Папярэдняя старонка: Мой Грунвальд

Пагоня за мову 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.




  * * *
  
  Ці не падумалі, панове,
  Я змоўк, не глянуўшы на свет,
  Што не скажу на роднай мове
  Я больш ні слова, як паэт,
  
  Што стэп, тайга, гады, дарогі
  Зламалі дух і голас мой,
  Што дзесьці ўпаў я ад знямогі,
  Ці мо купіў сабе спакой
  
  Цаной адмовы ад змагання,
  Цаной маўчання ў шмат гадоў,
  Што цяжкі камень раставання
  Прыдушыць памяць і любоў,
  
  Што абыякавасць атрутай
  Агорне сэрца і душу,
  Што боль за родны край пакутны
  Ў сабе адчаем за душу?..
  
  Дык вы змыліліся, панове,
  Маўчаць мяне не змусіць вам
  Бо век не здраджу роднай мове
  І вам за здраду "аз ваздам".
  
  24.03.76 г.
  15.05.88 г.
  
  
  ПАГОНЯ ЗА МОВУ
  
   
  Над зямлёй імчацца коні,
  Капытамі лісце рвуць,
  Грозных рыцараў Пагоні
  На сабе яны нясуць.
  
  Гарады мінаюць, вёскі,
  Узрываюць сонны дол
  Пра Пагоню пагалоскі
  Разлятаюцца вакол,
  
  Будзяць воінаў у хатах
  Спаць палацам не даюць,
  І хто ў світках, а хто ў латах
  Беларусы паўстаюць...
  
  Зноў грыміць, ляціць Пагоня,
  Да Пагоні той прыстаць
  Клічу, клічу я сягоння:
  Хопіць, хлопцы, хопіць спаць!
  
  Ці не бачыце, што мову
  Затапталі нашу ў гной,
  Дзецям нашым нашых словаў
  Ажно сорамна парой.
  
  Беларускай роднай мовы
  Ўжо не ведаюць яны
  І з акцэнтам мадэрновым
  Кажуць імя Скарыны.
  
  Гіне мова, прападае,
  На ратунак кліча нас.
  Я Пагоню аб'яўляю:
  За яе! У сёдлы! Час!
  15.05.88 г.
  
  
    СУД
  
  
  Гэй, устаньце, беларусы,
  На суд мацеры-зямлі,
  Адкажыце, беларусы,
  Вы за колькі прадалі
  
  Мову нашу, мову маці,
  Мову пушчаў і бароў,
  Мову Койданаўскай раці
  І Грунвальдскіх ваяроў?
  
  Мову Коласа, Купалы
  Вы за колькі прадалі?
  Трыццаць срэбнікаў, не мала,
  За радзімую ўзялі?
  
  Вы ўзялі якой манетай:
  Фунтам, франкам ці рублём?
  Можа вы яшчэ пры гэтым
  Іншым хапнулі дабром?
  
  Можа вы ўзялі чынамі,
  Дабрабытам гарадскім,
  Дарагімі лахманамі...
  Ці ж хапіла хоць усім?
  
  Можа ў прыпражку вы з мовай
  І сумленне прадалі,
  За яго мараллю новай
  Ці культурай узялі?
  
  Ды хутчэй жа іх хавайце:
  Маркі, долары, рублі,
  Рукі з мылам адмывайце,
  Трыце, чысціце ў зямлі.
  
  Мо яна, зямля паможа
  Срэбны пыл саскрэбці з вас,
  Ды схаваць усіх не зможа
  Ад расплаты. Прыдзе час,
  
  Вас спытаюць вашы дзеці,
  Што пакінулі вы ім,
  А ў адказ вы зазванеце
  Срэбрам Юдавым сваім,
  
  Раскажыце слова ў слова,
  Як зракліся той зямлі,
  Як сваю культуру, мову,
  Як свой гонар прадалі.
  
  26.05.88 г.
   
   
  ПРАМОВА ДА МОВЫ
  
  Ты мовай Рагнеды была і Ўсяслава
  І мовай Ягайлы таксама была,
  Гучала ў паходах і бітвах крывавых,
  У мудрых статутах і песнях жыла.
  
  Табой размаўляў цар Міхайла Раманаў,
  Ігнат Грынявіцкі табой размаўляў,
  Ты чулася разам са звонам кайданаў
  З тобою народ за свабоду ўставаў.
  
  Была ўсенароднай, высокай, дзяржаўнай,
  А стала чужою ў радзімым краі,
  А стала сваячкаю беднай, бяспраўнай
  Няпрошанай госццю ў багатай сям'і.
  
  Цябе праганяюць са школы і хаты
  І выперлі моўчкі з усіх устаноў,
  І з інстытутаў, музеяў заўзята,
  Нахабна цябе выганяюць далоў.
  
  Стараюцца смехам, пагардай, прымусам
  Цябе, нашу мову, забіць і забыць...
  Хто ж нішчыць цябе?
  Ды, свае ж, беларусы,
  І гэта цяжэй, чым прыгнёт перажыць. 
  
  31.05.88 г.
  
  
  БЫЛОЕ
  
  Табой размаўлялі
  Цары і баяры,
  Цябе пераймалі
  Літва і татары.
  
  Табою складалі
  Статуты, паданні,
  Табой друкавалі
  Святое пісанне.
  
  Цябе прадавалі
  Паны і паненкі,
  Цябе шанавалі
  Мястэчкі, засценкі.
  
  З табой паміралі
  На вісельнях царскіх,
  Цябе пазнавалі
  Па словах бунтарскіх.
  
  Была ты з народам
  У бітвах за волю,
  З байцом у паходах,
  З аратым у полі.
  
  Ад нечысці ўсякай
  У пушчы ўцякала,
  Няходжаным шляхам
  Гадамі блукала.
  
  Хавалася ў лёхах,
  У нетрах балотных,
  Баялася крокам
  Прайсціся свабодным.
  
  Цябе шкадавалі
  Пяшчотна любілі,
  Цябе катавалі,
  Калечылі, білі.
  
  Цябе забывалі,
  Цябе ўспаміналі,
  Цябе вывучалі,
  Цябе адмянялі.
  
  Душу сагравала
  Ты ў зімнюю сцюжу,
  Любоў аздабляла
  Валожкай і ружай.
  
  Была ты патрэбнай,
  Была неабходнай,
  Нікому не дрэннай,
  На ўсе была годнай.
  
  Была ты часцінай
  Краіны радзімай,
  Была ты адзінай,
  Была ты любімай.
  
  6.06.88 г.
  
   
  НА КРЫЖЫ
  
  На зямлю тую Хрыстус не сходзіў,
  А ў балотах чорт неяк тануў,
  Тут спрадвеку, ці жыта не ўродзіць,
  Ці па хаце пярун смалянуў.
  
  На зямлі той бязвольныя людзі
  Калупаюцца моўчкі ў грахах,
  Цвіллю дыхаюць хілыя грудзі,
  Душы віснуць на мшалых крыжах.
  
  
  Там няма ні спакою, ні веры,
  Там няма ні мяжы і ні меры,
  Там крумкач усім песню спявае,
  Распаўзаецца гаць гадаўя,
  Штохвіліну жыўцом там канае
  Беларуская мова мая.
  25.09.90 г.
  МАЯ МОВА
  
  Гой ты, мова мая шарачковая,
  Беларуская мова мая,
  Ты для нас не старая,не новая,
  Ты ад веку свая і свая.
  
  Ты не панская, ты не высокая,
  Бо ты ж "простай" заўсёды была,
  Як радзіма твая сінявокая,
  Ты між простым народам жыла.
  
  Злы маскаль, бальшавік, сіла клятая
  Насміхаліся ў вочы з цябе,
  На крыжы паняверкі распятая
  Памірала ты ў чорнай журбе.
  
  Ксёндз цябе не праславіў з амбона ,
  А поп ў цэркве цябе не вітаў,
  Сакратар бальшавіцкіх райкомаў
  У сібірскіх снягах пахаваў.
  
  На табе ўжо не шэпчуць каханыя,
  Без цябе зачынаюць жыццё,
  Толькі мы ўсё яшчэ непрыкаена
  Прадаўжаем зямное быццё.
  
  Толькі мы, богам, чортам забытыя,
  Нават дзеці зракаюцца нас,
  Лезем, лезем у бойкі адкрытыя,
  А супроць і прырода, і час.
  
  Толькі мы, як фанатыкі п'яныя,
  Не адходзім яшчэ ні на крок,
  Мы навечна, табе мы адданыя,
  На нас страшны, нязломны зарок.
  
  Мы паляжам касцьмі спарахнелымі,
  Ды, усё ж, не зрачомся цябе,
  Мы пакінем Зямлю нашу Белую,
  Ці ў свабодзе, ці ў вечнай жальбе.
  
  18.09.90 г.
  
  
  
  ДЗЕЦІ СІНЯВОКАЙ БЕЛАРУСІ
  
  I
  Дзеці сінявокай Беларусі,
  Колькі вас раскідана па свеце,
  Колькі вас, двўно забытых, мусіць
  На сабе гайдаць міжзорны вецер,
  
  Колькі целаў цяжар непад'ёмны
  Прыкаваў да земляў невядомых,
  Колькі душ паміж сусветаў цёмных
  Не знайходзяць сцежачкі дадому,
  
  Колькі вас касмічнымі шляхамі
  Моўчкі непрыкаена блукае
  І таго, што згублена не вамі
  Безнадзейна роспачна шукае?
  
  Хто шукае згубленую волю,
  А хто гонар дзедавай суліцы,
  Хто шукае страчаную долю,
  А хто водар чэрвеньскай суніцы.
  
  Хто імкліва шчасце даганяе,
  Хто нядолю за вярсту абходзіць,
  Кожны найгалоўнае шукае,
  Ды ніхто чамусці не знайходзіць.
  
  II
  Дзеці сінявокай Беларусі,
  Вам не зведаць радасці знаходкі,
  Вам і зоркі на нябёсах схлусяць,
  Вам да ног прывязаны калодкі.
  
  Затрасе вас лёсу ліхаманка,
  Пыл няўдач засыпле вашы вочы,
  Не засвеціць раніца заранкай,
  Не заззяе месячык уночы.
  III
  Дзеці сінявокае краіны,
  Хто аджыў і будучыні людзі,
  Вы ж згубілі вашую Айчыну,
  А другой у вас ужо не будзе.
  
  Вы згубілі матчыну спагаду
  І цяпло бацькоўскае хацінкі,
  Пах духмяны восеньскага саду,
  Шэпт зялёны муражной травінкі.
  
  Вы згубілі звон вады крынічнай
  І не злосны гром нябёс вясновых,
  Над старой буслянкай клёкат зычны...
  Вы згубілі гэта разам з мовай.
  
  Вы згубілі дзедавую казку,
  Вы згубілі матчыную песню,
  Строгі погляд са старых абразоў
  Ні дабром, ні верай не ўваскрэсне.
  
  К вам дзяды не прыйдуць на вячэру,
  Вы чужыя сотням пакаленняў,
  Вы на грошы прамянялі веру
  За пакору спляжылі сумленне.
  
  Прашчуры адвернуцца сярдзіта,
  Вашых душаў гнеўна не пазнаюць.
  
  IV
  
  Дзесь між зорак па шляхах разбітых
  Здані беларускія блукаюць.
  
  15.11.90 г.
  
  
    НА КЛЕЦКІХ МОГІЛКАХ
  
  
 Светлай памяці настаўніцы беларускай мовы
 Казлоўскай сярэдняй школы Нясвіжскага
 раёна Майсені Леаніды Аляксандраўны.
 
  Па могілках ціхіх аднойчы
  Я сцежкай самотнай ішоў,
  Слізгалі задумліва вочы
  Па даўніх карунках крыжоў.
  
  Вісеў у паветры маўкліва
  Пыл слаўных і змрочных падзей
  І асядаў клапатліва
  На скончаных лёсах людзей.
  
  На прыкладах, стэлах, каменнях
  Чыталася ўсюды адно -
  За жыццямі ўсіх пакаленняў
  Народа жыцця не відно.
  
  З расейскімі словамі пліты,
  І з польскімі тут жа стаяць,
  Ды толькі на роднай, забітай,
  Ды толькі на ёй не відаць.
  
  Чаму? Вам сказаць не бяруся,
  Ды немы адчуў я дакор:
  Гнуў спіну бядак беларусам,
  Аж бачыш! Палякам памёр.
  
  І толькі ў кутку пад рабінай
  Я ўбачыў, што гэтак жадаў,
  Я надпіс на мове радзімай,
  На мове сваёй прачытаў.
  
  Праглядваю тэкст паўсвядома -
  Між смерцю і вечнасцю гаць,
  А ён чымсьці дзіўна знаёмым
  Бег думак спрабуе суняць.
  
  Спаволены крок прыпыняю,
  Душэўшы забыты спакой.
  З пад літараў ціха ўсплывае
  Настаўніцы вобраз маёй.
  *
  Згарэлі, як зыркія дровы,
  Гады і спыліліся ў час,
  Настаўніца роднае мовы
  Калісьці так дбала пра нас.
  
  Яна нас вучыла сусвету
  Радзімых і песень, і слоў,
  Яна з нас рабіла паэтаў,
  Яна ў нас уклала любоў.
  
  Яна нам расказвала казкі
  На мове радзімай зямлі,
  На іх, як на тыя абразкі,
  Мы чуць не маліцца маглі.
  
  Яна нас вучыла нахненню
  І веры ў гаротны наш край,
  Яна нас вучыла імкненню
  Ў жыццё, як у песенны грай...
  
  *
  
  І вось я прыціх у самоце
  Гляджу на магілу яе,
  Ды нешта ў святой адзіноце
  Спакою душы не дае.
  
  Здаецца, сакрэт ці загадка
  Хаваецца ў гэтай журбе,
  А розум маўчыць, і адгадка
  Стамлёнае сэрца дзяўбе.
  
  І раптам мяне асвятліла,
  Яна ж.., зразумей і павер,
  Не толькі тады нас вучыла,
  А вучыць нас, нават, цяпер.
  
  Яна з небыцця, з часастою
  Працягвае працу сваю,
  Яна і магільнай плітою
  Выкладвае мову маю.
  
  21.03.92 г.
  
  
  * * *
  
  Дзіцятка малое
  Любою парою,
  Калі не спрабуеш спытаці,
  Як зможа, то скажа,
  А не, дык пакажа
  Між соцень жанчын сваю маці.
  
  Мы ж край свой радзімы,
  Спрадвеку адзіны
  Чамусьці ніяк не прызнаем
  І мовай чужынскай
  З ляноты злачынскай
  Штодзённа яго абражаем.
  
  Мы часу не маем,
  А мо не жадаем
  Нарэшце -урэшт зразумеці,
  Што робяць балюча
  І крыўдна пякуча
  Зямельцы сваёй яе дзеці.
  
  З чужыніцы клятай,
  З трасянкі праклятай
  Сцячэ ўся краіна слязамі,
  Дзе мова чужая,
  Там рэчка нямая,
  Лес вые аднымі ваўкамі.
  
  Там кветкі маўкліва,
  Шпакі палахліва
  Над мёртвай зямлёю гібеюць,
  А нас навучыці,
  Душу абудзіці
  Малыя, нямыя не ўмеюць.
  
  Дык што ж, так і будзе?
  Дык што ж, мы не людзі?
  Ці ж час не настаў памяняцца
  І мовай сваёю
  З радзімай зямлёю
  У песні адзінай з'яднацца?
  
  9.02.93 г.
  
  * * *
  
  Я гляджу ў далячынь заімглённую
  Цераз шэрань асенняга дня,
  Пешчу ў сэрцы я думку стаённую,
  Што мы дойдзем усё ж да відна.
  
  Што праз зімы і сцюжы з марозамі,
  Хоць паўзком дапаўзём да святой,
  Да краіны, дзе клёны з бярозамі
  Шэпчуць казкі на мове маёй,
  
  Дзе ўсе дзеткі звычайнымі словамі
  Звоняць з рання ажно да цямна,
  І ніякай чужынскаю моваю
  Страшыць нас нават сэнсу няма,
  
  Дзе мы сталі вялікаю нацыяй,
  І валодаем роднай зямлёй,
  І з бязгрэшнасцю цноты дзіцячае
  Ганарымся Радзімай сваёй.
  
  18.12.93 г.
  
  ***
  
  Покуль я быў беларусам,
  Землю сваю я любіў
  Вольнаю воляй, без нечых прымусаў
  Ўсё, што патрэбна, рабіў.
  Покуль я быў беларусам.
  
  Покуль я быў чалавекам,
  Мову сваю шанаваў
  Слоўца ніколі на здзек я
  Злыдню павек не аддаў.
  Покуль я быў чалавекам.
  
  6.02.95 г.
  
  
    ВЯРТАЕЦЦА МОВА
  
  
  Вяртаецца мова...
  
  З далёкай чужыны,
  З выгнання ліхога
  Да роднай Айчыны,
  Да продкаў парога
  
  Вяртаецца мова!
  
  Вяртаецца мова...
  
  То ружай чырвонай,
  То белым рамонкам,
  То словам натхнёным,
  То песняю звонкай.
  
  Вяртаецца мова!
  
  Гавораць на мове...
  
  Лясы і дубравы,
  Азёры і рэчкі,
  Высокія травы
  І птушак гняздзечкі
  
  Гавораць на мове!
  
  Гавораць на мове...
  
  Хлапцы і дзяўчаты,
  Бабулі сівыя,
  Матулі і таты,
  І дзеткі малыя
  Гавораць на мове!
  15.03.93 г.
  
  
  УРОК ПРА ПАРОКАЎ 
 
  1
  Было спачатку слова,
  А потым стала кніга,
  Між імі быў прарок.
  З такое вось прадмовы
  Памалу і паціху
  Пачнём мы свой урок.
  
  Было спачатку слова,
  Што Бог паслаў прыродзе,
  І вуснамі Хрыста
  На ўсіх сусветных мовах
  Вучыў нас і даводзіў,
  Што Бог ёсць дабрата.
  
  А после на паперы
  Застылі словы Бога,
  Як мудрасці крышталь.
  З іх прарастала вера,
  Да людскасці дарога
  І будучыні даль.
  
  Хрыстос застаўся дзесьці
  Між словамі і кнігай,
  Як вечны дух нябёс.
  А кнігі - Бога дзеці
  Праз холад і адлігі
  Народ з сабой панёс.
  
  2
  Па-над Нёмнам і Дзвіною
  Ў ладзе з роднаю зямлёю
  Жыў магутны мой народ.
  Поле ён умеў араці,
  Злыдня, таця ваяваці
  Запар кожны божы год.
  
  Сонцу верна пакланяўся,
  У агня пра лёс пытаўся,
  Як спрадвеку вечны век,
  Ды душою не стамляўся,
  Вечна некуды ўсё пяўся
  Цар прыроды - чалавек.
  
  І спаткаў аднойчы Бога.
  Гразкай, збітаю дарогай
  Слова ў гэты край прыйшло,
  І за праўдаю святою
  Над бяспамяцтва смугою
  Сонца новае ўзышло.
  
  З-пад нябескавае сіні
  Ў свет зрабіла Ефрасіння
  Свой святы ахвярны крок,
  Кнігай край свой надарыла
  І сабой грахі скупіла -
  Першы той зямлі прарок.
  
  3
  Расквітнеў мой край прыгожа
  І багаццем, і красою,
  І чысцюткаю душою,
  Разагнаў цароў варожых
  І, як моцнаму належыць,
  Распрастаў, бы плечы, межы.
  
  Слаўны край у наваколлі
  І таварамі сваімі,
  І хлапцамі маладымі,
  Ды імкнецца далей, болей.
  Ён ужо святыя словы
  Хоча мовіць роднай мовай.
  
  Нараўне стаяць ён хоча
  І з краінамі старымі,
  І з пасадамі святымі.
  І вось тут, дзе дуб шапоча,
  Ў надпалотанецкай цішы
  Ўжо расце малы Францішак
  
  І з сваім узросшы словам
  Кнігу ў ім ён даў народу
  І духоўную свабоду,
  Да святых узняў ён мову,
  І наўслед за гэтым крокам
  Стаў у нас другім прарокам.
  
  4
  Шчасце-доля панавала
  Ўсцяж па ўсёй краіне,
  Ды спакою не давала
  Зайздраснай чужыне,
  Накацілася навала,
  Край радзімы гіне.
  
  Раці смелыя на полі
  Леглі пад сцягамі,
  Дзеці іх з чужынскай волі
  Сталі чужакамі,
  А люд просты ў нядолі
  Звоніць ланцугамі.
  
  Сталі цяглавай жывёлай
  Дзеці курных вёскаў,
  Ні царквы сваёй, ні школы,
  Росцяць неданоскаў...
  Ды тут з пушчаў на раздолле
  Выйшаў Каліноўскі.
  
  Слова зноўку загучала
  Над усёй зямлёю
  Кніга следам падступала
  Бурнаю ракою,
  А прарока ўжо чакала
  Маскаўня з пятлёю.
  5
  Кастуся маскаль павесіў
  І душу ў людзей забіў,
  Памяць здрадай атруціў,
  Каб ніколі не ўваскрэслі,
  А каб вечна крыж свой неслі
  Здані ціхія наўздзіў.
  
  Без гісторыі і мовы
  Нехлямяжы беларус,
  Шкуру ўсе з яго дзяруць.
  Ён не скажа супраць слова,
  Ён сцярпець ўсё гатовы,
  Не шкада яго нічуць.
  
  Ён маўчыць, ды крыўды слова
  З неба зноў яму зышло,..
  Памяць болем апякло,
  Нарадзілася нанова
  І з ударам Перуновым
  Ў сэрцы гневам прарасло.
  
  І народ сябе спасцігнуў
  І зрабіўся цвёрды крок...
  Тут я скончу свой урок,
  Бо чутна між сцюж адліга,
  Бо цякуць паводкай кнігі,
  Значыць, ходзіць дзесь прарок.
  
  30.10.94 г.
  
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX