Вярнуцца: Суднік Станіслаў

Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 01-04-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №50.



Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі

Міхайла Гілігінавіч - ваверскі баярын, удзельнік Грунвальдскай бітвы. Адзіны вядомы рыцар Лідскай харугвы, які вярнуўся з-пад Грунвальда жывым. У 1413 годзе пабудаваў у Ваверцы касцёл.

Ціха, мірна ў Лідскім замку,
Ды наўкола грозна,
Сытна, цёпла ў Лідскім замку,
Ды вакол марозна.

Зноў кігічуць пудка чайкі
Над Варажскім морам,
Зноў збіраюцца крыжакі
Ды вялікім зборам.

Не паспела ўскаласіцца
Жыта на абшарах,
Не паспелі загаіцца
Раны на баярах,

Зноў вайна грукоча ў дзверы,
І няма спакою,
Зноў за дзіды і сякеры
Брацца талакою.

Ды краіна ўжо не тая,
І не тыя людзі,
І крыжакаў злая зграя
Болей іх не пудзіць.

Бо стаіць над стольнай Вільняй
Князь Вітаўт скалою,
І ад Жмудзі да Валыні
Грозна ўсталі воі,

Кіеў, Бранск, Смаленск, Чарнігаў -
Пад літоўскім сцягам,
Наўгародцы склалі ціха
Вітаўту прысягу.

Не кігічце ж вы там чайкі
Над Варажскім морам,
Не пужайце вы нас чайкі
Гібеллю і горам.

Як вам чайкі не лятаці
Над Літвы лясамі,
Так нас болей не спужаці
Чорнымі крыжамі.

* * *
Заклубіўся пыл далінай
Ды пад капытамі,
Што нясуць нам за навіну
Коннікі з мячамі?
Праз Вавёрку вершнік гоніць -
Меч над галавою,
Знак Літоўскае Пагоні
Ён нясе з сабою.

Да баярына Міхайлы
Панабеглі людзі:
- Божа, Божа! Што дзе стала?
- Божа, што дзе будзе?

Гілігінавіч-баярын
Выйшаў за вароты,
На высокі, гонкі явар
Кінуў зрок употай.

А той явар, як каменны -
Ліст не варухнецца:
- Так і мне трымаць нязменна
За Вітаўта сэрца.

Збор быў рупны, збор быў споры
Почата ў дарогу,
І, з жалеза ўздзеўшы ўборы,
Шыхт трымаўся строга.

Плачуць жонкі, плачуць дзеці,
Плача ўся Вавёрка:
- Вы куды, куды ідзеце?
- Горка нам, ой, горка.

- Мы ідзём у замак Лідскі,
Дзе збіраюць вояў,
А пасля за свет няблізкі
Біцца з немчурою.

- Рана плакаць вам, матулі,
Рана плакаць дзеці,
Бог магутны нас атуліць
Ад бяды і смерці.

- Мы ўсёй сілаю збяромся,
Каб было не мала,
Мы мячамі адаб'ёмся
Ад ліхой навалы.

* * *
Замак Лідскі, замак слаўны
Браму адчыняе,
Кашталян там пільна, спраўна
Вояў аглядае.
Пазбіраліся баяры
Ад двароў і весяў,
Грозны воблік грозных твараў
З-пад шаломаў свеціць.

На Гародню воі тыя
Рушылі паходам -
Конна шыхты баявыя,
Слугі на падводах.

І ў Гародні не стаялі,
Каб задоўга вельмі,
Неўзабаве ўжо ступалі
На чужыя землі.

Поле бітвы ля Дуброўны
Выбіралі самі,
Тут да бою кожны роўны,
А пасля - Бог з намі.

Пад харугваю з Пагоняй
Ліда ўся стаяла,
Хутка-хуценька зазвоняць
Тут мячы па сталі.

Бой пачаўся, цэнтр грукоча,
Крыжакі пруць валам,
Адступаць ніхто не хоча,
Толькі сілы мала.

Да баярына Якуба
Мчыць ганец ад князя:
- Цэнтр закрыць, бо будзе згуба,
Перамесяць з граззю!

І рванулі ў бой лідзяне -
Лёс на Божых вагах,
Меч двувостры - вось твой шанец,
А яшчэ адвага.

Не хіснуліся тэўтоны,
Пруць далей таранам,
А ліцвінскія калоны,
Хто палёг, хто ў ранах.

Ад лідзян няма паловы,
Не хапіла долі,
Леглі буйныя галовы
На Грунвальдскім полі.

Ледзь-наледзьве выйшлі з бою,
Да ляска прастуюць,
Ну а там між рэдкіх хвояў
Зноў рады шыхтуюць.

Князь Вітаўт узрос на войнах,
Славу знаў, паразы,
Ды заплаціць ён тэўтонам
Сёння ўсё адразу.

Вось крыжакі ў табар лезуць,
Шыхту не трымаюць,
А ліцвіны з пералескаў
Поле заступаюць.

І як рынулі ў атаку
Грознымі шыхтамі,
Закруціліся крыжакі
На агні вужамі.

Сам магістр заўважыў гэта,
Рынуў на падмогу,
Ды ліцвін убачыў мэту,
Згледзеў перамогу.

Меў магістр даволі сілы,
А ліцвіны духу,
І глушылі, і валілі,
Церлі ў пацяруху.

Гілігінавіч Міхайла
Цэл, і жыў, і б'ецца,
Крыжакоў сякерай валіць
І мячом сячэцца.

Як з нябёс Святы Міхайла,
Ён тут Божай карай,
І нічога не трымала
Страшных тых удараў.

Ззяюць вочы грознай іскрай,
Перуном з-пад хмараў,
Вылятае на магістра
Ваверскі баярын.

Што ж магістр магутны ў сечы
І бранёй пакрыты,
А Міхайла гахнуў мечам -
Падае забіты.

Грымнуў цяжка, бразнуў шолам,
Аб камень закрэсіў,
А Міхайла - тарчу з долу,
Да сядла прывесіў.

І памчаўся ў бітву далей,
Не сказаўшы імя,
І пра вычын яго зналі
Толькі між сваімі.

Летапісцы ўпішуць хітра
Ў вечныя аналы,
Што забіў таго магістра
Нейкі вой удалы.

І застанецца вякамі,
Рыцар безымянным,
Толькі мы то знаем з вамі,
Чый той вычын слаўны.

* * *
Бітва скончана цяжкая.
І вайна - за ёю.
Князь паволі адпускае
Да сядзібаў вояў.

І Міхайла наш прыехаў
У сваю Вавёрку,
Стаў для ўсёй радзіны ўцехай
Той хвілінай горкай,

Бо палегла надта многа
З ваверскай дружыны,
І глядзелі вельмі строга
На яго жанчыны.

Што ж жывым прыйшоў Міхайла
З той вайны цяжкое,
Богу дзякаваў нямала
Ён з нагоды тое.

І сказаў ён у Вавёрцы
Косцел будаваці,
Каб маглі там усе людцы
Бога шанаваці.

Як канец будоўлі бліжаў,
То тады памалу
Белу тарчу з чорным крыжам
Выцягнуў Міхайла.

Над дзвярыма ў тым касцёле
Добрымі цвікамі
Прыбівалі з Божай волі,
Каб яна вякамі

Тут вісела і казала
Злым і добрым людзям,
Што са злыднямі бывала
І што далей будзе.

* * *
Час сышоў. Няма Міхайлы.
І касцёл з гадамі,
Асядаў у дол памалу,
Абрастаў імхамі.

Крыж на тарчы з'ела сонца,
Тарча бляхай стала
І згубілася ў бясконцых
Войнах і навалах.

Не мінула ж, пэўна, нечых
Клапатлівых рук,
Высек засланку да печы
Ваверскі дзяцюк.

Часам здарыцца, сярдзіта,
Быццам незнарок
Тарча велькага магістра
Бразне аб гаршчок.

Загучыць тады заспалы,
Глухаваты звон,
Ды нікому пра Міхайлу
Не напомніць ён.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX