Папярэдняя старонка: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis

LVII-Эпiлог 


Аўтар: Сянкевiч Генрык,
Дадана: 24-07-2012,
Крыніца: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis, 'Сафiя', 2002.



LVIII

Трохдзённы дождж - выключная з'ява ў Рыме падчас лета, ды яшчэ часта перападаючы, насуперак прыроднаму парадку, не толькi днём i вечарам, але i ўначы, град... Усё гэта змусiла перарваць вiдовiшчы. Прадвяшчалi няўраджай на вiнаград, а калi аднаго папаўдня пярун растапiў на Капiтолi бронзавую статую Цэрэры, загадана ахвяры ў святынi Ёвiша Сальватора [1]. Святары Цэрэры распусцiлi весткi, быццам гнеў багоў абрушыўся на горад з прычыны нядбайлiвага выканання караў на хрысцiян, дык натоўпы пачалi дамагацца, каб хутчэй выкарыстана пагоду ды прыспешана iгрышчы, i радасць агарнула ўвесь Рым, калi ўрэшце абвешчана, што пасля трохдзённае пярэрвы ludus зноў распачнецца.

Тым часам усталявалася i добрае надвор'е. Амфiтэатр ад свiту да ночы быў повен людзей, а цэзар прыбыў раз таксама раней з вясталкамi й дваранамi. Вiдовiшча мела распачацца барацьбою хрысцiян мiжсобку, якiх пераапраналi за гладыятараў ды давалi ўсялякую зброю, ужываную фаховымi барацьбiтамi да зачэпнага й абароннага бою. Але тут быў промах: хрысцiяне пакiдалi на пясок сеткi, вiлы, дзiды й мячы, а замест бойкi пачалi ўзаемна абнiмацца i заахвочвацца да ператрывання ўсiх пакутаў i смерцi. Глыбокая абраза i абурэнне апанавала народ. Адны абвiнавачвалi iх за маладушнасць i трусасць, другiя цвердзiлi, што быццам не хочуць бiцца наўмысна праз нянавiсць да народу ды дзеля таго, каб не даць яму задавальнення з свае мужнасцi. Урэшце на загад цэзара выпусцiлi на iх сапраўдных гладыятараў, якiя кленчучых i безабаронных высеклi ўмiг.

Пасля ачышчэння сцэны ад трупаў вiдовiшча перайнакшылася з баявога крывавага ў мiфалагiчнае паводле помыслу самога цэзара. Паказвалi, напрыклад, Геркулеса ў жывым полымi на гары Эта. Вiнiць здрыгануўся ад страху, бо думаў, на Геркулеса мо прызначылi Урсуса, але, вiдаць, не прыйшла чарга яшчэ на вернага слугу Лiгii, бо на кастры згарэў нейкi iншы, незнаёмы Вiнiцiю хрысцiянiн. Затое ў наступнай з'яве Хiлон, якога цэзар не хацеў звольнiць ад прысутнiчання на прадстаўленнi, угледзеў знаёмых сабе людзей. Прадстаўляна смерць Дэдала й Iкара [2]. У ролi Дэдала выступаў Эўрыцый, той самы стары, якi ў сваiм часе даў Хiлону знак рыбы, а ў ролi Iкара - ягоны сын Квартус. Абодвух паднялi пры помачы адмысловае машынэрыi ўгару, а пасля раптоўна спусцiлi з велiзарнай вышынi на арэну, прычым малады Кварт упаў так блiзка ля цэзаравага подыюма, што апырскаў крывёю не толькi вонкавую арнаментыку, але й засланае пурпураю поручча. Хiлон не бачыў падзення, бо заплюшчыў вочы, чуў толькi глухi ўдар цела, а як угледзеў тут жа вобак сябе кроў, амаль не абамлеў другi раз. З'явы змянялiся хутка. Пакуты дзявiц, бессаромна зганьбаваных перад смерцю праз гладыятараў, паўбiраных за звяроў, разрадавалi глядзельнiкаў. Выступалi святаркi Кiбелы й Цэрэры, выступалi Данаiды, выступалi Дырцэ й Пасыфэ, выступалi ўрэшце недарослыя дзяўчаткi, разрываныя дзiкiмi коньмi. Народ абдараў воплескамi кожны помысел цэзара, якi амбiцыёзна ганарыўся iмi, не адрываючы цяперака нi на хвiлiну шмарагду ад вока, радасна прыглядаўся беламу целу, разрыванаму жалезам, любаваўся канвульсiйнаю смяротнаю сутаргай ахвяр. Пасля дзявiц выступiў Муцыюс Сцэвола, рука якога, прымацаваная да трыножнiка з агнём, напаўняла смуродам спаленага мяса амфiтэатр, якi аднак, як сапраўдны Сцэвола, стаяў без енку, з вачыма, узнесенымi ўгару, шэпчучы счарнелымi вуснамi малiтву. Дабiлi яго i вывалаклi цела да сполярыюма. Наступiў абыдзенны пасляпалудзенны перапынак. Цэзар поспал з вясталкамi i аўгустыянамi аддалiўся ў прыладжаную для яго адмысловую шкарлатную палатку, дзе прыгатаваны быў для яго i гасцей ягоных смакавiты прандыюм. Натаўп па большай частцы пайшоў яго слядамi i, высыпаючыся навонкi вамiторыямi, раскладаўся маляўнiчымi грамадкамi вобак палаткi, каб крыху выцягнуцца пасля даўгога седжання ды спажыць стравы, якiя з ласкi цэзара разносiлi нявольнiкi. Толькi найцiкаўнейшыя сыходзiлi на самую арэну i, датыкаючыся пальцамi да лiпкага ад крывi пяску, жыва гутарылi, як знаўцы й смакуны, пра тое, што адбылося ды адбывацiмецца. Але i яны хутка паразыходзiлiся, каб не спазнiцца на пачостку; засталося толькi некалькi чалавек, якiх затрымала тут не цiкаўнасць, але спачуццё для наступных ахвяр.

Тыя схавалiся ў праходах або ў нiжэйшых куткох. А тым часам зраўнавана арэну. Пачалi капаць на ёй ямы, адна пры другой, у рады праз усё круговiшча ад берагу да берагу так, што апошнi iхнi рад падыходзiў на колькiнаццаць крокаў ад цэзарскага подыюма. Звонку даносiўся гоман публiкi, крыкi й воплескi, а тут кiпела гарачкавая падрыхтоўка да нейкiх новых пакутаў. Нараз адчынiлiся кунiкулы i з усiх атворышчаў, выходзячых на арэну, пачалi выганяць грамадкi хрысцiян, нагiх i нясучых на плячох крыжы. Зараiўся iмi ўвесь амфiтэатр. Беглi старцы, сагнутыя пад цяжарам крыжавых бярвенняў, побач мужчыны сярэдняга веку, жанчыны з распушчанымi валасамi, пад якiмi старалiся схаваць сваю нагату, недарослыя хлапчаняты ды малыя дзецi. Крыжы па большай частцы, як i ахвяры, увенчаныя былi кветкамi. Цырковая прыслуга, сцёбаючы небаракаў бiзунамi, падганяла iх, каб настаўлялi крыжы ў гатовыя ямы ды самi станавiлiся пры iх чарадою. Такiм чынам мелiся дакончыць тых, якiх першага дня iгрышчаў не паспелi выпхнуць на зжыранне дзiкаму звяр'ю. Цяпер хапалi iх чорныя нявольнiкi i, кладучы ахвяры плячыма на дрэве, прыбiвалi iм рукi да папярочак старанна й хутка, так, каб публiка, вярнуўшыся з пачосткi, застала ўсе крыжы стаячымi i ўкапанымi. Па ўсiм амфiтэатры разлягаўся гук малатоў, а рэха ягонае разыходзiлася па ўсiх шэрагах i выходзiла аж навонкi, на пляц ды пад палатку цэзара, дзе ён частаваў вясталкi i аўгустыянскае таварыства. Там пiлi вiно, жартавалi з Хiлона i нашэптвалi рознае балаўство святаркам Весты, а на арэне кiпела праца, кастылi зануралiся ў цела рук i ног хрысцiян, брынчэлi рыдлёўкi, закопваючыя крыжы.

Але мiж ахвярамi, чакаючымi на сваю чаргу, быў Крысп.

Львы не мелi часу яго задраць, дык прызначылi яму крыж, а ён, заўсёды гатовы на смерць, радаваўся ў думках, што прыблiжаецца ягоная часiна. Выглядаў сяння iнакш, бо высахшае цела ягонае было зусiм голае, толькi перапаска з бярвенцу акрывала яму клубы, а на галаве меў ружовы вянок. Уваччу, як заўсёды, iскрылася тая ж самая непераможная энергiя, ды тое самае суровае аблiчча выглядала з-пад вянка. Не змянiлася таксама i ягонае сэрца, бо як калiсь з кубiкулюма пагражаў гневам Божым паабшываным у скуры субратом, так i сяння грамiў iх, замест пацяшаць. - Дзякуйце Збаўцу,- мовiў,- што дазваляе вам памiраць такою смерцю, як Сам памёр. Можа, частка вiны вашае будзе вам за гэта адпушчана, а ўсё ж такi дрыжэце, бо справядлiвасць свайго вымагае, i не можа быць аднолькавае адплаты для злых i добрых.

А словам ягоным акампанiяваў водгалас малатоў, якiмi прыбiвалi рукi й ногi бедных ахвяр. Штораз больш крыжоў станавiлася на арэне, а ён, звяртаючыся да грамадкi тых, што стаялi шчэ кожны пад сваiм крыжам, мовiў далей:

- Бачу адкрытае неба, але бачу й адкрытую адхлань... Я i сам не ведаю, як здам справаздачу Госпаду з майго жыцця, хоць верыў моцна ды ненавiдзеў зла, i не смерцi баюся, але ўваскрэсення, не пакуты, але суду, бо настае дзень гневу...

Нараз з найблiжэйшых лавак адзываецца нейкi голас, спакойны i паважна-радасны:

- Не дзень гневу, але дзень мiласэрнасцi, дзень i шчаслiвасцi, бо заручаю вам: Хрыстус прыгорне вас, пацешыць i пасадзiць праваруч Сябе. Узмацняйце надзею, бо вось адкрываецца неба над вамi.

Вочы ўсiх пабеглi да лавак; нат тыя, што ўжо вiселi на крыжох, паднялi блядыя, збялелыя галовы i паглядзелi ў бок мовячага мужа. А ён падыйшоў аж да бар'еры, акружаючае арэну, i пачаў iх жагнаць знакам крыжа. Крысп выцягнуў да яго руку, казаў бы для прыгрозы, але, убачыўшы ягонае аблiчча, апусцiў руку, упаў на каленi i вышаптаў:

- Апостал Павал!..

На дзiва ўсiм цырковым прыслужнiкам, пакленчылi ўсе, каторых не паспелi дагэтуль прыбiць да крыжа, а Павал з Тарсу звярнуўся да Крыспа й кажа:

- Крысп, не пагражай iм, бо сяння яшчэ будуць з табою ў раi. Ты думаеш пра iхнюю вечную згубу. Ды хто ж iх асудзiць на загубу? Няўжо Бог, якi аддаў за iх Сына свайго? Няўжо Хрыстус, якi памёр дзеля iхняга збаўлення, як i яны памiраюць дзеля Ягонага iменi? Як жа можа загубiць навекi той, што мiлуе? Хто возьмецца абвiнавачваць выбраных Божых? Хто назаве гэную кроў: праклятая?!

- Настаўнiку, я ненавiджу зла,- прабачаецца стары духоўнiк.

- Хрыстус загадаў больш любiць людзей, чым ненавiдзець зла, бо ягоная навука ёсць любоўю, не нянавiсцю...

- Зграшыў я перад смерцю,- каецца Крысп.

I пачаў бiцца ў грудзi. Тады падыходзiць да Апостала загадчык лавак i пытае:

- Ты хто такi, што асмельваешся пацяшаць вiнаватых?

- Рымскi грамадзянiн,- адказвае спакойна Павал.

I, звярнуўшыся да Крыспа, сказаў:

- Май надзею, бо гэта дзень ласкi, ды памiрай спакойна, слуга Божы.

Два негры падыйшлi ў тым моманце да Крыспа, каб палажыць яго на дрэва, але ён паглядзеў раз яшчэ навокал i адазваўся:

- Браты мае, малецеся за мяне, грэшнага!

I аблiчча ягонае зрахманела, каменныя суровыя рысы абласкавелi, сталiся спакойнымi, сам расцягнуў рукi на папярочку крыжа, каб пахутчыць работу, i, гледзячы проста у неба, пачаў горача малiцца. Выглядаў як бы нячулы на боль, бо калi кастылi заглыблялiся ў ягоныя рукi, найменшы подрыг не з'явiўся на целе, найменшая зморшчынка болю; малiўся, як прабiвалi яму ногi, малiўся, як паднялi крыж i абсыпалi яго зямлёю. Ажно калi натаўп з смехам i вераскам хлынуў у амфiтэатр, бровы старца крышачку зморшчылiся, як бы гневаўся, нашто паганская цiжба парушае цiшыню яму ды салодкую спакойную смерць.

Падрыхтоўка скончана. На арэне стаiць лес крыжоў з вiсячымi на дрэвах людзьмi. Рукi й галовы ўкрыжаваных пакутнiкаў песцiла касулямi сонейка, а на арэну падалi грубыя ценi ад крыжоў, малюючы, казаў бы, чорную паблытаную крату, сярод якое прасвечваўся жоўты пясок. Самым цымусам такога вiдовiшча для тамтэйшае публiкi было павольнае кананне. Але дагэтуль нiколi шчэ не было на арэне такое гушчары крыжоў. Арэна была набiта iмi так шчыльна, што служба ледзь магла мiж iмi працiснуцца. З берагу вiселi пераважна жанчыны, а Крысп, як праваднiк, вiсеў тут жа пры цэзарскiм подыюме, на вялiзным крыжы, абвiтым у сподзе зелянавеццем. Нiхто з ахвяр яшчэ не сканаў, але не прасiў лiтасцi. Адны вiселi з галовамi, апушчанымi на плячукi або на грудзi, як бы заварожаныя сном; другiя - як бы ў задуме, а iншыя, гледзячы ў неба, цiха варушылi вуснамi. У гэнай гушчары крыжоў, у гэных параспiнаных маўклiвых ахвярах было, аднак, штосьцi злавеснае. Насычаны i развяселены народ iшоў, разгамонены, у цырк, але замаўкаў адразу, гледзячы на арэну, бо не ведаў, на чым перш затрымаць вочы i што думаць. Нагата выпраставаных постацяў жанчын не ятрыла нiчыiх похацяў. Не было нат звычайных закладаў на тое, хто, напрыклад, першы сканае, якiя абыдна рабiлi пры меншым лiку ахвяр. Выглядала, што i цэзар сам нудзiўся, бо, адкiнуўшы голаў, лянiва папраўляў нашыйнiк, соннасць i немарасць малявалiся на ягоным твары.

Нараз вiсячы перад iм Крысп, якi нядаўна меў заплюшчаныя, як бы абамлелыя або канаючыя вочы, адкрыў iх i пранiзаў iмi цэзара. Аблiчча ягонае загарэлася зноў такою гразою, а вочы заiскрылiся такiм агнём, што аўгустыяне пачалi шаптацца мiж сабою, а ў канцы i сам цэзар звярнуў на яго ўвагу, гамезлiва прыкладаючы да вока шмарагд.

Настала мёртвая цiшыня. Вочы глядзельнiкаў былi ўстаўленыя ў Крыспа, якi спрабаваў паварушыць праваю рукою, моў манiўся адарваць яе ад крыжа. Цераз момант напружылiся яму грудзi, рэбры выступiлi наверх, i загрымеў на ўвесь амфiтэатр:

- Маткабойца!.. Гора табе!

Аўгустыянам, пачуўшым смяротную абразу валадара свету ў прысутнасцi тысячнае грамады, заняло дыханне ў грудзёх. Хiлон атрупеў.

Цэзар здрыгануўся i выпусцiў з рук шмарагд.

Народ таксама не чуў сэрца й дыхання ў грудзях. Голас Крыспа разлягаўся штораз магутней па ўсiм амфiтэатры:

- Гора табе, забойца жонкi й брата, гора табе, антыхрысце! Атхлань адчыняецца пад табою, смерць працягвае па цябе кастлявыя пазуры, i труна чорная цябе чакае! Гора табе, жывы трупе! Бо памрэш у страшэнным жаху i згiнеш навекi!..

I, не могучы адарваць прыбiтае далонi ад крыжа, расцягнены страшна, пры жыццi шчэ да касцятрупа падобны, цвёрды, як прызначэнне, трос белаю барадою над Нэронавым подыюмам, расцярушваючы адначасна рухам галавы пялюсткi ружаў з вянка, карануючага ягоную голаў.

- Гора табе, людаедзе! Перабраў ты меру, i часiна твая наблiжаецца!..

Тут натужыўся яшчэ раз: здавалася, адарве далонь ад крыжа i выцягне яе грозна над цэзарам, але раптам хударлявыя рукi ягоныя выдаўжылiся шчэ больш, цела абсунулася ўнiз, галава звалiлася на грудзi, i сканаў.

У крыжовай гушчары слабейшыя пачалi таксама засынаць вечным сном.

LIX

Спадару! - адзываецца Хiлон.- Цяпер мора, як алiва, а хвалi як бы спяць... Едзьма ў Ахайю. Там чакае цябе слава Апалона, там чакаюць цябе вянкi, трыумфы, там людзi цябе абажацiмуць, а багi прытуляць, як роўнага сабе госця, бо тут, спадару...- i зарвала яму мову, сподняя вусна пачала яму дрыжэць так моцна, што словы ягоныя сталiся незразумелымi гукамi.

- Паедзем, як скончацца iгрышчы,- адказаў Нэрон.- Ведаю, што i так ужо называюць некаторыя хрысцiян innoxia corpora [3]. Калi б я выехаў, зачалi б гэта паўтараць усе. Чаго баiшся, губа ты адрузлелая?

Гэта кажучы, нахмурыў бровы, але глядзеў на Хiлона пытаючым зорам, як бы чакаючы ад яго тлумачэння, бо абыякавасць ягоная была толькi павярхоўная. На апошнiм прадстаўленнi i сам тросся ад Крыспавых слоў, а вярнуўшыся дамоў, не мог заснуць ад злосцi й сораму, а найбольш ад страху. Раптам забабонны Вестын, якi падслухоўваў iхнюю гутарку, разгледзеўся наўкола i кажа таемным тонам:

- Будзь паслухмяны, домiне, гэтаму старому, бо ў тых хрысцiян ёсць нешта дзiвоснае... Iхняе боства дае iм лёгкую смерць, але можа быць мсцiвым.

На гэта Нэрон гарачкава:

- Гэта ж не я ладжу iгрышчы, а Тыгэлiн.

- Так! Гэта я,- пацвярджае Тыгэлiн, пачуўшы адказ цэзара,- i начхаць мне на ўсiх хрысцiянскiх багоў. Вестын - гэта пухiр, надзiманы забабонамi, а гэны баявы грэк гатовы з боязi памерцi, гледзячы на наёжаную квахтуху, баронячую куранят.

- Добра,- кажа Нэрон,- але ж загадай ад сянняшняга дня адцiнаць хрысцiянам языкi або затыкаць вусны.

- Заткне iм вусны агонь, о боскi!

- Бяда-гора мне! - застагнаў Хiлон.

Але цэзар, якому ганарыстая самапэўнасць Тыгэлiна дадала духу, пачаў смяяцца i дапякаць старому грэку:

- Гляньце, як выглядае нашчадак Ахiлеса!

Сапраўды, Хiлон выглядаў страшна. Астанкi валосся на чэрапе пабялелi яму зусiм, на твары маляваўся нейкi бязмерны неспакой, жах i прыгнобленне. Выглядаў часамi, як бы абураны i паўпрытомны. Часта не адказваў на пытаннi, а часам пачынаў злаваць i рабiцца лютым да таго, што аўгустыяне не хацелi яго й чапаць. Такая хандра апанавала яго й цяпер.

- Рабеце са мною, што хочаце, а я на iгрышчы болей не пайду! - адазваўся роспачлiвым голасам, ляскаючы пальцамi.

Нэрон паглядзеў на яго i, звярнуўшыся да Тыгэлiна, загадаў:

- Дапiльнуеш, каб у вагародах гэны стоiк быў блiзка ля мяне. Хачу бачыць, якое ўражанне зробяць на яго нашыя светачы.

Хiлон, аднак, перапалохаўся прыгрозы, вычуванае з голасу цэзара.

- Спадару,- баранiўся,- нiчога не ўгледжу, бо ноччу я нiчога не бачу.

А цэзар адказвае, люта пасмiхаючыся:

- Ноч будзе ясная, як дзень.

Ды звярнуўся да iншых аўгустыян, з якiмi пачаў гутарку пра конкурсы бегаў, якiя манiўся зладзiць пад канец iгрышчаў.

Да Хiлона падыйшоў Пятронi i, дакрануўшыся да пляча, прыгадаў:

- А цi не казаў я табе, што не вытрымаеш?

А Хiлон:

- Думаю падпiць...- i выцягнуў дрыжачую руку па кратэр з вiном, але не мог яго данесцi да вуснаў. Бачачы гэта, Вестын адабраў яму коўш ды, падыйшоўшы блiжэй, спытаў з мiнаю затурбаванаю й спалоханаю:

- Фурыi цябе спанавалi? Га?

Стары глядзеў на яго, разявiўшы рот, быццам не цямячы пытання, i давай маргаць вачыма. Вестын яшчэ раз пытае:

- Цi Фурыi апанавалi цябе?

- Не,- адказаў Хiлон,- толькi ноч перада мною. - Як гэта ноч?.. Хай злiтуюцца багi над табою! Як гэта ноч?

- Ноч страшэнная, непраглядная, у якой нешта рухаецца ды лезе на мяне. Толькi я не ведаю што, i баюся.

- Я заўсёды пракананы быў, што яны варажбiты. Можа, табе й снiцца якое чараўнiцтва?

- Не, бо не сплю. Я не думаў, што iх так карацiмуць.

- Няўжо табе iх шкада?

- Пашто вы гэтулькi пралiваеце крывi? Чуў ты, што той гаварыў з крыжа? Гора нам!

- Чуў,- адказаў пацiху Вестын.- Але ж гэта падпальвачы.

- Няпраўда!

- I непрыяцелi роду чалавечага.

- Няпраўда!

- I затрутнiкi вады.

- Няпраўда!

- I забойцы дзяцей.

- Няпраўда!

- Ну а як жа? - пытае здзiўлены Вестын.- Ты ж сам гэта гаварыў i выдаў iх у рукi Тыгэлiна!

- То ж дзеля таго акружыла мяне ноч, i смерць iдзе па мяне... Часамi здаецца мне, што я ўжо памёр, i вы таксама.

- Не! Гэта яны памiраюць, а мы жывем. Але скажы мне: што яны бачаць, памiраючы?

- Хрыстуса...

- Гэта iхнi бог? Цi то важны бог?

Хiлон адказвае таксама пытаннем:

- Што гэта за светачы маюцца быць у вагародах? Чуў ты, што казаў цэзар?

- Чуў i ведаю. Такiх называюць «сарментыцыi» i «сэмаксii». Прыбяруць у крывавыя тунiкi, вымачаныя ў жывiцы, прывяжуць да слупоў ды падпаляць... Каб адно толькi iхнi бог не саслаў на горад якое бяды... Сэмаксii! Гэта страшная казнь.

- Лепш ужо гэта, бо не будзе крывi,- адказвае Хiлон.- Скажы нявольнiку, хай падасць мне кратэр да вуснаў. Хачу крыху выпiць, а разлiваю, бо мне рука дрыжыць ад старасцi...

Iншыя праз гэты час таксама гутарылi пра хрысцiян. Стары Дамiцый

Афэр кпiў з iх.

- Шмат з iх ёсць такiх, што маглi б разняцiць хатнюю вайну, таму ж i баялiся мы спачатку, каб не баранiлiся, памятаеце? А яны памiраюць, бы авечкi.

- Хай бы паспрабавалi iнакш! - адгражаўся Тыгэлiн.

На гэта Пятронi:

- Памыляецеся. Яны бароняцца.

- А то ж якiм спосабам?

- Цярплiвасцю.

- Гэта новы спосаб!

- Пэўна. Але цi можаце сказаць, што яны памiраюць так, як абыдныя злыднi? Не! Яны памiраюць так, як бы разбойнiкамi былi тыя, што iх на смерць асудзiлi, гэта знача, мы i цэлы народ рымскi.

- Што за трызненне! - ускiпеў Тыгэлiн.

- Hic abdera! [4]- прысаджвае яго Пятронi.

Прысутныя, зацiкаўленыя трапнасцю ягонай заўвагi, пераглядалiся здзiўленымi вачыма i пацвярджалi:

- Праўда, ёсць нешта апрычонае, асаблiвае ў iхняй смерцi.

- Кажу вам, яны бачаць сваё боства! - адзываецца з боку Вестын.

Тады некалькi аўгустыянаў звяртаецца да Хiлона:

- Эй, стары, ты iх добра ведаеш, скажы нам, што яны бачаць?

А грэк выпляваў вiно на тунiку i адказаў:

- Уваскрэсенне!..

I пачаў так калацiцца ад страху, што сядзячыя блiжэй госцi не маглi ўстрымацца ад рогату.

LX

Праз некалькi дзён Вiнiць не начаваў дома. Пятронiю прыходзiла на думку, што мо зноў улажыў сабе новы план вызвалення Лiгii з Эсквiлiнскае вязнiцы, але не хацеў ужо яго пра гэта распытваць, каб не спракудзiць работы. Гэты вымудраваны скептык зрабiўся таксама ў пэўным значэннi суверным, асаблiва ад часу няўдачы спробы вызвалiць дзяўчыну з Мамэртынскага пограбу, перастаў верыць у сваю зорку. Не спадзяваўся й цяпер памыснага вынiку Вiнiцiевых захадаў. Эсквiлiнская вязнiца, прыгатаваная спахопу з падзямелляў дамоў, разваленых падчас пажару, не была, праўда, так страшнаю, як стары Тулiянум вобак Капiтолю, але затое была ў сто разоў больш вартаваная. Пятронi добра ведаў, што Лiгiю перанеслi туды дзеля таго, каб не памерла ды не размiнулася з амфiтэатрам, дык лёгка яму было дадумацца, што якраз з гэнае прычыны мусяцiмуць яе вартаваць, як собскага вока.

- Вiдаць,- гадаў сабе,- цэзар з Тыгэлiнам прызначылi яе на нейкае асаблiвае, найстрашнейшае вiдовiшча, i Вiнiць хутчэй сам згiне, чым яе адтуль выцягне.

Вiнiць таксама не меў надзеi яе выдабыць. Цяпер гэта мог зрабiць толькi ўжо пра тое, каб хоць мог спатыкацца з ёю. Ад нейкага часу пераследвала яго думка, цi не зрабiць так, як Назар, якi пралез у Мамэртынскую вязнiцу наймiтам да вынасу трупаў.

Падкуплены за вялiкую суму даглядчык Гнiлых Ямаў прыняў яго ўрэшце ў чараду свае чэлядзi, якую штоноч высылаў па трупы ў вязнiцу. Небяспека быць пазнаным iснавала малая. Спагадала гэтаму ноч, вопратка нявольнiцкая ды благое асвятленне вязнiцы. Дый каму ж магло прыйсцi ў голаў, каб патрыцый, унук i сын консулаў, мог знайсцiся мiж грабарскаю чэляддзю, нюхаючаю смурод вязнiц i Гнiлых Ямаў, каб узяўся за працу, да якое змушала толькi няволя або крайняя бяздолiца!

Але ён, калi настаў жаданы вечар, падперазаўся й акруцiў галаву анучай, iмпрэгнаванай шкiпiнарам, ды з сэрцам скачучым пайшоў разам з супрацоўнiкамi на Эсквiлiн.

Прэторыянская варта не рабiла iм перашкод, бо ўсе мелi адпаведныя тэсары, якiя цэнтурыён правяраў пры святле лiхтарыка. Па хвiлiне вялiкiя жалезныя дзверы адчынiлiся перад iмi. Увайшлi.

Вiнiць убачыў перад сабою прасторны з скляпеннем пограб, з якога йшлося ўва многiя iншыя. Жухлыя святлiчкi асвятлялi падзямелле, напоўненае людзьмi. Некаторыя з iх ляжалi пад сценамi, патануўшы ў сне або мёртвыя. Iншыя абступiлi вялiкую судзiну з вадою, што стаяла пасярэдзiне, i пiлi з гарачкi; iншыя сядзелi на зямлi, падпёршыся локцямi на каленях i ўшчамiўшы голаў у далонi; сям i там спалi дзецi, прытулiўшыся да матак. Наагул чутно было то стагнанне i моцнае прыспешанае зяханне хворых, то плач, то шэпты малiтвы, то прыцiшныя песнi, то праклён наглядчыкаў. У падзямеллi панавала затха ад гнiлых трупаў i суталока. У змрочнай воддалi таўклiся цёмныя постацi, а блiжэй пры мiгатлiвых пламянкох вiдаць былi твары збялелыя, ужахнутыя, запаўшыя й галодныя, з загаслымi вачыма або палаючымi гарачкай, з вуснамi пасiнелымi, з кроплямi поту на лбох ды пазлеплiваным скаўтунелым валоссем. Па куткох крычалi з гарачкi хворыя, iншыя прасiлi вады, iншыя - каб хутчэй вялi iх на смерць. А была ж гэта вязнiца менш страшная, чым Тулiянум. Ногi пад Вiнiцiем захiсталiся, у грудзях заняло дых, як убачыў усё гэта. Думка пра Лiгiю, якая знаходзiцца ў падобных абставiнах, паставiла дыбам яму на галаве валасы, а ў грудзях зрываўся крык роспачы. Амфiтэатр, клыкi дзiкiх звяроў, крыжы - усё было лепшым за гэныя страшэнныя гнiлыя затхнiшчы, дзе з усiх куткоў малiлi балючыя галасы:

- Вядзеце нас на смерць!

Вiнiць зацiснуў кулакi, што аж пазногцi яму ўрэзалiся ў далонi, бо адчуў, што ўсё бачанае i перажытае дагэтуль, уся любасць i боль змянiлiся ў iм у вадну жаду смерцi.

Нараз тут жа вобак яго адзываецца знячэўкi голас загадчыка Гнiлых Ямаў:

- А колькi маеце сяння трупаў?

- Будзе з тузiн,- адказвае загадчык вязнiцы,- але да ранiцы будзе больш, бо там пад сценамi некаторыя ўжо канаюць.

Ды пачаў наракаць на жанчын, што ўкрываюць мёртвыя дзецi, каб даўжэй мець пры сабе i не аддаваць у Гнiлыя Ямы, пакуль магчыма. Трэба дзеля гэтага трупы пазнаваць толькi па паху, а паветра, i так страшнае, псуецца праз гэта шчэ горш.

- Лепей бы мне,- наракаў,- быць нявольнiкам у сялянскiх эргастулах, чым пiльнаваць гэных гнiючых пры жыццi сабак.

Даглядчык Ямаў пацяшаў яго бядаваннем, што i ягоная служба не лепшая. Праз гэты час Вiнiць апрытамнеў больш i пачаў разглядацца ў падзямеллi, дзе не мог, аднак, знайсцi Лiгii i баяўся, што мо i не ўдасца яе перад смерцю бачыць. Паграбоў было колькiнаццаць, злучаных свежымi перакопамi, а грабары ўваходзiлi толькi да тых, адкуль трэ было выносiць мёртвых, дык узяў яго страх, што ўсе захады, каштуючыя гэтулькi намаганняў, могуць быць ударэмненыя. На шчасце ягоны патрон дапамог яму.

- Трупы,- кажа,- трэба зараз выносiць, бо зараза найгорш распаўсюджваецца праз трупы. Iнакш паўмiраеце i вы, i вязнi.

- На ўсе каморы ёсць нас толькi дзесяцёх,- адказаў вартаўнiк,- дый мусiм жа спаць.

- Дык я табе пакiну чатырох маiх людзей, якiя ўночы наглядацiмуць па каморах, цi хто не памёр.

- Вып'ем узаўтра, калi зробiш мне такую паслугу. Кожнага трупа хай занясуць на пробу, бо прыйшоў загад, каб мерцвяком праколваць шыю, а пасля адразу - у Ямы!

- Добра, але не забудзь - вып'ем! -нагадаў даглядчык.

Пасля вызначыў чатырох чалавек, i мiж iмi Вiнiцiя, а з астатнiмi пачаў складаць нябожчыкаў на ношы.

Вiнiць паспакайнеў: цяпер быў пэўны, што знойдзе Лiгiю. I насамперш перагледзеў добра пярэднiя каморы. Заглядаў ува ўсе цёмныя куткi, куды не даходзiла святло, абгледзеў асобы, спячыя пад сценамi, накрытыя лахманамi, агледзеў найцяжэй хворых, якiх пазацягвалi ў асобны куток; Лiгii, аднак, не мог нiдзе знайсцi. У другiм i трэцiм падзямеллi ягоныя пошукi засталiся таксама без вынiку. Прымеж таго, рабiлася ўжо позна: трупаў павыносiлi. Вартаўнiкi, паклаўшыся ў праходах мiж каморамi, паснулi; дзецi, зняможаныя плачам, замоўклi; у спелюнках было чуваць толькi дыханне змучаных грудзей ды дзе-нiдзе шэпт малiтвы. Вiнiць выйшаў з святлом у чацвертую па чарзе камору, шмат меншую, i, падняўшы святлiка ўгару, пачаў разглядацца. I - здрыгануўся, бо здалося яму, што пад кратаю ў сценным атворышчы бачыць вялiгурную постаць Урсуса. Дык, патушыўшы вомiг святлiка, падыйшоў да яго i спытаў:

- Урсус, гэта ты?

Асiлак адвярнуў голаў:

- Хто пытае?

- Не пазнаеш мяне? - пытае юнак.

- Патушыў святлiк, як жа магу цябе пазнаць?

Але Вiнiць згледзеў у гэным моманце Лiгiю, што ляжала на плашчы пры сцяне, дык, не кажучы нiчога, укленчыў пры ёй. Тады пазнаў яго i Урсус ды адазваўся:

- Хвала Хрысту! Толькi не будзi яе, спадару.

Вiнiць, стоячы на каленях, углядаўся ў яе праз слёзы. Мiма поцемку мог адрознiць ейнае аблiчча, белае, бы алебастр, i паблажалыя плечукi, рукi. Вулкан любовi, падобны да раздзiраючага болю, страсянуў ягонай душой аж да глыбiнi, напаўняючыся пачуццем любасцi, перапоўненай лiтасцю, шанаваннем i захапленнем. Нагнуўшыся аж да зямлi, пачаў цалаваць беражок вопраткi, на якой спала найдаражэйшая ў свеце галованька.

Урсус праз доўгi час моўчкi глядзеў на яго, у канцы, аднак, пацягнуў хлапца за тунiку.

- Спадару,- пытае,- як сюды пралез? Цi мо прыходзiш яе ратаваць? Вiнiць устаў, праз хвiлiну змагаўся з расчуленнем.

- Дай спосаб! - кажа.

- Я думаў, ты яго знойдзеш. Мне адзiн толькi прыйшоў у голаў...

Паглядзеў на краты i, як бы сам сабе паказваючы, гавора:

- Так!.. Але там вартаўнiкi...

- Сотня прэторыянаў,- дасказаў Вiнiць.

- Дык... не пройдзем!

- Не!

Лiг пацёр лоб рукою ды зноў пытае:

- Ну, а як жа ты сюды ўвайшоў?

- Маю тэсару ад загадчыка Гнiлых Ямаў,- i нагла замоўк, як бы яму нейкая думка блiснула ў галаве.

- На пакуту Збаўцы! - пачаў гаварыць хутка.- Я тут застануся, а яна хай возьме маю тэсару, абвiне голаў хусцiнаю, акрыецца накiдкаю ды выйдзе. Памiж грабароў-нявольнiкаў ёсць некалькi недаросткаў, дык прэторыяне не пазнаюць яе, а дабярэцца да Пятронiевага дому, той яе ўсцеражэ! Лiг спусцiў голаў на грудзi й адказвае:

- Не схацела б, бо кахае цябе, дый прытым яна ж хворая, не можа яшчэ на нагах стаяць.

Праз момант дадаў: - Калi ты, спадару, i крывiчэсны Пятронi не маглi яе з вязнiцы выдабыць, дык хто ж здолее ўратаваць яе?

- Адзiн Хрыстус!..

I замоўклi абодва. Лiг у простай сваёй галаве думаў сабе: «Адыж Ён мог бы i ўсiх ацалiць, а калi гэтага не робiць, дык, вiдаць, прыйшла чарга пакутаў i смерцi». I згаджаўся на смерць для сябе, але шкада яму было да глыбiнi душы гэнага дзiцяцi, што на руках ягоных вырасла i якое палюбiў больш, чым собскае жыццё. Вiнiць зноў укленчыў пры Лiгii. Праз ваконныя краты ўкрадалiся ў падзямелле касулi месяца i асвятлялi яго лепш, чым адзiны святлiчок, што мiгацеў шчэ над дзвярыма.

Нараз Лiгiя расплюшчвае вочы i, палажыўшы свае распаленыя далонi на руках Вiнiцiя, адзываецца:

- Бачу цябе, я ведала, што ты прыйдзеш.

А ён кiнуўся да ейных рук i давай прыкладаць iх да галавы, да сэрца, пасля, падняўшы iх крыху, прыгалубiў да сваiх грудзей.

- Я прыйшоў, мiлая! Хай цябе Хрыстус сцеражэ ды ратуе, Лiгiйка наймiлейшая!..

I не мог болей гаварыць, бо сэрца ягонае скавытала ў грудзях з болю й любовi, а болю не хацеў перад ёю адкрываць.

- Я, бачыш, хворая, Марк,- прагаварыла Лiгiя,- i цi на арэне, цi тут, у вязнiцы, мушу памерцi... Але я малiлася, каб цябе перад смерцю ўбачыць, i ты прыйшоў: Хрыстус мяне выслухаў!

Ён яшчэ не мог вымавiць слова, а толькi песлiва прыцiскаў яе да грудзей. Тады яна гавора далей:

- Я не раз бачыла цябе праз вакно ў Тулiянуме i ведала, што хочаш прыйсцi. А цяпер Збаўца даў мне хвiлiну прытомнасцi, каб маглi мы развiтацца. Я ўжо йду да Яго, Марк, але кахаю цябе i заўсёды кахацiму.

Вiнiць перамогся, здушыў у сабе боль i адазваўся паўголасам, стараючыся быць спакойным:

- Не, дарагая, ты не памрэш. Апостал мне нагадаў верыць i абяцаў малiцца за цябе, а ён жа Хрыстуса ведаў, Хрыстус любiў яго, дык просьбы ягонай не ўдарэмнiць... Каб ты мелася памерцi, Пётр бы не казаў мне спадзявацца, а ён мне так гаварыў: «Май надзею!» Не, Лiгiйка! Хрыстус змiлуецца нада мною... Ён не хоча твае смерцi, Ён яе не дапусцiць... Прысягаю табе на iмя Збаўцы, што Пётр за цябе молiцца!

Цiшыня. Апошнi святлiчок над дзвярыма патух, затое святло месяца лунала праз усё атворышча. У кутку насупраць запiшчала дзiцятка ды зацiхла. Звонку толькi даходзiў гоман прэторыянаў, якiя, адбыўшы чародную варту, гулялi пад сцяною ў scriptae duodecim.

- Ох, Маранька,- адазвалася Лiгiя.- Хрыстус сам малiўся Айцу: «Аддалi ад мяне гэны келiх горычы», адыж яе выпiў. Хрыстус сам памёр на крыжы, а цяперака гiнуць за Яго тысячы, дык чаму ж мяне адну меў бы ашчадзiць? Хто ж я такая, Марк? Я чула, як Пётр казаў не раз, што i ён будзе замучаны, што ж я значу перад iм? Як прыйшлi па мяне прэторыяне, я баялася смерцi й пакуты, але цяпер ужо не баюся. Глянь, якая страшная гэтая вязнiца, а я йду да неба. Падумай, тут цэзар, а там добры й мiласэрны Збаўца. Дый няма смерцi. Ты мяне кахаеш, дык зразумей, якой я буду шчаслiвай. О, Маранка дарагi, падумай, то ж i ты туды прыйдзеш да мяне.

I замоўкла, каб крыху адсапцiся хворымi грудзьмi, пасля прылажыла да вуснаў ягоную руку:

- Марк...

- Чаго, любая?

- Не плач па мне i памятай, што ты туды прыйдзеш да мяне. Не доўга я жыла, але Бог даў мне тваю душу. Дык скажу Хрысту: хоць я памерла, хоць ты застаўся з жалем, аднак не блюзнiў супраць волi Ягонай i любiш Яго заўсёды. А ты будзеш Яго любiць i перажывеш цярплiва маю смерць?.. Бо тагды Ён нас злучыць, а я кахаю цябе i хачу быць з табою...

Тут не хапiла ёй духу, i ледзь дачувальным голасам дакончыла:

- Прырачы мне гэта, Марк!..

Вiнiць абняў яе дрыжачымi рукамi i сказаў:

- На тваю святую галованьку!.. Прыракаю!..

Тады ў бледным святле месяца распрамянiлася ейнае аблiчча. Яшчэ раз прылажыла да вуснаў ягоную руку й шапнула:

- Я твая сужэнка!..

За сцяною прэторыяне, гуляючыя ў scriptae duodecim, паднялi гучную спрэчку, але яны забылiся пра вязнiцу, пра варту, пра ўвесь свет i, адчуваючы ўзаемна ў сабе анёльскiя душы, пачалi малiцца.

LХI

Праз тры днi, а дакладней, тры ночы нiчога не муцiла iм супакою. Скончыўшы абыдна свае заняткi выносiнаў мёртвых i цяжка хворых, калi зняможаная варта паклалася спаць на калiдорах, Вiнiць уваходзiў у падзямелле, дзе была Лiгiя, i сядзеў там, аж пакуль не пачынаў заглядаць праз ваконныя краты золак. Яна галубiлася галованькай да грудзей ягоных, i гутарылi цiхенька пра каханне ды пра смерць. Абое мiмахоць у думках i гутарках, нат у жаданнях i надзеях, штораз болей аддалялiся ад жыцця i гублялi адчуванне яго. Абое выглядалi на людзей, якiя, адплыўшы ад берагу, не бачаць ужо яго i паволi занураюцца ў бясконцасць. Абое паступова перайнакшвалiся ў духаў сумных, раскаханых у сабе самiх ды ў Хрыстусе, гатовых адляцець. Часам толькi ў ягоным сэрцы зрываўся шчэ боль, часамi блiснула, моў маланка, надзея, зроджаная каханнем i верай у мiласэрнасць Укрыжаванага Бога, але i ён штодзень адрываўся ад зямлi й паддаваўся смерцi. Калi раненька выходзiў з вязнiцы, глядзеў ужо на свет, на горад, на знаёмых ды жыццёвыя турботы, бы праз сон. Усё выдавалася яму ачужэлым, далёкiм, пустым i нiкчэмным. Перастала яго праймаць жахам нат i пагроза пакутаў, бо меў пачуццё, што iх можна перацярпець як бы ў задуме, з вачыма, скiраванымi ў нешта iншае. Абаiм здавалася, што пачынае ўжо iмi завалодваць вечнасць. Гутарылi пра каханне, пра тое, як кахацiмуцца ды разам будуць жыць на тым свеце, i калi часамi думка iхняя звярталася шчэ да зямлi, дык толькi як людзей, што рыхтуюцца ў далёкае падарожжа. Ахiнула iх такая цiшыня, якая атуляе дзве пустынныя калюмны, забытыя людзьмi. Расходзiлася iм ужо толькi пра тое, каб Хрыстус iх не разлучаў; а калi кожная хвiлiна ўмацоўвала ў iх тую пэўнасць, раскахалiся ў Iм, як сваiм злучыцелю, як у несканчальным шчасцi й супакоi. Былi яшчэ на зямлi, а ўжо ападаў з iх пыл зямны. Iхнiя душы сталiся чыстымi, бы слязiнкi. Пад пагрозай смерцi, сярод бяздолля i цярпення, на вязнiчным бярлагу пачалося для iх неба, бо яна брала яго за руку i вяла, як святая, да вечнае крынiцы жыцця.

А Пятронi з'умяваўся, бачачы ў аблiччы Вiнiцiя штораз большы супакой ды нейкi дзiўны бляск, якiх не бачыў даўней. Iншы раз радзiлася ў ягонай думцы здагадка, што Вiнiць няйначай знайшоў нейкую дарогу ратунку, i рабiлася яму прыкра, чаму з гэтым перад iм тоiцца. Урэшце, не могучы вытрымаць, зачапляе яго:

- Цяпер ты выглядаеш нейк iнакш, не таiся перада мною, хачу i магчыму табе дапамагчы: цi ўпланаваў што?

- Упланаваў,- адказвае Вiнiць,- але ты не магчымеш ужо мне быць помачным. Па ейнай смерцi прызнаюся, што я хрысцiянiн, i пайду за ёю.

- Дык не маеш надзеi?

- Чаму не? Маю. Хрыстус мне аддасць яе, i не расстануся ўжо з ёю нiколi.

Пятронi пачаў хадзiць па атрыюме з мiнай зняверанай ды нецярплiвай, у канцы кажа:

- На гэта не трэба вашага Хрыстуса, бо тую самую паслугу можа табе даць наш Танатос [5].

А Вiнiць, сумна ўсмiхнуўшыся, гавора:

- Не, дарагi, але не хочаш зразумець.

- Не хачу ды не магу,- адказвае Пятронi.- Не пара цяпер на разважаннi, але цi памятаеш, што ты казаў, як нам не ўдалося вырваць яе з Тулiянума? Я развiтаўся з усялякай надзеяй, а ты сказаў, як прыйшлi мы дамоў: «А я веру, што Хрыстус можа мне яе вярнуць». Дык няхай жа табе яе верне. Калi я кiну каштоўную чару ў мора, не патрапiць мне аддаць яе нiхто з нашых багоў, але калi i ваш не лепшы, дык не ведаю, за што Яму маю аддаваць пашану большую, чым даўным.

- Дык ён мне яе й аддасць,- адказвае Вiнiць.

Пятронi пацiснуў плячыма.

- Цi ведаеш,- пытае,- што хрысцiянамi асвячацiмуцца ўзаўтра цэзаравы агароды?

- Узаўтра? - наставiўся Вiнiць.

У аблiччы дзiкае страшэннае рэчаiснасцi, сэрца, аднак заскакала ў iм балюча, жахлiва. Падумаў, гэта мо ўжо апошняя ноч, якую магчыме правесцi з Лiгiяй, дык, развiтаўшыся з Пятронiем, пайшоў борзда да загадчыка путыкулаў па сваю тэсару. Але тут спаткала яго няўдача, бо загадчык не хацеў яму даць пропуску.

- Выбачай, спадару! - апраўдваецца.- Што я мог, тое зрабiў для цябе, але жыцця на небяспеку выстаўляць не магу. Сяння ноччу маняцца выводзiць хрысцiян у цэзаравы агароды. У вязнiцы поўна будзе варты й урадаўцаў. Калi б на бяду пазналi цябе, згiнуў бы я i мае дзецi.

Вiнiць сцямiў, што наляганне дарэмнае. Прамiльгнула яму, аднак, надзея, што вартаўнiкi, якiя прапускалi яго даўней, прапусцяць мо й цяпер без меты, як знаёмага, дык, пераапрануўшыся вечарам у зрэбную тунiку ды абвязаўшы хусцiнаю голаў, пайшоў пад браму вязнiцы. Але гэтае ночы правяралi меты больш уважлiва, чым заўсёды, а найгорш тое, што сотнiк Сцэвiнус, суровы й надта адданы цэзару, пазнаў Вiнiцiя. Але, вiдаць, у ягоных, закаваных у жалеза, грудзях тлiлася яшчэ нейкая iскрынка лiтасцi на людскую нядолю, бо замест ударыць дзiдаю ў панцыр на знак трывогi, адвёў Вiнiцiя на бок i сказаў:

- Спадару, вярнiся дамоў. Я пазнаў цябе, але маўчацiму, не хочучы цябе губiць. Упусцiць цябе не магу, вярнiся, хай багi сашлюць табе супакаенне.

- Упусцiць мяне не можаш,- просiцца Вiнiць,- але дазволь мне тут пастаяць i бачыць, каго выводзiцiмуць.

- Загад мой гэтаму не працiвiцца,- згаджаецца Сцэвiн.

Вiнiць стаў перад брамаю i чакаў, пакуль не выводзiцiмуць асуджэнцаў. Урэшце каля поўначы адчынiлiся шырока брамы вязнiцы, i паказалiся цэлыя чароды вязняў: мужчын, жанчын i дзяцей, абступленых збройнымi аддзеламi прэторыянаў. Ноч была вельмi ясная, так што пад поўняю месяца льго было адрознiць не толькi фiгуры, але й твары няшчасных. Iшлi парамi, доўгiм пасумным карагодам у цiшынi, парушанай толькi брынчаннем ваяцкае зброi. Вялi iх гэтулькi, што здавалася, усе паграбы ўжо ачышчаны. Пры канцы паходу Вiнiць выразна дагледзеў лекара Глаўка, але анi Лiгii, анi Урсуса не было мiж iдучымi.

LXII

Ледзь пачало змяркацца, як першыя хвалi народу сталi наплываць у вагароды цэзара. Натоўпы, святочна прыбраныя, у вянкох, ахвочыя, расспяваныя, а па частцы п'яныя йшлi любавацца новым светазарным вiдовiшчам. Вокрыкi: «Сэмаксыi! Сарментыцыi!» разлягалiся на вiаТэкта [6], на мосце Эмiлiя ды з другога боку Тыбру, на Трыумфальнай дарозе, каля цырку Нэрона i вунь аж там па Ватыканскае ўзгор'е. Бачылi ўжо i даўней у Рыме людзей, паленых на слупох, але нiколi дагэтуль не бачана такое колькасцi асуджаных. Цэзар i Тыгэлiн, жадаючы пакончыць з хрысцiянамi, а разам i паўстрымаць заразу, якая з вязнiц разыходзiлася й па горадзе, загадалi апаражнiць усе падзямеллi так, што засталося ў iх ледзь колькiдзесят асоб, прызначаных на заканчэнне iгрышчаў. Вось жа, грамады народу, пераступiўшы парог агародных брамаў, нямелi ад подзiву. Усе алеi галоўныя й баковыя, што расходзiлiся праз гушчару дрэваў наўкруг паплаўцоў, куп'я, сажалак i заквечаных палеткаў, набiтыя былi смалёвымi слупамi, да якiх папрывязвана хрысцiян. З вышэйшых мейсцаў, дзе далягляду не засланялi дрэвы, можна было аглядаць цэлыя шэрагi слупоў i людскiх фiгур, упрыгожаных кветкамi, бярвенцам, мiртавым лiсцем, якiя цягнулiся ўдалечыню па грудох i нiзох так далёка, што, калi блiжэйшыя выглядалi, бы мачты мараплаваў, дык найдальшыя прадстаўлялiся вачам, бы рознаколерныя тычкi або дзiды. Шматлiкасць iхняя перавышала ўсе спадзевы людзей. Можна было падумаць, што якi цэлы народ папрывязвана да слупоў дзеля ўцехi Рыму й цэзара. Грамады глядзельнiкаў затрымоўвалiся перад асобнымi слупамi ў меру зацiкаўлення постацямi, векам або плоццю ахвяр, аглядалi твары, вянкi, гiрлянды бярвенцу ды йшлi далей, задаючы поўныя подзiву пытаннi: «Няўжо магло быць гэтулькi вiнаватых? Няўжо маглi Рым падпальваць дзецi, якiя ледзь пачынаюць самi хадзiць?» I паволi подзiў пераходзiў у трывогу.

Прымеж таго, пачало добра змяркацца, на небе замiгацелi першыя зоркi. Тады пры кожным асуджэнцы з'явiўся нявольнiк з запаленым светачам у руцэ, а як водгалас трубаў разлёгся ў розных пунктах парку на знак распачацця вiдовiшча, усе нявольнiкi прыткнулi полымя да споду слупоў.

Схаваная пад кветкамi ды аблiтая смалою салома ўмiг лынула ясным полымем, якое, магутнеючы з кожнай хвiлiнай, раскручвала сувоi бярвенцу, шыбала ўгару, абыймаючы ногi ахвяр. Народ анямеў, агароды загулi адным вялiкiм стогнам ды крыкам болю. Некаторыя ахвяры аднак, падыймаючы аблiчча да высокага зорнага неба, пачалi пяяць на гонар Хрыста. Народ слухаў. Але й найцвярдзейшыя сэрцы напоўнiлiся жахам, калi з меншых слупоў дзiцячыя галаскi началi лемантаваць: «Мама! Мама!», дрыгата праймала ўсiх, нат п'яных наглядчыкаў, аглядаючых тыя галоўкi й нявiнныя тварыкi, пераморшчаныя канвульсiямi болю або млеючыя ад дыму. А полымя шыбала штораз вышэй, перапальваючы штораз новыя вянкi ружаў ды зднлёнага павоiшча. Распламянiлiся алеi галоўныя й бакавыя, заблiшчэлi агнём групкi дрэваў i траўнiкаў i заквечаныя палеткi, залялеена агнём вада ў сажалках, аблiлiся румянцам мiгатлiвыя лiсткi на дрэвах, зрабiлася вiдно, як удзень. Смурод спаленага цела напоўнiў агароды, але ў тым жа часе нявольнiкi пачалi сыпаць у прыгатаваныя кадзiльнiцы мырру i алоэ. Спамiж масы прысутных адзывалiся там-сям крыкi немаведама цi спачуцця, цi ўпойнае радасцi, i ўзмагалiся з кожнай хвiлiнай разам з агнём, якi абыймаў слупы, дабiраўся да грудзей ахвяр, скручваў гаручым подыхам валасы на галовах, кiдаючы заслоны на счарнелыя твары, i ў канцы страляў яшчэ вышэй, як бы на пераможны трыумф той сiле, якая загадала яго разняцiць.

Яшчэ напачатку вiдовiшча з'явiўся сярод народу цэзар на зграбнай цырковай квадрызе, запрэжанай чатырма белымi лiхачамi,- апрануты быў у краскi партыi Зялёных, да якiх i ён, i ягоны двор належалi. За iм iшлi iншыя вазы, поўныя дваран, святочна выстраеных сенатараў, святароў i нагiх бахантак з вянкамi на галовах i збанкамi ў руках, па частцы п'яных, дзiка разрагатаных. Вобак iх музыканты, паўбiраныя за фаўнаў i сатыраў, гралi на цытрах, формiнгах, пiшчалках i рагох. На iншых зноў вазох ехалi матроны й дзевы рымскiя, таксама п'яныя i напаўнагiя. Вобак квадрыгаў танцоры патрасалi прыбранымi ў стужкi тырсамi; iншыя бубнiлi ў бубянцы, iншыя сыпалi кветкi. Цэлы той карагод ехаў, дзеручыся: «Эвоэ!», найшырэйшаю дарогаю ў парку сярод дыму й людскiх светачаў. Цэзар, маючы пры сабе Тыгэлiна й Хiлона, палахлiвасцю якога жадаў забаўляцца, сам кiраваў коньмi i, едучы ступою, паглядаў на палаючыя фiгуры ды прыслухоўваўся воклiкам народу. Стоячы на высокай залатой квадрызе, акружаны людскою хвалою, якая кланялася яму да ног, у агнявым водблiску, у залатым вянку цырковага пераможнiка, перарастаў галавою дваран, натоўп i выдаваўся вялiгурам. Грубезныя ягоныя рукi, выцягнутыя разам з напружанымi лейцамi, казаў бы, багаславiлi народ. На твары i ў прыморшчаных вачах iграў смех i так яснеў над людзьмi, бы сонца, бы боства якое, страхотнае, але й магутнае ды вялiчэзнае. Хвiлiнамi затрымоўваўся, каб лепей прыгледзецца цi то якой дзяўчыне, каторае ўлонне пачало сквярсцiся ў полымi, цi выкрыўленаму канвульсiйна твару дзiцяцi, ды зноў ехаў далей, ведучы за сабою шалёны разгуканы карагод. Часамi кланяўся народу, то зноў выгiнаўся ўзад, тузаў залатымi лейцамi i гутарыў з Тыгэлiнам. У канцы, даехаўшы да вялiкага вадалiву на цэнтральным скрыжаваннi вулiц, высеў з квадрыгi i, кiнуўшы на таварышаў, патануў у натаўпе. Прывiталi яго вiватамi й воплескамi. Баханткi, нiмфы, сенатары, аўгустыяне, святары, фаўны, сатыры ды ваякi абступiлi яго ўмiг шалёным колам, а ён, маючы з аднаго боку Тыгэлiна, а з другога Хiлона, абыходзiў фантан, навокал якога гарэла некалькi дзесяткаў паходняў, затрымоўваючыся пры кожнай, робячы заўвагi або строячы кпiны з старога грэка, на твары якога малявалася безбярэжная роспач. У канцы спынiлiся пад высокiм слупам, упрыгожаным мiртамi й акружаным зялёнаю поўсцю. Чырвоныя языкi полымя даходзiлi тут ужо каленяў ахвяры, але аблiчча ейнага нельга было адразу распазнаць з-за дыму. Праз момант, аднак, лёгкi начны вецер здзьмухнуў дым i адкрыў голаў старца з сiвою, спадаючай на грудзi барадою.

Глянуўшы на гэта, Хiлон адразу звiўся ў клубок, як ранены гад, а з горла вырваўся яму крык, хутчэй да крумкачага, чым да людскога падобны:

- Глаўкас! Глаўкас!..

I праўда, з палаючага слупа пазiраў на яго лекар Глаўк, яшчэ быў жывы. Збалелым тварам быў пахiлены ўнiз, як бы апошнi раз жадаў прыгледзецца свайму кату, якi здрадзiў яго, згубiў жонку, дзяцей, наслаў на яго разбойнiка, а калi ўсё гэта дараваў яму ў iмя Хрыста, яшчэ раз выдаў яго на пакутнiцкi здзек. Нiколi хiба чалавек чалавеку не зрабiў большае й крываўшае крыўды. I вось ахвяра гарэла цяпер на смаловым слупе, а кат стаяў пад стапамi ейнымi. Вочы Глаўкавы не пераставалi глядзець проста ў твар Хiлону. Часамi засланяў iх дым, але калi раздзьмухваў яго вецер, грэк бачыў зноў гэныя ўстаўленыя ў яго вочы. Выпраставаўся й хацеў уцякаць, але не ўздужаў. Нагла ўявiў сабе, быццам ногi ягоныя зрабiлiся волавам, ды нейкая нябачная рука з нечалавечай сiлай яго трымае пры гэным слупе. Скамянеў. Адчуваў толькi, што нешта перапаўняецца ў iм, нешта рвецца, што даволi напiўся пакут i крывi, што прыходзiць канец жыцця, што навокал знiкае i цэзар, i свiта, i натаўпы, а глытае яго нейкая бяздонная страшэнная чорная атхлань, а ў ёй вiдаць толькi гэныя вочы, заклiкаючыя яго на суд, А той, схiляючы голаў штораз нiжэй, глядзеў бесперастанку. Прысутныя здагадалiся, што мiж гэнымi людзьмi нешта дзеецца, але смех замёр iм на вуснах, бо ў аблiччы Хiлона было нешта жахлiвае: выкрывiла яго такая трывога й такi боль, як бы тыя языкi полымя жэрлi ягонае собскае цела. Нагла захiстаўся i, выцягнуўшы ўгару рукi, заенчыў страшным раздзiраючым голасам:

- Глаўк! У iмя Хрыста, даруй!!!

Зацiхла ўсё наўкола, дрыгата праняла ўсiх, усе вочы мiмахоць звярнулiя ўгару.

А галава пакутнiка зварухнулася злёгку, i пачуўся з верхавiны слупа падобны да енку голас:

- Выбачаю!..

Хiлон кiнуўся, кланяючыся, аж да самай зямлi, выючы, бы падстрэленая звярака, i, набраўшы зямлi ў абедзве шчопцi, пасыпаў сабе ёю голаў. Тым часам полымя стрэлiла ўгару, абняло грудзi й твар Глаўка, распляло мiртавую карону на галаве ягонай i заняло стужкi наверсе слупа, якi заяснеў увесь вялiкiм ярым святлом.

Але Хiлон па хвiлiне ўстаў з тварам так змененым, што аўгустыянам выдавалася, бачаць перад сабою iншага чалавека. Ягоныя вочы гарэлi незвычайным бляскам, на зморшчаным чале маляваўся духовы ўздым: недалужны перад хвiлiнаю грэк выглядаў цяпер, бы якi духоўнiк, натхнёны боствам, якi манiцца выявiць невядомую праўду.

- Што яму сталася? Ашалеў? - азвалася некалькi галасоў.

А ён адвярнуўся да натаўпу i, выцягнуўшы ў гару правую руку, пачаў крычаць так, каб не толькi аўгустыяне, але й масы народныя маглi яго пачуць:

- Народзе рымскi! Прысягаю на маю смерць, што вось гiнуць людзi нявiнныя, а падпальвачом - вось хто!!!...

I паказаў пальцам на Нэрона.

Настала мёртвая цiшыня. Дваране атрупелi. Хiлон усцяж стаяў з выцягнутаю дрыжачаю рукою ды пальцам, паказваючым на цэзара. Раптам зрабiлася сумятня. Народ нападобу хвалi, збуджанае нечаканым вiхрам, кiнуўся да старца, каб лепш яму прыгледзецца. Тут i там адазвалiся крыкi: «Трымай яго!», «Гора нам!» У натаўпе разлягаюцца свiст i вераск: «Агенабарбус! Маткабойца! Падпальвач!» Сумятня магутнела з кожнай хвiлiнай. Баханткi, лямантуючы на ўвесь свет, пачалi хавацца на вазы. Раптам некалькi перагарэлых слупоў павалiлася, рассыпаючы навокал iскры i пабольшваючы сумяцiцу. Сляпая стоўчаная хваля народу падхапiла Хiлона й панесла яго ў сярэдзiну агароду.

Усюды слупы пачалi таксама перагарваць i падаць упоперак вулiц, напаўняючы алеi дымам, iскрамi, смуродам смалiны i людскога цела. Гаслi светачы далейшыя й блiжэйшыя. У вагародах пацямнела. Вестка пра тое, што сталася, пераходзiла з вуснаў у вусны, змененая й пабольшаная. Адны расказвалi, што цэзар самлеў, iншыя - быццам сам ён прызнаўся, што падпалiў Рым, трэцiя - што цяжка занямог, iншыя ўрэшце - што вынеслi яго, як мёртвага, на возе. Сям-там адзывалiся галасы спачуцця для хрысцiян: «Не яны спалiлi Рым, дык нашто было гэтулькi крывi, пакутаў i несправядлiвасцi? Цi ж гэта багi не будуць мсцiцца за нявiнных, i якiя ж пiякулы здолеюць зноў iх перапрасiць?» Словы «innoxia corpora» паўтаралiся штораз часцей. Жанчыны голасна лiтавалiся над дзецьмi, якiх гэтулькi кiнута дзiкiм звяром, папрыбiвана да крыжоў або спалена ў гэных праклятых агародах. Аж у канцы спачуццё ахвярам змянiлася ў лiхадумства цэзару й Тыгэлiну. Але былi й такiя, каторыя, раптам затрымоўваючыся, задавалi сабе або iншым пытаннi: «Што гэта за боства, якое дае такую сiлу ў пакутах i смерцi?!» I вярталiся дамоў задуманыя...

Хiлон блукаўся шчэ па агародах, не ведаючы, куды кiнуцца. Цяпер пачуваўся зноў нядужым i хворым старцам. Часамi спатыкаўся, зачапiўшыся за недагарэлае цела, за галавешку, выбухаючую iскрамi, часамi садзiўся, паглядаючы навокал беспрытомным вокам. У вагародах зрабiлася ўжо прыцемна; белы месяц толькi выхiляўся з-за дрэваў, рассвятляючы слабым святлом алеi, счарнелыя слупы ды змененыя ў бясформныя масы недагаркi ахвяр. Старому грэку здалося, быццам на месяцы бачыць аблiчча Глаўка, вочы якога глядзяць на яго ўсцяж, дык хаваўся ад святла. Урэшце, аднак, выйшаў з ценю i мiмахоць, як бы папiханы нейкаю няведамаю сiлаю, пайшоў да фантана, дзе аддаў духа Глаўкас.

Нараз нейкая рука дакранулася да ягонага пляча. Старац адвярнуўся i, бачачы перад сабою незнаёмую постаць, жахлiва спытаў:

- Хто там? Хто ты?

- Апостал Павал з Тарсу.

- Я пракляты!.. Чаго хочаш?

А Апостал адказвае:

- Хачу збавiць цябе.

Хiлон прыпёрся да дрэва. Ногi хiсталiся пад iм, i рукi абвiслi.

- Няма ўжо для мяне збаўлення! - адказаў пасумна.

- Няўжо ты не чуў, як Бог дараваў вiсячаму на крыжы разбойнiку? - пытае Павал.

- Цi ж ты ведаеш, што я натварыў?

- Я бачыў боль твой i слухаў, як даваў ты сведчанне праўдзе.

- О Збавiцелю!..

- I калi Хрыстовы слуга дараваў табе перад пакутнiцкаю смерцю, дык цi ж не даруе табе Хрыстус?

А Хiлон хапiўся рукамi за голаў, моў абязглузджаны:

- Прабачэнне! Для мяне прабачэнне?

- Наш Бог - гэта Бог мiласэрнасцi,- адказаў Апостал.

- Для мяне? - паўтарыў Хiлон.

I пачаў енчаць, як бы не могучы апанаваць болю й пакуты. А Павал не адступае ад яго:

- Абапрыся на мяне ды хадзем са мною!

I, узяўшы яго, iшоў з iм на скрыжаванне алеяў, дзе шумеў вадалiў, бы слёзы льючы сярод цiшы начное над усiмi замардаванымi.

- Наш Бог - гэта Бог мiласэрнасцi,- паўтарыў Апостал.- Калi б стаў ты над морам ды кiдаў у яго каменнi, цi мог бы закiдаць iмi марскую глыбiню? А я табе кажу, мiласэрнасць Хрыстова ёсць як мора, i грахi й правiны людскiя патонуць у iм, моў каменнi ў бяздоннi. Ёсць яна бы неба, накрываючае горы, сушу й акiяны, бо ёсць усюды, i няма ёй гранiц нi канца. Ты цярпеў пры слупе Глаўка, i Хрыстус бачыў тваё цярпенне. Ты сказаў, не баючыся, што цябе можа спаткаць: «Во падпальвач!» - i Хрыстус адцемiў твае словы. Бо твая злосць i махлярства мiнулi, а застаўся толькi бязмерны жаль... Хадзi са мною i слухай, што кажу табе: я ж таксама калiсь ненавiдзеў Яго й пераследваў Ягоных выбраных. I я не хацеў Яго ды не верыў у Яго, пакуль не з'явiўся i не паклiкаў мяне. Ад тае пары Ён - любасцю маёй. А цяпер вось навясцiў цябе згрызотаю, трывогай i болем, каб паклiкаць цябе да Сябе. Ты Яго ненавiдзеў, а Ён шкадаваў цябе. Ты выдаваў на пакуты Ягоных вызнавальнiкаў, а Ён хоча дараваць табе гэта i збавiць цябе.

Грудзi злыдня-пакутнiка ўздрыгалiся ад плачу, раздзiраючага душу да дна, а Павал агартаў яго, апаноўваў i вёў, як ваяр палоннага. Праз хвiлiну адзываецца зноў:

- Хадзi за мною, а я цябе завяду да Яго. Дзеля якое ж другое патрэбы я прыходзiў бы да цябе? Адыж Ён загадаў мне збiраць душы людскiя ў iмя любовi, дык спаўняю службу Яму. Думаеш, што зненавiджаны, а я заручаю табе, што Ён цябе мiлуе. Глянь на мяне! Пакуль не меў Яго ў сэрцы, я нiчога не меў, акрамя злосцi, што жыла ў маiм нутры, а цяпер Ягоная любоў мне даражэй айца й мацi, даражэй багацця й панавання. У Яго аднаго прытулiшча, Ён адзiн прыйме твой жаль, узгляне на тваё бяздолле, здыме трывогу з цябе i прытулiць да Сябе.

Так талкуючы, прывёў яго да фантану, срэбны струмень якога палыскаваў здалёк у месячным святле. Наўкола панавала пустка й цiшыня, бо нявольнiцкая служба апратала ўжо тут абвугленыя слупы i трупы пакутнiкаў. Хiлон кiнуўся з стогнам на каленi i, закрыўшы твар далонямi, стаяў як скамянелы, а Павал падняў аблiчча да зораў i пачаў малiцца. - Божа, узглянь на гэтага небараку, на жаль ягоны, на слёзы й пакуты!

Божа мiласэрны, якi кроў пралiў за нашыя вiны, праз пакуту Тваю, праз смерць i ўваскрэсенне, адпусцi яму!

Замоўк i доўга яшчэ пазiраў на зоры, молячыся. Нараз з-пад ягоных стопаў адзываецца падобнае да ягонага маленне:

- Хрысце!.. Хрысце!.. Адпусцi мне!..

У той час Павал падыйшоў да вадалiву i, набраўшы вады ў прыгаршчы, вярнуўся да пакутнiка:

- Хiлон, хрышчу цябе ў iмя Айца i Сына i Духа Святога!

Хiлон падняў голаў, развёў рукi i стаяў без руху. Месяц поўным святлом азараў ягоныя збялелыя валасы ды белы, непарушны, скамянелы, бы мёртвы, твар. Хвiлiны плылi адна за другою; у вялiкiх птушарнях, у вагародах Дамiцыя, пяялi пеўнi, а ён усё шчэ стаяў на каленях, падобны да надгробнай статуi. Урэшце апрытомнеў, устаў i, звярнуўшыся да Апостала, пытае:

- Што рабiць перад смерцю, настаўнiку?

Павал таксама схамянуўся з задумы пра тую бязмерную магутнасць, паконваючую нат такiя душы, як гэнага грэка, адказаў:

- Спадзявайся i давай сведчанне праўдзе!

Пасля выйшлi разам. Ля агароднае брамы Апостал яшчэ раз пабагаславiў старца i развiталiся, бо дамагаўся гэтага сам Хiлон, прадбачваючы, што пасля ўсяго, што здарылася, цэзар i Тыгэлiн загадаюць яго злавiць.

I праўда. Вярнуўшыся дамоў, застаў ужо там прэторыян, якiя схапiлi яго i пад кiраўнiцтвам Сцэвiнуса завялi на Палатын.

Цэзар пайшоў ужо спаць, але Тыгэлiн чакаў i, убачыўшы няшчаснага грэка, прывiтаў яго з мiнаю спакойнаю, але злавеснаю:

- Ты дапусцiўся праступку абразы маестату,- кажа яму,- i кара не мiне цябе. Але калi ўзаўтра агалосiш у амфiтэатры, што ты быў п'яны або непрытомны, i што спрычынiцелямi пажару былi хрысцiяне, кара твая абмяжуецца да розаг i выгнання.

- Не магу! - адказаў цiха Хiлон.

А Тыгэлiн падыйшоў да яго павольным крокам i голасам таксама прыцiшным, але жудасным, спытаў:

- Як гэта не можаш, грэцкi сабача! Або ж ты не быў п'яны ды цi ж не ведаеш, што цябе чакае? Глянь вунь дзе!

Гэта кажучы, паказаў на куток атрыюма, у якiм вобак доўгае драўлянае лавы стаяла ў поцемку чатырох трацкiх нявольнiкаў з учкурамi й абцугамi ў руках. А Хiлон адказвае:

- Не магу, спадару!

Тыгэлiна пачала разбiраць закатная злосць, але паўстрымаўся шчэ.

- Бачыў,- пытае,- як памiраюць хрысцiяне? Цi й ты таго хочаш?

Старац падняў збялелае аблiчча; праз хвiлiну варушыў вуснамi, пасля адказвае:

- I я веру ў Хрыста!.. Тыгэлiн зiрнуў на яго, здзiўлены: - Ты ашалеў, сабака, зусiм!

I нагла ўскiпелая ў грудзях ягоных лютасць парвала застаўкi. Падскочыўшы да Хiлона, схапiў яго абедзвюма рукамi за бараду, звалiў на зямлю i пачаў таптаць, паўтараючы запененымi вуснамi:

- Адклiчаш?! Абвесцiш?!

- Не магу! - адказвае яму з зямлi Хiлон.

- На пакуты яго!

Тракi схапiлi старца i палажылi яго на лаве, пасля, прывязаўшы учкурамi, пачалi сцiскаць абцугамi ягоныя худыя косцi. А ён падчас прывязвання цалаваў з пакораю iхнiя рукi, а потым заплюшчыў вочы i выглядаў, бы мёртвы. Жыў аднак, бо калi Тыгэлiн нагнуўся да яго i спытаў шчэ раз: «Адклiчаш?» - збялелыя вусны ягоныя паварушылiся i цiха вышапталi:

- Не... магу!..

Тыгэлiн загадаў перарваць пакутванне i давай бегаць туды-сюды па атрыюме з вулканiчнаю лютасцю, але i бязраднасцю. У канцы прыйшла яму ў голаў, мусiць, нейкая новая думка, бо звярнуўся да тракаў i загадаў:

- Вырваць яму язык!

LXIII

Драму «Аўрэолюс» прадстаўлялi абыдна ў тэатрах або амфiтэатрах, так уладжаных, што маглi адкрывацца i прадстаўляцца нараз як бы дзве асобныя сцэны. Але пасля вiдовiшча ў агародах цэзаравых змянiлi звычайны спосаб; сутнасць у тым, каб найбольшая колькасць людзей магла глядзець на смерць прыбiтага да крыжа нявольнiка, якога ў драме пажыраў мядзведзь. У тэатрах ролю мядзведзя выконваў абшыты ў скуры актор, гэтым разам, аднак, прадстаўленне мелася быць «сапраўднае». Гэта быў новы помысел Тыгэлiна. Цэзар спачатку запавяшчаў, што не будзе прысутнiчаць, але з нагавору фаварыта змянiў пастанову. Тыгэлiн уталкаваў яму, што пасля нясмачнае прыгоды ў агародах тым больш павiнен паказацца народу, i адначасна заручыў, што ўкрыжаваны нявольнiк не зняважыць ужо яго так, як Крысп. Народ ужо быў перасычаны ды змучаны пралiццём крывi, дык абяцана яму новую раздачу латарэйных бiлетаў ды падарункаў, а таксама вячэрнюю пачостку, бо прадстаўленне мелася быць вечарам пры ярка асветленым амфiтэатры.

На змярканнi напоўнiўся шчыльна цэлы будынак. Аўгустыяне з Тыгэлiнам на чале прыбылi ўсе не гэтулькi дзеля самога вiдовiшча, колькi дзеля заманiфеставання па апошнiм здарэннi цэзару свае вернасцi ды каб паталкаваць пра Хiлона, аб якiм гудзеў ужо цэлы Рым.

Вось жа, хадзiў пошапт, быццам цэзар, вярнуўшыся з парку, ускiпеў лютаю злосцю i не мог заснуць, быццам апанавалi яго страшэнныя спагуды, дзiвосныя зданi, з прычыны якiх запавясцiў назаўтра хуткi ад'езд у Ахайю. Iншыя ўсё ж такi запярэчылi гэтаму, талкуючы, быццам цяпер тым болей станецца грозным для хрысцiян. Не абыйшлося таксама i без труслiвых, якiя прадбачвалi, што абвiнавачанне, якое Хiлон публiчна выказаў цэзару, можа мець найгоршыя наступствы. Былi таксама й такiя, якiя з пачуцця людскасцi прасiлi Тыгэлiна, каб адмовiўся ад далейшага пераследу.

- Уважайце, куды йдзяце! - персвадаваў Барк Соранус.- Вы манiлiся заспакоiць у народу жаду помсты i ўдаўбцi яму ў голаў перакананне, што кара спадае на вiнаватых, а вынiк ёсць папросту адваротны.

- Праўда! - дадаў Антыст Вэрус.- Усе шэпчуць сабе цяпер, што яны нявiнныя. Калi гэтакая вашая зручнасць, дык Хiлон праўду казаў пра вашыя мазгi, не могучыя напоўнiць нат i жалудзiнае мiсачкi.

А Тыгэлiн адвярнуўся да iх i кажа:

- Людзi таксама шэпчуць, што твая, Барк, дачушка Сэрвiлля i твая, Антысце, жонка паскрывалi сваiх нявольнiкаў-хрысцiян перад цэзаравай справядлiвасцяй...

- Гэта няпраўда! - запярэчыў неспакойна Барк.

- Жонку маю намагаюцца згубiць вашыя разлучнiцы, якiя зайздросцяць ёй цноты! - баранiўся з няменшай трывогай Антыст Вэрус. Iншыя гутарылi пра Хiлона.

- Што яму сталася? - казаў Эпр Марцэль.- Сам iх выдаваў у рукi Тыгэлiна; з жабрака стаўся багацеем, мог спакойна пражыць век, мець прыгожыя хаўтуры й нагробак, i - не! Нi зсюль, нi стуль зажадаў страцiць усё i згубiць сябе; сапраўды, няйначай, абаўдзеў!

- Не абаўдзеў, толькi стаўся хрысцiянiнам,- тлумачыць Тыгэлiн.

- Не можа быць! - дзiвiцца Вiтэлiй.

- А цi я не казаў,- умяшаўся Вестын.- Мардуйце сабе хрысцiян, але верце мне, не ваюйце з iхнiм боствам. Тут няма жартаў!.. Бачыце, што робiцца! Я сам не падпальваў Рыму, але, калi б цэзар дазволiў, зараз бы даў гекатомбу iхняму боству. I ўсе павiнны тое самае зрабiць, паўтараю бо: няма з iм жартаў! Не забудзьце, што я вам гэта казаў.

- А я гаварыў што iншае,- адазваўся ўрэшце Пятронi.- Тыгэлiн смяяўся, як я талкаваў, што яны бароняцца, вось жа цяпер скажу больш: яны здабываюць!

- Як гэта? Якiм чынам? - спытала некалькi галасоў.

- На Палукса!.. Калi такi Хiлон iм паддаўся, дык хто ж iм не паддасца? Калi вам здаецца, што пасля кожнага вiдовiшча не прыбывае хрысцiян, тады з вашым знатоцтвам Рыму станьцеся катлярамi або зачнеце галiць бароды, тады мо будзеце лепш ведаць, што думае народ ды што робiцца ў горадзе.

- Чыстую праўду гавора, на святы пеплюм Дыяны! - пацвердзiў Вестын.

Але Барк звяртаецца да Пятронiя:

- Што ты хочаш сказаць?

- Канчаю тым, ад чаго вы зачалi: даволi ўжо крывi!

Тыгэлiн пранiзаў яго крывадушна вачыма i кпiць:

- Эй, яшчэ крыху!

- Калi недахоп табе галавы, дык маеш жа другую пры трымальнi палкi! - прысадзiў яго Пятронi.

Далейшую гутарку перарвала прыбыццё цэзара, якi сеў на сваiм мейсцы з Пiфагорам. Незабаўна пачалося прадстаўленне «Аўрэолюса», якiм не надта ўсе цiкавiлiся, бо думкi занятыя былi Хiлонам. Народ, звыклы да трагiчных пакутаў i крывi, нудзiўся таксама, сыкаў, пакрыкваў дацiнкамi пад адрасам дваран i прагнуў хутчэй пацiкавiцца сцэнай мядзведзя, якая яго iнтрыгавала. Каб не спадзявалiся дзiва ўкрыжаванага старца i падарункаў, паўцякалi б усе.

Ажно ўрэшце прыйшла жаданая хвiлiна. Цырковыя прыслужнiкi ўнеслi наўпярод драўляны крыж, даволi нiзкi, каб мядзведзь, успяўшыся, мог дасягнуць да грудзей пакутнiка; пасля двух чалавек увялi, а дакладней - увалаклi Хiлона, бо сам ён з паламанымi касцьмi не мог iсцi. Палажылi яго й прыбiлi да крыжа так хутка, што зацiкаўленыя аўгустыяне не паспелi яму добра прыгледзецца, толькi пасля ўстанаўлення ў зямлю крыжа вочы ўсiх звярнулiся да яго. Але мала хто мог пазнаць у гэным нагiм старцу даўнейшага Хiлона. Па Тыгэлiнскiх пакутах не засталося ў ягоным твары анi краплiны крывi, i толькi на белай барадзе вiдзён быў чырвоны след па вырваным языку. Праз празрыстую скуру ледзьве можна было дагледзець косцi. Выглядаў больш старым, амаль згрыбелым. Але затое колiшнiя ягоныя вочы, вечна злосныя й неспакойныя, даўняе аблiчча, вечна трывожлiвае й няпэўнае, перайнакшылiся: цяпер твар, хоць поўны болю, выглядаў салодкiм i пагодным, як у людзей спячых або мёртвых. Можа, узмацняла яму надзею думка пра разбойнiка на крыжы, якому Хрыстус дараваў, а можа, у душы гаварыў мiласэрнаму Богу: «Усеспадару, кусаў я, бы гад ядавiты, але ж я быў праз цэлае жыццё бяздольнiкам, памiраў з голаду, людзi тапталiся па мне, бiлi мяне й здзеквалiся з мяне. Я быў жабраком i няшчасным валындам, а цяпер вось шчэ палажылi мяне на крыж i прыбiлi, дык Ты, Мiласэрны, не пагардзiш мною ў часiне смерцi!» I, вiдаць, супакой атуляў ягонае сэрца. Нiхто не смяяўся, бо было ў гэтым укрыжаваным нешта так цiхае, выдаваўся ён так старым, слабым, выклiкаючым сваёй пакорай такую жаласць, што кожны мiмахоць пытаў сябе: як можна мучыць i прыбiваць да крыжа людзей, якiя i так ужо канаюць! Народ маўчаў. Спамiж аўгустыянаў Вестын, кiваючыся то ўправа, то ўлева, жахлiва шаптаў: «Бачыце, як яны памiраюць!» Iншыя чакалi на мядзведзя, жадаючы ў душы, каб вiдовiшча скончылася як найхутчэй.

Мядзведзь увалокся ўрэшце на арэну i, кiваючы нiзка звешанаю галавою на абодва бакi, пазiраў спадылба навокал, як бы нечага надумоўваўся або чаго шукаў. Спанатрыўшы ўрэшце крыж, а на iм голае цела, падыйшоў да яго, стаў дыба нават, але хутка зноў апусцiўся на пярэднiя лапы i, сеўшы пад крыжам, пачаў мармытаць, як бы ў ягоным звярыным сэрцы азвалася лiтасць над гэтым драбочкам чалавека. Цырковая служба пачала дражнiць яго крыкам, але народ маўчаў. Хiлон тым часам падняў вольным рухам голаў i праз нейкi час вадзiў вачыма па глядзельнi. У канцы зор ягоны затрымаўся недзе на найвышэйшых шэрагах амфiтэатру, грудзi зайгралi яму жывей, i тады сталася нешта, што распалiла подзiў i здумленне прысутных. Аблiчча заззяла ўсмешкай, а чало праменнямi, вочы перадсмяротна ўзнялiся ўгару, i па хвiлiне дзве вялiкiя слязiны, набрынялыя пад павекамi, скацiлiся паволi з твару.

I сканаў.

У тым моманце нечы моцны мужчынскi голас адазваўся ўгары пад велярыюмам:

- Рах пакутнiкам!

Амфiтэатр маўчаў, як анямелы.

LХIV

Пасля вiдовiшча ў цэзаравых агародах вязнiцы значна апусцелi. Арыштоўвалi, праўда, яшчэ сюд-тут i вязнiлi ахвяры, падазраваныя ў вызнаваннi ўсходняга забабону, але аблавы дастаўлялi iх штораз менш, анно гэтулькi, колькi трэ было для наступных вiдовiшчаў, якiя таксама ўжо прыблiжалiся да канца. Народ, перасычаны крывёю, выяўляў штораз большую нудаснасць ды штораз большую трывожлiвасць з прычыны небывалага трымання сябе падчас пакутаў i смерцi асуджэнцаў. Трывога сувернага Вестына заразiла тысячы душаў. У народзе расказвалi штораз дзiўнейшыя рэчы пра мсцiвасць хрысцiянскага боства. Вязнiчны тыфус, якi распаўсюдзiўся па горадзе, пабольшыў агульную трывожлiвасць. Глядзелi на частыя паховiны нябожчыкаў i шапталi сабе на вуха: патрэбныя новыя пiякулы для перапросiн нязнанага Бога. Па святынях складалi ахвяры Ёвiшу i Лiбiтыне. Урэшце, памiма натугаў Тыгэлiна й ягоных прыхвасняў, пашыралася штораз далей перакананне, што горад згарэў па загаду цэзара i што хрысцiяне церпяць нявiнна.

Але якраз дзеля таго i цэзар i Тыгэлiн не пераставалi пераследваць. Дзеля супакаення народу выдавалi новыя распарадкi на раздачу збожжа, вiна й алiвы; абвешчана правiлы, даючыя палёгку пры адбудове дамоў, а таксама й iншыя, нармуючыя шырыню вулiц i будульцу, з якога трэба будаваць, каб на будучыню забяспечыцца ад агню. Сам цэзар бываў на пасяджэннях сенату i нарайваўся з «бацькамi», як палепшыць долю народу i гораду, затое анi цень ласкi не паў на хрысцiян. Уладару свету расходзiлася пра тое, каб ушчапiць народу перакананне, што так бязлiтасныя кары могуць спатыкаць толькi вiнаватых. У сенаце анiводзiн не адважваўся гневаць цэзара; апрача таго людзi, сягаючыя вокам далей у будучыню, цвердзiлi: у аблiччы новае веры фундаменты рымскае дзяржавы не астояцца.

Аддавана сваяком толькi людзей канаючых i памерлых, бо рымскае права не спаганяла помсты над памерлымi. Для Вiнiцiя рабiла пэўную польгу думка, што магчыме пахаваць Лiгiю ў сваiм фамiльным склепе, ды сам пасля спачыне побач яе. Не меў ужо нiякае надзеi на выратаванне яе ад смерцi, дый сам, адарваны амаль зусiм ад жыцця, праняты Хрыстом, не летуцеў ужо пра iншае злучэнне з ёю, апрача вечнага. Вера ягоная сталася надта глыбокай, дзеля таго вечнасць выдавалася яму далёка большаю й сапраўднейшаю рэчаiснасцю, чым дачаснае зямное iснаванне. Ягонае сэрца перапоўнiлася цiхiм духовым уздымам. Пры жыццi перайнакшваўся ўжо ў iстоту амаль бясцелую, якая, прагнучы для сябе вызвалення, жадала яго i для другое каханае душы. Уяўляў себе, як калiсь абое з Лiгiяй пабяруцца за рукi ды адыйдуць у неба, дзе Хрыстус пабагаславiць iх ды дазволiць iм жыць у святле так спакойным i вялiкiм, як яснагляд зораў. Малiў толькi Хрыста, каб ухаваў Лiгiю ад цыркавых пакутаў i дазволiў ёй спакойна заснуць у вязнiцы, бо пачуваўся зусiм, што i сам разам з ёю памрэ. Думаў, што падчас пралiцця такога мора крывi не прыстоiць нат яму спадзявацца, каб яна толькi адна ацалела. Чуў ад Пятра i Паўла, што i яны таксама мусяцiмуць памерцi як пакутнiкi. Выгляд укрыжаванага Хiлона пераканаў яго, што смерць, нат пакутнiцкая, можа быць салодкай, дык жадаў ужо сабе: хай хутка прыходзiць для iх абаiх як чаканая змена злое, сумнае ды цяжкае долi на лепшую. Iншы раз адчуваў ужо перадсмак загробнага жыцця. Тая туга, якая спавiла iхнiя душы, губляла штораз болей даўную похатную горыч i паступова перайнакшвалася ў нейкую засветную спакойную адданасць волi Божай. Вiнiць даўней плыў натужна супраць цёку, змагаўся й мучыўся, цяпер паддаўся хвалi, верачы, што яна нясе яго ў вечную цiшыню. Здагадваўся таксама, што Лiгiя так, як i ён, рыхтуецца на смерць, памiма разлучаючых iх сценаў вязнiцы, iдуць ужо разам, i ўсмiхаўся да гэнай думкi ды да шчасця. I сапраўды йшлi так згодна, казаў бы, штодзень згодна дзялiлiся думкамi. У Лiгii не было таксама нiякiх iншых надзеяў анi похацяў, акрамя надзеi загробнага жыцця. Смерць прадстаўлялася ёй не толькi як збаўленне, але як пара звянчання з Вiнiцiем. Пры такое пэўнасцi ўсё iншае трацiла вагу. Па смерцi зачыналася шчасце нат i зямное, дык чакала яе шчэ i так, як заручаная чакае хвiлiны вянца.

А тая бязмежная сiла веры, якая адрывала ад жыцця й несла за гроб тых першых вернiкаў, завалодала таксама й Урсусам. I ён доўга не хацеў у душы згадзiцца на смерць Лiгii, але як пачалi штодзень даходзiць з па-за вязнiчных сцен весткi, што дзеялася ў амфiтэатрах i парках, калi смерць выдавалася супольнаю неадзоўнаю доляй усiх хрысцiян ды адначасна iхнiм найвышэйшым дабром над усялякае смяротнае паняцце шчасця, не смеў у канцы ён малiцца да Збаўцы, каб шчасце гэнае аддаляў Ён ад яе. Пры тым гадаў сабе ў простай сваёй душы, што княжай дачцэ лiгаў належыцца больш тых нябесных роскашаў, чым цэламу натаўпу простанароддзя, да якога й сябе залiчваў, i што ў вечнай славе засядзе яна блiжэй Баранка, чым iншыя. Чуў, праўда, што перад Богам усе людзi роўныя, на дне душы, аднак, пакутвала ў iм перакананне, што дачка князя - i то шчэ князя ўсiх лiгаў - гэта не тое, што першая-лепшая нявольнiца. Спадзяваўся таксама, што Хрыстус i там дазволiць служыць ёй далей. Адносна сябе самога хаваў толькi на дне душы адно жаданне: каб мог памерцi так, як Баранак - на крыжы. Але хоць ведаў, што крыжуюць у Рыме нат найбольшых разбойнiкаў, не смеў, аднак, малiцца пра такую смерць, уважаў бо яе надта вялiкiм шчасцем. Думаў, пэўна, згiне ад клыкоў дзiкiх звяроў, i гэта крыху яго клапацiла. З дзiцячых гадоў гадаваўся ў непраходных пушчах, сярод заўсёдных паляванняў, падчас якiх праславiўся сваёю сiлай ды ўмеласцю мiж лiгамi. Паляваннi былi ягоным улюбёным спортам. Пасля ў Рыме не мог ад iх адвыкнуць i хадзiў да вiварыяў ды амфiтэатраў, каб хоць налюбавацца ведамымi ды няведамымi сабе звяратамi. Падчас аглядання будзiлася ў iм похаць барацьбы, дык цяпер вось крыху пабойваўся ў душы, каб не спанавала яго ў амфiтэатры ахвота, менш годная хрысцiян, якiя павiнны памiраць пабожна й цярплiва. Але паручаў гэныя свае турботы Хрысту, маючы на пацеху iншыя, саладзейшыя думкi. Вось жа, ведаючы тое, што Баранак аб'явiў вайну пякельным сiлам i злым духам, да якiх вера хрысцiянская залiчала i ўсе паганскiя боствы, думаў, што ў гэнай вайне прыдасца ён вельмi i прыслужыцца Баранку лепш, чым iншыя, бо верыў, што i душа ягоная можа быць мацнейшай, чым iншых пакутнiкаў. Прымеж таго, малiўся цэлымi днямi, прыслужваў вязням, дапамагаў загадчыкам i пацяшаў сваю каралеўну, якая часамi аж зайздросцiла, што не можа гэтулькi людзям рабiць дабра, колькi спаўняла слаўная Табiта, пра якую расказваў ёй раз Апостал Пётр. Вартаўнiкi, якiя нат i ў вязнiцы пабойвалiся страшэннае сiлы гэтага волата, бо не было для яе анi путаў, анi кратаў непераломных, у канцы палюбiлi яго за дабрыню. Iншы раз, дзiвячыся з ягонай духовай раўнавагi й пагоды, пыталi аб прычыне яе, а ён расказваў iм з такою пэўнасцю пра чакаючае яго жыццё за гробам, што не маглi надзiвiцца: як у гэтае падзямелле цёмнае, прасякнутае тухляцiнай, можа пранiкнуць прамень шчасця. I калi пачынаў iх нагаворваць, каб уверылi ў Баранка, не аднаму прыходзiла ў голаў думка, што служба ягоная ёсць нявольнiцкай службай, а жыццё - жыццём бяздольнiка, i не адзiн задумоўваўся над сваiм бяздоллем, канец якому клала толькi смерць.

Адыж iх смерць праймала новым жахам, бо не спадзявалiся пасля яе нiчога, а гэны волат лiгiйскi i малодухна, падобная да краскi, кiнутае на вязнiчны саламяны бярлог, спатыкалi яе з радасцю, як шчасце.

LXV

Раз вечарам адведаў Пятронiя сенатар Сцэвiнус i пачаў з iм доўгую гутарку пра цяжкiя часы, у якiх жывуць, ды пра цэзара. А гаварыў так адкрыта, што Пятронi, памiма прыязнi, пачаў асцерагацца. Наракаў, што свет iдзе крыва ў шалёным кiрунку, i што ўсё разам мусiцiме скончыцца катастрофай, страшней шчэ, чым пажар Рыму. Гаварыў, што нават i аўгустыяне знеахвочаны, што Фэнiюс Руф, вiцэ-прэфект прэторыянаў, ледзь церпiць агiдныя парадкi Тыгэлiна, i што ўсе сваякi Сэнэкi даведзены да крайнасцi ўчынкамi цэзара з старым фiлёзафам ды з Люканам. У канцы пачаў згадваць пра незадавальненне народу, а нат i прэторыян, вялiкую частку якiх умеў да сябе прыцягнуць Руф.

- Чаму ты гэта мне гаворыш? - спытаў яго Пятронi.

- Праз руплiвасць аб цэзару,- адказаў Сцэвiн.- Маю далёкага сваяка сярод прэторыян, якi завецца Сцэвiн, як i я, i ад яго ведаю, што робiцца ў iхнiх аддзелах... Знеахвочанне расце й там... Калiгула таксама быў утрапёны чалавек, i бач, што сталася! Знайшоўся такi Касiюс Хэрэй... Страшны гэта быў парыў, i, пэўна, нiхто з нас не адважыўся б яго пахвалiць, аднак жа Хэрэй выбавiў свет ад людажэра.

- Iнакш кажучы,- спрабуе сумоўцу Пятронi: - «Я Хэрэя не хвалю, але гэта быў удалы чалавек, о, каб багi далi нам такiх як найбольш!»?.. Але Сцэвiн змянiў гутарку i пачаў неспадзявана выхваляць Пiзона. Славiў род ягоны, ягоную шляхотнасць, ягоную прывязанасць да жонкi, а ўрэшце, розум, раўнавагу i дзiўны дар прыцягвання да сябе людзей.

- Цэзар бяздзетны,- кажа,- i ўсе бачаць наступнiка ў асобе Пiзона. Бессумнiўна, кожны дапамог бы яму з цэлае душы ўзяць у рукi ўладу. Любiць яго Фэнiй Руф, род Аннэяў цалкам яму адданы. Плаўцый Лятэранус i Тулiй Сэнэцыё пайшлi б у вагонь за яго. Тое ж самае й Наталiс, i Субрый Флавiй, i Сульпiцый Аспэр, i Афран Куiнт, i нат Вестын.

- З гэнага апошняга малая Пiзону карысць,- адказвае Пятронi,- Вестын баiцца ўласнага ценю.

- Вестын баiцца сноў i духаў,- тлумачыць Сцэвiн,- але гэта чалавек дзейны, не дарма яго маняцца назначыць консулам. А калi ў душы працiвiцца пераследу хрысцiян, таго не павiнен ты яму закiдаць, бо i табе было б на руку, каб гэнае людажэрства ўрэшце скончылася.

- Не мне, толькi Вiнiцiю,- паправiў Пятронi.- З увагi на Вiнiцiя хацеў бы ацалiць адну дзяўчыну, ды не магу, бо я страцiў ласку ў Агенабарба.

- Як гэта? Няўжо ты не бачыш, што цэзар зноў зблiжаецца да цябе i пачынае з табою гаварыць? I скажу табе чаму: выбiраецца зноў у Ахайю, дзе манiцца пяяць грэцкiя песнi собскага творства. Загарэўся да гэтае падарожы, але адначасна дрыжыць на ўспамiн пра крывадушны настрой грэкаў. Уяўляе сабе, што можа яго там спаткаць або найбольшы трыумф, або найбольшая няўдача. Патрабуе добрае рады, а ведае, што лепшае за цябе нiхто яму даць не магчыме. Гэта прычына павароту да ласкi.

- Люкан мог бы мяне заступiць.

- Рудабароды яго ненавiдзiць i прысягнуў у душы яму смерць. Шукае толькi прэтэксту, бо ён заўсёды шукае прэтэкстаў. Люкан цямiць, што трэ спяшацца.

- На Кастара! - кажа Пятронi.- Быць можа. Але меў бы яшчэ адзiн спосаб заваявання ласкi.

- Якi?

- Паўтарыць вось Рудабародаму тое, што перад хвiлiнай ты мне талкаваў.

- Я ж нiчога не сказаў такога,- адазваўся неспакойна Сцэвiн.

А Пятронi палажыў яму руку на плячы:

- Ты назваў цэзара ўтрапёным чалавекам, чакаеш наступнiцтва Пiзона ды казаў: «Люкан цямiць, што трэ спяшацца». Куды манiцеся спяшацца, carissime? Сцэвiн збялеў. Праз момант глядзелi сабе ў вочы.

- Не скажаш!

- На стан Кiпрыды! Як ты мяне добра ведаеш! Не, не скажу! Нiчога быццам я не чуў, але i не хачу слухаць... Разумееш? Жыццё закароткае, не варта нiчога пачынаць. Прашу цябе толькi, каб адведаў сяння Тыгэлiна i гутарыў з iм гэтак сама доўга, як са мною, пра што хочаш!

- Чаму?

- Дзеля таго, каб, як мне калiсь Тыгэлiн закiне: «Сцэвiн быў у цябе», я мог яму адказаць: «Таго ж самага дня быў таксама i ў цябе»...

Сцэвiн, пачуўшы гэта, зламаў слановы кiёчак, якi трымаў у руцэ, i кажа:

- Хай лiхi прыпадак спадзе на гэтую палку. Буду сяння ў Тыгэлiна, а пасля на банкеце ў Нэрвы. Хiба ж будзеш i ты? На ўсялякi выпадак, да пабачэння пазаўтра ў амфiтэатры, дзе выступяць астанкi хрысцiян!.. Да пабачэння!

- Пазаўтра! - паўтараў сабе пасля развiтання Пятронi.- Дык няма што марудзiць. Агенабарбус iставетна патрабуе мяне ў Ахайi, дык, можа, рахавацiмецца са мною.

I вырашыў спрабаваць апошняга спосабу.

Сапраўды, на банкеце ў Нэрвы цэзар сам запрапанаваў Пятронiю сесцi вiзавi яго, дык манiўся гутарыць з iм пра Ахайю ды пра гарады, дзе мог бы ўдала выступiць. Найбольш расходзiлася яму пра афiнцаў, якiх баяўся. Iншыя аўгустыяне слухалi гутаркi ўважна, каб, пазбiраўшы драбiнкi сказаў Пятронiевых, ужываць iх пасля як собскiя.

- Здаецца мне, што дагэтуль не жыў яшчэ,- кажа цэзар,- i што нарадзiўся толькi ў Грэцыi.

- Нарадзiўся для новае славы й несмяротнасцi,- гладзiць па шэрсцi Пятронi.

- Маю надзею, што так станецца, i што Апола не будзе зайздросны. Калi вярнуся з трыумфам, ахвярую яму гекатомбу, якой нiводзiн бог яшчэ не меў.

Сцэвiн пачаў цытаваць верш Гарацыя:

Sic te diva potens Cypri,

Sic fratres Helenae, lucida sidera,

Ventorumque regat Pater... [7]

- Мараплаў стаiць ужо ў Неапалi,- гавора цэзар.- Выехаў бы хоць i заўтра.

На гэта Пятронi ўстаў i, гледзячы проста ў вочы цэзару, сказаў:

- Дазволiш мне, боскi, зладзiць перад гэтым банкет вясельны, на якi перад усiм запрашу цябе?

- Вясельны банкет? Якi? - пытае Нэрон.

- Вiнiцiя з каралеўнай лiгаў, а тваёй закладнiцай. Яна, праўда, цяпер у вязнiцы, але перш-наперш як закладнiца не павiнна сядзець у вязнiцы, а па-другое, ты ж сам дазволiў Вiнiцiю звянчацца з ёю, а твае ж загады, як загады Зэўса, нязломныя, дык загадаеш яе выпусцiць з вязнiцы, а я аддам яе заручанаму. Раўнавага i спакойная самапэўнасць, з якою гаварыў Пятронi, збiлi з тропу Нэрона, якi заусёды бянтэжыўся, калi хто да яго так гаварыў.

- Ведаю,- адказаў, спушчаючы вочы,- я думаў пра яе ды пра таго асiлка, што задушыў Кратона.

- Дык, знача, абое ўратаваны,- супакойваў сябе Пятронi.

Але падаспеў на помач свайму гаспадару Тыгэлiн:

- Яна ў вязнiцы з волi цэзара, а ты ж, Пятронi, сам сказаў, што загады ягоныя нязломныя.

Усе прысутныя, ведаючы гiсторыю Вiнiцiя й Лiгii, добра асвядомлены былi, пра што расходзiцца, дык, зацiкаўленыя, маўчалi й слухалi, чым скончыцца гутарка.

- Яна ў вязнiцы праз тваю памылку ды няведанне мiжнароднага права, насуперак волi цэзара,- адрэзаў з нацiскам Пятронi.- Наiўны з цябе, Тыгэлiн, чалавек: адыж i ты хiба не будзеш цвердзiць, што яна падпальвала Рым, хоць бо мiж iншым ты б так i цвердзiў, дык цэзар табе не паверыць. Але Нэрон ахамянуўся ўжо i пачаў моршчыць свае блiзарукiя вочы мiнаю страшэннае лютасцi.

- Пятронi праўду кажа,- адазваўся па хвiлiне.

Тыгэлiн глянуў на яго здзiўлена.

- Пятронi праўду кажа,- паўтарыў Нэрон.- Узаўтра адамкнуць ёй вязнiцу, а пра вясельны банкет пагаворым пазаўтра ў амфiтэатры.

- Зноў прайграў я! - падумаў Пятронi.

I, вярнуўшыся дамоў, быў ужо так пэўны Лiгiiнай смерцi, што назаўтра выслаў у амфiтэатр давернага вызвольнiка, каб умовiўся з загадчыкам сполярыюма пра выдачу ейнага цела, бо хацеў аддаць яго Вiнiцiю.

LХVI

За часамi Нэрона ўвайшлi ў моду даўней рэдкiя й выняткава толькi ладжаныя вячэрнiя прадстаўленнi так у цырку, як i ў амфiтэатры. Аўгустыяне любiлi iх, бо часта пасля iх наступалi банкеты i п'янства, трываючае аж да ранiцы. Хоць народ перасычаны быў крывёю, ды аднак жа, калi разыйшлася вестка, што надыходзiць канец iгрышчаў i што апошнiя хрысцiяне памiрацiмуць на вячэрнiм вiдовiшчы, вялiкiя натаўпы зыйшлiся ў амфiтэатр. Аўгустыяне з'явiлiся ўсе да аднаго, бо здагадвалiся, што будзе гэта незвычайнае прадстаўленне i што цэзар вырашыў зладзiць сабе трагедыю з Вiнiцiевага болю. Тыгэлiн трымаў у сакрэце, якога спосабу пакута прызначана для сужанiцы маладога трыбуна, але гэта шчэ больш завастрала агульную цiкавасць. Тыя, каторыя спатыкалi калiсь Лiгiю ў Плаўцыяў, расказвалi цяпер цуды пра ейную красу. Iншых перад усiм цiкавiла пытанне: цi сапраўды ўбачаць яе сяння на арэне, бо многiя з тых, што чулi адказ цэзара Пятронiю ў Нэрваў, талкавалi яго сабе падвойна: адны думалi проста, што Нэрон аддасць або, можа, ужо аддаў красуню Вiнiцiю, а другiя прыпамiналi сабе, што была яна закладнiцай, якой дазвалялася аддаваць пашану боствам паводле свае ўспадобы i якое права народаў не дазваляла караць.

Няпэўнасць, чаканне й зацiкаўленне апанавалi ўсiх прысутных. Цэзар прыбыў раней, чым абыдна, i гэта пабудзiла цiкаўных да новых шэптаў, здагадак пра незвычайнасць, бо пры Нэроне апрача Тыгэлiна й Ватынiя быў Касiй, цэнтурыён вялiзнай фiгуры й вялiкае моцы, якога цэзар браў з сабою толькi тады, калi хацеў мець пад бокам абарону, як, напрыклад, падчас начных забаваў «sagatio» на Субуры, дзе падкiдана ўгару на ваяцкiм плашчы напатыканых па дарозе дзяўчат. Кiдалася ў вочы таксама, што ў самым амфiтэатры пабольшана была варта прэторыянская, а камандаваў ёю не цэнтурыён, а трыбун, Субр Флавiй, ведамы дагэтуль з сабачай адданасцi Нэрону. Было зразумела, што цэзар хоча на ўсялякi выпадак забяспечыцца перад выбухам роспачы Вiнiцiя, дык цiкавасць расла яшчэ большая.

Вочы ўсiх звярталiся з напружаным зацiкаўленнем на тое мейсца, дзе сядзеў няшчасны заручэнец. А ён, збялелы, залiты потам, быў няпэўны, як i iншыя глядзельнiкi, але ўстрывожаны да апошнiх затонаў свае душы. Пятронi, сам не ведаючы добра, што будзе, нiчога не сказаў яму, толькi спытаў, вярнуўшыся ад Нэрвы, цi падрыхтаваны на ўсё ды цi будзе на вiдовiшчы. Вiнiць адказаў на абодва пытаннi: «Так!» - але пры тым мурашкi прабеглi яму па ўсiм целе, бо здагадаўся, што Пятронi не пытае без прычыны. Сам ён жыў праз нейкi час ужо толькi паўжыццём, сам аддаваўся смерцi й згадзiўся на смерць Лiгii, бо мелася яна быць для iх абаiх адначасна i вызваленнем i вяселлем, але цяпер пазнаў, што iншая рэч ёсць думаць здалёку пра апошнюю хвiлiну, а iншая - iсцi i глядзець на пакуты найдаражэйшае асобы. Усе перажытыя болi адазвалiся ў iм нанава. Прыцiхшая роспач зноў пачала крычаць у душы, спанавала яго даўняя ахвота ратавання Лiгii за ўсякую цану. Ад самага рання спрабаваў прабiцца ў кунiкулы, каб пераканацца, цi ёсць там Лiгiя, але прэторыянская варта пiльнавала ўсе ўваходы, i загады былi так строгiя, што вартаўнiкi, нат знаёмыя, не далiся змякчыць анi просьбамi, анi золатам. Вiнiцiю здавалася, што няпэўнасць задушыць яго ўпярод, чым дачакаецца вiдовiшча. Недзе на дне сэрца пакутвала яшчэ надзея, што, можа, Лiгii няма ў амфiтэатры ды што ўся трывога ёсць непатрэбнай. Хапаўся апошняе надзеi з усiх сiл. Талкаваў сабе, што Хрыстус мог забраць яе з вязнiцы. Ён не можа дазволiць на ейную пакуту ў цырку. Перш згадзiўся быў зусiм на Ягоную волю, а цяпер, як, адапхнёны ад кунiкулаў, вярнуўся на сваё мейсца ў амфiтэатры ды з цiкаўных вачэй прысутных пазнаў, што i найстрашнейшыя здагадкi могуць спраўдзiцца, пачаў малiць Яго ў гарачай душы ратунку. «Ты можаш! - паўтараў ён, сутаргава сцiскаючы кулакi.- Ты можаш!» Нiколi не думаў, што гэная хвiлiна, калi зменiцца ў рэчаiснасць, будзе так страшнай. Цяпер не мог уцямiць свайго псiхiчнага стану, прадчуваў аднак, што пры агляданнi пакутаў Лiгii каханне ягонае зменiцца ў нянавiсць, а вера ў роспач. Жахаўся такога прадчування, бо баяўся абразiць Хрыстуса, у якога малiў цуду й лiтасцi. Не прасiў ужо для яе жыцця, хацеў толькi, каб памерла перад выхадам на арэну, i з бяздоннай атхланi болю вырвалася просьба: «Хоць гэтага не адмоў мне, а я шчэ больш палюблю цябе, чым любiў дагэтуль». У канцы думкi ягоныя разбуялiся, бы хвалi ад вiхру. Будзiлася ў iм жада помсты й крывi. Парывала яго ахвота кiнуцца на Нэрона i задушыць на вачах прысутных, а адначасна адчуваў, што гэнаю лютаю гарачкаю зноў абражае Хрыста i ломiць Ягоныя настаўленнi. Iншы раз прамiгала яму праз голаў думка надзеi, што ўсё тое, перад чым дрыжала ягоная душа, яшчэ адверне ўсёмагутная рука Мiласэрнага, але пагасала вомiг, танула ў бязмерным моры разжалення, быццам Той, каторы мог адным словам развалiць гэты цырк i ацалiць Лiгiю, пакiнуў аднак яе, хоць спадзявалася на Яго й мiлавала Яго ўсiмi сiламi свайго нявiннага сэрца. Далей думаў, што вось яна ляжыць там, у цёмным кунiкулуме, слабая, безабаронная, пакiнутая, адданая на ласку й няласку лёгкадумнае службы, зяхаючая, можа, апошнiмi сiламi, а ён прымушаны чакаць бязрадна ў гэтым страшным амфiтэатры, не ведаючы, якую абдумалi ёй пакуту i што незабаўна ўгледзiць. Урэшце, як чалавек, якi, спадаючы ў пропасць, хапаецца за ўсё, што расце над ейнымi абрывамi, так i ён хапiўся аберуч за думку, што, аднак, толькi вераю магчыме яе ўратаваць. Гэты адзiн толькi спосаб застаўся! Пётр жа гаварыў яму, што верай зямлю можна зварухнуць з пасаду. Дык суняў думкi, здушыў у сабе сумнiў, цэлую iстоту сваю змясцiў у вадно слова: «Веру!» - i чакаў цуду. Але як перацягнутая струна мусiць парвацца, так i яго зламала ператуга. Мярцвячая бледнасць выступiла на твары, i цела пачало пруцянець. Няйначай, просьба ягоная выслухана, падумаў, бо вось памiрацiме. Здавалася яму, што i Лiгiя ўжо хiба мусiла памерцi, i што Хрыстус iх бярэ такiм чынам да сябе. Арэна, бель тогаў незлiчонае публiкi, святло тысячных лямпаў i светачаў - усё разам знiкла яму ўваччу.

Але гэна немач не трывала доўга. Па хвiлiне апрытомнеў, а дакладней, збудзiла яго тупанне нецярплiвае публiкi.

- Ты хворы,- кажа яму Пятронi,- загадай аднесцiся дамоў!

I, не зважаючы на тое, што падумае цэзар, устаў, каб узяць пад руку Вiнiцiя ды вывесцi яго. Сэрца перапоўнiлася лiтасцю, а прытым дражнiла яго да немагчымасцi задавальненне цэзара, якi пiльна вывучаў праз шмарагд боль Вiнiцiя, можа, на тое, каб магчы пасля ў патэтычных строфах апiсаць гэта й заслужыць на «брава» бязглуздых слухачоў. Вiнiць адмоўна хiльнуў галавою. Мог памерцi ў гэным амфiтэатры, але не мог з яго выйсцi. Адыж прадстаўленне магло за хвiлiну распачацца.

I праўда, бадай у тым жа моманце прэфект шпурнуў на арэну чырвоную хусцiну, а на той знак заскрыгiталi завесы брамы насупраць цэзарскага подыюма, i з цёмнае шчалюгi выходзiць на ясна асвечаную арэну Урсус.

Волат маргнуў павекамi, вiдаць, ад надмеру святла, падыйшоў на сярэдзiну арэны, разглядаючыся наўкола, як бы хацеў распазнаць, з чым яму прыйдзецца спаткацца. Усiм аўгустыянам i большасцi публiкi было вядома, што ён задушыў Кратона, дык, гледзячы на яго, зашумелi, загулi ўсе лавы. У Рыме не мала было гладыятараў, шмат перавышаючых нармальную меру чалавека, але падобнага вочы квiрытаў яшчэ не бачылi. Касiй, што стаяў у подыюме за цэзарам, выглядаў насупраць яго, бы малы хлапчук. Сенатары, вясталкi, цэзар, аўгустыяне ды народ з захапленнем знатоцкiм ды аматарскiм аглядалi ягоныя магутныя, грубыя, бы бярвеннi, сцёгны, падобныя да двух злучаных шчытоў грудзi ды Геркулесавыя плечукi-рукi. Пошум магутнеў з кожнай хвiлiнай. Для гэнае публiкi не магла папросту iснаваць большая раскоша, як агляданне такiх мускулаў падчас iгры, напружання й змагання. Шум i гоман змянiўся ў крык i гарачкавыя пытаннi, дзе жыве народ, якi гадуе падобных вялiкалюдаў; а той стаяў пасярод амфiтэатру нагi, падабнейшы да каменнага калоса, чым да чалавека, з сцiплаю сумнаю мiнаю барбара i, бачачы пустую арэну, пазiраў здзiўленымi сваiмi блакiтнымi вачыма дзiцяцi то на публiку, то на цэзара, то на краты кунiкулаў, адкуль чакаў катаў.

У моманце, калi выходзiў на арэну, ягонае праставатае сэрца зайграла апошнi раз надзеяй, што мо чакае яго крыж, але як не ўбачыў анi крыжа, анi гатовае ямы, падумаў: не годны я тае ласкi, вiдаць, прыйдзецца памерцi iнакш, няйначай ад звяроў. Быў безабаронны, дык рашыўся згiнуць, як прыстоiла слузе Баранка, спакойна i цярплiва. Тым часам хацеў памалiцца яшчэ да Збаўцы, дык укленчыў на арэне, злажыў рукi i падняў вочы да зораў, што мiгацелi над адкрытым угары цыркам.

Гэная поза не спадабалася публiцы. Даволi ўжо наглядзелiся на тых хрысцiян, памiраючых, як авечкi. Скемiлi, што калi волат не захоча баранiцца, вiдовiшча можа правалiцца. Тут i там пачулiся сыкi незадавальнення. Некаторыя заклiкалi мастыгофораў, што бiзунамi падганялi да барацьбы. Па хвiлiне зацiхла, аднак, усё, бо нiхто не ведаў, што чакае асiлка i цi не пачне змагацца, як спаткаецца вока ў вока з смерцю.

I не трэ было доўга чакаць. Нагла адазваўся раздзiраючы рык медзяных трубаў, а на той знак адчынiлася крата насупраць цэзаравага подыюма, i на арэну выскачыў сярод крыкаў бестыярыяў вялiзны германскi тур, несучы на галаве нагае дзявочае цела.

- Лiгiя! Лiгiя! - крыкнуў Вiнiць.

I пачаў на галаве рваць валасы, сагнуўшыся ў дугу, як чалавек, пранiзаны стралою, ды крычаць нялюдскiм голасам:

- Веру! Веру!.. Хрысце! Цуду!

Не чуў нат, як у тым моманце Пятронi закрыў яму голаў тогаю. Яму здалося, гэта смерць або боль засланяе вочы. Не глядзеў, не бачыў. Агарнула яго пачуццё нейкае страшэннае парожнi. Уцяклi з галавы ўсе думкi, вусны толькi паўтаралi, бы ў малiтве:

- Веру! Веру! Веру!..

Нараз амфiтэатр замоўк. Аўгустыяне, як адзiн чалавек, паўставалi, бо на арэне сталася небывалая рэч. Пакорны i гатовы на смерць лiг, убачыўшы сваю каралеўну на рагах дзiкае бестыi, падскочыў, як прыпечаны распаленым жалезам, i, прыгнуўшыся, рынуўся на раз'юшанага звера.

З усiх грудзей вырваўся вулкан подзiву i здумлення - дый зноў цiшыня.

Лiг, дабегшы ўмiг да расшалелага быка, схапiў яго за рогi.

- Глянь! - адзываецца Пятронi, зрываючы тогу з галавы Вiнiцiя.

А той устаў, адхiнуў узад голаў i шклястымi непрытомнымi вачыма глядзiць, збялелы, на арэну.

Замерла ўва ўсiх дыханне. Муху пралятаючую льго было пачуць. Людзi не верылi собскiм вачам. Як Рым Рымам, не бачылi такога дзiва.

Лiг трымаў дзiкага звера за рогi. Ногi ягоныя зарылiся па самыя косткi ў пясок, хрыбет выгнуўся, бы напяты лук, галава схавалася мiж плячукамi, на руках мускулы выступiлi так, што аж скура ледзь не трашчала пад iх напружаннем, але асадзiў быка на мейсцы. I чалавек i звер скамянелi ў непарушнасцi; глядзельнiкам здавалася - бачаць абраз Геркулеса цi Тэзэя або групу, выкаваную з камення. Але ў гэтай уяўнай скамянеласцi iграла страшэнная натуга дзвёх змагаючыхся з сабою сiлаў. Тур зарыўся так, як i чалавек, нагамi ў пясок, а цёмнае касматае цела ягонае скурчылася так, што стаўся падобны да вялiкага кругля. Хто першы самлее, хто першы паддасца - вось пытанне, якое ў даным моманце для гэнае раскаханае ў спаборнiцтве публiкi было важнейшым, чым iхняя ўласная доля, чым увесь Рым ды ягонае панаванне над светам. Той лiг быў для iх цяпер паўбогам, годным пашаны, мармуровых помнiкаў. Сам цэзар таксама ўстаў. Яны з Тыгэлiнам, ведаючы пра такую сiлу чалавека, знарок уладзiлi такое вiдовiшча i, строячы кпiны, талкавалi сабе: «Хай жа гэны Кратонабойца паканае тура, якога мы выберам яму!» Цяпер вось паглядалi, астаўпелыя, на сцэну перад сабою, як бы не верылi, што гэта рэчаiснасць. У амфiтэатры вiдаць было людзей з паднятымi рукамi, якiя забылiся пра сваю позу. Iншым пот выступаў на лбах, нiбыта самi змагалiся з звяракай. У цырку чутны былi толькi сушэннi полымя ў лямпах ды шорах вугалькоў, спадаючых з светачаў. Мову глядзельнiкам заняло ў вуснах, сэрцы рассаджвалi грудзi. Выдавалася iм, што барацьба трывае вякi цэлыя.

А чалавек i тур стаялi ўсцяж у неймавернай натузе, казаў бы, укапаў хто iх у зямлю.

Нараз разлягаецца па арэне прыглушаны, падобны да стогну, рык, пасля якога з усiх грудзей бухнуў крык - дый зноў цiшыня. Людзям здалося, што сняць: спагудная галамоўза быка пачынае круцiцца ў жалезных руках барбара.

А твар лiга, карк i рукi пачырванелi, моў пурпура, спiна выгiналася шчэ мацней. Вiдаць было: натужваецца апошнiмi сiламi, якiх не надоўга яму хiба хопiць.

Штораз глушэйшы, больш храплiвы й балючы рык тура мяшаецца з свiшчучым подыхам асiлка. Галава быдляцi падавалася штораз больш, а з пашчы высунуўся даўгi запенены язык.

Яшчэ момант - i да вушэй блiжэй сядзячых данёсся як бы трэск ламаных касцей. Звер павалiўся на зямлю з каркам, скручаным насмерць. Тады волат вомiг разблытаў матузы з ягоных рог i, узяўшы дзяўчыну на рукi, пачаў борзда адсопвацца. Твар ягоны збялеў, валасы пазлеплiвалiся ад поту, рукi й лапаткi былi як бы злiтыя вадою. Праз момант стаяў, як паўпрытомны, пасля, аднак жа, падняў вочы i пачаў глядзець на публiку.

А амфiтэатр шалеў!

Сцены будынку дрыжалi ад крыку шматтысячнага натаўпу. Ад пачатку iснавання вiдовiшчаў нiхто не памятаў такога ўздыму настрою.

З найвышэйшых шэрагаў беглi ў нiжэйшыя, таўкучыся ў праходах мiж лаўкамi, каб блiжэй прыгледзецца асiлку. Адусюль адзывалiся галасы пра ласку, заядлыя, упартыя, якiя незабаўна змянiлiся ў адзiн агульны вокрык. Той вялiгур стаўся цяпер дарагiм для гэтага раскаханага ў фiзiчнай сiле народу, стаўся першаю ў Рыме асобаю.

А ён зразумеў, што народ дамагаецца для яго жыцця й вольнасцi, але, вiдаць, не расходзiлася яму толькi пра сябе, пасля падыйшоў да цэзарскага подыюма i, калышучы цела малодухны на выцягнутых руках, падняў благальныя вочы, казаў бы, малiў:

- Над ёю злiтуйцеся! Яе ацалеце! Я зрабiў гэта для яе!

Глядзельнiкi сцямiлi адразу, чаго жадаў. Бачачы абамлелую красуню, якая пры вялiгурнай фiгуры лiга выдавалася малым дзiцем, расчулiўся натоўп, рыцары й сенатары. Ейная дробная постаць, так белая, як бы вырэзьбеная з алебастру, ейная абамлеласць, страшэнная небяспека, з якое вызвалiў яе асiлак, а ўрэшце, ейная краса ды ягоная прывязанасць - страсанулi сэрцы! Iншыя думалi, гэта бацька молiць лiтасцi для дзiцяцi. Лiтасць нараз бухнула полымем. Даволi ўжо было крывi, даволi смерцi, даволi пакутаў! Здушаныя слязьмi галасы дамагалiся ласкi для абаiх.

Урсус прымеж таго прасоўваўся вакол арэны i, усцяж калышучы на руках красуню, жэстам i вачыма малiў для яе лiтасцi. Нагла Вiнiць сарваўся з мейсца, пераскочыў бар'еру, дзелячую першае мейсца ад арэны, i, падбегшы да Лiгii, накрыў тогаю ейнае белае цела. Пасля разарваў тунiку на грудзях, адкрыў блiзнякi па ранах, атрыманых на армянскай вайне, i выцягнуў да народу рукi. Тады ярасць народу перабрала ўсякую спатыканую ў амфiтэатрах меру. Грамада пачала выць i грымець тупатам. Дамаганнi ласкi сталiся папросту грознымi. Народ заступаўся ўжо не толькi за атлета, але станавiўся ў абароне красунi, ваяка ды iхняга кахання. Тысячы глядзельнiкаў звярталiся да цэзара з iскрамi гневу ўваччу й зацiснутымi кулакамi. А той усё ж такi ацягаўся й хiстаўся. Да Вiнiцiя не меў, праўду сказаць, нянавiсцi, i пра смерць Лiгii яму таксама не расходзiлася, але жадаў бы бачыць цела дзяўчыны, распоранае рагамi быка або параздзiранае клыкамi паганых звяроў. Ягоная дзiкая сярдзiтасць, адзiчэлая ўява й похацi знаходзiлi сабе нейкую раскошу ў падобных вiдовiшчах. А вось народ намагаўся не дапусцiць да яе. На ўспамiн пра гэта хмара гневу легла на ягоным азызлым твары. Эгаiзм не дазваляў яму таксама паддацца волi народу, а адначасна не смеў ёй дзеля прыроднае баязлiвасцi супрацiвiцца.

Дык пачаў цiкаваць, цi прынамсi мiж аўгустыянамi не зацемiць звернутых унiз пальцаў на знак смерцi. Але Пятронi трымаў далонь, звернутую ўгару, гледзячы пры гэтым амаль не задорлiва яму ў твар. Забабонны, але пачуццёвы Вестын, якi баяўся духаў, але не баяўся людзей, даваў знак ласкi. Тое ж самае рабiў сенатар Сцэвiн, Нэрва, тое самае Тулiй Сэнэцыё, тое самае слаўны ваявода Скапула, Антыст, тое ж самае Пiзон i Ветус, i Крыспiн, i Мiнуцiй Тэрмус, i Понцiй Тэлесiн, i найважнейшы, ганараваны ў народзе, Трэзэй. Бачачы гэта, цэзар адняў шмарагд ад вока з мiнаю пагардлiваю й абражанаю, а Тыгэлiн, якому абавязкова хацелася зрабiць назадор Пятронiю, нагнуўся й кажа:

- Не саступай, боскi, маем прэторыян.

Тады Нэрон адвярнуўся ў той бок, дзе каманду над прэторыянамi трымаў строгi i адданы яму Субрый Флавiй, а ўбачыў рэч непраўдападобную: мiна старога трыбуна была грозная, але залiтая слязьмi, i руку трымаў паднятаю на знак ласкi. Прымеж таго народныя масы авалодвала закатнасць. Хмара пылу падымалася з-пад барабанячых ног i прысланяла амфiтэатр. Спамiж крычачых адзывалiся i галасы: «Агенабарбус! Маткабойца! Падпальвач!»

Нэрон збаяўся. Народ быў у цырку волатам усёўладным. Папярэднiя цэзары, а злашча Калiгула, асмялялiся часамi ламаць волю ягоную, але гэта заўсёды канчалася закалотам, часамi нат крывавым. Адыж сiтуацыя Нэрона была iншая. Перш-наперш, як камедыянт i спявак патрабаваў ласкi народу, па-другое - жадаў яго перацягнуць на свой бок супраць сенату i патрыцыяў, а ўрэшце - пасля пажару Рыму намагаўся ўсiмi спосабамi перакабацiць яго сабе i звярнуць гнеў ягоны на хрысцiян. Сцямiў, што далей супрацiўляцца было небяспечна. Розрух, пачаты ў цырку, мог агарнуць цэлы горад i скончыцца непажаданымi наступствамi. Дык зiрнуў яшчэ раз на Субрыя Флавiя, на цэнтурыёна Сцэвiна, сваяка сенатара, ды радавых i, спатыкаючы ўсюды зморшчаныя бровы, ускiпелыя твары й раз'iскраныя вочы, даў знак ласкi.

Гром воплескаў разлёгся ад гары да нiзу. Народ пераканаўся, што смерцi не пагражае ўжо асуджэнцам, бо ад гэтае хвiлiны пераходзiлi яны пад ягоную апеку, i нат цэзар не асмелiўся б iх больш пераследваць сваёю помстаю.

LXVII

Чатырох бiтынцаў несла асцярожна Лiгiю ў дом Пятронiя, а Вiнiць i Урсус iшлi побач, спяшаючыся, каб найхутчэй аддаць яе ў рукi грэцкага лекара. Iшлi моўчкi, бо пасля нядаўнiх перажыванняў не маглi гутарыць. Вiнiць да гэтай хвiлiны быў яшчэ як бы паўпрытомны. Думаў сабе: Лiгiя адратаваная, не пагражае ёй ужо вязнiца, нi смерць у цырку; думаў, што няшчасце iхняе скончана назаўсёды, бярэ вось яе дадому, каб нiколi ўжо не разлучацца. I здавалася яму, што гэта не сапраўднасць, а пачатак нейкага зусiм новага жыцця. Час ад часу нагiнаўся да адкрытае лектыкi, каб прыглядацца гэнаму каханаму аблiччу, якое пры месячным святле выглядала спячым, i паўтараў у думцы: «Гэта яна! Хрыстус ашчадзiў яе!» Прыгадаў сабе таксама, што да сполярыюма, куды абодва з Урсусам аднеслi Лiгiю, прыйшоў нейкi незнаёмы лекар i запэўнiваў яго, што дзяўчына жыве ды будзе жыць. Дык радасць раздзiмала яму грудзi, аж часамi слабеў i апiраўся аб плячо Урсуса, не могучы йсцi.

Iшлi борзда праз вулiцы свежа забудаваныя, бялеючыя ў месячным святле. Горад быў пусты. Дзе-нiдзе толькi грамадкi людзей, увенчаныя зеленню, пяялi й танцавалi пад флейту перад портыкамi, карыстаючы з чароўнае ночы й святочнае пары, якая трывала ад пачатку iгрышчаў. I толькi перад самым домам Урсус перастаў малiцца i прыцiшна адазваўся, як бы баючыся разбудзiць Лiгiю:

- Спадару, гэта Збаўца ўратаваў яе ад смерцi. Як я ўгледзеў яе на рагох тура, пачуў у душы голас: «Баранi яе!» I быў гэта, бясспрэчна, голас Баранка. Вязнiца перажэрла мае сiлы, але Ён мне вярнуў на тую хвiлiну iх, i Ён натхнiў гэны дзiкi народ, што ўступiўся за яе. Будзь воля Ягоная! Вiнiць дадаў:

- Пашана й слава iменi Ягонаму!..

Але больш не мог гаварыць, бо моцнае разжаленне падвярнула яму пад грудзi. Брала ахвота кiнуцца на зямлю i дзякаваць Збаўцы за цуд i мiласэрнасць.

Дайшлi да дому; служба, упярэджаная праз высланага знарок насустрач нявольнiка, высыпала на iхняе спатканне. Павал з Тарсу яшчэ ў Анцыюме навярнуў большую частку гэных людзей. Няшчасце Вiнiцiя ведамае было iм добра, дык радасць iхняя пры спатканнi ахвяр, вырваных з Нэронавых кiпцюроў, была вялiкая, а пабольшылася яшчэ, як лекар Тэоклес па агледзiнах Лiгii сцвердзiў, што нiдзе не пакалечана i, як мiне слабасць пасля вязнiчнага тыфусу, будзе здарова.

Апрытамнела яна яшчэ тае ж ночы. Прачнуўшыся ў прыгожым кубiкулюме, асветленым карынскiмi лямпамi, сярод паху вервены, не ведала, дзе яна ды што з ёй дзеецца. Стаяла ў памяцi тая хвiлiна, калi прывязвалi яе да рагоў спутанага ланцугамi быка, а цяпер вось, бачачы над сабою аблiчча Вiнiцiя, асветленае лагодным краскавым святлом, падумала, што хiба яны ўжо не на зямлi. Думкi блыталiся ў ейнай аслабелай галованьцы; здавалася ёй натуральнай рэчай, што па дарозе ў неба затрымалiся недзе з прычыны ейнага ператамлення й слабасцi. Не чуючы, аднак, болю, усмiхнулася да Вiнiцiя i хацела спытаць, дзе яны, але з ейных вуснаў выйшаў толькi цiхi шэпт, у якiм Вiнiць ледзь мог дачуць сваё iмя. Дык нахiлiўся да яе i, палажыўшы лягонька руку на ейным чале, сказаў:

- Хрыстус цябе ашчадзiў i вярнуў мне цябе!

Ейныя вусны паварушылiся зноў недачувальным шэптам. Па хвiлiне, аднак, павекi прыплюшчылiся, грудзi паднялiся лёгкiм уздыхам, i запала ў глыбокi сон, якога чакаў лекар Тэоклес i пасля якога абяцаў паварот здароўя.

А Вiнiць застаўся пры ёй, кленчучы й молячыся. Душа ягоная растаплялася ў так магутным каханнi, што забыў сам сябе. Тэоклес уваходзiў некалькi разоў, з-за процiлеглае заслоны таксама не аднойчы паказвалася залатавалосая галава Эўнiкi, урэшце, журавы, гадаваныя ў агародах, крумканнем звяшчалi пачатак дня, а ён яшчэ думкаю абнiмаў стопы Хрыста, не бачачы й не чуючы навокал сябе нiчога, з сэрцам, разгарэўшымся ў ахвярную гекатомбу, занураны ў захапленнi, як бы ў неба ўзяты ўжо пры жыццi.

LXVIII

Пятронi па вызваленнi Лiгii, не хочучы дражнiць цэзара, пайшоў з iм, разам з iншымi аўгустыянамi, на Палатын. Хацеў праслухаць, аб чым там гаварыцiмуць, а злашча пераканацца, цi Тыгэлiн не абдумае чаго новага на згубу красунi. Праўда, i яна i Урсус узяты былi як бы пад апеку народу, i без раздражнення народу нiхто цяпер не мог падняць на яе рукi, аднак Пятронi, ведаючы пра нянавiсць, якою гарэў усёўладны прэфект прэторыi, прадбачваў, што праўдападобна той, не могучы дасягнуць яго беспасярэдне, спрабавацiме якiм-небудзь спосабам памставаць над ягоным сястрынцом.

Нэрон быў раздражнёны i гнеўны, як цёмная хмара, бо прадстаўленне скончылася зусiм iнакш, чым ён жадаў. На Пятронiя спачатку не хацеў нат i глядзець, але той, не трацячы раўнавагi, падыйшоў да яго з цэлаю свабодаю арбiтра элеганцыi i сказаў:

- Цi ведаеш, боскi, што мне прыйшло ў голаў? Напiшы песню пра красуню, якую воля ўладара свету вызваляе з рог дзiкага тура i аддае каханку. Грэкi маюць чулае сэрца, я пэўны, што такая песня iх ачаруе.

Думка гэная, памiма раздражнёнасцi, прыпала да смаку Нэрону, прыпала падвойна: раз - як тэма да песнi, а другое - ён жа мог сябе ў ёй выславiць як вялiкадушнага ўладара свету, дык паглядзеў на Пятронiя й сказаў:

- Так, можа й праўду кажаш! Але цi выпадае мне апяваць уласную дабрыню?

- Не патрабуеш згадваць свайго iменi. Кожны ў Рыме здагадаецца й так, пра што будзе мова, а з Рыму разыходзяцца весткi на ўвесь свет.

- I ты пэўны, што гэта падабацiмецца ў Ахайi?

- На Палукса! - прыцвердзiў Пятронi.

I адыйшоў задаволены: быў цяпер пэўны, што Нэрон, якога ўсё жыццё было нагiнаннем рэчаiснасцi да лiтаратурных помыслаў, не захоча папсаваць сабе тэмы, а тым самым звяжа рукi Тыгэлiну. Гэта не змяняла, аднак жа, ягонага намеру выпраўлення Вiнiцiя з Рыму, як толькi здароўе Лiгii перастане быць перашкодаю. Вось жа, убачыўшы яго наступнага дня, сказаў яму:

- Вывязi яе на Сiцылiю. Адно здарэнне сведчыць, што з боку цэзара вам, здэцца, нiчога не пагражацiме, але Тыгэлiн гатовы скарыстаць нат i з атруты, калi не праз нянавiсць да вас, дык да мяне.

Вiнiць усмiхнуўся на гэта й адказаў:

- Яна была на рагах тура, адыж Хрыстус яе ашчадзiў.

- Дык ахвяруй яму сто валоў,- стаяў пры сваiм Пятронi,- але не дамагайся ашчады другi раз... Цi памятаеш, як Эол спаткаў Адысея, калi вярнуўся прасiць яго другi раз памысных вятроў? Боствы не любяць паўтараць адно й тое самае.

- Як толькi выздаравее, адвязу яе да Пампонii Грэцыны,- кажа Вiнiць.

- I гэта будзе тым лепш, што Пампонiя ляжыць хворая. Казаў мне пра гэта сваяк Аўлюсаў, Антыстыюс. Тут тым часам будуць дзеяцца такiя рэчы, што людзi забудуцца пра вас, а ў сянняшнiх часах найшчаслiвейшыя тыя, пра каго ўсе забылiся. Хай Фартуна будзе вам сонцам зiмою, а ценем улетку. Гэта сказаўшы, пакiнуў Вiнiцiя ягонаму шчасцю, а сам пайшоў распытаць Тэоклеса пра жыццё й здароўе Лiгii.

Але ёй ужо небяспека не пагражала. У вязнiцы дабiла б яе гнiлое паветра й нявыгады, але цяпер даглядала яе найруплiвейшая апека, дастатак, а нат i камфорт. Па загаду Тэоклеса цераз два днi пачалi выносiць яе ў агароды, акружаючыя вiллу, дзе прабывала доўгi час. Вiнiць убiраў ейную лектыку ў анемоны, а злашча ў iрысы, каб прыгадаць ёй атрыюм у доме Аўлаў. Не раз гутарылi ў цянёчку, пабраўшыся за рукi, пра даўны боль i трывогi. Лiгiя талкавала яму, што Хрыстус наўмысна вёў яго праз пакуты, каб змянiць ягоную душу й падняць да сябе, а ён згаджаўся й адчуваў, што ў iм нiчога не засталося з даўнейшага патрыцыя, якi не прызнаваў iншага права акрамя собскага жыцця. Але ў гэных успамiнах не было нiчога горкага. Здавалася iм абаiм, што цэлыя гады прайшлi над iхнiмi галавамi, што тая страхотная мiнуўшчына засталася ўжо далёка па-за iмi. Цяпер атуляе iх супакой, якога нiколi перад тым не адчувалi. Нейкае новае жыццё, надта салодкае i ўтульнае, iшло да iх i авалодвала iмi. У Рыме цэзар мог сабе буянiць i наганяць трывогу ўсяму свету, а яны, чуючы над сабою апеку без параўнання магутнейшую, не баялiся ўжо нi ягонай злосцi, нi дзiкiх шалаў, як бы ён перастаў быць iхнiм валадаром, iхняга жыцця й смерцi. Раз, на надвячэрры, пачулi яны рыкi львоў у вiварыях. Калiсь гэта Вiнiцiя праймала трывогаю, як злавесная варажба - цяпер пераглянулiся толькi ўсмешлiва ды паднялi абое вочы да вячэрнiх зораў. Iншы раз Лiгiя, не могучы ад слабасцi яшчэ хадзiць, засынала, закалыханая агародняю цiшынёю, а ён сядзеў пры ёй i, углядаючыся ў спячае аблiчча, мiмахоць думаў, што гэта ўжо не тая Лiгiя, якую спаткаў у Аўлаў. Вязнiца й хвароба знасiлi часткова ейную прыгажосць. Тады, у Аўлаў, i пасля, калi прыйшоў адбiраць яе ў Мырыямы, была так цуднай, бы статуя, бы кветка; цяпер твар ейны стаўся амаль не празрысты, рукi зблажалi, фiгура зблажала ад хваробы, вусны збляднелi, i вочы нат выдавалiся менш блакiтнымi, чым тады. Залатавалосая Эўнiка, якая прыносiла ёй кветкi i каштоўныя тканiны для прыкрывання ног, выглядала пры ёй, бы цыпрыскае боства. Эстэта Пятронi дарма намагаўся вышукваць у ёй даўныя прывабы i, пацiскаючы плячыма, думаў у душы: цi варты быў гэны цень Элiзэйскiх палёў такiх захадаў, болю й пакутаў, якiя амаль не высмакталi жыццё Вiнiцiю? Але Вiнiць, якi любiў цяпер ейную душу, яе адну толькi кахаў цяпер тым больш i, калi сядзеў пры заснуўшай, бачыў у ёй увесь свет.

LXIX

Вестка пра цудоўную ашчаду Лiгii хутка разнеслася сярод ацалеўшых ад паграму хрысцiян. Вызнавальнiкi пачалi сходзiцца, каб аглядаць тую, над якою яўна аказалася ласка Хрыстовая. Прыйшоў насамперш Назарка з Мырыямай, у якiх дагэтуль хаваўся Апостал Пётр, а за iмi прыходзiлi iншыя. Усе разам, поспал з Вiнiцiем, Лiгiяй ды хрысцiянскiмi нявольнiкамi Пятронiя, слухалi з увагай расказу Урсуса пра той голас, што адазваўся ў ягонай душы i загадаў яму змагацца з дзiкiм зверам, i ўсе адыходзiлi з льгою й надзеяй, што Хрыстус, аднак, не дазволiць выкаранiць да астанку сваiх вернiкаў на зямлi, пакуль Сам не прыйдзе на страшны суд. I гэна надзея падтрымоўвала iхнiя сэрцы, бо пераслед не ўцiхаў i дагэтуль. Каго толькi публiчны голас паказваў як хрысцiянiна, таго гарадскiя вiгiлы вомiг хапалi ў вязнiцу. Ахвяр, праўда, было ўжо менш, бо агул вызнавальнiкаў быў ужо вылаўлены й вымучаны, а хто ўцалеў, той або ўцякаў з Рыму, каб на далёкай правiнцыi перачакаць буру, або старанна хаваўся, не адважваючыся збiрацца на супольныя малiтвы iнакш, як у арэнарыях за горадам. Аднак жа яшчэ сачылi iх, i хоць фактычна iгрышчы былi скончаны, перахоўвалi iх на наступныя або судзiлi паадзiночна. А хоць народ рымскi не верыў ужо ў iхнюю вiну, дык аднак жа агалошвалi iх за непрыяцеляў чалавецтва й дзяржавы, i эдыкт супраць iх трываў у даўнай сiле.

Апостал Пётр праз доўгi час не смеў паказацца ў доме Пятронiя; урэшце, аднак, аднаго вечару Назар паведамiў, што прыйдзе. Лiгiя, якая ўжо магла сама хадзiць, i Вiнiць выбеглi на спатканне яго й пачалi абнiмаць яму ногi, а ён вiтаў iх з расчуленнем тым больш, што няшмат яму засталося ўжо авечак у гэным статку, над якiм даў яму ўладу Хрыстус ды над доляй якога плакала цяпер ягонае сэрца. Дык вось жа, калi Вiнiць сказаў яму: «Вучыцелю, дзякуючы табе Збаўца вярнуў мне яе!», ён адказаў: «Вярнуў яе дзеля тваёй веры дый дзеля таго, каб не замоўклi ўсе вусны, славячыя Ягонае iмя». I, мусiць, думаў тады пра тыя тысячы дзяцей сваiх, параздзiраных дзiкiм звяр'ём, пра тыя крыжы, якiмi набiты былi арэны, ды пра тыя слупы вагнiстыя ў агародах Бестыi, бо гаварыў гэта з вялiкаю жаласцю. Вiнiць i Лiгiя зацемiлi таксама, што валасы ягоныя збялелi зусiм, цэлая постаць прыгнулася, а ў аблiччы гэтулькi меў суму й цярпення, як бы сам прайшоў тыя пакуты й боль, праз якiя прайшлi ахвяры шалёнага людажэрства Нэрона. Але абое разумелi ўжо, што, калi Хрыстус сам паддаўся пакутам i смерцi, не можа ўхiлiцца ад яе нiхто. Аднак жа балела iм сэрца, гледзячы на Апостала, прыгнечанага векам, працай i болем. Дык Вiнiць, якi за некалькi ўжо дзён манiўся спаткацца з Пампонiяй i далей ехаць на Сiцылiю, пачаў прасiць яго, каб разам з iмi выехаў з Рыму.

Але Апостал палажыў яму на галаве руку й адказаў:

- Чую вось у душы словы майго Ўсеспадара, якi сказаў мне над Тыбэрыядскiм морам: «Калi ты быў малодшым, падпярэзваўся й хадзiў, кудой хацеў, але як састарэешся, выцягнеш твае рукi, а iншы падпярэжа цябе й павядзе, куды ты не хочаш». Вось жа, пара ўжо мне пайсцi за статкам маiм.

А бачачы маўчанне iх, не зразумеўшых, што кажа, дадаў:

- Дабягае да канца мая праца, але гасцiннасць i адпачынак мецiму толькi ў майго Ўсеспадара.

Пасля звярнуўся да iх i гаварыў далей:

- «Не забывайце аба мне, бо я вас так палюбiў, як бацька родных дзяцей, а што толькi ў жыццi рабiцiмеце, рабеце на хвалу Богу». Так гаворачы, падняў над iмi свае старыя дрыжачыя далонi i багаславiў iх, а яны тулiлiся да яго, прадчуваючы, што мо гэта апошняе багаслаўленне атрымоўваюць з ягоных рук.

Было iм суджана, аднак, яшчэ раз яго бачыць. Пасля некалькiх дзён пазней Пятронi прынёс грозныя весткi з Палатыну. Там выявiлася, што адзiн з цэзаравых вызвольнiкаў быў хрысцiянiнам, i знойдзена ў яго лiсты Пятра й Паўла, а таксама лiсты Якуба, Юды й Яна. Прабыванне Пятра ў Рыме было ўжо Тыгэлiну даўно ведамым, але ён думаў, што той згiнуў разам з тысячамi iншых хрысцiян. Цяпер вось выдавалася, што два старшыны новае веры жывуць да гэтых пор у сталiцы, дык вырашана знайсцi iх за ўсякую цану i злавiць, бо спадзявалiся праз iхнюю смерць вырваць апошнiя карэннi ненавiснае веры. Пятронi чуў ад Вестына, што сам цэзар выдаў загад, каб у працягу трох дзён Пётр i Павал былi ўжо ў Мамэртынскай вязнiцы, ды што цэлыя аддзелы прэторыянаў выслана для ператрэскi на Затыбры.

Вiнiць, даведаўшыся пра гэта, вырашыў пайсцi перасцерагчы Апостала. Вечарам абодва з Урсусам, накiнуўшы галiйскiя плашчы, засланяючыя твар, пайшлi да Мырыямы, дзе прабываў Пётр, а стаяў той дом на самым канцы затыбранскае часткi гораду пад Янiкульскiм узгор'ем. Па дарозе бачылi дамы, абстаўленыя прэторыянамi, якiх накiроўвалi нейкiя незнаёмыя людзi. Квартал быў устрывожаны, збiралiся грамады цiкаўных. Тут i там цэнтурыёны рабiлi допыты арыштаваных вязняў пра Пятра Сымона i Паўла з Тарсу.

Урсус i Вiнiць выперадзiлi ваяроў, дайшлi шчаслiва да памешкання Мырыямы, дзе засталi Пятра з жменькаю верных. Тымафей, памочнiк Паўла з Тарсу, i Лiн былi таксама тамака.

Даведаўшыся пра небяспеку, Назарка вывеў усiх таемным праходам да агароднае брамкi i далей да каменных сухадолаў, на колькiсот мо ступеняў адлеглых ад Янiкульскае брамы. Урсус пры тым мусiў несцi Лiна, бо паламаныя на тортурах косцi ягоныя яшчэ не пазрасталiся. У падзямеллi пачулiся беспячнейшымi i пры жухлым святлiку Назаркавым пачалi цiхую нараду, як ратаваць дарагое жыццё Апостала.

- Вучыцель,- кажа яму Вiнiць,- хай заўтра ледзь золак выведзе цябе Назар у Альбанскiя горы. Там мы цябе знойдзем ды забярэм у Анцыюм, дзе чакае вадаход, якiм манiмся ехаць у Неапаль i на Сiцылiю. Шчаслiвы будзе дзень i гадзiна, у якой пераступiш парог майго дому i пабагаславiш маё вогнiшча.

Усе слухалi яго з радасцю i настойвалi на Апостала, кажучы:

- Сцеражыся, пастыру наш, бо не астояцца табе ў Рыме. Перахавай жывую праўду, каб не згiнула разам з намi й з табою. Паслухай нас, просiм цябе, як бацьку.

- Зрабi гэта ў iмя Хрыста! - малiлi iншыя, чапляючыся ягонай вопраткi.

А ён адказаў:

- Дзеткi мае! Хто ж з нас можа ведаць, калi й дзе яму Госпад канец жыцця прызначыць?!

Але не адмаўляўся выходзiць з Рыму, i сам не ведаў, што рабiць, бо даўно ўжо няпэўнасць i трывога ўкрадалiся ў ягоную душу. Бо ж статак ягоны быў разагнаны, праца разбурана. Субожню, якая перад пажарам гораду так буйна разраслася, моц Бестыi скрышыла ў пыл. Не засталося нiчога акрамя слёз, крывавых успамiнаў i смерцi. Сяўба выдала багаты ўраджай, але нячыстая сiла ўтаптала яго ў зямлю. Сiлы нябесныя не падаспелi з помаччу гiнучым, i вось Нэрон рассядаецца ў славе над светам, страшэнны й магутнейшы, чым калi, валадар усiх мароў i сушаў. Не раз ужо Божы Рыбак выцягаў у самоце рукi да неба й пытаў: «Усеспадару, што мне рабiць? Як жа мне астояцца? I як жа мне, нядужаму старцу, змагацца з гэнаю бязмежнаю сiлаю Зла, якому Ты дазволiў валадаць i асiльваць нас?!»

I адзываўся так з глыбокiм болем, паўтараючы ў душы: «Няма ўжо тых авечак, якiя загадаў Ты мне пасвiць, няма Твае Субожнi, пустэча й жалоба ў тваёй сталiцы, дык што мне цяпер загадаеш? Цi мне тут застацца, цi ўцякаць з астанкамi статку, каб недзе там, за гарамi, употайкi славiць iмя Тваё?!»

I надумоўваўся. Ведаў, што жывая праўда не згiне i мусiцiме пераважыць, але часамi думаў, што не прыйшла яшчэ ейная пара, якая прыйдзе толькi тады, як Госпад сам сыйдзе на зямлю ў судны дзень у славе й сiле, без параўнання магутнейшай, чым Нэронава.

Часта здавалася яму: калi сам выйдзе з Рыму, верныя пойдуць за iм, а ён завядзе iх тады аж у цянiстыя гаi Галiлеi, на цiхую водную роўню Тыбэрыяды, спакойных, бы галубкi цi авечанькi, якiя пасвяцца там сярод чабароў i нарду. I штораз большая туга да цiшынi й супачынку, да возера й Галiлеi агартала рыбачае сэрца, штораз часцейшыя слёзы наплывалi на вочы старца.

Але, калi на хвiлiну спынiўся ўжо на нейкiм рашэннi, хапаў яго наглы страх i трывога. Як жа яму пакiдаць гэны горад, дзе гэтулькi пакутнiцкае крывi зямля выпiла, дзе гэтулькi канаючых вуснаў давала сведчанне праўдзе? А ён адзiн будзе ад гэтага ўхiляцца? I што адкажа Збаўцы на пытанне: «Яны вось паўмiралi за веру сваю, а ты ўцёк?»

Днi i ночы беглi ў маркоце й турботах. Iншыя, якiх львы паразрывалi, якiх папрыбiвана да крыжоў, папалена ў агародах цэзара, паснулi ў Хрысце пасля сваiх пакутаў, а ён спаць не мог, ён чуў пакуту большую ад усiх тых, якiя каты выдумалi для ахвяр. Золак часта бялiў ужо дахi дамоў, а ён яшчэ скардзiўся з глыбiнi разжаленага сэрца:

- Збавiцелю, пашто Ты мне сюды загадаў прыходзiць i закладаць у гэным гняздзе Бестыi сваю сталiцу?!

Праз трыццаць чатыры гады пасля смерцi свайго Вучыцеля не меў супачынку. З кiем у руцэ абягаў свет i апавяшчаў «добрую навiну». Сiлы яго змаглiся ў працах i падарожжах, аж урэшце, калi ў гэным горадзе, якi быў галавою свету, зацвердзiў установу Божую, адзiн вагнiсты подых Злосцi зжор яе, i бачыў, што змаганне трэ пачынаць нанава. Дый якое змаганне! З аднаго боку цэзар, сенат, народ, легii, абыймаючыя жалезным абручом увесь свет, непералiчныя гарады, краi, магутнасць, якое вока людское не аглядала; а з другога - ён, згорблены ад старасцi й працы, ледзь уздужваючы падарожны кiй утрымаць у руцэ.

Дык iншы раз казаў сабе: не яму дужацца з цэзарам Ромы, даканаць гэта можа толькi Сам Хрыстус.

Усе гэныя думкi блыталiся ў ягонай галаве, калi слухаў наляганне апошняе жменькi сваiх верных, а яны, абступiўшы яго цесным колам, паўтаралi малебнымi галасамi:

- Ратуйся, Ойча, i нас выводзь з-пад моцы Бестыi!

У канцы i Лiн пахiлiў перад iм сваю замучаную голаў:

- Вучыцелю,- гаварыў,- табе Збаўца загадаў пасвiць свае авечкi, але ж няма ўжо тут iх, або заўтра iх тут не будзе, дык iдзi туды, дзе яшчэ знайсцi iх можаш. Жыве яшчэ Божае слова i ў Ерузалiме, i ў Антыохii, i ў Эфэзе ды ў iншых гарадох. Што зробiш, застаўшыся ў Рыме? Як ляжаш, пабольшыш толькi трыумф Бестыi. Яну Госпад не назначыў канца жыцця, Павал ёсць рымскiм грамадзянiнам, i без суду караць яго не магчымуць, але калi над табою, Ойча, раз'ярыцца пякельная моц, тады тыя, у каго змаглося ўжо сэрца, пытацiмуць: «Няма сiлы над Нэронам?» А ты ж скала, на якой стаiць Субожня Святая. Дай нам памерцi, але не дапусцi да перамогi Антыхрыста над Божым Намеснiкам i не вяртайся сюды, пакуль Бог не згладзiць гэтага людажэра, якi гэтулькi пралiў нявiннае крывi.

- Глянь на слёзы нашыя! - паўтаралi ўсе прысутныя.

Слёзы кацiлiся i па твары Пятра. Пасля, аднак, устаў i, выцягаючы над кленчачымi далонi, мовiў:

- Хвала iменi Божаму, дзейся воля Ягоная!

LXX

Наступнага дня ледзь золак дзве цёмныя фiгуры сунулiся Апiйскаю дарогаю ў бок Кампаньi.

Адною з iх быў Назар, другою - Апостал Пётр, якi пакiдаў Рым i пераследваных там сувернiкаў.

Неба на ўсходзе ледзь-ледзь праяснялася зеленаватым адценнем, якое паволi штораз выразнела, пераходзiла знiзу ў шафрановую фарбу. Срэбналiстыя дрэвы, белыя мармуры вiллаў i лукi вадацягаў, бягучыя раўнiнаю да горада, вынуралiся з ценю. Раз'яснялася паступова зеленасць неба, насычаючыся золатам. Вось усход пачаў ружавець i азарыў Альбанскiя горы, якiя паказалiся чароўныя, лiловыя, бы з самага толькi яснагляду ўтвораныя. Дрыжачыя брыльянты расiнак iскрылiся на лiстоце дрэваў. Рассноўвалася iмгла, адкрываючы штораз шырэйшы далягляд на раўнiну, рассыпаныя па ёй дамы, прыгарадкi, магiльнiкi й кучкi дрэваў, мiж якiмi бялелi калюмнады святынь.

На дарозе - нi душы. Сяляне, якiя звозiлi агароднiну ў горад, не паспелi яшчэ, мабыць, пазапрагаць вазоў. Ад каменных плiтаў, якiмi аж да самых гор выкладзены быў гасцiнец, iшоў водгук драўляных пасталоў, якiя на нагах мелi спадарожнiкi.

Вось i сонца выкацiлася з-за гор, але адначасна дзiўнае вiдовiшча лынула ў вочы Апосталу: здалося яму, быццам залацiстае кола, замест падымацца вышэй i вышэй на небе, ссунулася з гор i коцiцца па дарозе.

Сутрымаўся Пётр i кажа:

- Бачыш вунь тую яснасць, што йдзе да нас?

- Не, не бачу,- адказвае Назар.

Але Пётр па хвiлiне адзываецца, прыхiлiўшы вочы даланёю:

- Нейкая постаць iдзе да нас у сонечным бляску.

Да вушэй iхнiх не даходзiў, аднак, i найменшы водгук хады. Цiшыня наўкола. Назар бачыў толькi, што ўдалечынi дрэвы дрыжаць, як бы хто iх устрасаў, а бляск разлiваецца па раўнiне штораз шырэй.

Прыглядаецца Назар здзiўлены на Апостала.

- Ойча, што табе? - адзываецца трывожна.

А з рук Апосталавых высунуўся на зямлю падарожны кiй, вочы ў некага ўставiў, расхiлiў вусны, на твары здзiў, радасць, захапленне.

Нагла кiнуўся на каленi з выцягнутымi перад сабою рукамi i крычыць:

- Хрысце! Хрысце!

I прыпаў тварам да зямлi, як бы цалаваў нечыя стопы. Доўгае маўчанне. Пасля адзываюцца ў цiшы перарываныя словы старца:

- Quo vadis, Domine?..

Не чуў адказу Назар, але да Пятровых вушэй дайшоў салодкi сумны голас:

- Iду ў Рым, каб другi раз мяне ўкрыжавалi, бо ты пакiнуў народ мой.

Апостал ляжаў на зямлi, з тварам у пыле, без руху i слова. Назару здавалася ўжо, што абамлеў або памёр, але ён устаў урэшце, падняў дрыжачымi рукамi з зямлi кiй i, нiчога не кажучы, завярнуўся да сямi ўзгоркаў гораду.

А хлапчанё, бачачы гэта, паўтарыла, бы рэха:

- Quo vadis, Domine?.. [8]

- У Рым,- адказаў цiха Апостал.

I вярнуўся.

Павал, Ян, Лiн i ўсе верныя спаткалi яго з подзiвам ды з трывогаю тым большай, што якраз нарозвiднi, зараз пасля ягонага адыходу, прэторыяне акружылi памешканне Мырыямы й шукалi ў iм Апостала. Але ён на ўсе пытаннi адказваў iм толькi з радасцю й супакоем:

- Я бачыў Госпада!

I таго ж яшчэ вечара паспяшаўся на Острыянскi магiльнiк навучаць i хрысцiць тых, хто хацеў скупацца ў вадзе жыцця.

I ад тых пор прыходзiў туды штодня, а за iм iшлi штораз большыя грамады. Здавалася, з кожнае слязiны пакутнiцкае родзяцца новыя вызнавальнiкi, i што кожны стогн на арэне адгукваецца ў тысячных грудзях. Цэзар плавiўся ў крывi. Рым i ўвесь паганскi свет шалеў. Але тыя, каму даволi было людажэрства й шалу, тыя, каго таптана, тыя, чыё жыццё было жыццём нядолi й гныбення, усе сумныя, усе гаротныя, няшчасныя, прыходзiлi слухаць чароўную вестку пра Бога, якi з любасцi да людзей даў сябе ўкрыжаваць, каб выкупiць iхнiя грахi.

Знайшоўшы Бога, якога маглi мiлаваць, людзi знаходзiлi тое, чаго нiколi дагэтуль не мог даць тадышнi свет,- шчасце любовi.

I Пётр зразумеў, што нi цэзару, нi ўсiм ягоным легiям не адолець жывое праўды, што нi слёзы, анi кроў не зальюць ды не згасяць яе, i што толькi цяпер пачынаецца ейнае пераможнае шэсце. Зразумеў ён таксама, чаму Госпад завярнуў яго на дарозе,- так, горад самапэўнасцi, злыбяды, распусты й гвалту ператвараўся ў ягоны, Пятровы, горад i двойчы ягоную сталiцу, адкуль шырылася па ўсiм свеце ягоная ўлада над сэрцамi й душамi людзей.

LХХI

Аж урэшце прыйшла пара на абодвух Апосталаў. Але, як бы на завяршэнне службы, суджана было рыбаку Божаму ўлавiць дзве душы нат у вязнiцы. Ваяры Працэсус i Мартын'янус, якiя вартавалi яго ў Мамэртынскай вязнiцы, прынялi хрост. I прыйшла часiна пакуты. Нэрона не было тады ў Рыме. Прысуд выдалi Гэлiюс i Палiтэтэс, два вызвольнiкi, якiм цэзар даверыў на час свае непрысутнасцi ўладу над Рымам. Старэнькага Апостала згодна з праўным парадкам наўпярод убiчавалi, а наступнага дня вывелi за горад на Ватыканскiя ўзгоркi, дзе меўся быць укрыжаваны. Ваяроў вельмi здзiвiў вялiкi натаўп народу перад вязнiцай, бо ў iхнiм паняццi смерць простага чалавека, ды ў дадатку чужынца, не павiнна будзiць гэтулькi зацiкаўлення, а таго не разумелi, што працэсiя тая не складалася з цiкаўных, але з вызнавальнiкаў, жадаючых зрабiць провады на мейсца смерцi Вялiкаму Апосталу. Папаўднi адчынiлiся ўрэшце брамы вязнiцы, i Пётр паказаўся сярод аддзелу прэторыянаў. Сонца хiлiлася ўжо да Остыi, дзень быў цiхi й пагодны. Пятру з увагi на стары век не далi несцi крыжа, бо думалi, не падыме яго, анi таксама не залажылi яму вiлаў на шыю, каб не абцяжарваць яму хады. Iшоў свабодны, i верныя маглi яго добра бачыць. Як толькi сярод жалезных ваярскiх шаломаў паказалася ягоная белая галава, плач разлёгся ў народзе, але хутка зацiх, бо аблiчча старца, прамянеючае пагоднасцю й радасцю, так падзеела на ўсiх, што адразу пачалi глядзець на яго не як на ахвяру пакананую, але як на пераможнiка або трыумфатара.

I так сапраўды было. Рыбак, абыдна пакорны й прыгноблены, iшоў цяпер выпраставаны, вышэйшы ростам над канвоем, поўны павагi. Нiколi ў паставе ягонай не бачылi гэтулькi маестатычнае дастойнасцi. Магло б здавацца, гэна манарх iдзе абступлены войскам i народам. З усiх бакоў падыймалiся галасы: «Во, Пётр адыходзiць да Збаўцы!» Усе, казаў бы, забылiся, што ён iдзе на пакуты й смерць. Iшлi з урачыстаю ўвагай, спакойна, адчуваючы, што ад часу смерцi на Галгофе не здарылася дагэтуль на свеце нiчога так вялiкага, i як тая адкупiла свет цэлы, так гэтая маецца адкупiць гэты горад.

Па дарозе людзi затрымоўвалiся, здзiўленыя- вызнаўцы, кладучы iм рукi на плечы, гаварылi паважнымi галасамi: «Бачыце, як памiрае справядлiвы, каторы ведаў Хрыстуса i прапаведваў любасць на свеце!» А тыя задумоўвалiся й адыходзiлi, кажучы сабе: «Сапраўды, гэты чалавек не мог быць несправядлiвым!»

Крыкi й вулiчны гоман замоўклi. Працэсiя йшла памiж свежых новых дамоў, сярод белых калюмнадаў святынь, над якiмi вiсела глыбокае неба, спакойнае, блакiтнае. Iшлi ў цiшы; час ад часу толькi дзынкнула зброя канвою або ўзмогся пошум малiтваў. Пётр слухаў iх, аблiчча яснела яму штораз большаю радасцю, бо зор ягоны ледзь мог агарнуць тысячы вернiкаў. Прачуваў, што свайго даканаў, i ведаў ужо, што праўда тая, якую праз усё жыццё прапаведваў, залье ўсё, бы хваля, i нiшто паўстрымаць яе не здолее. Так думаючы, падняў вочы да неба i гаварыў: «Усеспадару! Ты загадаў мне заваяваць гэты светаўладны горад, дык вось яго заваяваў. Даручыў Ты мне залажыць тут сваю сталiцу, дык залажыў. Гэта Твой народ цяпер, Збавiцелю, а я iду да Цябе, бо я надта спрацаваны».

Iдучы каля святыняў, казаў iм: «Хрыстовымi святынямi будзеце!» Гледзячы на рой людзей перад сваiмi вачыма, казаў iм: «Хрыстовымi слугамi будуць вашы дзецi!» - ды йшоў з пачуццём дакананай перамогi, сведамы свае заслугi, магаты, спакойны, вялiкi. Ваяры павялi яго праз Трыумфальны мост, як бы мiмахоць пасведчвалi ягоную трыумфальнасць, i вялi далей, да Наўмахii й да Цырку. Вернiкi з Затыбра прылучылiся да паходу, i зрабiлася так вялiкая гушчара народу, што цэнтурыён, камандуючы прэторыянамi, здагадаўшыся ўрэшце, што вядзе нейкага архiсвятара ў працэсii вернiкаў, затрывожыўся малым лiкам ваякоў. Але нiводзiн вокрык абурэння цi заядласцi не адазваўся ў грамадах. Твары ўсiх праняты былi вялiкасцю хвiлiны, урачыстыя i поўныя чакання, бо некаторыя вызнавальнiкi, прыгадваючы сабе, што пры смерцi Збаўцы зямля расступiлася з жаху, а мёртвыя падыймалiся з магiлаў, думалi, што й цяпер мо будуць якiя вiдавочныя знакi, пасля каторых праз цэлыя вякi не загiне ў памяцi смерць Апостала. Iншыя нат казалi сабе: «Ануж Госпад выбера гадзiну Пятровую i сыйдзе з неба, як абяцаў, ды зробiць суд над светам». З гэнаю думкаю паручалiся мiласэрнасцi Божай.

Але наўкола было спакойна. Узгоркi, казаў бы, выгравалiся й адпачывалi ў сонцы. Паход затрымаўся ўрэшце мiж цыркам i Ватыканскiм узгор'ем. Ваяры ўзялiся цяпер капаць яму, iншыя палажылi на зямлю крыж, малаткi й кастылi, чакаючы, пакуль усё будзе гатова, а народ, цiхi й спакойны, стаяў на каленях наўкола.

Апостал з галавою ў касулях i залатых блясках звярнуўся апошнi раз да гораду. Воддаль, крыху нiжэй, палыскаваў на сонцы Тыбр; з другога берагу вiдаць было Марсавае поле, вышэй - маўзалеум Аўгуста, нiжэй - велiзарныя тэрмы, распачатыя будавацца за Нэрона; яшчэ нiжэй - тэатр Пампея, а за iм, мейсцамi бачныя, мейсцамi закрытыя iншымi будынкамi,- Сэпта Юлiя, мноства портыкаў, святыняў, калюмнаў, згрупаваных камянiц i вунь там, удалечынi, узгоркi, аблепленыя дамамi, вялiзнае людское раёвiшча, берагi якога гiнулi ў блакiтнай далячынi, гняздо лiхадзейства, але й сiлы, шалёнасцi, але й ладу, якое сталася галавою свету, ягоным гныбiцелем, а адначасна ягоным правам i супакоем, велiкамагутнае, непераможнае, векавое.

Пётр, абступлены ваякамi, паглядаў на яго так, як бы паглядаў волат i манарх на сваю спадчыну. I гаварыў яму: «Ты адкупленае, ты ўжо маё». А нiхто мiж прэторыянамi, капаючымi пад крыж яму, анi мiж вернiкамi не ўмеў адгадаць, што iставетна стаiць мiж iмi сапраўдны валадар гэтага гораду, i што прамiнуць цэзары, праплывуць хвалi барбараў, пройдуць вякi, а гэты старац валадарыцiме тут бесперапынна.

Сонца болей спусцiлася да Остыi, зрабiлася вялiкае, чырвонае. Увесь заходнi небасхiл залунаў морам святла. Ваякi падыйшлi да Пятра, каб яго распрануць. Але ён, молячыся, раптам выпраставаўся i выцягнуў высока правiцу. Каты ўстрымалiся, моў анясмеленыя ягонай паставай; вернiкi таксама сунялi дыханне ў грудзях, думаючы, будзе прамаўляць, i настала абсалютная цiшыня.

А ён, стоячы на ўзвышшы, пачаў выцягнутаю рукою рабiць знак крыжа, багаславячы ў часiне смерцi:

- Urbi et orbi! [9]

У той жа самы чароўны вечар iншы аддзел прэторыянаў вёў Остыйскаю дарогаю Паўла з Тарсу да мяйсцовасцi, называнай Aquae Salviae [10]. I за iм таксама йшла грамада вернiкаў, якiх навярнуў, а ён пазнаваў блiжэйшых знаёмых, затрымоўваўся й гутарыў з iмi, бо яму, як рымскаму грамадзянiну, варта аказвала больш ветлiвасцi. За брамаю, называнаю Тэргэмiна, спаткаў Плаўтыллю, дачку прэфекта Флавiя Сабiна, i, бачачы ейны малады твар, залiты слязьмi, сказаў:

- Плаўтылля, дочанька вечнага збаўлення, супакойся! Пазыч мне толькi хусцiны, якою завяжуць мне вочы ў моманце адыходу майго да Збаўцы.

I, узяўшы заслону, iшоў далей з аблiччам так поўным радасцi, як бы работнiк, што, добра напрацаваўшыся праз увесь дзень, вяртаецца дамоў.

Глядзеў задуменны ў роўную далячынь, што перад iм цягнулася, у Альбанскiя горы, што патаналi ў святле. Згадваў пра свае падарожжы, пра турботы й працу, пра пераможныя змаганнi i святынi, што на ўсiх землях i за ўсiмi марамi пазакладаў, i думаў, што добра заслужыў на супачын. I ён таксама свайго даканаў. Адчуваў, што посеву ягонага не развее ўжо люты вецер. Адыходзiў з перакананнем, што у вайне праўды ягонай з светам праўда пераможа, i мора задавальнення залiвала яму сэрца. Дарога да мейсца казнi была даволi далёкая, так што пачало вечарэць. Горы аблiлiся пурпураю, а падножжы iх паволi западалi ў цень. Статак вяртаўся з поля дамоў. Дзе-нiдзе йшлi грамадкi нявольнiкаў з работнiцкiм знараддзем на плячах. Перад дамамi на дарозе гулялi дзецi, цiкаўна пазiраючы на маршыруючы аддзел ваяроў. У гэтым вечары, у гэным залатым празрыстым паветры быў не толькi супакой i ўтуленне, але нейкая гармонiя, што, казаў бы, з зямлi падымалася да неба. Павал адчуваў яе, i сэрца ў iм радавалася на ўспамiн, што да гэнае музыкi свету дадаў адзiн звонкi тон, якога да гэтых пор не было, а без якога зямля была «як медзь брынчачая i як цымбал дзынкi».

I прыгадваў сабе, як ён вучыў людзей любовi, як iм талкаваў, што хоць бы раздалi маёмасць убогiм i перанялi ўсе мовы, усе тайнiцы ды ўсе навукi, будуць нiчым без любовi, каторая ёсць ласкавая, цярплiвая, каторая зла не робiць, не прагне славы, ганарыстасцi, усё знясе, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё ператрывае.

Век увесь яму прайшоў на навучаннi такое праўды. А цяпер казаў сабе ў душы: «Якая ж сiла з ёю зраўняецца, i што ж яе пераможа?! Як жа здолее цэзар здушыць яе, хоць бы ўдвая меў гэтулькi легiёнаў, удвая гэтулькi мароў i краёў i народаў?!»

Ды йшоў па адплату як пераможнiк.

Паход сыйшоў урэшце з вялiкае дарогi на ўсход вузкаю сцежкаю да Сальвiйскiх водаў. На верасох красавалася чырвонае сонца. Цэнтурыён затрымаў аддзел пад крынiцай, прыйшла пара!

Павал, закiнуўшы на плечы заслону Плаўтыллi, каб завязаць сабе ёю вочы, кiнуў зорам апошнi раз, поўным бязмернага супакою, на светазарную вячэрнюю зарнiцу i малiўся. Так! Прыйшла пара, але ён бачыў перад сабою вялiкi зорны гасцiнец, вядучы да неба, i ў душы гаварыў сабе тыя самыя словы, якiя загадзя ў пачуццi споўненае свае службы й блiзкага канца напiсаў: «Змаганнем я добрым змагаўся, веру датрымаў, абавязак выканаў - напаследак прызначаны мне вось вянок справядлiвасцi».

LХХII

А Рым шалеў па-даўнаму, так што здавалася, горад гэны, якi заваяваў увесь свет, пачынае ўрэшце з прычыны адсутнасцi праваднiкоў развальвацца сам у сабе. Яшчэ перад пакутнiцтвам Апосталаў выбухнуў таемны згавор Пiзона, а пасля яго - касьба так страшная найвышэйшых галоў у Рыме, што нат i тым, якiя бачылi боства ў Нэроне, выдаваўся ён у канцы боствам смерцi. Жалоба разгарнула свае чорныя крылы над усiм горадам, страх разгасцiўся па дамох i сэрцах, але портыкi ўпрыгажалiся вянкамi, не можна было аказваць жалю па памерлых. Людзi, якiя будзiлiся ранiцай, пыталi сябе: мо прыйдзе сяння чарга? Карагод крозаў трупаносных, iдучых за цэзарам, пабольшваўся з кожным днём.

iзон прыплацiў галавою паўстанне, а за iм пайшлi Сэнэка i Люкан, Фенiюс Руф i Плаўцый Лятэранус, i Флавiй Сцэвiн, i Афр Куiнтыян, i распусны спадручнiк цэзаравых шаленстваў Тулiй Сэнэцыё, i Прокул, i Арарык, i Аўгурын, i Гратус, i Сiлан, i Проксiмус, i Субрыюс Флавiй, калiсь цэлаю душою адданы Нэрону, i Суплiцыюс Аспэр. Адных губiла собская подласць, iншых баязлiвасць, iншых багацце, iншых мужнасць. Цэзар, перапалоханы самой колькасцю згаворшчыкаў, залiў горад ваяцтвам i трымаў як бы ў акупацыi, высылаючы штодзень цэнтурыёнаў з прысудамi смерцi ў западозраныя дамы. Асуджэнцы прынiжалiся яшчэ у пiсьмах, поўных падхлебнiцтва, дзякуючы цэзару за прысуд i запiсваючы яму частку маёмасцi, каб рэшту ўратаваць для дзяцей. Здавалася ў канцы, што Нэрон наўмысна перабiрае меру, каб пераканацца, да якой ступенi спадлелi людзi i як доўга могуць пераносiць крывавую ўладу. За бунтаўшчыкамi выгубiлi iхнiх сваякоў, сяброў ды нат простых знаёмых. Жыхары зграбных, збудаваных пасля пажару дамоў, выходзячы на вулiцу, былi пэўныя, што спаткаюць цэлы шэраг хаўтуроў. Пампей, Карнэль, Мартыялiс, Флавiюс Нэпос i Статыюс Дамiцый згiнулi, абвiнавачаныя за адсутнасць любовi да цэзара. Новiюс Прыск - за тое, што быў сябрам Сэнэкi. Руфiю Крыспу адабрана права агню й вады за тое, што калiсь быў мужам Папеi. Вялiкага Трэзэя згубiла сумленнасць. Многiя прыплацiлi жыццём крывiчэснае паходжанне, нат i Папея сталася ахвяраю раптоўнага ўзбурэння цэзара.

А сенат прынiжаўся перад сярдзiтым валадаром, будаваў на ягоны гонар святынi, рабiў дэкларункi на iнтэнцыю ягонага голасу, каранаваў вянкамi ягоныя статуi ды прызначаў яму святароў, як боству. Сенатары з трывогаю ў душы йшлi на Палатын, каб выслаўляць песню «Перыёданiцэса» i шалець разам з iм сярод бессаромнага буянства нагага цела, вiна, кветак.

Прымеж таго, на нiзох, на раллi, прасякнутай крывёю пакутнiцкай i слязьмi, узрастаў цiха, але штораз магутней засевак Пятровы.

LXXIII

Вiнiць да Пятронiя:

«Ведаем i тут, carissime, што дзеецца ў Рыме, а чаго не ведаем, тое нам дасказваюць твае пiсьмы. Калi кiнеш камень у ваду, хвалi расходзяцца навокал штораз далей, вось жа такая хваля шалёнасцi й лютасцi дайшла з Палатыну аж да нас. Па дарозе ў Грэцыю быў высланы сюды праз цэзара Карынас, якi абдзёр горад i святынi, каб запоўнiць парожны скарб. За цану поту й людскiх слёз будуецца ў Рыме Domus Aurea [11]. Быць можа, свет не аглядаў дагэтуль такога дому, але не аглядаў таксама й такое крыўды. Адыж ты ведаеш Карына. Падобным яму быў Хiлон, пакуль смерцю не адкупiў жыцця. Але да недалёкiх ля нас тут мястэчкаў людзi ягоныя не дасягнулi, можа, таму, што няма ў iх святыняў i скарбаў. Пытаеш, цi мы бяспечныя? Адкажу табе толькi тое, што мы забытыя, i хай цябе гэта задаволiць замест адказу. У гэтай вось хвiлiне з портыку, пад якiм пiшу, бачу нашу спакойную затоку, а на ёй Урсуса ў лодцы, запушчаючага сетку ў ясную глыбiню. Жонка мая прадзе чырвоную воўну вобак мяне, а ў агародах пад ценем мiгдальных дрэваў пяюць нашы нявольнiкi. Эх! Што за спакойства ўтульнае, carissime, ды якое забыццё даўных боляў i трывог! Але гэта не Паркi, як пiшаш, так салодка прадуць нiтку нашага жыцця, гэта багаславiць нам Хрыстус, найдаражэйшы Бог наш i Збаўца. Ведаем жаль i слёзы, бо нашая праўда наказвае нам плакаць над чужою бядою, але нат i ў тых слязах ёсць нязнаная вам уцеха, бо некалi, як сплыве час нашай жыткi, спаткаем тых усiх дарагiх, што пагiнулi ды шчэ пагiнуць за Боскую навуку. Для нас Пётр i Павал не памерлi, толькi нарадзiлiся ў славе. Нашыя душы бачаць iх, i калi вочы плачуць, сэрцы весяляцца iхнiм вяселлем. О так, дарагi, мы шчаслiвыя шчасцем, якое нiшто не здолее збурыць, бо смерць, якая для вас ёсць канцом усяго, для нас будзе толькi пераходам да яшчэ большага супакою, большага кахання, большае радасцi.

I так нам плывуць дзянькi й месяцы ў пагодных сэрцах. Нашыя слугi й нявольнiкi тае самае веры, што й мы, Хрыстовае, бо ж Ён паказаў любасць, дык любiмся ўсе. Не раз, як сонца заходзiць або месяц плыве ўжо па вадзе, гутарым з Лiгiяй пра даўныя часы, якiя сяння выдаюцца нам сном, а калi ўзгадаю, як гэная дарагая галованька, якую цяпер штодзень галублю да сэрца, была недалёка пакуты й загубы, усёй душою дзякую майму Ўсеспадару, з тых бо рук Ён адзiн толькi мог яе вырваць, уратаваць з арэны i аддаць мне назаўсёды. О Пятронi, ты ж бачыў, колькi гэная навука дае ўцехi i вытрываласцi ў горы, колькi цярплiвасцi й адвагi пры смерцi, дык прыедзь i паглядзi, колькi яна дае шчасця ў шэрых будзённых днях жыцця. Людзi, бачыш, не ведалi дагэтуль Бога, якога можна было б любiць, дык не любiлiся й мiж сабою; з таго йшло iхняе бяздолле, бо як святло ад сонца, так шчасце ад любовi плыве. Не навучылi iх гэнае праўды нi правадаўцы, нi фiлёзафы, i не было яе нi ў Грэцыi, нi ў Рыме, а калi кажу: «Нi ў Рыме», дык, знача, на ўсёй зямлi. Сухая i халодная навука стоiкаў, да якой цягнуць людзi сумленныя, праўда, гартуе сэрцы, бы мячы, але знячульвае iх замест абагачаць сiлаю дабрынi. Але нашто я табе гэта пiшу, больш за мяне вучонаму ды больш разумнейшаму! Ты ж таксама ведаў Паўла з Тарсу i не раз гутарыў з iм доўга, дык ведаеш лепш, цi ў супастаўленнi з ягонай праўдай навукi вашых фiлёзафаў i рэтораў акажуцца пустымi мыльнымi бурбалкамi ды пустым гукам слоў без значэння. Памятаеш пытанне, якое ён табе паставiў: «А калi б цэзар быў хрысцiянiнам, цi ж не чулiся б вы беспячнейшымi, больш пэўнымi валадарамi таго, што маеце, бестрывожныя й спакайнейшыя за заўтрашнi дзень?» Але ты казаў мне, што нашая праўда ёсць непрыяцелькай жыцця, а я цяпер табе адказваю: калi б ад пачатку пiсьма паўтараў толькi два словы- «Я шчаслiвы!» - дык i тады шчасця майго выказаць табе не здолеў бы. Так, мiлы! Дзеля таго, што кахаю ейную несмяротную душу, i што абое замiлаваныя ў Хрыстусе, у такой любовi няма нi разлукi, нi здрады, нi перамен, нi старасцi, нi смерцi. Бо калi мiне маладосць i ўрадлiвасць, калi звяне нашае цела, i прыйдзе смерць, любоў астоiцца, бо астояцца душы. Пакуль вочы мае не адкрылiся на гэнае святло, гатовы я быў для Лiгii падпалiць нат собскi дом, а сяння кажу табе: не кахаў я тады яе, кахаць навучыў мяне толькi Хрыстус. У iм ёсць крынiца шчасця й супакою. Не я табе гэта гавару, але сама рэчаiснасць. Параўнай вашыя падшытыя трывогай раскошы, вашыя бяззаўтрашнiя ўпаеннi, вашае бессаромнае буянства, падобнае да хаўтурных трызнаў, з жыццём хрысцiян - знойдзеш гатовы адказ. Але, каб мог лепей параўнаць, прыйдзi ў нашыя пахнушчыя чабаром горы, у нашыя цянiстыя гаi алiўныя, на нашае ўсланае зелянiнаю ўзбярэжжа. Чакае тут цябе ўтуленне, якога даўно ты ўжо не каштаваў, i сэрцы, што любяць цябе шчыра. Ты, маючы шляхотную й добрую душу, павiнен быць шчаслiвы. Твой хуткi розум здолее распазнаць праўду, а як распазнаеш, дык i палюбiш, бо можна быць ейным ворагам, як цэзар i Тыгэлiн, але абыякавым да яе нiхто быць не патрапiць. О, мой дарагi! Абое мы з Лiгiяй цешымся надзеяй, што цябе хутка ўбачым. Будзь здароў, шчаслiвы й спяшайся да нас!»

Пятронi атрымаў пiсьмо Вiнiцiя ў Кумэ, куды выехаў поспал з iншымi аўгустыянамi, едучымi за цэзарам. Шматгадовая барацьба ягоная з Тыгэлiнам наблiжалася да канца. Пятронi ведаў, што згiне ў ёй. I разумеў прычыны гэтага. Чым нiжэй з кожным днём цэзар спадаў да ролi камедыянта, блазна i квадрыганта, чым больш граз у хваробнай, плюгавай i грубай распусце, тым больш далiкатны эстэтычны арбiтр элеганцыi рабiўся яму цяжарам. Калi нат маўчаў, Нэрон бачыў у ягоным маўчаннi для сябе прыгану, а калi пахваляў, бачыў крывадушнасць. Статны патрыцый дражнiў ягонае самалюбства i разбуджаў зайздрасць. Ягонае багацце й каштоўныя велiчавыя творы мастацтва сталiся аб'ектам жады i валадара, i ягонага мiнiстра. Ашчаджалi яго да гэтых пор з увагi на выезд у Ахайю, дзе ягоны густ, ягонае знатоцтва грэцкiх рэчаў маглi прыдацца. Але Тыгэлiн пачаў паволi талкаваць цэзару, што Карын перавышае густам i ведай Пятронiя ды што лепш за яго патрапiць ладзiць iгрышчы, банкеты й трыумфы. Ад гэнай пары Пятронi быў наканаваны. Не смелi, аднак, прыслаць яму прысуд у Рыме. I цэзар i Тыгэлiн прыгадвалi сабе, што гэты нiбыта збабелы эстэт, «робячы з ночы дзень», затурбаваны толькi раскошай, мастацтвам i баляваннем, калi быў праконсулам у Бiтынii, а пасля консулам у сталiцы, выказаў годную подзiву працавiтасць i энергiю. Уважалi яго за здольнага да ўсяго, а ведалi, што ў Рыме мае сiмпатыю не толькi ў народзе, але нат у прэторыян. Нiхто з цэзаравых завушнiкаў не ўмеў прадбачыць, як ён у даным выпадку паступiць, дык выдавалася рэчай рассуднейшай вывабiць яго з гораду i - дасягнуць на правiнцыi.

Дзеля гэнай мэты атрымаў запросiны, каб разам з iншымi аўгустыянамi прыехаў да Кумэ, а ён, хоць прадбачваў подступ, выехаў, можа, таму, каб не аказаць яўнага ўпорства, а можа, каб яшчэ раз паказаць цэзару й аўгустыянам бестурботную i неўстрашымую вясёласць i свабоду ды паканаць апошнi раз Тыгэлiна. Тым часам той абвiнавачваў яго зараз жа за сяброўства з Сцэвiнам, якi быў душою згавору Пiзона. Пятронiевых людзей, што засталiся ў Рыме, закратавалi, дом абставiлi прэторыянскаю вартаю. Але ён, даведаўшыся пра гэта, не выявiў нi трывогi, нi нат маркоты i з усмешкай кажа аўгустыянам, якiх гасцiў у собскай багатай вiлле ў Кумэ:

- Агенабарбус не любiць нечаканых пытанняў, дык пабачыце, як збянтэжыцца, калi спытаю яго: цi гэта ён загадаў закратаваць маю фамiлiю ў сталiцы?

Пасля запавясцiў iм банкет «перад далёкiм падарожжам» i якраз рабiў прыгатаваннi да таго банкету, як даручылi яму пiсьмо ад Вiнiцiя.

Пятронi, атрымаўшы яго, крыху задумаўся; па хвiлiне, аднак, мiна зноў праяснiлася, як абыдна, i вечарам таго ж самага дня адпiсаў наступнае: «Цешуся з вашага шчасця, i подзiў мяне бярэ, чытаючы пра вашыя сэрцы, carissime, бо я не думаў, каб двое закаханых магло аб кiм трэцiм i далёкiм памятаць. А вы не толькi не забылi пра мяне, але запрашаеце мяне ў Сiцылiю, каб падзялiцца са мною вашым хлебам i вашым Хрыстом, якi, як пiшаш, так шчодра прыспорвае вам шчасця.

Калi так, дык слаўце Яго. Я думаю, дарагi, што Лiгiю вярнуў табе крыху таксама й Урсус, а крыху й народ рымскi. Калi б цэзар быў iншым чалавекам, дык я думаў бы нат, што спынiлi далейшы пераслед з увагi на тваё з iм сваяцтва праз тую ўнучку, якую Тыбэрый аддаў у сваiм часе аднаму з Вiнiцiяў. Але, калi думаеш аднак, што гэта Хрыстус - не буду спрачацца з табою. Так, не шкадуйце Яму ахвяр! Праметэй таксама прысвяцiўся для людзей, але, эгэў! Праметэй, кажуць, ёсць толькi выдумкай паэтаў, а пра Хрыста сведчылi мне веры годныя людзi, што бачылi Яго на ўласныя вочы. Я разам з вамi думаю, што гэта найсправядлiвейшы з усiх багоў.

Пытанне Паўла з Тарсу памятаю i згаджаюся, што калi б, напрыклад, Агенабарбус жыў паводле навукi Хрыстовай, дык я б, можа, меў час паехаць да вас на Сiцылiю. Тагды б у ценю дрэваў над крынiцамi гутарылi б пра ўсiх багоў ды пра ўсе праўды, як калiсь дыскутавалi грэцкiя фiлёзафы. Сяння кароткi табе мушу даць адказ.

Я двух толькi хачу прызнаваць фiлёзафаў: адзiн завецца Пырон, другi Анакрэонт. Рэшту танна табе магу прадаць разам з цэлаю школаю грэцкiх i нашых стоiкаў. Праўда жыве недзе так высока, што i самi багi Алiмпу не могуць яе дагледзець. Табе, carissime, здаецца, што ваш Алiмп яшчэ вышэйшы, i, стоячы на iм, запрашаеш мяне: «Увайдзi, а ўгледзеш тое, чаго не бачыў дагэтуль!» Быць можа. Але я табе, мой мiлы, адказваю: «Ног не маю!» I, калi дачытаеш да канца гэтае пiсьмо, думаю, прызнаеш мне праўду.

Не, мужу шчаслiвы каралевы зарнiцы! Вашая навука не для мяне! Мне любiць бiтынцаў, што носяць маю лектыку, егiпцян, качагараў у маiх лазнях, Агенабарба i Тыгэлiна? На белыя каленi Харытак прысягаю табе, хоць бы й хацеў - не патраплю! У Рыме ёсць найменш сто тысяч людзей або з крывымi лапаткамi, або з грубымi каленямi, або з сухiмi лыткамi, круглымi вачыма ды не ў меру вялiкiмi галавамi. Цi загадаеш мне iх таксама любiць? Адкуль я вазьму тую любасць, калi не чую яе ў сэрцы? А калi ваш Бог хоча, каб я iх усiх любiў, дык чаму ўсемагутнасцю сваёю не даў iм кшталтаў прыкладам Нiобiдаў, якiх бачыў ты на Палатыне? Хто любiць красу, з тае ж прычыны не можа любiць брыдоты. Iншая рэч - не верыць у нашых багоў, але падабаць iх можна, як падабалi iх Фiдыяс, i Праксытэлес, i Мiрон, i Скопас, i Лiзыяс.

Каб я й хацеў iсцi туды, куды мяне вядзеш, не магу. Ты верыш, як Павал з Тарсу, што некалi з другога боку Стыксу на нейкiх прасторах Элiзэйскiх бачыцiмеце вашага Хрыста. Добра! Дык няхай Ён Сам тады табе скажа, цi прыняў бы мяне з маiмi гэммамi, з маёю вазаю мырэнскаю i з выданнямi ад Созыяў, i з маёю Залатавалосаю. На ўспамiн пра гэта смех мяне бярэ, мой дарагi, бо ж нат i сам Павал з Тарсу гаварыў мне, што для Хрыстуса трэ вырачыся ружовых вянкоў, банкетаў i раскошы. Абяцаў мне, праўда, iншае шчасце, але я яму адказаў, што на тое iншае я застары, i што з ружаў заўсёды цешыцiмуцца мае вочы, а пах фiялкаў таксама заўсёды мне будзе мiлейшым, чым смурод заскарузлага «блiжняга» з Субуры.

Гэта вось прычыны, дзеля якiх вашае шчасце не для мяне. Але ёсць апрача гэтых яшчэ адна, якую схаваў напаследак. Клiча вось мяне Танатос. Для вас пачынаецца золак жыцця, а для мяне зайшло ўжо сонца, i змрок атуляе мне голаў. Iншымi словамi: я мушу, carissime, памерцi.

Не варта пра гэта доўга талкаваць. Мусiла так скончыцца. Ты, якi ведаеш Агенабарба, лёгка гэта ўцямiш. Тыгэлiн мяне перамог, а дакладней - не! Гэта толькi мае перамогi дабеглi да канца. Я жыў, як хацеў, i памру, як мне даўспадобы.

Не жальцеся вельмi. Нiякi бог не абяцаў мне несмяротнасцi, дык не спатыкае мяне неспадзяванка. Прытым памыляешся ты, Вiнiць, кажучы, што толькi вашае боства дапамагае памiраць спакойна. Не. Наш свет ведаў шчэ перад вамi, што, калi апошняя чара выпiта, пара адыйсцi супачыць, i шчэ ўмее рабiць гэта спакойна, пагодна. Платон кажа, што сумленнасць ёсць музыкай, а жыццё мудраца гармонiяй. Калi так, дык памру, як я жыў - сумленна.

Хацеў бы я тваю боскую сужэнку развiтаць яшчэ словамi, якiмi прывiтаў яе калiсь у Аўлаў: «Усякiм я, найусякшым прыглядаўся народам, але табе роўнае не спаткаў».

Дык, калi душа ёсць нечым большым, чым думае Нэрон, дык мая заляцiць да вас па дарозе на край Акеаноса i сядзе пры вашым доме матыльком або, як вераць егiпцяне, сокалам.

Iнакш прыбыць не магу.

А тым часам хай вам Сiцылiя станецца агародам Гесперыд, хай палявыя, лясныя й крынiчныя багiнькi сыплюць вам кветкi на вашай дарозе, а па ўсiх акантах у калюмнах вашага дому хай гняздзяцца белыя галубочкi».

LXXIV

Пятронi не памылiўся. У два днi пазней малады Нэрва, заўсёды яму спагадны i адданы, прыслаў на Кумэ свайго вызвольнiка з весткамi пра ўсё, што дзеелася пры двары цэзара.

Згуба Пятронiя была ўжо вырашана. Назаўтра вечарам манiлiся выслаць да яго з загадам цэнтурыёна, каб затрымаўся ў Кумэ i чакаў там далейшых загадаў. Наступны пасланец, высланы некалькi дзён пазней, меўся прынесцi яму прысуд смерцi.

Пятронi выслухаў даклад вызвольнiка без ценю трывогi i сказаў:

- Занясеш свайму спадару адну з маiх вазаў, якую ўручу табе перад выхадам. Падзякуй таксама яму ад мяне з цэлай душы, бо пры помачы яго магчыму выперадзiць прысуд.

I аж пачаў смяяцца, як чалавек, пэўны ўдачы свайго помыслу.

Таго ж яшчэ вечара нявольнiкi разбеглiся запрашаць усiх у Кумэ аўгустыянаў i аўгустыянак на пачэсны банкет да зграбнае вiллы арбiтра элеганцыi. А ён сам пiсаў папаўднёваю парою ў бiблiятэцы, потым выкупаўся, прыбраўся i, статны, прыгожы, моў боства, зайшоў у трыклiнiюм, каб знатоцкiм вокам дапiльнаваць прыгатаваннi, пасля ў агароды, дзе хлапчаняты й маладыя грэчанкi вiлi вянкi з ружаў на вячэру.

На твары ягоным - анi ценю горычы. Служба з таго толькi здагадалася пра незвычайнасць хвiлiны, што загадаў даць падарункi тым, з каго быў задаволены, а лёгкiя розгi тым, чыя работа не прыпала яму да смаку, або хто спярша яшчэ заслужыў на кару. Цытрыстам i спевакам загадаў шчодра заплацiць загадзя, а ў канцы, сеўшы ў агародзе пад букам, праз лiстоту якога прадзiралiся касулi сонца, красячы зямлю яснымi плямамi, заклiкаў да сябе Эўнiку.

Прыйшла, прыбраная ў бель, з мiртаваю галузкай у валасох, чароўная, моў Харыта, а ён пасадзiў яе ля сябе i, даткнуўшыся лягенька пальцамi ейных шчочак, пачаў глядзець на яе з такою любасцю, з якою знаўца аглядае боскую мармуровую постаць генiяльнае разьбы.

- Эўнiка,- адазваўся,- цi ведаеш, што ты даўно ўжо перастала быць нявольнiцай?

А яна падняла на яго свае спакойныя, блакiтныя, бы неба, зрэнкi й пачала запярэчваць рухам галавы.

- Я тваёй нявольнiцай заўсёды буду, домiне,- адказала.

- Ну, можа, не ведаеш,- гаварыў далей Пятронi,- што гэтая вiлла i тыя нявольнiкi, што ўюць вянкi, ды ўсё, што ў ёй знаходзiцца, i поле, i статкi, ад сянняшняга дня - твае.

Эўнiка, пачуўшы гэта, адсунулася борзда ад яго i галаском трывожлiвым пытае:

- Чаму ты гэта мне гаворыш, спадару?

Ды падсунулася зноў да яго, жахлiва маргаючы вачыма. Збялела, бы палатно, а ён усцяж пасмiхаўся, вымавiўшы нарэшце адно толькi слова:

- Так!

Замоўклi. Зацiхла ўсё, толькi лягенькi павеў ветрыку жартаваў лiсткамi буку. Пятронi сапраўды мог бы думаць, што перад iм статуя беламармуровая.

- Эўнiка! - кажа.- Я хачу пагодна памерцi.

Красуня, глянуўшы на яго з балючым усмехам, вышаптала:

- Слухаю.

Вечарам госцi, якiя не раз ужо бывалi на Пятронiевых банкетах i ведалi, што ў параўнаннi з iмi нат банкеты цэзара выдавалiся нуднымi i барбарскiмi, пачалi сходзiцца грамадою, а нiкому i ў думку не прыйшло, каб гэна меў быць апошнi сымпозыён. Многiя, праўда, ведалi, што над элеганцкiм арбiтрам завiслi хмары нехацi цэзара, але здаралася гэта ўжо шмат разоў, i заўсёды Пятронi ўмеў iх разагнаць нейкiм спрытным жэстам або адным смелым словам, што сапраўды нiхто не думаў, каб гэта яму пагражала паважная небяспека. Ягоная вясёлая мiна i звычайныя свабодныя паводзiны сцвярджалi дарэшты такое перакананне. Прыгожая Эўнiка, якой сказаў, што хоча памерцi пагодна, i для якое кожнае слова ягонае было святым, мела ў боскiм выглядзе поўны супакой ды нейкiя дзiўныя iскры ў зрэнках, якiя можна было б назваць радасцю. У дзвярох трыклiнiюма хлапчаняты з валасамi ў залатых сетках укладалi вянкi ружаў на галовы гасцям, упераджаючы iх паводле звычаю, каб пераступалi парог праваю нагою. У залi расходзiўся лёгкi пах фiялкаў; святло мiгацела ў рознакраскавых александрыйскiх шклах. Пры лавах стаялi грэцкiя дзяўчаткi, гатовыя скрапляць пахошчамi ногi гасцей. Пад сценамi цытрысты й афiнскiя спевакi чакалi знаку свайго харавода. Сталовы прыбор яснеў камфортам, але камфорт той не крычаў блiскоццем, не дражнiў нiкога, казаў бы, сам выцвiтаў з сябе. Веселасць i свабода разлiвалiся разам з пахам фiялкаў па залi. Госцi, уваходзячы сюды, адчувалi, што не завiсне над iмi нi прымус, нi гразьба, як гэта бывала ў цэзара, дзе замала высокiя або нат не зусiм трапныя пахвалы песнi цi паэзii можна было прыплацiць жыццём. Дык пад уражаннем сiмпатычнага асвятлення, азялененых каўшоў вiн, ледзянеючых на снежным покрыве, i мудрагелiстых страваў хутка разахвоцiлiся сэрцы бяседнiкаў. Весела зашумеў гоман гутаркi, бы гоман пчалiнага рою над абсыпанаю кветкамi яблыняй. Часамi толькi перарываў яго вулкан вясёлага рогату, часамi выкрык пахвалы, часамi замоцны цалунак белае ручанькi. Госцi, п'ючы вiно, страсалi па некалькi кропляў несмяротным багом, каб прыхiлiць iхнюю апеку i спагаднасць для гаспадара дому. Гэта нiчога, што многiя не верылi ў багоў. Так дыктаваў звычай. Пятронi, лежачы побач з Эўнiкай, гутарыў пра рымскiя навiны, пра найнавейшыя разлукi, пра любоў i любошчы, пра спорт, пра Спiкулюса, героя арэны з апошнiх дзён, ды пра найнавейшыя кнiжкi, якiя з'явiлiся ў Атракта i Созыя. Страсаючы вiно, гаварыў, што страсае толькi на гонар Цыпрыйскае Спадынi, найстарэйшае ды найважнейшае за ўсе багi, адзiнае, несмяротнае, трывалае валадарынi.

Гутарка ягоная была, моў той сонечны прамень, якi штораз iншы прадмет асвятляе, або як летнi павеў, што калыша кветкi ў агародзе. Урэшце кiўнуў на харавода, i далiкатна зазвiнелi цытры, а маладыя галасы пачалi ўтараваць iм. Пасля танцоркi з Кос, зямлячкi Эўнiкi, замiгацелi з-пад празрыстых строяў ружовымi фiгурамi. У канцы егiпскi варажбiт пачаў гасцям варажыць будучыню з шматколерных рухаў дорадаў, зачыненых у крыштальнай судзiне.

Аж вось, калi госцi назабаўлялiся ўжо ўдосталь, Пятронi падняўся на сваiм сiрыйскiм узгалоўi i важна, як бы нехаця, адазваўся:

- Прыяцелi! Выбачайце, што на банкеце звярнуўся да вас з просьбаю: хай вось кожны з вас прыме ад мяне ў дарунку тую чару, з якое найперш упусцiць кроплю ў гонар багоў ды на маю памыснасць.

Пятронiевы чары iскрылiся золатам, каштоўнасцямi i мастацкаю разьбою, дык, хоць раздаванне падарункаў было ў Рыме паспалiтаю рэччу, радасць залiла сэрцы бяседнiкаў. Адны пачалi яму дзякаваць i славiць яго на ўвесь голас; другiя казалi, што нат сам Ёвiш не ўганараваў багоў на Алiмпе падобным дарам; былi ўрэшце й такiя, якiя сумнявалiся прыняць рэч, бо так перавышала абыдную меру.

А ён падняў мырэнскую кружу, чаруючую вясёлкавымi тонамi красак, проста бясцэнную, i мовiць:

- А вось тая, з якой адлiў на гонар Цыпрыйскае Спадынi. Хай ад гэнае хвiлiны нiчые вусны да яе не датыкаюцца ды нiчые рукi на гонар iншае багiнi з яе не ўпушчаюць!

I бразнуў каштоўную судзiну на пасыпаную лiловымi кветкамi шафрану падлогу, а калi распырснулася на дробныя драбочкi, мовiў далей, бачачы навокал здзiўленыя вочы:

- Весялiцеся, дарагiя, замiж дзiвiцца. Старасць, нядужасць- гэта сумныя таварышы апошнiх гадоў жыцця. Але я вам даю добры прыклад i раду: можна, бачыце, iх не чакаць i, пакуль прыспеюць, адыйсцi дабрахотна, як я адыходжу.

- Што ты хочаш рабiць? - адазвалася адразу некалькi галасоў.

- Хачу весялiцца, вiно пiць, музыкi слухаць, любавацца гэтай вось боскай фiгурай, што вобак мяне бачыце, а пасля заснуць з увенчанаю галавою. Я ўжо развiтаўся з цэзарам, i цi хочаце паслухаць, што я на развiтанне яму напiсаў?

Гэта сказаўшы, выцягнуў з-пад пурпуровага ўзгалоўя лiст i пачаў чытаць наступнае:

«Ведаю, цэзар, што нецярплiва чакаеш майго прыбыцця, i што тваё вернае сэрца прыяцеля тужыць па мне днямi й начамi. Ведаю, што абсыпаў бы мяне дарункамi, даверыў бы мне прэфектуру прэторыi, а Тыгэлiну загадаў бы быць тым, на каго стварылi яго багi: пастухом мулаў у тых тваiх маёмасцях, якiя дасталiся табе ў спадчыне па атручаным Дамiцыю. Выбачай аднак, бо прысягаю на Гадэса i на цень твае мацi, жонкi, брата i Сэнэкi, што прыбыць да цябе не магу. Жыццё ёсць вялiкiм скарбам, а я з таго скарбу ўмеў выбiраць найбольш вартасныя каштоўнасцi, але ў жыццi ёсць таксама рэчы, якiх даўжэй сцярпець немагчыма. Ох, прашу не думаць, што мяне загiдзiла тое забойства маткi, жонкi, брата, што спалiў Рым i выслаў да Эрэбу ўсiх сумленных людзей твае дзяржавы. Не, мой праўнуча Хронаса. Смерць ёсць прызначэннем людскога пагалоўя, а ад цябе iншых учынкаў нельга было спадзявацца. Але калечыць сабе вушы праз доўгiя яшчэ гады тваiм пяяннем, аглядаць твае дамiцыянскiя тонкiя ножкi, шалеючыя ў пырэйскiм танцы, слухаць твае музыкi, твае дэкламацыi ды твае паэзii! - вось што перамагло мае сiлы i ўзбудзiла тугу да смерцi. Рым затыкае вушы, цябе слухаючы, свет з цябе смяецца, а я даўжэй чырванець за цябе не хачу i не магу. Выццё хоць бы й цэрбера, мой мiлы, да твайго пяяння падобнае, менш будзе мне дакучнае, бо я не быў нiколi ягоным прыяцелем, дый за голас ягоны саромецца не маю абавязку. Бывай здароў, але не спявай; забiвай, але не пiшы вершаў; атручвай, але не танцуй; падпальвай, толькi не грай на цытры! Таго табе жадае i гэтую апошнюю раду пасылае Арбiтр Элеганцыi».

Бяседнiкi патрухлелi, ведалi бо, што ўтрата дзяржавы менш сперунавала б Нэрона. Сцямiлi таксама, што чалавек, якi напiсаў гэты лiст, мусiць памерцi, а прытым iх самiх абняла дрыгата страху, што такога лiста слухалi.

Але Пятронi разрагатаўся так шчырым i вясёлым смехам, як бы тут пра найнявiннейшы жарт гутарылася; ён перавёў вачыма па прысутных i адазваўся:

- Весялiцеся, адкiньце трывогу! Нiхто не патрабуе хвалiцца, што гэнае пiсьмо чуў, а я пахвалюся iм хiба самому Харону падчас пераправы.

Пасля таго кiўнуў на грэка-лекара i выцягнуў да яго руку. Дазнаны грэк вомiг перавязаў яе залатою перапаскаю i падрэзаў жылы на перагiбе рукi. Кроў пырснула на ўзгалоўе i аблiла Эўнiку, якая, падпёршы голаў Пятронiя, нахiлiлася да яго.

- Мiлы, няўжо ты думаў, я цябе пакiну? Хоць бы багi абдарылi мяне несмяротнасцю, а цэзар уладаю над светам, пайшла б за табою!

Пятронi ўсмiхнуўся, крыху падняўся, дакрануўся вуснамi да ейных вуснаў i адказаў:

- Хадзi за мною!

Пасля дадаў:

- Ты сапраўды кахала мяне, боская мая!..

А яна выцягнула лекару сваю ружовую руку, i па хвiлiне кроў ейная пачала злiвацца й лучыцца з ягонай крывёю.

Даў знак хараводу, i зноў зазвiнелi цытры й галасы. Прапяялi «Гэрмадыёса», а пасля загрымела песня Анакрэонта, у якой паэт скардзiцца, што знайшоў раз пад дзвярыма ззябнутае й заплаканае дзiцятка Афрадыты. Забраў яго, абагрэў, высушыў крылейка, а яно, няўдзячнае, пранiзала яму ў адплату сэрца стралою, з тае пары не меў супакойства.

А яны, прытулiўшыся, прыгожыя, бы два боствы, слухалi, усмiхаючыся й бялеючы. Пятронi пасля гэнай песнi загадаў далей разносiць вiно i стравы, потым пачаў гутарыць з суседнiмi бяседнiкамi пра малаважныя рэчы, але мiлыя, пра якiя звычайна талкавалi на банкетах. Урэшце падазваў грэка, каб падвязаў яму на хвiлiну жылы, бо пачаў марыць яго сон, а ён хацеў бы яшчэ аддацца Гiпносу, пакуль Танатос не закалыша яго навекi.

I заснуў. Калi прачнуўся, галава красунi ляжала ўжо, падобная да белае кветкi, на ягоных грудзях. Абапёр яе на ўзгалоўi, каб яшчэ раз палюбавацца. Ды зноў развязалi яму жылы. Спевакi на ягоныя кiвомiгi запяялi новую песню Анакрэонта, а цытры акампанiявалi iм цiха, так, каб не заглушаць слоў. Пятронi бляднеў штораз больш; калi ж апошнiя тоны замоўклi, звярнуўся шчэ раз да бяседнiкаў i сказаў:

- Прыяцелi! Прызнайце, што разам з намi гiне...

I не мог дакончыць; рука ягоная абняла апошнiм рухам Эўнiку, а галава апала на ўзгалоўе - памёр.

Бяседнiкi, гледзячы на гэныя два белыя трупы, падобныя да цудных статуяў, зразумелi добра, што з iмi разам гiне адзiнае толькi, што засталося iхняму свету - паэзiя i краса.

ЭПIЛОГ

Спачатку бунт галiйскiх легiяў пад верхаводствам Вiндэкса не выдаваўся надта грозным. Цэзар меў толькi трыццаць першы год, i нiхто не смеў спадзявацца, каб свет так хутка вызвалiўся з-пад людажэра, што цiснуў яго. Прыгадвалiся даўнейшыя бунты сярод легiяў, якiя, аднак, праходзiлi, не спрычыняючы змены ўладаў. Так, за часаў Тыбэрыя Друзус супакоiў розрух легiяў Панонскiх, а Германiк - Надрэйнскiх. «Дый хто ж бы,- талкавалi людзi,- мог узяць пасля Нэрона ўладу, калi ўсе амаль нашчадкi боскага Аўгуста выгiнулi падчас ягонага панавання?» Iншыя, гледзячы на калосы, прадстаўляючыя яго як Геркулеса, мiмахоць уяўлялi сабе, што няма сiлы, якая б зламала такую магутнасць. Былi й такiя, якiя ад часу выезду ў Ахайю тужылi па iм, бо Гелiюс i Палiтэтэс, якiм даверыў урадаванне над Рымам ды Iталiяй, гаспадарылi яшчэ крывавей, чым ён сам.

Нiхто не быў пэўны жыцця й маёмасцi. Права перастала баранiць людзей. Загасла людская годнасць i сумленнасць. Расслабенiлiся жанiмскiя сямейныя вузлы, а спаршывелыя сэрцы не смелi дапусцiць нат надзеi. З Грэцыi даходзiлi чуткi пра нечуваныя трыумфы цэзара, пра тысячы каронаў, якiя здабыў, i тысячы спаборнiкаў, якiх паканаў. Свет выглядаў як адно бессаромнае буянства, крывавае i блазноцкае, а адначасна ўшчапiлася перакананне, быццам прыйшоў канец сумленнасцi й рэчаў паважных, а прыспела пара танцу, музыкi, распусты, крывi, ды што так ужо мусiцiме плысцi жыццё. Сам цэзар, якому бунт адчыняў дарогу да новага грабежнiцтва, мала клапацiўся збунтаванымi легiямi i Вiндэксам, а нат часта з гэнае нагоды выказваў сваю радасць. I з Ахайi не хацеў выязджаць, ажно калi Гелiюс данёс яму, што далейшае адцягванне павароту можа спрычынiць дэтранiзацыю, выехаў у Неапаль.

Там зноў граў i пяяў, пушчаючы мiма вушэй весткi пра штораз больш грозны ход справы. Дарэмна Тыгэлiн талкаваў яму, што даўнейшыя бунты легiёнаў не мелi правадыра, а цяпер стаiць на чале муж Аквiтанскага каралеўскага роду, ды прытым слаўны i дазнаны ваяўнiк. «Тут,- адказваў Нэрон,- слухаюць мяне грэкi, якiя адны толькi слухаць умеюць, ды якiя адны толькi годныя маёй песнi». Тлумачыў, што першым ягоным абавязкам - мастацтва i слава. Але, калi ўрэшце дайшла да яго вестка, што Вiндэкс назваў яго марным мастаком, скочыў i выехаў у Рым. Пятронiевы раны, загоеныя ў Грэцыi, закрывавiлiся ў ягоным сэрцы нанава, i манiўся ў сенаце шукаць справядлiвасцi за так нечуваную крыўду.

У дарозе, напаткаўшы групу, вылiтую з бронзы, прадстаўляючую галiйскага ваяка, паваленага рымскiм рыцарам, уважаў гэта за добрую варажбу i ад гэнай пары, калi згадваў збунтаваныя легii i Вiндэкса, дык толькi дзеля блазноцкае наругi над iмi. Уезд ягоны ў горад зацмiў усё, што дагэтуль бачыў свет. Уехаў на тым самым возе, на якiм калiсь Аўгуст адбываў трыумф. Збурылi адзiн лук цырку, каб адкрыць уваход для працэсii. Сенат, рыцары i незлiчоныя грамады збеглiся на яго спатканне. Сцены дрыжалi ад воклiчаў: «Вiтай, Аўгусце, вiтай, Геркулесе! Хай жыве боскi, адзiны, Алiмпiйскi, Фытыйскi, несмяротны!» За iм неслi здабытыя вянкi, назовы гарадоў, дзе трыумфаваў, i выпiсаныя на таблiцы iмёны спаборнiкаў, якiх паканаў. Нэрон сам быў упоены i пытаў з расчуленнем акружаючых яго аўгустыян: чым быў трыумф Юлiя Цэзара ў параўнаннi з ягоным трыумфам? Думка, каб жа на такога мастака-паўбога хто з смяротных адважыўся падняць руку, не хацела месцiцца яму ў галаве. Пачуваўся iставетна Алiмпiйскiм i праз гэта бяспечным. Энтузiязм i бурлiвасць натаўпу падбуралi й яго. Сапраўды, магло выдавацца ў дню ягонага трыумфу, што не толькi цэзар i горад, але свет увесь збiўся з глузду.

Пад краскамi й кучамi вянкоў не ўмеў нiхто дагледзець пропасцi. Таго ж яшчэ вечара калюмны й сцены пакрылiся напiсамi, у якiх цэзару вытыкана людажэрства, пагражана блiзкаю помстаю i высмейвана ягонае мастацтва. З вуснаў да вуснаў хадзiў сказ: «Патуль пяяў, пакуль не збудзiў пеўняў» [12]. Трывожныя весткi абеглi горад i раслi да неймаверных памераў. Аўгустыянаў агарнула трывога. Людзi з няпэўнасцi, што прынясе будучыня, не смелi выяўляць жаданняў i надзеi, не смелi адчуваць i думаць.

А ён i далей жыў толькi тэатрам i музыкай. Цiкавiлi яго новавыдуманыя iнструменты музычныя i новы вадзяны арган, з якiм рабiлi доследы на Палатыне. У здзяцiненай, бязраднай ды бяздзейнай галаве ўяўляў сабе, што далёка сягаючыя ў будучыню намеры спектакляў i вiдовiшчаў адвернуць тым самым небяспеку. Найблiжэйшыя, бачачы, што замест турбавацца пра спосабы й войска стараецца толькi знайсцi сказы, трапна малюючыя пагрозу, згубiлi толк. Iншыя думалi, што толькi заглушае сябе i другiх цытрамi, маючы ў душы трывогу й разлад. I праўда, учынкi ягоныя сталiся гарачкавымi. Штодзень тысячы намераў пралятала яму праз голаў. Iншы раз зрываўся, каб выбегчы супраць небяспекi, загадваў пакаваць на вазы цытры й лютнi, узбройваць маладыя нявольнiцы на манер амазонак, а адначасна збiраць легii з Усходу. А часамi зноў здавалася яму, што не вайною, а песняй паложыць канец галiйскiм закалотам. I ўсмiхалася яму душа да таго вiдовiшча, якое было б наступствам паканання песняю ваякоў. Вось легiянiсты абступяць яго з слязьмi ўваччу, а ён заспявае iм эпiнiцыюм, пасля якога пачнецца залатая пара для яго i для Рыму. Часамi зноў дамагаўся крывi; часамi вырашаў абмежавацца толькi да ўладарства ў Егiпце; прыгадаў пра варажбiтаў, якiя прарочылi яму панаванне ў Ерузалiме, або расчуляўся думкай, што, як вандроўны спявак, зарабляцiме на штодзённы хлеб, а гарады i край уганаруюць у ягонай асобе ўжо не цэзара, кругасветнага валадара, а небывалага песняра.

I так кiдаўся, дурэў, граў, пяяў, змяняў намеры, змяняў цытры, змяняў сваё жыццё i жыццё свету ў нейкую недарэчную мрою, фантастычную i страшэнную адначасна, у гучнае буянства надзьмутых слоў, дрэнных рыфмаў, стогнаў, слёз i крывi, а прымеж таго хмара на Захадзе расла й магутнела з кожным днём. Мера была перабрана, блазноцкая трагiкамедыя наблiжалася, вiдаць, да свайго канца.

Калi весткi пра Гальбу i прылучэнне да паўстанцаў Гiшпанii дайшлi да ягоных вушэй, закiпеў закатнаю сярдзiтасцю й шалёнасцю. Бразнуў чары аб стол пры банкеце, перавярнуў стол i выдаў загады, якiх нi Гелiюс, нi сам Тыгэлiн не смелi выканаць: вымардаваць галаў, што жывуць у Рыме, пасля йшчэ раз падпалiць горад, выпусцiць звяр'ё з арэнарыяў, а сталiцу перанесцi ў Александрыю. Гэта выдавалася яму вялiкiм геройствам, годным подзiву ды не цяжкiм. Але днi вялiкамагутнасцi ягонай ужо мiнулi, i нат судзейнiкi даўных злачынстваў пачалi глядзець на яго, як на шалёнага.

Смерць Вiндэкса i разлад збунтаваных легiяў, казаў бы, зноў перацягвалi шалю на ягоны бок. Ужо новыя банкеты, новыя трыумфы i новыя прысуды запавешчаны былi ў Рыме, калi нечакана аднае ночы на запененым лiхачы прылятае з прэторыянскага лагеру пасланец з дакладам, што ў самым горадзе войска падняло сцяг бунту i агалосiла Гальбу цэзарам.

Цэзар спаў падчас прыбыцця пасланца i, прачнуўшыся, дарэмна клiкаў прыбочнае варты, што ахоўвала начамi ягоную камору. У палацы была ўжо пустка. Нявольнiкi толькi рабавалi ў далейшых куткох усё, што трапляла пад руку. Але ягоная прысутнасць напалохала iх, а ён блукаўся адзiнокi па ўсiм доме, напаўняючы яго крыкам трывогi i роспачы.

Урэшце, аднак, вызвольнiкi Фаон, Спiрус i Эпафродыт прыскочылi яму на ратунак. Намаўлялi, каб уцякаў вомiг, як стаiць, але ён дурыўся шчэ спадзевай. А што, калi б убраны ў жалобу прамовiў да сенату? Цi ж сенат не ўзяў бы пад увагу ягоных слёз i красамоўства? Калi натужыць усе свае сiлы рэторыкi i акторства, цi ж хто-небудзь у свеце здолее слухаць яго абыякава? Цi ж бы яму не далi хоць прэфектуры ў Егiпце?

А яны, падхалiмцы, не смелi й цяпер запярэчыць, толькi асцерагалi яго, што пакуль здолее дайсцi да Форума, народ разарве яго на кавалкi, i загразiлi: калi вомiг не сядзе на каня, дык i яны пакiнуць яго.

Фаон ахвяраваў яму прытулак у сваёй вiлле за Намэнтанскаю брамаю. Праз момант паселi на конi i, панакрываўшы галовы плашчамi, паiмчалiся на край гораду. Ноч бялела. На вулiцах кiшэў, аднак, ужо рух, запавяшчаючы паважнасць хвiлiны. Ваяры то паадзiнкава, то невялiкiмi аддзеламi рассыпалiся па горадзе. Недалёка абозу цэзараў конь рвануў нечакана ўбок, спудзiўшыся трупа. З галавы ехаўшага асунуўся плашч, i ваяр, якi ў той жа хвiлiне прасунуўся вобак яго, пазнаў манарха, але, збянтэжаны неспадзяваным спатканнем, аддаў яму ваярскi гонар. Праязджаючы мiма абозу прэторыянаў, пачулi гром воклiкаў на гонар Гальбы. Нэрон сцямiў урэшце, што канец ягоны недалёка. Апанаваў яго страх i пакуты сумлення. Скардзiўся, быццам бачыць перад сабою цемру, моў чорная хмара, а з тае хмары вышчэрваюцца да яго твары маткi, жонкi, брата. Зубы ляскалi ад жаху, а ўсё ж камедыянтская душа ягоная i тут як бы бачыла нейкi чар трагiзму хвiлiны. Быць усёўладным валадаром свету i страцiць усё выдавалася яму зенiтам трагедыi. I, верны самому сабе, разыгрываў галоўную ў ёй ролю да канца. Апанавала яго похатная гарачка цытатаў i жада перадачы ягонага майстэрства нашчадкам. Сягды-тагды крычаў, што хоча памiраць, i заклiкаў Спiкула, якi найзручней за ўсiх гладыятараў забiваў. Часамi дэкламаваў: «Мацi, жонка, айцец на смерць мяне ўзываюць!» Проблыскi надзеi будзiлiся часамi, аднак, у iм, пустыя, дзiцячыя. Бачыў iдучую да яго смерць i адначасна не верыў у яе. Намэнтанская брама была адчынена. Едучы далей, прасунулiся мiма Острыянума, дзе Пётр навучаў i хрысцiў. На свiтаннi былi ў вiлле Фаона.

Там вызвольнiкi не хавалi ўжо перад iм, што пара памерцi, дык загадаў капаць сабе яму i лёг на зямлi, каб знялi акуратную меру. Глядзеў на выкiданы з ямы пясок i калацiўся ад страху. Налiты твар ягоны збялеў, пот выступiў на лбе, бы краплiны ранняе расы. Ацягаўся. Мярэчыў трэмолавым акторскiм голасам, што яшчэ пара не падаспела, дый зноў давай цытаваць. У канцы прасiў, каб яго спалiлi. «Што за мастак гiне!» - бедаваў жахлiва.

Прымеж таго, прыскочыў пасланец Фаона з дакладам, што сенат выдаў на забойцу бацькоў ужо прысуд, i што парыцыда1будзе ўкараны паводле даўняга звычаю.

- Што там за звычай? - спытаў збялелымi вуснамi Нэрон.

- Шыю ўшчэмяць у вiлы i засцёбаюць, забiчуюць цябе на смерць, а цела ўкiнуць у Тыбр! - пагардлiва адказаў Эпафродыт.

Давай ён тады расхiляць на грудзях вопратку.

- Ну дык пара! - кажа, узглянуўшы ў неба.

Ды йшчэ раз прыцвердзiўшы:

- Што за артысты гiне!

Нараз загрукацелi конскiя капыты. Гэта цэнтурыён з аддзелам ваяроў прыязджаў па галаву Агенабарба.

- Не марудзь! - закрычалi вызвольнiкi.

Нэрон прылажыў да шыi нож, але рука пачала дрыжаць, вiдаць было, што нiколi не адважыцца ўсадзiць яго. Тады Эпафродыт неспадзявана папхнуў ягоную руку, i нож схаваўся па самы тронак, аж зекры яму выперла наверх, страхотныя, вялiзныя, жахлiвыя.

- Прыношу табе жыццё! - адазваўся, уваходзячы, цэнтурыён.

- Запозна,- адказаў храплiвым голасам Нэрон.

Пасля дадаў:

- Во гэта вернасць!

Смерць хутка пачала абнiмаць голаў. Кроў з грубога карку аблюзгвала чорным раўчуком агародныя кветкi. Нагамi рыў зямлю i - сканаў. Верная Актэ абвiла яго назаўтра каштоўнымi тканiнамi i спалiла на перапоўненым пахошчамi вогнiшчы.

I так прамiнуў Нэрон, як мiнае лiхая бура, навальнiца, пажар, вайна цi паморак. А базылiка Пятра валадарыць i дасюль з Ватыканскiх высяў над народам i светам.

Недалёка Капэнскае брамы стаiць i дасяння маленькая каплiчка з прыцёртым крыху напiсам: «Quo Vadis, Domine?»

КАМЕНТАРЫ

С. 329: ...смерць Дэдала й Iкара...- Унук афiнскага ўладара Эрэхтэя, дыхтоўны майстар, архiтэктар i скульптар Дэдал, як сведчыць мiф, каб уратавацца ад караля Мiнаса, вырабiў крылы з пёраў, змацаваных воскам, i разам з сынам паляцеў з Крыта. Падчас палёту Iкар узняўся занадта высока, сонца растапiла воск, i Iкар звалiўся ў мора; Дэдалу ж (паводле адной з самых распаўсюджаных версiй мiфа) удалося даляцець да Сiцылii. Дырцэ - у грэцкай мiфалогii жонка фiванскага ўладара Лiка, якая шмат гадоў прыгнятала Зэўсаву каханку Антыопу; калi сыны Зэўса i Антыопы, якiх звалi Зэт i Амфiон, выраслi ды захапiлi Фiвы, яны катавалi Дырцэ, прывязаўшы яе да рагоў дзiкага быка. Пасыфэ - дачка бога Гелiёса, жонка крыцкага караля Мiнаса; за тое, што Мiнас парушыў сваё абяцанне ахвяраваць Пасейдону велiзарнага быка, Пасейдон начараваў, каб Пасыфэ пакахала тую жывёлiну, у вынiку чаго нарадзiўся жудасны чалавек-бык Мiнатаўр. Муцыюс Сцэвола - легендарны рымскi герой, якi, паводле падання, узяўся забiць варожага Рыму этрускага караля Парсэну (пач. V ст. перад н. э.), але быў схоплены; на допыце Муцыюс сам паклаў сваю правую руку на вагнiстае вуголле ахвярнiка, захапiўшы сваёй мужнасцю Парсэну, якi адразу ж паспяшаўся заключыць з Рымам мiрную дамову. Прандыюм - другi сняданак, ланч, якi падаваўся апоўднi.

С. 335: Hic abdera! - фразеялагiзм бярэ крынiцай iранiчнае стаўленне да жыхароў тракiйскiх Абдэраў, iхняе найменне ў лацiне было сугучна з словам «дурань», якiмi iх тады й лiчылi.

С. 343: Сэмаксыi - лiтаральна гэтае слова мае сэнс «напалову катаваныя». Агулам тут хаваецца сэнс жорсткасцi й цынiзму большасцi, якая не асягае разуменнем меншасць. Большасць лiчыла «паўкатаваннем» нават спальванне першых хрысцiянаў на слупах, абкладзеных хмызняком.

С. 350: «Аўрэолюс» - п'еса Катула, дзе галоўны персанаж, разбойнiк Аўрэолюс (катаваны за часамi Калiгулы), быў укрыжаваны й на крыжы аддадзены дзiкiм звяром. Далейшы эпiзод раману базуецца на рэальным выпадку: цэзар Дамiцыян (81-96 гг.), малодшы сын Веспасыяна, аднойчы катаваў злачынцу, прымусiўшы яго сапраўды сыграць ролю Аўрэолюса. Антыст Вэрус - консул 55 г., скончыў самагубствам у 65 г.

С. 355: Сцэвiнус Флавiн - сенатар, удзельнiк змовы Пiзона. Як паведамляе Тацыт, Пятронiю iнкрымiнавалi сяброўства з гэтым сенатарам («Анналы», XVI, 18). Фенiюс Руф - другi прэфект прэторыя (поруч з Тыгэлiнам), удзельнiк змовы Пiзона, катаваны ў 65 г.

С. 356: Плаўцый Лятэранус - пляменнiк заваёўнiка Брытанii Аўла Плаўцыя; Лятэранусу адводзiлася выключная роля ў змове Пiзона - забойства Нэрона. Наталiс Антонiюс - рымскi рыцар, удзельнiк тае ж змовы; схоплены адным з першых, ён выдаў астатнiх, таму над iм злiтавалiся. Субрый Флавiй - трыбун кагорты прэторыянаў, спярша душою адданы Нэрону, але пасля - адзiн з самых актыўных у змове, катаваны ў 65 г. Сульпiцый Аспэр - цэнтурыён кагорты прэторыянаў, катаваны ў 65 г.

С. 364: Асторый Скапула - намеснiк Брытанii з 47 да 52 г., скончыў самагубствам у 66 г. Ветус Павал - цэнтурыён прэторыянаў, удзельнiк змовы Пiзона. Крыспiн Руфрый - сенатар, прэфект прэторыi за часамi Клаўдыя, першы муж Папеi Сабiны, скончыў самагубствам у 66 г. Мiнуцiй Тэрмус - прэтор, катаваны ў 66 г.

С. 367: ...як Эол спаткаў Адысея, калi вярнуўся прасiць яго другi раз...- Як пiша Гомэр («Адысея», Х, 1-75), бог вятроў Эол панаваў на востраве Эолiя, да якога прыстаў мараплаў Адысея, i прыхiльна сустрэў госця, прэзентаваўшы нават мех з вятрамi, запакаванымi ў iм; аднак спадарожнiкi Адысея развязалi мех, i карабель зноў прынесла да Эолii. Але тут ужо Эол не толькi адмовiўся дапамагаць Адысею, але й прагнаў яго.

С. 375: Сэпта Юлiя - будынкi на паўночным схiле Капiтоля, прызначаныя для галасавання.

С. 378: Флавiй Сабiн Тытус - старэйшы сын Веспасыяна. ...i Прокул, i Арарык, i Аўгурын, i Гратус, i Сiлан, i Проксiмус...- маюцца на ўвазе ўдзельнiкi змовы Пiзона, дзе сярод названых усе рыцары, за выключэннем апошняга, якi быў прэторыянскiм трыбунам. Пампей, Карнэль, Мартыялiс, Флавiюс Нэпос i Статыюс Дамiцый - прэторыянскiя трыбуны.

С. 391: Базылiка Пятра - сабор Святога Пятра, якi будаваўся пры ўдзеле Мiкелянджэла.

В. Мартыненка



[1] Ёвiша (Юпiтэра) Збаўцы (лац.).

[2] Дэдал, якi згодна з былiцамi здолеў заляцець з Цыпру на Сiцылiю, у рымскiх амфiтэатрах гiнуў такою самаю смерцю, як Iкар (заўвага аўтара).

[3] Бязвiнныя iстоты (лац.).

[4] Устойлiвы фразеалагiзм, якi абазначае: «Во найдурнейшы з дурняў» (заўвага аўтара).

[5] Генiй смерцi (заўвага аўтара).

[6] Крытая вулiца (лац.).

[7] Хай вядзе цябе магутная багiня Цыпру / I браты Гэлены - зоры светлыя / Ды Родзiч i ўладар вiхроў... (Горацый, «Оды», 1, 3. Пераклад П. Татарыновiча).

[8] Куды iдзеш, Спадару?.. (лац.).

[9] Гораду й свету! (лац.).

[10] Сальвiева крынiца (лац.).

[11] Залаты палац (лац.).

[12] Gallus - на лацiне гэтае слова абазначае i пеўня, i гала (лац.).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX