Вярнуцца: Літаратура

Падарожжа ў Сярэднявечча


Аўтар: Валадкевіч Артур,
Дадана: 24-07-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 61(1).



Прапануем вашай увазе метадычную распрацоўку кіраўніка гуртка "Ваенная гісторыя Беларусі" Валадкевіча А.Я. прыгодніцкай гульні "Падарожжа ў Сярэднявечча". У гэтую гульню мы сабралі ўсё, што мы робім на нашых занятках: выпрабаванні спрыту і сілы (бой на мячах, стральба з лука і катапульты, кіданне сякераў), выпрабаванне на кемлівасць і здагадлівасць, выраб сярэднявечных сувеніраў, сярэднявечныя танцы. Марым аб тым, каб кожны мог трапіць у сярэднявечны горад, дзе хтосьці стане воінам, купцом, шляхціцам, а хтосьці даслужыцца і да караля і будзе каранаваны ў троннай зале па ўсіх законах Сярэднявечча!


Падзеі адбываюцца у Лідскім замку!


У праграмме:

Майстар-клас па рамёствах сярэднявечнага горада (выраб зброі, даспехаў, прылад працы).

Ліццё ўпрыгожанняў і прадметаў побыту.

Стральба з лука.

Кіданне сякерак "францыскаў".

Кіданне камянёў з катапульты.

Майстар-клас сярэднявечнага танцу.

Бой на мячах.

Прымерка сярэднявечных даспехаў і строяў.


Героі:

Герольд: статны чалавек, дасведчаны ў гістарычных справах.

Манах францысканец: адзін з манахаў замка, прагне прывесці жыхароў горада да хрысціянскай веры і пакінуць паганства.

Ваяр, мечнік-лучнік: ганарлівая асоба, лічыць годным чалавекам толькі чалавека з мячом, сякерай, ды келіхам добрай медавухі ў руцэ.

Гандляр-махляр: вельмі сквапны на грошы, лічыць усё ды па некалькі разоў, зусім не адыходзячы ад касы. Любіць фокусы паказваць і глядзець.

Шляхціц: адукаваны чалавек, дыпламат. Любіць ва ўсім кансэнсус, асабліва калі гэта ў яго інтарэсах. Нікога не падманвае, проста не ўсё кажа. Любіць забавы.

Кароль: стары, але яшчэ вельмі мудры чалавек, клапоціцца аб сваіх падданных, хоча сына. Але на такія справы проста не хапае часу. Дзеля гэтага хоча знайсці сабе пераемніка,... потым ажаніцца, нарадзіць сына, пабудаваць хату, пасадзіць дрэва... Нажаль часу застаецца ўсе меней.

Людзі: люд паспаліты з розных краін свету, вольныя, шляхта і галадранцы, князі, вучоныя і непісьменныя, добрыя і злыя. Ходзяць натоўпам, гамоняць, карыстаюцца варажбой.


Павадыр падводзіць групу людзей да варот замка. На двары замка іх сустракае Герольд.


Герольд (трымае у руцэ сярэднявечны ліхтар): Добры дзень, шаноўнае спадарства. Я - Герольд яго міласці Караля Ягайлы-Ўладзіслава. Ён загадаў мне сустрэць Вас, каб Вы не заблукалі ў цёмных падзямеллях гісторыі. У мяне ёсць невялічкі ліхтарык, "Ліхтарык ведаў", я пакажу вам шлях да каралеўскага трона.

Зараз мы знаходзімся ў сэрцы Вялікага Княства Літоўскага. На дварэ 1420 год ад нараджэння Хрыстова. Прайшло ўжо 10 год ад часу перамогі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам. У краінах мір ды спакой, на тронах магутных дзяржаваў - Вітаўт Вялікі і Ўладзіслаў Ягайла. На поўначы нарэшце цішыня, пераможаны Тэўтонскі ордэн пасля Грунвальдскай бітвы зрабіўся васалам.

На ўсходзе, таксама ніхто не рызыкуе парушаць межы Вялікага Княства: князі Цвярскі, Разанскі, Маскоўскі, вечы Наўгародскае ды Пскоўскае высвятляюць паміж сабой, хто з іх больш годны, каб збіраць даніну для Залатой Арды. На поўдні ляжыць Вялікі стэп, але час качэўнікаў ужо мінае, не маюць яны ўжо дастатковай моцы, каб сур'ёзна загразіць Вялікаму Княству.

На захадзе - прыродны саюзнік Вялікага Княства Літоўскага - Каралеўства Польскае. На троне ў Кракаве каралюе ліцвін - Гедзімінавіч, стрыечны брат Вітаўта - Ягайла. Яны разам перамаглі пад Грунвальдам. Шляхта Літвы і Кароны абмянялася шчытамі, ды ўступіла ў гербавае братэрства. Кожная дзяржава мае надзейны тыл з боку саюзніка. Растуць гарады ды вёскі, будуюцца замкі, міжусобіцы ўдзельных князёў задушаны Вітаўтам назаўжды, шырыцца гандаль.

Людзі простыя мірна працуюць, шляхта мірна п'е, гандляры мірна гандлююць, махляры мірна махлююць, воіны мірна марнуюць час, пілігрымы, такія як вы, могуць без аховы падарожнічаць, але ў кожным сярэднявечным горадзе свае законы. Зараз вы трапіце ў сярэднявечны горад, у якім хтосьці стане воінам, купцом, шляхціцам, а хтосьці даслужыцца і да караля і будзе каранаваны ў троннай зале па ўсіх законах Сярэднявечча.


Герольд: Вось, вось. Вучоныя мужы кажуць, што мы ўсе ўжо па шэсць разоў адзін для аднаго браты, ды сёстры, але жывём на розных кутках зямлі. Зараз пабачым, каму з вас якія землі дастануцца. Вось цягніце з гэтага капялюша сцяг сваёй зямлі. (Надрукаваць сцягі зямель, па іх вызначаюць інфармацыю пра гэты народ).


Людзі цягнуць маленькія карткі з шаперону, наякіх напісана назва іх краіны: палякі, русіны, жамойты, ліцвіны.


Герольд: Паважаныя шукайце сваіх землякоў. Людзі гуртуйцеся з народам!


Людзі ідуць да герояў.


Перад іспытам Герой засяроджвае ўвагу на тым, што ўсе атрыманныя веды могуць спатрэбіцца на працягу гульні. Расказаць, хто ён, якога роду племені і які статус мае ў горадзе (мечнік, ведзьма, музыка, гандляр, кароль). Апісаць свой занятак, паказаць, як гэта робіцца. Даць паспрабаваць удзельнікам, расказаць сакрэт, паставіць пячатку на прывілей тым, хто прыйшоў. Даць манету тым, хто выканаў іспыт.

Кожны павінен прайсці ўсіх Герояў. Калі госць адмаўляецца праходзіць выпрабаванне, то ён павінен падыйсці да Героя і сказаць: "Не панская гэта справа з лука страляць і г.д."


Лучнік-мечнік: Добры дзень, шаноўнае спадарства! Я ваяр ад юнацтва свайго і ніводнага разу не прайграў. З самага дзяцінства страляю з лука і, мусіць, учора я забіў каршуна, які сядзеў на самым версе вунь той вежы. Калі Вы таксама хочаце стаць воінам, Вам спатрэбіцца шмат вучыцца, і я Вам скажу, Кароль добра нас шануе, і грошы заўсёды звіняць у нашых кішэнях. Спачатку я Вам раскажу, што такое лук, і што ён можа.


Лучнік дае тры спробы трапіць у яблык.


Гандляр-махляр: Я гандляр, некаторыя чамусьці называюць мяне махляром, але гэта усё памылковыя папрокі. Я займаюся толькі справамі дазволеннымі Ганзейскім ганлёвым саюзам, вось напрыклад гульня, якая прыехала да нас ад туркаў.

Туркі. Бяруцца тры турэцкія шапачкі і шарык, хто прайграе, той едзе ў круіз па Сярэдняземным моры на галерах, з вёсламі. Гандляр паказвае як гуляць у туркі. Потым прапануе турыстам яго аблапошыць. Хто аблапошыць, таму даецца манета.

Раскажу Вам маленькую хітрасць: усе грошы маюць рэальны кошт, а ўсе майстры ў нашым горадзе любяць заходзіць у карчму, калі Вы ім заплаціце, яны Вам могуць даць пакарыстацца сваімі рэчамі. Таксама яны падзеляцца сваімі ведамі, якія некалі Вам вельмі спатрэбяцца, так што будзьце ўважлівыя да іх словаў.


Манах-францысканец: Мы манахі даём абеты Хрыстусу: абет беднасці і абет бязшлюбнасці. Мы даўно ўжо знаходзімся тут, і кароль Ягайла ахрысціў гэтыя землі ў веру каталіцкую.Таксама мы дапамагаем вернікам выратоўваем іх ад хвароб. Прапануе ўсім выратаваць захварэўшага на чуму чалавека, змяшаўшы патрэбныя лекі.


Шляхціц: Шляхта гэта наша рыцарства літоўскае, але валодае не толькі мячом а і бізуном. Вам патрэбна збіць яблык бізуном са слупа.


Калі народ пройдзе іспыты, усе збіраюцца перад вежай.


Герольд: Цудоўная пара Сярэднявечча, але наш час не быў бы такім цудоўным, калі б не было сярэднявечных танцаў. А зараз мы вывучым некалькі з іх.


Танцуюць сярэднявечныя танцы.


Герольд: ці добра вам было танчыць? А ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім ды Жамойцкім і ў Каралеўстве Польскім таксама ўсё добра, але ёсць адна зусім дробненькая, але патэнцыяльна абсалютна велізарненькая праблемка. Яго вялікасць, Кароль Польскі Ягайла, РАЗ і аўдавеў!

Вой!, прабачце, і не раз , і не другі раз, а трэці раз запар!... і зноўку без нашчадкаў!

На пахаванне каралевы Эльжбеты ў Кракаў прыехалі ўсе магнаты, ды што там магнаты! Уся польская шляхта прыехала выказаць Каралю свае шчырыя спачуванні, ды з аказіі павіншаваць яго з 70-годдзем. Ды пабедаваць - пашкадаваць, што нашчадкаў, на жаль, ужо немалады, на жаль, Кароль так, на жаль, і не прыдбаў. Гэта ж, калі Кароль, крый Божа,... але ж усе мы смяротныя, памрэ..? Дык, жа ж, каралеўства без манарха, не павінна застацца! А па закону - любы шляхціц, высакароднага паходжання, можа быць абраны соймам Каралём, трэба толькі своечасова падкруціцца, падрыхтаваць глебу, навербаваць прыхільнікаў, пасябраваць з большасцю шляхты! Ды часцей, часцей, на прыём да Караля хадзіць, каб быць ў курсе ўсіх справаў. Цярпеў усё гэта Ягайла, цярпеў, а куды падзецца - як казалі яшчэ рымляне: "Становішча ымагае", - ды і з'ехаў з Польшчы на сваю Радзіму ў Вялікае Княства Літоўскае да свайго стрыечнага брата Вітаўта ў Ліду і ўсё па пільных дзяржаўных справах...


Герольд: Люд паспаліты слаўнага месца Ліды, ды ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, наш слаўны і добры Кароль Ягайла запрашае вас на прыём да сябе ў вежу, але за ўваход трэба падатак плаціць - адзін літоўскі грош з галавы. Кожны плаціць за сябе. Прымаюцца пярсцёнкі, завушніцы, устаўныя зубы, а ў каго грошай няма, можа кінуць мабільны тэлефон. А варта за вамі вароты зачыніць.

Тыя, хто заплаціў, падымаюцца разам з герольдам на галярэю і глядзяць данскер, старыя байніцы і як астатнія будуць шукаць ключ ад вежы.

Каму грошай не хапіла, каб разлічыцца з вартай застаюцца ля ўваходу.


Стражнік (да турыстаў якія засталіся): Вось толькі нядарэчнасць выйшла, учора мы з манахам ішлі з карчмы "У чорта", што за возерам, і недзе каля возера ключ ад гэтых варот згубілі. Пашукайце, калі ласка, яго. Калі знойдзеце то, без грошай вас прапушчу, мы ж людзі роду хрысціянскага, павінны дапамагаць адзін аднаму.


Удзельнікі накіроўваюцца ў бок возера ля замка.


Манах ловіць рыбу на возеры. Ключ прывязаны да буйка. Удзельнікі падбягаюць, бяруць вуды і пачынаюць лавіць ключ. Пераможцу прапускаюць у вежу. Ён хуценька падымаецца на галярэю.


Герольд: Вам не пашанцавала два разы, таму вы ператвараецеся ў паднявольных людзей. Вы траціце сваю волю, пакуль не знойдзеце грошы на водкуп. Згодна з гэтым аб'яўляецца аўкцыён.


Герольд: Шаноўныя па закону - любы шляхціц, высакароднага паходжання, можа быць абраны соймам Каралём, трэба толькі своечасова падкруціцца, падрыхтаваць глебу, навербаваць прыхільнікаў, пасябраваць з большасцю шляхты! Ды часцей, часцей, на прыём да Караля хадзіць, каб быць ў курсе ўсіх справаў. Вось Вы і трапілі ў вежу Вітаўта. Зараз вы можаце ўшанаваць Караля і знайсці для яго падарункі. І адначасова на прыём да яго прабрацца, бо ён сёння добры. Для гэтага вось вам падказкі. Калі не знойдзеце, то ўсяроўна бяжыце на прыём да яго міласці, бо ён у нас міласцівы дапаможа Вам, а калі знойдзеце, тым больш да яго ў тронную залу, на чацвёрты ярус. На ўсё Вам часу пакуль не зайграе дуда, ці не пачуеце стрэл з рушніцы.


Герольд чытае ўдзельнікам зашыфраваныя заданні, сутнасць якіх зводзіцца да таго, каб знайсці нейкія старадаўнія рэчы і адначасова даведацца як яны называюцца: Часу вам пакуль не пачуеце стрэл з гарматы.

Гучыць стрэл з гарматы.Усе каманды збіраюцца ў троннай зале.


Герольд: Нікому знойдзенае не аддавайце, яно вам яшчэ спатрэбіцца.

Кароль : Зараз жа нас чакае мая любімая каралеўская забава-паляванне. Сёння мы будзем паляваць на зубра. Ваша зброя рушніцы можаце "пляснуць" свайго канкурэнта. Падчас такога палявання бывала гінулі людзі і нават манархі. Добрая магчымасць пазбавіцца ад канкурэнтаў. Хто пераможа, той стане маім пераемнікам.


Падчас гульні чалавек, які ведае адказ на пытанне, б'е ў далоні і паказвае на чалавека якога хоча "забіць", калі ён адказвае правільна, то чалавек выбывае з гульні. Падчас няправільнага адказу "гіне" ён сам.


Кароль : Я буду выпускаць зубра, хто яго ўбачыць адразу ляпай яго з рушніцы.

1. Хто пабудаваў Лідскі замак? (Вялікі князь літоўскі Гедзімін.)

2. Якое племя засяліла гэтыя землі ў 9-10 стст. (Дайнава.)

3. Я завуць нашага Караля? (Ягайла.)

4. Як завуць яго стрыечнага брата, у вежы, названай у яго гонар мы зараз знаходзімся? (Вітаўт.)

5. У якой бітве Вітаўт і Ягайла разграмілі Тэўтонскі ордэн? (Грунвальд, Таненберг, Дуброўня.)

6. Якую бітву называюць бітвай народаў? (Грунвальдская.)

7. Год заснавання Лідскага замка? (1323.)

8. Якая рэчка і па сённяшні дзень цячэ пад сценамі Лідскага замка? (Лідзейка.)

9. Колькі паверхаў у гэтай вежы? (Чатыры.)


Застаецца два прэтэндэнты.


Герольд: Зараз будзе праходзіць сойм.


На сойме людзі "галасуюць" з дапамогай камянёў рознага колеру. Падлічваюцца вынікі.

Пераможца карануецца. Яго супраціўнік становіцца шляхціцам, яму прысвойваецца радавы герб.

Лепшыя рамеснікі ўзнагароджваюцца каралеўскімі прывілеямі.


Герольд: Хопіць ваяваць ды судзіцца! Пара і павесяліцца. Запрашаем вас на пір, на замкавы двор.


Моладзь с задавальненнем гуляе ў гэтую гульню, марым, што гэта распрацоўка дапаможа нашаму Лідскаму замку атрымаць імідж "Жывога замка Сярэднявечча".

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX