Вярнуцца: Літаратура

Адэля з Устроні. Мачыха


Аўтар: Адэля з Устроні,
Дадана: 28.07.2001,
Крыніца: Лiдскi Летапiсец № 12.



Гэтае імя было вернута ў нашу літаратуру з бяспамяці зусім нядаўна. Вярнуў яго рупны даследчык беларускага пісьменства Адам Мальдзіс, які ў 1970 годзе ў моры рукапісаў Ягелонскай (універсітэцкай) бібліятэкі ў Кракаве знайшоў невялікую, напісаную лацінкай паэму на беларускай мове "Мачыха". У канцы твору значылася імя аўтаркі - Адэля, яе радзіма - Устронь і дата напісання твору - 1850 . Адам Мальдзіс перака-наўча паказаў што Адэліна Устронь - гэта вёска ў Ганчарскай былой воласці Лідскага павету. Прозвішча ж аўтаркі верша пакуль што выявіць не ўдалося.

У пачатку 20-га стагоддзя ў Ганчарскай воласці было вядома 20 Устроняў: 2 фальваркі Ленскага і 18 засценкаў - Куцкеля, Беняша, Кушняка, Мурына, Дзевятовіча, Дудзіча (2), Канановіча, Рымкевіча, Дахавецкага, Шута, Урбановіча (3), Буяка (2), Уласава, Піятроўскага. У засценках жыло ад 4 да 18 чалавек і абдымалі яны ад 3 да 20 дзесяцін. У фальварках Ленскага жыло 44 чалавекі на 503 дзесяцінах.

Некаторыя з Устроняў мелі другія назвы: Лапа, Паскі, Боркі, Чорны Лес.

За паўстагоддзя ад моманту напісання Адэляй з Устроні паэмы "Мачыха" ў Устронях магло шмат чаго змяніцца, але не выключана, што Адэля магла насіць адно з пералічаных прозвішчаў.

Публікуючы паэму "Мачыха" у літаратурным зборніку "Краю мой - Нёман" (Мн.,1970), Адам Мальдзіс зазначыў, што яна "напісана рукой здольнага аўтара, з выкарыстаннем рамантычнай сімволікі, шчыра і ўсхвалявана. Не выключана, што паэма мае аўтабіяграфічны характар".

У тым жа самым рукапісе Адам Мальдзіс знайшоў і верш гэтай жа аўтаркі на польскай мове "Кракаў", у якім расказваецца пра пажар у горадзе - мяркуецца, у час рэвалюцыі 1848 года, і выказваюцца розныя прароцтвы.

  
  
  
  Па зямлі віхор пагнаўся,
  З буйным ветрам паспіраўся.
  Віхар туманочкам ляцеў,
  Чорну буру відзець хацеў.
  Бура да Нёмана хадзіла
  І чысту воду муціла,
  І з беражочка ў беражочак
  Калыхала ўвесь Нямночык.
  Сваей нотай зарыкнула,
  На бяседу заклікнула:
  "Туманы! Цёмныя хмары!
  І ты, круты віхар у пары!
  На бяседу прыляціце
  Дый на мяне паглядзіце
  Бо сягоння праз рэчаньку
  Будзе плысці ў чоўніньку
  Дзяцюк, што смеў пахваліцца:
  "Ён… мне, чорнай, не баіцца!!"
  І засмяялася страшна,
  І бліснула злосцю ясна,
  І сцягнула яшчэ скарэй,
  Каб той дзяцюк паплыў смялей.
  Ажно вада тое чула
  І па беражках плюснула.
  Барочку пена сказала,
  Што ўжо бура віхр звала.
  "Што!!! - расшумеўся барочак, -
  Ці гэта я не літоўчык?
  Каб дазволіў буры гукаць,
  Цераз сосны віхрам веяць!
  Пачакайце нямножка:
  Не сюдымі вам дарожка,
  Не на тое сосны расціў,
  Каб вас у родну зямлю пусціў,
  Не на тое бары раслі,
  Каб тут вецер чужы ўняслі!!!"
  Пасля азваўся Нямночык:
  "А я ж гэта - не літоўчык!
  Ці ж я буду сябе бурыць,
  Ці ж дазволю сваіх тапіць!
  Ці ж я смельніка не плыну
  Дый і буры не падкіну!
  О! Не знала, то пазнае,
  Яку ваду Нёмане мае!
  Я ж у лужах купаюся,
  Па ніўках расцілаюся,
  З віцінамі праплываю,
  Літоўскае сэрца маю!
  І пярвей высахне мора,
  Як мне з вадой змуціць бура.
  Пярвей увесь свет у вадзе стане,
  Як мой сваяк у дно гляне!
  Не на тое я разліўся,
  Не на тое мяне бог стварыў,
  Каб роднага брата забіў!"
  А бура над рэкай стала
  І гутаркі - не пазнала!
  
  * * *
  
  З таго месца на рык вяла
  Маленькая хата была,
  Каля хаткі - будровачкі,
  А ў хатцы - літовачка.
  Сягонняшняга дзянёчка
  Меў плыць мілы ў чаўночку.
  Літовачка ля аконца
  Стаяла, як бледна слонца,
  І ў неба паглядала,
  І да мачыхі казала:
  "Скажы ж ты мне дый, маці,
  Ці нястрашна цяпер гнаці
  Цераз Нёман? Ды ці чоўна
  Не набяжыць вады поўна?"
  Чужа маці адгадала,
  Чаму дзеўчына пытала.
  Ёй мілага не любіла,
  У лыжцы б вады ўтапіла.
  "Вот! Ці не твой то смяляк,
  Што лоб круціць усяляк,
  Ізноў прыедзе заляцацца?
  Прашу яму адказацца,
  Што гэта дый мая хата,
  Я тут на волю багата!
  Каб не казаў тут пышнага!
  Ды што яму тут лішняга?"
  Літовачка ўздыхнула,
  Пайшла - дзверы адамкнула.
  Не баялася грымотаў
  Дый адчыніла вароты,
  Белы ручкі заламіла
  І, плачучы, гаварыла:
  "Ох, матулька! Нашто ж мяне
  Чужой волі і людзіне
  Аставіла! Пакінула!
  Мяне ж доля памінула,
  Я ж сіротка ў роднай хатцы!
  Не схінуся к чужой матцы!
  Бо яна ж мне чужа чужым!
  Не злажуся і слоўцам адным.
  Ці душа твая не гляне,
  Як яна мяне ганяе.
  Ты мне з мілым абручыла
  І звянчала бы, каб жыла.
  Яна ж кажа мне, маладой,
  Каб ён згінуў дзе пад вадой.
  Як яна стала так мовіць,
  Здаецца, бы сэрца кроіць.
  Аж кроў мая закіпела
  І душа мая памлела!!
  Грымот страшна так загрымеў,
  А ён, пэўне, у чаўнок усеў!"
    
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX