Папярэдняя старонка: Мой Грунвальд

Наш Грунвальд. Вянок санетаў 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.




  
    1. Шыхт
  
  Мы стаім у шаломах з мячамі,
  Перад намі варожая раць,
  З намі мова,зямля наша з намі,
  За яе мы ідом ваяваць.
  
  Мы ўглядаемся ў проразі грозна,
  Мы вышукваем хібу ў брані,
  Ад жалезнага цяжару млосна,
  Божа, нас ты хаця барані.
  
  Вытнем разам, магутна, зацята,
  Будзем біцца, як косім, заўзята,
  У крававай рацэ той шалёнай
  Палымнеюць агнём берагі,
  Перад намі - праклёны, праклёны,
  Па-над намі - сцягі і сцягі.
  
  1.10.90 г.
  
  
    2. Пачатак
  
  
  Па-над намі - сцягі і сцягі
  Чырвань бель паласою пячэ,
  А навокал снягі і снягі,
  Кроў чырвоная густа цячэ.
  
  За снягамі ваўком вые ноч.
  Зубы вострыць злаюдава раць,
  Моцны Божа, хаця не суроч,
  Дай жа трапна варогаў уцяць.
  
  Нам няведамы страх у баі,
  Мы забылі каханых сваіх,
  На шчытах толькі вольнасць у нас,
  Вораг падае ніц пад мячамі,
  Нам не страшны ні суд і ні час,
  У нас крылы даўно за плячамі.
  
  1.10.90 г.
  
  
    3. Прызямленне
  
  
  У нас крылы даўно за плячамі,
  Ды мы звяжам іх моўчкі, што моц,
  І самотнымі зорак вачамі
  Распагодзім бясконцую ноч.
  
  Па зямлі сваёй грэшнай нагамі
  Мы адмераем кожнуя пядзь,
  Мы вятры супакоім сцягамі,
  І шчытамі мы высцелем гаць.
  
  Між баямі самотнай хвілінаю
  Мы зліёмся з зямлёй, як з дзяўчынаю,
  Вольны вецер пяе аб свабодзе,
  Неба нам, як акрайчык страхі,
  Нам не ўзлезці туды, мой народзе,
  На нагах цяжкай гірай грахі.
  
  5.10.90 г.
  
  
    4. Будні
  
  
  На нагах цяжкай гірай грахі,
  А ля скроні, як руля, праклён,
  Мой народзе, табе ад сахі
  Трэба выйсці да велічных дзён.
  
  Ты, забіты нядоляй і працаю,
  Аж забыўся на назву сваю,
  І штодзень бізуном альбо тацаю
  Кроў па кроплі ўсе ціснуць тваю.
  
  А мы ўсё ці аралі, ці сеялі,
  Рукі цешылі працай умелаю,
  Забываліся мроямі чыстымі,
  Ды пабудка, як дзень, наступала,
  Нібы хваляў сцяна перад выспамі,
  Перад намі варогаў навала.
  
  5.10.90 г.
  
  
    5. Вораг
  
  
  Перад намі варогаў навала,
  Як стагодзі меняюць іх твар,
  Ды душа перамен не спазнала,
  Не згасае там хцівасці жар.
  
  Хоць там немец, хоць лях,хоць расеец,
  Іх аднолькавы точыць чарвяк,
  Зразумець не жадаюць, не ўмеюць:
  Тут не рускі жыве, не паляк.
  
  Тут жывуць беларусы спрадвеку,
  Церпяць тут і канаюць ад здеку.
  Новы дзень зноў бядой узгарае,
  Б'е маланкай па гэтым краі,
  Новы вораг сюды падступае,
  Там чужынцы, тут жменька сваіх.
  
  5.10.90 г.
  
  
    6. Нечысць
  
  
  Там чужынцы, тут жменька сваіх,
  Там нахабная, лютая зграя,
  Што чужынцы? Вядома, ад іх
  Мы ўсялякага ліха чакаем.
  
  Што чакаюць, адкажы , Беларусь,
  Нам ад злыдняў табой спараджоных,
  Што па частках цябе прадаюць,
  Што табе пагражаюць палонам.
  
  Паглядзіце, як нечысць шыкоўна
  Тут жыве, бы ў раі, усяроўна,
  Раскашуе на шыі народа,
  Наша гора, наш боль растаптала,
  У кайданы ўкавала свабоду.
  Як нас мала, мой Божа, як мала.
  
  4.02.91 г.
  
  
    7. Адраджэнне
  
  
  Як нас мала, мой Божа, як мала,
  Не ўрадзіла нас болей зямля,
  Кепска сонца яе сагравала,
  І была ўся з камення ралля.
  
  Мы па каліву цяжка ўзрасталі,
  Нас ламаў, нас таптаў градабой,
  Мы ў сібірах сябе пахавалі,
  На вайне заліліся крывёй.
  
  Ды ад кожнай сцяблінкі спрадвеку
  Хоць зярнятка хавалі ад здеку,
  І вось "трубы гудуць над Гародняй",
  Менск пагонічаў кліча сваіх,
  Мы-жывыя, хай нават і сёння,
  Як заўсёды, нас меней, чым іх.
  
  4.02.91 г.
  
  
    8. Досвітак
  
  
  Як заўсёды, нас меней, чым іх,
  Як заўжды, у нас горшая зброя,
  Нам падмогі няма ад святых
  І няма нам спагады людское.
  
  Шлях замкнула гісторыя свой,
  Інсургентаў калісь прадавалі,
  А сягоння бязмоўнай гурбой
  Галасы недавяркам аддалі.
  
  Бач, абселі наўкола панамі,
  Бач,камандуюць велічна намі,
  Ды такі ненадоўга хаўрус,
  Новы дзень, новы час наступае,
  Мы ўстаём за сваю Беларусь,
  Таўкавіска ад зброі зіяе.
  
  23.02.91 г.
  
  
    9. Мэта
  
  
  Таўкавіска ад зброі зіяе,
  Таўкавіска сцягамі гарыць,
  Наша справа ў той бітве святая,
  Мы радзіму ідом бараніць.
  
  Ад пагарды ідом, ад бязволля,
  Ад спакусы пакорай раба,
  Ад бязвер'я, душэўнай няволі...
  Тут за прышласць зямлі барацьба.
  
  Жыцці мы ўжо даўно паламалі,
  Сэрцы ў латы стальныя ўкавалі.
  Мы супроць той пакоры лядачай,
  Што народ мой з жывёлай раўняе,
  З нашых душаў і сэрцаў гарачай
  Таўкавіска крывёй заплывае.
  
  23.02.91 г.
  
  
    10. Поле
  
  
  Таўкавіска крывёй заплывае,
  Ды за шыхтам зноў шыхт устае.
  Год за годам Пагоня збірае
  Нас пад светлыя сцягі свае.
  
  Год за годам зямля Беларусі
  Пасылае ўсё новых сыноў,
  І ні мукі, ні смерць не прымусяць
  Іх адгэтуль вярнуцца дамоў.
  
  Наша поле ляжыць не пад Менскам,
  Не пад Вільняй, Варшавай, Смаленскам,
  Душы, сэрцы, надзея і гнеў,
  Беларусь, поле тое - мы самі,
  Крумкачоў чуцен жудасны спеў,
  Мы за край свой кладомся касцямі.
  
  23.02.91 г.
  
  
  
    11. Неўміручасць
  
  
  Мы за край свой кладомся касцямі,
  Толькі душам спачыну няма,
  Зыркай помсты святымі агнямі
  Ім зігцець у бязмежжы цямна,
  
  Ім лятаць, ім блукаць у прасторы,
  Новых целаў рупліва шукаць,
  Душы тых, хто загінуў учора
  Заўтра будуць ізноў ваяваць.
  
  Вольны дух Беларускай краіны,
  Ты не знік, не прапаў, не загінуў,
  Ты ў Сусвеце бязмежным лунаеш,
  І гадуеш сыноў ты сваіх,
  Светлай мараю нас асвятляеш
  У тым нашым апошнім баі.
  
  11.09.91 г.
  
  
    12. Стойкасць
  
  
  У тым нашым апошнім баі,
  Колькі б злыдням ні рвацца, ні пяцца,
  Мы патонем у моры крыві,
  А назад ні адзін не падасца.
  
  Не саступім не пядзі зямлі
  І ні слоўца радзімае мовы,
  Мы сцягі не на жарт паднялі,
  Не на дзень мы скідалі аковы.
  
  Родны край, ты адзіны на свеце,
  Мы ж усе - твае грэшныя дзеці.
  За свабоду тваю і за шчасце
  Мы ў адказе і толькі мы самі,
  Тварам стрэпем любыя напасці.
  Наша крыўда... Яна перад намі.
  
  11.09.91 г.
  
  
  
    13. Праклён
  
  
  Наша крыўда... Яна перад намі,
  Нашы ворагі ладзяць хаўрус,
  Як ваўкі, зноў скрыгочуць зубамі,
  Сцеражыся, бядак-беларус.
  
  Камуніст і расеец натхнёна
  Дзеляць нашу святую зямлю,
  І гразяць нам апошнім палонам,
  І звіваюць на шыю пятлю.
  
  Дык праклятым хай будзе маўчанне,
  Ласкі нечай сляпое чаканне,
  Хай праклёны на ўсіх тых да скону,
  Хто шчэ ў нашых шыхтах не стаіць,
  Мы ўстаўём на Зямлі абарону,
  Мы зракаемся месца ў раі.
  
  11.09.91 г.
  
  
    14. Грэх
  
  
  Мы зракаемся месца ў раі,
  Мы даўно саграшыць не баімся,
  Мы свабодны ва ўчынках сваіх,
  Ад ратунку душы адракліся.
  
  З сэрцаў вырвем спагаду і жаль,
  Перад выбарам сродкаў не станем,
  Нас не можа абцяжваць мараль,
  Нас дабром немагчыма параніць.
  
  А на шалю грахоў на тым свеце
  Грэх адзін нам не ляжа, паверце,
  Грэх пакоры, бязвер'я, адчаю,
  Здрады грэх не запішуць за намі.
  Перад лёсам радзімага краю
  Мы стаім у шаломах з мячамі.
  
  11.09.91 г.
  
  
    15. Бой
  
  
  Мы стаім у шаломах з мячамі.
  Па-над намі - сцягі і сцягі,
  У нас крылы даўно за плячамі,
  На нагах цяжкай гірай грахі.
  
  Перад намі варогаў навала,
  Там чужынцы, тут жменька сваіх,
  Як нас мала, мой Божа, як мала,
  Як заўсёды, нас меней, чым іх.
  
  Таўкавіска ад зброі зіяе,
  Таўкавіска крывёй заплывае.
  Мы за край свой кладомся касцямі
  У тым нашым апошнім баі.
  Наша крыўда... Яна перад намі,
  Мы зракаемся месца ў раі.
  
  1.10.90 г. 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX