Папярэдняя старонка: Літаратура

Шануйце роднае слова 


Дадана: 26-10-2008,
Крыніца: © Ліда, 2008.



Нам мова - Божым Словам,

Нам слова мовы - Бог.

Шануйце роднае слова!

Анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову

Ліда 2008

УДК

ББК


Шануйце роднае слова! Анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову - Ліда, 2008. 92 с. Размножана на правах рукапісу.

Укладальнік: Міхась Мельнік.

Рэдактар: Міхась Мельнік.

Тэхнічны рэдактар: Станіслаў Суднік.

У кнізе сабраны творы літаратараў Лідчыны, прысвечаныя беларускай мове, у якіх - і замілаванне хараством роднай мовы, і боль за яе неспагадны лёс, і нашая свята вера ў беларускае слова, у яго бессмяротнасць.

Адрасуецца педагогам, навучэнцам і ўсім прыхільнікам роднага слова.

© Ліда, 2008.


Ліда з мовай назаўжды

Беларуская мова. Наш гонар, наша слава, наша сіла, наша мудрасць, наша вялікасць, наша сутнасць, наша вечнасць і адначасова наш боль, наш клопат, наша занепакоенасць, нашы слёзы, наш крык аб дапамозе.

Шануйце роднае слова!

У кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: жыве ў штодзённай гамонцы, жыве ў песнях і казках, жыве ў школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры, нарэшце, проста жыве ў генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў.

І ў кожным куточку Зямлі, дзе б'ецца беларускае сэрца, знайходзяцца людзі, у якіх гэтае сэрца б'ецца мацней за іншых, якім больш балюча за родную мову, якія не хочуць мірыцца з яе занядбаннем і з яе гаротным станам.

Горад Ліда - не выключэнне. Гораду Лідзе таксама баліць за родную мову. Магчыма, з-за жаночага імя гораду Лідзе баліць больш, чым іншым гарадам.

Цяжка сказаць, ці баліць камяніцам, калі на іх вешаюць чужамоўныя шыльды і рэкламныя шчыты. Цяжка сказаць, ці баліць кабінетам, дзе спрэс чуецца толькі чужая для гэтай зямлі гаворка. Цяжка сказаць, ці баліць крамам, у якіх прадаўцы не разумеюць назваў тавараў на беларускай мове. Але паміж камяніц, кабінетаў, крамаў у горадзе жывуць людзі, жывуць беларусы, якім баліць. Адным больш - іншым менш. Адны адчуваюць боль - іншыя не заўважаюць.

А і тыя, хто боль адчувае, паводзяць сябе па-рознаму. Адны прыцярпеліся - іншыя змагаюцца. Хто ўступае ў Таварыства беларускай мовы, а хто проста размаўляе па-беларуску з усімі і ўсюды. Іншыя стараюцца выказацца ў абарону мовы ў артыкулах, на мітынгах, у зваротах і закліках.

Але ёсць яшчэ паэты, якія пішуць на мове і пра мову.

Гэтым баліць больш за іншых.

У нашай кнізе сабраны творы, прысвечаныя беларускай мове, якія належаць пяру 48 аўтараў. Большасць з іх жыве сёння ў Лідзе. А калі заўтра нехта пакіне наш горад, на яго месца прыйдуць новыя, а, магчыма, яны ўжо прыйшлі, але яшчэ не дабіліся са сваімі творамі да людзей, яны недзе там у глыбіні соцыуму пад назвай "лідзяне". А яшчэ глыбей тыя, якія толькі нарадзіліся і якім іхнія бацькі рыхтуюць чужамоўнае асяроддзе, чужамоўную сям'ю, чужамоўны садок, чужамоўную школу. Яны разам - сям'я, садок, школа - будуць калечыць маленькага лідзяніна, маленькага беларуса, рабіць з яго чужынца, а ён недзе, дзе каму прыйдзецца, пачуе беларускае слова - і ў ім прачнуцца беларускія гены. Насуперак сям'і, насуперак тусоўцы, насуперак школе малы лідзянін загаворыць па-беларуску і напіша свой верш у абарону беларускай мовы. І так будзе вечна. Вечна будуць разам Ліда і мова.

Сёння ў вершах лідскіх паэтаў у асноўным боль за мову, але ніхто пра гэты боль не пісаў бы і не выдаваў бы кніжак, каб не жыла ва ўсіх надзея і вера, што наступіць той час, калі мы перастанем пісаць пра цяжкі і гаротны стан нашай нацыянальнай святыні, нашай мовы, а пачнём пісаць толькі пра яе прыгажосць, пра яе велічнасць. Прыйдзе час, і мы забудзем пра ўсе праблемы і клопаты, і ў паэтычных радках застанецца адзін матыў - матыў радасці за мову, за нацыю, за краіну. І ў горад Ліду гэтая радасць павінна прыйсці раней, чым у іншыя гарады, бо гэтага хочуць лідскія паэты, бо дзеля гэтага яны пішуць свае вершы.

Гэтая кніжка для ўсіх тых, хто жыве, і для тых, хто будзе жыць, але ў першую чаргу для тых, якія толькі нараджаюцца і ўваходзяць у гэты, часта такі неласкавы да ўсяго беларускага, свет. Можа бацька ці маці каго з іх прачытаюць гэтую кніжку і зробяць хоць што, каб іх сынок ці дачушка першыя свае словы прамовілі па-беларуску.

Станіслаў Суднік



Шануйце роднае слова!

Роднае слова!

З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. I тады выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць...

Што можа быць даражэй сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? Здаецца, быццам з далёкай чужыны пераносіш ты нас у родны край - родну вёску, дзе мы ўзраслі, дзе першыя думкі складалі, дзе гора і радасць першы раз спазналі...

Чаму ж, роднае слова, гэтак часта забываюць цябе лю-дзі - нават тут, між сваімі?

Чаму сыны нашага народу так лёгка адракаюцца ад матчынай гутаркі?

Кажуць: бо цёмны нашы беларусы. Але гэта няпраўда: забываюць родную мову, адракаюцца бацькоў і братоў сваіх найбольш тыя, хто дайшоў навук, выйшаў у людзі.Яны няцёмны: яны пераймаюць чужое - дзеля карысці.

У сэрцы такіх людзей загасла любоў да свайго народу і роднай мовы. Дачэсная карысць, жаданне пашаны ў чужых, смешны гонар - усё гэта заняла мейсца ў апусцеўшай іх душы. А за іх прыкладам і наша вясковая моладзь, наламываючы сябе, пачынае праз несвядомасць чурацца таго, што яе выдзяляе з паміж іншых народаў, пачынае глядзець на ўсё сваё, роднае чужымі вачыма, думаючы, быццам гэта добра, калі людзі "вышэйшых станаў" так робяць...

Але няма на свеце такіх скарбаў, што б вечна цешылі нашае сэрца. Хваробы, калецтвы, смерць паказываюць, якую малую цану маюць дастаткі, гонар, высокае становішча. Здрада, ашуканства - вось адплата за прыязнь і любоў да вышэйшых ад нас. Чым болып пазнаем мы свет, тым меншую цану маюць для нас яго скарбы, тым болей бачым благога, болей здзеку, крыўд і слёз...

Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў веч-ных - скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы, - гэта вялікае мілаванне чалавека - слабога, пакрыўджанага.

Яркім полымем гарыць такая любоў у душы, сагравае яе, асвятляе дарогу ў жыцці. Хто любіць свой народ, хто ў кожным бачыць брата - чалавека, той не сагнецца перад крыўдай, перад здзекам: ён бачыць навакол сябе мільёны падобных сабе, і яго думкі, яго жаданн^зліваюцца з думкамі і жаданнямі вялікай людской грамады. Такі чалавек ніколі не будзе адзін - самотны і пакінуты.

Але поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ - гэта родная мова.

Яна, быццам цэмент, звязывае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку - той адышоў ад народу далёка - далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і. I на яго браты глядзяць, як на чужынца...

Да нашай моладзі звяртаемся мы з гэтымі словамі. Вы, маладыя, найчасцей пападаеце між чужых людзей, што вашай мовы не шануюць, "простай", "мужыцкай" завуць. 3 вас часта насмяхаюцца, калі гаворыце па - свойму. I вы, чуючы гэта, пачынаеце саромецца матчынай мовы, свайго народу, сваёй радні. Так разрываецца тая жывая звязь, што злучае вас з беларускім народам. Аб ім вы забываеце. Чужых багоў прымаеце: чужую гутарку, звычаі, чужое імя.

Для сваіх вы прападаеце. Адны служаць чужым - бо свайго бога не маюць, бо ад вялікай грамады народнай адарваліся, як галіна ад дрэва. Другія - затым, што добрую плату даюць ім... Але няма такой заплаты, што дае забыццё ад здрады. Юдавы срэбнікі не ўцешаць іх, калі, змогшыся жыццём і няшчасцямі, захочуць яны знайсці спакой душы, сагрэць яе чыстай любоўю.

Быў у нас пясняр, што ў час спячкі народнай першы адважыўся клікаць беларусаў, каб шанавалі мову бацькоў і дзедаў сваіх. "Не кідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі", - пісаў Мацей Бурачок да беларусаў. I гэты вокліч збудзіў прыспаныя сэрцы. Народ прачнуўся. Ён пазнаў, хто ён. Родная мова яго - загнаная, пагарджаная - паднялася высока і стае ўжо поруч з "панскімі" мовамі. I здабывае пашану ў людзей: людзі бачаць, што мы яе шануем, што яна для нас мае вялікую цану, - ды самі пачынаюць інакш глядзець і на нас, і на яе.

На вас - моладзі - ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родну мову, узбагачываць свой народ знаннем і культурай. Вы здабаваеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо запраўды для свайго народу тады вы ўмёрлі! Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. I, глядзячы на вас, асмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б'ецца не толькі пад мужыцкай сярмягай, павераць у ўласныя сілы свае і пойдуць цвёрдай ступой да лепшай будучыны, да ясных зор шчасця народнага.

Цётка


У «саліднай» школе

У семінарыі - цвёрды парадак. У інтэрнаце - таксама. Усё змяшчаецца ў адным вялікім гмаху, складае адну суцэль-насць. Амаль насупраць спальні-адрыны - клас 1-га курса «прэпаранды». У падвальным памяшканні - сталоўка.

Дысцыпліна - казарменная. Усё пад суровым, ха-лодным наглядам. Кожны крок - па праграме, па званку: устаюць, мыюцца, ідуць спяваюць ранішнюю малітву... снедаюць, бягуць у класы. Нават адрабляць лекцыі - таксама збіраюцца вечарам на званок...

Семінарысты - дарастаючыя хлапцы аж да салідных дзецюкоў, а нат дзядзькоў на старэйшых курсах. Школа - мужчынская. Дзяўчат наогул няма - толькі адна-дзве на падрыхтоўчым курсе. Адтуль - у семінарскіх дзецюкоў вечная туга па гімназістках...

Вучыўся старанна і добра. З настаўнікаў помніцца: суровы, але разумны выкладчык матэматыкі і геаграфіі (здаецца - Брановіч), які чытаў цікавыя пазапраграмныя нарысы аб падарожжах і далёкіх землях: прыродавед (прозвішча не памятаю), які шмат увагі аддаваў наглядным доследам над раслінамі і жабамі. Вельмі ўеўся ў косці дробны і сухі настаўнік спеваў, які мучыў мой бедны непадрыхтаваны голас і слых рознымі гамамі. Дырэктар Блох, ці Плёх - недаступны, амаль абстрактны.

Семінарскі двор адным бокам выходзіў на ўзбярэжжа Шчары. Вясной часта бегалі купацца. Перад семінарскім гмахам - спартыўная пляцоўка. З надыходам цяпла вельмі ўцягнуўся гуляць у кракет і футбол (з вялікай шкодай для абутку).

Маё жыццё-быццё ў семінарыі мела свае дробныя калючкі.

Быў у мяне свой уласны дзеравяны ложак. Ён ад-значаўся той асаблівасцю, што за кожным недалікатным дотыкам... распадаўся. Калі звычайна перад сном дзецюкі-семінарысты дурэлі, мне даводзілася бясконца складаць і складаць пракляты ложак...

У сталоўцы трэба было, як чарговаму дзяжурнаму, падаваць на стол. Пакуль прыламаўся да кельнерскіх функцый - не раз апарваўся, носячы па дзве талеркі з гарачым супам...

На курсе да мяне, найменшага і найцішэйшага, пры-ставалі паджарыя дзецюкі з недарэчнымі закідамі, быццам я люблюся з суседкай-прэпарандысткай. Адзін віславухі сын памешчыка з-пад Косава, між іншым, надзвычай тупы вучань, нат рысаваў на дошцы гадкія карыкатуры на гэтую тэму...

На канікулы прыходзіў найчасцей пешшу, прыемна атрасаўся ад семінарскага гаму. I хоць у вушах доўга яшчэ звінела ад тупату і званкоў - усё ж дакучлівы гул паступова расплываўся ў свойскай вясковай глушы і цішыні...

Магчыма б, усё ішло той самай чаргою і на другі год, калі б не «вялікая палітыка».

Уверцюрай да гэтага быў нарастаючы па вёсках вялікі грамадаўскі рух. Нават у семінарскіх шэптах часта чулася слова «Грамада». А памешчыцкі сынок-карыкатурыст яўна бедаваў бацькаву бяду: «хамы арганізуюцца». Да такіх шэптаў я прыслухоўваўся з прытоенай злоснай радасцю. Аднойчы прынёс нат з вёскі беларускую газету, якую таму-сяму паказваў пад сакрэтам.

I вось, неяк у канцы першай чвэрці, надышла крытычная хвіліна, у якую найменшы вучань уступнага курса павінен адзінока падужацца з... Рэчпаспалітай Полыпчай.

Было так.

Прыйшоў класны настаўнік - элегантны, выфранчаны, пахнучы парфумамі (прозвішча не помню). Разлажыў паперы і замест пачаць лекцыю - стаў запаўняць спіс па рубрыках: прозвішча, імя, год нараджэння, нацыянальнасць, веравызнанне, родная мова ў сям'і...

Па маёй скуры захадзілі мурашкі. Канцавое месца майго прозвішча ў альфабэтным спіску дазваляла добра панаглядаць, як лёгка... запаўняюцца рубрыкі, Пакуль настаўнік выгаварыў маё прозвішча, я ўжо стаяў. Настаўнік, нат не ўзнімаючы вачэй, задае шаблонныя пытанні...

- Нацыянальнасць? - пяро аўтаматычна выводзіць першыя літары.

- Беларуская.

Настаўнік глянуў на мяне... Вучні разяўляюцца ад здзіўлення. Я трымаюся свайго. Пяро злосна скрыпіць, запісваючы мой упарты адказ.

- Родная мова ў сям'і?

- Беларуская.

- Няма такой мовы!

- Відаць, ёсць - калі гаворым...

- Гэта мужыцкая гаворка, бескультурная трасянка, якую забываецца кожны культурны выхадзец з тутэйшых і пасля саромеецца нат прыпамінаць!

- Я не саромеюся.

I зноў ідзе доўгая, патэтычная «саната» ў прозе. Астаюся пры сваім. Злоснае пяро скончыла скрыпець. Пад грозным позіркам настаўніка - сядаю, адчуваючы, што хоць бой скончыўся, але цяжкая артылерыя яшчэ загаворыць.

Яна загаварыла вельмі хутка: праз дзень-другі мяне пазбавілі стыпендыі.

Адпала ахвота вучыцца.

Яшчэ тыдзень - перасталі даваць есці: пакуль не заплачу за інтэрнат.

Пагаладаўшы дзень-два, згрызшы апошнія сухары, у восеньскі ранак накіроўваюся пяшэчкам дамоў, на вёску.

Бывай, «салідная» школа!

Валянцін Таўлай



Ніна Тарас


* * *


Мая ціхая песня дубраўная,

Не святочная,

Не былінная,

З росных травак-былінак сабраная,

Медунічная

I палынная.

Неспакойная песня дарожная,

Навальніцам, вятрам сугучная,

Непакорная,

Пераможная

I для славы зусім не зручная.

Як валошка ў сінім вяночку,

Кропля светлая ў ручаёчку,

Ты - праўдзівае

I пяшчотнае

Слова матчына ў кожным радочку.

Не здалася віхурам у полі,

Не зайшлася ў бядзе ад жалю,

Мая радасць

I горкая доля...

Як хачу, каб цябе паважалі!..


Слова пра слова

Піліпу Пестраку

...Што было, то прайшло.

Я не з тых, што жадалі б,

Каб яшчэ раз жыццёвы свой шлях паўтарыць.

Хай нанова гудуць мне мяцеліцы ўдалі,

З ног збіваюць сустрэчныя буры-вятры...

Не баюся бяды, ні слаты, ні галечы,

Толькі б слоў злых не чуць, нібы сыку змяі:

Словам можна забіць, словам можна скалечыць -

Колькі гэтых асколкаў у сэрцы маім!..

Над ракой захлыналіся ў ліўнях аеры,

Ападалі рудым палатном туманы...

Словы злосныя гналі у сцюжу за дзверы,

Ад людзей замыкалі ў чатыры сцяны.

Шмат чаго перажыта, хаця не забыта,

Адшумеў, адгудзеў веснавы крыгаход

Перад намі калышацца спелае жыта,

Што рукой сваёй шчодрай пасеяў народ.

Мы таксама з сяўні свае зерні кідалі,

Каб на ніве свабоднай хутчэй прараслі...

Я хачу, каб ад слоў тых, што мы засявалі,

Пацяплела хоць трохі на роднай зямлі.

Данута Бічэль

Роднае слова


Пад казачым дубам

над Нёманалл сінім

хлапец прызнаваўся ў каханні

дзяўчыне.

I рэхам той шэпт

адгукаўся між гаю:

-- Кахаю, кахаю...

Я чула пяшчотнае,

шчырасці поўнае,

маё, беларускае, роднае, кроўнае,

такое раптоўнае,

такое чароўнае,

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,

як сонца, агністае,

як Нёман, празрыстае,

як казка, быліна, як песня,

жаданае,

дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,

вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.

Вятрыска шаптаў яго

з лісцем між гаю:

...Кахаю, кахаю...

Шапталі яго сенажаць і дуброва,

людзьмі перачутае, некаму нова,

адзінае, дзіўнае светлае слова -

кахаю... кахаю...

Кахаю,

Люблю..

Беларускаму краю

бясконца я слова "люблю" паўтараю.


Словам Скарыны

Ад маленства за працу берымося старанна,

каб закрэсліць да нас непавагі прысуд!

У шаснаццатым веку Францішак Скарына

несмяротнай душой узвышае наш люд.

Колькі ж можна губляць, каб людзьмі называцца?

Вось Скарына сумеў засланіць сабой сам

годнасць роднага слова без гучных авацый,

што ў прадмове да кніг друкаваных сказаў.

Ці ж з блакады вякоў не здалеюць унукі

між братоў яго Кнігу ў вечнасць пусціць!

Патрымаемся, узяўшыся моцна за рукі

на высокіх пляцоўках і ў вёсках пустых,-

працавітыя, смелыя, моцныя духам!

На віхуры сядайце, за руль, за стырно.

I не страшны ніякія нам завірухі.

Наша роднае слова далёка чутно.

Прыклад чыстай любові,

якой не скарылі,

даў Скарына...

Праз пяць мімалётных вякоў

у праслаўленым Полацку,

мовай Скарыны

уваскрошаны з праху,

спаткаемся зноў...


Здагоня

А ў цябе колькі добрага,

гэтулькі ж вад,

мужны княжа, ляўша, непакора.

Ты на Ворсклу ганяў

і хадзіў на Грунвальд...

А чаму не прывёў да нас мора?

З круглай вежы выглядваў заморскіх паслоў,

княжа Вітаўт,

хіба ж не ўсё роўна:

з морам сонейка грала б, каб жыта расло.

Над чалом рассвітала б карона.

Свеціць краю высокая доля з гары.

Чорным ворагам - змрочныя нары.

З мора мараў выходзяць музыкі-вятры

і, натхнёныя, лупяць у накры.

Вымятаюцца з замкаў умэнт крыжакі.

Прусакі прытаіліся ў норах.

І шугае ад князевай левай рукі

Кронан, Кронас ці Нёман, што мора.

З Вільні, з Ліды і з Турава,

з Медніц, і з Трок,

і з Наваградка, з Полацка, з Крэва

змрок харугваў збіраецца ў Гродзенскі полк.

З крыжакамі разлічвацца трэба.

Ў стольцы Горадні, княжа, магілу капаў

тым, хто княства даводзіў да мору.

На чало сабе ўсклаў сам славуты каўпак,

сімвал велічы...

Дзе ж наша мова?

Малады яе рокат да неба ляцеў

з вуснаў вояў і з жэрлаў арганаў.

Шліфавалася - спеўная - ў княскім лісце,

шчэ пячаткай тваёй змацавана.

Абарвецца няскораны Вітаўта род.

Запалоняць няпраўда і гора

мора пушчаў зубрыных і мора балот...

Ды не маем бясконцага мора...


Літанне

Святая зяллля нашых продкаў,

застанься апорай нашчадкаў.

Замглёная зорка Рагнеды,

не была ты пасцельніцай здрайцаў.

Чарадзейны меч Усяслава,

вырвіся з логнаў на ворагаў нашых!

О сонейка Ефрасінні,

умацоўвай дзявочыя сэрцы.

Ясны месяц Скарынавай кнігі,

асвятляй нашу сумную долю.

Высокі талент Кірылы Тураўскага,

паўтарыся яшчэ раз.

Запалай, наша роднае слова,

спрадвечным святлом нашых душаў

і дазволь цябе піць, як жывую ваду

з лубянога карца ля крыніцы,

прадвяшчаць, як нясеш сабой праўду,

і таіць, як нясеш таямніцу.

На дзейнасць са шчодрым плёнам

паспрыяй нам, сучассе.

Вецер болю, прасейвай Палессе

праз адчай спапялёных вёсак.

Прадонне бяды нашай - Прыпяць,

каб жа дзецям цябе не піць!


Хрысціна Лялько

Светлы выток


Дзіўных гукаў чароўнае гранне, -

Мовы мамінай светлы выток...

А за ноччу нязменна прыходзіць світанне

I... спадзяванне на лад і толк.

Дык майма ж надзею на абуджэнне,

Мо грай вясновы абудзіць край ...

Божа, дай народу майму прасвятленне,

Мудрасць і веру нарэшце дай!


Ірына Багданоеіч

Полацкай Сафіі


I летапісец дбайна і натхнёна

Тутэйшай мовай, так як вымаўляў,

Пра недарод, князёў паходы, войны

На аркушах, прывезеных здаля,

Паведамляў і даты занатоўваў,

Як сведка слаўных дзён і дзён благіх.

О, колькі б тайнаў нам адкрыла слова,

Калі б знайшоўся летапіс такі!..


Моўны скарб

Моўны скарб, як спадчыну, прымаю

Ад дзядоў і прадзедаў сваіх,

Ад свайго квітнеючага краю,

Ад крыніц і ад жытоў цяжкіх.

Моўны скарб, як спадчыну, прымаю.

Ён табе прыданае, дзяўчына,

Ён і хлеб, і зорачка ўначы,

I яго, як маці свайго сына,

Усё жыццё я буду берагчы.

Моўны скарб - ды гэта жа Айчына...


Станіслаў Суднік

Пагоня за мову


Над зямлёй імчацца коні,

Капытамі лісце рвуць,

Грозных рыцараў Пагоні

На сабе яны нясуць.

Гарады мінаюць, вёскі,

Узрываюць сонны дол...

Пра Пагоню пагалоскі

Разлятаюцца вакол,

Будзяць воінаў у хатах

Спаць палацам не даюць...

I хто ў світках, а хто ў латах,

Беларусы паўстаюць...

Зноў грыміць, ляціць Пагоня,

Да Пагоні той прыстаць

Клічу, клічу я сягоння:

Хопіць, хлопцы, хопіць спаць!

Ці не бачыце, што мову

Затапталі нашу ў гной,

Дзецям нашым нашых словаў

Ажно сорамна парой.

Беларускай роднай мовы

Ўжо не ведаюць яны

I з акцэнтам мадэрновым

Кажуць імя Скарыны.

Гіне мова, прападае,

На ратунак кліча нас.

Я Пагоню аб'яўляю:

За яе! У сёдлы! Час!


Суд

Гэй, устаньце, беларусы,

На суд мацеры-зямлі,

Адкажыце, беларусы,

Вы за колькі прадалі

Мову нашу, мову маці,

Мову пушчаў і бароў,

Мову Койданаўскай раці

I Грунвальдскіх ваяроў?

Мову Коласа, Купалы

Вы за колькі прадалі?

Трыццаць срэбнікаў, не мала,

За радзімую ўзялі?

Вы ўзялі якой манетай:

Фунтам, франкам ці рублём?

Можа вы яшчэ пры гэтым

Іншым хапнулі дабром?

Можа вы ўзялі чынамі,

Дабрабытам гарадскім,

Дарагімі лахманамі...

Ці ж хапіла хоць усім?

Можа ў прыпражку вы з мовай

I сумленне прадалі,

За яго мараллю новай

Ці культурай узялі?

Ды хутчэй жа іх хавайце:

Маркі, долары, рублі,

Рукі з мылам адмывайце,

Трыце, чысціце ў зямлі.

Мо яна, зямля, паможа

Срэбны пыл саскрэбці з вас,

Ды схаваць усіх не зможа

Ад расплаты. Прыйдзе час:

Вас спытаюць вашы дзеці,

Што пакінулі вы ім,

А ў адказ вы зазванеце

Срэбрам Юдавым сваім,

Раскажыце слова ў слова,

Як зракліся той зямлі,

Як сваю культуру, мову,

Як свой гонар прадалі.


Прамова да мовы

Ты мовай Рагнеды была і Ўсяслава

I мовай Ягайлы таксама была,

Гучала ў паходах і бітвах крывавых,

У мудрых статутах і песнях жыла.

Табой размаўляў цар Міхайла Раманаў,

Ігнат Грынявіцкі табой размаўляў,

Ты чулася разам са звонам кайданаў

З тобою народ за свабоду ўставаў.

Была ўсенароднай, высокай, дзяржаўнай,

А стала чужою ў радзімым краі,

А стала сваячкаю беднай, бяспраўнай,

Няпрошанай госцяй ў багатай сям'і.

Цябе праганяюць са школы і хаты

I выперлі моўчкі з усіх устаноў,

I з інстытутаў, музеяў заўзята,

Нахабна цябе выганяюць далоў.

Стараюцца смехам, пагардай, прымусам

Цябе, нашу мову, забіць і забыць...

Хто ж нішчыць цябе? Ды свае ж, беларусы,

I гэта цяжэй, чым прыгнёт перажыць.


Былое

Табой размаўлялі

Цары і баяры,

Цябе пераймалі

Літва і татары.

Табою складалі

Статуты, паданні,

Табой друкавалі

Святое пісанне.

Цябе прадавалі

Паны і паненкі,

Цябе шанавалі

Мястэчкі, засценкі.

З табой паміралі

На вісельнях царскіх,

Цябе пазнавалі

Па словах бунтарскіх.

Была ты з народам

У бітвах за волю,

З байцом у паходах,

З аратым у полі.

Ад нечысці ўсякай

У пушчы ўцякала,

Няходжаным шляхам

Гадамі блукала.

Хавалася ў лёхах,

У нетрах балотных,

Баялася крокам

Прайсціся свабодным.

Цябе шкадавалі,

Пяшчотна любілі,

Цябе катавалі,

Калечылі, білі.

Цябе забывалі,

Цябе ўспаміналі,

Цябе вывучалі,

Цябе адмянялі.

Душу сагравала

Ты ў зімнюю сцюжу,

Любоў аздабляла

Валошкай і ружай.

Была ты патрэбнай,

Была неабходнай,

Нікому не дрэннай,

На ўсё была годнай.

Была ты часцінай

Краіны радзімай,

Была ты адзінай,

Была ты любімай.

На крыжы

На зямлю тую Хрыстус не сходзіў,

А ў балотах чорт неяк тануў,

Тут спрадвеку, ці жыта не ўродзіць,

Ці па хаце пярун смалянуў.

На зямлі той бязвольныя людзі

Калупаюцца моўчкі ў грахах,

Цвіллю дыхаюць хілыя грудзі,

Душы віснуць на мшалых крыжах.

Там няма ні спакою, ні веры,

Там няма ні мяжы і ні меры,

Там крумкач усім песню спявае,

Распаўзаецца гаць гадаўя,

Штохвіліны жыўцом там канае

Беларуская мова мая.


Мая мова

Ой ты, мова мая шарачковая,

Беларуская мова мая,

Ты для нас не старая,не новая,

Ты ад веку свая і свая.

Ты не панская, ты не высокая,

Бо ты ж "простай" заўсёды была,

Як радзіма твая сінявокая,

Ты між простым народам жыла.

Злы маскаль, бальшавік, сіла клятая

Насміхаліся ў вочы з цябе,

На крыжы паняверкі распятая

Памірала ты ў чорнай журбе.

На табе ўжо не шэпчуць каханыя,

Без цябе зачынаюць жыццё,

Толькі мы ўсё яшчэ непрыкаена

Прадаўжаем зямное быццё.

Толькі мы, богам, чортам забытыя,

Нават дзеці зракаюцца нас,

Лезем, лезем у бойкі адкрытыя,

А супроць і прырода, і час.

Толькі мы, як фанатыкі п'яныя,

Не адходзім яшчэ ні на крок,

Мы навечна, табе мы адданыя,

На нас страшны, нязломны зарок.

Мы паляжам касцьмі спарахнелымі,

Ды усё ж не зрачомся цябе,

Мы пакінем Зямлю нашу Белую

Ці ў свабодзе, ці ў вечнай жальбе.


Дзеці сінявокай Беларусі

Дзеці сінявокай Беларусі,

Колькі вас раскідана па свеце,

Колькі вас, даўно забытых, мусіць

На сабе гайдаць міжзорны вецер.

Колькі целаў цяжар непад'ёмны

Прыкаваў да земляў невядомых,

Колькі душ паміж сусветаў цёмных

Не знаходзяць сцежачкі дадому.

Колькі вас касмічнымі шляхамі

Моўчкі непрыкаена блукае

I таго, што згублена не вамі,

Безнадзейна роспачна шукае?

Хто шукае згубленую волю,

А хто гонар дзедавай суліцы,

Хто шукае страчаную долю,

А хто водар чэрвеньскай суніцы.

Хто імкліва шчасце даганяе,

Хто нядолю за вярсту абходзіць,

Кожны найгалоўнае шукае,

Ды ніхто чамусьці не знаходзіць.


II


Дзеці сінявокай Беларусі,

Вам не зведаць радасці знаходкі,

Вам і зоркі на нябёсах схлусяць,

Вам да ног прывязаны калодкі.

Затрасе вас лёсу ліхаманка,

Пыл няўдач засыпле вашы вочы,

Не засвеціць раніца заранкай,

Не заззяе месячык уночы.


III


Дзеці сінявокае краіны,

Хто аджыў і будучыні людзі,

Вы ж згубілі вашую Айчыну,

А другой у вас ужо не будзе.

Вы згубілі матчыну спагаду

I цяпло бацькоўскае хацінкі,

Пах духмяны восеньскага саду,

Шэпт зялёны муражной травінкі.

Вы згубілі звон вады крынічнай

I не злосны гром нябёс вясновых,

Над старой буслянкай клёкат зычны,

Вы згубілі гэта разам з мовай.

Вы згубілі дзедавую казку,

Вы згубілі матчыную песню,

Строгі погляд са старых абразкаў

Ні дабром, ні верай не ўваскрэсне.

К вам дзяды не прыйдуць на вячэру,

Вы чужыя сотням пакаленняў,

Вы на грошы прамянялі веру,

За пакору спляжылі сумленне.

Прашчуры адвернуцца сярдзіта,

Вашых душаў гнеўна не пазнаюць.


IV


Дзесь між зорак па шляхах разбітых

Здані беларускія блукаюць...

На Клецкіх могілках

Светлай памяці настаўніцы беларускш мовы

Казлоўскай сярэдняй школы

Нясвіжскага раёна

Майсені Леаніды Аляксандраўны.

Па могілках ціхіх аднойчы

Я сцежкай самотнай ішоў,

Слізгалі задумліва вочы

Па даўніх карунках крыжоў.

Вісеў у паветры маўкліва

Пыл слаўных і змрочных падзей

I асядаў клапатліва

На скончаных лёсах людзей.

На прыкладах, стэлах, каменнях

Чыталася ўсюды адно -

За жыццямі ўсіх пакаленняў

Народа жыцця не відно.

3 расейскімі словамі пліты,

I з польскімі тут жа стаяць,

Ды толькі на роднай, забітай,

Ды толькі на ёй не відаць.

Чаму? Вам сказаць не бяруся,

Ды немы адчуў я дакор:

Гнуў спіну бядак беларусам,

Аж бачыш! Палякам памёр.

I толькі ў кутку пад рабінай

Я ўбачыў, што гэтак жадаў,

Я надпіс на мове радзімай,

На мове сваёй прачытаў.

Праглядваю тэкст паўсвядома,

Між смерцю і вечнасцю гаць,

А ён чымсьці дзіўна знаёмым

Бег думак спрабуе суняць.

Спаволены крок прыпыняю,

Душэўны забыты спакой.

З пад літараў ціха ўсплывае

Настаўніцы вобраз маёй.

Згарэлі, як зыркія дровы,

Гады і спыліліся ў час,

Настаўніца роднае мовы

Калісьці так дбала пра нас.

Яна нас вучыла сусвету

Радзімых і песень, і слоў,

Яна з нас рабіла паэтаў,

Яна ў нас уклала любоў.

Яна нам расказвала казкі

На мове радзімай зямлі,

На іх, як на тыя абразкі,

Мы ледзь не маліцца маглі.

Яна нас вучыла нахненню

I веры ў гаротны наш край,

Яна нас вучыла імкненню

Ў жыццё, як у песенны грай...

I вось я прыціх у самоце,

Гляджу на магілу яе,

Ды нешта ў святой адзіноце

Спакою душы не дае.

Здаецца, сакрэт ці загадка

Хаваецца ў гэтай журбе,

А розум маўчыць, і адгадка

Стамлёнае сэрца дзяўбе.

I раптам мяне асвятліла,

Яна ж.., зразумей і павер,

Не толькі тады нас вучыла,

А вучыць нас нават цяпер.

Яна з небыцця, з часастою

Працягаае працу сваю,

Яна і магільнай плітою

Выкладвае мову маю.


* * *


Дзіцятка малое

Любою парою,

Калі не спрабуеш спытаці,

Як зможа, то скажа,

А не, дык пакажа

Між соцень жанчын сваю маці.

Мы ж край свой радзімы,

Спрадвеку адзіны,

Чамусьці ніяк не прызнаем

I мовай чужынскай

З ляноты злачынскай

Штодзённа яго абражаем.

Мы часу не маем,

А мо не жадаем

Нарэшце -урэшт зразумеці,

Што робяць балюча

I крыўдна пякуча

Зямельцы сваёй яе дзеці.

З чужыніны клятай,

З трасянкі праклятай

Сцячэ ўся краіна слязамі,

Дзе мова чужая,

Там рэчка нямая,

Лес вые аднымі ваўкамі.

Там кветкі маўкліва,

Шпакі палахліва

Над мёртвай зямлёю гібеюць,

А нас навучыці,

Душу абудзіці

Малыя, нямыя не ўмеюць.

Дык што ж, так і будзе?

Дык што ж, мы не людзі?

Ці ж час не настаў памяняцца

I мовай сваёю

З радзімай зямлёю

У песні адзінай з'яднацца?


* * *


Я гляджу ў далячынь заімглённую

Цераз шэрань асенняга дня,

Пешчу ў сэрцы я думку стаёную,

Што мы дойдзем усё ж да відна.

Што праз зімы і сцюжы з марозамі,

Хоць паўзком дапаўзём да святой,

Да краіны, дзе клёны з бярозамі

Шэпчуць казкі на мове маёй,

Дзе ўсе дзеткі звычайнымі словамі

Звоняць з рання ажно дацямна,

I ніякай чужынскаю моваю

Страшыць нас нават сэнсу няма,

Дзе мы сталі вялікаю нацыяй,

I валодаем роднай зямлей,

I з бязгрэшнасцю цноты дзіцячае

Ганарымся Радзімай сваёй.


* * *


Покуль я быў беларусам,

Землю сваю я любіў,

Вольнаю воляй, без нечых прымусаў

Ўсё, што патрэбна, рабіў.

Покуль я быў беларусам.

Покуль я быў чалавекам,

Мову сваю шанаваў.

Слоўца ніколі на здзек я

Злыдню павек не аддаў.

Покуль я быў чалавекам...

Вяртаецца мова

Вяртаецца мова...

З далёкай чужыны,

З выгнання ліхога

Да роднай Айчыны,

Да продкаў парога

Вяртаецца мова!

Вяртаецца мова...

То ружай чырвонай,

То белым рамонкам,

То словам натхнёным,

То песняю звонкай.

Вяртаецца мова!

Гавораць на мове...

Лясы і дубравы,

Азёры і рэчкі,

Высокія травы

I птушак гняздзечкі

Гавораць на мове!

Гавораць на мове...

Хлапцы і дзяўчаты,

Бабулі сівыя,

Матулі і таты,

I дзеткі малыя

Гавораць на мове!


Уладзімір Васько

Храм Купалы


Часы мяняюцца, як вецер,

Што дуе ў розныя бакі.

А тое, што жыло ў паэце,

Хвалюе люд ва ўсе вякі.

Нашу ў душы не холад студні,

А мову, спадчыну яго.

Ніколі ў сэрцы не патухне

Жывы купалаўскі агонь.

Ці ўлезе ў дом наш дух чужынца,

Ці скосіць атамам бары,

Я на Яго буду маліцца...

Храм Яго не разбурыць!


Пятро Макарэвіч

I слова - слава беларуса

Земляку- касманаўту У. Кавалёнку


У закутак самы дарагі -

У край глыбінны вёскі Белай

Вязу я водпуск на лугі,

Дзе маладосць, як птушка, пела.

"Дальбог такі, як быў, сынок,

І ўсё па- нашаму гаворыш...

А мой не едзе Васілёк", -

Мне скардзіцца суседка ўголас.

Я суцяшаю, як магу,

Усмешкай, жартам, успамінам,

Як мы дурэлі ў мурагу,

Як, падшыванцы, рвалі міны.

Дзяцінства сына нагадаў,

Бы пасадзіў ёй на прыполік.

"Мне ж да бацькоў рукой падаць,

А Васілёк ваш - у Анголе..."

"Ды што пісьмо? Паперкі шмат!

Самога ўлашчыць бы вачыма.

Нібы работы тут няма,

Ля дому ў бацькавай хаціне".

І, нахіліўшыся на кій,

Лагодна кажа знізу ўгору:

"Пятрок, сто год ты гарадскі,

А проста, як і мы, гаворыш..."

I сапраўды (ад пахвальбы

Аж сэрца ёкнула балюча):

Не родным словам свае лбы

Мы без патрэбы часта мучым.

Ці з яблыкам, ці з агурком

Дзень пагандлюем на базары,

А вернемся ў вясковы дом -

"Вучона", "рускай" мовай жарым.

Акцэнт - карова па ільду -

Слых рэжа ў Гродні і за Глускам.

I гэту коўзкую хаду

Сур'ёзна лічым мовай... рускай?!

Ды сам вялікі Леў Талстой

Да смерці ёй не авалодаў!

А мы ў прастаце сваёй

Валодаем... тыдзень без году..

Па-роднаму скажы, спытай -

Казеляць вочы, як на турка,

Ці скаляць зубы ўсе, бадай,

Адукаваныя прыдуркі.

Лячу, акрылены ў прасцяг:

Мне слова маці свеціць зоркай!

І ажывае Млечны Шлях

Зноў словам роднае гаворкі!


Расінкі беларускіх слоў

Сную рытмічныя каралі

З радкоў былога, явы, сноў,

Каб смагу вуснаў наталялі

Расінкі беларускіх слоў.

Расінка да расінкі - чаркі

Налью паўнютка ад душы.

І на напой крыштальна яркі

Аматар вершаў набяжыць.

Не кожны - дэгустатар тонкі:

Ў людзей няроўны густ і смак.

Усклікне першы: "Самагонка!"

Другі: "Бальзам", а трэці: "Шлак".

Вось майстра здзекаў і пародый

З наскоку пляжыць: "Сукін сын!

Такога свет не знаў смуроду:

Зарыфмаваны лье палын!"

А іншы выбухне: "Памыі

На чынавенства і на лад!"

І з тэлевізараў такія

Б'юць словы роднае з гармат.

І пракурорскім тонам хвацка

Агучыць цэнзар вырак-гром:

"Настой атрутны прэ на бацьку!

Трэ скуру драць з яго жыўцом!..."

Ды як ні будзе, як ні стане

Кляйміць гайня паслугачоў -

Пад куляй не папоўню стайню

Магільшчыкаў ярчэйшай з моў...

Я ткаў і буду ткаць каралі

З радкоў вар'яцкай явы й сноў,

Каб толькі з праўдай рыфмавалі

Расінкі беларускіх слоў;

Каб мой унук і ўнук унука

На ўтульных даланях вякоў

Жыў-крочыў вольна, шчыра, пругка

У водары гаючых слоў!


Мовай сэрца і душы

Рэкі, пушчы, пералескі. Родны краю!

Калі ласка, крэсліць крыжам не спяшы:

Я табе, як самым блізкім, пакідаю

Шчыры злітак мовы сэрца і душы.

У сучассі і балюча мне, і горка

Між былля, былых падмуркаў-валуноў.

І матуліна крынічная гаворка

Засыхае ў вуснах вырадкаў-сыноў.

І падтэкваюць сынам твае дачушкі.

Мо таму і тоне вёска ў лебядзе.

А наўкола ўжо амаль з абліччам чушкі

Плойма п'яніц, пустазвонаў рэй вядзе.

Патурае плойма ўсім, хто брэша зверху,

На тры літары якіх я прэч турнуў:

Не прымаў і не прыму ганебны вэрхал,

Хай кідаюць хоць за краты ці ў труну...


Алесь Стадуб

Не скарылі


Мова Коласа, Купалы, Чорнага,

Куляшова, Танка і Бачылы,

Труса, Крапівы вучонага

Беларускасці мяне вучыла.

Бацька словам гэтым змалку выхаваў,

Маці ж у дарогу блаславіла.

Мова Мележа, Брыля і Быкава

Цвёрдай мужнасці мяне вучыла.

Мова Караткевіча, Лынькова,

Панчанкі, Гілевіча і Броўкі

Чаравала мілагучным словам,

Чалавечнасці давала ўрокі.

3-за яе ні разу не ўпікалі,

Суразмоўцы слых не затыкалі.

Ні на каліва, сябры, не каюся,

Што на іншых мовах заікаюся.

Нашай мовы з даўніны пачатак -

Ад Кірылы Тураўскага ды Скарыны.

Рады я - жывучасці нашчадак,

Што цябе стагоддзі не скарылі.


Мова

Калегам

Вы яе маўчаннем не губіце,

Вы - вясна яе, грамы яе.

Па радні мы ўсе свае.

Вы яе маўчаннем не губіце.

Нехта ў шыхт за мову не ўстае.

Нехта загубіўся ў рыхлым быце.

Вы яе маўчаннем не губіце,

Вы - вясна яе, грамы яе.


Міхась Мельнік

Беларуская мова


Яе словы, як вішні спелыя,

Што глытаю з прагай салодкаю...

Мая мова - крамяная, светлая -

Палымяная песня продкаў.

Ў ёй - глыбокая праўда і мудрасць,

I народнасць жывога гучання,

Захавана спрадвечная сутнасць

Непадкупных нашых жаданняў.

Спадзяванні майго народа,

Яго светлую мару і радасць

Увабрала яна, мова гордая,

Што дае мне натхненне і сталасць.


Беларусам

Гэй, абуджайся, народ!

Хопіць табе быць нейтральным,

Бо старажытны твой род

З племя славянаў адчайных.

Продкі твае - крывічы -

Мову табе перадалі,

Толькі чаму ты маўчыш,

Быццам язык адабралі?!

Выкінь з душы ты раба,

Будзь па-сапраўднаму гордым

I не схіляй жа ілба

Перад усімі, хто подлы.

Досыць, каб нейкі вар'ят

З мовы тваёй насміхаўся,

Досыць, каб кат-бюракрат

Імем тваім прыкрываўся.

Твой абавязак і мой -

Здзейсніць святое права,

Каб на Радзіме сваёй

Мова ўладаркаю стала.


Юры Карэйва

Мне Мова - Божым Словам


1. Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. <...> 4. У ім было жыццё і жыццё было Святлом людзей. <...> 9. Было святло сапраўднае, якое прасвятляла кожнага чалавека, што прыходзіць у свет. <...>. 14. I Слова стала плоццю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды...

Паводле Яна Святое Дабравесце.


Раздзел I.


Мне мова - Божым Словам,

мне слова мовы - Бог.

I нам ад духа злога

Яго наш Бог збярог.

Мне Слова - ад Скарыны,

ад слоў святых яго,

каб злыдні не скарылі,

не спламяніў агонь.

Таму яно - Святое.

Яго нам Бог слаў звыш.

Хто памятаў пра тое,

Той смела йшоў на крыж.

А хто зракаўся мовы,

Той кару ў тым знайшоў,

праклёнам пяруновым

даўно на дым сыйшоў.

Святое ж моцы Мовы

парушыць не змаглі,

змагалі зноў і знову -

і ўстала з тла, з зямлі!

I слова з тла паўстала

і паміж нас жыло...

Ды зноў прыйшла навала

звясці Яго на тло.

Ізноў, мой Божа мілы,

ліхі прадажнік - хам

грукоча, што ёсць сілы,

ў Святое Мовы Храм.

Ён здзекуецца з Мовы,

Якое ў Ім служу,

ён прагне чорным словам

спаганіць мне душу.

Не чуе просьб, ні грозьбаў,

што хмары шлюць з Нябёс.

Зліюцца мае просьбы

з дажджом Хрыстовых Слёз!

Ён мне з пакутных Ранаў

дашле Свайго Святла!..

Я словам на тыранаў

паўстану нават з тла!


Родная мова

Наплыла пяшчотай словаў

Ласка Божая ў душу,-

I святою

роднай мовай,

як ручай пасля дажджу,

адгукнулася й гамоне

ўсё ўва мне,

і стала зноў

хвалямі ў імклівым Нёмне,

лёгкім ветрыкам з палёў.

Чую згукі

роднай мовы

ў звоне весняга лісця,

светлы спеў ёй жаўруковы

зычыць вечнага жыцця.

Піць той спеў-

не наталіцца,

каб аж слёзы на вачох.

І, як мне,

з тае крыніцы

ўсім жывіцца,

дай вам Бог!


Леанід Віннік

Роднасць


Зноў, нібы ў снах прарочых,

Бачу ўсё ясна-ясна:

Любай матулькі вочы,

Постаць яе ля вязаў...

Быццам ідзе па глебе,

Той - ні канца, ні краю...

А ў сінім- сінім небе

Сонейка дзіўна грае.

Усё тут хвалюе сэрца:

Рэчка і дуб прыкметны...

I нікуды не дзецца

Ад успамінаў светлых.

Наша старая хата

Па-над ракой Лідзейкай,

Ў ёй усяго багата,

Хлеб мне там і пасцелька.

Там і маё каханне

Ў белай сукенцы новай

Шчыра мяне вітае

Матчынай роднай мовай.


Іван Гушчынскі

Наша слова


Людзьмі перажыта,

Што вякамі стоена.

Ланцугамі шыта,

Што мячамі кроена.

Чыстае - змрочана?

Чорнае - пабелена?

Кулаком змалочана,

Языком памелена,

Лобік не напружвай -

Няма слова ў спадчыне

За бацькава дужай

I мілей за матчына.

Як жа душы боскія

Могуць быць загоены?

Па-руску? Па-польску?

Абы не па-своему!


Іосіф Масян

Прызнанне


Роднай мовы гук гаючай сілай

Нас ратуе ад болю, крыўды і слёз...

Калісь пад чаромхай на вушка для мілай

На мове дзядоў я шаптаў: "Вы-мой лёс!"

Яе зразумеюць і ты, і сузор'і,

Пад якімі ў каханні прызнаўся.

Якое ў жыцці б ні чакала надвор'е -

Я строфамі Вам, Беларусь, распісаўся.


Яднанне

Хай ні ў думках, ні ў яве суровай

Ніхто не пакрыўдзіць цябе.

Ты не плач, майго лёсу палова,

Вытру вуснамі слёзы твае.

Быць тваім абаронцам - не грэх,

Мовіць роднаю мовай - не сорам.

Хай ад ранку твой радуе смех,

Нас яднаючы з мовы прасторам.


Марына Масла

Мова


Ты легендарнай Атлантыдаю

У сусвет гісторыі глядзіш,

Але не быць табе забытаю,

Бо ты з пластоў зямных бруіш.

Яднаеш сэрцы чалавечыя,

Лагодзіш душы іх і час,

Нічога, што так пакамечана,

Паразуменне - лепшы прас!

Гляджу ўдалячынь, ужо ўсход ружавее,

Святлее, бліжэе, пяе.

Вось гэтак і слова дужэе, спялее,

Мацуе вытокі свае!


* * *


Маланкай любві да важкага слова

Нас скрыжавала часіна.

Сэрцы рыфмуюць. I родная мова

Будзе жыць вечна! Павінна!


Святлана Цішук

Беларуская мова


Беларуская мова не хоча

Быць стаптанаю. Мова ў куточак

Ад людзей адысці не ахвочая.

На Зямлі Беларуская мова

Выспяваць хоча полем жытнёвым

I на крылах ўздымацца бусловых.

Беларуская мова слязінай

Высыхаць не спяшыць на радзіме

Ні пад сонцам, ні ў холад-азімак.

Беларуская мова заўзята

Апявае жыцця майго хату,

Хоць не вельмі шыкоўна-багатую.

Беларуская мова аддана

Мне на сэрцы загойвае раны.

Не шукаю я ў мове заганы.

У сваёй мове я Беларускай

Вузкіх месц адшукаць не імкнуся .

Слоўца мовы-жыццё Беларусі!

3 Беларускаю моваю можна

Ьыць у лёсе сваім пераможцай,

3 мовай можна і шчасцейка здоўжыць.

3 Беларускаю моваю выйсці

На сусветны не сорамна высціг...

Беларуская мова - не вырак!

Я спадзяюся

Іншаземных моў у свеце -

Кветак лугавіна.

3 іх вянок размовы сплесці

Можна ўмеючы, бо мову

Ведаць іншую не сорам...

Але ёсць адна пагроза,

Што няўклюддзем ці знарок

Можна ў барвах іншай мовы

I згубіць, і прыцяніць

Мову родную палеткаў,

Мову родную нябёсаў,

Мову родную рачулак

Беларускае зямлі...

Не хачу, каб тое стала....

Зычу мове, каб яна

На квяцістай лугавіне

Ўсім здалёк была відна.

I таму па-беларуску

Вершы я свае пішу.

Спадзяюся: не загіне

Беларускі моўны гук!


Ганна Рэлікоўская

Мова мудрасці


Перачытваю Купалу,

Патанаю ў аповесцях Быкава...

Як мы ведаем мову мала,

Хоць здаецца яна такой звыклаю.

Мовы іншыя ў школе вучым,

Захапляемся Пушкіным, Байранам.

Дык свае адчыніце душы -

Мова родаая дзеліцца тайнамі!

Не здзічэла яна, не схілілася,

Не жабрачка яна, не голая.

Ёй не трэба ў нас прасіць міласці.

Мы прад ёю схіліць мусім голавы.

Мы павінны чакаць яе шчодрасці.

I яна нас адорыць шчыра.

Беларуская мова - добрая,

Мова Панчанкі і Бачылы.

Толькі трэба не адцурацца,

Не шукаць тых слоў чужаземных.

Наша мова - мова багацця,

Мова мудрасці, мова натхнення.

Таткава мова, матулін напеў

Утульнаю, роднаю хаткаю,

Смачнаю, цёплай аладкаю

Вее ад мовы таткавай,

Роднае мовы мае.

Клопатам і пяшчотай,

Асенняю пазалотай

Ці туманом употай

У думкі яна прыплыве.

Хоць папракне з дакорам,

Разбудзіць сумленне і сорам,

Ды гора з ёю не гора,

Як быццам агеньчык сагрэў.

Натхняе на вершы і песні

Вясенняй пралескай на ўзлессі.

Дай Бог нам скрозь вечнасць пранесці

Мовы матулін напеў.


Тадэвуш Чарнавус

Даруй мне мне, беларуская зямля...

Маё сумленне - гэта я,

Маё сумленне - гэта годнасць.

Даруй мне, беларуская зямля,

Што я з табой часамі траціў роднасць.

Маё сумленне - гэта я,

Маё сумленне - гэта вочы.

Даруй мне, беларуская зямля,

Што я да рускай мовы быў ахвочы.

Маё сумленне - гэта я,

Маё сумленне - гэта сэрца.

Даруй мне, беларуская зямля,

Што дзед шукаў мой шчасця ў Амерыцы.

Маё сумленне - гэта я,

Мае пакуты і мае трывогі.

Даруй мне, беларуская зямля,

Што не маліўся за цябе прад Богам.

Шііто нёс свой крыж спакойна, як і ўсе,

Не надрываўся, не ўміраў з адчаю,

Калі цябе крамсалі пакрысе

І прапівалі дух твой не за чаем.

Што выракаўся матчыных высноў,

Што ставілі у прыклад за слухмянства,

Што быў у Бога пасынкам. Даўно

Ўжо звыкся з нізасцю і хамствам.

Цябе вадзілі, родную, за нос,

Як гаспадар рахманую кабылу,

А я штурхаў свайго юнацтва воз

І думаў: быць мне Каліноўскім не пад сілу.

Як быццам бы на свецё не было

Ні Цёткі, ні Купалы, ні Максіма,

Як быццам бы з каханай за сяло

Мяне магічна сіла не вадзіла...

І вось, зямля, я сёння прад табой,

Адказ, як на судзе, трымаю горкі.

Дзяруць тым часам за маёй спіной

Палітыкі адзін з другога пёркі.

Нас раз'яднацца клічуць, то з'яднацца,

Нас кожны ловіць каб на свой кручок.

Калі ж людзьмі мы зможам ўсё-ткі звацца?

Пра гэта дык, на жаль, пакуль маўчок.

Мая зямля, ты зноў у небяспецы,

Ты зноў да класавай прыходзіш барацьбы.

Палітыкі, як камары у лесе,

Таўкуць свае грувасцкія ілбы.

Ім да народа спраў няма ніякіх,

У кожнага уласны інтарэс:

Каб захаліць паболей крэслаў мяккіх

І мець багацця ў доме пазарэз.

Не, досыць спаць і досыць азірацца,

Чакаць, што скажа ўрад, а што Пазняк.

Давайце будзем сілы;набірацца,

I самі будзем цяміць: што і як.

Мы будзем будаваць сваю дзяржаву

I кропкі расстаўляць усе над "і".

О, Беларусь, дзе ўласны твой Дзяржавін?!

Няўжо паны вярнуцца й каралі?

...Маё сумленле - гэта я,

Яго не страчу і нідзе не кіну.

Даруй мне, беларуская зямля,

Што шчэ жыву,

Бо хто змагаўся, той даўно загінуў.


Леапольд Пырскі

Аб мове


Аб мове роднай мы брынчым,

Неалагізмы ў ход пускаем,

Не закранаючы прычын,

Яе мы толькі даканаем.

... О Божа, крый і барані

Забыць свае нам карані!


Рычард Груша

* * *

О Божа мілы і каханы,

Прабач мяне, тваё дзіця

За тое, што я закаханы

У таямнічы стан жыцця.

О Божа мілы і каханы,

Шаную моцна я цябе,

І думкай, верай апантаны,

I роднай мовай, як усе.

О Божа мілы і каханы,

Што лёс нам заўтра прынясе,

А сёння ён намаляваны,

Даруе шчасце пакрысе.

О Божа мілы і каханы,

Прабач назойлівасць маю,

Бо я мастацтву так адданы,

Як аддаюць табе душу.


* * *


Малюе сэрца вочы,

Твае, каханая, твае,

Якія песцяць мяне ноччу,

Як зоркі ясныя ў сне.

Яны цудоўныя ў далечы

I ззяюць быццам ліхтары,

Відаць яны адны на свеце,

Як наша шчасце і сябры,

Якія вельмі сціпла цешаць

Сваёй утульнасцю жыцця.

I лёс аб гэтым сёння сведчыць,

Бо ёсць каханне і дзіця.

Малюе сэрца плённа творы,

Табе, каханая, табе.

На тэму роднай нашай мовы,

Што так запала ў сэрца мне.


Песня над полем

Ясна над краем

Сонейка ззяе,

Шчасце дзіцяці

Шчабеча над гаем.

Дзіўна спявае

Ўсё наваколле,

Песціць каханнем

Бацькава поле.

Словы і гукі

Дораць цяпло,

Матуліны рукі -

Лёс і жыццё.


Алеся Бурак

Мая мова


Цябе зневажалі, тапталі,

Палілі ў агні, крыжавалі,

А ты засталася жывою

3 узнятаю ўвысь галавою.

Як гулкае рэха ў лесе,

Як спеў жаўрука ў паднябессі,

Гучыш, беларуская мова,

У казках народных, замовах.

Як лепшая з лекаў, гаючая

Ад болю ў сэрцы... жывучая

3 суседнімі мовамі ў згодзе-

Спрадвечны наш скарб у народзе.

Не, мова мая не загіне

I род свой людскі не пакіне,

Яна будзе жыць да сканання

Майго і твайго існавання.

Жыві ж, мая мова, красуйся

Не толькі ва ўсёй Беларусі.

Звіні, пранікай у замежнасць.

Ты - нашай душы незалежнасць.


Мой горад і мая мова

Нас хвалюе цікавым шматмоўем

Ліда, горад красы адмысловай,

Усе сівыя муры і стагоддзі

Перад ёю схілаюць галовы.

Між радкамі славянскага "Слова",

Між пажоўклых лісткоў летапісных,

Родны горад, нясеш маю мову

Да сягонняшняй славы і высяў.

Мая мова гучыць над сусветам,

Пракладае да шчася дарогі,

Яе слухае ўважна планета.

Яна песняй хвалюе разлогі.

Аздабляе вакол краявіды,

Гарадскія будоўлі вітае,

І сярод шматгалосае Ліды

Беларускае слова лунае.


Уладзімір Бурак

Матуліная мова


Слоў мудрагелістых не ведаю, не маю,

3 усімі гавару я зразумела.

I свежавыдуманых слоў не прывячаю -

Ад навізны іх наша мова ўжо здранцвела.

Мая матуліная, песенная мова

Мне даражэй за моднае маўленне,

I беларускае прачуллівае слова

Са мною будзе жыць, як Боскае свячэнне.


Васіліса Пазнухова

Да юбілею Сцяцко П. У.


Мілагучны гукі родных песень,

У спякотным сонцы летні гай

I дубы-буслянкі на Палессі -

Гэта ты, мой мілы ціхі край.

Войнаў-бедаў зведаў ты нямала,

Ды ад ВКЛ, ад Скарыны

Мову нашу родную аддана

Баранілі мужньы сыны.

Вось яны: ў вачах - вякоў бясконцасць,

У руках - пергаміны, мячы...

Не, яшчэ пад ясназорым сонцам

Не сышлі ў няпамяць крывічы!

Сёння, Беларусь, з табой вітаем

Мы таго нашчадка ваяроў,

Хто аддаў душу і сэрца краю,

Хто збярог напеўнасць родных слоў.

Мілагучны гукі песень родных

Зліты ў беларускае крыві...

Хай жыве Твой Сын ў душы народа,

Разам з ім - і ты, мой край, жыві.


Прыгажосць

Максіму Багдановічу


Ёсць ў мове слова: "прыгажосць" -

Ланцуг дрыготка-спеўных гукаў.

Нібыта ты бярэш у рукі

Ўсё светлае, што ў свеце ёсць:

Кранаеш зорак аксаміт,

Што пырскамі зіхціць на небе,

Абдымеш дрэва, чый малебен -

Зялёны ветразь у блакіт.

Пах канюшыны, ветру спеў

I раніца ў вачах дзявочых -

Ўсё, што шукаў, чаго хацеў,

Аб чым так марыў цёмнай ноччу...

... Ёсць ў свеце слова: "прыгажосць" -

У гэтых гуках моц Сусвету,

Бо менавіта мова - гэта

Ўсё лепшае, што ў людзях ёсць!


Балада

Ідзе Карна дарогай вясковай -

Уся чорная, быццам чорны лебедзь.

А за ёю - Жэля ўся ў аковах,

Нікога не кахае, нікому не верыць.

Дзве маўклівыя постаці... Што вы

Тут забыліся?! Чаго вам трэба?!

А ў адказ: "... Сястру шукаем, Мову.

Знойдзем - і ўтраіх пойдзем да Неба.

Хопіць плачу! Хопіць слёз і просьбаў!!

Мы пра вас забудземся, жывыя.

Зразумеюць - толькі будзе позна -

Без'языкія, сляпыя і глухія!"

Край паэтаў

Ёсць дзесьці край,

Дзе і ўлетку, і ўвесні

Спевам чаруюць

Народныя песні.

Край,

Дзе жалейка чыста спявала

Голасам звонкім Янкі Купалы.

Край,

Дзе пяе летам жыта ўголас

Песні, што ў спадчыну даў Якуб Колас.

Край,

Дзе азёрныя ведаюць хвалі,

Як Танк і Цётка ў верш душу ўпляталі.

Край,

Дзе бруілася мова матчына

У снах Багдановіча й Пімена Панчанкі.

Край,

Дзе былога раны сустрэнеш

У кнігах Грахоўскага, у "Споведзі" Геніюш.

Край,

Дзе з'яднала бацькоўскае слова

Нас з Багушэвічам і Куляшовым.

Край,

Прыгажэйшы за ўсё ў цэлым свеце,

Мы - яго дзеці.

Дзе ж гэты край,

Сонцам сагрэты?

Спытай у паэтаў!


Яраслаў Пазнухоў

Мы ганарымся


Сэрца гукаюць родныя словы.

Францішак Скарына іх друкаваў,

Карысталіся імі Купала і Колас,

Цётка, Багрым і Міцкевіч Адам.

Нехта хай кажа, што родная мова

Гучыць вельмі смешна ў нашых вуснах -

Яму адкажу: не пакіну ніколі

Я памяць продкаў, іх гонар і сцяг.

Дарэчы, словы з нашай Радзімы

Кажуць усім, што вольныя мы.

Мы не пакутнікі і ганарымся,

Што нарадзіліся ў Белай Русі!


Сымон Лапата

Наша мова


Мова - гэта ёсць святыня,

Сіла, слава і багіня!

Хто не знае сваёй мовы -

Таму імя "пень яловы".


Радзіма

Мілей за ўсё мне тая вёска,

Дзе стаіць бацькоўска хатка,

Дзе абраз з Выявай Боскай:

Матка, на руках - Дзіцятка.

Ад каменняў ды пясчынак,

Тое ўсё, што бачыць вока,

Да бярозак, да травінак -

У душы маёй глыбока.

Не засмечаная мова,

Што культуру нашу гадзіць,

Але родны подых слова

Маё сэрца, душу гладзіць.

Родны кут, месца святое,

Дзе любоў, дзе ласка льецца.

Толькі тут маё ўсё тое,

Што Радзімаю завецца!


Уладзімір Клімовіч

Водар мовы


Гукну - і песняй жаўруковай адзавецца;

Шапну - калосся шэпат перайме...

Чароўны водар мовы ветрам уварвецца

Ў маю душу і скалыхне яе.

Абудзяцца ўспаміны і пачуцці

Пад ціхі плёскат роднай мне ракі.

Спынюся ў бегу, лягу на ўзбярэжжы -

І зноў прысню вам новыя радкі...



Ганна Камінская

Настаўніцы роднае мовы


Прысвячаецца

Уладзіславе Іванаўне Санюк


Старой драўлянай школы жоўты човен

Тануў у квецень майскую садоў. .

Там бегла я на ўрок па роднай мове,

А побач час няўлоўны шпарка йшоў.

Праз плынь гадоў

Мне свеціць сціплы вобраз,

Адкрыты, светлы, шчыры бачу твар.

Настаўніцы я кланяюся ў пояс,

Што нам нясла натхнення дзіўны дар.

... Зноў бачу клас, увагі ціхай поўны,

Распавядаеш ты пра Бандароўну,

Пра прыгажосць і годнасць чалавечую,

Пра лёс народа і пра пакуту вечную...

Бягуць у сэрцы родных ніў палосы -

Чытаеш ты пра жнеечку ў вянку.

Аж зіхаціць дрыготкім срэбрам голас,

Нібы крынічка ў Коласа "кутку"...

Хай кажа хтось агіднае аб мове,

Аб тым, што лёс ёй - ціха адміраць.

Пакуль стаяць на першпачатку ў школе

Такія сейбіты, нам будзе што пажаць!


Людміла Грышко

Мова мая родная


Мова мая родная - пявучая,

Чыстая, азёрная, гаючая.

Чую ў ёй я спеў жытнёвы,

Пошчак салаўіны, голас жаўруковы.

Чую мову гэту змалку,

Як спявала мне бабуля калыханку.

Спеў той ліўся над калыскай

Мовай звонкай, роднай, блізкай.

Лес ад гэтай песні трапятаўся,

Звонкім рэхам сонцу ўсміхаўся.

Песню птушкі ў час лавілі,

Неслі ў даль нябёс на крыллі.

Гукі - зыкі на зямлю ранялі,

Каб зярняткі словамі ўзрасталі

I валошкамі шумелі ў жыце:

"Людзі, мову беларускую беражыце!

Беражыце скарбы продкаў і Айчыну,

Гай шумлівы, поле, луг і ніву.

I крынічку, што струменіць з-пад зямелькі -маці...

Будзем наша беларускае, роднае шанаваці".


Ала Юшко

Янку Купалу


Сто двацаць пяць як нарадзіўся,

А мне чуваць твой голас зноў:

Нясі дзяўчына мову родну,

З якой ў нябыт я адышоў.

Яна, як кволая раслінка,

Трымціць і цягнецца к святлу,

І мову гэту мілагучну

Я праз стагоддзе к вам нясу.

Яе шануйце і люляйце,

Не дайце ў цемры патануць.

За мову гэтую да сёння,

Нас беларусамі завуць.


Ганна Серэхан

Словаў пяшчотны ручай...


"Добры дзень, сябра мой", - "Прывітанне".

Льецца словаў пяшчотны ручай...

"Да сустрэчы", - "Бывай. Да спаткання...

Не сумуй... I мяне ўспамінай..."

Памяць цешыцца сказанай ласкай

I ўзнаўляе штохвілі амаль

Кожны гук, нібы свежую краску

I нязвыклую сёння, на жаль.

Беларускіх пяшчоцінкаў кветкі,

Самых простых, звычайных, малых,

3-за сваёй сустракальнасці рэдкай -

Як прызнанне ў каханні дваіх.


Алесь Хітрун

Роднае слова


Магутнае слова ты, роднае слова!

Са мной ты наяве і ў сне,

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песнь наўчыла мяне.

Янка Купала.

Магутнае слова ты, роднае слова!

Узрушыла сэрца ты сілай сваёй,

Ты нашай старонкі любімай аснова,

Жыві і спявай над усёю зямлёй.

Бяссмертнае слова ты, роднае слова!

Жывеш ты, хоць зведала гора і зло,

Садзілі за краты цябе не аднойчы,

Дарэмна: не знікла, не ўпала на дно.

Свабоднае слова ты, роднае слова!

Не бойся нічога, ідзі ўсё ўпярод,

Вядзі ж за сабой, ты ж заўсёды гатова

Сваёй вольнай доляй узвысіць народ.

Любімае слова ты, роднае слова!

Мяне паланіла ты праўдай сваёй.

Пяшчотная мова ты, матчына мова,

Няма больш на свеце прыгожай такой.


Слова ў абарону роднай мовы

Крыкнуць хочацца: "Даволі

Мову родную таптаць!"

Ды няўжо ніхто ніколі

Не сумее вам сказаць:

"А навошта ж так балюча

Зневажаць яе і ганіць?"

Мова ж песняю гаючай

Ашчаслівіць, не падмане.

Мова - бы вада з крыніцы,

Паспрабуйце прыгубіць.

Ёю можна наталіцца

I навечна палюбіць.

Уладзімір Малец

Гімн мове


Мова матчына, слова роднае, -

Чараўнік - дабрадзей,

Птушка вольная, сонца светлае

Нашых мар і надзей.

Да цябе падысці імкнуся,

Як у першым спатканні,

Не цураюся, ганаруся

Да цябе я прызнаннем.

Роднай моваю выпраўляюся

I імчу ў прасцяг,

Тваёй велічы пакланяюся

I вітаю,твой сцяг.


Мова

О мова матчына!

Ты песняй

І шчырым сонцам напрадвесні

Расплавіш лёд душы няшчаснай.

Жыві!

Не адыходзь заўчасна!


Іна Міхалюк

Беларуская мова


Насупраць твае цёмна-сінія вочы,

Я ў іх прачытаю нямое здзіўленне.

За мовай маёю ты ўважліва сочыш,

Маё беларускае чуеш маўленне.

Дзівак, ты, мой дружа, нічога не знаеш,

Не ведаеш, што беларускае слова,

Павольна вальсуючы, з вуснаў знікае.

Мы станем забойцамі матчынай мовы!?

Няўжо мы наўмысна палюбім другую,

Зусім не сугучную з нашай душою,

Калі беларуская мова існуе,

I мы нарадзіліся з моваю тою!?

Няхай і прыходзіць век зменлівы, новы,

А мы ўсё пад тым жа, пад небам, пад сінім.

I наш абавязак- любіць сваю мову,

I часу не даць яе вынішчыць імя.

Сумленна, натхнёна, цярпліва і шчыра

Нясці запавет ў заўтрашні дзень.

А заўтра- ў наступны, і жыць так, мой мілы,

Мой дружа, не дай адысці мове ў цень.

Красуецца хай родная мова,

А я за яе светлы лёс памалюсь.

Квітнее нехай беларускае слова,

А з ім і цудоўная Белая Русь!!!


Людміла Шот

Родная мова


Родная мова,

нібы крыніца

з чыстай

студзёнай вадой,

быццам раса серабрыцца,

ажыўляе ўсё раніцой.

Родная мова-

голас матулі,

кожнае слова

з далёкіх часоў.

Яна,як вясёлка

на небе ззяе,

гучыць,як песня,

ў сэрцы маім.

Хто не любіць яе,

той не знае

ўсёй прыгажосці

мовы маёй!


Вольга Цяслюк

Скарб


У мяне ёсць скарб багаты,

Вельмі мне ён дарагі,

Толькі вось яго ў хаце

Не ўбачыш, не з'ясі.

Не схаваеш у кішэні,

Не адымеш у мяне,

Гэты скарб жыве ў сумленні,

Ў маім сэрцы ён жыве.

Скарб прыгожы, адмысловы,

Ім з маленства ганаруся --

Гэта матчынае слова,

Гэта мова Беларусі.


Зміцер Шах

Жыве Беларусь!


Жыць нам усім патрэбна,

ні чорта, ні смерці я не баюсь,

зычна выгыркну ў неба:

Жыве Беларусь!

Бачу прасцяг неабсяжны,

за Радзіму начамі малюсь,

чуем подых цяжкі:

Жыве Беларусь!

Мовы сваёй не цурацца,

верным быць продкам - клянусь!

Беларус я, ім век заставацца.

Жыве Беларусь!


Яўген Пац

Два займеннікі і дзеяслоў

Мне вуснаў тваіх мала

I не трэба мне лішніх слоў,

Толькі каб ты прашаптала

Два займеннікі і дзеяслоў.

Хочаш здавацца моднай?

Не трэба мне іншых моў.

Ты прашапчы на роднай

Два займеннікі і дзеяслоў.

Ты церабіла каралі,

Растуліліся вусны зноў...

Як жа прыгожа гучалі

Два займеннікі і дзеяслоў!


Кірыл Сыцько

* * *


Браце, уздымі ты вочы дагары!

На небасхіле знічкі моў

Гараць мільёнамі агнёў,

Гараць, нібыта ліхтары.

Браце, сярод знічак тых бліскучых,

Знайдзі ты тую, што ўпала

У рукі песняра Купалы,

Што для яго крынічкаю была гаючай.

Бачыш? Ну, вунь тая,

Вялікая,бы кола,

Тая самая, якую Колас

Любіў, бы іншы дзеўчыну кахае.

Гэта знічка мовы беларускай.

Угледзься ў бяссмерце яе простых літар,

Што шапацяць, бы квас у куфаль ўліты,

Што танчаць польку ў спадніцы вузкай.

Зразумей, што сіла беларускіх слоў

Жыве ў душы, ля самых каранёў

Яе, жыве і прымушае сэрца біцца,

Прымушае нас пра род свой не забыцца!


* * *


Дзе, вы, дзе сапраўдныя сябры?

Дзе аднамыснік хоць адзін?

Уздымаю вочы дагары:

Няма вакол нікога, Госпадзі!

Усе знаёмыя ля скроні пальцам круцяць,

Калі я па-бацькоўску размаўляю.

Гатовы языкамі душу мне атруціць,

Кажуць голасна: "Не понммаю!"

Смейцеся, вы, тыя, каго лічыў сябрамі!

Іду дахаты я, слёзы па шчаках ізноўку,

Яшчэ аўкнецца слязамі

Вам мова родная, адзіная мая сяброўка!


Галіна Багдзель

Беларускае слова

На зямлі беларускай

Ручайкі ды азёры,

Там блакіт васількоў

На дыване жывым...

Шмат з чаго і яшчэ

Наша выткана мова,

Беларускае слова,

Што квітнее ў душы.

Я кажу табе дзякуй,

Ты пагпрэбна народу,

Як хлеб, соль і вада...

Усе табой ганарацца,

Ганаруся і я!


Людміла Васько

Родная мова


Мова нашых бацькоў і дзядоў,

Беларуская родная мова!..

Яе водгук мне чуецца ў гудзе вятроў,

Плёскат хвалі рачной - яе слова.

Не цурайся роднае мовы сваёй,

Што на волю крынічыць-імкнецца.

Назаўсёды я з ёй, з ёй - усёю душой,

Сэрца з ёй нашмат радасней б'ецца!

Я жыву - пакуль мова жыве, і ў мне

Продкаў кроў, і мой род - беларускі:

Яго мовай гаю я ўсе раны свае,

Калі ліру бяру сваю ў рукі.

Песняй, гімнам звіні,

Мова нашых бацькоў,

У сінечу над полем і лесам;

Хай заўсёды,

I сёння й навекі вякоў

Нам гучыць твая вольная песня!


Алена Завадская

Родная мова


Родная мова старонкі маёй!

Што параўнаць я магу сёння з ёй!

Шэпат лістоў на магутных дубах,

Россыпы кветак на майскіх лугах,

Шум збажыны на шырокіх прасторах,

Шчэбеты птушак, якіх у нас мора.

Смех дзетвары ў бацькоўскае хаце...

Вось з чым яе я хачу параўнаці.

Ды толькі ведаю:гэтага мала,

3 мовай яшчэ я не ўсё параўнала,

Але не пакрыўдзіцца, думаю, мова -

Шмат ў Беларусі ўсяго дарагога.


Людміла Кур'ян

Бяссмерце маёй Радзімы


Роднае слова, ты -

Песня палёў і хлеба,

Сінеча высокага неба,

Пах зялёнай травы.

Роднае слова, ты -

Ракі паўнаводнай хвалі,

Лясныя нашы далі,

Квітнеючыя сады.

Роднае слова, ты -

Бусел над дзедавай хатай,

Поўня над краем багатым,

Спеў салаўя ў бары...

Роднае слова, ты --

Мілай матулі ласка,

Беларуская наша казка -

Роднае слова, ты ...

Родная мова, ты -

Бяссмерце маёй радзімы.

Родная мова мая,

Навечна цябе палюбіла!


Вольга Мохар

Роднай мове


Ціхай пяшчотай поўніцца сэрца,

Як чую я матчына слова.

Злятае слязінка, душа мая рвецца

К табе, мая родная мова.

Калосся паспелага ты шапаценне.

Празрыстасць твая, як крышталь ручаёў.

Блакітнасць твая - сінь нябёсных адценняў.

Твая мілагучнасць, як песні палёў.

Як шчыра ты свеціш сваёй цеплынёю,

Бы нашае вечнае сонца. .

3 маленства люляла мяне ты сваёю

Любоўю. Гляджу ў ваконца:

Таполя шуміць, ліст самотна кідае.

I быццам бяроза пяе за мяне:

"Я чую...я чую цябе, дарагая...

Люблю цябе, мова! Кахаю цябе!.."


Уладзімір Нікулін

Родная мова


Яна ўзвышалася дрэвам калісьці,

Яе карані ў старажытных вяках.

I слоў сваіх шматкаляровае лісце

Яна захавала, як згорнуты сцяг.

Яна недарэмна з бацькоўскаю ласкай

Такім непаўторным напевам гучыць,

Калі ажывае ў паданнях і казках,

Як свет, без якога нам нельга пражыць.

У ёй і душа, і свядомасць народа,

Яго спадзяванні на велічны шлях,

I, як непазбежная наша свабода,

Яна адкрываецца ў нашых вачах.

Пераадолеўшы ўсе перашкоды,

Яна захапляе спрадвечнай красой,

I мы ўспрымаем яе назаўсёды,

Калі прызнаёмся ў адданасці ёй.

Мы ёй ганарымся ў прадбачанні смелым,

Яна адкрывае нам тайны свае,

Таму і становіцца ўсё зразумелым,

Калі мы з любоўю шануем яе.

І запаветам ствараюцца словы,

Якія раней адчуваннем былі.

Няма прыгажэйшай, чароўнейшай мовы,

Чым родная мова на нашай зямлі.


Кацярына Яскевіч

* * *


Грукочуць падковы па хвалях каменных,

Нібыта спяваюць аб сонцы, жыцці,

Нібыта сумуюць аб днях тых спахмельных,

Што зніклі адзін за адным ў забыцці...

Нябачныя коннікі, збруя і конь,

Не чутны ні голас, ні цугляны звон,

А коннік імчыцца, кудысьці ляціць,

Не можа ён знікнуць,не можа забыць:

Ні песняў, што маці калісьці спявала,

Ні землю, якая жыццё даравала,

Ні мову сваю, што звінела крыніцай,

Ў якой не было вымаўлення "скарыцца".

Грукочуць падковы па хвалях каменных,

Нібыта спяваюць аб сонцы, жыцці,

Нібыта сумуюць аб днях тых спахмельных,

Што зніклі адзін за адным ў забыцці...



Змест

Ліда з мовай назаўжды 5

Цётка 7

Валянцін Таўлай 10

Ніна Тарас 13

Данута Бічэль 15

Хрысціна Лялько 20

Ірына Багдановіч 21

Станіслаў Суднік 22

Уладзімір Васько 36

Пятро Макарэвіч 37

Алесь Стадуб 41

Міхась Мельнік 43

Юры Карэйва 45

Леанід Віннік 48

Іван Гушчынскі 49

Іосіф Масян 50

Марына Масла 51

Святлана Цішук 52

Ганна Рэлікоўская 54

Тадэвуш Чарнавус 56

Леапольд Пырскі 59

Рычард Груша 60

Алеся Бурак 62

Уладзімір Бурак 64

Васіліса Пазнухова 65

Яраслаў Пазнухоў 68

Сымон Лапата 69

Уладзімір Клімовіч 70

Ганна Камінская 71

Людміла Грышко 72

Ала Юшко 73

Ганна Серэхан 74

Алесь Хітрун 75

Уладзімір Малец 77

Іна Міхалюк 78

Людміла Шот 79

Вольга Цяслюк 80

Зміцер Шах 81

Яўген Пац 82

Кірыл Сыцько 83

Галіна Багдзель 85

Людміла Васько 86

Алена Завадская 87

Людміла Кур'ян 88

Вольга Мохар 89

Уладзімір Нікулін 90

Гражына Хруль 91

Кацярына Яскевіч 92


Шануйце роднае слова! Анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову. На беларускай мове. Ліда, 2008. 92 с.

Укладальнік: Міхась Мельнік.

Рэдактар: Міхась Мельнік.

Тэхнічны рэдактар: Станіслаў Суднік.

Папера афсетная. Фармат А-5. Гарнітура "Таймс".

Наклад 299 асобнікаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX