Папярэдняя старонка: Літаратура

Гор Відал. Перыклаў мір 


Аўтар: Гор Відал,
Дадана: 20-02-2013,
Крыніца: Гор Відал. Перыклаў мір // Спадчына №3-1992. С. 43-50.



Гор Відал - вядомы амерыканскі пісьменнік, аўтар гістарычных раманаў «1876», «Бэр», «Лінкольн» i многіх іншых. Прапануем чытачу ўрывак з ягонага рамана «Стварэнне свету» (1981), і прысвечанага падзеям далёкай мінуўшчыны V ст. да н. э. Галоўная дзейная асоба твора - пасланец персідскіх цароў Дарыя i Ксеркса, унук Заратуштры, - Кірус Спітама. З дыпламатычнай місіяй ён наведвае цэнтры вялікіх цывілізацый Кітая, Індыі, Грэцыі, сустракаецца з філосафамі, вучонымі, рэлігшнымі дзеячамі гэтых краін - Лао-цзы, і Канфуцыем, Будай, Анаксагорам, Фукідыдам i інш. Апавяданне вядзецца ад першай асобы ў форме ўспамінаў, якія Кірус Спітама дыктуе свайму родзічу i вучню грэку Дэмакрыту, у будучым вялікаму філосафу. «Перыклаў мір» - гэта апошняя частка рамана, дзе ўжо сляпы i стары персідскі дыпламат выконвае сваю апошнюю місію ў Афінах.
Пераклад з англійскай зроблены паводле выдання: Gore Vidal. Creation. London, 1986.

Учора стратэг Перыкл адзначыў трэцюю гадавіну маёй місіі музычнай вечарынай у доме Аспазіі. Як i ўсё, што датычыцца маёй мала каму вядомай, далёкай ад урачыстасцяў місіі, вечарына трымалася ў адноснай таямніцы ажно да апошняй хвіліны. Перад самым захадам сонца, калі я ўжо збіраўся спаць, Дэмакрыт прыйшоў з навіною што Перыкл хацеў бы мяне бачыць. Мы паспешліва рушылі праз горад, схаваўшы твары пад накідкамі, каб кансерватары не маглі даведацца, што нязнаны пасланец Вялікага Цара змаўляецца з Перыклам заняволіць Афіны.

Два скіфы-вартавыя трымалі варту ля правулка - гэта нелга было назваць вуліцаю, - які вёў да дома Аспазіі. Яны запыталіся ў Дэмакрыта, куды мы накіроўваемся. Ен адказаў ім нешта накшталт паролю, i нам дазволілі ўвайсці ў правулак.

Я знямогся ад спёкі, пакуль мы дайшлі. Тут настолькі ж гарачае лета, наколькі халодная зіма. Сапраўды, клімат амаль такі ж дрэнны, як i ў Сузах. А да таго ж я зараз надзвычай успрымальны i да спёкі, i да холаду. У мінулы вечар я наскрозь прапацеў, пакуль мы дайшлі да дома Аспазіі.

Дэмакрыт кажа мне, што ўбранства там вельмі адмысловае. Але адкуль табе ведаць? Нягледзячы на багацце твайго прадзеда, дом у Абдэрах, дзе ты нарадзіўся, мякка кажучы, сялянскі. З усіх дамоў, што паблізу, толькі дом Калія здаецца мне i ўтульным, i прыгожым. Я маю на ўвазе, што там ёсць дываны на мармуровай падлозе i ў жароўнях паліцца пахучае дрэва.

Увайсці ў дом Аспазіі можна праз доўгі, вузкі, з нізкай столлю праход, які вядзе ў маленькі дворык. Справа ад дворыка крытая галерэя для прыёму гасцей, пакой, не большы за той, у якім мы сядзім зараз, намагаючыся схавацца ад спёкі.

Я адразу адчуў, што знаходжуся ў доме мілецкай дамы. Пах дарагіх парфумаў лунаў у паветры, i музыкі гралі так ціха, што слуханне музыкі не рабілася прымусовым. Гэта рэдкая рэч у Афінах, дзе ў людзей так мала музычнасці, што калі яны прысутнічаюць на канцэрце, дык стараюцца пачуць кожную ноту, каб вылічыць, чаму музыка чаруе ix. Іанійскія грэкі Малой Азіі іншыя. Яны ўспрымаюць музыку як дадатак да размовы, ежы, нават да кахання. Музыка - гэта частка паветра, якім яны дыхаюць, а не матэматычнае ўраўненне, якое трэба рашыць па Піфагору.

Калі мы прыйшлі, у пакоі быў з тузін людзей. Дэмакрыт сказаў мне, што тут сапраўды дзесяць гасцей i столькі ж рабоў з Сардыса, якія гралі на музычных інструментах, падавалі ежу. Ca мной павітаўся Эвангелос, Перыклаў упраўляючы. Хаця гэтая важная асоба звычайна знаходзіцца Ў вёсцы, назірае за гаспадаркай Перыкла i двума яго законнымі сынамі,- апошні тыдзень ён быў у горадзе, каб з астатнімі афінянамі адзначыць урачыстасць перамогі, якую савет толькі што прызнаў за Перыклам. Лічылася, што гэтая перамога ў адваяванні Эўбеі. На самой жа справе гэта перамога Перыклавай хітрасці, якую ён учыніў ca спартанскім царом у мінулую зіму, калі спартанскія войскі акупавалі Атыку i афіняне збіліся ў кучу за сваімі доўгімі мурамі.

Калі са спартанскага штаба дайшло ў Элеўсін патрабаванне капітуляцыі, савет спакусіўся згадзіцца. Урэшце, спартанскае войска мацнейшае ва ўсім грэцкім свеце. Дык нашто супраціўляцца гэтаму войску? Афіны - сіла на моры, а не на сушы. Але Перыкл не меў намеру капітуляваць ні перад чым. Ен наладзіў сакрэтную сустрэчу са спартанскім царом, велікавокім юнаком, які ніколі дагэтуль не пакідаў Пелапанесу. Улічваючы малады ўзрост цара i яго нявопытнасць, падазроныя спартанскія старэйшыны прызначылі спецыяльнага дарадчыка пільна сачыць за ix хлопчыкамцаром. Але, як пазней зазначыў Перыкл, гэтая спартанская перасцярога проста падвоіла кошт. Хлопчык-цар атрымаў тры залатыя таланты, што чакалі на яго ў Дэльфах, а дарадца - хітры дзяржаўны муж - атрымаў сем залатых талантаў адразу. Як толькі афіняне расплаціліся з царом i дарадчыкам, спартанскае войска вярнулася дамоў. Старэйшыны палічылі, што хлопчык-цар атрымаў надзвычай вялікую суму, у той час як спецыяльны дарадца ўцёк на Сіцылію, дзе зараз ён, мусіць, цешыцца са свайго багацця. «Мая адзіная праблема, - сказаў Перыкл на вечарыне, - растлумачыць савету гэтую выплату».

Парада Аспазіі была простай. «Калі ты будзеш прад'яўляць свае рахункі, проста скажы: на патрэбы экспедыцыі - дзесяць талантаў».

Я прадчуваю, што менавіта так Перыкл i зробіць. Безумоўна, кожны ведае, што спартанцаў падкупілі. Калі я зрабіў Перыклу камплімент наконт таго, як танна каштаваў Афінам мір, ягоны адказ быў цьмяным: «Я не купляў міру, - сказаў ён. - Я купіў час».

Але я адхіліўся. Хаця стратэга Перыкла не было ў доме, калі мы прыйшлі, Аспазія зрабіла ўсё, каб яго адсутнасць не адчувалася. Яна мае мілы голас, спявае мілецкія песні з вялікай вытанчанасцю, дэкламуе вершы лепш, чым хтосьці, каго мне даводзілася слухаць. Зразумела, я лічу, што няма ў свеце мовы больш прыгожай, чым мілагучная мова іанійскай Грэцыі. Так, Дэмакрыт, яна прыгажэйшая нават за персідскую. «Я хацела сустрэцца з табой з таго першага дня, як ты прыбыў у Афіны». Яна ўзяла маю руку ў дзве свае. Яна ўмее зрабіць уражанне, што надае вялікі сэнс кожнаму сказанаму табе слову.

Калі я высока ацаніў яе смеласць прымаць мяне ў сваім доме, яна рассмяялася. «Мяне заўсёды называлі вядзьмаркай. Асабіста мне гэта абыякава. Але ёсць часы, калі...» Голас сціх. I зноў я пракляў сваю слепату. Чаго б я толькі не даў за магчымасць бачыць гэты твар! Дэмакрыт гаворыць, што Аспазія маленькая i больш хударлявая, чым мінулай зімой. Валасы ў яе светла-шатэнавыя i не фарбаваныя, як ён мяркуе. Ты не такі ў такіх справах дасведчаны, як я ці якім быў я.

Аспазія прадставіла мне некалькіх мужчын. Адным быў Фарміён, правая рука Перыкла ў савеце. Другім быў стратэг, званы Сафоклам. Летась, калі яму было дваццаць год, ён напісаў трагедыю, што атрымала першую ўзнагароду на свяце Дыёніса. Стары Эсхіл так раззлаваўся з-за таго, што атрымаў толькі другое месца пасля гэтага маладога выскачкі, што рушыў на Сіцылію, дзе вастравокі арол паклаў канец гэтаму саперніцтву, добра прыцэліўшыся чарапахай [1]. Я заўсёды атрымліваю асалоду, думаючы пра смерць Эсхіла.

Сафокл мае тут скандальную славу, таму што ён адкрыта ўступае ў сувязі з маладымі мужчынамі свайго класа. З пэўнай нагоды гэта табу для Афін. Хаця афінскіх грамадзян заахвочваюць мець справу з юнакамі. Хлопец, як толькі адгадуе бараду, павінен адмовіцца ад эратычных зносін з іншымі грамадзянамі. Ен павінен ажаніцца i завесці сям'ю. А потым ўжо, выканаўшы свой абавязак, ён мае права знайсці хлопчыка для любові, каб працягваць - што? - я мяркую, падрыхтоўку новага грамадзяніна i воіна. Такія звычаі вядомыя i ў іншых краінах, у прыватнасці, сярод нашых арыйскіх сваякоў, у паўночных плямёнах. Аднак я не цалкам разумею магутнае табу супраць эратычных зносін паміж дарослымі мужчынамі, якія да таго ж грамадзяне Афін. Хаця рабы i іншаземцы складаюць прадмет прыемнай гульні для тых мужоў, якім падабаецца такі від эратычнасці, двое дарослых афінскіх грамадзян, якія хочуць мець спра­ву адзін з адным, вымушаныя пазбавіцца ўсіх правоў на грамадскую дзейнасць.

Дасюль Сафокл меў магчымасць займаць пасаду i спакушаць юных грамадзян. Але Перыклу гэта глыбока дасаджае! Нядаўна ён зрабіў вымову свайму сябру i калегу стратэгу: «Ты павінен быць прыкладам,- сказаў ён.- Ніколі не чапай ніводнага з тваіх воінаў, адвядзі вочы, калі яны мыюцца». Але Сафокл працягвае скандалізаваць афінян. Кажуць, што ўсялякі раз, як ён з'яўляецца з візітам да якога з сяброў, маладому мужчыну ў гэтым доме загадваюць схавацца. Між іншым, паколькі стра­тэг Перыкл ніколі не выказваў нават лёгкай цікаўнасці да хлопчыкаў, яго лічаць бессардэчным. Гэта вельмі незвычайнае грамадства.

Аспазія падвяла мяне да нізкага ложа. Я сеў на край, у той час як яна се­ла да маіх ног, быццам унучка. Нам прынеслі віно. Я чуў смех дзяўчат недзе за спінаю. Калі Аспазія i не забяспечвае Перыкла жанчынамі, як лічаць яго ворагі, яна пэўна ж умее запрашаць у свой дом самых таленавітых гетэр горада. Шмат год я не атрымліваў такой асалоды, як у той вечар. Хаця такія прыемнасці ў маім узросце не толькі не падыходзяць, але i небяспечныя, я цешыўся зноў адчуць-упершыню з тых часоў, што пакінуў Індыю,- як чароўна праводзіць час у кампаніі інтэлігентных жанчын i мужчын вышэйшай вартасці. У Персіі пра гэта нельга i марыць. Так, я мяркую, належыць прызнаць годнасць афінян у вынаходніцтве новага i цудоўнага віду грамадства.

Дэмакрыт думае, што належыць прызнаць вартасць менавіта Аспазіі. Ен кажа мне, што не толькі няма ў Афінах кампаніі яе ўзроўню, але што афінскія вечарыны звычайна бываюць п'янымі i нуднымі. Дэмакрыт павінен ведаць. Дзякуючы шчодрай падтрымцы свайго бацькі, ён мае магчы­масць праводзіць столькі часу ў дамах гетэр, колькі яму хочацца. Ен мае таксама магчымасць пазбегнуць лап дарослага мужчыны. Увогуле, ты павінен быць удзячны лёсу, што ён да цябе настолькі літасцівы, наколькі магчылла. Не дзіва, што ты столькі смяешся.

Я спытаў Аспазію пра Анаксагора.

- Ен у Карынфе.

- Ці вернецца?

- Не ведаю. Спадзяюся.

Я ўпэўнены, што вернецца. Я чуў абарону Перыкла.

Надзейна ўкрыўшыся, я хадзіў на паседжанне савета. Фукідыд нападаў на Анаксагора i ягоныя тэорыі. Перыкл абараняў свайго сябра - i не закранаў тэорый. Не магу сказаць, што ён уразіў мяне як ніводны прамоўца. Перыкл майстар элегантнай прамовы, здольны, калі хоча, узяць i фрыгійскую ноту ў выказванні пачуцця. Я карыстаюся музычным тэрмінам таму, што стратэг карыстаецца сваім голасам, як музычным інструментам. Але на судзе над Анаксагорам Перыклава ліра знямела. Абодвух прамоўцаў прыгняталі такія нядаўнія падзеі, як спартанская навала, страта Беоціі, бунт Эўбеі. У пэўным сэнсе Перыкл быў на судзе Ў той час, калі яго прысутнасць была больш чым патрэбнай. Урэшце, калі савет вырашыў, што Анаксагор не быў ні ведзьмаром, ні атэістам, члены савета проста выказалі свой давер Перыклу. Фукідыд цяжка перажываў сваё паражэнне ў савеце. Ён абяцае вярнуцца да сваіх абвінавачанняў іншым разам. Мяркую, ён так i зробіць. Па тактычных меркаваннях Анаксагор пакінуў Афіны пасля суда. Павінен сказаць, што я шкадую аб яго адсутнасці таксама, як i Перыкл.

Я зрабіў камплімент Аспазіі наконт яе віна, музыкі, духмянага паветра.

Аспазія прыемна засмяялася. «Мой дом, вядома, павінен здавацца вельмі бедным у параўнанні з гарэмам Вялікага Цара».

«Скуль ты ведаеш, што мне нешта вядома пра гарэм?»

«Ты быў даверанай асобай старой царыцы, i ты абранца царыцы-маці. О, я пра цябе ўсё ведаю!» Сапраўды ведае. Мабыць, грачанкі з персідскага гарэма ўхітраюцца, наколькі магчыма, падтрымліваць сувязі ca сваімі каляжанкамі ў грэцкіх гарадах. Мяне здзівіла, як шмат Аспазія ведае пра прыдворнае жыццё. «Але ж мой бацька служыў Вялікаму Цару - як кожны дзень нагадваюць нам кансерватары».

«Мілет быў горадам, які Вялікі Цар вельмі любіць», - сказаў я ў тон ёй. На самой справе Мілет задаў Персіі больш турбот, чым усе гарады Грэцыі i Малой Азіі разам узятыя. Ксеркс хацеў зруйнаваць яго ўшчэнт.

Перыкл далучыўся да нас так ціха, што я не заўважыў яго прысутнасці, пакуль не адчуў ягонай рукі на сваіх плячах i не пачуў славуты прыцішаны голас: «Вітаю цябе, Кірус Спітама».

«Стратэг». Паколькі я зрабіў спробу ўзняцца, рука на маіх плячах утрымала мяне.

«Не турбуйся, пасланец. Я сяду побач з табой».

Аспазія пайшла па віно для Перыкла. Я адзначыў, што вечарына працягваецца таксама, як калі б уладара не было ў пакоі. Было зразумела нават у цемры, што цела, якое я адчуваў з сабой побач, было магутным. Я не думаю, што Перыкл настолькі даўжэйшы за мяне. «Мы пакінулі цябе без увагі, - сказаў ён. - Але не па сваёй волі».

- Я разумею, стратэг.

- Ты ведаеш, што гэта я паслаў Калія ў Сузы заключыць мір.

- Так, мы ведалі гэта.

- Я спадзяюся, што ты таксама ведаеш, што я быў супраць егіпецкага паходу. Таму што гэта было неверагоднае парушэнне нашай дамовы. Але паколькі я ніколі не меў магчымасці давесці гэтую дамову да савета, я не мог i згадваць пра яе. У любым выпадку, ведае пра яе савет ці не, дамова застаецца ў сіле, пакуль цяперашні ўрад зацікаўлены ў ёй.

- Вялікі Цар сказаў бы тое самае.

- Гэта адпавядае нашым жаданнямі

Перыкл пляснуў у далоні - ці з радасці? Я не мог меркаваць толькі па голасе. «Ты ведаеш Фемістокла». Гэта было сцвярджэнне, а не пытанне.

- Так. Я быў перакладчыкам, калі ён упершыню прыбыў да Суз.

Перыкл падняўся. ён прапанаваў мне руку, моцную руку воіна. Я з

цяжкасцю ўзняўся на ногі. «Я хачу пагаварыць з табой,- сказаў ён.- Сам-насам».

Перыкл павёў мяне праз пакой. Хаця ён спыняўся, каб загаварыць з тым альбо іншым мужчынам, але ні разу не звярнуўся да ніводнай жанчыны, апроч Аспазіі. Ен прывёў мяне ў маленькі душны пакой, дзе моцна пахла аліўкавым алеем. Мы знаходзіліся так блізка адзін да аднаго, што я мог адчуць пах Перыклава поту - падобны на пах гарачай медзі.

- Мне было дваццаць восем год,- сказаў ён,- калі Фемістокла пакаралі астракізмам. Я думаў, што ён быў найвялікшым чалавекам, якога калісьці нараджаў гэты горад.

«Але зараз»,- я пачаў адказ у прыдворным стылі, але стратэг перапыніў мяне: ён надта не любіць ліслівасці - у персідскім стылі, зразумела. Як грэк, ён любіць яе атычны варыянт. «Я змяніў сваё ранейшае меркаванне. ён быў сквапны чалавек. Ен браў грошы ў кожнага, нават у тырана Родасу, - што было недаравальным. Горш за тое, запусціўшы рукі ў тыранавы грошы, ён яму нічым не дапамог».

«Магчыма, гэта быў Фемістоклаў метад даказаць, што ён сапраўды дэмакрат». Я не ўтрымаўся ад маленькай кпіны наконт Перыклавай партыі.

Жарт застаўся незаўважаным. Фемістокл даказаў, што ягонае слова нічога не вартае. Але ў свой час ён быў нашым найвялікшым ваенным водцам. Галоўнае, ён разумеў свет лепш, чым хтосьці з людзей, якіх мне давялося ведаць.

- Нават лепш чым Анаксагор?

- Анаксагор разумее шмат таямніц сусвету. Гэта рэчы значныя, вядома, i вельмі глыбокія. Але я меў на ўвазе палітыку. Фемістокл разумеў, што людзі навучыліся хацець раней, чым разумець сябе. Ен умеў глядзець у будучыню. Я не думаю, што ён атрымаў гэты дар ад Апалона. Не. Я думаю, ён мог прадказваць будучыню таму, што цалкам разумеў сучаснасць. Вось чаму я хачу ведаць...- тут Перыкл спыніўся. У мяне было адчуванне, што ён пільна ўглядаецца ў мяне.

- Што ты хацеў бы ведаць, стратэг?

- Я хачу ведаць, што Фемістокл казаў табе пра Афіны, пра Спар­ту, пра Персію. Натуральна, калі ты не хочаш гаварыць мне, я зразумею.

- Я скажу табе, што магу. - Я быў шчыры. - Гэта значыцца, што магу ўспомніць, а памяць мая апошнім часам не ў лепшым стане. Я магу перадаць табе кожнае слова, з якім Вялікі Цар Дарый звяртаўся да мяне трыццаць год таму, але я ўжо забыўся большасць з таго, што Фукідыд казаў мне ў Адэоне мінулай зімой.

«Табе пашанцавала. I я б хацеў забыць яго. Але ён не адпускае мяне. Ен кулачны баец, ты ведаеш. I кепскі баец. З тых, хто чапляецца, чапляецца, а потым употай i кусае. Афіны занадта цесныя для нас дваіх.

Раней ці пазней адзін з нас павінен адысці. Таму што...» I зноў Перыкл перапыніў сябе. Ён меў звычай выклікаць да сябе шкадаванне, якое прымала мілую форму, ніколі не зразумелую для апазіцыі. На апошняй сустрэчы ў савеце яго паводзіны былі цалкам дзіцячымі. Перыкла крытыкавалі за тое, што ён патраціў занадта шмат дзяржаўных грошай на новыя збудаванні. Замест таго, каб сказаць, што, калі б ён не патраціў гэтых грошай, палова насельніцтва не мела б працы, Перыкл сказаў; «Вельмі добра. Я скарыстаю свае ўласныя грошы, каб скончыць будаўніцтва, а потым усе будынкі будуць належаць не гораду, а мне». Паколькі ў адказ раздаўся хор добра адрэпетаваных «не», ён атрымаў асігнаванні - i ўратаваў сваю ўласную маёмасць.

Перыкл прымаў палітычныя пытанні занадта блізка да сэрца. Але Афіны - маленькі горад, i паколькі лідэры вельмі добра ведаюць адзін аднаго, ix узаемныя нападкі заўсёды маюць асабісты характер i прызначаныя не толькі раніць, але i мучыць.

У любым выпадку, у адказ на Перыклава жаданне я палічыў за лепшае ўзгадаць толькі сваю прыватную размову з Фемістоклам. Яна адбылася ў Магнезіі за год або за два да ягонай смерці. Я не магу ўзгадаць, як я апынуўся Ў той частцы свету. Але я памятаю: калі распаўсюдзілася навіна, што сябар цара набліжаецца, Фемістокл прыслаў да мяне ганца. Я буду госцем у доме правіцеля? Натуральна, як перс, я цешыўся, што вялікі чалавек згадаў пра мяне. Натуральна, як грэк, я ведаў, што яму штосьці патрэбна ад мяне.

Памятаю, што было далёка за поўдзень - мяркую, гэта было зімой. Мы сядзелі разам у прыгожай лоджыі, што выходзіла ў сад яго вялікай сядзібы. За многія гады Фемістокл нажыў вялізную маёмасць, якой ён кіраваў так ці інакш у тым духу, у якім кіраваў Афінамі да таго, як страціў уладу.

- Існуе непаразуменне паміж мною i сатрапам у Сардысе.- Фемістокл сам наліваў нам віна. - Невялікая справа, але...- Па грэцкім звычаі ён выліў трохі віна на падлогу. - Некалі, - працягваў ён,- я паставіў у Афінах статую, якая называлася «падацель вады». Гэта было зроблена ў памяць аб тым часе, калі я быў наглядчыкам за вадой [2], вельмі цяжкі занятак, які, мне здаецца, я выконваў даволі добра. Статуя бронзавая, у старым стылі, вядома, але ўсе заўсёды любілі яе. Прынамсі, пасля падзення Афін персы забралі статую i паставілі ў храме Геры ў Сардысе. Так, Дэмакрыт, ён сказаў: «падзенне Афін».

- Я спытаў у сатрапа, ці магу выкупіць статую з храма i адаслаць яе назад у Афіны - ведаеце, як сімвал міру паміж персамі i грэкамі i гэтак далей. Сатрап быў раз'юшаны. ён зараз абвінавачвае мяне ў знявазе Вялікага Цара, у здрадзе, у... - Фемістокл пералічыў даволі падрабязна пагрозы сатрапа. Ён быў сапраўды ўзрушаны. Я палічыў за лепшае суцешыць яго. Я сказаў яму, што ўладкую справу праз канцылярыю i трэці дом гарэма. Вядома, мірнае пагадненне было больш важным для Вялікага Цара, чым нейкая адна статуя. На жаль, у гэты час афіняне палічылі патрэбным атакаваць нашу правінцыю Егіпта. У ярасці Вялікі Цар загадаў Фемістоклу сабраць флот. Праз тыдзень Фемістокл памёр, ад укусу каня, i статуя «падацеля вады» застаецца ў Сардысе i дагэтуль.

Паколькі я супакоіў Фемістокла, што Вялікі Цар не паслухае скаргі простага сатрапа Лідыі, мы абмеркавалі тысячу i адну рэч. Ен меў хуткі i цікаўны розум. Ен задаў шмат пытанняў i выслухаў шмат, калі не ўсе, маіх адказаў.

Я таксама распытваў яго. Вядома, я спытаў у яго пра Егіпет. Кожны ведаў, што нелаяльныя элементы ўнутры Егіпта шукаюць дапамогі звонку. Ці афіняне будуць дапамагаць егіпцянам у ix бунце супраць Персіі? Адказ Фемістокла быў цвёрды: «Калі афіняне яшчэ не цалкам згубілі розум - што не выключана, магу я сказаць па ўласным вопыце, - ён засмяяўся,- яны ніколі не нападуць на мацерыковую Азію альбо Афрыку. Чаму? Таму што яны ніколі не перамогуць. Для гэтага ix недастаткова».

Я пераказаў гэтую гутарку Перыклу, які ціха прамовіў: «Так, так. Ён мае рацыю. Для гэтага нас занадта мала. Працягвай, калі ласка».

Я распавёў Перыклу рэшткі таго, што запомніў. Дыялог быў прыблізна такім:

- Я ўпэўнены, што для Афін не існуе небяспекі з боку Вялікага Цара.

Фемістокл кінуў на мяне позірк скоса, каб упэўніцца, наколькі сур'ёзна

я прымаю такое сцвярджэнне ад персідскага наёмніка.

Я заставаўся абыякавым. «Я не карыстаюся надзвычайным даверам Вялікага Цара. Але я згодзен з табой. Вялікі Цар жадае толькі таго мацерыка, ЯКІ ён мае. Калі мае просьбы пачутыя, аднаго дня мы рушым на ўсход...»

- I калі на мае малітвы ёсць адказ, афіняне рушаць на захад.

- Можаш ты сказаць - куды? - Перыкл быў зараз так блізка да мяне, што я мог адчуць на сваёй шчацэ цеплыню яго твару.

- Так. Фемістокл гаварыў пра Сіцылію, пра Італію. Еўропа павінна быць грэцкай,- сказаў ён,- мы павінны глядзець на захад.

«Якраз тое! Цяпер, што ён казаў пра мяне?» - Я ўзрадаваўся, даведаўшыся, што Перыклу ўласціва звычайнае для ўсіх грамадскіх дзеячоў самалюбства. На шчасце - альбо на няшчасце, - грамадскі дзеяч амаль заўсёды канчае тым, што блытае сябе з народам, якім ён кіруе. Калі стратэг думае пра Афіны, ён думае пра сябе. Калі ён дапамагае першым, ён дапамагае другому. Паколькі Перыкл чалавек таленавіты i мудры - не ў сэнсе хітры, - Афіны павінны зараз мець поспех.

Хаця я не мог успомніць, ці згадваў Фемістокл пра свайго палітычнага пераемніка, я лёгка знайшоў, што адказаць. З правіцелем жа размаўляеш не пад прысягай. «Фемістокл лічыў, што ты заканамерны пераемнік для яго пераемніка Эфіяльта. ён гаварыў мне, што не ўспрымае ўсур'ёз той факт, што ты пад праклёнам з-за свайго паходжання ад Алкмеанідаў...» Я выклаў гэта, таму што мяне цікавіла рэакцыя Перыкла на той факт, што многія грэкі мяркуюць, быццам на ім i на яго сям'і ўсё яшчэ ляжыць боскі праклён з-за таго, што два стагоддзі назад адзін з яго продкаў забіў ворага ў храме.

- Як кожны ведае, праклён быў зняты, калі наша сям'я адбудавала храм Апалона ў Дэльфах.

З гэтага павярхоўнага адказу я не мог зразумець, верыць Перыкл ці не, што праклён усё яшчэ дзейнічае. Калі дзейнічае, Афіны пацерпяць няўдачу, таму што Перыкл гэта Афіны, як ён лічыць. Чым больш я старэю, тым больш i больш схільны верыць у трываласць праклёнаў. Ксеркс чакаў, што будзе забіты, i я ўпэўнены, што перад смерцю ён не выказаў здзіўлення, думны з таго, што яму быў дараваны момант велічнага бляску перад тым, як царская слава міне ў хаосе крыві.

Я сыграў ролю свецкага чалавека. «Фемістокл казаў пра цябе з павагай - не так, як пра Цімона, якога ненавідзеў». Апошняе было праўдай.

- Цімон быў небяспечным чалавекам,- сказаў Перыкл.- Я б ніколі не дазволіў яму вярнуцца. Але Эльпініка перахітрыла мяне. Я быў абмануты гэтым злым старым стварэннем. Я дасюль не разумею, як ёй гэта ўдалося. Кажуць, яна вядзьмарка. Магчыма, гэта так. Прынамсі, яна прыйшла да мяне апранутая, як нявеста. Я быў шакіраваны. «Ты надта старая,- сказаў я, - каб карыстацца парфумамі i апранацца як зараз». Але яна спрачалася са мной, як ллужчына, i дамаглася свайго. Цімон вярнуўся дамоў. Зараз ён мёртвы, але Фукідыд... Так, горад занадта малы для яго i для мяне. Адзін з нас павінен пайсці. Хутка.

Перыкл падняўся. I зноў моцныя рукі дапамаглі мне стаць на ногі. «Давай далучымся да гасцей i адзначым мір са Спартай i мір з Персіяй».

- Давай адзначым, стратэг, Перыклаў мір. - Я сказаў гэта з поўнай шчырасцю.

Перыкл адказаў, я мяркую, таксама з поўнай шчырасцю: «Я хацеў бы, каб наступныя пакаленні сказалі пра мяне, што ніводны афінянін не апрануўся ў траур з-за мяне».

Я, Дэмакрыт з Абдэр, сын Афенакрыта, сабраў гэтыя ўспаміны Кіруса Спітамы ў дзевяць кніг. Я заплаціў за ix перапіску, i яны зараз могуць быць прачытаныя кожным грэкам.

Праз тыдзень пасля вечарыны ў доме Аспазіі Кірус Спітама памёр, хут­ка, без болю, слухаючы, як я чытаў яму Герадота. Гэта было каля сарака гадоў назад.

За гэтыя часы я падарожнічаў па многіх краях. Я жыў у Вавілоне i Бактрыі. Я падарожнічаў да вусця Ніла, i я прайшоў на ўсход ажно да берагоў ракі Інд. Я напісаў шмат кніг. I ўсё ж, калі я вярнуўся ў Афіны, у гэтым горадзе мяне ніхто не ведаў - нават ахвочы да слова Сакрат.

Я думаю, Кірус Спітама меў рацыю, калі сказаў, што над Алкмеанідамі ўсё яшчэ вісіць праклён. Перыкл быў вялікім чалавекам, вялікай ахвярай лёсу. У час яго смерці, дваццаць год назад, Афіны былі знішчаныя спартанскім войскам звонку i смертаноснай чумой знутры.

Зараз, пасля дваццаці васьмі год пастаяннай i знясільваючай вайны, Афіны здаліся Спарце. Гэтай вясной доўгія муры былі зруйнаваныя, i ў той час, калі я пішу гэтыя радкі, спартанскі гарнізон знаходзіцца на Акропалі.

Дзякуючы адукацыі, атрыманай ад Кіруса Спітамы, я меў магчымасць на працягу доўгага жыцця даследаваць прычыны не толькі ўсіх нябесных з'яў, але i самога сусвету.

Першыя пачаткі сусвету - атамы i пустэча; астатняе - гэта проста чалавечая думка. Светаў, такіх, як гэты наш, бясконца. Яны з'яўляюцца i знікаюць. Але нічога не можа ўзнікнуць з нічога альбо ператварыцца ў нішто. Далей, існыя атамы не маюць межаў у відах i колькасці, i яны ствараюць у сусвеце віхор, у якім нараджаюцца элементарныя часткі - агонь, вада, паветра, зямля.

Прычына ўзнікнення ўсіх рэчаў - бесперапынны рух, які я называю неабходнасцю: i ўсё адбываецца згодна з неабходнасцю. Далей, сусвет пастаянна творыцца i пераўтвараецца.

Як пачаў падазраваць, а мабыць, ужо i ведаць Кірус Спітама, не існуе ні пачатку, ні канца сусвету, ён існуе ў стане трывалай рухомасці ў часе, што i ёсць бясконцасць. Хаця я нідзе не назіраў нават лягчэйшых слядоў зараастраўскага Мудрага Уладара, ён цалкам можа быць паняццем, якое можна перакласці як колазварот, які сімвалізуе космас, пярвічную еднасць, сусвет.

Але я пісаў ужо пра гэтыя рэчы ў іншых кнігах i згадаў ix цяпер, толькі каб выказаць маю ўдзячнасць старому чалавеку, чыю гісторыю жыцця я з задавальненнем ахвярую апошняй з жывых сведак цудоўнага часу, Аспазіі, жонцы Лізікла, гандляра жывёлай.

Пераклала з англійскай Л. ЧАРНЫШОВА

[1] Існуе паданне, што аднойчы, калі Эсхіл прагульваўся, арол прыняў яго бліскучую ад сонца лысіну за камень i скінуў на яе чарапаху. Ад гэтага удару Эсхіл i памёр.

[2] Пасада ў старажытных Афінах.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX