Папярэдняя старонка: Мемуары

Людвік Нарбут 


Аўтар: Манчунская Тэадора,
Дадана: 07-10-2020,
Крыніца: Манчунская Тэадора. Людвік Нарбут // Наша Слова. № 40 (1503), 7 кастрычніка 2020.



Успаміны, якія распавяла сп. Тэадора Манчунская, родная сястра Людвіка, а запісала Гелена Салтысова [1]

Сын гісторыка Літвы Тэадора Нарбута і Крыстыны з Садоўскіх (дачкі жаўнера Касцюшкі), нарадзіўся ў памятным для нас 1831 г. [2] калі адбыліся нязвыклыя падзеі. На дзядзінец Нарбутаў прыйшла значная колькасць жаўнераў з аддзела Гелгуда і маладая маці, убачыўшы іх праз акно, радасна запляскала ў далоні і закрычала: «Якія яны прыгожыя! Якія ўсе маладыя!» У гэты момант яна як раз карміла немаўлятка і, можа, гэтак яму перадаўся геройскі дух паўстанцаў.

Тэадора Манчунская.

Падрастаючы хлопец меў адкуль чэрпаць любоў да Бацькаўшчыны. Яго стары бацька быў замілаваны ў гісторыю гэтай зямлі, і менавіта ён раздзьмуў прыгожы агонь у маладых грудзях. Ён быў жаўнерам Касцюшкі [3] і з вялікай павагай прамаўляў пры дзецях імя свайго камандзіра, са слязамі ў вачах цалаваў свой мундзір, і тады навокал яго станавілася ціха, як у касцёле. Калі ў 1849 г., пасля заканчэння школы ў Лідзе Людвік працягнуў адукацыю ў Вільні, думкі і пачуцці яго ўжо былі сфармаваны дамашнім выхаваннем. У Вільні ён адразу патрапіў у вір гарачай моладзі, якая ірвалася да вольнасці, стварала тайныя таварыствы, спявала патрыятычныя песні і малявала Арлы ды Пагоні. Ён быў першым сярод іх.

Але надышла цёмная ноч, у якой малады чалавек быў схоплены і пасаджаны ў гнілую вязніцу, а потым асуджаны. Меў ледзь 18 гадоў і таму атрымаў толькі 50 розгаў і быў навечна сасланы ў жаўнеры арыштанцкіх рот.

Бацькоў прывезлі быць сведкамі гэтага пакарання, а яго калегі ў парадных мундзірах былі прымушаны глядзець на ўсё гэта. Пасля кары Людвік упаў у ногі сваім бацькам і прасіў аб апошнім дабраслаўленні. Ніжэй схілілася спіна старога бацькі, а маці, якая да гэтага была прыгожай брунеткай, вярнулася дадому сівой старой.

Людвік быў высланы на Каўказ і каля дзесяці гадоў ваяваў з тамтэйшымі плямёнамі, якія баранілі сваю зямлю ад царскай акупацыі. Браў удзел у 90 баях, быў 4 разы паранены, з-за чаго да канца жыцця хадзіў, нахіліўшыся наперад. Там ён вызначыўся сваёй незвычайнай мужнасцю, асабістай адвагай і халаднакроўем, чым заслужыў найвышэйшую павагу ад маскалёў. Праз 10 гадоў, пасля ўступлення на трон цара Аляксандра ІІ, неспадзявана вярнуўся на радзіму ў чыне афіцэра. Але адпачываў нядоўга. Прыйшоў 1863 год, год вялікай надзеі, найвялікшых ахвяр і незмарнелай веры.

Як вайсковы начальнік Лідскага павета, адным з першых у Літве, Людвік Нарбут пайшоў у бой. Першымі яго байцамі былі таварышы і прыяцелі маладых гадоў і сяляне роднай вёскі. Хутка, са сваімі людзьмі, да яго далучыўся ксёндз-патрыёт Гарбачэўскі, а з Вільні байцоў прывёў Андрыёлі, які стаў потым вядомым мастаком. Ад'ютантам у Людвіка быў яго малодшы брат Баляслаў, які, нягледзячы на маладыя гады, адзначыўся вялікай адвагай у баях. Колькасць аддзела даходзіла да 1000 чалавек. Яны былі апрануты ў шэрыя світкі, на плячах мелі палатняныя торбы - у лютым 1863 г. менавіта гэтак апранутая гарачая моладзь ішла ў цёмныя літоўскія бары.

Літоўскія пушчы напоўніліся галасамі. Здавалася, што ў лясах пасяліліся духі: у адным месцы ішлі калоны войск, у другім адбілі палонных, у трэцім здабылі зброю і амуніцыю ў маскалёў. І пачалі складацца легенды: маскалі з забабоннай трывогай расказвалі, што кулі не бяруць Нарбута, але ў адказ яго кожная куля забівае. З неахвотай і страхам ішлі яны супраць аддзелаў Нарбута, бо бачылі, што гэта не прагулка, і таму прызначылі высокую цану за яго галаву.

І тое, што не зрабіла шматтысячнае маскоўскае войска, якое нават ўжывала супраць паўстанцаў гарматы, тое зрабіла здрада. Імя здрадніка невядома бо ён, падобна, і не павінен быў мець імя [4]. У Лідскім павеце ёсць рэчка Котра, каля возера ў Дубічах стары касцёлік, за возерам непралазныя лясы і ў лясах руіны старога замка. У гэтай пушчы стаў на пастой Нарбут каб атрымаць правіянт з Дубічаў. Стаянка была адносна бяспечнай - за ёй рассцілалася непралазная пушча, перад ёй - возера, вакол - дрыгва, прайсці можна толькі адной дарогай цераз кладку на рэчцы. Менавіта па гэтай дарозе павінны былі прывезці хлеб. Чакаючы хлеб, камандзір стаяў у атачэнні свайго брата Баляслава, Андрыёлі і некалькіх блізкіх сяброў. Андрыёлі сказаў: «Нешта, зашмат сялян ідзе». «Заняць пазіцыю!» - загадаў камандзір на ўсялякі выпадак, але ён не адчуваў яшчэ здрады, бо наперадзе ішоў знаёмы чалавек.

Кладку перайшлі хутка, а некаторыя нават і ўброд. Той, хто ішоў наперадзе, як Юда наблізіўся да камандзіра, паказаў на яго пальцам і сказаў: «Гэта Нарбут!» Жаўнеры выхапілі карабіны, і паранены ў грудзі і твар Людвік упаў на зямлю. Таварышы падхапілі яго і панеслі ў небяспечнае месца, але кожны з іх таксама атрымаў смяротныя раны і застаўся ляжаць. Людвік казаў ім: «З годнасцю, панове!» - але хутка быў яшчэ раз паранены, пасля чаго быў пакладзены на лясны мох. Памёр ён са словамі: «Як соладка памерці за Радзіму!» Цяжка паранены малодшы брат патрапіў у палон і доўгія гады правёў у Сібіры.

За паўгадзіны да бітвы лагер пакінула сястра Нарбута Тэадора, якая прывозіла лісты Народнага жонда. Была ўжо на адлегласці, калі пачула за сабой стрэлы, але яна мела ад брата загад ісці наперад. Па дарозе, у доме лесніка сустрэла цяжка параненага брата Баляслава які вітаў яе словамі: «Людвік забіты!» Маладая кабета не страціла прытомнасць ад гэтай весткі бо ведала, што павінна сама сказаць пра гэта сваім сівым бацькам.

Аднак жалобная вестка сама знайшла сабе дарогу, і калі Тэадора прыйшла да бацькоў, маці ўжо ведала, што яе перашароднага сына ўжо няма, і думала, што разам з ім страціла і дачку. Таму, калі маладая жанчына з'явілася на яе парозе, забітая горам маці выцягнула перад сабой рукі і з крыкам пачала адпіхваць ад сябе дачку, бо вырашыла, што гэта здань з таго свету.

Маскалі дазволілі пахаваць палеглых каля касцёла ў Дубічах. Перад тым з забітых яны абадралі ўсю вопратку. Сялянкі абмылі голыя целы і апранулі іх у кашулі, простыя труны былі пастаўлены адна каля другой і засыпаны ў высокай магіле. Зямля пакрыла целы пакутнікаў, душы іх адляцелі ў іншы сусвет, і з гэтага моманту пачала стварацца легенда.

Пайшлі чуткі, што Нарбут не загінуў, і людзі са зброяй пакідалі свае хаты і шукалі камандзіра. Па загаду Мураўёва жаўнеры крукамі парушылі касцёл [5] і зраўнялі магілу з зямлёй.

На тым месцы ў вышыню старога касцёла выраслі бярозы, і мясцовыя людзі лічаць гэта цудам, які адбыўся над магілай пакутнікаў.

Бацьку Людвіка Мураўёў загадаў вывезці ў Сібір. «Хіба што яго труну пакладзём у кібітку», - адказалі яму тыя, хто бачыў старца.

Мураўёў загадў выклікаць старога патрыярха да сябе і сказаў яму:

- Ведаеш, стары, твой сын ужо не жыве.

- Маю яшчэ сыноў, - адказаў нязломны стары.

- Вон адсюль, стары сабака! - закрычаў вешальнік.

Пад помсту ўладаў патрапіла маці Людвіка. Забраная з ложка, без неабходнай вопраткі, пад пагрозай нагаек была прывезена на няправедны суд, у судзе трымалася горда, але страціла прытомнасць, пасля суда была вывезена ў Сібір, адкуль вярнулася амаль што стагадовай старой і памерла на радзіме.

На сваім надмагіллі загадала дзецям выбіць кароткі надпіс: «Маці Сыноў» [6].

Вялікі бацька памёр праз год пасля гібелі сына Людвіка, і жонка пасля вяртання з Сібіры паклала на яго магілу сціплы камень з надпісам: «Тут ляжыць Тэадор Нарбут, гісторык Літвы».

Сястра (Тэадора Манчунская - Л. Л.) уцякла з аточанага жаўнерамі двара і доўгія, доўгія гады туляецца за мяжой.

Вось гісторыя адной з паўстанцкіх сямей. Усё тое, што было народам лягло, як сжатыя каласы ў полі, пасля чаго ўсталявалася ціша, як на пахаванні. А калі дажджы змылі крывавыя сляды з нашай зямлі, вецер асушыў салёныя слёзы і прыглушыў енкі, нам не стала лягчэй ад гэтага тузання ланцуга няволі […]

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Sołtysowa H. Ludwik Narbutt // W 40 rocznicę powstania styczniowego. Lwów, 1903. S. 433-437.

[2] Насамрэч, у 1832 г. - Л. Л.

[3] Аўтарка памыляецца, Тэадор Нарбут не быў «жаўнерам Касцюшкі». - Л. Л.

[4] Здраднікам быў селянін Адам Карповiч. - Л. Л.

[5] Касцёл у Дубічах існаваў да 1869 г. і быў зачынены, бо, як быццам, мог паваліцца ад старасці. Яго можна было адрамантаваць, але зрабіць гэтага не дазволілі ўлады. Замест рамонту, касцёл быў зачынены і разабраны, а касцельную зямлю, «урад аддаў папам у Лідзе», - пісаў Вандалін Шукевіч. - Л. Л.

[6] Улады забаранілі хаваць яе разам з мужам каля касцёла ў Начы - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX