Вярнуцца: Мемуары

Звесткі пра сялянскае жыццё, навучанне, вучняў і іхні лёс у Ганчарскай акрузе


Аўтар: Кудла Віктар,
Дадана: 24-05-2020,
Крыніца: Лідскі летапісец. 2019. №1(85).; 2019. №2(86).; 2019. №3(87).; 2019. №4(88).



Віктар Кудла, выпускнік Ганчарскай сярэдняй школы 1959 года

Сачыненне на тэму:"ЗВЕСТКІ ПРА СЯЛЯНСКАЕ ЖЫЦЦЁ, НАВУЧАННЕ, ВУЧНЯЎ І ІХНІ ЛЁС У ГАНЧАРСКАЙ АКРУЗЕ"

У Ганчарскую акругу ўваходзілі навакольныя вёскі: Агароднікі, Бенявічы, Баравічы, Вялічкі, Ганцавічы, Дроздава, Даржы, Дзітрыкі, Канюшаны, Навасады, Масявічы, Пескі, Супраўшчына, Жомайдзі, Жучкі.

Дадзеныя сабраны з успамінаў былых вучняў: ДЗІКЕВІЧА Мікалая Мікалаевіча, ДЗЯКЕВІЧ Любові Іосіфаўны, ДЗЯКЕВІЧ Марыі Іосіфаўны, СТАСЕВІЧ Галіны, ГРОС Тамары Уладзіміраўны, КАХАНОЎСКАЙ Ядвігі Міхайлаўны, ГЕРМАНОВІЧ Аляксандры Кандратаўны, ГЕРМАНОВІЧ Вольгі Кандратаўны, ГЕРМАНОВІЧ Сяргея Кандратавіча, РАІКА Георгія Іванавіча, ХРЫШЧАНОВІЧ Ніны Іосіфаўны, ПАПКОВІЧ Ірыны Васільеўны, ЗАЕКА Галіны Уладзіміраўны, КУДЛЫ Віктара Іванавіча, а таксама іх асабістых дакументаў і фотакартак, звестак ведамаснага архіва аддзела адукацыі Лідскага райвыканкама і часткова матэрыял КАПЦІЛОВІЧ Марыі Уладзіміраўны.

Сачыненне дапоўнена вершаванымі радкамі з паэмы Аркадзя Курыса "Роздум".

У пасляваенны час гісторыю нашай Бацькаўшчыны нам, вучням, выкладалі ад Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі. Вывучалі "Краткий курс ВКП(б)", ідустрыялізацыю, калектывізацыю, сталінскія пяцігодкі… А што да рэвалюцыі? - Цары, памешчыкі і капіталісты…

Каб крыху больш пазнаёміцца з першаснай адукацыяй нашых продкаў-беларусаў, трэба апусціцца ў далёкую даўніну.

Паколькі мова - з'ява грамадская, то яе вывучэнне непазбежна і неразрыўна звязана з вывучэннем гісторыі народа. Па-гэтаму нельга абысціся без вывучэння гістарычных фактаў фарміравання беларускай нацыі, культурных і грамадска-палітычных рухаў на Беларусі, усіх тых з'яў, якія так ці інакш аказвалі ўплыў на развіццё беларускай мовы і адукацыі.

Цяпер вядома, асноўныя асаблівасці беларускай мовы склаліся дзесці ў ХІІІ стагоддзі. Пісьмовая форма пачала фарміравацца пазней, прыкладна ў ХІV ст. на аснове жывой народнай гаворкі і агульнаўсходне-славянскіх моўных традыцый.

Трэба адзначыць, што ўжо ў ХІV ст. беларуская мова была даволі добра распрацаванай: яна мела багаты лексіка-фразеалагічны слоўнік, даволі стройную граматычную сістэму. Беларуская мова гучала ў княжацкіх маёнтках, на сходах князёў у самой Вільні, шчыравала сярод простага народа. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў ХV-ХVІ стст., даўшы штуршок развіццю рукапіснай літаратуры. У гэты час з'явілася шмат пропаведзяў, разнастайных гістарычных і палемічных твораў. Усё гэта, безумоўна, садзейнічала ўзнікненню кнігадрукавання - найвялікшай падзеі ў духоўным жыцці ўсіх усходніх славян.

У ХVІ-ХVІІ стст. на Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця, наперш, у рэлігіі і навуцы, была царкоўнаславянская мова як афіцыйная мова праваслаўнай царквы, але была не зусім зразумелай простым людзям (дарэчы і цяпер), якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся жывой беларускай мовай.

Дадаць было б зусім не кепска пра нашу мову колькі слоў.

Былі даследванні Юнэска пра мілагучнасць многіх моў.

І той камісіі выснова нам права гонару дала:

Другое месца наша мова на тых іспытах заняла.

А італьянская на першым, на ёй прыемна размаўляць

І, як на нашай, зручна вершы і песні добрыя складаць.

Тым, хто не дружыць з мовай роднай, я нагадаю факт такі,

Што наша мова міжнароднай была ў Сярэднія вякі.

Не верце выдумкам маскоўскім, што наша мова для сяла,

Ў Вялікім Княжастве Літоўскім яна дзяржаўнаю была.

І што б яны там ні казалі (яны ж не можуць без маны),

Не мы ж у іх культуру бралі, а бралі, кралі ў нас яны.

Даўно, аж трэцяе стагоддзе супроць яе ідзе вайна.

Але жыве яна ў народзе і будзе вечна жыць яна.

А тыя, хто дабра не зычаць майму народу, зноў і зноў

Нягоднай мову нашу лічаць. Адкуль такая нелюбоў?

Што так упарта намагае іх нашу мову задушыць?

Яна ім, можа, замінае на белым свеце добра жыць?

У гэтым крыецца нагода, бо свет даўно ўжо прызнае,

Што мова ёсць душа народа, якую Бог яму дае.

Таму прамая тут выгода ім нашу мову руйнаваць:

Няма душы - няма народа, лягчэй натоўпам кіраваць.

Ва ўсе часы, ва ўсе народы плямёнам, узятым у палон,

Каб знішчыць дух іх назаўсёды быў іхняй мове забарон.

Першы падручнік у жыцці кожнага - буквар. Паспрабуем зазірнуць у мінулае і прасачыць гісторыю буквара. Высвятляецца, што буквар - ані слова, ані з'ява - не расійскія. Гэтаксама, як і кнігадрукаванне, якое ў Расію прыйшло з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Падручнік першай навукі чытання і пісання Францішка Скарыны называўся "Псалтыр". Першадрукар, які засвоіў кнігавыдавецкае мастацтва ў Еўропе, надрукаваў яго ў Вільні ў 1522 годзе. Кніга прызначалася для "навучэння грамаце дзяцей малых". Ні пра якое кнігадрукаванне ў Расіі на той момант не было і гаворкі.

З мэтай наблізіць простых людзей да культуры і навукі Францішак Скарына на палях сваіх выданняў рабіў глосы - падбіраў адпаведнікі да царкоўнаславянскіх слоў, слоў запазычаных або ўстарэлых. Можна лічыць, што глосы, змешчаныя ў выданнях Ф. Скарыны - першыя працы па беларускай лексікаграфіі. Ф. Скарына падсвядома імкнуўся да прызнання яго роднай мовы ў якасці літаратурнай, дзяржаўнай, здольнай выконваць разнастайныя функцыі ў грамадстве. Гэты кірунак, намечаны Ф. Скарынам, знайшоў свой далейшы працяг у дзейнасці яго паслядоўнікаў - С. Буднага, В. Цяпінскага, Л. Зізанія, М. Сматрыцкага і іншых, якія поўнасцю перайшлі на беларускую мову.

Наступным такога роду падручнікам стала "Азбука" Івана Фёдарава, надрукаваная больш, чым праз паўвека пасля скарынавай кніжкі ў Львове. Фёдараўскі падручнік таксама прызначаўся для выкарыстання ў Вялікім Княстве Літоўскім, а не ў Расіі. Назапашаныя ў дастатковай колькасці аб'ектыўныя факты дазваляюць сцвярджаць, што Іван Фёдараў быў беларусам па паходжанні. Ён ў 1574 годзе ў Львове выдаў падручнік "Граматыка-буквар", які неаднаразова перавыдаваўся пазней.

Буквар" І. Фёдарава невялікага памеру, мае 40 аркушаў. Экзэмпляр яго захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага ўніверсітэта ў ЗША.

"Буквар" і "Азбука" І. Фёдарава прызначаліся для навучання. З выхадам кніжак гэта стала магчымым па-за межамі царквы, што мела вялікае значэнне ў гісторыі тагачаснай адукацыі.

Асветнік таксама знаёміць чытача з кірылічнай цыфір'ю, паводле якой ў стараславянскім пісьменстве лічбы абазначаліся літарамі алфавіта. Уласна тэксталагічная частка прапануе паўсядзённае правіла з найбольш ужывальнымі малітвамі. Змяшчэнне малітоўнага правіла ў старажытных падручніках было не выпадковым, бо па малітвах і ўрыўках са Святога Пісання не адно пакаленне нашых продкаў навучылася чытаць і пісаць. Пасляслоўе "Буквара" ўтрымлівае зварот да бацькоў і настаўнікаў, прасякнуты мудрасцю, чуласцю і спагадай, глыбінным разуменнем цярплівасці і любові, з дапамогай чаго толькі і можна наблізіцца да душы і розуму вучня, дзіцяці.

Нам ёсць чым ганарыцца: продкі сучасных беларусаў прыдумалі буквар, як кнігу з такой назвай. Айчынныя вучоныя змаглі даказаць, што ў першага "Буквара" беларускія карані.

Першая ў свеце кніга пад назвай "Буквар" была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва. Гэта было адно з самых старажытных беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім, якое выпускала нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах. Да таго былі іншыя вучэбныя выданні, але менавіта гэта першы "Буквар" падрыхтаваны сіламі манахаў. Хутчэй за ўсё, гэта была калектыўная работа. Поўная назва выдання "Буквар мовы славянскай". Гэта буквар царкоўнаславянскай мовы з азбукай, з малітвамі. Ён быў прызначаны навучыць не толькі грамаце, але і духоўнасці. Граматычны раздзел буквара нагадвае сціслы канспект "Граматыкі..." М. Сматрыцкага, які, несумненна, прымаў удзел у падрыхтоўцы гэтага выдання. Дакладнасць і прадуманасць кампазіцыі кнігі, агульнадаступнасць матэрыялу, адметнае мастацкае афармленне зрабілі "Буквар..." своеасаблівым узорам для іншых складальнікаў школьна-вучэбных кніг.

Нажаль, гэтага першага беларускага выдання, надрукаванага ў 1618 годзе, захаваліся толькі два экзэмпляры: адзін - у Лондане, другі - у Капенгагене. На радзіме ні аднаго экзэмпляра не захавалася: іх проста "зачыталі да дзірак", як часта бывае з вучэбнымі выданнямі.

2018 год стаў годам святкавання 400-годдзя першага ў свеце "Буквара", які мае беларускае паходжанне.

Першыя буквары былі арыентаваны на царкоўную практыку. Гэта не толькі кнігі для навучання звычайнаму пісьму і чытанню, але і для выхавання годнага чалавека. Тэксты не абстрактныя, а больш сур'ёзныя: малітвы, павучанні, настаўленні. Нашы папярэднікі лічылі: дзетак трэба караць, каб не раслі неадукаванымі і нявыхаванымі! Дарэчы, навучалі не толькі малых: чытанне часта было незнаёмай, але неабходнай справай нават для дарослых.

Пазней "Буквар" друкаваў Спірыдон Собаль у Куцеінскай друкарні, потым перавыдаў яго ў Магілёве ў 30-х гадах XVII стагоддзя.

Амаль усе старажытныя буквары маюць аднолькавую структуру і нават назву. Спачатку тытульны аркуш, пасля яго так званая азбука, або пералік літар - вялікія, малыя, і трэці варыянт, які зараз не практыкуецца, літары ў адваротным парадку: ад Іжыцы да Аза. Пасля ідуць склады па дзве літары, напрыклад, "ба, бе, бо, бы...", а затым - па тры. Найбольш простыя словы з невялікай колькасці літар, таксама слоўнічак.

На пачатку XVIII ст. адукацыя ў дзяржаве па-ранейшаму заставалася ў руках царквы. Пачатковыя веды давалі школы пры манастырах і кляштарах, праваслаўных і ўніяцкіх брацтвах. Дзейнічалі таксама навучальныя ўстановы Таварыства езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў ды іншых каталіцкіх ордэнаў.

Шырокую сетку школаў, якія спаборнічалі з езуітамі і піярамі, меў уніяцкі Ордэн базылянаў. Адрозна ад каталіцкіх навучальняў тут захоўвала свае пазіцыі беларуская мова.

Пасля Паўночнай вайны шмат навучальняў у гарадах і мястэчках краіны адчыніў Ордэн піяраў. Падабенства навучальнай праграмы піярскіх школаў да перадавой езуіцкай, але менш суровая дысцыпліна рабілі іх вельмі папулярнымі, у праграме іх значнае месца занялі прыродазнаўчыя і свецкія гуманітарныя навукі, а таксама замежныя мовы.

У піяраў мелі магчымасць бясплатна навучацца дзеці бедных пластоў насельніцтва, у тым ліку сялянства. Найбольш вядомыя піярскія калегіюмы працавалі ў Вільні, Віцебску, Воранаве, Лідзе, Полацку, Шчучыне, Дуброўне, Геранёнах…

Важныя змены ў эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці дзяржавы вымагалі карэннага рэфармавання сістэмы адукацыі. Гэтым занялася створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай - фактычна першае ў Еўропе міністэрства асветы. У Вялікім Княстве дзейнасцю камісіі кіраваў падканцлер Яўхім Храптовіч, які наведаў шэраг еўрапейскіх краінаў і быў добра знаёмы з ідэямі Асветніцтва.

Адукацыйная камісія мела на мэце вызваленне асветы ад беспасярэдняга ўплыву царквы і наданне навучанню свецкага характару. Статут камісіі ставіў перад выкладчыкамі задачу імкнуцца, каб іх выхаванцы "дасягалі поспехаў разважаннямі, а не завучваннем на памяць". Ад рэлігійных навук перавага ў праграмах пераходзіла да прыродазнаўчых і грамадскіх. Новая сістэма асветы павінна была рыхтаваць адукаваных і карысных для дзяржавы грамадзян-патрыётаў.

Адукацыйны працэс на беларускіх землях у гэты час знаходзіўся пад моцным уплывам польскай і рускай традыцый, што тлумачыцца аб'ектыўнымі ўмовамі знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля Расійскай імперыі.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі якасна новым момантам у развіцці асветы на Беларусі было фарміраванне сістэмы адукацыі: вышэйшай, сярэдняй і пачатковай. Стварэнне Міністэрства народнай асветы (1802 г.) цэнтралізавала дзяржаўнае кіраўніцтва школай. У кожным губернскім горадзе стваралася гімназія, у павятовым горадзе - павятовае вучылішча. Пры кожным царкоўным прыходзе - царкоўнапрыходскія вучылішчы, у якія прымаліся дзеці "ўсялякага стану" без розніцы "полу і гадоў". Прадугледжвалася пераемная сувязь паміж школамі розных ступеняў. Аднак фактычна для распаўсюджвання адукацыі сярод народа было зроблена мала. Казна не брала на сябе выдаткаў на ўтрыманне школ, перакладала гэта або на органы мясцовага кіравання, або на абшарнікаў. А ўжо Статут 1804 г. адзначаў, што дзяцей прыгонных сялян нельга прымаць у гімназіі. Несумяшчальнасць прыгоннага права з распаўсюджваннем адукацыі сярод шырокіх слаёў сялянства, станавілася больш відавочнай.

Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка гэтых навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовамі навучання былі лацінская і польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

Пасля шляхецкага паўстання 1830-1831 гг. царскі ўрад распачаў выцясненне польскай мовы і культуры, укараненне праваслаўя і ідэі адзінай рускай народнасці. Паланізацыі супрацьстаўлялася русіфікацыя, а на практыцы яна ўзмацняла паланізацыю. Бо тая частка шляхты, якая адмоўна ставілася да праваслаўя і палітыкі Расіі ўвогуле, была вымушана злівацца з польскім нацыянальным рухам, абвяшчаць сябе палякамі.

Расійскі ўрад добра разумеў небяспечнасць такой сітуацыі ў галіне адукацыі. У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне рускага ўплыву ў краі, было закрыццё ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта і часовая ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове.

Ліквідацыя ўніяцкай царквы паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. У ходзе рэформы навучальныя ўстановы розных ведамстваў перайшлі ў большасці сваёй у падпарадкаванне Міністэрству народнай асветы.

Разам з тым, ажыццяўленне школьнай рэформы на Беларусі супала з правядзеннем жорсткага курсу ў палітыцы царызму пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, Наваградская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі. Былі ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы як "расаднікі паланізацыі". У школах забаранялася выкладанне польскай мовы. Усім выкладчыкам і настаўнікам загадана было клапаціцца аб тым, каб у сценах навучальных устаноў гутарковай мовай была руская. Нягледзячы на жорсткі курс палітыкі расійскага ўрада ў галіне асветы, а таксама матэрыяльныя цяжкасці (адна школа прыходзілася на 8-10 вёсак, большая частка школ размяшчалася ў непрыстасаваных для заняткаў сялянскіх хатах, парт на ўсіх вучняў не хапала, вучэбных дапаможнікаў было мала, сшыткаў вучні сельскіх школ не мелі.

Вясковыя жыхары пакінулі нямала ўспамінаў пра вучобу ў народных школах. Вось як апісвае такія школы ў сваіх нататках Нестар Пярэві (1887-1971), адзін з дзеячаў Беларускай народнай грамады: "Вучыліся па чарзе ў хатах, дзе былі вучань або вучаніца. Не было тады ніякага прымусу да вучобы. Вучыліся пераважна хлопчыкі, а гэта таму, што лепш было ў арміі тым салдатам, якія хоць трохі былі пісьменныя... Кніжкі былі толькі рускія. Буквары, азбукі, часам які-небудзь задачнік... На сцяне развешаныя карты свету і асобная вялікая карта Расіі".

Вось яна тыповая вёска 19-ага стагодзя: у адзін радок "курныя" хаціны без каміноў, зрубленыя з крывых бярвенняў, расшматаны саламяны дах, прыціснуты жэрдачкамі ад вятрыска, малюсенькія акенцы з божскага шкла. На лаўках, прызбе і на зямлі сядзіць многа вясковых дзетак, а перад імі на ўзгорку - навучыцель. Гэта і ёсць "народная школа граматы" - прарадзіма будучага навучання.

З 1881 г. у Расіі наступіў перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі, якая адмоўна паўплывала на сістэму адукацыі. У адпаведнасці з Палажэннем 1884 г. аб царкоўнапрыходскіх школах пачаўся наступ на народныя вучылішчы, многія з якіх былі закрыты. Замест народных вучылішч ствараліся царкоўна-прыходскія школы і школы граматы, падначаленыя мясцоваму праваслаўнаму духавенству. Былі прыняты меры для абмежавання доступу ў сярэднюю школу выхадцам з ніжэйшых саслоўяў.

Летам 1887 г. выдадзены цыркуляр, які ў асяроддзі прагрэсіўнай грамадскасці атрымаў назву цыркуляра "аб кухарчыных дзецях". Ажыццяўленне цыркуляра, па задумцы аўтараў, павінна было вызваліць гімназіі і прагімназіі ад паступлення ў іх дзяцей фурманаў, лакеяў, кухараў, прачак, дробных гандляроў і да іх падобных людзей. "Детей которых, за исключением разве одаренных необыкновенными способностями, вовсе не следует выводи ть из среды, к коей они принадлежат". З гэтай мэтай была значна павышана плата за навучанне.

Сярэднія навучальныя ўстановы знаходзіліся ў буйных гарадах Беларусі, у іх вучыліся пераважна дзеці прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў. З усіх сярэдніх навучальных устаноў толькі мужчынскія класічныя і рэальныя гімназіі давалі права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Астатнія навучальныя ўстановы такіх правоў не давалі, іх выпускнікі займалі службовыя пасады. Напрыклад, выпускніцы жаночых гімназій звычайна атрымлівалі пасады настаўніц у народных вучылішчах, а тыя, хто найбольш паспяхова скончыў гімназію, званне "хатняй настаўніцы".

Аднак, нягледзячы на пашырэнне сеткі навучальных устаноў і рост кантынгенту навучэнцаў, узровень адукацыі заставаўся яшчэ нізкім. Паводле перапісу 1897 г. агульны лік пісьменных у Беларусі складаў толькі 25,7 %.

У пачатковых школах у 1911 г. вучылася толькі 18, 4 % дзяцей школьнага ўзросту.

У дарэвалюцыйнай Расіі існавала развітая сістэма сельскагаспадарчай адукацыі. Асабліва колькасны рост сельскагаспадарчых навучальных устаноў наглядаўся пасля адмены прыгоннага права. Сярэднія і ніжэйшыя сельскагаспадарчыя школы мелі на мэце падрыхтоўку абслугоўваючага персаналу для памешчыцкіх маёнткаў, настаўнікаў і сельскіх гаспадароў. Ніжэйшыя сельскагаспадарчыя школы падзяляліся на агульныя (давалі веды па вядзенні сельскай гаспадаркі ў цэлым) і спецыяльныя (выкладаліся прадметы, звязаныя з якой-небудзь адной спецыяльнасцю: садаводствам, пчалярствам, малочнай гаспадаркай…).

Акрамя гэтага, існавалі тыпы камерцыйных навучальных устаноў: гандлёвыя класы, гандлёвыя школы, камерцыйныя вучылішчы, курсы камерцыйных ведаў.

Дынамічна развівалася на Беларусі сельскагаспадарчая адукацыя, што было звязана з паспяховым развіццём сельскай гаспадаркі і існаваннем попыту на прафесіяналаў у галіне земляробства, жывёлагадоўлі і па іншых сельскагаспадарчых спецыяльнасцях.

Працягвала сваю работу Горацкае земляробчае вучылішча, сярэдняя сельскагаспадарчая навучальная ўстанова, адкрытая яшчэ ў 1840 г. Навучанне тут уключала агульнаадукацыйныя і спецыяльныя прадметы, а таксама шматлікія практычныя заняткі па батаніцы, метэаралогіі, геадэзіі, заалогіі, анатоміі, раслінаводству. Вучылішча мела сваю бібліятэку, доследнае поле, батанічны сад, пасеку, жывёлагадоўчую ферму.

У 1878 г. была адкрыта Мар'інагорская казённая сельскагаспадарчая школа. Пры школе мелася зямля ў памеры 150 дзесяцін. На жывёлагадоўчай ферме разводзілася племянная жывёла. Адной з мэт існавання школы, разам з падрыхтоўкай спецыялістаў, было распаўсюджванне сярод сялян перадавых метадаў вядзення сельскай гаспадаркі.

У той час існаваў шэраг спецыяльных сельскагаспадарчых школ:

Зіноўеўская школа садовых рабочых (Магілёўскі павет), практычная школа быдлятнікаў у маёнтку Ляўкі (Горацкі павет), Ждановіцкая жаночая школа малочнай гаспадаркі (Чавускі павет), Бабруйская школа садаводства, агародніцтва і хмеляводства, Полацкая ніжэйшая лясная школа, Малалосвідская практычная школа садаводства (Гарадоцкі павет) і інш.

Сельскагаспадарчая адукацыя ажыццяўлялася і шляхам арганізацыі курсаў для жадаючых набыць некаторыя звесткі па розных галінах сельскай гаспадаркі. Для паскоранай падрыхтоўкі настаўнікаў Міністэрства народнай асветы стварала пры вышэйшых пачатковых вучылішчах двухгадовыя педагагічныя курсы. Настаўнікаў для царкоўнапрыходскіх школ рыхтавалі царкоўна-настаўніцкія і двухкласныя настаўнцкія школы, духоўныя семінарыі.

У 60-80-я гады XIX ст. у мясцовых выдавецтвах Беларусі выходзілі пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове. На беларускай мове за гэтыя гады ў краі не было выдадзена аніводнай кнігі. У краі выдавалася газета "Виленский вестник" на рускай мове, якая стала выразніцай інтарэсаў мясцовых памешчыкаў, якія і склалі асноўную масу яе падпісчыкаў.

Пэўны адбітак на развіццё беларускай літаратуры аказала паўстанне 1863-1864 гг. Шырока распаўсюджваліся ананімныя "гутаркі", складзеныя дзеячамі нацыянальна-вызвольнага руху, адрасаваныя беларускім сялянам і прысвечаныя крытыцы сацыяльных парадкаў у царскай Расіі. Яркім прыкладам мастацкай рэвалюцыйнай публіцыстыкі з'яўляецца газета К. Каліноўскага "Мужыцкая праўда" і яго "Лісты з-пад шыбеніцы". Выкарыстоўваючы фальклорную сімволіку і традыцыйную форму народнай "гутаркі", аўтар "Мужыцкай праўды" заклікаў сялян да барацьбы за лепшую долю. У "Лістах з-пад шыбеніцы" К. Каліноўскі развітваецца са сваім народам перад пакараннем смерцю і выказвае веру ў тое, што народ яшчэ ўзнімецца на барацьбу.

Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы XIX ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча. У 1891 г. у Кракаве выдадзены яго першы зборнік "Дудка беларуская" пад псеўданімам Мацей Бурачок. У 1896 г. таксама за мяжой пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава з'явіўся зборнік "Смык беларускі". Да гэтых зборнікаў Ф. Багушэвіч складаў прадмовы, дзе імкнуўся абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа. Ён першы з беларускіх пісьменнікаў абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы. Цэнтральная тэма творчасці Ф. Багушэвіча - жыццё паднявольнага сялянства, яго пошукі справядлівасці і выйсця з сацыяльнага бяспраўя.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, паступова адбывалася фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. У канцы 19-га стагоддзя тэрмін "Беларусь" і назва "беларусы" замацавалася на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Перапіс 1897 года засведчыў, што абсалютная большасць жыхароў нашай мясцовасці назвалі сябе беларусамі.

А вось як сялянскі пісьменнік М. Красоўскі, па мянушцы Дзядзька Квас (1904-1985), даволі падрабязна апавядае аб школе: "На ўроку я даведаўся, што Гродзенская губерня ..., дзе знаходзіцца наша вёска, заселеная, акрамя літоўцаў і габрэяў, беларусамі - рускім племем, мова якога адрозніваецца ад чыста рускай прымешкай польскіх слоў. Беларусамі яны называюцца таму, што маюць у большасці беларусыя валасы і ўсе носяць белыя адзенні, пачынаючы ад кашулі і канчаючы світкай. Тады і ў нашай акрузе адзенне ва ўсіх сялян было белае. І тут мяне ахінула здагадка: а мы простыя людзі ці не з'яўляемся гэтымі самымі беларусамі?

Хто ж растлумачыць мне гэта? І я вырашыў звярнуцца да свайго бацькі. Мой бацька, маючы зусім мала зямлі і вялікую сям'ю, увесь час круціўся на заробках. Бывала, што і па некалькі тыдняў не начаваў дома. А як прыходзіў дадому, то спяшаўся як мага хутчэй зрабіць запушчаную працу па гаспадарцы. Ніколі не меў часу заняцца дзецьмі, усё ўрыўкамі абменьваўся з намі парамі слоў. Я, тым не менш, падпільнаваў яго ў свабодны момант:

- Тату, а мы, людзі простыя, не з'яўляемся часам беларусамі?

- Ясна - беларусамі, - кажа бацька. - І наша мова, яе завуць простай, і ёсць беларуская. Вось я служыў у салдатах аж у Магілёўскай губерні, то і там усе кажуць на гэтай жа простай мове, як і мы.

- А чаму нас, беларусаў, вучаць на рускай, а не на сваёй роднай мове?

- А гэта таму, што рускі цар-гасудар валодае намі.

- А ў беларусаў быў калі-небудзь свой цар беларускі, з беларусаў - беларус?

- Вось гэтага, сынок, я нідзе ні ад каго не чуў, каб цар быў беларускі ў беларусаў. Мне думаецца, што ў беларуса не можа быць цара, бо наш беларускі народ увесь сялянскі. Бедны ён, цёмны, і невучоны... Цары ж і каралі заўсёды адбываюцца з багацеяў. Натурай наш брат-беларус не падыходзіць для гэтай вакансіі. Празмерна ён справядлівы, мяккасардэчны. А цар, тым ён і цар, што сэрца ў яго цвёрдае, як камень. Натура ў яго жорсткая, не спагадная на боль і слёзы людскія … "

1 верасня 1906 г. у Вільні выйшаў першы нумар штотыднёвай газеты на беларускай мове "Наша доля", якая выдавалася групай дзеячаў Беларускай сацыялістычнай грамады. Пяць з шасці нумароў гэтай газеты былі канфіскаваны, у студзені 1907 г. выданне "Нашай долі" канчаткова забаронена.

З лістапада 1906 г. у Вільні пачала выходзіць газета "Наша ніва".

Зародзіны беларускай школы пачынаюцца дзесьці з 1906 года, калі пры намаганні Канстанціна Міцкевіча, маладога беларускага паэта і настаўніка, а таксама Язэпа Лёсіка, беларускага філолага, заснаваўся тайны настаўніцкі гурток дзеля тайнага навучання беларускіх дзяцей у іх роднай беларускай мове.

Тады, напачатку мінулага стагоддзя былі выдадзены беларускія кніжкі: "Першае чытанне для дзетак-беларусаў" Цёткі, "Лемантар" Каруся Каганца, "Другое чытанне для дзяцей-беларусаў" Якуба Коласа.

Верш Янкі Купалы:

Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сне:

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!

Ты крыўды, няпраўды змагло;

Хоць гналі цябе, накладалі аковы,

Дый дарма: жывеш як жыло!

Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас. Першы верш паэта "Наш родны край" з'явіўся ў друку ў 1906 г. Першы зборнік вершаў "Песні-жальбы" быў надрукаваны ў 1910 г. У сваёй грамадзянскай лірыцы Я. Колас часта звяртаецца да селяніна, імкнучыся абудзіць яго свядомасць. У 1912 г. выйшаў першы зборнік яго празаічных твораў "Апавяданні", а ў 1914 г. - "Родныя з'явы", куды ўвайшлі хрэстаматыйныя сёння апавяданні "Нёманаў дар" і "Малады дубок". Якуб Колас пачаў стварэнне сваіх класічных паэм "Новая зямля", "Сымон-музыка".

Дакастрычніцкая творчасць паэта - сапраўдны мастацкі летапіс жыцця беларускага народа.

А вось і даволі трапнае паэтычнае настаўленне народнага настаўніка таго часу Канстанціна Міцкевіча, у будучым літаратурнага класіка Якуба Коласа, адрасаванае сялянскім дзецям. Ён уклаў такі вершаваны зварот бацькі да сына:

Ну, Ігнат, глядзі, брат, не дурэй, вучыся!

Годзе жыць без дзела. Станеш чалавекам,

Будзеш ты чытаць нам - цёмным неумекам,

Што там ў кнігах пішуць, што мы ў свеце значым,

Бо мы самі цёмны, света мы не ўбачым.

Гаварыць там будзеш пра навуку,

кнігі і аб цёмным людзе.

А старанным будзеш, да навукі здатны,

Я прадам кароўку і кажух астатні;

Далей йдзі ў навуку. Толькі, брат, вучыся.

Дык глядзі, сыночак, шчырэнька, вазьміся!

На гульню пустую - плюнь, махні рукою,

Каб і я, і маці цешылісь табою".

Так заклікаў Якуб Колас да навукі беларускіх сялянскіх дзяцей, і ўжо тады галоўнай дамінантай народнай асветы было менавіта распаўсюджванне ведаў аб Беларусі, яе гісторыі, геаграфіі, месцы ў свеце.

Адзіны паэтычны зборнік "Вянок" належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць значнае месца ў беларускай літаратуры. Для яго лірыкі характэрна паглыбленне ва ўнутраны свет героя, філасофскі роздум.

Патрэбы капіталістычнага развіцця, узмацненне грамадска-палітычнага руху вымусілі царызм правесці школьную рэформу, якая садзейнічала пашырэнню сеткі пачатковых школ і адмяняла саслоўныя абмежаванні для паступаючых у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. "Палажэннем аб пачатковых народных вучылішчах" 1864 г. было дазволена грамадскім установам і прыватным асобам адкрываць пачатковыя школы "для ўмацавання ў народзе рэлігійных і маральных паняццяў і распаўсюджвання першапачатковых карысных ведаў". У гэтых школах дзяцей вучылі пісьму і чатыром дзеянням арыфметыкі, вялікая ўвага надавалася Закону Божаму і царкоўным спевам. У нядзельныя і святочныя дні вучні былі абавязаны ўсёй школай хадзіць у царкву. Для ўзмацнення адміністрацыйнага і педагагічнага кантролю ў 1869 г. уводзілася пасада інспектара народных вучылішч, а ў 1874 г. - дырэктара народных вучылішч.

У архіўных дакументах ёсць першае ўпамінанне, што ўжо ў 1864 годзе ў Ганчарах адкрыта земскае народнае вучылішча. Размяшчалася ў казённым доме, утрымлівалася на сродкі дзяржаўнага казначэйства (выдаткоўвала 200 руб. штогод) і часткова за сродкі мясцовых сялян.

Па "Памятных кніжках" Віленскай вучэбнай акругі Віленскай губерні знойдзены частковыя звесткі пра настаўнікаў, працаваўшых у розныя гады ў Ганчарскай школе, законанастаўнікаў праваслаўнага спавядання і колькасць навучэнцаў.

У школе ў розны час настаўнічалі:

- Аляксандр Данілавіч Пятроўскі (1871-75) (адзін з першых скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, атрымліваў 150 руб. штогод і кватэру);

- Васіль Восіпавіч Рут (1875-76), выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі,

- Сцяпан Міхайлавіч Чараповіч, з сялян (1879-81),

- Ігнацій Пятровіч Бяганскі, з сялян (1881-83);

- Іван Антонавіч Кульвінскі (1887) (выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, аклад 150 руб., хлеба на 35 руб. і кватэра);

- Восіп Зубец (1890),

- Міхаіл Рудзевіч (1891-95);

- Аляксей Якімовіч (1897),

- Фёдар Рамашкевіч (1897/98),

- Мікалай Альшук (1898/99).

- Пётр Скрабец (выхаванец Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, атрымліваў 199 руб. 50 кап. і кватэру).

Законанастаўнікамі праваслаўнага спавядання былі святары: выпускнік Валынскай духоўнай семінарыі Фёдар Лаўрыновіч (1876-78); Іаан Філіпавіч Грудзінскі (1879-84), Сяргей Аляксеевіч Шэстаў (1886-94, выпускнік Цвярской духоўнай семінарыі, атрымліваў 25 руб.), Кастанцін Высоцкі (1994-99), Мікалай Відзелібскі (1900-10), Пётр Семянткоўскі (1914-15).

Цяга мясцовага насельніцтва да навучання дзяцей у школе была велізарная. Як сведчаць гістарычныя дакументы, многія школы ў Лідскім павеце поўнасцю знаходзіліся на ўтрыманні сялян. На сродкі сялян аддаленых вёсак пры школах ствараліся і ўтрымліваліся вучнёўскія інтэрнаты. Шырока практыкаваўся збор сельскай грамадой грашовых сродкаў і збожжа на будаўніцтва і ўтрыманне дзяржаўных народных вучылішч. Адкрываліся і хатнія "школкі". Сяляне наймалі на некалькі дамоў пісьменнага хлопца - "дарэктара", які вучыў дзяцей у сялянскіх хатах па чарзе. Матэрыяльная падтрымка насельніцтвам школьнай справы з'яўлялася сведчаннем добрых адносін да адукацыі і ведаў.

У 1880 годзе ў Ганчарах дзейнічалі: праваслаўная царква, земскае народнае вучылішча, карчма, валасное ўпраўленне, 2 км ад сяла - паштовая станцыя Лупеніца, 4 км - касцёл у Агародніках. У 1886-87 навучальным годзе вучылішча наведвалі 70 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У 1888 годзе ў Ганчарскім народным вучылішчы налічвалася 67 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. А ў 1894 годзе ў школе набывалі веды 74 хлопчыкі і 7 дзяўчынак… Ёсць звесткі, што у 1897 годзе пры Ганчарскай царкве адкрыта аднакласная царкоўна-прыходская школа.

На пачатку XX ст. неабходнасць адукацыі была ўспрынята сялянамі Лідчыны, як адзін з галоўных фактараў жыццёвага поспеху сваіх дзяцей. Таксама пачала ўсведамляцца неабходнасць і мэтазгоднасць вучобы менавіта на роднай беларускай мове. Але легальную беларускую школу адкрыць тады было яшчэ немагчыма. Як вынік, беларускія школкі пачалі з'яўляцца без дазволу ўладаў.

"У Лідскім павеце гаспадары пачалі кратацца каля прасветы сваіх дзетак. У адной вёсцы зрабілі прыгавор аб вучылішчу, але агледзяліся, што ў гэтым вучылішчу адразу вучаць па-расейску, дык першы год дзеці толькі час трацяць, бо дрэнна разумеюць гэту мову, вось і сяляне надумалі з самых пачаткаў вучыць сваіх дзяцей дома. Нанялі такога вучыцеля, каторы ўмее добра беларускую родную мову, і пераканаліся, што гэтак шмат болей карысці для дзяцей, бо ім усё, што вучыцель да іх кажа, зразумела, і пасля ў школкі лягчэй вучыцца".

У карэспандэнцыі пад загалоўкам "З Лідскага павета" ў газеце "Наша Ніва" на пачатку 1908 г. аўтар апавядаў, што сяляне ўжо добра зразумелі неабходнасць навукі для дзетак на сваёй мове: "У зывадной вёсцы надумаліся мужыкі наняць настаўніка... цяпер нам усім дрэнна, а без навукі яшчэ горш будзе. Зямлі, брат, сваёй няшмат, дома сыны век не будуць сядзець, трэба будзе выхіляцца ў свет, а як чалавек невучоны, дык бяда: усюды папіхваюць і за дурня маюць!" (Антось Кумпяк).

Той жа аўтар праз некалькі месяцаў пісаў: "Устаюць памалу беларусы на свае ногі, і самі працуюць, каб падняць куьтуру. Толькі бядуюць, што няма дзе вучыць дзяцей, школак ў воласці толькі адна - народная, а дзяцей для навукі ў кожнай вёсцы будзе па 30, прыйдзе зіма, і вясковыя дзеці замест навукі будуць сабак ганяць ... Але мужыкі стараюцца і самі наймаюць вучыцялёў на зіму. Школкі такія добра вучаць і па-руску, і па-польску, а тлумачыць ім вучыцель усё ў роднай беларускай мове. Крыўда толькі дзецям ў тым, што такія школкі называюць "тайнымі" і закрываюць. У 1908 гадзе начальства закрыла 4 такія школы ў Ганчарскай воласці - у вёсках Фалькавічах, Мінойтах, Песках і Заборцах, дык яшчэ 2 школкі ў Беліцкай воласці ў в. Нецяч і Чаплічы". Як бачым, толькі ў невялікай частцы тагачаснага Лідскага павета, за адзін год улады не запачаткавалі, а закрылі шэсць беларускіх школ!

Сяляне Лідчыны гатовыя былі вучыць сваіх дзяцей за свае кроўныя грошы, але расійская ўлада пераследавала непадкантрольную ёй адукацыю. Газеты таго часу рэгулярна змяшчалі інфармацыю з усёй Беларусі пра закрыццё "тайных" школ і судовы пераслед іх арганізатараў. "Трэба нам наняць вучыцяля, ды такога, каб вучыў па-нашаму, у такой мове, як самі гаворым; калі не будзе так, як я кажу, дык, дасць бог, і капейкі не дам на якога іншага вучыцяля!"

Але моўнае пытанне сялянская грамада мела магчымасць вырашыць па сваім разуменні: беларуская мова задавальняла ўсіх.

"А.С." пісаў з Бутрыманцаў Лідскага павета: "... асвета сялян тут па вёсках ідзе не праз школы, бо ўрадавая школа ўсяго адна на цэлую воласць, і воласць не малую. Хадзіць у тую школку ня кожнаму спадручна, ды і школка малая: усе месцы заняты, а жадаючых навукі шмат, дзеля гэтага сяляне прымушаны самі вучыць сваіх дзяцей і вучаць: бо ўцямілі патрэбу навукі. Усюды добра граматнаму - ці дзе паехаў, ці пайшоў. Чытаць умеюць ня толькі мужчыны, але і ўсе блізка кабеты, кабеты ж і вучаць чытаць дзяцей, сабраўшы па якіх 2-3, больш няможна, бо пацягнуць... Галоўная мэта гэтай навукі - чытанне на малітоўніку. Намалітоўніку дзеці і чытаць вучацца, ён і астаеццаў іх назаўсёды адзінай…".

У 1900 годзе ў Ганчарах непадалёку ад царквы, на другі бок вуліцы, пабудавана з дрэва першая школа на 5 пакояў. У будынку меліся два класныя пакоі, настаўніцкая і кватэра дырэктара. У той час былі: дырэктар - Данько, настаўнікі: Альшук, Скрабец, Пятроўскі, Стаянаў, Даўгаполаў. (Нажаль, іх імёны не захаваліся, а вось на Лідчыне ёсць жыхары з такімі прозвішчамі, мажліва, родзічы… добра было б, каб адгукнуліся).

Скупыя архіўныя запісы нагадваюць аб навучанні ў тыя часы…

1901 год. Дзейнічалі: народнае вучылішча (90 вучняў, усе хлопчыкі), царкоўна-прыходская школа, праваслаўная Свята-Пакроўская царква, фельчарскі пункт (фельчар Іван Лісін) і валасное ўпраўленне.

1905 год. У сяле працавала народнае вучылішча і царкоўна-прыходская аднакласная школа.

У ходзе рэформы навучальныя ўстановы розных ведамстваў перайшлі ў большасці сваёй у падпарадкаванне Міністэрству народнай асветы. Пачатковымі школамі ў вёсцы сталі народныя вучылішчы. Пры царкоўных прыходах існавалі пачатковыя прыходскія адна- і двухкласныя школы дарэформеннага тыпу, а таксама двух-, трох- і чатырохкласныя мужчынскія і жаночыя вучылішчы царкоўнага ведамства.

1906 год. У Ганчарскай школе навучалася толькі 16 вучняў (штосці рэзка зменшылася колькасць вучняў ( В.К.).

(24KB) Па  ўсёй верагоднасці гэта і ёсць будынак Ганчарскай школы, пабудаваны  ў 1900 годзе.

А ўжо ў 1908 годзе пабудавана другое памяшканне для школы. (Потым на гэтым месцы пабудаваў хату Чаркоўскі). Існавала тады і жаночая царкоўна-прыходская школа да 1915 г. (Яна размяшчалася там, дзе цяпер дом Алены Шут.) Працавалі настаўнікі: Салаўёва, Мохава, Крылова, Ушакова.

У 1914 годзе ў народным вучылішчы настаўнікам працаваў Антон Пятровіч Бяганскі.

У вёсцы Фалькавічы Лідскага павета Ганчарскай воласці пастаноўка справы народнай адукацыі з большага задавальняла сялян: "Ёсць у нас вучылішча Любарскага обчэства. Усе нашы сяляне цешацца і з вучылішча, і з вучыцеля, каторы вельмі добра абходзіцца з дзеткамі. Не саўсім толькі здаволены каталікі тым, што ім прыходзіцца вучыцца па-расейску. Хаця ўсе тут беларусы, але цёмныя людзі хочуць вучыць пацяроў не па-беларуску, а па-польску, бо думаюць, што, як каталік, то ўжо і палякам стаўся".

У вёсцы Дзітрыкі жыў Мулінскі Аляксандр Іванавіч. Сям'я была вялікая, а зямелькі невялікі шматок, ды і той - пясочак і хмызняк. Аляксандр узяў у жонкі працавітую маладую ўдаву Соф'ю Лукашэвіч (муж- аднавясковец Вінцэсь рана памёр, пакінуўшы на гаспадарцы жонку і сіротку Алесю). У іхняй маладой сям'і родзяцца яшчэ чатыры дачушкі і два хлопцы. Паўсядзённая праца на гаспадарцы, дзе кожны з дзяцей меў свой абавязак, і навучанне ў "хатняй школцы" выхавала працалюбавых і здольнах да самастойнага жыцця. У хуткім часе дзяўчаты павыходзілі замуж: Аляксандра 1883 г.н. - у Дроздава за Кудлу Івана Ізыдаравіча, Ганна 1888 г.н. - за Хрышчановіча Юзюка ў Хаданішкі, Марыля ? г.н. - за Ашмяну Аляксандра ў Більтаўцы, Надзя 1899 г.н. - за Буйніцкага Рыгора, і самая малодшая Юлька 1906 г.н. - за Германовіча Кандрата ў Ганчары. Усе яны дружна жылі, на святы заўсёды збіраліся ўсёй вялікай кампаніяй, па-сваякоўску дапамагалі сем'ямі, асабліва, калі дзеці пайшлі вучыцца далей. На бацькавай гаспадарцы застаўся Аляксандр, 1904 г.н., ажаніўшыся з Панковіч Аляксандрай.

Старэйшы сын Іван 1895 г.н. з дзяцінства цікавіўся навукай, кнігамі, і бацькі здолелі адправіць яго ў Ганчарскую школу, дзе хлопец праявіў добрыя здольнасці да вучобы. Дзявятнадцацігадовым юнаком у 1914 годзе быў прызваны ў царскую армію ў кавалерыйскі полк, ваяваў з кайзераўцамі тут, на Віленшчыне. Потым накіраваны пад Маскву на курсы малодшых камандзіраў, а па дарозе заехаў на радзіму і расказваў пра зверствы германцаў. Гэта падштурхнула кінуцца ў бежанцы родзічаў. Разам з ім першымі ў дарогу рушылі родныя бацькі Вані: бабуля Аляксандра, цёця Соня і сястра Вольга. Іван дапамог ім уладкавацца ў сяле Навінкі каля Серпухава. Пасля рэвалюцыі трапіў у дабраахвотніцкую армію Калчака. Як адукаваны, і меўшы выдатны каліграфічны почырк, быў некаторы час пры штабе пісарам. У часы грамадзянскай вайны перайшоў да чырвонаармейцаў, але ў партыю не ўступаў. Так і застаўся ў Сібіры, закончыў нейкія бухгалтарскія курсы. Працаваў на адказных пасадах. Там застала Айчынная вайна, быў у дзейнай арміі. Памятаю, як пасля Перамогі ў вайсковай форме быў у Дроздаве ў гасцях у сястры Алесі. Мы, дзеці, распальвалі самавар, раздуваючы вуголле халявай бота. Разам з маім бацькам прыгожа спяваў: "На позицию девушка провожала бойца…". Абаснаваўся ў Краснаярску, быў галоўным бухгалтарам Сібірскага леспрамгаса. У сям'і быў прыёмны сын. Некалькі разоў наведваў родныя Дзітрыкі і гасціў падоўгу ў сваіх родных.

З успамінаў Германовіч (Пільчук) Аляксандры Кандрацьеўны (з расказаў яе бацькі Германовіча Кандрата Кандратавіча 1895 г.н. - удзельніка грамадзянскай вайны, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі ( В.К.): "Я ведаю, што школа ў Ганчарах была даўным-даўно. У ёй вучыўся і мой бацька, прыкладна ў 1907-1912 гадах. Тады яна называлася "Церковно-приходская двухгодичная школа". Навука вялася на рускай мове. Былі ўрокі рускага чытання, граматыкі, матэматыкі, а таксама ўрокі рэлігіі, якія праводзіў бацюшка Ганчарскай царквы.

Бацька расказваў, што перад Першай сусветнай вайной нейкі час у Ганчарскай школе і ў вёсцы Вялікія Канюшаны працаваў настаўнікам Рыгор Шырма. І, ужо будучы кіраўніком народнага хору, у 40-ым годзе прыехаў з канцэртам. Я сама бачыла, як Рыгор Шырма падышоў да бацькі, прывіталіся, і нейкі час яны размаўлялі, як старыя знаёмыя".

Па дадзеных аўтабіяграфіі Рыгор Шырма нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Шакуны на Пружаншчыне. У 1910 годе закончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы ў Свянцянах і працаваў настаўнікам у Лідскім павеце. Шырма ўжо тады не толькі настаўнічаў, але і ездзіў па вёсках і збіраў беларускія песні, загадкі, прымаўкі, быліны, ствараў школьныя хоры, якія выступалі з канцэртамі ў вёсках.

Пасля Першай сусветнай вайны Шырма застаўся ў Заходняй Беларусі, збіраў і апрацоўваў народныя песні, стварыў беларускі народны ансамбль. Кіраўнік і дырэктар беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танцу (да 1955 года) Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970, памёр 23.05.1978. (В.К.)

Аб тым, што сяляне, нягледзячы на занятасць на гаспадарцы, усё ж наведвалі школкі і набывалі веды, яскрава сведчыць такі факт. Калі германскія войскі наблізіліся да Лідчыны, і ўзнікла пагроза зверстваў, дзядуля парашыў з сям'ёй падацца на ўсход... У жніўні 1915 года паліцэйскі ўраднік Лідскага павета Іваноў даволі падрабязна зрабіў вопіс-пералік маёмасці, яе ацэнку на больш, чым дзесяць тысяч царскіх рублёў - на той час значная сума! Гэты дакумент яскрава сведчыць аб дабрабыце маіх родзічаў. Дакумент падпісалі стараста Ганчарскай воласці Осіп Дычок і пісьменныя аднавяскоўцы: Васіль Кудла, Осіп Шут, Мікалай Кудла, Юрый…

Уласнік маёмасці - мой дзядуля Іван Кудла 1875 года нараджэння падпісаўся даволі каліграфічна… Гэта добрае сведчанне таго, што сяляне вучыліся і прайшлі навуку ў Ганчарскай школе.

З успамінаў Грос Тамары Уладзіміраўны:

"Калі пачалася Першая сусветная вайна, пад уплывам чутак аб зверствах германцаў, старэйшыя вырашылі ўцякаць у Расію. Восенню 1914 года першымі адправіліся прабабуля Аляксандра, цёця Соня - ёй было 23 гады, была яна настаўніцай у Ганчарах, і мая мама Вольга - ёй было 7 год. Абаснаваліся ў сяле Навінкі каля Серпухава. Тут цёцю Соню прызначылі настаўніцай, а маці вучылася ў мясцовай школе".

Захавалася пасвечанне ад 8 ліпеня 1917 года аб паспяховым заканчэнні курса навучання ў Навінкаўскай царкоўна-прыходской школе(В.К.)

Прыйшлі немцы. Тут, на акупаваных землях, была арганізавана акруга Обер-Ост. Лідскі павет для болыш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радуньскі, Васілішкаўскі і Шчучынскі.

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр'еўскай вуліцы, дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.

На пачатку сакавіка 1916 года газета "Гоман" паведаміла, што нямецкі галоўнакамандуючы Усходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю беларускіх школ на акупаваных землях. Сярод іншага ў дакуменце гаворыцца: "Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ўжытку без ніякіх перашкод". Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучня, значыць, у той мове, у якой бацькі гавораць з дзецямі.

Але найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных ці эвакуяваных у Расію. Аднак беларусы скарысталіся з загаду Гіндэнбурга, і ў лістападзе 1916 года газета паведаміла, што ў Лідзе "для тутэйшых настаўнікаў і настаўніц наладжаны педагагічныя курсы. На іх пакуль што вучыцца 26 душ".

Улады Обер-Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на трохмесячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. У выніку тут прайшлі навучанне 144 настаўнікі беларускіх школ.

У Свіслачы вучылася і моладзь з Лідчыны: "У тутэйшай беларускай вучыцельскай семінарыі навукі ідуць поўным ходам. Работа ідзе ахвоча, бо ўсе курсісты - гэта шчырыя беларусы, сыны беларускай вёскі, з'ехаўшыеся з розных ваколіц. Хаця курс навук толькі трохмесячны, аднак пры акуратна наладжанай рабоце яго праходзяць, як мае быць…" (Лідскі летапісец, № 4 (72).

Паводле часопіса "Лідскі летапісец" № 4 (72), у часы акупацыі нашай мясцовасці кайзераўскімі войскамі з верасня 1915 па люты 1919 года, верагодней за ўсё, навучанне ў Ганчарах было. Немцы дазволілі адкрыць беларускую школу з выкладаннем і мовы нямецкай.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, тут на Лідчыне ўсталёўваецца на кароткі час савецкая ўлада з 5 студзеня 1919 года па 17 красавіка 1919 года. Затым польскія войскі выганяюць саветаў, але і самі пратрымаліся да 17 ліпеня 1920 года,калі расейскія войскі зноў пагналі палякаў, але не надоўга - там пад Варшавай атрымалі паразу, і з 30 верасня 1920 года наш раён - у складзе Польшчы да18 верасня1939 года. Вось якія ператрусы і перасцярогі прыйшлося перажыць нашым землякам у часы савецка-польскай вайны, што пракацілася па паселішчах і насельніцтву Заходняй Беларусі.

Аб цяжкай дорозе і жыццёвых абставінах у бежанцах па успамінах бацькі і па зберажоных дакументах мною падрабязна апісана ў нататках "Экскурс у гісторыю беларускага бежанства ў Першую сусветную вайну", надрукаваных у "Лідскім летапісцы".

Роўна сто год таму, у лютым 1919 года, мае родзічы: дзядуля Іван, яго сястра Соф'я, бабуля Алеся, цёця Вольга і тата Ваня, пазнаўшы гаротнае і трывожнае жыццё ў Расіі і даведаўшыся аб вызваленні Беларусі, сабраліся і рушылі ў дарогу… Пры звальненні 7-га лютага1919 года дзеду выдалі заключны разлік крыху грашыма, а частку сваім палатном сітца-набіўной фабрыкі.

Захавалася цікавае пасведчанне на фірменным бланку з усімі рэквізітамі, напісаннае строгім каліграфічным почыркам з подпісамі кіраўнікоў. (Добры прыклад для цяперашняга справаводства).

Пачаў душыць Расію голад,

вялікі гвалт вакол стаяў.

У гарадах зімою холад

ды пошасць Бог яшчэ паслаў.

І беларус дамоў падаўся,

хто на падводзе, хто пяшком

К мясцінам родным дабіраўся

з адзіным рэчавым мяшком.

Тым больш з'явілася нагода:

дамова Рыжская была.

Па той дамове перашкоды

Масква вяртанню іх зняла.

Старыя людзі гаварылі -

не ўсе вярнуліся дамоў.

Хто сам памёр, каго забілі,

а хто ў Расіі лёс знайшоў.

З успамінаў бацькі:"Калі закончылася вайна, праз два тыдні цягніком у таварных вагонах, напрыканцы зімы, мы ўсёй сям'ёй вяруліся ў родныя мясціны. У Дроздаве - жудасны малюнак: саламяныя стрэхі пабудоў разшматаны. Хата, гумно і хлявы разхлестаны - без дзвярэй і начыння. Не стала ні малатарні, ні сячкарні, ані жорнаў. У старой хаце выламаны вокны. Ні сталоў, ні зэдлікаў, нават агароджу панеслі. Вугал зруба новай хаты быў падняты, а залатнік, які паклалі пад першы "вянок" гэтага зруба, укралі. Вяртаць маёмасць, якую пакінулі і так скрупулёзна апісалі і ацанілі, не было каму… Самаго гаранта - Цара-бацюшку і яго сям'ю знявечылі… А новая ўлада - сама босая...

Пайшлі да Козела Міхаіла, далёкага родзіча (ён не выязджаў у Расію), якому мажліва больш за ўсё перапала з нашай гаспадаркі, а ён даў толькі два вядры бульбы і бохан хлеба.

Крыху дапамаглі сваякі з Хаданішкаў: родныя сёстры мамы: Надзя Буйніцкая і Ганна Хрышчановіч. Яны далі па торбе зерня і трошкі мукі. У аднавяскоўцай выменьвалі расейскае паркалевае палатно на хатнія пажыткі і яду. Мала-памалу сабралі насенне на пасеў. Была вясна. На яду збіралі шчаўе і крапіву. Пасадзілі агародчык. Бульбу садзілі, збіраючы ў аднавяскоўцаў лупіны. Восенню крыху накапалі. Далей - болей. Завялі жыўнасць, кабылку. Зямелька давала добры ўраджай. Бацькі працавалі ад світання да змяркання. Я ўжо станавіўся за плуг, баранаваў, браўся касіць, даглядаў жывёлу, калі-нікалі наведваў школу, стараўся вучыўцца добра."

Тых, хто вярнуўся, тут чакалі

адсутнасць ежы і жытла.

Ды ліцвіны не гаравалі,

да гора звычка ўжо была.

З душэўнай радасцю, імпэтам

упрагліся вёскі аднаўляць.

Зімой студзёнай, палкім летам

ім давялося шчыраваць.

Палі залеглыя ўзаралі,

насення, бульбы не было,

Лупіны іншы раз саджалі,

ды дзякуй Богу ўсё ўзрасло.

Але зноў над нашай гаротнай зямлёй навісла пагроза: то Чырвоная Армія, то Войска Польска,а потым жыццё "за польскім часам".

І можна жыць было б, ды дзе там!

Маскаль нас хутка тут дастаў,

Пад зычны лозунг: "Власть Советам"

дзяржаву зноў акупаваў.

Яны і Польшчу меркавалі

зноў у імперыю загнаць.

Ды толькі зубы абламалі:

пад Менск прыйшлося адступаць.

"Даёшь Варшаву", - верашчалі,

туды, нібы на шпацыр, шлі,

Ды толькі там іх не чакалі:

пагібель тысячы знайшлі.

Антанта ляхам памагала

дзяржаўнасць Польшчы аднавіць.

І шмат чаго ахвяравала,

каб войска польскае стварыць.

Апроч таго, паляк-мужчына

спрадвеку добры быў ваяр.

Вышэй за ўсё яму - Айчына,

за яе волю ён змагар.

Добра памятаю, як летам 20-га года, калі адступалі польскія войскі, у нас на гумнішчы на конных павозках прыпыніліся жаўнеры. Карабіны паставілі ў піраміду, з паходнай кухні раздавалі вайскоўцам ежу. Падпаручнік прайшоўся па вёсцы і, не знайшоўшы вазнічага , загадаў майму бацьку, каб запрог свайго каня ў другую павозку і павёз вайскоўцаў дзесьці пад Шчучын. Пад раніцу бацька вярнуўся дахаты, але без каня. Сказаў, што ваякі хутка ўцякалі на Польшчу…"

Пратакол (пераклад з польскай мовы) 1920 года кастрычніка 26 дня

"Я, ніжэй падпісаны, солтыс вёскі Дроздава Кумпяк Іосіф у прысутнасці сведкаў жыхароў вёскі Дроздава Міхаіла Пазняка, Івана Шута і Міхаіла Махнача напісалі ніжэйшы пратакол аб наступным:

У ліпені месяцы ў час адступлення польскіх войскаў салдатамі 17 дывізіі калоны Г. забраны кабыла з хамутом і аброццю для абозу ў жыхара нашай вёскі Івана Кудлы, які павёз салдат той жа калоны на калёсах жыхара вёскі Супраўшчына Іосіфа Шута. Даехаўшы пад гарадок Васілішкі, названыя салдаты прымусілі іх вярнуцца дамоў. На іх жа конях салдаты паехалі далей і іх не вярнулі да сёняшняга дня. Нявернутая Івана Кудлы кабыла мела наступныя прыметы: чорная, гадоў дзесяць, рост сярэдні. Узятая кабыла каштавала 20.000 марак, у чым і распісваемся:

Солтыс вёскі Дроздава - Кумпяк Іосіф (подпіс).

Сведкі: Міхаіл Махнач(непісьменны),за яго і за сябе распісаўся Міхаіл Пазняк;

Іван Шут (подпіс).

Уласнаручныя подпісы солтыса Кумпяка, сведкаў Махнача, Пазняка і Шута кіраўніцтва гміны Ганчарскай зацвярджае 26 кастрычніка 1920 года.

Пячатка.

Войт гміны: (подпіс) А. Якубоўскі.

В.А.(выканавец абавязкаў) пісар: Кумпяк (подпіс).

Прайшло з паўгода. Ужо ўсталявалася польская улада. Бацька заявіў кіраўніцтву гміны аб тым, як пры адступленні польскія вайскоўцы забралі каня з вупражжу, аб чым засведчылі аднавяскоўцы. З гэтым пратаколам бацьку прышлося пахадзіць да розных лідскіх начальнікаў. І толькі пасля Калядаў выдалі з вайсковай часткі кабыліцу больш - менш здатную запрагаць у сані, але вясною нягодную ў плузе. Прышлося збываць…

Бацька Іван быў працавітым і руплівым гаспадаром, граматна і дасканала вёў палявыя работы, так што палеткі давалі добры ўраджай разнастайнай збажыны, хапала для сям'і і для немалой колькасці свойскай жывёлы. Амаль кожную нядзелю вазіў на рынак у Ліду ці Бяліцу на продаж розныя прадукты. Там жа закупляў неабходныя для гаспадаркі прылады працы, нешта і з прысмакаў… Па дарозе заўжды заязджаў у карчму (на перакыжыванні дарог у Дроздаве) і прыязджаў дахаты ў добрым настроі і з песняй. У вёсцы яго празывалі - "багатыр - Зыдар".

Цяжкія гады бежанства, вайна, беспрасветная праца на гаспадарцы падарвалі здароўе майго бацькі. Прастыўшы, цяжка захварэў, асаблівых лекаў тады не было - так і заснуў на ложку… Яму не было яшчэ і шасцідзесяці год… Як адметнага прыхаджаніна адпявалі ў Ганчарскай царкве і тут жа на пагосце каля царквы пахавалі".

Віктар Кудла: "Па ўспамінах бацькі, ягородная цёця Кудла Соф'я Ізыдараўна нарадзілася ў 1892 годзе ў вёсцы Дроздава, вучылася ў Ганчарскай школе. Закончыла нейкія настаўніцкія курсы, бо да вайны і ў бежанцах у Расіі, і пасля вяртання настаўнічала. (Сярод фотаздымакаў вучаніцы тых гадоў - Козел Анюты (Заека) нядаўна знайшлася фатакартка, дзе настаўніца з вучаніцамі праводзіць заняткі па вышыванні. На левым баку па-польску і не вельмі якасна выведзены подпісы С. Кудла, А. Козел і інш.) Была даволі адукаванай інтэлігенткай, напамяць чытала вершыкі, байкі. Аднавяскоўцы часта звярталіся, каб напісала якуюсьці заяву ці прашэнне. Па ўсёй верагоднасці, яна была першай настаўніцай з нашай мясцовасці, і менавіта гэта паслужыла добрым прыкладам для маладых сваякоў з Хрышчановічаў, Буйніцкіх, Германовічаў і дроздаўской моладзі: Кудлы Анатоля, Козелаў (Міхалюковых) Вані і Марыі вучыцца на настаўнікаў. Прывезла з Расіі некалькі расійскіх кніжак. Сваякам і вяскоўцам давала для чытання, але не ўсе кнігі і ў добрым стане вярталі. Замужам Соф'я Ізыдараўна не была. Яшчэ ў Расіі захварэла на сухоты (туберкулёз). Позняй восенню 1937 года, працуючы на полі пры капанні бульбы, ёй стала дрэнна. Так у баразне і памерла. Было ёй толькі 45 год. Пахавалі на старых Беняўскіх магілках".

На гэты час захаваліся рарытэтныя выданні: "Евангелле" 1899 года на 800 стронках, "Святая земля" 1863 года, А. Бекетава "Беседы о земле и тварях, на ней живущих" 1864 года, "Новое естественное лечение" на 788 старонках. На той час гэта былі дарагія, але вельмі патрэбныя ў вясковым жыцці падручнікі.

Кніга А. Бекетава "Беседы о земле и тварях, на ней живущих" 1864 года падрабязна распавядае аб уладкаванні зямной кары, аб морах, акіянах, азёрах і рэках; аб туманах, воблаках і водах небесных; аб громе, маланцы і ветрах; аб тым, як вымяраецца цяпло, холад і вецер…

У кнізе "Новае натуральнае лячэнне" на 788 старонках дасведчанна і падрабязна тлумачыцца аб органах чалавека, аб захворваннях і метадах лячэння, што і на сёняшні час актуальна. Не дзіва, што кніга значна пацярпела ад чытачоў…

"Евангелле" на 800 старонках 1899 года і "Святая земля" 1863 года ў гады ваінствуючага атэізму былі рэдкай інфармацыяй для насельніцтва.

Кніга "Куль Хлеба и его похождения" С. Максімава 1878 г. у тыя далёкія дарэвалюцыйныя і пасля-рэвалюцыйныя часы была добрым падручнікам для навуковага вядзення сялянскай гаспадаркі.

Віктар Кудла:"Мой бацька Ваня 1908 г.н. у Першую сусветную вайну, будучы ў бежанцах у Ніжагародскай губерні, вучыўся ў рускай школе сяла Стара-Ражджэствена. Калі ўсе разам у 1919 годзе вярнуліся ў родную вёску Дроздава, тут працавала школа граматы, і цёця Соня нейкі час была настаўніцай. А бацька ўзнавіў навучанне з перапынкамі ў часы савецка-польскай вайны і атрымаў не менш як чатырохкласую адукацыю. Ён апавядаў: галоўнае, што патрабавалі настаўнікі, гэта - чытанне, арыфметыка і чыстапісанне, а бацюшка - Закон Божы і царкоўнае песняпенне…"

Але і школу, дзе былі зусім дарэмныя заняткі,

Закончыць цалкам не маглі ўсе хлапчукі або дзяўчаткі.

Галеча многім не давала ў школах веды набываць,

На гэта часу не хапала - на хлеб патрэбна зарабляць…

Вайна, разруха, праца на гаспадарцы не далі магчымасці бацьку многа наведваць школу. Аднак набытыя грунтоўнывя веды сфармавалі даволі шырокі светапогляд: ён быў брыгадзірам, рахункаводам першага ў Дроздаве калгаса "Перамога". Здатна вырабляў сталярскія вырабы - вокны, лаўкі, церніцы. Аднавяскоўцам слаў падлогі, зашываў шчыты, ладзіў адмысловыя ганачкі. Па сваім праекце сам збудаваў са шлакабетону дабротны дом з мансардаю і ваннаю. Знаў па памяць і ў зімовыя вечары распавядаў нам, дзецям, многа казак, вершаў і песняў. Меў прыгожы голас. Заўсёды на хрэсбінах, вяселлі ці ў застоллі выдатна спяваў рускія і беларускія песні… Дарэчы, на шчасце і на памяць пра бацьку, я запісаў на магнітафон песні ў яго выкананні, і пад настрой слухаем усёй сям'ёй.

Сялянскае жыццё і навучанне пры Рэчы Паспалітай (верасень 1920 г. - верасень 1939 г.)

Дарэчы, у Рызе перамовы

без беларусаў правялі,

Пад Польшчу ў выніку дамовы

краіны захад аддалі.

Таму палякі край назвалі

ўжо не Літва, а ushodni kres.

Забыўшы Рыжскую дамову,

яны нас сталі прыгнятаць.

Культуру нашу, гонар, мову

паволі сталі вынішчаць,

І край гаротны наш навала,

як бачна, новая знайшла:

Русіфікацыя прапала -

паланізацыя прыйшла.

Пасля савецка-польскай вайны заняткі ў школе аднавіліся, але на польскай мове, а беларуская мова была забаронена. Называлася школа паўшэхнай. Дзяцей у школу стала хадзіць мала, бо сяляне-беларусы польскім выкладаннем былі не задаволеныя, але нічога не маглі зрабіць. Нават напісаць прашэнне аб адкрыцці школы на роднай мове баяліся. З цягам часу прышлося змірыцца - трэба было дзяцей навучаць грамаце... хоць кольвек…

У сярэдзіне 1933 г. народныя карэспандэнты пісалі:

З Беліцы: "Каля нас беларускай школы не чуваць. Вучаць усюду ў школах беларускіх дзяцей па-польску. Рэлігіі праваслаўных дзяцей вучаць па-расейску, а каталіцкіх - па-польску. Дзеці, кончыўшы польскую школу, застаюцца проста невукамі. Польская школа нашай моладзі не споленізуе. Моладзь ахвотна чытае беларускія кніжкі. Трэба наладзіць саманавучаньне хатняе і даць моладзі адпаведных кніжак. I гэта ў пэўнай ступені заменіць родную школу".

З Сяльца: "У нашай вёсцы, як і ва ўсёй ваколіцы, беларускіх ані польска-беларускіх школ няма. Усе школы толькі польскія. ...Некалькі гадоў таму нашы сяляне дамагаліся беларускай школы - падавалі дэкларацыі, але беларускай школы не адчынілі. Нам, беларусам, трэба дамагацца роднай школы, бо яна неабходная, але трэба і вучыць дзяцей дома. Адна бяда - няма адпаведных падручнікаў".

Дзяржава падтрымлівала развіццё краязнаўства: "Віленскі школьны інспектар даручыў лідскім настаўнікам агульнаадукацыйных школ (і не толькі лідскім) збіраць матэрыял і рыхтаваць да друку манаграфіі пра мясцовасці, дзе знаходзяцца гэтыя школы. Падобна, не гістарычныя манаграфіі, якія рэканструююць агульныя падзеі нашага краю, а менавіта такія працы маглі бы стаць... падмуркамі рэгіяналізму".

"Прад гэткім наступам польскага нацыяналізму не магло развіцца так-жа і бел. школа прыватная. Ды-й трудна вымагаць ад бел. селяніна, каб ён плаціў за дзяржаўную школу падаткі і адначасна - на школы прыватныя. Зрабіць гэта ён не ў сілах. А дзе і на гэта здабываўся, там спыняў яго асьветныя імкненьні той жа польскі нацыяналізм. Словам, зусім няружова на беларускім школьным фронце.

Нягледзячы аднак на гэта, беларускі народ і беларускае грамадзянства павінны стойка бараніцца і не павінны падаць духам. Мы мусім жыць і будзем жыць. Калі не даецца нам родная, належная нам, школа і нішчацца астаткі гэтай школы - дык мы павінны ўзяцца за роднае навучаньне пазашкольнае, хатняе. Беларускі лемантар, кніжка беларуская павінны замяніць вам школу і вывесьці народ ва шлях волі і долі. Гэтак было і з іншымі народамі..."

З нашай мясцовасці ў 1928 годзе маладыя і здольныя да вучобы вясковыя хлопцы, якія ўжо прайшлі курс навучання ў Дзітрыкаўскай, а хтосьці ў Ганчарскай школах: Хрышчановіч Ваня з Хаданішкаў, Буйніцкі Косця з Дзітрыкаў, Заека Валодзя з Бенявіч, Папковіч Базыль (Васіль) са Жвіркоў, Харкевіч Саша з Ганчароў і Стоцька Ваня - паступілі ў Шчучынскую Дзяржаўную настаўніцкую семінарыю.

Выдатная якасць фатакарткі дае падставу многім пазнаць сваіх родзічаў. Крайні справа - Папковіч Базыль.

Нарадзіўся Васіль Канстанцінавіч 28 жніўня 1908 года на хутары Жвіркі Ганчарскай воласці ў сям'і Папковіча Канстанціна Адамавіча (1875-1939) і Касарэўскай (дзявочае прозвішча) Марыі. Хутар размясціўся блізка ад скрыжавання дарог з Ліды на Наваградак і на Беліцу, а за паўвярсты працякала рэчка Дзітва, дзе дзятвара праводзіла нешматлікія вольныя часіны. Там працаваў млын Лупельніца - гул ад турбін і жорнаў разносіўся на наваколле. Зямля неўрадлівая - пясочак і жвірочак (што дало назву хутару) вакол ядлоўцы і хмызнякі. Бацькі многа працавалі, да працы прывучылі і дзяцей. Жылі не багата - душылі падаткамі, прыгняталі праваслаўных беларусаў, каб пераходзілі на каталіцкую веру.

А кожны, хто супроць улады

ну хоць бы "зяпу" раскрываў,

Не быў жыццю свайму ўжо рады,

бо ў дыфензіву пападаў…

З успамінаў дачкі Ірыны: " Дзядуля Канстанцін быў на той час чалавек граматны, умеў пісаць, многа чытаў, перадаў цягу да навукі сыну Васілю і дачцэ Марыі.

Першапачатковую адукацыю Васіль атрымаў у Ганчарскай школе. Вучыўся вельмі добра, быў здольны хлопчык. За выдатную вучобу быў пераведзены з 1 класа адразу ў 3-ці, а праз год - у 5-ы. Гэта трошкі адбілася ў далейшым на поспехах у матэматыцы (са слоў Васіля). Сям'я была веруючая, бацькі былі не супраць, і Васіль адразу меў намер пайсці вучыцца на святара - бацюшку".

Сем класаў у школе існавала,

і той, хто змог усё прайсці

І палічыў, што гэта мала -

мог у гімназію пайсці.

Але магчымасць і жаданне

не вельмі хочуць сябраваць -

Не кожны мог за навучанне

за месяц сорак злотых даць.

А многа гэта або мала?

тут трэба з чымсьці параўнаць,

Карова столькі ж каштавала -

ды дзе ж скаціны той набраць.

Але яму падабалася навука, і ўжо ў 20-ці гадовым узросце паступіў у Дзяржаўную настаўніцкую мужчынскую семінарыю ў Шчучыне Наваградскага ваяводства.

Сям'я жыла беднавата, і восем! год вучобы хлопцу цяжкавата было пражыць. Са Шчучына ён прыходзіў дадому, дапамагаў па гаспадарцы і (як ён расказваў) яшчэ да раніцы клаў у торбу кавалак сала, чаравікі і пехатой дабіраўся назад да вучобы ў Шчучын. А калі памёр яго бацька (19.08.1939 г.), тут ужо зусім цяжка стала. Маці засталася адна з сынам і дачкою, і ўсе цягаты ляглі на плечы Васіля. Праўда, дапамагаў яе брат - Касарэўскі Антон, які жыў у Ганчарах, але ў яго была свая вялікая сям'я.

Там восем! гадоў заўзята набываў веды і ў 1936 годзе "пасля здачы дыпломнага іспыту з першага разу" атрымаў дыплом на настаўніка пачатковых школ з добрымі адзнакамі па наступных прадметах (з копіі дыплома Папковіча В.К.): "Рэлігія, польская мова, беларуская мова, французская мова, гісторыя, навука аб сучаснай Польшчы, геаграфія, матэматыка, фізіка з хіміяй і мінералогіяй, біялогія (батаніка, заологія і анатомія з фізіялогіяй), гігіена, музыка (спевы і ігра на скрыпцы), фізічныя практыкаванні, маляванне, сялянская праца, педагогіка, псіхалогія, навука аб дзецях, гісторыя педагогікі, педагагічная практыка".

Пералік прадметаў, што выкладалі ў той час у настаўніцкай семінарыі, дае падставу меркаваць аб добрай падрыхтоўцы будучых настаўнікаў, што ў далейшай настаўніцкай працы і спраўдзілася.

Дзе працаваў адразу пасля вучобы два гады, дакладна невядома.

Але згодна з захаваўшымся дагаворам аб прыёме на працу - Папковіч Базыль (Васіль) працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Паставах з 1-ага верасня 1938 да 31 жніўня 1939 года. Тут сустрэў "першых саветаў". Прышлося перавучвацца на расейскую мову.

Такім настырным быў мой тата.

Разумным, сціплым, добрым быў,

Ён ад прыроды меў багата,

але ж у беднасці пражыў.

Ён у семінарыі вучыўся,

бо быў з маленства беднатой,

І шмат чаму там навучыўся

за кошт дзяржавы польскай той.

Быў малады - іграў на скрыпцы, спяваў і танчыў.

Рупліва шчыраваў на гаспадарцы:

разводзіў ён трусоў і пчол.

Малодшая на 11 год сястра Васіля - Папковіч Марыя Канстанцінаўна нарадзілася 24 снежня 1919 года, трагічна загінула летам 1940 года.

З успамінаў брата Васіля:"Сем год Марыя вучылася ў Ганчарскай школе. Вучылася выдатна. Калі прыехаў у школу інспектар і даў заданне, Марыя выканала так, што правяраючы ёй адной аб'явіў падзяку і паціснуў руку, што ў той час было вельмі важна. Пасля школы паступіла далей у Ліду, дзе прадоўжыла вучыцца на выдатна. Вельмі прыгожа малявала, малюнкі былі на выставах у школе, педвучылішчы, царкве. Вышывала, і цяпер стол у бацькоўскай хаце накрыты цудоўным вышытым абрусам, з воўны рабіла пруткамі свэтры, шкарпэткі. Марыла стаць настаўніцай і мастачкай".

Іншая фатакартка зроблена напэўна ў часы вучобы ў Лідзе. Надпіс на адвароце фатакарткі на польскай мове: "1935 год. Міцюкевіч Аляксандр (27 год), Папковіч Марыя (16 год), Казак Міхаіл (24 гады). Памяць за ўзнагароду - 2-ое месца з конкурсу чытання кніжкі пад назвай "Людзі ?…бердані?…"

Тут многа інфармацыі для роздуму: дзе праходзіў конкурс? Чаму вялікая розніца ва ўзросце ўдзельнікаў конкурсу? У якой установе вучыліся?

Даведка з кнігі "Памяць": "Казак Міхаіл Аляксандравіч, 1911 г.н. Працаваў на гаспадарцы. Прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў маі 1941 г. Радавы 222 ап азепб. Прапаў без вестак у верасні 1944 г."

Успамінае Міцюкевіч Уладзімір Аляксандравіч (1937 г.н.):"Мае бацькі, бацька - Аляксандр Юльянавіч (1908 г.н.), маці - Зінаіда Сцяпанаўна Козел з Бенявіч (1914 г.н.). Па расказе бацькі, нашы продкі з даўніх часоў жылі ў Ганчарах, былі даволі заможнымі гаспадарамі, валодалі добрым абшарам зямлі. Дзед Юльян, закончыўшы першапачатковую навуку ў школе і яшчэ дзесьці, займеў паштовую карэту і менавіта выконваў функцыю фурмана пры паштовай станцыі Лупельніца. У Першую Сусветную былі ў бежанцах дзесьці ў глыбіні Расіі. Дзед Юльян, маючы добрую адукацыю, там працаваў у канторы пісарам, там жа і памёр. А калі бабуля Алена Людвікаўна з трыма дзеткамі вярнуліся ў вёску - тут ад гаспадаркі нічога не засталося - усё прапала. Гаротнічалі на 3-х гектарах...

Калі вярнуліся з выгнання з братамі бацька мой у сяло, у іх было на харчаванне крупаў ячменных тры кіло. Бацька Аляксандр быў здатны да вучобы, за "польскім часам" закончыў 7 класаў Ганчарскай школы. На фатакартцы ён разам з Папковіч Марыяй і Казаком Мішам, як пераможцы ў конкурсе чытання. Меў перспектыву стаць настаўнікам.

За польскім часам, нягледзячы на забарону, да аднавяскоўцаў даходзілі весткі пра доброе жыццё ў Расіі, наслухаўся і бацька…"

Дзякевіч Любовь Іосіфаўна - выпускніца 1937 года:"Дакладна не памятаю, у якім годзе была пабудавана школа, але мой бацька 1888 года нараджэння вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе. Верагодней за ўсё, школа працавала на рускай мове, і дакладна памятаю, што вершы ён чытаў нам на рускай мове. Два разы на тыдзень былі ўрокі рэлігіі. Вёў іх бацюшка Ганчарскай царквы.

Аб Ганчарскай школе засталіся вельмі добрыя ўспаміны. Дырэктар школы Матушэўскі клапаціўся, каб усе жадаючыя маглі вучыцца. Абавязковага навучання не было. Пры школе была добрая фізкультурная пляцоўка, дзе вучні праводзілі не толькі ўрокі фізкультуры, але і перапынкі. Уладкоўваліся спартыўныя спаборніцтвы, арганізоўваліся экскурсіі ў Вільню, Варшаву. Вельмі цікава праводзіліся Навагоднія і Калядныя святы. Акрамя асноўнага школьнага будынка быў дом у вёсцы, дзе займаліся старэйшыя класы. Напаўняльнасць класаў была розная, таму практыкавалася сумеснае навучанне 2-х класаў - так у 1937 годзе сумесна навучаліся сёмы клас (4 чалавекі) з шостым класам".

Фотаздымак захавала Галіна Стасевіч, якая скончыла 7 класаў Ганчарскай школы ў 1937 годзе. Школа давала добрыя веды, што дапамагло ёй паступіць у Купецкую гімназію ў горадзе Ліда.

Апошні час Галіна пражывала ў горадзе Беластоку. Па яе дадзеных на фота: у цэнтры - злева настаўнік Катанскі?, правей ад яго - дырэктар школы Матушэўскі Юзаф. У трэцім шэрагу справа ад дзяўчынак у светлых сукенках - Люба Дзякевіч, Вераніка Стасевіч, Зоя Шут, Галіна Стасевіч. (Нажаль болей прозвішчаў навучэнцаў Стасевіч Галіна не ўспомніла)…А вось Чылек Ганна захавала такую ж фотакартку. Яна ў трэцім радзе - другая справа… тут дзесьці і аднакласнікі Міколы Дзікевіча, і вучні, што ездзілі на экскурсію ў Вільню.

Найбольш поўна і дэталёва распавёў аб навучанні за "польскім часам" у кнізе "Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі" Мікола Дзікевіч, былы навучэнец, які нарадзіўся 20 верасня 1924 года ў вёсцы Дзітрыкі.

"У нашай вёсцы Дзітрыкі перад Першай Сусветнай вайной была пабудавана драўляная школа з двума класнымі пакоямі і вялікім калідорам. Там жа месцілася і кватэра для настаўнікаў.

Адзін з настаўнікаў (іх было двое) выконваў абавязкі дырэктара. У школу дзеці хадзілі не толькі з Дзітрыкаў, але і з суседніх вёсак: Жамойдзяў, Баравічаў, Жучкоў.

Значная колькасць вучняў школу наведвала дрэнна. Восенню трэба дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Зімой не было ў што апрануцца. Вясной разліваліся раўчукі, дарогі рабіліся дрэнныя, дабрацца да школы не было як. Асабліва гэта тычылася дзяўчат. Бацькі меркавалі так: літары ведае, чытаць і лічыць да ста можа - ну і хопіць, каля печы вялікая грамата не патрэбна, няхай прадзе, тчэ і збірае пасаг.

Мая мама чытаць не ўмела, замест подпісу ставіла тры крыжыкі. Пазней мы з братам Ціханам і Санем навучылі яе распісвацца першымі чатырма-пяццю "польскімі" літарамі свайго прозвішча.

Дзітрыкаўская школа была школай першай ступені: вучэбная праграма ў ёй была разлічана на сем гадоў, аднак лічылася, што вучань скончыў чатыры классы. У адрозненне ад яе школа ў Ганчарах была школай другой ступені - шэсць класаў за сем год, у Бярозаўцы - трэцяй. Там сем класаў за сем год.

У школу дзеці ішлі ў сем-восем гадоў. Я пайшоў у школу ў 1932 годзе.

Навучальны год пачынаўся 1 верасня і заканчваўся 20 чэрвеня. Зімовыя канікулы доўжыліся з 24 снежня па 10 студзеня, а вясновыя прыпадалі на Вялікдзень і працягваліся 10 дзён. Вучэбны працэс падзяляўся на два паўгоддзі. Экзаменаў не праводзілі: у выпускных класах - чацвёртым і сёмым - адзнакі за пройдзеныя вучэбныя курсы вызначаліся па сукупнасці гадавых адзнак.

Урокі пачыналіся ў дзевяць гадзін. У пачатку першага ўрока ўсе вучні ўставалі і хорам чыталі па-польску малітву з пажаданнямі спорнай вучобы, поспехаў і паслухмянасці.

Да настаўнікаў мы звярталіся са словамі: "Prosze Pana (Pania)." Памятаю толькі іх прозвішчы: пан Цало - настаўнік у трэцім і чацвёртым класах, пані Пісовічава - дырэктар школы. Іхніх імёнаў, напэўна, я і тады не ведаў. Яшчэ засталася ў памяці вельмі пяшчотная, уважлівая і сімпатычная "пані" - наша настаўніца ў першым і другім класах.

Парушэнне дысцыпліны цягнула за сабой пакаранне. Ужо згаданы пан Цало трымаў на печцы бярозавыя дубчыкі, якімі мог, смеючыся, нібы гуляючы, пацягнуць па мяккім месцы. "Давай лапу", - такой была прэлюдыя да самага распаўсюджанага пакарання, калі лінейкай білі па далоні. Грашыў гэтым бацюшка, які выкладаў Закон Божы і раз у два тыдні прыязджаў у нашу школу з Беліцы. Атрымаў і я аднойчы некалькі "арэхавых палак" ад мамы за тое, што ўцёк з сябрамі з урока Закона Божага. І ўсё гэта - з-за незразумелага, а таму і не вывучанага трапара.

У школу апраналіся, хто ў што мог: у новыя кажушкі, у кажушкі ад старэйшага брата ці сястры, у паўкажушкі на аўчыне або ваце… Адзенне, купленнае ў краме, адзявалі рэдка. Абувалі трэпы - абутак з драўлянымі падэшвамі і верхам, змайстраваны са старых чаравікаў. Восенню і вясной многія хадзілі босыя. Сшыткі, падручнікі і дапаможнікі насілі ў торбах, зробленых з палатна, на доўгім пасе цераз плячо. Пазней, калі ў Сяльцы пабудавалі фанерны завод і гэты матэрыял паступіў у продаж, з яго пачалі вырабляць сумкі з ручкамі. Хто хадзіў здалёк - насіў за плячамі сумку, падобную да сучаснага ранца.

У класах была ідэальная чысціня, падлогу націралі масцікай. Яна была непафарбаваная і мела натуральны жоўты колер. Вучні заўсёды старанна выціралі трэпы: заходзіць у клас у брудным абутку лічылася вельмі дрэнна. Сцены бялілі, на іх нічога не вешалі, калі не лічыць класнай дошкі, крыжа і польскага герба - аднагаловага арла. На ўрок настаўнік прыносіў толькі неабходныя пры вывучэнні дадзенай тэмы дапаможнікі. Патрэбную табліцу пры дапамозе зашчэпак вешалі на дрот, нацягнуты ўпоперак класа перад дошкай. Падчас тлумачэння новага матэрыялу настаўнік указкай перацягваў табліцу на сярэдзіну класа, дзе яна вісела да наступнага ўрока.

Падручнікі былі дарагія. Цана іх даходзіла да двух злотых - кошт пуда жыта. Карысталіся імі на працягу 8-10 гадоў па чарзе, нярэдка сумесна. Частку кніг выдавала школа.

У двух школьных пакоях сядзелі вучні чатырох класаў, па два ў кожным: першы і трэці, другі і чацвёрты. Настаўнік вёў заняткі адначасова ў двух класах, выкладаючы і больш просты, і больш складаны матэрыял.

Абедаў у школе не давалі. Дзеці бралі з сабой параны боб або гарох і лусту хлеба. У адных хлеб быў паліты ільняным алеем, у другіх - пасыпаны соллю, у трэціх - накрыты шматком сала ці кавалачкам каўбасы. Памятаю, толькі адзін раз, на навагодняй ёлцы, нас пачаставалі шклянкай гарбаты з цукеркамі.

Дарэчы, ёлка была ўпрыгожана даволі бедна: большасць цацак мы зрабілі на ўроках працы ўласнымі рукамі. У канцы свята загараліся бенгальскія агні.

У вучэбным працэсе значнае месца займалі тэматычныя экскурсіі. Настаўнікі часта вадзілі нас у поле з мэтай вывучэння флоры і фаўны з натуры. Падчас экскурсіі арганізоўвалі фізічныя гульні. У памяці засталіся паходы ў Бярозаўку, дзе мы пабывалі на гуце, азнаёміліся, як вараць шкло. У Сяльцы наведалі фанерны і лесапільны заводы і млын. Зайшлі таксама на чыгуначны вакзал і пагулялі па беразе Нёмана, дзе ўбачылі дзоты і байдарачную станцыю.

Усе заняткі вяліся на польскай мове. Толькі бацюшка, які выкладаў Закон Божы, (адзін раз у два тыдні па дзве гадзіны) гаварыў на беларуска-царкоўна-руска-польскай мове, падобнай на цяперашнюю "трасянку". А вось ксёндз размаўляў з дзецьмі католікаў выключна па-польску. На ўроках фізкультуры, працы і малявання мы размаўлялі паміж сабой на беларускай мове. Настаўнікі гэта заўважалі і гаварыць па-беларуску забаранялі, але не вельмі настойліва, і мы гэта адчувалі. Нарэшце, нельга не адзначыць, што на ўсіх без выключэння ўроках мы звярталіся адно да аднаго на беларускай мове (зразумела, не прыцягваючы да сябе ўвагі).

Урокі фізкультуры праводзіліся восенню і вясною на спартыўнай пляцоўцы, а зімой - у школьным калідоры. Восенню і вясной гэта былі гульні з мячом і іншымі прадметамі, а таксама элементы лёгкай атлетыкі, зімой - у большасці выпадкаў - рухомыя гульні. А вось лыжаў школа не мела. На ўсю вёску іх было некалькі, прычым, самаробных.

Пазней пайшоў у Ганчарскаую школу, дзе настаўнік Маліноўскі Іпаліт вёў урокі працы. На канікулах вучні мусілі па графіку даглядаць школьны агарод. Тут я пазнаёміўся з апрацоўкай і доглядам памідораў. Раслі яны здаровымі да кастрычніка - фітафтора іх не з'ядала. У верасні, прыйшоўшы ў школу, мы атрымлівалі па некалькі памідораў. Елі з хлебам, пасыпанным соллю.

Можна сказаць, што школа на той час была цэнтрам культурнага жыцця. Пры школе стварылі гурток вясковай моладзі. Летам дзейнасць яго спынялася, а позна восенню адначасова з пачаткам вучобы вечарамі ў школе аднаўлялася. Не помню, каб браты, прыйшоўшы са школы, гаварылі пра палітыку. Гамонка ішла пра прадстаўленні. Гэта была асноўная работа маладзёжнага гуртка. У самым вялікім класным пакоі змайстравалі пераносную сцэну. За невялікія грошы мы, дзеці, хадзілі на прадстаўленні. З суседніх вёсак прыходзілі дарослыя мужчыны. Класны пакой быў заўсёды поўны, збіралася больш за сто чалавек. У вялікім калідоры загадчыца дазваляла ладзіць вечарыны з музыкамі, прысвечаныя польскім дзяржаўным святам. Іншыя вечарыны ладзілі ў гаспадароў, у якіх падлога была драўляная. На вечарыны прыходзіла моладзь з суседніх вёсак.

Кнігі па польскай літататуры выдавалі ў школе старэйшым вучням і тым сялянам, каго яны цікавілі. Кніжны фонд быў небагаты, ды й з падручнікамі і кнігамі здараліся цікавыя гісторыі. Прычына ў курцах. Яны адрывалі кавалачкі паперы з апошніх, а затым першых лістоў падручнікаў і кніг на папяросы. Газет не было, а папера з кніг была глянцавая і для папярос была не прыдатная, аднак за канікулы падручнік знікаў. Знікалі і спісаныя сшыткі.

Скончыўшы 5 класаў, я пачаў чытаць беларускія кніжкі. Адна з першых - "Сымон-музыка" Якуба Ко-ласа. Чытаў таксама рускія кніжкі, надрукаваныя да Першай Сусветнай вайны.

Вясной і восенню ў школу прыязджаў з Беліцы доктар і правяраў здароўе вучняў. У многіх была трахома. Даводзілася ў вызначаны дзень ехаць у Беліцу, дзе лячылі вочы. Доктар выпісваў лекі, але яны былі дарагія, не ўсе іх куплялі.

Рабіў я намаганні ў чытанні Бібліі, але змест яе на царкоўнаправаслаўнай мове не вельмі разумеў. Затое баптысты ў той час не шкадавалі літаратуры і разносілі па хатах біблейскія каноны і законы на польскай мове. Чытаць чыталі, бо было зразумела, але ніхто не перайшоў у іх веру.

Святамі са святаў лічыліся Каляды і Вялікдзень. Рыхтаваліся да іх асабліва грунтоўна. На Каляды дзеці мелі магчымасць паесці свежаніны, пакатацца ў марозныя дні на санках і каньках. Да вайны многія ладзілі ёлкі. Выглядалі яны бедна, бо цацкі дзеці рабілі самі. Штуршком да гэтага была школьная ёлка. На ёй віселі куплёныя цацкі і лепшыя з тых, што былі зроблены вучнямі на ўроках працы. Васковыя свечкі ў спецыяльных зацісках гарэлі пад асаблівым наглядам школьнай вартаўніцы. У руках яна трымала мяккі венік, а побач стаяла вядро з вадой. Перад канікуламі ў школе ставілася дзіцячая п'еса.

Калі на канікулы прыязджаў з настаўніцкай семінарыі Косця Буйніцкі, то на святы і ў буднія дні вучыў нас гуляць у валейбол. Гульня была новая, у нашай вёсцы невядомая. Гулялі прымітыўна, без змены месцаў: на падачу, у пас, на нападзенне. Спачатку гулялі на школьным двары, але мяч часцяком залятаў на настаўніцкі агарод. Тады хлопцы абсталявалі пляцоўку на выгане. Мы, меншыя, радаваліся, калі бралі ў рукі сапраўдны валейбольны мяч, трымалі і падкідвалі яго. Хлопцы крычалі, каб хутчэй падавалі яго. Гэта не заўсёды атрымлівалася, і мы адчувалі абурэнне на нашу нязграбнасць. Вельмі задаволеныя нашы хлопцы вярнуліся з Агароднікаў, дзе выйгралі ў мясцовай каманды. Тыя гулялі ў Гуце і атрымлівалі перамогі. А як выглядалі нашы хлопцы - смех, дый годзе! Хто ў касцюме, хто ў шапцы, хто ў чаравіках, а хто і босы… Дабіраліся возам, двое - на раварах.

Падчас вучобы ў Ганчарскай школе я навучыўся добра гуляць у валейбол і ў "Два капітаны". Валейбол стаў маёй любімай гульнёй на ўсё жыццё.

Памятаю, у 1937 ці 1938 годзе бацюшка спрабаваў выкладаць Закон Божы на польскай мове. Яму так загадалі. Аднак нічога з гэтага не атрымалася, бо ўсе мы дружна гаварылі "па-простаму", што значыць - па-беларуску. Тады бацюшку прымусілі маліцца 11 лістапада - у Дзень Незалежнасці Польшчы. У школе перад наведваннем царквы нам, праваслаўным, коратка растлумачылі мэту паходу ў яе. Калонай накіраваліся ў храм. З сялян там нікога не было, толькі дзяк. Мы паводзілі сябе не лепшым чынам, а бацюшка маліўся, не звяртаючы на нас увагі і нічога не гаворачы пра Дзень Незалежнасці.

З 21 па 24 траўня 1938 года сумесна з вучнямі Канюшанскай школы ездзілі ў Вільню. У групе было 37 вучняў. У адзін бок ехалі чатыры з паловай гадзіны. У Вільні нашымі экскурсаводамі былі дзве гімназісткі, якія правялі агульную экскурсію па горадзе. Мы наведалі цырк, банк, дзе захоўваліся злотыя і золата, могілкі польскіх салдат з Першай Сусветнай вайны, касцёлы і цэрквы, падняліся на Замкавую гару, палюбаваліся суседняй гарой Трох Крыжоў. Потым плылі на параходзе да Кальварыі і там пешшу вандравалі па святых месцах. Вярнуліся дадому на чацвёрты дзень.

Вясной 1939 года наведалі Ліду. Паехалі аўтобусам раніцай, а вярнуліся вечарам. У Лідзе нам у першую чаргу паказалі дом (цяпер яго няма) на сучаснай вуліцы Чапаева, дзе пад час вайны жыў Юзаф Пілсудскі. Таксама наведалі фабрыку "Ардаль" і "Карону", цвіковы завод, Фарны касцёл, замак і школу каля замка. Пачулі легенду пра дзве сасны, што раслі паміж школай і мурам замка. У школе нам паказалі класныя пакоі, расказалі пра школьнае жыццё, поспехі вучняў. А яшчэ мы ўбачылі штабелі шкляных бутэлек, якія вучні збіралі і здавалі на піўзаводы, а за грошы куплялі дапаможнікі ў школу.

У нашай Ганчарскай школе асаблівым быў дзень 19 сакавіка, калі ніхто не хацеў заставацца дома. Справа ў тым, што наш дырэктар зваўся Юзафам, акурат у гэты дзень у яго былі імяніны. Мы кожны год яго віншавалі, а ён прыносіў у школу папяровы мяшок цукерак, якіх хапала на ўсіх вучняў. Настаўнікі ў гэты дзень былі добрымі, не каралі нас, не апытвалі - сапраўднае свята!

19 сакавіка было адметным яшчэ і тым, што ў гэты дзень былі імяніны Юзафа Пілсудскага. Нас, праваслаўных, пасля ранішніка вялі ў царкву на службу ў памяць аб маршалку.

Пад час вучобы ў Ганчарскай школе я пачаў цікавіцца палітыкай. Стаў уважліва прыслухоўвацца за размоў старэйшых, пачуў ад іх разнастайныя меркаванні пра жыццё і дзейнасць улад у Савецкім Саюзе. Рознымі шляхамі прыходзілі да людзей чуткі пра жыццё ў СССР. Адны ўпотай слухалі "весткі з усходу" праз дытэктарныя прыёмнікі, іншыя даведваліся пра яго ад членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) і яе агітатараў, з падпольнай літаратуры або польскіх газет. (Не помню, аднак, каб хтосьці ў вёсцы іх выпісваў).

Нагадаю, як у 1937 ці 1938 годзе мяне папрасілі прачытаць у польскай газеце пра расстраляных савецкіх вайсковых начальнікаў. На першай старонцы газеты былі змешчаны іх фотаграфіі - дзесьці чалавек пяцьдзесят. Сумнае ўражанне зрабіла на сялян тая вестка. Ці ўсё так добра ў нашых вольных суседзяў?

Тым не менш, у школьных падручніках па геаграфіі, надрукаваных у першай палове 30-х гадоў, хоць і вельмі сціпла, але расказвалася пра жыццё ў СССР: як арганізавалі калгасы, як супольна працуюць, як аруць трактарамі і збіраюць ураджай камбайнамі.

У школе не было нейкага асаблівага патрыятычнага выхавання. Аднак, калі пры раздзеле Чэхаславакіі Польшча атрымала кавалак чэшскай зямлі, радасць ад гэтага тэрытарыяльнага здабытку адчувалася і ў школе: настаўнікі некаторы час гаварылі пра гэта на ўроках. Любілі паўтараць: "не аддамо ні гузіка" - на манер савецкага "ні пядзі зямлі". Чым гэта скончылася ў 1939 годзе, вядома.

У той час, калі я наведваў Ганчарскую школу, зімы былі снежныя. Пакуль не пратопчуць сцежкі, мне прыходзілася начаваць у далёкіх сваякоў - Дзікевіча, Будзевіча, Гука і Даўлюда. Дзядзька Сцяпан Даўлюд быў вельмі цікавым чалавекам, добрым расказчыкам з доляй гумару. Слухаць яго было адно задавальненне. Пад час вайны ў 1939 годзе ён трапіў у палон разам з Янкам Брылём. Яны пасябравалі. Пасля вайны Янка, які пазней стаў славутым пісьменнікам, нават гасцяваў у дзядзькі Сцяпана.

Калі я скончыў Ганчарскую сямігадовую школу, паўстала пытанне пра мой дальнейшы лёс. Каб старэйшым братам вальней было на зямлі, мама вырашыла паслаць мяне на вучобу. Спыніліся на Лідскай гандлёвай гімназіі: блізка ад вёскі, і ёсць магчымасць вучыцца бясплатна".

Германовіч Аляксандра: "Я пачала хадзіць у школу ў 1937 годзе. Вучоба нам, вучням, давалася цяжка, бо мы не разумелі польскай мовы. Калі вучні пачыналі гаварыць па-беларуску, настаўніца, да якой мы павінны былі звяртацца: "Проша пані", крычала: "Размаўляць толькі па-польску!" Вучні сціхалі, сядзелі ціха, баяліся, каб настаўніца не вызвала адказваць урок".

Дзякевіч Марыя Іосіфаўна:"У першы клас Ганчарскай школы я пайшла ў 1938 годзе. Гэта быў драўляны будынак насупраць Ганчарскай царквы. У ім былі 2 класныя пакоі, настаўніцкая і кватэра для настаўніка.

У гэтым будынку вучыліся толькі пачатковыя класы, а 5, 6, 7 класы займаліся ў другім памяшканні. З усіх вёсак хадзілі дзеці пяшком. Толькі ў зімовыя дзянькі, калі былі заносы і не відаць дарогі, бацькі па чарзе падвозілі ў санках, бо былі свае коні.

Заняткі вяліся на польскай мове, а дзеці з навакольных вёсак гаварылі па-беларуску. Вось і вучыла нас "пані навучыцелька" Пякелка Вольга пісаць і размаўляць на польскай мове. Вось першы вяршык, які павінен быў знаць кожны вучань:

Kto ty jestes? - Polak maly.

Jaki znak twoj? - Orzel bialy.

Gdzie ty mieszkasz? - Miedzy swemi.

W jakim kraju? - W polskiej ziemi.

Czym ta ziemia? - Ma ojczyzna.

Czym zdobyta? - Krwia i blizna.

Czy ja kochasz? - Kocham szczerze.

A w co wierzysz? - W Polske wierze.

Cos ty dla niej? - Wdzieczne dziecie.

Cos jej winien? - Oddac zycie.

Першы клас скончыла на выдатна. Прыйшлі летнія вясёлыя канікулы 1939 года, а затым і вялікія перамены - "першыя Саветы".

Жыццё і навучанне пры "першых саветах"-верасень1939 - чэрвень 1941 гг.

Падзея, калі ў склад Савецкага Саюза ўключылі Заходнюю Беларусь, для беларускай гісторыі настолькі важная, наколькі і неадназначная, што выклікае дыскусіі не толькі сярод гісторыкаў, але і сярод тых, хто жыў пры "панскай Польшчы". Сабраныя ў гэтым аповедзе ўспаміны відавочцаў тых падзей даюць магчымасць больш ясна ўявіць той перыяд жыцця пры "першых саветах", чым падавалася ў савецкіх падручніках па гісторыі, пра што маўчаць цяперашняя ідэялогія і кіраўніцтва…

2019 год, верасень. У Польшчы адзначаюць 80-ці годдзе пачатку Другой сусветнай вайны…

18-га верасня1939 года савецкія войскі здзейснілі далучэнне "Усходніх крэсаў" да Беларусі - прайшло аб'яднанне… Вялікі гістарычны факт - 80-ці годдзе. Але і ў сталіцы Беларусі, і ў заходніх раёнах пра гэта прамаўчалі… Нават мясцовыя газеты і радыё ні гу-гу…

А вось маштабна і шыкоўна адзначалі 75-ці годдзе??? ўтварэння Гарадзенскай вобласці. Чыноўнікам і вайскоўцам уціхую ўручылі юбілейныя медалі з нагоды вызвалення Беларусі. Толькі пра дзяцей, пражыўшых цяжкія гады нямецкай акупацыі, забыліся…

У грунтоўнай аповесці Анастасіі Каладзяжнай "Памяць - галоўны сведка" сабраны ўспаміны з паўсотні пацярпеўшых у гады ваеннага ліхалецця… Дык дзе ж справядлівасць?

А тое, што дагэтуль на заходнім рэгіёне не было Гарадзенскай адміністраційнай адзінкі? Няпраўда!

14 снежня 1795 года ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай беларускія землі з насельніцтвам адышлі пад Расійскую імперыю.

9 верасня 1801 г. паводле ўказу цара Аляксандра І Слонімская губерня была перайменавана ў Гарадзенскую. І будзе справядліва ў 2021 годзе адзначыць 220-ці годдзе Гарадзеншчыны і ўспомніць усіх кіраўнікоў. Першым гарадзенскім губернатарам быў дзейны стацкі дарадца Д.Р. Кошалеў.

Паводле розных крыніц у спісе губернатараў Гарадзенскай губерні фігуравала больш за 30 прозвішчаў. Сярод усіх найбольш вядомыя: К.Ф. Друцкі-Любецкі, В.С. Ланской, М.Н. Мураўёў-вешальнік, Д.Н. Бацюшкаў, будучы знакаміты рэфарматар Расіі Пётр Сталыпін.

І цяпер доволі часта кіраўніцтва краіны і цяперашніх старшынь аблвыканкамаў называе "губернатарамі" (што ім вельмі падабаецца).

Ды вось пра тое, што пачаўся

на Польшчу панскую напад,

народ у вёсцы ледзь дазнаўся

праз пару дзён. На жаль, урад,

які ad moza i da moza

сваю краіну будаваў,

германцам даць адпор не зможа,

бо да вайны не рыхтаваў

сваю дзяржаву, як належыць.

Кучынскі Вячаслаў Мікалаевіч. Газета "Уперад" ад 10-11-18 лістапада 1988 года.

"Немцы напалі на Польшчу. Усе апошнія гады мы, школьнікі, збіралі па 20-30 грошаў на ўзбраенне арміі, у газетах друкавалі здымкі самалётаў і танкаў, пабудаваных на сабраныя грошы, але гэтай тэхнікі штось нідзе не было бачна.

Дзе ўрад? Дзе Рыдз-Сміглы і Масціцкі, галоўнакамандуючы войскам і прэзідэнт краіны - невядома нікому. Яшчэ зусім нядаўна, пасля мюнхенскіх рашэнняў, падпісаных 30 верасня 1938 года, калі Польшча адарвала ад Чэхаславакіі нейкія два раёны, быццам гістарычна належныя нацыі, іх партрэты не знікалі з першых палос газет, усхваляючы іх мудрасць, дальнебачнасць "бацькоў" несакрушальнай Польшчы. Усё пайшло прахам.

Вайна ўваравалася ў вёску галашэннем бабаў і плачам дзяцей. Солтыс разносіў павесткі прызыўнікам, якіх тут жа адпраўлялі ў салдаты.

У школу не клікаў ніхто ісці, і ў яе не хадзілі, настаўнікі раз'язджаліся няведама куды. Толькі царкоўны звон у нядзельны дзень басіў усё галасней, і на яго заклік гусцей павалілі вернікі, не трацячы надзеі на боскую літасць і спагаду. Больш верыць не было ў каго. Газеты перасталі сюды даходзіць, радыё ні ў кога не было.

Неяк 17 ці 18 верасня пад вечар, з боку Наваградка, падымаючы пыл, на шашы з'явіліся дзве танкеткі. Яны прыпыніліся ў вёсцы, з іх вылезлі ў зашмальцаваных камбінезонах польскія танкісты, папрасілі вады. Да нас даходзіў сэнс узбуджаных галасоў жаўнежаў.

- Пруць бальшэвікі, пся крэў, ах, і пруць.

- І танкі ў іх не фанерныя, як нам гаварылі, а сапраўдныя: нашы кулямёты і то не бяруць.

- О, божа, цо з намі бэндзе. Спераду нямецкія псы, ззаду бальшэвіцкая халера…

Масква Берліну памагала

Варшаву вольную душыць.

І праз сямнаццаць дзён напала,

каб kresy usсhоdni захапіць.

"Яшчэ польска не згінэла,

але згінуць мусіць.

З адной строны немец б'е,

з другой рускі душыць."

А што паразу атрымалі,

то што ж яны маглі зрабіць?

Палякі мужна ваявалі,

ды танка шабляй не прабіць.

І сапраўды, на другі ці на трэці дзень прыйшлі чырвонаармейцы. Як памянялася вёска, людзі! Двары чыста падмецены, на брамах падвязаны пучкі галінак бярозы. Бабы ў новых спадніцах, прамылі галовы попелам, і ад іх крыху ненатуральна пахла. Дзядзька Лукаш прыцягнуў з куфра нейкіх пяць метраў чырвонага саціну. На ім мясцовыя грамацеі вывелі паўмятровымі літарамі: "Асвабадзіцелям - наш прывет!"

Частка, якая зайшла ў Ганчары, была змешанай. Былі ў ёй два танкі, некалькі грузавых аўтамабіляў, падраздзяленне пяхоты. Кіраваў гэтай групоўкай, як пасля аказалася, маёр.

Бабы паставілі ўздоўж шашы некалькі сталоў, заслалі іх белымі абрусамі. Панаставілі малака, масла, яек, хлеба… Толькі ні адзін салдат не дакрануўся да пачастункаў.

- Мамаша, нас кормят хо-ро-шо!

Мужчыны аказаліся ў больш выгадным становішчы. Салдаты шчодра раскручвалі табакеркі і частавалі іх карашкамі.

"Прыход саветаў, хтось адзначыў,

для нас вялікая бяда.

Хто войска іхняе пабачыў -

не войска гэта, а арда.

Здзівілі іхнія ватоўкі,

слабыя конікі ў вазах,

І вельмі доўгія вінтоўкі,

і скрозь абмоткі на нагах.."

Германовіч Вольга Кандрацьеўна: "Дзесьці ў верасені 1939 года мае бацькі, як і многія аднавяскоўцы з вялікай радасцю сустракалі воінаў Чырвонай Арміі. Першымі ў вёску прыйшлі танкі, у іх бок паляцелі кветкі. Камандзір першага танка з пафасам, з крыкам: "Ура!" - вітаў натоўп жыхароў… Танкі сышлі…"

У тую восень яе бацька

канём зямлю сваю араў.

Пачуўшы лязг жалеза раптам,

спыніў каня, і бачыць ён -

Шыбуе там мясцовым трактам

савецкіх танкаў батальён.

Ён кінуў плуг, на тракт падаўся,

махаў рукамі і крычаў.

Калі ж апошні танк прамчаўся,

то след яго пацалаваў.

А дома ён кавалак хлеба

аддаў каню, як распрагаў,

І не падумаўшы, як трэба,

усё жонцы шчыра расказаў…

- След цалаваў? Дык, гэта мала.

Пайдзі ім ср…ку пацалуй.

Праз тры гады, на жаль, не будзе

ў іх каровы ні адной.

А ён да смерці не забудзе

пацалунак глебы той.

Праз некаторы час конна і пешшу з'явіліся чырвонаармейцы і спыніліся на начлег у вёсцы. Усе былі размеркаваны па хатах. У доме бацькоў спыніўся афіцэр з чырвонаармейцамі. Вядома, мама накрыла стол, частавалі тым, што было ў гаспадарцы: бульбай, нарэзаным на доўгія лустачкі тоўстым салам. Бульбачка воінаў не асабліва здзівіла - яна была ўсюды, а вось - с а л а ... Тоўстае, амаль на поўпядзю! Воіны пільна прыглядаліся да сала, магчыма, пласты сала склееныя?

Яшчэ таварышаў здзіўляла

свінога сала таўшчыня.

Не можа быць такога сала

і тлустаю такой свіння.

А таўшчыню свінога сала

прывыклі ў пальцах вымяраць.

Калі ў два пальцы - гэта мала,

другая справа - пальцаў з пяць.

Дык вось, таварышы шукалі

ў такім сале нейкіх швоў,

Бо памылкова меркавалі,

што яно склеена з кускоў.

Воіны палічылі, што дзеці, як і некаторыя дарослыя ў Заходняй Беларусі, загавораць з імі на польскай мове. Ну не - на беларускай, ды на такой меладычнай, што сэрца заходзіцца, слязу выганяе. Першым пачаў чытаць старэйшы брат Сяргей:

На Нёманскай даліне беларус каней пасе.

І бачыць ён - нячыстая палякаў нясе.

Палякі закрычалі: "Аддай сваіх каней!"

Беларус: "Каней сваіх, карміцелеў

без бою не аддам!" ...

Мне было 5 год.У школу яшчэ не хадзіла, але ад бацькоў, ад старэйшых брата і сястры многаму навучылася. Я тут жа саскочыла з печы і расказала вершык:

"Бедная мая хатка, падваліна згніла,

І дымна, і зімна, а мне яна міла.

На страсе мох вырас, вырасла бярозка.

Мілейшая мне хатка,чым чужыя харомы... "

Сястрычка Шура таксама распавяла на беларускай мове вершык:

"Беларуская зямліца мяне ўзгадавала.

Маці на мове беларускай песні мне спявае ... "

Узрушаныя дзіцячымі сцішкамі салдаты пачаставалі дзетак. Чым? Колатымі кавалачкамі цукру-рафінаду! Дзеці бязмерна рады былі такому пачастунку. Назаўтра чырвонаармейцыі сышлі з вёскі…"

Чые вершы чыталі дзеці, цяжка сказаць. Забягаючы наперад, можна сказаць, што Вольга Кандрацьеўна стане філолагам. Яна вывучыць творчасць Максіма Багдановіча, Янкі Купалы ... Але такіх чатырохрадкоўяў не сустрэне. Верагодна, гэта народная творчасць.

У верасні 1939 года Заходняя Беларусь уз'ядналася з Усходняй, і праз некаторы час школа ўзнавіла работу. Усе дзеці ў абавязковым парадку павінны былі наведваць школу. Усіх вучняў, якія вучыліся ў польскай школе, адсадзілі на адзін клас ніжэй, паколькі яны не ведалі азбукі кірыліцы. Навучанне пайшло лягчэй, матэрыял засвойваўся хутчэй, таму што выкладаўся на зразумелай роднай беларускай мове.

Для дарослага насельніцтва, якое ў большасці сваёй было непісьменным, была адкрыта вячэрняя школа. Мужчыны і жанчыны, якія не ўмелі чытаць і пісаць, павінны былі ўвечары наведваць школу. Дарослыя вучыліся па спецыяльных букварах для лікбезу. Ад школы ў вёсках Дроздава і Даржы дзейнічалі курсы па ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва, якое ў той час выпісала 238(!) экзэмпляраў газет і часопісаў.

На поўнач ад вёскі былі тры асадніцкія хутары: Шпарагі і паручніка. А за ракой Дзітвой жыў заможны гаспадар-асаднік Шымуль. У 1939 г. яго з сям'ёй вывезлі ў Сібір. З перавезенай хаты Шымуля ў1940 годзе пабудавалі трэці двухпакаёвы будынак школы (у пасляваенны час там размяшчалася пошта).

Захавалася характарыстыка на дырэктара Ганчарскай школы:

"Пякелка Адольф Іосіфавіч, 1906 г. н., паляк, працуе дырэктарам НСШ у Ганчарах. Працуе ўжо 13 гадоў. Як дырэктар, свайму прызначэнню адпавядае, здольны і энергічны. На працягу адносна кароткага тэрміну пабудаваў яшчэ будынак школы, у якім ужо вядуцца заняткі. Добры кіраўнік настаўніцкага калектыву. Ускладзеныя абавязкі выконвае добра, чым набыў аўтарытэт у бацькоў. Загадчык райана."

Германовіч Вольга Кандрацьеўна: "Дзесьці пад канец верасня 1939 года школа ўзнавіла працу, толькі не на польскай мове, а ўжо на беларускай. Дырэктарам застаўся працаваць Ю. Пякелка, настаўнікамі - яго жонка Вольга і Гіпаліт Маліноўскі. Вучыла нас тая самая настаўніца, што і пры Польшчы. Але звярталіся мы да яе не "проша пані", а "Вольга Аляксандраўна" (Пякелка). Яна ўжо не патрабавала "размаўляць толькі па-польску", а і сама ўжо добра гаварыла па-беларуску. Прыехалі новыя - Аляшкевіч Ванда Аляксандраўна - мая першая любімая настаўніца, паколькі я ў гэты час наведвала першы клас. Настаўнікам пачатковых класаў працаваў Здрай Саламонавіч (прозвішча не памятаю). Ён жа працаваў і ў вячэрняй школе з дарослымі. Усе, хто не ўмеў чытаць, пісаць (а такіх у той час у вёсцы было шмат), у абавязковым парадку павінны былі наведваць вячэрнюю школу. Падручнікі былі спецыяльныя для лікбезу.

Памятаю, як мая цётка Меланія, жонка дзядзькі Аляксандра, падпаліўшы печ, садзілася на парог, разгортвала буквар, пальцам вадзіла па радках і чытала па складах. Навука ёй давалася цяжка. А мы з цікаквасцю назіралі за яе вучобай, ганарыліся, што нашы тата і мама былі адукаваныя, і ім не трэба было хадзіць у школу. У гэты час у вёсцы з'явілася бібліятэка, у якой было шмат кніг. Бацька, Кандрат Кандратавіч, прыносіў з бібліятэкі творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Тараса Шаўчэнкі і вечарамі ўслых чытаў дзецям, якія, затаіўшы дыханне, слухалі і запаміналі пачутае. У бацькі быў выдатны голас, спяваў беларускія песні, шчыра выконваўў і ўкраінскія".

Вольга Кандрацьеўна, можна сказаць, выпадкова стала вучаніцай. Яе брат Сяргей і сястра Аляксандра ўжо вучыліся ў школе, а Вольга заставалася дома, у асноўным з бацькамі: тады ў школу бралі пасля 7-мі гадовага ўзросту. Аднойчы здарылася так, што дзяўчынка вымушана была засталася дома адна, без старэйшых. "Чаго ж я буду сядзець дома адна, калі ўсе дзеці ў школе?" Доўга не думаючы, пайшла ў школу. Бацькі вярнуліся, а дома няма дзяўчынкі. Дзе ж Воля? Хтосці падказаў, што тая ў школе ... А Волі спадабалася ў школе, яна ўжо досыць хутка чытала, лічыла, тым больш, вельмі прыйшлася па душы настаўніца Ванда Аляксандраўна Аляшкевіч, ды і з многімі дзецьмі дзяўчынка была знаёмая. Звярнуўся бацька да настаўніцы - тая была не супраць, сказала: "Няхай дзяўчынка паходзіць, у колькасны склад класа яе пакуль заносіць не буду". Ды так і засталася Воля ў першым класе, які паспела скончыць да пачатку вайны.

Кучынскі Вячаслаў Мікалаевіч: "Як на запаволенай кінастужцы, мільгаюць кадры кастрычніцкіх і майскіх свят. Яны праводзіліся ў Ганчарах. Ганчары былі цэнтрам навакольных вёсак, бо тут былі царква, школа. Ля школы майстравалі драўляную трыбуну. З Ліды прыязджалі камісары, часам з цывільнымі людзьмі, і бясконцы паток людзей з Бенявіч, Агароднікаў, Супраўшчыны, Дроздава, Даржоў. Ішлі калонамі: і стары, і малы, і кульгавы, і сляпы. Над калонамі развіваліся чырвоныя сцягі, лозунгі, транспаранты, партрэты маскоўскіх кіраўнікоў. Спявалі ў асноўным "Інтэрнацыянал" (адкуль жа навучыліся?): "Вставай, проклятьем заклеймённый …". І калі гэтыя калоны прыпыняліся ля школы, утваралася людское мора, якое гойдалася, бурліла, шумела, пенілася. І выступленне любога прамоўцы - будзь гэта камісар ці мясцовы жыхар - бесперапынна патанала ў буры апладысментаў. Зазначу, што на мітынгі ніхто не заклікаў, толькі мімаходзь гаварылася, што ён адбудзецца ў Ганчарах".

Германовіч Аляксандра Кандрацьеўна: "Добра памятаю, як дзесьці ўлетку ў 1940 годзе прыязджаў у Ганчары Рыгор Шырма са сваімі артыстамі. Я бачыла, як ён сустрэўся з маім бацькам Кандратам (быў знаёмы з часоў настаўніцтва ў Ганчарах). Цёпла і здатна прывітаўся, прыселі на лаўцы і павялі размовы, успаміны. Каля школы была змайстравана сцэна, дзе адбыўся канцэрт. Народу сабралася вельмі многа, не толькі з Ганчароў, але і з суседніх вёсак. Усіх людзей школьны двор не змяшчаў: натоўп людзей быў на дарозе, у суседскіх падворках. А хлапчукі-падлеткі абляпілі агарожу, дрэвы, якія раслі вакол школьнага двара. Слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні ў выкананні хора: "А ў полі вярба", "Ці не быстра рэчка", "Там - за садамі", "Ой вышла маці" і інш. Са сцэны гучала музыка, якая складалася з цымбалаў, скрыпак, гармонікаў, барабана…

Выконваліся беларускія танцы: "Лявоніха", "Крыжачок", "Бульба", "Качан". Канцэрт закончыўся песняй "Бывайце здаровы. Жывіце багата!" Людзі былі ў захапленні. Яны ўпершыню ўбачылі сапраўдных артыстаў у нацыянальных беларускіх касцюмах, чулі песні, якія гучалі на беларускай мове, бачылі народныя беларускія танцы".

Кучынскі Вячаслаў Мікалаявіч: "Успамінаюцца бясконцыя чэргі ля магазіна. Людзі не ведалі, што будуць даваць, а ў чаргу станавіліся нават з вечара. Давалі соль - бралі соль, цукар - цукар, мануфактуру - дык мануфактуру, гарэлку - то і яе разбіралі. Рыначныя запытанні задавальняліся поўнасцю, і грошы ў людзей вадзіліся: тавар каштаваў надзвычай танна.

Валюту Польшчы адмянілі,

рублі савецкія ўвялі.

І ў крамах хутка ўсё скупілі,

ну, быццам венікам змялі.

Антырэлігійная прапаганда ўтрымлівалася на бальшавіцкай канцэпцыі: рэлігія - гэта атрута для народа, яе трэба вырваць з корнем, а калі хто супярэчыць, то і з галавою. Нездарама тады нарадзілася прымаўка: "Гуляй, Ванька, Бога няма". І, трэба сказаць, моладзь адвярнулася ад царквы, баялася хадзіць да споведзі, толькі старэйшыя не звярталі ўвагі на намаганні агітатараў. І ўсё ж аднойчы вера ў атэістычную прапаганду надзвычай пахіснулася. Гэта было позняй восенню ў першы ж год вызвалення. Група вайскоўцаў на грузавым аўтамабілі прыехала ў Дроздава, каб даць канцэрт. Народу сабралася шмат. Лётчыкі (яны былі ў такой форме) спявалі, і танцавалі, і байкі расказвалі. І ў большасці нумароў высмейвалі Бога і папоў. Высмейвалі тонка, з гумарам, і народ клаўся са смеху, хоць старыя людзі набожна хрысціліся і выслізгвалі з хаты…

Канцэрт закончыўся даволі позна, вайскоўцы ўладкаваліся ў грузавік і падаліся ў горад. А праз некалькі хвілін вёску страсянула жудасная вестка: усе да аднаго, усе сямнадцаць чалавек загінулі на Дроздаўскім пераездзе, сутыкнуўшыся з таварным цягніком.

Паравозы тады не былі абсталяваны электрасвятлом. У фары ўстанаўліваліся звычайныя газавыя лямпы, якія было цяжка адрозніць ад мільгаючых хутарскіх агеньчыкаў, і шафёр іх, відаць, не заўважыў. А па вёсках папаўзлі розныя чуткі:

- Дагуляліся, усё ж гаварылі, што Бога няма…

Радасна сустракалі навую ўладу сяляне, большасць якіх была малазямельнай. Многія сяляне ад савецкай улады атрымлівалі ўчасткі, памешчыцкія і асадніцкія землі: Заенчыцы, Старое Млынішча, Дзяковічы. Зажылі больш-менш заможна, і не ўсе квапіліся ўступаць у калгасы.

Усё ж у 1940 годзе быў створаны калгас. Сяляне паверылі ў лепшае жыццё. Часцей жа прымусовая калектывізацыя сустракала пасіўнае супраціўленне значнай часткі сялянства. Але сітуацыя карэнным чынам змянілася: пачалося раскулачванне і ліквідацыя заможнага сялянства. Ім значна ў разы тры-чатыры павялічылі падаткі па хлебанарыхтоўках, што стала для іх непасільным. Тады ўлады канфіскоўвалі ў "кулакоў" усю маёмасць, нават жыллё і скаціну…

Трагедыяй для заможных жыхароў стала зіма 1940 года. У лютыя маразы арыштоўвалі і высялялі цэлыя сем'і "кулакоў", "асаднікаў" і іншых "ненадзейных людзей". На лідскіх чыгуначных пуцях фарміравалі саставы з "цялячых" вагонаў. З вёсак палутаркамі ў кузавах прывозілі "ворагоў народа", грузілі і цэлымі сем'ямі: і дзяцей, і старых вывозілі ў паўночныя і аддаленыя рэгіёны Саюза…"

Даведка. З кнігі Памяць. Лідскі раён.

З вёскі Жомайдзі асудзілі 14.04.1940 г. і вывезлі гаспадыню Мурыну Ганну Сцяпанаўну - 1901 г.н. і дзяцей: Веру Іосіфаўну - 15 год, Антаніну - 14 год, Уладзіміра - 9 год.

Рэпрэсіўная машына секла, што называецца пад корань увесь род. Карная бальшавістская рука не супынялася ні перад немаўлём, ні перад хворым старэчам…

З хронікі:

Вясной 1940 года ў трох вёсках сельсавета арганізаваліся сельскагаспадарчыя арцелі: імя Леніна ў Ганчарах, імя Сталіна ў Бенявічах і "17 верасня" ў Агародніках. Новы 1941 год сустрэлі з неблагімі вынікамі. На адзін працадзень калгаснікам у сярэднім выдалі па 3-5 кг збожжа.

Калгас імя Леніна спачатку ўзначальваў А. Буяк, а пасля Пётр Пятровіч Ярашэвіч. Адначасова ён быў некаторы час і старшынём Ганчарскага сельсавета. (У пачатку вайны хаваўся і ўцёк з вёскі, і да гэтай пары лёс яго невядомы.) Зміцер і Філюк Равяшкі - першыя энтузіясты стварэння калгаса. (У першыя дні акупацыі немцы расстралялі іх, як савецкіх актывістаў.)

Першага траўня 1940 года ля магілы чырвонаармейца адбыўся мітынг. (Невядома, калі і хто загінуў і дзе пахаваны?) Мажліва аб гэтым у звестках: "Летам 1920 года бальшавіцкія часткі каля Ганчароў вялі бой з палякамі. У перастрэлцы загінуў чырвонаармеец. Раніцай коннікі адступілі, пакінуўшы пахаванага на ўзгорку свайго таварыша. Побач з ім ляжаў конь - яго баявы сябар. Дарожны вартаўнік Альфонс Міхневіч на магіле паставіў крыж. У верасні 1939 г., калі прыйшлі "першыя саветы," Міхневіч замяніў крыж на драўляную зорку…."

4 чалавекі (прозвішчы не ўстаноўлены) з Ганчарскага сельсавета вучацца на курсах памочнікаў машыністаў. Люба Ярашэвіч і Віктар Дычак закончылі курсы трактарыстаў і працуюць у Лідскай МТС.

У 1940 годзе ў газеце "Уперад" апублікаваны ліст калгаснікаў арцелі імя Леніна Ганчарскага сельсавета да калгаснікаў Лідскага раёна:

"Вясной гэтага года на добраахвотных пачатках арганізаваліся ў сельскагаспадарчую арцель. Дзяржава перадала нам у вечнае карыстанне 337 га ворнай зямлі і 217 га сенажаці, млын. У нас маецца 3 конныя малатарні, 5 манежаў-прывадаў, 2 жняяркі, 2 грабілкі і іншыя с/г машыны. За лета пабудавалі 2 канюшні на 40 галоў, свінарнік, амбар, вялікае гумно, жывёлагадоўчыя фермы: 45 галоў буйной рагатай жывёлы, 19 свіней і 20 авечак.

У 1941 г. мы хочам дабіцца ўраджаю збожжавых не менш 15 ц з гектара і не менш 130 ц з гектара бульбы. Для гэтага мы правядзём трохразавую праполку азімых. Арганізуем збор попелу і гною па брыгадах… Абавязуемся дабіцца ўдою ад кожнай каровы не менш 1300 літраў малака ў год. Думаем пабудаваць цялятнік, свінарнік, кузню, лазню, калгасны клуб на 200 месцаў і памяшканне пад птушкафабрыку."

1941 г., 3 студзеня. У доме партасветы - вуліца Кірава, 31 на першай сесіі Лідскага раённага Савета прысутнічаў старшыня калгаса імя Леніна Ганчарскага сельсавета Пётр Ярашэвіч.

1941 г., сакавік. Удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі з Лідскага раёна Баранавіцкай тады вобласці трапіў калгас імя Леніна, які сабраў па 180 цэнтнераў бульбы з 18 гектараў.

Старшыня калгаса П. П. Ярашэвіч, бухгалтар Ж. Я. Буяк, брыгадзір 1-й брыгады К. В. Кумпяк, конюх С.Ф. Румейка, калгаснікі: К.К. Германовіч, М.А. Казак, Н.О. Буяк, Л.Т. Гумбар, Н. Н. Салькоўская, З.С. Равяшка.

Успамінае Міцюкевіч Уладзімір Аляксандравіч (1937 гн. ): "Да 1939 года ў Ганчарах працаваў магазін, ашчадная каса, медпункт, які ўзначальваў фельчар Бараноўскі. У 1938 г. ён з сям'ёй выехаў ва Уругвай, з імі выехала таксама сям'я Паўла Міцюкевіча.

На канцы вёскі каля шашэйнай дарогі стаяла кузня, у якой працаваў кавалём Баляслаў Вайтушка. Сваім майстэрствам славіўся на ўсю ваколіцу: падкоўваў коней, каваў сярпы, косы, плугі, капачы, матыкі.

Саракавы год. Палітрукі на сабранні агітуюць сялян у калгас.

І бацька запісаўся адным з першых. Каня за грыву і адвёў…

- Цяпер заможна будзем жыць! - Дома бабуля і маці - у роспач…

Калі ў вёсцы намячаўся магазін, бацьку, як адукаванаму, прапанавалі стаць заўмагам."Калі адпусціце і жонку з калгаса, то дам згоду. "Так яны шчыра прапрацавалі да вайны: тавары патрабавалі грунтоўнага ўліку, нават кожную бутэльку гарэлкі правяралі - бывала, што і пустыя знаходзіліся.

Старшыня сельскага савета Півавараў кватараваў у бацькоў.

У самым пачатку вызвалення Заходняй Беларусі пачала ажыцяўляцца культурна-асветніцкая работа як у горадзе, так і ва ўсім павеце. У вёсках у жандовых будынках адкрылі хаты-чытальні, а дзе іх не было, стваралі чырвоныя куткі. Кніг - чытай, колькі хочаш. Прыязджалі кінаперасоўкі - глядзі кіно дарэмна. Ставілі канцэрты - шыбуй і старайся заняць лепшае месца. Жанчыны паскідвалі ўжо зрэбныя паддзеўкі і фанабэрыліся ў фабрычных адрэзах. Спрытных кавалераў адзначалі, "хто пад часамі" і хто мае ровар… Пабалакаўшы сярод дзяўчат, стараліся "говаріць по-російску"…"

Жыхары з вёскі Баравічы - Чылек Аляксандр Іосіфавіч (1896-1943) і Ганна Іванаўна (1895-1943), вырасцілі траіх дзяцей: Віцю (1920-1942), Фёдара (1922-1943) і Аню (1924-2016) і вельмі хацелі даць дзецям добрую адукацыю. Ганна і Фёдар у Ганчарскай школе вучыліся добра. У Ані за 7 класаў было толькі "выдатна", яна марыла стаць настаўніцай.

У 1939 годзе пры "першых саветах" разам з братам Фёдарам Ганна паступае вучыцца на педагагічныя курсы ў горад Ліду. Яе бацькі вельмі хацелі, каб дачка стала настаўніцай пачатковых класаў. Падчас вучобы ў Лідзе яны жылі з братам на кватэры ў сваякоў.

18 студзеня 1940 года ў нататцы "Выраслі ўстановы народнай асветы" газета "Уперад" пісала:

"У час зімовых канікул для перападрыхтоўкі настаўнікаў былі арганізаваны курсы, на якіх асаблівая ўвага звярталася на вывучэнне беларускай мовы з прычыны пераходу раду школ на беларускую мову навучання і вывучэння ва ўсіх школах беларускай мовы.

У горадзе Лідзе зараз арганізаваны тры беларускія сярэднія школы, адна руская. Былыя сямігадовыя пачатковыя школы цяпер рэарганізаваны ў няпоўныя сярэднія школы. У горадзе маюцца дзве яўрэйскія няпоўна-сярэднія школы, адна беларуская няпоўна-сярэдняя школа і адна польская няпоўна-сярэдняя школа.

Немалую ўвагу зварочвае аддзел народнай асветы на ліквідацыю непісьменнасці і малапісьменнасці. Па павету арганізоўваецца 50 пунктаў ліквідацыі непісьменнасці.У бліжэйшыя дні адкрыецца ў горадзе педвучылішча, якое будзе рыхтаваць настаўнікаў для дашкольных устаноў".

17-18 лютага 1940 года вучань Фёдар Аляксандравіч Германовіч (15 гадоў) пяшком, у хадаках прынёс свае малюнкі на першую па раёне і горадзе алімпіяду мастацкай самадзейнасці ў кінатэатры "Эра" г. Ліда. Яго адразу залічылі ў рамесленае вучылішча. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ён з іншымі навучэнцамі быў эвакуяваны на Урал у г. Пермь. Там працаваў на ваенным заводзе, на якім адпрацаваў да 1970 г.

Тады ж на абласную алімпіяду былі накіраваны здольныя вучні: цымбаліст і скрыпач Уладзімір Данейка і цымбаліст Георгій Сакалоўскі.

У школе вучыўся Сямён Канстанцінавіч Равяшка, які пасля вайны закончыў у Менску політэхнічны інстытут, абараніў званне кандыдата тэхнічных навук.

У саракавыя гады ў Ганчарскай школе вучыўся Фёдар Адамавіч Макарэвіч, нарадзіўся 20.08.1925 г. у в. Навасады. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Менскі медыцынскі інстытут (1953). Урач Радунскай раённай бальніцы (1953 - 1957), намеснік галоўнага ўрача Лідскага раёна (1957 - 1968), намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Гарадзенскай абласной клінічнай бальніцы (1968 - 1988). Заслужаны ўрач БССР (1967 г.). Узнагароджаны медалём "За перамогу над фашысцкай Германіяй", граматай Міністэрства аховы здароўя БССР. Памёр 9.02.1991 г.

Папковіч Марыя Канстанцінаўна (малодшая сястра Васіля)

А лёс вельмі таленавітай дзяўчыны Марыі Папковіч склаўся ў гэты час надзвычай трагічна.

Пасля польскай школы ў Ганчарах Марыя Папковіч пры "першых саветах" прадоўжыла навучанне ў Лідскай НСШ.

Вельмі здатная і творчая натура - Марыя - малявала каляровымі фарбамі мужчын і кабет у нацыянальным убранні, а колькі розных кветак і мясцовых краявідаў.

З успамінаў брата Васіля: "Пасля 2-га курса на канікулах Марыя была ў дзядзькі Касарэўскага ў Ганчарах. З дзяўчатамі шпацыравалі па вуліцы. Тут пад'ехаў на палутарцы знаёмы малады лейтэнант Мікалай, якому яна вельмі падабалася. Хоць яна і адмаўлялася ехаць, ён настаяў падвезці да іхняга хутара. Мажліва, яна стала на падножку кабіны і калі саскочыла з машыны, то спадніцай зачапілася за штосьці, а ён не глянуў і паехаў, працягнуўшы яе па брукаванай дарозе … Людзі, якія сядзелі ў кузаве ўбачылі гэта і закрычалі, застукалі па кабіне. Калі Мікалай выйшаў, то ўбачыў Марыю ў такім стане і зразумеў, што жыць яна не будзе. Дастаў пісталет і застрэліўся. Марыя праляжала тыдзень у Лідзе ў бальніцы і памерла. Пахавана каля Ганчарскай царквы побач з бацькам. Яе маці не магла вытрымаць вялікае гора: кожны дзень, як узыдзе сонца, падала на магілку і галасіла на ўсю ваколіцу. Людзі спачувалі іхняму гору і маліліся…"

А вось як апісаў гэты выпадак сведка - ганчарскі падлетак, ужо будучы карэспандэнтам газеты, Вячаслаў Кучынскі ("Уперад" № 178 ад 2.11.1988 г.):

"Мясцовае насельніцтва ўразіў і такі факт.

Неяк у пачатку лета саракавога, у нядзелю, у Ганчарах прыпынілася машына ГАЗ-ММ. Шафёр дастаў з кузава вядро, каб падліць вады ў радыятар, а малады лейтэнант пачаў заляцацца да дзяўчат, якія ў святочныя дні заўжды тоўпіліся ля шашы. І калі шафёр па-вайсковаму далажыў камандзіру, што машына гатова, тут адна з хутаранак - Марыя Папковіч папрасілася падкінуць яе па дарозе дамоў. Гэта была прыгожая паўнагрудая дзяўчына. Яе постаць аблягала белая вышытая блюзка, чорныя валасы, сплеценыя ў касу гойдаліся на плячах, бровы ўразлёт, вочы крыху больш, чым звычайныя, глядзелі на свет здзіўлена і цікаўна. Каб дадаць сабе большай увагі, за рулём ужо сядзеў лейтэнант, а рукаяткай круціў шафёр, і калі машына завурчэла, Марыя шустра ўскочыла на падножку з боку лейтэнанта. Той адразу даў моцна газ, машына рванулася з месца, і мы з зайдросцю назіралі, як на ветры развіваюцца каса і спадніца Марыі, і шкадавалі, што не папрасіліся ў лейтэнанта, каб ён і нас пракаціў крыху.

Да хутара было кіламетры са два, дарога праглядвалася амаль наскрозь, і праз некаторы час мы пачулі, як бабахнулі два выстралы. Адразу насцярожыліся. Мы бачылі, як з крыкам з ляску, дзе стаяў хутар, падняліся вароны і пачалі кружыць у паветры. Што нам, блазнюкам, былі гэтыя два кіламетры? Толькі пыл закурэў пад нагамі, і праз некалькі мхвілін мы былі на месцы. Прыбеглі і знямелі, збіўшыся ў групку. Такога мы яшчэ не бачылі.

Марыя ляжала ў расхлястанай, набрынялай ад крыві кофтачцы, адна з грудзей была вырвана цалкам і краваточыла жудаснай ранай. А воддаль, раскінуўшы рукі, дзе ў правай быў наган, ляжаў лейтэнант. Цела яго аблягала свежая гімнасцёрка, левы бок якой усё больш і больш набрыньваў крывёю. Твар яго быў спакойны, толькі адкрытыя вочы дзіўна паглядалі на высокія аблокі, на яркае сонца, паглядалі і не міргалі. Шафёр сядзеў на прыступцы машыны, абхапіўшы галаву рукамі.

Відаць, лейтэнант пажартаваў, што завязе дзяўчыну ў гарнізон да сябе, і націснуў яшчэ больш на газ. Марыя саскочыла на хаду, і здарылася непапраўная трагедыя. У народзе папаўзлі чуткі:

Бач ты, ахвяраваў сабою дзеля асабістага гонару і гонару арміі.

- Што за людзі, гэтыя саветы?

- Хіба пан страляў бы сябе, каб нават наўмысна забіў дзяўчо?

Гэтае жудаснае здарэнне ўзрушыла ўсё наваколле. Яно ніяк не ўкладвалася ў стандартныя схемы ранейшага агульнажыцця. Яно ўзвышала Саветы да небывалых вышынь".

Апошні нумар газеты "Уперад" (230) выйшаў 20 чэрвеня 1941 года. Перадавы артыкул яе заклікаў "Мацаваць абаронную работу". Гэта быў яўна запознены заклік. Ужо ў самым пачатку 41-га насельніцтва, не тоячыся, гаварыла: "Будзе вайна", "Давядзецца ваяваць з немчурой". Ля магазінаў збіраліся вялікія чэргі. Самымі хадавымі таварамі былі соль, запалкі, керасін-газа, цукар. У паветры яўна пахла бурай.

Людзі хадзілі пахмурныя, прысмірэлыя. Калгасы не далі таго шчаслівага жыцця, аб якім сяляне марылі. За працу ставілі " галачкі", але яны амаль не прыносілі зерня. Сялян-аднаасобнікаў празмерна прыціснулі нарыхтоўкамі: збожжам, бульбай, мясам, грашовымі падаткамі. Цэрквы і касцёлы забіралі пад склады. (На шчасце Ганчарскаю царкву гэта мінула.)

Так, вайна набліжалася. Пра гэта ведалі ўсе. Не ведаў (а напэўна ведаў) пра гэта толькі самы Мудры з мудрэйшых, самы Вялікі з вялікіх.

У сорак першым годзе летам

да нас вярнулася вайна.

У вёсках нават гаварылі,

што будзе з немцамі вайна.

А вось для Ёсі Джугашвілі

была знянацкаю яна.

Таварыш Сталін сам, мажліва,

напад на немцаў рыхтаваў.

Бо на памежжы ён рупліва

войскі для наступу збіраў.

Пра абарону ён адразу,

калі прыйшоў сюды, не дбаў.

Таму вялікую паразу

ад немцаў хутка атрымаў.

І "легендарную" пагналі,

мільёны ў бойках паляглі,

У палон здаліся ці прапалі,

уцячы не многія змаглі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX