Папярэдняя старонка: Мой Грунвальд

Шлях да Беларусi 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.



 

 
  
    
  
  "Ой, як далёка нам яшчэ да Беларусі"
  Ніл Гілевіч
  
  
  * * *
  
  Вее вецер над зямлёю,
  Вее павявае.
  Сум бяжыць у мне з крывёю,
  Сум на родным краі.
  
  Я пакінуў твае нівы,
  Кінуў не араўшы,
  Прытвараўся я шчаслівым
  Шчасця на спазнаўшы.
  
  Прысягаў табе на вернасць
  Што дня без прычыны,
  Расставаўся не на вечнасць,
  А навек пакінуў.
  
  У любові табе кляўся
  Вечнай і адданай,
  У сяброўствах памыляўся,
  Забываў каханых.
  
  Марыў, сніў з табой сустрэцца
  Летам на світанні,
  Закляпалі ў краты сэрца
  Абавязкі, званні.
  
  І няма, няма надзеі
  Да цябе вярнуцца
  Ціха думак лес радзее,
  Ніткі сэрца рвуцца.
  
  снежань 1984 г.
  
  * * *
  
  Бусел добры, бусел белы -
  Сцяг радзімай стараны,
  Узляці ты горда, смела,
  Крыллем далі расхіні.
  
  Ты пакліч мяне з сабою,
  Я без крылаў палячу,
  Роднай бацькавай зямлёю
  Я надыхацца хачу.
  
  Туманоў хачу напіцца,
  Са святых крыніц вады,
  Беларусі пакланіцца
  Цераз вёрсты і гады.
  
  Пахваліцца роднай мовай,
  Што не страціў, што збярог,
  Пахваліцца сілай новай
  Для тых песень і дарог.
  
  Што вядуць вакол Сусвету
  Да зямлі маіх дзядоў...
  Колькі, колькі мне да мэты
  Шчэ і вёрстаў ў гадоў?
  
  студзень 1985 г.
  
  * * *
  
  Мы не ўсё беззаганна рабілі
  І не так бездакорна жылі,
  Мы фальшывым кумірам служылі
  І падману паверыць маглі.
  
  Не пад тымі стаялі сцягамі,
  І крычалі "Ура" не таму,
  І не тымі хадзілі шляхамі,
  І тупелі ад доўгага сну.
  Мы маўчалі ў адчаі зацятым
  І гарэлкай туманілі зрок,
  Пакідалі мы вёскі і хаты
  Дзеля пыльных, бясконцых дарог.
  
  Нас прымалі чужыя краіны,
  Мы сюды свае сілы няслі,
  Толькі цяжкім ярмом успаміны
  Нашы грэшныя душы гнялі.
  
  Толькі ў сэрцах, як Бога, хавалі
  Беларусь - нашу мару і лёс,
  Зя яе, за адну мы прымалі
  Зло зямлі і няміласць нябёс.
  
  За яе, за адну ачышчэнні
  Мы праходзім сягоння свае,
  Мы ідзём на другое хрышчэнне,
  На хрышчэнне свабодай яе.
  
  3.07.89 г.
  
  ***
  
  Мы йнакшыя, мы йнакшыя,
  І лёс у нас другі,
  І нашыя, і нашыя
  Над намі ўжо сцягі.
  
  І рыцары, і рыцары
  Зноў будзяць Беларусь,
  А гіцалі, а гіцалі
  Бягуць, бягуць, бягуць.
  
  Паходняю, паходняю
  Мы мову пранясём,
  Пагоняю, Пагоняю
  Дрымоту растрасём.
  Ўставайце, прачынайцеся
  Ўсе чыстыя душой,
  Адвагі набірайцеся,
  Вас кліча Грунвальд свой.
  
  Здзіўляйцеся, здзіўляйцеся.
  Зноў рыцары лятуць,
  Ўставайце, падымайцеся,
  Хто любіць Беларусь.
  
  3.07.89 г.
  
  
    Песня
  
  
  Белымі крыламі ноч расхінула,
  Яснай заранкай аздобіла дзень,
  Цёплаю хваляй душу агарнула,
  Беды ўтапіла ў крынічнай вадзе.
  
  Беларусь наша родная, мілая,
  Ты за долю і волю мілей,
  Стала марай, надзеяй адзінаю
  Для тваіх на чужбіне дзяцей.
  
  Мы пад сонцам чужым і бязлітасным
  Службу нялёгкую чэсна нясём
  І чакаем,каб ты нас паклікала,
  Памахала бусліным крылом.
  
  І мы вернемся ў край наш замучаны,
  Зацкаваны наш край, паланёны,
  Радыяцыяй чорнай атручаны,
  Як вярталіся ў Польшч легіёны.
  
  Беларусь наша родная, мілая,
  Ты за долю і волю мілей,
  Стала марай, надзеяй адзінаю
  Для тваіх на чужбіне дзяцей.
  17.08.90 г.
  
  
    Жаданне
  
  Мы жадаем вярнуцца ў сваю Беларусь,
  Як вярталіся ў Польшч легіёны,
  Каб убачыць, як моцныя рукі бяруць
  Сцяг з выяваю срэбнай Пагоні.
  
  Каб убачыць, як злыдні, што мухі, трымцяць,
  Разлятаюцца з жахам шалёным,
  АКМ у руках. Дай жа, Божа, ўтрымаць
  І не чуць ні мальбы, ні праклёнаў.
  
  На сцягах заблішчыць слава нашых дзядоў,
  І паўстане народ з паняверкі,
  І "уздасца" за кожны з бясконцых грахоў
  Беларускаю шчодраю меркай.
  18.09.90 г.
  
  
    Інсургенты дзевяностых
  
  
  Інсургенты дзевяностых,
  Джынсы і гітары,
  Вы паводзін самых простых,
  Ветлівыя твары.
  
  Вы не ў пушчах, не ў балотах,
  Без сякер і косаў,
  Ды ад вас не меншы клопат
  Бальшавіцкім босам.
  
  Ды баяцца вас не меней,
  А мо, нават, болей,
  Хоць вас часта толькі жменя
  На бяскрайнім полі.
  
  Бо пакуль з вас хоць адзіны
  Ў шыхце застанецца,
  То датуль зямлі радзімай
  Лёс не перарвецца.
  
  13.01.91 г.
  
  
  
    Беларускім дэсантнікам
  
  
  5.02.91 года ў штурме Віленскага
  тэлецэнтра ўдзельнічалі і беларусы
  з Віцебскай дэсантнай дывізіі.
  
  Беларусь. Ноч звівае самотай.
  Снегам белым зіхцяць паплавы.
  Чуеш грукат? Жаўнерскія боты
  Топчуць землю нам братняй Літвы.
  
  Ты прыгледзься, няўжо не пазнала?
  Там сыны твае грозна ідуць.
  Ты, скажы, іх туды пасылала?
  Ад цябе яны смерць там нясуць?
  
  Адкажы, гэта ты іх вучыла,
  Каб у брата, ў сястру каб страляць?
  Ты для гэтага іх спарадзіла?
  Ты маўчыш, бо што можна сказаць?
  
  За дзяцей, за сваіх ты не ў стане
  Нават слова прамовіць нідзе,
  Мала голаваў клалі ў Афгане?
  Заўтра быць у нас дома бядзе.
  
  Заўтра ў Менску ў барэтах атрады
  На народ рушаць шчыльнай сцяной,
  І аддзячаць агнём з аўтаматаў
  Дзеці любай матулі сваёй.
  
  5.02.91 г.
  
  
  
    Беларусам
  
  
  Небасхіл зноў цямнее з усходу,
  Ні шляхоў, ні надзей не відаць.
  Беларусы, калі ж вы народам
  Хоць на дзень пажадаеце стаць?
  Беларусы, калі ў вас прачнецца
  Вашых прашчураў гонар і жар,
  Ў вашых душах калі разальецца
  Векавечнае крыўды пажар.
  
  Вы стагоддзі глядзелі без жалю,
  Як вас пляжаць паны ўсіх масцей,
  Мову вашую ў бруд затапталі,
  Вам чужых з вашых робяць дзяцей.
  
  Ды ад тога няма вам кручыны,
  Не ад тога душы неспакой,
  Вам не трэба свабоды Айчыны,
  Вам патрэбна свабоды другой.
  
  Вы жадаеце толькі свабоды,
  Кілбасу без чаргі каб купляць...
  Беларусы, калі ж вы народам,
  Хоць на дзень пажадаеце стаць.
  
  24.02.91 г.
  
  
  
    "Абы горш не было"
  
  
  Так спрадвеку вядзецца,
  Як пасхло, ці згніло,
  Кажам: "Нейк ператрэцца,
  Абы горш не было".
  
  Мелі лад свой дзяржаўны,
  Ды ўсё прахам пайшло,
  Сталі быдлам бяспраўным:
  "Абы горш не было".
  
  Мовай роднай, вялікай
  Неслі людзям святло
  Сталі тлёй без'языкай:
  "Абы горш не было".
  
  Білі нас, катавалі,
  Турмы - наша жытло,
  А мы толькі шапталі:
  "Абы горш не было".
  
  З чорным ветрам пякучым
  Смерцю край занясло,
  А мы зноўку канючым:
  "Абы горш не было".
  
  Нам не трэба ні воля,
  Ні зямля, ні святло
  І нічога ўжо болей:
  "Абы горш не было".
  
  Дык паслухайце, людзі
  Беларускай зямлі,
  Будзе горш, будзе, будзе!
  Мы ж да краю дайшлі.
  
  Вера нас ратавала,
  Ды яе ўжо няма,
  Воля дух падымала,
  Яе клічам дарма.
  
  Беларускі народ,
  Мы ж на краі быцця,
  Кожны дзень, кожны год
  У нас меней жыцця.
  
  Трэ прычасце святое,
  Бо ўжо дух заняло,
  А мы енчым зноў тое:
  "Абы горш не было".
  
  26.03.91 г.
  
  
  
    Беларусь. красавік-91.
  
  
  5 красавіка 1991 года на Беларусі
  ўпершыню за часы перабудовы
  паднялі цэны на хлеб. Народ
  выйшаў на вуліцы.
  
  Ціхі мой, мой цярплівы народзе,
  Ну нарэшце й цябе данялі,
  Ты не думаў, не дбаў аб свабодзе,
  Ну то й хлеб у цябе аднялі.
  
  Ты прывык быць малодшым і ветлым,
  Паслухмяным начальству ты быў,
  На шляху перад "будучым светлым"
  Ты Чарнобыль сабе зарабіў.
  
  Дык няўжо змог ты ўрэшце прачнуцца
  Ад бязволля здалеў страпянуцца?
  Волі сцяг твае рукі бяруць!
  Ну, то дзякаваць Богу. Жыве Беларусь!
  
  6.04.91 г.
  
  
  * * *
  
  Нам не трэба нічога на свеце,
  Нам не трэба нічога ў жыцці,
  Беларусь ясным сонцам нам свеціць,
  Беларусь звонкай песняй гучыць.
  
  Нам не трэба ні грошай, ні славы,
  Нам не трэба спакой, дабрабыт,
  Незалежнай свабоднай дзяржавы
  Сцяг жадаем падняць у зеніт.
  
  Незалежнай, свабоднай краіны
  Грамадзянамі хочам мы быць,
  І маліцца на клін жураўліны
  І па першых пралесках тужыць.
  Будзе дзень, мы вадою крынічнай
  Чыста вымыем рукі свае,
  Рулі ўскінем мы рухам прывычным
  І паўстанем за "другі твае".
  
  17.05.91 г.
  
  
  
    Радзіма-маці
  
  
  Кароткі вечар, ціхая малітва,
  Званіцы даўняй векавечны звон,
  І думак незакончаная бітва,
  І кругаверць праклятых Богам дзён
  
  Стаім мы моўчкі за сцяной бязвер'я,
  Не ўсе прайшлі пустэчу забыцця,
  І кожнаму сваёй адмераў мерай
  Кравец вялікі нашага жыцця.
  
  Стаім мы моўчкі. Вочы засцілае
  Нябёс вячэрніх шэрая імгла,
  За намі мілая, адзіная, святая
  Радзіма наша ў роспачы лягла.
  
  За намі ўсцяж гасцінцы і дарогі,
  Гады змагання, гора і надзей,
  За намі памяць, боль і страты многіх
  Такіх патрэбных, родных нам людзей.
  
  Яны ляжыць у грозных валатоўках
  І ў сціпласці вясковай цішыні.
  Ім грае песню светлую салоўка,
  Ім шэпчуць зоркі з вечнай вышыні.
  
  Яны ляжаць абапал пуцявіны,
  Якой нам сёння выпаў лёс ісці,
  Той шлях да вольнасці маёй Айчыны,
  Той шлях для нас галоўнейшы ў жыцці.
  
  Радзіма-маці - вечная краіна,
  На тым шляху ізноў твае сыны,
  Не зведаць ім спакою і спачыну
  Пакуль з цябе не скінуць кайданы.
  
  Ляціць над краем вечная Пагоня,
  Яна нас кліча ў шчыльныя шыхты.
  Калі той покліч не пачуеш сёння,
  То заўтра юдаю ўжо будзеш ты.
  
  Ляціць над краем вечная Пагоня,
  І ўецца бел-чырвона-белы сцяг.
  Ты чуеш, востры меч як грозна звоніць
  Б'е па іржавых, клятых ланцугах?
  
  Радзіма-маці, памяць і надзея,
  Мне радасна, што ты ўстаеш з калень,
  І на святло выводзіш ліхадзеяў,
  Сціраеш з твару непагоды цень.
  
  Я веру, родная, што цяжкую хваробу
  Адолееш і расквітнееш зноў,
  Адгоніш чорнага Чарнобыля жалобу,
  І забруіцца маладая кроў.
  
  Ляціць над краем вечная Пагоня,
  Ляціць у сэрцы ў кожнага ў нас,
  І востры меч, як светлы сонца промень,
  І крыж, як строгі прашчураў наказ.
  
  Ляціць над краем вечная Пагоня,
  І крумкачам тут болей не лятаць,
  І веру я, што рыцарам тым сёння
  Ўжо наша Заўтра вольнае відаць.
  
  16.07.91 г.
  
  
  
    ДА ЎСІХ БЕЛАРУСАЎ
  
  
  Беларусы! Далоў нашы сваркі і спрэчкі,
  Што вядом мы зацята каторы ўжо год,
  Дык адкінем жа іх у глухую пустэчу,
  Нас чакае даўно наш гаротны народ.
  
  Ён усіх нас чакае і левах, і правых,
  Нашы сіла і смеласць патрэбны яму,
  Час настаў, пачынаюцца слаўныя справы,
  Дык паціснем жа рукі адзін аднаму.
  
  Так спрадвеку было, покуль мы ваявалі,
  І да смерці адзін ды другога таўклі,
  Нам ахвотна з-за межаў, з-за ўсіх памагалі
  І на нашых магілах гарэлку пілі.
  
  Так было, што за Польшч мы ішлі грамадою
  І на Польшч мы з Масквою таксама ішлі,
  І плацілі за гэта, каб толькі ж сабою,
  Мы плацілі і лёсам, і воляй зямлі.
  
  Мы чужынцам служылі, за іх ваявалі,
  І мы бралі Берлін у чырвоных шыхтах,
  Нас у лагеры гналі і Гітлер, і Сталін,
  Нашы косці бялеюць пры многіх шляхах.
  
  Беларусі сыны, ціж вам мала навукі?
  Ці жадаеце зноўку вы ўсё паўтарыць?
  Зноў на брата падымуцца братнія рукі
  І зямля зыркім полымем зноўку згарыць.
  
  Дык мо хопіць дзяліць: камуніст ці католік,
  Кліча ўсіх вас Пагоня пад сцягі свае,
  Кліча Маці-Айчына знямеўшы ад болю,
  Кліча ўсіх вас падняцца за раны яе.
  
  І да д'ябла няхай тая спрэчкі і сваркі,
  Беларус, уставай за надзею надзей,
  І хай бачаць сусветныя ўсе недавяркі,
  Што краіна твая - край свабодных людзей.
  
  5.08.91 г.
  
  
  
    ПАНЯВЕРКА
  
  
  Хоць пра нас не пісаў Настрадамус
  І пра лёс незайздросны змаўчаў,
  Бачым сёння выдатна мы самі,
  Што Пан-Бог нам дабра не паслаў.
  
  Мы не маем ні веры, ні мовы,
  Нашы душы да неба маўчаць,
  Мы паніклі чалом ганаровым,
  Сэрцы воляй у нас не гараць.
  
  Занядбалі мы край свой гаротны,
  Нам даўно ён, нібыта чужы,
  Хай хоць курчыцца ў муках смяротных,
  Не кране зачарствелай душы.
  
  Так, нам клопату мала пра тое,
  Што нам край, што нам гонар дзядоў,
  Бо даўно ў нас сканала святое
  Пад бясконцаю тоўшчай грахоў.
  
  Нат імя мы сваё забывалі,
  Ды харошыя дзядзькі ў Маскве
  Нам у пашпарт яго запісалі,
  Дзякуй ім, беларус шчэ жыве.
  
  Шчэ гразюку халодную топча,
  Калупае зямлю, як чарвяк,
  А нячысцік у шале рагоча,
  Бо народ наш - гатовы мярцвяк.
  
  13.08.91 г.
  
  
  
    19 жніўня 1991 г.
  
  У гэты дзень адбыўся путч ГКЧП.
  
  Беларусы, мы зноў не паспелі
  Працу нашу звяршыць да цямна
  Крумкачы край радзімы абселі,
  І да волі дарожкі няма.
  Зноў патухлі ўсе зоркі надзеі,
  Зноўку цёмная ноч настае,
  Зноўку песня ў адчаі нямее,
  Мара крылы злажыла свае.
  
  Дык запалім жа паходні нашай непакоры
  Шчыльнымі шыхтамі выйдзем разам, як адзін,
  Нам няма дарогі ў тое чорнае заўчора,
  Лепей зыркім полымем сягоння мы згарым.
  
  Мой народзе адчайна гаротны,
  Гвалт цярпець мы не зможам больш, не,
  Жыць не зможам з тугою смяротнай,
  Лепей легчы ў апошняй вайне.
  
  Лепей згінуць ад кулі варожай,
  Сэрцам смелым свой край асвятліць,
  Лепей смерцю памерці прыгожай,
  Чым без славы і гонару жыць.
  
  Дык запалім жа паходні нашай непакоры
  Шчыльнымі шыхтамі выйдзем разам, як адзін,
  Нам няма дарогі ў тое чорнае заўчора,
  Лепей зыркім полымем сягоння мы згарым.
  
  19.08.91 г.
  
  
  
    Незалежнасць
  
  
  Светлы дзень, светлы час. Незалежнасць
  Лашчыць сэрцы, і душы, і лёс.
  Светлы дзень, светлы час. Непазбежнасць
  Нашай волі ідзе ад нябёс.
  
  Мы акрылены светлай надзеяй
  Нашых мараў штандары шумяць,
  Нашых мрояў заранка ірдзее,
  Нашых думак канём не дагнаць.
  Мы паходнай святой непакоры
  Разганяем бязвольнасці цвіль,
  Мы ідзём на свабоды прасторы
  Мы выходзім са змроку магіл.
  
  А навокал ваўкі з крумкачамі
  Шчэраць зяпы на нашу зямлю,
  Мой народ, ты з пустымі рукамі
  Не адстоіш свабоду сваю.
  
  Ты адкрытай мазольнай далонню
  Мусіш толькі даваць і даваць,
  Талент, хлеб і дзяцей у прадонне,
  У нахабную прорву кідаць.
  
  Дык пастаў ты далонь тую рубам,
  А шчэ лепей зацісні ў кулак
  Скрыгатні хоць затворам, хоць зубам
  І прыпомні, што ты быў ваяк.
  
  Ад твае ваяўнічае славы
  Шмат дрыжалі і Захад, і Ўсход,
  Ты -- нашчадак вялікай дзяржавы,
  Мой забіты, гаротны народ.
  
  Мы - сыны твайго вечнага болю,
  Мы паўсталі ў апошні мо раз,
  Мы заплацім за волю сабою,
  Ты вазьмі, ты вазьмі толькі нас.
  
  Ты вазьмі нашу смеласць і сілу,
  Нашай кроўю свой сцяг акрапі
  І хай нашыя будуць магілы
  Для цябе, як памежжа слупы.
  
  Каб ніколі, ніколі, ніколі
  Ты не мог больш назад адысці
  Са святое дарогі да волі,
  З найцяжэйшай дарогі ў жыцці.
  
  25.10.91 г.
  
  
    Уладарам беларусі
  
  
  Мы ішлі да свабоды не дзень і не год,
  Мы ішлі, аж цямнела з натугі ўваччу,
  І па скронях сцякаў наш скрываўлены пот,
  І дайшлі. Вось яна, вось бяры - не хачу.
  
  Мы ішлі да свабоды аддаўшы сябе
  На алтар нашай вольнай, любімай зямлі,
  Мы і зернем былі ў той крывавай сяўбе,
  Мы дажджом, мы і сонцам, і ветрам былі.
  
  Мы дайшлі. Ды, як здзек, раптам тыя, хто вёў,
  Пхаюць зноў нас у лёхі, у путы кайдан,
  Докі хітрых салодкіх і смачненькіх слоў
  Зноў, як саван, на нас надзяваюць абман.
  
  Дык паслухайце нас. Вы! Парламент! Урад!
  Вам гукае гаротны, бяздольны народ,
  Ён стаміўся ад вашых хаўрусаў і здрад,
  Ён праклёны сабраў вам за тысячу год.
  
  На чале Беларусі паставіў вас лёс,
  Дык зірніце, загляньце вы ў жыцці свае,
  Мо чый дзед растраляны сягоння ўваскрос,
  Можа бацьку Чарнобыль здароўя дае?
  
  Адкажыце, за што вы ўладарнай рукой
  Край радзімы ізноў спланавалі на здзек,
  Не купіць вам за нашу свабоду спакой,
  Беларус зразумеў, што і ён чалавек.
  
  Ён маліўся на вас, ён гатоў быў на бой,
  Ён паверыў у чэснасць абранцаў сваіх,
  А вы гоніце зноўку, як быдла, не ўбой,
  А вы зноў, як варагі, у родным краі.
  
  Дык спыніцеся! Час шчэ не сцёк, як пясок.
  Што вам новы Саюз? Ён - хлусня, ён - мана!
  Не рабіце апошні пагубны той крок
  Бо замкнецца навекі няволі сцяна.
  
  5.12.91 г.
  
  
  
    Не крыўдуй на радзіму, сынок
  
  (эмігранцкая калыханка)
  
  Сонца знікла за шэрай пустыняй,
  Знічкі цмяна ў начы зіхацяць,
  Зноўку ў дальняй чужынскай краіне,
  Мой сынок, ты ідзеш спачываць.
  
  Мо прысніцца табе наша поле,
  Наш лясок, а за ім сенажаць,
  Дзе б ты мог на ласкавым прыволлі
  Бегаць, гойсаць, гуляць і скакаць.
  
  Мо прысніцца табе наша рэчка
  Там дзе рыбкі снуюць чарадой,
  Ці няведамай птушкі гняздзечка
  Пад старой, спарахнелай вярбой.
  
  Ты скрозь сон будзеш рвацца пад шаты
  Векавечных магутных дубоў,
  Зразумець не здалеўшы слоў таты,
  Што цябе не пускаюць дамоў.
  
  Што туды ты не трапіш на лета,
  Ні на дзень, ні хаця б на чуток.
  Мой харошы, ты толькі за гэта
  Не крыўдуй на Радзіму, сынок.
  
  Наша добрая Маці-Радзіма
  Моцна любіць цябе і мяне,
  Моліць Бога, каб ліха гадзіна
  Нас не стрэла ў чужой старане.
  
  Гэта кепскія дзядзькі, што ўладу
  Заграбасталі ў кіпці свае,
  Напрыдумаўшы ўсячанькіх звадаў
  Не пускаюць дадому цябе.
  
  Гэта ім мы, сыночак, чужыя,
  Гэта ім перашкодзім мы жыць,
  І яны, нібы злыдні ліхія,
  Не жадаюць туды нас пусціць.
  
  Спі, сыночак мой мілы, цудоўны,
  Хай прысніцца табе лепей сон,
  Што на Белай Русі стаў галоўным
  Добры, ласкавы дзядзька Зянон.
  
  Ён успомніць пра нас і пакліча,
  І мы пойдзем яму памагаць,
  А тых злыдняў з нялюдскім абліччам
  Мы пакросім сюды адаслаць.
  
  Спі, маленькі, і радуйся шчасцю
  Ў мроях родны наведаць куток,
  І нідзе, ні пры якіх напасцях
  Не крыўдуй на Радзіму, сынок.
  
  3.09.92 г.
  
  
  
    Прысяга
  
  
  Перад Богам Ўсявышнім і роднай зямлёю
  Я табе прысягаю, радзімы мой край,
  Прысягаю і сілай, і думкай сваёю,
  І гарачай крывёю, і шляхам у рай.
  
  Прысягаю палеткам і нівам жытнёвым,
  І табе, памяць прадзедаў, лёгшых у дол,
  І сцюдзёным завеям, і кветкам вясновым
  І табе, роднай хаты амшалы вугол.
  
  Прысягаю сягоння, і заўтра, і ўчора,
  За ўсе дні, што пражыў і яшчэ пражыву,
  Што нідзе і ніколі, ні ў шчасці, ні ў горы,
  І ні ў сне паўсвядомым, і ні наяву.
  
  Ні на крок не сыду я са шляху змагання,
  Ні на міг не схаваю мяча і пяра,
  Не пачую ні модлаў, ні слоў апраўдання
  Аж да тога, пакуль не настане пара,
  
  Што мая Беларусь перарве ўсе аковы,
  І заззяе спрадвечнаю славай сваёй,
  І з кайданаў праклятых паробіць падковы
  Для імклівых дрыгантаў Пагоні святой.
  І не здолець мяне, а ні сілай, ні здрадай,
  Ні агнём, ні мячом, ні ліслівай маной,
  Не купіць ні рублём, ні жытлом, ні пасадай,
  Не зламаць ні ў любові, ні ў веры святой.
  
  Я дайду і аддам і жыццё, і натхненне,
  І зраблю нават тое, што нельга зрабіць,
  Хай памру без надзей на грахоў адпушчэнне,
  Ды ўсяроўна адну яе буду любіць,
  Беларусь і па смерці я буду любіць.
  
  15.10.92 г.
  
  
  
    Мой гороскоп
  
  
  Я народжаны быў пад сузор'ем Пагоні
  Ў краіне дзе светлыя рэкі цякуць,
  Дзе пушчы спрадвечнаю мовай гамоняць
  Віхуры жалобную песню гудуць.
  
  У маім гараскопе гучыць бусла клёкат,
  І сінь васілька разлілася па ім,
  Цвет дзічкі старой над пахіленым плотам
  І поплаў увесь ў тумане сівым.
  
  У маім гараскопе - змаганне за волю,
  Адвечная прага пазбыцца ярма,
  Але ні багацця, ні мірнае долі
  Чамусьці ў маім гараскопе няма.
  
  У маім гараскопе - бацькоўскае слова
  І матчына песня сардэчнай жальбы,
  Магутная плынь старажытнае мовы
  І поле, што вечна чакае сяўбы.
  
  Дык што ж, ці пярэчыць мне лёсу сягоння,
  Ці Бога пра іншыя зоркі прасіць?
  Не, бо, калі ўжо прыйшоў над Пагоняй,
  То і павінен Пагоні служыць.
  
  8.07.93 г.
  
  
    Ліпень
  
  
  У ліпені цёплыя росы,
  І ліпаю пахне зямля,
  І млее высока просінь,
  І шэпча адно спакваля:
  
  "Нарэшце, нарэшце, нарэшце,
  Мы вольныя воляй сваёй
  Нарэшце, нарэшце, нарэшце,
  Пра гонар згадалі мы свой."
  
  А над краем вольным, смелым
  Ў Слуцку, Віцебску, Мастах
  Рэе бел-чырвона-белы
  Старажытны слаўны сцяг.
  
  У ліпені мягкія травы,
  І птушкі ўстаюць на крыло,
  І дзеці ў скляпеннях дубравы
  Шукаюць заранкі святло.
  
  "Паверце, паверце, паверце,
  Не шкода мінуўшчыны нам,
  Паверце, паверце, паверце,
  Я волю за хлеб не аддам."
  
  А над краем вольным, смелым
  Ў Слуцку, Віцебску, Мастах
  Рэе бел-чырвона-белы
  Старажытны слаўны сцяг.
  
  У ліпені светлыя далі
  І час даравання грахоў
  І душы людзей на скрыжалях
  Далёкіх і вольных шляхоў.
  
  "Святкуйце, святкуйце, святкуйце,
  Дзень вольнасці нашай зямлі,
  Святкуйце, святкуйце, святкуйце,
  Бо ўсё ж мы да мэты дайшлі".
  А над краем вольным, смелым
  Ў Слуцку, Віцебску, Мастах
  Рэе бел-чырвона-белы
  Старажытны слаўны сцяг.
  
  8.07.93 г.
  
  
  
    Дурны беларус
  
  
  Сваю незалежнасць за нафту
  І волю дзяціную за каўбасу
  Я - дурань нічога не варты
  Ў маскальскую прагную краму нясу.
  
  Я славу дзядоў у мяшэчак
  І мову матулі таксама туды,
  Мо дасць мне маскаль хоць з падпечак
  Той самай жалезнай іржавай руды.
  
  Я сам жа не ўмею нічога,
  Скасіць там, ці поле якое ўзараць,
  Калека бязрукі, бязногі
  На ласку маскальскую мушу чакаць.
  
  Хвалюе мяне, што пад'есці,
  А нечы прымус мне зусім не прымус,
  Нікуды не хочу я лезці,
  Я ж - ціхі, рахманы, дурны беларус.
  
  17.09.93 г.
  
  
    Здрада
  
  
  А мне няма спачыну
  Ні ноччу і ні ўдзень,
  Маіх дзяцей Айчыну
  Скрадае ліхадзей.
  
  Ужо сцягнуў ён мову
  І нашае імя,
  І ад зямель палову
  Адрэзаў за дарма.
  Ужо сцягнуў ён памяць
  І спадчыну дзядоў,
  А мы маўчым над замяць
  Скалечаных гадоў.
  
  Маўчаць навокал людзі,
  Яшчэ ім не відаць,
  Што заўтра ўжо тут будзе
  Чужынец панаваць,
  
  Што здрада павуціну
  Штоміг вакол пляце,
  Таму няма спачыну
  Ні ноччу мне, ні ўдзень.
  
  Таму крычу штомоцы:
  "Прачніся, Беларусь!
  Ўставайце дружна, хлопцы,
  Ўжо рыцары лятуць.
  
  Бярыце зноў сякеры,
  Хто стрэльбу, а хто лом!
  Агулам, цвёрда веру,
  Мы здраду пабяром.
  
  Агулам мы здалеем
  Усё назад вярнуць,
  Агулам адбудуем
  Мы нашу Беларусь."
  
  18.12.93 г.
  
  
  
    Пасля прэзідэнцкіх выбараў
  
  
  Прыціхнуў дзень у заімглённай скрусе,
  Прымоўк крынічак векавечны звон
  І почутка па зніклай Беларусі:
  "Прайграў Зянон, прайграў, прайграў, Зянон".
  Прайграў Зянон, распяты на бязвер'і,
  На хамстве, п'янстые і душэўнай цьме,
  На рабскай настальгіі па імпер'і,
  На памяці аб вітым бізуне.
  
  Як той Хрыстос, нёс новую рэліг'ю,
  Так нёс ідэі нацыі Зянон,
  Але ідэі не патрэбны быдлу,
  Яму патрэбна пуга і загон.
  
  Яму карыта трэба з каўбасою,
  А то і з пацярухаю якой,
  І сам Хрыстос, хоць з сілаю святою
  Прайграў бы ў сітуацыі такой.
  
  І доўга Жля над беднаю краінай
  Разносіць будзе гэты змрочны сказ
  Пакуль не дойдзе кожнаму праз спіну,
  Што не Зянон прайграў на гэты раз.
  
  Зянон жывы і жыць надалей будзе
  І дасць магчымасць зразумець, адчуць,
  Прайграў не ён, а вы прайгралі, людзі,
  Прайграў народ, прайграла Беларусь.
  
  30.06.94 г.
  
  
    Рабы
  
  
  Хоць ва ўсіх краінах улада ад Бога,
  У Беларусі ізноў ад Лукавага,
  І зноўку нідзе і нічога святога,
  Усе вінаваты, нікогачкі правага.
  
  Зноў гнецца хрыбет у халуйскім паклоне,
  І брат старэйшы натхнёна шукаецца,
  Рабу лепш наетаму быць у палоне,
  Чымся галодным на волі маяцца.
  
  Рабу лепш на мове вішчаць гаспадарскай,
  Чымся на роднай сваёй заспяваці,
  І жыць на канюшні, ці псарні царскай,
  Чымся ва ўласнай, ды бедненькай хаце.
  
  І лепш, як да працы паставіць падпанак,
  Чымся думаць уласнай сваёй галавою,
  Рабу лепш прывычны бізун з абаранкам,
  Чымся клопат над роднай, збалелай зямлёю.
  
  5.09.94 г.
  
  * * *
  
  Хоць склад не надта "выкшталцоны"
  І не зусім высокі стыль,
  Я на нянавісць і праклёны
  Яшчэ збярог з дастаткам сіл.
  
  Яшчэ мой верш не захлынуўся
  Ў струменях бруду і маны,
  Яшчэ гучаць над Беларуссю
  Цяжкія словы, як званы.
  
  Яшчэ магу я вострым словам
  Будзіць знявераны народ,
  Трасці бяздумныя галовы,
  Прастаць іржавай думкі дрот.
  
  Яшчэ магу я небяспеку,
  Як на далоні паказаць,
  Яшчэ магу я чалавеку
  Святую праўду расказаць.
  
  Таму гукаю я, што сілы:
  "Пастой, адумайся народ,
  Адной нагой ты ўжо ў магіле
  І жыць табе мо колькі год.
  
  Ты сам пахмельнай галавою
  Паставіў д'ябла над сабой,
  За дур заплаціш ты крывёю
  І доляй горкаю сваёй.
  
  За дур заплаціш ты краінай
  Свабодай, мовай і дзяцьмі,
  Тады адчайнаю хвілінай
  Зальешся горкімі слязьмі.
  
  Тады звядзеш ты бровы грозна,
  Рукою схопіш за сахор,
  Ды будзе позна, будзе позна,
  Здзяйсніцца лёсу прыгавор".
  
  6.02.95 г.
  
  
  * * *
  
  Раз дурныя беларусы
  Волю атрымалі,
  Што рабіць з ёй, беларусы
  Аніяк не зналі.
  
  Палажылі ды ў камору,
  Ночвамі накрылі,
  З'елі мышы тую волю,
  Доляй закусілі.
  
  Рэшту вымелі з каморы
  Ды ў свіней карыта,
  Закапалі ды ў разору,
  Каб расла, як жыта.
  
  Ой, не хоча тая воля
  Ды сама ўзрастаці,
  Трэба, трэба тую волю
  Кроўю паліваці.
  
  Адкапалі тую волю,
  Ды ўзялі ў збачонак:
  "Ты купі ў нас волю-долю,
  Добранькі паночак".
  
  Аж тры грошы атрымалі
  Ды за волю тую,
  У карчомцы прагулялі
  Беларусь святую.
  
  12.05.95 г.
  
  * * *
  
  Не трэба плакаць над Пагоняй,
  Яна аб тым не просіць вас,
  Яе святым, гарачым коням
  Сюды ляцець яшчэ не час.
  
  Яшчэ павінен хам з дубінай
  Над намі добра ўспанаваць,
  Яшчэ павінны мы праз спіну
  Пагоні значнасць успрыняць.
  
  Яшчэ павінны потам-кроўю
  Разоры шэрыя паліць,
  Яшчэ павінны мы любоўю
  Чужынцаў сквапных наталіць.
  
  Яшчэ паслаць дзяцей павінны
  На бой за нечы інтарэс,
  Каб беларус у кроў нявінных,
  Як у дзярмо чужое ўлез.
  
  Яшчэ мы мусім быць рабамі,
  Пакуль не ўскорміць чорны хлеб
  Таго, хто ўздыме зноў над намі
  Наш векавечны, слаўны герб.
  
  Тады ізноў святыя коні
  Прымчаць праз полымя і час,
  І будзе ў сёдлах той Пагоні
  Па месцу вольнаму для нас.
  
  3.07.95 г.
  
  
  
    Літаратурныя матывы
  
  
  Мала вам песні гаротнага Янкі?
  Мала Якуба вам мудрага слоў?
  Вы ў наша цела, як хіжыя п'яўкі,
  Зноўку ўпіліся і смокчаце кроў.
  
  Мала калосся ўжо вам пад сярпамі?
  Мала сякеры пры дрэве маім?
  Сэрца маё вы рвяце кіпцюрамі,
  Топчаце ботам нямытым сваім.
  
  Мала легендаў пра меч князя Вячкі?
  Мала пра Воршу вам песень чуваць?
  Мала, што мы ўжо паўсталі ад спячкі?
  Мала, што з коленак здолелі ўстаць?
  
  Мала цяжару ў вышкаленых кроках?
  Мала нянавісці ўзросшай ў вяках?
  Да шаблі Кастуся ў запыленых похвах
  Цягнецца моўчкі народа рука.
  
  18.10.95 г.
  
  ***
  
  Каб любіць Беларусь нашу мілую
  Трэба ў розных краях пабываць.
  
  Каб любіць Беларусь нашу мілую,
  Я гатоў паўтарыць зноў і зноў,
  Трэба жыць побач з продкаў магіламі,
  Трэба спаць між амшалых вуглоў.
  
  Трэба ў поле выходзіць на досвітку,
  Трэба піць мнагатраўя няктар,
  Трэба чуць між вясновага росквіту
  Плач жалобны мільёнаў ахвяр.
  
  Трэба ведаць той цвік пад застрэшынай,
  Дзе павесіў сявеньку твой дзед,
  Як адбітак купчастай арэшыны
  Патануў у сцюдзёнай вадзе.
  Трэба згадваць страху саламяную,
  Дзе бацькоўскі хаваўся абрэз,
  І кашулю даўней вышываную,
  І маёва заплецены бэз.
  
  Трэба ведаць дарожкі і сцежачкі,
  Дзірку ў плоце і ў рэчцы брадок,
  Стог саломы, дзе змог бы адлежацца,
  Каб ад стомы смяртэльнай знямог.
  
  Трэба ведаць зямельку - карміліцу,
  І тады ў найвялікшай бядзе
  За табою сцяною падымуцца
  Бацька з братам і з прадзедам дзед.
  
  І паўстануць тады з табой поручкі
  І твой лес, і твой дождж, і твой снег,
  І ніякай варожае сволачы
  Не адолець ніколі цябе.
  
  Каб любіць Беларусь нашу мілую,
  Я гатоў паўтарыць зноў і зноў,
  Побач з продкаў святымі магіламі
  Сам павінен быць легчы гатоў.
  30.10.95 г.
  
  
    Дзядам
  
  
  У дзень святых дзядоў
  З-за далечы гадоў
  Прыдзіце продкі нашы,
  Прыдзіце з-пад Стажар
  І плюньце гідка ў твар
  Нам, нізка гэдак паўшым.
  
  Прыдзі, князь Усяслаў,
  Ты дню не дазваляў,
  Пабыць у нас няволі.
  Прыдзі, князь Рагвалод,
  Бо твой магутны род
  Не ўстане ўжо ніколі.
  
  І ты прыдзі Вітаўт,
  І твой хай прыдзе брат,
  Вы шыяў не хілілі
  Вы самі кожны год
  На захад і на ўсход
  Са славаю хадзілі.
  Прыдзі, князь Гедзімін,
  Прыдзі ж ты не адзін,
  Тут маеш шмат работы.
  Прыдзіце ваяры,
  Што леглі без пары
  Па пушчах і балотах.
  
  Прыдзі і ты, Кастусь,
  Паглянь на Беларусь,
  Змахні слязу рукою.
  За гэты вось народ
  Ты стаў на эшафот
  І шлюб узяў з пятлёю.
  
  За гэты вось народ,
  За гэты бляклы зброд
  Бязродных папугаяў...
  Прыдзіце сёння ўсе,
  Хто ў сэрцы боль нясе,
  За лёс прадзедаў краю.
  
  Без вас нам не здалець,
  Без вас не ацалець
  У бітве з недавяркам,
  Што хоча нас зламаць,
  Што хоча нас трымаць
  З навек сагнутым каркам.
  
  Прыдзіце, ваяры,
  І гнеў хай узгарыць
  У тысячах агнісак.
  Мы прымем той пажар,
  Як шчодры божы дар,
  І кінем душы ў прысак.
  
  І зноў меч у рукахІ прэч халопскі страх,
  І пад абцас бязвер'е.
  Прыдзіце ўсе, дзяды,
  І мы з хваста ў бяды
  Парвём арліных пер'яў.
  
  1.11.95 г.
  
  ***
  
  Над маёй Краінай
  Чорны дзень стае,
  Плачуць у магілах
  Прашчуры мае,
  
  Плачуць над зямлёю
  Зданаю ў палон,
  Плачуць над хадаю
  Нашых чорных дзён,
  
  Плачуць над народам,
  Што забыў сябе.
  Што за кожным годам
  Чэзнуў і слабеў,
  
  Што ўзгадоўваў погань
  Як бы з нечых чар,
  Навучаў і песціў
  Хіжых янычар.
  
  Плачуць у магілах
  Прашчуры мае,
  Ды на слёзы сілаў
  Бальш ім не стае.
  
  Хутка, хутка ўстануць
  Здані ваяроў,
  Забруіцца помстай
  Іх святая кроў.
  
  Праляціць Пагоня
  Па маім краі,
  Ў страсе заскуголяць
  Быдла, халуі.
  
  Помста заіскрыцца,
  Як лясны пажар,
  Крумкачня зляціцца
  Дзеўбці янычар.
  
  31.07.96 г.
  
  
  
    На развал у БНФ
  
  
  Вішчыць ад радасці з экрана
  Сівой кабылы меншы брат,
  Аналізуе апантана
  Апошні ў БНФ расклад:
  
  Ура! Нарэшце падзялілі
  І падарвалі Фронт знутры,
  Такую глыбу развалілі,
  Удача, што ні гавары.
  
  Пазняк растраціў па замежжы
  Мінулы свой аўтарытэт,
  І ад яго ўжо не залежыць
  Нічога, гэта не сакрэт.
  
  А маладыя... Што ж ім трэба
  Яшчэ дайсці да тых вышынь,
  Ім да Зянона, як да неба,
  І год патрэбен не адзін.
  
  Таму спісаць ў архіў патрэбна
  "Нацыянальных змагароў",
  Што так бясслаўна і ганебна
  Распаліся, як штабель дроў...
  
  Ну што ж, хай цешыцца з экрана
  Сівой кабылы меншы брат,
  Але смяяцца ці не рана,
  Ці справядлівы ў вас расклад?
  
  Фронт не распаўся і ніколі
  Не разваліць яго нічым,
  Бо Фронт -- нам сцежачка да волі,
  Бо Фронт -- нам знічачка ўначы.
  
  Мы зменім сродкі, зменім імя,
  Мы зменім тых, хто нас вядзе,
  Але запэўню вас ў адзіным:
  Мы не падзенемся нідзе.
  
  Мы, Фронт -- часціначка народа,
  Мы, Фронт -- крывіначка яго,
  Мы, Фронт -- кавалачак свабоды
  Для краю роднага свайго.
  
  Мы не пакінем сваіх мараў,
  І не бярыце нас на понт,
  Заўсёды грознай божай карай
  Вісець над вамі будзе Фронт.
  
  Вы спаць і сніць павінны, злыдні,
  Што вам капец рыхтуе Фронт,
  І хай не сёння, не на тыдні,
  Хай цераз месяц, цераз год...
  
  А покуль радуйцеся сказам,
  Што развалілі нас з-за плеч.
  Мы ёсць, былі і будзем разам
  І будзем вам, як востры меч.
  
  5.09. 99 г.
  
  
  
    Мы не можам прайграць
  
  
  Супраць нас цэлы свет,
  Незлічоная раць,
  З намі нацыі цвет,
  Мы не можам прайграць.
  
  Супраць нас зло вякоў,
  Хцівасць, здрада і мразь,
  З намі слава дзядоў
  Мы не можам прайграць.
  
  Супраць нас злы маскаль,
  Марыць зноў нас забраць,
  З намі мужнасць і сталь,
  Мы не можам прайграць.
  
  Нам не страшная смерць,
  Стануць дзець за нас,
  Страшна толькі не ўспець,
  Прапусціць гэты час.
  
  Мы паўсталі ізноў
  За свабоду і лёс,
  Супраць "брацкіх" акоў,
  Супраць гвалту і слёз.
  
  Ты паглянь навокал,
  Воі грозна маўчаць,
  Тут наш свет, тут наш дол,
  Мы не можам прайграць.
  
  20.04.95 г.
  
 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX