Вярнуцца: Суднік Станіслаў

Літва


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 05-06-2011,
Крыніца: Ліда, 2011.

Спампаваць




Светлай памяці
Васіля Ліцвінкі
прысвячаецца


Літва

Гістарычныя паэмы, балады, пераклады

Ліда

2011


Станіслаў Суднік. Літва. Гістарычныя паэмы, балады, пераклады. Ліда, 2011. 216 с.

Кніга ўключае паэмы і балады "ліцвінскай" тэматыкі, напісаныя аўтарам у розныя гады, а таксама пераклады Яна Чачота, Міхаіла Лермантава, Антонія Гарэцкага, Юліюша Славацкага, Камілы Эміліі Макрэцкай на тую ж тэму. У якасці ілюстрацый узяты сярэднявечная гравюра і малюнкі Яна Матэйкі.

© С. Суднік, 2011


Змест

ПАЭМЫ І БАЛАДЫ

Л і т в а

Р а ц і б о р

Давыд Гарадзенскі

Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча

Тодар з Нарбутаў Лідскіх

Балада пра апошняга ліцвіна

ПЕРАКЛАДЫ

Ян Чачот. Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года

І. ПРА КЕРНА, 1040 г.

ІІ. ЖЫВІБУНД ДАРСПРУНГАВІЧ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ І МАНТВІЛ ГІМБУТАВІЧ ЖМУДСКІ, 1205 г.

ІІІ. ПАЯТА КЕРНАЎНА ЖОНКА ЖЫВІБУНДА, каля 1220 г.

ІV. ЭРДЗІВІЛ МАНТВІЛАВІЧ 1217 г.

V. МІНГАЙЛА ЭРДЗІВІЛАВІЧ, КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ І НАВАГРАДСКІ

VІ. СКІРМУНТ МІНГАЙЛАВІЧ, КНЯЗЬ НАВАГРАДСКІ, 1220 г.

VII. РЫНГОЛЬТ АЛЬГІМУНТАВІЧ, ПЕРШЫ ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, ЖАМОЙЦКІ І РУСКІ

VIII. ТРАЙНАТА СКІРМУНТАВІЧ, КНЯЗЬ НАВАГРАДСКІ, ПАДЛЕССЯ І ЛІТВЫ ПАВІЛЕЙСКАЙ

ІХ. БАРЫС ГІНВІЛАВІЧ ПОЛАЦКІ

X. КАРАНАЦЫЯ МІНДОЎГА, 1252 г.

XI. МАГІЛА МІНДОЎГА, 1263 г.

XII. ВОЙШАЛК, АЛЬБО ВАЛЬСТЫНІК МІНДОЎГАВІЧ. 1264 г.

XIII. ПРА ЯЦВЯГА КОМАТА. 1264 г.

XIV. СВІНТАРОГ УТАНЭСАВІЧ 1268-1271 г.

ХV. ГЯРМУНТ СВІНТАРОГАВІЧ 1271 - 1275 г., ГІЛІГІН ГЯРМУНТАВІЧ 1275 - 1278 г., РАМУНД ГІЛІГІНАВІЧ, 1279 ТРАБ ГЯРМУНТАВІЧ, 1279 г.

ХVІ. НАРЫМУНД, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, ДАЎМОНТ УЦЯНСКІ І ТРАЙДЗЕНЬ РАМУНТАВІЧ; ЛАЎРЫШ, АЛЬБО РАМУНТ ТРАЙДЗЕНАВІЧ, МАНАХ, да 1283 г.

ХVII. КУРШЫ З СУДАВІІ Ў ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1284 г.

ХVIII. СУРМІН І НАДАМ, 1290 г.

ХІХ. ЯЖБУТ У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1290 г.

ХХ. ЗРУЙНАВАННЕ РАМНОВЫ Ў ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1294 г.

ХХІ. ЖМУДЗІН КАЙЛІМ У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1298 г.

ХХІІ. СУРМІН У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1313 г.

ХХІІІ. ВІЦЕНЬ, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1283-1315 г.

XXIV. СПАЛЕННЕ КРЫЖАКА РУДЫ Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА. 1320 г.

XXV. СТАРЫЯ ТРОКІ

XXVI. ТУРАЎ РОГ ГЕДЗІМІНА. 1321 г.

XXVII. ЗАСНАВАННЕ ВІЛЬНІ, 1322 г.

XXVIII. ДАВЫД, СТАРАСТА ГАРАДЗЕНСКІ Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА. 1322 г.

XXIX. АЛЬДОНА, ГЕДЗІМІНАВА ДАЧКА, 1325 г.

XXX. АЛЬГЕРД І МАРЫЯ Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА

XXXI. ЖАХЛІВЫ ПАДЗЕЛ ЗДАБЫЧЫ, 1326 г.

XXXII. ГЕДЗІМІН ВІЦЕНЕВІЧ, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1328 г.

XXXIII. ЯЎНУТА ГЕДЗІМІНАВІЧ, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1329 г.

XXXIV. БІРУТА - ЖОНКА КЕЙСТУТА

XXXV. НОВЫЯ ТРОКІ

XXXVI. ПРА КНЯЗЬКОЎ КАРЫЯТАВІЧАЎ У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА. 1331 г.

XXXVII. ГАШТОЛЬД ПЁТР І БУЧАЧКА, 1332 г., У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА

XXXVIII. ПРА ЗАЛОГУ Ў ПУЛЕНЕ Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1336 г.

XXXIX. УЦЁКІ КЕЙСТУТА З МАЛЬБОРКА. 1361 г.

XL. ПРА РАЗБУРЭННЕ КОЎНІ МАГІСТРАМ ФОН КНІПРОДАМ У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1362 г.

XLІ. ПАТЫРГ КЕЙСТУТАВІЧ, 1363 г.

XLІІ. БІТВА ПАД РУДАВАЙ У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1370 г.

XLІІІ. ВАЙШВІЛА Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1370 г.

XLIV. АЛЬГЕРД, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, 1330-1345 гг.

XLV. КЕЙСТУТ

XLVI. ГАННА ВІТАЎТАВА І ГЕЛЕНА АМУЛІЧОВА. 1382 г.

XLVII. РАЗЛАД ВІТАЎТА З ЯГАЙЛАМ

XLVІІІ. ДАВОЙНА Ў ЧАСЫ ЯГАЙЛЫ, 1384 г.

XLIX. РАДЗІВІЛ У ЧАСЫ ЯГАЙЛЫ. 1384 г.

L. ЯГАЙЛА І ЯДВІГА, 1386 г.

LІ. ХРЫШЧЭННЕ ЛІТВЫ ЯГАЙЛАМ, 1387 г.

LІІ. ДАЎМОНТ ГУРДАВІЧ, КНЯЗЬ ГЕДРОЙЦКІ, 1392 г.

LІІІ. ПРА ГЕТМАНА АЛЬГЕРДА Ў ЧАСЫ ВІТАЎТА, 1396 г.

LІV. БІТВА НАД ВОРКСЛАЙ, 1399 г.

LV. СМЕРЦЬ ЯГАЙЛЫ, 31 траўня 1434 г.

Міхаіл Лермантаў. Л і ц в і н к а

Антоні Гарэцкі.

З кнігі "Паэзія ліцвіна"

Пасля бітвы

Выгнанне

Парыж

Смерць Ясінскага,

Корсак

З кнігі "Сяўба"

Прысвячэнне гораду Вільні

Юліюш Славацкі. Песня Літоўскага легіёна

Каміла Эмілія Макрэцкая. 1919 год або Песня пра Літоўска - Беларускія дывізіі

У 21-е стагоддзе

З М Е С Т


Ад аўтара

У гэтую кнігу ўвайшлі паэмы, балады і пераклады "ліцвінскай" тэматыкі. У іх адлюстраваны розныя падзеі з гісторыі нашага народа ў "ліцвінскую" эпоху, г. зн. у тыя часы, калі нашы продкі або яшчэ толькі фармавалі этнас ліцвінаў, або ўжо мелі сваю дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, або ганарова неслі памяць пра яго і марылі пра яго адраджэнне. Большасць твораў, уключаных у кнігу, дзе-небудзь друкавалася, але ёсць і пераклады, якія публікуюцца ўпершыню.

Кніга прысвечана светлай памяці шчырага беларуса і сапраўднага майго сябра Васіля Ліцвінкі. Менавіта з ініцыятывы Васіля Ліцвінкі мною былі перакладзены 31 балада Яна Чачота з цыклу "Спевы пра даўніх ліцвінаў" і паэма Міхаіла Лермантава "Ліцвінка". І менавіта дзеля памяці Васіля Ліцвінкі я ўключыў у гэтую кнігу не толькі мае пераклады баладаў Чачота, а і пераклады 24 баладаў, зробленыя Кастусём Цвіркам, каб поўны цыкл Яна Чачота быў даступны чытачу. Апошні раз усе 55 баладаў з нотамі выдаваў сам Васіль Ліцвінка ў 2004 годзе, але тая кніга даўно стала рэрытэтам. Дык хай, хоць без нотаў, а ўсе балады будуць разам.

Творы, сабраныя ў кнігу, не пацвярджаюць і не абвяргаюць нейкую там гістарычную канцэпцыю нашай мінуўшчыны, гэта не рыфмаваны падручнік па гісторыі, гэта як бы зрэзы эпох, не пазначаныя дакладнымі рамкамі часу. Ва ўсёй кнізе, як і ў баладах Чачота, сумесь ці сплаў рэальнага і легендарнага, дакладнага і прыблізнага.

Але без легенды або міфа народ, нацыя немагчымыя. Галоўнае не падмяняць легендамі гісторыю і не патрабаваць ад літаратуры гістарычнай дакладнасці.

Гісторыя і літаратура існуюць паралельна. Яны могуць судакранацца, перасякацца, але гісторыі - гістарычнае, а літаратуры - творчае.

У кнізе хапае ўсяго: і гістарычных падзей і выдуманых, і рэальных гістарычны асобаў, і легендарных, і проста літаратурных вобразаў. А ўсё разам - гэта кніга пра Літву, пра нашу з вамі Літву, якая засталася там, "дзе Рым і Арда Залатая", але якую мы ў генах сваіх данеслі да нашага часу, і якую дзеці і ўнукі нашыя панясуць далей.


ПАЭМЫ І БАЛАДЫ

Л і т в а

УСТУП

Там, дзе Нёман ціха ўецца,

Дзе Тур'я, Уша і Шчара,

Дзе з крыніц жыццё бярэцца,

Сілай поечы абшары,


Дзе азёры і балоты,

Дзе дубы — князі над лесам,

Дзе ёсць сонца, ёсць і слота,

Дзе маланкі неба крэсяць.


Дзе гулялі на прыволлі

Зубр, і тур, і лось рагаты,

Жыў народ на вольнай волі,

Жыў свабодна і багата.


Летаў тысячу мо будзе,

Трохі болей, трохі меней,

Літвой звалі сябе людзі,

А людзей была не жменя.


Племя моцнае між балтаў,

Плугам слаўнае і мечам,

I дайнаўцаў, і жэмайтаў

Не раз клала ў грозных сечах.


Моцны шчыт на сваіх межах,

Колькі помніцца, трымала,

Хоць, мо што яму належыць

3 тых абшараў, і не знала.


I калі плыніскам бурным

3 поўдня, з захаду славяне

Прыняслі сюды віхуры,

Нібы выспа ў акіяне,


Непарушна край ліцвінаў

Сустракаў усе навалы,

Лёс і поспех не пакінуў,

I лавіна абцякала.


Селі крывічы з усходу,

А дрыговічы забралі

Поўдзень, захад. Род за родам

Набягалі, абцякалі.


Хай такім пачатак будзе

Той гісторыі напетай

У вясёлым вольным гудзе

Сябрам верным, вешнім ветрам.


ЧАСТКА 1

I

Між ліцвінаў той парою

Быў славуты сваёй сілай,

Думай мудраю сваёю,

Страшнай грывішчаю сівай


Князь Будар, рукою цвёрдай

Моцна племя ўсё трымаўшы,

Словам правіўшы і кордам,

Над людзьмі, як дуб, стаяўшы.


А найбольш славуты Будар

Быў красуняю дачкою,

Больш разумнаю, чым Мудрасць,

Прыгажэй Красы самое.


Кроў — свавольная крыніца,

Стан — танютная сасонка,

Слова — вострая суліца,

Вочы — бездані палонка,


Смеласць прашчураў бруіцца,

Спрыт дрыкганта закіпае...

Ёй радзімая зямліца

Ўсё дала, усё, што мае.


Два сыны дубы-асілкі

Меней Будара краналі,

Чым пагляд пралесак сіні,

Плынь — палон ільняных хваляў.


Вось такой была Алдона —

Радасць князя і народа,

Галавы сівой карона,

Дыямент караляў рода.


ІІ

Днём гарачым, днём спякотным,

Дазвалялі колькі ногі,

Шалам спуджаны смяротным

Вершнік мераўся з дарогай.


Даляцеўшы шатаў княжых,

Перасмяглымі губамі

Ледзь-наледзве шэпча-кажа:

"Слухай, Будар, гора — з намі.


Цераз Злуч ізноў славяне

Паліліся плынню грознай,

Смерць у вочы краю гляне,

Паспяшай, бо будзе позна..."


"Гэй! Сыны! Сядлайце коней,

Шчыт і меч, і больш нічога,

Слаць пад ногі лес і гоні,

Перакрыць з паўдня дарогу!


Я ж, сабраўшы раць імкліва,

Следам буду. Затрымайце

Хітра, спрытна, церпяліва,

Бой вялікі не ўшчынайце."


Завіхрыўся пыл дарогай

За адборнаю дружынай,

Пазіралі ўслед з трывогай

Што мужчына, што жанчына.


А ганцы паўз край імчацца,

Клічуць грозна да паходу,

Што ліцвіну субірацца?

Да вайны гатоў ад роду.


III

Будар хутка, Будар спраўна

3 раццю грознай за сабою

Паспяшае, сечы слаўнай

Ён жадае, прагне бою.


I Алдона тут. Натхненне

Светлы воблік асяняе.

Вось і Злуч, і ціш здзіўленнем

Раць ліцвінаў сустракае.


Што за дзіва? Цуд ды годзе!

Дзе чужынцы? Дзе дружына?

Ці тут здані толькі ходзяць?

Ды гукае хтось з ліцвінаў:


"Глянь направа, глянь жа, Будар,

Глянь туды вунь на паляну,

Там нібы гуляла бура,

Нібы дрэвы паваляны".


Ой, не дрэвы там, не дрэвы,

Там ляжаць пластом дружыны,

Смерці страшныя пасевы,

Там славяне і ліцвіны.


Едзе Будар па паляне,

Ён сыноў сваіх шукае,

Не відно, куды ні гляне:

"Мо жывыя..." Ды ўзрывае


Крыкам ціш Алдона раптам,

На гары крывавых целаў

Нахілілася над братам,

Чэрап струшчаны сякерай.


А другі? Ён тут жа побач,

Дзіда грудзі пранізала.

Што тут слёзы, што тут роспач,

Гэткіх сокалаў не стала.


А між імі рухнуў ніцма

Ад стралы чужой, славянскай

Воін. "Свой?" "Чужынец быццам."

Што тут сталася? Не ясна.


Ды, каму да тога справа,

Воін смерць знайшоў на полі,

Ад сваіх хвала і слава,

Ад чужых нічога болей.


Таўкавіска — поле злое,

Смерць навечна ўсіх з'яднала

А жывыя пра другое

Дбаюць. Ім навукі мала.


Будзе трызна на ліцвінах,

Будзе душам іх пашана,

А славян у яму ўкінуць

I засыплюць апантана.


Аддзяляючы ліцвінаў

Ад славян хлапца сцягнулі,

I раптоўна ён ускрыкнуў,

Мроі ў яве патанулі.


"Ён жывы, ён не загінуў,

Хай жыве", — Алдона кажа,

Рве стралу, хлапец уздрыгнуў,

3 раны кроў, нібыта сажа.


"Што ж, хай так, ахвярай будзе,

За маіх сыноў радзімых,

Бог! Дзе ты, і дзе вы людзі?

За што лёс мяне пакінуў?"


IV

Едзе думае князь Будар,

Едзе думае Алдона,

Едзе дуб прыгнуты бурай

I сасна з пабітай кронай.


Едзе дзягай перацяты,

Да сядла прыцяты воін,

Ён увесь, як лук, напяты,

Ён увесь спакою повен.


На яго Алдона збоку

Ўкрадкам, ціха паглядае

I патроху косіць вока,

Як бы нешта вырашае.


А хлапчына статны, складны

Ці абліччам, ці паставай,

Выраз твару мае ўладны,

3 валасоў капой бялявай.


I не простага знаць роду,

Болей меч ад плуга знае,

I Алдона ўрэшце, згоды

Не спытаўшы, так пытае:


"Адкажы ты мне, хлапчына,

Што было на той паляне

Хто там быў, у чым прычына,

Дзе падзеліся славяне?"


3-пад ілба хлапчына глянуў,

Запытанню задзівіўся,

Мову ён пачуў славянаў,

Нібы зноўку нарадзіўся:


"Размаўляць мне цяжкавата,

О, дзівосная дзяўчына,

Мы вялі за рэчку з братам

Слаўных віцязяў дружыны.


Я — сын князя Дабрагоста

I завуся Яраславам,

Прыязджай да нас у госці,

Будзеш мець пашану, славу.


Ну дык слухай, нас сустрэлі

За ракой дружыны вашы,

Прагай бойкі ўсе гарэлі

I глынулі смерці чашы.


Я павёў у бой дружыну,

Секся сам і ўжо не бачыў,

Што Мсцібой мяне пакінуў,

Гэта — брат мой, трэ адзначыць.


Слаўна секліся, аддана,

Я не згледзеў, як застаўся

Супраць воінаў двух слаўных...

Хто бой скончыў не пытайся.


Я зваліўся, як падцяты

Тупат чуў, чуў енкі, крыкі,

Мне пачуўся голас брата

I... жаночы лямант дзікі..."


V

Вось паселішча здалёку

Паказалася чужое,

Яраслаў чуць косіць вока,

Прыкмячае сёе-тое.


Вось пад'ехалі да хатаў,

Гвалт і лямант навакола,

Аж трасуцца дрэваў шаты

Там сабралася да кола


Люду шмат, мо род, мо болей,

Слова Будара чакаюць.

Вырашэннем божай волі

Будзе слова, людзі знаюць.


"Класці вогнішча святое,

Трызна заўтра зрання будзе," -

Змоўк і ў велічным спакоі,

Знік у двор, хай бачаць людзі,


Сілы ў князя дастаткова,

Утрымае меч і лейцы,

Не пацерпіць ён размоваў,

Не яму хадзіць улегцы.


Яраслава ж падхапіўшы

Хутка ў ямішчу гнілую

Запіхнулі ў путы звіўшы,

Хай тут ноч сваю начуе.


VI

Ноч як бездань. Месяц зрэдку

Паміж хмараў праглядае,

Добра цёмна... Нехта жэрдку

Ціха ў яму апускае.


Яраслаў прыціх, чакае.

Лезе хтосьці... Цуд. Дзяўчына.

Путы мечам разразае:

"Уцякай адсюль хлапчына.


Веру я, што ты не вінен,

Хоць з братамі ты і біўся,

Я хачу, ты жыць павінен,

Хоць чужым ты нарадзіўся.


Там ля лесу конь пасецца,

Вецер ён пераганяе,

Як усё тут ператрэцца,

Госцем я цябе чакаю."


Яраслаў чакаў не доўга,

3 сілай дзеўчыну прыціснуў

I да лесу. Конь. Дарога.

Толькі вецер недзе свіснуў.


Цераз колькі дзён дарогі

На двор князя Дабрагоста,

Ледзь ступаючы на ногі,

Конь прынёс здалёку госця.


Выйшаў князь цяжкой хадою

Вочы трэ... Каго забітым

Лічыць край са слоў Мсцібоя,

Тут. Жывы. 3 канём здабытым.


ЧАСТКА 2

I

Час бяжыць хутчэй за тура,

3 год мінула не іначай,

Не адна змаглася бура,

Свет не змогшы перайначыць.


На ліхое паляванне

Дабрагост з раднёй збіраўся,

На адной лясной паляне

Зубар часта красаваўся.


Едзе князь, за ім дружына,

Прагнуць бою і пацехі,

Хоць і знаюць, што магчыма

Абарваць там на арэхі.


Абхапілі ўраз паляну,

Дабрагост з-пад шатаў рвецца,

Аж сумеўся. З веліканаў

Велікан стары пасецца.


Дзіда ўскінута высока,

Шкуру ніжа пад лапаткай,

Ды не вельмі і глыбока,

Між касцей прайшла не гладка.


Рэў прарэзаў наваколле,

Рог маланка мільгатнула.

Князь не зведаў нават болю,

Сонца ў цемры патанула.


II

Перад борам запаветным,

Дзе Пярун, Стрыбог і Велес

Страшаць змрокам беспрасветным,

Дзе паўз край разросся верас.


Раннем дроў гара ўзнялася,

I з паселішча да лесу

Люду рэчка палілася,

Цела князя ў цэнтры неслі.


Перад ім — старыя роду,

Ззаду — жонка, сыноў двое,

Іншых родзічаў чароды,

Хто бяззбройны, хто пры зброі.


Волхвы іх даўно чакапі,

Цела князя падхапіўшы

Зверху вогнішча паклалі,

3 коней лепшага зваліўшы,


Да бярвенняў прывязалі.

Княжы шчыт, і меч, і дзіду

Побач з ім у рад паклалі.

Потым кожны дар свой кідаў.


Схамянуцца не паспелі,

Як старая Гарыслава,

Дзе ўзялася сіла ў целе,

Спамянуўшы дзедаў права,


Па бярвеннях, па бярвеннях,

I ля князя, і ля мужа

Ўпала моўчкі на калені,

А дым гадам, а дым вужам


Выпаўзаў. 3 агнём паходню

Волхв прынёс з трушчобы лесу

Сам Пярун, старыя помняць,

Той агонь з нябёсаў крэсіў.


Зырка полымя ўзнялося,

У дуду бы задудзеда,

Праз гадзіну дзесь змаглося

Прыабмякла і асела.


А, калі ўсё дагарэла,

Дым іскрысты растрапаўся,

Хто спакойна, хто нясмела

За рыдлёўкі род узяўся.


Каб бліжэй было да Бога,

Гору ўзнеслі не малую

I вакол кургана тога

Трызну справілі святую.


III

Яраслаў увесь час гэты,

Як апушчаны пад воду,

А Мсцібой, як перагрэты,

Ак бы зведваў асалоду.


Зналі ўсе, што заўтра рада,

Што старэйшыны сівыя

Развядуць свае нарады

Князя выбраць. Як старыя


Скажуць, пэўна так і будзе,

Ды сыноў у князя двое,

Яраслава любяць людзі,

Першародства ж — у Мсцібоя.


Дзень сышоў за лесу грэбень,

Сонца ранкам зноўку ўстала,

Разарвала ночы цемень.

Спраў на сёння ўсім хапала.


Дзень пачаўся з гвалту, крыку,

То Мсцібой сваю дружыну

З рання самага паклікаў,

Знаць на тое меў прычыну.


Тут усе, што з ім хадзілі

На Літву ў мінулым годзе,

Што за золата служылі

I пры доме, і ў паходзе.


Яраслаў убачыў тое

I сваіх гукнуў буй-тураў,

Ды не ўсталі тыя воі,

Што ў смяртэльных зніклі бурах.


Маладых дзесяткаў колькі

Выйшла воінаў па клічу,

Ой, не вытрымаць ім бойкі

З той дружынай, што не злічыш.


Рада скончана. На веча

Клічуць люд дзяды сівыя.

"Ой, здаецца, будзе сеча",

"Хай Даждзьбог ратуе, крые."


З двух бакоў на ўскрайку пляцу -

Два браты і дзве дружыны,

Люд патроху субірацца

Пачынае. Спрэс мужчыны.


IV

Вось дзяды прыйшлі да люду,

На пагорак падняліся.

Род чакае іх прысуду,

Нібы лукі напяліся.


"Князям быці Яраславу!" —

Да натоўпу даляцела.

"Па якому гэта праву?" —

Закрычаў Мсцібой і смела,


Пагарджаючы народам

Разарваў натоўп дружынай:

"Буду князем я над родам,

А не гэты вось хлапчына."


З двух бакоў, як абцугамі,

Абхапілі Яраслава,

Загучала пад сцягамі,

Прага ўлады, прага славы.


I мячоў дзесяткі, сотні

Падняліся, зноў упалі.

Сеча. Бітва. Неба стогне,

Калывае лёсу шалі.


Нібы тур між воўчай зграі —

Кожны воін Яраслава,

Ды ўсё ж тураў убывае

Ды ўсё ж падаюць у травы.


Яраслаў, бы зубр, кідаўся,

Сек налева і направа,

Да Мсцібоя прарываўся,

Шлях ладуючы крывавы.


Змог убачыць — гінуць людзі,

Гіне моц і гонар краю.

"Будзем жыць — усё ў нас будзе", -

Да сябе сяброў сцягае.


Як таран, пайшла дружына,

Рве навылет злыдняў кола,

Бракне часу для кручыны,

Трэба воля — будзе воля.


Яраслаў, з ім тры дзесяткі

Хлопцаў смелых і адданых

Дзень ляцелі без аглядкі,

Коней гналі апантана.


Не было пагоні болей,

Не было дадому ходу,

Коні ўдаль ідуць паволі

Па нязнаныя прыгоды.


Змрок і ноч. Атрад спыніўся,

Патрабуе справа рады,

Ды не вельмі хто хіліўся

Выдаць слушныя парады.


Яраслаў прамовіў гэтак:

"Шлях да дому нам закрыты,

Мы не маем жонак, дзетак,

Што з зямлёй, што з небам — квіты.


Меч для нас сярпом і плугам

Стаў даўно і назаўсёды,

Што ж як, дома стала туга:

Шлях у госці. Згода?" "Згода."


VI

Дні бягуць, бяжыць дарога,

Землі ўжо пайшлі чужыя,

Кожны міг расце трывога,

Што рыхтуюць далі тыя.


Яраслаў знаёмым шляхам

Да паселішча ліцвінаў

Сам ідзе. Пад лесу дахам

Прытаілася дружына.


Вечар крые далі змрокам,

Пачынае крэсіць зоры,

Яраслаў бязгучным крокам

Па кустах і па разорах


Падабраўся да будынін,

Дзе калісь сядзеў у яме,

Тут рашыў чакаць дзяўчыны.

I нарэшце ў жоўтай пляме


Ад дзвярэй мільгнула хмаркай

Постаць лёгкая... Алдона...

У іскрыстай сукні яркай,

У вяночку залачоным.


Час настаў. Як рысь, сабраўся,

Міг, скачок, рукою дужай

Рот заціснуў і схаваўся

Ў змрок з украдзенаю ружай.


Шэпча хутка: "Супакойся,

Не крычы, не трэба пуду,

Лепш прыгледзься і не бойся,

Век табе я ўдзячным буду.


Ты прабач, не мог іначай,

Мне твае парады трэба,

Долі шмат зазнаў лядачай,

Смак ужо забыўся хлеба."


Адпусціў. Яна пазнала

Ў ім палонніка былога.

Шчэ сярдзіта адказала:

"Ну і розум, што ў малога.


Што б было, каб ты сарваўся,

Каб я крыкнуць што паслела,

Па кавалках бы валяўся,

Даць ратунку б не здалела.


Ну ды што ж, забудзем гэта,

Раскажы мне лепш пра тое,

Ці занесены к нам ветрам,

Ці наўмысня? Хто з табою?"


I наводдаль, на паляне,

Ля паселішча ліцвінаў,

Пра прыгоды і бадзянні

Доўга слухала дзяўчына.


"Рада я табе без меры,

Што прыйсці ты не спужаўся,

Што ліцвінцы, мне паверыў,

Я хачу, каб ты застаўся."


"Хочаш ты, і я жадаю,

Адпачыць не лішнім будзе,

Ды ці прыме князь да краю,

Ды ці прымуць вашы людзі?"


"Гэта ўжо — мая турбота.

Будар войска субірае

На дайнаву. Тут работа,

Тут і слава вас чакае.


Заўтра будзь без лішняй спешкі

Там, дзе ніжа лес дарога,

Я ж пайду пратоптваць сцежкі

К сэрцу Будара старога."


VII

Князь вячэраў і Алдона,

Увайшоўшы непрыкметна

Так спатолі, пра законы

Зачынае, чым адметна


Ў іх Літва, хай ад суседзяў,

Як гасцей прымаць павінна,

Будрас хітрасці не згледзеў,

Сказ павёў паволі, чынна:


"Што ж паслухай пра законы:

Госця ў дом пусці заўсёды,

Будзь ён пешы, будзь ён конны,

Будзь свайго, чужога роду.


Хай у бітвах спатыкаўся,

Перш за ўсё прымі сардэчна,

Пра здароўе запытайся,

Госцю жыць жадаюць вечна.


I чакай, пакуль не скажа,

Хто, адкуль ён і навошта,

Не спяшайся, словаў пражу

Суча госць хай, меншым коштам


Будзеш мець усе навіны

Пра падзеі ў свеце цэлым,

Што, калі рабіць павінна,

Быць гасцінным трэба ўмела.


Не зважай: ён — свой, чужынец,

Адпусці дамоў з пашанай,

На дарогу дай гасцінец,

Будзеш так жа сам спатканы."


"Дзякуй, бацька", — і павольна

Адышла сабе дзяўчына,

Вочы бліснулі свавольна,

Значыць ёсць таму прычына.


VIII

А назаўтра тлум пудлівы

Над паселішчам узняўся,

З поўдня грозна і маўкпіва

Даўні вораг прыбліжаўся.


Хто да лука, хто да меча

Пахапаліся ліцвіны,

Ды не будзе мусіць сечы,

Бо наперадзе дзяўчына.


"Там Алдона", — ледзь пазналі

I спыніліся ў здзіўленні,

А славяне пад'язджалі.

Хто ж тут прыме вырашэнне?


"Добрай раніцы", — свавольна,

Не чакаўшы запытання,

Кажа дзеўчына, — "па вольнай

Волі з мірам тут славяне.


Разыходзьцеся дадому,

Бацька сам прымаць іх будзе..."

I падумала: "Старому

Сёння клопатаў прыбудзе."


Грукат. З вуліцы дружына

Ўслед за Бударам імчыцца,

I тут смелая дзяўчына,

Не жадаючы схіліцца.


Заступае ўсім дарогу:

"Ціха, бацька, не спяшайся,

Непатрэбная трывога.

Лепш з гасцямі павітайся.


I прымі так, як учора

Мне расказваў да паўночы,

Хто парушыць звычай, гора

Не раз гляне тому ў вочы."


I спынілася дружына,

Саступаючы дарогу,

Князь гасцей вітае чынна

I палонніка былога


Пазнае. "Цяпер я знаю,

Як ты ўцёк, па што вярнуўся."

На Алдону паглядае:

"Ну чакай жа, дабяруся,


Будзеш знаць, як дурня строіць

З бацькі роднага і князя,

Ды мяне закон няволіць

I мацней вяроўкі вяжа."


IX

Князь у цераме з гасцямі,

Ціха вяжацца размова,

Госці больш гавораць самі,

Князь прамовіў два-тры словы.


Яраслаў апавядае

Пра жыццё сваё, бадзянні,

Будар тут жа адзначае

Шмат адказаў на пытанні.


"Вось і ўсё, нам зараз шляху,

Як па-праўдзе, то нікуды,

Просім князь у вас мы даху,

А пра ўдзячнасць не забуду.


Чуў, што з поўначы дайнаўцы

Пашукаць імкнуцца славы,

Мы ў тваіх радах змагацца

Будзем верна і на славу.


Дык вазьмі нас у дружыну,

Будзе добра ўсім ад тога."

"Што ж, — прамовіў князь, — прычыну

Маю я, каб сёння злога


Не чакаць ад вас, славяне,

Ані слова, што ж жывіце,

Ці ў баі, ці паляваннем

Гонар, славу заслужыце."


Гэдак ворагі былыя

Сталі вернаю дружынай.

Што не зробяць ўсе святыя,

Зробіць пекная дзяўчына.


ЧАСТКА 3

I

З год прайшло ад той часіны,

Як свае ў Літве славяне,

Найвярнейшае дружыны

За сабой трымаюць званне.


Падрастаюць духам, лікам,

Будар тому патурае,

Яраслаў сюды паклікаў

Многа тых, хто выбірае


Шлях бясконцых вандраванняў,

Войнаў шлях і смерць у сечы

Між пакоры, і маўчання,

I жыцця ўвагнуўшы плечы.


А Мсцібой, забраўшы ўладу,

Люд прыціснуў, што стагналі,

У жыцці забракла ладу,

Яраслава ўспаміналі.


I ішлі. На тую пору

Яраслаў дзесяткаў дваццаць

За сабою вёў і гора

Мог не знаць і не баяцца.


II

Яраславу лёс шчаслівы

Памагаў у справах многіх,

На чужбіне шмат зласлівых

Меў зайздроснікаў. Трывогі


Ён аднак не знаў, не ведаў,

Не меў лішніх хваляванняў,

Не чуў цяжкасцяў і бедаў,

Чуў і знаў адно каханне.


Кветкай кволай, палахлівай

Расцвіло ў грудзях хлапечых,

Кветкай чыстай і цнатлівай,

Што, бы полымя, трапеча


На вятрах падзей жыццёвых,

Ды схаванае глыбока

Не пагасне, з сілай новай

Узарвецца пад аблокі.


А Алдона? Што ж дзяўчына

Толькі гэтага чакала,

Шчэ палоннага хлапчыну,

Шчэ варога пакахала.


Пакахала нечакана,

Ды навечна, назаўсёды,

Хоць тады сваёй заганай

Мела ўсё, ды толькі годы


Ўсё змянілі і зламалі,

I шчасліваю парою

Ўжо даўно не існавалі

Ў марах розна. Між сабою


Цвёрда мелі вырашэнне

Перад Бударам схіліцца,

Як ні будзе, а здзяйснення

Мар сваіх усё ж дабіцца.


I зрабілі. Князь маўчаннем

Стрэў турботныя навіны,

Час узяў на разважанне,

У чаканні ўсіх пакінуў.


III

Год ужо паветра пахла

Дымам, кроўю і вайною,

Год ужо ліцвінам бракла

Шчасця, ладу і спакою.


Князь дайнаўскі Свідрыгайла

Цераз Нёман рваўся ўпарта,

Ад Літвы паўсюль стаяла,

Пільнавала яго варта.


I, калі чужых дружынаў

Стала яўным прыбліжэнне

Без каманды край ліцвінаў

Стаў увесь адным імкненнем.


Будар слаўныя дружыны,

Што даўно жадалі бою,

Сам павёў і ўсю краіну

Ўзрушыў разам за сабою.


З войскам мужным і вялікім

Будар там, дзе Нёман хвалі

Нёс наперад, нёс без ліку,

А яго ўжо тут чакалі.


На шырокай, на паляне,

Над вялікаю ракою

Сталі ворагі ў чаканні

З прагай славы, з прагай бою.


IV

Як сцяна, стаяць дайнаўцы,

Як сцяна, стаяць ліцвіны,

Час настаў за ўсё сквітацца,

Час адпомсціць за Айчыну.


Свідрыгайла — певень чысты,

Сам наперадзе з дружынай,

Будар сталы і ўрачысты —

Між радоў сваіх ліцвінаў.


Загучалі трубы звонка,

Дзве сцяны наперад рвуцца,

Заспявалі стрэлы тонка,

Міг - і раці сутыкнуцца.


А няма паміж ліцвінаў

Славаў смелых і адданых,

Яраславава дружына

Адвярнула нечакана,


Знікла ў лесе. Бой пачаўся,

Глеба, неба задрыжалі,

Лес наўкольны захістаўся,

Забурлілі Нёмна хвалі.


Свідрыгайла ўперад рвецца,

Нікнуць пешыя ліцвіны,

Адыходзяць і здаецца

Лёс ім здрадзіў і пакінуў.


Хвіля шчэ, і ўжо сячэцца

Будар сам, ды цісне душыць

Свідрыгайла і ўдаецца

Ўсё глыбей. Расколе мусіць,


Ды не вельмі. Затрымаўся

Напаўкруг вакол ліцвіны,

Ціснуць цісне, ды звязаўся

Так, што смерць хіба раздыме.


Адступаюць зноў ліцвіны,

Ды здалёк ражок азваўся,

Яраслаў, за ім дружына,

У тыл дайнаўцам вырываўся.


Шолам сталі варанёнай,

Як маланкі, дзіды блішчуць,

Нібы сонца, шчыт чырвоны,

Як сініцы, стрэлы свішчуць.


Як віхор, паміж варогаў

Кружыць, нішчыць і валяе,

З цел крывавую дарогу

За сабою пакідае.


I раскіданы дайнаўцы,

Свідрыгайла вужам уецца

Агрызаецца, упарта

Яраслаў да князя рвецца.


V

Наляцеў. Адразу кола

Размялі, зарвала бойку,

Нібы вымерла наўкола,

Між ліцвінаў нехта войкнуў.


Быў вядомы Свідрыгайла,

Як выдатны, воін смелы,

Ды ўсё гэта не ўтрымала

Яраслава. Князь умела


Дзіду выбіўшы ў варога

На мячах прымусіў біцца

I пайшло. Адно трывога

На вачах дружын іскрыцца.


Што ні цёс, то толькі грукат

Ад шчытоў ідзе наўкола,

Што ні міг, то толькі тупат,

Капыты дратуюць поле.


Шчыт і меч. Узмах, і пер'е

Разляцелася на волю

Шолам вытрымаў, ды вее

Смерцю хуткаю па полю.


Шчыт, і меч, і цёс з адмаху,

Меч зазубраны. Нічога.

Наўскасяк з пляча па паху

Раздваіў. Далоў, трывога.


VI

Як мяцеліца, ліцвіны

На варога наляцелі

Бой канчаюць. Раптам скінуў

Будар голаў. Стрыжань ў целе


Ўсе разгледзелі. Здымаюць

I кладуць на славы поле,

Грудзі з цяжкасцю ўздымаюць

Груз смяртэльна востры болю.


Князь маўчыць. Над ім Алдона,

Што з дружынай Яраслава,

Зноў пазбегшы забароны,

Разам секлася, на славу.


"Бацька, бацька, адгукніся,

Вораг знішчаны, разбіты,

Ачуняй, прашу, прачніся..."

Рве стралу, крывёй заліты,


Войкнуў князь, расплюшчыў вочы,

Бы ў здзіўленьні пазірае,

Вось прамовіць нешта хоча,

Да сябе людзей склікае.


Цяжка кажа: "Вам ліцвіны

Трэба слухаць мяне ўважна,

Бо ўсё выканаць павінны,

Што скажу. Надзвычай важна


Мець вам князя ды ўдалога,

Каб быў смелы, справядлівы,

Быў уважны да старога,

Каб быў добры, незласлівы.


Я скажу вам тое, людзі,

Меў на гэта сын мой права,

А цяпер, мо дзіўным будзе,

Ды быць князем Яраславу,


Ад сягоння і да веку

Я яму Літву ўручаю,

Над законам няма здзеку,

Бо Алдону ён кахае.


А таму, ці патрываю,

Ці памру, хай кожны знае,

Мужам, жонкай аб'яўляю,

Хай іх крые моц святая."


I заціх, і змоўк, ні крыкі,

Ані слёзы — не падмога,

Шлях жыцця прайшоў вялікі,

I закончыў проста, строга.


VII

Быў заўсёды князь з народам,

Там яго і пахавалі,

Паміж вояў свайго роду

Князя Будара паклалі.


Так, як жыў, так і застаўся

Ён між вояў у кургане,

Князем быў, не толькі зваўся,

Хто ж яго нашчадкам стане?


Што ж. Ліцвіны не чакалі

Вось такога запавету,

Ды ўсе ж князя шанавалі,

I Алдона разам з гэтым


Неразлучна з Яраславам.

I згадзіліся, змаўчалі,

Сілы поўныя і славы

Раці з поля адпраўлялі.


Яраслаў вядзе дружыну

На шчыты падняўшы славу,

Прыгажэйшую дзяўчыну,

Абдымаючы па праву.


Шчасце ёсць у княжым званні

Шчасце ёсць у ратнай сіле,

Ды найбольш яго ў каханні,

Ўсё яно ў паглядзе мілай.


VIII

Вестка ўецца па дарогах,

А насустрач ёй другая,

Аб вайне і аб варогах

Кожны гук апавядае.


Зноў з паўдня пайшла навала,

Зноўку меч на волю пушчан,

Зноў Мсцібою цесна стала

Між яго бясконцых пушчаў.


Яраслаў усе атрады,

На адной сабраў паляне:

"Што ж, сябры, не ўсе тут рады,

Што нашу я князя званне.


Зразумець аднак павінны —

Вораг нам Мсцібой агульны,

I славяне, і ліцвіны

Біцца мусяць. Хай жа ўтульнай


Будзе тут яму магіла,

Ды даверу я жадаю,

А таму нікому сілай

Стаць пад сцяг не загадаю.


Хто мне верыць і жадае

За край родны заступіцца

Выйсці ўперад! Даждзьбог знае,

Не хачу я з братам біцца,


Ды ўсё ж мушу." I славяне,

А за імі і ліцвіны

Конна ўсе, на той паляне

Шыхт наладзілі адзіны.


IX

Вораг стрэўся нечакана,

На яго найшлі дружыны,

Дзе шырокая паляна

Прадзіралася лагчынай.


Хоць чакалі ўсе сустрэчы

Сталі быццам у здзіўленні.

Атрымалася дарэчы,

Яраслаў адным імгненнем


Распазнаў паміж славянаў

Шмат каго і перш Мсцібоя,

Што ірваўся апантана

Да яго, жадаўшы бою.


Конь, што вецер, меч — маланка,

Яраслаў сустрэў варога —

Брата роднага. Гулянка

Пачалася. Нежывога


Панясуць адсюль кагосьці,

Іскры сыплюцца да долу

I шчыты трашчаць і косці,

Коні кружацца па колу.


Ды ўсё ж князя Яраслава

Не дарэмна ўжо лічылі

Лепшым воінам. Управа

Меч адбіты, і застылі


Ўсе рады. Узмах кароткі,

Над кальчугаю Мсцібоя

Кроў струменем. Міг салодкі,

Не патрэбна болей бою.


З двух бакоў вітаюць князя,

Б'юць паклон яму славяне,

Бой такі каго не ўразіў?

Два народы на паляне.


Два народы, а над імі —

Князь адзін. Як далей будзе?

Між дружынамі сваімі —

Яраслаў. Чакаюць людзі.


"Ну дык слухайце! Ад сёння

I да самага да веку,

Хай усе нашчадкі помняць,

Я між вамі болей рэкаў


I мяжы другой не знаю.

Край мой родны і ліцвінаў

Пад сваю руку прымаю,

I таму адной краінай


Мусім быць, адным народам,

Кожны хай жыве, дзе хоча,

Хай жа родніцца род з родам

Хай не бачаць войнаў вочы."


Гуд ад музыкі над краем,

Разлятаецца ў наўколле,

Там вяселле князь гуляе,

Жнуць народы мір і волю.


На пачэсным, на пасадзе —

Князь з княгіняй маладою,

Да сябе пабліжай садзіць

Тых, хто з сівай барадою.


Тут славяне і ліцвіны

Піва п'юць і мёд іскрысты

I расказваюць навіны,

I братаюцца ўрачыста.


Ну вяселле пачалося,

Мусіць скончыцца не скора,

Бо ўжо гэдак павялося,

Шчасце — гуртам, гуртам — гора.


Паўдружыны Яраслава

На Літве, куды ж падзецца,

Знайшло гонар, знайшло славу

I навек згубіла сэрца.


Так пачатак палажылі

Двух народаў аб'яднанню,

Так і старасці спажылі

Ў міры, шчасці і каханні.


ЗАВЯРШЭННЕ

Год за годам, як каралі,

Прамільгнулі неразрыўна,

Людзі сеялі, і жалі,

I змагаліся надрыўна.


Навокол Літвы ўставалі

Гарады ў жалезнай сіле,

Там дзяржавы расцвіталі,

Расхіналі славы крылле.


Полацк — вольны, непакорны,

Непахісна старадаўні,

Тураў — між балотаў чорных,

Між лясоў глухіх, бяскрайніх.


Там жыццё бруіла, ззяла,

Кожнай граняю іграла,

А Літва спаволь, памалу

З пушчаў гоні абжывала.


Мовы розныя гучалі,

I не шкодзіла нікому,

I сумесна спажывалі

Часам хлеб, падчас салому.


I дрыговічы-славяне

Ў пушчы глыбей пранікалі,

Лес валілі і паляны

Дружна спраўна засявалі.


Разам, пільна, неадступна

Волхвы ў новы край спяшалі,

Без затрымкі, спраўна, рупна

Пяруна на трон саджалі.


Бог з даўжэннымі вусамі

Быў ліцвінамі прыняты,

Разам з іхнімі багамі

Падпіраў нябёсаў шаты.


З часам стаў галоўным богам

I не толькі для ліцвінаў,

Між жамайтаў, хоць варогаў,

Вусы ён свае раскінуў.


Ля паселішча ліцвінаў,

Князь дзе меў сваю сталіцу,

Разам з княжаю дружынай

Многа хто пачаў сяліцца.


А, каб іх не захапілі

Злыдні ўсякія знянацку,

Тын вакол загарадзілі

З бёрнаў вострых. Нібы цацка


Горад быў. I не шукалі

Назвы нейкай незвычайнай,

Гарадком наўкола звалі

Месца між лясоў бяскрайніх.


Пройдуць годы і ліцвіны

Між славянаў ператруцца,

Ды, пры тым аднак, не згінуць,

Назвай, імем застануцца,


Застануцца сілай моцнай,

Застануцца волей вольнай,

Непакорнасцю бясконцай,

Непадлегласцю раздольнай.


Вольны горад, Новы горад

Прызаве ў князі ліцвіна,

I Міндоўг — праўнук Алдоны

Павядзе яго дружыны.


I расступіцца свет белы

Перад новаю краінай,

I спазнае мужных, смелых,

I спазнае моц ліцвінаў.


Ў цемру пушчаў і балотаў

Рушаць шчыльнымі шыхтамі,

Бліснуць тарчы пазалотай

Пад чырвонымі сцягамі.


I паклоняцца дайнаўцы,

I ў ліцвінаў край ўвальюцца,

I пакорацца жамайты,

I Літвою назавуцца.


I славянскія дзяржавы

Пад славянскаю Літвою

Уваскрэснуць, акрыяюць

I ўмацуюць край сабою.


I вялікаю краінай

Стане край той на стагоддзі,

Край славянскі, край ліцвінаў,

Ды спыніцца трэба. Годзе


Больш пісаць. Аднак жадаю

Ўсё ж сказаць, няхай пачую

Дзе "Літва" і ўжо ўяўляю

Край радзімы, землю тую.


Дзе мой Нёман ціха ўецца,

Дзе Тур'я, Уша і Шчара,

Дзе ў крыніцах воля льецца,

Дзе шуміць вятрамі мара.

22. 02. 79 г.


Р а ц і б о р

1

Гэй, паслухай, слухай, слухай,

Ціш глухую дай суняць,

Не камар ляціць за мухай,

Не шамкі ў начы звіняць.


Там за дальнім небакраем

Ноч грымотамі гудзе;

Там па ціхім, мірным краі

Войска страшнае ідзе.


Звоніць дзідамі, рагоча,

Топча буйны травастой,

Спапяліць і спляжыць хоча

Ўсё, што бачыць прад сабой.


Не дабро нясуць у похвах,

Не спагаду на сцягах,

А нясуць нядолю, зловадзь,

Сеюць гора на палях.


Сеюць гора, паляць хаты,

Пруць шалёнаю ракой,

Хто, па што паслаў праклятых,

З-за чаго той неспакой?


2

За лясамі, за барамі,

Паміж крывіцкай зямлі,

Між сасновымі барамі

Гоні вольныя ляглі.


А за гонямі, за тымі

Горад велічны стаіць,

Ззяе цэрквамі святымі,

Кірмашом штодзень шуміць.


Там у цераме высокім,

У харомах залатых

За сталом даўгім, шырокім

Князь сабраў баяр сваіх.


Думу думае князь цяжка,

Раду радзіць цэлы дзень,

Дзежкі поўненькія бражкі

Не кранутыя нідзе.


Думай князь заняты важнай

Ад відна і да відна,

А ў думе той неабсяжнай

Усяго ж адна княжна.


3

Непаўторнай прыгажосці,

Гонар крывіцкай зямлі,

Дабраты і весялосці

Бог ёй шчодра аддзяліў.


З імем ласкавым Сняжына

I з анёльскаю душой,

Стала гэтая дзяўчына

Зараз грыўняй залатой.


З чужаведмай краіны

Цар няведамай зямлі

Даў загад, княжну Сняжыну

Да яго каб прывялі.


Той загад з паслом адправіў,

А, каб князь хутчэй зважаў,

Войска ўслед яму направіў,

Цар ні з кім не жартаваў.


Войска лікам незлічоным,

Войска сілаю цяжкой,

Ці заплаціць край палонам,

Ці заплаціць князь княжной.


4

Драбы княжыя рашуча,

З похваў вырваўшы булат,

Гнеўна ў смеласці кіпучай

Дружна ўсталі з-за стала:


"Нам не страшны бой смяртэльны,

Нам няведам страху цень,

Хай ідзе ўвесь зброд пякельны,

Хай хоць цэлы свет ідзе".


Князь, слязу змахнуўшы з вока,

Так прамовіў ім: "Сябры,

Дзякуй вам за дух высокі,

Ды вайна не да пары.


Цэлы год дружыны нашы

Ваявалі крыжакоў,

Колькі драбаў, смерць спаткаўшы,

Не вярнулася дамоў?


Колькі пешае дружыны

Мы пакінулі ў палях?

Згіне рэшта, што з краінай

Заўтра будзе? Думаць жах"


5

У літоўскіх у балотах,

Дзесь між пушчаў і азёр,

Без самотаў і турботаў

Жыў-быў хлопец Рацібор.


Ён не проста быў здаровы,

Ён дужэй за сілу быў,

Ён з маленства ў лес па дровы

Без сякеры, так хадзіў.


Ён з карэннем мог хваіну

Вырваць, дробна паламаць,

I за некалькі хвілінаў

У вязанку ўсё звязаць.


З ім мядзведзь не сустракаўся,

Лес пусты быў ад ваўкоў,

З ім за руку не вітаўся

Ні адзін са сваякоў.


Конь яго з усёй натугай

Ледзь-наледзвечкі трымаў,

А таму ў пастронках з плугам

Рацібор каня мяняў.


6

Часам вольным ад работы

Рацібор не клаўся спаць,

У дубравы ды балоты,

Ён выходзіў паляваць.


Па Купаллі, у нядзелю

Рацібор так паляваў,

На табе! Аленя ўцэліў,

Ды той толькі закульгаў.


Рацібор за ім пусціўся,

Гойсаў, гойсаў, не дагнаў.

Мала тога, заблудзіўся,

Лес навокал не пазнаў.


Не бяда. Ён лук за плечы,

З дуба выразаў кіёк,

Прапаліць на раз у печы

"Невялічкі камялёк".


I пайшоў шукаць дарогу,

Доўга швэндаўся, ці не,

Выйшаў з лесу, дзякуй Богу,

I ад дзіва анямеў.


7

Рацібор убачыў горад.

Што за дзіва? Што там, як?

Ён забыў пра сон і голад

I падаўся наўскасяк.


Покуль крочыў, ціхі вечар

Апусціўся на зямлю,

Змрок ласкава гладзіць плечы

I туманіць галаву.


Да варотаў на змярканні

Падышоў, аж там запор.

З-за варот крычаць: "Да рання

Не адчынім!" Рацібор


Доўга з імі не спрачаўся,

Лёг пад брамай і заснуў,

Ды так добра разаспаўся,

Што і раніцы не чуў.


Сніў свае лясы, дубравы,

I свае абшары сніў,

I прыродныя праявы,

I палеткі родных ніў.


8

Толькі сонейка прамені

Саслізнулі з грозных сцен,

I з куткоў і сутарэнняў

Паўцякаў начлежнік цень,


Горад, скінуўшы дрымоту,

Раптам зноў ажыў, загуў,

На штодзённую работу

Новы дзень усіх папхнуў.


Толькі ў княжацкіх харомах

Гвалт і лямант, сотня бед,

Аддаюць дачушку з дому,

Аддаюць за белы свет.


Князь, не зрадзіўшы той справы,

Сам Сняжынку аддаваў,

Ратаваў сваю дзяржаву,

Край радзімы ратаваў.


Што сказаць яму на гэта?

Князь у бітвах век пражыў,

Ды вайной на тое лета

Ён ісці не здольны быў.


9

Субіралася Сняжынка

Ў невядомыя краі,

Аддавалася дзяўчынка

За спакой сваёй зямлі.


Драбы змрочныя стаялі,

Ім не міла стала жыць,

Лепш бы мёртвымі ляжалі,

Чым той ганьбы сведкам быць.


Ды гатова ўсё, і коні

Пляц прастуюць да варот,

Бо пасол са спехам гоніць,

Сам не верачы ў зварот.


Адчыніліся вароты,

Коні сталі не ступіць.

Там, май памяць, без турботы

Рацібор салодка спіць.


Тут пасол за біч схапіўся,

Паласнуў ажно з-за плеч,

Рацібор, як змей, узвіўся,

I дрымота знікла прэч.


10

Што за дзіва гэтак госця

Сустракае горад той:

"Пачакайце, егамосці,

Я парушу ваш спакой!"


Рацібор наўпрост ступіўшы,

Нібы дзікі тур, зароў

I, з канём пасла схапіўшы,

Зашпурнуў ў стромкі роў.


I пакуль пачот пасольскі

Зразумеў падзеяў клёк,

Рацібор убраў у руку

"Невялічкі" свой кіёк.


Што там шабелька крывая

Супраць нашага дубка,

Што там шолам утрымае,

Як сталёвая рука.


Разышоўся не на жарты,

Так, што нельга супыніць,

Дзякуй Богу, што хоць варта

Браму ўспела зачыніць.


11

Пруць да князя тут з дакладам:

"Так і так. Пачот пасольскі

Перанішчыў без загаду

Нейкі страшны хлоп літоўскі,


Добра, што хоця паспелі

Спраўна браму зачыніць,

А то пэўна б не здалелі

I княжну абараніць".


"Дзе ён зараз?" "Ломіць браму,

Трэба нешта з ім рабіць,

Ці заблытаць у арканы

Ці мо стрэламі прыбіць".


"Я мяркую, першым чынам

Трэба з ім пагаварыць,

Што і як, з якой прычыны

Ён пачаў пасольскіх біць?


Ды бяда якраз не ў гэтым,

На пасла мне напляваць,

А бяда, што гэтым летам

Давядзецца ваяваць."


12

Князь з дружынаю да варты

Пад'язджае. Гром грыміць.

Рацібор кійком упарта

Прадаўжае браму біць.


"Адчыніце", — князь гаворыць.

Зняты хуценька запор,

I ў вароты грозна ўходзіць

Хлоп літоўскі Рацібор.


Пільна ён вакол зірае,

Сочыць грозна за людзьмі,

Свой кіёк не выпускае,

Паспрабуй яго вазьмі.


Драбы немыя ў здзіўленні:

"Гэта ж трэба, гэткі зух,

Той кіёчак пры здарэнні,

Каб падняць хаця і ўдвух."


Князь спакойна кажа хлопу:

"Ну, ты, браце нарабіў,

Ты задаў такі мне клопат,

Ты ж пасольства перабіў."


13

"Што ж паробіш, каб жа ведаў,

Шкадаваць аднак не час,

Бізуна я, князь, адведаў

За свой век у першы раз,


А таму на вашу волю

Я адзін вось тут стаю,

Можаш выгнаць мяне ў поле,

Можам сілу ўзяць маю."


Драбы дружна зашумелі:

"У дружыну хлопа ўзяць!"

Бо хацелі, не хацелі —

Выпадае ваяваць.


"Добра, — князь сказаў рашуча.

Так і быць, бяру цябе,

Можаш славаю бліскучай

Ты пакрыць у нас сябе."


А Сняжынка? Урачыста

Да хлапчыны падышла,

За ратунак ад нячыстых

Хлопцу кубак падала.


14

Апраналі Рацібора,

Справа цяжкая была,

Каб з якога хоць убору

Рэч адна хоць падышла.


Шолам новенькі кавалі,

З дзвюх кальчуг адну плялі,

А мяча не падабралі,

А шчыта не паднялі.


Быў, нарэшце, булавою

Ён узброены, прытым,

Вельмі ёмкай і цяжкою

I з пакрыццем залатым.


А каня яму шукалі

Па ўсёй крывіцкай зямлі,

Зацуглялі, падкавалі,

Засядлалі, прывялі.


Восем конюхаў трымала,

Быў дрыкгант той дзікі звер,

Іх тады было ўжо мала

I зусім няма цяпер.


15

Выязджалі ў поле рана,

Сонца ледзь-наледзь ўзышло,

За дажджы і за туманы

Войска крывічаў ішло.


Драбы княжыя шыхтамі,

У шаломах залатых,

Стогне дол над капытамі

Ў іх дрыкгантаў маладых.


Пад харугваю чырвонай

Са срабрыстым ездаком

Князь з-за сталі варанёнай

Назірае за палком.


Войска — цуд, каб не сурочыць,

Песняй, дзідамі звініць,

Рацібор пяхотай крочыць,

Каб каня не прытаміць.


Ён ідзе на бой смяртэльны,

Як араць, ці жаць ідуць.

На другім кані аддзельна

Булаву яго вязуць.


16

Па-над пустаччу луналі

Крумкачы, а мо арлы,

Да паганых пад'язджалі

На адзін палёт стралы.


А паганых цьма, ці процьма,

Ці то нават большы лік,

Іх і сілаю не возмеш,

I на хітрасць не разлік.


Ды ёсць большае за сілу

I хітрэй у сотні раз,

Гэта тое, што магіла

Адабраць не можа ў нас,


Гэта тое, што стагоддзі

Мы нясём, як светлы сцяг,

Гэта тое, што ў нас родзіць

Разам з жытам у палях,


Гэта тое, што па сэрцах

Мы хаваем ад гадоў,

Гэтай моцаю завецца

Да сваёй зямлі любоў.


17

Драбы поле заступілі,

Як плацінай ад вады,

Драбы землю засланілі

Ад ліхой, чужой бяды.


Вораг рушыўся лавінай,

"Што там гэту жменьку біць,

Іх асобна і з краінай

Можна проста паланіць."


Дзіды навалач сустрэлі,

Здрыгануўся крыкам бор,

Булавою раз уцэліў

Па паганых Рацібор.


I ад гэдыкага ўдару

Скалынулася зямля,

Задрыжалі ў небе хмары,

Навальніца загула.


А наш віцязь булавою

Раз за разам б'е і б'е,

I, здаецца, над зямлёю

Смерць ляціць на памяле.


18

Што ні ўзмах — ляжаць снапамі,

Што ні ўдар — як мухі, мруць,

I ўжо цэлымі палкамі

Ад яго наўцёкі пруць.


Цар паганскі свежай сілай

Кінуў нукераў сваіх,

Іх, ну ў цюцельку, хапіла,

На два ўзмахі булавы.


I тады задаў цар дзёру,

А за ім пабеглі ўсе,

За палі, і за азёры,

I за самы белы свет.


Драбы сцелюцца ў пагоні,

Рацібор ад'ехаў прэч,

Бо яго стамлёны конік

На нагах трымаўся ледзь.


Рацібор стаіць забыты,

На твары няма турбот,

Першы раз за ўсю за бітву

Ён паволі выцер пот.


19

Як вярталіся з паходу,

Сустракаў увесь народ,

Ззяла радасцю прырода,

Шчасце бегла ад варот.


Па ўсіх вуліцах стаялі

3 пачастункамі сталы,

Падавалі, налівалі,

Там і елі, і пілі.


Князь з дружынаю сваёю

Едзе проста ў родны двор,

Побач высіцца гарою

Хлоп літоўскі Рацібор.


Пір пачаўся ад парогу,

Дзежкі з мёдам і віном,

А закускі столькі многа,

Што сталоў аж не відно.


Рацібор вядзерца мёду

За адзін прысест кульнуў

I з вялікай асалодай

Лёг на лаўку і заснуў.


20

Спаў дні тры, а як прачнуўся

Сумна-сумненька ўздыхнуў,

Смачна-смачна пацягнуўся

I сябе чужым адчуў.


I ў тым цераме высокім,

I ў палатах залатых,

I з такой тугой глыбокай

Ён падумаў пра сваіх.


Падышоў да князя потым,

"Так і так. Дамоў пайду,

Бо я ў вас тут без работы

Ад нудоты прападу.


А, як новая бядота,

Напаткае, кліч ізноў,

У літоўскіх у балотах

Кожны б там мяне знайшоў."


Развітаўшыся з княжною,

Зняўшы зброю і убор,

Пеша, сцежкаю крывою

Рушыў хлопец Рацібор.

1990 г.


Давыд Гарадзенскі

Уступ

— Краю гаротны, жабрацкі мой краю,

Зроднены з гэтай адвечнай бядой,

Кожны табой, бы дурным, папіхае

Быццам над блазнам іржэ над табой.


Нейкі заезджы маскоўскі пісака

Ціснуў у прэсе дзве сотні радкоў

Вылаяў нас, як ланцужны сабака

Назву навесіў "краіны гуркоў"


Іншы прыедзе "бульбянай краіна",

Ці як іначай цябе назаве,

Нам жа ўсяроўна, што ў голаў, што ў спіну,

Лепей у спіну, лягчэй галаве.


Нам усяроўна, як нас называюць,

Дзякаваць Богу, хаця што не б'юць.

Што ж , беларусы спрадвеку трываюць.

Крыўду і ганьбу, як крыж свой нясуць.


— Кажаш спрадвеку ? Няпраўда, васпане.

Быў тут і лепшы за сёняшні час

Хай жа, васпане, навокал пагляне,

Колісь не радзіла беднасць у нас.


Глянь на каменні абапал гасцінцаў,

Замкі, фартэцы стаялі пры іх,

Дзесьці быліны, а дзесь небыліцы

Дрэмлюць да сёння між глыбаў сівых.


Тут, як і сёння, палеткі шумелі,

Хлеба кавалку жадны не былі,

Тут і да хлеба заўсёды мы мелі

Ўсё, што хацелі ад роднай зямлі.


Тут найвялікшай краінай у свеце

Радзіў наш князь, той зямлі гаспадар

Златам ламаліся поўныя клеці.

Ззялі каменні агнямі Стажар.


Князь той ніколі хрыбет у паклоне

Ў царкве не хацеў перад Богам схіляць,

Ну а як мы, дык гатовы на сёння

Проста маскоўскія боты лізаць.


Гнёмся, як крук, перад большанькім братам,

Просім, і плачам, і енчым наўздрыў . . .

Толькі, ці дзе хто да гэтага бачыў,

Каб беднага брата багаты любіў.


Будзем мы век, як затычка ў тым возе,

Што па балоце бязладдзя скрыпіць

Будзем, нібыта гарох пры дарозе,

Кожны сарваць можа, хто паглядзіць.


Будзем датуль, аж пакуль галавою

Думаць не станем пра кожны свой дзень

Так, як было тут за даўняй парою,

Так як запала на душах людзей.


1

Там, дзе Міндоўга пасад каралеўскі

Ў слаўным Наваградку слынна зіхцеў,

Грозны, вялікі, з душой маладзецкай

Князь Гедзімін, нібы дуб той сядзеў.


Князь Гедзімін радзіў мудра дзяржавай,

Словам разважным і звонам мячоў,

Ён пад Пагоню без цяжкасці ставіў

Сотню адборных харугваў - палкоў.


Князь Гедзімін, быўшы Віценя сынам,

А "Віцень" жа значыла "віцязь" у нас,

Межы рассунуў радзімай краіны

І зажадаў апярэдзіць свой час.


Думкай сягаў ён далёка, высока,

Бачыў такое, што ўсім не відаць,

Горад пасадны задумаў глыбока

Ў даўнія крыўскія землі падаць.


Вільня паўстала дубоваю зданню

Свету наўздзіў, быццам выт Перуна

З Вільні сягнулі, задумы, жаданні

Хваляў бурштынных, балтыйскага дна.


Гулкім вытненнем ліцвінскай суліцы

Быў для наўколля той велічны крок,

Сілы варожыя сталі курыцца

Пылам прагорклым засмяглых дарог.


Тлела наўкола вайны тарфавіска

Вышугнуць здольнае грознай бядой

Зверам драпежным над хваляй балтыйскай

Ордэн хрыпеў у зладуме глухой.


Ордэн даўно ўжо драпежныя лапы

Выцягнуць пяўся ўздоўж Нёмна-ракі,

Шчэрылі прагныя, чорныя зяпы

З цэлай Еўропы стальныя ваўкі.


Ордэн шукаць не збіраўся прычыну,

З крыжам на тарчы, без Бога ў душы,

Хітрасці хцівай надзеўшы лічыну

Ўсё не нямецкае нішчыў, душыў.


Дбаючы словам пра веру і Бога,

Веру мячом ён імкнуўся нясці,

Ён за адзін толькі звон залатога

Мог да сканчэння Сусвету ісці.


Стала яму Вільня косткай у горле,

Край жа ліцвінскі жаданей за рай,

Зноў у наезд за наездам папёрлі

Хцівыя злыдні на родны наш край.


Зноў Гедзіміну вайна выпадала,

Зноў цяжкі меч мусіў з похваў вымаць,

Зноўку Пагоня ў сядло падымала

Тога, хто мог яшчэ зброю трымаць.


2

Войны, пажары, палон і рабунак,

Смерць, быццам цень твой, наўследак брыдзе,

Замкі і сцены даўно — не ратунак,

Што ж супрацьставіць той чорнай бядзе?


Коціцца хваля тэўтонскай навалы,

Жмудзь у агні, а жмудзіны ўцяклі,

Першай на ворага шляху ўставала

Горадня — горад ліцвінскай зямлі.


Горадня — горад над Нёмана хваляй,

Горад у сценах, як вой у брані

Самы вялікі ў наўкольных абшарах

Нёман ад злыдняў чужых бараніў.


Сцены, фартэца, ды толькі іх мала,

Доўга будуюць іх, бураць уміг

Смеласць людская іх тут падпірала,

Мужнасць людская ўмацоўвала іх.


Горадня — горад, замок ад краіны,

Горадня — краю ліцвінскаму шчыт,

Быў тут пастаўлен самім Гедзімінам

За кашталяна князь мужны Давыд.


Князь нарадзіўся ў балотах Нальшчанскіх,

Тарча з Пагоняй — калыска яго,

Хрышчаным быў на пагосце паганскім,

Годны і варты быў бацькі свайго.


Быў узгадованы ў дзёрзкіх паходах,

Спаў пад харугвамі ў мулкім сядле,

Розум і талент ваярскі прырода

Ўжо напісала на светлым чале.


Мела Гародня дванаццаць тур - вежаў,

Вежай трынаццатай быў князь Давыд,

Зоркі арол над крыжацкім памежжам,

Пардус імклівы і цвёрды граніт.


Ён не сядзеў, як спадвеку вялося,

Ў замку сваім за высокай сцяной

І не чакаў, покуль нізкая просінь

Зноў забарвее крывавай вайной.


Ён, засядлаўшы дрыкганта вясною,

Ўвосень загадваў яго рассядлаць,

З вернай і грознай дружынай сваёю

Немцаў адвучваў і есці, і спаць.


Дзёрзкім набегам, імклівым ударам

Здэцца ніколі не будзе канца,

Ў кірхах жалобна арганы ігралі,

Рыцары моўклі ў высокіх капцах.


Конь капытом па балтыйскай біў хвалі,

Бот наступаў на каштоўны бурштын,

Князя па кірках па ўсіх пракліналі,

Князя па цэрквах празвалі святым.


3

Звоняць званы над Наваградкам пудка,

Воі да вежаў імкліва бягуць,

З пылам дарожным пранеслася чутка:

Войскам вялікім тэўтоны ідуць.


Тацямі хітрымі ўпалі праз пушчы,

Гадамі злымі дрыгву прапаўзлі,

Міма заставаў чуткіх і відушчых

Выніклі раптам у сэрцы зямлі.


Фон Гетынген, сам маршалак вялікі

Вёў той набег у абшары Літвы,

З войскам імклівым, магутным, шматлікім,

Пострах для мёртвых і смерць для жывых.


Полымя грозна гудзе на прадмесцях,

Дзіды тэўтонаў дымяцца крывёй,

Мужна залога на сценах сячэцца,

Вежы падпёршы адвагай сваёй.


Лезуць тэўтоны з імпэтам зацятым,

Падаюць, гінуць, зноў лезуць на згін,

Хтосьці данёс да варогаў праклятых —

Ў замку без войска амаль Гедзімін.


Б'ецца адчайна і мужна залога,

Суткі не сходзяць ваякі са сцен.

Глуха, зацята вядзецца аблога

Без перадыху трынаццаты дзень.


Падаюць воі ад стрэл і ад стомы,

Крышацца цэгла, бярвенні трашчаць.

Сцежкі, дарожкі накрылі тэўтоны,

Вестку за горад ніяк не паслаць.


Дзень чатырнаццаты зданню крывавай,

Быццам, як нехаця, з пушчы ўстае,

Шыхтам адзіным, жалезнаю лавай

Ставяць тэўтоны харугвы свае.


Поракі лупяць у браму без спыну,

Дрэву жалеза ніяк не стрымаць,

З вежы з трывогай крычаць Гедзіміну,

Што паказалася новая раць.


Так, з-за туману харугва ўсплывае,

Моўчкі і страшна, як здань, як прывід.

Руку з двувострым мячом падымае

Князь гарадзенскі, няўмольны Давыд.


Сцены Наваградка цвёрдыя сцены,

Воля дружын гарадзенскіх цвярдзей,

Жорны крывавыя мнуць Гетынгена,

Мелюць муку з чужаніцкіх касцей.


Князь Гедзімін абдымае Давыда,

Вораг не змог уцячы ні адзін

Голаў маршалка з гародзенскай дзіды

Коціцца ў пыл пад наваградскі тын.


4

Поўніцца гулам Дайнаўская пушча,

Збеглі са страху ласі і бабры,

І на паўскрай векавечнае гушчы,

Быццам бы горад, паўсталі шатры.


Тут на паляне з паўмілі ў абсягу

Ставяць памосты, намёты, сцягі,

Лес абпінаюць вяроўчанай дзягай,

Цішу ўзрываюць гучныя рагі.


Тут па-над Каменкай, ціхай ракою

Ладзіцца пляц для вясёлых забаў,

Князь Гедзімін — валадар над Літвою

Рыцараў лепшых з паўсвету сабраў.


Будзе турнір тут для рыцараў слаўных,

Будзе забава для княжых дружын,

Драбаў літоўскіх у схопках адчайных

Бачыць ізноў зажадаў Гедзімін.


Рэюць штандарты, сцягі над палянай,

Ззяюць гярбы чужадальніх краін,

Рыцары з коней сыходзяць з пашанай,

З дочкай да панства ідзе Гедзімін.


Ліда-Бірута, дзяўчына - красуня

Мела на час той шаснаццаты год,

А ўжо пра тую княжну - прыгажуню

Песні складае ліцвінскі народ.


А ўжо да тае, да ліцвінскае кралі

Слалі сватоў з каралеўскіх двароў,

Рыцары страшныя клятвы складалі,

Кожны на вычын і смерць быў гатоў.


Ды ні на кога не кінула вокам,

Ды анікому надзей не дала,

Сэрца хавала далёка, глыбока

Вернай чамусьці, камусьці была.


Вернай была пераможнаму сцягу,

Бітвы любіла і посвіст мячоў,

Смеласць цаніла і спрыт, і адвагу,

Поспех цаніла з дзіцячых гадоў.


Словам ласкавым ці песняю звонкай

Нельга Біруту было паланіць,

Вопраткай яркай, ліслівасцю тонкай

Нельга да сэрца сцяжынку прабіць.


Ліда кахання на вецер не кіне,

Лядай не стане, счарнелай, пустой,

Ліда каханнем акрыліць мужчыну,

Ліда каханнем скіруе на бой.


Хай жа прыходзіць ён мужны і смелы,

Хай заваюе каханне ў баі,

Ліда-Бірута на драбаў глядзела,

Сэрца дзяўчыны маўчала да іх.


5

Раніцай рана рагі затрубілі,

Раніцай рана забегаў народ,

Коні іржаннем лугі разбудзілі,

Лес страпянуўся ад мрояў - дрымот


Раніцай рана над полем шырокім

Змрочныя цяжкія цені ляглі,

Сталі абапал у шыхце глыбокім

Лепшыя сцягі ліцвінскай зямлі.


З краю насупраць і гонар, і слава

Ўсіх чужаведамых грозных краін,

Некага з іх калыхала Валтава,

Некага Рэйн лашчыў плескам сваім.


Шчыльнай сцяною выходзяць тэўтоны,

Разам лівонцы жалезам грымяць,

Едуць палякі, на конях папоны

Польскай адвечнаю пыхай гараць.


Шыхтам асобным выходзяць мазоўцы,

Правіць да славы іх рыцар Андрэй,

Тарчы іскрыстыя ззяюць пад сонцам,

Ззяюць даспехі ўсіх іншых гасцей.


Князь Гедзімін і княжна на памосце,

Почат з мажлівых ліцвінскіх баяр,

Ніжай -- з-за межаў саноўныя госці,

Ніжай -- народам заняты абшар.


Быў той турнір, як спрадвеку вялося,

Добрай імпэтнай і страшнай гульнёй,

Неба не хмурыла блізкая восень,

Неба трымцела сапраўднай вайной.


Тут вам не Англія, тут не прынята

Весці драўлянымі дзідамі бой,

Рыцар ляціць з забаролам паднятым,

Моліцца ў думках любімай святой.


Драб вылятае насустрач, як вецер,

Дзіда таксама жадае крыві,

Тут не бывала турніраў без смерці ,

Тут не папраўдзе баёў не вялі.


Рыцар імперскі і драб дзікаваты

Б'юцца за славу спрадвечных багоў,

Падаюць з коней, грукаюць латы,

Звон шаламёны ідзе ад галоў.


Пара за парай злятаюцца ў полі,

Пара за парай ідуць на дзірван,

Дзіды трашчаць у жалезнай патолі,

Лопае шолам, як гліняны збан.


Меч вырываецца з похваў маланкай,

Тарчу сякеры расколвае цёс,

Падае рыцар пустою бляшанкай,

Падае побач няўдачлівы лёс.


6

Збіты тэўтоны ўжо ўсе пагалоўна,

Чэхаў адносяць да блізкіх шатроў,

Падаюць драбы ад вытаў гартоўных,

Мала на полі ўжо польскіх арлоў.


Некалькі параў злятаюцца ў полі,

Ды ён нарэшце той час настае,

Пара апошняя ў выпатнай солі

Коні стамлёныя правіць свае.


Рыцар з Мазоўшы, шэсць схопак прайшоўшы,

Стаў на заходні паляны канец,

А насупроці ў сядло як уросшы,

Драб наш ліцвінскі, які маладзец.


Сем раз выходзіў на поле ён сёння,

Сем раз са славай сыходзіў з яго,

Сем раз цяжкаю булатнай далонню

Гладзіў баяр той дрыкганта свайго.


Сем раз трапляла князёўне на вочы

Тарча са светлым Ярылы крыжом,

Сем раз тапілася ў сэрцы дзявочым,

Сем усплывала гарачым цяплом.


Драба пазналі даўно на памосце:

Князь Гарадзенскі за смеласць смялей

Дзіду кіруе ў астатняга госця.

Там за бранёю з Мазоўшы Андрэй.


Дзіды бліскнулі вароненай сталлю,

Дзіды грымнулі па тарчах чужых,

Дзіды кавалкамі долу апалі,

Рыцары міма прамчалі без іх.


Новыя дзіды ў руках, і нясуцца

Драбы насустрач удачы сваёй,

Пер'і на шоламах весела ўюцца,

Вочы з пад шоламаў блішчуць крывёй.


Тарчы гатовыя ўздрыгнуць ад выту,

Тарчы гатовы вытненне прыняць,

Досвед ваярскі гаворыць Давыду

Дзіду над тарчай варожай падняць.


Выт той прыходзіцца ў шолам каваны,

Рыцар хіснуўся ў высокім сядле,

Рухнуў з каня на дыван задзірваны,

Слугаў Давыд да падбітага шле.


Сам жа кіруе каня да памосту,

Шолам здымае і хіліць чало,

Светлага твару, магутнага росту,

Лепш за яго тут князёў не было.


Тарчу мазоўца падняўшы на дзіду

Кідае проста пад ногі княжне,

Тарчай мазоўскай палоніць ён Ліду,

Тарчай мазоўскай сумненні жане.


7

Тут не раман вам, распісваць не можна,

Колькі і як там прабегла хвілін,

Што гаварылі, ды ведае кожны -

Дочку за князя аддаў Гедзімін.


Шчэ загадаў ён, каб замак высокі

Тут быў падняты над гэтай ракой.

Князь Гедзімін углядаўся далёка,

Князь Гедзімін той зямельцы быў свой.


Тут нарадзіўся на гэтых абшарах,

Бавіў маленства свайго часабег,

Тут яго лашчыла светлая мара,

Тут яго думкі ішлі на начлег.


Што ж, вы паглянце, навокал балоты,

Землі каменьмі, як слёзьмі блішчаць,

Што тут рабіць? Толькі цяжкія боты

Ўжо пачынаюць на твані ступаць.


Сотні палонных, нагнаныя з прусаў,

З Пінску таксама палонных тут шмат,

Гоняць рабоў і з татарскіх улусаў,

Топча іх сёння ліцвінскі дрыкгант.


Каменю мноства і вапну ў кадушках

Цягнуць сюды праз адвечны дзірван,

Рушаць балоты і забалаць рушаць,

Землю ўспрымае высокі курган.


Сцены ўзрастаюць з кургана паволі

Блішча вадзіца ў глыбокіх ірвах,

Замак і горад па княжае волі

Дадзены Лідзе-Біруце ў пасаг.


Месца пустэчай пакуль што зіяе,

Рэдкі да неба ўзвіецца дымок,

Ціха - паціху аднак вырастае

Вежа на локаць, а побач дамок.


Замак расце, праслаўляючы Ліду,

Горад навокал паціху стае.

"Ліда" — назоў той, як вострую дзіду

Ўбіў Гедзімін у абшыры свае.


"Ліда" на гонар княгіні дачушкі,

"Ліда", як тарча ліцвінскай зямлі,

"Ліда" для прашнураў вечна відушчых,

"Ліда", каб вечна ліцвіны жылі ...


Ліда жыла на Гародні тым часам

Сына насіла пад сэрцам ужо,

Ліда ў Гародні бывала сам-на-сам

Хоць не бывала Гародні чужой.


Толькі любіла абшары Дайновы,

Толькі свой горад наведвала ў снах,

Лідзе ад Ліды ласкавыя словы

Ветрык заходні імчаў па начах.


8

Зноўку грукочуць па бруку падковы,

Вершнік ляціць, нібы голуб з нябёс,

Тут не старое нікога, не нова,

Вестку цяжкую ў Гародню прынёс.


Пскоў аблажылі лівонскія таці,

Бацька Давыда за князя там быў,

Вестку адолеў да сына падаці,

Весткай ад сына падмогі прасіў.


Падаюць вёрсты пад ногі дрыкгантаў,

Лес прарастае ліцвінскай стралой,

З ёлак спадаюць амшалыя транты,

Стогнуць амшары пад конскай нагой.


Вершнікі пруць ад Гародні далёкай,

Вершнікі — страшны Пярунавы выт,

Вершнікі — грозны арлінавы клёкат,

Вершнікі ... з імі князь грозны Давыд.


Пскоў быў апрануты ў добрыя сцены,

Пскоў быў вядомы адвагай сваёй,

Горад — крывіцкай зямелькі насенне,

Горад, што братам павінен быць ёй.


Горад не лёг пад лівонскую дзіду,

Горад, як вечна вялося, стаяў ...

З лесу паўсталі харугвы Давыда,

Вершнік срабрысты на сцягах заззяў.


Палі, як ноч на асенняе дніска,

Палі, як смерць на старэчую плоць,

Палі, як дождж на стамлёны агніска,

Палі, каб секчы, дзяўбці і калоць.


Гэта было не пад сілу лівонцам,

Горад і сцены, так, гэта адно,

А за шчытамі ліцвінскімі сонца

Ўжо залацілася даўным - даўно.


Тут без гаворкі вядзецца размова,

Тут без пытанняў адказы даюць,

Меч варанёны — апошняе слова,

Стрэлы жалобную песню пяюць.


Леглі лівонцы пад сілай Гародні,

Рэе з Пагоняй над горадам сцяг,

Пскоў вялічае ліцвінаў сягоння,

Сын у Даўмонта сягоння ў гасцях.


Добра пры бацьку, усцішна і ўтульна

Ласка, і гонар, і шчасце для ўсіх,

Ласкавы погляд сясцёр і матулі,

Ласка і шчасце і ў думках тваіх.


Ласка і шчасце, ды гэта на сёння,

Гучна дрыкганты іржуць на дварэ,

Кліча, гукае на князя Гародня,

Сына ад бацькі Гародня бярэ.


9

Снег адкаціўся з пагоркаў пясчаных,

Травы рванулі на светлы прастор,

Рэкі ільду разарвалі кайданы,

Дрэвы прымерваюць зелені ўбор.


Гразь падсыхае на прускіх балотах,

Трубы гудуць у кастэлях штодзень,

Рыцарскіх тарчаў гарыць пазалота,

Зноў да вайны падрыхтоўка ідзе.


Зноў падыходзяць з крыжамі аддзелы

З дальніх і бліжніх нямецкіх краін,

Зноўку крывёю вясна забарвела,

Зноўку нашэсця чакай Гедзімін.


Немца - віжа захапілі ў Гародні,

Шмат расказаў, хоць хацеў - не хацеў.

Рыцары ў бітву не пойдуць сягоння,

Шчэ з Брандэнбурга аддзел не паспеў.


Што ж не паспеў, то і больш не паспее,

Горадня коней сядлае ізноў,

Захад крывавым заходам барвее,

Захад гудзе ад жалезных падкоў.


Ляснулі брамы жалезам запораў,

Выпалі ў ноч сотні грозных баяр,

Віж быў крыжацкі затрыманы ўчора,

Заўтра на Прусіі ўспыхне пажар.


Конныя сотні нырнулі ў дубравы

Борам пайшлі, па зялёных гаях

Міма мазураў, па землях судаваў

Міма кастэляў прайшлі па начах.


Іх у Берлін не чакалі з візітам

Рыцары спалі ў багатых шатрах

З коней здарожаных, потам пакрытых,

Рухнула смерць на двувострых мячах.


Табар крыжацкі ўскіпеў на хвіліну,

Рыцары ўсталі, каб легчы навек,

Ім не дайсці да краіны ліцвінаў,

Ім на Гародню не зладзіць набег.


Сонца заззяла на тарчы Давыда,

Меч узлятае ў магутнай руцэ,

Горад з налёту падняты на дзіду,

Горад Берлін, што на Шпрэі - рацэ.


Спалены вёскі, мястэчкі, прадмесці,

Граф Брандэнбургскі ў фартэцы засеў,

Што ж, і іх помста дастала нарэшце,

Жаць мусіць тое, што сеяць хацеў.


Збіты абшар брандэнбургскі да звання,

Кожнай вайны непахісны закон,

Драбы між енкаў, і слёз, і літанняў

Гоняць вялікі ў Гародню палон.


10

Край Мазавецкі прыціх неспакойна,

З захаду грозны ўваходзіць загон,

Моцны адвагай і сілаю збройнай

Гоняць ліцвіны нямецкі палон.


Князь мазавецкі тэўтонам прыхільны

Біцца з Літвою не хоча: "Бронь, Бог!",

Кліча Давыда на замак гасцінна

Смагу спатоліць куравых дарог.


Мусіць заехаць Давыд на хвіліну,

Сёння не трэба з Мазоўшам вайны,

Мусіць падняць за мазураў браціну,

Мусяць падняць за ліцвінаў яны.


А за сцяною мазурскай бажніцы

Гандаль кіпіць ужо княжай душой,

Здрады прадажнай смырод тут курыцца,

Здрады рыхтуюць смяртэльны пакой.


Тут прытаіўся тэўтонскі пасланец

І ўжо знаёмы нам рыцар Андрэй :

— Гэта апошні, адзіны твой шанец,

Не прапусці пагаджайся скарэй.


Церам гудзе ад застолля хмяльнога,

Кубкі плывуць, як ладдзі па рацэ,

А за спіной за шаўковым палогам

Здрада з паднятым мячом у руцэ.


Меч апусціўся на спіну Давыда,

Чорную справу забойца зрабіў,

Падае сам над ліцвінскаю дзідай,

Толькі ён князя, ён князя забіў.


Помста ўскіпела на дзідах дружыны,

Вёскі мазоўцаў зайшліся ў агні,

Нішчаць і паляць за князя ліцвіны

Хочаш малі тут, а хочаш кляні.


Вестка жалобная Ліду застала

Ў замку Гародні над Нёмнам-ракой,

Мужна жанчына няшчасце спаткала,

Мужнай была, засталася такой.


Князя адпелі ў спрадвечнай Каложы,

Ў склепе труна пад царквою стае,

Князь і адгэтуль зямлі дапаможа,

Імем і славай заступіць яе.


Горад да князя ў апошняй пашане

Лідзе мазурскі палон аддае,

Ліда з Гародні на самым світанні

Ў Ліду вырушвае коні свае.


Гоняць палон праз лясы і балоты,

Гоняць пад грукат схмурнелых нябёс,

Гоняць праз суш і ліцвінскую слоту

Гоняць пад цяжкі бязлітасны лёс.


11

Князь Гедзімін меў жалезную волю,

Словаў на вецер нідзе не кідаў,

Колькі гадоў як на рыцарскім полі

Замак узносіць сказаў - загадаў.


Вірам віруе наўсцяж наваколле,

Коні і людзі з прылеглых палёў

Камень цягаюць і рукі мазоляць

Насыпам грозных высокіх валоў.


Кіеўскі майстар кіруе будоўляй,

Хлеб зарабляе і волю сваю,

Пінскія енцы з палоннаю доляй

Рыюць кратамі рудую зямлю.


Спраўна над Каменкай пляцы трамбуюць

Сыплюць і сыплюць каменні ў валы,

Выглядам прускіх кастэляў будуюць

Замак ахову для гэтай зямлі.


Вежу ўздымаюць, каб бачыць далёка

Кожны варожы дымок ці штандар,

Сценамі двор апінаюць шырока,

Ладзяць вялікі закрыты абшар.


Вось ужо зрубам абнеслі крыніцу,

Тут для залогі з дастаткам вады,

Хопіць і людзям і коням напіцца,

Хоць ты аблогу цягні на гады.


Ладзяць у вежах царкву і збраёўню,

З мечам і Богам даводзіцца жыць,

Год не праходзіць без бітваў і войнаў,

Мір цецівою напятай дрыжыць.


Ладзяць скляпенні для вязняў і енцаў,

Клеці для розных камораў, збажніц,

Гожыя шкельцы гараць у акенцах

Будучых княжых пакояў-святліц.


Князь Гедзімін добра ведае мэту,

Што для чаго тут павінна служыць

Ад Наўгародка замак жа гэты

На паўдарозе да Вільні стаіць.


Двор унутры не дарэмна вялікі

Будзе без нейкіх будынкаў гуляць,

Будзе гатовы аддзелаў шматлікіх

Некалькі разам за сцены прыняць.


Будзе гатовы з прылеглых ваколіц

Люд прыхаваць на выпадак бяды,

Голад і смагу схаваных спатоліць

Хлеба кавалкам ды кубкам вады.


Будзе ён цэнтрам ліцвінскага краю,

Будзе апорай абедзвюх сталіц ...

... Рупна каменні на сцены цягаюць,

Рупна выкладваюць рэзы байніц.


12

Велеса свята святкуюць ліцвіны,

Марна на цэркаўцы бухае звон,

З раніцы рана прыгнала княгіня

З Горадні ў Ліду мазурскі палон.


Сёння прыносяць ахвяры ліцвіны

Велесу - богу авец і кароў,

Сёння забытых багоў успаміны

Зноўку абмые ахвярная кроў.


Сёння яны зноў на суткі паганцы,

Прашчураў памяць кіруе закон,

Бухай ты там у пустой ліхаманцы

Вуху ліцвінскаму збрыдзелы звон.


Сёння ж уладу над духам народу

Велес трымае падземны пастух,

З Велесам ладзіць парозум і згоду

Горды і смелы ліцвіншчыны дух.


Ліда-Бірута паспела на свята,

Ноччу без спыну ішлі і ішлі,

Раніцай лесу разбегліся шаты,

Бітыя сцежкі пад ногі ляглі.


Ліда глядзела здалёк на будоўлю,

Колькі рабочых яна прывяла,

Памяць Давыда крыштальнаю соллю

Свежаю ранай на сэрцы пякла.


Ліда глядзела здалёк на будоўлю,

Будуць мазуры даводзіць муры,

Памяць Давыда зняміраным болем

Свежымі ранамі ў сэрцы гарыць.


Ліда глядзела здалёк на будоўлю,

Гулка над цэркваю бухае звон,

Ліда без словаў жалезнай далонню

Правіць да берага рэчкі палон.


Велеса свята святкуюць ліцвіны,

Велесу рэжуць авец і кароў,

Хай жа ён прыме вялікай данінай

Гэтых мазураў ахвярную кроў.


Грозна бліснулі мячы над ракою,

Хвалі барвовымі сталі праз міг,

Велеса Ліда прасіла крывёю

Князя прыняць на ўладаннях сваіх.


Целы сказала пакідаць у рэку,

Доўга яны аж, да Нёмна плылі,

Так паступіла, як з даўняга веку

Тут паступалі на гэтай зямлі.


Бухае звон недзе ў замку без спыну,

Бухае ў скроні пралітая кроў,

Велеса свята святкуюць ліцвіны,

Велесу рэжуць авец і кароў...


Завяршэнне

Кроў адцякла пад балтыйскія хвалі,

Рэкі мяняюць імёны свае,

Каменку рэчку Лідзейкай назвалі,

Каменкай стаўся прыток да яе.


Горад паўстаў па-над плынню Лідзейкі,

Лідай названы быў з лёгкай рукі,

І зашумелі над Лідай калейкай

Грозных падзеяў стагоддзі - вякі.


Тут балявалі Ягайлы вяселле,

Тут сам Вітаўт неаднойчы бываў,

Ханы татарскія часта сядзелі,

Хто на Ардзе заставаўся без спраў.


Замак трымаў за аблогай аблогу,

Зубы ламалі чужынцы аб мур,

Ліда заўжды пасылала падмогу

Горадні, Вільні і краю ўсяму ...


-- Сёння, ты бачыш, ізноў мы ў аблозе,

Цісне за горла імперцаў пятля,

Сёння ізноў мы на іхняй дарозе,

Сёння з-за іх нам не бачна святла.


Толькі бруіцца, як колісь Лідзейка,

Замак, як колісь над Лідай стаіць,

Толькі, як колісь, раджае зямелька

Тых, хто здалее яе бараніць.


Толькі як колісь цяжкою хвілінай

Грукат Пагоні па Лідзе чуцён

Менску, Гародні і цэлай краіне

Лідскі набатны адказвае звон.


Лідскія сцягі лунаюць заўсёды

Там, дзе на край наш ірвецца бяда.

Вечнасць сцякае ў Лідзейчыны воды,

Вернасць краіне аднак не вада.


Вернасць краіне, як мур таго замка,

Цвёрда, амшала стаіць над дрыгвой,

Вернасць краіне не спаліць маланка,

Вернасць не выесца рыжай іржой.


— Так што, не падай жа духам, васпане

Глянь нараджаецца новы народ,

Глянь пачынаецца духу паўстанне,

Драбы рыхтуюцца ў новы паход.


Мы адваюем свой край у чужынца

І адсвяткуем свой Велеса дзень,

З нашых спрадвечных амшалых дзядзінцаў

Моладзь на бой за Айчыну ідзе.


Моладзь паўстала за край і за мову,

Лідскія хлопцы штандары бяруць,

І нараджаюцца мужныя словы:

— Ліда жыве, то жыве Беларусь!

29.05.1998 г.


Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча

Міхайла Гілігінавіч - ваверскі баярын, удзельнік Грунвальдскай бітвы. Адзіны вядомы рыцар Лідскай харугвы, які вярнуўся з-пад Грунвальда жывым. У 1413 годзе пабудаваў у Ваверцы касцёл.


Ціха, мірна ў Лідскім замку,

Ды наўкола грозна,

Сытна, цёпла ў Лідскім замку,

Ды вакол марозна.


Зноў кігічуць пудка чайкі

Над Варажскім морам,

Зноў збіраюцца крыжакі

Ды вялікім зборам.


Не паспела ўскаласіцца

Жыта на абшарах,

Не паспелі загаіцца

Раны на баярах,


Зноў вайна грукоча ў дзверы,

І няма спакою,

Зноў за дзіды і сякеры

Брацца талакою.


Ды краіна ўжо не тая,

І не тыя людзі,

І крыжакаў злая зграя

Болей іх не пудзіць.


Бо стаіць над стольнай Вільняй

Князь Вітаўт скалою,

І ад Жмудзі да Валыні

Грозна ўсталі воі.


Кіеў, Бранск, Смаленск, Чарнігаў -

Пад літоўскім сцягам,

Наўгародцы склалі ціха

Вітаўту прысягу.


Не кігічце ж вы там чайкі

Над Варажскім морам,

Не пужайце вы нас чайкі

Гібеллю і горам.


Як вам чайкі не лятаці

Над Літвы лясамі,

Так нас болей не спужаці

Чорнымі крыжамі.

* * *

Заклубіўся пыл далінай

Ды пад капытамі,

Што нясуць нам за навіну

Коннікі з мячамі?


Праз Вавёрку вершнік гоніць -

Меч над галавою,

Знак Літоўскае Пагоні

Ён нясе з сабою.


Да баярына Міхайлы

Панабеглі людзі:

- Божа, Божа! Што дзе стала?

- Божа, што дзе будзе?


Гілігінавіч-баярын

Выйшаў за вароты,

На высокі, гонкі явар

Кінуў зрок употай.


А той явар, як каменны -

Ліст не варухнецца:

- Так і мне трымаць нязменна

За Вітаўта сэрца.


Збор быў рупны, збор быў споры

Почата ў дарогу,

І, з жалеза ўздзеўшы ўборы,

Шыхт трымаўся строга.


Плачуць жонкі, плачуць дзеці,

Плача ўся Вавёрка:

- Вы куды, куды ідзеце?

- Горка нам, ой, горка.


- Мы ідзём у замак Лідскі,

Дзе збіраюць вояў,

А пасля за свет няблізкі

Біцца з немчурою.


- Рана плакаць вам, матулі,

Рана плакаць, дзеці,

Бог магутны нас атуліць

Ад бяды і смерці.


- Мы ўсёй сілаю збяромся,

Каб было не мала,

Мы мячамі адаб'ёмся

Ад ліхой навалы.

* * *

Замак Лідскі, замак слаўны

Браму адчыняе,

Кашталян там пільна, спраўна

Вояў аглядае.


Пазбіраліся баяры

Ад двароў і весяў,

Грозны воблік грозных твараў

З-пад шаломаў свеціць.


На Гародню воі тыя

Рушылі паходам -

Конна шыхты баявыя,

Слугі на падводах.


І ў Гародні не стаялі,

Каб задоўга вельмі,

Неўзабаве ўжо ступалі

На чужыя землі.


Поле бітвы ля Дуброўны

Выбіралі самі,

Тут да бою кожны роўны,

А пасля - Бог з намі.


Пад харугваю з Пагоняй

Ліда ўся стаяла,

Хутка-хуценька зазвоняць

Тут мячы па сталі.


Бой пачаўся, цэнтр грукоча,

Крыжакі пруць валам,

Адступаць ніхто не хоча,

Толькі сілы мала.


Да баярына Якуба

Мчыць ганец ад князя:

- Цэнтр закрыць, бо будзе згуба,

Перамесяць з граззю!


І рванулі ў бой лідзяне -

Лёс на Божых вагах,

Меч двувостры - вось твой шанец,

А яшчэ адвага.


Не хіснуліся тэўтоны,

Пруць далей таранам,

А ліцвінскія калоны,

Хто палёг, хто ў ранах.


Ад лідзян няма паловы,

Не хапіла долі,

Леглі буйныя галовы

На Грунвальдскім полі.


Ледзь-наледзьве выйшлі з бою,

Да ляска прастуюць,

Ну а там між рэдкіх хвояў

Зноў рады шыхтуюць.


Князь Вітаўт узрос на войнах,

Славу знаў, паразы,

Ды заплаціць ён тэўтонам

Сёння ўсё адразу.


Вось крыжакі ў табар лезуць,

Шыхту не трымаюць,

А ліцвіны з пералескаў

Поле заступаюць.


І як рынулі ў атаку

Грознымі шыхтамі,

Закруціліся крыжакі

На агні вужамі.


Сам магістр заўважыў гэта,

Рынуў на падмогу,

Ды ліцвін убачыў мэту,

Згледзеў перамогу.


Меў магістр даволі сілы,

А ліцвіны духу,

І глушылі, і валілі,

Церлі ў пацяруху.


Гілігінавіч Міхайла

Цэл, і жыў, і б'ецца,

Крыжакоў сякерай валіць

І мячом сячэцца.


Як з нябёс Святы Міхайла,

Ён тут Божай карай,

І нічога не трымала

Страшных тых удараў.


Ззяюць вочы грознай іскрай,

Перуном з-пад хмараў,

Вылятае на магістра

Ваверскі баярын.


Што ж магістр магутны ў сечы

І бранёй пакрыты,

А Міхайла гахнуў мечам -

Падае забіты.


Грымнуў цяжка, бразнуў шолам,

Аб камень закрэсіў,

А Міхайла - тарчу з долу,

Да сядла прывесіў.


І памчаўся ў бітву далей,

Не сказаўшы імя,

І пра вычын яго зналі

Толькі між сваімі.


Летапісцы ўпішуць хітра

Ў вечныя аналы,

Што забіў таго магістра

Нейкі вой удалы.


І застанецца вякамі,

Рыцар безымянным,

Толькі мы то знаем з вамі,

Чый той вычын слаўны.

* * *

Бітва скончана цяжкая.

І вайна - за ёю.

Князь паволі адпускае

Да сядзібаў вояў.


І Міхайла наш прыехаў

У сваю Вавёрку,

Стаў для ўсёй радзіны ўцехай

Той хвілінай горкай,


Бо палегла надта многа

З ваверскай дружыны,

І глядзелі вельмі строга

На яго жанчыны.


Што ж жывым прыйшоў Міхайла

З той вайны цяжкое,

Богу дзякаваў нямала

Ён з нагоды тое.


І сказаў ён у Вавёрцы

Косцел будаваці,

Каб маглі там усе людцы

Бога шанаваці.


Як канец будоўлі бліжаў,

То тады памалу

Белу тарчу з чорным крыжам

Выцягнуў Міхайла.


Над дзвярыма ў тым касцёле

Добрымі цвікамі

Прыбівалі з Божай волі,

Каб яна вякамі


Тут вісела і казала

Злым і добрым людзям,

Што са злыднямі бывала

І што далей будзе.

* * *

Час сышоў. Няма Міхайлы.

І касцёл з гадамі,

Асядаў у дол памалу,

Абрастаў імхамі.


Крыж на тарчы з'ела сонца,

Тарча бляхай стала

І згубілася ў бясконцых

Войнах і навалах.


Не мінула ж, пэўна, нечых

Клапатлівых рук,

Высек засланку да печы

Ваверскі дзяцюк.


Часам здарыцца, сярдзіта,

Быццам незнарок

Тарча велькага магістра

Бразне аб гаршчок.


Загучыць тады заспалы,

Глухаваты звон,

Ды нікому пра Міхайлу

Не напомніць ён.

2010 г.


Тодар з Нарбутаў Лідскіх

Толькі Лідскі павет са сваёй найбагацейшай гісторыяй мог даць свету такога неардынарнага гісторыка як Тодар Нарбут.


О, Лідскі край, табою ганаруся,

З слязой на воку Бог цябе стварыў.

Не ведаў свет ніякай Беларусі,

А пра цябе з пашанай гаварыў.


Стаяла Ліда між балот Дайнаўскіх,

Сачыла царстваў лёт і заняпад,

Збірала ў песнях і чароўных казках

Хады стагоддзяў адмысловы лад.


Раслі тут людзі, як дубы на ўзлессі,

Снавалі душы аўру той зямлі,

З сабой з народзінаў лідзяне неслі

I тое, пра што ведаць не маглі.


Але збіраліся, як хмары ў паднябессі

Стагоддзяў дзеі ў памяці людзей,

Пакуль магутны лёс ім не накрэсліў,

Хто стане летапісцам тых падзей.


I ён прыйшоў, нашчадак слаўных родаў,

Чые пад Грунвальдам не сцерліся сляды,

Каб расказаць уласнаму народу

Пра слаўныя і мужныя гады.


Ён Остык-Нарбут вырас з тых курганаў,

Што крыве прысвячалі ў дар багам

У час, што называе ксёндз паганым,

I што заўсёды быў наймільшы нам.

*

Як любім мы дзяцінства свайго годы,

Якімі б цяжкімі не выйшліся яны,

Дзяцінства любяць роднага народа,

Народа тога верныя сыны.


Палонны край цягнуў ярмо галечы

Захопнік ладзіў тут сваю турму,

Але ў мінуўшчыне нам край быў вечны,

I ў будучым быць вечнаму яму.


Нам прышласці не дадзена спазнанне,

Ды нешта ведаць можам мы з яе,

Яна заўжды была адлюстраваннем

Мінуўшчыны, як сутнасці свае.


Чаму "Гісторыі літоўскага народа"

На Лідчыне спадобіў Бог саспець?

Таму, што тут спрадвечная прырода

Ліцвінскай нацыі здалела ацалець.


Тут вёску перайдзі з сярэдзіны да краю,

I пройдзеш па стагоддзях напрасткі,

У прозвішчах Дайнава паўсплывае,

I кельты загамоняць праз вякі.


Тут зажурбоча рэчка па-яцвяжску,

I па-нальшчанску зашуміць лясок,

Гара прастогне нешта па-варажску,

I па-судаўску памаўчыць пясок.


Тут след глыбокі ад славянаў-гудаў,

I крывіч у тым краі не чужы,

Дзяржаўнай воляй, а не нейкім цудам

Плямёнаў спадчыну ліцвін спажыў.


Плямёны тыя меўшы за карэнні,

Магутны ствол ліцвіншчыны паўстаў,

А Нарбуту ўсяго што разуменне

Бог гэтай велькае сапраўды даў.


Ён ведаў вельмі, вельмі, вельмі многа,

Да тога і дагэтуль не дайшлі...

... Для следапыта розныя дарогі

Бываюць на спакуслівай зямлі.


Ёсць шлях шырокі, статкам пратаптаны,

Гасцінец біты, хоць яйцо каці,

А для адной сапраўдай апантанных,

Бывае, што і сцежкі не знайсці...

*

Паўстанне збіта, край наш здратаваны,

Маскаль, як крук, крумкоча: "На вякі",

А дзесь на вёсцы, Богам занядбанай,

З пяра сцякаюць вольныя радкі.


Прывозяць кронікі да Нарбута з паўсвету,

Знаходкі шлюць, як памяткі вякоў,

Бо так патрэбны загібелым гэтым

Ваколіцам хоць некалькі радкоў


Пра іх багоў, што край той ахіналі,

Пра прашчураў, што верылі багам,

Пра іх князёў, што грозна выязджалі

З-пад старажытных невядомых брам.


Пра тыя гарады, што зніклі назаўсёды

Пра смелых думак нецугляны лёт,

Пра велічнасць забітага народа,

Які забыў, што ён і ёсць народ...


... Шаўры не Вільня, нават, не Варшава,

Не цэнтр культурны, што ні гавары,

Ды піша Нарбут, і сюда рухава

Збягаюцца і хлопы, і цары...


...I пазяхнуўшы з забыцця выходзяць

Альгерд, Кейстут, Вялікі Гедзімін,

Вітаўт ізноў над краем верхаводзіць,

I зноў тут гаспадарыць сам ліцвін...


Пра бітвы піша, пра здабыткі нашы,

Што за сахой усходзяць на раллі,

Што нам давалі сенажаці, пашы,

I што праз злыдняў так і не далі.


... Яшчэ балонкі не дайшлі да друку,

А ўжо яны ў свядомасці людзей,

Яны нясуць дзяржаўную навуку

I грунт для светлых заўтрашніх надзей.


Раслі тамы пакрэсленай паперы,

А побач дзеці Нарбута раслі,

I прарастала між народу вера

У велічнасць бацькоўскае зямлі


Як грымне гром наступнага паўстання,

I зноў за край падымуцца сыны,

Не гледзячы на імя і празванне,

Сынамі Нарбута ўсе стануцца яны.


... Раз атрымалася што ў лютай сечы

Клінок казацкі хлопца ледзь не зжаў,

Рассек заплечнік, ды не змог рассекчы

Том Нарбута, што ў тым мяшку ляжаў...


Так том гісторыі збярог хлапчыну,

Ды гэта будзе звужаны пагляд,

Тым творам Нарбут абярог Айчыну,

Якую пляжыў іншаземны гад.


На поплаве, стаптаным капытамі,

Аж чорна ўсё, ды толькі недзе там,

Нашмат глыбей, пад конскімі нагамі,

Жыве карэньчык недаступы нам.


Табун паскача, цёплы дождж прыльецца,

I глянь-паглянь, сыходзіць колькі дзён,

З-пад чарнаты ізноў трава бярэцца,

Зямной бранёю прарастае дзёрн.


Ляжаць тамы, зрэдчас хто возьме ў рукі,

Не крытыкнуць не зможа не адзін,

Вядома ж, што далёка ад навукі,

Ад сённяшняй, той Нарбут паблудзіў.


Ды толькі здарыцца, калі, бывае,

У Начы да магілы падысці,

I новымі пачуццямі ўсплывае

Душа незачарствелая ў жыцці.


Стаім мы перад велічнай магілай,

Пігмеі дробненькіх адкрыццяў і ідэй,

А ён, тытан, з магутнай сваёй сілай

I з-пад зямлі кіруе і вядзе.


Даў Бог краіне вольную навуку,

Гісторыкамі тут хоць гаць гаці,

Ды з іх да звання Тодарава ўнука

Не кожнаму надарыцца дайсці...

*

О, Лідскі край, каб толькі ты і здолеў,

Што даць нам Нарбута, дык, нават, і тады,

Ты заручыўся б шчыраю любоўю

Дзяцей тваіх на вечныя гады.


Балада пра апошняга ліцвіна

Вялікі беларускі вучоны, рэктар універсітэта ў Сант-Яга дэ Чылі, лідскі шляхціц, удзельнік паўстання 1831 года Ігнат Дамейка пасля больш чым паўстагоддзя эміграцыі ў 1887 годзе наведаў радзіму. Дамейка выступіў у Кракаўскім Ягелонскім ўніверсітэце, дзе яму ўладаю імператара Франца Ёзафа І была нададзена годнасць ганаровага доктара медыцыны. У дыпломе ўказана нацыянальнасць Ігната Дамейкі "ліцвін". Гэта адзін з апошніх выпадкаў афіцыйнага пісьмовага прымянення ў адносінах да беларусаў нацыянальнага вызначэння "ліцвін". Праз чатыры гады (1891) ў тым жа Кракаве выйдзе "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча, дзе ўжо тэрміны "Беларусь", "беларуска мова", пададзены як асноўныя для нашага народа.


У гулкіх нефах слаўнай альма-матар

Славянскіх геніяў у многіх пакаленнях

Далёкай Чылі "Грандэ адукатар"

Сягоння мае мовіць спавяшчэнне.


З далёкай Чылі? Так цяпер здалёку,

А некалі, як мы былі краінай,

Дамейкаў род раскінуты шырока

На Беларусі цвіў і не адной галінай.


Як шмат чаго сплыло, сцякло, не стала,

Сыходзіў век адчайнага змагання,

Літва Вялікая, як свечка, дагарала,

Крывёю сцёкшы ў трэцяе паўстанне.


Рэч Паспалітая, парваная на часткі,

Ахутана жалобнаю смугою,

І слаўны пястаўскі Вялікі Кракаў

Прыгнуты цяжкай Габсбургаў рукою.


Ды Ведаў Храм, закладзены Ягайлам

Ці пры Ягайлу, хто там добра знае,

Не пахіснуўся, выстаяў навалы

І славу па славянстве пашырае.


Вучонасць расчынілася ў паветры,

Тут дактароў сабралася нямала,

Якім, сцяжынаю з няволі нетраў

Дарога да навукі пралягала.


Нічым нікога тут не здзівіш вельмі,

Ды той на кафедру ўзыходзіць чынна,

Хто паўстагоддзя на далёкіх землях

Агонь навукі раздуваў няспынна:


- Шаноўныя панове прафесоры!

Гавораць сёння ў гэтай слаўнай залі

Далёкіх Андаў веліканы-горы

І акіяну веліканы-хвалі...


Ігнат Дамейка - рэктар у Сант-Яга,

Адкрыццяў за век доўгі - не злічона,

І зала ўся заціхла ад увагі

Ці ад павагі перад ім - вучоным.


... - Шаноўныя панове прафесоры!

Навука сёння больш не знае межаў,

І тое, што адкрылі дзесь за морам,

Усім і кожнаму вось тут належыць.


Я веру, што мае адкрыцці ў Чылі

Паслужаць людзям на маёй радзіме,

Хоць на Літве мяне даўно забылі,

Яе з душы ў мяне ніхто не выме.


Хай кажуць мне, што ўжо Літва сканала

І для яе забыцце - лёс адзіны,

Ды тое да мяне датычыць мала,

Літва жывая, покуль ёсць ліцвіны..."


... Авацыі разлегліся па зале,

А імператара высокай воляй,

"Honoris causa" званне яму далі,

Прызнаўшы відную ў навуцы ролю.


І ў тым дыпломе запісалі словы,

Каб свет сумненні ўсе пакінуў,

Класічнаю лацінскай мовай:

"Ігнацыю Дамейку" і "ліцвіну".

*

Нядоўга цешыўся з дыплома тога,

Меў век паважны, і нягод хапіла,

Ды толькі слова значыць вельмі многа,

Яно нам праўду пра сябе адкрыла.


Нам пра "тутэйшых" баялі са смехам,

Якія нацыі свае не зналі.

Дамейка ж паказаў, як мы без спеху

З ліцвінаў беларусамі ставалі.


Мой дзед-ліцвін ляжыць на Бажантарні,

А побач бацька-беларус: і згода...

Нас не змыліць хлуснёю ці маўчаннем,

Мы ўспомнілі ў стагоддзях радаводы.


Мы больш не схілім шыю ў паняверцы,

Мы болей не дамо сябе сагнуць.

Літву Вялікую трымаем моцна ў сэрцы,

Каб дзецям здаць вялікай Беларусь.

2008 г.


ПЕРАКЛАДЫ

Ян Чачот. Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года

Ян Чачот – беларускі паэт і фалькларыст, сучаснік і сябр Адама Міцкевіча. Пісаў па-беларуску і па-польску. Напісаў шэраг баладаў. Выдаў 6 фальклорных зборнікаў, каля 1000 песень, у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Аўтар шэрагу іншых твораў і сярод іх 55 ба-ладаў на польскай мове: "Спевы пра даўніх ліцвінаў". Гэтыя "Спевы..." вартыя ўвагі ўжо тым, што ў савецкіх энцыклапедыях яны не згадваліся, як бы і не існавалі зусім. Ну і, вядома, чытачу яны былі недаступныя.

У 1989 годзе Яніна Кажэняяўскене пераклала гэтыя балады на летувіскую мову. У 1994 годзе ў Летуве балады выйшлі асобнай кнігай на польскай і летувіскай мовах.

У 1996 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" выйшлі 24 балады "Спеваў..." у перакладзе Кастуся Цвіркі. І адразу стала зразумела, якому ж народу належаць гэтыя творы. Яшчэ сам Чачот казаў Міцкевічу, што ён вельмі хацеў бы, каб яго балады заспяваў народ. І заспявалі. Заспявалі, менавіта, беларусы. Газета ТБМ "Наша слова" надрукавала частку нотаў "Спеваў...", напісаных рознымі бела-рускімі кампазітарамі. Я паводле ўзгаднення з Кастусём Цвіркам пераклаў астатнія 31 баладу. 16 з іх былі надрукаваны ў часопісе "Ад лідскіх муроў". У 2004 годзе Васіль Ліцвінка выдаў кнігу "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года" Яна Чачота 1842 - 1844 гадоў. Гістарычны эпас беларусаў", дзе змешчаны ўсе 55 баладаў з нотамі. Музыку ўжо да ўсіх балад напісалі беларускія кампазітары, якіх арганізаваў да працы Васіль Ліцвінка. Балады пачалі спяваць розныя беларускія калектывы і выканаўцы.

Беларусь мае найбагацейшы і найарыгінальнейшы геліяцэнтрычны эпас, заснаваны на глыбінным ведычным разуменні жыцця. Таму нашым прашчурам не было патрэбы ў стварэнні гістарычнага эпасу ў звыклым выглядзе, але нашая гісторыя мае вялікую колькасць гістарычных асобаў і герояў. Ян Чачот, грунтуючыся на "Кроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі" (1582) Мацея Стрыйкоўскага і "Гісторыі літоўскага народа" (1835 - ) Тодара Нарбута фактычна стварыў гэты эпас у выглядзе 55 балад пра гістарычных дзеячоў старажытнай Літвы. Героі балад, як рэальныя гістарычныя дзеячы, так і выдуманныя. Але ўсё разам гэта мастацкія творы, 55 гістарычна-мастацкіх мініяцюраў.

Кроніка Стыйкоўскага мае ў аснове жамойцкую версію ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Але ў Чачота ад яе засталося ўжо няшмат. А тыя балады жамойцкай тэматыкі, што ўвайшлі ў "Спевы..." ніякай жамойцкай версіі не прытрымліваюцца, а адлюстроўваюць жамойцкія фрагменты нашай супольнай гісторыі.

У гэты зборнік дзеля паўнаты ўяўлення пра твор Яна Чачота ўключаны ўсе 55 баладаў Яна Чачота ў перакладзе Кастуся Цвіркі і маім, праўда, без нотаў.

Станіслаў Суднік.


І. ПРА КЕРНА [1], 1040 г.

Перш, чым ясна сонца ўзойдзе,

Ноч зямлю захіне,

Перш, чым скажуць аб народзе,

Ён у цемры гіне.

Так Літвы імглою скуты

Дзеі тых стагоддзяў,

Ды ад Керна і Гімбута[2]

Нам святло даходзіць.

Кернаў[3] Керн узводзіць будзе

Побач Віллі-рэчкі,

Керн Літве, а Гімбут Жмудзі

Лад далі адвечны.

Перуна[4] тут шанавалі,

Зніч-агонь палілі,

Дзікай мужнасцю буялі,

Смела ў бой хадзілі.

Аж да Полацка ў Падзвінні

Людства ваявалі,

Латышы ўзамен ліцвінаў

Дома рабавалі.

Па вяртанні ўлёт напалі

На чужых ліцвіны

І нявольнікаў пагналі

Пад свае хаціны.

Керн у грознай бітве згінуў,

Люд аплакваў страту,

Ён нашчадкаў не пакінуў,

Акрамя Паяты[5].

На Дзяволтве[6] пахавалі,

На гары. Дубочкаў

Там дубраву насаджала

Ля магілы дочка.

Гай дубовы разрастаўся,

Тлеў агонь там Знічны,

Для ліцвінаў пачынаўся

Шлях іх гістарычны.


Пераклад С. Судніка.

Адсылка. Стрыйк. с. 82-85.


ІІ. ЖЫВІБУНД[7] ДАРСПРУНГАВІЧ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ І МАНТВІЛ[8]ГІМБУТАВІЧ ЖМУДСКІ, 1205 г.

Пры Жывібунда і Мантвіла праве

Ліцвін на полі быў пры рупнай справе.

А, як на нівах жыта зелянее,

То край таксама весела квітнее.

Так і ліцвінаў расцвіла краіна,

І моладзь біцца рвецца за Айчыну.

З мядзведзяў, рысяў шкуры за апратку,

А за прылбіцамі - іклы на шапках.

На дзёрзкіх конях, у сядле дубовым,

З адважным сэрцам, з дзідай адмысловай

Выскокваў смела ў Прыпяцкія плыні,

Здабычу вёз дадому наш ліцвіне.

Адно Альговіч[9], кіеўскім быў князем,

Дагнаў літву з здабычай адным разам.

На слонімскіх[10] палетках бой звязалі,

Ліцвіны ў пушчы хутка паўцякалі.

Знаёмай сцежкай набягалі зноўку,

Даніны ж Кіеву - ніяк, ніколькі.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 242-245. Нарбут, т. 3, с. 228, пар. 568.


ІІІ. ПАЯТА КЕРНАЎНА ЖОНКА ЖЫВІБУНДА, каля 1220 г.

Ой, Паята - добра дочка,

Бацьку ўшанавала,

На кургане гай дубочкаў

Густа насаджала.

Ой, Паята - добра жонка,

Паў Літвы трымала,

А з пакорай Жывібунда

Слухала, кахала.

Ой, Паята - добра маці,

Сын яе - не песта,

Кукавейт[11] гатоў у раці

Княжы гонар несці.

Ён з падзякай на магіле

Ў памяць для народу

Па-над Зослам[12] вобраз мілы

Выразаў з калоды.

Хоць той помнік згніў праз годы,

Ліпы паўзрасталі,

Да Паяты род за родам

Модлы тут складалі.


Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 277.


ІV. ЭРДЗІВІЛ[13] МАНТВІЛАВІЧ 1217 г.

Памяць князя Эрдзівіла

Для ліцвінаў слаўна, міла.

Ён прасунуў краю гоні

На абшары Занямоння[14],

Без вайны, крыві і хціўства,

А сярод дабразычліўства.

Як панішчыў хан Батыга[15]

Край крывіцкі, далей ліха

Па-над Віслу падалося

І за іх муры ўзялося,

Эрдзівіл у Занямонне

Войска ўвёў на добрых конях.

Над высокаю гарою

Бачыць крушні пасля бою,

Там Наваградак[16] геройска

Біўся супраць дзікіх войскаў,

Люд вакол цяпер блукае,

Князя прыбыцце вітае.

Замак зноў адбудаваўся,

Князь у горадзе застаўся,

А калі з арды пасланцы

Дань хацелі дабівацца,

Моцна іх ушанавалі.

Дзве стралы[17] падаравалі.

Князь да Прыпяці кіруе,

Койдан-хан[18] туды ж прастуе.

Марны быў набег чужыны,

Мужнасць ён спаткаў ліцвінаў,

Нібы пырскі адляцелі,

Узялі ў даніну стрэлы.

Эрдзівіл ахоўваў княства,

Цэліў раны гаспадарства.

Слаўная краіна стала,

Аж да Буга[19] даставала.

Скончыў век у Наваградку,

Слёз па ім было ў дастатку.


Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 265.


V. МІНГАЙЛА[20]ЭРДЗІВІЛАВІЧ, КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ І НАВАГРАДСКІ

Полацк будзіць звон вячовы

З верхняе званіцы,

І да бою люд гатовы

На пляцы тлуміцца.

Князь Мінгайла ўсердаваны

Полацкім свавольствам,

Хоча помсціць палачанам

Ды з усім геройствам.

Дарам збройны люд храбрыцца,

Князь перамагае,

І крывіцкая сталіца

Браму адчыняе.

З таго часу ў вечнай згодзе

Полацк быў з Літвою,

І не помняць у народзе

Нават бойкі тое[21].


Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 271.


VІ. СКІРМУНТ[22]МІНГАЙЛАВІЧ, КНЯЗЬ НАВАГРАДСКІ, 1220 г.

Скірмунт, князь Навагародскі,

Звышгеройскі быў,

Хто б яго на пляц не клікаў,

Без разбору біў.

Першы быў Мсціслаў[23] - князь Луцкі,

Бою зажадаў,

Па-над Ясельдай навуку

Скірмунт князю даў

Пінск і Тураў[24], нашы княствы,

Пад уладу ўзяў,

Пагубіў бацькоў уласнасць

Прагны князь Мсціслаў.

Балаклай[25], царок заволжскі

Пасланцоў прыслаў,

Дані з Скірмунта прывычнай

Цар той зажадаў.

Скірмунт тут, забыўшы меру,

Рассупоніў гнеў

Паслам вушы паабрэзваў,

Права не глядзеў.

Ды як змераў з Балаклаем

Сілы ў полі зноў,

Многа ў Койданаўскім краі

Злецела галоў.

Балаклай там сам на полі

З мурзамі[26] прылёг,

Скірмунт з войскам задняпроўскі

Вытаптаў быльнёг.

І Чарнігаў, і Карачаў[27]

Ён забраў назад

І сыноў сваіх прызначыў

Там наводзіць лад.

Сам вярнуўся паўнаўладным

Па гарачых днях

І ў Наваградку пасадным

Свой закончыў шлях.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 276-282.


VII. РЫНГОЛЬТ[28]АЛЬГІМУНТАВІЧ, ПЕРШЫ ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, ЖАМОЙЦКІ І РУСКІ

Час успомніць нам Рынгольта,

Альгімунта сына,

За якім славутай стала

Наша ўся краіна.

Зайздасць, ведама, заўсёды

Бачыць толькі крыва.

Пазайздросцілі Літве ўсе,

Што жыве шчасліва.

Выйшаў з Кіева са зброяй

Святаслаў[29] той горды,

З ім Леў[30], Дзмітрый[31], а таксама

Курдасовы орды[32].

Ды Рынгольт іх стрэў на Нёмне,

Дзе падходзіць Дзітва[33],

І ўсчалася ўмомант з тымі

Прыхаднямі бітва.

Кроў цякла ракой, ды йшла там

Зноў на сілу сіла.

Дзень сканаў - Літва ў той сечы

Ворага разбіла[34].

Бітвы той сляды ля Нёмна:

Сыпаныя шчыльна

Курганы, ды вёскі імя

Даўняе - Магільна[35].

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 285. Нарбут, т. 4, с. 75, пар. 847.


VIII. ТРАЙНАТА[36]СКІРМУНТАВІЧ, КНЯЗЬ НАВАГРАДСКІ, ПАДЛЕССЯ І ЛІТВЫ ПАВІЛЕЙСКАЙ

Рушыць Курдас[37] з помстай смерці

Бацькі Балаклая,

За ім з Крыму, і з Заволжжа,

І з Нагаяў зграя.

Нішчыць край агнём і мечам,

Меў Мазыр абклаўшы,

Там над рэчкай Акунёўкай[38]

Стаў Літву чакаўшы.

Сцяўся смелы сын Скірмунта

З Курдаса ардою,

Ледзьве ўцёк Курдас памслівы

З цэлай галавою.

Мноству вязняў, што паспелі

Паланіць татары,

Князь ліцвінскі, князь Трайната

Тут свабоду дарыць.

Ды не выйшаўся без стратаў

Гэты бой упарты,

Пісімунта там Трайната

Страціў і Любарта[39].

Згінуў князь Сямён там Друцкі,

Курдаса прыцяўшы,

Згінуў князь Андрэй там Луцкі[40],

Страху панагнаўшы.

Бо адна Літва час доўгі

З цэлае Еўропы

Адбівала аж за Волгу

Дзікіх орд патопы[41].

Як падсуседзі - краіны

Вычын іх не зганяць,

Людскасць мужных тых ліцвінаў

Ушануе памяць.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 276-282.


ІХ. БАРЫС[42]ГІНВІЛАВІЧ ПОЛАЦКІ

Яшчэ ці ёсць той камень над Дзвіною,

Што ад Дзісны[43] адной не далей мілі,

Дзе крыж і словы: "Дапамож, о Божа,

Твайму рабу Барысу, сын Гінвілу."

Прад Богам гнецца кожны чалавеча,

Карона голаў крые ці сярмяга,

Барыс быў князем даўнім, раннявечным,

А як скіроўваў моц сваю і вагу.

Чатыры цэрквы збудаваў святыя,

І над Бярэзінай[44] Барысаў ззяе,

Свабоды Полацку вярнуў старыя[45],

І шчасце, а не слёзы памнажае.

Так сэрца, што набожнае папраўдзе,

Любоў Хрыста якому шчыра, міла,

Дабром да бліжняга краінай радзіць.

Барыс так радзіў, князь і сын Гінвіла.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 273.


X. КАРАНАЦЫЯ МІНДОЎГА[46], 1252 г.

Што гэта за паны?

Наваградка званы

Чаму ім звоняць доўга?

Ах, гэта ж крыжакі

Ідуць, каталікі,

Каранаваць Міндоўга!

Усё на іх блішчыць

Ды золатам зіхціць.

Ад іх наўкол святлее!

Увесь твой строй, крывіч,

Крывэ-Крывэйтаў зніч

Прад бляскам тым бляднее.

У князя заўтра хрост.

А нас пашле наўпрост

Мо крыжакам на яткі[47]?

Ужо, тыран, сваіх

Пляменнікаў дваіх[48]

Прагнаў з радзімы-маткі.

Міндоўг не верыць, не!

Сваю карысць тут гне -

Ён сам кіруе лёсам.

Ён будзе каралём!

Тры дні - каталіком...[49]

Крыжак жа будзе - з носам!

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 328.


XI. МАГІЛА МІНДОЎГА, 1263 г.

У Наваградку дагэтуль

Ёсць гара Міндоўга.

Там ляжыць ён, яго помніць

Люд наш будзе доўга.

Быў ён свой кароль, ліцвінскі,

Меў калісьці сілу.

Ды абманам жыў[50]. Абман той

Звёў яго ў магілу.

Быў прыняў святую веру,

Ды адкінуў вонкі.

Што ж ён гэтак Даўмантовай[51]

Не адрокся жонкі?

Галаву Даўмонт у гневе

Зняў з яго за жонку.

Тым Літву асіраціў ён,

Ліху здаў старонку.

Што ж з таго, што ўздзеў карону

Князь сваёй парою,

Раз не ўстояў перад тою

Жонкаю чужою?

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 331.


XII. ВОЙШАЛК[52], АЛЬБО ВАЛЬСТЫНІК МІНДОЎГАВІЧ. 1264 г.

Адзецца можа ў скуру

Авечкі й воўк, як трэба.

Хадзіў у ёй і Войшалк,

Калі быў служкай Неба.

Хоць быў ён княскім сынам,

Насіў манаха расу.

Надзеўшы нават мітру,

Крыж не кідаў да часу.

Калі ж забілі бацьку,

Ён помсціць стаў ліцвінам,

Іх забіваў ён безліч

Найжорсткім самым чынам.

Каб край пашырыць, Войшалк

Валынь надумаў, хцівы,

У Льва[53] адняць, прысвоіць

У час нелітасцівы.

Яго ж той ва Ўладзімір[54]

Пазваў з ліхім намерам.

Там частаваў ён госця,

Паіў сваім манерам.

Уночы Леў прыходзіць

У спальню госця ў тлуме.

З пасцелі ўзняўшы, кажа:

- Яшчэ мо вып'ем, куме?

І ўзняўшы меч, са словам

Нянавісці з размаху

Б'е Войшака. Хто быў там -

Аж анямеў ад жаху.

Такі канец прышоў во

Міндоўгаваму сыну.

Хто ворагам быў людзям[55],

Хіба б інакш загінуў?

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 339.


XIII. ПРА ЯЦВЯГА[56]КОМАТА[57]. 1264 г.

Вы пра Комата-яцвяга

Чулі? Не? Тады - увага!

Быў той Комат - нібы кома[58],

Не сядзеў ён сіднем дома.

Як надумаў Сарамлівы

Баляслаў[59] нелітасцівы

Знішчыць люд той вольналюбы,

Не збаяўся Комат згубы.

З гікам, смела, зухавата

Ў бой імчаў ён, бы на свята.

Біў чужынцаў, прагавіты,

Ды стралой быў сам прашыты.

І паляк, бы звар'яцелы,

Біў яцвягаў дзень той цэлы,

Бо ўсё ж пана ўжо не мелі,

А ўцякаць яны не ўмелі.

І таму, сыны адвагі,

Ўсе пагінулі яцвягі.

Іх імя хіба мо рэкі

Захавалі нам навекі.

Хоць даўно без іх Падляшша,

Ды край помніць іх бясстрашша.

А ўцалеў з іх хто ў віхурах,

Дык згубіўся ўжо ў мазурах[60].

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 339


XIV. СВІНТАРОГ[61]УТАНЭСАВІЧ 1268-1271 г.

Як загінуў сын Мендога[62],

Ўладаром Літва абрала

Князя з Жмудзі[63] Свінтарога,

Бо яго даўно ўжо знала.

Ён амаль быў стагадовы,

Добры сэрцам, не суровы.

Ён Літву не доўга цешыў:

І яго знайшла касая.

Пад гару, дзе замка вежы,

У жалобе люд спяшае

Пахаваць там Свінтарога,

Як і зычыў, ля парога.

Бы ў паход, яго прыбралі -

Шабля, лук, кап'ё пры боку.

Выжлаў двух, хартоў звязалі,

З імі - сокала звысоку,

Потым ястраба з-пад неба

І каня з сядлом - як трэба.

Гэта ўсё на стос - вам дзіва? -

Узвялі. З слугой адданым!

Падняслі агонь імкліва,

Міг - і ўсё ў віры агняным!

Кінулі ў агонь - да высяў -

Кіпцюры мядзведзяў, рысяў[64].

Меркавалі: так жа будзе,

Як на гэтым, на тым свеце.

Так жа там ваююць людзі,

Так палююць, ладзяць клеці.

А караскацца на неба

Па крутых гарах там трэба.

Пахавалі Свінтарога

Па-паганску, урачыста.

Мы, хто сёння з ласкі Бога

Мае сонца веры чыстай,

Час паганства ўсе ганьбуем.

Свінтарога ж - мы шануем.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 345.


ХV. ГЯРМУНТ СВІНТАРОГАВІЧ 1271 - 1275 г., ГІЛІГІН ГЯРМУНТАВІЧ 1275 - 1278 г., РАМУНД ГІЛІГІНАВІЧ, 1279 ТРАБ ГЯРМУНТАВІЧ, 1279 г.[65]

Хто жадае ведаць многа

Аб Літоўскім краі,

Пра нашчадкаў Свінтарога

Я вам заспяваю.

Гілінгін, Гярмунт, Траб, Ромунд

Мала што зрабілі,

Добра хоць, што ў тыя годы

Згоды не згубілі.

Бо бацькоў сваіх і кроўных

Памяць шанавалі

І Літву на шлях грунтоўны

Шчыра кіравалі.

Часам дзікія ліцвіны

Польшчу рабавалі,

Парубежныя краіны

Пад мячом трымалі.

Гермунт горад нам пакінуў,

Што завуць Гярвяты[66],

Траб на памяць тут раскінуў

Нашых Трабаў[67] хаты.

І што хочаце, каб стала

Вам яшчэ вядома,

Тога знаюць вельмі мала,

Хто сядзіць удома.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 346-353.


ХVІ. НАРЫМУНД, ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, ДАЎМОНТ УЦЯНСКІ І ТРАЙДЗЕНЬ РАМУНТАВІЧ; ЛАЎРЫШ, АЛЬБО РАМУНТ ТРАЙДЗЕНАВІЧ, МАНАХ, да 1283 г.[68]

Не жадай чужое жонкі,

Сэрцам чута праўда тая,

Што ж, не ўмеў ліцвін чытаці,

Хай цяпер усё чытае.

Князь Даўмонт ды з Нарымундам

Брат быў родны з родным братам,

На ліфляндскага магістра[69]

Дочках дзвюх былі жанаты.

Як Даўмонтава спачыла

Жонка ў смутным, чорным годзе,

Нарымунд паслаў сястрыцу

Брату сэрца разлагодзіць.

Той у братаву ўкахаўся

І не выпусціў з Уцяны.

Нарымунд з вялікай раццю

Наваліўся нечакана.

Уцякаў Даўмонт і ў Пскове[70]

Князем стаў, ды, быўшы хватам,

Ён па смерці Нарымунда

Так зрабіў з малодшым братам.

Толькі Трайдзень[71] стаўся князем,

Быў Даўмонтам ён забіты,

Палачан і пскавіцянаў

На Літву той вёў адкрыта.

Ды вайсковы спрыт Лаўрыша[72]

Ад паразы край ратуе,

І Літва таму Лаўрышу

Князем быць тут прапануе.

Ды Лаўрыш пастрыгу верны,

Князем быць ён не жадае,

Ён манах, і манастырскі

Лёс сабе ён выбірае.

Пад Наваградкам, дзе Нёман

Між лугоў і дрэў віецца,

Ззяе цэрква ад Лаўрыша

І Лаўрышавым[73] завецца.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 358-365.


ХVII. КУРШЫ[74]З СУДАВІІ Ў ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1284 г.

Цягнуцца, быццам жоравы з поўдню.

Куршы ад родных Судаваў,

Край свой, зраўняўшы з голай пустыняй[75],

Кідаюць з горам, няславай.

Сурда[76] вядзе іх вояў аддзелы

Братняй Літвой цераз поле,

Той правадыр, даланёю што ўмелай

Збіў крыжаносца фон Голе[77].

Склаўшы астатнім боствам ахвяру,

Сурда ў народа пытае:

"Ці тут паляжам, ці з дзецьмі пойдзем

Мы да ліцвінскага краю?"

Кліч: "Да ліцвінаў, мы - да ліцвінаў", -

Глуха разнесла пустыня,

Край пакідаюць куршы радзімы,

Новую бачаць краіну.

З сэрцам братэрскім тут іх прымалі,

І там, дзе сёння Эйшышкі[78],

Па-над Дзітвою тады збудавалі

Куршы сабе тут Кершышкі[79].

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. 4, с. 320, пар. 1001.


ХVIII. СУРМІН[80]І НАДАМ[81], 1290 г.

Здрада вечна здрадай будзе,

Тут супроць не скажуць людзі,

Пэцкаць ёй душу не справа,

Ды аповесць ёсць цікава

Пра паганага ліцвіна,

Пра Надама і Сурміна.

Князь Сурмін Калайнай[82] княжыў,

Як крыжак прыплыць наважыў?

З хітрай выведкай сваёю,

Каб не даць Літве спакою.

Дык тады Сурмін Надаму

Загадаў прыбрацца ў даму.

Вось Надам наш, як кабета,

Добра ўбраўся, каб са свету

Крыжакоў звясці. Даўмеўся,

Па-над Нёманам усеўся,

Здаўся паннай хрысціянскай

Ды нявольніцай паганскай.

Каб "паненку" ўратаваці,

Лодзь пад бераг кіраваці

Крыжакі распачынаюць.

Рукі "дзеўчыны" хапаюць

Тую лодку, абдымаюць

І ля берага трымаюць.

А Сурмін з сваёй гурбою

Налятае той парою,

Не зважаючы на Бога

Крыжакоў тут да аднога

Без шкадобы выбівае,

Так віжоў ён паважае.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 304.


ХІХ. ЯЖБУТ[83]У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1290 г.

Колькі можа здзеяць шкоды

Бляшка залатая,

Як зрабіла нам з Яжбута

Здрайцу бляшка тая.

Ён за грошы слаў даносы

Пра Літвы сакрэты,

Ён за грошыкі тэўтонаў

Край прадаў бы гэты.

На Літву палон з Мазоўша

Гоняць. Яжбут здрадай

Цёмным лесам да крыжацкай

Вывеў іх засады.

Перабег алень дарогу,

Гэты знак пужае.

Яжбут супраць забабонаў

Галаву стаўляе.

Эх, паставілі, як звыклі.

Як заўжды стаўлялі.

Па-над Нарваю[84] буйныя

Голавы паклалі.

Крыжакам дабра падводы,

Яжбут долю мае...

Колькі можа здзеяць шкоды

Бляшка залатая!

Ды згрызоты ржа з'ядае

І сумленне будзіць,

Б'ецца Яжбут з крыжакамі,

Што ідуць са Жмудзі.

І прабіты вострай дзідай

Здрадны чалавеча

Крыжаку мячом двухвострым

Палец пакалечыў.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. 4, с. 341, пар. 1021, с. 346, пар. 1025.


ХХ. ЗРУЙНАВАННЕ РАМНОВЫ[85] Ў ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1294 г.

- На Рамнову. На Рамнову, -

Кліча комтур Лібэнцоле[86],

- Знойдзем золата і срэбра,

Знойдзем скарбаў там даволі.

Ну дык што ж яшчэ патрэбна

Для крыжацкіх прагных вояў,

Што пад ціхім знакам крыжа

На Літву пайшлі з разбоем.

Дрэвы толькі той парою

Шчэ пупышкі распускалі,

І вясной, а не вайною

Песні жаўранкаў гучалі.

Ноч упала на Рамнову,

Край ляжыць у сне цнатлівым,

Пад святыню Нёмнам ціхім

Падплывае злыдзень хцівы.

На валхвоў напалі сонных,

Сеюць смерць і хаты паляць,

Ну а золата крупінкі

Хіба толькі позірк джаляць.

Невялікая здабыча,

Больш галоў нявінных знята,

Сонца ўзносіць над Рамновай

Чорны крыж на дымных шатах[87].

Бачна з цвердзі Палямона[88],

Што ў Рамнове ноччу стала,

Больш не трэба абарона,

Бо святыня дагарала.

Заламалі толькі рукі,

Боль скаваў, а Нёмна хвалі

Крыжакоў так, як прынеслі.

Так з сабой назад забралі.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. 4, с. 364, пар. 1037.


ХХІ. ЖМУДЗІН КАЙЛІМ[89] У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1298 г.

Хто дубіну Кайліма

Паспрабуе плячыма?

Жмудскі лес - край радзінны

Тое страшнай дубіны.

Пан магістар Майнгардзе[90],

Ты ў апошнім нападзе

Атрымаў, чалавеча,

Той дубінай у плечы.

Дагадзіла дубіна,

І дух цела пакінуў[91],

Бо дубіну Кайліма

Хто ж спрабуе плячыма?

Жмудскі лес - край радзінны

Тое страшнай дубіны,

А Кайлім у тым лесе

Быў асілак найпершы.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. 4, с. 389, пар. 1054.


ХХІІ. СУРМІН[92]У ЧАСЫ ВІЦЕНЯ, 1313 г.

Плыў Сурмін, ваяка слаўны,

Сто чаўноў з ім і лодзяў,

Плыў пад замак Юнігеду[93]

На падмогу залозе.

Там на чыстых Нёмна хвалях

Стала, як дом, галера[94],

Крыжакі з якой бясспынна

Па літве страшна пераць.

Волава агнём кідаюць

Стрэльбаю перуновай,

Ды на смерць там не зважаюць

У залозе сто вояў.

Наляцеў Сурмін і ўцялі

Той галеры канаты,

Вір скруціўся, паляцела

Пад кустоў яна шаты.

І разбілася страшыдла,

Што агнямі кідала

І што замку Юнігедзе

І Літве пагражала.

Шкада толькі, што Сурмін там,

Страціў брата Сталдона[95],

Ды яго смерць баявая

Будзе слаўнай да сёння.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. 4, с. 443.


ХХІІІ. ВІЦЕНЬ[96], ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1283-1315 г.

Вера наша, хрысціянска!

Шмат ты ран крывавых мела,

Покуль сэрцы ўсе ў паганскай

У Літве заняць здалела.

Бо цябе, што ўсім вяртаеш

Дабрыню, любоў, спагаду,

Прышчапіць Літве хацелі

Праз пажары, кроў і здраду.

Ордэн той, што меч крывавы

Нёс на ўласных дабрачынцаў,

Што ў набегах нішчыў Польшчу,

Што біў прусаў, бы злачынцаў,

Што ішоў вайной на ўласных

Светароў ды на рыжанаў[97],

Жыў рабункамі. Таму так

Шчыраваў "для хрысціянаў".

Мечам злым хрысціў Літву ён,

Пляжыў Жмудзь, знёс мур Рамновы.

На пажарышчах тых ставіў

Ён за замкам замак новы.

Ды на трон Літвы сеў Віцень,

Князь рашучы, мудры, смелы.

Крыжакоў ён біў у сечах,

Ад Літвы адвёў іх стрэлы.

Светарам жа іх ён собіў.

І мяшчанам, што раўкамі

Прывялі яго пад Рыгу,

Каб змагаўся з крыжакамі.

Пад Браўнзберг, Каліш і Добжын[98]

Ён хадзіў з сваёй літвою,

Праслаўляў наш край у свеце

Зброяй праведнай сваёю.

Нездарма ж і смерць да князя

Не змагла ўсё падступіцца.

Сам Пярун яго ў нябёсы

Ўзяў пад водбліск бліскавіцаў[99].

Шмат хто ў час той, кажуць, бачыў,

Як між хмар, дзе золак мройны,

На кані, бы месяц, белым,

Пралятаў ён рыцар збройны[100].

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 336-386. Нарбут, т. 4, с. 352-445.


XXIV. СПАЛЕННЕ КРЫЖАКА РУДЫ[101] Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА. 1320 г.

Ты дарма прыйшоў да Меднік,

Руда, з намі біцца:

Мусіш - звязаны, са зброяй -

На каня садзіцца.

Ды не ў бой ты зноў паскачаш,

А на стос агністы.

Панясеш багам паклон ты

Ад нас урачысты!

Ехаў Руда, мусіў ехаць

Пад клліч зычны рога

У гарачыя абдоймы

Віру агнявога!

Бы паходня, гарыць Руда,

А Літва ў гуморы,

Што багам сваім ахвяру

Шле такую ў зоры.

Хоць было ў Літвы быліннай

Шмат паходаў плённых,

Так яна паліла толькі

Крыжакоў палонных.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 318 з Кронікі Дусбурга.


XXV. СТАРЫЯ ТРОКІ[102]

Пад вячэрнім ясным небам

Цень сівога мніха

На валах задзірванелых

Моліць Бога ціха.

Не так колісь тут бывала

Пры князь - Гедзіміну[103],

Як па ловах балявала

Княжая дружына.

Трубы трубяць, тураў рогі

Там пяюць і граюць,

Сарнаў смажаць і мядзведзяў,

Мёдам запіваюць.

Спадабалася надзвычай

Князю ў той мясціне,

Абнясе яе ён валам

І муры падыме.

А што звера поўна ў трокі[104]

Тут панабівалі,

Новы замак на тым месцы

Трокамі назвалі.

Нават з Кернава сталіцу

Перанеслі ў Трокі,

Вяллі бераг Гедзіміну

Добра ўпаў у вока.

Князь Кейстут[105] там княжыў потым,

Між азёрных водаў

Збудаваў ён новы замак[106]

На даўгія годы.

Сёння ордэн Бенедыкта[107]

Тут снуе аснову,

Мо за княжацкія душы

Хто замовіць слова.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 396.


XXVI. ТУРАЎ РОГ ГЕДЗІМІНА. 1321 г.

Тут, у Вільні, на гары[108]

Туравай вядомай

Гедымін над стромай

Тура ўклаў быў пры бары,

На гары .

Нам на памяць - тураў рог

Быў пазалачоны,

Гожа аздаблёны.

Князь яго схаваў у лёх[109],

Тураў рог.

З рога тога Вітаўт піў

Разам з каралямі,

З важнымі панамі.

Як іх з'езд у Луцку быў,

З рога піў.

Падарыў князь гэты рог

За сталом, па-людску

Жыгімонту ў тым Луцку[110],

Ды Літве ён не памог...

Дзе ж той рог?

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 397.


XXVII. ЗАСНАВАННЕ ВІЛЬНІ[111], 1322 г.[112]

На гары, дзе замкаў вежы,

Дзе палаў зніч Свінтарога,

Гедзімін забіў калісьці

З лука тура немалога.

Вельмі ўсцешаны здабычай

Незвычайнаю такою,

Па бяседзе лёг спачыць ён

На траве па-над Віллёю.

Зоркі свецяць, ветрык вее.

Бачыць князь у сне шчаслівым:

Перад ім стаў воўк жалезны,

Бляск на латах - пералівам.

А завыў - заклала вушы:

Бы ваўкоў была тут зграя.

- Што ж ён значыць, сон мой дзіўны? -

Князь, прачнуўшыся, пытае.

Тут Крывэ-Крывэйт Ліздзейка

Гэтак мудры сон тлумачыць:

- Князь, вялікі Гедзіміне,

Воўк той - замак новы значыць.

Гэта ж будзе тут во замак,

Горад велічны тут будзе.

Галасы ж ваўкоў - то слава

Пра яго, што пойдзе ў людзі.

Князь паслухаў гэту раду

І, абдумаўшы, без спрэчкі

Горад тут заклаў, што Вільняй

Ён назваў ад Вільні-рэчкі.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 397.


XXVIII. ДАВЫД, СТАРАСТА ГАРАДЗЕНСКІ[113] Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА. 1322 г.

Пад-над Нёмнам у Гародні

Колісь замак моцны стаў.

Шмат разоў крыжак ды мазур

Хмары стрэл па ім пускаў.

Быў за старасту ў тым замку

Смелы, годны муж Давыд.

Мчаў з дружынай ён на Рэвель[114]

Праз крыжацкі краявід.

Шмат дабра ўзялі там воі,

Тысяч пяць - паненак з ім.

Болей быў ліцвін давольны,

Як здаўна, палонам тым.

А пасля Давыда ў помач

Гедзімін Лакетку[115] даў.

Хоць дапяў ён да Франкфурта[116],

Ды палону там не браў.

Бо йдучы назад героем,

Меўся ўзяць мазураў ён.

Толькі ў гэтых гайдамакаў[117]

Сам Давыд знайшоў свой скон.

Мазур быў з канём падкраўся

Да яго й прашыў наскрозь.

Наш Давыд славуты тут жа

Цяжка ўпаў, бы дужы лось.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 388-405.


XXIX. АЛЬДОНА[118], ГЕДЗІМІНАВА ДАЧКА, 1325 г.

Гарады гараць і сёлы,

Там хапаюць бранак, бранцаў.

Крык ляціць праз горы-долы,

Хто стрымае нас, паганцаў?

Тых лясных ліцвінаў дзікіх,

Што так польскі край дратуюць?

Смерць ізноў нясуць на піках -

Ці каго хоць пашкадуюць?

Каб задобрыць іх, Лакетка

Шле сватоў да Гедзіміна,

Хоць яшчэ сын - малалетка,

Просіць цесцем быць для сына.

Гедзімін аддаў Альдону

Ў жонкі тому Казіміру[119].

Што ж, цяпер ім абарону

Разам ладзіць дзеля міру.

Тысяч шмат ішло палонных

У пасаг тады Альдоне[120].

Мчаў картэдж вазкоў шматконных

У край польскі ў бомаў звоне.

Радасць скрозь у местах, сёлах,

Скрозь надзеі ўваскрасаюць.

Богу моляцца ў касцёлах,

Слёз шчаслівых не хаваюць.

Прыгадайма ж свята тое -

Гэтак цешыліся людзі!

З добрай згадкай штось святое,

Можа, кожны з нас набудзе.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 404-405.


XXX. АЛЬГЕРД І МАРЫЯ[121] Ў ЧАСЫ ГЕДЗІМІНА

Над Дзвіною дзевіч-вечар,

Тут Альгерд з раднёю:

Браць прыехаў шлюб з князёўнай

Нашай маладою.

Замак віцебскі ўсе свечкі

Сёння азараюць.

Ёй, князёўне, ёй, Марыі,

Косу расплятаюць.

Не плач, красна, не плач, міла, -

Хто б слязу ёй выцер?

І табе руку, і княству

Падае той рыцар.

З ім табе і ўсяму княству

Зажывецца ў шчасці.

Вы забудзеце з Літвою

Гора ды напасці.

Ты ідзі за князя з Богам,

Каб жыць разам вечна.

Шчасце княстваў тых, што разам

Звязаны сардэчна[122].

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Нарбут, т.V, с. 8.


XXXI. ЖАХЛІВЫ ПАДЗЕЛ ЗДАБЫЧЫ[123], 1326 г.

Мы ўсе, дзякуй Богу,

Іншыя ўжо людзі.

Так, як продкі нашы,

Не сядзім у будзе.

Рабаваць не едзем,

Кожны працай слынны.

А не так, як колісь

Дзеялі ліцвіны.

Па адзінай жонцы

К сэрцу прытуляем,

Рабаваных жонак

Мы цяпер не маем.

У часы былыя

Князя Гедзіміна

Бачыў пад Франкфуртам

Немец меч ліцвіна.

Продкі нашы часта

Ў свеце рабавалі,

У палон паненак,

Моладзь толькі бралі.

Неяк два ліцвіны

Спрэчку распалілі -

Гожанькую панну

Між сабой дзялілі.

Не маглі да згоды

Ўсё прыйсці абое.

Сварку немалую

Усчынілі воі.

Ухапіў адзін з іх

Меч свой у хвіліну

І рассек з размаху

Напалам дзяўчыну[124].

Зганьбіў імя й род свой

Ён ад здверства тога.

Мужнасці адзнака -

Не караць слабого.

Гэта нам навука,

А ўсім ім хай будзе

Супачын, збавенне -

Гэтак зычаць людзі.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 323.


XXXII. ГЕДЗІМІН ВІЦЕНЕВІЧ[125], ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1328 г.

Плач, Літва - такая страта

У цябе сягоння:

Твайго князя Гедзіміна

Смерць знайшла ў Вялоне[126].

Бараніў ад зграй крыжацкіх

Нас ён па-геройску.

Сёння сам ад рук тых хіжых

Паў ва ўласным войску.

Дзіва ў немца: б'е здалёку

Жудасная зброя![127]

Гром, маланка - і няма ўжо,

Гляньце, князя-воя!

Кроў струменем палілася

З тых грудзей трывалых,

Што Літву ўсю засланялі

Ад ліхой навалы.

Ты чаму ж пакінуў, княжа,

Край, дзяцей уласных?

Ці ж яды тут не ставала

Ці дзяўчатак красных?

Ці ж ты Кіевам, Валынню

Не ўзмацніў дзяржаву?[128]

Ці ж з суседзьмі не зрадніўся

Нам і ім на славу?[129]

Дык чаму ж ты нас сам-насам

З немцамі пакінуў?

Без цябе як абаронім

Мы ад іх Айчыну ?

Плач, Літва! Такая страта

У цябе сягоння:

Твайго князя Гедзіміна

Смерць знайшла ў Вялоне.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк. с. 409.


XXXIII. ЯЎНУТА ГЕДЗІМІНАВІЧ[130], ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ. 1329 г.

Шабля - рыцарам не робіць,

Як і князем - мітра.

Даказаў то добра Кейстут,

Што ўмеў дзеяць хітра.

Меншы брат Яўнута, млявы,

Толькі спаў на троне.

Ды шум Кейстутавай змовы

Князь пачуў спрасоння.

Босы ўцёк у кажушку ён

У снягоў сувоі,

Ды яго злавілі ў лесе

Кейстутавы воі.

Хоць сябры Альгерд і Кейстут,

Не было ў іх веры:

Княства долі змацавалі

Добра на паперы.

Стаў Альгерд вялікім князем -

Жыць ліцвінскай славе!

А Яўнуту ва ўладанне

Аддалі Заслаўе

Меў ён розум: не ірваўся

За сваё да бою.,

Не заліў, як Свідрыгайла[131],

Ён Літву крывёю.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 412-413.


XXXIV. БІРУТА[132]- ЖОНКА КЕЙСТУТА

Што за гара так высока[133]

Цэлых паўнеба закрыла,

Ах, то ж па жонцы Кейстута,

Нашай Біруце магіла.

Добрай пякноты дзяўчына,

З дзіўным задумным абліччам,

Людзям зямная багіня

І вейдалотка пры Знічы.

У панадморнай Паланзе

Кветкі ў лугах субірала,

Свежа звітыя вяночкі

Ў Зніч на ахвяру кідала.

Мела для беднага люду

Сэрца паўнюткім спагады,

Чыстай Біруты малітве

Кожны нямоглы быў рады.

Князь укахаўся ў дзяўчыну,

Што люд уздымаў пад аблокі,

Клятвы парваў вейдалоткі,

Вывез гвалтоўна на Трокі.

Склікаў братоў і баяраў,

Гучнае зладзіў вяселле,

І з паўбагіняй каханай

Птушкай гады паляцелі.

Моцна яе ўсе любілі,

Славілі ўсюды, што сілы,

Берасце штурму пазбегла[134],

Бо ў ім Бірута гасціла.

Годы ж калі дагарэлі,

Люд ёй насыпаў магілу

На тым на пагорку, дзе колісь

Зніч ахвяровы паліла.

Кожны і сёння на Жмудзі

Знае святую Біруту,

Знае, як маці Вітаўта,

Знае, як жонку Кейстута.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 449.


XXXV. НОВЫЯ ТРОКІ[135]

Ноч пакрыла свет хусцінкай

Шэрай і зярністай,

Па азерцы плыў чавенчык

Па вадзіцы чыстай.

У чавёнку тры ліцвіны[136]

Мірна размаўляюць,

Паглядаюць, як руіны

Воды адбіваюць.

Тыя замкі паўздымала

Доланя Кейстута,

Тут калісьці красавала

Кветкаю Бірута.

Матылькоў Вітаўт маленькі

Тут лавіў вясною,

Лук з тугою цецівенькай

Рыхтаваў да бою.

Тут Кейстут меў адпачынак,

Як з вайны прыходзіў,

Тут да новых мужных чынаў

Думкамі даходзіў.

Як жа шмат тут успамінаў

Крыюць сном глыбокім

Занядбаныя руіны

Велічавых Трокаў.

Аплывай жа ты, азерца,

Ціхі той закутак,

Захавай у людскіх сэрцах

Памяць пра Кейстута.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 396.


XXXVI. ПРА КНЯЗЬКОЎ КАРЫЯТАВІЧАЎ[137] У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА. 1331 г.[138]

Хто пустэльняй край свой зробіць,

Той не варт і згадкі.

Хто ж яго узвысіць, будуць

Помніць і нашчадкі.

Як прагнаў Альгерд татараў

Аж пад Волгу ў поле,

Карыята за геройства

Даў сынам Падолле.

І яны - ад стрэл ды мечаў

Хеўры ваяўнічай -

Заснавалі замкі: Бэкат,

Смотрыч над Сматрычай[139].

На рацэ той, дзе ўвесь бераг

Камянямі скуты,

Карыятавічы ўзнеслі

Камянец славуты.

Меджыбор і Тэрэбоўля,

Вінніца з Браславам

Па-над Бугам - гарады іх,

Помнік іх і слава.

Так князі з Новагародка

Дзеялі ў Падоллі.

Не забудуць слаўных дзеяў

Іхніх тут ніколі.

Хай жывуць у гарадах іх

Людзі ўсе шчасліва

І сыноў тых Карыята

Спамянуць зычліва.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., 416-418.


XXXVII. ГАШТОЛЬД ПЁТР[140] І БУЧАЧКА, 1332 г., У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА[141]

На Літве, што не здалела

Крыжацкая сіла,

Тое Бучачка сумела

З усмешкаю мілай.

Мужа-суджанца Гаштольда

Каханнем -- не мусам

З верай святою з'яднала

І Збаўцам Хрыстусам.

Ён францішканцаў да Вільні[142]

З Мазоўша паклікаў,

Там, дзе кляштар той на сёння,

Паставіў капліцу[143].

Толькі, як з Вільні ад'ехаў,

Народ збунтавалі,

Волхвы распятых манахаў

У Віллю скідалі.

А на той горцы высокай,

Вілейка што ліжа,

Памяткай смертнай мукі

Паўсталі тры крыжы[144].

Зноўку Гаштольд вёз манахаў

У косцел Пяскоўскі[145],

Дзе і да сёння благаюць

Аб ласках нам Боскіх.

Покуль ад смертнай сляпоты

Люд вочы расшорыць,

Колькі ж сваіх дабрадзеяў

Няўдзячны заморыць.

Слепні і тыя, што праўду

Праз гвалт пашыралі,

Веру ліцвіны не з гвалтам --

З каханнем прымалі.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 423.


XXXVIII. ПРА ЗАЛОГУ Ў ПУЛЕНЕ[146] Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА[147], 1336 г.

Смерць ад сораму знаснейша,

І за ганьбу мука мільша...

Гэтых правілаў найпершых

Для Пулена больш не пішуць.

Пры Альгердзе крыжаносцы

Замак Пулен аблягалі,

Маткі, дзеткі з наваколіц

У фартэцу пазбягалі.

Тысяч некалькі з залогай[148]

Адбіваюць штурм бясконцы,

Ды адбіцца ўсё ж не могуць,

Так крыжак іх сціснуў моцна.

Сцены, вежы ападаюць,

Пачынаюць рассыпацца,

Ад таранаў, і гарматаў,

І ад гвалту дзе схавацца?

Скарб літва да куч скідае

І распальвае кастрышчы,

Жонак, дзетак забівае,

І сябе ліцвіны нішчаць.

Немцы рынулі ў праломы,

Дзе жывых не шмат засталі,

Паляглі і тыя ўмомант,

А багацці дагаралі.

Цвердзь пустою захапілі,

Зваявалі край пустэльны,

Бо ліцвіны век лічылі

Лёс раба за грэх смяртэльны.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 426. Нарбут, т. 4, с. 599, пар. 1178.


XXXIX. УЦЁКІ КЕЙСТУТА[149] З МАЛЬБОРКА. 1361 г.

Ой, быў мулярам наш Кейстут,

Як яго прыгнула доля:

У Мальборгу мур вязніцы

Малатком прабіць ён здолеў!

Разам з Альфам, што служыў там,

Дзёўб той мур штоноч зацята -

Толькі б з сцен крыжацкіх воля

Зоркай бліснула крылата!

Ой, наш Кейстут крыжаком быў!

Дзякуй Альфу - з ім праз гоні

Князя ў белым з крыжам чорным

Проста ў зоры неслі коні!

На дарозе - Wer-da?[150] варта

Супыніла іх у браме.

Штосьці немцам Альф пабаіў

І - зноў гром пад капытамі!

Ды не злодзей Кейстут: немцам

Плашч іх белы з чорным крыжам,

Коней іх - усё вярнуў ён,

Нават шчыт з іх мечам хіжым.

Пеша брыў ён да Мазоўша,

Дзе жыла дачка Данута

З князем Янушам. Іх замак

У аблокі меціў крута.

Шмат дачцы было ўжо ўцехі!

Толькі Кейстут рваўся ў Трокі,

Каб хутчэй сваёй Біруты

Смутак-жаль прагнаць глыбокі.

Немцу ж дзякуй за гасціннасць

Шле ў пісьме і абяцае:

Калі ён магістра ўловіць,

То надзейней ухавае!

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Нарбут, т. V, пар. 1248.


XL. ПРА РАЗБУРЭННЕ КОЎНІ[151] МАГІСТРАМ ФОН КНІПРОДАМ[152] У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1362 г.

"Не так жаль мне замак,

Як шкада ваякаў",

Што агонь паглынуў,

Палены крыжакам.

Там, дзе Нёман Віллю

Туліць абдымае,

Стала ў Коўні цвердзя

Грозная такая.

Быў там мужны Гурда[153],

Вейдад[154] - князь малоды,

Як напаў на горад

Вінрых фон Кніпрода.

З сілай незлічонай

Войскаў і таранаў

Здабываў ён горад,

Сцены тоўк і брамы.

Толькі Вейдат з Гурдам

Прыступ адбівалі,

Як крыжакаў новых

Гуфы падступалі.

Хоць Альгерд з Кейстутам

Падышлі ў падмогу

Супраць тое сілы

Не змаглі нічога.

Полымем крыжакі

Паляць праз праломы,

Паляць горад , замак,

Паляць людства ўдома.

Што ўцякаць хацела,

Меч крыжацкі пляжыць

Акрамя Вейдада

Ды з пачотам княжым.

Тысяч тры ліцвінаў

Згінула ў пажары,

Князь Кейстут заплакаў,

А крыжак алтары[155]

Ўзнёс на папялішчы

І імшу адправіў,

Кроўю тых, што знішчыў,

Бога ў небе славіў.

Не так жаль мне замка,

Як шкада ваякаў,

Што агонь паглынуў,

Палены крыжакам.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк. с. 356. Нарбут, т. 4, с. 108, пар. 1251 і наступныя.


XLІ. ПАТЫРГ[156]КЕЙСТУТАВІЧ, 1363 г.

Крыжак Літву два разы штогоду

Нападам грозным змардоўваў,

Усіх, хто рыцарам стацца прагнуў,

На крушнях тут жа ўпасоўваў.

Калі ж прыйшоў сам граф фон Ганаву[157],

Яго ўпасоваць схацелі ў Гародні

Пад збітых стогн, на трупах паганскіх,

Каб замак быў ім паходняй.

Шатландцы едуць, з імі ангельцы

І немцы велькай грамадай,

Не з апостальскай ласкаю ў сэрцы,

А перш-наперш з хціваю здрадай.

Ды толькі здаля вежы Гародні

Прабліснулі, здань іх зводзіць...

Там з хлебам - соллю, з крыжам збавення

Пасольства з брамы выходзіць.

Па тварах сорам лёг, па крыжацкіх,

А гневам госці ўскіпелі:

Навошта клікаць, бы на паганцаў,

Як хрысціян біць хацелі.

Няслі ад Горадні нехта сорам,

А нехта гнеў і пагарду,

Так Патырг мудры, замку староста

Збіў з немцаў пыху без гвалту.

І хоць жа Кейстут, бацька Патырга

Меў з тога гумор не найлепшы,

Ды Патырг тым шмат болей дамогся,

Чым б нават немцаў пасекшы.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. V, с. 130, пар. 1254.


XLІІ. БІТВА ПАД РУДАВАЙ[158] У ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1370 г.

Князь Кейстут намарна слова

Не казаў ніколі:

"Буду ў вас у Прусах госцем

Па зімовым полі."

Зімка поле пабяліла,

Рэкі лёдам сцяла,

І Кейстут з Альгердам рушыў

З сілаю нямалай.

Моўчкі ўпаў пад Каралевец --

І ўжо пад Рудавай.

Там сцяліся з крыжакамі

Бітваю крывавай.

Не пашчасціла ліцвінам,

Бітву ж бо прайгралі[159],

Толькі тое суцяшае,

Слова што стрымалі.

Так бывае, што прыплаціць

Рыцар за размову,

Галавой наложыць - толькі

Датрымае слова.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. V, с. 178-188, пар. 1275 і 1276.


XLІІІ. ВАЙШВІЛА[160] Ў ЧАСЫ АЛЬГЕРДА, 1370 г.

Віся, песня, над магілай,

Дзе бясстрашны лёг Вайшвіла.

На Літве што памяць мае,

Цень яго хай суцяшае.

Згінуў недзе над Тарнавай[161],

З крыжакамі біўся жвава.

Як Кейстут адходзіў з войскам,

Шындэкопфа[162] збіў геройскі.

Звёў са свету вераломцу,

Што крыві папіў бясконца

Ў Баярбургу[163] і Пастове[164],

Там зляцелі ўсе галовы.

Меўся знішчыць шчэ Літавы,

Як вяртаўся з-пад Рудавы,

Ды страла з рукі Вайшвілы

Навылёт яго прабіла,

Каб грашыць ён больш не мог.

А злы дух каб хто сцярог,

Дух Вайшвілы будзе там жа,

Дзе нямчына ў землю ляжа.

Віся песня над магілай,

Дзе бясстрашны лёг Вайшвіла.

На Літве што памяць мае,

Цень яго хай суцяшае.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Нарбут, т. V, с. 174-188, пар. 1275 і 1276.


XLIV. АЛЬГЕРД[165], ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ЛІТОЎСКІ, 1330-1345 гг.[166]

Як дагнаць жаўронку цяжка

Арла маладога,

Так паэту цяжка ўславіць

Песняй мужа тога.

Утаймоўваў крыжакоў ён,

Розныя плямёны.

У Альгерда ўрад быў мудры,

Добрыя законы.

А чужынец лез - дадому

З роднай гнаў святліцы.

Прысланяў сваё кап'ё ён

Да яго ж сталіцы[167].

Быў ён грозны, ды гатовы

Да суседскай згоды.

"Не хачу, казаў, каб марна

Кроў лілі народы"

Каб усе былі такія,

Што сядзяць на троне,

На зямлі, крывёй палітай,

Быў бы мір па сёння.

Люд да іх, як да Альгерда,

Жывучы ў дастатку,

Праз вякі б сваю пашану

Перадаў нашчадку.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Нарбут, т. V, с. 26-240


XLV. КЕЙСТУТ [168]

Ой, было, казалі, Кейстуту не міла,

Што сястру Ягайлы ў жонкі ўзяў Вайдыла[169].

Той Вайдыла з немцам свайго пана сватаў,

Праз яго ж аднялі Полацк ад Вайдата[170].

Ой не да спадобы ўсё было старому,

Да Ягайлы ў Вільню заспяшаў ён з дому.

А перад сабою выправіў ён фуры,

Добра прыхаваўшы трокцаў паміж шкуры[171].

Кейстут шапку князя ўсёй Літвы ўздзявае,

А Ягайлу ў Крэва княжыць пасылае.

Як пайшоў туды ён, дзе ўзняў бунт Дзімітрый[172],

Адплаціла Вільня князю здрадай хітрай.

Бо Ягайла шапку князя ўжо ўздзявае,

Кейстута ж у Крэва ў путах адпраўляе.

Аж чатыры дні там ён з чыёйсьці волі

Прасядзеў у гэтай жорсткае няволі.

Быў чатыры дні там, а ўначы на пяты

Склеп глухі падземны адчынілі каты.

Там і задушылі Кейстута старога,

Што зрабіў для краю добрага так многа.

Верны быў паганству ён, таму й самога

Адвязлі, дзе попел цела Свінтарога

Там усклалі князя на касцёр высокі,

І ў пламенні ўзнёсся Кейстут пад аблокі.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 466, 467.


XLVI. ГАННА ВІТАЎТАВА[173] І ГЕЛЕНА АМУЛІЧОВА. 1382 г.

Адалела ўсё каханне -

Замкі, варту - для спаткання

Сэрцаў двух, што разлучыла

На зямлі ліхая сіла.

Гэта ж вымкнула з астрога

Жонка Вітаўта самога!

Крэва князя ў склеп схавала,

Згуба там яго чакала.

Так, як Кейстута, хацелі

Задушыць у змрочнай цэлі.

Ліха сэрцам чула Ганна,

Паляцела ў Крэва рана.

З ёй - Гелена. У скляпенні

Вітаўт, у яе адзенне

Апрануўшыся, паволі

З брам ішоў насустрач волі.

А Гелена? У той цэлі

Засталася ў падзямеллі.

Вось прыйшлі па князя каты,

Ад яго ж там - толькі шаты.

Каты ў злосці ў той жа хвілі

Служку верную забілі.

Скажам ёй ухвалы слова:

Чэсць табе, Амулічова!

Пра Літву, пра Ганну дбала,

Ім жыццё ахвяравала.

Ганарыся слаўным чынам!

Вітаўт век быў двум жанчынам

Вінен - Ганне і Гелене -

За жыццё, за вызвалене.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с.467, Нарбут, т.V, с.303. пар. 1328.


XLVII. РАЗЛАД ВІТАЎТА З ЯГАЙЛАМ[174]

Жах, калі браты ўжо ў доме

Распачнуць сварыцца.

Будзе трэсці дом, ён хутка

Можа й разваліцца

Калі Вітаўт з Ягелонам

Бойкі распачалі[175],

Крыжакі з агнём у дом наш

Тут жа заспяшалі.

Тры разы ў хаўрус наш Вітаўт

З імі уваходзіў,

Тры разы Жмудзь прадаваў ім

І Літве тым шкодзіў.

І братоў стрыечных Вітаўт

Біў нелітасціва.

Прад яго нападам Вільня

Узнялася жыва.

Ён не змог яе ўзяць сілай -

Нішчыў край вакольны.

Здрадзіў брату, дык і здрадзіць

Крыжакам быў здольны.

Памірыўшыся з Ягайлам,

Ён свайго дабіўся.

Да крыві ж якой на Жмудзі

Быў ён прычыніўся!

Для нашчадкаў тут навука

Будзе вунь якая!

Хто ж так сварыцца, хто ў дом свой

Ворага ўпускае?

Пераклад К. Цвіркі.


XLVІІІ. ДАВОЙНА[176] Ў ЧАСЫ ЯГАЙЛЫ, 1384 г.

На Яснай горцы[177], дзе ўвесь люд з пакорай

Прад Маці Божай чола хіліць ніжай,

Забраў Давойна па-за ўсім заборам

Акуты золатам драўляны крыжык.

Вязе да Вільні з дарагім палонам,

Ідзе пры ім і прыгажуня бранка,

З слязьмі замешваючы пот салёны,

Была адной дачушкаю Габданка[178].

Ды дзіва вось, як хто кранаўся воза,

Яму адразу мову адымала,

Жахнула ўсіх нязнаная пагроза,

Аж задзівіўся тому сам Ягайла.

Габданка-панна мовіла да князя:

"У сне мне аб'явіўся ангел Божы,

Бог будзе помсціць за крыжа знявагу,

Пакуль назад яго хто не паложыць."

Давойна крыж адвёз той разам з бранкай,

І князя волю выканаў ён тонка;

Хрысціўся там і мілую Габданку

Назад ужо прывёз, як жонку.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с.470.


XLIX. РАДЗІВІЛ[179]У ЧАСЫ ЯГАЙЛЫ. 1384 г.

Менш гавораць, болей робяць

Моцныя мужчыны.

Вось такі ў часы Ягайлы

Радзівіл быў чынны.

Раз, як Вісла перашкодай

Легла ў час паходу,

Шум ды гам усчаўся, ён жа -

Там без слова ў воду!

Пераплыў і ўзяўся секчы

Ля ракі лясіну.

"Не стаяць! - сказаў ён толькі. -

Зробім тут драбіну".

За работу ўсе ўзяліся

Там, ля Завіхосту[180].

Перайшлі праз роў драбінай,

Быццам бы па мосту.

З ходу замак быў узяты.

Шмат было там шуму!

Радзівіл жа наш маўклівы

Збоку думаў думу.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 469-470.


L. ЯГАЙЛА І ЯДВІГА[181], 1386 г.

І чаго ж вы, дуб і явар,

Дужым голлем так спляліся?

Вас пярун хутчэй праніжа -

Разам грымнецеся з высяў!

Так, але зваліць не лёгка

Долу ўсё-ткі нас, з'яднаных.

Ды і падаць міла разам

З-пад нябёс для закаханых.

І чаго ж, Ягайла, ў Кракаў

Ты ляціш у бурцы чорнай?

Свеціць свету каралеўна

Там красой карпацкай горнай!

Разлучыць смерць можа сэрцы,

Могуць нішчыцца народы,

Ды з'яднаным не так праста

Нарабіць вялікай шкоды.

У Літве - быць веры яснай!

Людзі ўсе палагаднеюць.

А яшчэ ж тут Бог паможа

Зерне добрага пасеяць.

І паехаў наш Ягайла,

Хоць крыжак маніў інтрыгай.

Аб'яднаў з Літвой ён Польшчу,

Ажаніўся сам з Ядвігай.

Шлях паказвала Ядвіга

У ясноты хрысціянства,

І ў Літве пад сонцам веры

Уцякла ўжо ноч паганства.

Так адна для двух народаў

Стала доля і нядоля.

Іх сама любоў з'яднала -

Боская была тут воля.

Пераклад К. Цвіркі.

Адсылка: Стрыйк., с. 473 і 474. Нарбут, т. V, с.382-387, пар. 1361.


LІ. ХРЫШЧЭННЕ[182]ЛІТВЫ ЯГАЙЛАМ, 1387 г.

Не шкадуйце ў грознай помсце

Звычай свой, ліцвіны,

Вера тая справядліва,

Што братамі чыніць,

Што любіць гаворыць Бога

З сэрца паўнатою,

Як сябе, так і чужога,

Мераць меркай тою.

Не глядзіце на крыжакаў,

Што хрысцілі мечам,

Воўчу пашчу мы не крыем

Шкураю авечай.

Ёсць любоў цяжкой навукай,

Кожны знае гэта,

Можа сёння пыха, хцівасць

Вынішчыць паўсвету.

Ды шчаслівы век той будзе,

Бо Хрыстуса вера

Шле любоў у сэрцы людзям,

Ёй учынкі мераць.

-- Так, ліцвіны, пушчаў дзеці,

Будзьце хрысціяне!

- Будзем! Бо сказаў Ягайла,

Богам ён абраны.

Хрысцяць іх, а сам Ягайла

Веры навучае.

Глянь, Ядвіся, як каханне

Бог тваё прымае.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 478 і 479.


LІІ. ДАЎМОНТ[183]ГУРДАВІЧ, КНЯЗЬ ГЕДРОЙЦКІ, 1392 г.

Ой, Даўмонце, ты, Даўмонце,

Валадар гедройцкі[184],

Мы твае згадаем беды

І твае геройствы.

Ты крыжакаў спраўна нішчыў

Пад Кейстута воляй,

І загоны з-над Сасаркі[185]

Часта бралі поле.

А калі крыжак наехаў

Раз на Відзінішкі[186],

То палеглі штабялямі

Ордэнскія мнішкі[187].

Поле бітвы "Касцянева"[188]

Стала называцца,

Дзе пыхлівыя крыжакі

Муселі застацца.

Толькі вось перад Вітаўтам

Не схацеў схіляцца,

З Завілейскаю Літвою

Вырашыў яднацца.

"Што ж Даўмонт нас пазбягае?"--

Дворню князь пытае.

"Мае мёду з рускіх весяў[189],

Нас не запрашае."

Князь Вітаўт цябе прынізіў

Воласці забраўшы,

А ты, кажуць, кол схапіў быў

Ганьбы не стрываўшы.

Бег адзін на Касцянева

І забіў на грудзе:

"Покуль, кол, табе тут гнісці,

Край мой краем будзе!"

Меў сказаць, што нават Вітаўт

Стаў тут не на векі,

Ды з-за цяжкіх гэтых стратаў

Смерць звяла павекі.

О, Даўмонце, ты, Даўмонце,

Валадар гедройцкі,

Мы твае згадаем беды

І твае геройствы.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стыйк., с. 355, 356.


LІІІ. ПРА ГЕТМАНА АЛЬГЕРДА[190] Ў ЧАСЫ ВІТАЎТА, 1396 г.

-- Дзе ж вы, ліцвіны, хадзілі?

-- Дык жа ў Смаленску[191] з Вітаўтам[192],

Глеб[193] не спяшаўся з падаткам,

З княства яго мы злажылі.

З гетманам потым Альгердам

Мелі патанчыць над Донам

Танец з ардою шалёны

Ў полі шырокім нязведным.

Тры там царэвічы леглі:

Крыму, Кіркелу, Майкопу[194].

З гетманам спраўна дадому

Ў горад Смаленск мы прыбеглі.

З гонарам Вітаўт вітае,

Цэніць здабычу і бранцаў,

Так па-над Донам мы танцы

Танчылі ў гонар для краю.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 504 і 505.


LІV. БІТВА НАД ВОРКСЛАЙ[195], 1399 г.

Вунь стары ліцвін ля хаты

Думку думае зацята.

Ля яго ягнятка скача,

А ён, бедны, ледзь не плача.

Узгадаў, як над ракою

Воркслай, мутнаю, чужою

Пацярпеў Вітаўт паразу,

Дзе і ён тады быў разам.

О, Вітаўце, слава наша,

Хто цябе калі настрашыць?

Пра карону ты шчэ дбаеш,

Волас хоць зсівелы маеш.

Што ж казаць, як ты меў сілы,

Звон мячоў быў сэрцу мілы,

Ды вось моцна пацярпелі,

Як Эдыгу[196] біць хацелі.

Варажбы не слухаў дзіўнай,

Што тлумачыў Ян з Пакрыўнай[197],

Не паслухаў Спыткі[198] слова,

Гнеўны быў на хана мову.

Хан Эдыга ж так адмовіў,

Як Кутлуку ты прамовіў:

"Мне паддайся, я старэйшы"[199],

Што ж тут гневацца, мілейшы.

Ды хапіла гневу, пыхі,

Лезлі ў бітву, як у ліха,

І за справу Тахтамыша[200]

Прападалі, быццам мышы.

Цяжка, цяжка нам прышлося,

Тысяч сто там засталося,

Што былі жывымі ўчора,

Кроў струменем, трупаў горы[201].

Ледзве ўцёк за ласку Бога,

Смеласць Спыткі, Астрарога...[202]

... Ой маліся, дзед, маліся,

Не давай улады пысе...

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 507, Нарбут, т.V, с.615. пар. 1466.


LV. СМЕРЦЬ ЯГАЙЛЫ, 31 траўня 1434 г.

У ляску пад Гарадком[203] старэнькі

Спевы Ягайла ўчуў салавейкі.

Доўга, ах доўга песню ён слухаў,

Ветрык халодны на скроні дзьмухаў.

Дзьмухаў на скроні, дрыжыкі ўзялі,

Да Гарадка яшчэ ногі трымалі,

А сеў за стол, абнямог вяльможны,

І Бог гукнуў яго ў шлях апошні.

Хто салавейкі так любіць песні,

Што разліваюцца вечарам вешнім,

Слухай, ды помні лёс каралеўскі,

Звязаны з песняю той чарадзейскай.

Згадвай, дзе шлях свой Ягайла скончыў,

Што дзве краіны свае з'ядночыў...

... Меў ён чуллівасць, дабротаў сілу,

І быў яму салавейка мілы.

Пераклад С. Судніка.

Адсылка: Стрыйк., с. 579.


Міхаіл Лермантаў. Л і ц в і н к а

1.

Чый церам даўні на гары крутой

Акрэсліўся зазубранай сцяной?

Бяззменым цар падсіненых палёў,

Каго хавае моцаю замкоў?

Хто цёмным нефам давяраць прывык

Малітвы шэпт і вясялосці клік?

Яго ўладальніка, скажу я вам,

Арсень[204] - імя, вядомае сябрам.

І недругам вядомы ён бываў,

І імя іншага ніколі не жадаў.

Яго правы аспрэчваць не хацеў

Ніхто, калі мо, нават, моцу меў.

Судам і ўладам непадлеглы быў

Дарогу да суседзяў ён забыў;

Багаты ў міры, слаўны ў дні вайны,

Калі яго наведвалі яны, --

Ён пазбягаў даверлівых размоў,

Пагарда праступала з яго слоў;

Ён нават ласкай госця прыніжаў

Хаця, магчыма, тога не жадаў;

Ці не таму, што ў надта ранні век

Яму стаў падуладны чалавек?


2.

На лежбішчы спакусы і ў баю

Арсень прабавіў моладасць сваю.

Калі гучаў удар яго мяча,

Чырвоная ўзнікала епанча,

Бег ад яго татарын і ліцвін,

І войска часта варты быў адзін!

Грудзіна ў ранах і рубцах была,

А пасярод маршчын яго чала,

Як прыгажэйшы лал ці дыямент,

Руды рубец - літоўскай шаблі след.


3.

З палёў вайны вярнуўшыся дамоў,

Да жонкі маладой ён не зайшоў,

Ён не прывёз парчы ёй дарагой,

Садранае з татаркі нежывой;

І іншых не прывёз у дар драбніц:

Пярлінаў ці якіх там завушніц.

Пра сына маладога не спытаў

І дом стары ён моўчкі прывітаў;

Пра вычыны свае ў чужым краі

Нікому не казаў з сямейнікаў сваіх;

І ў час спаткання, нібы кроў з ляза

З павека хоць скацілася сляза,

Ды перш, упасці долу чым змагла,

Яна слязой пакутнаю была.

Ён здрадзіў ёй, і што святы абрад

Таму, хто не аглядваўся назад?

Як воблакаў на небе не суняць,

Так не прымусіш сэрца не кахаць.


4.

Два дні прайшло, - і жонкі маладой

Не стала ў доме; толькі бабка з ёй

Выгнання падзяліць рашыла лёс

У клештары пад схованню нябёс,

Хаця да неба там і не бліжэй

Ці карацей маліся, ці даўжэй.

Ды жонкі звераломленай душы,

Для свету мёртвай у святой цішы,

Ці можна тога проста так забыць,

Каго прывыкла лашчыць і любіць?

Ён здрадзіў ёй! Ну дык няўжо таму

І ёй павінна здраднай быць яму?

Тугу ахвяры і святы закон

Для новай жарсці не заўважыў ён,

Для браніцы, ліцвінкі маладой,

Для гордай панны з стараны чужой.

Ва ў году ёй за пару мілых слоў

З прыгожых вуснаў быў Арсень гатоў

Айчыну, жонку і дзяцей сваіх

Ахвяраваць з душой у той жа міг.


5.

Ярылы твар барвеўся праз туман

Ды клаўся на спачынак за курган,

І, разарваўшы хмар дажджлівых цень,

Апошні па зямлі слізгаў прамень.

Так соладка, так ціха, з ім было,

Нібыта свету грознае чало

Яго любові варта! Міг адзін,

І ён пакінуў, грозны змрок далін,

Гары вяршыню, церам асвятліў,

Халодны, палымяны бляск разліў

Па шыбах-вітражах святліцы той,

Дзе так нядаўна з радасцю жывой,

Каля акна, нібы ля алтара,

Свайго чакала жонка ўладара;

Дзе іхні сын маленькі шчыраваў,

Ледзь бацькавую дзіду падымаў;

Цяпер... дзе маці, сын? На месцы іх

Сядзіць ліцвінка, квет палёў чужых,

І, дзесь рассыпаўшая голас свой,

Разладжаная лютня перад ёй,

І па струне, парванай трэці дзень,

Вячэрні ціхай сцелецца прамень.

Прыстала Клара ад чужых начэй,

Валожкавую сінь сваіх вачэй

Яна на захад шле Ярылу ўслед

Праз дні і вёрсты несканчоных бед;

Радзіма там, пясняр і воін той,

Які не раз схіляўся перад ёй!

Дзяўчаты вольныя ў яе зямлі

Там да кахання змусіць не маглі!


6.

А тут яна з пакорнасцю нямой

Кахаць павінна тога, хто вайной

Стаптаў палі ў краі яе бацькоў,

І гукі спеўныя ласкавых слоў

Цвярдзіць, каб удалося зноў і зноў

Сваю нянавісць выдаць за любоў,

І грудзі хвалявацца прымушаць,

І небывалую паказваць жарсць...

Лятучы ўздых, пагляд, за разам раз...

Павінна..., ды надыдзе помсты час!


7.

Вячэрні пір, рабы паўсюль шумяць,

Лампады ў пышных грыдніцах гараць;

У срэбраным карцы кіпіць віно;

Да пары той прывыкнуўшы даўно,

Арсень пацягвае бурштынны сок,

Каб заглушыць сумленне на чуток!

Палонніца ж яго памутнены пагляд

Чытае, як вясёласці загад,

Прытворная ласкавасць, гучны смех

Падманвае аматараў уцех.

Арсеня твар ад шчасця расцвітаў,

І ласкава ліцвінку ён абняў;

І кудры залатых яе валос

Вятрыска па плячах яго разнёс

І апусціў духмянаю фатой

На грубы лік, адзначаны вайной.

А Клара нанясла на тварык сум

І шэпча, нібы даўнішнюю з дум:

"Кахаеш ты мяне?" "Што тут пытаць? -

Усклікнуў ён, - табе хіба не знаць,

Хто для цябе так многа пагубіў,

Як я? - і твой Арсень ды не любіў?

І хіба я цябе калі б абняў,

Каб не гарэў душою, не кахаў?

О, жартамі мяне не спакушай,

Сярод людзей мне пекла, а мой рай

Ля мілых ног! - як толькі я хоць міг

Сваімі не сціскаю рук тваіх,

Палац і плаха мне тады адно,

Прасвету ў днях самотных не відно!

Я беззаганны, ля тваіх грудзей,

Суровы, дзікі для чужых людзей!

Я да тваіх схіліўшыся калень

І мірны, і шчаслівы цэлы дзень.

І цёплае дыханне губ тваіх

Прыемней ад курэнняў дарагіх!

Ты валадарыць створана была;

Мяне скарыць каханнем ты змагла.

Хай раб я твой, мной не ўладарыць лёс,

Ці ж годныя цябе рабы нябёс?

Каб не стварыў мяне калісьці Бог,

Ён і цябе паслаць бы ў свет не змог".


8.

"Калі б дакладна ты мяне кахаў

Мяне ў вязненні ты бы не трымаў,

Я не жыла б у цераме тваім.

Ты кажаш, што ён мой, а што мне ў ім?

Багаццем дзіўны, пыхай без мяжы,

Вачам ён мілы, сэрцу ён чужы.

Праз гай тут воды чыстыя цякуць,

Ды рэчку тут не Віліяй завуць;

І вецер, што гайдае тут траву,

Мне не прыносіць песні пра Літву!

Не! Пра каханне мяне не гавары,

Без мілай волі, што твае дары?" -

Сказала Клара, і халодны яд

Пагарды поўны выліла ў пагляд.

Арсень быў нерухомы ля яе,

Аддаў бы ўсе багацці ён свае,

Адзін, адзін каб позірк атрымаць,

Ды толькі волі ёй не мог аддаць.


9.

А што за госць глухой начной парой

Грукоча ў браму моцнаю рукой,

І вартаўнік схапіўшыся са сну

Крычыць: "Хто там?" - "На хвілячку адну

Ўпусціце. Бура, быццам дзікі звер,

Раве і свішча, нас адно цяпер

Пусціце абагрэцца нейкі час,

А заўтра, заўтра мы пакінем вас,

Аднак ніколі ў модлах мы сваіх

Гасціны дом паміж зямель чужых,

Мы не забудзем !" Вартаўнік маўчаў;

Ды ржавы ключ упарта завішчаў,

Аб дошкі цяжкі загрымеў запор,

Вароты адчыніліся - на двор

Дарожных двое едуць. Ліхтаром

Асветлены і ў гаспадарскі дом

Ідуць. Плашчы шырокія, парой

Зазвоніць, блісне нешта пад палой.


10.

Арсень іх кліча за гасцінны стол

І гутарку прыветную завёў,

Ды госці, як галоднымі не быць?

Не рвуцца многа піць і гаварыць.

Адзін з гасцей даволі малады,

Другі зсівеў за доўгія гады,

І прачуваецца з ягоных слоў

Адна з аддаленых ад рускай моў;

Малодшы госць на выгляд быў смялей,

Не зводзіў ён пранізлівых вачэй

З ліцвінкі маладой, яго пагляд

Сказаў бы што каму з чужых наўрад,

Ды, знаць, спаткацца выпадала ім

Калісьці, недзе мо ў жыцці другім!

Ці можа нешта аб прайшоўных днях

Нагадваў ён, ды не жаночы страх

Яе прымусіў сцяцца і ўздыхнуць,

І галаву паспешна адвярнуць,

І вочы белаю прыкрыць рукой,

Каб іх не здрадзіць радаснай слязой.


11.

"Ты пабялела, Клара?" - "Дрэнна мне", -

Пайшла к сабе і села пры акне,

Каб, расчыніўшы крышку шыбы ў ім,

Паветрам падбадзёрыцца начным,

Туман у полі, знічачка адна

Блішчыць здалёк, забытая з відна,

І вецер парушальнік цішыні

Шуміць у змроку ўздоўж глухой сцяны;

То брэх сабак, то са званіцы звон

У поле ўрыўкамі адносіць ён.

І Клара слухае! Як думак шмат

Прынёс таго вандроўніка пагляд;

Каб толькі хто-нібудзь пабачыць мог,

Хоць палавіну ўсіх яе трывог,

То на сябе не стаў бы прымяраць,

Каб цяжар той на трохі хоць прыняць,

І каб чало, дзе радасць і любоў

Раней бывалі, прасвятлела зноў,

І каб румянец зноў крануўся шчок,

Нібы вясёлка вечарам аблок...

І што магло так панну ўсхваляваць?

Ці не вандроўнікі, хто можа знаць?

Чым для душы пакутванне мацней,

Тым вечны след патоне ў ёй глыбей,

Пакуль усё, што дадзена з нябёс,

Не выльецца ў адзін гаротны лёс.


12.

Рассунуў хмары месяц залаты,

Як херувім злых духаў цемнаты,

І як надзеі непагаснай міг

Ад сэрца гоніць памяць бед былых,

І сведка абыякавы тых спраў,

Якіх бы дзень і ведаць не жадаў,

А цемра прыхаваць, нябёс абшар

Абходзіць ён адзін начны ўладар,

Акрэсліўшы ліцвінкі юны лік,

Прамень яго ў акно няўзнак пранік

І, шклу надаўшы дыяментны ўбор,

Прайшоўся па падлозе, як танцор,

І асвятліў пярсідскі ён кілім

Святлом халодным здрадлівым сваім,

Ды што за гук раздаўся за сцяной?

Працяглы стогн, народжаны струной,

Як песні гук, няхай бы зноўку ён

Нябачным паўтарыўся песняром...

Ну вось ізноў! Спеў у начы глухой

Палонніца пачула! пэўна той,

Каго пагляд туманны з-пад чала

Яна даўно пазнала ўжо была!

І летуценнямі ахоплена яна,

І марыць ля высокага акна;

Адно ў Літве такі вось песень лад!

Як кліча, цягне ён мяне назад,

І ім адклікнуўся ў маіх грудзях

Боль па Радзіме і палону жах!


13.

Мінуўшчына гучала ў песні той,

Як вольнасць - вольнай, як смала - густой,

І чым Радзіма мілая была,

Палонніца ў той песні ўсё знайшла,

І ў гэтай асалодзе быў дакор

Жаночай годнасці, што з даўніх пор

Была ліцвінкам за жыццё важней,

За помсту злей, пагарды халадней.

Яна схапіла лютню, і струна

Звініць, звініць пачуццяў глыбіня.

Запела панна, гэткай у жыцці

Нідзе ніколі песні не знайсці

Адно імгненне толькі і жыла,

Пакуль адно з грудзей да губ ішла,

Каб сэнс уцяміць, досыць сэрца мець

Нам дадзена нябёсы разумець!

Ды вельмі для зямлі стварыў нас Бог,

Каб хто-нібудзь яе запомніць мог.


14.

Гарыць заранка, і паўсонны гай

Пад часты грэбень чэша небакрай.

А што ж брамар, мо праз гады свае,

Маўчыць і ў дошку медную не б'е?

Што ж церам не абходзіць ён?

Няўжо ён спіць? Ён спіць - ды вечным сном!

Адкінута завала ад варот;

Ляжыць стары, зацяўшы мёртва рот,

І вочы прызаплюшчыў назаўжды,

І кроў цячэ па космах барады.

Прыбеглі слугі, топчуцца вакол,

Адно дратуюць баязліва дол;

Маўчыць адзін, схіліўшы галаву,

Другі вакол разглядвае траву;

Хапала духу дзеда шкадаваць,

Далей ніхто не ведаў, што пачаць.

Забойца дзе? Чыя няўмольная рука

Не ўздрыгнула над шыяю дзядка?

Хто адчыніў высокае акно

І вузкай, белай стужкай палатно

Спусціў на двор? Блакітны пояс чый

Утоптаны ў пясок быў уначы?

Чужыя дзе? След да варот вядзе

Няма нідзе. І Клары тэж нідзе!


15.

І доўга давялося ім гадаць,

Як вестку змрочную Арсеню перадаць.

Сказалі ўрэшце, слухаў і маўчаў,

Хацеў схапіцца, нерухомы стаў,

Як даўні стод, нібыта той мярцвяк,

Пагляд адкрыты, не глядзіць ніяк!

Нібы прыкованы і мкне ў палёт,

Блішчаў агнём, халодны быў, як лёд,

Руку заціснутую ўверх падняў

І штось губамі сінімі шаптаў,

Падобны быў на клятву шэпт яго,

Не зразумеў аднак ніхто таго;

Яна была на мове на сваёй,

Ды толькі дальні гром грымеў у ёй!..


16.

Сцякалі дні. Арсень пачаў ізноў

У сутнасць унікаць пачутых слоў,

Ды сэрца, абгарэлае ў журбе,

Было, як мёртвае, само сабе;

Сумеў яго прымусіць не кахаць,

Ды што было, таго не пахаваць

Навек. Хто можа марам загадаць

Па-над сабой не плаваць, не лунаць?

І ад душы хто зможа памагчы,

Каб змучаную частку адсячы?

Сцякалі дні, нічога з усяго

Дзівоснага не ўразіла б яго

Хоць навальніца па-над ім магла

Чарнець, вісець, не моршчыў ён чала

Але, як вытаў ён не пазбягаў

Ад лёсу, нават - проста іх трымаў,

Але, як паказаць ён не хацеў,

Што мог цярпець, як некалі цярпеў,

Дык рана, што хацеў ён пагарджаць,

Яго ўсё болей пачала з'ядаць.

Ён Клару не сумеў бы перыжыць

Каб проста смерць... а здраджанаму быць?

Раней было, ён пагарджаў людзьмі,

А тут усе абмыліся слязьмі...

Яго зладзействы пагубілі лік

Стаў вылюдкам на цэлы свет вялік.


17.

Ёсць змрок душы, дзе шэрасць спіць сама,

Калі ні дня, ні ночы ў ёй няма.

Яна сама закоўвае сябе,

Жыцця не хоча - смерць не па губе.

І неба вінаватым не зрабіць,

Вакол усё вясёласцю бруіць!

Яна - ахвяра патаемных мук,

Сугучча свету - непраўдзівы гук.

Яна глядзіць на бляск прыроды ўсёй,

Нібы ахвяра ў страты дзень сваёй

Глядзіць на ўсмешку ката! І назад

Яна кідае змучаны пагляд.

Ды хвалі след у моры не знайці,

Лісту апаўшаму наноў не прырасці!

Ёсць дэман-разбуральнік добр зямных,

Ён радасць дорыць на кароткі міг,

Каб лёсу выт нас паканаў хутчэй,

Сапраўдны вораг, неба і людзей,

Наш дух слабы звышжорсткім робіць ён,

Аж покуль мукі не знясуць, як сон,

Усё, што цэнім мы адзіны раз,

Усё што зайздрасна яму між нас!..


18.

Супроць Літвы пайшоў вялікі князь,

Яго дружыны помстаю гараць,

Нясуць краям пагрозу тым яны,

Дзе запылае полымнік вайны.

Каб адстаяць сваёй зямлі правы,

За вольнасць б'юцца рыцары Літвы,

І дзюбы крумкачоў, і зуб ваўкоў

Скрыгочуць па касцях яе сыноў.


19.

І ў рускі стан, асеннім, шэрым днём,

З'явіўся раз, адзін, без слуг, пяшком

Баец вядомы храбрасцю сваёй, -

І тут жа стаў прычынаю размоў.

Даўно не падымаў ён тарчу, меч,

Прымушаны ў прыгрыдніцы ржавець!

І для чаго з'явіўся ён сюды?

Не край радзімы выручыць з бяды;

Між сэрцаў многіх ён адно шукаў,

Яго адно прабіць баец жадаў.


20.

Уздоўж па рэчцы з пенай бурных хваль

Разносіць вецер грознай бітвы шал!

У полі гонным цвет сваіх дружын

Звялі сягоння рускі і ліцвін.

Барвовай рысай шэры небасхіл

Блакіт палёў ад неба аддзяліў,

Аблокі ў небе бухнуць пакрысе,

Віхор у вочы пыл з пяском нясе;

А бой кіпіць, і гнецца рускі шыхт

І новы ўжо ці вытрымае выт?

Ды голас чый над полем загрымеў

З такою сілай, што ліцвін знямеў?

Чырвоны плашч, крывавы сцяг на ём,

Без тарчы ён, даўно згубіў шалом;

Узброены сякераю стальной

І вораг падае; адзін, другі пад ёй

З запёкшайся крывёю на губах

Упаў з ім побач. І таемны страх

Абняў сыноў Літвы; і больш яны

Не маюць ласкі ад багоў вайны.

Ім перамогі больш не датрымаць,

Іх гоняць, б'юць, ім трэба адступаць,

Ды і ва ўцёках, глянуўшы назад,

Яны смяртэльных стрэлаў сыплюць град.


21.

Арсень цудоўны гэты быў ваяр,

Ён кроўю вырашыў кахання жар

І пал душы спапеленай заліць,

Ён ненавідзіць свет, каб не любіць

Адно стварэнне! Кучы мерцвякоў

Без тарчаў валяцца з усіх бакоў,

І палымнее радасцю пагляд,

Дзе помста пасялілася назад

Так многа год. Паперадзе сваіх,

Як метэор між аблакоў начных,

Калі ж заўважыў ён, што быў адзін

Сярод варожых для яго дружын,

Было ўжо позна! "Бачу час настаў!" -

Падумаў ён, і меч яго шукаў

Апошняга. Ды чуе: "Гэта ён!"-

За ім усклікнуў нехта. Як агонь

Апёк Арсеня, воін захацеў

Паслаць праклён і тога не сумеў.

Анёлам бітвы ў лёгкім шышаку

Ўздымала Клара з шабляю руку,

І маладцы цясніліся пры ёй;

Паглядам, словам, тонкаю рукой

Яна наперад рыцараў вяла,

І, быццам лёс, ужо для іх была.

Арсеня стрэўшы, ні на міг яна

Ні пабялела, ні хаця б каня

Спыніла чуць. Быў голас грозны той,

Калі ўзмахнуўшы белаю рукой

Яна гукнула: "Рыцары Літвы,

Няма надзеі, покуль ён жывы,

Пыхлівы гэты рускі, перад ім

Яны бягуць, ды мы не пабяжым,

Хто першы мне яго пакажа кроў,

Таму мае каханне і любоў!"


22.

Арсень пагляд з пагардай адвярнуў,

Калі той вырак для сябе пачуў.

"І ты супроць мяне!" - усклікнуў ён,

Ды словы тыя, як апошні стогн,

Прапела сэрца лепшая струна,

І ў гэты ж момант лопнула яна.

З пагардай меч свой кінуў ён, затым

Плашчом закрыўся ад усіх сваім,

Каб права з іх сказаць ніхто не меў,

Арсень нібы ў час смерці пабялеў.

Тры дзіды грудзі працялі таго,

Хто сам шукаў спачынення свайго,

У кім з дабром вяло змаганне зло,

І дзе яно ў канцы перамагло.

Як цар дубравы, горда ён упаў,

Не глянуў, не шапнуў, не закрычаў,

Хаця б малітву ці які папрок

Прамовіў ён. Ды ўжо на свет здалёк

Глядзеў Арсень, бо век шчаслівы свой

Ён вызначыў нявернаю душой;

Жыццё закончыў у глухой жальбе

Бо тут даўно ён збудаваў сабе

Свой рай і пекла, тут даўно іх меў

І іншых знаць і ведаць не хацеў.


23.

І апусцеў яго высокі дом,

І падарожны не гасцюе ў ём;

І двор зарос зялёнаю травой,

І пыл паслаўся шэрай сівізной.

Святыя абразы, льняны абрус

Кілім пярэсты, ды дубовы брус

Не скрыпне больш пад лёгкаю нагой

Прыгожай паланянкі маладой.

Ні ў срэбных похвах непадкупны меч,

Ні шолам моцны, ні даспехі з плеч

Асілкавых не бліснуць на сцяне;

Яны ляжаць у дальняй старане,

Дзе ён загінуў. Тут жа ля акна

Ўсяго што лютня, ды вакол струна

Абвіта, ды яшчэ дзве сукні тут

На мяккім ложку, быццам дзень таму,

Як панна мілая з краін чужых

Рукой нядбалаю паклала іх.

Здараецца, што толькі пры акне

Начны вятрыска злёгку іх кране,

Калі сюды свой перахіліць лік

Гарэза ночы, юны маладзік!


24.

Ёсць манастыр, і там у тыдзень раз

За супакой малітва мае час.

Бывае часта, што ў царкве святой

Арсень успамінаецца парой.

Стаіць у цэркве доўгі трунаў шыхт

Гярбы бацькоў адсвечваюць па іх;

Ды толькі там не будзе блізка той,

Хто слаўны род закончыў іх сабой.

Ні свежы дзёрн, ні пышны маўзалей

Не ў цяжар для сырых яго касцей;

Ніхто не плача, а ўсяго адна

Манахіня!.. Бог знае, хто яна?

Бог знае, што ў глыбі яе душы

Шкадобу да таго, хто так грашыў,

Падтрымвае, бо ён не шкадаваў

І нават быць каханым не жадаў;

Нязмернае няшчасце ёй прынёс,

Ды хіба лепей з ім паладзіў лёс?

І як не плакаць вечна ёй над тым,

Хто быў абмануты сабой самім,

З кім лёс развёў на дзірване зямным

І не звядзе ніколі ў свеце тым?

У сэрцы смутным толькі можа жыць

Каханне палкае, якое не забыць.

У трэшчыне скалы сяды - тады

Бярэзінкі так дубчык малады

Паселіцца і радасць нам нясе,

Хаця вакол упэўненыя ўсе

Што не даўгі адмераны ёй век

Ці звер які, ці жорсткі чалавек,

Ці летні жар, ці сіверны мароз

Яе закончыць незайздросны лёс.

Пакуль жа дождж і вецер-ураган

Дарэмна трэплюць яе тонкі стан,

І пыльны ліст адданасці святой

Трапеча на галінцы маладой.

(Пераклад 2004 г.)


Антоні Гарэцкі.

З кнігі "Паэзія ліцвіна"

Пасля бітвы

Бывай жа лесу мірны цень,

Дом нашых рыцараў цяпер,

Бывай Завіша і Гапень,

Фабрыцыюшу і Шлягер.


Хай ваша імя хоць праз час

Згадаць шмат будзе хто ахвоч,

А нас, які край прыме нас,

І дзе мы не расплюшчым воч?


Зноў трубы трубяць і рагі,

Пясняр далей напеў вядзе,

Дрыжаць і дрэвы, і сцягі,

Літоўскае паўстанне йдзе.


Не веруйце, што іх закон,

Хай гром гармат не сее страх,

Здабудзем волю або скон

У гэтых ласкавых лясах.


Выгнанне

Дрэздан, чэрвень 1832


Што ж так сумна ты, выгнанец,

Той старонкаю ступаеш?

Кожны ж рад табе мяшканец,

І каралеўску ласку маеш.


Глянь на Эльбы бег свабодны,

Як тут весела, прыгожа,

Глянь на нівы, агароды,

На гаёк шумлівы, гожы.


Глянуў. Твар ад слёз расісты,

Бо прыпомніў родны краю,

Бег па Віллі хваляў чыстых

І літоўскага шум гаю.


Глянь, дзяўчаткі чарадою,

Нібы кветкі над вадою,

І саксонцаў люд лагодны,

Далікатны, шчыры, годны.


Глянуў. Пенкны край, багаты,

А ў яго на сырцы крыва -

На Літве мілей дзяўчаты,

І народ там больш пачцівы.


Глянь, выгнанец, гуртам дзеці,

Як іх маці апякае,

Як іх строіць, як іх песціць...

Глянуць глянуў і ўцякае,


Каб схавацца дзе ў скляпеннях

Ад трывожных успамінаў,

Як ён дзетачак маленькіх

І кахану жонку кінуў.


Можа, зараз у няшчасці,

Хоць ва ўласнай сваёй хаце,

Можа валяцца напасці,

Ты ж не можаш помач даці.


І калі ад слёз не ў стане

Прасвятліць свой тварык гожы,

На дзіцячыя пытанні

Адказаць яна не можа.


- Што ж, матуля, не страляюць,

Як даўней стралялі,

І жаўнеры не іграюць,

Як даўней ігралі?


Скуль тых чорных дум навала?

Павяртайся ў Дрэздан ціхі,

Ноч надходзіць, хіба мала

Ты за дзень прыпомніў ліха?


Глянь на неба, на дзівосы

Чорнай ноччу ў цёмным леце.

Ёсць Бог велькі на нябёсах

Так даўно, як зоркі свецяць.


Пацярпі. Ён дзее ўмела,

Ён сірот дабром аддзячыць...

Дзеці зноў пачуюць стрэлы

І свае сцягі забачаць.


Парыж

Ці люба табе яшчэ тая прагулка,

Мілы зямляча, хутчэй стаўма крокі,

Хадзем жа па гэтых, па цёмных вулках

І па парыжскіх пляцах шырокіх.

Ладна тут ладна, ды збрыдзела без прычыны,

Бо тая Францыя - не нашая Айчына.


Як тая пчолка, што з вулля паляцела

І бурай загнана ў палац, як у клетку,

На маляваны дыванчык села,

Ды толькі там нежывыя кветкі.

Гудзе жалліва ў пакоях прыгожых,

Лятае нябога, знайсці дзверы не можа.


Так я парк Туйляры аглядаю

І тую калону, што неба сягае.

Вабяць вочы мае дахі шкляныя,

Цераз Секвану масты залатыя.

Ды коратка гэта, мінулі часы,

Пра вас я, літоўскія - мару - лясы.


Дзве мілі ад Вільні я знаю даліну,

Дзе Радунскі тракт пралажыў каляіну.

Ісці ўправа лесам, аж пакуль вочы

Не ўбачаць, як Вака ў зямлі норы точыць.

З тым відам нічога зраўняцца не ў стане:

Лугі, і сады, і дамкоў не злічыць,

А з боку другога - стагоддзяў пасланне -

Пушча, як смутак, панура стаіць.

І мілей за Парыж мне там бы было,

Каб трошачкі Польшчы ў той пушчы жыло.


Смерць Ясінскага,

пісана ў Варшаве, 1811 г.


Збаўцы народу, вам слава,

Спачніце пад лаўру ценем

І паміж бітваў крывавых

Паслухайце барда ўспенне.


Свет знаў і смялейшых бардаў,

Хто пеў між варожых ордаў,

Пеў з цяжкай, глухой пагардай

Пра гібель тэўтонаў гордых.


Хай голас, хай слава ваша

Аблегчаць братам кайданы,

Хай пыху Літвы тыранаў

Звон польскай зброі настрашыць.


Пяю пра старыя дзеі,

Пра наша з нядоляй біцце,

Сыноў недаўгое жыцце

Пад сцягам святой надзеі.


Гляньце на поле за Прагай,

Яе абаронцы сталі,

І як прывыклі з адвагай

Славу і смерць чакалі.


На чэле мужных ліцвінаў

Стаў юны Ясінскі смела,

Каб кожны сумненні кінуў,

Мовіў:

- За волю, што мелі


Бітва пачнецца крывава,

І тою ліхой гадзінай,

Хто дбае волі ці славы,

Хай пераможа ці згіне!


На досвітку самым раннім,

Шчэ шэрань спаў пад кустамі,

Раптам нападнік адчайны

Рушыў цяжкімі шыхтамі.


Тысячы выцялі ў зброю,

Грукат гармат, бура смерці.

Шмат хто налажыў галавою,

Шмат хто здалеў ацалеці.


Шыхты масквы парадзелі,

Наша была перамога,

Ды мы тут шчасця не мелі,

Здрада прыйшла на падмогу


Доля ліхая чакала,

Покуль вялі бой смяртэльны,

Прага знутры запылала,

І мы між агнёў пякельных.


Ворагі рушаць геройскі,

І іх перамога блізка,

Ад дзікай рукі маскоўскай

Гінулі дзеці ў калысках.


Тут Польшча свабоду траціць,

Нікне душой збалелай.

Не вытрымаў ганьбы браццяў,

Крыкнуў Ясінскі смела:


- Не здам я душы тырану,

Хай бараніцца не здольны,

Не для мяне ў вас кайданы,

Памру, дык памру я вольны.


Так мовіў і з шабляй толькі

Зноў выцяў на шыхт маскоўскі,

Адправіў у пекла столькіх,

І сам лёг паверх геройскі.


Айчына крывёй сплывала

І памірала ў той хвілі,

Не сына адно хавала,

Сама з ім лягла ў магіле...


... Паўстань, паўстань, нескароны

Рыцар, твой край у няволі,

Стань на чале эскадронаў

І зноўку - на славы поле.


Корсак

Гора, згінуў Ясінскі, памерла адвага,

Сцёрты нашыя гуфы, здабыта Прага,

Войска маскоўцаў нясецца наўскач,

Польскі край заплывае крывёю,

Між пажараў і долі злое

Чуцен енк матак і дзетак плач.


Плачуць жанчыны, а рыцары што ж,

Дзе польская гордая слава?

Хіба Вісла адна там бароніць Варшаву,

І чаму ніхто не бароніць мост?


Дык чаму ж? Нейкі рыцар святога аблічча

Перад адходзячым гуфам стаў ва ўвесь рост,

Сцяг вырваў і грозным клічам:

- Стой! Фронт, ліцвіны! Закрыем мост!


- Стой! Стой! - За Корсакам крыкі

Паўтараюць ліцвінаў раты,

Зноў быццам іх тут без ліку,

Зноў мурам стаяць шыхты.


- Перш нясіце дзецей і выводзьце кабет,

После падпаліце мост ад Варшавы,

Мы іх не пусцім, хай бачыць свет,

Колькі каштуе ліцвіна слава.


Толькі хутчэй! - Корсак варушыць,

Вораг жа б'е, і паліць, і душыць.

Так, як лава ліецца з вулкана,

А ёй перашкодаю рэчка стане.


Пачынаецца бітва, Везувій гняўлівы

Марна кідае абломкі скалаў,

Ляскат грому ідзе страшлівы,

Ходар зямлі, і мора валам.


Рушацца замкі і гарады,

І ўсё жывое ўцякае,

Ды да астатняй кроплі вады

Рэчка вулкану не саступае.


Так гуф літоўскі адбівае навалу,

З цэлым войскам у бой увязаўся,

А палякі ўцякаюць, і вось памалу

Мост той нарэшце пажарам заняўся,

А тут перад мостам стаіць сцяною

Гуф апошніх Літвы герояў.


Стрэлы грымяць, смерць тут лютуе,

Корсак акружаны войскам цэлым.

- Здавайся, здавайся! - маскль лямантуе,

Ён ім адказвае стрэлам.


Як дуб, што нябёс дасягае блакіту,

Ён біўся так за сваю Айчыну,

На стосе трупаў, ранамі ўкрыты

Рыцар упаў нязгінны.


Ён апошняй крывёй сцякае,

Хіліць вочы ў бок роднага краю

Шле апошні ўздых-выдыханне

Дзеткам і жонцы на развітанне.


Там той уздых прычакаўшы,

Зойдзецца плачам яснагаловая,

Рукі белыя пазаламаўшы:

- Ах, удава я ўдовая!


Дзе ж мы пойдзем, мае вы сіроткі,

Лепш бы і нас там пабіла,

Чым век сірочы, то лепш кароткі...

- Ах, перастань жа, кабета міла,


Бо не трэба між велькага жалю

Згадваць мужных тых ваяроў,

Бо жывыя ў сэрцы цэлага краю,

Хто за Айчыну ліў сваю кроў.


І дарэмна здрайцы жадаюць

Уславіць сябе з усіх сілаў,

На тую фальш ля іхніх магілаў

З пагардай усе паглядаюць.


Покуль Вісла плыць не пакіне,

Покуль гул нашай мовы гудзе

На тую за Прагай раўніну

Наша новая моладзь ідзе


Хоць абеліск на тым месцы не ўстаў,

З неба самога гучаць тут званы:

- Тут некалі Корсак крывёю сцякаў,

Тут недзе Ясінскі ляжыць без труны.


З кнігі "Сяўба"

Прысвячэнне гораду Вільні

Не адкінь маёй песні: будзь шчаснай і слаўнай

Вільня, мой лёс стаўся часткай твайго,

Тут я пабачыў свой промень світальны,

Тут быў спрадвечны дом бацькі майго.


Песню пясняр табе шле на ахвяру,

Я нарадзіўся шчэ ў добрыя дні,

Шчэ памятаю я рыцараў твары,

Пра ворага тут мы не чулі ані.


Хто ж сёння аблегчыць пакуты святыя,

Ты плачаш па дзецях сваіх, што ў бядзе,

Тых вораг тут цісне пятлёю за шыю,

А іншы па дальніх Парыжах брыдзе.


Ні цуд Цюралі, ані Луўр той аздобны

Воч горкіх бадзягаў тваіх не кране,

Куток дзе знайду, да цябе чуць падобны

Дык лепей, і крышку лягчэй ужо мне.


Ды маю надзею я ў сэрцы стаённа,

Што беды адхлынуць хмурынаю цёмнай,

Сонца праблісне цяплынню лагоднай,

Каб я цябе, Вільня, пабачыў свабоднай,


Каб выйшла прабегчы мне, ворага гнаўшы,

У вулках тваіх, перамогу спаткаўшы,

Збройна прыкленчыць, не збіўшы нагі,

Пад Востраю Брамай схіліўшы сцягі.

1839 г., 25 студзеня, Парыж.

(Пераклад 2011 г.)


Юліюш Славацкі. Песня Літоўскага легіёна

Літва Жыве! Літва жыве!

Над ёю сонца славы ўстала,

І столькі сэрц для краю б'е,

І столькі біцца перастала.


Трэба быць камнем! Трэба быць камнем!

Каб сцерпець путы, іржу і плесень.

А мы для помсты з жалезам станем

Ад вольных думак і вольных песень.


Вораг трасецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- Езус! Марыя! Гоп, гоп! Наперад!


Навучылі нас тэўтоны

Спяваць, як і нам спявалі:

- Легіёны! Легіёны!

На Русь, на Русь! Далей, далей!


Бо, як нам кажуць да ўлохаў крочыць,

Як жа пакінуць бацькоў магілы?

Хіба што скажам спрадвечным мошчам:

- З магіл паўстаньце! Знайдзіце сілы!


Помста куецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- Езус! Марыя! Гоп, гоп! Наперад!


Як Альгерду цар пагражаў сваёй збродняй,

Мовіў Альгерд тым пасланцам:

- Нясіце цару вось гэту паходню,

Покуль пагасне, я буду сам.


Ён за пасламі стаў грознай стаўкай

У тую ж ноч на гарах маскоўскіх,

І з-пад ясных сцягоў літоўскіх

Цару падаў велікоднае яйка.


Вораг трасецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- З-пад стрэл Пяруна гоп, гоп! Наперад!


Мур Ягайлавай сталіцы

Расквітнее дыванамі,

Погляд мілай заіскрыцца

Паміж смехам і слязамі.


А як упадзе да сутарэнняў

Камень з той вежы песняй сарваны,

Гахне грозным цяжкім павітаннем

І Гедзіміна ўнукаў сустрэне.


Мур затрасецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- З-пад стрэл Пяруна гоп, гоп! Наперад!


І не выкажуць нам у віны,

І ніхто не запытае,

А ці жывыя яшчэ ліцвіны?

А ці ў сіле Пагоня святая?


Адно не пытайце, чаму так мала,

Чаму толькі жменя сцягоў віецца?

Больш нас было, ды з тога дрэўца

Бура лісце паабрывала.


Помста куецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- Езус! Марыя! Гоп, гоп! Наперад!


Гэй! Зашумім жа сцягамі,

Каб светлую волю дастаць,

Мы ляцім, а ўслед за намі

Арлы! Арлы! Арлы ляцяць.


З жалеза цапы б'юць нас у ток,

Громы грымяць, легіён наш гіне,

Лаўр нам на труны галінку кіне,

А вораг сабе з яе зробіць вянок.


Помста куецца

Ад нашай веры,

Грозна нясецца:

- Езус! Марыя! Гоп, гоп! Наперад!

(Пераклад 2011 г.)


Каміла Эмілія Макрэцкая. 1919 год або Песня пра Літоўска - Беларускія дывізіі

І

Вайна. Прыкры свіст абарванай струны

Гром кананад - б'юць пяруны.

Зданяў крывавых людскія шнуры,

Як могілкі, мёртвыя месцаў муры.

Аж з тых палыноў, крывёй разліваных,

Як дзеці грэху, пасеў палымяны

Паўстаў з культуры крывавай багны

Дзікун першабытны да смерці прагны.

Розныя ўмовы, права, звычаі

Больш тут нічога не азначалі.

У бітве прававай кроўю працяты

Бестая з бестыяй б'юцца зацята.

Скрозь працінае зрэнкай крававай,

А з праў сусветных ведае права,

Моцнага права ды на слабейшым.

... Свет анямеў у чаканні няўцешным,

Хто з двух звар'яцелых бандытаў

Крык перамогі рыкне над падбітым.

Глядзіць, нібы стоўп, як халодныя змеі

Халодам целаў сціскаюць надзею,

Да ног пераможцы яны падпаўзаюць,

Сэрца халодным клубком абвіваюць.

Колькі сіл духу трэбала мець,

Каб з той труны чалавецтва здалець

Падняць хрысціянскіх пачуццяў штандар

І чалавечнасці выявіць твар.

Вечнай святыняю несці ў душы,

Не даць чалавека ў сабе заглушыць,

Каб сярод оргій нечысці ў свеце

Вытрымаць, нібы бязвінныя дзеці.

Ці ўпасці ад грознай свету слаты,

Як падае колас той залаты,

Калі селянін, як сваю ўзнагароду

Зжынае яго з цеплынёй і лагодай.

* * *

Колькі іх колькі пад снегам белым

Адвеялі душы свае ад целаў,

І калі праўдай паданне лічыць,

Што кроў жаўнераў да неба крычыць,

Ноччу зімовай Пасад Найвашэйшы

Чуў бы адгэтуль гімн найчысцейшы,

З нашых палеткаў людское гора

Шумела б, нібы глухое мора.

Ну а начамі, як вецер грае,

Тысяча іскраў на снезе ззяе.

Кожная купінка, глебы грудка

Ім падпявае тонка і чутка.

І быў бы покліч такі ў неба дружны,

Што духам сваім кожны сын мужны

Той ад палеглых чуў бы тастамант,

І хоць наўкола дум і слоў лямант,

Ішоў бы толькі на покліч продкаў

Дарогай простай і найкароткай.


ІІ

Як навальніца ўпала на абшары,

Як саранчы пражорлівыя хмары,

На Ліду ўпалі орды без ліку,

Погляд з-пад кудлаў ступелы і дзікі.

Лаянка, крыкі, злосць і расправы,

Дзікасць тупая ў вяселлі крывавым.

Цягнулі цяжкія пад грузам вазы,

Рыпелі па снезе ад сань палазы,

Пудка іржалі коні падбітыя,

Гвалт дапаўнялі аўта закрытыя.

Перлі варогі глуха стаёна,

Савецкіх вязніцаў тупыя плянёны.

З тым тлумам грозным за нашы парогі

Крывавага ўсходу перліся ногі.

Здані крывавых Іванаў Жахлівых

Тут разліваліся гвалту разлівам.

Што ў душах тлела агнём прамяністым,

Гасла пад іхнім дыхам нячыстым,

А грэх распусціў свае чорныя скрыдлы,

І люду ўласныя душы абрыдлі.

* * *

Замкннёныя ў ціхія, белыя хаткі

Шапталі да неба пацеры маткі,

Ціхія нашы, сівыя матулі,

Твары спакойныя, погляд прачулы.

І ў кожнай маршчыне, што праз вякі

З пад Вялікага Скульптара выйшлі рукі,

Болю і смутку адбітак віднелы,

Маліліся ціха, без скаргаў і гневу,

Малітвы слалі сынам над галовы,

І такі сэрц іх быў гарт суровы,

Што сына ніводная не затрымала,

Ніводна, самлеўшы, на грудзі не ўпала

Бо між няволі ў цяжкай патрэбе

Катэхізм стваралі ад сэрца і неба,

Каб не прапасці ў глухой паняверцы:

"Дзе загад святы - там усціш сэрца!"


ІІІ

А зямелька наша гула, бы кавадла,

Як молат вытне па ім,

Тысячы іскраў у юныя сэрцы западлі,

Загучаў чыну гімн.

Гуў цёмны лес - сілаў нашых скарбніца,

Зброю вастрыў красавяк,

І збіралася з юных шыхтоў навальніца -

Да чыну шыкуйся, ваяк!

Конь іржаў нецярпліва - сябар верны,

Нагой пачынаючы біць,

Ад шэрых хат па нівах бязмерных

Разлятаўся вайсковы кліч:

"Труба заклікае да бою нас

Аж мускулы ў целе дрыжаць,

Настаў адказу крывавы час,

Крывавы доўг мусім мы аддаць.

Здані паўстанцаў зноў клічуць нас,

Шарэе ў цемры шыбеніц бор,

Ад скалаў Панарскіх гор -

Ужо час, ужо час, ужо час".


ІV

З'ядланы ў адзінае сэрцы адчайных,

Рушыў аддзел у шлях досвіткам раннім.

Была іх жменька ды поўная сілы,

Хлапечыя душы верай свяцілі -

Як толькі прыйдуць з грознаю зброяй,

Паўстануць усюды да шыхту воі,

І моцнае сілы аддзел набярэцца,

На збройную моцу край абапрэцца.

Знаёмыя ўсе і ўлюбенцамі сталі

Тых моцных, грозных пачуццяў з сталі,

Тых, што будзіла агульнасць чыну,

Тых, што рабіла з хлапцоў мужчынаў.

Разам мацуюцца між паняверкі,

Разам праходзяць жыцця неспадзеўкі.

Ці прыйдзе доля, ясна ці строга,

Аднога маюць у сэрцы Бога.

Капрал Макрэцкі, юны Шукевіч

Мейлуп, Шкоп, Бляха, Шнеам, Шалевіч -

Цэлаю гронкай той сілы збройнай,

Што пасярод каляінаў войнаў

Здабылі такія гонар і славу,

Што на іх імя малітвы слалі.

І непрыяцель дрыжаў з адчаю,

Як вестка прынеслася з нашага краю:

Стаяць нязломна ў кожнай калізіі

Літоўска-Беларускія дывізіі.

У срэбна-марозную ноч навагоднюю

Анёл праплываў над зямлёю гаротнаю.

На сэрцы засохлыя ў спёцы калёнай

Клаў свае пальцы з белых прамёнаў,

Дрыготку ўчуўшы ў ажылых душах

Плыў над ціхай вясковай глушшу,

Збіраў плён малітваў шчырых набожных

І сэрцаў жаданняў, і ўчынкаў гожых,

Збіраў, каб занесці іх да ног Божых,

Ды вось нічога сабраць не можа.

Бо што раз - то цямней на гэтай зямлі,

Не малітвамі дікія горлы раўлі.

І куды не паверне ён сваіх воч,

Крывёй і пажарамі свеціцца ноч.

Крылы ў анёла абвіснулі ўскрусе,

Няма чаго Богу нясці з Беларусі.

Ды з-пад хмар цёмных з віхуры ценяў

Стрэліў сноп яркіх, светлых праменяў

З сэрцаў гатовых да шчырай ахвяры,

І раз'ясніліся змроку абшары,

А сэрцы адвагай да неба зіхцяць,

Іх ззяне анёл пачынае збіраць

Ззяюць адвагай палі і лясы,

Тчэ з той адвагі анёл паясы

І з паясоў высцілае дарогу

Ад сэрцаў жаўнерскіх да ног Пана Бога.


V

З'яднаныя разам, рашучасць на тварах

Рушыў аддзел па дасвецця абшарах.

Была іх жменька, ды поўных сілы,

Хлапечыя душы верай свяцілі,

Як толькі прыйдуць куды са зброяй,

Усе паўстануць ля іх сцяною,

І ў сіле магутнай узмацняцца яшчэ,

Далоні сціскалі зброю ямчэй.

Былі ўсе знаёмыя і ўжо любілі

Той першы крок, што сёння зрабілі.

І тых, хто сабраўся ў адзінстве чыну,

Каб заступіцца за край айчынны,

Разам узняцца над запядбаннем,

Разам адолець бедаў атхланне.

Ці доля прыйдзе яснай ці строгай,

Аднога маюць у душах Бога.


Ставалі звязы, роты, батальёны

Здабывалі рыштунак і зброю ў баях,

Казармай былі ім пагоркі ў палях

Ці бор недаступны, ці двор аддалёны.

Цяжкая справа з духу агніва

Звязаць ланцуг збройны непераможны,

Разам і сеяць, і жаць свае нівы,

Ранілі ступні жорсткі я пожні.

Ды з цяжкасцю кожнай сіла ўзрастала,

Ад кроку цяжкога поле дрыжала.

Не на пляцы вучыліся кроку і рухам,

А ў засадах начных і дзённых атаках,

І меў там крумкач здабытак багаты,

І шэпты начныя лавіла вуха.

...Аж дасягнулі да сілы галоўнай

Вайны гадаванцы для новых войнаў.

Іх ужо не батальён, не аддзел, не звяз,

Літоўска-беларуская дывізія паўстала ўраз.

Ці вядома як душы хлапечыя гралі,

Калі да агульнага шыхту сталі,

Што ў такія моманты сэрца чуе,

Грала ў іх сэрца з вякоў "Алялюя".

Чутны малітвы з радзімых касцёлаў,

Што ветрык прыносіць з водарам зёлак

Над золатам жыта нашых загонаў,

Чулі вітальныя згукі звонаў,

Чулі ў заплеччы крылы маладыя

Па святой камуніі самі паўсвятыя

Мяжу жыцця пераступілі, смерцю пагарджалі

І ў смелым авангардзе ў свой край ступалі.

Не бачны ў іх стомы ці смутку сляды,

Так са здабычай вяртае арол малады.


VІІ

Ішлі бітва за бітвай,

крывавым ружанцам сляды

Раслі крылы іх славы раслі і магілаў рады.

Узмацнелі іх плечы, загрубелі іх душы,

Вайсковыя словы вясковыя глушаць.

Часам у жаўнерскім жыцці,

як кветка ў дарожным пыле,

Як мак, чыя кветкі ў барвовай сіле,

Каханне праблісне

на вуснах, у сэрцы шчаслівым,

І зноў грымоты стрэлаў, зноўку крыві разлівы.

І што раз болей за імі зямлі бацькоўскай

Ад ворага чыстай іх воляй геройскай.


VІІІ

Клецк, Нясвіж, Слуцк, Баранавічы

ўзялі з удачай,

Абгарэлі. Счарнелі на вятрах гарачых.

Хто злёг, той заснуў з думай пра Яе і Айчыну

Ранняй смугой між руж і шыпшыны.

Хто жыў, кіпеў энергіяй не дбаў аб доме,

Рады, што жывы, пры тым пераломе

А вёў іх жаўнер стары - генерал Макрэцкі,

Без прыдворнага лоску і не леў свецкі,

Ды чалавек з белай галавой і душою

Жыцце пражыў надзвычай цяжкое,

Калі хлопцам малым з-пад роднай страхі

Ў Маскоўшчыну ўзяты не за свае грахі,

У школах іх вучыўся маўчаць, сцяўшы зубы,

Слухаць хлусню пра край свой любы,

Каб цераз сорак год душэўнай няміры

На падначаленых згледзець краю мундзіры,

Па-свойску каманды падаць батальёнам,

На шапках убачыць святую Пагоню.

А вечарам пасля баю пры слове да Бога

Адтайвала сэрца ваякі старога,

І перад абразкам старым

Вастрабрамскай Маці

Не раз мусіў ціха слязу выціраці.

І моладзь любіла яго апантана,

Па два дні не еўшы ні ўвечар, ні рана

Ішоў па бітвах, што дзень няўхільна,

Хай будзе той спеў за камень надмагільны.

Хоць у труне хай загояцца раны

Невядомым героям, жаўнерам нязнаным.


ІХ

Узята Ліда. А потым старая Вільня

Мужнасцю юнай, воляй няўхільнай,

І народ загуў паўсюль пераможна,

Вярталася моладзь у славе і пыле дарожным.

Толькі ў сімфоніі радасна - тлумнай

Быў шэраг нот жалобных і сумных,

Бо ў косцеле лідскім стаялі радамі

Труны з пайшоўшымі ў вечнасць сынамі.


Х

Яшчэ, пявучыя і звонкія званы,

Не спявайце песню светлую вясны,

Бо не шчасцю сёння не вяселлю,

Але трунам звон ваш шлях засцеле.

Вы званіце жаласна, галосна,

Скаргі шліце да зямлі зайздроснай,

Што сыноў ад маці забірае,

Хай, званы, ваш голас не змаўкае.

Рос натоўп людскі, рос ціха,

І амаль не плачуць, хіба крыху.

Толькі моўчкі шэраг трунаў белых

Шыхтуе вояў грозна анямелых.

Здаецца ўсім, што шэраг той бясконцы

Ад свежых дошак адбівае сонца,

Як бурштыну шнур жалобны

На грудзях зямелькі роднай.

У ранак светлы, ранак бела - млечны

Праносяць хлопцаў на спачынак вечны.

Звон зазвінеў пранікла нібы маці,

Што шэпча пацеры свайму дзіцяці,

А потым крыўда загучала зноў,

Што маладосць хаваецца вясной

Што за свабоду, мір і славу

Зямельцы плацім гэты голд крывавы.

* * *

Дзень быў ціхі і сонечны, звонкі, пахучы,

Натоўп плыў ад касцёла вялікі, маўклівы,

Плыў спеў пахавальны, грозны, цягучы,

Дапаўняў яго звон журботна - журлівы.

Ні вянкоў барвовых ні прамоў квяцістых,

Быў толькі неба купал найчысты

Над шэрай зямлёю, што труны заслоніць,

Заміж катафалкаў - моц братніх далоняў,

Заміж гучных аркестраў,

натоўп грозна маўчыць:

"Дай Божа ў зямлі нашай Вечны Спачын!"

Могілкі доўгі ланцуг прыняпі,

Душы іх - Богу, а целы - зямлі.


ХІ

Скончаны спеў надмагільны быў,

Хадыка-дзякан на ўзвышша ступіў

І мовіў жалобнае слова,

Бачна па твары мука духова,

Чуць жаль сардэчны ў ірванай мове,

У кожным прачулым, хоць простым слове.

"Браці! Ці чуеце звонкія зыкі

Вясны абуджонай ад спячкі вялікай,

Звоніць найменшая птушка ад рання,

Вось-вось зямелька ад сну паўстане

А гэтыя мірна спакойныя хлопцы

Пад промнем апошнім вечнага сонца,

Пад ценем апошнім бязважкіх хмараў

Не раз'ясняць алавяных твараў,

Не чуюць і не адчуваюць,

Як мёртвыя гэтую цішу трываюць.

А хіба ж не трэба ім вельмі пільна

Гнаць ворага далей ад нашай Вільні,

Паспець дадому і ў роднай хаце

Ў абдымкі ўпасці счаканай маці?

Ці да каханай ніхто не спяшае,

Ці ў дваццаць год ніхто не кахае?

О не! Жыць і яны любілі,

Ды толькі для іншага сэрцы адкрылі

І над усім у найбольшай меры

Цанілі гэты мундзір свой шэры,

Гонар жаўнерскі, прысягу народу,

Шлях няспынны да самай свабоды.

І каб спосаб падняць іх знайшлі,

Яны заўтра ў бітву ізноў бы ішлі.

* * *

Шлях перамогі з іх склаўся шляхаў,

І нават збройны жаўнер заплакаў,

Сляза праймала бацькоў, і сяброў,

І блізкіх да скону сівых дзядоў.

І моладзь з жалю да іх маладосці

Маўчала ціха без гневу, злосці.

Сем'і стаялі, як цёмныя хмары,

У трунах ляжалі любоў іх і мары,

І маці пад сынам заломвала рукі,

Лічыла раны яго і мукі,

Каб потым дома смутку начамі

Кожную ўспомніць, заліць слязамі.


ХІІ

Труны апушчаны, пяску шоргат сціх,

І толькі застаўся чын жывы іх.

Магутнае вечнай прыроды права

Забрала ўзятак ад нас крывавы.

З могілак рушымі звыклым ладам,

Каб вочы пацешыць войска парадам.

* * *

За нізкім, старым, магільным мурам

Грымела музыка дзёрзкіх мазурак.

Жаўнер, хоць змучаны быў у баях,

Грудзі выпростваў у роўных шыхтах.

З-пад шапак старых жыцця ахвочым

Гарэлі бляскам хлапечым вочы.

Гэй! Браўся ўчора з лёсам за грудзі,

І многіх сяброў з ім сёння не будзе,

Мужнасць сваю гартаваў у крыві,

А заўтра ізноў ці памры, ці жыві.

Ды толькі вось сёння іхні парад,

Крок адбівае за радам рад.

Іхні між жыццем і смерцю шлях

Для тога, каб помнілі іх у вяках.

Крок як спрунжына, твар прамяністы,

Бог іх праводзіў дарогай вячыстай.

Ішлі яны за калонай калона,

Ішоў полк Сувальскі і легіёны,

А ўздоўж шарэнгаў сівае сталі

Белай пенай бінты часам мільгалі

Над каўнерам, на чорнай далоні

Або пад шапкай на самай скроні.

Дзе ты ўтрымаеш іх у шпіталі,

Як гэтай хвілі ў паходах чакалі.

За імі ў жоўтага пылу патопе

Бразгалі коннікі ў дробным галопе.

Натоўп гармідарам вояў вітае,

Радасць душы людзей напаўняе,

Шчасце і гонар плывуць з берагоў

Пры выглядзе славай пакратых сцягоў.

Першы раз вочы на нашых ваяках

Бачылі нашы вайсковыя знакі,

На шэрых мундзірах ззялі іскрыста,

Словы камандаў гучалі чыста

На нашай светлай радзіннай мове,

І трапяталася ў кожным слове

Агеньчыкам непагасімым

Любоў да свабоднай Радзімы.

Як любілі родны гук мы ўсякі,

Так любім нашы адвечныя знакі,

Як у кожнай душы нашай часціна,

Ёсць народ наш цэлы, адзіны,

Як Бог у Святой Камуні схаваны,

Станьце вы з намі да параўнання.

І параўнайце народ свой згнілы,

Рукі вашы звіслі без сілы,

У душах вашых залегла скруха,

Бо вы толькі цела, цела без духу,

Хоць ляжыць золата ў вашай зямлі,

Хоць палеткі пад збожам шырока ляглі,

А межы па дзве часткі свету,

І мора наўкола плешча без мэты,

Вы мусіце рухнуць, мы - вечная сіла,

Бо і ў слязах над сваёю магілай

Такой магутнасцю свецяць вочы,

Нібыта выбух, ці бляск між ночы.

Сярод акіяну сівога бязбрэжжа

Мы аднаўлялі святыя межы,

З чужога свету край свой вымалі,

І прышласць Айчыны сыны кавалі.

Не страшна для нас параза духу,

Бо ўмеем сэрца Айчыны слухаць.

І калі ўскрыкне маці ад болю,

Паўстанем дружна па ўласнай волі,

Забудзем звады і сілай люду

Заслонім край свой ажылы цудам.


ХІІІ

Белы дворык красовы грае музыкай, смехам,

Аддзел жаўнераў шматлікі сюды прыехаў.

Сёння хвіля танцаў, радасць без краю,

Гаспадар паважны гасцей прымае,

Бо ім горад далей, бо ім вёска бліжай,

І гасціннасць шчырай, і паклоны ніжай,

І водар саду, яблыняў і сліваў,

І месячнага срэбра паміж дрэў разлівы.

У селены святле цэлы свет патанае,

Як бы попельны саван нас спавівае,

А на сцежках жвіровых яны маладыя.

Хто? Хто ўспомніў кахання пачуцці святыя.

Хто быў перад намі? Хто после нас будзе?

Хто вечнае дзіва тых сноў не забудзе?

З далі двор ззяе радам вокнаў іскрастых,

Поўны жыццем да краю, як кубак пяністы.

Хто сэрцы злучае без лішні трывогаў,

Хто старасвецкіх не знаў засцярогаў,

Гэтай срэбнаю ноччу ў ціхім белым двары

З сэрца да сэрца сам Бог гаварыў.

Усё, як акорд сапраўднай гармоніі,

Мёдам на клумбах пахнуць ляўконіі.

Стаў мігае таемна, а конікі ў полі

Граюць ці моўкнуць, як эльфы, сваволяць.

Росы цяжка блішчаць на сцяблінах травы,

Нібы вэлюм упаў з маладой галавы,

А сэрцы ў грудзях маладых замірае,

Як ціхія шэпты ў сярэбраных травах.

Вусны знямелыя ў цёмных пачуццях

І шматслоўных прызнанняў у цішу не пусцяць.

* * *

Адчыніліся дзверы, на высокі ганак,

Рынуў тлум вясёлы на падвор шырокі

- Гэй, гэй, уланы,

Маляваны дзеці,

Мазуркай разыграны,

Улан трыумфам свеціць.

Гэй, гэй, уланы,

Хлопцы маляваны,

Радасці слязамі

Ззяюць вочы паняў.

Калі музыка зайграла, і ў такт рушаць пары,

Гэй наабок! Гэй з дарогі, хто слабы, хто стары.

Далоў сцены, далоў куты,

У шалёным запале у зале пары круцяць,

Бо той танец узрушыў

Нашыя кроў і душы.

І круціць шалёны пажар

У танцы дзесяткі пар.

Гэта танец народу, што здзейсніў намеры,

Страхаў не пужаўся, сілаў не мерыў.

Танец люду, што выгнаў хімеры,

Дзе, як дыяменты, сыны-жаўнеры.

Той танец імклівы

Для пар шчаслівых,

Той перамогі спеў

Для тых, хто пачуць хацеў,

Ног тупат, і грук, і зброі звон,

Жаўнер - пераможац прэч гоніць сон.

І цешацца душы, што адляцелі,

А гэтак з усімі быць тут хацелі.

Таму сэрца дрыжыць,

Кроў па жылах бяжыць,

І верыць, верыць люд,

Што вярнуўся свабоды цуд.


ХІV

Вясенні дзень, ад рання на вуліцах тлумы,

Зніклі з твараў рэшткі маркотніх думаў.

Радасны гоман паўсюль усплывае,

Хваляю ўрачыстай да неба падлятае.

Сёння дзень Станіслава, імшы хвілі святыя,

Ля касцёла жаўнеры - арлы маладыя

Шыхтуюцца да агляду ладна, рухліва,

Шэраг вазоў і машын, конскія лбы і грывы.

Злілося ўсё ў вобраз поўны жыцця і руху,

Граў у касцёле арган, натоўп імшу слухаў.

У камандуючага фронту сёння імяніны,

Ён быў з усімі ў баях няспынных.

Імша закончана, загуў люд лідскі,

На цвінтар выйшаў генерал Шаптыцкі,

Як з карціны, статны і высока ўзняты,

Вусаў шчотка коратка падцята.

Погляд хуткі і ўзнёслы, твар хударлявы,

Галава прыснежана баявою славай.

Пад радасныя крыкі на вазок сядае,

Дае знак ехаць, а брычка не рушае.

Вазніца не рушыць, а хітра ўсміхаецца,

Што гэта? Можа, бунт пачынаецца?

Ды не вазок рушыў, а коні засталіся,

Афіцэры і жаўнеры ў воз той упрагліся.

Усе цягнуць шчыра, аж колы ляскочуць,

З вяцярком правезці генерала хочуць.

Генерал гукае, смяецца, сярдуе,

Ды яго з-за шуму ўжо ніхто не чуе,

Бо лунае радасць, смеху разлівы,

Так гуляе Ліда, свабодна, шчасліва.


ХV

Хто бачыў смерці серп і сявеньку,

Той чуўся часам дзіцем маленькім.

Як з поля падняты лёг у мур шпітальны,

Трапіў у свет дзіваў, цудаў нерэальных.

Спечаныя вусны шэпчуць весткі з тога свету,

Круціцца рой зданяў, шалам разагрэты,

А лоб чакае добрай цёплай, мяккае далоні,

Што грозныя страхі з грудзей прыгоніць.

Так цяжка душы ў той дзень найцяжэйшы,

А белы твар ад палатна бялейшы.

Так тут сёння сусед крычаў крыкам: "Мама!",

І голас яго ад пачуццяў гучаў поўнай гамай.

Бядак, штыком бальшавік жывот распароў,

Не абдыме цябе маці, не прыйдзеш дамоў.

* * *

А потым дні, як паволі свядомасць вяртае,

Памяць прыходзіць, і праца зноўку чакае.

Дзень імглісты, гразь, змрок, як уночы,

Ліпкай крывёй поўныя вусны, дзікія вочы.

А ты рвешся наперад, гоніць нязнаная сіла,

Ад крывавай імглы вочы ноч засланіла.

З кожным днём думак усё прыбывае,

І паволі размова ўжо ажывае.

Галінка ў акно заглядае цікаўна,

Расказвае дзівы пра свет незвычайны,

Пра дрэвы ўсе ў цвеце, жыццё зеляніны,

Пра гвалт і гармідар чародаў птушыных,

Аб тым, як сэрца соладка млее ў грудзях,

Як сонца раніцай свой пачынае шлях.

І першы ліст ад яе, і першы ружаў букет,

Як крок у ласкавы без болесцяў свет,

І ціхім анёлам з сінечы акна

Голаў над ложкам нахіліць Яна.

І ты - выбранец лёсу, ты смерць перамог,

Да ўстаняя гатовы і новых дарог,

Шчасце жыцця і вобразаў мілых,

Пачуццяў глыбокіх і вернасці сілы.


ЭПІЛОГ

Лёг снег пушысты, срэбны і ціхі,

І далягляды стухалі крыху,

Пакрытыя белай адвечнаю капай,

Месяц схіліўся над срэбнаю мапай.

Снегам пакрытыя ельнікаў шаты,

Як вартавыя ў шапках калматых,

А там за лесам, у сіняй паўночы

Ў цёмных хацінках святло мігоча,

І там ў вясковай спакойнай цішы

Чутна як ветрык лісток калыша,

Як зайка шэры спакой парушыць,

Як сабака завые пад чорнай грушай.

Ваўкі пазбіраліся ў грозныя зграі,

Каб вынікнуць там, дзе ніхто не чакае.

Пад старою сасною стромкай, высокай

Жаўнер прыпыніўся ў задуме глыбокай

Знік месяц за хмарамі. Цёмна. Аблокі

З'ядналі неба і лес высокі,

А між кустоў, як бы нешта шапоча

І страшнай зданню падняцца хоча.

Зліваецца шоргат у гул глыбокі,

Пагроза ўсрастае з усходняга боку.

Сэрца жаўнера б'ецца трывожна,

Ды прышласць шэпча яму асцярожна,

Покуль душа вокам сваім бесцялесным

Блудзіць між будучых віхраў зладзейсных:

- Маці, перад намі белая магіла,

Срабрыстым пылам злосць усё пакрыла

За намі зноў жа, бы ў магіле ціша,

Няўжо зло цемры і цябе калыша.

Мы тут стаім у цвёрдасці і веры,

Як той таран перад штурмам хімеры,

І дух у нас цвёрды ў сталь пераліты,

А ў рулі снарады і кулі набіты.

Мы твае першыя і верныя парогі,

І нас не пераступяць злыдняў ногі.

Стаім магутна на прабацькаўскай дарозе

З той самай верай, пры Божай дапамозе.

І як дух астатні пакіне грудзі,

Ніхто не ведае, што далей будзе,

Ці край Галгофы ўбачыць перамог прамені,

Бо мы ўжо толькі чалавекаў цені.

Браце! Выкрасім агні ў грудзях,

Каб дух астатні ўшчэнт не счах,

Бо ў варты ўжо далонь з напругі млее,

Што вораг на мяжы зямлі шалее.

Браце! Дух моцны, ды аслабла цела. -

І ад роспачы ў грудзях яму балела,

Не чуў, як вецер яму студзіць скроні,

Не чуў, як час імкліва адбягае,

Трымае моцна карабін далонню,

Паміж снягоў стаіць на варце і чакае...

Гародня, 1926 г.

(Пераклад 2010 г.)


У 21-е стагоддзе

Ад Полацка, Наваградка і Вільні,

Праз тысячу засмужаных гадоў

Прайшоў наш род нязломна і нясхільна

Здарожанай у вечнасці хадой.


Ад Усяслава, Ефрасінні і Вітаўта

Пранёс ён яснасць беларускіх дум,

У іх пяе святых імкненняў праўда,

У іх маўчыць вялікіх стратаў сум.


Пранёс наш род вялікую ідэю,

Вялікіх Ведаў не згубіўшы слоў,

Наш дух крывіцкі сёння не старэе,

Наш дух ліцвінскі бударажыць кроў.


Мы не згубілі між стагоддзяў мову,

Па крушнях царстваў неслі, як штандар,

I кожнае ашчаджанае слова

Для нас, як найвялікшы Божы дар.


Стаім мы незалежнаю краінай

На скрыжаванні лёсаў і дарог

I цвёрда верым: нас больш не пакіне

На раздарожжы Ўсемагутны Бог.


Нас не супыніць вешняе разводдзе,

Ні суш, ні стынь, ні чорны землятрус...

Ступае ў дваццаць першае стагоддзе

Спадарыня Дзяржава Беларусь.

2000 г.



З М Е С Т


ПАЭМЫ І БАЛАДЫ

Літва, паэма - 8

Рацібор, паэма - 40

Давыд Гарадзенскі, паэма - 54

Спеў пра Міхайлу Гілігінавіча - 75

Тодар з Нарбутаў Лідскіх - 83

Балада пра апошняга ліцвіна - 88

ПЕРАКЛАДЫ

Ян Чачот

Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года - 92

Міхаіл Лермантаў

Ліцвінка - 168

Антоні Гарэцкі

З кніг "Паэзія ліцвіна" і "Сяўба" - 183

Юліюш Славацкі

Песня Літоўскага легіёна - 193

Каміла Эмілія Макрэцкая

1919 год або

Песня пра Літоўска-Беларускія дывізіі - 196

У 21-е стагоддзе - 213



Станіслаў Суднік. Літва. Гістарычныя паэмы, балады, пераклады. Ліда, 2011. 216 с. Папера афсетная. Фармат А-5. Гарнітура "Таймс". Наклад 250 асобнікаў.

Іл.: сярэднявечная гравюра і малюнкі Яна Матэйкі.



[1] Керн (паводле літоўскіх гісторыкаў памёр у 1097 г.) - легендарны ліцвінскі князь сын Куна, унук міфічнага Палямона. З яго імем звязваюць заснаванне горада Кернаў.

[2]Гімбут малодшы брат Керна. Легендарны князь Ковенскі, Юрбарскі і Жамойцкі. Такое размяшчэнне па старшынству братоў Керна і Гімбута падкрэслівае малодшасць Жэмайціі перад Літвою.

[3] Кернаў першы раз згадваецца, як горад у зямлі Трайдзеня, г. зн. у Дайнаўскай зямлі. Дайнава на той момант была ўжо славянізаваная. Таму і славянская форма назвы горада. Вялікі князь Трайдзень на пэўны час зрабіў яго апорным горадам для барацьбы з крыжакамі, што дало падставу некаторым гісторыкам гаварыць аб пераносе Трайдзенем сталіцы ВКЛ з Наваградка ў Кернаў. Мяркуецца, што сёння гэта мястэчка Кернава ў Літве на поўнач ад Вільні.

[4] Пярун - славянскі ведычны бог грому і маланкі, запазычаны балтамі з імем "Пяркунас". Пярун - славянская інтэрпрэтацыя бога Індры, таксама як і Зеўс - грэцкая інтэрпрэтацыя гэтага бога. Па аналагу з Грэцыяй расейскія навукоўцы доўгі час выводзілі Перуна, як галоўнага бога славянаў, навязваючы гэтую ідэалогію і славякам, і балтам. На самай справе галоўным богам славян быў бог Дзіў, што на санскрыце абазначае проста Бог. Параўнайма лацінскае Дэе - Бог. Зніч - ведычны бог агню, у тым ліку і пахавальнага, "знічка" - зорка, якая падае, знікае. Бог Зніч прыходзіў з пахавальным агнём каб забраць целы памерлых. Этымалагічна слова паходзіць ад дзеяслова "знікаць". Бог "жывога" агню меў імя Жыж або Жыжаль. Яго ведыйскі аналаг бог Агні.

[5] Паята (памерла ў 1173) - напаўлегендарная дачка Керна. Розніца ў датах смерці дачкі і бацькі ў 76 гадоў ставіць па меншай меры адну з датаў пад сумнеў.

[6]Дзяволтва і Дзевялтова гістарычная балцкая вобласць. Верагодная першапачатковая назва Дзевялотва. Насельніцтва адгалінаванне балцкага племені лотва. Знайходзілася на поўначы Беларусі. Вядома ў летапісах з 1219 года. У 1264 годе Дзяволтва канчаткова заваявана Войшалкам і далучана да ВКЛ. Паводле шматлікіх легендаў і дастаткова ўмоўных гістарычных падачаў сталіца Дзяволтвы горад Дзяволтаў стаяў на рацэ Святой і ў часы Паяты быццам бы быў сталіцай Летапіснай Літвы.

[7] Жывібунд Дарспрунгавіч - легендарны ўнук Дарспрунга, які жыў у часы Палямона. Княжыў пасля Керна. У Кроніцы згадваецца пад 1219 г. Перанёс сталіцу Літвы з Дзяволтава ў Кернаў.

[8] Мантвіл (памёр у 1070) - сын Гімбута, бацька Эрдзівіла - легендарнага пачынальніка роду Радзівілаў.

[9] Альговіч - адзін з нашчадкаў кіеўскага князя Алега.

[10] Гаворка ідзе пра бітву пад Слонімам паміж ліцві-намі і кіяўлянамі, прайграную ліцвінамі, за што яны чыні-лі сістэматычныя набегі на кіеўскія землі з мэтай рабунку.

[11]Кукавейт (памёр у 1169) - сын Паяты і Жавібунда. Пасля смерці бацькі заняў пасад. На беразе возера Зосла (Засло) паводле легенды паставіў маці помнік - драўлянае боства, вакол якога ўзнікла капішча. Калі помнік спарахнеў, на тым месцы вырас святы ліпавы гай.

[12]Гаворка тут ідзе пра возера Засла, што знаходзіцца каля мястэчка з той самай назвай непадалёку ад Кашадора.

[13] Эрдзівіл, паводле Стрыйкоўскага - сын Мантвіла, паводле Нарбута - сын Рынгольда, жыў у 1197 -1240 гадах. Быў валадаром Жмудзі. Меў празванне "Захопнік". Плямяннік Міндоўга.

[14] Занямонне, у гэтым выпадку беларускае левабярэжжа Нёмана.

[15]Батыга - хан Батый (1208-1255), унук Чынгіс-хана, заснавальнік Залатой Арды.

[16]Беларуская гісторыя не пацвярджае факту разбурэння Наваградка мангола-татарамі. Наадварот, мангола-татары падчас паходу Батыя "да апошняга мора" не ўзялі ні аднаго беларускага горада.

[17]Дзве стралы - у гэтым выпадку абазначаюць выклік на бітву, абвяшчэння вайны.

[18] Хан Кайдан - чынгізід, адзін з мангольскіх палкаводцаў. Знайшоў сваю магілу ў Беларусі. Заслугу знішчэння Кайдана розныя гісторыкі прыпісваюць розным ліцвінскім, крывіцкім і дрыговіцкім князям.

[19] У гэтым выпадку Эрдзівілу прыпісваецца заслуга пашырэння межаў Наваградскай зямлі да Буга.

[20] Мінгайла - легендарны сын Эрдзівіла, леген-дарны князь Літоўскі і Наваградскі.

[21] Падзеі апісаныя ў баладзе - зборная легенда з розных часоў.

[22] Скірмунт - старэйшы сын Мінгайлы, легендарны прашчур Скірмунтаў. Братам яго лічыцца рэальны Наваградскі князь Гінвіл, а сынамі рэальныя ліцвінскія князі Любарт, Пісімонт і Трайната.

[23] Мсціслаў Раманавіч - князь Луцкі

[24] У гэтым выпадку далучэнне Пінска і Турава - пакуль проста легенда.

[25] Балаклай - хан заволжскіх татараў, паводле легенды загінуў разам з Кайданам.

[26] Мурза - мірза, тытул чыноўнікаў на Ўсходзе.

[27] Вяртанне Скірмунтам Чарнігава і Карачава -- таксама толькі легенда.

[28]Рынгольд - сын Альгімунта, бацька Міндоўга, памёр у 1240 г. Постаць дастаткова рэальная.

[29] Святаслаў Усеваладавіч - кіеўскі князь.

[30]Леў Данілавіч - князь уладзімірскі.

[31] Дзмітры - князь друцкі.

[32] Курдас - хан заволжскіх татараў, сын Балаклая.

[33]Дзітва - правы прыток Нёмана, упадае ў Нёман на тэрыторыі Лідскага раёна. Паводле Нарбута Дзітва аддзяляла Літву ад славянскіх зямель.

[34] Наезд паўднёва-рускіх князёў разам з татарамі на Літву быў у рэальнасці, але супраць стаяў ім не Рынгольт, а Войшалк.

[35] Магільна - вёска быццам бы пры упадзенні Дзітвы ў Нёман. Праўдападобна, гэта вёска ў верхнім цячэнні Нёмана, у Уздзенскім раёне.

[36] Трайната - паводле Стрыйкоўскага і Нарбута - сын Скірмунта, князь Наваградка, Падлесся і Літвы Завілейскай, бацька Альгімунта, прадзед Міндоўга. Тое ж самае імя насіў жмудскі князь, плямяннік Міндоўга і яго забойца, які сеў на пасад літоўскі на 1263-64 гг.

[37] Курдас сабраў вялікае войска з заволжскіх, казанскіх, нагайскіх і крымскіх татараў.

[38] Акунёўна - рэчка ў ваколіцах Мазыра.

[39] Пісімунт і Любарт - старэйшыя браты Трайнаты, абодва загінулі пад Мазыром.

[40] Князь друцкі Сямён і князь луцкі Андрэй удзельнічалі ў бітве на баку ліцвінаў.

[41] Апісваючы перамогу ў гэтай бітве Нарбут сцвярджае, быццам ліцвіны першымі паказалі свету, што татары не з'яўляюцца непераможнымі. Гэта пераламленне праз час мужнасці паўднёвых дрыговіцкіх (па сутнасці, будучых ліцвінскіх) гарадоў, ні адзін з якіх не быў узяты татарамі.

[42] Барыс - паводле Стыйкоўскага і Нарбута, сын Гінвіла, нарадзіўся у 1146 г., памёр у 1206 г. Княжыў у Полацкім княстве. Узяў у жонкі дачку цвярскога князя і першым з літоўскіх уладароў прыняў хрысціянскую веру. Быў славуты набожнасцю. Меў сына Васіля ці Рэхвальда. Заснавальнік Барысава. Рэальна падзеі, апісаныя ў баладзе кладуцца на эпоху Барыса Усяслававіча Полацкага (раней 1090-1128).

[43] Дзісна - рэчка, прыток Дняпра і горад.

[44] Беразіна - правы прыток Дняпра, на якой і стаіць Барысаў.

[45]Мінгайла, які захапіў Полацк, абмежаваў яго вольнасці, а Барыс адмяніў гэтыя абмежаванні.

[46] Міндоўг (1203-1263) - вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага. У 1253 г. прыняў тытул караля, быў каранаваны ў Навагародку (цяперашнім Наваградку) - сваёй рэзідэнцыі. Паводле сённяшняй гістарычнай навукі Міндоўг каранаваўся ў 1253 г. Розніца ў адзін год паміж сённяшняй навукай і Стрыйкоўскім узнікае хутчэй за ўсё з-за таго, што дзень Новага года перыядычна перамяшчаўся то на 1 верасня, то на 1 сакавіка, то на 1 студзеня.

[47]Яткі - бойня, мясныя лаўкі на рынку.

[48] ...пляменнікаў дваіх. - Тут, як відаць, мова пра Таўцівіла і Эрдзівіла, ад якіх Міндоўг адабраў іх уладанні ў мэтах умацавання сваёй улады.

[49] Як лічаць гісторыкі, хрышчэнне Міндоўга было палітычным манеўрам - імкненнем стаць каралём Літвы. Ён адрокся ад хрысціянства ў 1261 г.

[50] Ды абманам жыў. - Тут, відавочна, гаворка ідзе перш за ўсё пра яго абманнае хрышчэнне.

[51]Даўмонт - нальшчанскі князь. Забіў Міндоўга за тое, што ён адабраў ягоную жонку, калі тая прыехала на пахаванне сваёй сястры - Міндоўгавай жонкі. Калі ў Наваградку стаў княжыць сын Міндоўга Войшалк, Даўмонт уцёк у Пскоў, зрабіўшыся яго ўладаром.

[52] Войшалк (1223-1268) - князь навагародскі (наваградскі), вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1264-1267), старэйшы сын Міндоўга. Каля 1254 г., аддаўшы Раману, сыну галіцкага князя Данілы, наваградскую зямлю, пастрыгся ў манахі. Пасля забойства Міндоўга і яго пераемніка стаў літоўскім князем. Войшалк быў забіты Львом Данілавічам, князем валынскім.

[53] Леў - Леў Данілавіч, князь валынскі, сын Данііла Галіцкага.

[54]Уладзімір - горад на Валыні, цэнтр княства.

[55] Падобна на тое, што Стрыйкоўскі, а за ім і Чачот абсалютна не разабраліся ў асобе Войшалка, таму што ўжо ў XVI баладзе Войшалк пад імем Лаўрыша выводзіцца, як абсалютна станоўчая асоба.

[56] Яцвягі, альбо ядзвінгі (яшчэ-судавы, судзіны) - заходнебалцкія плямёны, якія ў 1-пач. 2-га тысячагоддзя н.э. насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі ракі Нараў. Некаторыя гісторыкі лічаць яцвяжскімі Падлессе (Падляшша), Берасцейскую зямлю, частку верхняга Панямоння. Рускі гісторык ХІХ ст. С.М.Салаўёў, адзначаючы смеласць і непакорлівасць гэтага "загадкавага народа", пісаў, што "яцвягі ў бітвах ніколі не ўцякалі і не здаваліся ў палон, а гінулі разам з жонкамі". Лічыцца, што яцвягі былі амаль поўнасцю знішчаны ў няроўных бітвах з іншаземцамі. С.М. Салаўёў даводзіць, што рэшткі яцвягаў быццам бы заставаліся ў яго час на Скідзельшчыне: "Яны рэзка адрозніваюцца ад беларусаў і літоўцаў смуглым тварам, чорнай вопраткай, норавамі і звычаямі, хаця ўсе ўжо гавораць на беларускай мове з літоўскім акцэнтам". Ад яцвягаў засталіся некаторыя геаграфічныя назвы галоўным чынам на Гарадзеншчыне - ёсць там, напрыклад, рака Ятвезь і на ёй жа сяло Ятвезь.

[57]Комат - правадыр яцвягаў, пра якога не раз упамінаюць летапісы. Загінуў ён 22 чэрвеня 1264 года ў бітве з палякамі.

[58]Кома - камета. Стрыйкоўскі ў сваёй "Кроніцы..." піша пра камету, якая якраз у той час пралятала над зямлёй. Хадзілі чуткі, што быццам ад яе пачаўся у Польшчы мор, які лічылі карай Божай за знішчэнне яцвягаў.

[59] Баляслаў Сарамлівы - князь кракаўскі і сандамірскі, польскі кароль (1279).

[60] На самай справе пад ударамі крыжакоў і палякаў яцвягі адышлі на ўсход і сталі адной з найважнейшых складовых ліцвінскага, а пазней беларускага, этнасу. Тая балцкая складовая беларусаў, пра якую сёння ўсе гавораць, ёсць у першую чаргу складовая яцвяжская.

[61]Свінтарог (Святарог) - легендарны князь Літвы (1268-1271). Паводле Нарбута, пражыў 98 гадоў. Упадабаўшы месца, дзе рэчка Вільня (Віленка, Вілейка) ўпадае Вілію, папрасіў свайго сына Гермунта пасля смерці спаліць яго цела там паводле спрадвечнага звычаю. Гэтае месца (цяпер цэнтр Вільні) было названа імем Свінтарога. Там была святыня Перуна і палаў вечны агонь - Зніч.

[62] Мендог - так называлі яшчэ Міндоўга.

[63] Жмудзь, альбо Жамойць - адна з назваў балтыйскага племя, продкаў сучасных літоўцаў.

[64]Каб лепш-караскацца на неба, і трэба было ў ахвярны агонь кінуць кіпцюры рысяў ды медзведзяў.

[65]Паводле Стыйкоўскага, а таксама і Нарбута, сын Свінтарога Гярмунт уладарыў у 1271-1275 гадах. Ён меў трох сыноў: Даўмонта Старога або Цімафея, князя пскоўскага, Гілігіна і Траба. Сынам Гілігіна быў Ромунд.

[66] Гярвяты - мястэчка за 65 км на ўсход ад Вільні над рэчкай Алушай. Яго заснаванне Срыйкоўскі звязвае з імем Гярмунта.

[67]Трабы - мястэчка над рэчкай Клавай, 35 км на поўдзень ад Ашмян у Іўеўскім раёне.

[68] Паводле Стрыйкоўскага і Нарбута князь Ромунт меў 5 сыноў: Нарымунда, Даўмонта Малодшага, князя ўцянскага, Трайдзеня, уладара на Падлессі, Ольша і Гедра. Трайдзень меў сына Рымунта ці Лаўрыша - манаха.

У баладзе сабраны рэальныя і легендарныя князі ды падзеі з розных часоў: Даўмонт Пскоўскі - бацька Давыда Гарадзенскага жыў у часы Гедзіміна, Лаўрыш або Войшалк, сын Міндоўга падаецца, як Рамунт Трайдзенавіч і г.д.

Сама балада паўтарае гісторыю з Міндоўгам, які гвалтам ажаніўся з замужняй сястрой сваёй жонкі.

[69] Фляндар - інфлянцкі магістр, дзве дачкі якога былі замужам за Нарымундам і Даўмонтам.

[70] Блытаюцца Даўмонт Нальшчанскі і Даўмонт Уцянскі.

[71] Маецца на ўвазе Вялікі князь Літоўскі Трайдзень, а да тога князь Дайнаўскі.

[72] Гаворка вядзецца пра Войшалка сына Міндоўга, але ўжо пад імем Лаўрыша або Рамунта сына Трайдзеня.

[73]Лаўрышава пад Наваградкам.

[74]Куршы - балцкі народ, які жыў у Судавіі. У 1278-1283 гадах крыжакі спустошылі іх землі, жорстка знішчаючы насельніцтва. Частка куршаў уцякла на Літву.

[75]Паводле словаў Нарбута з гэтага часу ў Судавіі быццам у пустыні надоўга запанавала магільная ціша.

[76] Сурда - правадыр куршаў. Згадвае пра яго і Пётр Дусбург у "Cronica terrae Pryssiae"

[77] Фрыдрых фон Голе - рыцар Брандэнбургскага ордэна, камандзір крыжацкага аддзела. Начале сотні вершнікаў рабаваў Судавію, але калі вяртаўся са здабычай, кемлівы Сурда атакаваў яго і забіў у крывавай бітве.

[78] Эйшышкі - горад у паўднёвай Літве, непадалёк мяжы з Беларуссю.

[79] Кершышкі - мястэчка, размешчанае паміж Лідай і Эйшышкамі, на правым беразе рэчкі Дзітвы.

[80] Сурмін - літоўскі ваеначальнік, пра якога Стрыйкоўскі піша, як пра абаронцу замкаў у Калайне (1290 г.) і Юнігедзе (1313 г.) і старасту калайнінскім. Яго бацькаўшчынай хутчэй за ўсё былі даўнія землі Куявы.

[81] Надама Стрыйкоўскі прадстаўляе, як адважнага і незвычайна дужага ваяўніка з аддзелу Сурміна. Ён добра ведаў польскую мову, таму яму ўдалося ашукаць немцаў, калі прыкідваўся хрысціянкай у няволі ў паганцаў.

[82]Калайна - літоўскі замак, што стаяў на беразе Нёмана за Вялонай, найбліжэй да прусаў. Стрыйкоўскі, абапіраючыся на паведамленні Пятра Дусбурга, піша, што 23 красавіка 1290 г. крыжакі, прыплыўшы на караблях, аблажылі 120 абаронцаў замка, якія пад кіраўніцтвам Сурміна ўдачна біліся з рыцарамі ордэна. А 12 траўня гэтага ж года крыжацкі камтур з Рагайны Эрнэке загінуў з усёй залогай свайго карабля, трапіўшы ў засаду, учыненую Сурмінам і Надамам.

[83]Яжбут - у сродках гістарычных згадваецца, як ліцвін шляхоцкага паходжання, камандзір аддзела, пярэхрыст, які даносіў на сваіх крыжакам. Нарбут следам за Пятром Дусбургам так апісвае смерць Яжбута: пабіў яго Генрых Гутсэверт, комтур Балгі, але Яжбут, праткнуты дзідай, яшчэ паспеў адсекчы мячом палец Генрыху.

[84]Нарва (Нараў) - рэчка ў Польшчы, правы прыток Віслы.

[85] Рамнова - літоўская легендарная дахрысціянская святыня, падваліны якой заклаў легендарны рымлянін Палямон, прапрашчур літоўскіх князёў. Святыню назваў ён Рома нова (лац. Новы Рым). Гарэў у ёй святы агонь, які аберагалі вешчуны. Нарбут апавядае пра Рамнову над Дубісай, у месцы, дзе гэтая рэчка ўпадае ў Нёман, утвараючы свайго роду выспачку. А таму месца тое трэба шукаць наводдаль Сераджу.

[86]Людвік з Лібэнцоле (Лібэнцэле) - комтур у Рагайне. Завадатар бітваў супраць ліцвінаў, меў высокае становішча ў Ордэне, пустошыў Літву. Заняў Рамнову - месца найсвяцейшае для ліцвінаў і ў 1294 г. зруйнаваў святыню дашчэнту.

[87] Крыжакі насілі чорны крыж на белым плашчы.

[88]Мова тут вядзецца хутчэй за ўсё пра замак Бісенскі, які стаяў на вяршыні гары Палямона. Замак той узносіўся на правым беразе Нёмана насупраць Рамновы.

[89] Пра жмудскага правадыра Кайліма Нарбут піша, як пра рэальную постаць гістарычную: у 1298 г. пабіў ён крыжацкага магістра Майнгарда ў бітве пад рэчкай Святой за Юрбаркам, там, дзе гэтая рэчка ўпадае ў Нёман і дзе стаяў замак Пашвенча.

[90] Майнгард Сакс з Квэрфурту трынаццаты Магістр Тэўтонскага ордэна (1288-1299).

[91]Паводле слоў Нарбута магістр так моцна атрымаў у плечы дубінай Кайліма, што з той нагоды страціў здароўе і неўзабаве пасля вяртання дадому, скончыў свай жыццёвы шлях

[92]Сурмін - глядзі ХVIII.

[93]Юнігеда - замак над Нёманам. Іншая назва - Велена. Пётр Дусбург піша, што ў 1291 г. на вялікдзень крыжакі прыплылі пад Юнігеду на велізарнай галеры.

[94] Храніст апавядае, што гэты карабель крыжацкі з-за сваёй велічыні нагадваў замак. Стрыйкоўскі піша: "Галера вялікая, як замак". Паводле Нарбута комтур Рагайны Вэрнэр з Ажэльна, які кіраваў крыжакамі падчас нападу на юнігедскі замак стаў пазней чатырнаццатым вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна (1324-1326).

[95] Імя гэтае Срыйкоўскі піша Сталдон або Гасталдон і мяркуе, што гэта быў прапрашчур слаўнага роду Гаштольдаў. Нарбут піша Скалдон і называе яго не братам, а плямяннікам Сурміна.

[96] Віцень (г.н. невядомы - п. каля 1316) - Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1293-1316). Шмат зрабіў для ўмацавання і пашырэння дзяржавы.

[97]Рыжскі архіепіскап быў супраць панавання крыжакоў над Рыгай, яго падтрымлівалі ў барацьбе з імі і рыжане, якія дапамаглі Віценю перамагчы нямецкіх агрэсараў.

[98] Браўнзберг (альбо Бранева), Каліш, Добжын - гарады ў Польшчы.

[99]Як паведамляе Т. Нарбут, Віцень быў забіты громам. Яго цела адвезллі на капішча Свінтарога і спалілі там згодна са старажытным звычаем.

[100] Аўтар тут падкрэслівае, што з імем слаўнага збройнага рыцара Віценя звязана нараджэнне герба Пагоня.

[101] Як расказвае храніст Пётр Дусбург, а за ім - Мацей Стрыйкоўскі, 17 ліпеня 1320 г. пад Меднікамі адбылася вялікая бітва ліцвінаў з крыжакамі. Пасля перамогі над нямецкімі рыцарамі ліцвіны, аддаючы ахвяру аднаму з сваіх багоў, спалілі на ахвярным агні аднаго з крыжацкіх военачальнікаў па імені Руда - на кані і ў яго поўным узбраенні.

[102] Старыя Трокі (каля 5 км ад Трокаў) вядомыя ад пачатку ХІVст. Ужо князь Гедзімін выбудаваў там драўляную цвердзь і паводле літоўскіх гісторыкаў перанёс сюды сталіцу з Кернава. Пазней на гэтым месцы паўстаў замак мураваны. Рэальна і Кернаў, і Трокі ва ўсе часы былі не больш, як баявыя, часовыя сталіцы ВКЛ у найбольш напружаныя перыяды барацьбы з крыжакамі. Сталая сталіца да пераездду ў Вільню знайходзілася ў Наваградку.

[103] Гедзімін (каля 1275-1341) - Вялікі князь Літоўскі (1316-1341), заступіў на пасад пасля смерці свайго бацькі Вялікага князя Віценя. Заснавальнік Вільні - новай сталіцы ВКЛ, знакаміты правадыр вайны з крыжакамі, вызваліў ад мангола-татарскага ярма Украіну і Северскую Беларусь. Таленавіты палітык і дыпламат. Паводле Нарбута меў 7 дачок і 7 сыноў, з якіх найбольш слыннымі сталі Альгерд і Кейстут.

[104]Слова "трокі", як і многія назвы гэтай зямлі, не мае дакладнага тлумачэння. Літоўцы спрабуюць тлумачыць гэтае слова ад літоўскага слова "trakas", якое абазначае парубку - месца, на якім часта будаваліся цвердзі і замкі. Аўтар, выводзіць назву Трокі ад "трок" - торбаў пры сёдлах, што служылі для прытарочвання паляўнічых трафеяў: звяроў і птушак. Стрыйкоўскі гэтак жа тлумачыць гэтае слова.

Разам з тым, уся праблема заключаецца ў тым, што гэтую і многія іншыя назвы трэба тлумачыць з дайнаўскай (яцвяжскай) мовы, якая, нажаль, практычна невядомая.

[105]Пра Кейстута глядзі ХХХІХ.

[106]Гаворка тут пра мураваны замак, пабудаваны Кейстутам на выспе пасярод возера Гальвэ.

[107]На пачатку ХV ст. Вітаўт Вялікі пабудаваў у Старых Троках касцёл і кляштар для манахаў - бенедэктынцаў. Яны знайходзіліся ў Старых Троках да паловы ХІХ ст. ( У часы Я. Чачота да ордэна належала таксама тэрыторыя былога замка, ужо тады зруйнаванага).

[108] Легенду пра тое, як Гедзімін забіў каля ракі Віленка тура, і як ён заснаваў там горад Вільню, апрача Стыйкоўскага, падаюць яшчэ іншыя пісьмовыя крыніцы.

[109] Як паведамляе Стрыйкоўскі, Гедзімін загадаў аздобіць рогі забітага ім тура золатам і дарагімі камянямі і захоўваў іх як рэліквію сярод сваіх каштоўнасцяў.

[110] На з'ездзе ў Луцку (Валынь) з'ехаліся ў студзені 1429 г. Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт, польскі кароль Ягайла і рымскі імператар Жыгімонт І. Апошні выказаў там прапанову абвясціць Вялікае Княства Літоўскае каралеўствам і каранаваць Вітаўта. За гэта Вітаўт, які хацеў быць каралём дзеля ўмацавання дзяр-жавы, шчодра адарыў Жвгімонта І, аддаўшы яму нават самую дарагую родавую рэліквію - прыгожа аздоблены тураў рог Гедзіміна.

[111] Легенду пра заснаванне Вільні выкарыстоўвалі ў сваіх творах многія пісьменнікі, у тым ліку Адам Міцкевіч.

[112]Паводле сучаснай гістарычнай навукі Вільня была заснаваная ў 1323 г. Гл. каментар да Х.

[113]Давыд (пам. 1326), сын нальшчанскага, а затым пскоўскага князя Даўмонта, гарадзенскі стараста, зяць Гедзіміна і яго правая рука, найвыдатнейшы беларускі палкаводзец.

[114]Рэвель, зараз Талін, на той час уладанне караля Даніі.

[115] Уладзіслаў І Лакетка (1260-1333) - польскі кароль, у 1325 г. заключыў дамову з ВКЛ супраць крыжакоў, якую ўзмацніў ажаніўшы свайго сына Казіміра з Альдонай, дачкой Гедзіміна (гл. ХХІХ).

[116] Франкфурт над Одарам - нямецкі горад, размешчаны на левым беразе Одара.

[117]Гайдамакі - ваякі, наезнікі.

[118]Альдона - трэцяя з сямі дачок Гедзіміна, нарадзілася каля 1310 г. Перад замуствам прыняла хрышчэнне і атрымала новае імя - Ганна. Гэты шлюб з каралеўскім сынам паспрыяў змякчэнню стасункаў паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім.

[119] Казімір ІІІ Вялікі (1310-1370) - польскі кароль (ад 1333 г.).

[120]Як падае Нарбут, Альдоне ў пасаг было апрача ўсяго перададзена 24 тысячы польскіх і мазавецкіх палонных. Вяртанне іх было для Полашчы сапраўдным святам.

[121] Альгерд (каля 1296-1377) - вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1345-1377), трэці сын Гедзіміна, бацька 12-ці сыноў (Ягайлы, Свідрыгайлы і інш.). Узяў у жонкі дачку віцебскага князя Яраслава Марыю, а калі яна памерла - дачку цвярскога князя Юльяну.

[122] Віцебскае княства канчаткова ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў 1320 г.: яго атрымаў Альгерд ва ўладанне як бацькоўскую спадчыну жонкі. .

[123] Старыя хронікі звязваюць з апісаным тут выпадкам забойства Давыда Гарадзенскага.

[124]Апісваючы ў сваёй "Кроніцы" гэты "падзел здабычы", Пётр Дусбург апавядае, што ліцвін, рассекшы напалам прыгожую панну, сказаў: "Я раздзяліў яе на дзве часткі - хай кожны з нас возьме тую, якая яму падабаецца".

[125] Гл. XXV. У сапраўднасці Гедзімін загінуў у 1341 г.

[126]Вялона - абарончы замак у Жамойціі, на беразе Нёмана. Непадалёку крыжакі пабудавалі яшчэ адзін замак - Баербург. Якраз пры яго штурме, як паказваюць гісторыкі, і загінуў Гедзімін.

[127] Жудасная зброя... - Крыжакі скарысталі ў той бітве гарматы, адно з каменных ядраў і трапіла ў Гедзіміна.

[128] У выніку пераможных бітваўі ўдалых шлюбаў сыноў з валынскімі і кіеўскімі князямі Гедзімін заняў Кіеў і Валынь і пасадзіў там сваіх прыбліжаных.

[129] Маецца на ўвазе парадненне Гедзіміна з польскім каралём Лакеткам праз жаніцьбу іх дзяцей.

[130] Яўнута (альбо Яўнут, Яўнуцій) - Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1341-1345), сёмы, самы малодшы сын Гедзіміна. Заступіў на трон згодна з тастамантам бацькі адразу пасля яго смерці. Быў занадта спакойны, "лянівы", яго неўзабаве сагналі з вялікакняскага пасада ягоныя больш энергічныя браты Альгерд і Кейстут. Вялікім князем стаў Альгерд са згоды Кейстута, які ўзяў у княжанне Жамойць і Трокі. Яўнуту ж аддалі Заслаўе

[131]Свідрыгайла (Баляслаў; каля 1370-1452) - Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1430-1432). Сын Альгерда. Вёў барацьбу з Жыгімонтам Кейстутавічам за вялікакняскі пасад, дзеля чаго ўступіў у саюз з Лівонскім ордэнам.

[132] Бірута (каля 1333-перад 1384) - дачка Жмудскага ўладара Відзіманта. Старыя кронікі апавядаюць, што яна была вейдалоткай у Паланзе. Каля 1349 г. выйшла замуж за Кейстута. З усіх дачок і сыноў, што нарадзіліся ад гэтага шлюбу, найвыбітнейшым быў Вітаўт Вялікі.

[133]Гэта гара Біруты ў Паланзе, дзе паводле легендаў, апісаных у кроніках пахавана Бірута.

[134] Не давяраючы Ягайле і прадчуваючы небяспеку, у 1382 г. Кейстут выслаў сваю жонку Біруту ў Берасце Куяўскае, горад у Польшчы, у якім уладарыў яго зяць Генрык, князь Куяў і Мазоўша, муж дачкі Кейстута Рынгайлы.

[135]Новыя Трокі, ін. Трокі - горад заснаваны ў другой палове ХІV ст. Кейстут пабудаваў там замак і перанёс туды сваю сталіцу са Старых Трокаў.

[136]Паводле высноваў, якія можна зрабіць з карэспандэнцыі філаматаў, гэты верш мае пэўныя аўтабіяграфічныя рысы. Вечарам 10 ліпеня 1823 г. А. Міцкевіч і Я. Чачот прыйшлі з Вільні пехатою ў Трокі, каб адведаць прэзідэнта філаматаў Я. Яжоўскага, які жыў у клештары трокскіх бенедэктынцаў. Утраіх ("тры ліцвіны") плавалі на лодцы па трокскім возеры. Гэта былі апошнія шчаслівыя хвіліны, праведзеныя ў гурце блізкіх сяброў перад арыштамі.

[137] Карыятавічы - унукі Гедзіміна, дзеці яго сына Карыята Міхала, які ўладарыў у Наваградку. Гэта - Юрка, Аляксандр, Тодар і Канстанцін. У 1363 годзе яны дапамаглі Альгерду разбіць татараў пад Сінімі Водамі, за што атрымалі ва ўладанне Падолле (на Украіне).

[138] Гэта быў 1362 год.

[139]Бэкат, Смотрыч (над ракой Смотрыч) - гарады на Украіне, якія ўтварыліся вакол пабудаваных Карыятавічамі замкаў.

[140]Гаштольд - стараста Камянца Падольскага, пазней ваявода віленскі. Жыў у часы княжання Альгерда. Паходзіў з роду вяльможаў ВКЛ, быць можа быў нашчад-кам Гаштольда апісанага ў вершы ХХІІ. Высокага пахо-джання панна Бучачка, з польскага княжацкага роду, магла ўзяць шлюб толькі з хрысціянінам. Пры хрышчэнні Гаштольд атрымаў імя Пётр.

[141] Гэта былі яшчэ часы Гедзіміна.

[142] Каталіцкія манахі - францішканцы прыбылі на Літву ў канцы ХІІІ ст. з Польшчы. З імем Гаштольда прынята звязваць першыя спробы хрысціянізацыі Літвы. Як сцвярджае кроніка Быхаўца, ён запрасіў з Польшчы 14 францішканцаў.

[143]У першай палове ХІV ст. у Вільні пабудаваны ў гатычным стылі пабудовы кляштара Францішканцаў. Пазней яны былі знішчаны пажарам і рэканструяваныя. У ХІХ ст. там размяшкалася вязніца, у якой сядзеў і аўтар гэтых баладаў, за сваю дзейнасць у Таварыстве філаматаў.

[144] У Вільні на гары, якая называлася Лысай або Крывой, як апавядаюць старыя кронікі, сем манахаў - францішканцаў прынялі пакутніцкую смерць ад рук ліцвінаў, якіх яны прыбылі хрысціць. У памяць пра мукі манахаў там была пабудаваная каплічка, а пазней пастаўлены тры крыжы. Ад тога часу тую гару называюць Трохкрыжовай гарой.

[145]Гаворка тут пра касцёл Найсвяцейшай дзевы Марыі, пабудаваны побач з клештаром францішканцаў у першай палове 14 ст. Мейсца тое называлася "Пескі" ("Пяскі").

[146]Пры зліцці Нёмана і рэчкі Пунелы ёсць замкавая гара Пуня, якая тутэйшымі жыхарамі называецца Маргіра (Моргара), а ў літаратурных творах - Пулена. Стрыйкоўскі і Нарбут дасканала апісваюць цвердзь Пулену (Pullen, Pilonnen), абкружаную глыбокім ровам і тоўстай сцяною. Залогаю цвердзі кіраваў вельмі адважны князь Маргір (Маргер). Ліцвіны біліся з крыжакамі ў абарону свайго жыцця, сваіх жонак і дзяцей, у абарону сваіх багоў і ўсяго, што ім было дарагім і святым. Аднак, калі страцілі надзею на ацаленне, распалілі велізарнае вогішча і паўкідалі туды ўсё сваё дабро, а пазней самі сябе ўзаемна пазабівалі і спалілі. Нарбут лічыць, што гэты нязвыклы, смелы, геройскі чын варты пяра Гамера ці Тацыта. Пазней, пасля і Нрбута і Чачота, оперу "Маргер" на лібрэта У. Сыракомлі напісаў К. Горскі.

[147] Гэта былі яшчэ часы Гедзіміна.

[148] Нарбут піша пра 4 тысячы абаронцаў замка, але агулам святы агонь узяў каля 12 тысяч ліцьвінаў.

[149]Кейстут (каля 1300-1382) - сын Гедзіміна, князь ВКЛ. Усё жыццё змагаўся з крыжакамі. Каля 1361 г. трапіў у засаду і быў узяты крыжакамі ў палон. Прывезлі яго ў Мальборк (ці Марыенбург) да вялікага магістра Вінрыха фон Кніпродзе і пасля допыту пасадзілі ў надзейную вязніцу. Але наглядчык Альф аказаўся таксама ліцьвінам: яго яшчэ дзіцем паланілі крыжакі. Альф патемна прынёс Кейстуту ў камору малаток, і той восем месяцаў прабіваў ім лаз у сцяне. Разам з Альфам, апрануўшыся ў белыя рыцарскія плашчы з чорнымі крыжамі, яны ўцяклі з крыжацкага замка.

[150]Wer-da? -хто тут? (ням.)

[151]Стары замак у Коўні стаяў каля месца зліцця Нёмана і Віллі. Быў абкружаны вадою. Ад адной рэчкі да другой пракапаны глыбокі роў. Абаронныя муры былі збудаваныя з каменю. У 1362 г. крыжакі зруйнавалі замак з зямлёю.

[152]Глядзі ХХХІХ.

[153]Гурда - сын Гінвіла, князя гедройцкага, ваеначальнік, жыў у часы Альгерда. Стрыйкоўскі піша, што моцна перажываў ён страту рыцараў, якія ўмела баронячы замак згінулі ў полымі: "Не столькі замка шкада, як рыцараў, якіх паглынуў агонь..." Гэтая аповесць абапіраецца на адну з найстарэйшых беларускіх вайсковых песень. Яе словы: "Не так жаль мне замка..." аўтар скарыстаў, як эпіграф свайго верша.

[154]Вейдад - сын Кейстута. Падчас абароны замка Ковенскага разам з 36-цю баярамі трапіў у нямецкую няволю. Там быў ахрышчаны, атрымаў імя Андрэй і служыў пры двары Карла ІV. Пазней кіраваў Полацкім княствам. Паводле Нарбута загінуў у бітве над Воркслай.

[155]Нарбут апавядае, што замак Ковенскі быў разбураны ў Вялікую суботу, таму наступным ранкам на крушнях крыжакі пабудавалі алтар, пры якім біскуп адправіў імшу, і ўсе спявалі песні вялікодныя. Песні пачынаюцца словамі: "Хрыстос уваскрос!", а заканчваюцца звычайна страфой: "Можам жа ся весяліці. Kyrie eleison!"

[156] У апісваным акрэсе часу Горадня падлягала ўладзе Трокскага княства Кейстута, які кашталянам тамашняга замка прызначыў свайго сына Патырга, але пазней адабраў у яго права кіравання Горадняй. Нарбут выказвае здагадку, што за манёўр, апісаны ў гэтым творы.

[157]Нарбут, спасылаючыся на Фохта, піша, што гэта меў быць граф фон Ганаў (Ганаў месца над Майнам) - Ульрых ІV.

[158]Рудава - гістарычная воласць у Самбіі, 18 км на поўнач ад Каралеўца, цэнтр - Рудаўскі замак. Нарбут апавядае, што Кейстут з Альгердам пры падтрымцы Ягайлы і Вітаўта, рушылі з войскам у бок Рудавы. Бітва з крыжакамі разыгралася 18 лютага 1370 г. Абодва бакі панеслі вялікія страты.

[159] Гістарычныя сродкі вельмі па-рознаму ацэньваюць вынікі гэтай бітвы. Нарбут сцвярджае, што ліцвіны, калі не перамогу, то немалую карысць вынеслі з бітвы пад Рудавай, дзе выбілі шмат крыжацкіх ваеначальнікаў і ўзялі немалую здабычу.

[160] Вайшвіла - паводле Нарбута, таленавіты ліцвінскі баяр, княжацкай крыві. Пад час вяртання войскаў Кейстута з-пад Рудавы над рэчкай Тарнавай Вайшвіла забіў крыжацкага ваеначальніка, але сам таксама загінуў смерцю мужных.

[161]Тарнава - вёска і рэчка з той самай назвай, непадалёк ад Рудавы.

[162]Фон Схіндэкопф - вялікі маршалак прускі, ваеначальнік войскаў крыжацкіх, загінуў у бітве пад Рудавай.

[163]Баярбург (Горад баяраў) - замак над Нёманам, непадалёк ад Вялоны. Гістарычныя крыніцы падаюць, што Схіндэкопф спаліў замак і 900 замкнёных у ім ліцвінскіх воінаў.

[164]Пастова, Пустова - гістарычная літоўская воласць над Нёманам ніжэй Нявяжы, цэнтрам быў замак з той самай назвай.

[165]Пра Альгерда гл. каментарый да песні "Альгерд і Марыя..." Гэта папраўдзе неардынарная асоба. Ён паспяхова змагаўся з крыжакамі, палякамі, татарамі, маскоўцамі. Пад яго кіраўніцтвам тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага падвоілася.

[166]Гады княжання Альгерда 1345-1377.

[167]Маецца на ўвазе паход Альгерда на Маскву, калі яго войскі нечакана з'явіліся на маскоўскай гары і Вялікі князь маскоўскі Дзмітры Іванавіч вымушаны быў кланяцца Альгерду і багатымі дарамі задобрыць Вялікага князя Літоўскага. Альгерд згадзіўся на мір. Пры гэтым ён сказаў маскоўскаму князю: "Хоць мы з табой памірыліся, але мне інакш не выпадае, як толькі прысланіць дзіду сваю да сцяны твайго горада Масквы, каб славу ўчыніць, што Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Альгерд дзіду сваю да Масквы прысланіў". Ад гэтага дня і да сёння гара, на якой Вялікі князь Маскоўскі Дзмітры Іванавіч і ўсе масквічы кланяліся Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, называецца Паклоннай гарой.

[168]Пра Кейстута гл. каментарый да песні "Уцёкі Кейстута з Мальборга".

[169]Вайдыла - прыбліжаны Ягайлы, з "плябеяў". Узяў замуж Ягайлаву сястру Марыю. Кейстут не любіў Вайдылу за яго інтрыгі.

[170]Вайдат (1342-1399) - сын Кейстута, княжыў у Полацку.

[171]У 1381 годзе Кейстут, схаваўшы сваіх вояў на вазах пад сенам ды пад шкурамі, быццам падрыхтаванымі на продаж, выправіўся абозам на Вільню, заняў горад, а Ягайлу паслаў княжыць у Крэва.

[172]Як апавядае Стрыйкоўскі, у траўні 1382 г. Кейстут выступіў у паход супраць свайго ўзбунтаванага пляменніка Дзімітрыя Карыбута Альгердавіча, які княжыў у Наваградку. У адсутнасць Кейстута Ягайла вярнуўся ў Вільню і заняў вялікакняскі пасад . Кейстута ж пасля яго звароту і яго сына Вітаўта пасадзіў у Крэве ў вязніцу.

[173] Ганна - жонка Вітаўта, выйшла за яго замуж каля 1370 г. Вітаўт (1350-1430) - Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1392-1430), сын Кейстута. Змагаўся за самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага, супраць уплыву польскіх феадалаў. Пры ім Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшых памераў, стала магутнай еўрапейскай дзяржавай.

[174] Ягайла (каля 1351-1434) - сын Альгерда, Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1377-1381, 1382-1392), кароль польскі.

[175] Паміж браценікамі Ягайлам і Вітаўтам вялася барацьба за трон, за ўладанні. Часта прычынай былі розныя інтрыгі прыбліжаных. У гэтых спрэчках выкары-стоўваліся іх агульныя ворагамі - кражаносцы, якія спусташалі краіну. Памірыліся браценікі толькі ў 1392 годзе дзеля барацьбы з тымі ж крыжакамі.

[176] Стрыйкоўскі піша, што ў 1384 г. Ягайла са сваім войскам дасягнуў аж да Вісліцы (9 міль ад Кракава). Адзін з удзельнікаў набегу ліцвін Давойна забраў з тамтэйшага касцёла на Лысай гары рэліквію Св. Крыжа, апраўленую ў золата і схаваў яе сярод іншай сваёй здабычы. На возе вёз таксама прыгожую паланянку Габданку.

[177]Аўтар называе тую гару Яснай, а не Лысай.

[178]Дачка слынных польскіх вяльможаў Габданкаў. Гістарычныя крыніцы не падаюць яе імя. Стрыйкоўскі таксама ўспамінае толькі яе шляхецкае (княжацкі род) прозвішча.

[179]Радзівіл узначальваў адзін з атрадаў ягелонскай конніцы. Як паказвае Стрыйкоўскі, быў маўклівы, але энергічны і смелы.

[180]Завіхост - польскі абарончы замак на Вісле.

[181] Ядвіга (1374-1399) - дачка караля венгерскага і польскага Людвіка. 18 лютага 1386 г. Ягайла ажаніўся з маладзенькай Ядвігай і стаў каралём Польшчы. Перад гэтым ён прыняў каталіцтва, атрымаўшы новае імя - Уладзіслаў. Ядзвіга была каралевай Польшчы з 1384 г. да яе смерці. Дзяцей у яе не было.

[182]Як піша Стрыйкоўскі, у 1387 г. Ягайла з маладзенькай каралевай Ядвігай, а таксама з польскімі ксяндзамі і біскупамі пачалі хрысціць ліцвінаў у Вільні і на іншых землях ВКЛ. Ягайла асабіста на роднай (беларускай) мове навучаў праўдам веры. З Польшчы прывезлі велізарныя сувоі белага сукна і давалі па кавалку кожнаму, хто прыняў хрышчэнне. Не адзін не так для хрышчэння, як для сукна таго ішоў да Ягайлы, які хрысціў усіх грамадамі, надаючы адной грамадзе імя Ваўжынца, другой - Пятруля, трэцяй - Януля. Грамады жанчын былі ахрышчаны імёнамі: Кацярыны, Ядвігі або Ганны. Хрышчэнне прыняло адначасова каля 30000 ліцвінаў.

[183] Даўмонт - сын Гурды, унук Гінвіла, выбітны ваеначальнік у бітвах з крыжакамі. У часы Вітаўта валадарыў у Гедройцях. Памёр маладым, пакінуўшы двух выноў Войцаха і Пятра.

[184]Гедройты, Гедройцы ляжаць на заходнім беразе возера Кемант пры дарозе Вільня-Утэна. Згадкі пра іх - ад 1375 г. Іх назва паходзіць ад імя заснавальніка горада - Гедра. Былы цэнтр гістарычнага ўдзельнага княства.

[185]Сасарка - цвердзь над ракой Сасарка (левы прыток Святой). Адтуль Даўмонт частымі нападамі турбаваў крыжакоў, што плылі па Святой.

[186] У іншым варыянце рукапісу аўтар называе крыжакоў паўмніхамі, г.зн. несапраўднымі манахамі.

[187]Відзінішкі - мяйсцовасць на захад ад Малеты, першая згадка пра яе ў 1373 г. Належала да Гедройц.

[188] Касцянева - па-літоўску Kaulai, у Стрыйкоўскага і аўтара - Kaulis - (pole). Ад літоўскага слова KAULAS - костка - мясцовасць непадалёк ад Відзінішак. Названа так з-за мноства касцей, якія знайходзілі людзі на гэтым полі.

[189] Паводле словаў Стрыйкоўскага прыхлябаі, якіх ніколі не бракавала на княскіх дварах, увялі ў вушы Вітаўту, што Даўмонт мае шмат мёду з рускіх (беларускіх) воласцяў, частуе ім усю Літву Завілейскую і вядзе сепаратныя гутаркі супраць Вітаўта. З гэтай нагоды Вітаўт адабраў Даўмонтавыя воласці.

[190] Альгерд - ліцвінскі вяльможа, ваеначальнік у часы княжання Вітаўта.

[191]Смаленск - сталіца княства наддняпроўскіх крывічоў. Першы ўспамін пра яго ў 863 г. Ліцвінскія князі спрабавалі ўмацавацца на гэтых землях ад пачатку ХІІІ ст. У 1395 г. Вітаўт Вялікі абвясціў Смаленскае княства правінцыяй Літвы. Ад таго часу да 1667 г. з пэўнымі перапынкамі Смаленшчына належала да ВКЛ.

[192] Г. зн. Вітаўт Вялікі.

[193]Глеб - сын смаленскага князя Святаслава. Узбунтаваўся супраць Вітаўта, за што быў пазбаўлены ўлады ў Смаленскім княстве. Вітаўт аддаў яму толькі Палону і некалькі невялікіх воласцяў.

[194]Кіркел, Крым і Майкоп - тры ханствы, якімі кіравалі тры браты. Усе яны загінулі ў над Донам у бітве з вайскам ВКЛ у 1396 г.

[195]Бітва над Воркслай (левы прыток Дняпра) адбылася 12 жніўня 1399 г. паміж войскамі ВКЛ і Залатой Арды. З аднаго боку войскам кіраваў Вітаўт Вялікі, з другога - хан Цімур Кутлук. Вітаўт прайграў тую бітву, аднак жа сваёй адвагай узбудзіў павагу нават у супраціўнікаў.

[196]Эдыга - крымскі хан, разам з Цімурам Кутлукам кіраваў войскамі Залатой Арды.

[197] Нарбут, абапіраючыся на лацінскія рукапісы, апавядае пра дзівака - пілігрыма, манаха Яна з Пакрыўнай, дасканалага паліглота, які перад бітвай над Воркслай з'явіўся ў лагеры Вітаўта ў Кіеве. Гаварыў ён Вітаўту так: "Мушу збочыць аднак жа з дарогі, схіліцца ўправа, занадта ўлева не зайці каб не заплакаць, не страціць жыцця, не змяшаць парэшткаў маіх, я вялікі грэшнік, з парэшткамі выдатках баяроў тваіх. Суду Божаму незразумелая, будучыня жалобай пагражае " (Т.V.S 614).

[198] Спытка з Мэльштыка - польскі вяльможа, кракаўскі ваявода, паплечнік Вітаўта. Угаворваў Вітаўта ўхіліцца ад бітвы, радзячы яму мірныя перамовы з татарамі, калі Эдыга і Цімур схіліліся былі ісці на згоду. Ні яго, ні Яна з Пакрыўнай Вітаўт не паслухаў.

[199] Стары Эдыга пераказаў Вітаўту: "Ты... маладзейшы за мяне, таму скарыся, будзь даннікам маім і на літоўскіх грашах выбівай імя маё" Вітаўт прыняў тыя словы за велізарную абразу і разпачаў бітву, хаця некалькі раней сам гаварыў падобнае да маладзейшага за сябе Кутлука: "Будзь маім сынам і даннікам, або выбірай стаць палоннікам".

[200]Татарскі хан Тахтамыш быў выгнаны са свайго краю Тамерланам. Прыхіліўся да Вітаўта і разам са сваім войскам біўся супраць татараў, якіх тапіў, як, "рудых мышэй" Загінуў у 1408 г. у бітве з пераемнікам Кутлука Абусаідам.

[201]Паводле словаў Нарбута, абодва берагі Воркслы былі пакрыты трупамі, а руслам плыла людская кроў.

[202]Астрарог - польскі вяльможа, паплечнік Вітаўта. Разам са Спыткам (глядзі LІV-4) дапамагаў Вітаўту пад заслонай ночы ўцячы з поля бітвы. Сам Спытка загінуў. За яго смерць доўга перажываў кароль Уладзіслаў.

[203] Паводле словаў Стрыйкоўскага, 83-гадовы Ягайла паехаў у Гарадок, што ляжаў за 4 мілі ад Львова. Там, слухаючы любімыя спевы салаўёў, прастудзіўся і неўзабаве памёр. А таму смерць Ягайлы звязваюць з гэтым горадам львоўскай акругі, які называюць таксама Гарадком Ягелонскім, над рэчкай Вярэшчыцай.

[204] Пад імем Арсеня Лермантаў выводзіць аднаго з сваіх прашчураў па мацярынскай лініі. Ад гэтага роду, мабыць, і дастаўся Міхаілу Лермантаву паэтычны талент. Праз стагоддзе гэты ж талент праявіўся ў яшчэ адным прадстаўніку роду Арсенневых - вялікай ліцвінцы, беларускай паэтэсе Наталлі Арсенневай, аўтарцы духоўнага гімну ўсіх беларусаў "Магутны Божа!"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX