божае. Да гэтых пор бачыў ён рымскае панаванне й легiёны ў розных краёх, дзе бываў, але гэта былi як бы паадзiночныя часцiны тае моцы, увасабленне якое ў постацi цэзара ўбачыў сяння першы раз. Гэны горад бязмерна дзярлiвы й жадлiвы ды адначасна разнузданы, гнiлы да шпiку касцей, а i непарушны ў сваёй надлюдскай магутнасцi; гэны цэзар, братабойца, маткабойца й жонабойца, за якiм валокся не меншы ад ягонай свiты шлейф крывавых мараў; гэны распуснiк i блазан ды адначасна ўладар трыццацi легiяў, а праз iх усяе зямлi; тыя баяры, абвешаныя золатам i шкарлатам, няпэўныя заўтрашняга дня ды адначасна мацнейшыя за iншых каралёў - усё гэта разам выдавалася яму нейкiм пякельным валадарствам зла i неправаты. I ўздзiвiўся ў прастачым сваiм сэрцы: як Бог можа даваць нечысцi такую магутную сiлу на зямлi, каб варочаў ёю, мясiў, таптаў, выцiскаў слёзы й кроў, спустошваў вiхурам яе, бурыў, як бура, палiў, як полымя. I затрывожылася апостальскае сэрца ад такiх думак, i пачаў скардзiцца Збаўцу ў душы: «Госпадзе, што мне рабiць з гэтым горадам, у якi прыслаў Ты мяне? Ягонае мора й суша, ягоныя звяры на зямлi ды вадзяныя iстоты, ягоныя ўсе каралеўствы й гарады i трыццаць легiяў, што стаяць на старожы, а я- рыбак з возера! Што мне рабiць? Як гэнае благоцце перамагчы?»

Так разважаючы, падняў сваю сiвую дрыжачую галаву да неба i заклiкаў трывожлiва-жаласлiва Боскага Вучыцеля. Нараз ягоную малiтву перапыняе голас Лiгii:

- Горад цэлы ў агнi...

I праўда, сонца дзiўна заходзiла таго дня. Вялiзнае ягонае кола засунулася ўжо да палавiны за Янiкульскае ўзгор'е, а ўся шыр неба залiлася чырвоным бляскам. З таго мейсца, дзе стаялi, iхнi зор абыймаў шырокi далягляд. Крыху направа бачылi выдаўжаныя муры Цыркус Максiмус, над iм Палатынат, а проста насупраць, за Форум Боарыюм [8] ды Вэлябрам - верх Капiтолю з святыняй Ёвiша. Але муры, калюмнада й шчыты святынь былi як бы занураныя ў той залаты й пурпуровы бляск. Бачныя здалёк часткi ракi плылi як бы крывёю, i чым больш сонца хавалася за ўзгорак, тым чырванейшым ды падабнейшым да загарава рабiўся ягоны водблеск, узмагаўся й пашыраўся, аж урэшце абняў сем узгоркаў i разлiўся па ўсёй ваколiцы.

- Цэлы горад, бы ў вагнi,- паўтарыла Лiгiя.

А Пётр, прысланiўшы даланёю вочы, кажа:

- Гнеў Божы над iм.

ХХХVII

Вiнiць да Лiгii:

«Нявольнiк Флягон, праз якога пасылаю табе гэны лiст, ёсць хрысцiянiнам, ён будзе адным з тых, што атрымаюць вольнасць з тваiх рук, саrissima. Гэта стары слуга нашага дому, дык магу пiсаць праз яго з цэлым даверам смела, лiст не патрапiць у iншыя рукi, апрача тваiх. Пiшу з Лаўрэнтума, дзе з прычыны гарачынi папасваемся. Атон меў тут прыгожую вiллу, якую ў сваiм часе падараваў Папеi, а яна, памiма развiтання з iм, не пасаромелася затрымаць каштоўны падарунак... Як падумаю пра гэтых жанчын, якiя мяне акружаюць, ды аб табе, здаецца мне, што з каменняў Дэўкалiёна мусiлi паўстаць розныя, не падобныя да сябе, гатункi людзей, а ты належыш да таго, якi зрадзiўся з крышталю. Падзiўляю цябе й люблю ўсёй душою, i хочацца гаварыць толькi аб табе, а тут трэ змушаць сябе пiсаць табе аб дарозе, аб сабе ды аб навiнах пры двары. Цэзар гасцiў у Папеi, якая ўпотайкi прырыхтавала слаўную пачостку. Няшмат, праўда, аўгустыянаў было запрошаных, але i Пятронiя i мяне запрасiла. Пасля прандыюма плавалi мы залатымi лодкамi па моры, якое было так спакойнае, спала, ды так блакiтнае, як твае вочанькi, о боская! Веславалi мы самi, бо гэта падабалася аўгусце, што яе, бач, вязуць кансулярныя мужы або iхнiя сыны. Цэзар, стоячы пры рулю ў пурпуровай тозе, пяяў гiмн на славу мора, уложаны папярэдняе ночы з музыкай Дыядора. На суседнiх лодках падпявалi iндыйскiя нявольнiкi, умеючыя йграць на марскiх слiзянiцах, а навакол паказвалася шмат дэльфiнаў, маўляў вывабленыя музыкай з марское глыбiнi. А я ведаеш што рабiў? Думаў i тужыў аб табе, хацелася забраць гэнае мора, i гэную пагоду, i гэную музыку ды ўсё аддаць табе. Цi хочаш, каб мы калiсь пасялiлiся над морам, аўгуста мая, здалёку ад Рыму? Маю на Сiцылii маёмасць, дзе ёсць мiгдалёвы лес, што цвiце вясною ружовым цветам, а даходзiць так блiзка да мора, што галiнкi цалуюць ваду. Там кахацiму цябе i славiцiму тую навуку, што Павал мяне навучыць, бо ведаю ўжо тое, што яна не працiвiцца каханню й шчасцю. Цi хочаш?.. А пакуль пачую ад цябе адказ, пiшу далей аб здарэннях на лодцы. Адплылi мы далёка ад берагу i ўгледзелi вятругу ўдалечынi перад сабою, паўстала спрэчка: цi то звычайная рыбацкая чайка, цi вялiкi мараплаў з Остыi? Я распазнаў яго першы, тады аўгуста кажа, што ад маiх вачэй нiчога не схаваецца, i, спусцiўшы нагла на твар заслону, спытала, цi нат гэтак бы я й яе распазнаў? Пятронi зараз падхапiў, што за хмарай нат i сонца дагледзець нельга, а яна, быццам смеючыся, гаварыла, што так хуткае вока адно толькi каханне магло б хiба асляпiць, i, згадваючы розных аўгустыянак, пачала пытаць, раздумоўваючы, у якой я кахаюся. Я адказваў спакойна, але ў канцы вымавiла й тваё iмя. Гаворачы аб табе, адкрыла зноў твар i пачала глядзець на мяне лютымi пытаючымi вачыма. Але ў той жа хвiлiне Пятронi, дзякуй яму, калыхнуў лодку i гэтым адвярнуў агульную ўвагу ад мяне, бо калi б я пачуў быў аб табе непрыхiльнае слова або кпiны, дык не ўмеў бы схаваць гневу i мусiў бы змагацца з ахвотай разбiцця галавы гэнай пярэваратнi... Хiба ж памятаеш, што я табе напярэдаднi выезду расказваў у Лiнуса аб здарэннi на сажалцы Агрыпы? Пятронi перасцерагае мяне, каб не дражнiў самалюбства аўгусты... Але Пятронi ўжо не разумее мяне i не ведае, што па-за табою няма для мяне нi раскошы, нi кахання, ды што да Папеi чую толькi абрыду й пагарду. Ты занадта ўжо змянiла душу маю i так далёка, што да даўнейшага жыцця вярнуцца б я ўжо не мог. Але не бойся тут якоенебудзь небяспекi. Папея не кахае мяне, бо яна нiкога кахаць не здолее, ейныя похацi плывуць толькi з помсты на цэзара, якi знаходзiцца яшчэ пад ейным уплывам i якi мо нат яе шчэ й любiць, але ўжо не шчадзiць яе ды не хавае перад ёю свае бессаромнасцi й грахаводнiцтва. Скажу табе яшчэ iншую рэч, якая цябе павiнна супакоiць: Пётр сказаў мне перад выездам, каб не баяўся цэзара, бо волас мне не спадзе з галавы, i я веру яму. Нейкi голас гаворыць мне, што кожнае ягонае слова мусiцiме збыцца, а калi ён пабагаславiў нашае каханне, анi цэзар, анi ўсе сiлы Гадэсу, анi само нат Празначэнне не здалеюць ад мяне цябе, Лiгiйка, адабраць! Як падумаю пра гэта, чуюся шчаслiвым, як Неба, якое адно толькi вечна шчаслiвае й спакойнае. Але, мабыць, цябе, хрысцiянку, закранае тое, што гавару пра Неба i Празначэнне? Калi так, дык выбачай, бо грашу нехаця. Хрост яшчэ не абмыў мяне, але сэрца маё ўжо гатовае, моў чара, якую Павал з Тарсу зара напоўнiць салодкаю вашаю навукаю, тым салодшай, бо тваёю. Ты, багiнька, палiчы мне за заслугу хоць тое, што я вылiў з тае чары ўсё, што яе дагэтуль напаўняла, ды што не жахаюся, але выцягаю яе, як спрагнены чалавек, стаючы ля чыстае крынiцы. Будзь ласкава! У Анцыюме днямi й начамi слухацiму Паўла, якi сярод маiх людзей у першым ужо дню падарожжа здабыў такi ўплыў, што тоўпяцца ля яго бесперапынна, бачачы ў iм не толькi таўматурга, але й надпрыродную амаль постаць. Учора вiднела радасць на ягоным твары, а як я спытаў яго, што парабляе, адказаў: «Сею». Пятронi ведае, што ён знаходзiцца мiж маiмi людзьмi, i хоча яго бачыць, таксама i Сэнэка, якi чуў пра яго ад Галлёна. Але вось i зоркi бледнуць, а раннi «люцыфар» свецiць штораз мацней. Незабаўна заранка заружавiць мора - i ўсё навокал спiць, я толькi думаю аб табе i кахаю цябе. Прывiтанне табе, мая зарнiца, sponsa mea!» [9]

ХХХVIII

Вiнiць да Лiгii:

«Цi ты, дарагая, была калi з Аўламi ў Анцыюме? Калi не, буду шчаслiвы, як магчыму табе яго калiсь паказаць. Ад Лаўрэнтума ўжо цягнуцца адна за другою вiллы на ўзбярэжжы, а сам Анцыюм - гэта бясконцая чарада палацаў ды портыкаў, калюмны якiх запагоду прыглядаюцца ў вадзе. Маю i я тутака сваю сядзiбу, тут жа, над самаю вадою, з алiўнiкам i цыпрысавым лесам за вiллай, i як падумаю, што гэная вiлла станецца калiсь тваёю, бялейшымi выдаюцца мне ейныя мармуры, утульнейшымi агароды i блакiтнейшым неба. О, Лiгiйка, як соладка жыць i кахаць! Стары Мэнiкл, загадчык вiллы, пасадзiў тут на мураве пад мiртамi цэлыя купiны iрысаў, паглядаючы на iх, узгадваю я пра дом Аўлаў, ваш iмплювiюм i агарод, дзе часта сядзеў з табою. I табе гэныя iрысы прыгадвацiмуць дом радзiмы, дзеля таго, мне здаецца, палюбiш i Анцыюм i гэную вiллу. Зараз па прыездзе шмат гутарылi мы з Паўлам аб прандыюме. Згадвалi пра цябе, а пасля ён пачаў навучаць, я доўга слухаў, i кажу табе: каб я нат мог валадаць словам так, як Пятронi, дык i тагды б не патрапiў выказаць табе ўсяго, што снавалася мне ў думцы i душы. Я не спадзяваўся, што шчэ можа быць на свеце такое шчасце, гожасць i спакой, якога людзi не каштавалi. Але гэтае ўсё хаваю для гутаркi з табою, бо пры першай нагодзе манюся падскочыць у Рым. Скажы мне, як зямля можа насiць на сабе адначасна такiх людзей, як Апостал Пётр, як Павал i як- цэзар? Пытаю таму, што вечар па навуцы Паўла прабавiў я ў Нэрона, i цi ведаеш, што я там чуў? Насамперш, ён сам чытаў сваю паэму аб збурэннi Троi ды пачаў наракаць, што не бачыў нiколi пажару вялiкага места. Зайздросцiў Прыяму i называў яго шчаслiвым чалавекам дзеля таго толькi, што меў нагоду аглядаць пажогу i загубу радзiмага места. На гэта Тыгэлiн: «Вымавi толькi слова, боскi, а схаплю полымя, i не паспее ноч мiнуць, як убачыш тонучы ў агнi Анцыюм». Цэзар назваў яго за гэта дурнем. «Куды ж бы,- кажа,- я прыязджаў асвяжацца марскiм паветрам ды кансерваваць той голас, якiм багi мяне абдарылi i пра якi, добра кажуць, на ўцеху людскую павiнен я дбаць? Няўжо не ведаеш, што Рым мне шкодзiць, што смярдзячая задуха Субуры й Эсквiлiну наводзiць хрыпку, i цi ж пажар Рыму не прадстаўляў бы ў сто разоў трагiчнейшага й без параўнання светазарнейшага вiдовiшча, чым Анцыюма?» Прысутныя пачалi дакладаць, якой нечуванай трагедыяй быў бы выгляд такога места, якое пакрыла ўвесь свет, а само легла пад кучаю шэрага попелу. Цэзар запавяшчаў, што тады ягоная паэма перавышала б песнi Гомэра, а пасля давай талкаваць, як адбудаваў бы горад, як патомныя вякi падзiўлялi б ягоны твор, у параўнаннi з якiм усе iншыя змалеюць. Тады п'яныя бяседнiкi пачалi галёкаць: «Зрабi гэта, зрабi!» А ён: «Мусiў бы мець вярнейшых i адданейшых спадручнiкаў». Я, слухаючы гэтага, прызнаюся, надта затрывожыўся, бо ў Рыме знаходзiшся ты, carissima. Сам з сябе смяюся цяперака i думаю, што цэзар i аўгустыяне, памiма сваёй шалёнасцi, не адважылiся б на такi злачын, а аднак, бач, чалавек дрыжыць пра сваё каханне, дык я ўсё ж хацеў бы, каб дом Лiнуса стаяў не на затыбранскiм вузкiм завулку ў квартале чужаземцаў, на якi менш бы ў даным выпадку зважалi. Па мне i самыя палацы Палатынскiя не былi б годным цябе памешканнем, хацеў бы, каб ты мела ўсе тыя выгоды i ўцехi, да якiх замаладу прызвычаiлася. Перайдзi да Аўлаў, Лiгiйка. Я шмат тут аб гэтым думаў. Калi б цэзар быў у Рыме, мог бы даведацца ад нявольнiкаў аб тваiм пераходзе, звярнуў бы на цябе ўвагу i мог бы пераследваць за тое, што асмелiлася парушыць ягоную волю. Але ён доўга тут бавiцiмецца ў Анцыюме i пакуль вернецца, дык гутаркi пра твае пераходзiны ацiхнуць. Лiн i Урсус магчымуць быць пры табе. Дый маю надзею, пакуль Палатын вiтацiме цэзара, ты, багiнька мая, будзеш ужо ў сваiм доме на Карынах. Шчаслiвы той дзень, гадзiна i хвiлiна, у якой пераступiш ты мой парог, i калi Хрыстус, аб якiм вучуся, дасць тое,- iмя Ягонае хай будзе багаслаўлёна. Што я гавару: будзем абое служыць Яму аж да смерцi. Люблю цябе i здароўлю ўсёй душою».

XXXIX

Урсус чэрпаў ваду з цыстэрны i, цягнучы вяроўкаю падвойныя амфары, пяяў паўголасна песню лiгiйскую ды ўцешлiвым вокам пазiраў на Лiгiю i Вiнiцiя, як у садочку сярод цыпрысаў Лiна бялелiся, бы дзве статуi. Найменшы подых ветру не варушыў iхняе адзежы. На свеце сутунела, а яны гутарылi сабе ў вячэрняй цiшынi, пабраўшыся за рукi.

- Цi нiчога табе не будзе за тое, што выехаў з Анцыюма без ведама цэзара? - пытала Лiгiя.

- Не, дарагая,- адказаў Вiнiць.- Цэзар абвясцiў, што зачынiцца на два днi з Тэрпнасам i будзе ўкладаць новыя песнi. Ён часта гэтак робiць, i тады аб нiчым iншым ведаць не хоча. Ды што мне цэзар, як я пры табе i гляджу на цябе! Занадта ўжо мучыла мяне туга, а апошнiя ночы i сон ужо мяне не браў. Часамi як задрамаў ад знямогi, нагла прачынаўся з думкай, што над табою быццам вiсiць небяспека; часамi снiў, што пакралi мне расстаўныя конi, якiя мелi мяне везцi з Анцыюма ў Рым i на якiх я праiмчаўся тую дарогу так прытка, як нiякi цэзарскi рассыльны. Даўжэй ужо не мог вытрымаць без цябе, наймiлейшая!

- Я ведала, што прыедзеш. Два разы Урсус бегаў на Карыны пытацца аб табе. Лiн смяяўся з мяне i Урсус таксама.

I сапраўды вiдаць было, што спадзявалася яго, бо замест абыднае вопраткi мела на сабе мяккую белую столу, з якое стройных хвандаў рукi i галоўка выхiлялiся, бы расцвiўшыя пралесанькi з снегу. Некалькi ружовых анемонаў аздабляла валасы.

Вiнiць прыцiснуў вусны да ейнае рукi, i селi на каменнай лаўцы пад дзiкiм вiнаградам, прытулiўшыся да сябе моўчкi ды прыглядаючыся зорам, бляск якiх iставетна адбiваўся ў iхнiх вачах. Чар спакойнага вечару авалодваў iмi.

- Што за цiшыня, якi свет чароўны! - адазваўся нiзкiм голасам Вiнiць.- Iдзе пагодная ноч. Нiколi ў жыццi не чуўся я так шчаслiвы. Скажы мне, Лiгiя, што гэта значыць? Мне нiколi не думалася, каб каханне было такiм. Мне здавалася, што гэта толькi агонь у крывi ды жада, а цяпер вось бачу, што можна кахаць кожнай кропляй крывi i адначасна адчуваць такi салодкi супакой, як бы душу закалыхаў ужо сон або смерць. Гэта навiна для мяне. Гляджу на гэную непарушнасць раслiн i здаецца мне, што яна ёсць і ўва мне. Вось цяпер я зразумеў, што можа быць шчасце, аб якiм людзi да гэтых пор не ведалi. Цяпер толькi я здольны ўцеяць, чаму i ты, i Пампонiя Грэцына такiя заўсёды пагодныя... Так!.. Гэта дар Хрыстовы...

А яна ў той хвiлiне прыгалубiла сваю стройную галованьку на ягоным плячы i кажа:

- Мой Марк дарагi...

I не магла далей слова вымавiць. Радасць, удзячнасць ды пачуццё нявiннасцi кахання адабралi голас, а напоўнiлi вочы слязьмi расчулення. Вiнiць, абняўшы ейны зграбны стан, тулiў яе да сябе, пасля кажа:

- Лiгiя! Багаславем хвiлiну, у якой я першы раз пачуў Ягонае iмя.

Яна цiха адказала:

- Кахаю цябе, Марку.

Ды зноў замоўклi, не могучы выдабыць слоў з перапоўненых грудзей. На цыпрысах згаслi апошнiя касулi лiловых водблiскаў, садок пачаў серабрыцца ад месячнага сярпа.

Цераз хвiлiну Вiнiць пачаў гаварыць:

- Я ведаю... Ледзь толькi я сюды прыйшоў, ледзь паспеў прывiтацца, на вачах тваiх ужо йграла пытанне: цi зразумеў тую боскую навуку, якую ты вызнаеш, i цi ўжо ахрышчаны? Не. Яшчэ не ахрышчаны, а цi ведаеш, кветанька, чаму? Павал мне сказаў: «Я пераканаў цябе, што Бог прыйшоў на свет i даўся ўкрыжаваць на збаўленне свету, а ў крынiцы ласкi хай абмые цябе Пётр, якi першы цябе багаславiў». Дый я таксама хацеў, каб ты, мiлая, глядзела на мой хрост, i каб маткаю мне была Пампонiя. Дык дзеля таго я дагэтуль яшчэ не хрышчаны, хоць веру ў Збаўцу i Ягоную салодкую навуку. Павал мяне пераканаў i навярнуў, ды цi ж iнакш магло быць? Як жа я мог бы не верыць, што Хрыстус прыйшоў на свет, калi Пётр так навучае, якi быў вучнем Ягоным, i Павал, якому аб'явiўся? Як жа мог бы не верыць, што быў Богам, калi ўваскрос? Бачылi ж яго i ў горадзе, i над возерам, i бачылi людзi праўдамоўныя. Я верыў гэтаму ад тае пары, як пабываў у Острыянуме, бо я i тады сказаў сабе: на цэлым свеце хутчэй схлусiць кожны iншы чалавек, толькi не той, якi кажа: «Бачыў!» Але вашае навукi я баяўся. Бо здавалася мне, што яна адбiрае мне цябе. Я думаў: няма ў ёй анi мудрасцi, анi гожасцi, анi шчасця. Сяння, аднак, калi пазнаў яе, што ж бы з мяне быў за чалавек, калi б не жадаў, каб над светам панавала праўда, любоў, дабро, вернасць, лiтасць замест махлярства, нянавiсцi, злачынства, здрады, помсты? Хто ж бы гэтага не хацеў? Адыж гэтага вучыць вашая навука. Iншыя навукi быццам таксама дамагаюцца справядлiвасцi, але гэтая адна толькi робiць сэрца людское справядлiвым. Ды апрача таго - чыстым i верным, як тваё i Пампонii. Сляпым быў бы, каб гэтага не бачыў. а калi пры тым ХрыстусБог абяцаў жыццё вечнае й шчасце бязмернае такое, якое толькi Божая ўсёмагутнасць даць можа, дык чаго ж больш хацець? Калi б я спытаў Сэнэкi: нашто заляцае цноту, калi грэх дае больш задавальнення? - не ўмеў бы мне напэўна нiчога талковага адказаць. А я цяпер ведаю, нашто трэ быць сумленным,- на тое, што дабро i мiласць плыве з Хрыста, ды на тое, каб, як смерць замкне нам вочы, знайсцi жыццё, знайсцi шчасце, знайсцi сябе самога ды цябе, найдаражэйшая... Як жа не палюбiць ды не прыняць навукi, якая адначасна i праўду кажа i смерць перамагае? Хто б не цанiў больш дабра, чым зла? Я думаў, што гэтая навука адбiрае шчасце, а тым часам Павал пераканаў мяне, што не толькi нiчога не адбiрае, але яшчэ дадае. Ледзь у галаве ў мяне ўсё гэта тоўпiцца, але чую, што так ёсць, бо нiколi я не быў такiм шчаслiвым дый не мог быць, хоць бы забраў цябе тагды сiламоц i трымаў дома. Ты ось нядаўна гаварыла: «Кахаю цябе», гэных слоў я не выдабыў бы з цябе ўсёю магутнасцю Рыму. О, Лiгiя! Розум сведчыць, што навука гэта ёсць Боская i найлепшая, сэрца адчувае гэта, а такiм дзвём сiлам нiхто не здолее супрацiвiцца.

Лiгiя слухала, уставiўшы ў яго свае блакiтныя вочы, падобныя пры месячным бляску да мiстычных кветак, ды так араселыя, бы кветкi.

- Так, Маранька! Праўда! - пацвердзiла, прытуляючы мацней голаў да ягонага пляча.

I ў гэнай хвiлiне чулiся абое надта шчаслiвымi, бо разумелi, што апрача кахання лучыць iх яшчэ нейкая iншая сiла, салодкая i непераможная адначасна, праз якую само каханне становiцца чымсь непрамiнальным, непадлеглым змене, расчараванню, здрадзе, а нат смерцi. Сэрцы iхныя зверыла моцная пэўнасць, што насуперак негадзi яны не перастануць кахацца i належаць да сябе. Гэта давала iм нявыказаны супакой. Вiнiць уяўляў пры тым, што гэтае каханне не толькi чыстае i глыбокае, але i цалкам новае, якога свет дагэтуль не ведаў i даць не мог. Тварыла яго ў сэрцы юнака ўсё: i Лiгiя, i навука Хрыстова, i пасвята месяца, цiха дрэмлючая на цыпрысах, i пагодная ноч, так што ўсётвор увесь быццам iм быў перапоўнены. Па хвiлiне зноў пачаў гаварыць прыцiшным дрыжачым голасам:

- Ты будзеш душою мае душы i будзеш мне найдаражэйшаю ў свеце.

Згодна бiцiмуць нашыя сэрцы, адна будзе малiтва й адна ўдзячнасць Хрысту. О, мая дарагая! Разам жыць, разам салодкага Бога хвалiць i чакаць па смерцi новага шчаснага святла, што ж лепшае можна ўявiць! Дзiўлюся з сябе, як гэта я раней гэтага не разумеў! I ведаеш, што мне цяпер здаецца? Гэтая навука паканае ўсiх. За дзвесце-трыста гадоў прыйме яе ўвесь свет: людзi забудуць пра Ёвiша, i не будзе iншых багоў акрамя Хрыста ды iншых святынь акрамя хрысцiянскiх. Хто ж бы не спагадаў сабе шчасця? Ах! Чуў я гутарку Паўла з Пятронiем, i цi ведаеш, што ў канцы Пятронi сказаў? «Гэта не для мяне», але нiчога больш адказаць не ўмеў.

- Скажы, што Павал яму гаварыў? - просiць Лiгiя.

- Было гэта вечарам, у мяне. Пятронi пачаў, як звычайна, жартаўлiвую гутарку, а Павал кажа яму: «Як можаш, мудры Пятронi, пярэчыць iснаванню i ўваскрэшанню Хрыста, калi не было тады яшчэ цябе на свеце, а Пётр i Ян бачылi Яго, дый я бачыў, едучы да Дамаску? Дык перш хай твая мудрасць выкажа, што мы лгуны, тады можаш запярэчыць нашаму свядоцтву». Пятронi адказвае: «Пярэчыць я не думаю, бо ведаю, што дзеецца шмат рэчаў таёмных, якiя сцвярджаюць людзi, веры годныя, але што iншае - адкрыццё новага чужаземнага Бога, а што iншае- прыняцце Ягонай навукi. Не хачу ведаць нiчога, што б магло мне папсаваць жыццё, збурыць гожасць ягоную. Гэта малаважна, цi нашы багi праўдзiвыя, важна тое, што ўсё ж такi яны прыгожыя, весела нам пры iх i бестурботна». Тады Павал талкуе так: «Адкiдаеш навуку справядлiвасцi й мiласэрнасцi, баючыся жыццёвых турботаў, а падумай, Пятронi, цi жыццё вашае iставетна ёсць бестурботнае? I ты, i нiхто спамiж найбагацейшых ды найважнейшых не ведае, кладучыся вечарам, цi не прачнецца ўзаўтра з прысудам смерцi. А скажы: калi б цэзар вызнаваў гэтую навуку, якая дамагаецца мiласцi й справядлiвасцi, цi ж тваё шчасце не было б больш пэўным? Табе шкада ўцехаў, а цi ж не было б тады жыццё весялейшым? Даражыце гожасцю жыцця i хараством, вось жа, калi набудавалi вы столькi прыгожых святынь i статуяў на гонар бостваў злых, мсцiвых, распусных i хвальшывых, дык чаму ж бы не даканалi гэтага ў гонар адзiнага Бога мiласцi i праўды? Хвалiшся сваёю добраю доляй, вяльможнасцю, раскошамi, але ж ты мог бы таксама быць i бедным, бяздольным, памiма высокага паходжання, а тады лепей бы табе сапраўды было на свеце, калi б людзi вызнавалi Хрыста. У вашым горадзе нават жа i пачэсныя родзiчы, не хочучы турбавацца гадаваннем дзяцей, часта выкiдаюць iх з дому, дзе iх падбiраюць чужыя сем'i, называючы iх «гадаванцамi». Мог жа й ты апынуцца такiм вось гадаванцам! Ды гэтага проста не магло б здарыцца з табою толькi тады, калi б твае родзiчы жылi паводле нашай навукi. А калi б ты, дачакаўшыся мужнага веку, ажанiўся з каханаю жанчынай, напэўна хацеў бы, каб яна была табе вернай да смерцi. А тым часам глянь, што ў вас робiцца, колькi сораму, колькi ганьбы, колькi матацтва жанiмскаю вернасцю! Адыж вы ўжо самi дзiвiцёся, калi знойдзецца ў вас жанчына, так званая «унiвiра». А я табе кажу, што тыя, якiя Хрыста ў сэрцы насiцiмуць, не зломяць вернасцi мужом, так як i мужы дахаваюць яе жонам. Вы ж не верыце нi вашым валадаром, нi вашым бацьком, нi жонам, нi дзецям, нi слугам. Перад вамi дрыжыць увесь свет, а вы дрыжыце перад уласнымi нявольнiкамi, якiя ў кожнай хвiлiне могуць вайною абурыцца на вашае гныбiцельства, як не раз ужо бывала. Багаты ты - расстанешся з багаццем, малады - узаўтра загадаюць памiраць. Ты кахаеш, а тут тоiцца супраць цябе здрада; раскашуешся вiлламi i статуямi - узаўтра можаш быць выгнаным на пустыню Пандатарыi; маеш тысячы слугаў, а тыя слугi ўзаўтра могуць з цябе кроў выпусцiць. А калi так дзеецца, дык як жа можаце быць спакойнымi, шчаслiвымi i радасна жыць? А вось я агалошваю навуку, якая наказвае валадаром любiць падданых, гаспадаром - нявольнiкаў, нявольнiкам - служыць з мiласцi, рабiць справядлiвасць i мiласэрнасць, а за гэта абяцана iм шчаслiвасць безбярэжная, моў бясконцае мора. Дык як жа можаш, Пятронi, казаць, што навука гэтая псуе жыццё, калi яна яго наладжвае, калi i сам ты быў бы ў сто разоў шчаслiвейшым i спакайнейшым, каб яна агарнула свет, як агарнула яго вашае рымскае ўладства».

Так, Лiгiя, гаварыў Павал, а Пятронi на гэта: «Гэта не для мяне»,- i, прыкiдваючыся сонным, выйшаў, на адходным толькi дакiнуў: «Для мяне лепш мая Эўнiка, чым твая навука, юдэйчык, але не хацеў бы з табою вайны весцi на словах». Затое я слухаў слоў Паўлавых усёй душою, а як гаварыў пра нашых жанчын, цэлым сэрцам захапляўся тою навукаю, з якое ты вырасла, бы лiлейка з вогкае раллi. I пералiчаў у думках: Папея кiнула двух мужоў дзеля Нэрона, Кальвiя Крыспiнiла, Нiгiдыя ды амаль усе, якiх ведаю, акрамя аднае Пампонii, матачылi, гандлявалi верай i жанiмскай прысягай, i адна толькi ты, толькi мая, не адступiць, не звядзе, не прыгасiць вогнiшча, хоць бы мяне звяло i адступiла ад мяне ўсё, чаму давяраў. I пытаў сябе ў душы: чым жа адудзячуся табе, калi не мiласцю ды пашанай? Ты не чула, як я тамака ў Анцыюме гутарыў бесперастанку з табою, моў з прысутнаю. У сто разоў больш люблю цябе за тое, што ўцекла тады ад мяне з дому цэзара. Не хачу ягоных раскошаў i музыкi, хачу цябе толькi аднае. Даволi будзе аднаго твайго слова, а выедзем адгэтуль далёка.

А яна, не аднiмаючы галавы ад ягонага пляча, падняла вочы як бы ў задуменнi на срэбныя верхавiны цыпрысавыя i адказала:

- Добра, Марк. Ты пiсаў мне пра Сiцылiю, дзе i Аўлы маняцца асесцi на старасць...

Вiнiць з радасцi не даў дакончыць:

- Так, любка мая! Нашыя гаспадаркi ляжаць па-суседску. Чароўны гэта бераг, дзе клiмат, як мёд, а ночы яшчэ яснейшыя, чым рымскiя, упаяючыя...

Там жыццё й шчасце - гэта амаль тое самае.

Ды пачаў лятуцець пра будучыню:

- Там можна забыцца пра турботы. Шпацыравацiмем у гаi, у алiўнiках, у цяньку. О Лiгiйка! Што за раскоша кахацца, галубiцца, разам любавацца морам i небам, разам аддаваць шанаванне мiламу Богу, дабро тварыць навакол i справядлiвасць!

Змоўклi абое, загледжаныя ў будучыню; ён тулiў толькi яе штораз мацней да сябе, а на руцэ ягонай мiгацеў ад месяца залаты рыцарскi пярсцёнак.

У работнiцкай убогай частцы гораду ўсе ўжо спалi, панавала цiшыня.

- Ты дазволiш мне спатыкацца з Пампонiяй? - спытала Лiгiя.

- А няўжо ж. Адведвацiмем iх, запрашацiмем да нас. Хочаш, дык забярэм да сябе Апостала Пятра? Ён прыгноблены векам i працаю. Павал нас адведвацiме, наверне Аўла Плаўцыя, i як ваякi закладаюць калонii ў далёкiх краёх, так мы заложым хрысцiянскую калонiю.

Лiгiя ўзяла руку Вiнiцiя i хацела далiкатна пацалаваць, але ён, шэпчучы, як бы баючыся спалохаць шчасце, баранiўся:

- Не, Лiгiя! Не! Я цябе павiнен цалаваць i вяльбiць, дай ты мне руку.

- Кахаю цябе.

Ён прыцiснуў вусны да ейных белых, як язмiн, рук, i праз хвiлiну чулi толькi бiццё сваiх сэрцаў. У паветры нi шораху, цыпрысы, моў мёртвыя, казаў бы й яны затрымалi дыханне ў грудзях...

Нараз неспадзяваныя раскаты грому разарвалi паветра. Лiгiя жахнулася,

Вiнiць выпраставаўся i супакойвае:

- Гэта львы ў вiварыях рыкаюць...

I пачалi абое наслухоўваць. За першым раскатам паўтарыўся другi, трэйцi, дзесяты, з усiх бакоў i кварталаў. У горадзе часамi бывала да тысячы львоў пры розных арэнах, i не раз, упiраючыся мызамi ў клетку, такiм спосабам агалошвалi сваю тугу да вольнасцi й пустынi. Так тужылi й цяпер, пераклiкаючыся рыкам на цэлы горад. Нейкая злавесная й панурая пагроза тоiлася ў гэтым, i Лiгiя, ад якое прагнаў ясную й спакойную вiзыю будучынi, слухала гэты рык з дзiўным жахам i сумам.

Але Вiнiць абняў яе моцнаю рукою i пацяшае:

- Не бойся. Iгрышчы блiзка, дык усе вiварыi перапоўнены.

I пайшлi абое ў дамок Лiна пад марш штораз магутнейшых рыкаў львоў.

XL

У Анцыюме тым часам Пятронi штодня трыумфаваў над усiмi аўгустыянамi, якiя ўвiхалiся за ласкамi цэзара. Уплыў Тыгэлiна змалеў зусiм. У Рыме, дзе трэ было спратваць людзей, якiя выдавалiся небяспечнымi, абдзiраць iх маёмасць, рабiць палiтыку, ладзiць вiдовiшчы, задзiўляючыя пышнатою ды благiм густам, а ўрэшце заспакойваць дзiкiя прымхi цэзара - Тыгэлiн, спрытны i адчайны, быў безумоўна патрэбен. Але ў Анцыюме, сярод палацаў, красуючыхся ў ажурах мора, цэзар жыў жыццём Гэллады. Ад самага рання да вечара чыталi вершы, дыскутавалi аб iхняй будове i стройнасцi, захаплялiся ўдалымi сказамi, цiкавiлiся музыкай, тэатрам, адным словам, усiм тым, што стварыў i чым упрыгожыў жыццё грэцкi генiй. У такiх абставiнах беспрыраўнальна больш, чым Тыгэлiн i аўгустыяне, адукаваны Пятронi- гумарыста, вымоўны, поўны субтэльнага адчуцця i густу- мусiў здабыць перавагу. Цэзар патрабаваў ягонага таварыства, цiкавiўся ягоным поглядам, раiўся падчас творства i прыязнiўся жывей, чым калi йнакш. Асяроддзю выдавалася, што ўплыў ягоны асягнуў канчатковую перамогу, што прыязнь мiж iм i цэзарам будзе сталай, трывацiме многiя гады. Тыя нат, што калiсь недалюблiвалi элеганцкага эпiкурэйца, пачалi яго цяпер акружаць i дбаць пра ягоныя ласкi. Сёй-той быў нат шчыра задаволены ў душы, што верхаводзiць чалавек, якi сапраўды ведаў, хто чаго варты, i падхлебнiцтва ўчарашнiх ворагаў прыймаў з усмехам скептычным, але цi то праз лянiвасць, цi праз вытворнасць не мсцiўся i магутнасцi свае не выкарыстоўваў на чужую згубу цi шкоду. Бывалi моманты, калi згубiць мог i Тыгэлiна, але ён волiў яго высмейваць як невука й грубiяна. Рымскi сенат адпачываў, бо ўжо ад паўтара месяца не было нiводнага прысуду смерцi. I ў Анцыюме, i ў Рыме расказвалi, праўда, дзiвосы пра распусныя выдумкi цэзара i ягонага фаварыта, але кожны волiў мець над сабою цэзара вымудраванага, чым абыдлячанага ў руках Тыгэлiна. А Тыгэлiн з галавы сходзiў i хiслiва сумняваўся, цi не зрачыся зусiм уплываў, бо цэзар не раз адзываўся, што ў цэлым Рыме i мiж усiмi прыдворнымi ёсць толькi дзве душы, якiя разумеюцца, ды двух сапраўдных гэленцаў: ён i Пятронi.

Подзiву годная Пятронiева спрытнасць зацвердзiла ўва ўсiх перакананне, што ягоны ўплыў перажыве ўсе iншыя. Не ўяўлялi сабе, як цэзар без яго мог бы абыйсцiся, з кiм бы мог гутарыць аб паэзii, музыцы, цыркавых рэкордах i ў чыiх вачах шукаў бы апрабаты для сваiх твораў. А Пятронi з свомаю сабе раўнавагай не надаваў, здавалася, нiякае ўвагi свайму становiшчу. Быў, як заўсёды, павольны, лянiвы, дасцiпны i скептычны. Часта выклiкаў у людзей уражанне чалавека, якi кпiць з iх, сябе, з цэзара i з усяго свету. Часам не шчадзiў прыганы ў вочы й самому цэзару, i калi iншыя ўважалi смеласць ягоную задалёкай або проста згубнай, ён так нечакана ўмеў яе выкруцiць, што абярталася на ягоную карысць, будзячы ўва ўсiх подзiў i перакананне, што няма такое сiтуацыi, з якое Пятронi не мог бы выкруцiцца з трыумфам. Раз больш-менш у тыдзень па прыездзе Вiнiцiя з Рыму цэзар чытаў у вузкiм коле ўступ з сваёй «Троiкi», а як кончыў ды прагрымелi воклiчы захаплення, Пятронi ў адказ на пытальны позiрк цэзара адазваўся:

- Дрэнь! Аж просiцца ў агонь!

Сэрцы прысутных замерлi ад жаху, бо Нэрон ад дзяцiнства не чуў нiколi такога асуду; толькi твар Тыгэлiна заiскрыўся радасцю. Вiнiць збялеў, бо думаў, што Пятронi, якi нiколi не быў п'яны, цяпер, як на бяду, упiўся.

А Нэрон мядовым трэмолавым галаском, у якiм звiнеў плач зраненае самагоднасцi, пытае:

- Што ж ты тут знайшоў нядобрага?

Пятронi насеў на яго:

- Не вер iм,- адазваўся, паказваючы рукою на прысутных,- яны нiчым не знаюцца. Пытаешся, што нядобрае ў тваiх вершах? Калi хочаш праўды, дык скажу табе: добрыя яны для Вiргiлiя, добрыя для Авiдыя, добрыя нат для Гомэра, але не для цябе. Табе не можна такiх пiсаць. Той пажар, якi апiсваеш, заслаба гарыць, твой агонь заслаба палiць. Не слухай падхлебнiцтва Люкана. Яму за такiя самыя вершы прызнаў бы я генiя, але не табе. А ведаеш чаму? Бо ты вялiкшы за iх. Каму багi далi столькi, колькi табе, ад таго можна больш вымагаць. Але ты лянуешся. Жадаеш прыдрамаць пасля прандыюма замест прыседзець над работай. Ты ж можаш стварыць твор, аб якiм свет да сяння не чуў, i дзеля таго кажу табе ў вочы: напiшы лепшы!

I гаварыў гэта тонам нядбальным, як бы кпiў, а разам i дакараў, але вочы цэзара займглiлiся раскошай, ён сказаў:

- Багi далi мне крыху таленту, але далi й нешта больш: сапраўднага знаўцу i прыяцеля, якi адзiн умее праўду гаварыць у вочы.

Сказаўшы гэта, выцягнуў сваю пукатую, пакрытую iржавым валоссем руку да залатога кандэлябра, зрэквiраванага ў Дэльфах, каб спалiць вершы.

Але Пятронi выхапiў iх.

- Не, не!- кажа.- Нат i няўдалыя належацiмуць да людства. Пакiнь iх мне.

- Ну дык дазволь адаслаць iх табе ў пушцы майго помыслу,- адказаў, сцiскаючы яго, Нэрон. А па хвiлiне гаварыў далей: - Так, маеш рацыю, мой пажар Троi мала гарыць, слаба пячэ. Я думаў, што як дараўняюся да Гомэра, дык i годзе. Нясмеласць i недацэньванне сябе заўсёды мне перашкаджалi.

Ты мне адкрыў вочы. Але ведаеш, чаму так ёсць, як ты кажаш? Рэзьбяр, творачы статую, шукае сабе мадэлю, а я ж не меў мадэлю. Я нiколi не бачыў гораду ў вагнi, дзеля таго мой опiс бляды, бяспраўдны.

- Згадзiся з тым, што трэ, аднак, быць вялiкiм мастаком, каб гэта разумець.

Нэрон задумаўся i цераз часiну пытае:

- Адкажы мне, Пятронi, на адно пытанне: цi ты шкадуеш згарэўшае Троi?

- Цi шкадую?.. На кульгуна-мужа Венеры! Хто б таго шкадаваў! I скажу табе чаму: Троя не згарэла б, калi б Праметэй не абдарыў людзей агнём i калi б грэкi не аб'явiлi Прыяму вайны; бо каб не было агню, Эсхiлос не напiсаў бы свайго «Праметэя», роўна як без вайны Гомэр не напiсаў бы «Iлiяды», а мне больш даспадобы, каб iснавалi «Iлiяда» i «Праметэй» замест мясцiны праўдападобна сцiпленькай i бруднай, у якой цяпер сядзеў бы нейкi сасланы пракуратар i нудзiў бы цябе сварнёю з арэопагам.

- Вось што значыць разумна гаварыць! - адазваўся цэзар.- Для паэзii й мастацтва можна й трэба ўсё прысвяцiць. Шчаслiвыя ахайяне, што прыдбалi Гомэру змест для «Iлiяды», i шчаслiвы Прыям, якi аглядаў гiбель айчыны! А я? Я не аглядаў гораду ў полымi.

Настала хвiлiна маўчання, перарваў яе ўрэшце Тыгэлiн:

- Я ж табе казаў, цэзар, выдай загад, а спалю Анцыюм. Або ведаеш што? Калi табе шкада гэтых вiллаў i палацаў, загадаю спалiць караблi ў Остыi або збудую табе на Альбанскiм прыгор'i драўляны горад, у якi сам пусцiш полымя. Хочаш? Нэрон пранiзаў яго вокам пагарды.

- Я глядзецiму на драўляныя буды ў агнi? У цябе, Тыгэлiн, зусiм выветрыўся глузд! Бачу пры гэтым, не надта цэнiш мой талент i маю «Троiку», калi думаеш, што нейкая iншая ахвяра была б для яе завялiкая. Тыгэлiн астаўпеў, а Нэрон па хвiлiне, як бы хочучы змянiць гутарку, дадаў:

- Лета iдзе... О, як той Рым патанае цяпер у смуродзе!.. А ўсё ж такi на летнiя iгрышчы трэ будзе туды ехаць.

На гэта Тыгэлiн:

- Як адправiш аўгустыянаў, цэзар, дазволь мне на хвiлiну застацца.

Цераз гадзiну пазней Вiнiць, вяртаючыся з Пятронiем з цэзаравай вiллы, гаварыў:

- Меў я праз цябе немалы страх. Думаў, што ты п'яны i загубiў сябе без ратунку. Памятай, гуляеш са смерцю!

- Гэта мая арэна,- адказаў абыякава Пятронi.- Захапляе мяне пачуццё, што я найлепшы на гэтай арэне гладыятар. А бач, як скончылася? Мой уплыў сяння яшчэ падрос. Прышле мне сваю паэзiю ў куфэрку, якi - пойдзем у заклад - будзе надта багатым i ў дрэнным гусце. Будзе ў чым майму лекару хаваць лекi на прачышчанне. Зрабiў я гэта яшчэ й для таго, каб справакаваць заахвочанага ўдаласцю Тыгэлiна, якi захоча наследаваць мяне, i ўяўляю бокi рваць сабе, што станецца, як рушыць досцiпам. От будзем, бы той Дэмакрыт, абсэрвуючы ходзячага па лiнii пiрэнейскага мядзведзя. Каб я хацеў, патрапiў бы сплавiць Тыгэлiна i стацца замест яго прэфектам прэторыянаў. Тады б меў на цугундары i самога Агенабарба. Волю з бядою такое жыццё, якiм жыву, i нат з вершамi цэзара.

- Што за лоўкасць: з наганы зрабiць падхалiмства! Але цi сапраўды вершы тыя такiя дрэнныя? Я прафан у гэтых рэчах.

- Не горшыя ад iншых. Люкан у адным пальцы мае больш таленту, але i ў Рудабародым нешта ёсць. Перад усiм ёсць непамерная ахвота да паэзii й музыкi. За два днi будзем зноў у яго i слухацiмем музыкi да гiмну на гонар Афрадыты, якi сяння або заўтра скончыць. I будзем зноў у вузкiм коле, яшчэ меншым: толькi я, ты, Тулiй Сэнэцый i малады Нэрва. Тое, што я казаў табе калiсь аб вершах - быццам ужываю iх пасля банкету, як Вiтэлiй ужывае перыны фламiнга - гэта няпраўда!.. Бываюць часамi вымоўныя i ў яго. Словы Гэкубы, напрыклад, расчуляючыя... Скардзiцца яна на пакуты пароду, i Нэрон умеў знайсцi шчаслiвыя сказы, можа таму, што таксама родзiць у пакутах кожны верш... Часамi шкада мне яго. На Палукса! Што за дзiвосная мешанiна! Калiгуле недахоп было пятае клёпкi, але не быў, аднак, дзiватворам.

- Хто прадбачыць, дакуль можа зайсцi шалёнасць Агенабарба? - спытаў Вiнiць.

- Нiхто. Могуць здарыцца йшчэ такiя рэчы, ад якiх людзям праз цэлыя вякi ўставацiмуць валасы на галаве. Але гэта якраз i цiкавiць, ёсць забаўным, i хоць не раз нуджуся, бы Амонскi Ёвiш на пустынi, думаю, што пад iншым цэзарам нудзiўся б яшчэ горш. Твой юдэйчык Павал, прызнаю, ёсць вымоўны, i калi падобныя людзi агалошвацiмуць тую навуку, нашыя багi мусяцiмуць сцерагчыся не жартамi, каб не прыйшлося пасля эмiграваць на падстрэшанне. Праўда, што мы былi б беспячнейшыя, калi б цэзар стаўся хрысцiянiнам. Але твой прарок з Тарсу, шукаючы доказаў для мяне, не падумаў, што для мяне, бач, гэтая няпэўнасць якраз i становiць жыццёвую прывабу. Хто не спрабуе ў косцi, не прайграе маямосцi, а аднак людзi ў косцi йграюць. У гэтым тоiцца нейкая раскоша, самазабыццё. Я ведаў рыцарскiх сыноў ды сенатарскiх, якiя самахвотна запiсвалiся ў гладыятары. Я, кажаш, гуляў з жыццём; так, але рабiў гэта, бо мяне гэта дражнiць, забаўляе, а вашыя хрысцiянскiя цноты знудзiлi б мяне, як направы Сэнэкi, у адзiн дзень. Таму вымова Паўла пайшла з ветрам. Ён павiнен цямiць, што такiя людзi, як я, нiколi тае навукi не прыймуць. Ты дык штось iншае! З тваiм настроем можна або ненавiдзець iменi хрысцiянiна, або iм стацца. Я прызнаю iм праўду, пазяхаючы. Шалеем, ляцiм у пропасць, штось таёмнае нясе нам будучыня, штось пад намi трашчыць, штось канае вобак нас - згода! Але памерцi патрапiмо, а тым часам не хочацца нам зблытваць жыцця ды йсцi на службу смерцi перадчасна. Жыццё iснуе для сябе самога, не для смерцi.

- А мне цябе шкада, Пятронi.

- Не шкадуй мяне болей, чым я сам сябе. Даўней табе было мiж намi не дрэнна i, ваюючы ў Арменii, тужыў па Рыме.

- Тужу й цяпер.

- Так, бо кахаеш хрысцiянскую вясталку, што сядзiць на Затыбры. Анi дзiўлюся табе, анi ганю. Дзiўлюся больш таму, што мiма тае навукi, якую завеш морам шчасця, i мiма таго кахання, якое хутка мае быць увенчаным, пасумнасць не сходзiць з твайго аблiчча. Пампонiя Грэцына вечна сумная, ты ад таго часу, як стаўся хрысцiянiнам, страцiў смех. Не ўталкоўвай жа мне, што гэта навука жыццярадасная! З Рыму вярнуўся ты вось яшчэ сумнейшы. Калi хрысцiянскае каханне ёсць такiм - на яснакучаравага Бакха! - не пайду вашым следам!

- Гэта што iншае,- адказаў Вiнiць.- Я табе прысягаю не на кучаравага Бакха, але на душу майго родзiча, што нiколi за даўнейшых часаў я не дазнаваў нат прадсмаку такога шчасця, якiм дыхаю цяпер. Але тужу страшэнна, i што дзiўна, як прабываю далёка ад Лiгii, здаецца мне, што над ёю вiсiць небяспека. Не ведаю, адкуль бы магла прыйсцi, а прадчуваю яе так, як буру.

- За два днi падручаюся выстарацца табе дазвол выезду з Анцыюма на так доўга, дакуль сам хацецiмеш. Папея нейк паспакайнела, i, наколькi мне ведама, нiчога ад яе не пагражае.

- А i сяння пытала, што я рабiў у Рыме, хоць выезд мой быў сакрэтны.

- Быць можа, шпегавала цябе. Цяпер, аднак, i яна мусiцiме аглядацца на мяне.

Вiнiць прыпынiўся й кажа:

- Павал навучаў, што Бог часамi перасцерагае, але ў варажбу верыць не дазваляе, дык баранюся ад тае веры, i нельга абаранiцца. Раскажу табе, што здарылася, лягчэй мо будзе на сэрцы. Сядзелi мы з Лiгiяй у такую ноч, як сянняшняя, i ўкладалi сабе будучае жыццё. Не ўмею табе выказаць, як мы чулiся шчаслiвымi й спакойнымi. Нараз чуем рык львоў. Рэч гэта ў Рыме абыдная, а аднак ад тае пары не маю супакою. Здаецца мне, як бы ў гэным была злавесная пагроза... Ты ж ведаеш: на трывогу я не хуткi, але тады пачуваўся так, як бы трывога запоўнiла ўсю цемень ночы. Так гэта прыйшло раптоўна й неспадзявана, што i цяпер гучыць увушшу той рык, а сэрца шчымiць ад трывогi, як бы Лiгiя патрабавала мае абароны ад чагось страшэннага... хоць бы й ад тых самых львоў. Я пакутую. Дык выстарайся хутка дазвол, бо калi не, дык паеду без дазволу. Не магу тут сядзець, кажу табе, не магу!

Пятронi зрабiў сабе з гэтага смех.

- Ну, да таго яшчэ не дайшло,- кажа,- каб сыны консульскiх мужоў або iхнiя жоны былi аддаваны львом на корм. Можа спаткаць вас кожная iншая смерць, але не такая. Хто ведае, цi гэна былi львы, цi германскiя туры, што не горш ад iх рыкаюць. Я кплю з варажбы i празначэння. Учора ноч была цёплая, i бачыў я, зоры падалi, як дождж. Не аднаму зрабiлася б моташна ад такога явiшча, а я сабе падумаў: калi мiж iмi ёсць i мая, дык прынамсi мецiму таварыства!..

На момант замоўк, пасля кажа далей:

- Ну а калi ваш Хрыстус уваскрос, дык, можа, i вас абаiх усцеражэ ад смерцi.

- Можа,- адказаў Вiнiць, углядаючыся на зорнае неба.

XLI

Нэрон граў i пяяў гiмн на гонар Спадынi Цыпру ўласнага аўтарства. Быў таго дня пры голасе i адчуваў, што музыка ягоная сапраўды парывае прысутных, пачуццё гэтае дадавала сiлы голасу, якi выдабываў з сябе, i так расхвалявала ягоную душу, што выглядаў натхнёным. Аж пасля сам збялеў ад шчырага ўзрушання. I, на дзiва ўсiм, не хацеў слухаць пахвалы. Праз момант сядзеў з абапёртымi на цытры рукамi ды пахiленай галавою, пасля раптоўна ўстаў i кажа:

- Я змучаны, дайце паветра. Настройце тым часам цытры.

Гэта сказаўшы, абкруцiў горла шаўковаю хусцiнаю.

- А вы хадзеце са мною,- сказаў, звяртаючыся да Пятронiя i Вiнiцiя, што сядзелi ў кутку залi.- Ты, Вiнiць, падай мне рукi, бо не маю сiлы, а ты,

Пятронi, гавары мне пра музыку.

Выйшлi на выкладзены алебастрам i пасыпаны шафранам палацавы балкон. - Тут дыхаецца свабадней,- адазваўся Нэрон,- расчуленай i сумнай душы маёй. Хоць бачу, што з гэтым творам, на пробу вам запяяным, магу выступiць публiчна i што гэта будзе трыумф, якога нiколi шчэ не меў нiводзiн рымлянiн.

- Можаш выступiць тут, у Рыме i Ахайi. Падзiўляў я цябе цэлым сэрцам i душою, боскi! - адказаў Пятронi.

- Ведаю, на пахвалы ты занадта лянiвы. I шчыры ты, як Тулiй Сэнэцыё, але больш знаешся, чым ён. Скажы, што ты думаеш пра музыку?

- Як слухаю паэзii, як гляджу на квадрыгу, кiраваную табою ў цырку, на стройную статую, прыгожую святыню або малюнак, як агортваю суздрам усё, што бачу, адчуваю, як у маiм захапленнi змяшчаецца ўсё, што гэтыя рэчы могуць даць. А вось як слухаю музыкi, злашча тваёй, адкрываецца перада мною штораз новая краса i раскоша. Бягу за iмi, лаўлю iх, але не паспею iх успрыняць у сябе, як наплываюць новыя, бы марскiя, хвалi, плывучыя з бязмежжа. Дык вось кажу табе, што музыка ёсць як мора. Стаiмо на адным беразе i бачым далячынь, а другога берага дагледзець нельга.

- Ах, якi з цябе глыбокi знаўца! - дзiвiцца Нэрон.

Хвiлiну шпацыраваў моўчкi, толькi шафран цiха шуршэў пад нагамi.

- Ты выказаў мае думкi,- адазваўся ўрэшце Нэрон,- i дзеля таго кажу заўсёды, што ў цэлым Рыме ты адзiн толькi патрапiў мяне зразумець. Так. Тое самае i я думаю пра музыку. Як граю цi пяю, бачу такiя рэчы, аб якiх не ведаў, што iснавалi ў маёй дзяржаве або на свеце. Вось я - цэзар, свет мой, усё магу. Аднак жа музыка адкрывае мне новыя краiны, новыя горы й моры ды новыя раскошы, якiх не ведаў дагэтуль. Часам не ўмею нi назваць iх, нi зразумець, адчуваю толькi iх. Адчуваю багоў, бачу Алiмп. Нейкi засветны павеў ахiнае мяне; ледзь дабачваю, бы ў мгле, нейкую бязмерную велiч, а супакойную ды так ясную, як узыход сонца... Уся сфэра наўкол мяне гучыць музыкай, i павiнен табе сказаць,- тут голас Нэрона захваляваў сапраўдным здзiўленнем,- я, цэзар i бог, чуюся тады малым, як пылiнка. Дасi веры?

- Так. Толькi вялiкiя артысты могуць пачувацца ў аблiччы мастацтва малымi...

- Сяння ноч шчырасцi, дык адкрыю перад табою душу, як перад прыяцелем, i скажу табе болей... Няўжо думаеш, я сляпы цi не маю глузду? Думаеш, я не ведаю, што ў Рыме выпiсваюць на сценах чарнату на мяне, што завуць мяне маткабойцам i жонабойцам... што ўважаюць мяне за дзiкуна i людаеда за тое, што Тыгэлiн дастаў ад мяне некалькi прысудаў смерцi на маiх ворагаў... Так, мiлы, завуць мяне людаедам, i я ведаю пра гэта... Удаўблi мне лютасць да таго, што сам часта сябе пытаю: няўжо ж я такi люты?.. Але яны таго не ўцеюць, што ўчынкi чалавека часамi могуць быць лютымi, а чалавек можа i не быць такiм. Эх, нiхто не паверыць, а можа, i ты, мой дарагi, не паверыш, як часамi, калi музыка хвалюе душу, я чуюся так добры, бы дзiцянё ў калысцы. Прысягаю табе на гэныя зоры, што iскрацца над намi, кажу шчырую праўду: людзi не ведаюць, колькi дабра тоiцца ў гэтым сэрцы i якiя сам я бачу ў iм скарбы, калi музыка адчынiць да iх дзверы.

Пятронi, якi не меў найменшага сумнiву аб тым, што Нэрон у данай хвiлiне гаварыў шчыра i што музыка iставетна можа выдабываць наверх розныя шляхотнейшыя схiльнасцi з ягонай душы, загачаныя гарамi эгаiзму, распусты й злачынства, кажа:

- Цябе трэ знаць так блiзка, як я. Рым нiколi не ўмеў цябе ацанiць. Цэзар абапёрся мацней на плячы Вiнiцiя, казаў бы ўвагнуўся пад цяжарам несправядлiвасцi, i адказаў:

- Тыгэлiн далажыў мне, што ў сенаце шэпчуць сабе на вуха, быццам Дыядор i Тэрпнас лепей за мяне йграюць на цытрах. Не хочуць прызнаць мне нат i гэтага! Але ты, якi заўсёды гаворыш праўду, скажы мне шчыра: цi яны лепш за мяне йграюць, цi так сама, як я?

- Ты маеш салодшы дотык, а i больш сiлы. У табе пазнаецца артыста, а ў iх - рамеснiцтва! Так! Паслухаўшы iхняе музыкi, лепш можна скемiць, кiм ёсць ты.

- Калi так, дык хай сабе жывуць. Не здагадаюцца нiколi, якою ты iх у гэнай хвiлiне абдарыў паслугай. Хоць яно ўсё роўна: калi б iх пазбыўся, дык на месца iх трэ было б узяць iншых.

- Дый людзi ў дадатку гаварылi б, што з упадобы да музыкi - музыку нiшчыш. Не глумi нiколi музыкi для музыкi, боскi.

- Якi ж ты iншы ад Тыгэлiна! - дзiвiўся цэзар.- Але бачыш, я на ўсё мастак, i калi музыка адкрывае прада мною прасторы, якiх iснавання не дадумоўваўся, адкрывае краiны, якiмi не валадаю, раскошу й шчасце, якiх не перажываў, дык я не магу жыць жыццём абыдным. Яна мне гаворыць, што iснуе надзвычайнасць, i вось шукаю яе ўсёю магутнасцю ўлады, якую багi аддалi ў мае рукi. Часам здаецца мне, што каб дацягнуць да тых алiмпiйскiх светаў, трэ выканаць нешта такое, чаго дагэтуль нiхто шчэ не даканаў, трэ перавышыць людское пагалоўе дабром або злом, ведаю, што людзi магчымуць назваць мяне атрапянелым. Але я не шалею, я шукаю! А калi шалею, дык з нуды i нецярплiвасцi, што знайсцi не магу. Я шукаю! Разумееш мяне? I дзеля таго жадаю быць вялiкшым за чалавека, бо такiм чынам магчыму быць найвялiкшым як мастак,тут сцiшыў голас так, каб не мог пачуць Вiнiць, i, прылажыўшы вусны да вуха Пятронiю, зачаў шаптаць: - Цi ведаеш, што я галоўна дзеля гэтага асудзiў мацi й жонку на смерць? Пад парогам нязнанага свету жадаў злажыць найвялiкшую ахвяру, якую толькi чалавек злажыць мог. Гадаў сабе, ануж па тым нешта станецца, ануж адчыняцца тыя дзверы, за якiмi ўбачу нязнанае. Хай бы сабе гэта было цуднейшае або страшнейшае за людское паняцце, абы было незвычайнае й вялiкае... Але тае ахвяры, вiдаць, было замала. Для адкрыцця эмпiрэйскiх брамаў трэ, мабыць, большае - i хай так станецца, як доля жадае.

- Што манiшся зрабiць?

- Пабачыш, пабачыш хутчэй, чым табе здаецца. А тым часам ведай, што ёсць двух Нэронаў: адзiн такi, якога ведаюць людзi, а другi - артысты, якога адзiн толькi ведаеш, i якi, калi забiвае, як смерць, цi шалее, як Бахус, дык менавiта таму, што яго давiць шэрасць i лiхоцце абыднага жыцця, i жадаў бы яго скаранiць хоць бы й агнём цi жалезам... Ох! Якi станецца нудны гэты свет, як мяне не стане!.. Нiхто не здагадваецца, нават ты, дарагi, якi з мяне мастак! Але якраз таму й сумую, кажу табе шчыра: душа ўва мне бывае часамi так сумнай i маркотнай, як тыя цыпрысы, што там чарнеюцца ўдалечынi. Цяжка чалавеку адначасна насiць найвышэйшую ўладу i найбольшы талент!..

- Спачуваю табе, цэзар, цэлым сэрцам, а са мною зямля i мора, не лiчачы Вiнiцiя, якi ў душы цябе абажае.

- I ён заўсёды быў мне мiлым,- сказаў Нэрон,- хоць служыць Марсу, не музам.

- Ён перад усiм служыць Афрадыце,- паправiў Пятронi.

I вырашыў за адным замахам заладзiць справу сястрынца ды аддалiць усе небяспекi, якiя маглi яму пагражаць.

- Ён закаханы, як Троiл у Крэсыдзе,- кажа.- Дазволь яму, домiне, паехаць у Рым, бо ссохне. Цi ведаеш, што тая лiгiйская закладнiца, якую ты падараваў яму, знайшлася, i Вiнiць, выязджаючы да Анцыюма, пакiнуў яе пад апекай нейкага Лiна? Не згадваў я табе пра гэта, бо ты ўкладаў свой гiмн, а гэта важнейшая рэч над усiм. Вiнiць манiўся з яе зрабiць сабе каханку, але, як аказалася цнатлiваю, бы Лукрэцыя, раскахаўся ў ейнай цноце i цяпер жадае звянчацца з ёю. Гэта каралеўская дачка, дык дызгонару не будзе, але ж ён - вось iсны ваяк - уздыхае, сохне, енчыць, аднак чакае на дазвол свайго iмператара.

- Iмператар не выбiрае жанок ваяком. Нашто яму той дазвол?

- Я ж казаў табе, домiне, ён цябе абажае.

- Дык тым больш можа быць пэўны майго дазволу. Гэта ўдалая дзяўчына, хоць завузкая ў клубох. Аўгуста Папея скардзiлася мне на яе, што ўракла нам дзiця ў Палатынскiм парку...

- Але я сказаў Тыгэлiну, што боствы не паддаюцца лiхiм прырокам. Памятаеш, боскi, як ён быў сумеўся, i як сам ты крычаў: «Habet!»

- Памятаю.

Тутка звярнуўся да Вiнiцiя:

- Кахаеш жа яе так, як кажа Пятронi?

- Кахаю, домiне! - адказаў Вiнiць.

- Дык выдаю загад зараз ехаць узаўтра ў Рым, звянчацца з ёю i не паказвацца мне на вочы без вянчальнага пярсцёнка.

- Дзякую табе, домiне, з сэрца i душы.

- О, як мiла ўшчаслiўляць людзей! - адазваўся цэзар.- Не жадаў бы нiчога iншага праз усё жыццё рабiць.

- Зрабi нам яшчэ адну ласку, боскi,- просiць Пятронi,- i асвець гэну волю сваю перад аўгустай: Вiнiць не асмелiўся б нiколi ажанiцца з асобай, якой не рада аўгуста, але ты, домiне, разгонiш адным словам ейныя ўпярэджаннi, аб'яўляючы, што сам так загадаў.

- Добра,- кажа цэзар.- Табе i Вiнiцiю не ўмеў бы нiчога адмовiць.

I завярнуўся да вiллы, а яны за iм, рады з перамогi. Вiнiць мусiў устрымоўвацца, каб не кiнуцца на шыю Пятронiю, бо цяпер усе перапоны й небяспекi быццам былi аддалены. У атрыюме вiллы малады Нэрва i Тулiй Сэнэцыё забаўлялi аўгусту гутаркай, Тэрпнас i Дыядор строiлi цытры. Нэрон, увайшоўшы, сеў на ўзорыстым крэсле i, шапнуўшы штось на вуха прыбочнаму грэцкаму хлапчаняцi, чакаў. Хлапчанё вомiг вярнулася з залатою скрынкаю. Нэрон адчынiў яе i, выняўшы нашыйнiк з буйных перлаў, гавора:

- Во каштоўнасцi, годныя сянняшняга вечара.

- Iграе на iх зарнiца,- адзываецца Папея, перакананая, што нашыйнiк ёй прызначаны.

Цэзар то падымаў, то спушчаў ружовыя каменнi, урэшце кажа:

- Вiнiць, падаруеш ад мяне гэны нашыйнiк маладой лiгiйскай каралеўне, з якою загадваю табе звянчацца.

Поўныя гневу i раптоўнага здзiўлення вочы Папеi пранiзвалi то цэзара, то Вiнiцiя, а ў канцы ўрэзалiся ў Пятронiя. А той, перагнуўшыся абыякава праз поручча крэсла, вадзiў рукою па грыфе гарфы, як бы жадаючы вывучыць ягоную форму. Прамеж таго Вiнiць, падзякаваўшы за падарунак, падыйшоў да Пятронiя i сказаў:

- Чым я табе адудзячуся за ўсё тое, што ты для мяне сяння зрабiў?

- Ахвяруй пару лебедзяў Эўтэрпе,- адказвае Пятронi,- хвалi песнi цэзара i смейся з прачуцця. Спадзяюся, што рык львоў ад гэтае пары не будзе муцiць сну анi табе, анi тваёй лiгiйскай лiлеi.

- Не,- запэўнiвае Вiнiць,- цяпер я зусiм спакойны.

- Хай жа Фартуна будзе вам ласкавай. Але цяпер зважай, бо цэзар бярэ зноў формiнгу. Устрымай дыханне, слухай i ранi слёзы.

I праўда, цэзар узяў формiнгу, падняў вочы ўгару. У залi замерла гутарка, прысутныя сядзелi без руху, як скамянелыя. Толькi Тэрпнас i Дыядор, цэзаравы акампанiятары, цiкавалi то на сябе, то на ягоныя вусны, чакаючы першых тонаў песнi.

Нараз у прадсеннi закiпела бегатня й гоман, цераз момант з-за парт'еры выскаквае цэзарскi вызвольнiк Фаон, а за iм тут жа консул Лекан.

Нэрон нахмурыў бровы.

- Выбачай, боскi iмператар! - адазваўся зазяханы Фаон.- Рым гарыць!

Большая частка гораду ў моры агню!..

На гэны даклад усе пазрывалiся на ногi. Нэрон паклаў формiнгу i ўголас:

- О, богi!.. Убачу пажар гораду i скончу «Троiку»!

I вомiг звяртаецца да консула:

- Цi, выехаўшы зараз, паспею яшчэ ўбачыць пажар?

- Уладару! - адказвае бляды, моў сцяна, консул.- Над горадам адно мора полымя, дым душыць людзей, млеюць, з роспачы кiдаюцца ў вагонь... Рым гiне! Хвiлiна мёртвай цiшынi, нечакана Вiнiць на ўвесь голас:

- Vae misero mihi!..

I малады юнак, скiнуўшы тогу, у самай тунiцы выбег з палацу.

А Нэрон падняў вочы да неба i дэкламуе:

- Гора табе, святы градзе Прыяма!..

ХLII

Вiнiць ледзь паспеў узяць з сабою некалькiх нявольнiкаў, ускочыў на каня i паiмчаўся глыбокаю ноччу праз пустыя вулiцы Анцыюма ў кiрунку Лаўрэнтума. Страхотная вестка выклiкала ў ягонай душы як бы стан шалу здзiчэння, былi моманты, калi не мог уцеяць, што з iм дзеецца, меў такое ўражанне, быццам на тым самым канi за плячыма ягонымi сядзiць лiха i крычыць яму ў вуха: «Рым гарыць!», сцёбае яго самога i каня ды гонiць iх у той агонь. Палажыўшы без накрыцця голаў на карку каня, iмчаўся навослеп у самай тунiцы, не гледзячы наперад i не зважаючы на перапоны, аб якiя мог рассадзiць голаў. Сярод цiшы, сярод спакойнай i чорнай начы коннiк i конь, аблiтыя месячным бляскам, рабiлi ўражанне соннае мары. Iдумейскi вогiр, стулiўшы вушы i выцягнуўшы шыю, ляцеў бы страла, мiнаючы непарушныя цыпрысы i белыя, паўтуляныя сярод iх, вiллы. Грукат капытоў аб каменныя плiты тут i там будзiў сабак, якiя браханнем праводзiлi спагудную з'яву, пасля, раздражненыя ейнаю нагласцю, пачалi выць, падносячы пашчу на месяц. Нявольнiкi, едучыя за Вiнiцiем, хутка пачалi адставаць ззаду, бо мелi горшыя конi. Ён сам, як бура, праiмчаўся праз спячы Лаўрэнтум, завярнуў да Ардэi, у якой так, як у Арыцыi, Бовiлi i Устрынуме, трымаў ад часу прыезду да Анцыюма расстаўленыя конi, каб магчы найпрыдчэй праязджаць прастору, аддаляючую яго ад Рыму. Памятаючы пра гэта, выдабываў з каня астанкi сiл. За Ардэяй паказалася яму, быццам на паўночна-ўсходнiм баку неба завалакло ружовым загаравам. Магла гэта быць заранiца, бо было ўжо позна, а дзень у лiпенi рабiўся заране. Але Вiнiць не мог паўстрымаць крыху роспачы i злосцi, бо выдавалася яму, што гэта загарава пажару. Прыпомнiлiся яму словы Леканiя: «Горад увесь у вагнi»,- i праз момант змагаўся з хваляй шалёнасцi, бо згубiў надзею на выратаванне Лiгii, а нат даехання ўпору. Ягоныя думкi выперадзiлi бег каня, iмчалiся перад iм бы статак чорнага птаства - роспачныя, страхотныя. Не ведаў, у якой частцы гораду пачаўся пажар, думаў аднак, што затыбранскi квартал, густа забудаваны, поўны складоў дрэва i драўляных будаў, дзе прадавалi нявольнiкаў, быў першай ахвярай агню. У Рыме пажары здаралiся даволi часта, падчас якiх здаралiся часта i гвалты, рабаўнiцтвы, злашча ў кварталах, заселеных паўбарбарскiм пралетарыятам, дык што магло дзеецца на такiм Затыбры, гняздзе галiты, паходзячай з усiх канцоў свету? Тут праз голаў Вiнiцiя прамiгнуў магут Урсус, але што ж мог зрабiць хоць бы не чалавек, а тытан з пякельнай сiлай агню? Пагроза бунту нявольнiкаў была таксама злыбядою, якая ад давён-даўных душыла цэлы Рым. Расказвалi, што сотнi тысяч тых людзей лятуцiць аб часах Спартакуса i чакае толькi нагоды, каб збройна выступiць супраць гныбiцеляў. I вось нагода падаспела! Магчыма таму, што ў горадзе разам з пажарам кiпiць разня i вайна. Можа, нат i прэторыяне па загаду цэзара кiнулiся на горад i мардуюць. Валасы сталi дыбам на галаве Вiнiцiю. Прыгадаў сабе ўсе гутаркi аб гарадскiх пажарах, якiя часта чуў пры двары цэзара, прыгадаў сабе ягоныя скаргi, што мусiць апiсваць толькi з фантазii пажар Троi, ягонае дакаранне Тыгэлiна, якi падручаўся падпалiць Анцыюм або адмысловы драўляны горад, урэшце, ягоныя нараканнi на Рым i смуродлiвую затху Субуры. Так! Гэта, няйначай, ён загадаў спалiць горад. Ён адзiн толькi мог адважыцца на гэта, так як адзiн Тыгэлiн мог падручыцца выканання падобнага загаду. А калi Рым гарыць па загаду цэзара, дык хто ж можа заручаць, што i жыхарства не будзе з падобнага загаду выгублена? Людаед быў здольны i да такога зверства. Дык - пажар, бунт нявольнiкаў i рэзь! Што за пекла! Што за нетра стыхiяў i людское закатнасцi! А ў гэтым усiм - Лiгiя! Енк Вiнiцiя злiваўся з храплiвым енкам каня, якi, рвучы пад гору да Арыцыi, гнаў ужо астанкамi сiл. Хто яе вырве з агню, хто выратуе? Вiнiць аж прылёг да каня, ушчамiўшы пальцы ў грыву, гатовы быў кусаць конскi карак. У пэўным моманце нейкi коннiк, што гнаўся з процiлеглага боку да Анцыюма, крыкнуў, мiнаючы яго: «Рым гiне!» - ды паiмчаўся далей. Да вушэй Вiнiцiевых даляцела толькi шчэ слова «багi», рэшту заглушыў тупат капытоў. Тое слова ацвярозiла яго. Багi!.. Вiнiць падняў голаў, выцягнуў рукi да зорнага неба i пачаў малiцца: «Не вас заклiкаю, якiх святынi валяцца, але Цябе!.. Ты сам цярпеў, Ты адзiн мiласэрны! Ты адзiн разумеў людскi боль! Ты прыйшоў на свет людзей навучаць лiтасцi, дык акажы ж яе цяпер! Калi Ты такi, якiм называюць Цябе Пётр i Павал, дык паратуй мне Лiгiю. Вазьмi яе на рукi i вынесi з полымя! Ты можаш гэта! Аддай мне яе, а я Табе аддам кроў. А калi не хочаш мне гэтага зрабiць, дык зрабi гэта для яе. Яна Цябе мiлуе i на Цябе спадзяецца. Абяцаеш жыццё i шчасце пасмяротнае, але шчасце пасмяротнае не ўцячэ, а яна памiраць яшчэ не хоча, дай жыццё ёй! Вынесi яе з Рыму на сваiх руках. Ты ж можаш, хiба не жадаеш!..»

Перапынiў, бо чуў, што далейшая малiтва магла змянiцца ў пагрозу, а баяўся абразiць Боства тады, калi ласка i лiтасць Ягоная найбольш была патрэбнай. Спалохаўся такое думкi i, каб не дапусцiць да галавы анi ценю гразьбы, пачаў зноў сцёбаць каня, тым болей, што белыя муры Арыцыi на палове дарогi да Рыму засвяцiлi ўжо перад iм у месячным водблiску. Незабаўна пралятаў мiма святынi Мэркура ў гаю перад горадам. Вiдаць, ужо ведалi тутака пра няшчасце, бо перад святыняй панавала суталака. Вiнiць пралётна згледзеў на сходах i мiж калюмнамi рой людзей з светачамi ў руках, якiя цiснулiся пад апеку боства. Дарога не была так парожная i вольная, як за Ардэяй. Натаўп iшоў, праўда, да святынi бакавымi сцежкамi, але i на галоўным гасцiнцы стаялi грамады, якiя хутка ўцякалi перад разгоненым ездаком. З гораду далятаў гоман. Вiнiць уляцеў туды, бы вiхар, павалiўшы й сталачыўшы на дарозе некалькi людзей. Навокал цяпер акружылi яго крыкi: «Рым гарыць! Горад у вагнi! Багi, ратуйце Рым!»

Конь спатыкнуўся, стрыманы моцнаю рукою Вiнiцiя, i асеў назад перад гасподаю, дзе стаяла змена. Нявольнiкi, казаў бы спадзеючыся гаспадара, стаялi перад гасподай i на ягоны загад рушылi навыперадкi па новага каня, а Вiнiць, бачачы аддзел дзесяцi конных прэторыянаў, якiя, мабыць, ехалi да Анцыюма з весткамi, падбег да iх i пачаў пытаць:

- Каторая частка гораду гарыць?

- А ты хто такi? - спытаў дзясятнiк.

- Вiнiць, вайсковы трыбун i аўгустыянiн! Адказвай, галавой рызыкуеш!

- Пажар, спадару, пачаўся ў крамах пры Вялiкiм Цырку. Як мы выязджалi, быў ужо ў вагнi цэнтр гораду.

- А Затыбра?

- Агонь туды дацяпер не дайшоў, але з непаўстрыманай сiлай абыймае штораз новыя кварталы. Людзi гiнуць ад жару i дыму, i нiякi ратунак немагчымы. У тым моманце падалi Вiнiцiю новага каня. Малады трыбун ускочыў на яго i панёсся далей. Ехаў цяпер да Альбанума, пакiдаючы направа Альбалонгу i ейнае чароўнае возера. Гасцiнец да Арыцыi йшоў пад гару, якая зусiм засланяла далягляд i Альбанум на другiм баку. Вiнiць ведаў, аднак, што з гары ўбачыць не толькi Бовiлу i Устрынум, дзе чакалi на яго свежыя конi, але й Рым, бо за Альбанумам ляжала па абодвух бакох Апiйскай дарогi роўная нiзкая Кампанья, па якой беглi толькi да места аркады аквадуктаў, i нiчога ўжо не засланяла вiду.

- З гары ўбачу полымя,- казаў сабе.

I пачынаў сцёбаць каня. Яшчэ не даскочыў на вяршыню гары, як пачуў на твары подых ветру з дымам i ўбачыў вяршыню азалочанай.

- Загарава! - падумаў Вiнiць.

Ноч сiвела ўжо даўно, золак пераходзiў у свiтанне, i на ўсiх блiзкiх узгорках таксама свяцiў ружовы i жоўты бляск, могучы быць i ад пажэжы i ад зарнiцы. Вiнiць выехаў на вяршыню гары, i тады жудаснае вiдовiшча залунала перад ягонымi вачыма.

Уся далiна пакрыта была вялiзнаю хмараю дыму, ахутваючаю сялiбы, аквадукты, вiллы, дрэвы, а ў канцы гэнай шэрай жудаснай пакрывы гарэла на ўзгорках места.

Пажар не йшоў угару слупам, як гэта бывае тады, калi гарыць паадзiночны, хоць бы й вялiкi, будынак, гэна была даўгая, падобная да зарнiцы, рака агню. Над гэнай iстужкай агню кацiўся вал дыму, месцамi зусiм чорнага, месцамi крывавага й ружовага, стоўплены ў сабе, выдзьмуты, густа клубiўся, бы вуж, што ўецца-выцягваецца. Велiзарны той вал часамi быццам прыкрываў агнiстую раку так, што рабiлася яна вузкаю, бы стужка, часамi прасвечваўся агнём з-пад нiзу, змяняючы ягоныя споднiя клубы ў хвалi полымя. Загарава цягнулася ад краю да краю далягляду, замыкаючы яго так, як часамi замыкае ланцуг лесу. Сабiнскiх гор зусiм не было вiдаць.

Вiнiцiю на першы пагляд здалося, што гарыць не толькi горад, але свет цэлы, i што нiякая iстота не можа выбрацца з таго акiяну агню й дыму. Вецер з боку пажару падыхаў штораз мацней, несучы смурод смалiны ажогу, якая прыхавала нат найблiжэйшыя рэчы. Разаднела зусiм, сонца азарыла ўзгоркi, акружаючыя Альбанскае возера. Але ясназалатыя раннiя касулi выглядалi праз ажогу моў хворыя, рудыя. Вiнiць, спушчаючыся да Альбанума, уязджаў у дым штораз гусцейшы, менш пранiклiвы. Само мястэчка было зусiм iм акутана. Устрывожаныя мяшчане павыбягалi на вулiцы, i страх было падумаць, што мусiла дзеяцца ў Рыме, калi i тут ужо цяжка было зяхаць. Роспач заўладала зноў Вiнiцiем, i жах падыймаў валасы на галаве. Спрабаваў мацавацца, як мог.

«Немагчыма,- гадаў сабе,- каб увесь горад пачаў адразу гарэць. Вецер вее з поўначы i зганяе дым толькi ў гэты бок. Затыбра, перарэзанае ракою, можа й цалкам ацалела, а ў апошнiм выпадку даволi будзе Урсусу прарвацца праз Янiкульскую браму, каб ухавацца ад небяспекi. Гэтаксама немагчыма, каб згiнула ўсё насельнiцтва, i каб горад, якi валодае светам, згладжаны быў разам з жыхарамi з аблiчча зямлi. Нават i ў здабываных гарадох, калi разня i агонь пустошаць усё, пэўная колькасць людзей заўсёды застаецца жывою, дык чаму ж канчаткова мела згiнуць Лiгiя? Адыж Бог яе сцеражэ, якi Сам перамог смерць!» Так супакойваючы сябе, пачаў зноў малiцца i па даўняй звычцы рабiць перад Хрыстом вялiкiя абраканнi й дэкларункi дароў i ахвяр. Мiнуўшы Альбанум, жыхары якога амаль усе сядзелi на дрэвах i дахах, каб глядзець на пажар, крыху супакоiўся. Падумаў таксама, што Лiгiяй апякуюцца не толькi Урсус i Лiнус, але i Апостал Пётр. На самы ўспамiн пра гэта льга ўступiла ў ягонае сэрца. Пётр быў заўсёды для яго iстотай таёмнай, амаль надлюдскай. Ад таго часу, калi слухаў яго ў Острыянуме, засталося ў яго дзiўнае ўражанне, аб якiм на пачатку побыту ў Анцыюме пiсаў Лiгii, што кожнае слова гэтага старца ёсць праўдай або мусiць стацца праўдай. Блiжэйшае знаёмства з Апосталам з часаў свае хваробы ўзмацавала тое ўражанне, якое пасля змянiлася ў моцную веру. Дык калi Пётр багаславiў ягонае каханне i абяцаў яму Лiгiю, дык Лiгiя не магла згiнуць у вагнi. Горад можа сабе згарэць, але нiводная iскра не спадзе на ейную вопратку. Ад бяссоннае ночы, шалёнае язды i перажыванняў пачала Вiнiцiя агортваць дзiўная эгзальтацыя, у якой усё выдавалася яму магчымым: Пётр перажагнае агонь, разгорне полымя адным словам, i пройдуць цэлымi праз вагнiстую алею. Пётр хiба ведаў рэчы будучыя i напэўна прадбачыў злыбяду пажару, дык як жа б не мог перасцерагчы ды не вывесцi з места хрысцiян, а мiж iмi i Лiгii, якую любiў бы собскае дзiця. I штораз мацнейшая надзея пачала ўзмацоўваць сэрца Вiнiцiя. Падумаў: калi яны ўцякаюць з гораду, можа нат iх спаткаць у Бовiлi цi ў дарозе. Можа, вось за хвiлiну дарагое аблiчча з'явiцца з па-за гэнага дыму, зацягваючага штораз шырэй цэлую Кампанью.

Выдавалася яму гэта тым праўдападабнейшым, што на дарозе пачаў спатыкаць штораз часцей людзей, уцякаючых з места ў Альбанскiя горы, каб, уцалеўшы ад агню, выдабыцца i з дымнае задухi. Не даехаўшы да Устрынума, мусiў суняць бег каня, бо дарога надта была заталочана. Вобак пешых з клункамi на плячах спатыкаў конi, мулы, вазы, нагружаныя дабыткам, а ўрэшце i лектыкi, у якiх нявольнiкi неслi багацейшых жыхароў. Устрынум так ужо быў набiты ўцекачамi з Рыму, што нельга было праз натаўп працiснуцца. На рынку пад калюмнамi святынь раiлася ад уцякаючых. Тут i там з'яўлялiся ўжо й палаткi, пад якiмi шукалi прытулку цэлыя сем'i. Iншыя закладалi сабе табарышча пад голым небам, яны крычалi, заклiкалi багоў, праклiналi долю. У агульнай сумятнi нельга было чаго дапытацца. Людзi, ад якiх Вiнiць манiўся што-небудзь даведацца, або зусiм не адказвалi, або пазiралi на яго асалавелымi, поўнымi жаху вачыма i крычалi: «Гiне горад i свет!» Ад Рыму наплывалi з кожнай хвiлiнай новыя грамады мужчын, жанчын, дзяцей, пабольшваючы суталаку й гоман. Некаторыя, пагубляўшыся ў людской каламесiцы, шукалiся. Iншыя бiлiся за табарышчы. Грамады паўдзiкiх пастухоў з Кампаньi папрыцягвалiся ў мястэчка, шукаючы навiн i крадзенай здабычы. Там i сям натаўп нявольнiкаў i гладыятараў усялякiх народнасцяў пачаў рабаваць гарадскiя дамы й вiллы, заводзiць разбойства з жаўнерамi, баронячымi насельнiцтва.

Сенатар Юнiй, якога Вiнiць спаткаў пры гасподзе ў грамадзе ўцекачоў, першы даў яму крыху талковейшыя весткi пра пажар. Занялося гарэць, праўда, пры Вялiкiм Цырку, з боку Палатыну i ўзгор'я Цэлiус, i з неймавернаю хуткасцю абняло ўсё асяроддзе гораду. Не памятаюць людзi ад часаў

Брэнна такое спагуды.

- Цырк згарэў увесь, таксама акружаючыя яго дамы й крамы,- iнфармаваў Юнiй.- Авентын i Цэлiус у вагнi. Полымя, ахапiўшы Палатын, перакiнулася на Карыны...

Тут Юнiй, якi на Карынах меў стройную iнсулю, перапоўненую мастацтвам, якiм любаваўся, схапiў у шчопцi дробнага пылу i, пасыпаўшы iм голаў, пачаў енчыць роспачным голасам. Вiнiць скалатнуў яго за плячо.

- I мой дом на Карынах,- кажа.- Дык калi гiне ўсё, хай гiне й ён.

Але, прыгадаўшы сабе, што Лiгiя магла скарыстаць з ягонай прапановы i перанесцiся да Аўлаў, спытаў:

- А Вiкус Патрыцыюс?

- У вагнi! - адказаў Юнiй.

- А Затыбра?

Юнiй з подзiвам паглядзеў на яго.

- Хрэн з iм! - кажа, сцiскаючы збялелую галаву.

- Мне даражэйшае Затыбра, чым твой цэлы Рым! - адазваўся гвалтоўна Вiнiць.

- Дык туды дабярэшся хiба праз вiа-Портуэнсiс, бо вобак Авентыну жага цябе ўдушыць... Затыбра?.. Не ведаю. Агонь не мог туды шчэ хiба перакiнуцца, але цi ў гэтым моманце яго там няма, ведаюць адны багi...

Тут Юнiй на хвiлiну сумеўся, пасля кажа прыцiшным голасам:

- Ты ж мяне не звядзеш хiба, дык скажу табе, гэта не абы-якi пажар. Цырку ратаваць не дазволена... Я сам чуў... Як дамы пачалi кругом агнём займацца, тысячы галасоў гарланiла: «Смерць ратаўнiкам!» Нейкiя спагудныя людзi бягуць праз горад i шпурляюць у дамы жмакi вагню... З другога боку народ бурыцца i крычыць, што горад гарыць па загаду. Нiчога больш не скажу. Гора цэламу месту, гора нам усiм, гора i мне! Што там чаўпецца, таго людскою моваю выказаць нельга. Народ гарыць у вагнi або мардуецца ўзаемна ў суталоцы... Гэта канец Рыму!..

Ды зноў бедаваў: «Гора! Канец гораду i нам!»

Вiнiць сеў зноў на каня i шмыгануў далей Апiйскаю дарогаю. Але тут ужо была не язда, тут трэ было прапiхвацца праз раку людзей i вазоў, што плыла з места. Горад бачыў Вiнiць, як на далонi, быў абняты морам агню... Ад полымя i дыму бiла страшэнная жага, а людскi вераск не мог заглушыць шуму i гуку полымя.

ХLIII

Чым болей Вiнiць зблiжаўся да места, тым болей паказвалася, што лягчэй было прыехаць у Рым, чым дастацца ў ягоную сярэдзiну. Праз Апiйскую дарогу трэ было працiскацца з пакутаю, такi быў натаўп людзей. Поле, дамы, магiльнiкi, агароды i святынi наабапал дарогi ператварылiся ў табарышчы. У святынi Марса, тут жа, ля Порта Апiя, натаўп адбiў дзверы, шукаючы прытулiшча для начлегу. На магiльнiках загаспадаравана большыя грабавiкi, i то часамi з крывавым боем i сваркамi. Выгляд Устрынума быў толькi слабым наўзорам таго, што рабiлася пад самым горадам. На права, на ўладу, на сужэнства, ветлiвасць, павагу i рознiцу стану - нiхто i вухам не вёў. Нявольнiкi дубасiлi кiямi грамадзян. Гладыятары, набраўшыся разрабаванага ў Эмпорыюме вiна, збiралiся ў грамады, перабягалi з дзiкiм крыкам прыдарожныя пляцы, разганялi людзей, дратавалi, абдзiралi. Мноства выстаўленых на продаж барбараў паўцякала з гандлёвых будаў. Пажэжа i загуба гораду была для iх канцом няволi i гадзiнаю помсты, вось жа, калi сталыя жыхары, трацячы маёмасць, выцягалi да багоў рукi ў роспачы, молячы ратунку, яны з выццём радасцi буянiлi, сцягаючы з людзей вопратку i хапаючы маладзiц. Лучылiся з iмi нявольнiкi, якiх тулiлася спакайнейшае мяшчанства i якiя ў многiх мясцох мусiлi ўступным боем разганяць азвярэлы зброд. Вiнiць бачыў не раз у жыццi штурмаваныя гарады, але вочы ягоныя нiколi яшчэ не бачылi такога вiдовiшча, дзе б роспач, слёзы, боль, енк, дзiкая радасць, шалёнасць, закатнасць i разнузданасць змяшалiся разам у такi страшэнны хаос. А над гэнай абязглузджанай шалёнай людской масай гудзеў пажар, гарэў на ўзгорках найбольшы й найпрыгажэйшы ў свеце горад, ахiнаючы суталаку сваiм вагнiстым подыхам, дымнаю затхай ды закрываючы блакiтнае неба. Малады трыбун з найбольшай натугай ды небяспекай жыцця дабраўся ўрэшце да Апiйскай брамы, але тутака ўбачыў, што праз квартал Порта Капэна не толькi не магчыме прапхацца ў горад з-за натаўпу, але й з-за страшэннае жагi, ад якое тут жа за брамаю аж дрыжала паветра, прытым мост пры Порта Трыгенiя, насупраць святынi Бонэ Дэа, шчэ не iснаваў, i хто хацеў прабрацца за Тыбар, трэ было дабiрацца аж да мосту Сублiцыя, гэта значыць, праехаць каля Авентыну, праз частку гораду, залiтую адным морам полымя. Гэта было зусiм немагчыма. Вiнiць сцямiў, што мусiцiме вярнуцца да Устрынума, там звярнуць з Апiйскай дарогi, пераправiцца цераз рэчку нiжэй гораду i выехаць на вiа-Портуэнсiс, якая вяла проста на Затыбра. I гэта не было лёгка зза сумятнi, штораз большае на Апiйскай дарозе. Трэба прабiваць сабе дарогу хiба мячом, а Вiнiць не меў зброi, бо выехаў з Анцыюма так, як вестка застала яго ў вiлле цэзара. Але вось пры ручаi Мэркура злавiў вокам знаёмага цэнтурыёна прэторыянаў, якi з колькiдзесяццю людзьмi пiльнаваў святынi, i загадаў яму ехаць за сабою, а той, пазнаўшы трыбуна i аўгустыянiна, не смеў спрачацца.

Вiнiць сам пачаў камандаваць аддзелам i, адлажыўшы на хвiлiну навуку Паўла пра мiласць блiжняга, пёр i расцiнаў перад сабою натаўп з хуткасцю смерцяноснаю для многiх, хто ў пару не паспяваў даць дарогу. Кiдалi iм наўздагон камення i праклёны, але ён не зважаў на гэта, жадаючы хутчэй выдабыцца на вольнае мейсца. Аднак жа льго было прабiрацца ўперад толькi з вялiкаю натугаю. Людзi, якiя разлажылi ўжо табар, не хацелi ваяком саступаць з дарогi, крычма клянучы цэзара i прэторыянаў. У некаторых мяйсцох грозна супрацiўлялiся. Да Вiнiцiевых вушэй даходзiлi крыкi, якiя абвiнавачвалi Нэрона за падпал Рыму. Адкрыта пагражалi смерцю яму i Папеi. Вокрыкi: «Sannio!», «Нistriо!» [10], «Маткабойца!» - разлягалiся навокал. Некаторыя крычма дамагалiся ўтапiць яго ў Тыбры, iншыя раўлi, што Рым даволi ўжо цярпеў. Было вiдавочным, што тыя прыгрозы могуць змянiцца ў адкрыты бунт, якi мог разгарэцца ў гэты момант, абы толькi знайшоўся праваднiк. Прымеж таго, азвярэласць роспачнае масы спаганяна была на прэторыянах, якiя i таму шчэ не маглi выдабыцца з цiжбы, што загрувашчана была кучамi рэчаў, у спешцы вынесеных з пажару: скрынi, бочкi з емiнай, даражэйшае знадоб'е, дзiцячыя калыскi, пасцель, вазы i ручныя ношы. Сям-там давялося распраўляцца зброяй, але прэторыяне лёгка давалi раду безабароннаму натоўпу. Перацяўшы з цяжкасцю ўпоперак дарогу - Лацiнскую, Нумiцыйскую, Ардэйскую, Лювiнiйскую i Остыйскую,- акружаючы вiллы, сады, магiльнiкi й святынi, Вiнiць у канцы даехаў да мястэчка Вiкус Аляксандра, за якiм пераправiўся праз Тыбр. Было там ужо свабадней i менш дыму. Ад уцякаючых, якiх тут было нямала, даведаўся, што некаторыя толькi завулкi Затыбра гараць, але пэўна не ацалее нiчога ад агню, бо нейкiя людзi знарок падкладаюць агонь ды не дазваляюць тушыць, крычачы, што робяць гэта па загаду. Малады трыбун не сумняваўся, што гэта цэзар iставетна загадаў падпалiць Рым, i помста, якой заклiкалi на яго пагарэлыя, была рэчаю слушнаю i справядлiваю. Што ж горшае мог зрабiць для Рыму Мiтрыдат або iншы якi ягоны найзаўзятшы вораг? Мера была перабраная, шалёнасць сталася занадта вялiкай, а людское жыццё занадта немагчымым. Вiнiць верыў таксама, што прыйшла пара на Нэрона, што гэныя румовiшчы няшчаснага места павiнны ды мусяцiмуць прывалiць агiднага блазна разам з ягонымi ўсiмi злачынствамi. Калi б знайшоўся адважны павадыр на чале збалелае адчайнае народнае масы, магло б гэта стацца ў працягу некалькiх гадзiн. Адчайныя i мсцiвыя думкi абселi, як вараннё, голаў Вiнiцiя. Ну, а каб гэта яму спрабаваць? Род Вiнiцiяў, якi аж да апошняга часу меў шэрагi консулаў, даволi знаны быў у Рыме. Народу патрэбнае толькi прозвiшча. Адыж раз ужо ледзь не дайшло да бунту за кару смерцi чатырохсот нявольнiкаў прэфекта Пэданiя Сэкунда, а што ж было б сяння, падчас найбольшае злыбяды, перавышаючае амаль усе, якiя Рым на працягу васьмi вякоў перажываў? Хто возьме пад зброю квiрытаў, думаў Вiнiць, той бессумнiўна звалiць Нэрона i сам убярэцца ў пурпуру. Дык чаму б яму гэтага не даканаць? Быў дужэйшым, бадзёршым ды малодшым за iншых аўгустыянаў... Нэрон меў пад загадам, праўда, трыццаць легiёнаў, раскватараваных на рубяжох дзяржавы, але цi ж i гэныя легii ды iхнiя правадыры не ўзбурацца на вестку аб спаленым Рыме i ягоных святынях?.. А тады ён, Вiнiць, стаўся б цэзарам. Адыж хадзiў у сваiм часе сярод аўгустыянаў пошапт, быццам нейкi вяшчун варажыў пурпуру Атону. Чым жа ён горшы? Можа, i Хрыстус памог бы яму сваёю Боскаю магутнасцю? Можа, гэта ад Яго натхненне? «О, каб так сталася!» - гаварыў у душы Вiнiць. Адпомсцiў бы тады Нэрону за небяспеку Лiгii i за сваю згрызоту, уладзiў бы панаванне справядлiвасцi i праўды, пашырыў бы Хрыстову навуку ад Еўфрату аж да ймглiстых берагоў Брытанii, а i Лiгiю прыадзеў бы ў пурпуру, зрабiў бы яе валадаркаю зямлi.

Але думкi гэныя, выбухнуўшыя з ягонай галавы, бы сноп iскраў з палаючага дому, так i загаслi хутка, як тыя iскры. Перад усiм трэ было як найхутчэй Лiгiю ратаваць. Прыглядаўся цяпер бядзе зблiзку, дык зноў апанавала яго трывога, а бачачы мора вагню й дыму, бачачы страшэнную рэчаiснасць, тая надзея, што Пётр выратуе Лiгiю, замерла зусiм у ягоным сэрцы. Роспач агарнула яго зноў, дык, выкараскаўшыся на вiа-Портуэнсiс, вядучую проста на Затыбра, апамятаўся аж у браме, дзе пачуў тое самае, што казалi яму ўцекачы: большая частка таго кварталу не была абнята яшчэ пажарам, хоць агонь у некалькiх мяйсцох перакiнуўся ўжо за рэчку.

Затыбра, аднак, было поўнае дыму i ўцякаючага народу, праз якi цяжэй было пралезцi ў глыбiню, бо людзi, маючы больш часу, выносiлi й ратавалi больш маёмасцi. Галоўная Партовая дарога была ў многiх пунктах зусiм ёю завалена, а каля Наўмахii Аўгуста высiлiся аж цэлыя стосы. Цяснейшыя завулкi, у якiх тоўпiўся гусцейшы дым, былi проста недаступныя. Жыхары ўцякалi адтуль тысячамi. Вiнiць спатыкаў па дарозе страшэнныя эпiзоды. Не раз дзве людскiя ракi, плывучыя з процiлеглых бакоў, спаткаўшыся ў цесным праходзе, напiралi адна на другую i змагалiся з сабою назабой. Людзi бiлiся й талачылi адны другiх. Сем'i ў сумятнi гублялiся, маткi роспачна заклiкалi дзяцей, Вiнiцiю валасы ўставалi на ўспамiн, што мусiла дзеецца блiжэй агню. Сярод вераску i суталакi цяжка было чаго дапытацца або допыты зразумець. Час ад часу кацiлiся новыя хвалi дыму з-за ракi, чорнага i так цяжкага, поўзаючага па зямлi, закрываючага дамы, людзей i ўсю рухлядзь так, як закрывае цёмная ноч. Але вецер, выклiканы пажарам, развяваў яго, i тады Вiнiць мог прабiрацца далей да завулку, на якiм стаяў дом Лiна. Гарачыня лiпнёвага дня, уздвоеная жагою ад пажару, сталася невыноснаю. Дым выгрызаў вочы, у грудзёх займала дух. Нат i тыя жыхары, якiя не спадзявалiся, што пажар перабярэцца цераз раку, ды сядзелi дагэтуль у дамох, пачалi ўцякаць, i сумятня пабольшвалася з кожнай часiнай. Вiнiцiевы прэторыяне засталiся ззаду. У натоўпе нехта паранiў молатам яму каня, якi пачаў кiдацца з закрываўленым лбом, станавiцца дуба й наравiцца. Пазналi па багатай вопратцы аўгустыянiна, i зараз жа пачалi разлягацца крыкi: «Смерць Нэрону й ягоным падпалячом!»

I вось прыйшла хвiлiна грознае небяспекi, сотнi кулакоў паднялося супраць Вiнiцiя, але спуджаны конь вынес яго, драсуючы людзей, а хутка нахлынула новая хваля чорнага дыму, ахiнаючы цемраю вулiцу. Вiнiць бачыць, што не праедзе, дык саскочыў з каня i пабег пехатою, туляючыся каля сцен ды ўстрымоўваючыся, каб уцякаючы натоўп яго мiнаў. У душу лезла думка, што гэныя натугi дарэмныя, Лiгii можа ўжо ў горадзе й няма, магла таксама ўцячы: лягчэй было знайсцi шпiльку на беразе мора, чым яе ў гэнай суталацы й хаосе. Намагаўся, аднак, хоць бы за цану жыцця дабрацца да дома Лiна. Сюд-тут затрымоўваўся i працiраў вочы. Адарваўшы рог тунiкi, засланяў сабе нос i вусны ды бег далей. Чым больш наблiжаўся да ракi, тым страшней узмагалася гарачыня. Вiнiць, ведаючы, што пажар заняўся ля Вялiкага Цырку, думаў спачатку, жага тая б'е ад ягонага папялiшча ды ад Форум Боарыюм i ад Вэлябрума. Гарачыня станавiлася ўсё больш невыноснай. Нейкi ўцякач, апошнi, якога Вiнiць згледзеў, стары, на мылiцах, крыкнуў: «Не падыходзь да мосту Цэста! Уся атока ў вагнi!» Сiтуацыя рабiлася безнадзейнай. На закруце да Вiкус Юдаэарум, на якiм стаяў дом Лiна, малады трыбун дагледзеў у хмары дыму полымя: гарэла не толькi атока, але й Затыбра, а прынамсi другi канец вулачкi, дзе жыла Лiгiя.

Вiнiць, аднак, памятаў, што дом Лiна быў у садочку, за якiм ад боку Тыбру было невялiчкае незабудаванае поле. Гэная згадка прыдала яму льгi. Агонь мог затрымацца на пустой прасторы. Гэная надзея гнала яго далей, хоць кожны подых ветру прыносiў ужо не толькi дым, але тысячы iскраў, якiя маглi ўзнавiць пажар з другога канца завулка i загарадзiць паварот.

Урэшце, аднак, дагледзеў праз дымную хмару цыпрысы ў агародзе Лiна. Дамы за недабудаваным полем гарэлi ўжо, бы кастры дроў, але малая iнсуля Лiнава стаяла шчэ некранутай. Вiнiць глянуў з удзячнасцю ў неба i лучыў да яе праз гарачую задуху. Дзверы былi прычынены, пiхануў iх i ўскочыў у сярэдзiну. У садку не было жывое душы, i дом выглядаў быццам зусiм парожны.

- Можа, памерлi ад дыму й жагi,- падумаў Вiнiць. I пачаў клiкаць:

- Лiгiя! Лiгiя!

Маўчанне. Толькi гук далёкага вагню чуцён быў у цiшы.

- Лiгiя!

Раптам чуе той жудасны рык, якi чуў ужо раз у гэным садку. На недалёкай атоцы загарэўся, няйначай, вiварыюм ля святынi Эскулапа, у якiм усялякая зверына пачала з перапуду выць. Вiнiцiя праняла жудасць. Другi вось ужо раз, калi цалкам гарэў думкаю пра Лiгiю, адзываўся гэны злавесны рык, моў спагудная варажба.

Але гэта было кароткае мiгавое ўражанне, бо страшнейшы ад звярынага рыку гук пажару выклiкаў iншую думку: Лiгiя не адгукнулася, праўда, але магла быць у загрожаным будынку абамлелая або прыдушаная дымам. Вiнiць ускочыў у сярэдзiну дому. У малым атрыюме была пустата й цемра ад дыму. Шукаючы вобмацкам дзвярэй да кубiкулаў, прыкмецiў мiгатлiвую лямпачку i, падыйшоўшы, бачыць лярарыюм, у якiм замест ляраў быў крыж. Пад тым крыжам палаў святлiчок. Праз голаў маладога катэхумена маланкаю прабегла думка, што гэны крыж ссылае яму той светачык, з якiм магчыме знайсцi Лiгiю, дык узяў яго ды пачаў шукаць кубiкулаў. Знайшоўшы адно, адсунуў заслону - няма нiкога.

Вiнiць быў пэўны, што гэта быў кубiкулюм Лiгii, бо на сценах вiсела ейная вопратка, на ложку ляжаў капiтыюм [11]. Вiнiць схапiў яго, пацалаваў i, закiнуўшы на плечы, пайшоў далей шукаць. Дамок быў малы, дык хутка перагледзеў усе каморы, а нат i падзямелле. Нiдзе нiкога анi духу. Было аж надта вiдавочным, што Лiгiя, Лiн i Урсус разам з iншымi мяшчанамi гэнага кварталу мусiлi ўцякаць ад пажару. «Трэ шукаць iх у натоўпе, за брамамi гораду»,- праiмчалася праз голаў Вiнiцiю.

Не здзiвiла яго надта тое, што не спаткаў iх на вiа-Портуэнсiс, бо маглi з Затыбра выйсцi з процiлеглага боку да Ватыканскага ўзгорку. Добра й тое, што ўцалелi прынамсi ад агню. Вiнiцiю звалiўся камень з грудзей. Ведаў, праўда, як цяжка было ўцякаць, але думка пра сiлу Урсуса пацяшала яго. «Трэба мне цяпер,казаў сабе,- уцякаць адгэтуль, прабрацца праз агароды Дамiцылi ў агароды Агрыпiны. Там iх знайду. Дым тамака не страшны, бо вецер вее з Сабiнскiх гораў».

Час было сапраўды яму ўцякаць, ратавацца, бо хваля агню шугала з боку атокi штораз блiжэй, а клубы дыму амаль зусiм прысланiлi завулак. Святлiк, з якiм рабiў пошукi ў доме, згас ад прахвату паветра. Вiнiць, выскачыўшы на вулiцу, бег прытка цяперака да вiа-Портуэнсiс, у той самы бок, адкуль прыйшоў, а пажар, казаў бы, даганяў яго сваiм агнiстым подыхам, то ахутваючы дымам, то абсыпаючы iскрамi, якiя падалi яму на валасы, на шыю, на вопратку. Тунiка ў некалькiх мяйсцох пачала жаляць, але ён не звяртаў на гэта ўвагi i бег далей, баючыся, каб не задыхнуцца ад дыму. У вуснах чуў смак сажы й смалiны, горла i лёгкiя пяклi з гарачкi, як агнём. Кроў падшыбала яму да галавы так, што часамi рабiлася ажно ўваччу ўсё чырвоным. Тады казаў сабе ў душы: «Гэта жывы агонь! Лепш мне кiнуцца на зямлю й загiнуць». Бег мучыў яго штораз больш. Галава, шыя i плечы аблiвалiся потам, а той пот палiў яго, бы гарачы вар. Каб не iмя Лiгii, якое паўтараў сабе ў думцы, каб не ейны капiтыюм, якiм абкруцiў сабе вусны, не вытрымаў бы.

Цераз некалькi хвiлiн пачаў, аднак, ужо не пазнаваць завулка, кудою бег. Паволi трацiў прытомнасць, памятаў толькi, што трэба ўцякаць, бо на адкрытым полi чакае яго Лiгiя, якую абяцаў яму Апостал Пётр. I нагла агарнула яго нейкая дзiўная, напаўгарачкавая, падобная да перадсмяротнай вiзыi, пэўнасць, што мусiць яе ўбачыць, павянчацца, а потым адразу памрэ. Бег ужо як п'яны, сланяючыся. Нараз у страхотным вогнiшчы штосьцi змянiлася. Усё, што дагэтуль толькi тлела, шуганула, вiдаць, адным морам полымя, вецер перастаў наганяць дым, а той, што клубiўся ў завулках, сагнаў шалёны гон распаленага паветра. Подых той гнаў цяпер мiльёны iскраў так, што Вiнiць бег у плойме iх; затое лепш бачыў усё перад сабою i ў моманце, калi меў ужо ўпасцi, згледзеў канец завулка. Гэта прыдало яму сiл. Абмiнуўшы нарожную камянiцу, сыйшоў у вулiцу, якая вяла да вiа-Портуэнсiс i да Кадэтанскага поля. Iскры перасталi яго даганяць. Уявiў сабе, што калi ўздужае дабегчы да Партовае дарогi, дык уцалее, хоць бы й прыйшлося яму там абамлець.

У канцы вулiцы бачыць зноў як бы хмару, загароджваючую выхад. «Калi гэта дым,- падумаў,- дык ужо не прайду». Бег астанкамi сiл. Скiнуў з сябе тунiку, загарэўшуюся ад iскраў, якая пекла яго, бы сарочка Насусава, i ляцеў нагi, маючы на галаве толькi капiтыюм Лiгii. Дабегшы блiжэй, распазнаў, што гэна не быў дым, толькi хмара пылу, з якое далятаў людскi крык.

- Зброд абкрадае дамы,- кажа сабе.

Бег туды. Усё ж такi былi там людзi, дадуць яму помач. Спадзеючыся яе, пачаў, бегучы, крычаць ратунку. Але гэта ўжо была ягоная апошняя натуга: уваччу яму пачырванела шчэ горш, у грудзях не хапiла зяхання, у касцях - сiлы. Упаў.

Дачулi, аднак, яго, а дакладней - дагледзелi, i двух чалавек падбеглi на помач з вадою. Вiнiць, якi ўпаў ад знямогi, але не страцiў прытомнасцi, хапiў аберуч судзiну з вадою i прагавiта выпiў да паловы.

- Дзякую...- кажа.- Пастаўце мяне на ногi, далей сам пайду!

Другi чалавек аблiў яму вадою голаў, разам удвух паднялi яго з зямлi й панеслi ў сваю грамаду, дзе абступiлi яго iншыя, аглядаючы кругом, цi не скалечыўся надта. Спагадная iхняя рупнасць зацiкавiла Вiнiцiя.

- Людзi,- спытаўся,- хто вы такiя?

- Разбураем дамы, каб пажар не мог дайсцi да Партовае дарогi,- адказаў адзiн з работнiкаў.

- Успамаглi вы мяне ў бядзе. Дзякую вам.

- Нам не можна адмаўляць помачы,- адазвалася некалькi галасоў.

Тады Вiнiць, якi ад самага рання глядзеў на адзiчэлы натаўп, на разбоi i грабеж, зiрнуў уважней на прысутных i кажа:

- Хай вам адплацiць... Хрыстус.

- Слава Яму! - адазваўся цэлы хор галасоў.

- Лiнус?..- пачаў Вiнiць.

I не мог дакончыць пытання ды дачакаць адказу, ад перачулення ды знямогi абамлеў. Апрытомнеў аж на полi Кадэтанскiм, у садзе, абступлены некалькiмi жанчынамi i мужчынамi, i першыя словы, якiя ледзь вымавiў, былi:

- Дзе Лiн?

Праз момант не было адказу, пасля нейкi знаёмы Вiнiцiю голас кажа:

- За Намэнтанскаю брамаю, выйшаў да Острыянума... два днi таму...

Рах табе, перскi валадару!

Вiнiць падняўся, сеў i бачыць перад сабою Хiлона. А грэк далей:

- Дом твой, спадару, пэўна, згарэў, бо Карыны ў вагнi, але ты заўсёды багаты будзеш, як Мiдас. Ох, што за няшчасце! Хрысцiяне, сынку Сэрапiса, даўна прарочылi гэта месту... А Лiн разам з дачкою Ёвiша - у Острыянуме...

Во гора, дык гора!

Вiнiцiя зноў пачала браць млоснасць.

- Бачыў ты iх? - пытае.

- Бачыў, спадару... Дзякую Хрысту i ўсiм багом, што я мог табе добраю весткаю адплацiцца за тваю дабрыню. Але я табе, Озырысе, шчэ адплачуся, прысягаю на гэны згарэлы Рым!

На двары ўжо вечарэла, а ў парку было вiдно, бы ўдзень, бо пажар узмогся яшчэ. Здавалася, гараць ужо не апрычоныя кварталы, але ўвесь горад ушыркi i ўдаўжкi. Небасхiл быў чырвоны кругом, i ноч на свеце рабiлася чырвоная.

ХLIV

Загарава так шырока разнялося па небасхiле, як толькi льго было сягнуць вокам. З-за гор выкацiўся месяц, вялiкi, поўны; ён хутка загарэўся бляскам распаленай медзi ды, як бы дзiвячыся, пазiраў на спагудную пагубу светаўладнае Ромы. У зардзеўшайся пространi неба мiргалi таксама ружовыя зоркi, але зямля насуперак звычайнасцi была яснейшая, чым неба. Рым, бы велiчэзны светач, азараў усю Кампанью. Пры крывавым бляску вiдаць былi далейшыя горы, гарады, вiллы, святынi, помнiкi й аквадукты, бягучыя з усiх навакольных гор да места, а на аквадуктах - рой людзей, хаваючыхся там ад небяспекi або прыглядаючыхся на пажар.

Тым часам страшэнная стыхiя абыймала штораз новыя кварталы. Нельга было сумнявацца, што нечыя лiхадзейскiя рукi падпальвалi горад, бо штораз новыя пажары выбухалi ў куткох, ад пажарышча далёкiх. З прыгоркаў, на якiх разлёгся Рым, агонь сплываў, бы марская хваля, на далiны, шчыльна забудаваныя пяцi- i шасцiпавярховымi дамамi, поўныя будаў, крамаў, драўляных перавозных амфiтэатраў, збудаваных прынагодна для розных вiдовiшчаў, i ўрэшце складоў дрэва, алiвы, збожжа, арэхаў, пiнiевых шышак, зернем якiх жывiлася ўбогае жыхарства, i вопраткi, якую часамi з ласкi цэзараў раздавана галiце, што гняздзiлася па цесных завулках. Там пажар, натрапляючы на пальны матар'ял, змяняўся ў чараду выбухаў i з нечуванаю хуткасцю ахапляў цэлыя вулiцы. Людзi, качуючыя за горадам, адгадвалi па барве полымя, што гарыць. Шалёны гон паветра часамi выносiў з агнiстага тапелiшча тысячы й мiльёны распаленых лупiн арэхавых i мiгдальных, якiя нагла ўздымалiся ўгару, як незлiчоныя статкi ясных матылёў, i лопалiся з трэскам у паветры або, гнаныя ветрам, спадалi на новыя кварталы гораду, на вадацягi, на поле, кругом. Усякi намер ратунку выдаваўся недарэчным, а сумятня пабольшвалася, бо калi з аднаго боку жыхарства ўцякала ўсiмi дарогамi i брамамi за горад, з другога- пажар вабiў тысячы цiкаўных пастухоў, сялян, дробнамяшчан, якiх цягнула таксама й спадзева нажывы.

Вокрык «Рым гiне!» не ўцiхаў, а канец гораду выдаваўся ў тагдышнюю пару адначасна i канцом уладства ды разрывам усякiх путаў, якiя дагэтуль вязалi чалавецтва ў вадну цэласць. Народныя масы, у якiх пераважвала лiкам нявольнiцтва, чужазброд, не дбалi пра панаванне Рыму, гiбель ягоная варажыла iм вольнасць, дык пачалi грозна наёжвацца. Шырылася нахабства i грабеж. Адно хiба вiдовiшча гiбелi гораду, адцягваючы людскую ўвагу, паўстрымоўвала выбух разнi, якая пачнецца тады, як з гораду зробiцца адно папялiшча. Сотнi тысяч нявольнiкаў, забываючыся, што Рым апрача святынь i камянiц мае шчэ колькiдзесят легiяў ува ўсiх частках свету, казаў бы, чакалi верхавода й сiгналу.

Згадвалi iмя Спартака, але Спартака не было, дык самi пачалi збiрацца i зброiцца, чым хто мог. Найпракуднейшыя весткi кружылi па ўсiх брамах. Некаторыя цвердзiлi, быццам гэта вулкан з наслання Ёвiша нiшчыць горад агнём, што вырынае з-пад зямлi; iншыя бачылi ў гэтым помсту Весты за вясталку Рубрыю. Людзi такога пераканання не хацелi нiчога ратаваць, а замест таго абягалi святынi i малiлi ў багоў лiтасцi. Але найпапулярнейшаю была погаласка, што цэзар загадаў спалiць Рым, каб пазбыцца смуроду з Субуры ды каб выбудаваць новы горад пад назовам Нэронiя. На згадку пра гэта закатная злосць агартала людзей, i каб, па думцы Вiнiцiя, знайшоўся павадыр, якi б умеў выкарыстаць гэны вулкан нянавiсцi, канец Нэрона прыспешаны быў бы на цэлыя гады.

Гаварылi таксама, быццам Нэрон азвярэў i яшчэ загадае прэторыянам i гладыятарам выразаць горад. Некаторыя бажылiся, быццам звяр'ё з усiх вiварыяў выпусцiлi па загаду Рудабародага. Бачылi на вулiцах львоў з асмаленаю грываю, расшалелых сланоў i тураў, масакруючых народ. Было ў гэтым нат крыху праўды, бо ў некалькiх мяйсцох сланы, бачачы блiзкi пажар, развалiлi вiварый i, вырабiўшыся на свабоду, беглi, спуджаныя, у процiлеглы бок, ломячы ўсё перад сабою, моў бура. Публiчная вестка падавала згiнуўшых у вагнi на дзесяткi тысяч. Згiнула нямала. Былi й такiя, якiя, страцiўшы маёмасць або найдаражэйшыя сэрцу асобы, кiдалiся самахоць у вагонь. Iншых душыў дым. У асяроддзi гораду, мiж Капiтолем з аднаго, а Квiрыналам, Вiмiналам Эсквiлiнам з другога боку, таксама мiж Палатынам i ўзгор'ем Цэлiус, дзе былi найгусцей забудаваныя вулiцы, пажар падыймаўся ў так многiх мясцох адначасна, што цэлыя грамады людзей, уцякаючы ў адзiн бок, траплялi неспадзявана на новую сцяну полымя з процiлеглага боку i гiнулi страшнаю смерцю ў агнявой каламесiцы.

Людзi сопалаху ад сумятнi й збянтэжання не ведалi, куды ўцякаць. Дарогi былi загрувашчаны, а ў многiх пунктах зусiм загароджаны. Тыя, што ўцякалi на рынкi й пляцы, дзе пазней пабудавана Амфiтэатр Флавiяна, да святынi Зямлi, да портыку Лiвii i вышэй, да святынi Юноны й Люцыны, мiж Клiвус Вiбрыюс [12] а старою Эсквiлiнскаю брамаю, акружаныя адусюль агнём, пагiнулi ад жагi. У мясцох, куды полымя не дасягнула, знаходзiлi пазней сотнi трупаў, спражаных на вугаль, хоць тут i там няшчасныя вырывалi каменныя плiты й закопвалiся ад спёкi ў зямлю. Нiводная, бадай, сям'я з асяроддзя гораду не ўцалела, дзеля таго ўздоўж камянiц, ля брамаў i па ўсiх дарогах чутно было роспачнае выццё жанчын, галосячых i прычытаючых па загiнулых у пекле пажару.

I так адны малiлi ў багоў мiласэрнасцi, другiя блюзнiлi iм за гэную страшэнную злыбяду. Бачылi старцаў, выцягаючых рукi да Ёвiша Лiбератара: «Ты ж - выбавiцель, выбаў твой алтар i горад!»...Роспач аднак жа звярталася галоўным чынам супраць старых рымскiх багоў, якiя ў паняццi народу абавязаны былi гэны горад сцерагчы рупней, чым iншыя. Аказалiся яны бездапаможнымi, дык дакаралi iм. Прымеж таго, калi на Вiа Асiнарыя [13] паказалася групка святароў егiпскiх, пераправаджваючых статую Iзыды, выратаваную з святынi ў аколiцы Порта Цэлiмантана, народ кiнуўся гурмам, прыпрогся ў воз, прыцягнуў яго аж да брамы Апiйскай i паставiў яе ў святынi Марса, адапхнуўшы святароў ягоных, якiя не давалi тут ставiць. У iншых мяйсцох малiлiся да Сэрапiса, Баала, Еговы, вызнавальнiкi якога, выраiўшыся з завулкаў Субуры й Затыбра, напаўнялi вераскам i гоманам поле. У iхнiм крыку вычувалiся тоны як бы трыумфу, таму, калi падыймаўся хор галасоў, славячых «Валадара свету», дык выклiкаў абурэнне iншых, якiя намагалiся сцiшыць несвоечасную гэную радасць. Дзе-нiдзе чутны былi пяяныя мужчынамi, старцамi, жанчынамi й дзяцьмi дзiўныя песнi, паважныя, змест якiх цяжка было зразумець, паўтаралiся ў iх словы: «Iдзе суддзя гневу й кары». Так неспакойная й бяссонная хваля людская акружала, бы разгуканае мора, залiты агнём горад.

Але нiчога не дапамагала - нi роспач, нi блюзнерствы, нi песнi. Бяда была непераможная, няўмольная, як празначэнне, як насланнё. Каля амфiтэатру Пампея загарэлiся склады канапель i вяровак, прыгатаваных для цыркаў, арэнаў i рознага роду машын, ужываных падчас iгрышчаў, а таксама бочкi смалы, якiмi вашчылi вяроўкi. Праз некалькi гадзiн увесь той квартал гораду, за якiм было Марсавае поле, так лунаў ясна-жоўтым полымем, што напаўабалванеўшым з жаху глядзельнiкам выдавалася: няйначай, у агульнай гэнай пагубе паблытаўся парадак дня й ночы, i бачаць вось у начную пару сонечны бляск. Але незабаўна агульная чырвань паканала ўсё. З мора агню стралялi ўгару казаў бы велiзарныя фантаны полымя, расчапурваючыся вагнiстаю мятлою; вецер разрываў iх, замяняў у залатыя нiцi, iскраныя валасы ды нёс удалечыню над Кампаньяй аж да Альбанскiх гор. Ноч рабiлася штораз вiднейшай, паветра як бы перасякнута было не толькi бляскам, але й жагою. Тыбр плыў жывым агнём. Няшчасны горад змянiўся ў пекла. Пажар абыймаў штораз большыя прасторы, браў штурмам узгоркi, разлiваўся па роўнях, залiваў далiны, шалеў, гучэў, грымеў.

ХLV

Ткач Макрын, да якога прынеcена Вiнiцiя, абмыў яго, прыадзеў, накармiў, пасля чаго малады трыбун, крыху асiлеўшы, заявiў, што яшчэ гэтае ж ночы распачне далейшыя пошукi Лiна. Макрын, якi быў хрысцiянiнам, пацвердзiў словы Хiлона, што Лiн з старшым прэзбiтэрам Клеменсам пайшлi да Острыянума, дзе Пётр меўся хрысцiць цэлыя грамады адэптаў новае веры. Для блiзкiх было ведама, што нагляд над домам Лiн даручыў перад двума днямi нейкаму Галу. Для Вiнiцiя было гэта доказам, што анi Лiгiя, анi Урсус не засталiся дома, а пайшлi таксама да Острыянума. Думка гэтая дала яму польгу. Лiн быў чалавек стары, цяжка было яму штодзень хадзiць з Затыбра аж за далёкую Намэнтанскую браму i вяртацца адтуль, дык, мабыць, у каго-небудзь затрымаўся за мурамi, а разам з iм хiба й Лiгiя ды Урсус. Такiм чынам яны ўхiлiлiся ад пажару, якi наагул не перакiнуўся на другi бок Эсквiлiну. У гэтым усiм Вiнiць бачыў апеку Хрыста; чуў яе i над сабою, дык з сэрцам, больш чым калi перапоўненым любоўю, прысягаў Яму ў душы выплацiцца ўсiм жыццём за гэныя вiдавочныя знакi ласкi.

Тым больш спяшаўся да Острыянума. Знойдзе Лiгiю, знойдзе Лiна, Пятра i забярэ iх куды-небудзь далей, у свае аседласцi, хоць бы i ў Сiцылiю. Рым гарыць, за некалькi дзён будзе знiшчаны, дык нашто тут заставацца на злыбяду, на буянства разбойнiкаў? Там заслоняць iх шэрагi карных нявольнiкаў, утулiць цiшыня вёскi, i будуць спакойна жыць пад крыламi Хрыста i багаслаўленнем Пятра. Каб анно iх знайсцi.

А гэта не было лёгка. Вiнiць памятаў нядаўнiя свае перыпетыi мiж вiяАпiя й Затыбрам, як мусiў кружыняць, каб даехаць да Партовае дарогi, дык вырашыў цяпер абыйсцi горад з процiлеглага боку. Iдучы Трыумфальнаю дарогаю, льго было дабрацца ўздоўж ракi аж да мосту Эмiлiя, адтуль, мiнаючы Пiнцыюс, уздоўж Марсавага поля, праз агароды Пампея, Лiкула i Салюстыя на вiя-Намэнтана. Была гэна найкарацейшая дарога, але i Макрын, i Хiлон не раiлi ёю пускацца. Агонь, праўда, не ахапiў дагэтуль тае часткi гораду, але ўсе рынкi й вулiцы маглi быць загрувашчаны людзьмi ды рэчамi. Хiлон раiў падацца праз Ager Vaticanus [14] аж да Порта-Фламiна, там перайсцi раку i, цярэспал вонкавых гарадскiх муроў, за агародамi Ацылiя да ПортаСалярыя. Вiнiць, надумаўшыся, згадзiўся з гэнай радай. Макрын мусiў застацца на старожы дому, але выстараўся два мулы, якiя маглi быць прыдатнымi i для далейшага падарожжа Лiгii. Хацеў таксама дадаць i нявольнiка, але Вiнiць не ўзяў, спадзеючыся зноў напаткаць аддзел прэторыянаў, як напярэдаднi.

I цераз хвiлiну ўдвух з Хiлонам рушылi праз Янiкульскую вёску да Трыумфальнай дарогi. На прагалiнах былi i тут табарышчы пагарэльцаў, але працiскалiся праз iх з меншымi цяжкасцямi, большая бо частка жыхароў уцякала да мора Партоваю дарогаю. За Сэптымiянскай брамай ехалi мiж ракою i стройнымi агародамi Дамiцыi, магутныя цыпрысы якiх чырванелiся ад пажару, бы ад вячэрняе зары. Дарога рабiлася свабаднейшай, часамi толькi прыходзiлася прапiхвацца праз натаўпы наплываючага сялянства. Вiнiць як мага паганяў мула, а Хiлон, едучы тут жа за iм, праз цэлую дарогу баруздзiў сабе пад нос:

- Ну, пажар ужо застаўся ззаду i цяпер грэе ў плечы. Нiколi на гэнай дарозе не было шчэ так вiдно ўначы. О, Зэўсе! Калi не спусцiш залевы на гэты пажар, дык, значыцца, не любiш Рыму. Моц людская агню гэтага не адужае. Такi горад! Служыла яму Грэцыя дый цэлы свет! А цяпер вось першы-лепшы грэк магчыме пражыць свой боб у ягоных папялiшчах! I хто б гэтага спадзяваўся!.. Не будзе ўжо Рыму, нi рымскiх паноў... А хто хацецiме валындацца на пажарышчы, рабiцiме гэта смела, пасвiстваючы. О, богi! Свiстаць над такiм светаўладным горадам! Хто з грэкаў або нат i барбараў мог таго спадзявацца?.. А аднак можна свiстаць, бо куча попелу - цi застанецца па вогнiшчы пастухоў, цi па згарэлым горадзе - ёсць толькi кучаю попелу, якую раней цi пазней развее вецер.

Так разважаючы, сюд-тут адварочваўся да пажару i ўзiраўся на хвалi агню з мiнаю адначасна злою i радаснаю. Пасля талкаваў сабе далей:

- Гiне! Гiне! I не будзе яго ўжо болей на зямлi. Куды цяпер свет высылацiме сваё збожжа, сваю алiву, свае грошы? Хто яму выцiскацiме золата i слёзы? Мармур не гарыць, але крушэе ў вагнi. Капiтоль пойдзе ўдрызг, Палатын - удрызг!

О, Зэўсе! Рым быў як пастыр, а iншыя народы - як авечкi. Калi пастыр быў галодны, зарэзваў адну з авечак, з'ядаў мяса, а табе, ойча багоў, ахвяроўваў скуру. Хмараўладны! Хто цяпер будзе рэзаць авечак, i ў чые рукi ўложыш пастырскую пугу? Бо Рым гарыць, ойча, так грунтоўна, як бы ты сам яго запалiў пяруном.

- Хутчэй! - прыспешваў Вiнiць.- Што там баруздзiш?

- Плачу над Рымам, спадару,- адказвае Хiлон.- Такi горад Ёвiша! Праз нейкi час ехалi моўчкi, услухоўваючыся ў гук пажогi ды ў шум птушыных крылаў. Галубы, якiх плоймы гняздзiлiся пры вiллах i мястэчках Кампаньi, дый усякага роду палявое птаства з-над мора i з гор навакольных навослеп ляцела статкамi на бляск у вагонь. Вiнiць першы адазваўся:

- Дзе ты быў тады, як пачаўся пажар?

- Iшоў да майго сябра Эўрыцыя, спадару, якi трымаў краму пры Вялiкiм

Цырку, i разважаў якраз пра навуку Хрыста, ажно чую раптам крык: «Агонь!» Людзi збеглiся да цырку - адны ратаваць, другiя цiкаваць, але як полымя ахапiла цэлы цырк ды пачало адначасна паказвацца i ў iншых пунктах, трэ было думаць i пра ўласны ратунак.

- Цi бачыў ты людзей, кiдаючых у дамы агонь?

- Чаго я не бачыў, унуку Энэя! Бачыў людзей, прачышчаючых сабе дарогу шаблямi; бачыў бiтвы i растоптаныя людскiя бэбахi [15] на бруку. Ах, спадару, каб ты гэта бачыў, сказаў бы: барбары здабылi горад i паднялi разню. Людзi навокал крычалi, што прыйшоў канец свету. Некаторыя зусiм павар'яцелi, не хацелi ўцякаць, чакалi бязмысна, каб глынула iх полымя. Iншыя страчвалi прытомнасць, iншыя з роспачы вылi, але бачыў я i такiх людзей, каторыя не ўмеюць ацанiць дабрадзействаў вашага лагоднага панавання ды тых праведных правоў, на падставе якiх адбiраеце ўсiм тое, што маюць, i прысвойваеце сабе. Людзi не ўмеюць здацца на волю багоў! Вiнiць занадта быў праняты собскiмi думкамi, каб мог закемiць граючую ў словах Хiлона iронiю. Жахлiвыя дрыготы праймалi яго на ўспамiн, што Лiгiя магла заблукацца ў тую вулiчную страшэнную таўкатню, дзе выдаўлiвалi з людзей нутро. Дык хоць дзесяткi мо ўжо разоў выпытваў Хiлона пра ўсё, што мог той ведаць, звярнуўся да яго яшчэ раз:

- А iх ты бачыў у Острыянуме собскiмi вачыма?

- Бачыў, сынку Венеры, бачыў малодухну, бачыў добрага лiга, святога Лiна i Апостала Пятра.

- Перад пажарам?

- Перад пажарам, Мiтр мой!

У душы Вiнiцiя зрадзiўся сумнiў, цi Хiлон не махлюе, дык, сутрымаўшы мула, пранiзаў старога грэка грознымi вачыма й пытае:

- Што ж ты там рабiў?

Хiлон змiтрэжыўся. Яно праўда, як многiм людзям, так i яму выдавалася, што разам з загубай Рыму прыходзiць канец i рымскаму панаванню, але тым часам быў самадруг з Вiнiцiем, дый нагадаў сабе, што той жа Вiнiць забаранiў яму страшэннаю пагрозаю шпягунства хрысцiян, а злашча Лiна i Лiгii.

- Спадару,- кажа,- чаму мне не верыш? Я спагадаю iм. Так! Я ж бо сам паўхрысцiянiн. Пырон навучыў мяне больш цанiць цноту, чым фiлязофiю, дык штораз больш цягне да людзей цнатлiвых. А пры тым, я ж галыш, i калi ты, Ёвiшу, баляваў у Анцыюме, я часта прымiраў з голаду над кнiгамi; вось жа, садзiўся пры сцяне ў Острыянуме, бо хрысцiяне, хоць самi ўбогiя, больш успамагаюць бедных, чым усе рымляне разам.

Адманка гэная выдавалася Вiнiцiю дастатковым прабачэннем, дык абнiжыў тон:

- I не ведаеш, дзе на гэны час закватараваўся Лiн?

- Ты ж мяне за цiкаўнасць раз ужо караў, спадару,- выкручваўся Хiлон. Вiнiць змоўк i ехаў далей.

- Спадару,- адазваўся, пачакаўшы, Хiлон,- не знайшоў бы ты красунi, каб не я, а калi зноў яе знойдзем, не забудзеш пра беднага мудраца?

- Мецiмеш дом з вiннiцаю пад Амэр'ёлай,- адказаў Вiнiць.

- Дзякую табе, Геркулесе! З вiннiцаю?.. Дзякую табе! З вiннiцаю!

Мiналi цяпер Ватыканскае ўзгор'е, якое свяцiла чырванню ад пажару, за Наўмахiяй збочылi направа, каб, перайшоўшы Ватыканскае поле, падыйсцi да ракi i, пераправiўшыся, дайсцi да Порта Фламiнiя. Нараз Хiлон стрымаў мула й кажа:

- Спадару, прыйшла мне ў голаў памысная думка!

- Кажы,- прыспешвае Вiнiць.

- Мiж Янiкульскiм узгор'ем i Ватыканам, за гародамi Агрыпiны ёсць падзямелле, скуль выбiралi каменне й пясок на будову цырку Нэрона. Паслухай мяне! У апошнiх часах жыды, якiх, ведаеш жа, на Затыбры ёсць гiбель, пачалi па-людаедску пераследваць хрысцiян. Памятаеш, ужо за боскага Клаўдыя такi там быў закалот, што цэзар мусiў iх выгнаць з Рыму. Сяння, як вярнулiся, як пад патранатам аўгусты пачуваюцца бяспечна, тым горш крыўдзяць хрысцiян. Я пра гэта ведаю! Я бачыў. Нiякi эдыкт супраць хрысцiян не быў выданы, але жыды чэрняць iх перад прэфектам, быццам яны рэжуць дзяцей, гонар аддаюць аслу, агалошваюць навуку, непрызнаную праз сенат, а самi б'юць iх, нападаюць на дамы малiтвы так заядла, што хрысцiяне перад iмi хаваюцца.

- Дык што хочаш сказаць? - пытае Вiнiць.

- Тое, спадару, што сiнагогi iснуюць на Затыбры адкрыта, а хрысцiяне, уцякаючы ад пераследу, прымушаны малiцца ўпотай, збiраючыся ў апусцелых павецях за горадам або ў арэнарыях. Тыя, што жывуць на Затыбры, выбралi сабе якраз гэнае, што паўстала з прычыны будовы цырку i розных дамоў уздоўж Тыбру. Цяпер, калi гiне горад, бессумнiўна, вызнавальнiкi Хрыста моляцца. Знойдзем iх незлiчонае мноства ў падзямеллях, таму раю табе, спадару, заглянуць туды па дарозе.

- А ты ж казаў, што Лiн пайшоў да Острыянума!- азваўся ўзбураны Вiнiць.

- А ты ж мне абяцаў дом з вiннiцаю пад Амэр'ёлай,- адказвае Хiлон,дык хачу шукаць малодухны ўсюды, дзе маю надзею знайсцi. Як пачаўся пажар, маглi вярнуцца на Затыбра. Маглi абыйсцi горад так, як мы цяпер. Лiн мае дом, можа, хацеў быць блiжэй дому, каб цiкаваць, цi пажар не ахопiць i таго кварталу. Калi вярнулiся, прысягаю табе, што застанем iх на малiтве, а ў найгоршым выпадку прынамсi здабудзем весткi пра iх.

- Праўду кажаш, ну дык вядзi,- вырашыў трыбун.

Хiлон, доўга не думаючы, звярнуў налева да ўзгор'я. На хвiлiну горнае ўзбочча засланiла iм пажар так, што, хоць блiзкiя будовы былi ў святле, яны самi былi ў цянi. Мiнуўшы цырк, падалiся шчэ лявей i ўвайшлi ў нейкi сухадол, цёмны ўсярэдзiне. Але ў цемры той Вiнiць зацемiў рой мiгатлiвых светлiчкаў.

- Вось яны! - кажа Хiлон.- Будзе iх сяння больш, чым калi, бо iншыя дамы малiтвы згарэлi або зацягнены дымам, як i ўсё Затыбра.

- Так! Чую - пяюць,- пацвярджае Вiнiць.

З цёмнага атворышча ўгары даходзiлi пяючыя людскiя галасы, святлiкi гiнулi ў iм адзiн за другiм. З бакавых сумежных сухадолаў высоўвалiся штораз новыя асобы, так што хутка Вiнiць з Хiлонам былi абступлены цэлаю грамадою людзей. Хiлон ссунуўся з мула i, кiўнуўшы на блiзка йдучага падлетка, кажа яму:

- Я Хрыстовы святар i бiскуп. Патрымай нам мулаў, дам табе багаславенства i адпушчэнне грахоў.

I, не чакаючы адказу, усунуў яму ў руку павады i далучыўся з Вiнiцiем да iдучае грамады.

Цераз хвiлiну ўвайшлi ў падзямелле i сунулiся прыцемкам праз калiдор, пакуль не дайшлi да абшырнае пячоры, з якое няйначай выбiралi камень, бо сцены ейныя мелi сляды адломаў. Там было вiдней, чым на калiдоры, бо апрача святлiкоў i лятарняў гарэлi светачы. Пры iхнiм святле Вiнiць бачыць цэлую грамаду людзей на каленях, з рукамi ўзнесенымi ўгару. Лiгii, Апостала Пятра i Лiна не мог нiдзе дагледзець, замест iх акружалi яго паважныя твары, расхваляваныя. У некаторых вычытвалася чаканне, трывога, надзея. Бляск адбiваўся ў бялкох паднесеных вачэй, пот сплываў па белых, як мел, лбах; некаторыя пяялi песнi, iншыя гарачкава паўтаралi iмя Езус, некаторыя бiлiся ў грудзi. З настрою ўсiх вiдаць было, што напружана чагось чакаюць.

Нараз песнi замоўклi, i над грамадою ў выемцы, што засталася па вынятым вялiкiм камянi, паказаўся знаёмы Вiнiцiю Крысп з аблiччам, казаў бы, паўпрытомным, блядым, фанатычным i суровым. Вочы звярнулiся да яго, як бы спадзеючыся слоў польгi й надзеi, а ён, перажагнаўшы грамаду, пачаў гаварыць голасам нервовым, ледзь не крыкам:

- Кайцеся за грахi вашыя, бо прыйшла ўжо пара. Вось на горад лiхадзейства й распусты, на новы Бабiлён спусцiў Госпад агонь пагубны. Вызванiла гадзiна суду, гневу i кары... Госпад запавясцiў прыйсце, i хутка ўгледзеце Яго! Але не прыйдзе ўжо як Баранак, якi ахвяраваў кроў за грахi вашыя, толькi як страшны суддзя, каторы сваёю справядлiвасцю загубiць у адхланi грэшных i няверных... Гора свету, гора грэшным, бо не будзе ўжо для iх мiласэрнасцi... Бачу цябе, Хрысце! Зоры дажджом сыплюцца на зямлю! Сонца зацьмяваецца, зямля расступаецца, мёртвыя ўстаюць, а Ты йдзеш пад гукi труб i грому з войскам нябесным. Чую i бачу цябе, о Хрысце!

Змоўк. Падняў вочы, быццам узiраўся на нешта грознае, далёкае. Нараз адазваўся ў падзямеллi глухi грохат - адзiн, другi i дзесяты. Гэна развальвалiся агарэлыя дамы, цэлыя вулiцы. Большасць слухачоў была перакананая, што гэныя водгукi - гэта сiгналы тае страшнае надыходзячае суднае гадзiны, бо вера ў паўторнае прыйсцё Хрыста i ў канец свету была i так распаўсюджана мiж iмi, цяпер вось пажар гораду яе ўзмагутнiў. Божая трывога агарнула прысутных. Падымалiся галасы: «Судны дзень!.. Вось iдзе!..» Некаторыя закрывалi даланямi твар, баючыся, быццам зямля вомiг затрасецца i з шчалюгi ейнай выйдуць пякельныя бестыi ды кiнуцца на грэшных. Iншыя заклiкалi: «Хрысце, змiлуйся! Адкупiцелю, будзь мiласцiвы!..» Iншыя вызнавалi голасна грахi, iншыя ўрэшце кiдалiся сабе ў абдымкi, каб у жахлiвай хвiлiне мець пры сабе нейкае блiзкае сэрца.

Але былi й такiя, якiх аблiччы ў нябесным захапленнi, поўныя надземнае радасцi, не былi трывожнымi. У некалькiх мяйсцох разлягалася глоса: людзi ў рэлiгiйным экстазе крычалi ў незразумелых мовах. Нехта з цёмнага кутка адзываўся: «Збудзiся, хто спiць!» Над усiм панаваў голас Крыспа: «Зважайце, будзьце гатовымi!»

Часамi, аднак, западала маўчанне, маўляў усе затрымоўвалi дыханне ў грудзях, чакаючы на тое, што мае стацца. Тады чутны былi далёкiя грымоты, завальвалiся ў грузы кварталы, пасля адзывалiся енкi, малiтвы, глосы i благаннi: «Адкупiцелю, злiтуйся над намi!» Гэта зноў Крысп пачынаў агалошваць свае заклiкi: «Адракайцеся зямных скарбаў, бо зараз зямля расступiцца пад вамi! Пакiньце зямныя ўцехi, бо Госпад выгубiць тых, што болей будуць мiлаваць жоны i дзецi, чым Яго! Гора таму, хто ўмiлаваў стварэнне больш, чым Стварыцеля! Гора багатым! Гора збыткоўнiкам! Распуснiкам! Гора мужу, сужэнцы й дзiцяцi!..»

Раптам мацнейшы, чым перш, гук скалатнуў сухадолам. Усе пападалi на зямлю, выцягаючы накрыж рукi, каб такiм чынам баранiцца ад нячыстых сiл. Настала цiшыня, чутны былi толькi прыспешныя зяханнi, жахлiвы шэпт: «Езус, Езус!» - ды дзе-нiдзе плач дзетак. Нараз над непарушным цёмным людскiм памостам падымаецца голас:

- Рах vobis! Быў гэта голас Апостала Пятра, якi перад хвiлiнай увайшоў пад зямлю. Гэныя словы ў адным моманце адагналi страх ад усiх, як прысутнасць пастуха адганяе страх ад статка. Людзi ўставалi з зямлi, гарнулiся да ягоных ног, моў шукаючы пад ягонымi крыламi апекi, а ён працягнуў над iмi рукi i адазваўся:

- Чаму ўстрывожаны сэрцы вашы? Хто з вас адгадае, што яго можа спаткаць, пакуль прыйдзе гадзiна? Пакараў Бог агнём Бабiлён, але над вамi, якiх абмыў хрост, грахi каторых адкупiла кроў Баранка, мiласэрнасць ягоная! I памрэце вы з iмем Ягоным на вуснах вашых! Спакой вам!

Пасля грозных i немiласэрных слоў Крыспа Пятровыя словы былi для прысутных бальзамам. Замест Божае трывогi завалодала душамi Божая мiласць. Людзi тыя знайшлi такога Хрыста, якога палюбiлi з апостальскiх расказаў, а знача: не бязлiтаснага Суддзю, але салодкага й цярплiвага Баранка, мiласэрнасць якога ў сто разоў перавышала злосць людскую. Настрой польгi агарнуў цэлую грамаду, i супакаенне лучна з удзячнасцю для Апостала перапоўнiла iхнiя сэрцы. Паднялiся галасы з розных бакоў: «Мы твае авечкi, пасi нас!» А блiжэйшыя прасiлi: «Не пакiдай нас у дню пагубы!»- i кленчылi ля ягоных ног; бачачы гэта, Вiнiць падыйшоў, схапiў за бераг ягонай адзежыны i, спусцiўшы голаў, адазваўся:

- Домiне, паратуй мяне! Шукаў я яе ў дыме пажарным i людскiм натаўпе ды нiдзе не мог знайсцi, але веру, што ты можаш мне яе вярнуць.

Пётр палажыў яму на галаве руку.

- Узмацняй надзею,- кажа,- i хадзем за мною.

ХLVI

Горад усцяж гарэў. Вялiкi Цырк развалiўся ў грузы, у кварталах, якiя перш пачалi гарэць, западалiся цэлыя завулкi. Што рухне дом, вулiца - полымя жухне слупам аж пад неба. Вецер закруцiў ад боку мора з страшнай сiлай, несучы на Цэлiус, на Эсквiлiнум ды на Вiмiнал хвалi агню, галавешак i вугалля. Пачаўся ўжо й ратунак. Па загаду Тыгэлiна, якi на трэцi дзень прыбыў з Анцыюма, пачалi на Эсквiлiне бурыць дамы, каб не дапусцiць далей агню. Дарэмны гэта быў, аднак, ратунак нiбыта для ацалення астанкаў гораду, бо пра адратаванне таго, што пачало гарэць, не было чаго i думаць. Трэба было пры тым забяспечыцца i ад далейшых наступстваў пажару. Разам з Рымам гiнула вялiкае багацце, гiнула ўся маёмасць ягоных жыхароў, так што навакол гораду качавалi цяпер тысячы галайстры. Ужо на другi дзень голад пачаў дакучаць масам, бо незлiчоныя запасы емiны, замагазiнаванае ў горадзе, гарэлi разам з iм, а ў вагульнай каламесiцы i дэзарганiзацыi ўрадаў нiхто да гэтых пор не падумаў пра даставу новых. Аж толькi па прыездзе Тыгэлiна пайшлi ў Остыю адмысловыя загады, але прымеж таго народ станавiўся штораз бруднейшым.

Дом пры Аква Апiя, дзе да часу закватараваўся Тыгэлiн, акружалi натаўпы жанчын, што крычалi ад рання да позняе начы: «Хлеба i даху!» Дарэмна прэторыяне, выклiканыя з вялiкага абозу мiж вiа-Салярыя i Намэнтана, натужвалiся ўтрымаць сякi-такi лад. Сям-там сутыкалiся яны з аружным супрацiвам, а безабаронныя грамады крычалi, паказваючы на агонь: «Рэжце нас ля гэтага агню!» Зларэчылi цэзару, аўгустыянам, прэторыянам, i ўзбурэнне расло з кожнаю гадзiнай так, што Тыгэлiн, пазiраючы на тысячы вогнiшч вакол гораду, казаў сабе, што гэта лагеры ворагаў. Па ягоным загадзе апрача мукi даставiлi вялiкую колькасць печанага хлеба не толькi з Остыi, а i з усiх гарадоў i навакольных вёсак; але як толькi надыйшлi першыя транспарты ноччу да Эмпорыюма, народ адбiў галоўную браму з боку Авентыну ды ймгненна расхапiў запасы сярод суталакi. Пры бляску агню бiлiся за боханы хлеба i шмат утапталi ў зямлю. Мука з паразрываных мяшкоў пакрыла, як мелам, увесь прастор ад сверняў аж да луку Друзуса i Германiка, i хаатычны розрух трываў аж датуль, пакуль войска не абсадзiла ўсiх будынкаў ды не пачало адганяць натаўпу стрэламi.

Нiколi ад часаў нападу галаў пад камандаю Брэнна не спатыкала Рыму падобная злыбяда. Рабiлi параўнанне гэных двух пажараў. Але тады застаўся прынамсi Капiтоль. Цяпер i Капiтоль быў акружаны страшэнным вянком агню. Мармур не гарэў, праўда, агнём, але ноччу, калi вецер на хвiлiну расхiляў полымя, вiдаць былi шэрагi калюмнады вышняе святынi Ёвiша, нагрэтыя да чырванi i свецячыя, бы распаленыя вуглi. Урэшце, за часаў Брэнна Рым меў жыхарства здысцыплiнаванае, прывязанае да роднага гораду й святынь, а цяпер вось наўкола палаючае сталiцы качавалi рознамоўныя масы, па большай частцы нявольнiкi й вызвольнiкi, разгуканыя неслухi, гатовыя пад нацiскам голаду кiнуцца на ўладу.

Але сам гром пажару, напаўняючы сэрцы жахам, да пэўнае ступенi абяссiльваў масы. За няшчасцем агню магло прыйсцi няшчасце голаду й хваробаў, як на большую бяду, бо настала страшэнная лiпнёвая гарачыня. Распаленым ад агню й сонца паветрам нельга было зяхаць.

Ноч не толькi не прыносiла польгi, але станавiлася пеклам. Дзень адкрываў жахлiвае й злавеснае вiдовiшча. Усярэдзiне- велiзарны горад на ўзгорках, выглядаючы як разгуканы вулкан, а навокал, аж да Альбанскiх гораў, адно непрагляднае качовiшча будаў, палатак, шалашоў, вазоў, тачак, ношаў, крамаў, вогнiшч, прыслоненае дымам, пылам, асвечанае рудымi касулямi сонца, поўнае гоману, крыку, праклёнаў, нянавiсцi й страху, нялюдскi выгляд мужчын, жанчын i дзяцей. Памiж квiрытаў - грэкi, кудлатыя яснавокiя народы з поўначы, афры й азiяты; памiж грамадзянамi - нявольнiкi, вызвольнiкi, гладыятары, купцы, рамеснiкi, сяляне й ваякi; iснае мора людское, аблiваючае атоку агню.

Розныя весткi буялi тое мора, бы вецер - сапраўдныя хвалi. Былi памысныя й непамысныя. Расказвалi пра незлiчоныя запасы збожжа й адзежы, што хутка надойдуць у Эмпорыюм i будуць раздавацца дарма. Гаварылi таксама, быццам па загаду цэзара з азiяцкiх i афрыканскiх правiнцыяў будуць звозiцца багаццi i раздавацца памiж жыхарамi Рыму так, каб кожны мог сабе паставiць собскi дом. Адначасна хадзiлi й такiя навiны, што вада ў вадацягах затручана, што быццам Нэрон хоча знiшчыць горад, а мяшчан выгубiць да аднаго, каб перанесцiся ў Грэцыю цi Егiпет i адтуль валадарыць светам. Кожная пагалоска разыходзiлася лётам маланкi i знаходзiла сярод натаўпу веру, выклiкаючы або надзею, або заядлы гнеў, або страх. Урэшце нейкая гарачка спанавала тысячы качэўнiкаў. Вера хрысцiян, што агнявы канец свету блiзкi, шырылася i мiж паганамi з кожным днём штораз больш. Людзi трутнелi, шалелi. У ваблакох бачылi багоў, асвечаных загаравам, прыглядаючыхся загубе зямлi, i выцягалi да iх рукi па лiтасць або праклiналi iх. Тым часам войска пры дапамозе пэўнага лiку жыхароў разбурала ўсцяж камянiцы на Эсквiлiне, на Цэлiусе, а таксама i на Затыбры, якое дзякуючы гэтаму ў большай частцы ацалела. Але ў самым горадзе гарэлi незлiчоныя скарбы, награмаджаныя векавымi перамогамi, бясцэнныя творы мастацтва, стройныя святынi ды найдаражэйшыя памяткi рымскае мiнуўшчыны i славы. Прадбачвалася, што з усяго места ацалее некалькi толькi крайнiх кварталаў, а сотнi тысяч людзей застануцца без прытулiшча. Iншыя распаўсюджвалi таксама весткi, што ваякi разбураюць дамы не дзеля спыну агню, а дзеля таго, каб нiчагутка з гораду не засталося. Тыгэлiн прасiў-малiў у кожным пiсьме, каб цэзар прыехаў i сваёю прысутнасцю ўцiхамiрыў роспач народа. Але Нэрон рушыўся толькi тады, калi полымя агарнула «Domus Transitoria» [16], i спяшаўся, каб не страцiць нагоды, калi пажэжа дайшла да найвышэйшае магутнасцi.

XLVII

Агонь тым часам дасягнуў да вiа-Намэнтана, а ад яе разам з пераменаю ветру адвярнуўся да вiа-Лата [17] й да Тыбру, акружыў Капiтоль, разлiўся на Форум Боарыюм i, пустошачы ўсё, што ў першым iмпэце абмiнуў, зноў наблiжыўся да Палатыну. Тыгэлiн, сабраўшы ўсе сiлы прэторыянаў, слаў пасланца за пасланцом насустрач цэзару з даносамi, што святазарнасць вiдовiшча штораз паляпшаецца, бо пажар узмагаецца. Нэрон хацеў прыспець ноччу, каб тым лепш насыцiцца вiдовiшчам пагубы гораду. Для гэнае мэты затрымаўся ў ваколiцах Аква Альбана i пры помачы трагiка Алiтуруса ўкладаў позу, мiмiку, позiрк, вучыўся розных манераў, заўзята спрачаючыся, цi пры словах «О, святы градзе, што трывалейшым меў быцi, чым Iда» падыме ўгару абедзве рукi, цi, трымаючы ў аднэй формiнгу, апусцiць яе, а падыме толькi другую. I гэнае пытанне выдавалася яму ў той хвiлiне важнейшым ад усiх iншых. Выехаўшы ўрэшце на змярканнi, раiўся яшчэ з Пятронiем, цi не было б добра ў вершы, апiсваючым няшчасце, памясцiць пару стройных блюзнерстваў супраць багоў, цi iх не вымагае мастацтва ў даным выпадку i сiтуацыя чалавека, аглядаючага гiбель бацькаўшчыны.

Каля поўначы пад'ехаў урэшце да гораду разам з вяльможнаю сваёю свiтаю, дваранамi, сенатарамi, рыцарамi, вызвольнiкамi, нявольнiкамi, дамамi й дзецьмi. Шаснаццаць тысяч прэторыянаў, устаўленых баявымi шэрагамi па дарозе, пiльнавала ягонага прыезду, трымала ў цугундары разгуканыя масы народу. Народ праклiнаў, крычаў, свiстаў, гледзячы на карагод, не смеў, аднак, на яго крануцца. У многiх пунктах галайстра нат i вiватавала, бо яна, нiчога не маючы, нiчога ў пажары не страцiла, а спадзявалася болей шчодрага раздавання збожжа, алiвы, вопраткi i грошай. Урэшце i воклiкi, i свiсты, i воплескi заглушыў гук трубаў i рагоў па загаду Тыгэлiна. Нэрон, праехаўшы Остыйскую браму, затрымаўся на хвiлiну i прадэкламаваў: «Бяздомны ўладар бяздомнага народу, дзе ж прытулю нанач бяздольную сваю голаў!» - далей, мiнуўшы схiл Дэльфiна, падняўся па прыгатаваных для сябе сходах на Апiйскi вадацяг, а за iм - аўгустыяне i хор спевакоў з цытрамi, лютнямi ды iншым музычным прыладдзем.

Усе ўстрымалi дыханне ў грудзях, цi не выкажа, бач, якiх вялiкiх слоў, што дзеля ўласнае бяспекi трэ было запамятаць. Але стаяў важна, нямы, прыбраны ў пурпуровы плашч i вянец з лаўраў залатых, азiраючы расшалелую сiлу полымя. Тэрпнас падаў яму залатую лютню. Ён падняў вочы да неба, аблiтага загаравам, як бы чакаў натхнення.

Народ паказваў на яго рукамi здалёк, аблiтага крывавым бляскам. Далёка сычэлi вужы полымя i гарэлi векавыя найсвяцейшыя рэлiквii: гарэла святыня Геркулеса, якую збудаваў Эўандар, i святыня Ёвiша Статара, i святыня Луны, пастаўленая яшчэ Сэрвiем Тулiем, i дом Нумы Пампiлiя, i святыня Весты з пенатамi рымскага народу, у грывах пламянiстых паказваўся часамi Капiтоль, гарэла мiнуўшчына й душа Рыму, а ён, Цэзар, стаяў з лютняю ў руцэ, з мiнаю трагiчнага актора i з думкаю не пра гiнучую айчыну, а пра позу i патэтычныя сказы, якiмi б найлепш можна было выказаць вялiкасць злыбяды, выклiкаць найбольшы подзiў ды найгарачэйшае брава.

Ненавiдзеў ён той горад, ненавiдзеў ягоных жыхароў, любiў толькi свае песнi й паэзiю, дык у душы цешыўся, што ўрэшце аглядае трагедыю, падобную да тае, якую апiсваў. Вершаплёт пачуваўся шчаслiвым, дэкламатар пачуваўся натхнёным, смакун уражанняў упойваўся жахлiвым вiдовiшчам i рабiў раскошнае параўнанне, што нат заглада Троi не магла дараўняць загладзе гэнага велiзарнага гораду. Чаго ж больш яшчэ мог жадаць? Вось Рым, Рым светаўладны, гарыць, а ён стаiць на аркадзе вадацягу з залатою лютняй у руцэ, далёкапрыкметны, пурпуровы, у моры подзiву, светазарны, паэтычны! Там далёка ў цьме гудзе й абураецца народ! Хай гудзе! Мiнуць стагоддзi, тысячы гадоў пройдзе, а людзi памятацiмуць i славiцiмуць гэтага паэта, якi ў такую ноч апяваў упадак i пажар Троi. Кiм жа ў параўнаннi з iм ёсць Гомэр? Кiм сам Апалон з сваёю рэзьбянаю формiнгай? Тут падняў рукi i, крануўшы струны, адазваўся словамi Прыяма:

О, гняздо бацькоў маiх, о калыска мiла!..

Голас на адкрытым прасторы пры гуку пажару i пры далёкiм гомане шматтысячнага натаўпу выдаваўся надта нiклы, дрыжачы й слабы, а звон акампанементу звiнеў, бы дзыканне мухi. Сенатары, урадаўцы i аўгустыяне, сабраныя на вадацягу, нахiлiлi галовы, слухаючы з нямым захапленнем. А ён доўга пяяў, пяяў, штораз жаласней. У момантах, калi ўрываў дзеля перахопу паветра, хор спевакоў паўтараў апошнiя вершы, пасля, скiнуўшы з плячэй адрэпетаваным у Алiтура рухам трагiчную шырму, зноў крануў струны, зноў пяяў. Скончыўшы ўрэшце песню, загадзя ўложаную, пачаў iмправiзаваць, шукаючы вялiкiх параўнанняў у вiдовiшчы, якое рассцiлалася перад iм. На твары вiдаць былi ўнутраныя перажываннi. Не праймала яго гiбель радзiмага гораду, але ўпаiўся i расхваляваўся пафасам уласных слоў да таго, што ўпусцiў брынчачую лютню пад ногi i, ахiнуўшыся ў шырму, стаяў, бы скамянелы, падобны да аднаго з тых мармуровых Нiобiдаў, якiя ўпрыгажалi дворышча Палатыну.

Па кароткай хвiлiне маўчання загрымела бура воплескаў. Але воддаль адказала ёй выццё натаўпу. Цяпер нiхто там ужо не сумняваўся, што гэта цэзар загадаў спалiць горад, каб зрабiць сабе вiдовiшча й пяяць пры iм песнi. Нэрон, пачуўшы той крык тысячных галасоў, звяртаецца да аўгустыянаў з сумнай, поўнай расчаравання мiнай пакрыўджанага чалавека i кажа:

- Вось як квiрыты ўмеюць цанiць мяне й паэзiю.

- Злыднi! - адказаў Ватынiй.- Напусцi на iх прэторыянаў!

Нэрон звярнуўся да Тыгэлiна:

- Цi магу спадзявацца вернасцi ад вояў?

- Так, боскi! - адрапартаваў прэфект.

Пятронi пацiснуў плячыма:

- На iхнюю вернасць, але не колькасць,- дадаў.- Застанься тым часам тут, дзе стаiш, бо тут найбеспячней, а той народ трэ ўцiхамiрыць.

Тое самае думалi i Сэнэка, i консул Люцынiй. Тым часам на нiзе ўзбурэнне расло. Народ узбройваўся каменнямi й каламi ад палатак, дошкамi з вазоў i тачак ды розным жалеззем. Незабаўна некалькi кагортавых камандантаў прыйшло з дакладам, што прэторыяне ледзь вытрымоўваюць лiнiю ад налягаючай хвалi ўзбуранага народу i, не маючы загаду бiць, не ведаюць, што рабiць.

- О, богi! - наракае Нэрон.- Што за ноч! З аднаго боку пажар, з другога - разгуканае мора народу.

I пачаў шукаць далей сказаў, якiя б найстрайней маглi выказаць жудасць хвiлiны, але, бачачы навокал блядыя трывожныя мiны, таксама спалохаўся.

- Дайце цёмны плашч з каптуром! - адазваўся.- Цi сапраўды можа дайсцi да бiтвы?

- Уладару,- адказаў няпэўным тонам Тыгэлiн,- я зрабiў усё, што мог, але небяспека ёсць паважная... Звярнiся да народу, боскi, з абяцанкамi.

- Цэзар будзе гаварыць да галайстры? Хай гэта выканае iншы хто ад майго iмя. Хто падручыцца?

- Я! - адказаў Пятронi.

- Iдзi, дружа! Ты найвярнейшы ў кожнай патрэбе... Iдзi i абяцанак не шкадуй!

Пятронi звярнуўся да прысутных з мiнаю пагардлiвай ды iранiчнай:

- Прысутныя тут сенатары,- кажа,- ды акрамя iх Пiзон, Нэрва i Сэнэцый паедуць са мною.

I важна зыйшоў з вадацягу, а тыя, якiх паклiкаў - за iм, не без хiслiвасцi, але з пэўнаю льгою, чэрпанаю з ягонай дастойнай спакойнасцi. Пятронi, затрымаўшыся пад аркадамi, загадаў падаць сабе белага каня, сеў на яго i паехаў на чале з таварышамi праз глыбокiя шэрагi прэторыянаў, да чорнай выючай масы, безабаронны, трымаючы ў руцэ тонкi кiёчак з косцi слановай, з якiм прызвычаiўся хадзiць.

I, пад'ехаўшы зусiм, упёр каня ў натаўп. Кругом, як вока сягала, вiдзён быў лес рук, узброеных, чым трапiла, раз'юшаныя вочы, аблiтыя потам твары i разрыканыя запененыя вусны. Расшалелая хваля ўмiг акружыла ягоную кампанiю, за ёю вiдаць было iснае мора галоў - хвалюючае, кiпучае, страшэннае. Крыкi змагутнелi й змянiлiся ў нялюдскi рык. Калы, вiлы, а нат шаблi кiвалiся над галавою Пятронiя. Дзярлiвыя рукi лавiлi цуглi ягонага каня ды яго самога, а ён уязджаў штораз глыбей, халодны, сухадушны, з мiнаю абрызглай. Часамi валiў кiем па галаве найзаядлейшых так, як бы расчышчаў сабе дарогу, i тая самапэўнасць i безтрывожнасць ягоная будзiла ў натаўпе подзiў. Пазналi яго ўрэшце, i многiя галасы пачалi крычаць:

- Пятронi! Arbiter elegantiarum! Пятронi!

- Пятронi!!! - загуло з усiх бакоў.

I чым больш паўтарана гэна iмя, тым больш гасла зайздрасць i пагроза, бо гэны статны патрыцый, хоць нiколi не шукаў ласкi ў народа, быў аднак ягоным пюпiлам. Меў славу чалавека людскога, шчодрага, а папулярнасць ягоная пашыралася злашча ад часаў справы Пэданiя Сэкунда, для якога дамагаўся лагоднага прысуду, каторым прыгавораны былi да смерцi ўсе нявольнiкi прэфекта. Злашча нявольнiкi любiлi яго ад тае пары такою любоўю, як людзi прыгнобленыя й бяздольныя звычайна любяць тых, хто хоць крыху аказвае iм спачуцця. Да таго далучалася шчэ й цiкавасць: што скажа высланнiк цэзара, бо нiхто не сумняваўся, што цэзар выслаў яго знарок. А ён, зняўшы з сябе сваю белую, аблямаваную шкарлатам, тогу, падняў яе ўгару i пачаў матляць над галавамi, каб даць знаць, што хоча прамовiць.

- Цiха! Маўчэце! - пайшло па ўсёй масе.

Цераз хвiлiну настала цiшыня. Тады ён выпраставаўся на канi i пачаў гаварыць пераканаўчым спакойным голасам:

- Грамадзяне! Хай тыя, што пачуюць мае словы, перакажуць тым, што стаяць далей, а ўсе трымайцеся, як людзi, не як быдлята на арэнах!

- Слухаем! Слухаем!

- Дык слухайце! Горад будзе адбудаваны. Паркi Лукула, Мецэната, Цэзара i Агрыпiны для вас будуць адкрыты! Узаўтра распачнецца выдача збожжа, вiна i алiвы так, каб кожны мог напоўнiць жывот аж да горла! Пасля цэзар справiць вам iгрышчы, якiх свет не бачыў дагэтуль, будзе пачостка i дарункi. Багацейшымi будзеце па пажары, чым перад пажарам! Прыцiшны гул пакацiўся на ўсе бакi, бы хвалi па вадзе, у якую ўпаў камень: гэна блiжэйшыя пераказвалi словы далейшым. Там-сям адгукнулiся таксама крыкi гневу або патакавання, якiя хутка змянiлiся ў адзiн магутны вераск:

- Раnem et circenses!!!... [18]

Пятронi атулiўся ў тогу i праз нейкi час слухаў непарушна, падобны ў сваёй белай вопратцы да мармуровай статуi. Вераск магутнеў, глушыў гук пажару, адзываўся з усiх бакоў, штораз глыбейшы, а высланец усё чакаў, мабыць, яшчэ нешта хацеў сказаць, i, уцiшыўшы рукою раскрычанае мора, адазваўся:

- Будзеце мець pаnem et circenses, гукнеце толькi на гонар цэзара, якi кормiць вас, апранае, ды йдзi спаць, галайстра, бо хутка ўжо свiтацiме!

Гэта сказаўшы, завярнуў каня i, трэплючы злёгку кiем па галовах тых, што стаялi на дарозе, паехаў паволi да шэрагаў прэторыянаў. Незабаўна быў пры вадацягу. Наверсе застаў пярэпалах. Не зразумелi там окрыку: «Хлеба й iгрышчаў!» - думалi, гэта новы гром злосцi. Не спадзявалiся, каб Пятронi мог ацалець, дык Нэрон, згледзеўшы яго, падбег аж пад сходы i з бледнаю ад страха мiнай пачаў пытаць:

- Ну, што? Што там дзеецца? Цi ўжо б'юцца?

Пятронi, набраўшы паветра ў грудзi, зяхнуў глыбока й кажа:

- На Палукса! Пацеюць i смярдзяць! Дайце хто эпiлiму, а то самлею.

Пасля звяртаецца да цэзара:

- Абяцаў я iм,- кажа,- збожжа, алiву, адкрыццё паркаў ды iгрышчы.

Абажаюць цябе зноў i дзяруцца выпятрэлымi вуснамi на вiват табе... О, богi! Як жа гэны плебс смярдзiць!

- Я меў прэторыянаў гатовых,- адзываецца Тыгэлiн,- i каб не супакоiў крыкуноў ты, дык супакоiў бы я iх навекi. Шкада, цэзар, што не дазволiў ты мне з iмi пагуляць.

Пятронi зiрнуў на мовячага, пацiснуў характарыстычна плячыма й гавора:

- Гэта ж яшчэ не прапашча, вось мо ўзаўтра мусiцiмеш спрабаваць свае рэкламаванае сiлы.

- Ды не, не! - кажа цэзар.- Загадаю адчынiць iм паркi ды раздаваць збожжа. Дзякую табе, Пятронi! Iгрышчы спраўлю, а гэную песню, што пяяў я вам сяння, адпяю публiчна.

Гэта сказаўшы, узяў за плячо Пятронiя i па хвiлiне маўчання ды апрытомлiвання пытае:

- Скажы шчыра: як я табе падабаўся падчас пяяння?

- Ты быў годны вiдовiшча, а вiдовiшча - цябе,- адказаў Пятронi.

I, звярнуўшыся да пажару, дадаў:

- Прыгледзьмася яшчэ ды развiтаемся з старым Рымам.

ХLVIII

Словы Апостала ўзмацавалi надзею ў душы хрысцiян. Канец свету заўсёды выдаваўся iм блiзкi, пачалi аднак верыць, што страшны суд не прыйдзе хутка, што перад гэтым аглядацiмуць мо шчэ канец панавання Нэронава, якое яны ўважалi за панаванне антыхрыста, за кару Божую, выклiканую ягонымi лiхадзействамi. Падмацаваўшыся на духу, пачалi расходзiцца, скончыўшы малiтвы, i вяртацца да сваiх прытулiшч, а нат i на Затыбра, бо прыйшлi весткi, што агонь, падложаны ў колькiнаццацi пунктах, закруцiў разам з ветрам зноў да ракi i, стравiўшы тут i там, што мог стравiць, перастаў шырыцца.

Апостал разам з Вiнiцiем выйшаў з падзямелля. Хiлон валокся за iмi. Малады трыбун не смеў перарываць спадарожнiку малiтвы, дык праз нейкi час iшлi моўчкi, вачыма толькi молячы злiтавання. Шмат асобаў падбягала, каб пацалаваць вопратку Апостала, маткi выстаўлялi да яго дзяцей, iншыя кленчылi ў цёмным праходзе i, падыймаючы ўгару святлiкi, прасiлi багаслаўлення; а iншыя, iдучы побач, пяялi, так што не было адпаведнае нагоды на гутарку. Аж калi выйшлi на прастарнейшае мейсца, адкуль вiдаць было пажарышча, Апостал, перажагнаўшы яго тры разы, звярнуўся да Вiнiцiя й кажа:

- Не трывожся. Недалёка адгэтуль ёсць хата фосара [19], дзе застанем Лiгiю з Лiнусам i з верным ейным слугою. Хрыстус, якi табе прызначыў яе, захаваў яе.

Вiнiць захiстаўся й абапёрся рукою ля скалы. Падарожжа з Анцыюма, здарэннi ў дарозе, пошукi Лiгii ў гарачым дыме, бяссоннiца i страшная трывога пра яе падарвалi ягоныя сiлы, а радасная вестка хуткага спаткання свае найдаражэйшае зусiм падцяла яму ногi. Аслабелы, асунуўся да ног Апосталавых i, абняўшы каленi, трымаў iх, не могучы вымавiць слова.

А Апостал, баронячыся ад пашаны й падзякi, сказаў яму:

- Не мне, не мне, толькi Хрысту!

- Што за важнае боства! - адазваўся ззаду голас Хiлона.- Але не ведаю, што рабiць з муламi, якiя чакаюць недалёка.

- Устань i хадзем са мною,- кажа Пётр, беручы юнака за руку.

Вiнiць устаў. Пры месячным бляску вiдаць былi слёзы, сплываючыя па збялелым твары. Вусны дрыжалi, бы ў малiтве.

- Хадзем,- кажа.

Але Хiлон зноў адзываецца:

- Што мне рабiць з муламi, спадару, чакаюць тут? Можа, гэты дастойны прарок захацеў бы пад'ехаць?

Вiнiць сам не ведаў, што адказаць, але, пачуўшы ад Пятра, што хата фосара тут жа, недалёка, загадаў:

- Адвядзi мулы да Макрына.

- Выбачай, спадару, што асмелюся прыгадаць табе дом у Амэр'ёлi. Падчас такога страшнага пажару лёгка забыцца на гэткую дробязь.

- Атрымаеш яго.

- О, унуку Нумы Пампiлiя, я нiколi не сумняваўся, але цяпер, калi абяцанку чуў i гэты велiкадушны Апостал, не нагадваю нат таго, што ты ж абяцаў мне й вiннiцу. Рах vobiscum! Я знайду цябе, спадару. Рах vobiscum!

Яны адказалi:

- Et tecum! [20]

I завярнулiся абодва направа, да ўзгорку. Iдучы, Вiнiць кажа:

- Домiне, абмый мяне вадою хросту, каб мог я ўрэшце называцца сапраўдным вызнавальнiкам Хрыста, бо Яго мiлую з усiх сiл мае душы. Абмый мяне безадкладна, бо я ў сэрцы ўжо гатовы. I што мне загадае, тое рабiцiму, але ты мне скажы, што апрача таго я мушу зрабiць.

- Любi людзей, як сваiх братоў,- павучае Апостал,- бо толькi любоўю магчымеш Яму служыць.

- Так! Я гэта ўжо разумею i адчуваю. Будучы дзiцём, я верыў у рымскiх багоў, але не любiў я iх, а гэнага Адзiнага люблю так, што з радасцю аддаў бы за Яго жыццё.

Вочы падняў да неба i гаварыў з настроем:

- Бо Ён ёсць адзiны! Ён адзiн добры й мiласэрны! Дык хоць бы згiнуў цэлы горад гэты, а нат увесь свет, Яму аднаму сведчыцiму, Яму вызнавацiму!

- А Ён багаславiцiме цябе i дом твой,- дакончыў Апостал.

I ўвайшлi ў другi сухадол-мiжгор'е, на канцы якога мiгацела мутнае святло. Пётр паказаў рукою й кажа:

- Гэта хата капача, якi нас прыгарнуў, як, вярнуўшыся з хворым Лiнам з Острыянума, не маглi мы прабрацца на Затыбра.

Па хвiлiне прыйшлi. Была гэта хутчэй пячура, не хата, выдзеўбленая ў заломе скалы, залепленая звонку глiнянаю сцяною. Дзверы былi зачынены, але праз атворышча замест акна вiдаць было асвечанае вогнiшчам нутро. Нейкая цёмная вялiгурная постаць устала на спатканне iм i спытала:

- Хто вы?

- Слугi Хрыстовыя,- адказаў Пётр.- Рах табе.

Урсус схiлiўся да ног Апостала, пасля, пазнаўшы Вiнiцiя, хапiў ля косткi ягоную руку i пацалаваў.

- I ты, спадару? - адазваўся.- Багаслаўлёна iмя Збаўцы за радасць, якою пацешыш Калiну.

Гэта сказаўшы, адчынiў дзверы, i ўвайшлi. На пучку саломы ляжаў хворы, жоўты, бы слановая косць, Лiнус. Ля вогнiшча сядзела Лiгiя, трымаючы ў руках вязку нанiзаных на шнурок, прызначаных, мабыць, на вячэру, рыбак. Заклапочаная здыманнем з шнурка рыбаў i думаючы, што ўваходзiць Урсус, не кранулася з мейсца. Але Вiнiць падыйшоў i, вымавiўшы ейнае iмя, працягнуў да яе рукi. Вомiг паднялася на ногi, маланка здзiўлення й радасцi зайграла на ейным твары, i без слова, бы дзiцянё, знайшоўшае пасля трывогi бацьку цi мацi, кiнулася да яго.

А ён абняў яе i прытулiў да грудзей з такою ж самаю радасцю, як бы цудоўна ўратаваную. Пасля ўзяў у далонi ейны твар, цалаваў чало, вочы ды зноў абняў яе, паўтараючы ейнае iмя, нахiляўся да каленяў, да рук ейных, вiтаў яе, песцiў вачыма. Радасцi ягонай папросту не было межаў, так як ягонаму каханню й шчасцю.

Урэшце пачаў ёй расказваць, як прыляцеў з Анцыюма, як шукаў яе ў горадзе ў хмарах дыму ў доме Лiна, колькi намаркоцiўся й натрывожыўся, колькi нацярпеўся, пакуль не паказаў Апостал яму ейнага прытулiшча.

- Ну, але цяпер,- казаў,- як знайшоў я цябе, не пакiну ў гэтым агнi й расшалелым натаўпе. Людзi тут б'юцца, мардуюцца, абураюцца, нявольнiкi займаюцца рабаўнiцтвам. Бог адзiн ведае, што спаткаць можа Рым. Але выратую цябе i вас усiх. О мiлая мая!.. Цi хочаце ехаць са мною да Анцыюма? Там сядзем на мараплаў ды паплывем на Сiцылiю. Мая зямля - гэта вашая зямля, мае дамы - гэта вашыя дамы. Слухай! У Сiцылii знойдзем Аўлаў, аддам цябе Пампонii i вазьму пасля з ейных рук. Адыж ты, о carissima, не баiшся ўжо мяне больш? Яшчэ не абмыў мяне хрост, але запытай вось Пятра, цi я нядаўна, iдучы да цябе, не казаў, што хачу быць праўдзiвым вызнаўцам Хрыстовым, ды цi не прасiў яго, каб ахрысцiў мяне хоць бы i ў гэтай хаце фосара? Вер мне, i верце мне ўсе.

Лiгiя слухала гэных слоў з сонечным воблiкам. Усе тутака з прычыны пераследу з боку жыдоў, з прычыны пажару i закалотаў, выклiканых злыбядою, сапраўды ў заўсёднай трывозе й няпэўнасцi. Выезд у спакойную Сiцылiю палажыў бы канец трывозе i адначасна адкрыў бы новую пару шчасця ў iхнiм жыццi. Каб Вiнiць пры гэтым манiўся забраць самую толькi Лiгiю, напэўна, супрацiвiлася б спакусе, не хочучы пакiдаць Апостала Пятра i Лiна, але Вiнiць жа казаў iм: «Едзьце са мною! Мая зямля - гэта вашая зямля, дамы мае - гэта вашыя дамы!»

Дык, пахiлiўшыся да ягоных рук з намерам цалунку ў знак паслухмянасцi, кажа:

- Твой хатнi агмень ёсць i маiм.

Засаромелая гэных сваiх слоў, якiя паводле рымскага звычаю вымаўлялi толькi сужэнкi пры вянчаннi, зарумянiлася небарака i стаяла ў бляску агню з апушчанай галованькай, няпэўная, цi не дакарацiмуць ёй за гэта. Але ўваччу Вiнiцiя малявалася толькi пашана. Звярнуўся пасля да Пятра i пачаў зноў гаварыць:

- Рым гарыць па загаду цэзара. Яшчэ ў Анцыюме ён наракаў, што не бачыў нiколi вялiкага пажару. Але, калi адважыўся на такое лiхадзейства, падумайце, што яшчэ можа стацца. Хто ведае, цi, сабраўшы войска, не загадае вымардаваць жыхароў? Хто ведае, якiя пакажуцца праскрыпцыi загаду? Хто ведае, цi па няшчасцi пажару не прыйдзе бяда хатняе вайны, разбойства й голаду? Дык хавайцеся i хавайма Лiгiю. Там перачакаеце буру спакойна i зноў вернецеся сеяць вашае зерне.

Звонку ад боку Аger Vaticanus, казаў бы для прыпячатання Вiнiцiевых слоў, адазвалiся нейкiя далёкiя крыкi, заядлыя, жахлiвыя. У тым жа моманце ўвайшоў у хату гаспадар i, зачынiўшы прытка дзверы, адазваўся:

- Ля цырку Нэрона людзi мардуюцца. Нявольнiкi й гладыятары кiнулiся на грамадзян.

- Чуеце? - кажа Вiнiць.

- Дапаўняецца мера,- тлумачыць Апостал,- i будуць беды, бы безбярэжнае мора.

Пасля звярнуўся да Вiнiцiя i, паказваючы Лiгiю, сказаў:

- Вазьмi гэтае дзяўчо, што Бог табе прызначыў, i ўсцеражы яе, а хворы

Лiн i Урсус хай таксама едуць з вамi.

Але Вiнiць, якi палюбiў Апостала ўсёю сiлаю свае гарачае душы, кажа:

- Прысягаю перад табою, вучыцелю, што не пакiну цябе тут на згубу.

- Багаславi Божа цябе за тваю ахвоту,- адказаў Апостал,- але цi ж не чуў ты, што Хрыстус тройчы паўтараў мне: «Пасi авечкi мае!»

Вiнiць замоўк.

- Дык калi ты, якому нiхто не даверыў нада мною апекi, кажаш, што не пакiнеш мяне тут на згубу, як жа хочаш, каб я аддалiўся ад статку майго падчас гора й няшчасця? Калi была бура на возеры, калi мы ўсе трывожылiся ў душы, Ён не пакiнуў нас, дык як жа мне, слузе, не йсцi за прыкладам свайго Спадара? Нараз Лiн падняў сваё сухое аблiчча й спытаў:

- А як жа мне, Божы Намеснiку, не йсцi за тваiм прыкладам?

Вiнiць вадзiў рукою па затурбаванай галаве, моў змагаючыся з самiм сабою, з думкамi сваiмi, пасля, хапiўшы Лiгiю за руку, адазваўся энергiчным тонам рымскага ваяка:

- Слухайце мяне, Пётра, Лiне й ты, Лiгiя! Я гаварыў вам тое, што мне дыктаваў мой людскi розум, але вы маеце iншы, якi не ўласнае бяспекi глядзiць, але загадаў Збаўцы. Так! Я не цямлю таго i зблудзiў, бо з вачэй маiх не знята яшчэ бяльмо, i даўняя натура адзываецца ўва мне. Але як мне мiлы Хрыстус i служба Яму ды тыя, пра каго мне тут расходзiцца, кленчу вось перад вамi i прысягаю, што i я споўню загад любовi i не пакiну братоў маiх у iхнiм горы.

Гэта сказаўшы, укленчыў, i нагла агарнула яго як бы экстаза, вочы i рукi падняў угару, адзываючыся:

- Цi разумею Цябе ўжо, Хрысце? Цi я годзен Цябе?

Ягоныя рукi дрыжалi, вочы набеглi слязьмi, на аблiччы маляваўся акт веры й любовi, а Апостал Пётр узяў глiняную амфару з вадою i, падыйшоўшы да яго, паважна адазваўся:

- Хрышчу цябе ў iмя Айца i Сына i Духа Святога!

Рэлiгiйная экстаза агарнула ўсiх прысутных. Здавалася iм, хата напаўняецца нейкiм надземным святлом, чуюць засветную музыку, скала пячоры адкрываецца над iмi, з неба плыве рой анёлаў, а ўгары крыж i багаславячыя прыбiтыя рукi. А за хатаю разлягалiся крыкi дзiкага людскога змагання i гук полымя, пажыраючага горад.

ХLIХ

Людскiя качовiшчы разлажылiся ў маляўнiчых парках Цэзара, даўных - Дамiцыi й Агрыпiны, на Марсавым полi, у парку Пампея, Салюстыя i Мецэната. Пазаймалi портыкi, будынкi, прызначаныя для гульняў у шпурляк, раскошныя лецiшчы i шопы для звярат. Павы, фламiнгi, лебедзi i страусы, газэлi й антылопы з Афрыкi, аленi i сарны, трыманыя дзеля ўпрыгожання паркаў, пайшлi пад нож. Емiны пачалi дастаўляць з Остыi так многа, што па плытох i разнастайных вадаплавах з аднаго боку Тыбру на другi можна было пераходзiць, як па мосце. Раздавалi збожжа па надта нiзкай цане трох сэстэрцыяў, а бяднейшым - цалкам дарма. Дастаўлены вялiкiя запасы вiна, алiвы i каштанаў, з гораў прыганялi штодня табуны валоў i авечак. Бедната, што схавалася ад пажару ў завулках Субуры i ў нармальныя часы галадаючая, жыла цяпер лепей, чым упярод. Пагроза голаду была аддалена, але цяжэй аказалася змагацца з гвалтам, рабаўнiцтвам i зламыснiцтвам. Беспрытульнасць качуючага натаўпу спрыяла бяскарнасцi зладзеяў, скурадзёраў, тым больш, што аглашалiся прыхваснямi цэзара i не шкадавалi яму воплескаў пры кожнай нагодзе. Калi розныя ўстановы не функцыянавалi ды недахоп было мясцовай збройнай сiлы, якая магла б спыняць свавольства, буянства ўсёсветнага зброду, што напаўняў тагдышнюю найбольшую сталiцу свету, дзеялiся неймаверныя рэчы. Штоноч здаралiся бойкi, забойствы, хапаннi жанчын i дзяцей. Пры порта-Мугiёнiс, дзе стаяла прыганянае з Кампаньi быдла, даходзiла часта да бiтвы, у якой гiнула сотнi людзей. Кожнае ранiцы берагi Тыбру ўсланыя былi тапельцамi, якiх нiхто не хаваў, а якiя ад гарачынi пачыналi гнiсцi i атручваць паветра смуродам. На табарышчах пачалiся хваробы, i баязлiўныя прадвяшчалi вялiкi паморак.

А горад яшчэ ўсё гарэў. Шостага толькi дня агонь, спаткаўшы пустую шыр Эсквiлiну, дзе знарок разбурана вялiкую колькасць дамоў, пачаў слабець. Але кучы раз'яранага вуголля свяцiлi шчэ так моцна, што народ не хацеў верыць у канец злыбяды. I сёмае ночы пажар з новаю сiлаю аднавiўся ў будынках Тыгэлiна, не маючы, аднак, тлушчу, трываў ужо нядоўга. Анно перагарэлыя камянiцы тут i там западалiся, выцiскаючы ўгару пламянiстыя вужы i слупы iскраў. Некаторыя вогнiшчы, гарачыя ўсярэдзiне, зверху пачалi чарнець. Небасхiл перастаў па захадзе сонца чырванiцца крывавым загаравам, i толькi падчас ночы на разлеглай чорнай пустэчы скакалi блакiтныя языкi з кучаў вуголля. З чатырнаццацi кварталаў Рыму засталося толькi чатыры разам з Затыбрам. Астатняе зжор агонь. Калi ўрэшце кучы вуголля спапялелi, вiдаць была, пачаўшы ад Тыбру аж да Эсквiлiну, шырокая пространь шэрая, сумная, мёртвая, на якой тырчалi шэрагi камiнаў, бы надгробныя калоны на магiльнiку. Мiж тымi калонамi снавалi ўдзень маркотныя грамады людзей, шукаючыя то дарагiх рэчаў, то касцей дарагiх асоб. Ноччу вылi сабакi на папялiшчах даўных дамоў.

Цэлая шчодрасць i спамога, якую цэзар аказаў людзям, не паўстрымала наракання i абурэння. Задаволены быў толькi натаўп басякоў, зладзеяў i бяздомнае галiты, якi мог удосталь есцi, пiць i рабаваць. А людзi, якiя страцiлi найблiжэйшыя iстоты, маёмасць, не далi сябе аблашчыць нi адкрыццём паркаў, нi збыткам збожжа, нi абяцанкамi гульняў ды дарункаў. Няшчасце было надта вялiкае, нечуванае. Iншых, у каго тлiлася яшчэ якая iскра прывязанасцi да горада-бацькаўшчыны, даводзiла да роспачы вестка, што старая назова Рома загiне, што цэзар новаадбудаваны горад манiцца назваць Нэропалiс. Хваля незадавальнення расла з кожным днём i, мiма падхлебнiцтва аўгустыянаў, мiма лгарства Тыгэлiна, Нэрон, чулы, як нiхто з папярэднiкаў-цэзараў, на ласку натоўпу, з трывогаю думаў, што ў глухiм змаганнi на смерць i жыццё, якое вёў з патрыцыятам i сенатам, можа страцiць падпору. Самi аўгустыяне не менш трывожылiся, бо кожны заўтрашнi дзень мог iм прынесцi загубу. Тыгэлiн манiўся адклiкаць некалькi легiяў з Малое Азii; Ватынiй, якi рагатаў нат тады, калi бiлi яго па пысе, згубiў цяпер зусiм гумар; Вiтэлi згубiў апетыт.

Iншыя талкавалi мiж сабою, як адвярнуць небяспеку, для нiкога бо не было таямнiцай, што калi б якi закалот зрабiў канец цэзару, дык за выключэннем аднаго мо Пятронiя анiводзiн з аўгустыянаў не застаўся б жывы. Бо яны накручвалi цэзара на ўсе шалёныя лiхадзействы, якiя тварыў. Нянавiсць супраць iх была, бадай, мацнейшай, чым супраць цэзара.

Дык пачалi круцiць мазгамi, як бы скiнуць з сябе адказнасць за падпал гораду. Але, каб скiнуць яе з сябе, трэ скiнуць яе i з цэзара, iнакш бо нiхто не паверыць, што бяду не яны спрычынiлi. Тыгэлiн раiўся ў гэтай справе з Дамiцыем Афрам, а нат i з Сэнэкай, хоць яго ненавiдзеў.

Папея, разумеючы таксама, што згуба Нэрона спрычынiла б i ёй канец, пытала рады ў сваiх павернiкаў i гебрайскiх святароў, бо праўдападобна вызнавала веру Еговы. Нэрон вымысляў свае спосабы, часта страшныя, часцей блазноцкiя, i то дрыжаў ад страху, то блазнаваў па-дзiцячаму, а перад усiм наракаў. Раз нейк у ацалеўшым ад пажару доме Тыбэрыя адбывалася доўгая й бясплённая нарада. Пятронi быў тае думкi, каб, кiнуўшы турботы, ехаць у Грэцыю, пасля ў Егiпет i Малую Азiю. Тым болей, што аб гэным падарожжы было вырашана даўно, дык нашто яго адкладаць тады, як у Рыме i маркотна, i небяспечна.

Цэзар прыняў раду энтузiястычна, але Сэнэка падумаў хвiлiну i сказаў:

- Паехаць лёгка, але вярнуцца цяжэй.

- На Геракла!- адказаў Пятронi.- Вярнуцца можна на чале азiяцкiх легiяў.

- Так i зраблю,- адазваўся Нэрон.

Але пачаў гэтаму супрацiўляцца Тыгэлiн. Сам не ўмеў нiчога мудрэйшага прыдумаць i, каб яму прыйшоў у голаў Пятронiеў помысел, агалосiў бы яго бессумнiўна як збавiцельны, расходзiлася аднак яму пра тое, каб зноў Пятронi не аказаўся адзiным чалавекам, якi ў цяжкiх момантах патрапiць усё i ўсiх усцерагчы.

- Паслухай, боскi, мяне! - кажа.- Гэта рада пагубная! Пакуль даедзеш да Остыi, пачнецца хатняя вайна. Хто ведае, цi каму з жывых - хай сабе i пабочных - нашчадкаў боскага Аўгуста не заманецца агалосiць сябе цэзарам, а тады што рабiцiмем, як легii стануць па ягоным баку?

- Пастараемся загадзя,- адказвае Нэрон,- каб не было каму на трон цэзара спакушацца. Няшмат iх ужо засталося, дык забяспечыцца ад iх лёгка.

- Зрабiць гэта можна, але ж цi толькi пра iх расходзiцца? Мае людзi не далей, як учора, падслухалi жаданнi натоўпу, што цэзарам павiнен быць такi муж, як Трэзэй.

Нэрон прыкусiў вусны. Цераз момант, аднак, падняў вочы ўгару i адазваўся:

- Ненасытныя ды няўдзячныя. Маюць жа даволi збожжа i жару, на якiм могуць бонды пячы, чаго ж iм хочацца больш?

На гэта Тыгэлiн кажа:

- Помсты!

Настала цiшыня. Нараз цэзар устае, падымае руку ўгару i пачынае дэкламаваць:

Сэрцы помсты клiчуць, а помста - ахвяры...

Дый, забыўшы пра ўсё, кажа з распагоджаным аблiччам:

- Дайце мне таблiчку й стыль, мушу гэны верш запiсаць. Люкану нiколi такi не прыйшоў на думку. Цi адцемiлi вы тое, што паўстаў ён вомiг?

- О, незраўняны! - адазвалася некалькi галасоў.

Нэрон запiсаў верш i кажа:

- Так, помста дамагаецца ахвяры.

I вадзiў вачыма па прысутных.

- Ну, а каб распусцiць вестку, што гэта Ватынi падпалiў горад, i выставiць яго на гнеў народу?

- О, боскi! Хто ж я такi? - адазваўся Ватынi.

- Праўда, трэ каго-небудзь большага за цябе... Вiтэлiя?..

Вiтэлi збялеў, але пачаў рагатаць.

- Маё сала,- адказвае,- магло б нанава разняцiць пажар.

Але Нэрон меў што iншае на думцы, бо шукаў у душы ахвяры, якая б сапраўды магла супакоiць гнеў народу, i знайшоў яе.

- Тыгэлiн! - адазваўся па хвiлiне.- Ты спалiў Рым?

Дрыготы скаланулi прысутнымi. Сцямiлi, што цэзар у даным моманце не жартуе, ды што надыходзiць хвiлiна грозная.

Твар Тыгэлiна зморшчыўся, бы пашча кусашчага сабакi.

- Я спалiў Рым з твайго загаду,- баронiцца.

I пачалi пранiзвацца зекрамi, моў два дэманы. Настала такая цiшыня, што зык мухi быў чуцён, пралятаючай праз атрыюм.

- Тыгэлiн,- адазваўся цэзар,- цi ты любiш мяне?

- Табе ж ведама, уладару.

- Дык ахвяруйся для мяне!

- Боскi цэзару,- выкручваецца Тыгэлiн,- чаму падаеш мне салодкi нектар, якога да вуснаў не можна прыткнуць? Народ абураецца й наракае, цi хочаш, каб пачалi абурацца й прэторыяне?

Жах скаваў сэрцы прысутных. Тыгэлiн быў прэфектам прэторыi, i словы ягоныя мелi значэнне папросту пагрозы. Сам Нэрон сцямiў гэта i збялеў. Нараз уваходзiць Эпафрадыт, цэзараў вызвольнiк, з дакладам, што боская аўгуста жадае бачыць Тыгэлiна, бо ёсць у яе людзi, якiх прэфект мусiць выслухаць. Тыгэлiн схiлiўся й выйшаў з мiнаю спакойнаю й абрызглаю. Калi вось манiлiся яго ўдарыць, паказаў зубы, паказаў, кiм ёсць, i, ведаючы палахлiвасць Нэрона, быў пэўны, што гэны валадар свету нiколi не наважыцца падняць на яго рукi.

А Нэрон сядзеў праз момант моўчкi, але, бачачы, што прысутныя чакаюць ад яго слова, кажа:

- Выгадаваў сабе вужа на грудзях.

Пятронi зрабiў жэст плячыма, як бы хацеў сказаць, што такому вужу не цяжка й голаў адарваць.

- Ну, што ты скажаш? Рай, кажы!- адзываецца Нэрон, скемiўшы ягоны манер.- Табе аднаму давяраю, бо ты маеш болей розуму за iх усiх ды любiш мяне!

Пятронi трымаў ужо на канцы языка: «Назнач толькi мяне прэфектам прэторыi, а я выдам народу Тыгэлiна i ў вадным дню уцiхамiру горад». Але лянiвая ўдача ягоная перамагла. Быць прэфектам - гэта значыла фактычна несцi на сваiх плячах асобу цэзара i тысячы публiчных справаў. Нашто яму гэты цяжар? Цi ж не лепш чытаць сабе ў раскошнай бiблiятэцы вершы, любавацца мастацтвам або песцiць-галубiць, трымаючы на каленях, боскае цела Эўнiкi ды цалаваць яе? Дык адказвае:

- Я раю ехаць у Ахайю.

- Эх,- гаворыць Нэрон,- я спадзяваўся ад цябе чаго большага! Сенат ненавiдзiць мяне. Як выеду, хто мне заручыць, цi не ўзбунтуюцца супраць мяне ды не агалосяць каго iншага цэзарам? Народ быў мне даўней верны, але сяння пойдзе за iмi... На Гадэса! Каб гэты сенат ды гэты народ меў адну галаву!..

- Дазволь адцемiць сабе, о боскi, што, жадаючы захаваць Рым, трэба захаваць хоць некалькi рымлян,- сказаў, усмiхаючыся, Пятронi. Але Нэрон наракаў далей:

- Што мне з Рыму ды рымлян! Послух меў бы я толькi ў Ахайi. Тут акружае мяне толькi здрада. Усе мяне пакiдаюць! I вы гатовыя мяне здрадзiць!

Ведаю гэта, ведаю!.. Вам нат i не думаецца, што скажуць пра вас патомныя вякi, калi апусцiце такога мастака, як я!

Тут нагла ўдарыў сябе ў лоб i падносiць голас:

- Праўда!.. У гэным матавiле турботаў i сам забываюся, кiм я.

Гэта сказаўшы, звярнуўся да Пятронiя з мiнай цалкам ужо распагоджанай:

- Пятронi,- кажа,- народ гудзе, а што, каб я ўзяў лютню ды выйшаў з ёю на Марсавае поле, каб запяяў iм тую песню, што пяяў вам падчас пажару, як мяркуеш, няўжо не расчулiў бы дзiкiя звяраты?

На гэта Тулiй Сэнэцыё, якi спяшаўся да сваiх нявольнiц, свежа прывезеных з Анцыюма, i якi рваўся дамоў даўно, адзываецца:

- Бессумнiўна, цэзару, каб анно толькi дазволiлi табе пачаць.

- Едзьма ў Гэлладу! - вырашыў знеахвочаны Нэрон.

У гэнай хвiлiне ўваходзiць Папея, а за ёю Тыгэлiн. Вочы ўсiх мiмахоць пабеглi на спатканне да яго, бо нiколi нiякi трыумфатар не ўязджаў з такiм гонарам на Капiтоль, з якiм стаяў ён перад цэзарам.

Важна й дабiтна, голасам, падобным да скрыгiту жалеза, пачаў даклад:

- Будзь ласкавы мяне выслухаць, цэзару, бо магу сказаць табе: знайшоў!

Народу трэба помсты й ахвяры, ды не аднае, а сотнi й тысячы. Цi чуў ты калi, спадару, хто такi быў Хрыстус, той, праз Понцiя Пiлата ўкрыжаваны? I цi ведаеш, хто такiя хрысцiяне? Цi ж я табе не даносiў пра iхнiя злачынствы й бязглуздыя абрады, пра вяшчунствы аб канцы свету з агню? Народ ненавiдзiць iх i падазрае. Нiхто iх не бачыць у святынях, бо багоў нашых завуць злымi духамi; няма iх i на Стадыёне, бо не цiкавяцца спортам. Нiколi не чутно было iхнiх воплескаў на твой гонар. Нiводзiн з iх нiколi не назваў цябе богам. Гэта непрыяцелi чалавецтва, непрыяцелi гораду, непрыяцелi твае. Народ гудзе супраць цябе, але ж не ты мне, цээару, загадаў спалiць Рым, i не я спалiў яго... Народ прагне помсты - дамо яе. Народ прагне гульнi й крывi - дамо яе. Народ падазрае цябе - хай падазронасць ягоная адвернецца ў iншы бок.

Нэрон слухаў спачатку сумеўшыся. Але, чым далей гаварыў Тыгэлiн, акторская мiна ягоная ўсё больш змянялася, пачала наперамену выяўляць то гнеў, то жаль, спачуццё, то абурэнне. Нараз устаў, скiнуў з сябе тогу, што апала яму пад стопы, выцягнуў абедзве рукi ўгару i праз хвiлiну стаяў так непарушна, бязмоўна. Урэшце адзываецца тонам трагiка:

- Зэўсе, Апалоне, Гера, Афiна, Пэрсафона i вы ўсе, несмяротныя боствы, чаму не прыйшлi да нас на помач? Якую крыўду зрабiў горад тым людаедам, што яго так дзiка спалiлi?

- Ворагi людства i твае,- дадае Папея.

Iншыя падхапiлi:

- Пакажы справядлiвасць! Пакарай падпальвачоў! Багi дамагаюцца помсты!

А ён сеў, звесiў голаў на грудзi ды зноў замоўк, так, як бы, не ўрокам кажучы, тое лiхадзейства, пра якое чуў, яго аглушыла. Цераз момант устрасянуў рукамi й адазваўся:

- Якiя ж кары, якiя ж пакуты зраўнаважаць такое злачынства?.. Але багi сашлюць мне натхненне, i пры дапамозе сiлаў Тартару дам беднаму народу майму такое вiдовiшча, якое навекi мяне ўславiць.

Цёмная хмара легла на чале Пятронiя. Уявiў сабе небяспеку, якая завiсла над Лiгiяй, над Вiнiцiем, якога любiў, ды над усiмi тымi людзьмi, навукi якiх не прызнаваў, але аб нявiннасцi якiх быў перакананы. Уяўляў сабе таксама тыя крывавыя шаленствы, якiх ягоныя вочы эстэты не зносiлi. Перад усiм казаў сабе: «Мушу ратаваць Вiнiцiя, якi ашалее, калi дзяўчо ягонае згiне»,i гэная думка пераважыла ўсе iншыя, бо Пятронi разумеў, што зачынае такую гульню, якой не меў шчэ ў жыццi.

А ўсё ж гаварыў свабодна й абыякава, як заўсёды, калi крытыкаваў або выкпiваў неэстэтычныя помыслы цэзара i аўгустыянаў.

- Дык, знача, знайшлi ахвяры? Добра! Можаце паслаць iх на арэны або прыбраць у «крывавыя тунiкi». Таксама добра! Але паслухайце мяне: маеце ўладу, маеце прэторыянаў, маеце сiлу, будзьце ж шчырымi прынамсi тады, калi нiхто вас не чуе. Падманвайце народ, але не сябе самiх. Выдайце народу хрысцiян, асудзеце iх на якiя хочаце пакуты, будзьце ж, аднак, адважнымi сказаць сабе, што не яны Рым спалiлi... Цьфу! Называеце мяне арбiтрам элеганцыi, дык кажу вам: цярпець не магу перфiдных камедыяў! Цьфу! Ах, як гэта ўсё прыпамiнае мне тэатральныя буды каля портаАсiнарыя, у якiх акторы ўцяшаюць галiту ролямi багоў i каралёў, а пасля прадстаўлення - кiслае вiно закусваюць цыбуляю або скавычуць ад розаг! Будзьце ж сапраўды багамi й каралямi, бо кажу вам, што можаце сабе на гэта дазволiць. Пагражаў ты, цэзар, нядаўна судам патомных вякоў, але не забудзь, што яны выдадуць прысуд i на цябе. На боскую Клiо! Нэрон, валадар свету! Нэрон-бог спалiў Рым, бо быў так магутным на зямлi, як Зэўс на Алiмпе! Нэрон-паэт любiў так паэзiю, што ахвяраваў ёй айчыну! Як свет ёсць светам - нiхто нiчога падобнага не даканаў, на нiшто падобнае не адважыўся. Заклiнаю цябе ў iмя дзевяцi Лiбетрыд, не выракайся такое славы, бо песнi цябе апявацiмуць да сканчэння вякоў. Кiм жа ў параўнаннi з табою будзе Прыям? Кiм Агамемнан? Кiм самыя богi? Гэта не важна, цi падпал Рыму ёсць рэчай добрай, важна тое, што ёсць рэчай вялiкай, незвычайнай! А пры тым заручаю табе, што народ не падыме на цябе рукi! Гэта няпраўда! Будзь адважны! Высцерагайся праступкаў, не годных цябе, табе пагражае толькi тое, што патомныя вякi некалi магчымуць сказаць: «Нэрон спалiў Рым, але як труслiвы цэзар i маладушны паэт не прызнаўся да вялiкага чыну са страху i звалiў вiну на нявiнных!»

Словы Пятронiя звычайна рабiлi моцнае ўражанне на Нэрона, але гэтым разам сам Пятронi не пацяшаўся надзеяй, бо сцямiў, што выказаныя нядаўна словы - гэта апошнi спосаб, якi пад шчасце i ўратаваў бы хрысцiян, ды загубiў бы яго самога. Не хiснуўся аднак, бо расходзiлася яму поспал i пра Вiнiцiя, якога мiлаваў, i пра азарт, якi яго забаўляў. «Косцi кiнуты,- казаў сабе,- i паглядзiмо, наколькi ў малпе страх пра собскую скуру пераважыць прагу славы».

I ў душы не сумняваўся, што, аднак, пераможа страх. Прымеж таго, па словах ягоных залягло цяжкае маўчанне. Папея i ўсе прысутныя глядзелi ў вочы Нэрону, бы ў абраз, а той закапылiў губу аж пад самыя ноздры, як рабiў заўсёды, калi не ведаў, што пачаць; цяжкая турботлiвасць i знеахвота малявалiся ў ягоным твары.

- Домiне! - адазваўся, бачачы гэта, Тыгэлiн.- Дазволь мне адыйсцi, бо, калi хочуць выставiць на згубу тваю асобу, а пры тым завуць маладушным цэзарам, маладушным паэтам, вушы мае не могуць знесцi такiх слоў. «Прайграў»,- падумаў Пятронi.

Але звярнуўся да Тыгэлiна, пранiзаў яго вокам, у якiм iграла вялiкапанская пагарда, пагарда вытанчанае асобы для нiкчомнiка, i кажа:

- Тыгэлiн, цябе я назваў камедыянтам, бо ты камедыянт нат i цяпер.

- Цi таму, што не хачу слухаць тваiх зняваг?

- Таму, што прыкiдваешся безгранiчным прыяцелем цэзара, а перад хвiлiнай пагражаў яму прэторыянамi, зразумелi мы гэта ўсе i ён таксама.

Тыгэлiн, якi не спадзяваўся, што Пятронi асмелiцца кiнуць яму на стол гэткiя косцi, збялеў, абязглуздзеў i занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбiтра элеганцыi над працiўнiкам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася:

- Домiне, як можаш дазволiць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьцi галаву, а тым больш, каб хто асмелiўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасцi!

- Спынi рызыканта! - азваўся Вiтэлi.

Нэрон зноў падняў губу i, скiраваўшы на Пятронiя свае шклястыя вочы блiзагляда, сказаў:

- Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?

- Калi няпраўду гавару, дакажы мне гэта,- адказвае Пятронi,- але ведай, што гавару гэта з наказу любовi да цябе.

- Пакарай рызыканта! - паўтарае Вiтэлi.

- Зрабi гэта! - адзываецца шчэ некалькi галасоў.

У атрыюме зрабiлася сумятня i шум, бо людзi пачалi адыходзiць ад Пятронiя. Адыйшоў нат Тулiй Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, i малады Нэрва, якi аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятронi сам застаўся з левага боку атрыюма i, разгортваючы са смехам хванды тогi, чакаў, што скажа цi рабiцiме цэзар. А цэзар адзываецца:

- Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель i таварыш, дык хоць зранiў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькi... прабачэнне.

«Прайграў i прапаў!» - падумаў Пятронi.

Цэзар устаў, нарада была скончана.

L

Пятронi пайшоў, а Нэрон з Тыгэлiнам перайшлi да атрыюма Папеi, дзе чакалi на iх людзi, з якiмi прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабiнаў з Затыбра, апранутых у доўгiя ўрачыстыя шаты, з мiтрамi на галавах, малады пiсар, iхнi памочнiк, i Хiлон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелi i, падняўшы на вышыню пляча рукi, пахiлiлi галовы аж да рук.

- Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! - адазваўся старэйшы.- Вiтай, валадару зямлi, апякуне выбранага народу i цэзар, льве мiж людзьмi, панаванне якога- гэта сонечная светласць, гэта цэдр лiбанскi, свежая крынiца, пальма цянiстая, бальзам ерыхонскi!..

- А богам мяне не называеце? - спытаў цэзар.

Святары збялелi яшчэ мацней; старшы зноў адазваўся:

- Твае словы, уладару, салодкiя, моў вiнаграду гронка, моў спелая фiга, бо Егова напоўнiў дабрынёю тваё сэрца. Але папярэднiк айца твайго, Кай

Цэзар, быў звераваты, а аднак пасланцы нашы не называлi яго богам, гатовыя былi хутчэй прыняць смерць, чым абразу Закону.

- I Калiгула загадаў iх кiдаць львом?

- Не, уладару. Кай Цэзар засцярогся гневу Еговы.

I паднялi галовы, бо iмя магутнага Еговы дадало iм адвагi. Веручы ў моц ягоную, смялей глядзелi ў вочы Нэрону.

- Абвiнавачваеце хрысцiян, што спалiлi Рым? - спытаў цэзар.

- Мы, домiне, абвiнавачваем iх толькi за тое, што яны ворагi Закону, ворагi чалавечага роду, ворагi Рыму й твае, яны даўно пагражалi гораду i свету агнём. Астатняе даскажа табе гэты вось чалавек, вусны якога не знячышчаны лгарствам, бо ў жылах маткi ягонай плыве кроў выбранага народу.

Нэрон звярнуўся да Хiлона:

- Хто ж ты такi?

- Абажацель цябе, Озырысе, а пры тым убогi стоiк...

- Ненавiджу стоiкаў,- кажа Нэрон,- ненавiджу Трэзэя, ненавiджу Мусонiя i Корнута. Гiдзiць мяне iхняя мова, iхняя пагарда мастацтва, iх самахотная абнегацыя жыцця ды няхлюйства.

- Домiне, твой настаўнiк Сэнэка мае тысячу сталоў цыпрысавых. Загадай мне, а буду мець удвая больш. Я стоiк з патрэбы. Прыбяры, о светазарны, мой стоiцызм у ружовы вянок i пастаў перад iм збанок вiна, а пяяцiме

Анакрэонта так, што заглушыць усiх эпiкурэйцаў.

Нэрон, якому прыпаў да смаку эпiтэт «светазарны», ухмыльнуўся й кажа:

- Падабаешся мне!

- Гэны чалавек варты столькi золата, колькi сам важыць,- зацемiў Тыгэлiн.

А Хiлон адказвае:

- Дапоўнiш, спадару, маю вагу тваёю шчодрасцю, бо iнакш вецер панясе заплату.

- Iставетна, не пераважыў бы нат i Вiтэлiя,- дадаў цэзар.

- Эгэў, срэбнавясёлкавы, мой досцiп ня ёсць валавяны.

- Бачу, твой Закон не забараняе табе зваць мяне богам?

- О, несмяротны! Мой закон - гэта ты. Хрысцiяне блюзнiлi супраць яго, i таму я iх зненавiдзеў.

- Што ж табе ведама пра хрысцiян?

- Цi дазволiш мне плакаць, боскi?

- Не,- кажа Нэрон,- гэта нудзiць мяне.

- Утрайне праўду кажаш, бо тыя вочы, што цябе бачылi, павiнны раз назаўсёды высахнуць ад слёз. Баранi мяне, спадару, ад маiх непрыяцеляў!

- Кажы пра хрысцiян,- нецярплiвiцца Папея.

- Я рад загаду твайму, Iзыда,- прынiжаецца Хiлон.- Вось жа, з маладых гадоў пасвяцiўся я фiлязофii i шуканню праўды. Шукаў я яе i ў даўнейшых боскiх мудрацоў, i ў Афiнскай Акадэмii, i ў Александрыйскiм Сэрапеуме. Пачуўшы пра хрысцiян, думаў я, што гэта якая новая школа, у якой магчыму знайсцi хоць некалькi зярнят праўды, i пазнаёмiўся з iмi на маё няшчасце! Першым хрысцiянiнам, з якiм доля мяне звязала, быў Глаўк, лекар з Неапалю. Ад яго я даведаўся, што аддаюць яны пашану нейкаму Хрэстосу, якi абяцаў iм выгубiць усiх людзей, збурыць усе гарады на зямлi, а iх пакiнуць, калi дапамогуць яму знiшчыць Дэўкалiёнавых дзяцей. Таму, спадару, яны й ненавiдзяць людзей, таму затручваюць вадалiвы, таму на сходах сваiх клянуць Рым i ўсе святынi, у якiх аддаецца гонар нашым багом. Хрэстос быў укрыжаваны, але абяцаў iм: калi Рым будзе збураны агнём, другi раз прыйдзе на свет i аддасць iм валадарства над светам...

- Во цяпер народ зразумее, чаму Рым згарэў,- перарваў Тыгэлiн.

- Многiя ўжо разумеюць,- адказаў Хiлон,- бо я хаджу па Марсавым полi ды парках i навучаю. Але паслухайце мяне да канца, а зразумееце, якiя я маю доказы на помсту. Лекар Глаўк спачатку не прызнаваўся перада мною, што iхняя навука дамагаецца нянавiсцi да людзей. Наадварот! Талкаваў мне, што Хрэстос ёсць добрым боствам i што падставаю Ягонай навукi ёсць любоў. Далiкатнае маё сэрца адразу прылiпла да такога прынцыпу, дык палюбiў я Глаўка i зверыўся на яго. Дзялiўся я з iм кажным кавалкам хлеба, кажным грошам, i цi ведаеш, спадару, як мне адудзячыўся? У дарозе з Неапалю ў Рым пырнуў мяне нажом, а жонку маю, красуню маю Берэнiку, прадаў гандляром нявольнiкамi. О, каб Сафокл ведаў мае прыгоды!.. Дый што я кажу - слухае мяне лепшы, чым Сафокл...

- Бедны чалавек,- адазвалася Папея.

- Хто ўбачыў аблiчча Афрадыты, ня ёсць бедны, домiна, а я бачу яго ў гэтай хвiлiне. Але тады шукаў пацехi ў фiлязофii. Прыбыўшы ў Рым, пачаў я шукаць хрысцiянскiх старшын, каб дамагацца суду на Глаўка. Думаў я, што прымусяць яго аддаць мне жонку... Пазнаў iхняга архiсвятара, пазнаў другога, Паўла, якi быў тут зняволены, але пасля адпушчаны, пазнаў сына Зэбэдэя, пазнаў Лiна i Клета ды шмат iншых. Ведаю, дзе яны жылi перад пажарам, ведаю, дзе збiраюцца, магу паказаць адно падзямелле на Ватыканскiм узгор'i ды адзiн магiльнiк за брамаю Намэнтанскаю, дзе адпраўляюць свае дзiкiя абрады. Бачыў я там Апостала Пятра, бачыў Глаўка, як мардаваў дзяцей, каб Апостал меў чым скрапляць галовы прысутным, i бачыў Лiгiю, узгадаванку Пампонii Грэцыны, якая чванiлася, што, не могучы прынесцi дзiцячай крывi, прыносiць смерць дзiцяцi, бо ўракла малую аўгусту, тваю дачку, Озырысе! I тваю, Iзыда!

- Чуеш, цэзар! - зацемiла Папея.

- Няўжо гэта можа быць? - адзываецца Нэрон.

- Мог я дараваць собскую крыўду,- расказваў далей Хiлон,- але, даведаўшыся пра вашую, хацеў яе прапароць нажом. На жаль, перашкодзiў мне крывiчэсны Вiнiць, ейны каханак.

- Вiнiць? Але ж яна ад яго ўцякла!

- Уцякла, ды знайшоў, бо не мог жыць без яе. За смяхотную аплату дапамагаў я яму шукаць яе i знайшоў на Затыбры дом, дзе жыла мiж хрысцiянамi. Пайшлi мы туды разам, а з намi твой асiлак Кратон, якога шаноўны Вiнiць наняў дзеля бяспекi. Але Урсус, нявольнiк Лiгii, задушыў Кратона. Гэта чалавек страшэннае сiлы, ён быком скручвае галовы, як макаўкi. Аўлюс i Пампонiя любiлi яго за гэта.

- На Геркулеса! - не вытрымаў Нэрон.- Смяротнiк, якi задушыў Кратона, годзен помнiка на Форуме. Але памыляешся або хлусiш, стары, бо

Кратона забiў нажом Вiнiць.

- Так вось людзi абармочваюць багоў. О, валадару, я ж бачыў собскiмi вачыма, як трашчалi рэбры Кратона ў рукох Урсусавых, якi пасля павалiў i Вiнiцiя. Забiў бы яго, каб не Лiгiя. Вiнiць доўга пасля хварэў, але яны даглядалi яго, спадзеючыся, што з любовi станецца хрысцiянiнам. I стаўся.

- Вiнiць?!

- Так.

- А можа, i Пятронi? - спытаў сквапна Тыгэлiн.

Хiлон пачаў бруцiць-муцiць, зацiраць рукi, пасля кажа:

- Дзiўлюся з твае пранiклiвасцi, спадару! О!.. Быць можа! Зусiм можа быць!

- Во цяпер цямлю, чаму так ён баранiў хрысцiян.

Але Нэрон пачаў смяяцца:

- Пятронi - хрысцiянiн!.. Пятронi - вораг жыцця й раскошы! Не дурэце мяне й сябе самiх ды не дамагайцеся веры ў гэта, а то я гатовы i ўва ўсё не верыць.

- Але крывiчэсны Вiнiць стаўся хрысцiянiнам. Прысягаю на гэны бляск, якi ад цябе лунае, што кажу праўду, i што нiчым iншым так не брыджуся, як лгунствам, Пампонiя - хрысцiянка, малы Аўлюс - хрысцiянiн, i Лiгiя, i Вiнiць. Я служыў яму шчыра, а ён за тое на просьбу Глаўка схвастаў мяне розгамi, мяне - старога, хворага, галоднага. Я прысягнуў на Гадэса, што адпомшчуся яму за гэта. О, валадару, адпомсцi за маю крыўду, а я вам выдам Апостала Пятра, i Лiна, i Клета, i Глаўка, i Крыспа, самых старшын, i Лiгiю, i Урсуса, пакажу вам iх сотнi, тысячы, пакажу дамы малiтвы, магiльнiкi - усе вашыя турмы не змесцяць iх!.. Без мяне не здолееце iх знайсцi! Да гэтых пор шукаў я ад бяды пацехi ў фiлязофii, хай жа яе цяперака знайду ў ласках, якiя сплывуць на мяне... Стары я ўжо, а не каштаваў жыцця, пара мне ўжо супачыць!..

- Хочаш быць стоiкам пры поўнай мiсцы! - кажа Нэрон.

- Хто табе прыслужваецца, тым самым яе напаўняе.

- Праўду кажаш, фiлёзафе.

Але Папея не выпускала з памяцi сваiх ворагаў. Гарачка яе да Вiнiцiя была, праўду кажучы, кароткiм капрызам похацi, якая загарэлася з прычыны зайздрасцi, гневу i зраненага самалюбства. Аднак абыякавасць маладога патрыцыя закранула яе глыбока i сэрца напоўнiла мсцiвасцю. Як так смеў, бач, iншую паставiць вышэй за яе! Лiгiю зненавiдзела ад першай хвiлiны, калi ўбачыла красу гэнай паўночнай лiлеi. Пятронi мог цэзару гаварыць колькi заўгодна пра «вузкi стан», але не ёй, аўгусце. Дазнаная Папея з першага погляду сцямiла, што ў цэлым Рыме адна толькi Лiгiя можа з ейнаю красою канкураваць, а нават перамагчы. I ад тае пары прысягнула згубiць яе.

- Домiне,- налягае,- памсцiся за наша дзiця!

- Спяшайцеся! - акцэнтуе Хiлон.- Не марудзьце! Бо Вiнiць схавае яе.

Я пакажу дом, куды яны зноў вярнулiся пасля пажару.

- Дам табе дзесяцёх чалавек ды йдзi цяпер,- гавора Тыгэлiн.

- Спадару, ты не бачыў Кратона ў руках Урсуса. Калi дасi пяцiдзесяцёх, пакажу дом толькi здалёк. Але калi не закратуеце Вiнiцiя, дык я прапаў.

Тыгэлiн глянуў на Нэрона.

- Цi не было б добра, о боскi, расквiтацца адразу з дзядзькам i сястрынцам?.. Нэрон падумаў крыху i вырашыў:

- Не! Не цяпер!.. Народ не паверыў бы ўталкоўванню, што Пятронi, Вiнiць або Пампонiя Грэцына падпалiлi Рым. Занадта прыгожыя мелi дамы...

Сяння трэба iншых ахвяр, а тыя пойдуць пазней.

- Дык дай мне, спадару, ваякоў дзеля аховы,- дамагаецца Хiлон.

- Тыгэлiн падумае пра гэта.

- Жыцiмеш тым часам у мяне,- супакойваў прэфект.

Радасць залунала з аблiчча Хiлона.

- Выдам усiх! Толькi не марудзьце! Спяшайцеся! - пад'юджваў ахрыплым голасам Хiлон.

LI

Пятронi, выйшаўшы ад цэзара, загадаў несцiся да свайго дому на Карыны, якi з трох бакоў акружаны быў садамi, а перад фронтам меў малы форум Цэцылiяў i дзякуючы таму ацалеў ад пажару. З тае прычыны iншыя аўгустыяне, якiх дамы пагарэлi поспал з багаццем i каштоўнымi творамi мастацтва, называлi Пятронiя шчаслiвым. Дый даўно ўжо пра яго казалi, што ёсць ён першародным сынам Фартуны, а штораз жывейшая прыязнь, якою ў апошнiх часах абдараў яго цэзар, казаў бы, пацвярджала гэта.

Але той першародны сын Фартуны разважаў цяпер хiба над несувернасцю тае маткi, а дакладней - над падобнасцю яе да Хронаса, пажыраючага собскiя дзецi.

- Каб мой дом быў згарэў, а з iм разам мае гэммы, маё этрускае мастацкае суддзё й александрыйскае шкло, медзь карынская, дык мо Нэрон сапраўды забыў бы абразу. На Палукса! I падумаць анно, гэта ж ад мяне толькi залежала, каб у гэнай хвiлiне быць прэфектам прэторыянаў. Агалосiў бы тады Тыгэлiна за падпальшчыка, бо ж iм i ёсць, убраў бы ў «крывавую тунiку», выдаў бы народу, усцярог бы хрысцiян, адбудаваў бы Рым. Хто ведае нат, цi доля сумленных людзей не паправiлася б. Я павiнен быў гэта зрабiць, хоць бы з увагi на Вiнiцiя. Пры вялiкай навале працы адступiў бы яму ўрадаванне прэфекта- i Нэрон не спрабаваў бы супрацiўляцца... Хай бы сабе Вiнiць хрысцiў пасля ўсiх прэторыянаў i самога нат цэзара, што гэта мне б шкодзiла! Пабожны Нэрон! Нэрон сумленны й мiласэрны - пацешнае нат прадстаўляў бы вiдовiшча.

Бестурботнасць Пятронiя была так вялiкай, што аж пачаў усмiхацца. Але праз момант думка ягоная звярнулася ў iншы бок. Здавалася яму, што ён у Анцыюме i што Павал з Тарсу гавора яму:

«Называеце нас ворагамi жыцця, але скажы мне, Пятронi, калi б цэзар быў хрысцiянiнам i паступаў паводле нашай навукi, цi жыццё ваша не было б больш пэўным ды больш бяспечным?»

I, прыгадаўшы гэныя словы, гаварыў сабе далей:

- На Кастара! Колькi хрысцiян тут замардуюць, столькi Павал знойдзе новых, бо калi свет не можа стаяць на злыднях, дык ягоная праўда... Але хто ведае, цi не мог бы стаяць, калi стаiць. Я сам, хоць шмат чаго навучыўся, не навучыўся, як быць даволi вялiкiм латругай, i дзеля таго прыйдзецца жылы сабе падрэзаць... Адыж на гэтым i так i гэтак мусiла б скончыцца, а калi б нат не скончылася так, дык скончылася б iнакш. Шкада мне Эўнiкi ды мае мырэнскае вазы, але Эўнiка ёсць вольнай, а ваза пойдзе са мною. Агенабарбус не атрымае яе нi за што! Шкада мне таксама Вiнiцiя. А ўрэшце, хоць менш у апошнiх часах было нудна, чым даўней - я гатовы. На свеце шмат ёсць рэчаў прыгожых, ды людзi па большай частцы так плюгавыя, што жыцця не варта шкадаваць. Хто ўмеў жыць, той павiнен умець памiраць. Хоць я належаў да аўгустыянаў, ды ўсё ж быў чалавекам больш вольным, чым iм там здаецца,- тут плячыма зрабiў характарыстычны знак з'умлення.- Iм там здаецца мо, што мне ў гэнай хвiлiне дрыжаць каленi i страх падымае валасы на галаве, а я, вярнуўшыся дадому, выкупаюся вось у фiялкавай вадзе, пасля залатавалосая мая сама мяне намасцiць, i па снеданнi загадаем сабе пяяць да Апалона гiмн Антэмiёса. Я ж сам калiсь казаў: пра смерць не варта думаць, бо яна i без нашае помачы пра нас думае. Было б, аднак, рэчай годнай подзiву, калi б сапраўды iснавалi нейкiя прасторы Елiсейскiя, а ў iх - ценi. Эўнiка прыйшла б пасля да мяне, i хадзiлi б разам па лугох-далiнах, уквечаных асфодэлем. Знайшоў бы сабе там таварыства лепшае, чым тут... Што за блазны! Што за балваны, што за зброд плюгавы без густу й палiтуры! Дзесяцёх арбiтраў элеганцыi не перарабiла б гэных Трымальхiёнаў на прыстойных людзей. На Пэрсэфону! Збрыдзелi яны ўжо мне!

I скемiў, здзiўлены, што нешта падзяляла яго з тымi людзьмi. Ведаў iх добра i ведаў перад тым, што пра iх думаць, а аднак выдавалiся яму цяпер нейкiмi далейшымi, больш вартымi пагарды, сапраўды, меў iх ужо ўдосталь. Пачаў задумоўвацца над сiтуацыяй. Дзякуючы сваёй пранiклiвасцi зразумеў, што загуба не пагражае яму цяпер. Нэрон скарыстаўся ж з адпаведнае нагоды, каб выказаць колькi гладкiх слоў аб прыязнi, аб прабачэннi i, казаў бы, звязаўся iмi. Цяпер шукацiме прэтэкстаў, а пакуль iх знойдзе, можа прайсцi шмат часу. «Перадусiм зладзiць iгрышча з хрысцiян,- казаў сабе Пятронi,пасля толькi падумае пра мяне, а калi так, дык не варта гэным галавы марочыць, анi змяняць спосабу жыцця. Блiжэйшая небяспека пагражае Вiнiцiю!»

I ад гэнай хвiлiны пачаў думаць толькi пра Вiнiцiя, якога вырашыў ратаваць. Нявольнiкi неслi прытка лектыку праз румовiшчы i лес комiнаў, якiмi былi шчэ перапоўнены Карыны, але ён загадаў iм бегчы бягом, каб чым хутчэй быць дома. Вiнiць, «iнсуля» якога згарэла, кватараваўся ў яго i, на шчасце, быў дома.

- Бачыў сяння Лiгiю? - спытаў амаль не на парозе Пятронi.

- Толькi ад яе.

- Слухай, што табе скажу, i не траць часу на пытаннi. Сяння ў цэзара вырашана злажыць вiну за падпал Рыму на хрысцiян. Пагражае iм пераслед i пакуты. Посцiг можа распачацца надта хутка. Бяры Лiгiю i ўцякай зараз, хоць бы за Альпы або ў Афрыку. I спяшайся, з Палатыну бо блiжэй на Затыбра, чым адсюль! Вiнiць iставетна быў не абы-якiм ваяком i не трацiў часу на лiшнiя пытаннi. Слухаў, насупiўшы бровы, уважны, грозны, але без жаху. Вiдаць, першым парывам, якi будзiўся ў гэнай натуры на вестку небяспекi, была ахвота барацьбы i абароны.

- Iду,- кажа.

- Яшчэ слоўца: вазьмi капшук з золатам, вазьмi зброю i жменю сваiх людзей хрысцiян! Магчыма, будзе патрэба адбiваць яе сiламоц!

Вiнiць быў ужо ў дзвярах атрыюма.

- Дашлi мне вестку праз нявольнiка,- кiнуў яму ўдагон Пятронi.

I, застаўшыся сам-насам, пачаў шпацыраваць уздоўж калюмнаў па атрыюме, разважаючы пра тое, што станецца. Ведаў, што Лiгiя й Лiнус вярнулiся пасля пажару на даўнейшае памяшканне, якое разам з большаю часткай Затыбра ацалела, i гэта была абставiна непамысная, бо iнакш нялёгка iх было б знайсцi сярод масаў. Спадзяваўся аднак, што i так на Палатыне не ведае нiхто, дзе жывуць, дык Вiнiць павiнен выперадзiць туды прэторыянаў. Прыйшло яму таксама на думку, што Тыгэлiн, манючыся вылавiць за адным замахам як найбольшую колькасць хрысцiян, мусiцiме расцягнуць павуцiну па цэлым Рыме, гэта значыць, падзялiць прэторыянаў на малыя аддзелы. Калi пашлюць па яе - думае - не болей чым дзесяцёх чалавек, дык сам вялiгур лiгiйскi паломiць iм косцi, а што ж будзе, калi на дапамогу прыспяшыць Вiнiць! Па гэных думках прыйшла льга. Праўда, паставiцца збройна супраць прэторыян - гэта тое самае, што i супраць цэзара. Пятронi таксама ведаў, што калi Вiнiць уцячэ ад помсты Нэрона, дык помста тая звалiцца можа на яго, але ён не зважаў на тое. А нат думка паблытання планаў цэзару й Тыгэлiну развесяляла яго. Вырашыў не шкадаваць на гэта нi грошай, нi людзей, а на сваiх людзей цяпер мог больш спадзявацца, бо Павал з Тарсу навярнуў яму ў Анцыюме большую частку ягоных нявольнiкаў.

Увайшоўшая Эўнiка перарвала яму думкi. Усе турботы ўцяклi бясследна, як убачыў яе. Забыўся пра цэзара, пра няласку, якая вiсела над iм, пра знiкчамнелых аўгустыянаў, пра посцiг на хрысцiянаў, пра Вiнiцiя i Лiгiю, а любаваўся толькi ёю вокам эстэты, раскаханым у чароўнай упойваючай любоўю стройнасцi.

Убраная была ў фiялетавыя строi, званыя соа vestis [21], праз якiя свяцiлася ейнае ружовае цела, сапраўды была прыгожая, моў боства. Адчуваючы пры тым ягоны подзiў ды кахаючы цэлай душой, заўсёды прагная ягоных пястошчаў, румянiлася з радасцi так, як бы была не наложнiцай, але нявiнным дзяўчанём.

- Што ж мне скажаш, Харыта?- адазваўся Пятронi, выцягаючы да яе рукi.

А яна, нахiляючы ў тыя рукi сваю залатую галованьку, адказвае:

- Спадару, прыйшоў Антэмiёс з спевакамi й пытае, цi хочаш яго сяння слухаць?

- Хай пачакае. Зайграе нам пры абедзе гiмн да Апалона. Навакол яшчэ вогнiшчы й попел, а мы слухацiмем гiмн да Апалона. На гаi Пафiйскiя! Калi бачу цябе ў гэтым соа vestis, здаецца мне, Афрадыта прысланiлася беражком неба й стаiць перада мною.

- О, домiне! - захапляецца Эўнiка.

- Хадзi да мяне, Эўнiка, абдымi мяне i дай мне вусны... Кахаеш ты мяне?

- Зэўса больш не кахала б!

Сказаўшы гэта, прыцiснула вусны да ягоных вуснаў, трапечучыся ў ягоных руках ад шчасця, бы птушынка. Пачакаўшы, Пятронi кажа:

- Ну, а каб прыйшлося нам разлучыцца?..

Эўнiка глянула палахлiва ў вочы:

- Як гэта, спадару?..

- Не бойся!.. Бо, бачыш, хто ведае, цi не мусяцiму выбрацца ў далёкую дарогу.

- Бяры мяне з сабою...

Але Пятронi нагла змянiў тэму гутаркi i спытаў:

- Скажы мне, цi на траўнiках у агародзе ёсць асфодэлi?

- Цыпрысы й траўнiкi ў агародзе пажоўклi ад пажару, лiсце паападала з мiртаў, i ўвесь агарод выглядае, бы мёртвы.

- Увесь Рым выглядае, бы мёртвы, а хутка станецца сапраўдным магiльнiкам. Цi ведаеш, што выйдзе эдыкт супраць хрысцiян i распачнецца пераследванне, падчас якога згiне тысячы людзей.

- За што ж iх карацiмуць, спадару? Яны ж людзi добрыя i цiхiя.

- Якраз за тое й карацiмуць.

- Дык едзьма на ўзмор'е. Твае боскiя вочы не любяць глядзець на кроў.

- Але тым часам я мушу выкупацца. Прыйдзi ў элеотэзiюм намасцiць мне рукi. На пояс Кiпрыды! Нiколi шчэ не выдавалася ты мне так прыгожай. Загадаю табе зрабiць ванну на манер слiзянiцы, а ты будзеш у ёй, бы каштоўная перла... Прыйдзi, залатавалосанькая!

I пайшоў. А цераз гадзiну пазней абое ў ружовых вянках i з мутнымi вачыма ляжалi пры стале, застаўленым залатым сервiзам. Прыслужвалi iм хлапчаняты, прыбраныя за амуркаў, а яны, папiваючы вiно з азялененых кружаў, слухалi гiмну да Апалона, пяянага пад акампанемент гарфаў пад батутаю Антэмiя. Не клапацiлiся тым, што навокал вiллы тырчалi на пажарышчы комiны дамоў ды што вецер разносiў попел згарэўшага Рыму. Пачувалiся шчаслiвымi i думалi толькi пра каханне, якое акрасiла й змянiла iм жыццё ў боскi сон.

Гiмн яшчэ не быў скончаны, як уваходзiць на залу нявольнiк, загадчык атрыюма.

- Спадару,- дакладае трывожным голасам,- цэнтурыён з аддзелам прэторыянаў стаiць перад брамаю i па загаду цэзара хоча цябе бачыць.

Замоўкла пяянне гарфы. Трывога агарнула ўсiх прысутных, бо цэзар у прыязных адносiнах звычайна абыходзiўся без прэторыянаў, якiя паяваю сваёю не варажылi ў тых часах нiчога добрага. Адзiн толькi Пятронi не паказваў нiякага трывожлiвага ўражання i кажа абыякавым тонам:

- Хоць бы абед мне далi спакойна з'есцi,- пасля звяртаецца да загадчыка атрыюма: - Хай увойдзе!

Нявольнiк знiк за заслонай; незабаўна цяжкiмi крокамi ўваходзiць на залу знаёмы Пятронiю сотнiк Апэр, узброены ўвесь i з жалезным шаломам на галаве.

- Крывiчэсны спадару,- зарапартаваў,- вось пiсьмо ад цэзара. Пятронi выцягнуў нядбайлiва сваю белую руку, узяў таблiчкi i, кiнуўшы на iх вокам, падаў iх спакойна Эўнiцы.

- Чытацiме вечарам новую песню з «Троiкi»,- кажа,- i заклiкае мяне, каб прыйшоў.

- Маю загад толькi аддаць пiсьмо,- адазваўся сотнiк.

- Так. Адказу не будзе. Але можа б, сотнiк, супачыў хвiлiну пры нас i выпiў кратэр вiна?

- Дзякую табе, шляхотны спадару. Ад кратэру вiна не адмоўлюся за тваё здароўе, але супачыць не магу, бо я службова.

- Чаму гэта праз цябе прысылаюць пiсьмо, замiж праз нявольнiка?

- Можа, таму, што мяне выслана ў гэты бок за iншай патрэбай.

- Ведаю,- кажа Пятронi,- супраць хрысцiян.

- Так, спадару.

- Цi посцiг даўно распачаты?

- Некаторыя аддзелы на Затыбра выслана яшчэ перад палуднем,- гэта сказаўшы, сотнiк строс з чашы кроплю вiна на гонар Марса, перакулiў яе й дзякуе:

- Хай багi заспакояць табе ўсе твае жаданнi.

- Вазьмi i кратэр гэны,- прапануе Пятронi. I даў знак Антэмiёсу, каб канчаў гiмн да Апалона.

- Рудабароды пачынае гульню са мною й Вiнiцiем,- казаў сабе, як гарфы адазвалiся зноў.- Адгадваю намер! Хацеў пералякаць мяне, дасылаючы позву праз цэнтурыёна. Вечарам выпытвацiме сотнiка, як я яго прыняў. Не, не! Не вельмi ўцешышся, лютая дзiкая малпа! Ведаю, дакукi не даруеш, ведаю, што згуба мяне не мiне, але калi спадзяешся, што благальна пазiрацiму табе ў вочы, што аглядацiмеш на маiм аблiччы страх i пакору, дык памыляешся.

- Цэзар пiша, спадару: «Прыдзеце, калi маеце ахвоту»,- пытае Эўнiка.- Цi пойдзеш?

- Маю адпаведны настрой i магу слухаць нат ягоных вершаў,- адказаў Пятронi,- дык пайду, тым больш, што Вiнiць не можа йсцi.

I праўда: па абедзе ды па абыднай прагулцы аддаўся ў рукi нявольнiц, упрыгажаючых валасы, i нявольнiц, укладаючых хвалды тогi. Цераз гадзiну пазней стройны, моў бажок, загадаў несцiся на Палатын. Гадзiна ўжо была позняя, вечар цiхi, цёплы, месяц так ярка свяцiў, што лямпадарыi, iдучыя перад лектыкай, пагасiлi светачы. Па вулiцах i сярод румовiшчаў снавалi падпiўшыя грамады людзей, папрыстройваныя вiццёзеленню, з галiнкамi мiрту i лаўру ў руках з цэзаравых агародаў. Дастатак збожжа ды спадзева вялiкiх iгрышчаў весялiлi людзей. Дзе-нiдзе чутны былi песнi на гонар «боскае ночы» й кахання; дзе-нiдзе танцавалi пры святле месяца; колькi раз нявольнiкi мусiлi гукаць для вольнага праходу Пятронiевай лектыкi, народ расступаўся, вiватуючы на гонар свайго ўлюбенца.

А ён думаў пра Вiнiцiя i дзiвiўся, чаму няма ад яго весткi. Быў ён эпiкурэйцам i эгаiстам, але сутычнасць з Паўлам, з Вiнiцiем ды штодзённыя чуткi пра хрысцiян крыху яго перайнакшылi, хоць сам аб тым не ведаў. Веяў ад iх нейкi вецер на яго, якi пасеяў у ягонай душы таёмныя зярняты. Па-за ўласнаю асобаю пачалi яго цiкавiць iншыя людзi. Да Вiнiцiя, праўда, быў заўсёды прывязаны, бо ў дзiцячых гадох надта любiў ягоную матку, сваю сястру, а цяпер быў супольнiкам ягоных турботаў, якiя так цiкавiлi яго, як бы трагедыя якая.

Не трацiў надзеi, што Вiнiць выперадзiў прэторыян i ўцёк з Лiгiяй або, у найгоршым выпадку, адбiў яе. Але аддаваў перавагу таму, каб мець у гэнай справе пэўныя весткi, спадзяваўся бо розных пытанняў, на якiя лепш было б быць падрыхтаваным.

Затрымаўшыся пры доме Тыбэрыя, выйшаў з лектыкi i ўвайшоў да атрыюма, напоўненага ўжо аўгустыянамi. Учарашнiя прыяцелi, памiма зацiкаўлення запросiнамi, адыходзiлi ад яго, а ён красаваўся сярод iх, статны, свабодны, бестурботны i так самапэўны, як сам мог раздаваць ласкi. Некаторыя, гледзячы на яго, крыху ў душы трывожылiся, цi не зарана выявiлi яму пагарду.

Цэзар прыкiдваўся, быццам яго не бачыць, i не адказаў на ягонае прывiтанне, быццам заняты быў гутаркаю. Замест таго Тыгэлiн падыйшоў да яго i адазваўся:

- Добры вечар, арбiтар элеганцыi! Цi i цяпер ты яшчэ перакананы, што не хрысцiяне спалiлi Рым?

Пятронi пацiснуў плячыма i, плешчучы яго па лапатцы, бы вызвольнiка, адпальвае:

- Ты так добра ведаеш, як i я, што пра гэта думаць.

- Не смею прыраўняцца да твае мудрасцi.

- I праўду кажаш, iнакш бо мусiў бы вось, калi цэзар прачытае новую песню з «Троiкi», замест драцца, як пава, выказаць якую бязглуздзiцу.

Тыгэлiн прыкусiў губу. Не надта ён быў задаволены з сянняшняга выступу цэзара, бо адкрывалася поле, на якiм не мог канкураваць з Пятронiем. Якраз падчас чытання Нэрон мiмахоць, па звычцы, пазiраў на Пятронiя, рупна цiкуючы, што вычытае ў ягонай мiне. А той слухаў, манеўруючы бровамi, мейсцамi патакваючы, мейсцамi напружваючы ўвагу, як бы манiўся спраўдзiць, цi добра чуе. I пасля то хвалiў, то ганiў, вымагаючы паправак або выгладжвання некаторых сказаў. Сам Нэрон адчуваў, што ўсiм iншым у перасоленых пахвалах расходзiцца толькi пра собскую скуру, а гэны адзiн толькi цiкавiцца паэзiяй для самэй паэзii, адзiн толькi знаецца, i калi што пахвалiць, дык можна быць пэўным, што рэч тая годная пахвалы. Дык паволi пачаў з iм спрачацца, талкаваць i, калi ўрэшце Пятронi паддаў сумнiву ўдаласць аднаго сказу, адазваўся да яго:

- Мецiмеш у апошняй песнi каментар да гэтага сказу.

- Ах! - падумаў Пятронi.- Дык дажыву яшчэ апошняй песнi.

А цi адзiн з прысутных, чуючы гэта, казаў сабе ў душы:

- Гора мне! Пятронi, маючы перад сабою час, можа вярнуцца ў ласкi i паканаць нат Тыгэлiна.

I пачалi зноў зблiжацца да яго. Але канец вечару менш быў шчасным, бо цэзар падчас развiтвання спытаў нагла з прыморшчаным вокам ды зларадаснай мiнай:

- А чаму не прыйшоў Вiнiць?

Калi б Пятронi быў пэўны, што Вiнiць з Лiгiяй ужо за брамамi гораду, быў бы адказаў: «Ажанiўся з твайго дазволу й выехаў». Але, бачачы загадкавую ўсмешку Нэрона, адказаў:

- Твая позва не застала яго дома.

- Скажы яму, што хачу яго бачыць,- гавора Нэрон,- ды не забудзь яму прыгадаць, каб абавязкова быў на iгрышчах, дзе выступацiмуць хрысцiяне. Гэныя словы ўстрывожылi Пятронiя, бо выдавалася яму, што адносяцца беспасярэдне да Лiгii. Сеўшы ў лектыку, загадаў несцiся яшчэ прытчэй, чым рана. Не йшло гэта так удала. Перад домам Тыбэрыя хваляваў неўгамонны натоўп, п'яны, як перш, але не расспяваны ды танцуючы, толькi ўзбураны. Здалёк даносiлiся нейкiя крыкi, якiх Пятронi не мог адразу сцямiць, а яны магутнелi, раслi, аж урэшце змянiлiся ў адзiн дзiкi вераск:

- Хрысцiяне - львом!

Статныя лектыкi дваран лучылi сярод выючага натоўпу. З глыбiнi агарэлых вулiц збягалiся штораз новыя грамады, якiя, пачуўшы вокрык, пачалi яго паўтараць. З вуснаў да вуснаў перадавана вестку, што посцiг трывае ўжо ад паўдня, што шмат падпальвачоў ужо злоўлена, i хутка па новавыведзеных ды старых вулiцах, па завулках, разваленых у грузы, разлягаўся ўдоўж i шыр цэлага Рыму штораз заядлейшы вераск:

- Хрысцiяне - львом!

- Быдляты! - паўтараў з пагардаю Пятронi.- Народ годны цэзара! I задумаўся: такi свет, збудаваны на прымусе, людаедстве, пра якое нат i барбары не мелi паняцця, на лiхадзействе ды шалёнай распусце, не магчыме астоiцца. Несла ад яго смярдзячым трупам. На гнiлое жыццё клала сваю цень смерць. Не раз гаварылi пра гэта нат мiж самiмi аўгустыянамi, але Пятронiю нiколi так выразна не ўявiлася тая праўда, што гэны ўвенчаны воз, на якiм у постацi трыумфатара стаiць Рым, валакучы за сабою зблытаны статак народаў, едзе ў пропасць. Жыццё светаўладнага гораду выдавалася яму нейкiм блазноцкiм карагодам, нейкiм страхотным выбрыкам, якому нарэшце мусiць жа настаць канец.

Разумеў цяпер, што адны толькi хрысцiяне маюць нейкiя новыя асновы жыцця, але думаў, што хутка й следу па iх не застанецца. А тагды што?

Блазноцкi карагод пойдзе далей пад верхаводствам Нэрона, а калi Нэрона не будзе, знойдзецца другi такi самы або горшы, бо спамiж такога народу i патрыцыяту цяжка, каб лепшы знайшоўся. Будзе новае дзiкае буянства, а ў дадатку штораз плюгавейшае i гадчэйшае. Але ж буянства не магчыме трываць вечна, i трэба пасля яго легчы спаць, хоць бы з самае толькi знямогi.

Думаючы пра гэта, Пятронi сам чуўся страшэнна змучаны. Цi варта жыць i то жыць без пэўнасцi пра заўтрашнi дзень, жыць па тое толькi, каб глядзець на падобнае бязладдзе свету? Дык жа генiй смерцi не менш, зрэшты, прыгожы, чым генiй сну, i мае таксама крылы пры плячох.

Лектыка затрымалася перад дзвярыма дому, якiя чуйны прыдзверны ў тым жа моманце адчынiў.

- Цi спадар Вiнiць вярнуўся? - спытаў Пятронi.

- Перад хвiлiнай,- далажыў нявольнiк.

- А, знача, не адбiў яе! - падумаў Пятронi.

I, скiнуўшы тогу, убег да атрыюма. Вiнiць сядзеў на трыножнiку, звесiўшы голаў амаль не да самых калень, трымаючы яе ў далонях, але, пачуўшы водгалас хады, падняў скамянелы твар i раз'iскраныя вочы.

- Спазнiўся? - спытаў Пятронi.

- Але. Схапiлi яе перад поўднем.

Хвiлiна маўчання.

- Бачыўся з ёю?

- Так.

- Дзе сядзiць?

- У Мамэртынскай вязнiцы.

Пятронi здрыгануўся й глядзiць на Вiнiцiя пытаючым вокам. А той:

- Не! - кажа, сцямiўшы.- Не пасадзiлi яе ў Тулiянум [22], анi нат у сярэдняй вязнiцы. Падкупiў я вартаўнiка, каб адступiў ёй сваю камору. Урсус ляжыць ля парога й пiльнуе яе.

- Чаму ж Урсус яе не абаранiў?

- Прыслана пяцьдзесят прэторыянаў, дый Лiн яму забаранiў.

- А Лiнус сам?

- Лiн пры смерцi, таму не ўзялi яго.

- Што мяркуеш рабiць?

- Адратаваць яе або памерцi разам з ёю. I я веру ў Хрыста. Вiнiць гаварыў нiбыта спакойна, але ў голасе ягоным было нешта так жаласнае, што сэрца Пятронiя скаланулася шчыраю лiтасцю.

- Разумею цябе,- спачуваў,- але як яе думаеш ратаваць?

- Падкуплю варту насамперш, каб засцерагчы яе ад знявагi, а па-другое, каб не перашкаджалi ёй уцячы.

- Калi гэта маецца быць?

- Сказалi, што не могуць мне выдаць яе зараз, бо баяцца адказнасцi. Як вязнiцы перапоўняцца людзьмi, i калi згубiцца рахунак вязняў, тады мне яе аддадуць. Але гэта крайнi выпадак! Перш ты ратуй мне яе! Ты ж прыяцель цэзара! Ён жа сам мне яе аддаў. Iдзi да яго й ратуй мяне!

Пятронi замест адказу заклiкаў нявольнiка i, загадаўшы яму прынесцi два цёмныя плашчы й два мячы, звярнуўся да Вiнiцiя:

- Iдучы, табе адкажу,- кажа,- тым часам бяры плашч, зброю i пойдзем пад вязнiцу. Там дай вартаўнiкам сто тысяч сэстэрцыяў, дай два разы й пяць разоў больш, абы толькi выпусцiлi Лiгiю хутка, iнакш - будзе позна.

- Хадзем,- згаджаецца Вiнiць.

Праз момант абодва йшлi вулiцаю.

- Ну, а цяпер слухай, што табе скажу,- кажа Пятронi.- Не хацеў я трацiць часу. Я ад сянняшняга дня ўжо ў няласцы. Маё собскае жыццё вiсiць на валаску, i таму не магу нiчога даканаць у цэзара. Горай! Маю пэўнасць, што зробiць насуперак маёй просьбе. Каб не гэта, цi ж я раiў бы табе ўцякаць з Лiгiяй або адбiваць яе? Адыж, каб удалося ўцячы, гнеў звалiўся б на мяне. Ён бы хутчэй зрабiў штось на тваю просьбу, чым на маю. Не спадзявайся, аднак, на гэта. Выдабудзь яе з вязнiцы i ўцякай! Няма iншае рады. Калi гэта не ўдасца, тады будзе час на iншыя спосабы. Тым часам ведай, што Лiгiю пасадзiлi не толькi за веру ў Хрыста. На ёй i на табе спаганяе помсту Папея. Цi ты памятаеш, як абразiў аўгусту, адпiхаючы ад сябе? А яна ж ведае, што зрабiў ты гэта дзеля Лiгii, якую й так ненавiдзела ўжо ад першага спаткання. Адыж i ўпярод манiлася яе згубiць, абвiнавацiўшы за тое, што быццам уракла дзiця. У тым усiм, што сталася, вiдаць рука Папеi! Чым бо вытлумачыць тое, што Лiгiю першую арыштавалi? Хто мог паказаць дом Лiна? Я табе кажу, вывяды даўно за ёю хадзiлi! Ведаю, што раздзiраю табе душу ды адыймаю апошнюю надзею, але кажу гэта знарок дзеля таго, што калi не выцягнеш яе, пакуль не здагадаюцца аб тваiх спробах, дык згiнеце абое.

- Так! Разумею! - адказаў прыгноблены Вiнiць. Вулiцы былi пустыя, бо было ўжо позна, далейшую гутарку перарваў iм п'яны гладыятар, якi павалiўся на Пятронiя, апiраючыся даланёю на ягоным плячы ды крычачы ахрыплым смуродлiвым голасам:

- Хрысцiяне - львом!

- Мiрмiлон ты,- адазваўся Пятронi,- паслухай добрае рады й спяшы ў свой бок.

Тады п'яны схапiў яго й другою рукою за плячо:

- Крычы разам са мною, а то скручу табе голаў: хрысцiяне - львом на тлушч!

Нервы Пятронiя даволi ўжо мелi гэнае варкатнi. Ад тае пары, як выйшаў з Палатыну, душыла яна яго, бы страшная кроза, i раздзiрала яму вушы, дык, калi ўгледзеў над сабою кулак, скончылася мера ягонай цярплiвасцi.

- Адступi, дружа! - гукнуў.- Смярдзiш i перашкаджаеш мне.

Так кажучы, усадзiў яму аж па трымальна ў грудзi стылет, якi ўзяў з сабою, выходзячы з дому, i, аблапiўшы пад руку Вiнiцiя, гаварыў далей, як бы нiчога такога не сталася:

- Цэзар кажа мне сяння: «Не забудзь нагадаць Вiнiцiю, каб абавязкова быў на йгрышчах, на якiх выступяць хрысцiяне». Цямiш, што гэта абазначае? Вось жа, хочуць зладзiць сабе вiдовiшча з твайго болю. Гэта ўжо рэч упланаваная. Дзеля таго мо й не закратавалi да гэнае пары цябе й мяне. Калi не ўдасца яе хутка выдабыць, тады... не ведаю!.. Твая сiцылiйская маёмасць магла б таксама спакусiць Тыгэлiна... Спрабуй.

- Аддам iм усё, што маю,- адказаў Вiнiць.

З Карынаў на Форум было не надта далёка, дык хутка прыйшлi. Першы золак бялiў ужо сцены замку.

Нараз, як толькi павярнулiся да Мамэртынскай вязнiцы, Пятронi затрымаўся й кажа:

- Прэторыяне!.. Запозна!..

Вязнiца абстаўлена была падвойным ланцугом ваяроў. Золак серабрыў iхнiя жалезныя шаломы i вастрыё дзiдаў. Вiнiць збялеў, бы мармур.

- Хадзем! - кажа.

Падыйшлi да шэрагоў старожы. Пятронi меў незвычайную памяць, ведаў не толькi старшын, але i амаль усiх радавых прэторыi, дык хутка пазнаў знаёмага старшыну кагорты ды кiўнуў на яго.

- Што гэта, Нiгер? - адазваўся.- Загадана вам пiльнаваць вязнiцы?

- Так, крывiчэсны Пятронi! Прэфект баяўся, каб не спрабаваў хто адбiваць падпальвачоў.

- Цi маеш загад не ўпушчаць нiкога? - спытаў Вiнiць.

- Не, спадару. Знаёмыя адведвацiмуць вязняў, i такiм чынам вылавiм больш хрысцiян.

- Ну, дык упусцi мяне,- кажа Вiнiць. I, сцiснуўшы далонь Пятронiю, кажа яму:

- Пагавары з Актэ, а я прыйду даведацца, якi табе дала адказ...

- I прыходзь! - гавора Пятронi.

У гэнай хвiлiне пад зямлёю й за грубымi сценамi адазвалася песня. Яна, адразу глухая й прыцiшная, штораз мацнела. Мужчынскiя галасы, жаночыя й дзiцячыя злiвалiся ў адзiн сугалосны хор. Цэлая вязнiца пачала ў заранiчнай цiшы пяяць, бы гарфа. Але не былi гэта галасы журбы нi роспачы. Наадварот, грымела ў iх радасць i трыумф.

Ваяры пераглядалiся здумленна.

На небе ружавiлася й залацiлася ранняя зарнiца.

LII

Воклiч «Хрысцiяне - львом!» разлягаўся бесперастанку па ўсiх кварталах гораду. Спершку не толькi нiхто не сумняваўся, што яны былi вiнаватымi, але й не хацеў нiхто сумнявацца, бо кара на iх мела быць разам з забаваю для народу. Але таксама шырылася думка, што не дайшла б бяда да такiх страшэнных памераў, каб не гнеў багоў, дык загадана па святынях «пiякула», або перапрашальныя ахвяры. Сенат на падставе Сыбiлiйскiх кнiг зладзiў урачыстасцi й публiчныя мольбы да Вулкана, да Цэрэры, да Празэрпiны. Матроны складалi ахвяры Юноне - iшлi яны ў працэсii аж на бераг мора, каб зачэрпаць там вады й скрапiць ёю фiгуру багiнi. Жанкi ладзiлi багом пачосткi i начныя гадзiны [23]. Увесь Рым ачышчаўся з грахоў, складаў ахвяры й перапрашаў несмяротных. Прымеж таго на пажарышчы стаўбавана новыя шырокiя вулiцы. Тут i там заснавана ўжо фундаменты стройных дамоў, палацаў i святынь. Перад усiм, аднак, з нечуваным паспехам будавана велiзарныя драўляныя амфiтэатры, у якiх мелi канаць хрысцiяне. Зараз па сходзе ў доме Тыбэрыя разаслана да праконсулаў загады, каб дастаўлялi дзiкiя звяры. Тыгэлiн апустошыў вiварыi ўсiх iтальянскiх гарадоў, нат меншых. У Афрыцы па загадзе ягоным зладжана вялiкiя аблавы, у якiх усё тамтэйшае насельнiцтва мусiла ўдзельнiчаць. Прывозiлi сланы й тыгрысы з Азii, кракадылы й бегемоты з Нiлу, львы з Атласу, ваўкi й мядзведзi з Пiрэнеяў, паганныя сабакi з Гiбернii, псы-моласы з Эпiру, буйвалы й вялiзныя лютыя туры з Германii. Iгрышчы мелiся быць незвычайныя, перавышаючыя сваёю велiччу ўсё, што да гэтых пор бачыў Рым, бо колькасць закратаваных была вялiзная, Цэзар манiўся ўтапiць успамiны пажару ў крывi i ўпаiць ёю Рым.

Разахвочаны народ дапамагаў вiгiлам i прэторыянам вылоўлiваць хрысцiян. Удавалася гэта без цяжкасцяў, бо цэлыя грамады iх, качуючы па гарадох разам з iншым жыхарствам, вызнавалi веру публiчна. Калi, ловячы, iх акружалi, яны падалi на каленi i, пяючы песнi, дазвалялi браць сябе без анiякага супрацiву. Але цярплiвасць раздражняла толькi народ, якi, не разумеючы прычыны яе, уважаў яе за закатнасць ды закамянеласць у злачынстве. Шал ахапiў пераследвальнiкаў. Здаралася, што чэрнь вырывала хрысцiян прэторыянам з рук i разрывала iх на кавалкi рукамi. Жанчын цягнулi за валасы ў вязнiцу, дзецям разбiвалi галоўкi аб каменне. Тысячы людзей днём i ноччу, выючы, палявала па вулiцах. Шукалi ахвяр на папялiшчах, па камiнох i паграбох. Перад турмамi спраўлялi пры вогнiшчах вакол бочак з вiном бахiчныя п'янствы i скокi. Грамавыя рыкi кожны вечар разлягалiся па горадзе, упойваючы тых, што чакалi iгрышчаў. Вязнiцы былi да берагоў перапоўненыя, а прымеж таго, чэрнь i прэторыяне штодзень дастаўлялi ахвяр штобольш. Замерла мiж людзьмi лiтасць. Людзi, казаў бы, забылiся мовы i ў дзiкай шалёнасцi памяталi толькi адзiн воклiч: «Хрысцiяне - львом!» Настала прымеж таго такая гарачыня ўдзень, а духата ўночы, якiх Рым не памятаў. Усё паветра было як бы прасякнута шалам, крывёю, злыбядой.

А той перабранай меры азвярэласцi адказвала таксама мера жады пакутнiцтва. Хрысцiяне дабрахвотна йшлi на смерць, шукалi нат яе, пакуль не паўстрымала суровая забарона старшын. Па iхнiм загадзе пачалi збiрацца ўжо толькi за горадам у падзямеллях на Апiйскай дарозе ды ў прыгарадскiх вiннiцах, уласнiкамi якiх былi патрыцыi-хрысцiяне, дагэтуль яшчэ незакратаваныя. На Палатыне было добра ведама, што вызнавальнiкамi Хрыста ёсць i Флавiй, i Дамiцыла, i Пампонiя Грэцына, i Карнэль Пудэнс, i Вiнiць. Сам цэзар сумняваўся аднак, цi ўдасца падбухторыць чэрнь супраць такiх людзей, i дзеля неабходнага пераканання народу адлажылi кару i помсту патрыцыям на апошнiя днi. Некаторыя думалi, што тых патрыцыяў ацалiў уплыў Актэ. Здагадка гэная была памылковай. Пятронi пасля развiтання з Вiнiцiем хадзiў, праўда, да Актэ прасiць помачы для Лiгii, але яна магла ахвяраваць яму толькi слёзы, бо жыла ў маркотным забыццi, пастолькi талераваная, паколькi хавалася ад Папеi i цэзара.

Адведвала Лiгiю ў вязнiцы, прыносiла ёй вопратку й ежу, а перад усiм забяспечыла яе ад знявагi з боку i так ужо падкупленых вартаўнiкоў.

Пятронi ўсё ж не мог сабе дараваць няўдалага помыслу, бо каб ён не нараiў адабраць Лiгiю з дому Аўлаў, дык праўдападобна не была б сяння ў вязнiцы. Адыж, хочучы выйграць гульню з Тыгэлiнам, не шчадзiў нi часу, нi захадаў. У працягу некалькiх дзён бачыўся з Сэнэкам, з Дамiцыем Афрам, з Крыспiнiлай, праз якую манiўся трапiць да Папеi, з Тэрпнасам, з Дыядорам, з прыгожым Пiфагорам, а ў канцы - з Алiтурам i Парысам, просьбы якiх звычайна цэзар выконваў. Пры дапамозе Хрызатэмiс, якая цяпер была каханкаю Ватынiя, спрабаваў сабе здабыць i ягоную нат дапамогу, не шкадуючы нi яму, нi iншым абяцанкаў i грошай.

Але ўсе гэныя натугi былi без вынiку. Сэнэка, няпэўны заўтрашняга дня, казаў, што хрысцiяне хоць бы нат i не спалiлi Рыму, дык павiнны быць пагублены для дабра ягонага, адным словам, усправядлiўляў маючую адбыцца разню рацыяй стану. Тэрпнас i Дыядор грошы ўзялi, а ўзамен не зрабiлi нiчога. Ватынiй данёс цэзару, што манiлiся яго падкупiць, адзiн толькi Алiтурус, хоць спачатку быў варожа настроены да хрысцiян, шкадаваў iх цяпер i асмелiўся прыгадаць цэзару пра закратаваную дзяўчыну ды заступiцца за яе, але нiчога не атрымаў, апрача слоў:

- Няўжо ты думаеш, што я меншую душу маю, чым Брут, якi для дабра

Рыму не пашкадаваў родных сыноў?

I, калi пераказаў гэны адказ Пятронiю, той зрабiў выснову:

- Калi ўжо знайшоў параўнанне з Брутам, дык няма ратунку.

Шкада яму было, аднак, Вiнiцiя, i баяўся, каб той не налажыў на сябе рукi. «Цяпер,- думаў сабе,- падтрымоўваюць яго шчэ захады дзеля ратунку ейнага, агляданне яе ды самая пакута, але як усе помыслы праваляцца, i згасне апошняя iскра надзеi - на Кастара! - ён не перажыве яе i кiнецца на меч». Тым часам Вiнiць рабiў усё, што мог толькi прыдумаць, каб уратаваць Лiгiю. Адведваў аўгустыян i ён, такi некалi ганарлiвы, малiў цяпер iхняе помачы. Праз Вiтэлiя сулiў Тыгэлiну сваю сiцылiйскую маёмасць i ўсё, чаго б толькi зажадаў; Тыгэлiн аднак, баючыся, мусiць, аўгусты, адмовiў. Пайсцi да самога цэзара, абняць яму каленi i благаць-малiць не давяло б да нiчога. Вiнiць манiўся, праўда, i гэта зрабiць, але Пятронi забаранiў:

- А калi табе адмовiць, калi адкажа кпiнамi або гнюснай пагрозай, што тады рабiцiмеш?

Боль зморшчыў аблiчча Вiнiцiя, i ён, ледзь стрымлiваючы пакуты i закатнасць, скрыгiтаў зубамi.

- Так-так! - зазначае Пятронi.- Дзеля таго табе адрайваю. Загародзiш сабе ўсе дарогi ратунку.

Вiнiць зрэзыгнаваўся i, водзячы даланёю па чале, аблiтым халодным потам, адказаў:

- Не! Не! Я ж хрысцiянiн!

- I пра гэта забудзеш, як перад хвiлiнай забыўся. Маеш права сябе загубiць, але не яе. Памятай, праз якую гегену прайшла дачка Сэяна перад смерцяй. Настаўленне гэнае не было шчырым, бо расходзiлася яму больш пра Вiнiцiя, чым пра Лiгiю. Але ведаў, што нiчым так не паўстрымае яго ад згубнага кроку, як страшачы немiнучаю згубаю Лiгii, на якую выставiў бы яе праз гэта. Дый меў нейкую рацыю: на Палатыне прадбачвалi магчымасць з'яўлення маладога трыбуна, i прыгатавана спосабы засцярогi.

Аднак жа пакута Вiнiцiя перавышала ўсе магчымасцi людскiх сiл. Ад часу арышту Лiгii, калi замiгацеў над ёю арэол будучага пакутнiцтва, не толькi пакахаў яе ў сто разоў болей, але папросту стаў аддаваць ёй у душы пашану амаль рэлiгiйную, маўляў надземнай iстоце. I цяпер на ўспамiн, што гэную каханую i адначасна святую iстоту мусiцiме страцiць, што пагражаюць ёй пакуты страшнейшыя ад самай смерцi, кроў замiрала яму ў жылах, душа енчыла, кружылася у галаве. У чэрапе, здавалася, гарыць агонь, якi хутка спалiць яго, рассадзiць. Згубiў толк, што дзеецца. Перастаў цямiць, чаму Хрыстус, Бог мiласэрны, не спяшае на помач сваiм вызнаўцам, чаму асмаленыя муры Палатыну не глытае зямля, а з iмi разам i Нэрона, аўгустыянаў, прэторыянаў ды ўсё гняздо праступку?! Думаў, што не можа дый не павiнна быць iнакш, усё гэта, што аглядаюць ягоныя вочы, хiба сон. Але рык звяр'я прыгадваў яму, што гэта рэчаiснасць; грукат сякераў, зпад якiх вырасталi арэны, гаварыў яму, што гэта сапраўднасць, пацвярджала яе й выццё народу, i перапоўненыя турмы. Тады жахалася ў iм вера ў Хрыста, i жахлiвасць тая была новаю пакутай, можа, ад усiх найстрашнейшай.

LIII

Iўсё было промахам. Вiнiць спакарыўся да таго, што шукаў спамогi ў вызвольнiкаў i нявольнiц так цэзара, як i Папеi, плацiў за iхнiя пустыя дэкларункi, купляў багатымi падарункамi iхнюю спагаднасць. Знайшоў першага мужа аўгусты Руфрыя Крыспiна i выстараўся ад яго адпаведную пiсульку; падараваў вiллу ў Анцыюме ейнаму сыну з першага замужжа, Руфiю, але разгневаў гэным цэзара, якi ненавiдзеў пасерба. Праз адмысловага пасланца пiсаў да другога мужа Папеi, Атона, у Гiшпанiю, ахвяраваў цэлую сваю маёмасць i сябе самога, але ўрэшце зразумеў, што стаўся толькi забавай у гэтых людзей, што, каб быў ад самага пачатку паставiўся абыякава й крывадушна да лёсу Лiгii, дык хутчэй яе ўратаваў бы.

Тое самае скемiў i Пятронi. А тым часам дзянёчкi ўцякалi за днямi. Амфiтэатры былi ўжо гатовыя. Раздавалi ўжо тэсары, як называлi ўваходныя знакi, на ludus matutinus [24]. Гэным разам «ранiшняе iгрышча» з прычыны надта вялiкае колькасцi ахвяр мелася расцягнуцца на днi, тыднi i месяцы. Не было ўжо дзе змяшчаць ахвяр. Вязнiцы былi напханыя аж да берагоў, i гаспадарыла ў iх гаручка. Путыкулы, гэта значыць супольныя ямы, у якiх хавалi нявольнiкаў, пачалi перапоўнiвацца. Баязно было, каб хваробы не распаўсюдзiлiся па цэлым горадзе, дык загадана прыспешвацца.

А ўсе гэныя весткi даходзiлi да вушэй Вiнiцiя, гасячы ў iм апошнiя праблыскi надзеi. Пакуль быў час, мог ён пацяшацца надзеяй, што яшчэ нешта здолее зрабiць, але цяпер не было ўжо часу. Вiдовiшчы вось-вось мелi ўжо распачацца, Лiгiя хутка магла з'явiцца ў цыркавым кунiкулюме, адкуль выхад быў ужо толькi на арэну. Вiнiць, не ведаючы, куды кiне яе няшчасная доля й дзiкае нахабства, пачаў абходзiць усе цыркi, падкупляць вартаўнiкоў i бестыярыяў, дамагаючыся ад iх рэчаў немагчымых. Часамi спахапляўся, што ўжо працуе толькi над тым, каб хоць ёй смерць аблегчыць, i тады якраз чуў, што замест мазгоў мае ў чэрапе распаленыя вуглi.

Але ж не думаў яе перажыць i вырашыў згiнуць з ёю разам. Але думаў: боль выпалiць у iм жыццё, пакуль падыйдзе страхотны той тэрмiн. Ягоныя прыяцелi й Пятронi думалi таксама, што недалёкi той дзень, калi адчынiцца перад iм краiна ценяў. Твар Вiнiцiя ўчарнеў, стаўся падобным да тых васковых масак у лярарыях. На ягоным выглядзе адбiлася здумленне, аслупеласць, маўляў не цямiў, што сталася i што можа стацца. Калi хто-небудзь звяртаўся да яго з гутаркай, хапаўся механiчным жэстам за голаў i глядзеў жахлiвым пытаючым зорам. Ночы начаваў разам з Урсусам пад дзвярыма Лiгii ў вязнiцы, а калi загадала яму адыйсцi й супачыць, вяртаўся да Пятронiя й валэндаўся аж да ранiцы па атрыюме. Нявольнiкi бачылi яго часта кленчучага з паднятымi рукамi або нiцма ляжачага на зямлi. Малiўся да Хрыста, бо гэта была апошняя надзея. Нiшто не дапамагло. Лiгiю ўцалiць мог толькi цуд, дык Вiнiць бiў лбом аб каменную пасаджку i благаў цуду.

Але апошная крошка прытомнасцi дыктавала яму, што малiтва Пятра больш значыла, чым ягоная. Пётр абяцаў яму Лiгiю, Пётр ахрысцiў яго, Пётр сам тварыў цуды, дык хай жа дасць яму ратунак i ўспамогу.

I пайшоў раз ноччу шукаць яго. Хрысцiяне, якiх нямнога ўжо засталося, укрывалi яго цяпер руплiва, нат адны перад другiмi, каб часам хто слабейшы характарам не здрадзiў яго мiмахоць або знарок. Вiнiць у агульнай сумятнi й пагроме, затурбаваны пры тым цалкам ратаваннем Лiгii, згубiў Апостала з вачэй, так што пасля свайго хросту спаткаў яго адзiн толькi раз, яшчэ перад посцiгам. Але ад таго фосара, у хаце якога быў ахрышчаны, даведаўся, што ў Пудэнсавай вiннiцы за Порта Салярыя адбудзецца сходзiшча хрысцiян. Фосар падручаўся ўвесцi яго на гэты сход, запэўнiваючы, што застануць там i Пятра.

I выйшлi на прыцемку. За мурамi гораду, за сухадоламi, зарослымi трыснягом, знайшлi на дзiкiм узбоччы вiннiцу. Зборышча адбывалася пад павеццю, у якой абыдна выраблялася вiно. Да Вiнiцiевых вушэй пры ўваходзе данёсся прыцiшны гоман малiтвы, а ўвайшоўшы, угледзеў пры мутным асвятленнi лятаранькаў колькiдзесят асоб на каленях, затопленых у малiтве. Адгаворвалi яны нешта падобнае да лiтанii. Хор галасоў, поспал мужчынскiх i жаночых, раз за разам паўтараў: «Хрысце, змiлуйся!» Вiбраваў у гэных галасох глыбокi сум i жаль.

Пётр быў прысутны, стаяў на каленях перад драўляным крыжам, прыбiтым да сцяны паветкi, i малiўся. Вiнiць пазнаў здалёк ягоны белы голаў i паднятыя рукi. Першаю думкай маладога патрыцыя было працiснуцца праз грамаду, кiнуцца да ног апосталавых i крычаць: «Ратуй!», але цi то настрой малiтвы, цi аслабленне ўвагнула пад iм каленi, i пачаў разам з усiмi енчыць, згарнуўшы моцна рукi: «Хрысце, змiлуйся!» Каб быў прытомны, дык сцямiў бы, што не толькi ў ягонай просьбе зычэў енк, што не ён толькi прынёс сюды свой боль, свой жаль i сваю трывогу, не было ў гэным зборышчы анiводнай душы людское, якая б не страцiла дарагiх сэрцу асоб, а калi найшчырэйшыя ды найадважнейшыя з вызнавальнiкаў былi ўжо закратаваныя, калi кожная хвiлiна прыносiла вестку пра знявагi й пакуты ў вязнiцах, калi гром няшчасця перарос усе здагады, калi засталася ўжо толькi гэтая жменька- не было сярод яе анiводнага сэрца, якое б не хiснулася ў веры i не пытала з сумлiвам: дзе Хрыстус? Чаму дазваляе, каб зло сталася магутнейшым за Бога?! А ўсё ж благалi шчэ Яго роспачна мiласэрнасцi, бо ў кожнай душы тлела дагэтуль iскра надзеi, што прыйдзе, выкаранiць зло, скiне ў продню Нэрона i заваладае светам... Яшчэ трывожна малiлiся, гледзячы на неба, яшчэ прыслухоўвалiся. Вiнiцiй таксама, чым больш паўтараў: «Хрысце, змiлуйся!», тым больш авалодвала экстаза, як калiсь у хаце фосара. Вось клiчуць Яго з глыбокiм болем ахвяры адхланi, вось клiча Пётр, дык хiба промiццю раздзярэцца неба, здрыганецца зямля, i сыйдзе Ён, святазарны, мiласэрны, але й грозны, вывышыць сваiх верных, а процьме загадае глынуць пераследвальнiкаў.

Вiнiць закрыў рукамi твар i прыпаў да зямлi. Нараз наўкола западае цiшыня, казаў бы, жах заткнуў усiм вусны. Мусiць нешта цяпер стацца, можа, цуд? Быў пэўны: калi падымецца й расплюшчыць вочы, убачыць святло, ад якога слепне зор смяротны, i пачуе голас, ад якога сэрца млее.

Але цiшыня трывала ўсцяж. Перарывае ўрэшце яе прычытанне жанчыны.

Вiнiць устаў i глядзiць агарошанымi вачыма. У павецi замест надземнае яснасцi мiгацяць кволыя агеньчыкi святлiкоў ды касулi месяца, што ўкрадалiся праз атворышча ў страсе, напаўняючы яе срэбным святлом. Людзi, кленчучыя побач з Вiнiцiем, падносяць залiтыя слязьмi вочы да крыжа. Тамсям адзываюцца iншыя прычытаннi, а звонку даносiцца асцярожнае пасвiстванне вартаўнiкоў. Нараз устае Пётр i, звярнуўшыся да грамады, гавора:

- Дзецi, падымеце сэрцы да Збаўцы нашага i ахвяруйце Яму вашыя слёзы!

I змоўк. Знячэўку спамiж грамады адзываецца голас жанчыны, поўны жаласнай скаргi й бязмежнага болю:

- Я ўдава, адзiнюсенькага сына мела, якi кармiў мяне... Вярнi мне яго, Усеспадару!

Зноў цiшыня. Пётр стаяў перад покатам ляжачай грамадою, стары, стурбаваны, казаў бы, увасабляў сабою немач i згрыбеласць.

Нараз падымаецца другi голас:

- Каты зняважылi мае дочанькi, i Хрыстус на гэта дазволiў!

Пасля трэцi:

- Сама я адна засталася з дзяцьмi, а як возьмуць мяне, хто iм дасць хлеба й вады?

Па тым - чацверты:

- Лiна, якiм перш пагрэбавалi, цяпер узялi й палажылi на пакуты, Госпадзе! Ды зноў, пяты:

- Як дадому вярнуся, возьмуць нас прэторыяне. Дзе нам падзецца?

- Гора нам! Хто нас затулiць?!

I так у начной цiшы падымалася скарга за скаргай. Стары рыбак прымкнуў вочы i трос белаю сваёю галавою над гэным людскiм болем i трывожлiвай журбою. Зноў настала маўчанне, толькi вартаўнiкi прыцiшна перасвiствалiся звонку.

Вiнiць сарваўся на ногi зноў, каб працiснуцца праз грамаду да Апостала i зажадаць ад яго ратунку, але нагла ўявiў перад сабою як бы пропасць, i ногi адмовiлi послуху. Што будзе, калi Апостал выявiць сваю немач, калi сцвердзiць, што рымскi цэзар магутнейшы, чым Хрыстос Назарэнскi? Гэная думка падняла яму валасы на галаве, бо адчуў, што тады гэная продня глыне не толькi астанкi ягонай надзеi, але й яго самога, i ягоную Лiгiю, i любоў ягоную да Хрыста, i веру ягоную, i ўсё, чым жыў, а застанецца толькi смерць i ноч, моў безбярэжнае мора.

Ажно Пётр пачаў гаварыць голасам спачатку так цiхiм, што ледзь яго можна было пачуць:

- Дзецi мае! На Галгофе бачыў я, як Бога прыбiвалi да крыжа. Чуў удары молата i бачыў, як падымалi крыж угару, каб грамады прыглядалiся на смерць Сына Чалавечага...

I бачыў, як бок Яму прабiлi, як памёр. А тады, ад крыжа вяртаючыся, крычаў я з болю, як вы крычыцё: «Гора! Гора! Госпадзе! Ты ж Бог! Чаму ж дапусцiў гэта, чаму памёр, чаму раздзёр нам сэрца, мы ж уверылi, што прыйдзе Тваё валадарства?!»...

А Ён, валадар наш i Бог наш, трэцяга дня ўваскрос i быў мiж намi, пакуль у вялiкай святасцi не адыйшоў да валадарства свайго...

А мы, пазнаўшы слабавернасць нашу, узмацнiлi сэрцы i ад тых пор сеем вось зерне Ягонае...

-

Тут, звярнуўшыся ў той бок, адкуль выйшла першая скарга, пачаў гаварыць мацнейшым ужо голасам:

- Годзе жалiцца!.. Бог сам паддаўся пакутам i смерцi, а вы хочаце, каб вас ашчадзiў? Людзi, вы слабаверныя! Цi вы зразумелi навуку Ягоную, цi Ён адно толькi гэта жыццё вам абяцаў? Вось iдзе да вас i клiча: «Iдзеце ў мае сляды!» - вось падымае вас да сябе, а вы хапаецеся за зямлю рукамi, крычучы: «Ратуй, Госпадзе!» Я - трухля перад Богам, але перад вамi - Апостал Божы i Намеснiк, кажу вам у iмя Хрыста: не смерць перад вамi, але жыццё, не пакуты, але бясконцая раскоша, не слёзы i енк, толькi пяянне, не няволя, толькi вяселле! Я, Апостал Божы, звяшчаю табе, удава: сын твой не памрэ, толькi народзiцца ў славе да жыцця вечнага, i спаткаешся з iм! Табе, родзiчу, якому злыднi сплямiлi нявiнныя дочкi, абяцаю, што знойдзеш iх бялейшымi, чым лiлея Геброну! Вам, маткi, якiх адарвуць ад сiрат, вам, што глядзецiмеце на смерць найдаражэйшых асоб, вам, склапочаным, турботным, нешчаслiвым, трывожным, вам, што памiрацiмеце ў iмя Хрыста, запавяшчаю: устанеце, бы ад сну, да шчаснага быту, выйдзеце з ночы на свет Божы. У iмя Збаўцы, хай спадзе бяльмо з вачэй вашых i разгарыцца сэрца!

Гэта выгласiўшы, падняў волатна руку, а яны пачулi свежую кроў у жылах i магату ў касцях, перад iмi стаяў ужо не старац, згрыбелы i бязрадны, але магут, якi завалодваў iхнiя душы i падымаў iх з прыгноблення й трывогi.

- Аман! - адазвалася некалькi галасоў.

А з ягоных вачэй лунаў штораз мацнейшы бляск, лунала сiла, дастойнасць, святасць. Галовы схiлялiся перад iм, а ён, як замоўкла «аман!», гаварыў далей:

- Сееце з плачам - збiрацiмеце з радасцю! Чаго баiцеся моцы злога? Над светам, над Рымам, над гарадамi ёсць Валадар, якi жыве ў душах вашых. Каменнi змокнуць ад слёз, пясок крывi нап'ецца, вы самi запоўнiце магiльныя ямы, а я вам кажу: вы пераможнiкi! Госпад iдзе заваяваць сабе гэты горад гныбення i пыхi, а вы - легiя Ягоная! I як Ён адкупiў пакутамi й крывёю грахi свету, дык жадае, каб вы адкупiлi пакутамi й крывёю гэтае гняздо няслушнасцi!.. Гэта звяшчаю вам уласнавусна!

I злажыў рукi, узняў вочы, а iм замерлi сэрцы ў грудзях, бо адчулi, быццам вочы ягоныя нешта бачаць, чаго не могуць дагледзець яны.

I вось аблiчча змянiлася, залунала яснасцю, глядзеў анямелы, моў захоплены, а пасля адзываецца:

- Стаiш перада мною, Вучыцелю, i паказваеш мне дарогi твае!.. Як жа гэта, о Хрысце!.. Не ў Ерусалiме, а ў гэтым гняздзе нячысцiка манiшся залажыць сваю сталiцу? Тут, з гэных слёз, з гэнае крывi хочаш збудаваць Тваю Субожню? Тутака, дзе Нэрон валадарыць, Усеспадару? I загадваеш тым трывожлiвым, каб з касцей сваiх збудавалi фундамент пад Сыён свету, а духу майму даеш загад абняць уладу над iм i над народамi зямлi?.. I злiваеш вось сiлу моцы на слабых, каб сталiся непераможнымi, i загадваеш мне пасвiць адсюль авечкi Твае аж да сканчэння вякоў?.. О, будзь жа праслаўлены ў дзеях Тваiх, даючы нам перамогу! Госанна! Госанна!..

Трывожлiвыя асмялелi, слабаверныя ўцвердзiлiся ў веры. Адны крычалi: «Госанна!», другiя: «Pro Christo!» [25], па чым настала цiш. Вострая летняя маланка азарала раз-пораз напаўцёмную павець i на мiг асвятляла збялелыя ад экстазы твары.

Пётр, захоплены вiзыяй, доўга шчэ малiўся, урэшце схамянуўся, звярнуў да грамады сваю натхнёную прамянеючую голаў i кажа:

- Як Госпад вось перамог у вас сумнiў, так i вы iдзеце перамагаць у iмя Ягонае!

I хоць ведаў ужо, што перамогуць, хоць ведаў, што вырасце з iхнiх слёз i крывi, аднак голас задрыжаў ад расчулення, як пачаў жагнаць iх крыжам i багаславiць словамi:

- А цяпер багаслаўлю вас, дзеткi мае, на пакуту, на смерць, на вечнасць!

Абступiлi яго ўсе, дамагаючыся: «Мы ўжо гатовыя, але ты, святая галава, сцеражы сябе, бо ты ж намеснiк, ты выконваеш Хрыстовы ўрад!» I так гамонячы, датыкалiся да ягонай вопраткi, а ён ускладаў рукi на iхнiя галовы i жагнаў кожнага паасобку, бы бацька дзеткi, высылаючы ў далёкае падарожжа. I борзда пачалi выходзiць з павецi, бо трэ было спяшацца дадому, а адтуль у вязнiцы й на арэны. Iхнiя думкi адарвалiся ад зямлi, душы лётам узнялiся да вечнасцi, дык iшлi, бы ў сне або ў захапленнi, супрацiстаўляць атрыманую сiлу сiле закатнае «бестыi».

А Апостала ўзяў Нэрэй, Пудэнсавы слуга, i вёў яго бяспечнаю вiннiчнаю сцежкаю да свайго дому. Вiнiць, карыстаючы з месячнае ночы, ступаў назiркам за iмi i, калi ўрэшце дайшлi да Нэрэявай хаты, кiнуўся пад ногi Апосталу. Апостал, пазнаўшы яго, спытаў:

Чаго ж хочаш, сынку?

Але Вiнiць пасля таго ўсяго, што чуў на зборышчы, не смеў перад iм вымавiць просьбы, толькi, абняўшы аберуч ягоныя стопы, прыцiскаў да iх заплаканы голаў, благаючы ў гэны нямы спосаб лiтасцi. А той:

- Ведаю. Узялi табе дзеваньку каханую. Малiся за яе.

- Апостале! - заенчаў Вiнiць, абыймаючы яшчэ мацней стопы святога старца.- Ойча, я кволы чарвячына, а ты дык ведаў Хрыста, ты малi Яго, ты заступiся за яе!

I дрыжаў увесь з болю, як асiна, бiў чалом вобзем, бо, пазнаўшы моц

Апостала, ведаў, што ён адзiн толькi мог яе выбавiць.

Расчулiўся Пётр такiм болем юнака. Прыгадаў сабе, як Лiгiя калiсь, загуканая Крыспам, ляжала таксама пры ягоных нагах, молячы лiтасцi. Прыгадаў сабе, што падняў яе й пацешыў, дык i Вiнiцiя падняў цяпер i пацешыў:

- Буду малiцца, сынку,- кажа,- а ты толькi не забудзь, што я там казаў тым слабаверным: што сам Бог перацярпеў крыжавую пакуту. I памятай, пасля гэнага жыцця зачынаецца iншае, вечнае.

- Я ведаю!.. Я чуў,- адказаў Вiнiць, ловячы збялелымi вуснамi паветра,- але, бач, ойча... не ў магату мне! Калi патрэба крывi, прасi Хрыста, каб узяў маю... Я ж ваяк. Хай мне падвоiць, патроiць пакуты, ёй прызначаныя - вытрымаю! Але хай ашчадзiць яе! Гэта ж дзiцянё шчэ! Ён жа магутнейшы за цэзара, веру, магутнейшы!.. Ты ж сам яе так любiў. Ты ж багаславiў нас! То ж яна шчэ дзiця нявiннае!..

Ды- зноў нахiлiўся i, прылажыўшы голаў да Пятровых каленяў, далей малiў: - Ты ж ведаў Хрыстуса, ойча! Ты ж ведаў, Ён цябе паслухае! Заступiся за яе!

Пётр заплюшчыў вочы i горача малiўся.

Летняя маланка зноў блiскала на небе. Вiнiць падчас блiску ейнага ўглядаўся ў аблiчча Апостала, чакаючы ад яго прысуду жыцця або смерцi. Вiннiчныя перапёлачкi пераклiкалiся ў цiшынi, ды глухi далёкi водгалас хаднiкоў даносiўся з вiа-Салярыя.

- Вiнiць,- спытаў урэшце Апостал,- цi ты верыш?

- Ойча, калi б не верыў, цi ж бы я сюды прыйшоў?

- Дык вер да канца, бо вера горы пераносiць. Хоць бы ты бачыў тую дзеваньку пад мечам ката або ў пашчы льва, не пераставай верыць, што Хрыстус можа шчэ яе ашчадзiць. Вер i малiся да Яго, а я малiцiмуся поспал з табою.

Пасля, узнёсшы вочы да неба, гаварыў голасна:

- Хрысце мiласэрны, узглянь на гэта збалелае сэрца i пацеш яго! Хрысце мiласэрны! Данаравi вецер да воўны ягнятка! Хрысце мiласэрны, якi малiў Айца, каб адвярнуў чару горычы ад вуснаў Тваiх, адвярнi яе ад вуснаў гэтага слугi Твайго! Аман!

А Вiнiць, выцягваючы рукi да неба, канчаў:

- О Хрысце! Я Твой! Вазьмi й мяне разам з ёю!

На ўсходзе паказаўся золак.

LIV

Вiнiць iшоў ад Апостала ў вязнiцу з адроджаным надзеяй сэрцам. Недзе на дне душы скiглiла яшчэ роспач i жах, але ён глушыў у сабе iхнiя водгукi. Выдавалася яму немагчымым, каб заступнiцтва Божага намеснiка i сiла ягонай малiтвы засталiся без вынiку. Баяўся сумнiву. «Буду верыць у Ягоную мiласэрнасць,- казаў сабе,- хоць бы аглядаў яе ў зубах льва». I гэтая думка, хоць дужа драманцела i выступаў халодны пот на твары, ажыўляла веру. Кожны ўдар сэрца быў цяпер малiтвай. Пачынаў цямiць, што вера горы пераносiць, бо пачуў у сабе нейкую дзiўную сiлу, якое ўпярод не адчуваў. Здавалася яму, што здолее даканаць такiя рэчы, якiя шчэ ўчора былi яму не пад сiлу. Iншы раз меў уражанне, быццам лiха ўжо мiнула. Калi роспач адзывалася шчэ ў душы стогнам, прыгадваў сабе тую ноч ды тое святое старчае аблiчча, апрамененае малiтоўнай вiзыяй. «Не! Хрыстус не адкiне просьбы першага вучня свайго i пастыра авечак Ягоных! Хрыстус зжалiцца, прэч сумнiў!» I бег у вязнiцу з добраю навiною. Але тут чакала яго рэч неспадзяваная. Прэторыянская варта, што змянялася пры Мамэртынскай вязнiцы, ведала яго ўжо амаль уся i звычайна не рабiла яму перашкодаў, але гэны раз ланцуг яе не адчынiўся, замест таго сотнiк падыйшоў да яго i далажыў:

- Выбачай, крывiчэсны трыбуне, сягоння маем загад нiкога не ўпушчаць.

- Загад? - паўтарыў, бляднеючы, Вiнiць.

Ваяр паглядзеў на яго спагадна й адказаў:

- Так, спадару. Загад цэзара. У вязнiцы багата ёсць хворых, мабыць, баяцца, каб адведнiкi не разнеслi заразы па горадзе.

- Але ты казаў, здэцца, што загад на сяння толькi.

- Апоўднi змяняецца варта.

Вiнiць анямеў i адкрыў голаў, бо здавалася яму, што пiлеолус, якi меў на галаве, зрабiўся алавяным. Нараз падыходзiць да яго сотнiк блiжэй i шэпча:

- Будзь спакойны, спадару. Варта i Урсус пiльнуюць яе.

Гэта сказаўшы, нагнуўся i вомiг намаляваў на каменнай плiце даўгiм галiйскiм мячом рыбу.

Вiнiць хутка зiрнуў на яго.

- I ты прэторыянiн?..

- Пакуль не буду там,- адказаў ваяк, паказваючы на вязнiцу.

- I я веру ў Хрыста.

- Хвала iменi Ягонаму! Ведаю, спадару. Не магу ўпусцiць цябе ў вязнiцу, але пiсьмо праз вартаўнiкоў магу даручыць.

- Дзякуй табе, браце!..

I, сцiснуўшы руку ваяка, адыйшоў. Пiлеолус перастаў яму быць цяжкiм на галаве. Ранняе сонейка паднялося над турмою, а поспал з ягонай яснасцю ўступала льга ў сэрца Вiнiцiя. Гэны ваяр-хрысцiянiн быў для яго, казаў бы, новым доказам Хрыстовае магутнасцi. Па хвiлiне затрымаўся i, уставiўшы вочы ў чырванавую навiсь аблокаў над Капiтолем ды святыняй Статара, кажа сабе:

- Не бачыўся з ёю сяння, Збавiцелю, але веру ў Тваю мiласэрнасць. Дома чакаў на яго Пятронi, якi, як заўсёды, «з ночы дзень робячы», нядаўна быў вярнуўся. Паспеў, аднак, ужо выкупацца ды намасцiцца перад сном.

- Маю,- кажа,- для цябе навiны. Быў я сяння ў Тулiя Сэнэцыя, дзе быў i цэзар. Невядома скуль прыйшло ў голаў аўгусце прывесцi з сабою i малога Руфiя... Можа, на тое, каб сваёю ўрадлiвасцю змякчыць сэрца цэзара. Дзiця, як на бяду, змарыў сон, i заснула падчас чытання, як калiсь Веспасыян. Агенабарбус, зацемiўшы гэта, шпурнуў у яго каўшом. Папея абамлела, а ўсе чулi, як цэзар зiкнуў: «Абрыд мне ўжо гэты прыплодак!», а гэта, бач, абазначае тое самае, што i смерць.

- Над аўгустаю завiсла кара Божая,- зацемiў Вiнiць,- але чаму ты мне гэта гаворыш?

- Кажу дзеля таго, што цябе i Лiгiю пераследваў гнеў Папеi, а цяпер вось яна, затурбаваная собскiм няшчасцем, можа заняхаiць помсту i лягчэй дасца ўпрасiць. Буду бачыцца з ёю сяння ўвечары i гаварыцiму ў гэнай справе.

- Дзякую табе. Абвясцiў ты мне добрую навiну.

- А ты пакупайся ды адпачнi. Вусны твае ссiнелi, i цень з цябе толькi застаўся.

Але Вiнiцiю няма калi адпачываць:

- Не казалi, калi адбудзецца першае ludus matutinus?

- За дзесяць дзён. Але брацiмуць наўперад iншыя вязнiцы. Чым больш мецiмеш часу, тым лепш.

I так кажучы, гаварыў тое, у што сам ужо не верыў, бо ведаў добра: калi цэзар у адказ на просьбу Алiтура знайшоў гладкi адман, у якiм параўняў сябе з Брутам, дык для Лiгii няма ўжо ратунку. Стаiў таксама праз лiтасць тое, што чуў у Сэнэцыя: быццам цэзар i Тыгэлiн манiлiся выбраць для сябе i для прыяцеляў найпрыгажэйшыя хрысцiянскiя малодухны i зганьбiць iх перад пакутамi, а астатнiя аддадуць у самы дзень iгрышча прэторыянам i бестыярыям. Ведаючы, што Вiнiць нi за што не захоча перажыць Лiгiю, знарок падтрымоўваў ягоную надзею перш-наперш праз спачуццё для яго, па-другое, гэнаму эстэту расходзiлася таксама i пра тое, каб Вiнiць, калi суджана будзе яму памерцi, памёр прыгожым, а не ўчарнелым з болю й бяссоннiцы.

- Скажу сяння,- кажа,- аўгусце больш-менш так: уратуй Лiгiю для Вiнiцiя, а я ўратую для цябе Руфiя. I думацiму сур'ёзна пра гэта. Рудабародаму адно слова, пад пару сказанае, можа часамi каго ўратаваць або згубiць. У найгоршым выпадку, прынамсi, справа адцягнецца.

- Дзякую табе,- паўтарыў Вiнiць.

- Найлепш мне адудзячышся, як перакусiш крыху ды адпачнеш. На Афiну! Адысей у найбольшым няшчасцi не забываў пра сон ды ежу! Цэлую ноч хiба праседзеў у вязнiцы?

- Не,- адказвае Вiнiць.- Манiўся даступiцца да вязнiцы цяпер, але выданы загад нiкога не ўпушчаць. Даведайся ты, цi загад гэны выданы на сяння толькi, цi аж да дня iгрышчаў.

- Даведаюся сяння ноччу i заўтра раненька табе скажу, на як доўга ды дзеля чаго ён выданы. Ну, а цяпер, хоць бы Гелiёс ад маркоты сыходзiў да Камерыйскай краiны, iду спаць, а ты йдзi ў мае сляды.

I разыйшлiся, але Вiнiць пайшоў у бiблiятэку ды пачаў пiсаць Лiгii пiсьмо. Скончыў i аднёс яго сам ды аддаў сотнiку-хрысцiянiну, якi на ягоных вачах панёс яго ў вязнiцу. Праз момант вярнуўся з прывiтаннем ад Лiгii ды з абяцанкай, што яшчэ сяння прынясе ад яе адказ.

Вiнiць не хацеў, аднак, вяртацца i, сеўшы на камянi, чакаў на адказ Лiгii. Сонца высока ўжо паднялося, i праз Клiвус Аргентарыюс [26]наплываў на Форум, як звычайна, народ. Гандляры рэкламавалi свае тавары, варажбiты сулiлi прахожым свае паслугi, грамадзяне цягнулiся павольным крокам да ройстраў слухаць прыгодных рэтораў або дзялiцца найсвяжэйшымi навiнамi. Чым больш прыгравала сонца, тым больш грамады валындаў тоўпiлiся пад портыкам святынь, с-пад якiх вылятаў статак галубоў, раз-пораз лапочучы й палыскуючы на сонцы белымi крыламi. Ад лiшняга святла й цяпла, ад неўцiхальнага гоману пачалi Вiнiцiю клеiцца вочы. Манатонныя крыкi хлопцаў, гуляючых недалёка ў мору, ды раўнамерныя крокi варты калыхалi яго да сну. Разоў некалькi глянуў яшчэ на вязнiцу, пасля пахiнуўся на скальны зруб, уздыхнуў, як дзiця пасля доўгага плачу, i заснуў.

I зараз апанавалi яго сонныя мроi. Здавалася яму, быццам нясе на руках Лiгiю праз няведамую вiннiцу, а перад iмi йдзе Пампонiя Грэцына з святлiком у руцэ i свецiць. Нейкi голас, бы голас Пятронiя, клiкаў яго здалёку: «Вярнiся!», але ён не слухаў таго клiкання, а йшоў далей за Пампонiяй, пакуль не дайшлi да хаты, ля парогу якое стаяў Апостал Пётр. Тады ён паказаў яму Лiгiю i сказаў: «Iдзем з арэны, ойча, але не можам яе разбудзiць, збудзi ты яе». А Пётр адказвае: «Хрыстус сам прыйдзе яе збудзiць!»

Крозы пачалi пасля блытацца. Бачыў пасля праз сон Нэрона i Папею, трымаючую на руках малога Руфiя з акрываўленай галавою, якую абмываў Пятронi, i Тыгэлiна, пасыпаючага попелам сталы, застаўленыя дарагiмi стравамi, i Вiтэлiя, пажыраючага тыя стравы, ды шмат iншых аўгустыянаў, сядзячых пры банкеце. Ён сам сядзеў пры Лiгii, але мiж сталамi хадзiлi львы з акрываўленымi грывамi. Лiгiя прасiла яго, каб вывеў яе, а яго апанавала такая страшная знямога, што не здатны быў нат з мейсца крануцца. Напаследак усе зданi змяшалiся ды запалi ў непраглядную цемру.

З глыбокага сну разбудзiла яго толькi сонечная гарачыня ды крыкi тут жа, вобак, дзе сядзеў. Вiнiць працёр вочы: вулiца раiлася ад людзей, а два крыкуны ў жоўтых тунiках рассоўвалi доўгiмi кiямi натаўп i крычалi, каб далi праход для важнае лектыкi, якую несла чатырох моцных егiпскiх нявольнiкаў.

У лектыцы сядзеў нейкi чалавек у белай вопратцы, твару нельга было пазнаць, бо перад вачыма трымаў сувой папiрусу i нешта ўважна адчытваў.

- Праход для крывiчэснага аўгустыянiна! - паўтаралi крыкуны.

Вулiца, аднак, была так заталочана, што лектыка мусiла на хвiлiну затрымацца. Тады аўгустыянiн апусцiў сувой папiрусу, нецярплiва i выхiляючы голаў гукнуў:

- Разагнаць мне гэных валындаў! Хутка!

Вомiг зацемiўшы Вiнiцiя, схаваў голаў i прытка зноў уставiў вочы ў паперу. А Вiнiць спрасоння працёр рукою твар, думаючы, што гэта шчэ сонная мара. У лектыцы сядзеў Хiлон!

Тым часам крыкуны пралажылi дарогу i егiпцяне рушылi ўжо далей, нараз малады трыбун з'арыентаваўся ўмiг i падбягае да лектыкi.

- Прывiтанне табе, Хiлоне! - адзываецца.

- Юнача,- важна адказвае грэк, хаваючы трывогу ў душы,- вiтаю цябе, але не затрымоўвай мяне, бо спяшаюся да майго прыяцеля Тыгэлiна.

А Вiнiць, схапiўшы за край лектыкi, нахiлiўся да яго i спытаў грозным тонам, пранiзваючы вачыма:

- Ты выдаў Лiгiю?..

- Калосе Мэмнона! - заскiглiў сопалаху Хiлон.

Але ў вачах Вiнiцiя не было пагрозы, дык страх старога грэка мiнуў хутка. Падумаў: ён жа пад апекаю Тыгэлiна ды самога цэзара, двух волатаў, перад якiмi ўсё дрыжыць, дый ахоўваюць яго дужыя нявольнiкi, а Вiнiць стаiць перад iм безабаронны, выныджаны, сагнуты болем. Думка гэная вярнула яму смеласць. Вывярнуў на Вiнiцiя крывавыя зекры i сыкнуў:

- А ты нашто мяне збiў галоднага?

Замоўклi абодва, пасля адзываецца глуха Вiнiць:

- Скрыўдзiў я цябе, Хiлоне!..

Грэк, наiндычаны, падняў голаў i, пляснуўшы пальцамi - гэта ў Рыме рабiлася на знак насмешлiвасцi й пагарды,- адказаў так голасна, каб усе маглi пачуць:

- Калi маеш, дружа, да мяне просьбу, дык прыйдзi да майго дому на Эсквiлiне ранняю парою, тады пасля купання прыймаю гасцей i клiентаў.

I даў знаць кiвомiгам, а нявольнiкi з лектыкай рушылi далей, пагукваючы:

- Дарогу, дарогу дайце для чэсцiгоднага Хiлона Хiланiда!

LV

Лiгiя ў доўгiм, наспех пiсаным лiсце развiтвалася назаўсёды з Вiнiцiем. Ведала, што ў вязнiцы нiкому не можна было ўжо прыходзiць, i што магчыме угледзець Вiнiцiя толькi з арэны. I яна прасiла яго даведацца, калi настане iхняя чарга, i яшчэ прасiла яго, каб быў на iгрышчы, бо жадала хоць раз яшчэ ў жыццi бачыць яго. У ейным лiсце не вiдаць было страху. Пiсала, што i яна, i iншыя тужна чакаюць арэны, на якой знойдуць вызваленне з вязнiцы. Спадзеючыся, што Пампонiя i Аўл прыедуць у Рым, яна прасiла, каб i яны прыйшлi на iгрышчы. У кожным ейным радку вычуваўся духовы ўздым i адарванне ад жыцця, у якiм усе жылi ў вязнiцы, а поспал з гэтым i моцная вера ў загробнае шчасце. «Цi Хрыстус цяпер,- пiсала,- цi па смерцi мяне вызвалiць. Ён абяцаў табе мяне праз вусны Апостала, дык я твая». I заклiнала яго, каб не жалiўся па ёй ды не паддаваўся болю. Смерць не разарве ейных шлюбаў. З дзiцячым даверам запэўнiвала Вiнiцiя, што зараз па смерцi на арэне скажа Хрысту, што ў Рыме застаўся ейны сужэнец, Марк, якi цэлым сэрцам тужыць па ёй. I думала, мо Хрыстус дазволiць ейнай душы вярнуцца на хвiлiну да яго сказаць, што яна жыве ў шчасцi, забыўшы пра пакуты. З усяго ейнага лiста веела шчасцем i моцнай надзеяй. Была ў iм адна толькi просьба зямная: каб Вiнiць забраў з сполярыюма ейнае цела i пахаваў яе як сваю жонку ў той магiле, дзе сам калiсь спачывацiме.

Ён чытаў той лiст з душою збалелаю, але адначасна здавалася яму непраўдападобным, каб Лiгiя магла згiнуць ад дзiкiх клыкоў звяроў i каб Хрыстус не злiтаваўся над ёю. Меў надзею й веру. Вярнуўшыся дамоў, адпiсаў, што будзе прыходзiць штодзень пад муры Тулiянум чакаць, пакуль Хрыстус не скрышыць муроў ды не аддасць яе нат з цырку, што Вялiкi Апостал молiць у Яго гэтага, i што хвiлiна вызвалення недалёкая. Лiст назаўтра меўся ёй аднесцi навернены цэнтурыён.

Але вось, калi Вiнiць прыйшоў наступнага дня пад вязнiцу, сотнiк, выйшаўшы з шэрагаў, падыйшоў да яго i сказаў:

- Слухай, спадару, Хрыстус, якi саслаў табе крыж, аказаў табе сваю ласку. Сянняшняе ночы прыходзiлi вызвольнiкi цэзара i прэфекта выбiраць iм хрысцiянскiя малодухны, каб зняславiць, аганьбаваць. Пыталiся i пра тваю сужанiцу, але Госпад наш саслаў на яе гаручку, ад якое памiраюць вязнi ў Тулiянуме, дык абмiнулi яе. Учора ўвечары была ўжо непрытомная, i, хвала Богу, хвароба гэта, якая ўсцерагла ад ганьбавання, можа ўсцерагчы i ад смерцi. Вiнiць хапiўся за плячо ваяка, каб не павалiцца, а той гаварыў далей:

- Дзякуй Хрысту мiласэрнаму! Лiна схапiлi i хацелi тартураваць, але як паглядзелi, што канае, аддалi яго назад. Можа, i табе аддадуць яе цяпер, а

Хрыстус верне ёй здароўе.

Малады трыбун стаяў, звесiўшы голаў, пасля падняў позiрк i кажа цiха:

- Так, цэнтурыёне. Хрыстус, якi выбавiў яе ад ганьбы, выбавiць яе i ад смерцi.

I, даседзеўшы пад сценамi вязнiцы да вечара, вярнуўся дадому i выслаў сваiх людзей па Лiна, каб перанеслi яго ў адну з ягоных вiллаў крайгорада. Пятронi, аднак жа, даведаўшыся пра ўсё, рашыўся старацца яшчэ. Быў ужо раз у аўгусты, а цяпер пайшоў да яе паўторна. Застаў яе пры пасцелi Руфiя. Дзiцянё з разбiтаю галавою трызнiла з гарачкi, а мацi ратавала яго, ледзь стрымлiваючы жудзь у сэрцы й думках, не будучы пэўнай, цi па выздараўленнi не памрэ яно страшнейшаю смерцю. Затурбаваная выключна собскiм болем, не хацела нат i слухаць пра Вiнiцiя й Лiгiю, але Пятронi прыстрашыў яе.

- Угнявiла,- кажа ёй,- новае няведамае боства. Ты ж, аўгуста, аддаеш быццам пашану гэбрайскаму Егове, але хрысцiяне цвердзяць, што Хрыстус быў Сынам Ягоным, дык падумай, цi не пераследуе цябе гнеў Айца. Хто ведае, цi тое, што спаткала цябе, не ёсць iхняю помстаю, i цi жыццё Руфiя не ёсць залежным ад таго, як ты паступiш.

- Чаго ж ты хочаш ад мяне? - спытала трывожная Папея.

- Перапрасi загневаныя боствы.

- Як?

- Лiгiя захварэла. Пастарайся ў цэзара або Тыгэлiна, каб яе аддаў Вiнiцiю.

А яна роспачна:

- Цi думаеш, я магу?

- Можаш iншую рэч. Калi Лiгiя выздаравее, мусiцiме йсцi на смерць.

Iдзi ў святыню Весты й зажадай, каб virgo magna [27] знайшлася прыпадкам каля Тулiянума ў той час, як будуць выводзiць вязняў на смерць, i загадала вызвалiць тую дзяўчыну. Вялiкая вясталка не адмовiцца на тваё слова.

- А калi Лiгiя памрэ з гаручкi?

- Хрысцiяне кажуць, што Хрыстус мсцiвы, але й справядлiвы: быць можа, сама толькi добрая воля твая абласкавiць яго.

- Хай мне дасць якi знак, што аздаровiць Руфiя.

Пятронi пацiснуў плячыма.

- Я не прыйшоў як пасланец Ягоны, о боская, кажу табе толькi: будзь лепш у згодзе з усiмi боствамi рымскiмi й чужымi.

- Пайду! - адказала спакораным голасам Папея.

Пятронiю дух адкацiўся.

«Нарэшце нечага дастукаўся!» - падумаў.

I, вярнуўшыся, кажа Вiнiцiю:

Прасi свайго Бога, каб Лiгiя не памерла з гаручкi, бо калi не памрэ, дык Вялiкая Вясталка загадае вызвалiць яе. Сама аўгуста будзе яе аб гэтым прасiць. Вiнiць паглядзеў на яго вачыма, у якiх лунала гарачка, i адказаў:

- Яе вызвалiць Хрыстус.

А Папея, якая дзеля ратавання Руфiя гатовая была палiць гекатомбы ўсiм багом свету, таго ж дня шчэ вечарам пайшла на Форум да вясталак, паручыўшы дагляданне хворага дзiцяцi вернай няньцы Сiльвii, якая i яе ж самую выняньчыла.

Але на Палатыне прысуд на дзiця быў ужо выданы, бо ледзь толькi лектыка цэзарынi схавалася за вялiкаю брамай, да каморы, дзе ляжаў малы Руфiй, увайшло двух вызвольнiкаў цэзара, з якiх адзiн кiнуўся на старую Сiльвiю i заткнуў ёй вусны, а другi, схапiўшы медную статуэтку Сфiнкса, аглушыў яе адным ударам. Пасля падыйшлi да Руфiя. Распалены гаручкай i беспрытомны хлопчык, не цямячы, што навокал яго дзеецца, усмiхаўся да iх i моршчыў свае прыгожыя вочкi, як бы натужваўся iх пазнаць. Але яны, зняўшы з нянькi пояс, называны цынгулюмам, зашмаргнулi яму на шыi ды пачалi зацiскаць. Дзiцянё паспела толькi выгаварыць «мама» i хутка сканала. Пасля чаго акруцiлi яго ў посцiлку i, сеўшы на прыгатаваныя конi, адвезлi аж у Остыю ды ўкiнулi ў мора.

Папея, не застаўшы дома Вялiкай Дзявiцы, якая поспал з iншымi вясталкамi была ў Ватынiя, хутка вярнулася на Палатын. Застаўшы парожнае ложка i ўхаладзеўшае цела Сiльвii, абамлела, а пасля апрытомлення пачала крычаць, i дзiкi крык ейны разлягаўся праз усю ноч i дзень наступны.

Але на трэцi дзень цэзар загадаў ёй прысутнiчаць на банкеце, дык, прыбраўшыся ў аметыставую тунiку, прыйшла й сядзела з аблiччам скамянелым, залатавалосая, маўклiвая, чароўная i зладумная, бы анёл смерцi.

LVI

Дакуль Флавiй не збудаваў Калосэум, амфiтэатры ў Рыме будавана пераважна з дрэва, дык амаль што ўсе згарэлi падчас пажару. Нэрон, аднак, на абяцаныя iгрышчы загадаў збудаваць некалькi, а мiж iмi адзiн вялiзны, на якi зараз жа пасля пажару зачалi сплаўляць морам i Тыбрам велiзарныя бярвеннi з Атласу. Iгрышчы мелiся важнасцю й лiкам ахвяр перавышыць усе дагэтуляшнiя, дык дабудоўвалi абшырныя памяшканнi для людзей i звяроў. Тысячы работнiкаў увiхалася каля будовы дзень i ноч. Будавалi ды ўпрыгожвалi без адпачынку. Народ баяў сабе цуды пра сядзельныя ложы, выкладаныя бронзай, бурштынам, слановаю косцю, перлоўцам i скарупенцам заморскiх чарапахаў. Бягучыя ўздоўж лаваў канавы, поўныя халоднае вады з гораў, мелiся падтрымоўваць у будынку прыемны халадок, нат падчас гарачынi. Велiзарны пурпуровы велярыюм засцерагаў ад сонца. Мiж шэрагамi седзiшчаў урыхтоўвалi кадзiльнiцы для палення арабскiх пахнiдлаў; угары прыстройвалi прылады для скраплення глядзельнiкаў шафрановай расою i вервенаю. Слаўныя будаўнiчыя Сэвэр i Цэлер натужылi ўсю сваю ўмеласць, каб збудаваць амфiтэатр незраўнаны, могучы змясцiць такую колькасць цiкаўных, якое нiякi з ведамых дагэтуль амфiтэатраў не мог змяшчаць.

Дык у дзень распачацця ludus matutinus натаўп цiкаўных чакаў ад самага досвiтку адчынення брамаў, услухоўваючыся з любасцю ў рык львоў, храплiвае вурчанне пантэраў i выццё сабак. Звяр'ю не давалi ежы два днi ўжо, а замест харчу абносiлi перад iмi закрываўленыя кавалкi мяса, каб разбудзiць у iх большую крыважаднасць i голад. Iншы раз падымалася такая грамавая бура рыку й выцця, што людзям нельга было ля цырку гутарыць, а больш уражлiвыя бялелi ад страху. А пры ўсходзе сонца пачыналiся гучныя, але спакойныя й паважныя песнi, якiх слухалi з подзiвам, паўтараючы: «Хрысцiяне! Хрысцiяне!» Вялiкiя грамады iх у амфiтэатр прыгнана яшчэ ноччу i не з аднае толькi вязнiцы, як манiлiся перш, але з усiх пакрысе. Народ ведаў, што вiдовiшчы працягнуцца праз цэлыя тыднi й месяцы, але йшла спрэчка, цi з той часткаю, якая была прызначана на сяння, здолеюць за дзень увiхнуцца. Галасы мужчынскiя, жаночыя, дзiцячыя, пяючыя раннюю песню, былi такiя шматлiкiя, што знаўцам здавалася: хоць бы па сто i дзвесце асоб высылана за раз, звяры знямогуцца, насыцяцца i да вечара не паспеюць усiх паразрываць. Iншыя цвердзiлi, што надта вялiкая колькасць ахвяр, выступаючых на арэне адначасна, разрывае ўвагу i абцяжвае любавацца належна вiдовiшчам. Чым блiжэй была хвiлiна адкрыцця калiдораў, вядучых усярэдзiну, называных вамiторыямi, вясёласць i ажыўленне расло, спрэчкi множылiся. Тварылiся нат партыi, што спрачалiся мiж сабою, хто лепш разрывацьме людзей: львы або тыгры. Iшлi ўзаклад. Iншыя расказвалi пра гладыятараў, якiя мелiся выступiць на арэне перад хрысцiянамi, i зноў тварылiся спрэчныя групы то самнiтаў, то галаў, то мiрмiлонаў, то тракаў. Шчэ зарання меншыя й большыя iх аддзелы пачалi пад верхаводствам загадчыкаў, называных ланiстамi, наплываць у амфiтэатр. Не хочучы перадчасна перасiльвацца, йшлi без зброi, часта зусiм нагiя, з зялёнымi галiнкамi ў руках або вянкамi на галаве, маладыя, прыгожыя ў раннiм святле, поўныя жыцця. Iх мускулатура блiшчэла алiвай, магутная, бы выкаваная з мармуру, захапляла разлюбаваны стройнасцю народ. Многiя з iх былi знаёмыя асабiста некаторым глядзельнiкам, дык часта з розных бакоў разлягалiся прывiтаннi: «Здароў, Фурнiюс! Здароў, Лео! Здароў, Максiмус! Здароў, Дыёмедэс!» Малодухны падымалi на iх разлюбаваныя вочы, а яны выглядалi, дзе каторая прыгажэйшая, i жартаўлiва адзывалiся, як бы бестурботна, пасылаючы цалункi або воклiчы: «Абнiмi, пакуль смерць яшчэ не абняла!» - ды знiкалi ў брамах, з каторых многiя ўжо не вярталiся. За гладыятарамi йшлi мастыгофоры, гэта знача людзi з бiзунамi, абавязкам якiх было сцёбаць i пабуджаць да барацьбы. а iмi мулы цягнулi ў бок сполярыяў цэлы абоз драўляных трунаў. Гэтым цешыўся народ, дадумоўваючыся з iх колькасцi аб вялiкасцi вiдовiшча. Услед за iмi йшлi людзi, якiя дабiвалi параненых, былi яны апранутыя на падобу Харона або Мэркура; за iмi - людзi, наглядаючыя за парадкам у цырку, што раздавалi мейсцы; пасля - нявольнiкi, разносячыя стравы й халаднiкi, а напаследак прэторыяне, якiх кожны цэзар заўсёды меў у амфiтэатры пад рукою.

Адчынiлi ўрэшце вамiторыi, i натоўп хлынуў у цырк. Але такое мноства было чакаючых, што наплывалi й наплывалi цэлымi гадзiнамi, аж дзiўна было, што амфiтэатр можа такую незлiчоную колькасць змясцiць. Рыкi звяр'я, чуючага людскi пот, узмагалiся. Народ гудзеў, займаючы мейсцы, бы навальнiчная хваля.

Прыбыў нарэшце i прэфект гораду ў акружэннi вiгiлаў, а за iм бесперапыннай чарадою пачалi ўжо змяняцца лектыкi сенатараў i палатных, прэторыянскiх старшын, патрыцыяў i элеганцкiх дам. Некаторыя лектыкi папераджала ганаровая эскорта лiктораў, нясучых сякеры ў пучку розаг, а некаторыя - групы нявольнiкаў. Мiгацела на сонцы пазалота лектыкаў, белыя i рознакаляровыя сукнi, перыны, завушнiцы, каштоўнасцi, сталь сякераў. З цырку даходзiлi прывiтальныя вокрыкi важных дастойнiкаў. Час ад часу прымаршыроўвалi яшчэ невялiкiя аддзелы прэторыянаў.

Святары з розных святыняў прыбывалi крыху пазней, а за iмi неслi святых дзявiц Весты, папераджаных лiкторамi. Вiдовiшча чакала толькi шчэ на цэзара, якi, не хочучы змушаць народ да доўгага чакання ды прагнучы яго сабе паспешлiвасцю здабыць, прыбыў незабаўна ў таварыстве аўгусты i аўгустыян.

Мiж аўгустыянамi прыбыў i Пятронi, маючы ў сваёй лектыцы й Вiнiцiя. Вiнiць ведаў, што Лiгiя хворая й беспрытомная, але ў апошнiх днях доступ да вязнiцы быў строга забаронены, ранейшую варту змянiлi новаю, якой не дазволена было гутарыць нават з наглядчыкамi вязнiцы, як i даваць найменшых вестак тым, хто пытаў пра вязняў, дык не быў пэўны, цi няма яе мiж ахвярамi, прызначанымi на першы дзень вiдовiшча. Для львоў маглi выслаць i хворую, хоць бы й непрытомную. Але мелiся быць абшытымi ў звярыныя скуры i высылацца цэлымi грамадамi на арэну, дзеля таго нiхто з глядзельнiкаў не мог спраўдзiць колькасцi ды распазнаць каго. Вартаўнiкi i ўся служба амфiтэатру была падкуплена, а з бестыярыямi была дамова, што схаваюць Лiгiю ў якiмнебудзь цёмным кутку амфiтэатру, а ноччу выдадуць яе Вiнiцiеваму арандатару, якi вывезе яе ў Альбанскiя горы. Пятронi, дапушчаны да тайнiцы, раiў Вiнiцiю, каб адкрыта з iм iшоў у амфiтэатр i пры ўваходзе лоўка адлучыўся падчас суталокi й працiснуўся ў падзямелле, дзе асабiста меў паказаць варце Лiгiю.

Вартаўнiкi ўпусцiлi яго малымi дзвярыма, кудою самi ўваходзiлi. Адзiн з iх, Сырус, вомiг павёў яго да хрысцiян. Iдучы, кажа ён:

- Не ведаю, спадару, цi знойдзеш, каго шукаеш. Бо мы дапытвалiся пра малодухну iмем Лiгiя, i нiхто нам не даў адказу, але, можа, гэта дзеля таго, што нам не давяраюць.

- А многа ж iх ёсць? - пытае Вiнiць.

- Многiя з iх, спадару, застануцца на заўтра.

- Цi ёсць мiж iмi хворыя?

- Такiх, што не могуць стаяць на нагах, няма.

Гэта кажучы, Сырус адчынiў дзверы, i ўвайшлi як бы ў абшырную камору, нiзкую й цёмную, бо святло ледзь прадзiралася праз закратаванае атворышча, выходзячае на арэну. Вiнiць спачатку не мог нiчога дагледзець, чуў толькi шум i крыкi народу, даходзячыя з амфiтэатру. Але хутка вочы ягоныя прызвычаiлiся да цемры, i ўбачыў цэлыя грамады дзiвосных iстотаў, падобных да ваўкоў i мядзведзяў. Адны з iх стаялi, другiя кленчылi й малiлiся. Тут i там па доўгiх валасох, ападаючых на скуры, можна было згадаць, што ахвяра ёсць жанчынай. Маткi, падобныя да ваўчыцаў, насiлi на руках таксама касмаццём абшытыя дзецi, але з-пад скураў выхiлялiся ясныя аблiччы, iскрылiся радасцю й гарачкаю вочы. Было вiдавочным, што большую частку тых людзей апанавала адна думка, апрычоная й надземная, якая знячулiла iх на ўсё, што навокал iх магло дзеiцца, ды што магло спаткаць. Некаторыя з iх, запытаныя праз Вiнiцiя пра Лiгiю, глядзелi на яго, бы спрасоння, не адказваючы на допыт; iншыя ўсмiхалiся да яго, кладучы на вуснах палец або паказваючы жалезныя краты, праз якiя ўкрадалiся ясныя касулi святла. Толькi дзе-нiдзе плакалi дзецi, перапалоханыя рыкам звяр'я, выццём сабак, вераскам народу ды падобным да звярат выглядам собскiх бацькоў. Вiнiць, праходзячы вобак Сыруса, заглядаў у твары, шукаў, распытваў, часамi спатыкаўся аб няшчасную поталач людскую i працiскаўся далей у цёмную глыбiню каморы, якая выдавалася так абшырнай, як сам амфiтэатр.

Нараз затрымаўся, бо здалося яму, быццам чуе ля краты нейчы знаёмы голас. Прыслухаўшыся лепш, вярнуўся i, працiснуўшыся праз натаўп, падыйшоў блiжэй. Касулi святла падалi на голаў мовячага, i ў бляску iх Вiнiць пад скурай пазнаў кашчавае i суровае аблiчча Крыспа.

- Кайцеся за грахi вашыя,- гаварыў Крысп,- бо зблiжаецца вось вашая часiна. Каму здаецца, што самаю смерцю акупiць вiны, той нанава грэшыць, i глыне таго вечны агонь. Кожным грахом вашым, якiм у жыццi грашылi, аднаўлялi вы пакуту Хрыстовую, дык як жа смееце спадзявацца, каб гэтая, што вас чакае, магла акупiць тамтую? Аднолькаваю смерцю памруць сяння справядлiвыя й грэшныя, але Госпад сваiх пазнае. Гора вам, бо клыкi львоў раздзяруць цела вашае, ды не раздзяруць вiны вашае, нi вашага разрахунку з Богам! Бог аказаў даволi мiласэрнасцi, дазваляючы прыбiць сябе да крыжа, але ад гэных пор будзе толькi суддзёю, якi анiводнае вiны без кары не пакiне. Дык тыя, што думалi пакутаю згладзiць грахi, блюзняць супраць справядлiвасцi Божае, i тым глыбейшая загуба вашая. Скончылася мiласэрнасць, прыйшла пара гневу Божага. За хвiлiну вось станеце перад страшным судом, перад якiм i святы ледзь астоiцца. Кайцеся за грахi, бо процьма пякельная пад намi адчынена! Гора вам, мужы й жоны! Гора бацьком i дзецям!

I, выцягнуўшы кашчавыя рукi над пахiлымi галавамi, трос iмi, безбаязны, але няўмольны ў воблiку смерцi, якая чакала незадоўга ўсiх тых небаракаў. Пасля ягоных слоў азвалiся галасы: «Каймася за грахi нашыя!», i - нямое маўчанне, сям-там чутно толькi паплакванне дзяцей ды гопанне кулакоў у грудзi. Вiнiцiю замерла кроў у жылах. Ён, каторы ўсю надзею паклаў на мiласэрнасць Хрыста, пачуў цяперака, што настаў дзень гневу, i што мiласэрнасцi Божае не выслужыць нат смерць за веру. Праз голаў, праўда, прабегла яму думка ясная й хуткая, бы маланка, што Апостал Пётр iнакш бы адазваўся да гэных iдучых на смерць ахвяр, аднак сваiм парадкам грозныя й поўныя фанатызму словы Крыспа ды гэная цёмная закратаваная камора, за якою вiдаць было поле пакутаў, а таксама блiзкасць ахвяр, прыбраных ужо на смерць, перапоўнiлi ягоную душу дрыготным жахам. Усё гэта разам выдавалася яму ў сто разоў страшнейшым i агiднейшым, чым найкрываўшыя бiтвы, у якiх удзельнiчаў. Затха i гарачыня пачалi яго душыць. Халодны пот выступаў на лбе. Спалохаўся, што абамлее, як тыя, аб якiх спатыкаўся, iдучы; а як падумаў шчэ, што хутка адчыняць краты, пачаў клiкаць на ўвесь голас Лiгii i Урсуса, спадзеючыся, калi не яны, дык мо хоць знаёмы хто адгукнецца.

На клiч гэны нейкi чалавек, пераапрануты за мядзведзя, пацягнуў яго за тогу i адазваўся:

- Яны засталiся ў вязнiцы, спадару. Мяне вывелi апошняга, i я бачыў, што яна ляжыць хворая.

- А ты хто? - спытаў Вiнiць.

- Фосар, у хаце якога цябе Апостал ахрысцiў, спадару. Узялi мяне перад трыма днямi, а сяння памру.

Вiнiцiю дух адкацiўся. Уваходзячы сюды, хацеў знайсцi Лiгiю, а цяпер гатовы быў дзякаваць Хрысту, што яе тут няма, i гатовы ў гэным бачыць знак Ягонай мiласэрнасцi. Прымеж таго, фосар пацягнуў яго за тогу яшчэ раз i сказаў:

- Памятаеш, спадару, як я цябе завёў у Карнэлiевую вiннiцу, дзе ў павецi навучаў Апостал?

- Памятаю,- адказаў Вiнiць.

- Бачыў я яго дзень перад маiм арыштам. Пабагаславiў мяне й сказаў, што прыйдзе ў амфiтэатр перажагнаць памiраючых. Хацеў бы я на яго глядзець падчас смерцi, дык калi ведаеш, спадару, дзе ён сядзiць, дык скажы мне.

Вiнiць прыцiшыў голас i кажа:

- Ёсць ён мiж Пятронiевымi людзьмi, перабраны за нявольнiка. Не ведаю, дзе выбралi мейсца, але вярнуся ў цырк i пагляджу. Ты глядзi на мяне, як выйдзеце на арэну, а я ўстану i звярну голаў у ягоны бок. Тагды знойдзеш яго вачыма.

- Дзякуй табе, спадару, i рах табе!

- Хай табе Збаўца будзе мiласцiвы!

- Аман.

Вiнiць выйшаў з кунiкулюма i пайшоў у амфiтэатр, дзе меў мейсца вобак Пятронiя, сярод iншых аўгустыянаў.

- Ёсць? - спытаў яго Пятронi.

- Няма. Засталася ў вязнiцы.

- Слухай, што мне прыйшло на думку, але, слухаючы, глядзi, напрыклад, на Нiгiдыю, каб выглядала, што мы гутарым пра ейныя лёкi... Тыгэлiн i Хiлон у гэнай хвiлiне пазiраюць на нас... дык слухай: хай Лiгiю ноччу ўложаць у труну ды вынясуць з вязнiцы, як мёртвую, астатняе ты ж здагадаешся.

- Так,- адказаў Вiнiць.

Далейшую гутарку перарваў iм Тулiй Сэнэцыё, якi, нахiлiўшыся да iх, кажа:

- Не ведаеце, цi хрысцiянам дадуць зброю?

- Не ведаем,- адказаў Пятронi.

- Па мне б лепей, каб далi,- кажа Тулiй,- iнакш арэна хутка станецца падобнай да ятак пры разнiцы... Але што за пышны амфiтэатр!

I сапраўды, выгляд быў велiчэзны. Нiжэйшыя ложы, набiтыя тогамi, бялелi, бы снег. У пазалочаным подыюме сядзеў цэзар з дыяментавым нашыйнiкам i залатым вянком на галаве, побач з iм прыгожая й пасумная аўгуста, а з абодвух бакоў вясталкi, высокiя ўрадаўцы, сенатары, вайсковыя старшыны з блiшчастаю зброяй, адным словам, усё, што было ў Рыме магутнае, статнае, багатае. У далейшых шэрагах сядзелi рыцары, а вышэй чарнела наўкола мора людскiх галоў, над якiмi ад слупа да слупа звiсалi вянкi ружаў, лiлеяў, сасанак, бярвенцу i вiнаграду.

Народ гутарыў уголас, пераклiкаўся, пяяў, часамi выбухаў рогатам з якога камiчнага слова, перадаванага з шэрагу ў шэраг, i барабанiў нагамi з нецярплiвасцi, каб прыспешыць вiдовiшча.

Урэшце тупанне нагамi пачало грымець громам, не ўцiхаючы. Тады прэфект, якi перад тым ужо быў аб'ехаў з важнаю сваёю свiтаю арэну, даў хусткаю знак, на якi ў амфiтэатры адказала агульнае «Аааа!..» з тысячаў грудзей.

Абыдна вiдовiшча распачынана паляваннем на дзiкага звера, у якiм вызначалiся барбары з Поўначы й Поўдня; гэным разам, аднак, звяры мелi выступiць у iншай ролi, а распачалi так званыя андабаты, гэта знача людзi ў шаломах без атворышч на вочы, якiя бiлiся навослеп. Колькiнаццаць iх, выйшаўшы разам на арэну, пачало махаць у паветры мячамi, а мастыгофоры даўгiмi вiламi папiхвалi аднаго да другога, каб звесцi да бойкi. Больш бывалая i выбрэдная публiка нудзiлася гэтым вiдовiшчам, а народ пацяшаўся няздарнымi рухамi байцоў, а калi здаралася так, што спатыкалiся яны плячыма, гром смеху разлягаўся па ўсiм амфiтэатры, i чутны былi крыкi: «Управа! Навотлеў! Наўпрост!», каб наўмысна змылiць працiўнiкаў. Некалькi пар счапiлася, аднак, i барацьба пачынала крывавiцца. Больш заўзятыя змагары кiдалi шчыты i, падаючы адзiн аднаму левыя рукi, каб не разлучацца болей, правымi секлiся назабой. Хто падаў пераможаны, падымаў пальцы ўгару, молячы тым знакам лiтасцi, але на пачатку вiдовiшча народ абыдна дамагаўся смерцi раненых, злашча для андабатаў, не пазнаных, з тварам закрытым. Змагароў рабiлася паволi штораз менш, i як урэшце засталося двух толькi, папiхалi iх аднаго да другога так, што тыя, спаткаўшыся, падалi на пясок абодва i пранiзвалiся ўзаемна. Тады публiка грымела: «Реractum est!» [28] Прыслужнiкi збiралi трупы, хлапчанята разграбалi скрываўлены пясок на арэне ды пасыпалi яго лiсткамi шафрану.

Цяпер мелася пачацца найважнейшая барацьба, якая зацiкаўляла не толькi чэрнь, але й смакуноў, падчас якое маладыя патрыцыi часта закладалiся й прайгравалi вялiкiя сумы. Перадавалi з рук у рукi таблiчкi, на якiх выпiсвалi iмёны ўлюбенцаў i лiчбу стаўкi на iх. Спектаты, гэта знача змагары, якiя не першы раз выступалi на арэне i хадзiлi ўжо ў лаўрах славы дагэтуляшняй, мелi прыхiльнiкаў найбольш, але мiж закладчыкамi былi й такiя, якiя ставiлi вялiкiя сумы на гладыятараў новых i цалкам нязнаных, спадзеючыся ў выпадку iхняй перамогi загарнуць велiзарныя выйгрышы. Закладаўся сам цэзар, i святары, i вясталкi, i сенатары, i рыцары, i народ. Голь, не маючая грошай, стаўляла часта ў заклад сваю вольнасць. Ды чакалi з неспакойным, а нат трывожным сэрцам; а не адзiн прыракаўся голасна багом, каб прыхiлiць iхнюю помач для свайго ўлюбенага.

Нараз адзываюцца зычныя трубы, у амфiтэатры залягае цiшыня. Тысячы вачэй бяжыць да вялiкiх дзвярэй, куды падыходзiць чалавек, апрануты за Харона, i сярод агульнага маўчання стукае тры разы молатам у дзверы, як бы выклiкаючы на смерць тых, што за iмi стаяць. Адчыняюцца спавагу абедзьве поспал паловы брамаў, аказваючы цёмную шчалюгу, з якое пачынаюць выступаць на ясную арэну гладыятары. Iдуць аддзеламi па дваццаць пяць чалавек, асобна тракi, асобна мiрмiлоны, самнiты, галы, усе цяжка ўзброеныя, а напаследак рэтыярыi, трымаючыя ў адной руцэ сець, а ў другой - трызуб. Тут i там зрываюцца ў глядзельнi вокляскi, выклiкаючыя адну велiзарную працяглую буру. Ад гары да самага нiзу вiдаць раз'iскраныя вочы, пляскаючыя далонi, крычачыя вусны. Гладыятары акружылi арэну роўным пругкiм крокам, палыскуючы багатай зброяй, i затрымалiся перад цэзаравым подыюмам, годныя, спакойныя i статныя. Трымклiвы сiгнал рогу прыцiшае вокляскi, змагары выцягаюць угару правыя рукi i, падымаючы галовы й вочы на цэзара, вiтаюць працяжнымi галасамi:

Ave caesar imperator!

Morituri te salutant! [29]

I хутка разыходзяцца, займаючы свае постанi ў коле арэны. Мелiся ўдарыцца цэлымi аддзеламi, але перш дазволена слаўнейшым байцом пабарукацца асобнымi парамi, бо ў змаганнi iхнiм найлепш паказвалася сiла, зручнасць i адвага. Незабаўна спамiж галаў выступае баец, ведамы ўсiм пад iмем Ланьён, што знача «Разнiк», слаўны пераможнiк, з вялiкiм шаломам на галаве i панцырам, апiнаючым спераду й ззаду ягоны магутны торс, выглядаў, бы вялiзны блiшчасты жук на жоўтым пяску арэны. Не менш слаўны рэтыярыюс Календыё выступiў супраць яго. Глядзельнiкi пачалi закладацца:

- Пяцьсот сэстэрцый за галам!

- Пяцьсот за Календыем!

- На Геркулеса! Тысячу!

- Дзве тысячы!

Тым часам гал, дайшоўшы да сярэдзiны арэны, пачаў зноў падавацца назад з настаўленым мячом i, знiжаючы голаў, уважна цiкаваў праз атворышчы ў прылбiцы на працiўнiка, а лёгкi статны рэтыярыюс, зусiм голы, толькi з перапаскаю ў паяснiцы, кружынеў прытка ля цяжкага ворага, лоўка махаючы сеццю, нахiляючы або падымаючы трызубец ды пеючы абыдную песню сетнiкаў:

Non te peto, piscem peto, Quid me fugis, Gallo?.. [30]

Але гал не ўцякаў, бо зараз затрымаўся i пачаў абяртацца ледзь прыкметным рухам так, каб заўсёды мець спераду працiўнiка. Глядзельнiкi кемiлi дасканальна, што гэны цяжкi, закаваны ў медзь асiлак рыхтуецца да рашучага нечаканага скоку. Сетнiк, прымеж таго, то прыскокваў, то адскокваў, робячы сваiм трызубам так прыткiя рухi, што ледзь было льго iх зацемiць. Дзынк зубоў аб шчыт данёсся некалькi разоў, але гал анi крануўся з мейсца, даючы гэным доказ надзвычайнае свае сiлы. Уся ўвага ягоная звярталася не на трызуб, а на сетку, якая безустанку лётала над ягонай галавою, бы шуляк злавесны. Прысутныя, затрымаўшы ў грудзях дыханне, сачылi знатоцкую йгру гладыятараў. Ланьён, падабраўшы момант, рынуўся ўрэшце на супернiка, а той з такою ж хуткасцю выкруцiўся з-пад ягонага мяча й паднятае рукi ды, выпраставаўшыся, кiнуў сеткай.

Гал спрытным абаротам на мейсцы затрымаў яе шчытом, i расскочылiся абодва. Амфiтэатр загрымеў: «Macte!», а ў нiжэйшых шэрагах пачалiся заклады. Сам цэзар, якi спачатку гутарыў з вясталкаю Рубрыяй, не цiкавячыся дагэтуль вiдовiшчам, звярнуў голаў да арэны.

А яны змагалiся далей так спраўна ды з такою трапнасцю ў рухах, што iншы раз здавалася, не расходзiцца iм пра смерць i жыццё, толькi пра паказ зручнасцi. Ланьён два разы шчэ выкруцiўся з сеткi i зноўку адступаў да берагу арэны. Тады тыя, што ставiлi супраць яго, не хочучы, каб адпачыў, пачалi крычаць: «Наступай!» Гал паслухаў i кiнуўся ўперад. Рука сетнiка ўмiг аблiлася крывёю, i сетка звiсла. Ланьён прыгнуўся й скочыў, манючыся адмераць апошнi ўдар. Але ў тым жа моманце Календыё, якi знарок прыкiнуўся немачным, перагнуўся ўбок, меч пайшоў мiма, а ён, усунуўшы трызуб мiж кален працiўнiка, звалiў яго на зямлю.

Той зрываўся ўстаць, але вомiг спавiлi яго фатальныя шнуры, у якiх кажным рухам заблытваў мацней рукi й ногi. Прымеж таго, трызубец прыцiнаў яго раз за разам да зямлi. Яшчэ раз натужыўся, аблакацiўся на руцэ й напружыўся, каб устаць - дарма! Падняў яшчэ да галавы млеючую руку, якая не магла ўжо ўтрымаць мяча, i ўпаў плячыма. Календыё прыцiснуў яму зубамi вiлаў шыю да зямлi i, абапёршыся на iх тронку, звярнуўся ў бок цэзаравае ложы.

Увесь цырк аж дрыжэў ад воплескаў ды людскога рыку. Для тых, што ставiлi стаўкi на Календыё, быў ён у той хвiлiне вялiкшым, чым цэзар, але якраз дзеля таго згасла ў iх заўзятасць i супраць Ланьёна, якi коштам собскае крывi напоўнiў iм кiшэнi. Дык раздвоiлiся жаданнi народу. На ўсiх лавах паказалiся напалову галасы смерцi i галасы злiтавання, але сетнiк глядзеў толькi ў ложа цэзара й вясталак, чакаючы, што яны прысудзяць. На жаль, Нэрон не любiў Ланьёна, бо на апошнiх iгрышчах перад пажарам, закладаючыся супраць яго, прайграў Лiцынiю немалую суму, дык высунуў руку з подыюма i паказаў вялiкiм пальцам у зямлю. Вясталкi вомiг паўтарылi тое самае. Тады Календыё стаў каленам на грудзёх гала, выняў кароткi нож з-за пояса i, адгарнуўшы панцыр на шыi працiўнiка, усунуў яму па самае трымальна нож у горла.

- Peractum est! - разляглося па ўсiм амфiтэатры.

А Ланьён дрыгаў яшчэ нейкi час, бы зарэзаны вол, рыў нагамi пясок, урэшце выпруцiўся i сканаў.

Мэркур не патрабаваў правяраць распаленым жалезам, цi жыве яшчэ. Хутка вынеслi яго; выступiлi iншыя пары, а пасля закiпела бiтва цэлых аддзелаў. Народ удзельнiчаў у ёй душою, сэрцам, вачыма; выў, роў, свiстаў, бiў брава, рагатаў, пабуджаў да барацьбы змагароў, шалеў. На арэне раздзеленыя на два фронты гладыятары змагалiся з заядласцю дзiкiх звяроў: грудзi з грудзьмi здырвалiся, мускулы спляталiся ў смяротным скурчы, трашчалi ў ставах волатныя часцiны цела, мячы тапiлiся ў грудзях i жыватох, збялелыя вусны бухалi крывёю на пясок. Колькiнаццаць навiкоў пад канец так ужахнулася, што, вырваўшыся з сумятнi, пачалi ўцякаць, але мастыгофоры загналi iх назад у бой дысцыплiнамi з волавам на канцы. На пяску парабiлiся вялiкiя цёмныя плямы; штораз больш нагiх i ўзброеных цел ляжала покатам, бы снапы. Жывыя змагалiся, топчучыся па трупах i спатыкаючыся аб параскiданую зброю, крывавiлi ногi паламаным рыштункам, падалi. Народ аж заходзiўся з радасцi, упойваўся смерцю, дыхаў ёю, насычаў вочы ейным вiдовiшчам i з раскошай удыхаў у грудзi ейны подых.

Пераможаныя сканалi ўрэшце амаль усе, хiба толькi некалькi параненых, кленчучы на сярэдзiне арэны i хiстаючыся ад болю й знямогi, выцягала да публiкi рукi з просьбай лiтасцi. Пераможнiкам раздана дарункi, вянкi, алiўныя галiнкi, i настала хвiлiна перадыху, якая па загаду ўсёўладнага цэзара змянiлася ў банкет. У вазах запалiлi пахнiдлы. Крапiльшчыкi скроплiвалi народ шафранавым i фiялкавым дожджыкам. Разносiлi халаднiкi, печанае мяса, салодкiя прысмакi, вiно, алiву i садавiну. Народ жор, гаманiў i вiватаваў на гонар цэзара, пабуджаючы яго да большае шчодрасцi. Пасля перакускi сотнi нявольнiкаў разносiлi поўныя кошыкi падарункаў, з якiх малыя амуркi даставалi й раскiдалi па лавах жменямi розныя рознасцi. Падчас раздавання латарэйных тэсараў падняўся бой: людзi цiснулiся, падалi, тапталi адны другiх, крычалi ратунку, пераскоквалi з шэрагаў у шэрагi лавак i душылiся ў страшэннай таўкатнi, бо хто атрымаў шчаслiвы нумар, мог выйграць нат дом з агародам, дзiвоснага звяра, якога мог прадаць у амфiтэатр. З гэтага рабiлася такая суталака, што не раз мусiлi ўмешвацца i наводзiць парадак прэторыяне, а па кожным такiм раздаваннi выносiлi з глядзельнi людзей з паламанымi рукамi, нагамi або нат затаптаных насмерць.

Але багацейшыя не ўдзельнiчалi ў такой суталацы. Аўгустыяне, прымеж таго, забаўлялiся Хiлонам, падкпiваючы з ягоных дарэмных натугаў у спробах паказаць людзям, што ён на кроў можа так смела глядзець, як кожны iншы. Дарэмна, аднак, грэк-небарака хмурыў бровы, грыз вусны й зацiскаў кулак так, што аж пазногцi ўрэзвалiся яму ў далонi. Ягоная грэцкая ўдача, як i свомая трусасць, не маглi сцярпець такiх вiдовiшчаў. Твар ягоны збялеў, на лбе выступiў пот, вусны ссiнелi, вочы паўпадалi, зубы званiлi, а па целе прабягала дрыгата. Па сканчэннi бiтвы гладыятараў крыху паспакайнеў, але як узялi яго на язык, хапiў яго наглы гнеў, i пачаў заядла адгрызацца.

- Ну, грэк, не можаш глядзець на прадзёртую людскую скуру! - гаварыў, пацягаючы яго за бараду, Ватынiй.

А Хiлон вышчарыў на яго свае два апошнiя жоўтыя зубы i адказвае:

- Мой бацька не быў шаўцом, дык не ўмеў яе залатаць.

- Маcte! Hаbet! - адазвалася некалькi галасоў.

Але iншыя кпiлi далей:

- Не ён вiнаваты, што замест сэрца мае ў грудзёх кавалак сыру! - кажа Сэнэцыё.

- I не ты вiнен, што замест галавы маеш пухiр,- адсек Хiлон.

- Можа, хочаш быць гладыятарам? Добра б выглядаў з сеткаю на арэне.

- Каб цябе ў тую сетку злавiў, злавiў бы смярдзячага ўдота.

- А што будзе з хрысцiянамi? - пытаў Фэст з Лiгурыi.- Цi не хацеў бы стацца сабакам i кусаць iх?

- Не хацеў бы стацца тваiм братам.

- Ах ты, брыда меоцкая!

- А ты лiгурыйскi мул!

- Скура табе, мусi, свярбiць, але не раю прасiць мяне яе пачухаць.

- Чухай сам сабе. Калi здзярэш собскiя прышчы, знiшчыш усё, што ў табе ёсць найлепшае.

Такiм спосабам дакучалi яму, а ён з'ядлiва адгрызаўся, будзячы агульны смех. Цэзар пляскаў у далонi, прыгаворваў: «Маcte!» - i падбухторваў iх.

Але незабаўна падыйшоў Пятронi i, закрануўшы рэзьбяным з косцi слановай кiем плячо грэка, спакойна адазваўся:

- Гэта ўсё ладна, фiлёзафе, але вось адну ты зрабiў памылку: багi стварылi цябе зладзюгай-скурадзёрам, а ты стаўся дэманам i дзеля таго не вытрымаеш! Стары глянуў на яго сваiмi ачырванелымi вачыма i на гэты раз не мог нейк знайсцi гатовага доцiнку. Змоўк на хвiлiну, пасля адказвае як бы з натугаю нейкаю:

- Вытрымаю!..

Але вось трубы атрубiлi канец перапынку. Людзi беглi адусюль на свае мейсцы, кiдаючы гутарку. Зноў пачалася штурхатня i сваркi за папярэднiя мейсцы. Сходзiлiся сенатары й патрыцыi. Паволi гоман уцiхаў, усталяўся лад. На арэне з'явiлася грамада людзей, каб сям-там заграбцi паплямлены настылаю крывёю пясок.

Прыйшла пара на хрысцiян. Усе чакалi iх з вялiкаю цiкавасцю, бо было гэта новае вiдовiшча, i нiхто не ведаў, як яны трымацiмуць сябе на арэнах. Настрой публiкi быў уважны, спадзявалiся бо сцэнаў незвычайных, але не спагадны. Бо тыя ж людзi, што мелiся незабаўна вось з'явiцца, спалiлi Рым i векавыя скарбы ягоныя. Адыж яны пажыралi кроў дзяцей, затручвалi ваду, праклiналi ўвесь людскi род i дапускалiся найдзiчэйшага лiхадзейства. Раз'яранай нянавiсцi кожная кара выдавалася недастатковай, i калi трывожылiся ў гэнай хвiлiне чые сэрцы, дык хiба з таго толькi, цi пакуты дараўняюць праступкам тых агiдных злыдняў.

Тым часам сонейка паднялося высока, i касулi ягоныя, працэджаныя праз пурпуровы велярыюм, залiлi амфiтэатр крывавым святлом. Пясок стаўся чырвоны, як агонь, i ў тых блясках, у людскiх аблiччах, як i ў парожнi арэны, якая за хвiлiну мелася запоўнiцца пакутаю людскою й звярынаю раз'юшанасцю, было нешта злавеснае. Здавалася, у паветры вiсiць жудасная смерць. Натаўп, звычайна вясёлы, зацяўся ў нянавiсцi i маўчаў. На тварах малявалася зацятасць.

Ажно вось прэфект даў знак: з'яўляецца той самы старац, апрануты за Харона, якi выклiкаў на смерць гладыятараў, i, прайшоўшы павольным крокам праз усю арэну сярод глухое цiшынi, застукаў зноў тры разы молатам у дзверы. У амфiтэатры загуло:

- Хрысцiяне! Хрысцiяне!

Заскрыгiталi жалезныя краты; у цёмных лёхах разляглося знанае пагукванне мастыгофораў: «На пясок!», i ў адной хвiлiне арэна залюднiлася грамадамi, казаў бы, сыльванаў, пакрытых касматымi скурамi. Усе беглi хутка i, выбегшы на сярэдзiну арэны, падалi на каленi адзiн пры другiм з паднесенымi ўгару рукамi. Публiка думала, што гэта просьбы пра лiтасць, i, раз'юшаная такою трусасцю, пачала барабанiць нагамi, свiстаць, запускаць парожнiм суддзём ад вiна, абгладанымi косткамi i раўцi: «Звяроў на iх! Звяроў!..» Аж вось сталася нешта нечаканае: з сярэдзiны касматае грамады падыймаюцца спяваючыя галасы, i ў той жа хвiлiне зазвiнела песня, якую першы раз пачуў рымскi цырк:

Christus regnat!.. [31]

Зумеўся народ. Хрысцiяне пяялi з вачыма, узнесенымi да велярыюма. Вiдаць было збялелыя аблiччы, але як бы натхнёныя. Усе зразумелi, што людзi тыя не просяць лiтасцi i не бачаць перад сабою, казаў бы, нi цырку, нi народу, нi сенату, нi цэзара. «Christus regnat!» - разлягалася штораз гучней, а ў лаўках ад нiзу аж да самае гары мiж шэрагамi глядзельнiкаў не адзiн пытаў сябе: што гэта дзеецца ды што там за Хрыстус, якi ўладарыць у песнi тых людзей, iдучых на смерць? Адкрываецца iншая крата, i на арэну выбегла з дзiкiм iмпэтам i браханнем цэлая зграя сабак: палавых вялiзных малосаў з Пелапанэзу, паласатых псоў з Пiрынеяў i падобных да ваўкоў кундляў з Гiбернii, выгаладжаных наўмысна, з запаўшымi бакамi ды крывавымi зекрамi. Выццё й скавыт напоўнiлi ўвесь амфiтэатр. Хрысцiяне, скончыўшы песню, стаялi непарушна на каленях, моў скамянелыя, паўтараючы толькi ў адзiн голас: «Pro Christo! Pro Christo!» Псы, нюхам пазнаўшы людзей пад звярынымi скурамi i здзiўленыя iхняй непарушнасцю, не асмялялiся адразу на iх кiдацца; адны ўспiналiся на сцены ложаў, як бы хацелi дабрацца да публiкi, другiя бегалi наўкола, заядла брэшучы, моў ганялi якога невядомага звера. Абурыўся народ. Загрымелi, зараўлi па-звярынаму, забрахалi па-сабачаму ды пачалi цкаваць тысячы галасоў. Амфiтэатр затросся ад вераску. Раздражнёныя сабакi то пачыналi дарывацца да кленчачых, то адскакваць, ляскаючы зубамi, аж урэшце адзiн малос ужорся клыкамi ў плячо ўкленчанае спераду жанчыны i згроб яе пад сябе. Тады дзесяткi iх кiнулiся ў сярэдзiну грамадкi ахвяр. Натаўп перастаў крычаць, каб прыглядацца з большаю ўвагай. Сярод выцця i харкатнi чутны яшчэ былi жаласныя галасы мужчынскiя й жаночыя: «Pro Christo! Pro Christo!», i на арэне змiтусiлася-склубiлася ўсё: сабакi, людзi й трупы. Кроў плыла ручаямi з параздзiранага цела. Вонь крывi i растрыбушанага нутра заглушыла арабскiя пахнiдлы i напоўнiла ўвесь цырк. У канцы вiдны былi толькi дзе-нiдзе паасобныя ўкленчаныя асобы, на якiх вомiг кiдалiся раз'юшаныя сабакi.

Вiнiць, якi падчас выбягання хрысцiян на сцэну ўстаў i адвярнуўся ў бок Апостала, каб паказаць яго фосару, сеў зноў i сядзеў з аблiччам чалавека мёртвага, пазiраючы шклянымi вачыма на страшэннае вiдовiшча. Спачатку баяўся, што фосар мог памылiцца, i Лiгiя, можа, знаходзiцца мiж ахвярамi, дык адранцвеў цалкам, але як пачуў галасы «Pro Christo!», як глянуў на пакуты гэтулькiх ахвяр, якiя, памiраючы, давалi сведчанне сваёй праўдзе i свайму Богу, авалодала iм iншае пачуццё, пранiзваючае найстрашнейшым болем, аднак неадступнае, калi падумаў, што Хрыстус памёр у пакутах, ды што за Яго памiраюць вось тысячы, i льецца мора крывi, дык адна болей кропля нiчога не значыць, i грэх нат дамагацца мiласэрнасцi. Гэная думка лунала на яго з арэны, праймала яго разам з енкам памiраючых i з пахам iхняе крывi. Аднакава ж малiўся i паўтараў засмагшымi вуснамi: «Хрысце! Хрысце! I твой Апостал молiцца за яе!» Пасля прыйшло затлумленне, страцiў прытомнасць. Дзе ён? Здавалася яму толькi, быццам кроў на арэне шумiць i бурлiць, падыймаецца i выплывае з цырку на ўвесь Рым. Дый амаль нiчога больш не чуў, нi выцця сабак, нi вераску людзей, нi гоману аўгустыян, якiя нагла пачалi крычаць:

- Хiлон абамлеў!!!

- Хiлон абамлеў! - паўтарыў Пятронi, звяртаючыся ў бок грэка. А той сапраўды самлеў i сядзеў белы, бы палатно, з задзёртаю назад галавою i шырока разяўленымi вуснамi, падобны да трупа.

У той самай хвiлiне пачалi выпiхваць новыя абшытыя ў скуры ахвяры на арэну. I гэныя таксама кленчылi борзда размоленай грамадкай, але змардаваныя сабакi не хацелi на iх кiдацца. Ледзь некалькi з iх кiнулiся на найблiжэйшыя ахвяры, астатнiя ж, паклаўшыся, зяхалi, вывалiўшы язык. Тады незадаволены народ, але ўпоены крывёю й расшалелы, пачаў драцца з неймавернай сiлай:

- Львоў! Львоў! Выпусцiць львы!..

Львы мелiся быць выпушчаны наступнага дня, але ў амфiтэатрах народ камандаваў нат часамi i цэзарам. Адзiн толькi Калiгула, адчайны i з выбрызглымi похацямi, асмяляўся супрацiўляцца, а нат здаралася, што загадваў ашпарваць натаўп кiямi, але i ён найчасцей паддаваўся. Нэрон, якому воплескi былi найдаражэйшымi ад усяго на свеце, не супрацiўляўся нiколi, тым больш i цяпер не быў спрэчны, калi расходзiлася пра супакаенне раздражненае пажарам масы ды пра хрысцiян, на якiх звалiў вiну злыбяды.

Дык даў знак, каб адчынiлi кунiкулюм; гэта бачачы, народ хутка супакоiўся. Пачуўся скрып кратаў, за якiмi былi львы. Сабакi, згледзеўшы iх, збiлiся ў адну кучу з процiлеглага боку арэны, скiглячы й мармычучы прыцiшна, а яны адзiн за другiм вывалакалiся на арэну, велiзарныя, рудыя, з вялiкiмi кудлатымi грывамi. Сам цэзар звярнуў да iх сваё знуджанае аблiчча i прылажыў шмарагд да вока, каб лепш прыгледзецца. Аўгустыяне прывiталi iх воплескамi; натаўп лiчыў iх на пальцах, цiкуючы адначасна, якое ўражанне робяць яны на хрысцiян, якiя зноў пачалi паўтараць незразумелыя для многiх, а раздражняючыя ўсiх словы: «Pro Christo! Pro Christo!..»

Але львы, хоць выгаладжаныя, не спяшалiся да ахвяр. Чырванавы бляск на арэне асляпляў iх, дык моршчылi зекры; некаторыя лянiва пацягвалiся, некаторыя разяўлялi пашчы, пазяхалi, як бы прэзентуючы перад публiкай свае страшэнныя клыкi. Але вонь крывi i параздзiранага цела, чым поўнiлася арэна, пачала на iх дзеiць. Хутка iхнiя рухi сталiся неспакойнымi, ёжылiся грывы, ноздры храплiва ўцягвалi паветра. Адзiн нагла прыскочыў да трупа жанчыны з падзёртым тварам i, абхапiўшы пярэднiмi лапамi цела, пачаў шурпатым языком злiзваць соплi настылае крывi; другi падыйшоў да хрысцiянiна, трымаючага на руках дзiця, абшытае ў скуру аляняцi. Дзiцятка траслося ад крыку й плачу, канвульсыйна абнiмаючы за шыю бацьку, а той, жадаючы прадоўжыць яму хоць на момант жыццё, адрываў яго ад шыi, каб перадаць далей укленчаным. Але крык i руханне раздражняла льва. Нагла рыкнуў i згроб дзiця адным ударам лапы ды, хапiўшы ў пашчу галаву бацькi, расшчапiў яе вомiг. Гэта пабудзiла астатнiх, i кiнулiся гуртам на грамадку хрысцiян. Некалькi жанчын не змаглi паўстрымацца ад жахлiвага крыку, але народ заглушыў iх воплескамi, якiя, аднак, хутка ўцiхлi, бо цiкавасць перамагла. I пачалiся страшныя рэчы: расцiсканыя ў пашчах галовы, адкрываныя навыварат адным махам клыкоў грудзi, вырываныя сэрцы й лёгкiя, трашчанне касцей у зубох. Некаторыя львы, схапiўшы ахвяры за бакi або ў крыжы, гайсалi ў шалёных скоках па арэне, як бы шукаючы закрытага кутка, дзе б маглi iх зжэрцi; iншыя грызлiся, абнiмаючыся лапамi, бы гладыятары, i запаўнялi рыкам амфiтэатр. Людзi зрывалiся з мейсц, сходзiлi праходам нiжэй, душылiся насмерць, каб толькi лепей бачыць. Здавалася, раз'яраныя цiкавасцяй натаўпы кiнуцца ў канцы на самую арэну ды пачнуць раздзiраць людзей разам з львамi. Хвiлiнамi зрываўся нялюдскi вераск, а часамi воплескi, рык, мармытанне, лясканне клыкоў, выццё малосаў i пакутнiцкiя енкi.

Цэзар, трымаючы шкло пры воку, глядзеў цяпер яшчэ ўважней. На аблiччы Пятронiя маляваўся нясмак i пагарда. Хiлона даўно ўжо вынеслi з цырку.

А тым часам з кунiкулаў выпiхвалi штораз новыя ахвяры. З найвышэйшага шэрагу ў амфiтэатры паглядаў на iх Апостал Пётр. Нiхто на яго не глядзеў, увагу ўсiх прыцягнула арэна, дык устаў i, як калiсь у Корнэлявай вiннiцы багаславiў на смерць i на вечнасць тых, каторых лавiлi, так цяпер жагнаў крыжам памiраючых ад клыкоў звярыных ды iхнюю кроў, iхнiя пакуты i мёртвыя целы, выглядаючыя, бы бясформныя камлыгi, i душы, адлятаючыя з крывавага пяску. Некаторыя падыймалi да яго вочы, а тады распрамянялiся iм твары, i ўсмiхалiся, бачачы над сабою ўгары высока знак крыжа. А яму сэрца раздзiралася, i мовiў: «О Госпадзе! Будзь воля Твая, бо на сведчанне праўды гiнуць гэныя мае авечкi! Ты мне пераказаў iх пасвiць, дык здаю Табе iх, а Ты палiчы, бяры сабе iх, загаi раны, супакой боль i дай iм болей шчасця, чым тут перанеслi пакутаў!» I жагнаў адных за другiмi, грамаду за грамадою з так вялiкай мiласцяй, як бы яны былi ягонымi дзецьмi роднымi, якiя аддаваў проста ў рукi Хрысту. Нараз цэзар - цi з паднечанасцi, цi з жадання адзначэння iгрышчаў да небывалых у Рыме памераў - шапнуў некалькi слоў прэфекту, а той, зыйшоўшы з подыюма, падыйшоў хутка да кунiкулаў. I нат народ ужо сумеўся, як убачыў зноў адчыньванне кратаў. Выпусцiлi цяпер звяр'ё ўсякага роду: тыгры з-над Еўфрату, нумiдыйскiя пантэры, мядзведзi, ваўкi, гiены й шакалы. Уся арэна пакрылася, казаў бы, рухлiвай хваляй скураў паласатых, жоўтых, рудых, цёмных, гнядых i пярэстых. Паўстаў закалот, у якiм вочы ўжо не маглi нiчога разрознiць, апрача дзiкага катлавання i мiтусення звярыных храбтоў. Вiдовiшча затрацiла ўсякi вiд рэчаiснасцi, а змянiлася як бы ў шалёны танец крывi, як бы ў страшэннае снiшча, як бы ў пракудную дзiкую крозу збiтага з глузду розуму. Мера была перабраная. Сярод рыку, выцця i сковыту ў розных пунктах на лавах разлягаўся раздзiраючы спазматычны рогат жанчын, сiлы якiх урэшце не датрымалi. Людзям стала жудасна. Твары пахмурнелi. Пачалi адзывацца галасы: «Годзе! Даволi!»

Але звяр'ё лягчэй было ўпусцiць на арэну, як загнаць назад. Цэзар знайшоў, аднак, спосаб супакаення арэны, якi быў разам i новым дзiвам для цiкаўных. Ува ўсiх праходах памiж лавак з'явiлiся гурткi чорных статных нумiдаў з лукамi ў руках. Народ здагадаўся, што маецца быць, i прывiтаў iх энтузiястычна, а яны падыйшлi да обрубу i, прылажыўшы стрэлы к цяцiвам, пачалi пранiзваць iмi табуны звяроў. Было гэта сапраўды новае вiдовiшча. Танклявыя чорныя фiгуры перагiналiся ўзад, напружваючы гнуткiя лукi i пускаючы страла за стралою. Варчанне цяцiваў i свiст пярэстых канцоў стрэл мяшалiся з выццём звяр'я i крыкамi подзiву глядзельнiкаў. Ваўкi, мядзведзi, пантэры i людзi, якiя засталiся яшчэ жывымi, покатам падалi адно каля другога. Там-сям леў, пачуўшы стралу ў баку, кiдаўся нагла i заядла цапаў зубамi, каб схапiць i схрэшчыць дрэўца. Iншыя скавыталi з болю. Драбнейшая дзiчына, перапудзiўшыся, ганялася навослеп па арэне, бiла мызамi ў краты, а стрэлы прымеж таго вурчалi й вурчалi ўсцяж, пакуль усё, што жыло на арэне, не легла ў апошнiх подрыгах канання. Тады ўбеглi на арэну сотнi цыркавых нявольнiкаў з рыдлёўкамi, лапатамi, тачкамi, кашамi да выносiн валяючагася слуння, мяшкамi з пяском. Адны плылi за другiмi, i на ўсiм круговiшчы закiпела работа. Борзда выпратвалi трупы, кроў, кал, перакапалi, зраўнавалi i пасыпалi грубым слоем свежага пяску. Пасля чаго ўбеглi амуркi, рассяваючы лiсткi ружаў, лiлеяў i ўсялякага квяцця. Запалiлi зноў кадзiльнiцы i знялi велярыюм, бо сонца ўжо было даволi нiзка. Публiка, пераглядаючыся здзiўленымi вачыма, пыталася, што за вiдовiшча яшчэ чакае яе сяння.

Ну i чакала такое, якога нiхто не спадзяваўся. Цэзар, якога праз нейкi час не вiдаць ужо было на подыюме, раптам паказваецца на ўквечанай арэне ў пурпуровым плашчы i залатым вянку. Дванаццацёх спевакоў з цытрамi ў руках iдзе за iм, а ён, трымаючы срэбную лютню, выступае важным крокам на сярэдзiну i, схiлiўшыся некалькi разоў глядзельнiкам, падыймае вочы ў неба i стаiць праз момант, бы чакаючы натхнення.

Пасля крануў струны й пачаў пяяць:

О, прамянiсты Леты сыне!

Уладару Тэнэду, Кiллы, Хрызы!

Ты, маючы ў ласцы адзiны

Iлiёну святы град,

Мог яго на гнеў Ахайi здаць

I сцярпець, каб алтары святыя,

Што пiльнуюць твае чэсцi,

Злiла траянская кроў!

К табе ўздымаюць старцы рукi,

Пускальнiк стрэлаў срэбналукi,

К табе i матчына любоў

Ссылала чару слёз,

Каб над iх дзецьмi лiтасць меў.

I скалы б растапiлi твой гнеў,

А ты ад скалы быў менш чулы,

Смiнтэю, на людскi боль!..

Песня пераходзiла паволi ў жаласную, поўную болю элегiю. У цырку зрабiлася нямая цiшыня. Праз хвiлiну цэзар, сам расчулены, пяяў далей:

Ты формiнгi боскае звонам

Зглушыў сэрцаў лямант i крык,

Калi вока шчэ сяння расiцца,

Нiбы кветка, ды толькi слязой,

Чуючы тае песнi тон,

Што з труны попел падымае

У дзень пажогi й злыбяды...

Смiнтэю, дзе ты быў тады?.

Тут задрыжэў яму голас, i заслязiлiся вочы. Раса слёз паказалася таксама й на вачах вясталак, народ доўгi час маўчаў, пакуль загрымеў доўгаю бураю воплескаў.

Прымеж таго, звонку, праз адчыненыя для праветрывання вамiторыi, даносiўся грукат вазоў, нагружаных крывавымi астанкамi хрысцiян - мужчын, жанчын, дзяцей,- каб вывезцi iх у страшэнныя ямы, так званыя «путыкулы».

А Апостал Пётр ухапiўся аберуч за сваю белую дрыжачую галаву i казаў сабе ў духу:

«Госпадзе! Ўсеспадару! Каму Ты аддаў уладу над светам? I шчэ хочаш залажыць пасад свой у гэтым горадзе?!»

LVII

Сонца было ўжо на захадзе i, казаў бы, растаплялаcя ў вечаровай зарнiцы. Вiдовiшча было скончана. Народ рынуўся з амфiтэатру i вылiваўся праз выхады, званыя вамiторыямi, на горад. Толькi аўгустыяне не спяшалiся, чакаючы, пакуль адплыве хваля. Цэлая грамада iх, пакiнуўшы свае мейсцы, сабралася пры подыюме, дзе з'явiўся зноў цэзар, каб упойвацца пахваламi. Бо мала было яму тых воплескаў, якiх не шкадавала публiка, ён спадзяваўся ўздыму подзiву, даходзячага да шалёнасцi. Дарма грымелi пахвальныя гiмны, дарма вясталкi цалавалi яго «боскiя» далонi, а Рубрыя схiлiлася пры тым так, што аж рудою галавою сваёю прыгалубiлася да грудзей ягоных. Нэрон не быў задаволены i не ўмеў таго ўтоiць. Дзiвiла яго надта й трывожыла маўчанне Пятронiя. Слоўца якое пахвальнае, падкрэслiваючае дасканаласць песнi, прыхiльная рэцэнзiя арбiтра былi б яму ў гэнай хвiлiне вялiкай пацехай. Дык не мог вытрымаць, падазваў Пятронiя i, як толькi той увайшоў у подыюм, пытае:

- Скажы...

А Пятронi абыякава адказвае:

- Маўчу, бо не магу знайсцi слоў. Перавышыў ты сам сябе.

- Так i мне здавалася, а аднак той народ?..

- Цi ж можаш спадзявацца ад мяшчанаў лепшае ацэны паэзii?

- Дык i ты зацемiў, што не падзякавана мне так, як вымагала мая заслуга?

- Бо выбраў ты благi момант.

- Чаму?

- Таму што мазгi, ачадзелыя ад задухi крывi, не могуць кемна слухаць. Нэрон зацiснуў кулакi i журыцца:

- Ох, гэтыя хрысцiяне! Спалiлi Рым, а цяпер крыўдзяць i мяне. Якiя ж яшчэ кары на iх прыдумаю?!

Пятронi скемiў, што не ў той бок пайшоў, словы ягоныя даюць зусiм адваротны вынiк таму, якi манiўся асягнуць, дык, хочучы адвярнуць думку цэзара ў iншы бок, нахiлiўся да яго й шапнуў:

- Песня твая чароўная, але вымагае аднае зацемкi: у чацвертым вершы трэцяга строфу кульгае крыху метрыка.

Нэрон счырванеў ад сораму, маўляў злоўлены на ганебным праступку, зiрнуў баязлiва i адказаў таксама шэптам:

- Ты ўсё зацемiш!.. Пераладжу!.. Але нiхто больш не скемiў, праўда?..

Толькi ты - на ўсiх багоў! - нiкому не кажы, калi... калi табе жыццё мiлае.

На гэта Пятронi нахмурыў бровы й адказаў з позаю нудаснасцi й знеахвочання:

- Можаш мяне, боскi, асудзiць на смерць, калi я табе няўгожы, толькi не страш мяне ёю, бо багi найлепш ведаюць, як я баюся яе.

I так гаворачы, мераў цэзара вачыма, а той па хвiлiне адзываецца:

- Не гневайся... Ты ж ведаеш, як люблю цябе...

«Дрэнны знак!» - падумаў Пятронi.

- Манiўся я прасiць вас сяння на банкет,- гаварыў далей цэзар,- але лепш зачынiцца ды ўзяцца за палiроўку таго праклятага вершу з трэцяга строфу. Апрача цябе мог памылку зацемiць шчэ Сэнэка, а можа, i Сэкундус Карынас, але на iх маю ўжо спосаб.

Гэта выгаварыўшы, заклiкаў Сэнэку i загадаў яму, каб разам з Акратам i Сэкундам Карынам ехалi ў Iталiю ды па ўсiх правiнцыях па грошы, якiя трэба будзе сабраць з гарадоў, вёсак, слаўных святынь, адным словам, адусюль, скуль толькi льго будзе iх выцiснуць. Але Сэнэка ад гэнай ролi скурадзёра, святакрадцы ды разбойнiка адмовiўся наадрэз.

- Я мушу ехаць на правiнцыю, домiне, i там чакаць смерцi, бо я ўжо стары ды нервы мае хворыя.

Iбэрыйскiя нервы Сэнэкi, мацнейшыя, чым Хiлонавы, не былi мо хворыя, але наагул здароўе ягонае было дрэннае, бо выглядаў моў цень, i галава апошнiмi часамi зусiм збялела.

Нэрон таксама, зiрнуўшы на яго, падумаў, што iставетна мо не доўга чакацiме на ягоную смерць, дык кажа:

- Калi хворы, дык не буду цябе турбаваць, але з любасцi да цябе хачу мець цябе блiзка, дык замест выязджаць, зачынiшся ў сваiм доме i не выходзiцiмеш з яго.

Пасля чаго расхахатаўся i сказаў:

- Калi пашлю Акрата й Карына самых адных, дык так выглядацiме, як бы паслаў ваўкоў па авечак. Каго ж над iмi пастаўлю?

- Пастаў мяне, домiне! - адзываецца Дамiцый Афэр.

- Цябе? Не хачу абураць Мэркура на Рым, якога застыдзiлi б зладзействам. Патрэбна мне якога-небудзь стоiка, як Сэнэка або як той мой новы спагаднiк - фiлёзаф Хiлон.

Гэта вымавiўшы, пачаў аглядацца, пытаючы:

- А што ж сталася з Хiлонам?

А Хiлон, якi, ацверазеўшы на свежым паветры, вярнуўся ў амфiтэатр на песнi цэзара, працiснуўся блiжэй i кажа:

- Я тут, сыну сонца й месяца прамянiсты! Быў занядужаўшы, але песня твая аздаравiла мяне.

- Пашлю цябе ў Ахайю,- загадвае Нэрон.- Ты павiнен ведаць да аднаго грошыка, колькi там кожная святыня мае.

- Гэтак i зрабi, Зэўсе, а багi зложаць табе такую данiну, якое нiколi нiкому не складалi.

- Зрабiў бы так, толькi не хочацца мне аддаляць цябе ад вiдовiшчаў амфiтэатральных.

- Баалю!..- заскiглiў Хiлон.

Аўгустыяне павесялелi, бачачы лепшую гумору цэзара, i дамагалiся:

- Ды не, домiне! Шкада было б адрываць гэнага адважнага грэка ад iгрышчных дзiваў.

- Але збаў мяне, валадару, ад гэных крыклiвых капiталiнскiх гусянят, якiх мазгi, у суме ўзятыя, не напоўнiлi б хiба i жалудовае мiсачкi,- адгрызаўся Хiлон.Пiшу вось, сыну першародны Апалона, па-грэцку гiмн на твой гонар i дзеля таго хацеў бы правесцi дзянькоў пару ў святынi Музаў, просячы ў iх натхнення.

- О не! - адазваўся Нэрон.- Ты хочаш выкруцiцца ад наступных вiдовiшчаў. Нiчога з таго не будзе!

- Бажуся перад табою, домiне, што пiшу гiмн.

- Дык пiсацiмеш яго ноччу. Малi Дыяну пра натхненне, бо ж яна сястра Апалона.

Хiлон звесiў голаў, паглядаючы спадылба на прысутных, якiя зноў пачалi падкпiваць з яго, а цэзар, звярнуўшыся тым часам да Сэнэцыя i да Суiлiя Нэрулiна, бядуе:

- Уявеце сабе, гэта ж з прызначанымi на сяння хрысцiянамi ледзь да паловы паспелi расправiцца!

На гэта стары Аквiл Рэгул, вялiкi амфiтэатральны знаўца, хвiлiну памаўчаўшы, адазваўся:

- Гэныя вiдовiшчы, дзе выступаюць людзi sine armis et sine arte [32], бадай, аднолькава доўга цягнуцца, а цiкавасцi даюць менш.

- Загадаю даць iм зброю,- адказаў Нэрон.

Але суверны Вестын раптам ачнуўся з задумы i пытае таемным тонам:

- Цi вы зацемiлi: яны штось бачаць, памiраючы? Глядзяць угару i памiраюць, казаў бы, не чуючы болю. Я перакананы, што яны нешта бачаць...

Гэта кажучы, глядзеў паўзверх амфiтэатру, над якiм ужо завешвала ноч свой набiты зорамi велярыюм. Iншыя смешкамi адказалi на гэную зацемку ды жартаўлiвымi домысламi, што менавiта хрысцiяне могуць бачыць падчас смерцi. Урэшце цэзар даў знак нявольнiкам, трымаючым светачы, i аддалiўся з цырку, а за iм вясталкi, сенатары, урадаўцы i аўгустыяне.

Ноч была ясная й цёплая. Перад цыркам тоўпiўся яшчэ народ, прыглядаючыся адыходзячаму з цэлаю сваёю прыдворнаю сустанню цэзару, але нейкi панурысты, маўклiвы. Сям-там вырваўся покляск ды вомiг зацiх. З апалярыюма скрыпячыя вазы ўсцяж вывозiлi крывавыя астанкi хрысцiян.

Пятронi i Вiнiць адбывалi дарогу моўчкi. Ажно не даходзячы да вiллы Пятронi адазваўся:

- Цi ты думаў пра тое, што я табе казаў?

- Так,- адказаў Вiнiць.

- Цi паверыш, i для мяне цяпер гэная справа набрала найбольшае вагi. Я мушу яе вызвалiць насуперак цэзару й Тыгэлiну. Гэта, казаў бы, змаганне, у якiм заклаўся перамагчы, казаў бы, гульня, якую хачу абавязкова выйграць, хоць бы за цану собскае скуры... Сянняшнi дзень шчэ ўмацаваў мой намер.

- Хай табе Хрыстус адплацiць!

- Пабачыш!

Гэная гутарка давяла iх да самага парогу вiллы. Высядаюць з лектыкi. У той жа хвiлiне нейкая цёмная постаць падыходзiць да iх ды пытае:

- Цi гэта вы, шаноўны Вiнiць?

- Я,- адказвае трыбун.- Чаго хочаш?

- Я Назар, сын Мырыямы, iду з вязнiцы i прыношу табе вестку пра Лiгiю.

Вiнiць палажыў яму руку на плячуку i пры святле светача глядзеў яму ў вочы, не могучы вымавiць слова, але Назарка адгадаў на ягоных вуснах нямое пытанне й звяшчае:

- Жыве дагэтуль. Урсус прысылае мяне да цябе, спадару, сказаць, што яна ў гарачцы молiцца й паўтарае тваё iмя.

Вiнiць адказвае:

- Слава Хрысту, якi можа мне яе вярнуць!

Пасля ўзяў Назарку з сабою ў бiблiятэку. Хутка прыйшоў туды й Пятронi пацiкавiцца iхняй гутаркай.

- Хвароба ўратавала яе ад знявагi, бо нелюдзi тыя баяцца заразы,- расказваў малады хлапчук.- Урсус i Глаўк сядзелi пры ёй дзень i ноч.

- Цi вартаўнiкi засталiся тыя самыя?

- Так, спадару, i яна ляжыць у iхняй каморы. Тыя вязнi, якiя былi ў нiжэйшай вязнiцы, усе паўмiралi ад эпiдэмii або падушылiся ад задухi.

- Ты хто такi? - спытаў Пятронi.

- Крывiчэсны Вiнiць мяне ведае. Я сын удавы, у якое жыла Лiгiя.

- I хрысцiянiн?

Хлапец зiрнуў пытаючымi вачыма на Вiнiцiя, але, убачыўшы, што той молiцца, падымае голаў i адказвае:

- Так.

- Якiм жа спосабам можаш свабодна ўваходзiць у вязнiцу?

- Я, спадару, наняўся выносiць мёртвых з вязнiцы, бо хочу чым-небудзь дапамагчы сваiм братом i прыносiць iм весткi з гораду.

Пятронi прыгледзеўся ўважней прыгожаму аблiччу хлапца, ягоным блакiтным вачам, буйным валасом, пасля спытаў:

- А ты ж адкуль, маладзец, з якога краю?

- Я галiлейчык, спадару.

- Цi хацеў бы ты Лiгiю вызвалiць?

Хлапец падняў вочы ўгару:

- Хоць бы й за цану собскага жыцця.

Вiнiць скончыў малiтву й звярнуўся:

- Скажы старажом, хай уложаць яе ў труну, бы мёртвую. Ты дабяры сабе спадручнiкаў ды вынесяце яе ўночы. Недалёка ля гнiлых ямаў знойдзеце чакаючую на вас лектыку i аддасцё тым людзям труну. Вартаўнiком абяцай ад мяне гэтулькi золата, колькi кожны магчыме падняць,- пры гэтых словах аблiчча ягонае ажывiлася зноўку, абудзiўся ў iм ваяк, якому надзея вярнула даўнюю энергiю. А Назарка аж пачырванеў з радасцi i, узняўшы рукi, адазваўся:

- Хай Хрыстус аздаровiць яе, бо будзе вольнай.

- Ты перакананы, што варта згодзiцца? - пытае Пятронi.

- Яны? Спадару, каб толькi былi пэўнымi, што не спаткае iх за гэта кара i пакута!

- Так! - пацвердзiў Вiнiць.- Вартаўнiкi хацелi згадзiцца нат, каб уцякла, тым хутчэй згодзяцца вынесцi яе быццам мёртвую.

- Ёсць, праўда, чалавек,- кажа Назарка,- якi спраўджае распаленым жалезам, цi трупы, якiя выносяць, ёсць мёртвыя. Але гэны бярэ нат па некалькi сэстэрцыяў за тое, каб не датыкацца да твару памёршага. За адзiн аўрэус даткнецца труны, не да цела.

- Скажы яму, што атрымае цэлы капшук залатнiкоў,- кажа Пятронi.

Але патрапiш падабраць пэўных спадручнiкаў?

- Патраплю падабраць такiх, якiя б за грошы прадалi собскiя жоны й дзецi.

- Дзе iх знойдзеш?

- У самай вязнiцы або на мейсцы. А варта, раз падкупленая, увядзе, каго захачу.

- Калi так, дык увядзi, як наймiта, мяне,- запрапанаваў Вiнiць. Але Пятронi пачаў адрайваць рашуча, каб не рабiў гэтага. Прэторыяне маглi б яго пазнаць, нат пераапранутага, i ўсё магло б спракудзiцца. «Анi ў вязнiцы, анi пры Гнiлых Ямах! - казаў.- Трэба, каб усе - i цэзар, i Тыгэлiн - былi перакананыя, што яна памерла, бо iнакш у тым жа моманце выслалi б за ёю посцiг. Падазрэнне магчымем знячулiць толькi такiм чынам, што, калi яе вывезуць у Альбанскiя горы або далей, на Сiцылiю, мы застанемся ў Рыме. Праз тыдзень, напрыклад, або аж праз два ты хварэцiмеш i заклiчаш Нэронавага лекара, якi загадае табе выехаць у горы. Тады злучыцеся, а пасля...»

Тут на хвiлiнку задумаўся ды, махнуўшы рукою, дадаў:

- Пасля мо прыйдуць iншыя часы.

- Хай Хрыстус будзе ёй мiласцiвы,- кажа Вiнiць,- бо ты згадваеш пра Сiцылiю, а яна ж хворая i можа памерцi...

- Уладзiм яе тым часам блiжэй. Яе аздаровiць самое паветра, абы адно ўдалося яе вырваць з турмы. Няўжо ты не маеш дзе ў гарах якога арандатара, якому мог бы даверыць?

- Чаму не? Маю, так! - адказаў хутка Вiнiць.- Ёсць ля Карыёлi ў гарах адзiн чалавек, якi на руках мяне насiў, як я быў малы, i якi не перастаў мяне любiць дагэтуль.

Пятронi падаў яму таблiчкi.

- Напiшы яму, каб падскочыў сюды ўзаўтра. Пасланца вышлю ўмiг. Гэта сказаўшы, заклiкаў загадчыка атрыюма i выдаў яму адпаведныя даручэннi. Цераз некалькi хвiлiн конны нявольнiк рушыў нанач да Карыёлi...

- Я хачу, каб Урсус быў пры ёй у дарозе...- кажа Вiнiць.- Было б больш надзейна...

- Спадару,- гавора Назарка,- гэта чалавек надлюдское сiлы, ён выламiць краты й пойдзе за ёю. Ёсць адно вакно ў высокай сцяне, ля якога няма варты. Прынясу Урсусу вяроўку, а астатняе ён сам даканае.

- На Геркулеса! - кажа Пятронi.- Хай вырываецца, як мага, але толькi не разам з ёю i не ў два або тры днi пасля яе, бо пайшлi б i вышнарылi б ейнае сховiшча. На Геркулеса! Цi хочаце згубiць яе й сябе? Забараняю вам згадваць яму пра Карыёлi або ўмываю рукi.

Яны абодва прызналi яму праўду й замоўклi. Хутка Назарка пачаў развiтвацца, абяцаючы падскочыць узаўтра ледзь свет. З вартаю меўся дамовiцца яшчэ тае ж ночы, але перад тым хацеў забегчы да маткi, якая была неспакойная пры такiх няпэўных часах. Памагатараў вырашыў не шукаць на мейсцы, але знайсцi й падкупiць аднаго з тых, якiя разам з iм выносiлi трупы з вязнiцы.

Пры самым выхадзе, аднак, затрымаўся шчэ i, адцягнуўшы на бок Вiнiцiя, пачаў яму шаптаць:

- Спадару, не скажу пра наш намер нiкому, нат роднай матцы, але Апостал Пётр абяцаў прыйсцi да нас з амфiтэатру, i яму адкрыю ўсё.

- Можаш у гэным доме гаварыць моцна,- запэўнiвае Вiнiць.- Апостал

Пётр быў у амфiтэатры з людзьмi Пятронiя. Але я сам думаю пайсцi з табою,i загадаў падаць сабе нявольнiцкую накiдку ды выйшлi. Пятронi супакоiўся.

- Жадаў я для яе смерцi ад гэнай гарачкi,- думаў.- Для Вiнiцiя гэта было б яшчэ найменш страшным. Але цяпер вось я гатовы ахвяраваць залаты трыножнiк Эскулапу ў заплату за ейнае выздараўленне... Эх ты, Агенабарбе! Манiшся зладзiць сабе вiдовiшча з болю закаханага! Ты, аўгуста, перш-наперш зайздросцiла красы дзяўчыне, а цяпер зжорла б яе жыўцом за тое, што згiнуў твой Руфiй... А ты, Тыгэлiн, жадаеш згубiць яе на злосць мне!.. Паглядзiмо! Я вам кажу: вочы вашы не аглядацiмуць яе на арэне, бо цi памрэ собскаю смерцю, цi вырву вам яе, бы сабакам, з пашчы... I вырву так, што не ведацiмеце пра гэта, а пасля колькi разоў гляну на вас, гэтулькi разоў падумаю: во дурнi, якiх перахiтрыў Пятронi...

I - з пачуццём самазадавальнення пайшоў у трыклiнiюм, дзе разам з Эўнiкай селi вячэраць. Лектар чытаў iм праз гэты час iдылii Тэокрыта. На двары вецер нагнаў хмары ад боку Сорактэ, i наглая бура змуцiла цiшыню пагоднае летняе ночы. Час ад часу разлягалiся грымоты на сямi ўзгорках, а яны, лежачы побач сябе за сталом, слухалi сялянскага паэта, якi спеўнай дарыйскай гаворкай апяваў iм каханне пастыраў; пасля, укалыханыя, пачалi збiрацца да салодкага супачынку. Але перад гэтым шчэ вярнуўся Вiнiць. Пятронi, даведаўшыся пра ягонае прыйсцё, пайшоў да яго i спытаў:

- Ну i што?.. Можа, прыдумалi што новае? А цi Назар пайшоў ужо ў вязнiцу?

- Так,- адказвае юнак, прагортваючы валасы, змоклыя ад дажджу.

Назар пайшоў дамовiцца з вартаю, а я бачыўся з Пятром, якi загадаў малiцца i верыць.

- Гэта добра. Калi пашанцуе, наступнае ночы можна будзе яе вынесцi...

- Арандатар з людзьмi павiнен быць ледзь свет.

- Адыж дарога не вялiкая. Спачынь цяпер.

Але Вiнiць упаў на каленi ў сваiм кубiкулюме i пачаў малiцца. Пры ўсходзе сонца падаспеў з Карыёлi арандатар Нiгер, прывёўшы з сабою згодна з загадам Вiнiцiя мулы, лектыку i чатырох надзейных людзей, выбраных спамiж брытанскiх нявольнiкаў, якiх усё ж такi пакiнуў у гасподзе на Субуры.

Вiнiць, якi не спаў цэлую ноч, выйшаў яму насустрач, а той жахнуўся, убачыўшы маладога гаспадара, i, цалуючы яму рукi й вочы, адазваўся:

- Дарагi, цi ты хворы, цi маркота высмактала табе так кроў з твару, то ж на першы пагляд я ледзь пазнаў цябе?

Вiнiць запрасiў яго ў нутраную калюмнаду, званую «ксыстам», i там адкрыў яму тайнiцу. Нiгер слухаў з глыбокай увагай, i на ягоным чэрствым загарэлым твары малявалася моцнае расчуленне, якога нат не хаваў.

- Дык яна хрысцiянка? - адазваўся.

I пачаў кемна прыглядацца ў твар Вiнiцiю, а той, вiдаць, здагадаўся, пра што пытаюць яго вочы селянiна, бо адказаў:

- I я хрысцiянiн...

Тады ў вачох Нiгера заблiшчэлi слёзы; праз момант маўчаў, пасля, падняўшы рукi ўгару, вымавiў:

- О, дзякуй Табе, Хрысце, што зняў бяльмо з найдаражэйшых мне ў свеце вачэй!

Ды абняў голаў Вiнiцiя i, плачучы ад шчасця, пачаў цалаваць ягонае чало. Цераз хвiлiну пазней прыходзiць Пятронi, вядучы з сабою Назара.

- Добрыя весткi! - звяшчае здалёк.

I сапраўды, весткi былi памысныя. Насамперш, Глаўк заручаўся, што Лiгiя ачуняе, хоць мела такую самую вязнiчную эпiдэмiю, ад якое i ў Тулiянуме, i па iншых вязнiцах памiрала штодзень сотнi людзей. Варта i кантралёр смерцi распаленым жалезам не зрабiлi нiякае цяжкасцi. Памагатар Атыс быў таксама ўжо ўгавораны.

- Парабiлi мы ў труне даволi добрыя атворыны, каб хворая магла дыхаць,- казаў Назар.- Уся небяспека ў тым, каб толькi не адазвалася або не застагнала, як будзем праходзiць ля прэторыян. Але яна надта аслабеўшы i ад самага рання ляжыць, заплюшчыўшы вочы. А Глаўк дасць ёй на сон лекаў, якiя сам прыгатаваў з прынесеных мною з гораду прэпаратаў. Века труны не будзем прыбiваць. Знiмяце яго лёгка i забераце хворую ў лектыку, а мы ўложым у труну доўгi мех з пяском, якi мусiце вы падрыхтаваць.

Вiнiць, слухаючы гэтых слоў, быў белы, як палатно, але слухаў з так напружанаю ўвагай, што, здэцца, прадбачваў расказ Назаркi.

- Цi iншых якiх нябожчыкаў не выносiцiмуць з вязнiцы?- спытаў Пятронi.

- Памерла сянняшняе ночы блiзу дваццаць асоб, а да вечара памрэ яшчэ з колькiнаццаць,- гаварыў хлапец,- мы мусiм iсцi з цэлаю чарадою, але будзем ацягацца, каб застацца ззаду. На першым закруце мой таварыш знарок закульгавее. Такiм чынам застанемся далёка ззаду. Вы чакайце нас ля малое святынькi Лiбiтыны. Хаця каб Бог даў цёмную ноч!

- Бог дасць,- пацяшае Нiгер.- Учора быў вечар пагодны, а пасля сарвалася навальнiца. Сяння зноў неба яснае, але парна ад самага рання. Штоноч цяпер зрываюцца дажджы й буры.

- Цi йсцiмеце без святла? - спытаў Вiнiць.

- Наперадзе толькi нясуць светачы. Вы на ўсялякi выпадак будзьце ля святынькi Лiбiтыны як толькi сцямнее, хоць абыдна пачынаем выносiць трупы перад самаю поўначчу.

Замоўклi, чутно было толькi неспакойнае зяханне Вiнiцiя. Пятронi звярнуўся да яго:

- Я ўчора казаў, што найлепш было б нам абодвум застацца дома. Цяпер, аднак, бачу, што i мне самому нельга будзе ўседзець... Бо, каб расходзiлася пра ўцёкi, трэ было б большае засцярогi, але, калi яе вынесуць, як нябожчыцу, здаецца, нiкому найменшае падазрэнне не стрэлiць у голаў.

- Але, але! - пацвярджае Вiнiць.- Я мушу тамака быць. Сам яе выйму з труны...

- А як ужо будзе ў маiм доме пад Карыёлi, даю голаў за яе,- заручае Нiгер. На гэтым скончылася гутарка. Нiгер пайшоў у гасподу да сваiх людзей. Назар, узяўшы пад тунiку капшук з золатам, вярнуўся ў вязнiцу. Для Вiнiцiя пачаўся гарачы, поўны трывогi, неспакою i чакання дзень.

- Справа павiнна ўдацца, бо добра абдумана,- казаў яму Пятронi.Лепш нельга было ўсяго зладзiць. Ты мусiцiмеш прыкiдвацца маркотным i хадзiць у цёмнай тозе. Да цыркаў, аднак, хадзi. Хай цябе бачаць... Так усё абдумана, што не можа быць няўдачы. Эгэ, гм! Адыж арандатар твой чалавек зусiм пэўны?

- Гэта хрысцiянiн,- тлумачыць Вiнiць.

Пятронi глянуў на яго, зрабiў плячыма рух здзiўлення ды пачаў гутарыць быццам сам да сябе:

- На Палукса! Як гэта, аднак, шырыцца! I як прылiпае да людскiх душ!.. Пад гэтакай пагрозай людзi адразу выраклiся б усiх багоў рымскiх, грэцкiх i егiпскiх. Гэта ўсё ж такi дзiва!.. На Палукса!.. Каб я верыў, што нашы багi маюць на свеце яшчэ нейкi ўплыў, абяцаў бы цяпер кожнаму па шэсць белых быкоў, а Капiталiнскаму Ёвiшу дванаццаць... Але i ты не шкадуй дэкларункаў свайму Хрысту...

- Я аддаў Яму сваю душу,- адказаў Вiнiць.

I разыйшлiся. Пятронi вярнуўся ў кубiкулюм, а Вiнiць пайшоў цiкаваць здалёк на вязнiцу, адтуль дайшоў аж да Ватыканскага ўзгор'я, да тае хаты фосара, дзе з рук Апостала атрымаў хрост. Здалося яму, што ў гэнай хаце Хрыстус выслухае яго хутчэй, чым дзе iнакш, дык, знайшоўшы яе, кiнуўся на зямлю, напружыў усе свае сiлы збалелае душы ў малiтве пра лiтасць, аж забыў пра ўсё на свеце, дзе ён ды што з iм дзеiцца. На паўднi збудзiў яго водгалас трубаў Нэронавага цырку. Выйшаў тады з хаты й пачаў разглядацца навокал як бы спрасоння. На свеце была гарачыня i цiшыня, раздзiраная часамi толькi дзынкам бронзавых труб. Паветра зрабiлася парнае; небасхiл над горадам быў яшчэ блакiтны, але ад боку Сабiнскiх гор збiралiся нiзка на самым даляглядзе цёмныя хмары. Вiнiць вярнуўся дамоў. У атрыюме чакаў яго Пятронi.

- Быў я на Палатыне,- кажа.- Паказаўся там знарок i пагуляў нат крыху ў косцi. У Анiцыя вечарам банкет; я запавясцiў, што прыйдзем, але аж пасля поўначы, бо мусiм добра выспацца. Вось жа, я пайду, а добра было б, каб i ты быў.

- Цi не было якiх вестак ад Нiгера або ад Назаркi? - спытаў Вiнiць.

- Не. Будзем бачыцца з iмi аж пасля поўначы. Звярнуў ты ўвагу? Будзе, здэцца, навальнiца.

- Але. Узаўтра маецца быць вiдовiшча з укрыжаваных хрысцiян, можа, вось аднак дождж перашкодзiць. Гэта вымавiўшы, падыйшоў i, узяўшы Вiнiцiя за плячо, сказаў:

- Але яе не аглядацiмеш на крыжы, толькi ў Карыёлi. На Кастара! Не аддаў бы я тае хвiлiны, у якой вызвалiм яе, за ўсе рымскiя гэммы! Вечар ужо недалёка...

I сапраўды, вечар быў ужо блiзка, а цямнець пачало раней, чым абыдна, ад хмараў, закрыўшых далягляд. Хутка прайшоў даволi вялiкi дождж, якi, паруючы на распаленых дзённаю гарачынёю каменнях, напоўнiў iмглою горад. Пасля то пераставаў дождж, то зноў прасцёбаў кароткi лiвень.

- Спяшаймася,- адазваўся ўрэшце Вiнiць.- З прычыны дажджу магчымуць раней вынесцi трупы з вязнiцы.

- Пара! - адказаў Пятронi.

I, апрануўшы галiйскiя накiдкi з каптурамi, выйшлi праз агароднiя веснiчкi на вулiцу. Пятронi ўзброiўся, як заўсёды, беручы з сабою кароткi рымскi нож, называны сiка.

Горад з нагоды дажджу быў пусты. Час ад часу раздзiрала хмары маланка, азараючы вострым бляскам сцены новазбудаваных, яшчэ не скончаных дамоў ды мокрыя каменныя плiты вулiцы. Пры такiм святле ўгледзелi ўрэшце капец, на якiм стаяла маленькая святынька Лiбiтыны, а пад капцом - гурток коней i мулаў.

- Нiгер! - гукнуў прыцiшна Вiнiць.

- Я, спадару! - адазваўся голас праз шум дажджу.

- Усё гатова?

- Так, саrissimе. Чакаем тутака ад змяркання. Але збочцеся пад застрэшанне, бо наскрозь прамокнеце. Што за навальнiца! Няўжо гэта будзе град?

Здагадка Нiгера спраўдзiлася, бо пачаў сыпаць град, спачатку дробны, пасля штораз буйнейшы i гусцейшы. Паветра хутка ахаладзiлася. Стоячы пад страхою, закрытыя ад ветру й ледзяных шрапнэляў, прыцiшна гутарылi.

- Хоць бы нас хто i ўбачыў, не падазравацiме,- кажа Нiгер,- бо выглядаем на людзей, якiя схавалiся ад навальнiцы. Але баюся, каб не адлажылi вынасу трупаў да заўтра.

- Град не будзе йсцi доўга,- пацяшаў Пятронi.- Мусiм чакаць хоць бы й да свiту.

I чакалi, наслухоўваючы, цi не даходзiць якi шорах нясучых ношы. Град перастаў, праўда, але зараз зашумеў лiвень. Часамi зрываўся вецер i нёс ад боку Гнiлых Ямаў страшэнны смурод буцьвеючых трупаў, якiя былi пахаваны даволi плытка, нядбайлiва. Нараз адзываецца Нiгер:

- Бачу, праз iмглу мiгае святло... адно, другое, трэцяе... Гэта светачы!

I звярнуўся да людзей:

- Пiльнуйце, каб не пырхалi мулы!..

- Iдуць! - кажа Пятронi.

Праўда, светачы рабiлiся штораз выразнейшыя. Праз момант вiдаць было нат ужо й полымя. Нiгер пачаў жагнацца й малiцца. Прымеж таго, пасумны карагод прысунуўся блiжэй i ўрэшце, зраўняўшыся з святыняй Лiбiтыны, затрымаўся. Пятронi, Вiнiць i Нiгер прылеглi маўклiва да капца, не цямячы, што гэта абазначае. Але тамтыя спынiлiся толькi дзеля таго, каб паабвязваць сабе твар i вусны ды забяспечыцца гэтак ад смуроду, якi пры самых путыкулах быў невыносны, пасля паднялi ношы й пайшлi далей. Адна толькi труна затрымалася насупраць святынькi. Вiнiць прыскочыў да яе, а за iм Пятронi, Нiгер i двух брытанскiх нявольнiкаў з лектыкай. Але не паспелi дабегчы, як з цемры даляцеў да iх балючы голас Назара:

- Спадару! Перанеслi яе разам з Урсусам у Эсквiлiнскую вязнiцу... Мы нясем нябожчыка! А яе схапiлi перад поўначай!

-

Пятронi, вярнуўшыся дамоў, быў захмураны, моў бура, i не спрабаваў нат пацяшаць Вiнiцiя. Бо разумеў, што пра выбаўленне Лiгii з Эсквiлiнскага падзямелля няма чаго й лятуцець. Здагадваўся, што праўдападобна дзеля таго перанеслi яе, каб не памерла ад эпiдэмii, ды каб не размiнулася з прызначаным ёй амфiтэатрам. Але гэта якраз быў доказ, што пiльнуюць яе больш рупна, чым iншых. Пятронiю шкада было да глыбiнi душы i яе, i Вiнiцiя, але апрача таго маркоцiла яго i тая думка, што ўрэшце ў жыццi спаткала яго няўдача, што першы раз быў пераможаны ў барацьбе.

- Фартуна быццам кпiць з мяне,- гадаў сабе,- але багi памыляюцца, калi думаюць, што я згаджуся на такое, напрыклад, жыццё, як ягонае.

I ўставiў вочы ў Вiнiцiя, якi таксама глядзеў на яго, вытрашчыўшыся.

- Што з табою? Ты маеш гарачку? - пытае Пятронi.

А той адказвае нейкiм дзiўным, прыгнобленым i павольным, голасам, бы хворае дзiця:

- А я веру, што Ён можа мне яе вярнуць.

Над горадам каналi апошнiя раскаты грому.

КАМЕНТАРЫ

С. 211: ...Брыяр мучыў соннага Сатурна...-Брыяр у грэцкай мiфалогii быў адным з так званых сотнярукаў, як менавалi сыноў бога неба Урана i багiнi зямлi Геi, бо ў гэтай жудаснай iстоты было пяцьдзесят галоў i сотня рук; Брыяр дапамагаў Зэўсу ў барацьбе супраць тытанаў i Хронаса, якога паводле адной з рэдкiх версiй мiфа ён захапiў сонным на адным з астравоў Брытанскага мора. ...аб краёх гiпербарэйскiх...- У антычныя часы мiфiчную краiну гiпербарэяў уяўлялi недзе на Поўначы, «за Барэем».

С. 212: Формiнга - лiра, гарфа.

С. 213: ...шэсць белых iдумыйскiх... вогiраў...- вобласць Iдумыя на поўднi Палестыны славiлася сваiмi коньмi. ...калiсь нат самому Юлiю Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым...- Гэты эпiзод меў месца ў 46 г. перад н. э., калi Цэзар адзначаў свой гальскi трыумф; звычай рытуальнага асмейвання зухаватых ваяводаў быў даволi распаўсюджаны i ў войску, i ў народзе. Алкмеон - у грэцкай мiфалогii герой, якi забiў сваю матку Эрыфiлу за тое, што яна калiсьцi здрадзiла ягонага бацьку Амфiарая.

С. 214: Лiцынiян Пiзон Кай Кальпурнiй - радавiты патрыцый, прыхiльнiк строгай маралi; быў усыноўлены цэзарам Гальбо i загiнуў разам з iм у 69 г. Нэрва Марк Кокцэй (нар. у 32 г.) - рымскi цэзар (96-98 гг.). Аннiй Юнiй Галлён - брат Сэнэкi, здольны прамоўца, скончыў самагубствам у 65 г. Квiнтыян Афранiй - сенатар, катаваны за ўдзел у змове Пiзона.

С. 216: Вэлябр - гандлёвы квартал мiж Капiтолем i Палатынам. Лаўрэнтум - горад у Лацыi мiж Остыяй i Анцыюмам.

С. 217: Остыя - партовы горад блiзу сутокi Тыбру, 25 км ад Рыму.

С. 226: Авiдый Назон Публiй (43 перад н. э. - 18 н. э.) - выдатны рымскi паэт.

С. 227: Эсхiлос (525-456 гг. перад н. э.) - вялiкi грэцкi драматург, заснавальнiк класiчнай грэцкай драматургii. Пракуратар - у часiны iмперыi дзяржаўная асоба, што кiравала правiнцыяй. Арэопаг - сход старэйшын, гарадская рада.

С. 228: ...будзем, бы той Дэмакрыт...- Як паведамляюць антычныя аўтары, грэцкi фiлёзаф-атамiст Дэмакрыт (460-371 гг. перад н. э.) не мог без смеху глядзець на розныя дробязi, што гэтак клапоцяць i вабяць людзей. ...бы Амонскi Ёвiш...- У часiны iмперыi егiпскi бог сонца Амон часта атоесамлiваўся з Ёвiшам i шанаваўся сукупна з iм.

С. 233: ...закаханы, як Троiл у Крэсыдзе...- У грэцкай мiфалогii Троiл быў траянскiм прынцам, сынам Прыяма (або Апалона); сюжэт пра каханне Троiла i Крэсыды з'явiўся толькi ў сярэднявеччы, а ў антычнай лiтаратуры не сустракаецца; тут Сянкевiч дапускае анахранiзм.

С. 234: Эўтэрпа - муза лiрычнай паэзii.

С. 235: Ардэя - калябярэжны горад у 40 км на поўдзень ад Рыма. Бовiла i Устрынум - мястэчкi на Апiйскай дарозе блiзу Рыма.

С. 237: Сабiнскiя горы - горны масiў на паўночны ўсход ад Рыма.

С. 239: ...ад часаў Брэнна...- Брэнн верхаводзiў галамi, якiя ў 390 або 387 г. перад н. э. захапiлi й спалiлi Рым.

С. 241: Порта Трыгенiя - Трыгенiйская брама ля паўднёвага схiла Авентына. Бонэ Дэа - Добрая Багiня, старажытнае рымскае боства ўрадлiвасцi й дастатку. Ручай Мэркура - на Апiйскай дарозе крынiчка перад Капэнскай брамаю.

С. 242: Што ж горшае мог зрабiць для Рыму Мiтрыдат...- Маецца на ўвазе Мiтрыдат VI Еўпатор (111-63 гг. перад н. э.), валадар Понта, дзяржавы на паўднёва-ўсходнiм узбярэжжы Чорнага мора, непрымiрымы вораг Рыма.

С. 243: Наўмахiя Аўгуста - штучнае возера за Тыбрам, зладжанае на загад Аўгуста для «вялiкай гульнi ў марскi бой». Уся атока ў агнi! - так званы востраў (атока) Эскулапа на Тыбры, насупраць Капiтолю; месца, дзе знаходзiлася святыня Эскулапа (Асклепiёса), спалучалася з берагамi Тыбру цераз масты Фабрыцыя i Цэста, якiя захавалiся да нашага часу.

С. 244: Катэхумен - чалавек, якi рыхтуецца да прыняцця хросту. Ватыканскi ўзгорак - за Тыбрам, на паўночны захад ад Рыма.

С. 245: Кадэтанскае поле - за Тыбрам, ля Ватыканскага ўзгорка. ...бы сарочка Нэсусава...- Як распавядае мiф, кентаўр Нэсус, вядомы сваёй падступнасцю, паквапiўся на жонку Геракла Дэянiру i... напароўся на мужыка. Каб адпомсцiць Гераклу, перад смерцю Нэсус прапаноўвае Дэянiры сваю кроў, якая нiбыта дапаможа жанчыне захаваць каханне Геракла. Пазней Дэянiра скарыстала параду Нэсуса i прасычыла ягонай крывёю Гераклаў хiтон; калi кроў тая ператварылася ў атруту, Геракл спазнаў жудасныя пакуты, а потым i смерць.

С. 246: ...багаты будзеш, як Мiдас...- Мiфiчны ўладар Фрыгii Мiдас атрымаў ад Дыянiса здольнасць пераўтвараць у золата ўсё, чаго даткнецца.

С. 247: ...Рым...азараў усю Кампанью...- Тут недакладнасць: пажар Рыма, пэўна, добра было вiдаць у самiм Лацыi, але не ў Кампаньi, якая знаходзiлася ад Рыма як найменш у 140 км.

С. 248: Амфiтэатр Флавiяна - так званы Калiзэй, будаўнiцтва якога завершана ў 80 г., даваў мейсцы звыш 50 тысячам чалавек. Лiвiя - жонка цэзара Аўгуста. Люцына - рымская багiня нараджэння дзяцей, падчас атоесамлiвалася з Юнонай. Егова (вытворн. ад Яхвэ) - госпад (старажытнагабрэйск.), табуiраванае iмя вышэйшага боства ў юдаiзме.

С. 250: Трыумфальная дарога - выходзiла з гораду ў паўночна-заходнiм накiрунку ў бок Ватыканскага ўзгорка. Пiнцыюс - так званы Садовы ўзгорак, размешчаны ў паўночнай частцы Рыма, на схiлах якога знаходзiлiся агароды Пампея, Лiкула, Салюстыя, Ацылiяў, Дамiцыяў ды iншых. Лiкул Люцый Лiцынiй (117-57 гг. перад н. э.) - рымскi дзяржаўны дзеяч i ваявода, быў казачна багатым. Кай Салюстый Крысп (86-35 гг. перад н. э.) - рымскi палiтычны дзеяч i гiсторык. Ацылiй - старажытны плебскi род.

С. 252: Амэр'ёла - горад у Сабiнскай вобласцi на паўночны ўсход ад Рыма.

С. 256: Аква Апiя - найстаражытнейшы рымскi вадацяг, пабудаваны ў 312 г. перад н. э. выдатным дзяржаўным дзеячом Апiем Клаўдыем; цягнуўся па паўднёва-ўсходняй i паўднёвай частцы гораду.

С. 258: Iда - горны ланцуг у Малой Азii, дзе, паводле мiфу, бралi свяшчэнны шлюб Зэўс i Гера. Эўандар - у рымскай мiфалогii герой, сын Мэркурага; яму прыпiсвалi ўвядзенне ў Iталii культу Гераклеса. Нума Пампiлiй - як сведчыць паданне, гэта другi рымскi кароль, што жыў у канцы VIII ст. перад н. э. Пенаты - багi-ахоўнiкi хатняга агменю, спрыяльнiкi грамадству й дзяржаве.

С. 259: Шырма - тут: доўгая вопратка з шлейфам, характэрная для трагiчных актораў. Нiобiды - дзецi Нiобы.

С. 261: Паркi Мецэната - ля заходняга схiла Эсквiлiнскага ўзгорку; iмя такое атрымалi на памятку аб Каю Цыльнiю Мецэнату (памёр у 8 г. перад н. э.), сябру цэзара Аўгуста i знакамiтым апякуне паэтаў, прозвiшча якога стала мяноўным. Эпiлiма - гатунак таннай вохнасцi з моцным пахам.

С. 270: Понцiй Пiлат - пракуратар Юдэi ў 26-36 гг.

С. 271: Тартар - у грэцкай мiфалогii найбольш цёмная i глыбокая частка Аiда. ...«крывавыя тунiкi» - тунiкi, прасычаныя ўспыхлiвым сызборам, часцей смалою, якiя апраналi на тых, каму вынеслi прысуд спалення. Клiо - муза гiсторыi.

С. 272: ...у iмя дзевяцi Лiбетрыд...- Маюцца на ўвазе нiмфы, якiм была прысвечана крынiца дзевяцi музаў, што праславiла горад Лiбетры ў Фесалii.

С. 273: Кай Цэзар быў звераваты...- згадка на пераслед жыдоў за часамi Калiгулы.

С. 274: Александрыйскi Сэрапеум - святыня Сэрапiса ў г. Александрыя.

С. 275: Сафокл (каля 496-406 гг. перад н. э.) - вялiкi грэцкi драматург.

С. 277: ...да Хронаса, пажыраючага собскiя дзецi...- Адзiн з сэнсатвораў, якi звязвае грэцкае слова «час» з мiфiчным богам таго ж наймення, бацькам Зэўса, якога часам дзеля адрознення запiсваюць Кронасам. Паводле падання Кронаса павiнен быў пазбавiць улады ягоны ўласны сын, таму бацька сваiх дзяцей глытаў адразу па нараджэннi, як той жа час глытае днi, месяцы, гады; такога лёсу пазбегнуў толькi Зэўс, якога Рэя, мацi, прыхавала й выгадавала ў пячоры на Крыце.

С. 279: Коская вопратка - такi назоў мелi дарагiя, дыхтоўныя жаночыя сукенкi, што выраблялiся на востраве Кос з вырабляных там жа тканiн (вiсону i iнш.).

С. 285: Мiрмiлон - адна з гладыятарскiх роляў на спаборнiцтвах, якая абазначала па сутнасцi аб'ект палявання, хоць часам i больш нагрувашчаны зброяй, чым працiўнiк. Кажучы «Мiрмiлон ты», мелi на ўвазе «Не напрошвайся на непрыемнасцi».

С. 287: ...Львы з Атласу...- маюцца на ўвазе Атласкiя горы, горны хрыбет у Маўрытанii. Эпiр - вобласць у заходняй частцы Паўночнай Грэцыi.

С. 288: Флавiй Клемент - консул 95 г. Дамiцыла- жонка Флавiя Клемента, унучка Флавiя Веспасыяна; аб прыналежнасцi гэтых сужонкаў да хрысцiянства паведамляюць старажытныя гiсторыкi рэлiгii. Карнэль Пудэнс - асоба з наваколля Тыгэлiна, толькi Сянкевiч памылкова падае iмя: не Карнэль, а Мэвiй.

С. 290: Кунiкулюм - памяшканне пад арэнаю.

С. 291: Лiтанiя - частка богаслужэння.

С. 293: Галгофа - узгорак за гарадскiм мурам Ерузалiма, дзе быў укрыжаваны Езус Хрыстус.

С. 294: Сыён - узгорак у паўднёва-заходняй, найбольш старажытнай частцы Ерузалiма; у бiблейскiх прарокаў назва «Сыён» распасцiраецца на ўсю жыдоўскую дзяржаву Юдэю, а часам гэтак называюць i валадарства божае. Госанна! - малiтоўны воклiч, якi са старажытнажыдоўскай мовы перакладаецца як «Ратуй!»; ужываецца на набажэнствах i святах.

С. 297: Пiлеолус - круглая шапка малых памераў.

С. 300: Сполярыюм - мейсца, дзе дабiвалi цяжкапараненых ды распраналi забiтых гладыятараў.

С. 301: Virgo Magna - тытул старэйшай вясталкi; у вясталак было права лiтасцi над асуджанымi, што спатыкалiся на iхнiм шляху.

С. 304: Харон - у грэцкай мiфалогii перавозчык памерлых цераз рэкi Аiда. Лiкторы - ганаровая варта вышэйшых магiстратаў, якая насiла так званыя фiсцыi (пучкi пруткоў з сякеркай пасярэдзiне) як знакi падкрэслiвання годнасцi тых, каго яны суправаджалi.

С. 311: Лiгурыя - вобласць заходняй часткi Паўночнай Iталii. ...ты брыда меоцкая! - Наваколле Меатыды (Азоўскага мора) старажытныя людзi ўважалi за логава заразы.

С. 313: ...падобных да ваўкоў кундлаў з Гiбернii...-Тут перакладчыцкая недакладнасць: у гэтым выпадку Сянкевiч меў на ўвазе не Гiбернiю (Iрландыю), а Гiберыю (Iспанiю). Хоць, зрэшты, само сугучча гэтых назваў, а разам i Гiвэрыi (Грузii) сведчыць пра адзiн i той жа народ, расселены ў розных мяйсцох зямлi.

С. 317: ...Уладару Тэнэду, Кiллы, Хрызы...- эпiтэты Апалона, што сустракаюцца ў Гомэра. Тэнэдос - невялiкi востраў блiзу Троады, на якiм хавалiся ахейцы, нiбыта збегшы з Троi, але пакiнуўшы засаду ў драўляным канi. Кiлла - востраў або горад каля Троi. Хрыза - мiфiчны востраў, прысвечаны Апалону. Смiнтэй - культавы эпiтэт Апалона як уладара мышэй.

С. 319: ...разам з Акратам i Сэкундам Карынам...- Вызвольнiк Нэрона Акрат i Сэкунд Карынат (не Карын), пра якiх Тацыт адгукнуўся з асаблiвай непавагаю, былi пасланыя цэзарам з мэтай канфiскацыi каштоўнасцяў у святынях на правiнцыi, у прыватнасцi ў Ахайi i Азii. Iбэрыйскiя нервы Сэнэкi...- знакамiты фiлёзаф нарадзiўся ў г. Кардубы (цяпер Кардова).

С. 322: Карыёлi - старажытны горад Лацыя на паўднёвы ўсход ад Рыму.

С. 323: ...iдылii Тэокрыта...- Тэокрыт з Сыракузаў (1-я палова III ст. перад н. э.) - заснавальнiк жанру буколiчнай паэзii. Iдылiя тут уяўляла сабою невялiкi верш пераважна на пастушковую (буколiчную) тэму. ...спеўнай дарыйскай гаворкай...- мова твораў Тэокрыта патварае распаўсюджанаму ў Паўднёвай Iталii й Сiцылii дарыйскаму дыялекту грэцкай мовы.

С. 328: ...Геркулеса ў жывым полымi на гары Эта...- У адной з версiй мiфа Геркулес, каб пазбегнуць пакутаў, спавадаваных атручаным хiтонам, пайшоў на гару Эта i аддаўся там вогнiшчу; калi полымя ахапiла Геркулеса, з неба спусцiлася хмара i панесла яго на Алiмп.



[1] Жыхары Iталii былi йшчэ пры Аўгусце вызвалены ад вайсковае службы, у вынiку чаго так званая cohors italica (iталiйская кагорта), што звыкла стаяла ў Азii, складалася з ваякоў-ахвотнiкаў. У прэторыянскiх аддзелах служылi таксама або iншаземцы, або ахвотнiкi (заўвага аўтара).

[2] Выдатна! (лац.).

[3] Маткабойца (лац.).

[4] Бялявачка! (лац.).

[5] За часаў цэзарства легiя мела 12 тысячаў чалавек (заўвага аўтара).

[6] Вочанька маё! (лац.)

[7] Публiчны схiл (лац.).

[8] Бычыны Форум (лац.).

[9] Наканаваная мне (лац.).

[10] «Блазан!», «Актор!» (лац.).

[11] Самая сподняя кашуля, якую жанчыны насiлi на голым целе (заўвага аўтара).

[12] Схiл Выбрыюса (лац.).

[13] Аслiная дарога (лац.).

[14] Ватыканскае поле (лац.).

[15] Вантробы (дыялектн.).

[16] «Прахадны дом» (лац.).

[17] Шырокая дарога (лац.).

[18] Хлеба й iгрышчаў (лац.).

[19] Далакопа (лац.).

[20] I табе (мiр)! (лац.).

[21] Коская вопратка (лац.).

[22] Найнiжэйшая падземная частка вязнiцы з адным атворышчам уверсе ў столi, дзе памёр калiсь з голаду Югурт (заўвага аўтара).

[23] Сэлiстэрнii й лектыстэрнii (заўвага аўтара).

[24] Ранiшняе iгрышча (лац.).

[25] «Дзеля Хрыста» (лац.).

[26] Срэбны схiл (лац.).

[27] Вялiкая дзявiца (лац.).

[28] «Даканана!» (лац.) (заўвага аўтара).

[29] Слаўся, цэзару, iмператару! На смерць iдучыя цябе здаровяць! (лац.).

[30] Рыбы, не цябе шукаю, Чаго ж, гале, уцякаеш? (лац.) (заўвага аўтара).

[31] Хрыстус валадарыць! (лац.).

[32] Без зброi i здольнасцяў (лац.).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX