Вярнуцца: Мемуары

Мае лідскія святочныя Вялікія Ночы


Аўтар: Стасевіч-Ясюкова Ірэна,
Дадана: 05-11-2017,
Крыніца: Стасевіч-Ясюкова Ірэна. Мае лідскія святочныя Вялікія Ночы // Лідскі Летапісец. 2017. №2(78). С. 58-60.



Мае лідскія святочныя Вялікія Ночы [1]

1.

Мае першыя ўспаміны пра Вяльканац (Вялікдзень) - гэта ўспаміны сэрца, успаміны, схаваныя за туманам настальгіі. Яны атаясамліваюцца з Лідай - горадам, дзе я нарадзілася і дзе правяла першыя гады свайго дзяцінства.Не ведаю чаму, але вельмі выразна паўстае ў маёй памяці вялікі "свянцоны" стол у маёй бабулі Паўліны Стасевіч, якая жыла на вуліцы Сувальскай. Гэты стол быў накрыты снежна-белым абрусам, дзе пасярод насычана-зялёнага аўсу валадарыў цукровы баранчык з павольна раздзіманай чырвонай харугвай - сімвалам радасці Божага Ўваскрашэння. Побач з баранчыкам месціўся кошычак з рознакаляровымі яйкамі, фарбаванымі фарбамі з раслін, і розныя стравы, якія маглі лічыцца выдатнымі красовымі вынаходніцтвамі: парася запечанае з чырвоным яйкам ў пашчы, шынка з выключным водарам прыпраў, халадцы, каўбасы, бабкі (печыва з бісквітнага цеста - Л.Г.) і мазуркі (печыва з пясочнага цеста - Л.Г.). Помню, што мая ўлюбёная бабка мела назву " снежная". Як яна гатавалася, я не змагу распавесці, але можа яшчэ ёсць ў Лідзе гаспадыні, якія валодаюць таямніцай гэтага печыва? Вельмі любіла мазурку "цыганскую", назва паходзіла ад таго, што, як казала бабуля, цеста патрабавала так многа арэхаў і міндалю, як цыганка караляў. У гасцявым пакоі адчуваўся моцны пах гіяцынтаў: белых і ружовых. Яны аздаблялі святочны стол. Гэты гіяцынтавы пах адчуваю нават цяпер, калі пішу гэтыя словы, а гіяцынт - мая ўлюбёная кветка да дня сённяшняга, можа таму, што прыпамінае маё лідскае дзяцінства.

Помню, што пасля поўдня ў Вялікую суботу з бліжэйшага касцёла Піяраў прыходзіў ксёндз, каб асвяціць стол з усімі гэтымі прысмакамі: найперш яйкі - сімвал новага жыцця і баранчыка - сімвал ахвяры. Свянцоным яйкам, хлебам і соллю дзялілася паміж сабой наша шматлікая сям'я, якая збіралася разам пасля Рэзурэкцыі (Уваскрашэння - Л.Г.) у бабулі за святочным абедам.

Асабліва выразна адбілася ў маёй памяці лідская Вяльканац з 1939 года, перад самым выбухам Другой сусветнай вайны. Тады я атрымала ад бацькоў прэзент: малы "свянцоны" столік для лялек, выраблены з рознакаляровага цукру. І на ім было ўсё: баранчык, яечкі, парсючок, бабкі, мазуркі, з той толькі розніцай, што гэта "ўсё" было цукровае і мініяцюрнае.

Вельканоцныя святы папярэджваў Вялікі тыдзень, які пачынаўся з Пальмовай (Вербнай) Нядзелі. Вельмі яе любіла за тое, што была каляровай. У Лідзе майго дзяцінства асвячаліся два віды пальм (вербачак), г.зв. "срэбныя вербачкі" з вярбы, з пахам красовых забалочаных лугоў над берагамі Дзітвы і Нёмана, вербачкі з "коцікамі" срэбнага колеру зменлівага на сонцы, і пальмы віленскія з зёлкаў і сушаных кветак з асаблівым водарам. Іх прыгатаванне патрабавала асаблівага майстэрства і ведаў пра спосабы сушкі кветак, каб яны захавалі свой колер і прыгожую форму. Прынамсі, ніколі не чула каб на лідскай зямлі выконвалі высокія, на некалькі метраў пальмы, аздобленыя стужкамі і штучнымі кветкамі, якія сустракаюцца ў Польшчы і сёння. Напрыклад, у Курпях - мясцовасць Лыс, на землях Кракаўскіх і Сядэцкіх, на зямлі Тарноўскай - у Верхаславічах, з якімі звязана імя Вінцэнта Вітоса. У перадвельканоцным перыядзе назірала такую многамятровую прыгожа вырабленую пальму - ручная работа аднаго з тамтэйшых народных майстроў.

З маіх дзіцячых гадоў у памяці цвёрда затрымаўся звычай, калі ў Вербную нядзелю па вяртанні з касцёла да дому з асвечанай пальмачкай, мама лёгка біла па плячы мяне і брата "срэбнай" вярбовай пальмачкай, прыгаворваючы:

"Вярба б'е, не заб'е,

за шэсць ноцы

дачакаемся Вельканоцы"[2],

а потым трэба было з'есць аднаго "коціка" з пальмачкі дзеля захавання здароўя і прыгажосці. Гэтага я не любіла, таму што "коцікі" былі калматыя, і іх было цяжка праглынуць. Аднак дзеці не хацелі быць горшымі за дарослых , і таму, хоць і з неахвотай, пераймалі іх паводзіны, чым спрыялі працягу традыцыі.

Ад Вялікага тыдня пачыналася доўгае чаканне моманту малявання яек, часам у вывары цыбулі, бурачкоў і парасткаў збожжа, але найчасцей у растворах фарб, якія былі куплены ў краме на рагу вуліц Кс. Фалькоўскага і Школьнай (калі памяць мне не здраджвае). Пад час апошняга побыту ў Лідзе спрабавала зіндэнтыфікаваць месца знаходжання крамкі, куды бегала з сяброўкай Гоцяй (прозвішча не помню) па ляндрынкі (маленькія ледзянцы - Л.Г.). Аднак вернемся да пісанак. З купленых фарб можна было атрымаць шэсць колераў: чырвоны, блакітны, зялёны, жоўты, аранжавы, і фіялетавы - такі, як вясновыя фіялкі. Ў польскіх вёсках у тыя часы яйкі фарбавалі галоўным чынам у адварах лекавых траў паводле традыцыйных сямейных рацэптаў. Як жа прыгожа пісаў аб гэтай традыцыі ў 1946 годзе ў эміграцыі ў працы "Пісанкі Мар'ян Хеймар", з вялікім замілаваннем ўспамінаючы польскія вельканоцныя традыцыі:

"На працягу стагоддзяў людзі ў кожнай ваколіцы зналі фарбы: з розных адвараў траў, папараці, ягад і кветак, з кары, сокаў дрэў, жывіцы, фарбавальнікі з ўсяго, што расце на лузе, у гародзе і лесе, рэчыва любога колеру.

Ва ўсёй краіне, у кожнай хаце мелі такія свае сакрэты, іх хавалі хітра і раўніва многія гады, аж пакуль не забыліся самі.

Сёння для нас гэта гучыць як байка..."

А фактычна ці насамрэч сёння гэта байка? На шчасце - не. Недалёка ад Гародні, але па польскім баку, у Ліпску над Бобрай творацца найпрыгажэйшыя многакаляровыя пісанкі - выкананыя ў тэхніцы "бацік" ("пісанне" - маляванне ўзору на абалонцы яйка пчаліным воскам). Гэтыя крохкія вырабы мастацтва з-пад пальцаў здольных мастачак, падарожнічаюць пазней у Францыю, Нямеччыну, і як даведалася, нават у Канаду. Спецыяльныя раслінныя фарбы вырабляе пані Ізабела Філевіч, якая жыве блізка польска - літоўскай мяжы. Маленькія яечкі г.зв. райскіх курак з вельмі цвёрдай абалонкай, яна фарбуе ў адвары дубовай кары, прыгатаваным паводле свайго рэцэпту, альбо ў адвары з шалупіння цыбулі, затым з дапамогай звычайнай шпількі або ляза маленькіх нажніц выдрапоўвае на гэтых яечках абразкі Маці Божай Вострабрамскай, Чанстахоўскай, Сінайскай і аздабляе складанай літоўскай вышыўкай паводле ручнікоў і кашулек. Пісанкі Ізабэлы Філевіч, выкананыя ў тэхніцы "драпання", таксама знакамітыя ў свеце. Яе запрашаюць за мяжу праводзіць майстар - класы мастацтва польскага пісанкарства, каб не адышлі ў нябыт, як некалі вусныя пераказы аб класічных раслінных фарбах для яек "з верасу, жалудоў, з грыбоў мухамораў і з дзікай чарамшы", пра якія пісаў з настальгіяй Мар'ян Хеймар.

Вернемся, аднак у Ліду перад 1939 годам, тады яшчэ павятовы горад. У Фарным і Піярскім касцёлах адбываліся святочныя набажэнствы, усталёўваліся труны Хрыста, каля якіх пазней адбываліся шматгадзінныя малітвы, і стаялі на варце пажарнікі і скаўты. Дзеці, і я ў тым ліку, мелі яшчэ іншыя, свае дзіцячыя перадсвяточныя інтарэсы. Існаваў мілы звычай дарыць дзецям шакаладныя яйкі ў каляровых бліскучых абгортках, якія перад Святам, выстаўленыя ў вітрынах крам, будзілі захапленне і жаданне. І зноў працытую Хеймара з яго твора "Пісанкі":

"Бо можна было ў крамах у горадзе, паназіраць за такімі цудоўнымі велікоднымі яйкамі, нават купіць, зрэшты ўжо не ведаю без перабольшвання, ці гэта праўда, ці гэта казка, таму што былі цалкам з шакаладу, або з сапраўднага марцыпану, а на іх дзівосныя свечачкі, перлінкі, стужачкі і пацеркі.

Былі з атласу і саф'яну, і кардонавыя, і драўняныя, і адчыненыя, як скрынка, а ў іх, аж зацямняюць вочы цукеркі са смажанай садавіной...

Але я тых, з казкі, не залічваю да сапраўдных, да пісанак..."

2.

І вось, пасля доўгай падрыхтоўкі, надыходзіла свята Вельканоцы (Вялікадня), аб якім звеставалі гукі касцельных званоў па ўсім горадзе. Яны заклікалі на рэзурэкцыю (малітва аб уваскрашэнні - Л.Г.). А потым была чуваць песня, якая пранікала праз муры касцёлаў:

"Вясёлы дзень для нас настаў,

Якога цэлы свет чакаў;

Сягодня Хрыстус з мёртвых паўстаў!

Альлялюя, Альлялюя, Альлялюя!"

Пасля святочнага "свянцонага" абеда, які цягнуўся даволі доўга, пачыналася гульня з каляровымі яйкамі, якая называлася "біткі". Два ўдзельнікі білі адным яйкам ў другое, перамагаў той, хто разбіў яйка праціўніка, і ў якасці ўзнагароды атрымоўваў яечка. Майстэрства палягала на тым, каб ударыць у тое месца пісанкі, дзе абалонка слабейшая, ну ў любым выпадку не ў чубок яйка; можна было заняцца качаннем яек па стале: той, хто збіў фарбаванку, забіраў яйка. Найцяжэйшая гульня, якая вымагала спрыту: трэба было злавіць яйка, падкінутае дагары. Удзельнік, якому пашчасціла злапаць не разбітае яйка станавіўся яго ўласнікам. Дзіця, якое здабыло найболей фарбаванак, прызначалася Каралём Пісанак і атрымоўвала ў прэзенце шакаладнае яйка. Калі надвор'е на свята было

Мае першыя ўспаміны пра Вяльканац (Вялікдзень) - гэта ўспаміны сэрца, успаміны, схаваныя за туманам настальгіі. Яны атаясамліваюцца з Лідай - горадам, дзе я нарадзілася і дзе правяла першыя гады свайго дзяцінства.

Не ведаю чаму, але вельмі выразна паўстае ў пагоднае і цёплае, мы з братам выносіліся на лесвіцу нашага дома на вуліцы 11-га Лістапада (сёння вуліца 7-е Лістапада) і па яе нахіле скачвалі яйкі. Той, каму пашчасціла разбіць некалькі, атрымоўваў узнагароду. Вось такія вельканоцныя (велікодныя) гульні былі ў маіх дзіцячых гадах.

Пачынаўся другі дзень свята - "дынгусовы" (дынгус - марская рыба - Л.Г.), які яшчэ меў назоў "мокры панядзелак". У гэтым месцы далучу даволі выразную "Спяванку", якая дазваляе ўявіць дзеі дня, пяра Ганны Варэцкай:

"Дынгусовы танец ў Вельканоцную раніцу,

Каго сёння запросіць, да кашулі змочыць...

У танцы вёдры і збаны.

З імі сёння ўсе сябры.

Не хавайся! Весяліся!

Халодная вада толькі на карысць.

Калі хочаш пагуляць,

Трэба з намі станцаваць!"

Напэўна "мокры панядзелак" меў сваё зачараванне, але я яго ніколі не любіла, хоць "халодная вада толькі на карысць". Яна часта небяспечная ў наступствах, бо добра памятаю, што аднаго разу пасля такой ледзяной лазні захварэла.

Хачу звярнуць увагу, што ўжываная назва "смігус-дынгус" патрабуе каментара. "Смігус" (альбо "смігус зялёны" ці "смігус сухі") быў вядомы ў паўночнай Польшчы і на Крэсах даўнейшай Рэчы Паспалітай. Магчымасць адкупіцца ад "смігуса мокрага" палягала на жартаўлівых ударах па "ахвяры" зялёнай галінках вярбы (ці нават пугай з вярбы) - гэта была такая спецыфічная форма заляцанняў моладзі.

Вярба - дрэва вясновае, вельмі рана пачынае зелянець, паводле народных паданняў мае выключную жыццядайную моц. "Дынгус" (мае нямецкае паходжанне: dzingen - гандляваць, выкупляць) - гэта вельканоцны звычай палівання вадой для атрымання выкупу ў рознай форме. Звычай вельмі стары, у XV стагоддзі ў Польшчы касцельныя ўлады яго забаранілі. У 1420 годзе адзін з дазволаў сіноду познаньскай дыяцэзыі гучыць так: "Dingus prohibeatur". "Дынгус" захаваўся да сёння і можа быць радаснай забавай, вясёлым "танцам дынгусовым" паводле Ганны Варэцкай.

Пасля гэтага адступлення перанясёмся зноў у міжваенную Ліду ў дом маёй бабулі Паўліны на вуліцу Сувальскую.

3.

Тэрмін вельканоцны, паводле каталіцкага календара, доўжыцца за Зялёных Свят. Менавіта на гэтае вясновае свята ў горадзе на ганках і верандах ставіліся бярозкі, спілаваныя ў шматлікіх прыгожых бярозавых гаях пад Лідай. З "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча маем досвед, што дом Сапліцы стаяў " (...) на беразе ручая, на пагорку невялікім, у бярозавым гаі". І вось ужо назіраем гэтыя красовыя бярозы ў сваёй свежай вясновай красе, насычанай зеляніне на ганках лідскіх дамоў, убраныя луской маляваных вельканоцных яек, якія пабіліся напярэдадні Зялёных Святаў.

Вельмі важны ў касцельнай літургіі Дзень Аб'яўлення Духа Святога - Зялёныя Святы, з пахам аеру, лотаці балотнай і незабудкамі, паволі знікае са свядомасці ўваходзячага ў жыццё новага пакалення, і нават не ведама чаму?! І ўсё ж, нават шэрая штодзённая рэчаіснасць можа быць цікавай і каляровай, калі зможам паглядзець на яе больш уважліва і пачуць яе музыку, калі захочам атрымліваць асалоду ад белага вельканоцнага баранчыка і вясёлых пісанак, калі паддамося чарам простых безназоўных легенд, як тая, вядомая на Лідскай зямлі, з адказам, адкуль узяліся пісанкі. Гучыць яна так: "Божая Маці, якая хацела ўратаваць сына ад смерці, прыйшла да Пілата з вялікім кошыкам цудоўных, зробленых ёй самой пісанак. А калі Пілат не выратаваў Хрыста, кош выпаў з рук забітай горам Божай Маці, і каляровыя яйкі рассыпаліся па цэлым свеце, дасягнуўшы Нёмана і Дзітвы, і нават маленькай рэчкі Лідзейкі, якая праплывае праз Ліду".

Пераклад Галіны Лаўрэш.



[1] Irena Stasiewicz-Jasiukowa. Moje lidzkie Wielkanoce // Ziemia Lidzka. 1998. №2-3(30-31).

[2]У Беларусі, дзе святкуюць не Вяльканац, як у Польшчы, а Вялікдзень, гэтае прыслоўе гучыць так:

"Вярба б'е, не заб'е,

за тыдзень -

Вялікдзень".(Рэд.)

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX