Вярнуцца: Мемуары

Нататкі пра бацьку. Доктар Вітольд Стасевіч


Аўтар: Стасевіч Ян,
Дадана: 11-06-2017,
Крыніца: Стасевіч Ян. Нататкі пра бацьку. Доктар Вітольд Стасевіч // Лідскі летапісец 2017. № 1(77). С. 71-75.



Доктар медыцыны Вітольд Стасевіч (1900-1975 гг.) [1]

Бацьку ўспамінаю часта, вельмі часта. Разам мы жылі 39 год. Пасля яго атрымаў у спадчыну лякарню і невялічкі стол у хатнім кабінеце. Стол служыў бацьку яшчэ перад вайной і прыбыў разам з намі пад час рэпатрыяцыі. У апошніх днях сакавіка 1945 года нас разам са сталом выкінулі з таварнага вагона, у якім ехалі з Ліды ў Кракаў. Вагон раптам стаўся запатрабаваны "для вайсковых мэтаў", і з гэтай прычыны двое сутак мы качавалі на беластоцкім пероне. Аднак перадваенная палітура стала вытрымала і такое выпрабаванне. З нагоды такой выпадковай сітуацыі наша сям'я вымушана засталася ў Беластоку. Спачатку гэта меў быць толькі перапынак перад падарожжам у Кракаў: там нас чакала жытло. Аднак ужо праз некалькі гадзін побыту ў Беластоку бацька знайшоў сяброў з універсітэцкіх часоў, адразу акунуўся ў вір працы і аб далейшым падарожжы ўспаміналі ўсё радзей.

Часта думаю пра бацьку. У маіх успамінах усё цяжэй прыгадаць яго вобраз рэалістычна, таму, верагодна, я болей ідэалізую: злучаю непахісныя прынцыпы справядлівасці з абавязковасцю штодзённых кампрамісаў, талерантнасць і велізарную дабрыню да навакольных. Рысы характару мы атрымоўваем у спадчыну з генамі, аднак акалічнасці, якія ствараюць жыццё, канчаткова фарміруюць асобу. Жыццёвыя абставіны фундаментальна паўплывалі на асобу майго бацькі.

МОРГІ

У большасці красовых польскіх сямей патрыятызм і рэлігія былі настолькі натуральныя, што пра гэта не выпадала нават прамаўляць. І менавіта гэтыя якасці вынес з бацькоўскага дома на Моргах у Лідзе мой бацька. Сям'я займалася гаспадаркай, гадавала шэсць дзяцей. Мелі даволі шмат гектараў зямлі. Аднак сярод гэтых гектараў дамінавалі забалочаныя лугі па Дзітве, прытоку Нёмана. Бацька часта расказваў пра выезды па сена. Гэта былі конныя выправы гаспадароў і парабкоў з запасамі ежы на некалькі дзён, на працягу якіх касілі і сушылі траву, ставілі стагі, а потым часткамі прывозілі сена ў Ліду. Вялікага дабрабыту ў сям'і не было, аднак існаваў парадак штодзённай сістэматычнай працы. Дамінуючы голас у сям'і належаў бабулі Стэфаніі. Асабліва важным яна лічыла адукацыю дзяцей, што і падтрымлівала нават за кошт прадаваных час ад часу гектараў.

Надзвычай важным эпізодам у жыцці бацькі быў выезд у 1914 годзе ў Яраслаўль у глыб Расіі пад Волагду. Туды ён ехаў пад апекай старэйшага брата Баляслава, капітана расейскай арміі. Неўзабаве пачалася вайна, і Баляслаў вымушаны быў рушыць на фронт ваяваць з немцамі, а пазней - з бальшавікамі, а тым часам 14-гадовы Вітольд застаўся зусім адзін у Яраслаўлі, і вось тут пачалася нялёгкая пара выпрабавання характару і вынаходлівасці, якая доўжылася цягам чатырох год.

Пакінутыя Баляславам рублі скончыліся хутка, і чатырнаццацігадовы хлопчык вымушаны быў зарабляць на жыццё. Знайшоў працу "перапісчыка" на чыгунцы. Жыў пры сям'і чыгуначніка, плаціў за пакой і за ежу. Адначасова вучыўся ў гімназіі, якую скончыў у 1918 годзе, атрымаўшы сертыфікат. І ўсяго гэтага дасягнуў пад час вайны, у часы адной з самых крывавых рэвалюцый, адзін у цэнтры разбуранай імперыі.

У Ліду на Моргі бацька вярнуўся пасля аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе. Памагаў па гаспадарцы і рыхтаваўся да далейшай навукі. Зацікаўленасць вагалася паміж гісторыяй і біялогіяй. Ідэю адуацыі падтрымлівала бабуля Стэфанія, у той час як дзед Францішак з большай ахвотай бачыў Вітольда гаспадаром на Моргах. Нечакана сертыфікат рускай гімназіі стварыў вялікія перашкоды для распачынання вучобы ва ўніверсітэце.

Гэта было наступнае выпрабаванне і далейшы здабытак вопыту. Без вагання бацька "выгандляваў" з дому каня, і, як добраахвотнік, быў залічаны ва ўланы. Захавалася вайсковая кніжка ўлана Вітольда Стасевіча з запісаным баявым маршрутам 5 палка конных стральцоў: Варшава - Модлін - Плоньск - Млава - Цеханоў - Хэлм - Ковель - Янаў Палескі - Пінск - Камянец - Луцк - Колькі. Пазней ва ўспамінах бацька наракаў, што як сын гаспадара, які добра ведаў коней, ён часта іх пільнаваў у дазоры, у той час, як яго калегі па эскадроне замяняліся ў пяхоце і ваявалі. Пасля заканчэння вайны звольніўся з войска і як былы вайсковец з сертыфікатам аб сярэдняй адукацыі займеў права на першаснае залічэнне ва ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя ў Вільні.

Уступны экзамен - гэта двухразовая размова з тагачасным рэктарам універсітэта прафесарам Міхалам Сядлецкім. Пад час першай сустрэчы Яго Магніфіцэнцыя хутка зарыентаваўся ў тым, што галоўнай праблемай выпускніка расійскай гімназіі будзе польская мова і айчынная гісторыя, таму прапанаваў прачытаць амаль 50 кніг (па спісе), галоўным чынам польскіх класікаў. Другая сустрэча - гэта наступны спіс з некалькіх дзесяткаў твораў, але і рашэнне аб тым, што Вітольд можа распачаць новы акадэмічны год навучаннем на факультэце батанікі. Пасля першага семестру бацька перавёўся на лекарскі факультэт.

Заняткі прабягалі хутка. Былі цяжкасці з грашыма, бо дапамогі з дому на Моргах не хапала. Бацька вымушаны быў зарабляць сам. Прыпамінаў пра адзін эфектыўны спосаб заробку. Стаўся "давераным" кур'ерам лідскіх ювеліраў, пераважна яўрэйскага паходжання, для якіх перавозіў золата і ювелірныя вырабы па трасе Ліда - Вільня - Ліда. Дзякуючы атрыманым за правоз грашам, мог арандаваць у Вільні кватэру і абедаць, часта нават у рэстаране Штраля. Пазней, на чацвёртым курсе, працаваў у якасці малодшага асістэнта ў клініцы псіхіятрыі пад патранажам прафесара Рафала Радзівіловіча і жыў у кватэры пры клініцы на вуліцы Летняй. Так злажылася, што праз пару гадоў пасля таго, як бацька пакінуў гэтую кватэру, яе заняў мой пазнейшы цесць - прафесар Зыгмунд Канігоўскі. Абодва высветлілі гэты факт праз многа гадоў пазней ужо ў Беластоку.

Пад кіраўніцтвам прафесара Радзівіловіча бацька напісаў доктарскую працу на тэму: "Забабоны на Літве". Штодзённы кантакт з вялікім лекарам, якім быў Рафал Радзівіловіч, зрабіў вялікі ўплыў на бацьку, а праца на працягу некалькіх год ў клініцы дазволіла яму глядзець на людзей з характарыстычным для псіхіятара разуменнем і трымаць дыстанцыю. Хутка пасля абароны дыплома бацька адмовіўся ад працы ў клініцы, выехаў з Вільні і заняў месца павятовага лекара ў Маладзечне. Магчыма, прычынай такой змены была раптоўная смерць прафесара Радзівіловіча ў дрожках па дарозе да клінікі і яшчэ тое, што ў гэты час бацька ажаніўся, а пасада павятовага лекара ў параўнанні з працай асістэнта істотна змяняла матэрыяльны стан.

Маладзечна было кароткім эпізодам навучання практычнай медыцыне. Ужо праз два гады бацька працаваў павятовым лекарам у роднай Лідзе. Гэта быў час надзвычай цяжкай працы. Акрамя пасады ў старостве, звязанай з бесперапыннымі паездкамі ў мястэчкі і вёскі павета, быў лекарам агульнай практыкі, г.зн. супрацоўнічаў са страхавой кампаніяй, быў заняты ў радзе мясцовага самакіравання, у клініцы для працаўнікоў дзяржаўных устаноў, вёў прыём хворых у прыватным кабінеце. На дадатак працаваў яшчэ і судовым лекарам: па рашэнні суда праводзіў ускрыццё. Неабходнае для гэтага навучанне прайшоў у Варшаве.

Помню змест лекарскай сумкі бацькі, якая нейкім дзівам перажыла вайну. Сярод інструментаў, акрамя слухавак і ртутнага апарата для вымярэння ціску крыві, там былі пашыральнікі для носа і вушэй, прыстасаванне да адварочвання павек, малаток неўралагічны, люстэрка ларынгалагічнае, спіртоўка, скальпель, заціск хірургічны, іголкі і ніткі, клізма, акушэрскія шчыпцы, і нават нажніцы для разразання гіпсу. З такім абсталяваннем, апрануты зімой у кажух, валёнкі і буркі, часта ноччу ехаў санямі нават за 50 кіламетраў да хворага вяскоўца. Удзень прымаў хворых пасля пятай гадзіны па поўдні звычайна да дзесяці ўвечары. На працягу пяці гадоў бацькі мелі ўжо два дамы ў Лідзе: адзін перажыў вайну служачы "домам для генеральскіх удоў" у часы савецкай рэспублікі. Купілі таксама і аўтамабіль "Фіят" на восем асоб, кіраваць якім бацька наняў шафёра. Бацька не быў прыхільнікам матарызацыі і таму да хворых і надалей ездзіў дрожкамі або санямі. Аўтамабіль служыў для паездак за горад, часцяком на возера ў Залессі.

ВАЙНА

Пад час першай савецкай акупацыі бацькоўскія заняткі адрозніваліся ад перадваенных. Дасканалае валоданне расейскай мовай палягчала жыццё. Частку нашага дома заняў маёр з аэрадрома, які знаходзіўся паблізу. Аказалася, што погляды цешчы маёра далёкія ад афіцыйных: не гледзячы на тое, што магла выславіцца недабранадзейнай, часцяком хадзіла ў царкву і нават да касцёла.

Пастаянна існавала пагроза "высылкі" на ўсход, бо мы знаходзіліся ў спісе на высылку, і толькі патрэба горада ў лекарах адтэрміноўвала вываз. У чэрвені 1941 года вывезлі нашых дзядоў з Моргаў і дзядзьку Баляслава з сям'ёй. На той час дзеду Францішку было 70 год, і ён меў запаленне мачавога пухіра. Дзеда пахавалі на Алтаі. Рэшткі сям'і пасля вайны рознымі шляхамі вярнуліся ў Польшчу. Мы трымалі спакаванымі рэчы, але апошнія дні чэрвеня 1941 года прынеслі ў Ліду змену акупанта.

Перад акупацыяй Ліду разбамбілі немцы, была спалена амаль уся вуліца Сувальская, дзе знаходзіўся дом бабулі Паўліны. У тыя дні мы яшчэ жылі разам з мамай і сястрой на Сувальскай, бо бацькі баяліся "высылкі", як і бамбавання цэнтральнага раёна горада, дзе знаходзіўся наш дом. Зрэшты, бацька стаўся хірургам у паспешліва арганізаваным шпіталі ў будынку лідскай гімназіі. І вось падчас дапамогі раненым і абгарэлым пасля бамбавання, да бацькі падышоў нейкі лідзянін - добразычлівец і ветліва паінфармаваў: " Пан доктар, Вы толькі не хвалюйцеся, але ў горадзе гавораць, што пана дачка згарэла на Сувальскай". Аб тым, што можна пакінуць шпіталь не было і мовы, і толькі праз некалькі гадзін бацька даведаўся, што мы сапраўды былі ў цэнтры пажару, аднак па шчасці змаглі ацалець.

Першы кантакт з немцамі быў драматычны. Салдаты з перадавой часткі Вермахту затрымаліся ў нашым доме па вуліцы 11-га Лістапада і знайшлі ў гаражы рэшткі савецкай амуніцыі. Бацьку паставілі да сцяны. І каб не прысутнасць дзядзькі Вільгельма, які акурат завітаў да нас, і яго беглае валоданне нямецкай мовай, дайшло б да трагедыі. Дзядзька здолеў пераканаць немцаў, што тут жылі савецкія лётчыкі, і амуніцыя засталася пасля іх. Далейшыя "стасункі" з немцамі былі ўжо лепшымі. Бацька ў той час выконваў абавязкі ардынатара аддзялення інфекцыйных хвароб лідскага шпіталя, гэта стварала карысную пазіцыю ў стасунках з немцамі. Паўсюдна была вядома іх боязь перад распаўсюджаным тады плямістым і брушным тыфам, ну і іншымі інфекцыйнымі захворваннямі. Бацьку запрашалі да хворых немцаў, як толькі з'яўлялася падазрэнне на тыф. Ён ездзіў нават на строга ахоўваны аэрадром да кожнага хворага з высокай тэмпературай. Ніколі не згаджаўся ехаць нямецкім аўтамабілем, заўсёды кіраваў сваімі дрожкамі - гэта абараняла ад расстрэлу партызанамі як "чырвонымі", гэтак і "белымі".

Медыцынскую дапамогу ад бацькі атрымоўвалі ўсе: сяляне з блізкіх і далёкіх вёсак (у якасці падзякі прывозілі нам масла, яйкі, сала), гаспадары (з маёнтка ад Гаўі рэгулярна прывозілі мяшок мукі), розныя ахвяры вайны, захварэўшыя ў падарожжы праз Ліду, і, нарэшце, партызаны розных фармацый. З АК-аўцамі праблем не было. Бальшыня з іх былі далёкія або блізкія знаёмыя, асобы, якія жылі або хаваліся ў знаёмых дамах. Насамрэч бальшыня палякаў ў ваколіцах Ліды была больш-менш звязаная з АК. У апошні год акупацыі нават у самой Лідзе можна было сустрэць партызан, апранутых у даваенныя вайсковыя мундзіры. Бацьку надаралася ехаць у лес сярод ночы заўсёды з абавязковай лекарскай сумкай. Радзей былі кантакты з "чырвонымі", але і яны мелі месца. Зазвычай гэты былі перавязкі, сшыванне ран або і шпіталізацыя з дыягназам: "Тыф плямісты, да назірання".

Час ад часу ў доме начавалі "барадачы". Гэта былі розныя людзі, якія праязджалі праз Ліду. Ім давалі начлег і хлеб з салам на дарогу. Прыходзілі ў прыцемках і выходзілі на досвітку, калі ў доме яшчэ спалі. Мы з сястрой называлі іх "барадачамі", бо першы з іх меў буйную чорную бараду. Бацька ніколі не хацеў ведаць, хто яны і куды ідуць. Наш дом даваў ім пачуццё пэўнай бяспекі, таму што суседнія дамы займалі немцы. Бацька, як лекар інфекцыйных хвароб, успрымаўся суседзямі з некаторай перасцярогай, але адносна прыязна. У апошні год акупацыі візіты "барадачоў" скончыліся. Нас прымусілі перасяліцца ў малую двухпакаёвую кватэру, дзе мы без перапынку ваявалі з прусакамі.

Пераход фронту праз Ліду мы перачакалі ў Талакоўшчыне ў сваяка Казіміра Сегеня. Бацька яшчэ за месяц да набліжэння фронту хадзіў пехатой у шпіталь у Ліду штодзённа прыблізна 15 км. Горад занялі рускія і нашу кватэру таксама. Нам парадзілі нават не пачынаць гаворку аб вяртанні кватэры, мэблі, бо новы арандатар - працаўнік НКУС. На пачатку 1945 года бацьку арыштавалі. У тую самую ноч трапілі ў вязніцу і іншыя лідскія лекары, сярод іх і сябар бацькі доктар Баляслаў Дзічканец, пазней - нязменны ардынатар тэрапеўтычнага аддзялення ў Граёве. Прычына арышту не была вядомая. Некалькі тыдняў штодзённа вяліся допыты і бясконца пісаліся біяграфіі. Неспадзявана бацьку вызвалілі. Прычыніўся да гэтага адзін з "барадачоў", які начаваў у нашым доме падчас нямецкай акупацыі, і які цяпер займаў высокую пасаду ў Менску. Яго дапамога аказалася эфектыўнай, бо ў гэты час доктара Дзічканца і іншых лекараў выслалі за Ўрал. Пакінуўшы вязніцу, бацька неадкладна напісаў прашэнне аб рэпатрыяцыі. Праз два тыдні легальных і не зусім легальных захадаў удалося атрымаць чвэрць таварнага вагона ў "цягніку" на Польшчу і выехаць у кірунку Кракава, які быў для нас канчатковай станцыяй.

ПАСЛЯ ВАЙНЫ

Савецкія салдаты, якія сказалі нам выгрузіцца праз "полчаса" на беластоцкім вакзале, вызначылі, дзе будзем месціцца да канца жыцця. Быў дождж. Бацька пакінуў нас у абломках панішчаных аўто паблізу перона, а сам пайшоў у горад. Там хутка знайшоў калегаў з універсітэта: др. Уладзіміра Занкевіча і др. Ежы Галоньскага - шэфа службы страхавання. Ужо праз пару дзён бацька працаваў раённым лекарам, а трошкі пазней - кіраўніком спецыялізаванай клінікі на вуліцы Легіёнавай (цяпер будынак не існуе). Часовае жыллё мы атрымалі ў дзіцячым доме на вуліцы Гарэшкавай.

Такім чынам працягвалася далейшае працоўнае жыццё майго бацькі. Заўсёды ён меў некалькі пасад, аднак ніколі не траціў непасрэдны кантакт з хворымі. У якасці раённага лекара на хатнія візіты ездзіў дрожкамі. Зранку прымаў тэрапеўтычных хворых на Легіёнавай, дзе заўсёды быў тлум пацыентаў. Пасля таго, як др. Анісімовіч выехаў у Гданьск, бацьку прапанавалі пасаду лекара ваяводства (начальнік аддзела здароўя ў ваяводскім кіраўніцтве). Ад гэтага часу два разы на тыдзень ездзіў у павятовыя гарады, дапамагаў з нуля арганізаваць тэрапеўтычнае лячэнне. Даваенны вопыт павятовага лекара аказаўся бясцэнным. У вялікім ваяводстве: ад Сувалак да Ломжы праз кароткі час бацька ведаў усе медычныя цэнтры, усе клінікі, нават стан лячэння хворых у аддзяленнях шпіталя. Ён усталяваў не толькі знаёмства, але і сяброўскія зносіны з бальшынёй лекараў ваяводства. Адначасова, каб не траціць стасункі з хворымі, некалькі разоў на тыдзень вёў прыём хворых на фабрыцы плюшу ў якасці фабрычнага лекара. Меў прыватную практыку дома. Гэтай формы заробку не любіў. Аднак грошы былі патрэбныя. Менавіта ў гэты час сястра пачала вучобу ў варшаўскім універсітэце, у той час як заробкі ваяводскага лекара былі смешна нізкія.

У тую пару ў ваяводскім лекарстве адбывалася многае. Амаль у кожным павеце будавалі ці адбудоўвалі шпіталі і клінікі, і энтузіязм жменькі лекараў быў падвышаны. Гэтай дзейнасцю кіраваў аддзел здароўя, які налічваў меней за 10 асоб, у тым ліку і кіроўцаў некалькіх аўтамабіляў. Добра памятаю ўсіх, таму што бацька заўсёды святкаваў свае імяніны дома і ладзіў гасціну для ўсіх работнікаў аддзела за адным сталом. У сваіх стасунках з адміністрацыяй бацька найперш кіраваўся метадам лагічнага пераканання, а не забароны. Дзякуючы руплівай працы, быў дасягнуты шэраг поспехаў: спраўна дзейнічала сетка адрамантаваных бальніц. Таму, некалі выказаны погляд, што на Беласточчыне да ўзнікнення акадэміі была пустэча, непраўдзівы і выклікае вялікі жаль. Лічба практыкуючых лекараў у той час была ў 80 разоў меншая, чым цяпер!

Малаверагодна, што будзе знойдзены адказ на пытанне аб тым, хто першы прапанаваў будоўлю Медычнай Акадэміі ў Беластоку. Гэта магла быць ініцыятыва групы беластоцкіх лекараў: рэктар Келяноўскі ў сваіх ўспамінах называе майго бацьку "стваральнікам" ідэі паўстання Акадэміі. Без сумневу, асновай прадпрыемства было актыўнае прасоўванне гэтай ідэі перад тагачасным міністрам здароўя др. Ежы Штахлеўскім, беластаччанінам з паходжання. Акадэмія магла быць заснаваная як для задавальнення агромістых патрэб паўночна - ўсходняй Польшчы ў кваліфікаваных спецыялістах, так і для ўцягвання медычнага беластоцкага асяроддзя ў навуковыя сферы. Пазней вырашальнае значэнне меў энтузіязм першых навуковых супрацоўнікаў вучэльні. Бацька цалкам аддаўся будоўлі акадэміі, стараўся як мага лепш дапамагаць першаму рэктару АМБ, прафесару Тадэвушу Келяноўскаму. Першы пакойчык з шыльдай "Акадэмія Медычная ў Беластоку" месціўся ў ваяводскім аддзеле здароўя на вуліцы Міцкевіча, а першым працаўніком адміністрацыі з утрыманнем на "аднаразовых выплатах", якая займалася пераважна карэспандэнцыяй, была мая мама - мгр. Марыя Стасевіч, выпускніца ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, пазней шматгадовы папячыцель навуковай бібліятэкі АМБ.

У першых гадах дзейнасці акадэміі бацька неаднаразова атрымоўваў прапановы змены працы, звязаныя з пераходам у міністэрства здароўя. Заўсёды выказваў ветлівую, але аргументаваную адмову, адмаўляючы па-віленску: "Для мяне вялікі гонар і пашана атрымаць ад пана такую прапанову, але я як чалавек даваенны, беспартыйны, які штодзённа адмаўляе пацеры, буду зусім непрыдатны на гэтай пасадзе". Бацька не хацеў пераязджаць з Беластока, да якога паспеў прырасці. Меў тут мноства сяброў, найбліжэйшымі былі др. Антоні Талочка, дацэнт Уладзімір Занкевіч, у нашым доме часта бывалі прафесар Вітольд Славінскі, асістэнт з кафедры батанікі віленскіх часоў маёй мамы, прафесар Тадэвуш Келяноўскі, прафесар Тадэвуш Дзяржыкрай-Рагальскі, прафесар Тадэвуш Янкоўскі. У выніку настойлівых намаганняў бацька змог звольніцца з аддзела здароўя. Ён наладзіў стасункі з медычнай акадэміяй і пачаў працаваць у якасці выкладчыка ў 2-й клініцы тэрапеўтычных хвароб у прафесара Якуба Хлябоўскага. Адначасова займаў пасаду намесніка дырэктара па тэрапіі ў ваяводскім шпіталі імя Енджэя Снядэцкага. Бальшыня клінік акадэміі тады знаходзілася ў гэтым шпіталі, а кіраваў імі доктар, а пазней дацэнт Адам Даўгерд, якога бацька выключна высока цаніў і паважаў. Дзелячы разам з дырэктарам адзін стол, бацька заўсёды выконваў ролю пасярэдніка ў шматлікіх спрэчках паміж кіраўнікамі клінік і дырэкцыяй шпіталя. Нават у сітуацыях абсалютна безнадзейных ён мог знайсці кампраміс. З усімі заставаўся ў добрых адносінах пры любых канфліктных справах.

Пад час працы ў клініцы стаўся экспертам міністэрства здароўя па справах арганізацыі аховы здароўя: некалькі год выконваў абавязкі спецыяліста на Беласточчыне. Два дні на тыдзень працаваў у Варшаве: выкладаў на курсах паслядыпломнай адукацыі (павышэння кваліфікацыі), таксама працаваў у Гданьску: Гданьскае ваяводства павінна было стаць узорным. З гэтай нагоды анекдатычнай падаецца рэакцыя бацькі на спробу ўганараваць яго талонам на аўтамабіль. Адказ бацькі быў наступным: "Калі ласка, два разы перад вайной я станавіўся шчаслівым - купляючы і прадаючы аўтамабіль, а цяпер я замала зарабляю, каб утрымліваць шафёра". Вярнуўшыся дадому пракаментаваў: "Раз вазьму талон на аўтамабіль - і ўжо да канца жыцця буду залежны ад яго".

Доўгі час спалучэнне працы ў клініцы і шпіталі, правядзенне дзейнасці "эксперта", частыя паездкі ў Варшаву станавіліся немажлівымі, таму бацька скарыстаўся з прапановы рэктара і прыступіў да стварэння факультэта арганізацыі аховы здароўя ў Акадэміі. Атрымаў пасаду намесніка прафесара і кіраўніка факультэта. Свае абавязкі ў шпіталі выконваў надалей, зважаючы, што толькі непасрэдны штодзённы кантакт з хворымі санкцыянуе займацца тэарэтычнымі пытаннямі арганізацыі і кіравання. Супрацоўнікамі бацькі на факультэце сталі др. Станіслава Карпіньская, др. мед. Ян Карбоўскі. У першыя гады існавання факультэта бацька многа часу прысвячаў справам навукі: адпрацаваў праграму навучання студэнтаў, якую з невялікімі зменамі прынялі ў іншых медычных акадэміях Польшчы. Надалей выкладаў на курсах падвышэння кваліфікацыі: вялікая група лекараў пасля вучобы атрымала I i II ступень у арганізацыі аховы здароўя. Цесна супрацоўнічаў з аналагічным факультэтам у Варшаве і медычным інстытутам у Любліне: быў чальцом навуковай рады інстытута. У гэты час апублікаваў некалькі навуковых прац. Дзве з іх - сумесна з прафесарам Станіславам Легяжыньскім.

З часам кіраўніцтва факультэтам стала руцінай. Час падзяліўся паміж шпіталем, лекцыямі і практыкай, выездамі на розныя паседжанні, сімпозіюмамі, трэнінгамі. Помню свой экзамен па арганізацыі аховы здароўя. Калі запытаў у бацькі, ці павінен здаваць іспыт у аднаго з асістэнтаў, пачуў: " Не будзем рабіць з гэтага камедыі". Экзамен бацька прымаў у мяне і яшчэ двух калег. Я атрымаў чатыры.

У перыяд перад магістратурай бацька выглядаў стомлена ад заняткаў і меней, чым раней быў зачараваны працай. Гэта магло стацца пад уплывам шматгадовага падвышанага ціску крыві. Акрамя таго, бацька многа разоў наракаў на занадта вялікую палітызаванасць вучэльні і тых дысцыплін, якія выкладаў. Таксама скептычна ацэньваў што раз большую колькасць лекараў, якія праходзілі спецыялізацыю па арганізацыі аховы здароўя. Лічыў, што большая частка з іх ставіцца да спецыялізацыі, як магчымасці падняцца па лесвіцы кар'еры. З гэтай прычыны болей энергіі аддаваў заняткам сацыяльным. Напрыклад, быў старшынём у кіраўніцтве Чырвонага Крыжа, быў адным з заснавальнікаў некалькіх беластоцкіх аддзелаў навуковых таварыстваў, кіраўніцтва і арганізацыі, гігіены і іншых.

Пасля выхаду на пенсію вёў даволі памяркоўны стыль жыцця. Многа чытаў: пераважна сваю ўлюбёную польскую і расейскую класіку. "Войну и мир", "Воскресение" перачытваў па некалькі разоў, заўсёды ў рускім арыгінале. Вельмі любіў перачытваць Віктара Гюго, Сянкевіча і Пруса. Да канца жыцця цікавіўся падручнікамі інтэрнатуры па меры іх з'яўлення. Шпацыраваў; заўсёды з парасонам, які адначасова служыў як кіёк. Стараўся трымаць "фасон". Калі здаралася неабходнасць спыніцца, бо меў перамежную кульгавасць, прыпыняўся перад выставай, як бы меў да яе цікавасць. Заўсёды сцвярджаў, што лекарам нельга выказваць сваю слабасць. Дома ставіўся з павагай і прыязнасцю да нявесткі Ані (ці не з большай, чым да мяне). А ўнучка Ася спадарожнічала яму на шпацыры. Пасябраваў з трохгадовым праўнукам Яцкам.

Канец жыцця патрабаваў цярпення. Некалькі апошніх месяцаў быў вымушаны правесці ў ложку, бо зламаў шыйку сцегнавой косткі. Мужна пераносіў жахлівыя атакі болю і праявы надмернага ціску (гіпертэнзіі). Заўсёды ўсміхаўся людзям, якія прыходзілі яго адведаць. Перад кожным візітам прасіў свежую піжаму. Апекавалася бацькам мама. Была выдатная. Нават дасведчаная медсястра не магла б зрабіць гэтага лепей. Пра смерць бацька ніколі не гаварыў. Думаю, што так ён нас аберагаў. Памёр ясным кастрычніцкім ранкам.

Пераклад Галіны Лаўрэш.



[1] Jan Stasiewicz. Zapiski o ojcu. Doctor medicinae universae Witold Stasiewicz (1900 - 1975) // Ziemia Lidzka. 2002. № 6 (53).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX