Вярнуцца: Суднік Станіслаў

Пілігрымка дадому. Сказ


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 15-08-2018,
Крыніца: Ліда, 2018.



Пілігрымка дадому. Сказ, 2018 г. На беларускай мове. Ліда. 88 с.

Наклад - 180 асобнікаў.

Фармат А-6.

Гарнітура "Таймс".

Друк: RISO.


Аўтар і рэдактар: Станіслаў Суднік.

На вокладцы - фрагмент малюнка Язэпа Драздовіча "Францішак Скарына". Фота аўтара.


Вершаваны аповед, створаны на падставе легендаў вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна, Менскай вобласці і вусных ўспамінаў жыхароў Сейлавіч Яна Некраша, Казіміра Некраша, Гелены Кувалдзінай, Ганны Суднік, Юзафа Кірашова, Юрыя Савіцкага.


Л Ліда, 2018


Гэты аповед пісаўся з пачуццём глыбокай падзякі

да ксендза Юзафа, пробашча парафіі Святой Сям'і

ў горадзе Лідзе, чыя святая малітва цудоўным чынам

засланіла аўтара ад вялікай бяды


Станіслаў Суднік


ПІЛІГРЫМКА ДАДОМУ

(Сказ)


У імя Айца, Сына

і Духа Святога

Ясь і Кацярына

Наўскрай сейлаўскіх валокаў,

вольных і багатых,

На грудочку, з-за гаёчку

выглядала хата.


А ля тое ля хаціны -

вішанькі ды кветкі,

А ў хаціне - Кацярына

ды малыя дзеткі.


А навокал той хаціны -

ўсё палі, абшары,

Ды не сеяны, не жаты,

а адны папары.


А ў хлявах стаіць жывёла,

з голаду рыкае,

А чаму ніхто на пашу

бедну не ганяе?


Дзе вы, пане-гаспадару,

пані-гаспадыня,

Што так раптам пацямнела

светлая хаціна?


Ой, раслі тут, расцвіталі

вішанькі ды кветкі,

А ля вішаняк гулялі

васілёчкі-дзеткі.


І палі тут заараны

як штогод бывалі,

І каровы-галяндэркі

ў стойлах не рыкалі.


Ясь тут добра гаспадарыў

на сваіх валоках,

Сэрца з радасці спявала,

і святлела вока.

Жонка ў Яся Кацярына,

ружа-маладзіца,

Стан танюткі, твар вясёлы

радасцю іскрыцца.


Жыць бы ім ды разжывацца,

завіхацца спора,

Каб жа толькі не спаткацца

ды з бядою - горам.


А бяда яна цікуе

лісам з-пад калоды,

Шле ганца да пана Яся

сам пан - ваявода.


- Прыбірайся, пане Ясю,

ў барвы палкавыя,

Клічуць-клічуць цябе, Ясю,

трубы баявыя.


Сабіраўся хутка Ясю,

на каня сядаўся,

Сваёй мілай Кацярыне

шчыра абяцаўся:


- Я вярнуся, Кацярына,

з той вайны праклятай,

Даглядай жа, Кацярына,

дзетачак і хату.


Кацярына даглядала,

сеяла, касіла,

Што далей, вазіла возам,

што бліжэй, насіла.


У саху валы ўпрагала

ды сама арала,

І кароў сама даіла,

і пшаніцу жала.


І касіла, не прасіла

нечай дапамогі,

І расой халоднай мыла

маладыя ногі.


Цэпам цяжкім малаціла

жыта на гуменцы

І чакала, выглядала

Яся ля акенца.


Як чакала Кацярына

светлае часіны,

Прычакала Кацярына

чорнае гадзіны.


Настудзіла босы ногі

ў вешняе вадзіцы,

І ў гарачцы раптам злегла

наша маладзіца.


Захварэла Кацярына

хворасцю цяжкою,

Цяжка беднай Кацярыне

варухнуць рукою.


Плачуць дзетачкі малыя

каля хворай маткі,

Клічуць дзетачкі малыя

дарагога татку.


Толькі татка іх з далечы

ды ніяк не едзе,

Толькі мамка іх да печы

падыходзіць ледзьве.


Шэпчуць бабкі-варажбіткі

розныя замовы,

Лечаць бабкі-варажбіткі

зёлкамі і словам.


Аж нішто не памагае

ад ліхой напасці,

Нікне, чэзне, знемагае

ад хваробы Каця.


І вясна бярэцца ў сілу,

ззяе ярка сонца

Аж нічога ўжо не міла

за сляпым аконцам.


Тужыць конічак на стайні

з нечасачай грывай,

Зарастае быльнягамі

неарана ніва.


Божа, Божа! Хто ўратуе

бедную сямейку?

Божа, Божа! Хто пачуе

хворай маці енкі?


Хоча ўстаці Кацярына,

але сіл не мае,

Хоча плакаць Кацярына,

слёзаў не хапае.


Каб заснуць як Кацярыне,

сон жа не прыходзіць,

Мусіць, мусіць, Кацярына

ўжо зусім даходзіць.


Раптам бачыць Кацярына

сон ці то на яву -

Дзед з сівою барадою

сеў у кут на лаву.


Дзед сядзіць, маўчыць, не кажа

ні аднога слова,

Толькі чуе Кацярына,

чуе яго мову:

- Падымайся, Кацярына,

ды ідзі да вёскі,

Там стаіць за крайняй хатай

гонкая бярозка.


Ты да тое да бярозкі

цесна прыхіліся

І за ўсе свае ты беды

шчыра памаліся.


І пачула раптам сілу

Каця ў сваім целе,

І ўзнялася з той нямілай,

хворае пасцелі.


І пайшла паціху Каця,

ледзь ступаюць ногі,

І пад вечар адалела

цяжкую дарогу.


Цяжка ўпала на калені

перад той бярозай,

А малітву не пускаюць

енкі, плачы, слёзы.

Малітва Кацярыны

Не табе малюся, белая бяроза,

А табе малюся, Усемагутны Божа!


Не прашу нічога для сябе балеснай,

А прашу я долі для дзяцей бязгрэшных!


Як зямля сырая мне накрые грудзі,

Забяруць іх з хаты ды чужыя людзі.


Ой жа ж ці як будуць іх там гадаваці,

Але, пэўна ж, будуць з іх там збыткаваці.


Будуць да работы іх стаўляць маленькіх,

Будуць да бядоты прывучаць слабенькіх.


Не прашу я, Божа, каб іх там любілі,

А прашу я, Божа, каб хаця не білі!

Не пра тое дбаю, што падымуць рана,

Не пашлі ж ім, Божа, ды ліхога пана!


Не прашу, каб цяжка дзеці не рабілі,

А прашу, каб трошкі іх хаця кармілі!


Як грахі я маю, Божа, адпусці,

Дай жа маім дзеткам, дай жа падрасці!


Перш, чым здамся ў рукі лёсу свайму злому,

Можа павярнуў бы Яся ты дадому.


Хай бы ён вярнуўся ды да роднай хаткі,

Хай бы быў у дзетак ды радзімы татка.


А як будзе ў Яся жонка маладая,

Хай яна не будзе ды да дзетак злая.


Ты даруй мне, Божа, што прашу замнога,

Бо яшчэ на свеце не бывала тога,


Каб было ў чужыне ды сіроткам міла,

І каб мачыха дзіцяці матку замяніла.


Хоць прасіць баюся, ды надзею маю,

Плачу і малюся, літасці чакаю


Не шкадуй мяне ты, белая бяроза,

Пашкадуй мяне ты, Ўсемагутны Божа!


І без сіл упала долу

наша Кацярына,

Ноч там праляжала

нежывой жанчына.


А як зрання ўпалі

промні залатыя

На гукі-галіны,

на лісты малыя,


Каця ачуняла

і на ногі ўстала,

Ледзь што памятала,

ледзьве што пазнала.


Толькі чуе Каця -

сілы прыбывае,

Толькі знае Каця -

зноў яна жывая.


Каця да бярозы

хоча прытуліцца,

Каця сваім цудам

хоча падзяліцца.


Толькі бачыць Каця -

на галіне ніжняй

Нешта незвычайнае,

падыходзіць бліжай.


Там фігурка з дрэва

на гуку стаіць,

Там Хрыстос з дарогі

сеў быў адпачыць.


Мусіць, мераў доўга

сцежкі і дарожкі,

Покуль не дабраўся

ды да той бярозкі.


І пачула Каця,

бы гавораць ёй:

- Шчырая ты, Каця, вераю сваёй,


Ты не бойся, Каця, памаліцца дрэву,

Каменю і сонцу, ветрыку павеву.


Вечару маліся і пачатку дня,

Бо дзе ёсць малітва, там заўсёды Я!


І не важна, просіш ты жыцця ці хлеба,

Тое атрымаеш, што папраўдзе трэба.


Не за просьбы вашыя вам даецца ўсё,

А за дзеі вашыя, вашае жыццё!


І заціх той голас,

быццам не было,

Над фігуркай згасла

яснае святло.


Ды сама фігурка

на гуку стаіць,

Кінулася Каця

ўсё сяло будзіць.


Да бярозы збегліся

з усёй вёскі людзі,

Каця ім гаворыць

аб вялікім цудзе.


Вераць ёй - не вераць,

што тут гаварыць,

Ды аднак фігурка

на гуку стаіць,


Ды здарова Каця,

што ўжо памірала,

І дайшло да вёскі -

шчасце іх спаткала,


Што Хрыстос, напэўна,

сам наведаў вёску,

А фігурка тая -

светлы вобраз боскі -


Для ўсіх Сейлавіч да веку

абярэгам будзе...

Да аднога чалавека

парашылі людзі.


А фігуркі з дрэва

прыбіраць не сталі,

Па-над ёю ўмела

стрэшку змайстравалі.


Да яе маліцца

хадзіць вёска стала,

Так маленькая капліца

з цуда тут паўстала.


І пайшла зноў Кацярына

з сошкай і касою,

Больш не ўмыецца жанчына

горкаю слязою.


Зноў падоены каровы,

і зямля ўзарана,

Русы косы, чорны бровы,

і сама як панна.


Закурылася дарога

пылам з-пад падводаў,

Едзе Ясю з перамогай

з дальняга паходу.


Біўся Ясю ў многіх бітвах

па-геройску, мужна,

Быў наш Ясю просты шляхціц,

а цяпер харунжы.


Мякка цокаюць падковы

па зямлі-пясочку,

Едзе Ясю з грозных бітваў

не з пустым мяшочкам.


Мякка рэжацца дарога

колаў абадамі,

Едзе Ясю з перамогай

ды з дабра вазамі.


Вязе Ясю Кацярыне

сукні і каралі,

Вязе футры, і тканіны,

паясы і шалі.


Рада, рада Кацярына

сукні прымяраці,

Ды паціху зачынае

ў бок іх адкладаці:


- Не казаў бы мне ты, Ясю, сукні адзяваці,

Не вялеў бы мне ты, Ясю, футры апранаці,

Не дарыў бы мне ты, Ясю, перлы, дыяменты,

Не лічыў бы ты, мой Ясю, звонкія манеты.

Не было б табе, мой Ясю, перад кім лічыці,

Не было б табе, мой Ясю, ды каму дарыці,

Каб не тое велька цуда, што са мною стала,

Без якога б я, напэўна, ў доле ўжо ляжала.


Расказала Кацярына

пра сваё здарэнне,

Пра сваю хваробу злую

і пра ацаленне.


На каня сядае Ясю,

едзе да бярозы,

Дзе нядаўна Кацярына

пралівала слёзы.


Злез з каня, перажагнаўся

і сказаў малітву

І злажыў падзяку Богу

за вяртанне з бітваў.


А другі раз памаліўся

за сваю ён Кацю,

За яе здароўе, сілы

над усім багаццем.


Памаліўся і раз трэці

за дачку і сына,

Каб даў Бог здароўя дзецям

і даў мір краіне.


І стаяў перад фігуркай

грозны ў бітвах пан,

Аж упаў лісточак з дрэва

Ясю на жупан.


- Вось лісток упаў, як жа час ідзе,

Хутка, не аглядзімся - снег тут упадзе

І пад снегам будзе тут Хрыстос сядзець,

Каб у вочы людзям з цеплынём глядзець,

Каб з-пад гэтай стрэшкі, сціснуты марозам,

Бараніць нас грэшных з гэтае бярозы.


І паехаў Яська

ды да сваёй Каці,

І казаў ёй Яська

на вазы складаці


Сукні і спадніцы,

Лісы і куніцы,

Перлы і каралі,

Паясы і шалі,

Боты і жупаны,

Шаблі, ятаганы...


Не паехаў Ясю

ды за свет няблізкі,

А паехаў Ясю

на кірмаш нясвіжскі.


А як быў у Яся

ды тавар харошы,

Атрымаў наш Ясю

неблагія грошы.


Ехаў Ясь да князя,

князя Радзівіла,

Да таго, з кім разам

у паход хадзілі.


І расказваў Ясю

пра здарэнне з Кацяй,

І прысіў дазволу

цэркву збудаваці.


І зямлі кавалак

каля той бярозкі

Ясь прасіў прадаці

на патрэбу вёскі.


І сказаў князь Ясю:

- Землю не прадам,

Той кавалак сейлаўцам

я бясплатна дам.


Ці ж яны спрадвеку

краю не служылі,

Ці на той кавалак

мо не зарабілі?


І як выйшаў, збыўся

ў вас там гэткі цуд,

То хай мае цэркву

сейлавіцкі люд.


А як будзе з біскупам

цяжка што рашыць,

Скажаш, што прыедзе

Радзівіл прасіць.


Ехаў Ясь у Вільню

біскупа благаць,

Каб дазвол на цэркву

хутка атрымаць.


А тады, як дойдзе

да таго пара,

Каб даў біскуп сейлаўцам

шчэ і святара.


Атрымаў ад біскупа

Ясь даброе слова

І імя Айца, і Сына,

і Духа Святога.


Дрэва Ясь купляў,

цесляроў наймаў,

Шрубы, краты і завесы

ў кузнях замаўляў.


І застукалі сякеры,

зазвінелі пілы,

Памажы нам, Божа,

памажы нам мілы!


Ля гасцінца на Магільна

цэркву будавалі,

Цесля справу ведаў пільна,

людзі шчыравалі.


І вазамі ўжо з-пад лесу

дрэва пацягнулі,

І ўжо сохнуць пад навесам

чэсаныя шулы.


Не сышлі даўгія годы

ды за справай тою,

Бо рабілася народам

шмат што талакою.


А таму праз год не болей

цэрква ўжо стаяла,

Пахла лесам, пахла полем,

з небам размаўляла.

І прыехаў біскуп з Вільні

храм той асвячаці,

І пачаў той біскуп пільна

ды ў людзей пытаці,


Што за віхры праляцелі

ды па гэтым свеце,

Што так раптам захацелі

цэркву сваю меці?


Паказалі яму чынна

тонкую бярозу,

Пад якою Кацярына

пралівала слёзы,


Паказалі яму месца

той жыццёвай буры

І прасілі яго ўнесці

ў цэркаўку фігуру.


І не ведаў біскуп хмуры,

як яму тут быці,

І рашыў ён, што фігуру

трэба асвяціці.


Ды як толькі па травіцы

ён ступіў з дарогі,

Сэрца стала калаціцца,

задрыжалі ногі,


І над дрэвам тым узняўся

сноп жывых праменняў,

І раптоўна аказаўся

біскуп на каленях.


Стала ясна, што нічога

тут свяціць не трэба,

Што ў той міг яго самога

асвяціла неба.


І маліўся біскуп з жарсцю

ды да той святыні,

Верыў сам, што доля - шчасце

край той не абміне.


А пасля малітвы ў рукі

ўзяў фігурку з дрэва

І ў царкву панёс пад гукі

незямнога спеву.


Так было, і гэтак стала,

з тых часоў далёкіх

У царкве яна стаяла

ў алтары пры боку.


Верыў цвёрда люд наўкольны

цудадзейнай сіле,

Каб бяду ці грэх адолець

моцы тут прасілі.


Быў Хрыстос іх чуць дабрэйшы,

чым за светам недзе,

Быў Хрыстос тут свой, тутэйшы,

кожны гэта ведаў.


Можа грэх казаць такое,

толькі ж людзі - людзі

Так было парой старою,

так і далей будзе.


Як прасілі ласкі Божай,

так не перасталі

А ці варты ты, ці гожы,

моцна не зважалі.


Да фігуркі з найпільнейшай

просьбай прыступалі,

Бо Хрыстос быў свой, тутэйшы,

ён паможа, зналі.

Бацюшка Мікола

Слаба, слаба Ясю біўся з маскалямі,

Бо ўжо ж валадараць ды яны пад намі,

Бо ўжо ж нашы нівы ды пазабіраны,

Бо ўжо ж нашы коні ды пазаязджаны,

Бо ўжо ж наша воля ды пазацугляна,

Бо ўжо ж наша мова ды падратавана,

Бо ўжо ж нашы хлопцы ды Маскву будуюць,

Бо ўжо ж нашы дзеўкі маскалят гадуюць.


Адгрымела другое паўстанне,

Не вярнулі спрадвечную волю,

Шляхта дзеліць капцы і кайданы,

А мужык дзеліць рабскую долю.


Засталася адна яшчэ вера,

Што змагала і беды, і жаль,

Ды захопнік не ведае меры,

І да веры дабраўся маскаль.


Уніяцкія цэрквы, капліцы

Пад маскоўскую руку бяруць

І маскоўскім папам - чужаніцам

Нашы храмы і люд аддаюць.



Як чынілася такое

ды паўсюль наўкола,

Быў у сейлавіцкай цэркве

бацюшка Мікола.


Богу ён служыў і людзям

праз гады даўгія

Не баяўся земскіх суддзяў

у часы ліхія.


Як паклікалі Міколу

ў Вільню да Сямашкі

І сказалі, што ўжо болей

уніі нямашка,

Што ў маскоўскім праваслаўі

будзе люд тутэйшы,

Будзе шлях яго яскравы,

будзе лёс лягчэйшы.


Ды адказваў ім Мікола,

бацюшка вясковы:

- Чуў ад вашых я і болей ласкавыя словы,

Толькі лёгкай не пральсціўся б

Вашай я дарогай,

Ў якой веры я хрысціўся,

З той пайду да Бога.


З-пад Магільна пыл, грукота,

войска наступае,

Прэцца конніца, пяхота

па дрымотным краі.


Войска сілай мо капа,

ды надзвычай злое,

Везла сейлаўцам папа

ды з Масквы самое.


Едзе бацюшка Мікола

ў кайданы закутым,

Сталі людзі грозным колам

у адчаі лютым.


Бараніць рашылі цэркву

ад чужой чужыны,

А салдаты ўжо да бою

ўзялі карабіны.


- Што за бунт? - ідзе наперад

малады паручнік, -

Паважаць мы нашу веру тут усіх навучым,

Будзе ў шчырым праваслаўі

жыць народ тутэйшы,

Будзе шчыра Бога славіць моваю найлепшай.


Войт Пятровіч цяжкім крокам

выйшаў перад людам:

- Ці не вылезе вам бокам гэтая аблуда,

Тут няма законаў вашых і павек не будзе,

Ты нас зброяй не настрашыш, не баяцца людзі.

Бунт дык бунт, не першым разам

нам тут бунтаваці

Зноў касцямі ўсе паляжам за Радзіму-маці.

Наша цэрква, наша вера, і Хрыстос тут свой.

Хто парушыць першым меру і пачне тут бой?


Ды падняўся тут на возе

бацюшка Мікола,

Ледзь трымаецца ў знямозе,

глянуў навакола.


Рукі выцяг у кайданах

да самога неба:

- Не патрэбна смерцяў, ранаў і вайны не трэба.

Я стары пайду да Бога, а вам трэба жыці,

З гэтай сілаю нічога нам не парабіці.

Іхня ўлада, іхня сіла, ну а наша што ж?

Наша ж тут зямелька міла, і наш тут Хрыстос.

Хай тут будзе што ўжо будзе год і два, да ста,

А вы верце, верце, людзі, веруйце ў Хрыста.

Я малю вас саступіці і не ліць тут кроў,

Буду я за вас маліцца між чужых муроў.

Апусціце карабіны, - мовіў ён вайсковым,

Мы той вэрхал беспрычынны,

зменім Божым словам.


І народ спыніўся глуха,

бабы не галосяць,

А салдаты ж ужо з цэрквы

іхня ўсё выносяць.


Лаўкі вынеслі, званочкі,

абразы выносяць.

І маўчаць людскія вочы

і аднога просяць:


- Як вам моцна не патрэбна

тут пасеяць буру,

Не чапайце, не чапайце

вы Хрыста фігуру.


Поп маскоўскі глянуў крыва

на фігурку тую

І пачуў, якое дзіва,

моц з яе святую.


І сама рука ўзнялася

ў крыжавым знаменні,

І поп раптам апусціўся

тут жа на калені.


І стаіць паручнік моўчкі,

і стаяць салдаты,

І чакаюць усе нейкай,

нейкае расплаты.


І з каленяў поп падняўся

і сказаў: "Хай будзе,

Каб тут вэрхал не пачаўся,

каб сцярпелі людзі".


Так фігурка засталася

ў цэркве той стаяці,

Сілай боскаю, святою вёску ахіляці.


Пазабылася паціху,

як той дзень хістаўся,

Збегла шчасце, збегла ліха,

а Хрыстос застаўся.


Памяць уніі далёкай,

памяць нашай веры,

Памяць тых часоў нялёгкіх

і чужой халеры.

І так восемсят гадочкаў

адцяклі вадою,

Покуль новыя нягоды

не прыйшлі з вайною...

Капліца

Груша мірна стаяла пад сонцам,

Грушкі спелі паціху ўвысі,

Ветрык вольны ў нябёсах бясконцых

Лёгка ветразі-хмаркі насіў.


Не было аніякай прычыны,

Каб парушыць адвечны спакой,

Каб бясконцай бяды і кручыны

Разгарнуць незатканы сувой.


У сувоі тым розныя ніткі,

Бег па іх калісь долі чаўнык,

Ды не суджана сталася выткаць,

Абарваў перапуджаны крык.


Закрычаў сам, здаецца, свет белы,

Сонца згасла між гора цямна,

Крык сыходзіў ад душ анямелых -

Пачалася ізноўку вайна.


Забіралі ўсіх сейлаўцаў гвалтам,

Хто хацеў - не хацеў, а ішоў.

Стала многа ў Расіі салдатаў,

Стала мала ў хацінах бацькоў.


Недзе там у далёкіх краінах

Смерць чакала з іржавай касой,

І касіла хлапцоў і мужчынаў,

Траціў ніткі той даўні сувой.


Фронт надходзіў жалезнай пачварай,

Богу дзякуй, крыху не дастаў,

То гусцелі, то рэдзелі хмары,

Недзе там ля Баранавіч стаў.


Ну а потым пайшло, паняслося -

Дом Раманавых рухнуў у пыл,

Сонца волі нібыта ўзнялося,

Ды ўсё выйшла на даўні капыл.


Не паспелі той волі пабачыць,

А пабачылі шаблю, бізун

Бальшавіцкай навалы лайдачай,

І тэрор, і наезд, і хапун.


Ну а потым на змену палякі

З панскай пыхай нязводнай ішлі,

І не меней даваліся ў знакі,

І таксама не волю няслі.


Зноў чырвоныя... Побач пад Слуцкам

Хлопцы нашы паўсталі за край

Невядомай зямлі беларускай,

Ім краіну сваю падавай.


Не далі, а пабілі, пасеклі,

Разагналі па кулі зямной,

Знемагліся і ўрэшце аселі,

Нашу землю рассекшы мяжой.


Па жывому наш край падзялілі,

І за Бучнымі сталі слупы,

І ўжо болей за Куль не хадзілі,

І ў саветах застаўся Капыль.


А ў нас Польшча ўваскрэслая стала

З-пад няволі праз сотню гадоў,

Толькі мала яна спагадала

Бедам нашых збяднелых радоў.


Пастарунак зрабілі ў засценку,

Жондзіць стаў у нас польскі жаўнер,

Да парадку па кроку маленькім

Пачалі мы даходзіць цяпер.


Быў парадак той просты і ясны:

Стой, маўчы перад панам, як пень,

Пасміхайся начальству прыязна,

То, глядзі, і пражыў добра дзень.


А як не...

Вось Вінцэсь раз на Трэцяе мая

Быў паехаў на поле араць,

Дык улан тут вярхом налятае,

І без словаў нагайкай хвастаць.


- Як жывеш, хам, у польскай дзяржаве,

То і польскую песню спявай,

Па закону ж усё тут, па праву,

Ды нагайку ты не забывай.


Хоць не так ужо моцна маўчалі...

Раз Савіцкі з размаху ўсяго

Пану быў аплявуху ўсандаліў.

Наляцелі, схапілі яго.


Атрымаў аж паўгода вязніцы

І паўгода аб тым шкадаваў,

Што на болей не змог прылаўчыцца,

Што адзін толькі раз пану даў.

* * *

Вось пры гэтай народнай свабодзе,

Пры бязмежнай свабодзе маўчаць

Капітан да папа раз прыходзіць,

Каб жаўнераў сваіх спавядаць.


- Трэба ключ ад царквы і не болей,

Ксёндз з Нясвіжа прыедзе ўсяго...

Ключ узяў, толькі болей ніколі

Ўжо назад ён не верне яго.

Не адразу, але не чакалі

Нейкіх вельмі законаў якіх,

Цэрквы шмат дзе палякі займалі

І рабілі касцёламі іх.


Як у нас, то нібы і без здзеку,

То нібы і па-праўдзе ж усё,

Пакідалі ж у Кунасе цэркву,

А для Сейлавіч будзе касцёл.


Хто ж не верыць у праўду такую,

Хай Вінцэся спытае таго,

Ці нагайкі хай сам пакаштуе,

Глядзь, і праўда прыйшла да яго.


Што ж касцёл...

Вось аднойчы на ранку

Падагналі пад дзверы вазы,

Каб на гэтых вясковых фурманках

Везці ў Кунасу зтуль абразы.


І былі шчэ жывыя старыя,

Помніў хто як за восемсят год

Да таго тут стаялі ўсе тыя,

Хто тады называўся народ.


Як тады абразы выкідалі,

Дык цяпер шмат культурней было,

Дык цяпер акуратненька клалі...

Ці ж няведама? Панства прыйшло.


Кнігі, метрыкі, крыж і кадзіла,

І паперачкі ўсе да ліста,

Ну а зверху на воз палажылі

І святую фігурку Хрыста.


Паскрыпелі вазы па дарозе,

Недалёка да Кунасы той,

Заставалася вёска ў трывозе

Са сваёй апусцелай царквой.


А назаўтра ўздоўж Сейлавіч громам

Послух з хаты да хаты ляціць,

Што Хрыстос наш вярнуўся дадому

І што зноў на бярозе стаіць.


І пабеглі засценак і вёска,

Каб на гэтае цуда глядзець,

І лятуць, і лятуць пагалоскі,

Справа зноў не да бунту тут ледзь.


Прыляцелі і ўланы імкліва,

І нагайкі гатовыя ў ход,

Ды сягоння рашучы на дзіва

І зусім тут без страху народ.


Капітан, разабраўшыся ў рэчах,

Даў загад везці ксендза сюды.

Люд згадзіўся, ніхто не пярэчыў,

І ніхто не баяўся бяды.


Ксёндз з Нясвіжа прыехаў таксама,

Што ён мае з той справай рабіць?

Як выносілі Езуса з храма,

Ён маўчаў, то і зараз маўчыць.


Паглядае народ у зняменні,

Ну а ксёндз да бярозы ідзе,

І пакорна стае на калені,

І паклон перад дрэвам кладзе.


І ў малітве застыў ксёндз у ціхай,

А за ім паспаліты народ

Моліць Бога пазбыць тое ліха,

Што тут пляжыць усіх дзесяць год.


Моліць Бога, каб год хоць спакою,

Моліць Бога, каб мірна было.

Перад тою фігуркай святою

На каленях замоўкла сяло.


Розных вераў сабраліся людзі,

Розных вераў, а долі адной -

Гора з раніцы кожнага будзіць,

А нядоля кладзе на спакой.


І адна ў іх надзея на Бога

І на тую фігурку Хрыста,

На маленькі праменьчык святога...

Ксёндз з каленяў ад дрэва прыўстаў.


- Я тут іншага выйсця не бачу, -

Голас ціхі, злагоджаны твар, -

І нішто не магу перайначыць,

Бо Хрыстос сам тут выбраў алтар.


Два разы ён на дзерава тое

Аб'яўляецца людзям служыць,

Дык пакіньма фігурку ў спакоі,

Хай тут Езус і далей сядзіць.


А каб мог ад дажджу затуліцца

Ці ад снегу, яшчэ ад чаго,

Мы збудуем навокал капліцу

І алтарык на славу яго.


Верх бярозы тады спілавалі,

Ад кары абадралі ёй ствол,

І пад крыж там алтар зладавалі,

І капліцу заклалі вакол.


Збудавалі капліцу. Пра тое

Не расказваў ніхто тут без слёз,

Як ля Сейлавіч месца святое

Не пакінуў іх любы Хрыстос.


І пайшоў наш народ пад капліцу,

Як ён быў у адзінстве вялік,

Субіраліся тут памаліцца

Праваслаўны, а з ім каталік.

Хто па-польску прасіў, хто - па-руску,

Кожны меў сваіх клопатаў стос.

І радзеў за ўвесь край беларускі

З нашых Сейлавіч наскі Хрыстос.

* * *

Сніцца сон капітаншы аднойчы,

Што ўжо холад, зіма і слата,

Што дрыжыць там у сіверы ночы

Без апраткі фігурка Хрыста.


І ўстае, і ідзе да машыны,

Плашчык шые, Хрыста каб накрыць.

Адабральна шапталі жанчыны,

Што так добра ўдалося зрабіць.


Адчыніўся касцёл, і паволі

Пачалі тут па-іншаму жыць,

Ды ішлі і ў хваробе, і ў болі

Да каплічкі малітву злажыць.


Часта бачна было, як якая

Бабка поўзае ў снег там ці ў дождж

І ахвярна між дошак піхае

Можа злот, а мо дробненькі грош.


Ці здараліся цуды? Хто знае,

Толькі вера ў фігурку жыла.

І магчыма, што сіла святая

Нам плашчом абарончым была.


Бо ўставалі на ногі паціху,

І ўжо нейк прылаўчаліся жыць,

І багацей ставалі пакрыху,

І маглі што-нішто адлажыць.


І сабраліся з сіламі неяк,

Каб мець ксендза свайго на сяле,

І прыехаў ксёндз Юзаф Даменяк,

Прынялі тут яго, як свае.


І плябань недалёка касцёла

Збудавалі для ксендза сялом,

Ды гісторыі скрыпнула кола,

І ўсё зноў паляцела на злом.


Што ж, адно пакаленне і толькі

Падрасло і ўступіла ў жыццё,

Разляцеўся зноў свет на асколкі

Пад свіст куляў і бомбаў выццё.


Перш саветы прыйшлі і з патоллю

Мелі з нашых людзей збыткаваць,

Бо чамусьці іх з хлебам і з соллю

Тут не выйшаў ніхто сустракаць.


Потым немец явіўся, і зноўку -

Страх, і слёзы, і кроў, і бізун,

Чуць не так настаўляе вінтоўку,

То аблава табе, то хапун.


Пераседзець вайну не магчыма,

Ты не рушай - зачэпіць сама,

Тне пачвара хлапцоў і мужчынаў,

І нікому ратунку няма.


Хто не трапіў на фронт, тых на працу

Немцы ў рэйх адпраўляюць усіх,

Ды не знаюць яны, што не ўдасца

Ім рабамі зрабіць хлопцаў тых.


Гордай шляхты свабодныя дзеці,

Соль адвечная гэтай зямлі,

Не даліся ў Нямеччыну звезці

І з Баранавіч дружна ўцяклі.


А дадому не пойдзеш, не можна,

Зловяць зноў - расстраляюць без слоў,

Вырашаў за сябе тады кожны,

Многа хто ў партызаны пайшоў.


І вайна, як вайна пачалася.

Кожны куст, кожны пень, кожны лоўж

На прышэльца агнём агрызаўся.

Ну а вёсцы было за ўсіх горш.


Кожны дзень тут паліцыя, немцы,

Хто што хоча бярэ, ты маўчы,

Ну а ноччу загрукае ў сенцы,

Паспрабуй жа цяпер закрычы.


Насланнё, што зусім не чакалі,

І няяснага сэнсу дасюль.

Неяк ноччу ксяндзоў пазбіралі,

У Нясвіж, у турму - адусюль.


Ну, і з Сейлавіч ксендза таксама

Павялі - гэткі лёс на вяку,

Расстралялі ўсіх, кінулі ў яму

Недалёка Нясвіжа ў Гайку.


І застаўся касцёл сірацінай,

Пастарунак запхнулі ў плябань,

Свет сухою трымцеў чарацінай

Перацерпець ліхую наслань.


Людзям больш тут не стала дарогі,

Ды таго, хто смялей ці хітрэй,

Непрыкметна скіроўвалі ногі

Да каплічных замкнёных дзвярэй.


Хай Хрыстос за замком, ён пачуе,

Ён не кіне наш край у бядзе.

У плябані паліц'я балюе,

Ды Адась ужо хлопцаў вядзе.


Ноччу вытнуць адчайна і строга,

Пастарунак затхнецца ў агні,

Не адпусцяць нікога жывога,

Божа, ў жорсткасці іх не віні,


І, як можаш, даруй. Толькі позна

Целам іх ужо што дараваць,

Пры дарогах, на могілках розных

Тыя хлопцы даўно ўжо ляжаць.


Адпусці Ты грахі іхнім душам,

Як да тога прыйшоў ужо час,

Шмат законаў з нас кожны парушыў,

І за гэта спытаецца з нас.


Ды калі нам прыходзіцца ў рукі

Браць вінтоўку для бітвы за край,

Нашы душы на пеклавы мукі,

Божа, молім Цябе, не аддай.


Што ёсць зло, што - дабро, нас вучылі,

А як раптам - не той, не таму,

Мы хацелі дабра, а грашылі,

Падаруй, Божа, нам і яму.

* * *

Ксёндз забіты, спалілі плябань,

Ды на месцы касцёл і капліца,

Людзі йшлі хоць пад вечар, хоць зрань,

Хоць пад дзверы, абы памаліцца.


Дацярпелі. Сканала вайна,

Дагарэла апошнім пажарам,

Па-над краем ставала яна

Камунізму прывідная мара.


Гола, бедна, галодна паўсюль,

А з трыбун палымяныя словы:

- Вы сябры пачакайце пакуль,

Хутка свет вы забачыце новы.


А пакуль, егамосць, у пятлю,

Калі ласка, без лішняе мовы,

У калгас аддавайце зямлю,

Аддавайце каня і карову.


І вялі, і вязлі, аддавалі,

Кожны сам сваю долю вяршыў.

Што з нязгоднымі станецца, зналі -

Недалёка зусім Рымашы.


За пусты працадзень працавалі,

Зналі словы "брыгада", "звяно",

Нейкім цудам аднак выжывалі,

А якім, не вядома яно.


У касцёле застаўся старэйшым

Быў Лазоўскі - закрыстыян,

А мо быў ён у званні і меншым,

Мо пры ксендзы быў толькі фурман.


Ды ўзлажыў на сябе абавязак,

Немудроную службу цягнуў.

Дзе харугвы, дзе крыж, дзе абразак,

Пільнаваць выпадала яму.


Шлюб узяць ці дзяцей пахрысціць,

Людзі пхаліся нейк у Нясвіж,

А памрэ хто - касцёл адчыніць,

Трэба даць і харугвы, і крыж.


Так паціхеньку ўсё і ўтраслося,

І бяды не чаколі ўжо больш,

Спадзяванне аднак не збылося,

Справа зноў павярнула на горш.

Пустадомкі

Як збіралі пустадомкаў

з гарадоў і сёлаў,

Зачынялі пустадомкі

цэрквы і касцёлы.


Наш край жыве адвеку з Богам,

Багоў тых шмат, а Беларусь адна,

Было, калісьці верылі ў Сварога,

Пасля быў час і вера ў Перуна.


Пасля хрысціліся, ды нейк без ладу,

Хто клаў паклон на захад, хто на ўсход.

І лезлі ў веру з кіпцюрамі ўлады,

І душу бараніў, як мог народ.


І паўставалі ад бяды і гора,

Падзячныя, ахвярныя, жалобныя крыжы,

Я памятаю гэта, нібы ўчора,

Было крыжоў на вёсцы без мяжы.


На кожным скрыжаванні іх стаяла,

Дзе тры-чатыры, а дзе пяць.

Нікому гэта тут не замінала,

Ды як магло святое замінаць?


Былі крыжы агорнутыя ўвагай

І сапраўды агорнуты былі,

Бо фартушкамі з верай і павагай

Былі завешаны ад верху да зямлі.


Што быў той фартушок? Кавалак палатна,

Ды сутнасць тут была такая -

Ён першым быў, што здольвала сама

Зрабіць рукамі дзеўчынка малая.


І той найпершы выраб юных рук

На крыж ішоў ахвярай Богу,

За тое, што даў схільнасць да навук,

Што адчыняў жыцця дарогу.


Віселі фартушкі дзяўчат усіх радоў,

Што тут жылі спрадвеку-веку,

Віселі фартушкі пяцьсот гадоў,

На колькі памяць дазваляла чалавеку.


Аднак жа насланнё ліхое

Не спіць не дрэмле, дбае, як уцяць,

Прымае партыя рашэнне злое,

Каб бой рэлігіі чарговы даць.


З трыбун вяшчалі камуністы,

Сякеры бралі актывісты,

Каб землю тую барбарыствам

Напоўніць, подласцю і свінствам.

* * *

Сякера выцяла аб крыж,

І толькі трэскі паляцелі,

Чаго ж стаіш, чаго ж маўчыш,

Народ мой мілы, як здранцвелы.


Чаго стаіш, чаго маўчыш?

Бо не народ тут, а атава,

Народ да шчэнту тут звялі ж,

У тым то і была ўся справа.


Бо бацькі тут не бачыў сын,

Не чуў яго парады, слова,

Пра дзеда толечкі ўспамін,

Сяды-тады якая мова.


Вайна вынішчвала мужчын

Стагоддзе за стагоддзем люта,

Пад дзёрн магілаў лёг ліцвін,

Радзіўся беларус з пакутаў.


Якім павінен беларус той быць?

Рахманым, добрым, памяркоўным,

Каб катаў-ленінцаў любіць,

І каб было яму ўсяроўна.


Хто рэжа крыж, хто крышыць звон,

Хто паліць цэркву, як паходню,

А ён зямлі не чуе стогн,

Ён на спагаду больш не годны.


Яму забралі з жартаў смех,

Яму забралі з казак цуды,

Далі гарэліцу для ўцех,

Далі гарэліцу для згубы.


А каб не вымер без пары,

Далі магчымасць трохі красці,

Крадзе малы, крадзе стары

І ў крадзяжы тым мае шчасце.


З калгаса ўкрасці - то не грэх,

І добра - без крыжоў сяло,

Бо міма крыжа перці мех

Мо б трохі сорамна было.


А так нясі - маўчыць Ісус,

Не замінае крыжа цень,

Такі настаў твой, Беларусь,

Савецкі, новы, ясны дзень.

* * *

І ў Сейлавічах, хай Бог крые,

Нідзе ні крыжа, а-ні-ні,

З хат пазбівалі крыжыкі малыя,

Пустэча ўсюды, дзе ты ні зірні.


І косцел абвясцілі зачыніць,

І будзе тут цяпер пад збожжа склад,

І не далей, як за чатыры дні

Наступіць тут савецкі лад.


А людзі што? Забралі абразы,

Разнеслі па засценку, раздалі па хатах,

Прывыклі ўжо за многія разы

Чарговага ўлагоджваць супастата.


Калі ж палезлі да капліцы,

Каб і з яе замок сарваць,

Народ адважыўся ўхітрыцца

І актывістам тым салгаць.


Стаіць пахілая капліца,

Не маляваная ніколі,

Папхнеш і можа паваліцца,

А можа і сваёю воляй.


- Стаяць там венікі і граблі,

Каб ля касцёла прыбіраць, -

Казалі актывістам бабы, -

Нашто вам дзверы тут ламаць?


Ключа няма, замок іржавы,

Яшчэ кавальскае работы,

І моцна кованы, на славу,

Каму збіваць яго ахвота.


Так і застаўся не крануты

Замок, а разам і капліца.

Хрыстос пад тым замком замкнуты,

А люд не хоча адступіцца.


Прыходзяць па нядзелях людзі,

Замок той ржавы адмыкаюць,

І будзе хай яно, як будзе,

Але ружанец адспяваюць.


І так было даволі доўга.

Аж дзіва ўлада сатварыла,

Паправіла ў Нясвіж дарогу

І аўтабус па ёй пусціла.


І лепшымі варункі сталі,

Каб да касцёла дабірацца,

І нейк паціху перасталі

На той ружанец субірацца.


І стала ціха ля капліцы,

Адно бывала дзе пад вечар,

Каму ўдаецца падзівіцца,

Як нейкая старая ўкленчыць,


Паўзе па коле на каленях

І просіць ласкі ад нябёсаў,

Ці ад хваробы пазбаўлення,

Ці аблягчэння каму лёсу.


Не, не сабе, бо ў нашым краі

Сабе не просяць дапамогі,

За блізкіх модлы тут складалі,

А сам жывы, і дзякуй Богу.


І пхне савецкую капейку

Бабуля ў шчыліну капліцы.

Як тут рабілася ад веку,

Так і працягвала рабіцца.


Харугвы, крыж для пахавання

З касцёла ўзятыя былі,

Іх для далейшага хавання

Таксама некаму далі.


Ну, а пасля, як давядзецца

Каму ў засценку паміраць,

То ўсё начынне застаецца

Ў гэтай хаце і чакаць


Наступнай смерці будзе сціпла,

Пакуль на службу прызавуць.

Вярнуўшы з могілак з малітвай

У тую хату занясуць.


Так вандравалі з хаты ў хату

Харугвы з крыжам па сяле,

Няслі сваю цяжкую вахту

І неслі функцыі свае.


А колькі дзе ім пастаяць

Адно мо ведаў Бог у небе,

То год даводзіцца чакаць,

А то праз месяц у патрэбе.


Як хто адходзіў на спачынак,

То тут адразу ўспаміналі,

Дзе прыпынілася начынне,

Каго апошняга хавалі.


Ішлі жалобнай эстафетай,

Ніводнай хаты не міналі,

То ў той сям'і, то ў гэтай

Няўмольна родных тут гублялі.

Гэлька і Адась

Бяда наш край ніколі не мінала,

Ды кожны раз, як бы пасля зімы

Народа сіла свежаю травою прарастала,

І з той травою прарасталі мы.


Чуць-чуць ярмо палегчае на фунт,

А ўжо, глядзі, мы выпрамляем плечы,

І зноў мы ёсць, і зноў мы тут,

І зноў нясём мы гонар чалавечы.


Ды часта, вельмі часта ў краі тым было,

Калі ў мужчынаў абвісалі рукі,

Жанчыны бралі рэй, і ўсё ішло

Паводле нашых прашчураў навукі.


Жаночых чараў ведаем мы чыны,

Ад іх парушан ні адзін статут,

Але на шмат мацней за чары аднае жанчыны,

Калі ўстае ў адным парыве бабскі гурт.


Былі часы, здаралася навала,

Ці мор, ці пошасць, ці вайна ішла,

Гурба жанчын саху ўпрагала

І баразну вяла вакол сяла.


Той баразны непераможнай сілу

Адолець ліха ў векі не магло,

Вадой ліло, агнём паліла,

А нечапаным заставалася сяло.


І ў Сейлавічах сталася такое,

Вайной. Па Касцяневе партызаны йшлі,

А ў вёсцы паліцаі, як на тое,

Убачылі і абарону занялі.


Вось-вось пачнецца самы люты бой,

А на аселіцы між імі чарада кароў,

Хто пераможа ў страляніне той,

А што кароў паб'юць, то пагатоў.


І тут жанчыны наляцелі з вёскі,

І, пэўна, жонкі паліцаяў там былі

І той адважны, бой геройскі

Пачаць мужам па-просту не далі.


Пайшлі спакойна з Касцянева партызаны,

Скубуць каровы на аселіцы траву,

І лечыць самагонкай камендант не раны,

А хворую ад бабскіх крыкаў галаву.

* * *

Прайшло, сплыло, як і не раз сплывала,

Шмат што забылася з падзеяў тых,

Жанчына толькі анідзе не забывала

Адказнасць за дзяцей, за ўнукаў і за ўсіх.

Той год быў цяжкі, як ніколі,

Пасхлі ячмень, авёс і жыта,

Пасхла між лета бульба ў полі,

Трава гарачынёй пабіта.


Ізноў жа, не было ніколі,

Апошні загрымеў набат,

Буслы на Шумскага таполі

З гнязда павыкідалі буслянят.


Здараліся, што яйкі выкідалі,

І ведаў люд, што будзе год сухі,

Але, каб буслянят, не памяталі

Старыя нават выпадкаў такіх.


Рабіць няма чаго - адно маліцца,

Прасіць, каб дожджык, хоць які,

Ды хіба зможа хто тут даступіцца

Да Бога цераз нашыя грахі.


Збірае Гэлька бабаў зрання

І кажа: "Трэба ставіць крыж!

І каб мужчын тут ані звання,

І каб ні словачка ў Нясвіж!"


Як некалі цягаць саху хадзілі,

Каб вёску ад няшчасця адараць,

Так іцяпер, адно што прыхапілі

Пілу сякеру, іншы панарад.


Сабраліся з засценка Бронькі, Ані, Мані,

Данусі, Вэрці, Караліны, Ядзі,

А быў там загадзя і брус падрыхтаваны,

І з возам конь узяты на брыгадзе.


Зарэзалі і крыж звязалі,

Як некалі вялося, без цвікоў,

Цвіка бо ў крыж ніколі не ўбівалі

У тым краі з прадзедаўскіх вякоў.


Дзе ставіць, ясна. Хоць тут скрыжаванняў

Было адвеку не адно, не два,

А трэба выверыць усё да звання,

Каб потым не балела галава.


Найбольш падходзіць выган пад канюшню.

На вуліцы паставіць нельга, бо знясуць,

За плот, у агародчык ставіць слушна,

Калі ж дазвол гаспадары дадуць.


Народ наіўны, веруючы ў права,

У плот той верыў, бы ў дзяржаўную мяжу,

А навакол бяспраўная дзяржава,

Пра камуністаў нават не кажу.


На скрыжаванні тым чатыры хаты,

Адна згаджаецца крыжу куточак даць,

Капаюць асцярожна, каб і грады

Пры гэтым моцна ўжо не патаптаць.


За плот у агародчык, у прыватны

Пастаўлен крыж ад сушы абярэг.

На выгляд слаўны крыж той і выдатны,

І так прывычны між вясковых стрэх.


Начальства згледзела ўсё тое пад абед,

Да сельсавета метраў сто было.

Стаіць як абаронца той ад бед

Адзіны крыж на ўсё савецкае сяло.


Бягуць пытаць, хто ставіў і калі,

І хто адважыўся начальства не спытаць.

І Гэльку першай на аловак узялі

І пагражаюць моцна пакараць.


- Не бойся, Гэлька, - ёй жанкі сказалі, -

На штраф мы скінемся, хоць колькі там дадуць,

А што пасадзяць, не перажывалі,

Не верылі ў такое і ўсё тут.


У паніцы нясвіжскае начальства.

Паўстаў той крыж адзін на ўвесь раён

І збіў з іх раптам пыху самахвальства,

За крыжам тым ізноў народ відзён.


Забіты, ціхі, памяркоўны,

Пастрэлены і зведзены ў калгас,

А неўміручы і нязломны

І перажыць збіраецца ўсіх вас.


Вось што "дурныя бабы" нарабілі,

Кіпіць ад злосці першы сакратар.

Паслаць здымаць, каб бабы там пабілі,

Па партыі страшэнны будзе ўдар.


Тут трэба ціха непрыкметна

Зняць ноччу, каб ніхто не чуў,

Каб знік у марыве дасветным

Той крыж, як прывід уваччу.

* * *

А летам ноч кароткая, вядома,

І вёска спіць, знябыўшыся за дзень,

Ды вось у цемені ад дома

Яшчэ цямнейшы выпаўзае цень.


За ім другі, і моўчкі, ані гуку

Ідуць пад крыж і лезуць у гарод,

І ўжо адзін бярэ рыдлёўку ў руку,

Другі ланцуг мяркуе цераз плот.


Ланцуг той звякнуў, і тады ад хаты

Паўстаў і трэці цень, наперарэз тым шась,

Нявысакі і добра лысаваты

Ступае цвёрда да крыжа Адась.


- Вы што прылезлі, хлопцы, бульбу красці?

То ж бо не ў час, яшчэ не парасла.

Тады з якой такой напасці

Сюды нячыстая вас сіла прынясла?


Ступіў да крыжа і без стуку,

Без шуму, лаянкі, маўчком

Пералажыў з рукі на руку

Прывычны, ёмкі, важкі лом.


- Сыдзі, Адась, бо мы, сам знаеш,

Знясом адгэтуль гэты крыж,

А ты, што нам тут замінаеш,

Будзь пэўны, добра пасядзіш


- Я адсяджу, а ты адлежыш,

не знаю толькі дзе,

Ці ў бальніцы, ці ў магіле,

як Бог руку павядзе.


І сведкаў не было ў размовы той,

Мо толькі неба ці сам Бог,

Вялі тут вера і бязвер'е бой,

І хоць ніхто ў той бітве не палёг


Была атрымана тады тут перамога,

На месцы быў назаўтра крыж.

Адасю не было тады нічога,

Навокал Гэлькі панавала ціш.


Быў шэсцьдзесят першы, здэцца, гэта год,

Ці год туды, ці год сюды.

Забылі людзі, не забыў народ,

І ў памяці не сцерліся сляды.


Згніе той крыж, паставяць новы,

А потым, не дасце салгаць,

На тым жа месцы крыж сталёвы

Адасяў зварыць і паставіць зяць.


Памёр Адась, і хату прадалі,

І там даўно ўжо новы гаспадар,

А крыж нібыта абярэг зямлі

Штоноч глядзіць у бездані Стажар.


Бясконцы свет, мы толькі парушына,

Наш шлях зямны ў Сусвеце - толькі міг,

Ды ёсць на тым шляху хвіліна,

Што кожны з нас адказвае за ўсіх.


Стаяў у тую ноч Адась пад крыжам,

А на крыжы распяты быў народ.

І стала ў тую ноч яму да ўваскрашэння бліжай,

Хаця цярпець было шчэ трыццаць год.

Два праслы плоту

І час прыйшоў. Як тое куранё,

Што скідвае шкарлупіну яйца,

Скідаў наш край камуны лахманнё,

Вяртаў сваю дзяржаву з небыцця.


Слабенькай, жаўтадзюбаю краінай

Мы выбіраліся, хто з даляў, а хто бліжай,

Хто выграбаў з глухіх, гнілых нізінаў,

А сейлаўцы выходзілі ад крыжа.


Яны былі шчэ ў большасці жывыя

І мелі дастаткова яшчэ сілаў,

І запаведзі помнілі святыя

І доўг перад Радзімай мілай.


Касцёл даволі хутка аднавілі,

Хоць не адразу ў тым прыйшлі да ладу,

Нарэшце ўсе пастанавілі

Аддаць яго пад Гэльчыную ўладу.


Ажыў касцёл, святыя словы

Ізноў, як колісь загучалі,

Ды пра фігурку, пра Хрыстову

Нічога ксендзу не казалі.


І ад такой народнай волі,

Хто хочаш мог тут разгубіцца,

Бо ксёндз быў тутака ў касцёле

Ну а Хрыстос быў у капліцы.


Ішлі гады, мужнеў народ,

І з воляй зноў вярнулі веру,

Што ўжо пазбеглі ўсіх нягод,

Камуны выперлі хімеру.


І хоць яшчэ на плошчах сцягі

І крыкі звыклыя: "За волю!"

І вочы поўныя адвагі,

І ў сэрцах поўна яшчэ болю,


Ды край паверыў у свабоду,

Як верыў увесь час у Бога,

Народ ізноўку стаў народам

І не баяўся больш нічога.


Пайшлі ў касцёл сыны і дочкі,

Хто мо не верыў, верыць стаў,

І камуніст былы ў куточку

Паціху пацеры шаптаў.


На Бажантарні ўзялі хвояў,

І на шчыкеты іх пусцілі,

Ды гаспадарскаю рукою

Касцельны двор агарадзілі.


Рабілі хутка, бо спяшалі,

Каб справу тут не прагуляць,

На шулы дубу не шукалі,

Давай хваёвыя стаўляць.


Стаяў той плот гадоў з дзясятак,

І, ясна, шулы пазгнівалі,

Ды паўставаў у нас парадак,

І трохі ўжо і ўлады дбалі.


Каб чалавек наш прыбадрыўся

І знаў, што больш ён не жывёла,

І сельсавет нейк раздабрыўся

На плот бетонны для касцёла.


Ды, як заўжды, не далічылі,

Ці ўкраў мо хто, а мо пабілі,

Бо вось двух праслаў не хапіла

І трохі меншы двор зрабілі.


І праз такую вось работу,

Хоць сам плот зроблены "на ўра",

Капліца выйшлася за плотам.

І вось тады прыйшла пара


Згадаць пра нашую фігурку,

Штот сорак год стаяла пад замком,

З часоў, калі ад злыдняў і прыдуркаў

Яе адстоялі гуртом.


За сорак год, мо ў раз той першы

Тады капліцу адчынілі,

Замок зразалі, бо канешне,

Што ключ за гэты час згубілі.


Ну а ў капліцы ўсё, як трэба -

Хрыстос у плашчыку сядзіць,

Праз сорак год на землю з небам

Бы трохі здзіўлена глядзіць.


Глядзіць на люд - не наглядзіцца,

Ён зноў сустрэўся сёння з імі.

Прыйшлі дзядзькі і маладзіцы,

Якіх ён помніў шчэ малымі.


Глядзіць на тых, якіх ніколі

Раней не знаў у тыя годы,

Ды пазнае аднак паволі,

Якому прыналежаць роду.


Фігурку ўзяўшы, далікатна

Ў касцёл занеслі і з пашанай

Паставілі ў алтар ашчадна

Ў святой удзячнасці адданай.


Эх, край язычаскі, айчынны,

Мы твой парадак не забылі

І для фігуркі першым чынам

Зноў плашчык новенькі пашылі.


Фігурка хай стаіць спакойна,

Ды Гэльцы ўсё не да спакою,

Патрэбна ладна і прыстойна

Паладзіць тут з праблемай тою.


Бо кінуць проста так капліцу,

Што раптам па-за плотам стала,

Ну, безумоўна, не гадзіцца,

І ўжо ніяк не выпадала.

І дакупіла Гэлька плоту,

Назад капліцу ўгарадзіла

І велізарную работу

Там для парадку прарабіла.


Ну што сказаць на ўсё на тое -

Святая зроблена работа...

А ці з адданасці святое,

Ці з-за тых двух праслаў плота?...

Бажантарня

Эх, край язычаскі, паганскі,

Цябе нічым не адалелі,

Праз час крывавы, ашуканскі

Твае ўсе звычаі ўцалелі


Старыя могілкі наўскараі,

Здалёк ад Сейлавіч буяюць,

Наколькі памяць дазваляе,

Іх Бажантарняй называюць.


Там выдма ад часоў лядовых

Пяску налезла на балота.

Амаль квадрат да пораў новых

Дайшоў праз часу закалоты.


На выдме той значны магілы

З часоў даўнейшых і да сёння,

І сосны грузныя на схілах

З наўколлем ціхенька гамоняць.


Што сто гадоў назад, што дзвесці,

А што і ў дваццаць першым веку

Вясной ці ўвосень не далезці

Туды праз гразі чалавеку.


Здараецца каму памерці,

Хоць трактар кліч, хоць так нясі,

Хоць ты прасі - няхай пацерпіць,

Пакуль не стане той гразі.


Што ж, Беларусь, якое дзіва,

Што недзе гразь, балота, твань,

З-за той гразі яна мо жыва,

Мо перацерпела наслань


Няшчасцяў розных і бядотаў,

Але ж даводзіцца сказаць,

Што векавечнае балота

Было часамі не стрываць.


Не, людзі, то яны без скаргаў -

Гразь - не агонь, не апячэ,

Але начальства часта прагла

Зрабіць народу, "каб лягчэй".


Дарогу справіць? Не, бо грошы

Патрэбны тут, а дзе ж узяць,

Але як хочацца харошым,

Не быць, дык хоць бы выглядаць.


Улады польскія спачатку

Сабе той клопат прынялі:

Вазіць нябожчыкаў з Прыдаткаў

На Бажантарню? На кані?..


Там кіламетраў шэсць мо будзе...

Не, трэба нешта тут рабіць,

Ці як паны, то ўжо не людзі?

Рашылі шляхце дагадзіць.


І недалёка ад святыні,

На гэткай ладненькай гары

Аж два гектары аддзялілі

Для новых могілак. - Бяры!


Бяры, то добра, толькі нешта

Выгодзе той не рад народ,

Ніхто не пачынае першы,

І так цалюткія пяць год.


Глядзеў, глядзеў на тое войт:

- Не хочаце дабра - не трэба.

Я сілай вам не буду ў рот

Ні землю тую пхаць, ні хлеба...


У чым жа справа, што такое,

Што там на гэтай Бажантарні,

Ці там святое, ці ліхое,

Што сейлаўцаў туды так цягне?


Народ жа з гэтае нагоды

Не меў уладам што сказаць,

А толькі ўпарта год ад году

Працягваў там сваіх хаваць.


Адгадка наступіла толькі

Праз восемдзесят з лішнім год,

На Бажантарні правялі раскопкі,

І праяснеў падзеяў ход.


Што там - "капцы", пра тое зналі

З маленства Сейлавічы ўсе,

Але ні з чым іх не вязалі

І забывалі пакрысе.


А варт было змяніць там назву

І на капец сказаць: "Курган", -

Як тут уздыбіўся адразу

Сівой гісторыі дзірван.


Пад час раскопак, цуд ды годзе,

Сляды славянаў адшукалі,

Што ў адзінаццатым стагоддзі

Сваіх нябожчыкаў хавалі


На гэтай самай Бажантарні,

То бок, за тысячу гадоў,

Ну а магілы хрысціянаў

Ляглі ля прадзедаў-дзядоў


Ужо ў наступныя стагоддзі,

Не адракаючыся іх.

Ніхто тут ліній не выводзіў,

А клалі проста ля сваіх.


І, нават, калі ўсе забылі,

Што значаць гэтыя капцы,

Іх душы продкаў не пусцілі

З той Бажантарні адысці.


Прывезлі князя Радзівіла

Хаваць аж з Англіі ў Нясвіж,

А сейлаўцаў нязнанай сілай

Збірае Бажантарні ціш.


З Баранавіч прывезлі Броньку,

А з Менска Казіка вязуць.

Бяруцца ў рост танклявыя сасонкі

І песню вечнасці пяюці.


І мёртвыя на абароне Краю

Стаяць адной нязломнаю сцяной,

Стаяць і ад жывых чакаюць,

Што тыя споўняць абавязак свой.


Як прыпадзе вам марывам прыраннім

На Бажантарні глянуць зверх магіл,

Вы ўбачыце ў жалобным ззянні

Гярбоў шляхочых цэлы небасхіл.


Яны, як зоркі, ззяюць - а не свецяць,

Яны блішчаць, а цеплыні няма,

Так продкі наракаюць дзецям

За кожны дзень пражыты надарма.


Прыдзі сюды, і ціхенька пастой,

Хай пахвальбы цябе пакіне сверб,

Згадай, чым і калі шляхочы свой

Ты ўзвысіў ці зняславіў герб.


Няхай ты слаўны недзе там,

Ля ног тваіх хай свет ляжыць,

Прыдзі сюды, сваім дзядам,

Ты ўсё, як ёсць, так і скажы.

Канец гісторыі

Аднак пара нам з Бажантарні

Вярнуцца ў Сейлавічы зноўку,

Бо час яшчэ хоць вельмі ранні,

Ды ўжо рыкае дзесь кароўка,


Ды сонца, бачыш, звыкла зноў

На неба ціхенька ўсплывае,

Ажно з-за самых Бузуноў

Рабочы дзень свой пачынае.


І промень па касцельных шыбах

Слізгне, не можа зачапіцца,

І на крыжы танюткім німбам

Кароткай хвіляй заіскрыцца.


А побач згорбленай старою

Стаіць самотная капліца

І непатрэбнаю, пустою

Гатова, здэцца, паваліцца.


Хоць Гэлька ўсё ўнутры прыбрала,

Не сходзіць стуль самоты цень,

І дзе фігурка перш стаяла,

Стаіць стары прасохлы пень.


Стаіць камель ад той бярозы,

Якая Кацю памятала,

Што нашы радасці і слёзы

Мо тры стагоддзі назірала.


Стаіць камель, што алтаром

Быў сам ужо пад сотню год,

Што вытрымаў эпохаў злом,

Дваццатага стагоддзя ход.


І стала ясна - нельга так,

Каб кінуць, рынуць і пайсці,

Бо наш народ жа не лайдак,

Да ладу зможа сам дайсці.


Капліцу нельга занядбаць,

І той бярозавы камель

Не можам мы вось так аддаць

Уласнай воляю цяпер.


І абнавіўшы ўсё ўнутры,

Зрабіўшы чысціню і лад,

Праз два гады ці, можа, тры

Фігурку ўнеслі зноў назад.


І стала ў Сейлавічах зноў

Так як бывала тут адвек,

І выглядала, што ішоў

Сваёй дарогай чалавек.


І выглядаў ва ўсім спакой,

Не турбаваў праблемаў стос,

Бо быў на месцы родны, свой

Тутэйшы самы, наш Хрыстос.


Стаіць фігурка на камлі,

А той камель ёсць сам народ,

І разам быць ім на зямлі

Мо сотні, тысячы мо год.

* * *

Прыйшоў гісторыі канец,

Няма чаго больш і дадаць...

А з неба месяца шчарбец

Спрабуе людзям нагадаць


Пра марны шлях іх на зямлі

І пра нябесны вечны шлях.

А ўнізе боразны раллі,

А ўнізе жыта на палях.


І ім не кінуць тых палёў,

Пакуль ужо не панясуць,

Ім не пазбыцца мазалёў,

Іх з мазалямі пакладуць.


З капліцы ў вечнасць правядзе

Паглядам сумным іх Ісус,

Ён не пакінуў у бядзе

І не пакіне Беларусь.


Ён будзе далей тут сядзець

Як сэнс жыцця, як цэнтр Сусвету,

А мо каму і прыпадзе

Пра ўсё даведацца, пра гэта...

* * *

Пачнецца лета, пойдуць зноў

Па ўсёй краіне пілігрымы

Да праславёных абразоў,

Да слаўных, велічных святыняў.


І зварухнецца Беларусь

Ад той хады на славу Богу,

Але сюды не прывядуць

Нікога бітыя дарогі.


Тутэйшы ксёндз зрэдзьчас калі

Падыдзе да капліцы з людам,

Кабета ўпаўшы да зямлі

Папросіць у фігуркі цуду.


І будзе цішыня, як лёс

На белых крылах тут лунаць,

І ласку Божую Хрыстос

Адсюль нам будзе пасылаць...

* * *

Няхай жа будзе гэты сказ

Маёй уласнай пілігрымкай

Да той фігуркі, да ўсіх вас,

І да ўсяе зямлі радзімай.


Я доўгую прайшоў дарогу,

І вось з душы бы скінуў камень,

Закончыў верш, і дзякуй Богу

Тут на зямлі і ў небе...

Аман.


Закончана 31.03.2017 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX