Папярэдняя старонка: Суднік Станіслаў

Лідскія скрыжалі 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 23-08-2008,
Крыніца: Ліда 1999,.








img/cover1.jpg
		  
           Ліда
           2008
          
  
      
  Кожнаму году,
  кожнаму дню,
  кожнаму імгненню
  слаўнай гісторыі
  слаўнага горада Ліды
  прысвячаецца
  
  Станіслаў Суднік. Лідскія скрыжалі. Ліда., 2008. 92 с.
  У кнізе паэта і краязнаўца Станіслава Судніка сабраныя вершаваныя эцюды на тэмы лідскай гісторыі, 
  напісаныя ім за апошнія 10 гадоў для часопіса "Лідскі летапісец".
  
  © С. Суднік, 2008
  
  Ад лідскіх муроў
  Пачынаем мы крок,
  Да лідскіх муроў
  Павяртаем мы зрок.
  Ад гэтых стаўпоў
  I спрадвечаных сцен
  На лёсы вякоў
  Апускаецца цень.
  Байніцы гудуць
  Старадаўні напеў,
  Як важна пачуць,
  Улавіць гэты спеў.
  
  
  ЛІДА ДАЙНАЎСКАЯ
  
  У пачатку мінулага тысячагоддзя тэрыторыя Лідчыны ўвайходзіла
  ў склад Дайнаўскага (Дайноўскага) княства. Паводле Тодара Нарбута
  Ліда была сталіцай гэтага княства. У 1261 (1270) годзе дайнаўскі,
  а, магчыма, і лідскі князь Трайдзень стаў Вялікім князем Літоўскім.
  
  Стольная Ліда! Хіба толькі сніцца
  Тая вяршыня гістор'і тваёй,
  Колісь была ты Дайнавы сталіцай,
  Радзіла слаўнай, свабоднай зямлёй.
  
  Грозна князі заязджалі пад брамы,
  Меч выціраўшы бярозы лісцём,
  Спеўныя гуслі, багамі абраных,
  Мужнае іх апявалі жыццё.
  Стольная Ліда! Забылі нашчадкі
  Твой старажытны высокі палёт...
  Ціха капае пад бульбачку градкі
  Ціхі, маўклівы, спакойны народ...
  
  Ды не праходзіць вялікасць бясследна,
  Дрэмле, гібее, ды толькі жыве...
  Прыйдзе гадзіна, і ў славе вялебнай
  Зноў заіскрацца каменні твае.
  
  Сыдуць дайнаўцы
      з стагоддзяў бязмежных,
  Ў душах унукаў дзяды збудзяць рух,
  Зродзіць сталіцу тут наш незалежны,
  Наш беларускі нязломлены дух.
  
  
 
 ЛІЗДЗЕЙКА З-НАД ЛІДЗЕЙКІ
 
  Аднойчы на паляванні князь Гедзімін  знайшоў у арліным гняздзе
  малога хлопчыка. Яго назвалі  Ліздзейкам. (Lizdas па-балцку -
  гняздо). Пазней Ліздзейка стаў  галоўным вешчуном ВКЛ. Зусім
  верагодна, што назва горада Ліда  паходзіць ад гэтага слова Lizdas.
  
  Раз у пушчу, за даліну
  На краі Дайновы
  Почат князя Гедзіміна
  Выехаў на ловы.
  
  I на дубе, на высокім,
  Між крывых галінаў
  Нешта ім упала ў вока
  На гняздзе арліным.
  
  Князь паслаў туды пахолка,
  I ён з дуба тога
  Ўніз даставіў спрытна-лоўка
  Хлопчыка малога.
  
  - Бачыш ты, як ён высока
  Ўжо "ўзляцеў" з радзінаў,
  Будзе шлях яму далёкі
  Побач з Гедзімінам...
  
  А з таго, што на гняздзе тым
  Хлопца адшукалі,
  Імя годнае Ліздзейка
  Ўраз яму надалі.
  
  I мясціну тую Ліздай
  Нараклі адразу,
  Праз гады тут стане Ліда
  З вышняй волі князя.
  
  А пасля пачнуць калейкай
  Баяць казкі людзі...
  ... Пра Ліздзейку з-над Лідзейкі
  Згадкі ў іх не будзе.
  
  
  
  
  ЛІДСКІ ЗАМАК
  
  Чырвоныя сцены Лідскага замка  асабліва ярка глядзяцца на фоне
  белага снегу і белага неба.
  
  Між белых снягоў і белых нябёсаў
  Чырвоныя сцены стаяць.
  За ласку багоў і зменлівых лёсаў
  Стагоддзі над імі бруяць.
  
  Стагоддзі няслі то разруху, то войны,
  Пажарамі горад пылаў,
  А сімвал зямлі, у вяках неадольны
  Мацней да валоў прырастаў.
  
  Парушаны сцены і вежы ўзарваны,
  I ўвесь ужо ў крушні залёг,
  Ды ў сіле нязменнай і славе нязганнай
  Яго абярог моцны Бог.
  
  I вось з-пад грахоў і бяздолля наносаў
  Зноў час нам спадобіў паўстаць...
  ... Між белых снягоў і белых нябёсаў
  Чырвоныя сцены стаяць.
  
  
  
  МАЦІ БОЖАЯ ЛІДСКАЯ
  
  Лідскім фарным касцёле вісіць абраз Маці Божай Ружанцовай, які з'явіўся ў Лідзе да хрышчэння Літвы. 
  Існуе легенда,  што менавіта гэтым абразам Ягайла  хрысціў наш край.
  У касцёле створвна малітва з нагоды  600-годдзя гэтага абраза.
  
  Тут пераклад малітвы з польскай мовы.
  
  Ты ў Лідскай фары трон сабе злажыла,
  Каб даць нам моцы ў жыцця час,
  Мы верым Маці, Ты нас палюбіла
  I не пакінеш болей нас.
  
  Рэфрэн.
  Стала крыніцай веры і сілы,
  Шэсць соцень год яўляла нам цуд,
  Змрокам цярпення і днём шчаслівым
  Ты - каралева, а мы - Твой люд.
  Ты нашу падзяку прымі з малітвай
  Сэрцам Табе шлём голас свой
  За ласкі струмень так шчодра разліты,
  За мацярынскі клопат Твой.
  
  Рэфрэн.
  Стала крыніцай веры і сілы,
  Шэсць соцень год яўляла нам цуд,
  Змрокам цярпення і днём шчаслівым
  Ты - каралева, а мы - Твой люд.
  
  
  
  "БОГ, ГОНАР, АЙЧЫНА"
  
  "Бог, Гонар, Айчына", - дэвіз  беларускай (ліцьвінскай) шляхты,
  пад якім, яна жыла,  змагалася і памірала.
  
  Толькі ў хаце шляхочай
  з'яўляўся хлапчына,
  I ў люльцы яшчэ немаўля калыхалі,
  А вечныя словы: "Бог, Гонар, Айчына",-
  Што раз і што дзень над калыскай гучалі.
	
  Як рос,
  перажыў шмат крывавых гадзінаў,
  Пагоня бацькоў і дзядоў падымала,
  I грозным наказам:
     "Бог, Гонар, Айчына",-
  
  Яму з-пад харугваў-сцягоў далятала.
  А сеў на каня, развітаўся з дзяўчынай,
  Нялёгкая ратная служба чакала,
  Каб помніў давеку:
     "Бог, Гонар, Айчына",--
  
  Каханая ціха яму прашаптала.
  ...Татарскі набег, кроў цячэ ручаінай,
  Пад вязняў нагамі дарога пыліць,
  Ды чуецца раптам:
     "Бог, Гонар, Айчына!"
  
  Ліцьвінская шляхта ў адсечу ляціць...
  ...Звярыны ашчэр
  пад сяброўскай лічынай --
  Маскоўцаў арда паланіла наш край,
  Ды ў сэрцы ўскіпае:
      "Бог, Гонар, Айчына"--
  
  На смертную сечу, шляхецтва, ставай...
  Нясвіжская, менская, лідская шляхта,
  З мястэчак, засценкаў і вёсак глухіх,
  З Бярэсця, Гародні, з палацаў і хатаў
  На бітву ўздымала з малых да старых.
  
  I клала галовы на поле і плаху,
  За край свой гарачай крывёю сцякла,
  Ні жалю не знала, не ведала страху,
  "Бог, Гонар, Айчына" ў душы берагла.
  
  Паўстань жа,
  ліцьвінская шляхта, сягоння,
  Бо злыдні тваю захапілі краіну,
  I хай нам званіцы ізноўку зазвоняць
  Адвечным набатам:
     "Бог, Гонар, Айчына".
  
  
  ПАНЕГІРЫК  НА ГЕРБ ГОРАДА ЛІДЫ
  
  17 верасня 1590 года прывілеем  Вялікага князя Літоўскага
  і караля Польскага  Жыгімонта ІV Вазы гораду Лідзе было
  нададзена Магдэбургскае права  і гарадская пячатка з гербам:
  ільвом і двума перакрыжаванымі ключамі.
  
  Як сядалі Паны-Рада
  ды на стольнай Вільні,
  Як давалі Паны-Рада
  герб для места Ліды.
  
  Першы кажа:
  - Хай ён ззяе
  на французскай тарчы,
  Каб шляхетнасць тога Краю
  мы маглі адзначыць.
  
  Другі кажа:
  - Ўспомнім толькі,
  як ім там жылося,
  І крыві чырвонай колькі
  ў Лідзе пралілося.
  
  А як білія лідзяне
  на Грунвальдскім полі,
  Ні адзін адтуль дадому
  не прыйшоў ніколі.
  
  Колер мужнасці чырвоны
  ім дамо па праву
  Хай унукі ды прымножаць
  дзедаўскую славу.
  
  Трэці кажа:
  - Пан вяльможны,
  за Грунвальда ззянне,
  Дзе, як леў, лідзянін кожны  
  біўся да сканання,
  
  Леў павінен быць на гербе
  ў слаўным месце Лідзе,
  І ніколі горад гэты
  мужнасць не абыдзе.
  
  А чацвёрты кажа:
  - Далей,
  не забыць нам трэба,
  Што пад Лідай адчынялі
  для ліцьвінаў неба,
  
  Што кароль Ягайла з Ліды
  пачынаў хрышчэнне
  Ўсёй Літвы, і мы блакіту
  дзеля праслаўлення
  
  Той вялікае падзеі
  на герб Ліды сыпнем,
  Будзе сімвалам надзеі
  у жыццёвым кіпні.
  
  Пяты кажа:
  - Кожны знае:
  з Божага рачэння
  Адчыняе дзверы раю
  нам усім хрышчэнне.
  
  То ключы Пятра Святога
  ды ад райскай брамы
  Ў завяршэнне герба тога
  дадамо таксама.
  Шосты кажа:
  - Як зацвердзіць
  герб Вялікі княжа,
  Слаўны шлях на векі векаў
  гораду пакажа.
  
  Як ставалі Паны-Рада
  ды на стольнай Вільні,
  Як няслі да Жыгімонта
  герб для места Ліды.
  
  Як рукою каралеўскай
  герб той змацавалі,
  Каб ніякія зладзействы
  ў нас яго не ўкралі.
  
  Каб далёкія нашчадкі
  герб той шанавалі,
  Паміж мужнасцю і небам
  шлях свой выбіралі.
  
  
  
  ДРУКАРЫ
  
  Сярод беларускіх першадрукароў  належнае месца займае Ян Карцан
  (? -1611) з Вялічак з-пад Мінойтаў  каля Ліды, які выдаў 101 кнігу.
  Яшчэ 40 кніг выдаў яго сын Язэп Карцан. Першай кнігай, што выдаў
  Ян Карцан у друкарні Яна Кішкі ў Лоску было сачыненне  Сымона Буднага
  "Аб артыкулах веры".
  
  Яны прыйшлі магутнаю кагортай,
  Наступнікі Францішка Скарыны,
  Яны з'явіліся не з дальніх портаў
  I не з краёў вучонай чужыны,
  
  Яны ўзрасталі тут, на нашых нівах,
  Мсціславец Пётр і Федаровіч Ян,
  Яны ўсплывалі ў нашых рэк разлівах,
  Васіль Цяпінскі, Будны і Карцан.
  
  Яны ўсе розныя і вераю, і мовай,
  Ды ўсе любімыя для краю, для свайго,
  I ціснулі варштаты тое слова,
  Што сталася пачаткам усяго.
  
  Іх розныя натхнялі краявіды,
  I розны быў ад іхняй працы плён,
  Ды толькі ўжо друкуе Ян з-пад Ліды,
  Што на Нясвіжы напісаў Сымон.
  
  I тым злучае ён часы і далі,
  I думак бегі, і хаду падзей,
  I робіць так, каб кнігі паядналі
  У нацыю раскіданых людзей.
  
  I хай ляжаць тамы без велькай справы
  Па сховішчах праз сотні зім і лет,
  Яны ў фундаменце ляжаць дзяржавы,
  На іх трымаецца наш беларускі свет.
  
  Таму і слаўныя па нашым краі
  Мсціславец Пётр і Федаровіч Ян,
  Таму ва ўдзячнай памяці ўсплываюць
  Васіль Цяпінскі, Будны і Карцан.
  
  
  
  ЗАПОЛЛЕ
  
  Паводле прафесара Ягелонскага  універсітэта ў Кракаве Здзіслава Яна Рына
  ў 1828 годзе Ігната Дамейку, які знаходзіўся ў высылцы ў Заполлі  пад Лідай,
  наведаў Адам Міцкевіч.
  
  Брычка гайдаецца плаўна
  Ў новых і модных рэсорах,
  Тройкаю конікаў слаўных
  Аж з-пад Наваградскіх гораў,
  
  Вёсак мінаючы хаты,
  Збожжа мінаючы поле,
  Едзе Адам да Ігната
  Ў ціхае наша Заполле.
  
  Брама вянкамі абвіта,
  Квеціцца краскамі лета,
  Дворня ў навюсенькіх світах
  Шчыра вітае паэта.
  
  Пан сам спускасцца з ганка,
  Вока слязой набрыняла,
  Будуць сягоння да ранку
  Згадваць, як колісь бывала.
  
  Памяць абудзіць няспешна
  Вобраз сяброў-філарэтаў,
  Стане хвілінаю смешна,
  Стане і сумна за гэтым.
  
  Будуць шчаслівыя разам,
  Быццам юнацтва вярнулі...
  ... Іхнія словы сам-насам
  Толькі нябёсы пачулі...
  
  Сёння нячыстая сіла
  Знішчыла тое Заполле,
  Душы вялікіх ліцьвінаў
  Каб не вярнуліся болей.
  
  Толькі стараліся дарма,
  Памяць людская - не хата,
  Помняць у Лідзе Адама,
  Помняць у Лідзе Ігната.
  
  
  
  МІЦКЕВІЧ У ЛІДЗЕ
  
  Каля вёскі Больценікі колішняга Лідскага павету стаяў маёнтак графа Путкамера,
  дзе і жыла пасля замуства Марыля Верашчака. Адам Міцкевіч бываў там, але часта
  наведвацца ба замужняй графіні не мог. Праязджаючы ж праз Ліду і павет ён думаў 
  пра каханую колькі хацеў. Бюст Міцкевіча ў Лідзе пастаўлены так, што паэт вечна
  змушаны глядзець у бок  Больценікаў.
  
  З Наваградка ў Вільню,
     хоць едзь, хоць бяжы,
  А Ліду яму ну ніяк не мінуць,
  I ззяюць здалёку касцёлаў крыжы,
  I замка руіны пра вечнасць гудуць.
  
  I колькі разоў каля велічных сцен
  Паэт праязджаў ці ішоў пехатой,
  I колькі разоў ціхі вечара цень
  Змушаў прыпыніцца яго на пастой.
  
  Адсюль выглядаў ён вячэрняй парой
  За далеч пагоркаў, балот і азёр
  Туды, дзе туліўся пад ліпай старой
  Да болю знаёмы шляхочы той двор.
  
  Той двор недаступней фартэцы стаяў,
  Яму не ступіць і да брамкі яго,
  За брамкай, за той -
  што любіў, што кахаў,
  За што мог пазбыцца хоць жыцця свайго.
  
  Ад Ліды туды, як рукою падаць,
  А нельга, а нельга і кроку ступіць,
  Графіню Путкамер ці ж можна кахаць?
  Графіню Путкамер ці ж можна любіць?
  
  Сцякае з крывёй на зямлю горкі верш,
  Хутчэй жа з той Ліды, хутчэй хоць куды...
  Ад Ліды ўцячэш, ад сябе не ўцячэш,
  I сэрца баліць і баліць праз гады.
  
  - О, людзі, скажыце, завошта мяне
  Вы змусілі вечна глядзець у прастор
  Туды, дзе калісьці пад Лідай квітнеў
  Каханнем паэта шляхочы той двор.
  
  
  
  ТОДАР З НАРБУТАЎ ЛІДСКІХ
  
  Толькі Лідскі павет са сваёй найбагацейшай гісторыяй мог даць свету такога неардынарнага
  гісторыка як Тодар Нарбут.
  
  О, Лідскі край, табою ганаруся,
  З слязой на воку Бог цябе стварыў.
  Не ведаў свет ніякай Беларусі,
  А пра цябе з пашанай гаварыў.
  
  Стаяла Ліда між балот Дайнаўскіх,
  Сачыла царстваў лёт і заняпад,
  Збірала ў песнях і чароўных казках
  Хады стагоддзяў адмысловы лад.
  
  Раслі тут людзі, як дубы на ўзлессі,
  Снавалі душы аўру той зямлі,
  З сабой з народзінаў лідзяне неслі
  I тое, пра што ведаць не маглі.
  
  Але збіраліся, як хмары ў паднябессі
  Стагоддзяў дзеі ў памяці людзей,
  Пакуль магутны лёс ім не накрэсліў,
  Хто стане летапісцам тых падзей.
  
  I ён прыйшоў, нашчадак слаўных родаў,
  Чые пад Грунвальдам не сцерліся сляды,
  Каб расказаць уласнаму народу
  Пра слаўныя і мужныя гады.
  
  Ён Остык-Нарбут вырас з тых курганаў,
  Што крыве прысвячалі ў дар багам
  У час, што называе ксёндз паганым,
  I што заўсёды быў наймільшы нам.
  
  *
  
  Як любім мы дзяцінства свайго годы,
  Якімі б цяжкімі не выйшліся яны,
  Дзяцінства любяць роднага народа,
  Народа тога верныя сыны.
  
  Палонны край цягнуў ярмо галечы
  Захопнік ладзіў тут сваю турму,
  Але ў мінуўшчыне нам край быў вечным,
  I ў будучым быць вечнаму яму.
  
  Нам прышласці не дадзена спазнанне,
  Ды нешта ведаць можам мы з яе,
  Яна заўжды была адлюстраваннем
  Мінуўшчыны, як сутнасці свае.
  
  Чаму "Гісторыі літоўскага народа"
  На Лідчыне спадобіў Бог саспець?
  Таму, што тут спрадвечная прырода
  Ліцьвінскай нацыі здалела ацалець.
  
  Тут вёску перайдзі з сярэдзіны да краю,
  I пройдзеш па стагоддзях напрасткі,
  У прозвішчах Дайнава паўсплывае,
  I кельты загамоняць праз вякі.
  
  Тут зажурбоча рэчка па-яцвяжску,
  I па-нальшчанску зашуміць лясок,
  Гара прастогне нешта па-варажску,
  I па-судаўску памаўчыць пясок.
  
  Тут след глыбокі ад славянаў-гудаў,
  I крывіч у тым краі не чужы,
  Дзяржаўнай воляй, а не нейкім цудам
  Плямёнаў спадчыну ліцьвін спажыў.
  
  Плямёны тыя меўшы за карэнні,
  Магутны ствол ліцьвіншчыны паўстаў,
  А Нарбуту ўсяго што разуменне
  Бог гэтай велькае сапраўды даў.
  
  Ён ведаў вельмі, вельмі, вельмі многа,
  Да тога і дагэтуль не дайшлі...
  ... Для следапыта розныя дарогі
  Бываюць на спакуслівай зямлі.
  
  Ёсць шлях шырокі, статкам пратаптаны,
  Гасцінец біты, хоць яйцо каці,
  А для адной сапраўдай апантанных,
  Бывае, што і сцежкі не знайсці...
  
  *
  
  Паўстанне збіта, край наш здратаваны,
  Маскаль, як крук, крумкоча: "На вякі",
  А дзесь на вёсцы, Богам занядбанай,
  З пяра сцякаюць вольныя радкі.
  Прывозяць кронікі
  
  да Нарбута з паўсвету,
  Знаходкі шлюць, як памяткі вякоў,
  Бо так патрэбны загібелым гэтым
  Ваколіцам хоць некалькі радкоў
  
  Пра іх багоў, што край той ахіналі,
  Пра прашчураў, што верылі багам,
  Пра іх князёў, што грозна выязджалі
  З-пад старажытных невядомых брам.
  
  Пра тыя гарады, што зніклі назаўсёды
  Пра смелых думак нецугляны лёт,
  Пра велічнасць забітага народа,
  Які забыў, што ён і ёсць народ...
  
  ... Шаўры не Вільня, нават, не Варшава,
  Не цэнтр культурны, што ні гавары,
  Ды піша Нарбут, і сюда рухава
  Збягаюцца і хлопы, і цары...
  
  ...I пазяхнуўшы з забыцця выходзяць
  Альгерд, Кейстут, Вялікі Гедзімін,
  Вітаўт ізноў над краем верхаводзіць,
  I зноў тут гаспадарыць сам ліцьвін...
  
  Пра бітвы піша, пра здабыткі нашы,
  Што за сахой усходзяць на раллі,
  Што нам давалі сенажаці, пашы,
  I што праз злыдняў так і не далі.
  
  ... Яшчэ балонкі не дайшлі да друку,
  А ўжо яны ў свядомасці людзей,
  Яны нясуць дзяржаўную навуку
  I грунт для светлых заўтрашніх надзей.
  
  Раслі тамы пакрэсленай паперы,
  А побач дзеці Нарбута раслі,
  I прарастала між народу вера
  У велічнасць бацькоўскае зямлі
  
  Як грымне гром наступнага паўстання,
  I зноў за край падымуцца сыны,
  Не гледзячы на імя і празванне,
  Сынамі Нарбута ўсе стануцца яны.
  
  ... Раз атрымалася што ў лютай сечы
  Клінок казацкі хлопца ледзь не зжаў,
  Рассек заплечнік, ды не змог рассекчы
  Том Нарбута, што ў тым мяшку ляжаў...
  
  Так том гісторыі збярог хлапчыну,
  Ды гэта будзе звужаны пагляд,
  Тым творам Нарбут абярог Айчыну,
  Якую пляжыў іншаземны гад.
  
  На поплаве, стаптаным капытамі,
  Аж чорна ўсё, ды толькі недзе там,
  Нашмат глыбей, пад конскімі нагамі,
  Жыве карэньчык недаступы нам.
  
  Табун паскача, цёплы дождж прыльецца,
  I глянь-паглянь, сыходзіць колькі дзён,
  З-пад чарнаты ізноў трава бярэцца,
  Зямной бранёю прарастае дзёрн.
  
  Ляжаць тамы, зрэдчас хто возьме ў рукі,
  Не крытыкнуць не зможа не адзін,
  Вядома ж, што далёка ад навукі,
  Ад сённяшняй, той Нарбут паблудзіў.
  
  Ды толькі здарыцца, калі, бывае,
  У Начы да магілы падысці,
  I новымі пачуццямі ўсплывае
  Душа незачарствелая ў жыцці.
  
  Стаім мы перад велічнай магілай,
  Пігмеі дробненькіх адкрыццяў і ідэй,
  А ён, тытан, з магутнай сваёй сілай
  I з-пад зямлі кіруе і вядзе.
  
  Даў Бог краіне вольную навуку,
  Гісторыкамі тут хоць гаць гаці,
  Ды з іх да звання Тодарава ўнука
  Не кожнаму надарыцца дайсці...
  
  *
  
  О, Лідскі край, каб толькі ты і здолеў,
  Што даць нам Нарбута,
  дык, нават, і тады,
  Ты заручыўся б шчыраю любоўю
  Дзяцей тваіх на вечныя гады.
   
   
   
  НА СМЕРЦЬ ЛЮДВІКА НАРБУТА
  
  Сын Тодара Нарбута, Людвік Нарбут, выхаванец Лідскай дваранскай школы ўзначаліў паўстанне 1863 года
  на Лідчыне і за актыўную дзейнасць быў прызначаны галонакамандуючым Узброенымі сіламі паўстанцаў у
  Беларусі і Літве, але загінуў у баі з расейскімі карнікамі пад Дубічамі, дзе і пахаваны.
  
  
  Над Лідай пад вечар закрумкаў крумкач,
  I сонца ў крывавым змярканні зайшло,
  Усхліпнуў Лідзейкі галосіна-плач,
  Жыццё чалавека ў прадонне сышло.
  
  Прылёг для спачыну прытомлены лёс
  На гонях, барах беларускай зямлі,
  Пад чорныя шаты бязмоўных нябёс
  Ліцьвінскія хлопцы навечна пайшлі.
  
  ут сёння для смерці багаты ўмалот,
  Між Дубіцкіх пушчаў, карчовішч, лясоў,
  Між Дубіцкіх рэчак, азёр і балот
  Тут Нарбут
  
  свой вечны прытулак знайшоў...
  Не ўсё ён давершыў на гэтай зямлі,
  Ды болей, напэўна, не здолеў, не змог,
  Ці болей чужынцы яму не далі,
  
  Ці больш не казаў, не судзіў яму Бог.
  Ён смела паўстаў на імперыю зла,
  I што ж тут такога? Зваліць не здалеў,
  Ды гэтая спроба пустой не была,
  
  А быў гэта нашай свабоды пасеў.
  Свабода ўзышла, як трава, як мурог,
  I колькі яе не таптаў чужы бот,
  Стаптаць, здратаваць не адолеў, не змог,
  
  Не змог і не зможа ні ў дзень і ні ў год.
  Хай крумкае зноўку над Лідай крумкач,
  Тут Нарбута памяць у людзях жыве,
  I могуць нас нішчыць, касіць і таптаць,
  Ёсць вечнасць у нас, як у гэтай траве.
  
  
  
  АПОШНЯЯ МАЛІТВА КСЕНДЗА  АДАМА ФАЛЬКОЎСКАГА
  
  Герой паўстання 1863 года, пробашч на Ішчолне ксёндз Адам Фалькоўскі за абвяшчэння маніфесту
  паўстання быў расстраляны ў Лідзе расейскімі карнікамі 24 чэрвеня 1863 года
  
  "Ідучы пад расстрэл ксёндз Адам Фалькоўскі  чытаў малітву з кантычкі..."
   З успамінаў сведак
   
  -Ойча наш, каторы ёсць на небе...
  
  Даруй адзіны грэх мой, што зрабіў,
  Адзін я запавет парушыў твой,
  Ты нас вучыў: "Ніколі не забі!".
  А я людзей паслаў на люты бой.
  
  Я ім казаў ісці і забіваць,
  I рэзаць, нішчыць прыхадняў ліхіх,
  Што ў краі нашым хочуць панаваць
  I прыгнятаць, о Бог, дзяцей тваіх.
  
  Я ім казаў, што лепш памерці вольным,
  Чым у ярме да веку спіну гнуць,
  Я ім казаў з амбона на Ішчолне,
  Ды так, каб цэлы Край здалеў пачуць...
  
  ...І адпусці нам нашыя віны, як і мы
  адпускаем вінавайцам нашым...
  
  I адпусці грахі, і ласкаю сваёй
  Пакрый герояў гэтае зямлі,
  Што сёння ахвяруюцца сабой,
  Каб дзеці іх свабоднымі жылі.
  
  ...і не ўводзь нас у спакусу...
  Не дай, о Божа, нават думкі ім:
  Сысці, схавацца, збегчы і счакаць,
  Развей сумненняў і ваганняў дым,
  
  Дай сілы ім, каб да канца стаяць,
  Прымі іх душы пад сваё крыло
  I ў райскі сад ім браму адчыні,
  Яны ж паўсталі на ліхое зло
  
  За панаванне вечнай дабрыні.
  Даруй, о Божа, грэх адзіны мой
  I іх грахі даруй таксама мне,
  Няхай ім будзе лёгка прад Табой,
  I ласка іх Твая хай не міне...
  ...Аман.
  
  
  
  ПАЎСТАНКА
  
   На Лідскіх парафіяльных могілках па вул. Энгельса знаходзіцца магіла ўдзельніцы
  паўстання 1863 г. Валерыі Цехановіч з Цыбульскіх. Валерыя Цехановіч пражыла 92 гады,
  з іх 70 гадоў -  пасля паўстання.
   Падобна, калі яна памерла ў 1933 годзе,  больш жывых паўстанцаў не засталося.  I ўжо 
  75 гадоў стаіць на яе магіле помнік, такі ж стойкі, як і сама Валерыя.
  
  
  Труба паўстання клікала да зброі,
  Дзяды будзілі ўнукаў да сякер,
  I здань адвечнай вольнасці святое
  Шаптала ў снах: "Ніколі ці цяпер!"
  
  Кідалі хлопцы бацькаўскія гоні,
  Кідалі ў баразне самотную саху,
  I мацеры ласкавыя далоні,
  I недакрытую на свіране страху.
  
  Дзяўчаты не выседжвалі па хатах,
  Паліў іх сэрцы светлай волі пал,
  Узрослыя на гераізме Плятар,
  Кідалі прасніцу і бралі самапал.
  
  Так і Валерыя пайшла ў паўстанне,
  На шалі лёсу кінула жыццё,
  Вялі яе Айчына і каханне,
  Запаленае воляй пачуццё.
  
  Спазнала страты, вечнасць расставання,
  Ды вычын мужны не прапаў дарма,
  I семдзесят гадоў пасля паўстання
  Нясла паўстанкі гордае імя.
  
  I семдзесят гадоў яе магіла,
  Як слуп памежны нашых пуцявін,
  Яна Айчыну вольную любіла,
  I наша воля - вечны ёй спамін.
  
  
  
  КРОЎ ФРАНЦІШКА
  
  Балада
  
  Францішак Багушэвіч падчас  паўстання 1863 года ваяваў у
  аддзеле Людвіка Нарбута на Лідчыне і быў тут паранены.
  
  Шумяць над Дайнаваю пушчы,
  Легенды лістотай складаюць,
  Ад зорак нябесных відушчых
  Зямныя таемствы хаваюць.
  
  Хаваюць Дайнавы дубравы
  Малойцаў адважных і смелых,
  Хаваюць іх мужныя справы,
  Хаваюць іх спрытных, умелых.
  
  Шумяць вершалінамі хвоі,
  А ўнізе самотная ціша,
  Пад хвояй сцякае крывёю
  Хлапец - Багушэвіч Францішак.
  
  Паранены ў бітве за волю,
  Да лідскай зямлі прытуліўся,
  I болей не чуючы болю,
  Ён гэтай зямельцы маліўся:
  
  "Зямелька, зямелька Айчыны,
  Ты моцай адвечнай святая,
  Ад кроплі дажджынкі адзінай
  Жыццё на табе расцвітае.
  
  А я ж цябе сёння крывёю
  Гарачай сваёй паліваю
  I думкай заняты адною,
  Каб вырасла, што пажадаю.
  
  Каб выраслі тут тыя людзі,
  Што волю здабудуць краіне,
  Што край ад дрымоты разбудзяць,
  Што стануць народам адзіным.
  
  Каб выраслі тыя героі,
  Што мову сваю абароняць
  I ў хвілю цяжкую сабою
  Айчыну ад злыдняў заслоняць"...
  
  Маліўся Францішак - хлапчына,
  I кроў струмяніць перастала,
  I ціха зямелька- Айчына
  Яму на адказ прашаптала:
  
  "Устань жа, ідзі і змагайся,
  Нясі сваё слова народу,
  Не кайся ні ў чым, не хістайся,
  Бо з словам нясеш ты свабоду.
  
  Бо толькі, як вольнае слова
  Над краем тваім залунае,
  Спадуць ланцугі і аковы,
  I сонца свабоды заззяе.
  
  Падняўся хлапец, не хіснуўся
  I з мовай мужыцкай сваёю
  Да вёсак, засценкаў памкнуўся,
  Акрылены сілай святою.
  
  Дайшоў ён да прызбаў і хатаў,
  Дайшоў ён да думак і сэрцаў,
  Ён слова смычком струны кратаў
  Тых душ, што чазлі ў паняверцы.
  
  Дайшоў, разбудзіў і паклікаў,
  I слова, як сцяг, даў народу,
  I марай акрыліў вялікай,
  I шлях паказаў да свабоды.
  
  А там, дзе ў вайсковым паходзе
  Пад Лідай цякла кроў святая,
  Што год праз другое стагоддзе
  Кусточак суніц вырастае.
  
  I варта каму там суніцу
  Сарваць, як адкуль што бярэцца,
  Па іншаму думка бруіцца,
  Па іншаму стукае сэрца.
  
  I кліча.цябе тое слова,
  Што клікала хлопца паўстанца,
  I просіць цябе тая мова
  На новую бітву ўздымацца.
  
  Што год вырастаюць суніцы,
  Што год іх народ тут збірае,
  Што год, як з жывое крыніцы,
  Ён сілы ў сябе набірае.
  
  Што год узрастаюць лідзяне,
  Што год устаюць да паходу
  I рушаць па шляху змагання
  За мову, за край, за свабоду.
  
  
  
  БАЛАДА ПРА АПОШНЯГА ЛІЦЬВІНА
  
     Вялікі беларускі вучоны, рэктар  універсітэта ў Сант-Яга дэ Чылі,  лідскі шляхціц,
    удзельнік паўстання 1831 года Ігнат Дамейка пасля больш  чым паўстагоддзя эміграцыі
    ў 1887 годзе наведаў радзіму.
     Дамейка выступіў у Кракаўскім Ягелонскім ўніверсітэце, дзе яму ўладаю імператара Франца
	Ёзафа І была нададзена годнасць ганаровага доктара медыцыны. У дыпломе ўказана нацыянальнасць
	Ігната Дамейкі "ліцьвін". Гэта адзін з апошніх выпадкаў афіцыйнага пісьмовага прымянення ў 
	адносінах да беларусаў нацыянальнага вызначэння "ліцьвін".
     Праз чатыры гады (1891) ў тым жа Кракаве выйдзе "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча,
    дзе ўжо тэрміны "Беларусь", "беларуска мова", пададзены як асноўныя для нашага народа.
 
  У гулкіх нефах слаўнай альма-матар
  Славянскіх геніяў у многіх пакаленнях
  Далёкай Чылі "Грандэ адукатар"
  Сягоння мае мовіць спавяшчэнне.
  
  З далёкай Чылі?
  Так цяпер здалёку,
  А некалі, як мы былі краінай,
  Дамейкаў род раскінуты шырока
  На Беларусі цвіў і не адной галінай.  
  
  Як шмат чаго сплыло, сцякло, не стала,
  Сыходзіў век адчайнага змагання,
  Літва Вялікая, як свечка, дагарала,
  Крывёю сцёкшы ў трэцяе паўстанне.
  
  Рэч Паспалітая, парваная на часткі,
  Ахутана жалобнаю смугою,
  І слаўны пястаўскі Вялікі Кракаў
  Прыгнуты цяжкай Габсбургаў рукою.
  
  Ды Ведаў Храм, закладзены Ягайлам
  Ці пры Ягайлу, хто там добра знае,
  Не пахіснуўся, выстаяў навалы
  І славу па славянстве пашырае.
  
  Вучонасць расчынілася ў паветры,
  Тут дактароў сабралася нямала,
  Якім, сцяжынаю з няволі нетраў
  Дарога да навукі пралягала.
  
  Нічым нікога тут не здзівіш вельмі,
  Ды той на кафедру ўзыходзіць чынна,
  Хто паўстагоддзя на далёкіх землях
  Агонь навукі раздуваў няспынна:
  
  - Шаноўныя панове прафесоры!
  Гавораць сёння ў гэтай слаўнай залі
  Далёкіх Андаў веліканы-горы
  І акіяну веліканы-хвалі...
  
  Ігнат Дамейка - рэктар у Сант-Яга,
  Адкрыццяў за век доўгі - не злічона,
  І зала ўся заціхла ад увагі
  Ці ад павагі перад ім - вучоным.
  
  ... - Шаноўныя панове прафесоры!
  Навука сёння больш не знае межаў,
  І тое, што адкрылі дзесь за морам,
  Усім і кожнаму вось тут належыць.
  
  Я веру, што мае адкрыцці ў Чылі
  Паслужаць людзям на маёй радзіме,
  Хоць на Літве мяне даўно забылі,
  Яе з душы ў мяне ніхто не выме.
  
  Хай кажуць мне, што ўжо Літва сканала
  І для яе забыцце - лёс адзіны,
  Ды тое да мяне датычыць мала,
  Літва жывая, покуль ёсць ліцьвіны..."
  
  ... Авацыі разлегліся па зале,
  А імператара высокай воляй,
  "Honoris causa" званне яму далі,
  Прызнаўшы відную ў навуцы ролю.
  
  І ў тым дыпломе запісалі словы,
  Каб свет сумненні ўсе пакінуў,
  Класічнаю лацінскай мовай:
  "Ігнацыю Дамейку" і "ліцьвіну".
  
  *
  
  Нядоўга цешыўся з дыплома тога,
  Меў век паважны, і нягод хапіла,
  Ды толькі слова значыць вельмі многа,
  Яно нам праўду пра сябе адкрыла.
  
  Нам пра "тутэйшых" баялі са смехам,
  Якія нацыі свае не зналі.
  Дамейка ж паказаў, як мы без спеху
  З ліцьвінаў беларусамі ставалі.
  
  Мой дзед-ліцьвін ляжыць на Бажантарні,
  А побач бацька-беларус: і згода...
  Нас не змыліць хлуснёю ці маўчаннем,
  Мы ўспомнілі ў стагоддзях радаводы.
  
  Мы больш не схілім шыю ў паняверцы,
  Мы болей не дамо сябе сагнуць.
  Літву Вялікую трымаем моцна ў сэрцы,
  Каб дзецям здаць вялікай Беларусь.
  
  
  
  ЛІДСКАЯ "СВАБОДА"
  
  На стыку 1902-1903 г.г.  у маёнтку Леанарда Іваноўскага  Лябёдка Лідскага павету
  Вацлавам Іваноўскім, Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і іх паплечнікамі быў выдадзены першы
  нумар беларускай газеты "СВАБОДА". У незалежнай Беларусі першы нумар газеты "СВАБОДА"
  выйшаў у 1990 г.
  
  Над ракою Лебядою
  Гоні, сенакосы...
  Вецярок над рэчкай тою
  Навіну разносіць...
  
  ... Як у пана Леанарда
  Стукаюць варштаты,
  Хлопцаў цэлая брыгада
  Шчырыць там заўзята.
  
  У маёнтку Іваноўскіх
  Перад Новым годам
  Ціснуць хлопчыкі геройскі
  Першую "Свабоду".
  
  Невялічкая газетка,
  Ды хіба ж то мала,
  Знай, імперская ўжо клетка
  Волі не ўтрымала.
  
  Беларуская газета,
  Што з-пад Ліды родам,
  Скалынула край ты гэты
  Словам тым: "Свабода".
  
  Хай чакаць ледзь не стагоддзе
  Нумара другога,
  Не забудзецца ў народзе
  Мужнасць чыну тога,
  
  Як у ціхім закуточку
  Лідскага павету
  Беларусы друкавалі
  Вольную газету.
  
  
  
  ПЕСНЯ ПАЧАЛАСЯ  З КАНЮШАНАЎ
  
  Перад Першай Сусветнай вайной у Вялікіх Канюшанах Лідскага павету жыў Рыгор Шырма,
  харавы дырыжор,  фалькларыст, педагог, публіцыст, грамадскі дзеяч, Народны артыст
  СССР, народны артыст БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, які ў той час працаваў
  настаўнікам у Агародніках. Вядома, што ў Канюшанах ён кіраваў хорам, магчыма, першым
  сваім хорам. Тут ён цяжка хварэў, недзе ў Канюшанах ёсць запіс успамінаў жанчыны,
  якая лячыла хворага Рыгора.
  
  Па-над рэчкай, над Дзітвою
  Песня разняслася,
  Аксамітавым сувоем
  Ночка разлілася.
  
  Па-над гаем, па-над борам,
  Па-над паплавамі...
  Разам з міленькім Рыгорам
  Мы спяваем самі.
  
  Мы ад вечара да рана
  Ўзімку і прадвеснем
  На абое Канюшанаў
  Нагалосім песняў.
  
  Што за хлопец, што за спеўны
  І адкуль узяўся,
  Ён за Божу ласку, пэўна,
  Нам сюды дастаўся.
  
  Разліваецца сардэчнай
  Песняю світанне,
  Парадніліся навечна
  З Шырмам канюшане.
  
  
  
  БАЛАДА ПРА БЕЛАРУСКУЮ ШКОЛУ
  
  У 1915 г. Алаіза Пашкевіч (Цётка)  адчыніла ў Лідзе першую легальную
  беларускую школу. У пачатку 21-га стагоддзя беларускамоўная адукацыя ў Лідзе
  фактычна закончвае сваё існаванне.
  
  Ліда. Жнівень. Ваенны пятнаццаты год.
  Згніўшы царскі хамут раптам долу апаў.
  Фронт пагрукаў за горад далёка на ўсход.
  Новы пан на пасады на ўсе заступаў.
  
  Што мог ведаць той немец аб гэтай зямлі,
  Дзе нямым быў стагоддзі цалюткі народ,
  Дзе маліцца на мове сваёй не маглі,
  Ні чытаць, ні пісаць многа год.
  
  Што хто ведаў, не ведаў, хто знае цяпер,
  Толькі вось раз аднойчы кабета прыйшла
  I з сабою прынесла пакунак папер,
  I пра школу гаворку пры ўсіх пачала,
  
  Што патрэбна тут школа, каб людзі маглі
  Жабрацтва пазбыцца, і цемры, і зла,
  Каб да лепшае долі праз веды дайшлі,
  I навука да добрага іх давяла.
  
  Што патрэбна тут школа на мове, на той,
  На якой тут гавораць і кожны, і ўсе,
  Што ўдыхаецца ў цельца дзіцяці з душой,
  Што вятрыска над гэтым абшарам нясе.
  
  Што па-іншаму нельга вучыць тых людзей,
  Бо знікае і скутак, і сутнасць навук,
  I ўжо цэлы народ, быццам статак, брыдзе,
  Толькі пашы шукае, а розум патух...
  
  Was? Die Schuhle? Sehr gut.
  На здароўе вучы,
  Хоць на нейкай там мове сваёй...
  (Час надыдзе да Прусіі іх далучыць,
   А пакуль няхай вучыць, Бог з ёй.)
   
   ... Frau Else Paschkewitsch?
  Ну што ж, bitte schon".
  I свой подпіс чыркнуў на прашэнні маёр.
   Значыць гэта цяпер, што нямецкі закон
  Сам ахоўвае ў новую школу набор.
  
  А на Віленскай вуліцы ў хаце пустой
  Панаставілі лавак, услонаў, сталоў,
  Каб урок той найпершы на мове сваёй
  Тут прайшоў за тры сотні гадоў.
  
  Дзетвары назбіраўся паўнюткі пакой,
  I настаўніца звыкла да дошкі ідзе:
  "Добры дзень!"
  "Добры дзень!"- клас гукнуў талакой,
  Сапраўды, быў бы добрым той дзень.
  
  "Мы пачнём ад пачатку, ад тога, чаму
  Не па-руску, ці польску вяду гэты ўрок,
  Трэба ведаць, што мова - аснова ўсяму,
  I што сказана: "Слова ёсць Бог."
  
  Тая ж простая мова, што чуецца тут,
  Простай стала з чужынскае ласкі для нас,
  Беларускай завецца яна, а наш кут - Беларусь.
  Гэта помніць патрэбна ўвесь час.
  
  Будуць гэтай зямлёю чужынцы хадзіць,
  Будуць несці і веры, і мовы свае.
  Беларусь мы павінны і знаць, і любіць,
  Беларусь, што з глухога забыцця ўстае.
  
  Будзе наша краіна, і будзем мы ўсе
  Самі ў нашай старонцы і радзіць, і жыць,
  Мы збудуем яго, родны край, пакрысе,
  Бо мы здолелі ўжо Беларусь палюбіць..."
 
  Так пайшлі тыя ўрокі, адзін за адным
  З любасцю, згодай, без нейкіх прымусаў,
  Так настаўніца ў светлым
  памкненні святым
  Лідскіх дзетак вывучвала на беларусаў.
  
  * * *
  
  Ліда. Жнівень. Канец дзевяностых гадоў.
  "Хочу, чтоб ребёнка по-русски учили!"
  "Помощь всегда оказать Вам готов,
  Эти проблемы давно мы решили.
  
  Четырнадцать школ у нас русских уже,
  А три остальные додавим тотчас,
  Мы станем к России, как можно, ближей,
  Похвалят за это, я думаю, нас..."
  
  * * *
  
  Больш, чым восем дзесяткаў
  сышло з даўніх пор,
  Як Цётка лідзян пачынала вучыць...
  Дык што? Трэба зноў, каб нямецкі маёр
  Нам загад падпісаў беларусамі быць?
  
  
  
  ТАРАШКЕВІЧ НА ЛІДЧЫНЕ
  
  У 20-я гады ў Лідскім павеце налічвалася  49 гурткоў Беларускай работніцка-сялянскай грамады,
  у тым ліку ў Дроздаве, у Табале, Ганчарах, Бяневічах, Дакудаве, Агародніках. У гэты ж час тут
  было каля 30 гурткоў Таварыства беларускай школы. Цвёрдую руку да іх стварэння прыклаў Браніслаў
  Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, які неаднаразова бываў на Лідчыне. Аднак дакументальных
  сведчанняў гэтаму пакуль не знойдзена.
  
  Па сцежках таемных, між лідскіх палеткаў
  Ад вёскі да вёскі таптаў чэрствы дол,
  Бярозкі на ўзлеску - усе яго сведкі,
  Жытнёвая ніва - на ноч яму дом.
  
  У гмінах на ўлік не ставаў жа вядома,
  На плошчах у Лідзе прамоў не казаў,
  Знаёмы сваім і нязнаны чужому
  Вузёл за вузельчыкам сетку вязаў.
  
  Гурткі Грамады спраўна тут паўставалі,
  Гурткі ТэБэШа паўставалі паўсюль,
  Шпігі дыфензівы, як віжлы, шныралі,
  Ажно не заперлі за краты пакуль.
  
  Судзілі яго за высокія мары,
  За быўшую ім, як ражон, Беларусь,
  За тое, што гэтага краю абшары
  Да сэрца яго праўду - слова бяруць...
  
  ... А след прасыхаў на віхлястай сцяжынцы,
  I ліст пажаўцелы з бярэзін апаў,
  Забылі пад Лідай дарогі-гасцінцы,
  Як колісь па іх Тарашкевіч ступаў.
  
  Забылі дарогі, а сэрцы людскія
  Яго не забудуць ніколі, ніяк,
  Хай кніжку каторы няспешна адкрые
  I гляне на родны, на мяккі наш знак.
  
  Згадае пра тое, што ўсім тут вядома,
  Пра тое, што ясна, таксама наўздзіў:
  Калісьці даўно без супыну і стомы
  Па Лідскай зямлі Тарашкевіч хадзіў.
  
  
  
  ТУТ ВІЛЕНШЧЫНА ЦЯПЕР
  
  Пасля перадачы Вільні Летуве ў 1940 г. Ліда фактычна засталася
  цэнтрам той часткі Віленскага краю, якая аказалася ў межах Беларусі.
  
  На самым краі, на краі,
  на даўняй Віленскай зямлі
  Стаіць наш слаўны горад мілы.
  Шумяць праносяцца вятры,
  
  гудуць і ўнізе, і ўгары,
  Ды што яму да іхняй сілы.
  Не тое тут калісь шумела,
  не тое громамі грымела,
  
  А ён стаяў, як стоўп каменны.
  Пылалі ярка пажарышчы,
  дымелі курна папялішчы,
  А ён адроджваўся нязменна.
  
  I вось як Вільню з горкай долі
  аддалі ў жмудскую няволю,
  Тут цэнтр Віленшчыны застаўся.
  Зіяюць фарбы краявідаў,
  
  гарыць агнямі горад Ліда,
  Красуе, як і красаваўся.
  Сюды ідзіце, госці-браце
  мы вас тут рады прывітаці,
  
  Нальём за грошы й напавер.
  I гэта праўда, бо вядома,
  што ў нашай Лідзе кожны дома,
  Бо тут Віленшчына цяпер.
  
  
  
  ГАЛЁШЫ ДЛЯ КУПАЛЫ
  
  13 сакавіка 1940 года ў якасці кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі
  ад Ліды Янка Купала выступаў перад рабочымі Лідскай фабрыкі "Ардаль ".
  Купапа быў моцна прастуджаны, і рабочыя "Ардаля" падарылі яму галёшы.
  
  Адліга капежамі звоніць,
  Вада грудзі рэк паўздымала,
  З народам у Лідзе гамоніць
  Пясняр чалавецтва Купала.
  
  Гамоніць пра лепшуго долю.
  Маўчыць, што тут лепей не стала,
  Гамоніць пра шчасце і волю
  Прастуджаны, хворы Купала.
  
  У мокрых стаіць чаравіках
  I з кашлем змагаецца мужна,
  I ў цесным натоўпе шматлікім
  Ідэя раджаецца дружна:
  
  "Давайце падорым Купалу
  Галёшы тутэйшай работы,
  Ад мокрадзі каб ратавалі,
  Ад гразі, дажджу і ад слоты,
  
  Каб быў наш Купала здаровы
  I шчыра служыў Беларусі..."
  I пару галёшаў тых новых
  Купала прыняць ад іх мусіў...
  
  * * *
  
  ...І я, нават сёння, як бачу,
  Фантазіі многа ці мала,
  Выходзіць па Менску на шпацыр
  У лідскіх галёшах Купала...
  
  
  
  ПА ЛІДЗЕ БОГ ХАДЗІЎ
  
  У 1943 годзе беларускі камуністычны паэт Валянцін Таўлай, арыштаваны немцамі, 
  быў выкуплены з нямецкай вязніцы за грошы, сабраныя жыхарамі горада Ліды.
 
  Паэтаў саджалі ў вязніцы спрадвеку,
  I тое за дзіва ніхто не лічыў,
  У вершах свабодным ён быў чалавекам,
  А кожны царок за свабодай сачыў.
  
  Не стала цароў - пільнавалі баяры,
  Баяраў не стала - сачыў сабакар,
  Ды толькі заўсёды і краты, і нары
  Ахвотна паэтам падносілі ў дар.
  
  Не велькае дзіва: схапілі Таўлая
  I гэдак, як многіх, шпурнулі ў турму.
  Не важна: была там віна і якая?
  Асвенцым замроіў праз краты яму.
  
  Ды ж дзіўнае дзіва забачыў свет гэты,
  Такога не зналі ў тутэйшай зямлі,
  З нямецкай вязніцы дасталі паэта
  За грошыкі тыя, што людзі далі.
  
  На хлеба кавалак самім не ставала,
  I лёс невядомы чакаў за вуглом,
  На выкуп Таўлая ўся Ліда збірала,
  Завязваўшы пояс мацнейшым вузлом.
  
  Ад шчырага сэрца, напэўна, давалі,
  Бо грошыкі тыя на справу пайшлі.
  Паэта ад смерці яны ўратавалі
  На славу і гонар радзімай зямлі.
  
  * * *
  
  А я вось, пачуўшы гісторыю гэту,
  Прыдумаць выснову адзіную змог:
  Як тут выкуплялі з палону паэтаў,
  То, значыць, хадзіў па зямлі гэтай Бог.
  
  
  
  КРЫЖЫ
  
  З абвяшчэннем незалежнасці на Лідчыне і ўсёй Беларусі былі адноўлены
  тысячы крыжоў, якія векавечна тут стаялі, але былі панішчаны бальшавікамі.
  
  Над зямлёй Беларусі крыжы,
  Як вяртанне да дзедаўскай веры,
  Як адход ад смяртэльнай мяжы,
  Як уцёк ад чырвонай хімеры.
  
  Над зямлёй Беларусі буслы,
  Як прадвеснікі шчасця і волі,
  Як нябёсаў святыя паслы
  Па стагоддзях і мукаў, і болю.
  
  Над зямлёй Беларусі Ісус,
  Як надзея яе і імкненне,
  Бо яшчэ ж на крыжы Беларусь,
  Шчэ чакае свайго ўваскрашэння.
  
  
  
  ПЕРАД ПОМНІКАМ СКАРЫНЫ Ў ЛІДЗЕ
  
  У 1994 годзе ў Лідзе з ініцыятывы Лідскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання
  "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" быў пастаўлены першы ў незалежнай Беларусі помнік
  нашаму славутаму першадрукару Францішку Скарыну.
 
 Ты доўга блукаў па стагоддзях і свеце,
  Пакуль не спыніўся на Лідскай зямлі,
  Дзе кнігі Твае, наймілейшыя дзеці,
  У душах удзячных прызнанне знайшлі.
  
  Ты доўга хадзіў за мяжой і за часам,
  Апостал і геній народу свайго,
  I з думкай сваёй заставаўся сам-насам,
  Не могшы дабіцца да сэрца яго.
  
  Пяць соцень гадоў Ты ўжо ведаў пра тое,
  Пра што мы сягоння талкуем ізноў,
  Ты, быўшы народжаным гэтай зямлёю,
  Быў сынам тутэйшых і песень, і слоў.
  
  Ты слова паставіў паперадзе думкі,  
  Бо ведаў, што "Слова спачатку было",
  Ты праўды адвечныя ў словаў карункі
  Аздобіў і Слова па свеце пайшло.
  
  Бо што значыць думка ў халоднай латыні,
  Ці ў грэцкай там мове, ці ў іншай якой?
  Ды гэта, як фінік, у нашай краіне,
  Ўзысьці не паспее, як змерзне зімой.
  
  Тут трэба кідаць тое зернейка ў глебу,
  Што выстаіць год аж да жніва свайго,
  I Ты для народа духоўнага хлеба
  Прынёс той акрайчык на мове яго.
  
  I быў Твой народ і багатым, і слаўным,
  Вялікім і мудрым народ гэты быў
  Датуль, аж пакуль ён увішна і спраўна
  Адзіную мову сваю бараніў.
  
  А мову пакінуў, дык мудрасць разводдзем
  Сцякла паплавамі ў чужыя краі,
  I кожны брахлівы хапуга і злодзей
  Зноў дурыць, як можа, нашчадкаў Тваіх.
  
  Стаіш тут у Лідзе, і дзякаваць Богу,
  А міма штодзень сотні, тысячы йдуць,
  Яны ад Цябе, як ад бацькі парога,
  Дрыготкую памяць пра вечнасць нясуць.
  
  У вочы Твае заглядаюцца людзі,
  I кожны, хто зможа Твой погляд адчуць,
  Тут жа згадае, што ён - не прыблуда,
  Што ён - беларус, і што тут - Беларусь.
  
  
  
  
  НЕ ТРЭБА ПЛАКАЦЬ НАД ПАГОНЯЙ
  
  У пачатку 80-х гадоў над адбудаванай вежай Лідскага замка залунала Пагоня - старажытны герб ВКЛ, а потым БНР.
  19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі прыняў герб Пагоню ў якасці дзяржаўнага. У 1995 годзе яна перастала быць
  дзяржаўным гербам, але нацыянальным засталася назаўсёды.
  
  Не трэба плакаць над Пагоняй,
  Яна аб тым не просіць вас,
  Яе святым, гарачым коням
  Сюды імчаць яшчэ не час.
  
  Яшчэ павінен хам з дубінай
  Над намі добра ўспанаваць,
  Яшчэ павінны мы праз спіну
  Пагоні веліч успрыняць,
  
  Яшчэ павінны потам-кроўю
  Разоры шэрыя паліць,
  Яшчэ павінны мы любоўю
  Чужынцаў сквапных наталіць.
  
  Яшчэ мы мусім быць рабамі,
  Пакуль не ўскорміць чорны хлеб
  Таго, хто ўздыме зноў над намі
  Наш векавечны, слаўны герб.
  
  Тады ізноў святыя коні
  Прымчаць праз полымя і час,
  I будзе ў сёдлах той Пагоні
  Па месцу вольнаму для нас.
  
  
  
  СВАБОДА
  
  Пасля адраджэнцкага ўздыму  90-х гадоў ХХ стагоддзя беларускае грамадства ізноў упала
  ў апатыю, але на ўсіх узроўнях чуецца, што нам не хапае свабоды. А якой свабоды?
  
  Спытайце філосафаў мудрых,
  хаваецца здаўна пад словам што тым,
  па кнігах Хрыста, Магамета і Буды
  адказ вам дадуць у выслоўі святым.
  
  Свабода раба - пазбаўленне кайданаў.
  Свабода цара - права іх надзяваць.
  Свабода аратага - ў полі ад рання
  да позняга вечара хлеб здабываць.
  
  Свабода матроса - шырокае мора.
  Свабода паэта - натхнення палёт.
  Свабода геолага - дзікія горы.
  Свабода краіны - свабодны народ.
  
  - Чаго ж не хапае нам сёння, васпане?
  Чаму адчуванне вязніцы ў душы?
  Чаму не праглядвае волі світанне
  ў нашай зусім, як магільнай, цішы?
  
  Якое патрэбнае слова народу,
   якое ідэі яму не стае,
  чаму ён не просіць ніякай свабоды,
  чаму не выпроствае плечы свае?
  
  Адказ мой пахіліць у чорную скруху
  і змрокам ахіне радзімы абшар:
  -- Нам не хапае свабоды духу,
  нам не хапае свабоды мар.
  
  Мы не жадаем вялікіх здзяйсненняў,
  мы не акрэслілі велічных мэт,
  мы - дзеці палонных сямі пакаленняў,
  канец пугаўя нам адмервае свет.
  
  Таму не пытайце вы нас пра свабоду,
   не называйце народ наш дурным,
  дарогу да волі шчэ доўгія годы
  мы будзем выношваць у сэрцы сваім.
  
  Мы сілы паложым свае і натхненне,
  каб волю пасеяць у душы дзяцей,
  і вырасце нашых сыноў пакаленне
  і нашую справу далей павядзе.
  
  I панясе над сусветнай разрухай
  наш беларускі нясхільны штандар,
  і верне народу свабоду духу,
  і верне народу свабоду мар.
  
  
  
  ЛЕД НА ЗЯМЛІ
  
  Антось Савук, карэспандэнт часопіса "Лідскі летапісец" памёр на 35-м годзе жыцця.
  Яго спадчына - гэта гістарычныя і краязнаўчыя даследванні,  асноўным з якіх з'яўляецца
  "Гісторыя Лідскага аэрадрома"
  
  Ідзеш па пяску - застаюцца сляды,
  Ды тут жа знікаюць пад хваляй вады.
  
  За плугам ідзеш - за табой баразна,
  Травою праз год зарастае яна.
  
  Дом пабудуеш - стагоддзе стаіць,
  Ды часу павінен і ён саступіць.
  
  Напішаш радок - і застаўся навек
  У літарах мёртвых жывы чалавек.
  
  
  
  АДРАДЖЭННЕ ЛІДСКАГА ЗАМКА
  
  У 2004 годзе ажыў занядбаны  Лідскі замак.
  Тут пачалі праводзіцца святы,  ладзіцца рыцарскія турніры,
  сюды паехалі турысты.
  
  Шуміць, бруіць Лідзейка
  Струменямі вады,
  Бягуць, лятуць калейкай
  Імклівыя гады.
  
  Ды толькі замак Лідскі,
  Як некалі стаіць,
  Ды толькі дух ліцьвінскі,
  Як некалі іскрыць.
  
  Ступае рыцар збройны
  Па замкавым двары,
  На тарчы пашчапанай
  Наш слаўны лёс гарыць.
  
  Над вежаю Пагоня
  У новы век ляціць,
  Наш вольны крок сягоння
  Нікому не спыніць.
  
  
  
  ЛІДСКІ КРАЙ
  
  Нёманам чыстым абмыты,
  Небам блакітным накрыты,
  Славай дзядоўскай спавіты,
  Край наш красуе ў вяках.
  Свецяцца ясныя зоры,
  Чэзнуць нядолі разоры,
  Ткуцца свабоды узоры,
  Сцелецца ў будучнасць шлях.
  
  Сінь нябёсаў і зелень дубраваў,
  Шум заводаў і пошапт жытоў,
  У стагоддзях авеяны славай,
  Лідскі край - гонар наш і любоў.
  
  Цешацца працаю рукі,
  Родзяцца дзеці і ўнукі,
  Вольна жывём без прынукі
  Мы на радзімай зямлі.
  Тут нам усё Божым дарам,
  Тут самі мы гаспадарым,
  Тут па-свайму уладарым,
  Тут будзем жыць, як жылі.
  
  Сінь нябёсаў і зелень дубраваў,
  Шум заводаў і пошапт жытоў,
  У стагоддзях авеяны славай,
  Лідскі край - гонар наш і любоў.
  


АД АЎТАРА

Біблейскія скрыжалі - гэта img/cover2.jpg каменныя табліцы, на якіх запісаны дзесяць запаведзяў, што Бог прадыктаваў Майсею. У пераносным сэнсе скрыжалі - гэта тое, што трэба памятаць. "Лідскія скрыжалі" - зборнік гістарычных эцюдаў напісаных за апошнія дзесяць гадоў у асноўным для часопіса "Лідскі летапісец". У адрозненне ад скрыжаляў біблейскіх ніхто не прэтэндуе на тое, каб гэтыя эцюды ведалі і памяталі ўсе людзі Зямлі, ніхто не прэтэндуе, каб іх ведалі і памяталі ўсе жыхары Беларусі, яны напісаны з надзеяй, што іх прачытаюць і хоць часткова запомняць жыхары невялікага куточка Зямлі пад назвай Лідскі край або Лідчына.

Эцюды пісаліся без усякага плану, без усякіх прыярытэтаў. У кнізе яны пастаўлены з большага ў адпаведнасці з часам, у які ад-бывалася падзея, адлюстраваная ў вершы.

У эцюдах паказаны асобныя фрагменты лідскай гісторыі, магчыма, не самыя важ-ныя, не самыя лёсавызначальныя. Паказаны асобы і таксама далёка не ўсе і не самыя важныя. Гісторыя Ліды налічвае без малога 700 гадоў, і пра кожны год можна пісаць. Тут нарадзіліся, жылі або бывалі многія і многія выдатныя людзі, і пра кожнага з іх зноў жа можна пісаць.

Але калі тое будзе, калі будзе напісана пра ўсё больш-менш вартае ўвагі? Ды, мабыць, ніколі. Бо, чым больш мы заглыбляемся ў лідскую гісторыю, тым больш знахо-дзім там вобразаў і тэмаў, канца ім няма і ніколі не будзе.

Выдадзена ўжо сорак нумароў часопіса "Лідскі летапісец", а мы ледзь даткнуліся да Яе вялікасці Гісторыі Лідчыны. Яна неабсяжная. Таму няма ніякага сэнсу чакаць, дапісваць, дапрацоўваць і гэтую кніжку. Будзем лічыць, што ў яе трапілі тэксты, знятыя з асобных дошчачак скрыжаляў, з тых якія знойдзены на сёння. А будуць сілы, будзе час, і напішацца яшчэ нешта і дадасца некалі потым.

Канешне, можна было проста напісаць адзін верш, у якім паказаць, што Лідскі край самы лепшы, самы прыгажэйшы, што тут самыя таленавітыя людзі, самая багатая гісторыя. Можна, зрэшты, напісаць курс гісторыі Лідчыны, дзе сур'ёзна і грунтоўна ўсё расказаць і паказаць. Але ў сур'ёзнай кніжцы кожны з нашых эцюдаў укладзецца ў адзін сказ, калі не будзе прылічанымі да дробязяў і не будзе прапушчаны зусім. А жыццё ж яно і ёсць набор дробязяў, з якіх не кожнаму ўдаецца выбрацца, каб здзейсніць нешта важнае і значнае. То як тыя дробязі можна прапусціць?

Як адносіцца да эцюдаў у плане гістарычнай праўды, чаму і наколькі можна ве-рыць? Не ўсё ў гісторыі было, мабыць, дакладна так, як апісана ў вершах, але ўсё было, і ўсё магло быць менавіта так, як апісана. Таму эцюды можна назваць вершаванай весіфікацыяй гісторыі. А версіфікацыяй гісторыі ў нас з'яўляюцца не толькі ўсе мастація творы гістарычнай тэматыкі, але і школьныя падручнікі. І што да апошніх, то ў "Лідскіх скрыжалях" ёсць тое, чаго не дастае ў сённяшніх падручніках па гісторыі Беларусі. Прынамсі, ёсць спадзяванне, што ў эцюдах удалося захаваць нацыянальны дух, якім заўсёды была моцная Лідчына.


  
  Станіслаў Суднік.
  
  ЗМЕСТ
  
  Ад лідскіх муроў... 5
  Ліда Дайнаўская 6
  Ліздзейка з над Лідзейкі 8
  Лідскі замак 10
  Маці Божая Лідская 12
  "Бог, гонар, Айчына" 14
  Панегірык на герб горада Ліды 17
  Друкары 21
  Заполле 23
  Міцкевіч у Лідзе 26
  Тодар з Нарбутаў Лідскіх 29
  На смерць Людвіка Нарбута 37
  Апошняя малітва ксендза Адама Фалькоўскага 39
  Паўстанка 42
  Кроў Францішка 44
  Балада пра апошняга ліцьвіна 49
  Лідская "СВАБОДА" 54
  Песня пачалася з Канюшанаў 56
  Балада пра беларускую школу 58
  Тарашкевіч на Лідчыне 63
  Тут Віленшчына цяпер 66
  Галёшы для Купалы 68
  Па Лідзе Бог хадзіў 70
  Крыжы 72
  Перад помнікам Скарыны ў Лідзе 73
  Не трэба плакаць над Пагоняй 76
  Свабода 78
  След на Зямлі 81
  Адраджэнне Лідскага замка 82
  Лідскі край 84
  Ад аўтара 86
  Станіслаў Суднік. Лідскія скрыжалі. На беларускай мове. Ліда., 2008. 92 с.
  Папера афсетная. Фармат А-6. Гарнітура "Таймс".
  Наклад 299 асобнікаў.
  УДК
  ББК
  
  
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX