Вярнуцца: Літаратура

Алесь Чобат. Крээсы


Аўтар: Чобат Алесь,
Дадана: 20.02.2004,
Крыніца: Czasopis 01/ 2003 г.



Да гісторыі беларускай дурнаты: Ліда

Шанц правінцыі... у самой правінцыі. У тым, што яна мае, а чаго сталіца не мае. Правінцыя гіне і дэградуе на сметнік, калі бяздумна бярэцца пераймаць і наслядаваць сталіцу. Мець падобныя гатэлі і супермаркеты - толькі горшыя. Гэта палова бяды. Другая палова пачынаецца, калі правінцыя бярэцца наслядаваць сталічную моду. Бо тыя самыя супермаркеты, толькі горшыя, гэта не страшна. Страшна, калі на правінцыі тыя самыя мастакі, толькі горшыя, літаратары і музыкі, толькі горшыя, музеі і тэатры, толькі горшыя. Тут капіісты не маюць не толькі шанцаў, але і самога сэнсу існавання. Бо правінцыйны ўзровень сэрвісу чалавеку шкодзіць адносна, але правінцыйны ўзровень творчасці нішчыць саму творчасць. Тут мае сэнс толькі адзіны, высокі ўзровень якасці. Астатняе не лічыцца. Правінцыя гіне не таму, што бедная людзьмі ад пачатку, але, бо займаецца дзіўнай селекцыяй наадварот - саромеючыся самой сябе старанна выціскае прэч усё і ўсіх, каго ўважае "вышэй" сябе, мае іх прысутнасць за нейкую абразу... А без людзей і край не край, і скарбы яго не скарбы. "Ну, што ў нас тут такога?! - сумуе правінцыял. - Вось у Мінску...".

Не прыйдзе яму да галавы, што жыве ў Краі унікальным, як нідзе ў Еўропе. Што тут можна "прадаваць" не толькі тое з гісторыі, што ацалела, але нават пусткі, якія засталіся. Толькі б крыху памяці і розуму сабе самім, памяці і розуму...

Не разумею лідчукоў! На мой розум, не патрэбныя ім ні Мінск, ні Гродна ваяводскае, якое ў сваёй ролі адмінстрацыйнага цэнтра самаўпэўнілася, што тут увогуле пуп Зямлі, а калі не ўсяе, то пуп Крэсаў. Між тым, Ліда і геаграфічна, і гістарычна менавіта ў цэнтры Крэсаў, а, значыць, усяе Беларусі. З таго ціхага мястэчка, што было паміж дзвюх страшных войнаў, засталося няшмат, але Лідзе пашанцавала, што савецкую навальную індустрыялізацыю і урбанізацыю яна перажыла пазней другіх, толькі з канца 60-х ці нават паловы 70-х гадоў мінулага ХХ стагоддзя. Здавалася б, места на такім бойкім месцы - 120 км ад Гродна, 100 км ад Вільні, 170 км ад Мінска і 100 км ад Слоніма, паўсюдна чыгунка з добрай шашою - мелі бязбожна абставіць гігантамі-камінамі, месца жывога не пакінуць чалавеку, нагнаць савецкіх гарнізонаў, як у Бабруйск ці Баранавічы, і зрабіць з Ліды індустрыяльны месячны пейзаж... Але пашанцавала. Бо дагэтуль слова Ліда ў беларусаў і не толькі, атоесамліваецца найперш са словам піва. Сучасны бровар працуе тут няспынна з 1876 года (!) - на тым самым месцы, а нават часткова ў тых самых старых будынінах. Ліда стаіць... на балоце, амаль усё места збудаванае на пясчаных насыпах, але лідскія крыніцы сапраўды крыштальнай вады. Мясцовыя патрыёты-півавары сцвярджаюць нават, што такой вады няма нідзе ў Еўропе па ўсіх параметрах, ну, можа, па-за крыніцамі ў Альпах... А добрая вада то добрае піва. За савецкім часам лідскага піва было не купіць... у самой Лідзе. Практычна ўсё адбірала Масква - у свае рэстараны і на валютны экспарт. А там быле-чаго не бралі! Ды і цяпер лідчукі, у адрозненне ад мінскіх калегаў, спакойна трымаюць канкурэнцыю і з "Балтікой", і з "Дайлідамі", і з вялікім дацкім "Кронбэргам". Суседзі-літоўцы, вялікія майстры і аматары, загружаюць лідскім півам і TIRамі пераадольваюць усе межы і мытні. Бо дзе яшчэ знойдзеш такую цану за такую якасць...

Другое кодавае слова пра Ліду гэта замак. Адзіны на Беларусі класічны чатырохкутнік-кастэль, стаўлены яшчэ Гедымінам. Што праўда, моцна пашкоджаны арміяй Карла ХІІ ў 1706 годзе - шведы ўзарвалі абедзве вежы-данжоны і сістэму шлюзаў. Але гэта таксама рэдкі выпадак на Беларусі, калі замак удалося... аднавіць амаль цалкам. Цяпер ён выглядае так, як блізка семсот гадоў назад. І тут пачаліся іншыя, цяперашнія праблемы, што з ім рабіць далей, як ажывіць яго?! Вось дзе ў галаве сук сядзіць у правінцыяла! Няма ідэі. Гэта ж не помнік Міцкевічу - лідчукі паставілі першымі на Беларусі! - ці Скарыне пад касцёлам з XVIII стагоддзя. Паставіў сабе, разрэзаў стужачку... і няхай стаіць, есці не просіць. А замак жыць мае, як чалавек! Трэба яму легенду на сягоння, з ранішнімі кірмашамі на панадворку, з вечаровымі дзеямі, з паўнатою і шумам...

Замак у Лідзе быў цэнтрам усяе Гедымінавай "краіны замкаў" - Крэва, Востраў, Меднікі, Ашмяны - і адначасова прыкрываў стратэгічны ваенна-гандлёвы шлях Вільня-Ліда-Слонім-Брэст і далей на Люблін. Цікава, што гаспадары ВКЛ не давяралі Лідскі замак... староннім вачам. Адна Унія 1385 была ўзгоднена ў Крэве, другая ў Востраве. Усё па-суседству, але не ў Лідзе - няма чаго глядзець гасцям на сакрэты; і наадварот - перад Ворсклай у 1399 годзе вялікі князь Вітаўт трымаў збеглага хана Тахтамыша менавіта ў Лідзе, каб такі няпэўны саюзнік не перадумаў і не збег другі раз! Гэта значыць, збегчы з каменнай цытадэлі пасярод непраходнага балота (!) было практычна немагчыма... Пра многае мог бы расказаць замак у Лідзе.

Альбо - маглі б расказаць і людзі. Цяперашнія лідчукі - сваім і замежным гасцям. Тым болей, што насупраць самога замка стаіць 9-павярховы гатэль "Ліда" з цалкам еўрапейскімі ўмовамі. Зімою і летам. Сведчу пра тое, што перажыў. А калі па-за Крэвам з руінамі прапанаваць наведвальнікам... рэшткі савецкіх ракетных базаў (!), унікальны шклозавод у Бярозаўцы, які спецыялізуецца на мастацкім шкле ад часоў Радзівілаў, а ў ХХ стагоддзі меў сярод сваіх кліентаў... англійскую каралеву, а яшчэ мноства навакольных касцёлаў і цэркваў, у тым ліку абарончая царква ў Малым Мажэйкаве з XV стагоддзя, а яшчэ мясціны трох дзесяткаў дзеячаў беларускай і польскай культуры, як жывыя ілюстрацыі абессмяроціўшага іх Напалеона Орды... Доўгі быў бы тут спіс імёнаў! І ўсё гэта за гадзіну-дзве камфортным аўтобусам ад гатэла "Ліда"! А вечарам - опера на дворышчы ў старым замку, альбо наадварот - вогнішча з рыбалкай ці каўбаскамі на беразе недалёкага Нёмана... Тут і думаць няма пра што, адно захацець. Але - сядзіць вось у тутэйшых вясковых галовах з рознымі дыпломамі, што трымаюць пасады і грошы, усё тое ж забітае хамскае перакананне з плачам "у нас нічога свайго няма-а..."... Праўду кажуць, у каго Бог хоча адабраць грошы, адбірае такому розум. У любых высранках у Нямеччыне табе пакажуць пакой, дзе "начаваў Напалеон" - людзі столькі не жывуць, каб ён па тых забытых Богам "бургах" і "бэргах" сапраўды начаваў! - бо хто сапраўды бедны на гісторыю, той яе выдумляе, крадзе. Бо гісторыя гэта капітал, і капітал вечны, і рызыкі няма яго страціць!

Што да мяне, то я абавязкова павёз бы гасцей у бок Дворышчаў, на правінцыю правінцыі - каб убачылі яны, чаго ніколі нідзе не ўбачаць. Калісьці ездзілі тут адным брукам, яшчэ на маёй памяці, гадоў трыццаць таму брукаваных дарогаў на Крэсах было, бадай, больш у кіламетрах, чым заасфальтаваных. Але старая дарога то не стары будынак, які можна руйнаваць, а можна пакінуць у спакоі... Брук мусіў згінуць пад асфальтам - і згінуў, і цяпер паўсюдны асфальт, бо такі час і транспарт. Бо трэба жыць. Але знайшоўся вось на Лідчыне чалавек - не гісторык, просты мясцовы гаспадарнік яшчэ за савецкім часам! - які, па-першае, дадумаўся, як зрабіць... музей са старога бруку, а па-другое, зрабіў! Ён проста пакінуў адзін кіламетр так, як ёсць, а новы асфальт паклаў на насыпах па баках злева і справа - брук апынуўся пасярэдзіне, як на аўтастрадзе.

Спыніліся на тым кіламетры, вылезлі... Разуўся я і босы пайшоў па тых камянях. Як было мне зноў дзесяць гадоў, як ішоў са Скідля па грыбы ў лес Верасы, як у нас казалі, "луненскім брукам". У мястэчку Лунна мост злучае правы і левы берагі Нёмана. Грэў мяне камень, як жывое цела... Бо і гэта і было жывое цела зямлі беларускай, якое праявілася, калі нейкі хірург альбо сам Бог паласнуў скальпелем па скуры таго паўсюднага асфальту глабалізацыі, ці як так правільна называць чарговае чалавечае шаленства, каб усіх ізноў на адзін капыл...

Паўтараю, зрабіў гэты цуд на дарозе чалавек, у якога ў галаве меў быць адзін савецкі план. Які прайшоў савецкую школу і такое ж войска. Які даўно выкінуў з ужытку беларускую мову - бо ўсе яе выкінулі ў яго начальніцкім асяроддзі! Зрабіў на ўласныя страх і рызыку, насуперак праекту, дапусціўшыся марнатраўства казённых бітуму, гравію і дробнага камення на падсыпку, а гэта значыць, пераступіўшы Адміністрацыйны Кодэкс і падступіўшы да Крымінальнага... Навошта?! Што яму раптам прыйшло ў галаву з душы і сэрца, з таго сну памяці? Так, як мне і табе, і ўсім? Што час можна захаваць, а можна знішчыць? Што той мінулы час, які пячэ тваю душу, як выратаваны брук пячэ твае ногі, пячэ штодзень і штоночы? Чаму не... Ці мала дзівакоў на зямлі. Шкада толькі, што мала. Бо дзівак гэта сапраўды істота Божая, ручной зэгармайстраўскай работы. А правінцыя гэта як жалязяка з-пад штампа - усё ў ім правільна, і памер, і допуск, усё згодна з праектам, а потым ён ляжыць у той правінцыі, як нехадавы тавар на складзе фабрыкі і плача сабе, і плача пра тое, што "ў нас свайго ж нічога няма-а..."...


Апрацаваў Сакрат Яновіч

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX